Беларускі Гістарычны Агляд

Том 5 Сшытак 1 (8)


Беларусь і беларусы ў расійскіх школьных падручніках па гісторыі *

I. Навучальныя праграмы

За мінулы 5–гадовы перыяд Міністэрства агульнай і прафесійнай адукацыі ажыццявіла два выпускі навучальных праграм па гісторыі Расіі для агульнаадукацыйных установаў: у 1992 і 1997 г. У сувязі з пераходам у 1990–я г. школьнай гістарычнай адукацыі ў Расіі з лінейнай (5–11 класы) на канцэнтрычную (1–ы канцэнтр — 5–9 класы; 2–і канцэнтр — 10–11 класы) структуру адпаведна з’явіліся і два блокі праграм па айчыннай гісторыі з старажытных часоў да канца ХХ ст. для лінейнай (1992 г.) і для канцэнтрычнай (1997 г.) сістэмаў выкладання.

У 1992 г. праграма для 5–11 класаў была распрацаваная лабараторыяй гістарычнай адукацыі Інстытута агульнаадукацыйнай школы Расійскай акадэміі адукацыі. У яе аснову па задуме аўтараў пакладзена “история складывания многонационального Российского государства”. Беларускі матэрыял у ёй з’яўляецца толькі з этапа XIV–XVI ст. у рамках тэмы “Русь и народы–соседи в XIV–XVI вв.”. У тэме ёсць раздзел, прысвечаны Вялікаму Княству Літоўскаму. Настаўнік павінен ахарактарызаваць становішча “русских земель в его составе, наступление рыцарей Тевтонского ордена, Грюнвальдскую битву, войны Руси с ВКЛ, присоединение к Руси Северской и Смоленской земель, Люблинскую унию, русско–украинские и русско–белорусские отношения”. Як бачна, для тых, хто распрацоўваў праграму, “Русь” у названы перыяд асацыюецца толькі з Маскоўскай дзяржавай, да якой, натуральна, і павінны далучацца “русские земли”, што невядома як трапілі ў ВКЛ. Адпаведна гэтае дзяржаўнае ўтварэнне (ВКЛ) у вучняў павінна асацыявацца з нечым замежным, захопніцкім, што не мае якога–небудзь дачынення да “русской истории”. Адсюль зусім незразумела, у якім кантэксце тут выступаюць “русско–белорусские отношения”: або як часткі нейкага нядаўняга цэлага, або набліжаныя па сваім значэнні да расійска–польскіх і расійска–шведскіх узаемадачыненняў.

Наступны зварот да беларускай гісторыі тычыцца XVII ст. Падамо адпаведны абзац праграмы цалкам: “Экономика украинских и белорусских земель. Положение украинского и белорусского народов. Освободительная борьба украинского народа. Богдан Хмельницкий. Народное движение в Белоруссии. Россия и Украина”. Змест абзаца практычна выключае азнаямленне вучняў 7–га класа з падзеямі тэатра вайсковых дзеянняў паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай, чаго не скажаш у дачыненні да падзеяў на Украіне. Зусім незразумелы падыход аўтараў да раздзела “Народное движение в Белоруссии”, які абапіраецца ў дадзеным выпадку толькі на пазіцыю канкрэтнага настаўніка і яго эрудыцыю.

З раздзелам “Внешняя политика России во второй половине XVIII в.” звязаныя “разделы Речи Посполитой” і “включение Правобережной Украины и Белоруссии, Литвы, Курляндии в состав России”. Тут закладзена і кароткая характарыстыка “социально–экономического развития присоединенных территорий”. Сутнасць гэтай характарыстыкі была б зразумелая ў параўнальным плане, калі б далей прадугледжвалася зноў звярнуцца да сацыяльна–эканамічных аспектаў развіцця Беларусі ў складзе Расійскай імперыі. Але такога не прасочваецца.

Трэба аддаць належнае аўтарам праграмы, якія пры вывучэнні тэмы “Народы России в первой половине ХIХ в.” заклалі характарыстыку нацыянальна–вызваленчага руху ў Беларусі ў сувязі з падзеямі 1830–1831 г. Яны адзначаюць рост нацыянальнай самасвядомасці і нацыянальнай годнасці беларусаў у названы перыяд. Наступны этап гэтага працэсу звязваецца ў праграме з “восстанием 1863 г. в Польше, Литве и Белоруссии”.

Пры вывучэнні гісторыі народаў, што насялялі Расійскую імперыю ў другой палове ХIХ ст., у праграме прадугледжваецца кароткая характарыстыка працэсу кіравання “подвластными народами и территориями” і звязаныя з ім “унификация, бюрократизация, русификация”.

У раздзеле аб паслярэвалюцыйных часах (1917–1920) распрацоўшчыкі прадугледзелі для расійскіх школьнікаў зварот і да беларускага матэрыялу: “установление Советской власти в Белоруссии”, “Брестский мир” і “Борьба в Белоруссии против немецких интервентов”. На гэтым гісторыя Беларусі ХХ ст. на старонках дадзенай праграмы заканчваецца.

У якасці дадатку да разгледжанай у зборніку 1992 г. надрукаваная альтэрнатыўная праграма для вучняў 7–9–х класаў па гісторыі Расіі з старажытных часоў да 1917 г., падрыхтаваная В.Буганавым, П.Зыранавым і А.Сахаравым. У ёй крыху раней, чым у папярэдняй, звяртаецца ўвага на гісторыю Белай Русі, прадугледжваецца ўжо пры вывучэнні ХII–ХIII ст. кароткая характарыстыка настаўнікам сацыяльна–палітычных аспектаў развіцця Полацкага і Смаленскага княстваў.

Наступныя эпізоды беларускай гісторыі адлюстраваныя пры вывучэнні тэмы “Народы, позднее вошедшие в состав Российской империи, в XIII–XV вв.”. Яна змяшчае нарыс утварэння, характарыстыку тэрыторыі і дзяржаўнага ладу ВКЛ. Апісанне “личности князя Гедиминаса (?)”, раздзелы “внешняя политика и войны, Украина и Белоруссия в составе ВКЛ” і “войны с Россией (праўда, такой у той перыяд яшчэ не існавала — Г.Л.) в конце XV в.”. Потым аўтары прапануюць ахарактарызаваць асобу князя Ягайлы і спыніцца на апісанні Грунвальдскай бітвы. На жаль, на ўвесь гэты аб’ёмны матэрыял адначасова з характарыстыкай Украіны, Малдавіі, Лівоніі, Каўказа і Сярэдняй Азіі адводзіцца толькі 2 гадзіны. У падобным атачэнні і ў тых самых часавых рамках выступаюць эпізоды гісторыі сярэдневяковай Беларусі канца XV — пачатку XVII ст.: “сокращение территории ВКЛ (потеря Смоленска в 1514 г.), крепостной строй, народные восстания, реформационные движения, Люблинская уния, Брестская церковная уния, крестьянско–казацкие восстания”. Параўнальна з папярэдняй праграмай іх спіс больш поўны, аднак пры гэтым вывучэнне матэрыялу ставіць перад настаўнікам практычна невырашальную задачу пазбягання калейдаскапічнасці пры адначасовым вывучэнні гісторыі пяці краінаў у такі кароткі тэрмін.

XVII ст. у гісторыі беларусаў звязанае з “Смоленской войной 1632–1634 гг.”. Далей у 2–гадзінны раздзел, прысвечаны гісторыі народаў, “позднее вошедших в состав Российской империи, в XVII в.” аўтары ўключылі матэрыял, які характарызуе развіццё Украіны і Беларусі ў складзе Рэчы Паспалітай, апісанне ходу “русско–украинско–польских войн 1648–1667 гг.” на Украіне. Аднак пад 1654–1667 г. праграма не прадугледжвае апісання падзеяў, што разгортваліся на тэрыторыі Беларусі.

У наступным стагоддзі беларускі матэрыял выдзяляецца ў тэматыцы вывучэння Рэчы Паспалітай. Ён звязаны з “экономическим и национально–религиозным гнетом” ва ўсходніх раёнах дзяржавы і “воссоединением с Россией”. Вывучэнне перыяду ХIХ і пачатку ХХ ст. не прадугледжвае ў дадзенай праграме выкарыстання фактаў з гісторыі Беларусі.

Як бачна, абедзьве апісаныя праграмы даволі эклектычныя па характары беларускага матэрыялу, які ў іх змешчаны, і разглядаецца ён адначасова як з афіцыйных вялікадзяржаўных, так і з нацыянальна–вызваленчых пазіцый.

Пяройдзем да праграм 1997 г., распрацаваных спецыялістамі Міністэрства агульнай і прафесійнай адукацыі і выкладчыкамі Акадэміі павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі работнікаў адукацыі. Стварэнне новага пакета праграм тлумачыцца аўтарамі тым, “что в российской школе в условиях трансформации гуманитарного образования крайне необходим новый в концептуальном, содержательном и методическом планах комплект программ по истории”. Адметнымі асаблівасцямі дадзенага камплекта вызначаюцца “многофакторный подход к истории” (на самай справе гэта выявілася ў неапраўданым ускладненні матэрыялу), “ориентация на проблемное изложение курса”, “патриотическая направленность” (якая трансфармуецца ў вялікадзяржаўнасць).

Зборнік змяшчае праграму “История с древнейших времен до наших дней” (3–11 класы), якая складаецца з курсаў айчыннай і замежнай гісторыі, распрацаваную калектывам аўтараў пад кіраўніцтвам А.Багданава і Е.Вяземскага, а таксама некалькі скарочаную праграму В.Буганава, П.Зыранава і А.Сахарава, якая істотна нічым не адрозніваецца ад свайго першага варыянта, апублікаванага ў 1992 г.

Закранем айчынныя старонкі праграмы А.Багданава і Е.Вяземскага. Першыя беларускія сюжэты датычаць гісторыі “Смоленского и Полоцкого княжеств на международных торговых путях” у тэме “Древнерусские княжества и земли”, а таксама “истоков великорусской, украинской и белорусской ветвей русского народа” пры вывучэнні “Ордынского ига”. Далей ужо ў XIII–XV ст. пры разглядзе гісторыі ВКЛ вучні, паводле задумы аўтараў, павінны звярнуць увагу на “усиление польско–католического влияния”, “гонения на православие и русскую письменность”, а ў выніку і “упадок Русско–Литовского государства”. У наяўнасці так званы “полный джентльменский набор” дагматычных уяўленняў пра гісторыю Вялікага Княства Літоўскага ў адзначаны часавы адрэзак, якія, здавалася б, ужо сціраюцца з памяці. Канец XV — пачатак XVI ст. у замежнай палітыцы вялікіх князёў маскоўскіх пазначаецца як перыяд “отвоевания (звычайна гэты тэрмін выкарыстоўваецца пры характарыстыцы працэсу вяртання таго, што ўжо раней належала, у дадзеным выпадку ён абсалютна недарэчны — Г.Л.) русских земель на Западе” і ў прыватнасці “взятия Смоленска”.

У асвятленне гісторыі XVI ст. уведзены матэрыял, прысвечаны “войне с Польско–Литовским государством”, але ці бачаць за гэтай фразай аўтары праграмы спусташальныя рэйды войскаў маскоўскага цара па Беларусі 1560–х г., ці канцэнтруюць сваю ўвагу на больш познім перыядзе Лівонскай вайны, сказаць складана. Затое пры вывучэнні падзеяў XVII ст. зусім недвухсэнсоўна гаворыцца пра падтрымку Расіяй “освободительной (!) войны в Белоруссии” і “отвоевание (!) древнерусских земель у Речи Посполитой”. Каментар, як кажуць, залішні.

У тэму “Воссоединение древнерусских земель” закладзены матэрыял пра “народы Украины и Белоруссии в составе Речи Посполитой” і іх “борьбу против католической экспансии и социального гнета” і пра падзеі “войны России с Речью Посполитой” 1650–1660 г.

Кацярынінскі перыяд у гісторыі Расіі А.Багданаў і Е.Вяземскі звязваюць таксама з падзеламі Рэчы Паспалітай і “завершением воссоединения русских земель”, быццам бы не разумеючы, наколькі дзяржаўны і грамадскі побыт беларусаў XVIII ст., што насялялі Рэч Паспалітую, адрозніваўся ад расійскага і ад умоваў, што існавалі, напрыклад, у ХII–ХIII ст. Вывучэнне тэмы “Россия на рубеже XVIII–XIX вв.” павінна змяшчаць, на думку распрацоўшчыкаў, характарыстыку рэгіянальных асаблівасцяў сацыяльна–эканамічнага развіцця шэрагу тэрыторый Расійскай імперыі, у т. л. і Беларусі. З гэтага моманту нітка беларускай гісторыі губляецца ў праграме да 1918 г. і заключэння Брэсцкага міру. Потым у 1944 г. яна зноў з’яўляецца ў сувязі з вызваленнем Беларусі і знікае ўжо назаўсёды.

У цэлым, калі характарызаваць праграму 1997 г. у плане адлюстравання ў ёй гісторыі Беларусі і беларусаў, то пры агульным нязначным павелічэнні аб’ёму такога матэрыялу, па спосабе яго падачы і ацэнкі яе можна вызначыць як крок назад параўнальна з праграмай 1992 г.

2. Падручнікі

Разгледзім у ракурсе нашай тэмы навучальныя дапаможнікі па гісторыі Расіі, падрыхтаваныя для асноўных (9–гадовых) і сярэдніх (11–гадовых) агульнаадукацыйных школ.

А) А.А.Преображенский, Б.А.Рыбаков “История Отечества” (до конца XVIII в.) для 6–7 классов. Москва, Просвещение, 1996.

Гэта перапрацаванае А.Праабражэнскім выданне падручніка пад рэдакцыяй Б.Рыбакова “История СССР”, які прыйшоў у школы ў 1985 г. Падручнік найбольш часта выкарыстоўваецца сярод усіх іншых пры вывучэнні айчыннай гісторыі ў асноўнай школе. Аўтары пайшлі па шляху не толькі ўдасканалення тэксту, але і зняцця з яго ўсяго, што не мела непасрэднага дачынення да тэрыторыі ўласна Расіі.

Упершыню беларусы згадваюцца ў сувязі з сцвярджэннем пра тое, што “предки русских, украинцев и белорусов на протяжении Х–ХIII вв. составляли единую народность, имели общую культуру и язык, который следует назвать древнерусским”. Гэтаму папярэднічае думка пра асаблівасці мовы (дыялекты) і звычаяў усходніх славян, аб’яднанне якіх у адзіную дзяржаву, згодна з аўтарскай канцэпцыяй, прывяло да амаль поўнага нівелявання этналінгвістычных адрозненняў. Даволі распаўсюджаная памылка.

З удзельных княстваў Белай Русі ў падручніку ў асноўным фігуруе толькі Смаленскае, і то між іншым ў кантэксце характарыстыкі гандлёвых шляхоў і асаблівасцяў архітэктуры Старажытнай Русі.

У раздзеле, прысвечаным гаспадарчаму жыццю Русі XIV ст., з’яўляецца “Литва” (у значэнні ВКЛ), з якой гандляваў Смаленск, які быў “вечным яблоком раздора между Литвой и соседними русскими княжествами”. З’яўленне тэрміна “Літва” у гэтым параграфе не суправаджаецца якімі–небудзь тлумачэннямі. Раней у навучальным дапаможніку ён не сустракаўся. Толькі ў апісанні перыяду кіравання Дзмітрыя Данскога мы даведваемся пра “притязания на русские земли Великого княжества Литовского”. “К тому времени литовский князь Ольгерд овладел Смоленском”, — гаворыцца ў кнізе, хоць на самай справе гэта адбылося толькі пры вялікім князю Вітаўту. Напэўна, такім чынам аўтары дапаможніка (трэба сказаць, не зусім удала) хацелі растлумачыць вучням прычыны саюзніцкіх дачыненняў Вільні і Смаленска ў паходах Альгерда на Маскву, якія прыгадваюцца ў падручніку.

Пад час раскрыцця тэмы “Предпосылки объединения русских земель” і характарыстыкі знешнепалітычнага становішча другой паловы XIV — пачатку XV ст. А.Праабражэнскі і Б.Рыбакоў апісваюць этапы “занятия” літоўскімі князямі “земель Западной Руси”. “В их руках оказались Полоцк, Минск и Киев. Границы Литвы проходили после захвата Смоленского княжества вблизи Москвы.” Такім чынам жыхарам Белай Русі аддаецца толькі роля статыстаў і ахвяраў дзеянняў літоўскіх князёў. Ні пра якія іншыя прынцыпы будовы і існавання літоўска–расійскай дзяржавы, натуральна, не магло быць і гутаркі.

Пры трактаванні далучэння Ноўгарада да Масквы аўтары праводзяць думку пра “угрозу православию со стороны католической Литвы”, умела ствараюць вобраз ворага праваслаўя, а, значыць, і ўсяго расійскага. Пад 1514 г. гаворыцца пра “отвоевание” Масквой у “Литвы” Смаленска быццам нейкай тэрыторыі, што раней належала ёй, а не самастойнага княства–дзяржавы, якое да таго часу ўжо больш за 100 гадоў было часткай ВКЛ.

У параграфе 18, прысвечаным замежнай палітыцы Расіі ў XVI ст., коратка згадваюцца эпізоды Лівонскай вайны, звязаныя з тэрыторыяй Беларусі: узяцце Полацка, параза маскоўскіх войскаў пад Оршай, стварэнне Рэчы Паспалітай, поспехі Стэфана Баторыя (Батуры). Пры апісанні нутранога становішча Расіі ў XVII ст. стваральнікі кнігі кранаюць і факт абвяшчэння ў 1596 г. у Брэсце уніі паміж каталікамі і праваслаўнымі. Ніяк не аналізуючы яе прычынаў, аўтары бачаць галоўную небяспеку уніі ў “постепенном подчинении православных Речи Посполитой римскому престолу”. Само сабой зразумела, у супрацьвагу падступным лацінянам гарантам стабільнасці і працвітання бачыцца Масква.

Абзац “Смоленская война 1632–1634 гг.” параграфа 26 коратка апісвае ход няўдалай для Расіі барацьбы з Рэччу Паспалітай за смаленскія землі. Перад апісаннем працэсу “воссоединения Украины с Россией” А.Праабражэнскі і Б.Рыбакоў заўважаюць, што “жители будущих Украины и Белоруссии продолжали считать себя Русью, называя так и земли, где они проживали и самих себя как народ. Со временем углублялись различия, но память о едином происхождении никогда не покидала людей”. Такім чынам аўтары спакваля падводзяць вучняў да думкі пра безумоўную прагрэсіўнасць для беларусаў вынікаў падзелаў Рэчы Паспалітай. Аналізуючы ход вайны Расіі з Рэччу Паспалітай на тэрыторыі Беларусі ў 1654–1667 г., аўтары падручніка характарызуюць яе ў цэлым як прагрэсіўную, накіраваную на “объединение бывших земель Киевской Руси”. Незразумелым застаецца толькі пытанне, у чым прагрэсіўнасць такога аб’яднання ва ўмовах другой паловы XVII ст.

У параграфе “Русская культура XVII в.” згадваецца “выделявшийся в области поэзии” “выходец из Белоруссии Симеон Полоцкий”. Апошні “белорусский” матэрыял падручніка прысвечаны падзелам Рэчы Паспалітай. Як вынік далучэння беларускіх земляў да Расіі аўтары вызначаюць “прекращение религиозных гонений”, а таксама “воссоединение восточнославянских народов” і звязанае з ім “восстановление вековых исторических связей”.

Б) Л.А.Кацва, А.Л.Юрганов “История России XIII–XV вв.”, “История России XVI–XVIII вв.”. Москва, Мирос, 1995.

Першая згадка пра Беларусь у падручніках названых аўтараў ёсць у тапанімічным раздзеле нарыса пра паходжанне і рассяленне ўсходніх славян (“в Белоруссии, на Смоленщине ... нередки названия, характерные для балтских языков”). Далей, калі гутарка ідзе пра продкаў рускіх, украінцаў і беларусаў, стваральнікі кнігі вызначаюць сярод іх побач з славянамі ўгра–фінаў і балтаў з рознымі іх суадносінамі ў розных раёнах. Пры вывучэнні перыяду IХ–ХIII ст. коратка паведамляецца пра лёс Усяслава Брачыславіча Полацкага.

Вялікае Княства Літоўскае XIV ст. паказана як “грозный соперник” Москвы, які прэтэндуе на права называцца “настоящей Русью” і “собирателем Руси”. Аўтары падмацоўваюць гэта згадкай пра “русский язык как государственный” для ВКЛ. У паведамленні пра кіраванне Гедыміна гаворыцца, што Вялікае Княства “стало опорой западнорусских земель в антиордынской борьбе”. У параграфе “Литва и Русь в конце XIV — начале XV в.” даволі справядліва ахарактарызавана кіраванне Вітаўта і прычыны заключэння “польско–литовской унии”. Пры апісанні тэрыторыі і насельніцтва “Русского государства” у канцы XV — пачатку XVI ст. аўтары закранулі пытанне паэтапнага далучэння ім смаленскіх земляў.

З раздзела гэтага падручніка, прысвечанага Лівонскай вайне, вучні даведаюцца толькі пра асобныя падзеі, што адбываліся на тэрыторыі Беларусі: узяцце “литовской крепости Полоцка”, галоўная прычына заключэння Люблінскай уніі (“угроза вторжения русских войск”).

Наступныя падзеі з гісторыі Беларусі маюць дачыненне да сярэдзіны XVII ст. і вайны Расіі з Рэччу Паспалітай. Пра Беларусь гаворыцца толькі між іншым. Згадваецца ўзяцце Смаленска ў 1654 г. і “33 городов восточной Белоруссии. Среди них — Полоцк, Витебск, Минск”. Усё астатняе, як, зрэшты, і сапраўдныя прычыны гэтай вайны, застаецца за межамі падручніка.

Апошняя згадка пра Беларусь у падручніках датычыць часоў падзелаў Рэчы Паспалітай. Аўтары коратка прыгадваюць часткі беларускай тэрыторыі, што адышлі да Расіі па I і II падзелах.

У цэлым у гэтым дапаможніку намнога менш несправядлівых і неаб’ектыўных ацэнак гісторыі Беларусі як у складзе ВКЛ, так і Рэчы Паспалітай, чым у падручніку А.Праабражэнскага і Б.Рыбакова.

В) А.Н.Сахаров, В.И.Буганов, П.Н.Зырянов “История России” с древнейших времен до конца ХIХ в. В 2 кн. Москва, Просвещение, 1995.

Гэты дапаможнік прызначаны для выкарыстання ў 10—11 класах сярэдніх школ, г. зн. другога канцэнтра вывучэння гісторыі. На жаль, ён далёка не поўнасцю адпавядае прынцыпам навучання прадмету ў старэйшых класах агульнаадукацыйных установаў. Ускладненасць параўнальна з 5–9 класамі дасягаецца не столькі за кошт акцэнтавання ўвагі на асноўных праблемах сацыяльнага, палітычнага і эканамічнага развіцця краіны, колькі за кошт насычанасці падручніка дадатковым фактычным матэрыялам.

Падзеі беларускай гісторыі на працягу IХ–ХIII ст. не сталі прадметам увагі аўтараў падручніка. Ёсць толькі згадка пра тое, што Полацкае і Турава–Пінскае княствы у ХIII ст. перажывалі раздрабненне, а “нападения литовцев и крестоносцев привели к их захирению”. У матэрыяле па XIV ст. гаворыцца толькі пра напад нейкіх няпэўных “литовских войск” на Маскву (так званая “литовщина”). У вучняў складваецца ўражанне пра напад варожых іншамоўных атрадаў. Гэтыя самыя “литовцы” і іх вялікі князь Вітаўт у 1395 г. захопліваюць Смаленск.

Пры вызначэнні знешнепалітычнага курсу Івана III стваральнікі дапаможніка адзначаюць такі істотны яго кірунак, як “возвращение (!) русских земель, захваченных Литвой”. У сувязі з гэтым зусім характэрнае і “освобождение (ад каго? — Г.Л.) многих городов по Десне и Днепру во время русско–литовской войны 1500–1503 гг.”. Усё гэта тлумачыцца не іначай як барацьбой “за национальную независимость с Ордой, Литвой”. Дарэчы, назва “Великое княжество Литовское” на старонках падручніка ўпершыню з’яўляецца толькі ў XVI ст.

Апісанне Лівонскай вайны змяшчае зноў толькі кароткую згадку пра вайсковыя дзеянні на тэрыторыі ВКЛ: “к русским переходит Полоцк (1563 г.) и другие места. Но в следующем году русская армия терпит сильное поражение на р. Улле под Полоцком”.

Уласна пра беларусаў (“белорусский народ”) у падручніку ўпершыню згадваецца ў 1648 г., калі ён разам з украінскім узняўся “на борьбу с иноземным господством” і здзяйсняў “выступления против польско–литовского гнета”.

Як і раней, у апісанні “русско–польской войны 1654–1667 гг.” пра вайсковыя дзеянні на тэрыторыі Беларусі гаворыцца занадта коратка: “русские войска заняли почти всю Беларусь”. І ўсё. У XVIII ст. апісанне падзеяў, звязаных з гісторыяй Беларусі, практычна не сустракаецца, за выключэннем падзелаў Рэчы Паспалітай. Пасля першага падзелу “Россия получила часть древнерусских земель, захваченных в эпоху ордынского ига Литвой и Польшей — восточную часть Беларуси”. Пра другі і трэці падзелы аўтары ўвогуле забыліся. А.Сувораў, які ўдзельнічаў “еще в одной русско–польской войне” (так трактуе В.Буганаў паўстанне Т.Касцюшкі), “разбил отряды мятежников под Кобриным и Брестом”.

У Айчыннай вайне 1812 г. Беларусь паказана дзвюма падзеямі: выданнем Аляксандрам I маніфеста 6 ліпеня “близ Полоцка” і пераправай напалеонаўскай арміі ля р.Бярэзіны 14–16 лістапада. Толькі згадваецца пра “восстание в Польше 1830–31 гг.” (дарэчы, такая няўвага аўтара раздзела П.Зыранава да гэтага і іншых “белорусских” эпізодаў характэрная і для яго падручніка “История России в ХIХ в.”, што вывучаецца ў 8–м класе). З кароткай згадкі пра паўстанне 1863 г. у абодвух падручніках немагчыма зразумець ні яго характару, ні мэтаў, якія ставілі перад сабой паўстанцы.

Падагульняючы, варта адзначыць, што для гэтага падручніка характэрная ўвага толькі да чыста расійскіх (у сучасным сэнсе гэтага слова) падзеяў. Трактаванне фактаў, звязаных з беларускай гісторыяй, мае часта далёкі ад сапраўднасці характар.

Г) Н.И.Павленко, И.Л.Андреев “Россия с древнейших времен до конца XVII века”. Учебник для 10 класса. Москва, Просвещение, 1997.

У адрозненне ад папярэдняга падручніка стваральнікі апошняга ў апісанні XIV ст. згадваюць пра два цэнтры, “претендовавших на роль наследников Древней Руси”. Адным з іх названа Вялікае Княства Літоўскае. “Литовским князьям удалось в XIV–XV вв. включить в состав своего государства огромный массив земель, ... будущие украинские, белорусские и некоторые великорусские земли. В Великом княжестве Литовском в основном жило русское население”. Падкрэсліваецца талент Альгерда як вайсковага і дзяржаўнага дзеяча. “В общении с русскими князьями Ольгерд действовал не столько силой, сколько взаимовыгодными предложениями. Уход к Литве сулил им защиту от Орды...”, “Литва готова была вмешаться в процесс объединения северо–восточных земель, имея несомненное превосходство над Московским княжеством”. Вядома ж, апісанне ВКЛ значна саступае цікавасці аўтараў да маскоўскіх падзеяў, але параўнальна з такім раздзелам, напісаным у папярэднім падручніку А.Сахаравым, цешыць і гэтае. І.Андрэеў адзначае і прамаскоўскую пазіцыю агульнарасійскага мітрапаліта Аляксея, палітычнага дзеяча другой паловы XIV ст. Апошні, “помятуя о враждебности литовского князя, предпочитал не показываться в его владениях — части своей митрополии”.

Даволі праўдзіва апавядае аўтар пра падзеі канца XIV ст. у ВКЛ, звязаныя з Вітаўтам і заключэннем уніі. Пры гэтым І.Андрэеў, калі гаворыць пра вынікі уніі, то адзначае, што “в глазах православного населения Литвы московские князья приобрели большие преимущества — именно они отныне выступали в роли защитников истинной веры. Притязания литовских князей на православное наследство Древней Руси представлялись теперь малообоснованными”. Расійскія князі цяпер сталі “с надеждой поглядывать” на Маскву.

Аўтары падручніка, бадай, адзіныя не забыліся і на выдатную падзею пачатку XV ст. — Грунвальдскую бітву. Не пакінулі яны без увагі і уплыў ВКЛ на далейшыя падзеі XV ст., звязаныя з гісторыяй Вялікага Княства Маскоўскага — далучэнне Ноўгарада, Цверы, стаянне на Угры 1480 г. Асобны раздзел прысвечаны “войнам с Литвою” у канцы XV — пачатку XVI ст., узяццю маскоўскімі войскамі Смаленска, паразе пад Оршай. І.Андрэеў адзначае ў падручніку і асаблівасці дзяржаўнага ладу усходняга і заходняга аб’яднальных цэнтраў, ступень іх цэнтралізацыі. У раздзеле “Русская культура второй половины XIII–XV в.” прыгадваецца пра пачатак фармавання расійскай, украінскай і беларускай народнасцяў, “а с ними и культуры этих народностей”.

У апісанні падзеяў Лівонскай вайны больш, чым у папярэднім дапаможніку, аддадзена ўвагі беларускім падзеям. Аднак, калі аўтар гаворыць пра няўдачы арміі Івана IV у Беларусі, то падае толькі афіцыйную прычыну — “нерадение и измена воевод”.

Значная ўвага аддадзена падзеям вайны 1654–1667 г. Яна падаецца з пункту погляду вяртання Расіі смаленскіх, чарнігаўскіх, ноўгарад–северскіх земляў, а таксама “воссоединения с двумя народами, близкими с русским по языку, религии, культуре, быту — украинцами и белорусами (они в XVII в. продолжали называть себя русскими)”. Валоданне каралямі Рэчы Паспалітай гэтымі землямі звязваецца з “неправым стяжанием”. Тут жа прысутнічае вельмі распаўсюджаны ў расійскай гістарычнай навуцы тэзіс пра “освободительное движение” беларускага народа супраць Рэчы Паспалітай, “подвергавшей украинцев и белорусов национальному и религиозному притеснению”, пра тое, што ў кампаніі 1654–55 г. мясцовае беларускае насельніцтва “восторженно встречало своих освободителей”.

І ўсё ж, нягледзячы на сваю неаднароднасць, гэты навучальны дапаможнік уяўляе сабой крок наперад у імкненні да рэальнага асвятлення ў школьным курсе гістарычных падзеяў сярэдневякоўя і пачатку новага часу.

Д) В.П.Дмитриенко, В.Д.Есаков, В.А.Шестаков “История Отечества. ХХ век”. Учебное пособие для 11 класса. Москва, Дрофа, 1995.

Падзеі першай чвэрці ХХ ст., выкладзеныя ў падручніку, часта не маюць да Беларусі ніякага дачынення (чаго не скажаш, напрыклад, пра Украіну). Упершыню Беларусь з’яўляецца на старонках дапаможніка ў сувязі з утварэннем СССР. Аўтары адзначаюць, што Беларусь у 1922 г. разам з іншымі савецкімі рэспублікамі паставіла пытанне пра “упорядочение экономических отношений” і “хотя и менее последовательно” пра захаванне канфедэратыўнай структуры дагаворных адносін паміж рэспублікамі.

Наступны эпізод, звязаны з Беларуссю, тычыцца 1939 г., года “вступления Красной Армии ... в Западную Белоруссию”. Менавіта дзеянні не аналізуюцца, гаворыцца толькі пра тое, што гэты факт “оценивался пропагандой как освободительный поход”. А што на самай справе? Адказу няма.

Вялікая Айчынная вайна на старонках падручніка ў дачыненні да Беларусі мае толькі некалькі эпізодаў: 1) “агрессор к 10 июля захватил ... значительную часть Белоруссии. Через 6 дней после начала войны пал Минск”; 2) згадваецца пра тое, што летам 1941 г. “крупные силы противника сдерживали защитники Могилева”; 3) “на оккупированной территории существовали целые партизанские края в ... Белоруссии”; 4) адзін з абзацаў раздзела “Летнее наступление 1944 г.” прысвечаны аперацыі “Багратион”.

Пры апісанні пасляваенных цяжкасцяў аўтары, гаворачы пра разбурэнне найбуйнейшых цэнтраў краіны, прыгадалі і Мінск, сказалі, што “гитлеровцы уничтожили Киевский и Белорусский государственные университеты”. Пры аналізе “нового курса” у савецкай вёсцы 50–х г. указваецца на тое, што ў новых савецкіх рэспубліках і абласцях (у спісе пазначана і “Западная Белоруссия”) да сярэдзіны 50–х г. “господствовали антиколхозные настроения”. Заключным акордам “белорусских” фактаў падручніка стала інфармацыя пра падпісанне “в резиденции “Вискули” в Беловежской пуще под Минском” пагаднення пра ўтварэнне СНД.

Ацэньваючы ў цэлым змест расійскіх падручнікаў па “Истории Отечества” як для асноўнай, так і для сярэдняй школы, варта прызнаць, што беларуская тэматыка займае ў іх нязначнае месца. Ацэначныя характарыстыкі матэрыяла часта ўзнаўляюць традыцыйныя вялікадзяржаўныя падыходы, якія культываваліся доўгі час у савецкай гістарычнай навуцы. Праграмы па гісторыі для агульнаадукацыйных школ 1997 г., якія прыйшлі на змену распрацаваным у 1992 г., не спрыяюць пашырэнню ведаў расійскіх школьнікаў у галіне гісторыі народа суседняй Беларусі: не абуджаюць цікавасці да сацыяльна–дзяржаўнага вопыту альтэрнатыўных Маскоўскай дзяржаве і Расіі Вялікаму Княству Літоўскаму і Рэчы Паспалітай, слаба інфармуюць пра ўнёсак беларусаў у развіццё калісьці адзінай дзяржавы — СССР і пра з’явы эканамічнага і палітычнага жыцця незалежнай Рэспублікі Беларусь.

* У артыкуле аналізуюцца праграмы і падручнікі па гісторыі, што выйшлі ў свет пасля распаду СССР, г. зн. за перыяд 1992–1997 г.