Беларускі Гістарычны Агляд

Том 5 Сшытак 1 (8)


Роля гiстарычнай свядомасцi ў палiтыцы

I.

Што значыць гiстарычны? Што мы маем на ўвазе, калi гаворым пра гiстарычны дзень, гiстарычнае рашэнне цi гiстарычную падзею?

Вiдавочна, гэтае слова не заўсёды мае аднолькавы сэнс. Для француза 14 лiпеня ёсць гiстарычным днём таму, што ён сiмвалiзуе штурм Бастылii пад час французскай рэвалюцыi. З iншага боку, мы часта чытаем, што сённяшнi цi заўтрашнi дзень гiстарычны таму, што ў гэты дзень будзе прынята «гiстарычнае» рашэнне. У такім кантэксце дадзенае слова можа толькi азначаць, што рашэнне з'яўляецца паваротным момантам з пункту гледжання i мiнулага i будучага. Гэтае значэнне меў на ўвазе Арнольд Гелен, калi вызначаў гiстарычную свядомасць як здольнасць бачыць эпахальнае значэнне падзеi, што адбываецца цяпер; iнакш кажучы, бачыць падзею вачыма будучых генерацыяў. Для Гелена, такiм чынам, сутнасць гiстарычнай свядомасцi палягае не проста на запамiнаннi i перадачы мiнулага, але на тым, як мы бачым цяперашняе 1. Такiм чынам, гiстарычная свядомасць выходзiць за межы выключнай цiкавасцi да таго, што адбылося ў мiнулым i стала гiсторыяй. Яна таксама прадуглед жвае выкарыстанне набытых ведаў у якасці элемента ў фармаваннi iдэй i дзеянняў, якiя вызначаць будучыню. Гiстарычная свядомасць не абмяжоўваецца рэтраспектыўным разважаннем, але робiць высновы з мiнулага i прымяняе iх для дасягнення мэтаў, што знаходзяцца ў будучым. Такi кiрунак мыслення прымушае нас бачыць не проста выпадковыя сувязi, але моцную ўзаемазалежнасць памiж палiтычнай практыкай i гiстарычнай свядомасцю.

Вядома, было б неразумна сцвярджаць, што палiтыкi ўсведамляюць увесь свет мiнулага, як мы ведаем яго з гiсторыi. Тут таксама трэба памятаць пра два значэннi слова гiсторыя. Гiсторыя можа ўздзейнiчаць на нас непасрэдна праз падзеi, якiя ўплываюць на наступныя пакаленнi, пакідаць за сабой раны і ўяўляць сабой рэальныя ці ўяўныя кульмінацыі. Але таксама на нас уплываюць, па-іншаму і не так непасрэдна, нашыя веды пра мінулае, г.зн., гісторыя як навука, якая паказвае нам мінулае, апрацаванае ў працэсе мастацкага ўзнаўлення і, нарэшце, пры дапамозе навуковага метаду. Гуга фон Гофманшталь, гаворачы пра „праклятую ўладу нашых таямнічых продкаў унутры нас" і пра „нагрувашчаныя слаі акумуляванай калектыўнай памяці", меў на ўвазе першае значэнне паняцця гісторыя 2. Гэтая калектыўная памяць свядома ці несвядома ўплывае як на рашэнні індывідаў, так і на калектыўныя паводзіны вялікіх грамадскіх сілаў, што дзейнічаюць у гісторыі, г.зн., нацыяў, дзяржаў, станаў і класаў — групаў, якія, паводле нашага меркавання, функцыянуюць як самастойныя арганізмы і вызначаюць сферы дзейнасці асобы, а могуць і абмяжоўваць іх. Спрэчкі наконт таго, як узаемадзей нічаюць індывідуальнае і грамадскае прыняцце рашэнняў, яшчэ не скончыліся, але без ваганняў можна сказаць, што існуе базавы гістарычны вопыт, які відавочна ўплывае на ментальнасць групаў. Такі вопыт можа прыводзіць да супярэчлівых ацэнак ці да працяглых антаганізмаў унутры нацыі.

Французская рэвалюцыя з яе важнымі доўгатрывалымі наступствамі — выдатны прыклад такога роду. Супярэчлівае стаўленне да французскай рэвалюцыі не змяняе факту, што яна была і застаецца агульным базавым гістарычным вопытам і для апалагетаў і для апанентаў, і што гэтая рэвалюцыя ўплывала і працягвае ўплываць на палітыку. У гісторыі кожнай нацыі ёсць такі вопыт. Ён можа доўга жыць у нацыяналь най свядомасці, можа паступова забывацца і выцясняцца іншым вопытам, можа быць прыглушаны. Немагчыма прадбачыць, як ён будзе асіміляваны: тут заўсёды чакаюць сюрпрызы. Падзеі вялікай гістарычнай значнасці могуць хутка забывацца, у той час як іншыя, што сучаснікам здаюцца неістотнымі, працягваюць заставацца ў памяці. Такім чынам, сучаснікі разумеюць і ацэньваюць гістарычныя падзеі часам няслушна. Еўрапейцы разглядалі 1918-19 г. ў кантэксце перамогі нацыянальнай дэмакратыі. Дадзены аспект быў несумненна важным тады, але такі погляд ігнаруе дзве падзеі, што, як мы бачым сёння, засведчылі надыход новай эпохі, а менавіта расейскую рэвалюцыю і канец еўрапейскай гегемоніі. Пасляваенны погляд на 1918-19 г. прывёў проста да катастрафічнага нежадання кантынентальных еўрапейскіх дзяржаваў — спачатку Францыі, пазней і больш відавочна Нямеччыны — прызнаць гэтую змену. Такім чынам, няслушная інтэрпрэтацыя гістарычных падзей можа прывесці да палітычнай катастрофы.

Калi сапраўды гiстарычная свядомасць (цi тое, што мы часам можам больш дакладна назваць гiстарычнай несвядомасцю) абумоўлена падзеямi ў мiнулым, то аднолькава справядлiва і тое, што гiсторыя, узятая як сукупнасць ведаў пра мiнулае, захаваных праз час i апрацаваных навуковымi метадамi, фармуе гiстарычную свядомасць, толькі па-iншаму. Сучасная навуковая думка адкрыла сферу несвядомага i навучыла нас улiчваць тое, што завецца калектыўнай памяццю. Але рацыяналiзм, прапанаваны гэтым навуковым метадам, таксама прымушае разглядаць гiстарычныя падзеi, не ўлічваючы iх ананiмнасцi i складанасцi, як прадукты дзеянняў і прычынных сувязяў, даступных для разумення, разбураць легенды i мiфы, i, па словах Макса Вэбэра, спрыяць дэмiстыфiкацыi свету. Такую крытычную функцыю гiстарычная навука выконвае i сёння, як i цягам ужо пэўнага часу: яна павялiчвае нашы веды, але ў той жа час змяншае ананiмную ўладу мiнулага3 . Непасрэдны абавязак гiсторыi — вызваляць наш погляд на мiнулае ад прымхаў i скажэнняў i, такiм чынам, паўней выясняць яе з усiмi велiчнымi i фальшывымi каштоўнасцямi, шчасцем, а таксама ўсёй шкоднасцю i злом, якiя людзi зрабiлi адзiн аднаму. Толькi такi антрапалагiчны погляд на гiсторыю, што ўлiчвае ўсе разнастайныя гiстарычныя мутацыi чалавецтва, усе як пастаянныя, так i зменлiвыя элементы чалавечай натуры, грамадства i культуры, можа сёння служыць падмуркам для вывучэння гiсторыi i захавання цi абуджэння гiстарычнай свядомасцi там, дзе яна згублена.

З усімі гэтымі акалічнасцямі можна сустрэцца нават тады, калi вывучэнне гiсторыi лічыць толькі прыемным захапленнем антыкварыятам. Фрыдрых Нiцшэ пераканальна паказаў, што цікавасць да антыкварыяту — галоўны элемент захаплення гiсторыяй. Але цi толькі адзін гэты элемент здольны ўплываць на палiтыку ва ўсiх яе формах? Колькi часу чалавек разважае наконт гiсторыі, столькi iснуюць два дыяметральна супрацьлеглых погляды, якiя практычна сталi догмамі. Адзiн трактуе гiсторыю ў кантэксце выказвання Цыцэрона: historia magistra vitae 4. Другi пастулюе, што вывучэнне гiсторыi не служыць нiякай мэце i не дае нiякiх урокаў цяперашняму. Гегель, несумненна верачы, што незалежна ад дзеянняў людзей у гісторыі паступова ўсталюецца ўсведамленне свабоды, сфармуляваў гэты другi погляд у наступным шырока вядомым выказваннi: «Вопыт i гiсторыя, аднак, паказваюць, што нацыi i ўрады нiколi нiчому не вучацца ў гiсторыi, i што ў сваiх дзеяннях яны нiколi не звяртаюць увагi на ўрокi, якiя магла б прапанаваць гiсторыя» 5. Калi паглядзець на ўсё сказанае за апошняе стагоддзе пра рухальную сiлу гiсторыi, яе палiтычную непрыдатнасць i палiтычную аўру, негатыўныя аргументы i па колькасцi, i па пераканальнай сiле прыкладна настолькі ж моцныя, як i пазiтыўныя. Я не хачу спрашчаць сабе задачу, iгнаруючы пярэчаннi маёй пазіцыі, i таму згадаю тут некаторыя аргументы, прыведзеныя супраць немагчымасцi выкарыстання гiсторыi ў жыцці i дзеяннях людзей.

Найперш я хачу спыніцца на дэфармаванай свядомасці, якая лiчыць, што ўсе намаганнi чалавецтва ў гiсторыi марныя, што найлепшыя з чалавечых памкненняў тармозяцца сiлай абсалютнага эгаiзму, што ўсе змены захлынаюцца ў інэртнасці, i што велiзарныя ахвяры чалавечага жыцця i матэрыяльных дабротаў маюць вынiкам мiнiмальныя паляпшэннi. Сярод сучасных гiсторыкаў прадстаўнiком такога песiмiстычнага погляду быў Якаб Буркхардт. У раздзеле яго Weltgeschichtliche Betrachtungen („Сусветна-гістарычных назіранняў"), прысвечаным гiстарычным крызiсам, ён пiша пра амаль татальнае расчараванне, якое звычайна спадарожнiчае ўздымам рэвалюцыяў. «Цяпер людзi цярплiва пераносяць самыя гнюсныя ўрады i церпяць рэчы, якiя зусiм нядаўна прымусiлi б iх узняцца са зброяй у руках». Іншы аргумент супраць гiсторыi такi. Яе памяць у захаваннi сапраўды каштоўнага капрызная і непрадказальная. Фальшывае можа жыць доўга, сапраўднае ж можа быць забыта. Але нярэдка адрознiць адно ад другога цяжка, бо адно можа ператварацца ў другое. «Звычайны лёс новых iсцiнаў: пачынаюць як ерасi i сканчаюць як забабоны». Конрад Лорэнц цытуе гэты сказ Томаса Хакслея6 .

Але найбольш красамоўны аргумент супраць гiсторыi сфармуляваў Фрыдрых Ніцшэ. Нiхто нiколi не выказаў яго магутней. У раздзеле сваёй Thoughts Out of Season („Несваечасовыя думкі") пад загалоўкам «Аб карыснасцi i недахопах гiсторыi для жыцця» ён некалькi разоў звяртае ўвагу на разбуральныя для жыцця наступствы, якiя былi вынiкам лiшку гiстарычнай свядомасцi ў выпадках, калi такi лiшак дамiнаваў i ў сiстэме адукацыі, i ў грамадскай думцы. Дапускаючы, што iснуе сiла ажыўляць мiнулае i бачыць бягучыя падзеi ў свеце гiсторыi, якая складае аснову чалавечай прыроды, Нiцшэ таксама заяўляе, што лiшак гiсторыi можа разбураць нашу чалавечую прыроду: «Пры пэўным ўзроўнi слепаты мыслення i гiстарычнай свядомасцi жыццёвы iмпульс у iндывiдзе, у нацыi цi ў культуры будзе цярпець i нарэшце памрэ».

Цяжка перацанiць тое, як доўга быў актуальны гэты погляд Нiцшэ. Калi ён толькі сфармуляваў яго, быў, несумненна, самотным ваяром, а тыя, хто атакаваў яго (гiсторыкi, якiя атрымлiвалi асалоду ад залатога веку гiстарызму), лiчылi, што знаходзяцца ў поўнай бяспецы. Але пазней апаненты пачалі ставіць такое ж кляймо, хоць некаторыя з iх самі былi прадуктамi гiстарызму. Нiхто не адчуваў крызiсу гiстарызму так глыбока, як фiлосаф гiсторыi Эрнст Трольч. Праблему гiстарызму ён бачыў у рэлятывiзацыi ўсiх каштоўнасцяў i змагаўся з гэтай праблемай усё сваё творчае жыццё. «Гiсторыя, — пiсаў Трольч, — прымушае нас падыходзiць да тэрмiнаў, памятаючы пра перманентную i аўтарытарную сiстэму каштоўнасцяў, якая падобна, аднак, падарвана i канчаткова разбурана патокам самой гiсторыi»7 . Трольч выказаў гэта ў сярэдзiне дваццатых гадоў, разважаючы над тым, як глыбока паўплываў на яго вопыт I сусветнай вайны i пасляваенных сацыяльных i палiтычных зрушэнняў.

Застаецца толькi чакаць, што, сутыкнуўшыся з куды больш небяспечнымі працэсамі, гэтая пазіцыя будзе даведзена да яшчэ большай скрайнасцi. Сярод яркiх прадстаўнiкоў дадзенай плынi можна назваць Карла Лёвiта i Поля дэ Валеры8. Заўважым, аднак, што iх пазiцыя карэнным чынам адрознiваецца ад пазiцыi Нiцшэ. Ідучы следам за Бэнэдэто Крочэ, Лёвiт9 гаворыць пра лёс сучаснага чалавека ў гiсторыi як пра «апошнюю рэлiгiю iнтэлiгенцыi» i лiчыць гэты лёс «глухой алеяй», бо ён прытупляе ўспрыманне людзьмi «пастаянства асноўных чалавечых патрэб i пачуццяў, моцы i слабасцi». За абвiнавачаннямi такога кшталту стаiць папрок заходнееўрапейскiх аўтараў i вучоных у бок гiстарызму. Рэлятывiзуючы каштоўнасцi, сцвярджалi яны, гiстарызм прывёў Нямеччыну ў прорву нiгiлiстычных тэндэнцыяў, а менавiта яны сталіся прычынай адмаўлення немцаў ад нормаў натуральна га права, якое змацоўвала i ўнутраную палiтыку, i грамадскае жыццё дзяржавы, i стасункi памiж дзяржавамi. Калi б усё было сапраўды так (я не думаю, што тут можна пагадзiцца без ніякіх агаворак), то мы атрымалi б яшчэ адну негатыўную ацэнку ўплыву гiстарызму як перабольшанай формы гiстарычнай свядомасцi на палiтычныя адносiны.

Апаненты, якія лічаць гiсторыю непрыдатным падмуркам для палiтычнай практыкi, прыводзяць яшчэ адзiн аргумент: гiсторыю можна павярнуць i прыстасаваць для любых магчымых мэтаў, нават дыяметральна супрацьлеглых. Паколькi карцiна, якую дае гiсторыя, ёсць суб'ектыўнай iнтэрпрэтацыяй аб'ектыўных фактаў, сцвярджаюць яны, то мы можам зрабiць з гiсторыi што заўгодна, i апеляцыя да гiсторыi можа быць выкарыстана дзеля апраўдання любой палiтычнай мэты. Тут я не кажу пра свядомае манiпуляванне i фальсiфiкацыю гiсторыi дзеля забеспячэння сумнiўнага лагiчнага абгрунтавання самых ганебных палiтычных мэтаў. Таталiтарныя рэжымы даюць нам бясконцыя прыклады такога кшталту. Нават у выпадках, дзе апеляцыя да гiсторыi спантанная i мае на ўвазе поўную яе падтрымку, вынiкi могуць даць менавiта той iнструмент, якi неабходны для вырашэння канфлiктаў памiж народамi i дзяржавамi. Гiстарычныя аргументы ўмела выкарыстоўвалiся на працягу нашага стагоддзя, напрыклад, для вызначэння франка-нямецкiх адносiнаў як крывавай мiжусобiцы.

Прымхлiвы погляд, што Прусiя ёсць «коранем зла ў Нямеччыне», як сказаў Чэрчыль яшчэ на Тэгеранскай канферэнцыi ў 1943 г.10, адлюстраваны ў афiцыйных мемарандумах заходнiх дзяржаўных дзеячаў, пачынаючы ад добра вядомага нямецкага мемарандума сэра Айры Кроў 1907 г.11 да ноты Маршала Фроча (студзень 1919)12 i Статута 46 Савета Саюзнага Кантроля, якi загадваў злiквiдаваць Прусiю. Ва ўсiх гэтых выпадках прысутнiчала гiстарычная аргументацыя. Такiм чынам, якой бы нi была праблема (нямецкая знешняя палiтыка, прычыны I сусветнай вайны цi палiтыка агрэсii Гiтлера), яе разглядаюць як яшчэ адно звяно ў паслядоўным ланцугу падзеяў, што з'яўляюцца сведчаннем адной i той асноўнай гiстарчынай сiлы, i значнасць праблемы без усялякай меры перабольшваецца.

Падобныя скажэннi знаходзiм, калi аналiзуем нямецкiя заявы (нават некаторыя заявы Бiсмарка) наконт стасункаў Нямеччыны з Францыяй. У якасцi класiчнага прыкладу можна ўзяць заяву, зробленную пад час Рэйнскага канфлiкту 1840-41 г. Гельмутам фон Мольтке, якi пазней узначалiў прускi штаб i меў добрыя працы.

Мольтке напiсаў сваё эсэ «Die westliche Grenzfrage» („Праблема заходняй мяжы") у адказ на французскiя тэрытарыяльныя прэтэнзii на захад ад Рэйна13.

Ігнаруючы вопыт двух тысячагоддзяў цеснай нацыяналь най блiзкасцi, Мольтке абвiнавачвае французаў у тым, што яны адмаўляюцца прыняць iх, немцаў, слушную пазiцыю, што яны схільныя да насiлля i што пагарджаюць цвярозым разважаннем, розумам, справядлiвасцю i шчырасцю. «Вывучэнне гiсторыi квітнее як у Францыi, так i ў Нямеччыне. Французам адкрыты тысячы шляхоў i сцежак разумець, але яны настолькi кiруюцца сляпымі пачуццямі, што наўмысна трымаюцца iлюзii i адмаўляюцца бачыць праўду, нават ясную, як дзень». Тут Мольтке апелюе да вывучэння гiсторыi таму, што яна вучыць бачыць праўду, але толькi ў той меры, наколькi ён сам зацiкаўлены, і адзiная ісціна, якую французам трэба прызнаць, — ягоны погляд на рэйнскую спрэчку. Палiтычны канфлiкт вакол дзяржаўнай мяжы iнтэрпрэтуецца як канфлiкт вакол гiстарычнай праўды. Такое некарэктнае прымяненне гiсторыi ў барацьбе паміж дзяржавамі часта паўтаралася ў Еўропе ХIХ ст., і не толькі ХIХ ст. Калi б i дзе б такая мадэль ні выкарыстоўвалася, вынiкi былi тыя ж: гiсторыi надаваўся статус «нацыянальнай» дысцыплiны, i яе ўздымалі як зброю ў абароне нацыянальных iнтарэсаў. У вынiку гісторыю ўцягваюць у вiр нацыянальных i нацыяналiстычных жарсцяў. Як навука, яна расплочваецца сваёй аб'ектыўнасцю ў пошуку адзiнай ісціны i становiцца простым рупарам шматлікіх ісцінаў. Гэта смяротны грэх, якi найбольш шкодны для гiсторыi як навукі, i мы не можам з чыстым сумленнем сцвярджаць, што ўжо пазбавiлiся яго.

Але iснуе шэраг iншых прычынаў, прынамсi цяпер яшчэ больш відавочных, чаму наша гiстарычная свядомасць зацерлася цi нават апынулася пад пагрозай поўнай страты. Па-першае, назіраюцца парушэнні палiтычнай традыцыi, i ў Нямеччыне яны адчуваюцца магчыма больш, чым у iншых краiнах. Далей, адбываецца трансфармацыя ўсiх нашых палiтычных i грамадскiх абставiнаў.

Палiтычна свет яшчэ мяняецца i яшчэ не дасягнуў стану стабiльнасцi, але няма сумнення, што палiтычнае сузор'е, якое развіваецца, будзе радыкальна адрознiвацца ад аналагiчнага ў ХIХ ст. Нарэшце, умовы нашага жыцця знаходзяцца цяпер у стане вiдавочнага рэвалюцыйнага працэсу, напрыклад, урбанiзацыi грамадства ў індустрыяльных краінах, узрастанне мабільнасці насельніцтва і змены функцыяў сям'і і ўсіх сацыяльных груповак, якія ўтварыліся ў ранейшых сацыяльных умовах. Наша палітычная свядомасць прыніжае мысленне ў катэгорыях традыцыі. Наадварот, палітыка і кіраванне зарыентаваныя на ідэю планавання, прыкладаюцца рацыяналістычныя намаганні ўсталяваць свае нормы, як тое адбываецца з тэхналогіяй, стаўшай вядучай сілай ва ўсіх сферах. Навошта ў гэтай сітуацыі гістарычная свядомасць? Для каго яна ўяўляе хоць якую-небудзь каштоўнасць? І ўсё ж трэба ўсвядоміць, што гэта не ёсць праблемай выключна нашага часу, бо з'явілася яна на першай асноўнай фазе індустрыялі зацыі. Дзіўная рэч, канешне, што менавіта ў той перыяд гістарычная навука і адчуванне гісторыі дасягнулі свайго піку. 1850-я г. бачылі, як у Нямеччыне адбыўся першы вялікі штуршок індустрыялізацыі, тады ж, у 1850-я г. кульмінацыі дасягае нямецкая гістарыяграфія. У палітычнай думцы таго часу гістарычныя аргументы, сімвалы і традыцыі мелі не меншую вагу, чым эканамічная мэтазгоднасць. Без усялякіх агаворак і з неадольным пафасам сярэднявечныя канцэпцыі кайзера і райха былі выкарыстаны ў ідэі нацыянальнай дзяржавы, якая карэнным чынам адрознівалася ад дзяржавы Сярэднявечча.

Растлумачыць гэтую з'яву можна. Гiстарычная думка выконвала кампенсуючую функцыю, аднаўляючы фактычную страту гiсторыi перабольшваннем гістарычнай свядомасцi. У той час, калi сярэднявечныя гарады i iх незлiчоныя гiстарычныя помнiкi знiкалi ў вынiку першай хвалi урбанiстычнай экспансii i iндустрыялiзацыi, вучоныя вышуквалi найбольш аддаленыя i цяжкадаступныя дакументы старажытнай гiсторыi. Больш важную выснову з гэтага працэсу бурных пераменаў зрабіў Якаб Буркхардт. Зваротны перыяд, што пачаўся, як i рэвалюцыйная эра, з 1789 г., — думаў Буркхардт, мусіў стварыць супрацьвагу сучаснасцi, калi ёй увогуле не давядзецца згубiць ментальную раўнавагу. «Толькi раздумваючы над мiнулым, можна знайсцi маштаб для вымярэння хуткасці i сiлы руху, у якiм жывем мы самi»14. Такое разуменне гiсторыi як прылады для вымярэння часу i руху ў цяперашнiм, што падвяргаецца любой паскоранай змене, можа і сёння служыць апраўданнем для гiсторыi. Нам застаецца толькі развiць iдэю Буркхардта яшчэ на крок далей: роля гiсторыі не абмяжоўваецца функцыяй рэгістрацыі сучасных перамен, яна можа таксама служыць компасам, якi дапамагае нам пракладваць шлях у будучыню. Як навука, гiсторыя займаецца пераменамі, а не стабiльнасцю.

II.

Палiтыка, якая бярэ пачатак у гiстарычнай свядомасцi, нiколi не з'яўляецца выключна дзеяннем iндывiдаў. На гiстарычную свядомасць заўсёды глыбока ўплываюць нацыянальныя, сацыяльныя i палiтычныя групы, у асяроддзi якiх яна фармуецца. Памяць гэтых групаў можа быць моцнай, нават гiпертрафаванай, або яна можа плесціся павольна, кульгаючы, далёка адстаючы ад рэальнасцi гiстарычных падзей. Стагоддзямi гiшпанцы адмаўлялiся прызнаваць, што яны страцiлi становiшча сусветнай дзяржавы. Нядаўна французы i немцы зрабiлi тое ж самае. Прыклад усiх трох паказвае, да якой ступенi неадпаведны гiстарычны традыцыяналiзм можа дэзарыентаваць палiтыку нацыi. Англiчане, з iншага боку, нягледзячы на вялiкую традыцыйную сiлу iх палiтычных формаў, рэагавалi на перамены ў свеце з вялiкай гнуткасцю. Францыя i Англiя даюць вельмi розныя прыклады таго, як прынцыпы, выведзеныя з мiнулага, дапамагаюць перажыць змены ў нацыянальным лiдарстве. Гiстарычная свядомасць можа падказаць актыўным палiтыкам патрэбу ў пераменах, а можа прымусiць iх яшчэ больш заўзята чапляцца за старое, баючыся згубiць свае пазiцыi. Часам законы, народжаныя пэўнымі гiстарычнымі сiтуацыямі, аказваюцца абсалютна непрыдатнымі ва ўмовах змены. Вось прыклады такога кшталту: iзаляцыянiзм Злучаных Штатаў, ангельская iдэя балансу ўлады, французскiя прэтэнзіі на гегемонiю ў Еўропе, месiянства немцаў.

Нацыi дэманструюць надзвычай разнастайныя адносiны да сваёй гiсторыi, і яны адводзяць ёй (як навуцы i як інтэлектуальнай сiле) розныя месцы ў сваёй iнтэлектуальнай гаспадарцы. У ХIХ ст., вялiкай эры гiстарыяграфii, у Францыi i ў Нямеччыне гiсторыя выконвала розныя ролi. У Францыi яна была часткай лiтаратуры, але магчыма самым важным было тое, што яна мела цесную сувязь з палiтыкай. Большасць французскiх гiсторыкаў таго часу (Гiзо, Токвiль, Цьер) знаходзіліся на пасадах мiнiстраў, часта ў вырашальных сiтуацыях, i iх гiстарыяграфiчныя працы нельга аддзялiць ад iх палiтычнай дзейнасцi. З'яўляючыся гiсторыкамi, яны пiсалi як палітыкі; з'яўляючыся палiтыкамi, яны дзейнiчалi як гiсторыкi. Нямецкая гiстарыяграфiя, нягледзячы на ўплыў моцных палiтычных iмпульсаў, нiколi не мела актыўнай ролi ў прыняццi палiтычных рашэнняў. Франкфурцкую Нацыянальную Асамблею можна лiчыць выключэннем, але яе поспех быў вельмi сумнiўны. Гiсторыя ў Нямеччыне заставалася акадэмiчнай. Як занятак сярэдняга класу, яна была адасоблена ад палiтычнай адказнасцi ў дзяржаве, дзе лiдарства традыцыйна належала бюракратыi i арыстакратыi. Уплыў, якi мелi гiсторыкi, не iшоў далей парадаў князям i прамоваў у парламентах. Яны нiколi непасрэдна не ўплывалі на саму палiтыку.

Калi можна лiчыць iндывiдаў прадстаўнiкамi большых аб'яднанняў (напрыклад, нацыянальных i сацыяльных груп) цi папярэднiх пакаленняў, узятых у гiстарычнай змене, тады шляхам аналiзу некаторых рэпрэзентатыўных асобаў з ліку актыўных палітычных дзеячаў мы здолеем вылучыць розныя ўзроўні гістарычнай свядомасці. Цяпер паспрабуем зрабiць гэта, памятаючы, што дадзеныя нататкі не ёсць дасканалым цi сiстэматызаваным аглядам. Для аналiзу выбярэм усяго некалькiх палiтыкаў розных эпох i перакананняў. Адзiным крытэрыем адбору будзе ўмова, што палiтык аддаваў увагу сваiм адносiнам да гiсторыi i ў нейкай форме выказваў свае думкi па гэтай праблеме.

Ота фон Бiсмарк будзе ў нас прадстаўляць пазiцыю, што гiсторыя ўвасабляе лёс дзяржаваў i асобаў15. Гэты погляд вырастае з рэлiгiйных перакананняў, але таксама адлюстроўвае iдэi даўно ўсталяванага грамадскага класу, якi адчувае свае каранi ў кантынуiтэце доўгай традыцыi i бачыць пагрозу гэтаму кантынуiтэту толькi з боку звышнатуральнага ўмяшання, а не з боку iманентных зрухаў у гiсторыi. Элемент непрадбачанага ў гiсторыi не паралiзуе волю да дзеяння, а наадварот, узмацняе яе да такой ступенi, што яна гатовая выкарыстаць сiлу, каб падтрымлiваць традыцыйнае разуменне дзяржавы. Ніколі нельга быць упэўненым у поспеху такой спробы. Гiсторыя як увасабленне эвалюцыйнага працэсу ў свеце заўсёды мацнейшая за чалавека, мацнейшая нават тады, калi гэты чалавек — дзяржаўны дзеяч. Праз усё сваё жыццё, ад маладых гадоў да старасцi, Бiсмарк пранёс перакананне, што гiсторыю нельга рабiць. У палiтыцы, казаў ён, мы вучым, «што мы можам быць такiмi разумнымi, як найразумнейшыя людзi свету, i ўсё ж у любы момант, наблiжаючыся да наступнага, можам аказацца ў становішчы дзiцяцi, якое намацвае шлях у цемры»16. Канец гiсторыі адкрыты: яна рэальнасць палiтычнага жыцця як такога i без фiласофскага покрыву, рэальнасць, аднолькавая і ў мiнулым, і ў цяперашнім. Гэтая пазiцыя, нягледзячы на волю да дзеяння і на тое, што не кiдаецца ў бок ад рэвалюцыйных рашэнняў, застаецца надзвычай кансерватыў ным поглядам на гiсторыю i палiтыку.

Ленiн, заснавальнiк камунiстычнай Расіi i вучань Маркса, разглядаў тэорыю Маркса пераважна як iмператыў да рэвалюцыйнага дзеяння.

Паводле Ленiна, гiсторыя ёсць рэалiзацыяй непазбежна га працэсу, у якiм мiнулае, цяперашняе i будучае з'яўляюцца не чым iншым, як стадыямi развiцця, iснаванне якіх можна навукова даказаць. Ленiн думаў, што вера ў непазбежнасць такога развiцця можа паралiзаваць рэвалюцыйнае дзеянне. За гэты грэх ён асуджаў усiх эканамiстаў i рэвiзiянiстаў, i ў сваiх дзеяннях часта выходзiў за межы артадаксальнага гiстарычнага матэрыялiзму. Ленiну не ўдалося пазбегнуць сюрпрызаў i нечаканасцяў, але ён заўсёды быў здольны ўключыць iх у сваю тэорыю прадвызначанага развiцця сусветнага рэвалюцыйнага руху. Яго гiстарычная свядомасць была прадуктам радыкальнага звышспрошчанага погляду на гiсторыю як сусветна-гiстарычную барацьбу памiж рабамi i рабаўладальнiкамi. Гэтая перспектыва выхавала ў iм пачуццё знаходжання на водападзеле сусветнай гiсторыi, i ў 1921 г., у 4-ю гадавiну кастрычнiцкай рэвалюцыi, Ленiн выказаў гэтае адчуванне словамi, якiя ўражваюць сваёй саманадзейнасцю і дзёрзкасцю 17. Упершыню за стагоддзi i тысячагоддзi, заявiў Ленiн, надзея, што рабы ўсiх нацыяў могуць паўстаць са зброяй у руках супраць рабаўладальнiкаў усiх нацыяў, ператварылася з блытанай i бяссiльнай мары ў ясна вызначаную праграму. Гэтая праграма атрымала канкрэтную форму актыўнай барацьбы прыгнечаных мiльёнаў пад кiраўнiцтвам пралетарыя ту. Яна прывяла да першай перамогi пралетарыяту, да першай перамогi на шляху да знiшчальнай вайны, да першай перамогi саюза рабочых усiх нацый над саюзам буржуазii розных нацый. Паводле Ленiна, гiстарычная свядомасць — сiнонiм сусветнай рэвалюцыi. Парадокс аднак, у тым, што задача гэтай рэвалюцыi — вызваленне ад гiсторыi.

Гэтая прамова Ленiна дэманструе схему, на якой грунтуецца камунiстычная канцэпцыя гiсторыi. З часам яна, канешне, будзе дапаўняцца iншымi элементамi, асаблiва нацыянальнымi, але асноўны змест гэтай канцэпцыi застаецца нязменным. Вывучэнне гiсторыi нiколi не бывае проста тэарэтычным, а, наадварот, само па сабе ёсць практыкай, што адкрыта абвяшчае сваю прыхільнасць да ўсталявання прадвызначанай i таму прадказальнай мэты рэвалюцыi, як i яе прамежкавых пунктаў. У гэтым працэсе любое паглыбленне ў гiсторыю працуе на канчатковую мэту i адначасова служыць сродкам яе дасягнення. Не далей як у 1973 г. член савецкай Акадэмii навук сказаў, што гiсторыя не толькi пацвердзiла слушнасць сацыялiстычнага развiцця, але таксама як навука была самым аўтарытэтным прапагандыстам слушнасці абранага Савецкiм Саюзам i iншымі сацыялiстычнымі краiнамі шляху18.

Нацыянальнае вызваленне i гiсторыя як яго iнструмент былi лозунгамi руху нацыянальнага лiбералiзму i лiберальнай дэмакратыi ў ХIХ i пачатку ХХ ст. Гэты рух пачынаўся як рух нацыянальнага абуджэння, як рысарджымэнта; i, азiраючыся назад на нацыянальнае мiнулае i адкрываючы раннюю нацыянальную гiсторыю, ён спрабаваў знайсцi апраўданне будучынi нацыі. Нацыя пачынала аднаўляцца са свайго мiнулага. Цягам амаль паўтараста гадоў гэты рух спараджаў выдатных дзеячаў амаль у кожнай еўрапейскай краiне. За прыклад можна ўзяць Томаша Масарыка, першага прэзiдэнта Чэхаславацкай рэспублiкi, якi лiчыў нацыянальнае абуджэнне галоўным прынцыпам, агульным для ўсяго чалавецтва, прынцыпам, якi не супярэчыць гуманiтарнаму, касмапалiтычнаму i iнтэрнацыя нальнаму памкненням. «Гiсторыя паказвае, — казаў Масарык у кароткiм эсэ, напiсаным пад час I сусветнай вайны19, — што ў Еўропе развiваюцца нацыянальныя дзяржавы. Гiсторыя спрыяе не толькi вялiкiм, але таксама сярэднiм i малым нацыянальным дзяржавам. Гiсторыя спрыяе ўсiм асобам i iндывiдуалiзму як прынцыпу. Нацыi — натуральныя супольнасцi падобных мiж сабой iндывiдаў, а дзяржавы, як больш штучныя ўтварэннi, усё больш i больш павiнны адлюстроўваць нацыянальныя рэалii». Пачынаючы з Гэрдэра, перыядычна гучала тэза наконт супярэчнасці нацыянальнага прынцыпу гуманiтарным мэтам. Асаблiва вылучаецца тут iтальянец Джузэпэ Мадзiнi. Цяпер дзяржаўны дзеяч невялiкай нацыi сцвярджаў, што гiсторыя прадстаўляе шлях i нацыянальнай, i сусветнай дэмакратыi, i ў якасцi прыкладу на карысць сваёй тэорыi ён звяртаўся да гусiтаў са сваёй чэшскай гiсторыi як асаблiва дарэчных сведкаў.

Калi маладыя нацыi ў гiстарычнай памяцi чэрпалi сiлу для стварэння сваiх дзяржаў, то старыя нацыi, накшталт Францыi, нягледзячы на ўсе нягоды свайго мiнулага, у велiчы сваёй гiсторыi знаходзiлi пацвярджэнне сваёй трываласцi. Шарль дэ Голь бачыў вечную, непарушную Францыю i ператварыў гэтую iдэю ў галоўны прынцып сваiх рашэнняў у часы крызiсаў 1940-45 i 1958-62 г.

Гiсторыя Францыi, як бачыў яе генерал дэ Голь, ёсць увасабленнем у рэальнасцi французскай нацыi такой, якая яна ёсць цяпер, у iдэi Францыi, якая iснуе па-за часам. Дэ Голь адкрывае апошнi том сваiх мемуараў 20 словамi: «Францыя паўстае з пачаткам часу. Яна жыве. Вякi клiчуць яе». Французская нацыя ўзгадавала незлiчоныя пакаленнi. «Яна ўзгадавала некалькi пакаленняў цяпер i народзiць нашмат больш. ... Калi ёй наканавана выжыць, то гэты саюз людзей павiнен захавацца, на гэтай тэрыторыi i ў гэтым свеце, непарыўны кантынуум яе мiнулага, цяперашняга i будучага. Вось таму дзяржаве, адказнай за кiраванне французскай нацыяй, даверана яе мiнулае, клопат сённяшняга дня i яе надзеi на будучыню». Тон дэ Голя адрознiваецца ад тона прадстаўнiкоў нацыянальнага абуджэння. Тут нацыю не трэба ствараць. Гэта жывая рэальнасць, якая iснавала заўсёды. Спадзеючыся забяспечыць яе будучыню, дэ Голь звяртаецца да мiнулага мовай амаль містычнай. Гiстарычная свядомасць практычна падмяняе палiтычныя рэаліі.

Тое, што Масарык i дэ Голь па-рознаму выкарыстоўвалi гiсторыю дзеля падтрымкі нацыянальнага прынцыпу, падводзіць да пытанняў: цi такое звязванне гiсторыi i нацыяналь нага не ўцягвае i гiсторыю i палiтыку ў невырашальную супярэчнасць? Да якой ступенi гiстарычная свядомасць паспрыяла сучаснаму i да якой ступенi была перашкодай? Цi не даў нам саюз нацыяў, незалежна ад таго, на якой аснове ён сфармаваны, такую новую Еўропу, якая патрэбна, нават калi мы не мелi гiстарычных мадэляў яе фармавання? Разглядаючы гэтае пытанне, можна ўбачыць, што чым блiжэй мы падыходзiм да сённяшняга дня, тым больш складанай становiцца функцыя гiсторыi ў прыняццi палiтычных рашэнняў. Галоўнай прычынай ускладнення з'яўляецца тое, што мiжнародная палiтыка сёння праводзiцца ва ўмовах пагрозы атамнага знiшчэння, i яе нельга параўнаць з палiтыкай нiякага з папярэдніх перыядаў. Цi можа гiсторыя i яе веданне i надалей уяўляць сабой якую-небудзь каштоўнасць як дарадца, якi дапамог бы нам адолець прорву памiж сёння i ўчора?

У дадзеным кантэксце я б хацеў разгледзець дзейнасць актыўнага сучаснага палiтыка Гэнры Кiсiнджэра, бо ён уключыўся ў актыўнае палiтычнае жыццё, распрацаваўшы спачатку вычарпальны тэарэтычны падыход да палiтыкi i аб'яднаўшы на першы погляд несумяшчальнае: мiжнародныя адносiны ў мiнулым i ў атамную эру. Яшчэ i цяпер зарана ацэньваць практычнае прымяненне гэтай тэарэтычнай пазiцыi ў дзейнасцi Кiсiнджэра-палітыка. Тут нас цiкавiць iншае, у прыватнасцi асноўная праблема, узнятая Кiсiнджэрам — якое значэнне можа мець гiсторыя для палiтыкi ў ядзерную эпоху? У сваёй ранняй працы па перыяду Метэрнiха Кiсiнджэр пiша: «Нiякiя важныя высновы ў вывучэннi знешняй палiткi — вывучэнні дзяржаў, якiя дзейнiчаюць як адзiнкi — немагчымыя без усведамлення гiстарычнага кантэкста» 21. Тэза, выказаная ў Nuclear Weapons and Foreign Policy («Ядзерная зброя і знешняя палітыка» ), напiсанай некалькiмi гадамi пазней, здаецца, супярэчыць гэтаму погляду.

Разбуральны патэнцыял сучаснага ўзбраення, пiсаў Кiсiнджэр, ставiць дзяржаўных дзеячаў перад праблемай, характэрнай выключна для нашага часу: «Абсалютная бяспека больш немагчымая» 22.

Уяўная супярэчнасць памiж гэтымi дзвюма тэзамi знiкае, калi зразумець, што Кiсiнджэр гаворыць толькi пра дзяржавы, якiя з'яўляюцца суб'ектамі мiжнароднай палiтыкi. Пад дзяржавамi ён разумее дзяржавы мiнулага i сучаснага, у тым лiку сённяшнiя супердзяржавы, чыё паходжанне i iснаванне гiстарычна абумоўлена. Сузор'е, у якiм яны знаходзяцца, нагадвае сузор'е еўрапейскiх дзяржаў з часоў французскай рэвалюцыi, у якiм кансерватыўныя дзяржавы супрацьстаяць рэвалюцыйным. Паводле Кiсiнджэра, гэтае супрацьстаянне iснавала з часоў Напалеона. Задача палітыка — ўмацоўваць раўнавагу памiж супрацьлеглымi сiламi. Калi дзяржавы будуць і далей захоўваць свой характар як гiстарычна сфармаваныя адзiнкi, то нават у свеце, дзе дамiнуе рацыяналiзм тэхнакратыi, у мінулым яны могуць знайсцi сабе рэкаменда цыі, але не могуць скапiяваць iх. «Гiсторыя вучыць аналогii, а не тоеснасцi» 23. Кропкi параўнання застаюцца, але яны набываюць велiзарныя памеры. Кiсiнджэр мяркуе, што рознiцу памiж татальнай i абмежаванай вайной, вызначаную Клаўзэвiцам, можна прымянiць i да атамнай вайны24. Масiраваны атамны адказ не з'яўляецца рэальнай пагрозай, таму што разам са знішчэннем ворага ён азначаў бы самазнiшчэнне. У вынiку Кiсiнджэр распрацоўвае канцэпцыю абмежаванай атамнай вайны, канцэпцыю, якая, вiдавочна, шмат чым абавязана гiстарычным прыкладам, за адзiным выняткам: Кiсiнджэр аперуе паняццямi ядзернай стратэгii. Галоўнае ў Кісінджэраўскім злучэнні гістарычнай і тэхналагічнай стратэгіі — выжыванне чалавецтва. Ён цалкам усведамляе гэта і несправядліва абвінавачваць яго ў „этычнай слабасці", меркаванне, якое Вайцзэкер перадаў іншым прыхільнікам „халоднакроўнай сучаснай стратэгіі" 25. У кожным разе, трэба памятаць, што Кісінджэр лічыў выжыванне чалавецтва і прадухіленне сусветнага атамнага спусташэння магчымым толькі „пры ўмове выкарыстан ня гістарычных сродкаў", варыяцыя на тэму шырока вядомага выказвання Клаўзэвіца пра вайну.

Ва ўсіх пяці разгледжаных прыкладах агульнае тое, што кожная з прадстаўленых гэтымі асобамі палітычных пазіцый у вызначэнні сваёй палітыкі і фармулёўцы аргументацыі звяртаецца да гісторыі, хоць функцыі, адведзеныя ёй, ва ўсіх моцна адрозніваюцца. Будучыню можна бачыць у кантэксце фіксаванай рэвалюцыйнай мэты; яна можа быць адкрытым полем, у якім можа прымацца любая колькасць рашэнняў; ці яна можа быць аб'ектам законаў тэхналагічнай рацыянальнасці. Але ў кожным разе, будучыню нельга аддзяліць ад мінулага, якое стварыла яе. Актыўна аспрэчваецца палажэнне, што сінтэз паміж гістарычным мінулым і тэхналагічным будучым немагчымы. Яшчэ ў 1961 г. Гельмут Шэльскі прапанаваў мадэль тэхналагічнай дзяржавы 26, у якой больш не будзе ні ўрада як такога, ні выяўлення дэмакратычнай волі. Палітычныя рашэнні будуць не больш чым выбарам паміж палітычнымі дакументамі, а зместам палітычнай дзейнасці ў асноўным будуць канфлікты паміж экспертамі. У такім поглядзе цікавасць да гісторыі ёсць не чым іншым, як „метафізічным імкненнем да мінулага" (слова „настальгія" тады яшчэ не было модным). „Гістарычная рэальнасць больш не кіруецца гістарычнымі ідэямі, але законамі, уласцівымі рэканструкцыі свету сродкамі тэхналогіі, узятымі з прыродазнаўчых і грамадскіх навук". У той час як Шэльскі абвяшчае свой погляд аб'ектыўным, іншыя лічылі яго выяўленнем бязмежнай надзеі на будучыню. Але ці магчыма яшчэ адчуваць такую бязмежную надзею сёння? У мінулым быў толькі страх сусветнай атамнай катастрофы, які падказваў надзею ў тэхналагічным прагрэсе. Сёння гэты страх ужо канцэнтруецца не толькі на праблеме ядзернага ўзбраення, але і на іншых працэсах, звязаных з тэхналагічным прагрэсам і індустрыяльным ростам. Сярод гэтых праблем наступныя: пагроза голаду шмат у якіх частках свету, асабліва ў краінах з хуткім ростам насельніцтва і мінімальнай эканамічнай базай; энергетычны крызіс; разбурэнне навакольнага асяроддзя — умовы для падтрымання чалавечага жыцця і яго якасці.

Гэтыя праблемы другарадныя ў параўнанні з галоўнай, якая абмяркоўваецца тут. Яна існуе незалежна ад таго, маюць спадарожныя праблемы нейкае дачыненне да аднаўлення гістарычнай свядомасці ці не. Тэхналагічны прагрэс вядзе да „новага самаадчужэння чалавека", карыстаючыся словамі Шэльскага. Існуе пагроза яго выхаду за рамкі, устаноўленыя патрэбамі чалавечага жыцця і воляй чалавецтва да выжывання. Гэта значыць, што будучыня зноў становіцца сферай, у якой людзі як такія мусяць прымаць рашэнні, а не сферай, якую можна пакінуць ейным недахопам ды аўтаматызму тэхналагічнай цывілізацыі. Гэта значыць таксама, што ў нас ёсць магчымасць перадолець прорвы паміж мінулым, цяперашнім і будучым і аднавіць кантынуум, які, падобна, быў разарваны наданнем волі чыста тэхналагічным меркаванням. Магчыма такое змяненне ў свядомасці магло б аднавіць усведамленне чалавечай гісторыі як велізарнага рэзервуара, поўнага мадэляў жыцця, у якіх людзі працавалі і існавалі тысячагоддзі. Я не прапаную палёт ва ўтопію ідэалізаванага мінулага. Я заклікаю да аднаўлення кантынууму ў чалавечай гісторыі. Калі б гэты кантынуум быў часткай нашай свядомасці, то дзеючыя палітыкі маглі б абаперціся ў прыняцці рашэнняў на планаванне і памяць.

III.

Калі паглядзець на згаданыя вышэй палітычныя персаналіі і месца, адведзенае рознымі інтэрпрэтацыямі гістарычнай свядомасці ў канцэпцыях палітыкі, мы ўбачым відавочны і неаспрэчны кансэнсус сярод іх у поглядах на адносіны паміж палітыкай і гістарычнай свядомасцю. У Нямеччыне існуе шэраг фактараў, якія ставяць гэты кансэнсус пад сумненне: разрывы кантынуітэту ў гісторыі і традыцыі; некарэктнае выкарыстанне гісторыі, асабліва ў нацысцкай Нямеччыне, у якіх заўгодна мэтах; потым, пазней, радыкальны паварот да тэхналагічнай будучыні. У час, калі навуковыя дысцыпліны ацэньваліся і цяпер яшчэ ацэньваюцца на падставе магчымасці іх прымянення да грамадскіх і іншых патрэб (і ацэнкі такога кшталту, канешне, несправядлівыя ў дачыненні да імпульсу вольнага даследавання), „гістарызм" лёгка спісаць з рахунку як бясплённае сузіранне гістарычных з'яў і як занятак для задавальнення ўласнай цікавасці ў іх вывучэнні. Ральф Дарэндорф 27 моцна сфармуляваў гэты погляд, сказаўшы, што вывучэнне гісторыі аказалася, у значным сэнсе, бясплённым. Яно не кажа, заяўляе Дарэндорф, што нам трэба рабіць, каб пазбегнуць памылак мінулага ці пераканацца ў тым, што рашэнні ў будучым будуць слушнымі. Конрад Адэнаўэр патрабаваў ад гісторыі нашмат больш. У першым томе сваіх мемуараў 28 ён дзівіцца гісторыку, які адмовіўся быць прарокам, здольным прадбачыць будучыя падзеі. Адэнаўэр адчуваў, што гістoрык, асабліва спецыяліст па сучаснай гісторыі, павінен прынамсі спрабаваць, абапіраючыся на аналогіі з нядаўняга мінулага і нават з сучаснага, вызначыць, у якім накірунку могуць развівацца падзеі. У сваіх працах і выкладанні гісторык мусіць звяртаць увагу на тое, што верагодна адбудзецца і нават папярэджваць сваіх слухачоў пра тое, што набліжаецца.

За гэтымі процілеглымі меркаваннямі стаіць шэраг непаразуменняў адносна ролі, якую гістарычная свядомасць можа і не можа выконваць у палітыцы. У аснову чакання, што гісторык можа прадказваць будучыя падзеі, можа быць пакладзена адна з дзвюх пасылак: курс гісторыі цалкам прадвызнача ны гістарычным telos або гісторыя паўтараецца. Гэтае апошняе дапушчэнне часта дапаўняецца поглядам, што прырода чалавека застаецца нязменнай і ўяўляе сапраўдную рухальную сілу ў гісторыі. Кожная з тэзаў мела паслядоўнікаў у мінулым, але ніводная з іх, за магчымым выключэннем апошняй, не можа быць даказана эмпірычна, а значыць усе яны, такім чынам, застаюцца гіпатэтычнымі па сваім характары. Тэндэнцыя бачыць курс гісторыі як цалкам прадвызначаны пачала з'яўляцца сярод пазітывістаў ХIХ ст. Марксізм пераняў гэтую тэндэнцыю. Паралель з асноўнымі палажэннямі прыродазнаў чых навук відавочная. Калі мы лічым гісторыю цалкам дэтэрмінаванай, то пазбаўляем яе персаналістычных элементаў. Індывіды — усяго інструменты гістарычнага працэсу, а сам працэс паўстае адно з комплексу структураў, г.зн., са звышасабовых абставінаў і ўмоваў. Тое, што мы называем выпадкам, больш не выконвае ніякай ролі ў гісторыі. У слова „выпадак" я ўкладваю значэнне, прапанаванае адным вучоным29 . У святле тэорыі верагоднасці выпадак азначае блізкую да нуля верагоднасць таго, што адна падзея, як супрацьлегласць любой колькасці іншых, будзе мець месца. Цяпер, калі прыродазнаўства займаецца магчымасцямі ўзаемадзеяння закона выпадку (а біялогія аперуе менавіта гэтымі паняццямі на вышэйшых узроўнях даследавання, напрыклад, у дачыненні да пачатку жыцця), становіцца ясней, чым калі раней, што ў гісторыі, зразуметай як прадукт чалавечай дзейнасці, выпадак, ці, як яго назваў у адной са сваіх апошніх публікацый Карл Якаб Буркхардт 30, нечаканае, можа лёгка адыграць надзвычай важную ролю. Гэтай верагоднасцю, але не ёй адной, тлумачыцца факт, што галоўны пласт гісторыі, г.зн. самі падзеі, гэтак цяжка катэгарызаваць. Падзеі спантанныя і хаатычныя. Аднойчы пачаўшыся, яны могуць быць спыненыя, яны не адпавядаюць перыядычным прылівам і адлівам. „Выпадак" і „супадзенне", г.зн., разрывы ў ланцугу прычыны і выніку, здаецца, могуць мяняць іх хаду. Гэта не тычыцца працяглых падзеяў — de la longue duree, паводле французскай гістарыяграфіі. Што да такіх павольных у параўнанні з чалавечым жыццём зменаў, сітуацыя іншая — у адносінах, у падставовых формах грамадскага жыцця і ў эканамічных цыклах31. У гэтай сферы гісторыя можа прапанаваць рэкамендацыі, скіраваныя ў будучыню. Яшчэ ў першай палове ХIХ ст. Алексіс дэ Токвіль прадказаў уздым эгалітарнай дэмакратыі; а ў наш час Карл Яспэрс адзначыў сінхранізацыю асноўных паваротных пунктаў у высокай культуры, што вядзе да ўніфікацыі гісторыі чалавецтва. Той хто дзейнічае, зыходзячы з гістарычнай свядомасці, вымушаны думаць у вялікіх маштабах гэтых эпахальных тэндэнцыяў. Больш за тое, у фармаванні палітычных матэрыяў, у кантэксце якіх прымаюцца рашэнні, даводзіцца памятаць пра іх гістарычную якасць. Гістарычны элемент часта адзіны эмпірычны матэрыял, з якім працуе палітык. Мы не можам залежаць ад яго ў вызначэнні мэтаў, але ён можа дапамагчы вызначыць кірунак і метады дзеянняў. Прававая сістэма краіны можа быць эфектыўнай толькі тады, калі яна сыходзіць з грамадскага ладу, які атрымаўся ў выніку гістарычнай эвалюцыі. Гэта неабходна рабіць нават — і асабліва — тады, калі гэты лад падлягае змяненню. Адрозненні, што існуюць у асноўных праблемах сацыяльнай арганізацыі, напрыклад розныя пазіцыі не-белых мяншыняў у Лацінскай і Паўночнай Амерыцы, можна зразумець толькі гістарычна. Аналізу сучаснай сітуацыі недастаткова для забеспячэння эфектыўнай палітыкі.

Дзейнічаць, зыходзячы з гістарычнай свядомасці, — азначае таксама бачыць сваё мінулае такім, якое яно ёсць, не ідэалізуючы і не асуджаючы, але ўлічваючы яго ва ўсёй славе і ганьбе, як тое, што папярэднічала нашаму ўласнаму існаванню. Там, дзе гістарычная эвалюцыя перанесла вялікі разрыў, кантынуітэт, звычайна, можна аднавіць, калі будзе рашучы паварот ад эпізоду ў мінулым, які выклікаў разрыў. Калі ў Нямеччыне дваццаць пяць гадоў таму зноў прыкладаліся намаганні па стварэнні дэмакратычнай дзяржавы, мы былі абавязаны ўлічваць наступствы паразы нямецкай гісторыі пад час нацысцкага перыяду, не толькі наступствы ганарыстасці і той катастрофы, да якой яна прывяла, але таксама недахопы і інстытуцыйную слабасць, што вырашыла лёс нашай першай спробы дэмакратызацыі. Для таго, каб спаткаць традыцыю свабоды, нам давялося больш заглыбіцца ў гістарычныя пласты. У прамове ў Бундэстагу 12 верасня 1949 г.32, у дзень абрання прэзідэнтам Федэратыўнай рэспублікі Нямеччыны, Тэадор Гойс звярнуўся да таго моманту, разважаючы на тэму забыцця і памяці словамі, што паказваюць, як пачуццё гістарычнай свядомасці мацавала яго палітычную і маральную адказнасць. „Лёс быў ласкавы да нас як да індывідаў, падараваўшы здольнасць забываць. Як бы мог жыць кожны з нас, калі б увесь спазнаны боль, расчараванне і шкадаванне заўсёды жылі ў нас ва ўсёй сіле? І лёс быў ласкавы да нацыяў таксама, калі дараваў ім тую ж здольнасць забываць. Але баюся, што некаторыя немцы вельмі хочуць злоўжыць гэтай ласкай і забыць занадта хутка. Нам давядзецца сутыкацца з сіламі, якія прывялі нас у тое становішча, у якім знаходзімся. Я не кажу гэта з нянавісці ці помсты. Я спадзяюся, што мы ўсё ж здолеем адрадзіць з разгубленасці нашых душ адзінства людзей".

Я б хацеў скончыць іншай думкай, якая мае дачыненне да задачаў, паўстаўшых перад намі сёння. Тымі, каго хвалюе страта гістарычнай свядомасці, хто адчувае, што гэтая занепакоенасць вынікае не проста з захаплення антыкварыятам. Наша трывога — за будучыню. Калі гістарычная свядомасць адмаўляецца і не ўлічваецца ў нашым інтэлектуальным планаванні, яна не проста памрэ. Яна расквітнее ненармальным спосабам і створыць свой асаблівы свет, у якім будуць квітнець легенды, і гістарычная праўда будзе разбурана фальшывымі карцінамі мінулага. Мы ў палітычна адказных пазіцыях не можам дазволіць гісторыі змарнець і памерці такім чынам, але нададзім ёй статус, якога яна заслугоўвае як сучасная навуковая дысцыпліна з крытычнай сілай і як фактар у палітычнай адукацыі. Існуе такая рэч, як палітычная дзейнасць на падмурку гістарычнай свядомасці, але існуе таксама, адчуваю, такая рэч, як палітычная дзейнасць для гістарычнай свядомасці. Выкананне гэтай задачы ляжыць на ўсіх, хто мае пачуццё адказнасці за ўмацаванне гонару і годнасці існавання чалавецтва ў будучым.

З ангельскай пераклала Ірэна Ганецкая

1 Gehlen A. Urmensch und Spдtkultur (Bonn, 1956), 258. Заўвага Токвіля ў De la Dйmocratie en Amйrique, Part 4, Chap. 8 — „Le passй n'йclairant plus l'avenir, l'espirit marshe dans les tйnиbres" — адлюстроўвае ўсведамленне страты сувязі паміж мінулым і будучым. Р.Казелек цытуе гэтую заўвагу ў сваёй „Historia Magistra Vitae" у Natur und Geschichte: Karl Lцwith zum 70. Geburtstag (Stuttgart, 1976), 201 i 214.

2 Hofmannstal H. Ansprache gehalten am Abend des 10. Mai 1902 im Hause des Grafen Karl Lanckoroсski // Gesammelte Werke, Prosa, vol. II (1959), 27.

3 Plumb J.H. Die Zukunft der Geschichte (Mьnchen, 1971), моцна выяўляе гэта. Плюмб, які бачыць розніцу паміж мінулым і гісторыяй як вырашальны фактар сучаснай свядомасці, піша (104 і наступная): „Гісторыкі слушна спяшаюцца разбурыць тое мінулае, да якога грамадства так часта звярталася ў пошуках самасцвярджэння ці апраўдання, ці і таго і другога. Гэта крытычная, дэструкцыйная роля ўсё яшчэ важная; ілюзіі наконт мінулага яшчэ існуюць у вялікай колькасці, нават сярод прафесіяналаў. Але змены ў самім грамадстве вызвалілі гісторыка, як і астатніх членаў грамадства, ад апантанасці мінулым".

4 Поўную цытату можна знайсці ў Cicero, De oratore libri tres, ed. A.S.Williams (Oxford, 1892), II, 36, p.245: „Historia vero testis temporum, lux vertatis, vita memoriae, magistra vitae, nuntia vetustatis, qua voce alia nisi oratoris immoralitati comendatur?" Р. Казелек цытуе гэты ўрывак ў сваім артыкуле „Historia Magistra Vitae", 198.

5 Hegel G.W.F. Vorlesungen ьber die Philosophie der Weltgeschichte, vol.I: Einleitung: Die Vernuntf in der Geschichte, ed. G.Lasson; 5th ed., ed. Hoffmeister (Hamburg, 1955). Глядзі „Besondere Einleitung: die verschiedenen Arten der Geschichtsbetrachtung". Важнае тлумачэнне, якое ідзе за цытаваным вышэй сказам: „Кожная нацыя існуе ў такіх індывідуальных умовах, што яна павінна і будзе прымаць рашэнні на аснове свайго быцця, і толькі нехта з вялікім і моцным характарам вырашыць слушна. Нацыі жывуць у такіх індывідуаль ных абставінах, што ранейшыя абставіны не адпавядаюць поўнасцю пазнейшым, таму што ўмовы цалкам змяніліся".

6 Lorenz К. Die Rьckseite des Spiegels: Versuch einer Naturgeschichte menschlichen (Munich, 1973), 315.

7 Эрнст Трольч у параграфе, названым „Этыка і філасофія гісторыі" (Ethik und Geschichtsphilosophie") у Der Historismus und seine Ьberwindung (Berlin, 1924; reprint, 1966), 3. Падрабязней па гэтай праблеме глядзі Troeltsch E. Der Historismus und seine probleme, Т.I (Tьbingen, 1922).

8 Пра апошнія даследаванні Поля Валеры глядзі H.Angermeier, Geschichte oder Gegenwart: Reflexionen ьber das Verhдltnis von Zeit und Geist (Mьnchen, 1974), 105 і наступныя. Ангермаер быў першым, хто сур'ёзна звярнуў увагу на ролю Валеры як „магчыма самага вялікага ворага гісторыі ў сучаснасці".

9 Lцwith K. Mensch und Geschichte, y Gessamelte Abhandlungen (Stutthart, 1960), 152 i наступныя. Цытаты ў гэтым тэксце ўзятыя са с. 160-161. Гэтае эсэ, народжанае спрэчкамі паміж Лёвітам і Хайдэгерам, прадстаўляе самы важны даробак у нарматыўны і антрапалагічны погляд на гісторыю. З гэтага пункту гледжання толькі тое „існаванне, што ўжо не мае пэўнага месца ў татальнасці таго, што адбываецца дзякуючы прыродзе і таму засноўваецца цалкам на самім сабе і на сваім вымярэнні ў часе" можа называцца „гістарыч ным існаваннем (гістарычнай экзістэнцыяй)".

10 Teheran, Yalta, Potsdam: Die sowjetischen Protokolle von den Kriegskonferenzen der „Grossen Drei", ed. A.Fisher (Cologne, 1968), 84.

11 Перадрукавана ў British Documents on the Origins of the War 1889 to 1914, vol.III: The Testing of the Entente 1904-1906 (1928), 397 і наступныя.

12 Нота ад 10 студзеня 1919 г. да паўнамоцных прадстаўнікоў саюзных і асацыяваных дзяржаваў перадрукавана ў Documents relatives aux nйgotiations concernant les garanties de sйcuritй contre une aggression de l'Allemagne (1924). Самы важны ўрывак гаворыць: „L'Allemagne de 1914 йtait le rйsultat d'un travail soutenu de 150 ans, commencй par Frйdйric II, mйthodiquement continuй par ses successeurs et qui avait abouti а prussianiser l'Allemagne".

13 Moltke H. Gesammelte Schriften und Denkwьrdigkeiten, vol.II: Vermischte Schriften (Berlin, 1892), 171 і наступныя .

14 Burckhardt J. Weltgeschichtische Betrachtungen, Einleitung 2, у: Werke, IV. Darmstadt, 1956.

15 Пра дзве ранейшыя працы па поглядах Бісмарка на гісторыю глядзі H.Wolff, Geschichtsauffassung und Politik in Bismarcks Bewusstsein, Mьnchen, 1926, i V.Gitermann, Die geschichtphilosophischen Anschauungen Bismarcks // Archiv fьr Socialwissenschaft und Sozialpolitik, 51 (1924).

16 Ліст ад 20 ліпеня 1864 г., Gessamelte Werke, Freidrichsruh edn., vol.XIV, Part II, 672.

17 Lenin V. Werke, XXXIII (Нямецкі пераклад па чацвёртым расійскім выданні, 1963, 29-37), с.889 і наступныя.

18 Куропятник Г.К., Безруков А.В. Против реакционной идеологии // Вестник Академии наук СССР, 1973, 11, 102-104. Я ўдзячны Гюнтэру Шцёклю за тое, што ён звярнуў маю ўвагу на гэтае выказванне.

19 Masaryk T.G. Das Problem der kleinen Vцlker in der europдischen Krisis, перакл. J.Reichmann (Prague, 1922), 25.

20 de Gaulle Ch. Memoiren der Hoffnung: Die Wiedergeburt 1958-1962 (Vienna, 1971), 9. А.Нічке разглядае тую ж праблему ў сваім эсэ „Leistungen der Geschichtswissenschaft" у: Geschichte heute: Positionen — Tendenzen — Probleme, ed. G.Schulz (Gцttingen, 1973), 58-59.

21 Kissinger H. A World Restored: Metternich, Castlereagh and the Problems of Peace 1812-1822 (London, 1957), 331.

22 Kissinger H. Kernwaffen und auswдrtige Politik (Mьnchen, 1959; 2nd ed., 1974), 115. Першым аўтарам, які даследаваў кранутую тут мной праблему, быў Стэфан Граўбард: Stephen Graubard, Kissinger, Portrait of a Mind (New York, 1973); параўнай таксама: M.Kalb and B.Kalb, Kissinger (1974).

23 Kissinger, A World Restored, 331.

24 У Kernwaffen und auswдrtige Politik, 291, Кісінджэр называе Клаўзэвіца „першым сапраўды сучасным вайсковым тэарэтыкам" і вывучае яго ўплыў на Леніна і асабліва Мао (290 і наступныя).

25 Weizsдcker C.F. Der ungesicherte Friede (Gцttingen, 1969), 111. Вайцзэкер відавочна тут не меў на ўвазе Кісінджэра. Палітыка Кісінджэра нашмат больш адпавядае паняццю Вайцзэкера „узгодненая біпалярнасць". На гэты конт параўнай таксама: C.F.von Weizsacker, Gedanken ьber unsere Zunkuft (Gцttingen, 2nd ed., 1968).

26 Schelsky H. Der Mensch in der wissenschaftlichen Zivilisation, Arbeitsgemeinschaft fьr Forschung des Landes Nordrhein-Westfalen, Geisteswissenschaften, Heft 69 (Cologne and Opladen, 1961).

27 Dahrendorf R. Gesellschsft und Demokratie in Deutschland (Mьnchen, 1965), 33.

28 Adenauer K. Erinnerungen 1945-1953 (Stuttgart, 1965), 13.

29 Eigen H., Winkler R. Ludus vitalis, у: Mannheimer Forum: Ein Panorama der Naturwissenschaften (1973-74), 96.

30 Burckhardt K. J. Entdeckung des Unerwarteten, у: Geschichte zwischen Gestern und Morgen (Mьnchen, 1974).

31 Менавіта гэтае адрозненне прыводзіць добра вядомае выказванне з працы Якаба Буркхардта Weltgeschichtliche Betrachtungen да высновы, што гісторыя робіць нас не столькі разумнымі (на наступны раз), колькі мудрымі (назаўсёды).

32 Heuss T. Die grossen Reden: Der Staatsmann (Tьbingen, 1965), 92-92.

Schneider, Theodor. Politisches Handeln aus Historischem Bewusstsein // Historische Zeitschrift. 220 (1975), 4-35. Гэтае эсэ ўпершыню прачытана як лекцыя на публічным сходзе Orden Pour le Mйrite fьr Wissenschaften und Kьnste 29 мая 1974 г. у Боне і было надрукава на ў яго Reden und Gedenkworte, vol. XII (Heidelberg: Lambert Schneider, 1976), 65-91. Для публікацыі ў History and Theory (Vol.XVII, Nr.4, Beiheft 17, 1-18), адкуль тэкст узяты для нашага перакладу, эсэ было пашырана і забяспечана спасылкамі.