Адзiнота на стадыёне

Глёбус Адам


Дарма

У пусты i халодны тралейбус увайшоў стары дзед.

Ён сеў на першае сядзенне i склаў рукi на чорнай кавеньцы. Няголены, доўгi твар старога быў хваравiты i белы. Бляклыя вочы глядзелi на свет з абыякавасцю, так звычайна людзi пазiраюць на зламаную i ўжо непатрэбную рэч.

Тралейбус ехаў па начным горадзе.

Праз некалькi прыпынкаў у тралейбус увайшоў немалады тоўсты мужчына ў шэрым палiто i шэрым, з кароткiмi палямi, капелюшы.

— О, здароў! — мужчына пакратаў дзеда за плячук.

— А, то — ты, а я, брат, не пазнаў. Акуляры не ўзяў, не бачу нiкога, не пазнаю, — сказаў дзед, прыўзняўшы руку над кавенькай, i дадаў: — А можа, не будзем вiтацца за руку? Холадна пальчаткi здымаць.

— Не будзем, — пагадзiўся мужчына i лёгенька паляпаў па дзедавай руцэ.

Тралейбус кацiўся па выстуджаным снежаньскiмi маразамi праспекце i сыпаў яркiя, пякучыя iскры.

— Ты на месцы? — спытаў дзед.

— Не. Пайшоў. Вольны чалавек я цяпер.

— Звольнiлi?

— Ды не, сам пайшоў. Яны, праўда, не надта каб i трымалi. Трыццаць гадоў аддаў i пайшоў.

— Не прасiў, каб дазволiлi яшчэ працаваць?

— Не.

— Правiльна, i я ў свой час не прасiў.

— Я помню. Я ж на тваiм месцы да канца i дабыў.

Тралейбус адчынiў дзверы, але хлопец з дзяўчынай, што стаялi на прыпынку, пэўна, чакалi iншы нумар. Тралейбус паехаў далей, паўз цьмяныя вiтрыны зачыненых гастраномаў.

— Сядай, — прапанаваў дзед.

— Пастаю, — адмовiўся мужчына.

— Ты куды ездзiў?

— Сыну мэблю дапамог пераставiць. Бацькам ён стаў.

— Хлопчык? Дзяўчынка?

— Хлопчык.

— Назвалi як?

— Нiяк не назвалi. Не паспелi яшчэ. Сын хацеў, каб маё iмя далi. А я кажу, не трэба. Пажыву яшчэ...

— Правiльна. Наступнага хай назаве тваiм.

— Во, i я так сказаў.

Тралейбус павольна i неяк стомлена ўз'ехаў на мост i шпарка пакацiў з моста.

— А ты адкуль? — спытаў мужчына.

— У сястры быў.

— Як яна?

— А нiчога яшчэ. Трымаецца. Унукi, дзецi сумаваць не даюць.

— А хiба табе даюць?

— А хто мне можа не даваць?

— А дзе твае?

— Дачка з мужыком на поўнач па грошы паехалi i дзiця павезлi, дурнi. Казаў, каб пакiнулi, дык не. А старая мая прапiску змянiла, яе ўжо няма.

— А я i не ведаў.

— Мне таксама час прапiску мяняць, а то вернуцца мае з поўначы з грашыма, а тут я — хворы i стары.

— Ну, ты кiнь. Рана яшчэ, — тоўсты мужчына хацеў збiць гутарку ў нейкi iншы бок, але не ведаў, у якi, i таму ў яго нiчога не атрымалася.

— Што тут кiдаць? Як нi кiнь i куды нi кiнь, а надышоў час, i трэба збiрацца. Я вось пацiху i пачаў.

— Другiя жывуць, — спрабаваў пярэчыць мужчына.

— Я на iх паглядзеў i на сябе паглядзеў, — у дзедавых вачах быў спакой i ўпэўненасць, ён разважаў: — Няма ў iх радасцi, брат. Пажыў, i хопiць. Пажыў, колькi мог, а болей не трэба. Нашто намаганнi, калi радасцi ў iх анiякай няма? Суцэльны боль.

— Нейкая ўсё ж ёсць.

— Нейкая ёсць, толькi гэтая нейкая — зусiм нiякая. Ды мне i не сумна. Ведаеш, брат, не сумна мне з таго, што памру.

— А што сумаваць? Усе там будзем, — мужчына паправiў капялюш.

Тралейбус не спынiўся. Шафёр бачыў, што нiхто не збiраецца выходзiць, i не тармазiў каля заснежанага прыпынку. Святлафоры адключылi чырвонае i зялёнае святло i мiргалi цьмяным жоўтым агнём.

— Ногi пачало адбiраць. З кавенькай хаджу, — дзед пастукаў у падлогу кавенькай.

— А што з нагамi?

— Хто iх ведае.

— Можа, тромб?

— Ды не.

— А што? Вены?

— Не вены.

— А ты ў доктара быў?

— А як жа ж, быў. Толькi дактары маладосцi не даюць. Паглядзеў ён, казаць нешта пачаў, толькi я не надта каб слухаў, бо сам ведаю, калi пачало адбiраць, дык пара мне збiрацца...

— Яшчэ пажывеш, нiкуды не дзенешся, — зрабiў спробу пажартаваць немалады мужчына.

— А як ты думаў, яшчэ пажыву. Трэба тое-сёе парабiць.

— Паробiш.

— Параблю.

Тралейбус iзноў не спынiўся, бо нiхто яго не чакаў i нiхто не збiраўся выходзiць.

— А ты, вольны чалавек, чым займаешся? — спытаў дзед.

— Нешта ўсё раблю, цi рамонт, цi з машынай у гаражы, нешта раблю, рукi не маўчаць.

— А з мяне работнiк анiякi, пагалiцца i тое цяжка, дажыўся во.

— А ты ў цырульню хадзi.

— Ногi адымаюцца, баляць.

— А, ногi, я i забыўся. Слухай, мо да мяне зойдзем, пасядзiм, па чарцы возьмем? — пажвавеў мужчына.

— Не, ты што, позна ўжо.

— А што позна? Куды спяшацца? На работу нам не ўставаць, — мужчына мiргнуў дзеду.

— Твае паклалiся спаць.

— Хай леглi, хай спяць, лiха iх не возьме. А мы з табой на кухнi сядзем. Успомнiм. Пагаворым. Пасядзiм.

— Не, брат, не магу. Нашто гарэлку марнаваць, калi радасцi з яе няма?

— У нас ёсць што ўспомнiць. Ты даруй мне за тое, за месца. Не па-людску тады выйшла. Я ўсё спяшаўся некуды. А куды, спытай? Нашто? Я толькi цяпер i зразумеў, што памылiўся тады. Пайшлi, пасядзiм. Грыбы ў мяне ёсць, чарка...

— Дзякуй за чарку, за грыбы. I не думай, што я не iду да цябе з-за таго месца. Я даўно табе дараваў. Позна ўжо. Проста позна, брат.

— Дарма. Дарма адмаўляешся. А што ж гэта ён робiць? Што ж ён, лiха яму, на прыпынках не спыняецца? Я ж свой праехаў, — мужчына грукнуў кулаком у дзверы кабiны.

— Што? — азiрнуўся шафёр.

— Як што! Ты ж на прыпынках не спыняешся!

— Не шумi, дзед, не шумi. Спынiмся.

— Ты павiнен спыняцца!

— Не шумi.

Тралейбус прытармазiў i адчынiў дзверы.

— Цэлы прыпынак праехаў, — злаваўся мужчына.

— Ноч на вулiцы. Спяць усе. А ты шумiш.

— Управы на цябе няма.

— Давай, дзед, сыходзь, не трымай машыны.

— Я не трымаю, — немалады мужчына паправiў капялюш, наставiў каўнер i сышоў з тралейбуса. Развiтацца са старым дзедам ён забыўся.

Тралейбус зачынiў дзверы i хутка павёз аднаго пасажыра.