Каханы горад

Зборнік эміграцыйнае ваеннае прозы


Антон Адамовіч - Чорная бель

Ти чого так нервово трепещеш?
Ждеш від мене признаня того?
Я страждаю, та ба! Не признаюсь.
Ти — чужа, не з народу мого!
Кримський

Беларус павінен вышэй трымаць галаву і, калі выбірае сабе таварышку жыцьця, дык такой можа быць толькі свая нацыянальная сяброўка, аднае думкі, аднае ідэі, аднае крыві.

Зь перадавіцаў Ул. Казлоўскага

Чорныя па белым рояцца думкі, шукаюць, як чорнае зь белым зьліць, выліцца ў словы, радкамі — чорным на белым — застыгнуць.

Белыя на чорным кладуцца стыглінкі — белы цярушыць сьнег на чорныя грудзі маці-зямлі.

Першы сьнег.

Першы верш.

Белая пуховая шапачка — як сам першы сьнег. Белая, чыстая — так? — уся сама, і — сьцюдзёная, можа, у белі сваёй — як сам першы сьнег.

А ў самога — чорна так на душы — учарнела даўно, закурэла.

— Ці праўда, што ў Вас усе пішуць вершы?

І дробна, як нейкі верш, выбівае на белым сьлядок чорны маленькі абцас. За ім — большы сьлед — ня ў рыфму... І ня ўрыфму — хрусь — тонкі нейкі лядок.

— Беларусы ўсе пішуць вершы. Хоць раз у жыцьці.

— А каб не пісалі?

— Можа й лепш бы. Ды, пэўна, — горш. Хто ведае. Як каму.

— Перавярнулі б сьвет?

— Можа й добра кажаце самі.

Сьнег — хутчэй, і хутчэй — як шкода! — хада.

— А Ваш «раз» — быў? «Хоць раз у жыцьці»?

— Не было йшчэ — жыцьця... Так усё — нейкі сьнег, і ўсё— нейкі першы... Хоць, кажуць, жыцьцё — яшчэ горш: адвечны, усё леташні сьнег...

— Дык што гэта — здрада народу? Бязь вершаў — і без жыцьця?

Строга нават і ўрачыста:

— Чорныя думкі аб здрадзе, белая ўся наша Беларусь?

Белая ўся, так — як Вы...

А ў самога — чорна так на душы: гэта — ня здрада? І ўжо ўяе пад абцасам таксама хрусьціць лядок.

— Я — не. Не така-ая! А цікава было б зірнуць...

— Як пішуцца вершы?

— На Беларусь. І — як пішуць, таксама.

— Адно — лёгка паказаць.

— А другое? І каторае?

— Хіба што — верш.

Сьнег — і калі? — перасьціх. А сьлядоў на ім ужо — і калі?— як багата! Ці ня ўплёўшыся ў іх — прыцялася й хада.

— Вось мой дом. І трэба дадому.

Так, ён — і ён між белага чорны. Чорнымі вокнамі — мёртвы, сьляпы. А сьляды — чые — і так багата?

— Ведаю, ваш. Ведаю, трэба. Не першыня.

— А можа — часінку?

— Сёньня — не. Дык — да заўтра?

— Можа...

— Ня можа — напэўна! «Не першыня»!

Паўадваротам:

— І каб быў верш!

А маленькім чорным абцасам — нецярпліва й наравіста — загад? — два разы: празь белае — дзьве чорныя ранкі зямлі.

— Да заўтра!

Весьнічкі — раз, і адмахам — два. Дзьве чорныя ранкі. Па дошках па ганку — дробненькі тупат абцасаў.

Так і бяруць «пад абцас»?

Бразгат завалы. І закладаюць ізноў.

Думай цяпер. Здрада. Што здрада? Гэтак хадзіць? Верш напісаць? Не пісаць? Не хадзіць?

Белае — так: Беларусь. Наша. Наша — і «ваша» ў яе...

Чорнае: здрада. І здрада — верш.

Дык верш?

Першы верш.

Першы сьнег.

Можа, калісьці ў сьне
Гэтак было, як цяпер:
Першы бялюткі сьнег,
Я кахаю цябе.
Ты кахаеш мяне
(Гэта — толькі ў сьне)
Ў гэткай прыгожай мане
Першы бялюткі сьнег...
Дружна ўдваіх ідзём,
І рука ў руцэ,
Вось ужо хутка і дом,
Вораг маіх уцех.
Вось ужо хутка і дом —
Колькі навокал сьлядоў!
— Вось ужо хутка ідзём! —
Жаліцца нават лядок.
Сьцішма крыху хаду:
Ростань пасьпее прыйсьці...
Заўтра прыйду — не прыйду —
Іншы мо' будзе прыцін...

Гэта лёгка зусім — верш.

І таму стопудова наваліцца, цісьне пасьля.

Ужо — той абцас? Маленькі такі ж — хіба мог прыгнеціць гэтак?

А ён ткі, ён. Маленькі — дарма, а проста на сэрца, у сэрца. Маленькае й сэрца — пружкі й трапяткі камячок...

— І баліць таму, дык і «рвецца, рвецца на кавалкі за цябе, сябе й за другую»...

За другую, што — хай і нязнанкай яшчэ — адтуль, з-за тысячаў даляў, зь немым дакорам глядзіць: якім правам?

Якім правам — пад абцас, пад той усё пад чужацкі бот — самахоць?

Чакай, не сьпяшай, строгая ты: прававацца — будзем!

Так, ішлі самахоць. І завабленыя — ішлі. Славу несьлі, палеглі ў вякох — усё ім, і ўсё для іх — для чужых і варожых.

Дык і даруецца так? Словамі толькі адплата сплыве?

Не — адрабіць! І цяпер якраз — адрабіць! Перавабіць, перавабіць сабе на свой бок — іхных лепшых, найлепшых — сарваць!

За нашых за тых, што забралі сабе, што ад нас — адарвалі.

І зь яе, з гэтай белай зусім — беларуску зрабіць! Цяжка? — Нашай будзе і ёй, як параніць прадоньнем блакіту вачэй і тугі— Беларусь!

Будзе!

Зьнікла зь немым з дакорам — зусім, а чаму ж так шчыміць, і шчыміць, і шчыміць?

І адкуль гэта — гукі? Жалейка? Скрыпка? А як працінае-шчыміць!...

З цэлага хору — адна.

Зраньня сьнег.

Сьнег — цэлы дзень.

І пад вечар — мяцеліца — сьнег.

Дык — сьпяшайся хутчэй: гэта ж сяньня — учарайшае заўтра, і сяньня — учарайшы верш — аддаць...

Белае з чорным ізноў. Чорны прастор. І белы вар'юецца, скача ў ім — сьнегавей. Мяцеліца.

Стой — ці ня гэтак было?

Па сьняжыстай дарожцы мчыцца ў зброі хтось да вёскі.

А пад буркаю нешта хавае...

Леташні, пазалеташні — ой, як даўны сьнег! Іх, трох Будрысаў, — ці ня тыя ж сьняжыстыя сьцежкі насілі? І чацьвёртым між імі, а першым над імі — сам ён, забраны Адам. Колькі сьцежак — а ўсё ў адну. У адну — у гэту.

Адвечным тропам.

Пад абцас.

Забыўся? «Адрабіць»! «Адрабіць» — толькі рэзкі мяцелічын рогат.

Не — назад! Як крутчэй! Як хутчэй!

Назад і — назаўсёды.

...І ўрачыста, скрозь рогат завеі — скрыпка грыміць.

Чуеш, з цэлага хору — адна.

Назад! Назад!

Ціха. Цёпла. Сьветла. — Дома.

Па ўцёках — ах, як ціха! Хай жа: гукі сусьвету рынуць мацней — разьбіць цішыню. І чорная розьверць — рупар — белай мяцеліцай гукаў — сыпле ад сьценкі — проста з двара?

...Як па вуліцы мяцеліца мяце...

Мяце — не мяце? Здрада — ня здрада? Ці аднэй, ці другой— а чорная. А яны ж — ці адна, ці другая — а белая.

Чорная бель.

І назад — ужо было, і ня можна ізноў ад яго — назад!

Не, не, не!

... Як па вуліцы мяцеліца мяце...

Толькі адно — верш:

Запяваюць ізноў галасы:
«Як па вуліцы мяцеліца мяце».
Запылелі палёў абрусы,
Засьняжыла часьцей і часьцей.
Мітусеньнямі такой часьціні,
Пераплётамі завейных галасоў
Завіруюць і ночы, і дні,
Не пазнаеш, дзе ява, дзе сон.
За мяцеліцай хістаюся — іду,
Не п'яны, а цьвярдосьці не стае.
Як дарожку да мілае знайду,
Як патраплю на заклік яе?
Рэжа вочы мне мяцелічын дым,
Напушчаюцца віхры чарадой,
Замятае адзадзя сьляды,
І наперадзе — жадных сьлядоў.
Хоць вазьмі — на ўзьвей-вецер гукай:
«Пачакай-пастой, дзяўчыненька мая!»
Ды ня дасца й сьлядка адшукаць,
Ды ня выблісьне зь цемры маяк.
Хоць вазьмі — сярод поля стань:
«Загубіла ты малойчыка мяне».