Радно
Вершы
Акулін Эдуард
Памяць дзяцінства майго...
Іскрыпка
Так колісь цябе
называў мой дзед.
Іскрынка душы—
незаплеснелы хлеб.
Скарынка самоты.
Скарбонка для слёз.
Іскрыпка – скрыдло
незаплямленых кроз.
Драўляны жаўрук,
што прывык да пляча.
Пяшчотніца рук
скрыпача-крывіча.
Жарсцінка-усхліпачка,
стоены крык...
-- За што ты, іскрыпачка,
любіш так смык?
Журавель
Ты глядзіш улюбёна ў неба.
Ці цалуеш вядром ваду...
Што табе ад жыцця патрэбна?
Хто тваю зразумеў бяду?
Вышай стрэх цэлы дзень кружляеш,
толькі хочацца – вышай хмар.
Журавель – ты штоноч лятаеш
у палоне нязбытных мар.
Укапаны ў дзірван навечна.
Ты стаміўся з нудоты піць...
Журавель, паглядзі, старэча,
з райскіх даляў твой брат ляціць.
Купіна
Колькі стрывала кпінаў
ад тых, хто аб яе спатыкаўся
кола яе давіла
падкова яе таптала
сонца яе паліла
дождж вастралёзы сек
купіна – гэта магіла
балотна-пустога рэха
купіна – скрозь пакутніца
купіна – міні-копка
дзік на яе не купіцца
бо купіна – горб чортаў
купіна – зялёная бародаўка
астыглай дрыгвы вулкан
курган мурашыны—
кротаўка—
падушка Вадзяніка.
Раска
Зялёны падраснік азерца
задраны прыпол ракі
ажыўшае жабаў скерца
радзімкі з тваёй рукі
раска – не рада ветру
сябра ёй – жоўты жвір
раску не вабяць нетры
вораг ёй – юркі вір
раска – прывідны востраў
мрояў раёвых рой
раска – салютаў роскід
вадзяніковы строй
раска – русалчын вэлюм
азёрна-манетны двор
вохрава-акварэльны
люструнак бурштынін-зор.
Човен
Чуллівы рачной пяшчотай
аблашчаны лавай хваль
ён мроіць чаіным лётам
закаханы ў чужадаль
човен – адчайны адужнік ветру
начны прытулак ліпнёвых пчол
павек пасцелю віровых нетраў
не зменіць човен на мулкі дол
ён звечара знічак повен
а ранкам слязьмі лінёў
човен – сонца жалобны промень
човен -- чорны рачны манах
палюбоўнік паўночны поўні
брат радзіміцкіх трун- карстаг.
Сітнік
Пагрозны выгляд падводных вояў
здалеў разгледзець адзін ракітнік,
таму на бераг таропка выбег—
далей ад дзідаў, што выгнаў сітнік.
Тут сойм саміны са снамі ў сонме.
Для сома сітнік—рачны асіннік...
Абкруціць вусам камель у стоме
і спіць да ночы—варушыць сітнік.
Лілея млее—як плёс змялее,
хто вызваляцьме яе з няславы?..
Без страху выйдзе на бітву з Глеем
адважны рыцар рачной дзяржавы.
Усюдыісны віровы Пільнік.
Радыст «зялёных»—азёрны Сітнік.
Нерат
Дзе твой зад,мабыць там, дзе перад...
Знаць не марна сярод людзей
кажуць:» Трапіў, ну, як у нерат—
на ратунак няма надзей.
Твой лазова-драцяны верад
быў турмой акунёвых зграй.
Рак-турэмшчык дарэмна верыў,
што знайшоў тут жаданы рай...
У цябе не ўваходзяць двойчы.
Ты—бермудфіліял ракі...
Нораў твой згаладала-воўчы.
А віноўцы, што ты такі,--
рыбакі.
Дзябла
Пэўна ёсць нешта ў ім ад д’ябла...
Яго сутнасць—схавана ў сець.
Дзед дзяўбе, нібы дзяцел, дзябла.
Дух ліпнёвы – на ўсю павець.
Дзябла – золак ад рос азяблы.
Дзябла – дзень, як змялелы Сож.
Дзябла – вечар ашчэрыў жабры—
акунём на рыбацкі нож...
Часам – дах ад дурной хмурыны.
Назаўсёды – аерны пах.
Патаемны азарт звярыны.
Рыбнаглядны дзіцячы страх.
З дзяблам, быццам з надзейным сябрам,
скрозь з уловам вяртаць дамоў...
Без яго – не злавіць і жабы—
нат на сподзе рыбацкіх сноў.
Пачына
Плыткі човен з ракой лучыла.
Мазалямі смылела ў снах...
Падпаветны прамень – Пачына,
недасяжна-віровы страх.
Ты – драўляны плыўнік для лодкі.
Ты – крыло для маёй душы...
Пах аеравы, дух салодкі,
вадамер залатых вышынь.
Стан твой тонкі -- амаль дзявочы.
Строй твой – ясеневы, густы.
Помніш поўню купальскай ночы,
што разбіла на яскі ты?
Не вяслом, а пачынай лёгкай
праўлю човен свайго жыцця...
Ці уздых, ці узмах высокі--
прага новага – адкрыцця!
Лівень
Летні лівень спаймаў дзяўчо
у палон неспатольных ліній.
Па-мастацку абвёў плячо,
грудзі, клубы, бутон юргіні...
На ружовых пялёстках вуш
запаліў завушніцаў зоркі.
Лівень -- ён не лянівец-муж—
лашчыць зранку да адвячорку...
Выцалоўвае кожны рух.
Выпрабоўвае ўсё на спотык...
Лівень – Вішну з мільёнам рук—
далікатны,як першадотык.
Лівень – знаўца найрайскіх зон
і гатовы разбіцца вобзем
за прызнанне, што толькі ён—
Дон Жуан да апошняй кроплі.
Поўня
Белая як бяльмо на боскім воку
яна помніць сябе
вузкавокай японкай
я яе помню
рэшатам яек поўным
да Вялікдня сабраных бабуляй
ваўкалак яе помніць куляй
срэбнай смерцю
між чорных воч
поўня – блін на патэльні ночы
поўня – выпуклы пуп жаночы
поўня – выспа спакусных сноў
поўня – пудкі бусловы поплаў
не палохай яе і сам
не пужайся ніколі поўні--
помні: поўня паўночны Храм.
Валун
Ад лядовых часін Калумб
для паўночных вятроў -- калун
дубаволатавы кілун
заімшэлы авал – валун
валун – ад’еты валляк стагоддзяў
катаклізмаў мінулых зоб
семя, што самародзіць
самы мудры ў акрузе лоб
валун – вечнасці вольнаёмнік
бокамлежачы мусіць жыць
ён самому сабе -- ёсць помнік
гэты вечнанятленны Жыд
вынікаючы вонкі з ночы
новалунавы цвеліць цень
і ў час той нябоскі хоча
ён адужыць самую Смерць.
Пастка
Да часу – tabula rasa
да ночы – пустое цела
пачостак для пасткі -- мяса
знявага ёй – рэха стрэлу
пастка – спакусы пустка
пастка – сіло квадрата
пастка – пасцель Пракруста
скрозь помсціць за пост свой пастка
сабе яна – брыганцінай
хоць ветразь не ловіць вецер
а мне яна – гільяцінай—
мышынай машынай смерці.
Стрэльба
Хросная маці ляснога рэха
двухмесны патронны трон
не гразіся ёй дзеля смеху
следам стрэльбе ступае Кон
бо ад стрэльбы – журба ласіхі
бо на стрэльбе – дзікова кроў
стрэльба -- чортава прорва ліха
і Везувій людскіх грахоў
стрэльба – страх азвярэлы ворага
стрэльба – стрэл, што да часу спіць
стрэльба – тайная сувязь пораху
і агню, што прывык «лес біць»
стрэльба – гэта вясло Харона
развітальнай галеры кіль
шлагбаўм на шляху падзорным
зламанага лёсу кій.
Загнет
Загон прыгонных чыгункоў
патэльняў -- чорны парапет
цагляны трон дамавікоў--
стары парэпаны загнет
на загнеце збіраюцца з духам
перад тым, як пайсці ў агонь
глінны глечык, гаршчок і куфаль
і рахманы свісцёлак-конь
тут адвечару – дроў бярэмак
што крэміруюць акурат
як на досвітку знойдзе певень
дыямент у мільён карат
аб загнет на куццю б’юць кашу
ад загнета – настрой Каляд
кот падоўгу тут госцем важным
у чаканні мышыных свят
у загнета няма сакрэтаў
ні ад кога, бо ён і сам
як заўважыў адзін Паэта—
самы першы паганскі Храм.
Услон
Ты стаяў ля стала спакон,
наструніўшы ў падлогу ногі.
Самы першы мой конь – услон,
што катаў мяне да знямогі.
На шырокай тваёй спіне
месца цэлай сям’і хапала.
На Пакровы – бліжэй к зіме
абрастаў свежыною з салам...
За суседскі вясельны стол
запрашоны быў званым госцем.
А хаўтуры-жалоба ў дом—
падстаўляў пад труну ты косці.
Я даўно гарадскі піжон...
Раз у год наязджаю ў вёску.
Толькі муляць дасюль, услон,
маю памяць тваіх дзве дошкі.
Парог
Ад пачатку – пачатак. Бог,
што на кожнай зямной дарозе
папярочкі усклаў Парог—
крыж для ўсіх, хто спачыў у змозе.
На парозе Чужым – не грозяць.
За парогам сваім – не спяць...
У парозе – качэргаў шоргат,
што ля печы павек стаяць.
Аб парог спатыкнуцца – значыць
недажыцьмеш наступны год...
Сніць парог – прычакаць удачу.
Мыць парог – шанаваць свой Род.
Перад тым, як пакінуць хату,
па вяртанні з усіх дарог,
пакланіся яму, ён варты—
ён пачатак і скон – Парог.
Зугаліна
Лета бабіна навальніцай
трызніць поўднем, што спёкай мгліцца...
Сцежка. Ровар. Зіхцеюць спіцы—
на багажніку – мех з ігліцай.
Для зугаліны – ад завеяў,
ад калядных вятроў і сцюжы.
Я – дашкольнік, а разумею—
без зугаліны хата – нужнік...
Эх зугаліна! З лесу Сталіна.
«Петачкі» пад гармонь да раніцы.
Хата дзедава – як прыталена.
На зугаліне – лепш кахаецца...
Ані шышкі ў прыпол, ні шыгалі--
змураваны падмурак муліцца...
Скрозь зугаліну вёска дыхала.
Без яе – ссірацела вуліца.
Страха
Саламяна-каляны дождж,
што застыў залатою лавай...
Хто снапы твае клаў пад нож,
хто раўняў для раўнівай славы?
Каб ні кроплі з густых залеваў
не працекла пад промні крокваў,
каб сасмяглы ад спёкі хлеў
марна марыў пра меч «Прамоклаў»...
Пад страхою – кубло-гняздо.
Над страхою – анёл-прыўкраса.
У страсе – схоў старых нажоў...
Без страхі дом, як поп без расы.
На страху нападае жах
кожны раз, калі ў п’яным гневе
з-пад сякеры ляціць на дах—
вестуном перуновым – певень.
Прымыльнік
Ты для лазні -- надзейны тыльнік.
Твой начны кватарант кажан
называе цябе, Прымыльнік,
не іначай, як толькі -- Пан.
Слупянеў ад красы дзявочай...
Чырванеў за мужчын не раз,
калі тыя на схіле ночы
ад бяссілля лупілі ў таз...
Бо на мулкіх палках кляновых
аж да раніцы -- як заснуць?!
Водар венікаў б’е ў галавы,
запрашае ў раку нырнуць...
У прымыльніку добра п’ецца...
Піва куфаль – тут боскім дарам.
Мы прыходзім сюды раздзецца,
каб душу апрануць у пару.
Цэбар*
Колькі ён пераслухаў плётак
на даўгім, як ланцуг, вяку
ад нястомных пляткарак-цётак,
ірвучы ім са злом руку...
Між вадой ледзяной і небам,
то ўгару, то з разгону ўніз,
абдзіраючы клёпак рэбры
у кароне з крыштальных пырск...
Цэбар – нібы вясковы Цэзар.
І ўлада яго – без меж...
Ён за поўняй нырае ў неба,
каб прасватаць яе – але ж...
Не пускае ланцуг на волю.
Круглы год – калаўрот нягод.
Бо сухім з-пад вады ніколі
не выходзіў пакуль што ён.
*На Веткаўшчыне – калодзежнае вядро.
Путца*
Калі дарогі у шлях саб’юцца,
калі я хаце дам «пяць дзвярыма»—
успомняць пальцы старое путца,
якое лёсам прыкаўнярыла...
Цвікі і шворні, сукі рогі
чаго не пхнулі яму ў прарэху.
А неяк разам, святыя многі,
мужчынскі гонар блюло для смеху...
Старыя путцы – так часта рвуцца
і не да часу, і не да месца.
Калі фанфары ў нябёсы мкнуцца,--
ад стаху путца раптоўна рвецца,
і ад павагі да ганарліўца
амаль нічога не застаецца.
Але і путца свой гонар мае...
У гардэробе – персона грата.
Бо па адзенні нас сустракаюць...
Каўнер пры путцы – пры госці свята.
Лепш апынуцца зімой у пустцы,
чым у тэатры на пару з дамай
у палітоне з парваным путцам—
жыццё без сцэны падасца драмай.
Не распрануцца – не апрануцца...
Эх, путца-путца – ручная памяць.
Калі дарогі у шлях саб’юцца,--
трымай нас, путца, дзвюма рукамі!
*На Веткаўшчыне – прыкаўнерная вешалка.
Гужы
Гожая назва у іх – гужы...
Скажаш -- і засмяешся.
Нібы з лаўжоў прыпаўзлі вужы,
леглі ў разорах грэцца...
Гуж у руках – падмануты муж.
Гуж разарваны – сварка.
Стомлены, потны ад працы гуж—
бульба, дакопкі, чарка.
Гожая назва – спрабуй, кажы—
рот без зубоў здаецца ...
Памяць дзяцінства майго – гужы.
Памяць – яна не рвецца.