Адзiнота на стадыёне

Глёбус Адам


Хто з нас не хацеў навучыцца ездзiць на ровары "без рук"?

Ян i Янiна стаялi на прыпынку з надзеяй сесцi на апошнi трамвай. Яна ў кароткiх джынсах i чырвонай мужчынскай кашулi. На iм пасястая, чорная з белым, майка i таксама джынсы. На асфальтавым востраве прыпынку ўзвышаўся над чарападобнай сметнiцай лiхтарны слуп. У Янiны белыя красоўкi i рознакаляровыя гольфы — адзiн цёмна-жоўты, другi ярка-сiнi. У Яна на левым запясцi блiшчэў важкi гадзiннiк з шырокiм бранзалетам.

— Лiхтар нагадвае дрэва, — Ян парушыў цiшыню.

— Сапраўды... Толькi якое? — спытала Янiна.

— Знешне, калi слуп прымаць за ствол, ён падобны да сасны. А калi лямпу назваць яблыкам, атрымлiваецца, што лiхтар — яблыня.

— Лiхтар — гэта жалезная яблыня. Мне падабаецца.

У яе круглыя арлекiнскiя вочы з доўгiмi веямi, пафарбаванымi тушшу. У ягоных вачах стаiлася стома. На пялёстках жаночых пазногцяў ляжаў тонкi слой лiлейна-белага лаку. Вуглаваты профiль, акуратная стрыжка i высока паголеныя брытвай скронi рабiлi Янаў твар мужным.

— Калi сустрэнемся? — спытаў Ян.

— А калi ты хочаш, каб я прыйшла?

— Сягоння ў нас што, серада цi аўторак?

— Быў аўторак, а зараз серада.

— Аўторак, — ён сам сабе палiчыў днi. — Можна ў пятнiцу.

— Пятнiца далёка.

— Давай у чацвер.

— У чацвер я са сваiм iду ў госцi.

— Тады застаецца заўтра, бо ў суботу i нядзелю еду за горад, а панядзелак вельмi далёка.

— Заўтра яно i сёння... А дзе i калi?

— Недзе пасля работы, гадзiн у сем, на гэтым прыпынку.

— У сем, на гэтым прыпынку, — паўтарыла яна i пагладзiла лiхтарны слуп.

— Кожнага разу на развiтанне мы гаворым адны i тыя словы. А нашто?

— Не трэба пытаць — нашто. Мы ўсё роўна не знойдзем адказу.

Ён паглядзеў на гадзiннiк i сказаў:

— Палова другой. Ужо паўтары гадзiны, як серада.

— Серада, — паўтарыла яна цiхiм адсутным голасам.

Янiна злавiла пушынку i пачала разглядаць.

* * *

Яны пазнаёмiлiся ў батанiчным садзе. Стаяла спёка. Янiна з мужам глядзелi, як садоўнiк палiвае кветкi. Садоўнiк палiваў стомленыя ад спёкi лiлеi, калi падышоў Ян з жонкай. Яны ўчацвярых глядзелi на аранжавую палiвачку i блакiтныя струменi вады. "Што можа быць прыгажэйшым за кветкi?" — сказаў тады Янiнiн муж. Ён так i сказаў, не спадзеючыся пачуць адказ. Ён звяртаўся хiба што да кветнiка i здзiвiўся, калi Янава жонка сказала, што прыгажэйшымi за кветкi могуць быць толькi нажнiцы садоўнiка. Усiм спадабаўся жарт. Толькi садоўнiк не пачуў жарту, ён не слухаў, яму было ўсё роўна, яму трэба было хутчэй палiць лiлеi, зацярушаныя гарачым гарадскiм пылам. Учацвярых яны пайшлi ў кавярню, бо iм спадабаўся жарт з нажнiцамi, i Янiнiн муж прапанаваў выпiць за садовыя нажнiцы i за лiлеi...

* * *

— Трамвай не прыйдзе, — сказаў Ян.

— Табе трэба набыць машыну i прыязджаць на спатканнi, — параiла Янiна. Яна адшчыкнула зерне ад пуху, выкiнула зерне ў сметнiцу i здзьмула пух з далонi.

— Машына не для мяне. Люблю хуткасць i краявiды люблю. Так што даеду да першага слупа.

— Няўжо ты ўмееш вадзiць машыну?

— Таму i не ўмею. Толькi ровар.

— Можна прыязджаць на спатканнi на роварах.

— А ты добра ездзiш? — у сваю чаргу спытаў ён.

— У свой час ездзiла няблага, але калi тое было, шчэ да вяселля.

— I я даўно ездзiў, раней цэлае лета руль з рук не выпускаў.

— I я руль не выпускала з рук, бо так i не навучылася ездзiць "без рук".

— Хто з нас не хацеў навучыцца ездзiць на ровары "без рук"? — пытанне засталося без адказу.

"Прыгожа, калi мужчына трымае звычайную брытву, — думала Янiна, разглядаючы чарговую пушынку, пушынка была без насення, — муж нiколi не карыстаецца звычайнай, не той чалавек, яму дастаткова электрабрытвы. Ян голiцца толькi звычайнай i толькi сваёй. Галенне — рытуал. Зараз Ян сумны. Ён мне падабаецца. Люблю яго, ягоны профiль, кароткую стрыжку, ягоныя вочы, нават ягоны сум я люблю. А муж? Муж ёсць муж. З мужам спакойна, муж гарантуе пэўнасць. А што б мой рабiў, каб даведаўся? Цi яму сказалi, што мяне з Янам бачылi? Не... Наўрад... А калi i так, дык што? Муж будзе маўчаць. Ён заўсёды так: што б нi адбылося, ён маўчыць. Ён будзе прымаць нашы пачуццi як абавязковыя, як непазбежныя. Ян iншы. Ён каханы. Пра мужа так не скажаш. Каханы муж. Глупства. А калi Янава жонка i мой муж... Не, я б заўважыла, i Ян заўважыў бы. А мо ён, як i мой, маўчаў бы? Якая рознiца? Хто? Дзе? З кiм? Калi? Якое мае значэнне? У Яна жонка, у мяне муж. Мы не будзем разам. Я не пакiну мужа, i Ян не пакiне жонку. Трэба пакiнуць сустракацца. На спатканне больш не прыйду. Вырашыць прасцей, чым зрабiць. Як-небудзь... Скажу, што я цяжарная. Дапаможа. Пэўна, адзiнае выйсце так i сказаць. Падман. Ян не паверыць. Не змагу так сказаць, каб паверыў. Здагадаецца i пакрыўдзiцца. Чаму я не магу яго пакрыўдзiць? Такога не можа быць? Можа. Я захацела дзiця, i мы вырашылi... Хто мы? Чаму дзiця павiнна быць мужава? Таму, што павiнна быць мужава, так лепш, так спакайней, таму, што муж любы i дзiця любае. А Ян каханы, i не больш. Вар'яцею. Чаго не хапае? Патрэбна дзiця, i ўсё будзе добра. "Патрэбна дзiця" — як брыдка! Бог пакарае за гэтае "патрэбна". Паспрабую. Народзiцца дзiця, не будзе калi сустракацца з Янам. Часу не стане. Ян прыгожы. Не, ён непрыгожы, i гэта iдыятызм карыстацца ў наш час звычайнай брытвай..."

Янiна села на сметнiцу.

— Устань са сметнiцы.

— Чаму?

— Непрыемна глядзець, калi ты сядзiш на сметнiцы.

— А ты не глядзi на мяне.

— А куды мне глядзець?

— Куды хочаш...

Ён паглядзеў на гадзiннiк.

— Мне непрыемна, калi ты глядзiш на гадзiннiк, — яна лепш уладкавалася на сметнiцы, упрыгожанай рэльефнымi кветкамi.

"Калi? Калi ўсё гэта скончыцца? — думаў Ян. — Хопiць, хопiць сустрэч, хлуснi, падманаў... Мне патрэбен спакой. Неабходна знайсцi занятак. Напрыклад, паляванне. Можна пачаць ездзiць на паляванне. Я не паляўнiчы. Кепска страляю... Калекцыя. Можна збiраць калекцыю матылёў. Не тое. Я не калекцыянер. Колькi разоў пачынаў. Можна пiць. Спачатку пачну моцна пiць, потым кiну. Не атрымаецца, не хопiць здароўя моцна пiць. Ад гарэлкi дурэю, а вiно не пераношу. Можа, пачаць разводзiць кветкi? Не хопiць упартасцi. Не садоўнiк я i не паляўнiчы. Дзiця. Застаецца дзiця. Сын цi дачка? Якая рознiца? Дзякуй Богу, не можам гэтага запланаваць. Добра, калi сын, але i дачка добра. Маленькая дзяўчынка. Чаму ўяўляецца смуглая дзяўчынка, калi я i жонка светлыя? Бог ведае. Няма кватэры. Толькi праз тры гады будзе кватэра, у лепшым выпадку праз тры... А за тры гады дзяўчынка навучылася б гаварыць. Яна абавязкова навучылася б гаварыць. Але яе няма. Ёсць Янiна. Яна была дзяўчынкай... Ха... Тая, што была дзяўчынкай, вырасла i сядзiць на сметнiцы. Рознакаляровыя гольфы. Жоўты i сiнi. Якога д'ябла яна носiць розныя гольфы? Каб усе пыталi. Колькi разоў чуў. Колькi пытаўся, столькi чуў. Яна прыгожая. Яна мне падабаецца. З ёй не сумна. Пасля блiзкасцi мне сумна. Робiцца сумна, калi яна пачынае апранацца. Яна любiць яркую вопратку, i мне падабаецца чырвоная кашуля. Што я магу з гэтым зрабiць? Але трэба пакiнуць сустракацца. Трэба сказаць, што яна мне надакучыла, што я ўжо не кахаю яе. Так i сказаць: нам не трэба сустракацца. У яе муж, якi нi ёсць. У мяне нiколi не было рэўнасцi да яго. Чаму яна не пакiне яго? Чаму ў iх няма дзяцей? Хлопчыка?! У яе абавязкова народзiцца хлопчык, i ўсё стане на сваё месца. Яны ўтраiх — яна, хлопчык i муж — хадзiцьмуць кожную нядзелю ў батанiчны сад i глядзецьмуць на садоўнiка, што з аранжавай палiвачкi наталяе смагу летнiх кветак. Яна перастае апранаць розныя гольфы, бо аднаго разу хлопчык спытае: "Мама, чаму ты носiш розныя гольфы?" А яна не зможа сказаць яму: "Каб усе пыталi!" Яна не скажа яму так, бо ён яе сын, ён — не ўсе..."

— Пацалуй мяне, — Янiна выпусцiла з рукi пушынку.

— Тут? На вулiцы? На прыпынку? — Ян шукаў апраўданне, бо не хацеў цалаваць жанчыну на сметнiцы.

— А што ў тым дзiўнага? Ноч. Нас не бачаць.

— Мы пад лiхтаром, — ён паглядзеў на цыферблат i, здзьмуўшы валаконца тапалёвага пуху, што прыляпiўся да губы, дадаў: — Дзве гадзiны. Трамвая не будзе. Трэба лавiць таксi цi прыватнiка шукаць. Уставай, i пайшлi.

— Устала i пайшла, — не ўстаючы са сметнiцы, сказала яна.

— Устань са сметнiцы.

— Не злуй. Лепш пацалаваў бы мяне.

— Спачатку ўстань. I я табе казаў — мы пад лiхтаром. Дый хопiць на сёння. Што гэта за жаданне пацалункаў на сметнiку.

— Не на сметнiку.

— А дзе?

— Не ведаю. А пацалунак з тапалёвым пухам, мусiць, прыемна. А калi табе замiнае святло, пабi лiхтар. Будзе цёмна, я ўстану са сметнiцы, i ты мяне пацалуеш.

— Няма каменя.

— А ты гадзiннiкам.

— Гадзiннiкам?

— Шпурнi ў яго гадзiннiкам. Пабi г"дзiну, якая пнецца з ночы ўтварыць дзень.

— Нашто?

— Мы ж дамовiлiся не пытацца — нашто.

— Добра. Тады я скажу: "Мне шкада гадзiннiка i шкада лiхтара".

— Табе ўвесь час нечага шкада. Табе шкада гадзiннiка, шкада лiхтара, шкада пацалунка, шкада... — яна на iмгненне спынiлася, думаючы, гаварыць наступнае слова цi не, i сказала: — Шкада жонку. Так жа?

— Але, — нечакана спакойна прамовiў ён.

— Я прашу, каб ён мяне пацалаваў, а ён глядзiць на гадзiннiк... Прашу, каб ён пабiў лiхтар, а ён, Бог мой, зноў глядзiць на гадзiннiк... Ён шкадуе ўвесь свет. А мяне яму не шкада...

Ён расшпiлiў бранзалет i ўзважыў гадзiннiк у руцэ, як узважваюць камень перад тым, як шпурнуць. Ян зразумеў, што не пацэлiць. Бранзалет не дасць разлiчыць палёт. Ян добра кiдаў камянi. Ён з дзяцiнства любiў кiдаць камянi. Хто далей. Але зараз ён зразумеў, што з першага разу не пацэлiць. Бранзалет прымусiць гадзiннiк куляцца ў паветры. Бранзалет прымацаваны да корпуса, не здымеш. Трэба спрабаваць. Ян размахнуўся, нiбыта дакрануўся да высокай лямпы левай рукою, i з усяе моцы пусцiў гадзiннiк з правай рукi. З фуркатам той праляцеў за паўметра ад лямпы i ўпаў на трамвайную рэйку. Ян падняў пабiты гадзiннiк, зноў прыцэлiўся, i зноў цiхая вулiца пачула гучнае фуркатанне. Гадзiннiк праляцеў за метр ад лямпы. Трэцi раз Ян доўга выбiраў месца, з якога кiнуць, але i гэта не дапамагло. Гадзiннiк ледзь крануў рабрыстае шкло каўпака i бразнуўся на асфальт. Ян не стаў падымаць гадзiннiк, ён не стаў збiраць тое, што засталося ад гадзiннiка.

— Мо нам не варта больш сустракацца? — спытаў ён хутчэй у лiхтара, чым у Янiны.

— Не гавары глупства, — адказала яна.

— Ты лiчыш маю прапанову глупствам?

— Так, я лiчу твае i свае прапановы глупствам i не больш таго.

— Калi так, тады йшчэ не ўсё страчана.

— А ў нас няма чаго губляць.

— Нават гадзiннiка, — удакладнiў Ян.

— Ты ўжо не шкадуеш гадзiннiк?

— Няма чаго шкадаваць.

— Добра, калi няма чаго шкадаваць.

— А ты не палохаешся пустаты, што ўзнiкае, калi ўжо няма чаго шкадаваць?

— Не, — адказала жанчына i спытала: — А ты?

— Мне сорамна, — сказаў Ян. — Сорам адчуваю.

Не дамаўляючыся, Ян i Янiна пайшлi ў бок прыпынку таксi. Яны не мiнулi i паўквартала, як з-за рога iм насустрач вырулiла палiвальная машына. У яе быў вялiкi аранжавы бак i ярка-блакiтная кабiна. Янiна ўскiнула руку. Машына прытармазiла.

— Табе куды? — спытаў шафёр палiвальнай машыны.

Янiна назвала адрас.

— Сядайце, — запрасiў шафёр, адчыняючы блакiтныя дзверы.

Янiна села ў кабiну, Ян застаўся стаяць на тратуары.

— А ты? — спытаў шафёр.

— Ён не паедзе, яму блiзка.

— Як сабе хоча, — пачулася праз рыпенне дзвярэй.

Палiвалка завуркатала, завярнулася, калываючыся на рэйках. Аранжавы бак машыны знiк за рогам. Ян вярнуўся на прыпынак, пазбiраў рэшткi гадзiннiка i кiнуў у сметнiцу, да тапалёвага пуху. Потым сеў на асфальт, абапёрся спiнаю на лiхтарны слуп, сагнуў ногi i, паклаўшы локцi на каленi, схiлiў голаў. Думкi змянялi адна адну, i, як звычайна перад сном, у iх не было нi логiкi, нi парадку.

"Можна адпачыць, — думалася Яну. — Спяшацца няма куды. Сумна глядзець на тых, што спяшаюцца. Хто не спяшаецца, той чакае, як мы сёння, як зараз я. Той, хто спяшаецца, ужо спазнiўся. Хай спяшаюцца, а я адпачну. Потым прыйдзецца ўстаць i пайсцi. Потым хай, толькi не зараз. Я вярнуўся, каб адпачыць. Пасля трэба ўставаць, iсцi, ехаць... Так робiцца. Я не выключэнне. Кiрунак вызначыў не я. Чалавек не вызначае кiрунак. Далей пустата. А мо там тапалёвы пух? Ён жа паўсюль. Не, толькi не пух. Холад. Там пустата i холад. А што я магу? Што можна зрабiць? Вяртацца. Не садзiцца ў машыну, не iсцi наперад, а вяртацца. Процi цячэння вады. Можна прапусцiць сваю чаргу. Можна... А далей? Далей прыйдзецца разам з усiмi, як усе, як усё. Трэба ўстаць, бо засну. Не засну. Спаць не хачу, як у дзяцiнстве — засынаеш i гаворыш: "Спаць не хачу, не буду спаць!" А сон бярэ сваё. Якi б я хацеў убачыць сон? Мо пра Янiну? Яна ў рэальнасцi, клiкаць у сон няма патрэбы. А пра што? Пра ровар? Я хлопчык. Можна саснiць, як еду на ровары "без рук". Часам сню, што лётаю без крылаў i прылад, сам па сабе. Жаданне ператвараецца ў яву. Паспрабаваць i з роварам. Я — хлопчык — разганяю на пустой вулiцы ровар, мiльгаюць сметнiцы i лiхтары, адпускаю рукi, еду "без рук".