Штэфан Родэвальд, малады швайцарскі гісторык, асістэнт прафесара К.Гёрке, у 1997 г. паспяхова абараніў у Цюрыхскім універсітэце навуковую працу (ліцэнзіят) па тэме “Аб Полацкай Венецыі, або пра полацкую вольнасць”. Вясною 1998 г. ён прыехаў у Беларусь, каб працаваць у архівах і бібліятэках. Пасля двухмесячнага побыту ў Менску Штэфан Родэвальд адказаў на пытанні Беларускага Гістарычнага Агляду.
БГА: Як і чаму Вы абралі аб’ектам сваіх даследаванняў менавіта Полацк?
Ш.Р.: Калі ў 1995 г., беручы ўдзел у семінары прафесара Цюрыхскага універсітэта Карстэна Гёрке пра еўрапейскія сярэднявечныя гарадскія рэспублікі, я напісаў працу пра тры гарады Вялікага Княства Літоўскага, стала бачна, што яны ў еўрапейскім параўнанні былі пераходнымі з’явамі паміж Заходняй і Усходняй Еўропай.
Каб болей даведацца пра такі пераходны тып места, спатрэбіўся горад, які, па–першае, узнік у праваслаўна–візантыйскай Еўропе і потым доўгі час бесперарыўна быў у складзе дзяржавы, што знаходзілася пад значным уплывам каталіцкага Захаду. Апрача Дуброўніка–Рагузы, такімі дзяржавамі маглі быць, у прынцыпе, толькі заходняя частка Старажытнай Русі і Вялікае Княства Літоўскае. З гарадоў гэтага рэгіёну, напрыклад, Смаленск занадта часта быў па–за межамі ВКЛ, каб стаць аб’ектам працы.
Па–другое, патрабавалася, каб гэта быў значны горад як у Старажытнай Русі, так і ў складзе Літвы. Кіеў пасля мангольскага нашэсця быў доўгі час толькі крэпасцю на краі стэпу, таму я не цікавіўся гэтым горадам. З другога боку, напрыклад, Львоў і Магілёў, а да некаторай ступені і Менск выключаліся, бо толькі пасля распаду Русі яны сталі гарадамі ў сацыяльна–эканамічным сэнсе.
Па–трэцяе, зразумела, што для даследавання гісторыі ідэальнага пераходнага горада патрабаваліся крыніцы і старога, і новага часу. Напрыклад, для гісторыі Віцебска няма крыніц, якія б усебакова сведчылі пра веча, хоць ёсць цікавыя матэрыялы з першай паловы XVI ст.
Цяжка было б знайсці горад, які лепей пасаваў бы для майго даследавання, чым Полацк.
БГА: Ці ёсць істотныя адрозненні грамадскага і палітычнага ладу Полацка параўнальна з іншымі цэнтрамі Русі?
Ш.Р.: Калі гаварыць пра Старажытную Русь, то Полацк быў амаль тыповым усходнеславянскім горадам. З першай паловы ХII ст. такому гораду было неабходнае веча — і ў Полацку яно дзейнічала, так бы мовіць, у кампраміснай меры, бо было слабейшым, чым у Ноўгарадзе або ў Пскове, але мацнейшым, чым на паўночным усходзе Русі. Таму Полацк сапраўды добры аб’ект для майго даследавання.
Перамены пасля распаду Кіеўскай Русі былі выкліканыя там не татарамі, а збліжэннем Вялікага Княства Літоўскага з Захадам. Толькі гэтымі структурнымі зменамі Полацк з канца XIV ст. пачаў значна адрознівацца ад тыповага праваслаўна–усходнеславянскага горада таго часу, хоць па меншай меры да 1579 г. з–за старой спадчыны ён розніўся і ад тыповага польскага горада.
БГА: Ці знайшлі Вы важныя крыніцы ў Менску? Ці спраўдзіліся Вашыя спадзяванні на гэты прыезд?
Ш.Р.: Так, я вельмі задаволены тым, што змог сабраць у Менску. Яшчэ ў Цюрыху я пазнаёміўся з даведнікам па былым ЦДГА у Менску, сённяшнім Нацыянальным Гістарычным Архіве Рэспублікі Беларусь, і да некаторай ступені ведаў, што тут можна знайсці. Апрача найдаўнейшай магістрацкай кнігі Полацка, якая, здаецца, застаецца (пакуль?) у Горадні, усе — якія захаваліся — кнігі гарадской рады да канца XVIII ст. знаходзяцца тут. У крыніцамі па першай палове ХIХ ст. больш складана. Паколькі кнігаў гарадской думы і магістрата няма, а, можа, і не было, то пра становішча ў горадзе можна даведацца толькі апасродкавана — на аснове заяваў гарадскіх установаў у губернскае ўпраўленне Віцебска. Важны фонд гэтага ўпраўлення з–за вялікага аб’ёму пакуль не мае прадметнага ці геаграфічнага рэгістра, таму толькі гартаючы шматлікія тамы вопісаў можна спадзявацца знайсці адказы на свае пытанні.
БГА: На Вашым прыкладзе — з якімі практычнымі цяжкасцямі сутыкаецца заходні гісторык, які прыехаў для даследчай працы ў Беларусь?
Ш.Р.: Ужо ў дзень майго прыезду менскія сябры дапамаглі атрымаць уваход у бібліятэку Акадэміі Навук, у Нацыянальную бібліятэку і ў Нацыянальны Гістарычны Архіў. Калі пазней узнікалі пытанні, дзяжурныя ў бібліятэках і ў архіве заўсёды былі гатовыя дапамагчы, за што ўсім вялікі дзякуй. І дазвол чытаць дысертацыі я атрымаў без праблемаў. Поспех працы ў архіве залежаў у некаторых выпадках ад таго, ці можна было расшыфраваць цяжкачытэльны рукапіс з мікрафільма або з арыгінала. Мне было патрэбна шмат даволі старых кніг, якія не ўсе ў БАН, і было б лягчэй — асабліва для супрацоўнікаў бібліятэкі, — каб і ў Нацыянальнай бібліятэцы чытач мог карыстацца каталогам старых выданняў. Было б прасцей шукаць, каб чытача папярэдне знаёмілі з правіламі карыстання каталогам старадрукаў (так робіцца ў Дзяржаўнай бібліятэцы ў Мюнхене). Хоць бібліяграфію па сваёй тэме я змог зрабіць ужо ў Швайцарыі, некаторыя цікавыя і невядомыя мне артыкулы знайшоў тут дзякуючы вялікаму сістэматычнаму каталогу ў аддзеле беларускай літаратуры Нацыянальнай бібліятэкі.
БГА: Вашыя ўражанні ад нашай сталіцы і ад Полацка?
Ш.Р.: Хоць я прыехаў, у першую чаргу, каб збіраць матэрыялы для маёй працы, але, вядома ж, цікавіўся сённяшнім Менскам і менчукамі. Людзі, з якімі я пазнаёміўся, цікавыя і уважлівыя, але, на жаль, я быў часта проста вельмі стомлены і заняты, каб заставацца актыўным і ўвечары. Асабліва ўдзячны, што з адным знаёмым змаглі з’ездзіць у Полацк. Там мы наведалі цікавыя мясцовыя музеі і былі радыя, што вадзіла нас па горадзе вельмі кампетэнтная сп. Тамара Джумантаева. Я ведаў, што старога Полацка засталося мала, і таму цешыўся тым, што захавалася насуперак ХХ ст. Хоць многія будынкі новыя, усё ж — можа быць — у іх адлюстроўваецца стыль ранейшых. Вядома, асабліва цікавая Спаская царква, не кажучы пра Сафійскі сабор. У Менску мяне здзівіла, што і на правым беразе Свіслачы захаваліся цэлыя вуліцы па меншай меры другой паловы ХIХ ст. Але большасць будынкаў, а таксама паркі нагадваюць пра тое, што стары горад і асабліва вялікая колькасць старых менскіх сем’яў — у асноўным яўрэйскіх — не выжылі. Крыху заблытала мяне з–за гэтага святкаванне Дня перамогі — майму настрою лепш падышоў бы ў той сітуацыі дзень жалобны. У такі дзень, вядома ж, да месца прыгадваць канец вайны — але не выключна.
БГА: Вашая думка пра беларускую гістарыяграфію? Што б Вы маглі пажадаць беларускім гісторыкам?
Ш.Р.: З канца другой сусветнай вайны — бо з пункту погляду швайцарца то была не толькі Вялікая айчынная вайна савецкага народа — беларускія гісторыкі, безумоўна, правялі шмат важных даследаванняў. Прынамсі, у дачыненні да гарадской гісторыі магу нешта коратка сказаць. Розныя дысертацыі ахопліваюць цэлыя стагоддзі гісторыі гарадоў Беларусі і ў іх апублікаваныя каштоўныя матэрыялы па многіх гарадах. Але часам з–за гэтага здаецца, што аргументацыя аўтара і яго стаўленне да тэзаў іншых гісторыкаў пра гэтыя гарады выконваюць ролю толькі на заднім плане. І ў іншых дысертацыях, што ахопліваюць надта шырокае кола пакуль маладаследаваных пытанняў, хоць і сабрана шмат матэрыялаў, многія адказы могуць служыць толькі тэзамі, якія трэба даследаваць далей у спецыяльных працах. Так, даволі многае, што напісана пра Полацк як пра беларускі горад наогул, трэба б ці дапаўняць, ці нават абвяргаць. Калі б даследаванне па ўсіх беларускіх гарадах аднаго перыяду пісалася толькі пасля даследаванняў усіх гэтых ці, прынамсі, большасці гэтых гарадоў у спецыяльных працах — гэта, мне здаецца, было б лепш. Але, напэўна, паколькі дысертацыі пішуцца даволі рэдка, гэта азначала б, што давялося б доўга чакаць, пакуль з’явіцца магчымасць сінтэзаваць усе тэзы. Я мяркую, гэта яшчэ і з той прычыны, што дыпломныя працы вельмі малыя, каб дапамагчы гістарыяграфіі. Калі б было больш даследаванняў, то можна было б з новымі пытаннямі падыходзіць да быццам ужо вытлумачанага матэрыялу. Бо амаль усе вядомыя вынікі заўсёды чакаюць новага падыходу да тэмы і новых тэзаў. Але пакуль дысертацыі пішуцца, пэўна ж застаецца жаданне ахапіць шырокае кола маладаследаваных пытанняў у адной працы.
БГА: Ці ёсць у Швайцарыі іншыя вучоныя, якія займаюцца беларускай тэматыкай?
Ш.Р.: З ліку гісторыкаў мне вядомы былы асістэнт прафесара К.Гёрке Хрыстаф фон Вердт — кіраўнік Швайцарскай бібліятэкі па Усходняй Еўропе ў Берне, які займаецца гісторыяй усходнеславянскіх гарадоў у складзе Вялікага Княства Літоўскага па меншай меры да сярэдзіны XVII ст. Моніка Банькоўская не толькі з–за сваёй працы ў Цюрыхскай цэнтральнай бібліятэцы цесна звязаная з Беларуссю. У сярэдзіне 80–х г. яна мела навучальныя заняткі па беларускай мове ў Цюрыхскім універсітэце. Пётра Бішоф — былая асістэнтка прафесара Гёрке — кіруе культурным абменам паміж Беларуссю і швайцарскім кантонам Аргау. Бруна Хенгі ў апошні час пісаў артыкулы пра Беларусь для Neue Zьrcher Zeitung. Напэўна, і іншыя займаюцца Беларуссю ў Швайцарыі, але пра іх я, на жаль, не ведаю.