ДВОРНА, каб іх задобрыць, бібліятэкарквакер курняўкаў:
— І мы маем, праўда, тыя неацэнныя бачыны ”Вільгельма Майстра”. Вялікі паэт пра вялікага братняга паэта. Ваглівая душа, у змаганьні з морам бедаў, разьдзіраная супярэчнасьцямі й сумлівамі, як гэта назіраем у сапраўдным жыцьці.
Ён ступіў крок дапераду ў контрдансе на рыплівай валовай скуры, і крок назад ў контрдансе на ўрачыстай падлозе.
Бязгучны памочнік, прачыніўшы дзьверы толькі крышачку, падаў яму бязгучны знак.
— Зараз, — сказаў ён, рыпліва рушыўшы йсьці, але марудзячы. — Прываблівы бездапаможны летуценьнік, які выносіць глыбокія раны з сутычкі з жорсткай рэальнасьцю. Увесь час адчуваеш, якімі праўдзівымі застаюцца меркаваньні Гётэ. Праўдзівымі пры больш уніклівым аналізе.
Двойчырыпнуўшы аналізу, ён аддаліўся крокам куранты. Лысы, зь вялікай заклапочанасьцю пры дзьвярах пад словы памочніка падставіў ёмкае вуха: выслухаў іх: і пайшоў.
Засталіся два.
— Мэсьё дэ ля Паліс, — зьдзекліва ўсьміхнуўся Стывэн, — быў яшчэ жывы хвілінаў за пятнаццаць да свае сьмерці.
— Ці вы ўжо знайшлі шасьцёрку адважных мэдыкаў, — запытаўся са старэчай зласьлівасьцю Джон Эглінтан, — якія перапісалі б ”Страчаны Рай” пад вашу дыктоўку? Ён гэта называе ”Засмучэньнямі Сатаны”.
Усьміхайся. Усьміхайся ўсьмешкаю Крэнлі.
Найперш яе абняў— Я адчуваю, што для ”Гамлета” вам спатрэбіцца яшчэ адзін. Лічба сем вельмі дарагая для містыкаў. Зіхатлівая сямёрка, як яе называе У. Б.
Міготкавокі з рыжым чэрапам блізка зялёнакаптурнай лямпы ўзіраўся ў аблічча, барадатае ў яшчэ больш цёмназялёным цені, кельцкамудрае, сьвятавокае. Ён ціха засьмяяўся: сьмехам стыпэндыста Трыніты: бязводгаласным.
Мастацкі Сатана, што абліваеЁн трымае ў заложніках мае вар’яцтвы.
Крэнлі трэба адзінаццаць верных з Уіклаву, каб вызваліць айчыну. Шчарбатую Кэтлін, яе чатыры прыгожыя зялёныя лугі: чужаніца ў ейным доме. І яшчэ аднаго, хто б яго прывітаў: ave, rabbi[2]. Тузін з Тайнахілі. У ценістай даліне ён туркоча да іх. Маладосьць маёй душы я аддаваў яму, ноч за ноччу. Памагай Бог. Памыснага паляваньня.
Мая тэлеграма ў Малігана.
Вар’яцтва. Стрывай.
— Перад нашымі маладымі ірляндзкімі бардамі, — асуджальна сказаў Джон Эглінтан, — усё яшчэ стаіць заданьне стварыць постаць, якую сьвет мог бы паставіць побач з Гамлетам англасакса Шэкспіра, хоць я захапляюся ім, як раней старэча Бэн, не даходзячы да ідалапаклонства.
— Усё гэта чыста акадэмічныя пытаньні, — абвясьціў Расэл са свайго ценю. — Я маю на ўвазе, хто такі Гамлет — сам Шэкспір, ці Якуб Першы, ці Эсэкс. Дыспуты царкоўнікаў аб гістарычнасьці Ісуса. Мастацтва павінна выяўляць нам ідэі, бяскшталтныя духоўныя існасьці. Найважнейшае пытаньне пра твор мастацтва — якая глыбіня жыцьця яго спарадзіла. Жывапіс Гюстава Маро — гэта жывапіс ідэяў. Найглыбейшая паэзія Шэлі, словы Гамлета судакранаюць наш розум са спрадвечнай мудрасьцю, з Плятонавым сьветам ідэяў. А ўсё іншае — мудрагельства вучняў дзеля вучняў.
А. Э. расказваў у адным інтэрв’ю нейкаму янкі. Каб мяне маланка спаліла!
— Вучоныя былі спачатку вучнямі, — звышветліва сказаў Стывэн. — Арыстотэль некалі быў вучнем Плятона.
— Спадзяюся, ён і застаўся ім, — спаважна сказаў Джон Эглінтан. — Ён мне бачыцца як выдатнік са школьным пасьведчаньнем пад пахай.
Ён зноў расьсьмяяўся да барадатага твару, які цяпер адказаў усьмешкай.
Бяскшталтнае духоўнае. Айцец, Слова й Сьвяты Дых. Усёайцец, нябесны чалавек. Іесос Крыстос, чараўнік прыгожага, Лёгас, што кожнаю хвіляй пакутуе ў нас. Гэта сапраўды ёсьць тое. Я агонь на алтары. Я ахвярны алей.
Данлап, Джадж, рымлянін самы шляхотны, А.Э., Арваль, Імя Невыказнае, на вышыні нябеснай, К.Х., іхні настаўнік, чыя асоба — ня тайна для адэптаў. Браты вялікай белай лёжы незьмігутна сочаць, ці не патрэбна іхняя дапамога. Хрыстос зь сястройнарачонай, вільгаць сьвятла, спароджаная адухоўленай дзевай, сафія ў раскаяньні, якая адыйшла ў стан будаў. Эзатэрычнае жыцьцё не для звычайнага чалавека. З. Ч. спачатку павінен пазбыцца свае благое кармы. Аднойчы місіс Купэр Оўклі зіркнула на элемэнтарнае нашай выдатнай сястры Е. П. Б.
О, фу! Прэч адсюль! Pfuiteufel![3] Няможна дзівіцца, панюсю, няможна, калі дама адкрывае сваё элемэнтарнае.
Увайшоў містэр Най, высокі, лёгкі, юны, рахманы. Ягоная рука зграбна трымала нататнік, вялікі, новы, чысты, ільсьняны.
— Той выдатнік, — сказаў Стывэн, — палічыў бы роздумы Гамлета аб будучым жыцьці ягонай прынцаўскай душы — увесь гэты непраўдападобны, неістотны й недраматычны маналёг — такімі ж плыткімі, як у Плятона.
Джон Эглінтан, нахмарыўшыся, сказаў, ледзь стрымліваючы гнеў:
— Я даю слова, што мая кроў закіпае ў жылах, калі чую, як параўноўваюць Арыстотэля з Плятонам.
— А каторы зь іх двух, — спытаўся Стывэн, — выгнаў бы мяне са свае Дзяржавы?
Выцягні з похваў штылеты сваіх дэфініцый. Конскасьць — гэта штосьць усёканя. Яны пакланяюцца струменям памкненьняў і эонам. Бог: крык на вуліцы: вельмі пэрыпатэтычнае. Прастора: тое, што ў цябе перад зіркачамі. Праз прасторы меншыя за чырвоныя шарыкі чалавечай крыві яны праціскаліся сьледам за паўзадкамі Блэйка ў вечнасьць, для якой гэты расьлінны сьвет — толькі цень. Трымайся за тут і цяпер, празь якія ўся будучыня апускаецца ў мінулае.
Містэр Най, ветлівы, падыйшоў да свайго калегі.
— Хэйнс ужо пайшоў, — сказаў ён.
— Ужо?
— Я яму паказваў кніжку Жубэнвіля. Ён, ведаеце, зусім захапіўся ”Любоўнымі песьнямі Конахту” Хайда. Мне не ўдалося прывесьці яго сюды паслухаць дыскусію. Ён пайшоў да Гіла купіць іх.
Ляці, о кніжачка, шпарчэй— Дым з нашых тарфянікаў ударыў яму ў галаву, — дапусьціў меркаваньне Джон Эглінтан.
Мы ў Англіі адчуваем. Злодзей, які раскайваецца. Пайшоў. Я курыў ягоную махорку. Зялёны мігатлівы камень. Шмарагд, асаджаны ў аправе мора.
— Людзі ня ведаюць, якімі небясьпечнымі могуць быць любоўныя песьні, — акультна перасьцерагла Расэлава яйкаватая аўра. — Зрухі, што выклікаюць сусьветныя перавароты, нараджаюцца з мрояў і відзяжоў у душы якоганебудзь селяніна на схіле ўзгорка. Зямля для іх — ня ворны грунт, а жывая маці. Разрэджанае паветра акадэміі й арэны спараджае бульварны раман, кабарэтную песеньку. Францыя спараджае ў асобе Малярмэ самую далікатную кветку распусты, але жыцьцё пажаданае — такое, якім жывуць фэакі Гамэра — адкрываецца толькі для ўбогіх духам.
Пры гэтых словах містэр Най павярнуў да Стывэна свой нявінны пагляд.
— У Малярмэ, ведаеце, — сказаў ён, — ёсьць цудоўныя вершы ў прозе. Стывэн МакКэна часта чытаў мне іх у Парыжы. Адзін зь іх пра ”Гамлета”. Ён кажа: il se promčne, lisant au livre de luimęme[4], разумееце, чытаючы кніжку пра самога сябе. Ён апісвае, як ставілі ”Гамлета” ў францускім мястэчку, ведаеце, у мястэчку на правінцыі. Яны надрукавалі афішу.
Ягоная свабодная рука зграбна крэсьліла ў паветры дробныя значкі.
HAMLET ou LE DISTRAIT
Pičce de Shakespeare[5]
Ён паўтарыў нованахмаранаму абліччу Джона Эглінтана:
— Pičce de Shakespeare, ведаеце. Гэта так пафранцуску, францускі пункт гледжаньня. Hamlet ou ...
— Безразумны жабрак, — закончыў Стывэн.
Джон Эглінтан засьмяяўся.
— Так, зусім някепска, думаю, — сказаў ён. — Знакамітыя людзі, няма сумліву, але ў некаторых справах безнадзейна недабачлівыя.
Пышнае й тупое перанасычаньне забойствамі.
— Робэрт Грын назваў яго катам душы, — сказаў Стывэн. — Недарма ён быў сынам разьніка, які памахваў сваім тапаром і паплёўваў у далоні. Дзевяць жыцьцяў заплачана за адно жыцьцё ягонага бацькі, Айца Нашага, які ў чысьцілішчы. Гамлеты ў хакі страляюць без хістаньняў. Крывавая разьня ў пятым акце прадказвае канцэнтрацыйны лягер, апеты містэрам Суінбэрнам.
Крэнлі, я, ягоны маўклівы даручнік, які сочыць за бітвамі здалёк.
Сьмяротных ворагаў патомкі й маткі,Паміж усьмешкай сакса й зьвягам янкі. Ці чорт, ці д’ябал.
— Ён будзе даказваць, што ”Гамлет” — гэта гісторыя пра прывідаў, — сказаў Джон Эглінтан для містэра Ная. — Ён, як той тоўсты хлопец у Піквіка, хоча, каб наша кроў застыгла ад жаху.
О, слухай, слухай, слухай!Мая кроў слухае яго: застыглая, слухае.
Як толькі ты...— А што такое прывід? — запытаўся Стывэн з трапяткім запалам. — Нехта, хто стаў неадчувальным празь сьмерць, адсутнасьць або зьмену звычаяў. Альжбетанскі Лёндан гэткі ж далёкі ад Стратфарду, як разбэшчаны Парыж ад цнатлівага Дубліну. Хто гэта той прывід зь limbo patrum[6], які вяртаецца ў сьвет, дзе пра яго забыліся? Хто такі кароль Гамлет?
Джон Эглінтан перасунуў сваё шчуплае цела, адхіляючыся ўзад, каб узважыць.
Чапіла.
— Якраз тая самая гадзіна дня ў сярэдзіне чэрвеня, — пачаў Стывен, хуткім позіркам просячы іхняй увагі. — Над тэатрам ля рэчкі паднялі сьцяжок. Непадалёк, у Парыскім парку, раве ў сваёй яме мядзьведзь Сэкерсан. Старыя мачталазы, што плавалі з Дрэйкам, жуюць каўбаскі сярод публікі ў партэры.
Мясцовы калярыт. Давай усё, што ведаеш. Зрабі іх прысутнікамі.
— Шэкспір выйшаў з дому гугенотаў на Сылвэрстрыт і праходзіць каля лебядзіных клетак усьцяж рэчкі. Але ён не спыняецца, каб накарміць самку, якая заганяе ў чаротнік свой вывадак лебядзяткаў. У лебедзя Эйвану іншыя думкі.
Кампазыцыя месца. Ігнацы Ляёла, пасьпяшай мне на падмогу!
— П’еса пачынаецца. У паўзмроку ўзьнікае актор, апрануты ў неданошаную кальчугу з плячэй прыдворнага бычка, мужчына мажнага складу зь нізкім голасам. Гэта прывід, гэта кароль, кароль і не кароль, а актор — сам Шэкспір, які ўсе гады свайго жыцьця, не аддадзеныя марнасьці над марнасьцю, вывучаў ”Гамлета”, каб зайграць ролю здані. Ён прамаўляе да Бэрбэджа, маладога актора, які стаіць насупроць яго па другі бок сьмяротнай заслоны, называе яго па імені:
Гамлет, я твайго бацькі духі просіць яго выслухаць. Ён прамаўляе да сына, сына свае душы, маладога прынца Гамлета, і да сына свайго цела, Гамнэта Шэкспіра, які памёр у Стратфардзе, каб той зь ягоным імем мог жыць вечна.
— Ці магчыма, каб актор Шэкспір, прывід праз адсутнасьць, а ў шатах пахаванай Даніі прывід празь сьмерць, гаворачы ўласныя словы да носьбіта імені ўласнага сына (калі б Гамнэт Шэкспір жыў, ён быў бы блізьнюком прынца Гамлета), — няўжо гэта магчыма, я хачу ведаць, няўжо праўдападобна, каб ён не зрабіў ці не прадбачыў лягічных высноваў з гэтых перадумоваў: ты пазбаўлены спадчыны сын — я забіты бацька — твая маці вінаватая каралева, Эн Шэкспір, народжаная Хэтуэй?
— Але ж вы сунеце нос ў прыватнае жыцьцё вялікага чалавека, — нецярпліва пачаў Расэл.
Ага, прыяцель, і ты?
— Цікавае толькі для парафіяльнага пісара. Я хачу сказаць, у нас ёсьць п’есы. Я хачу сказаць, калі мы чытаем паэзію ”Караля Ліра” — што нас абыходзіць, як жыў паэт? Калі справа ў жыцьці, яго маглі б пражыць за нас нашы слугі, як сказаў Вілье дэ Ліль. Падглядваюць і падслухоўваюць закулісныя будзённыя плёткі, пра паэтава п’янства, пра паэтавы даўгі. Мы маем ”Караля Ліра” — і ён несьмяротны.
Аблічча містэра Ная, да якога ён зьвяртаўся, пагадзілася.
Бруі над імі хвалямі ды водамі струменнымі,А як, дабрадзею, з тым фунтам, што ён пазычыў табе, калі ты галадаў?
Авохці, я ж быў у патрэбе.
Прыймі гэты дукат.
Няхай цябе! Ты яго амаль цалкам пакінуў у пасьцелі Джарджыны Джонсан, дачкі сьвятара. Джала грэху.
А ты намераны яго аддаць?
О, так.
Калі? Цяпер?
Ну... не.
Дык калі?
Я заплаціў за сваё. Я заплаціў за сваё.
Спакойна. Ён з таго берагу Бойну. Паўночнаусходні куток. Ты яму вінаваты.
Пачакай. Пяць месяцаў. Малекулы ўсе зьмяніліся. Я ўжо іншы я. Іншы я пазычаў фунт.
Быць ня можа.
Але я, энтэлехія, форма формаў, захоўваю я дзякуючы памяці, бо пад вечназьменнымі формамі.
Я, які грашыў, маліўся й пасьціў.
Дзіця, якое Конмі ўратаваў ад бярозавай кашы.
Я, я ды я. Я.
А. Э. Я вам вінаваты.
— Вы хочаце кінуць выклік трохсотгадовай традыцыі? — запытаўся зласьлівы голас Джона Эглінтана. — Прынамсі ейны прывід пахавалі назаўжды. Яна памерла, прынамсі для літаратуры, перад сваімі народзінамі.
— Яна памерла, — адказаў яму Стывэн, — шэсьцьдзесят сем гадоў пасьля сваіх народзін. Яна бачыла, як ён увайшоў у свет і зыйшоў зь яго. Яе першую ён трымаў у абдымках. Яна нарадзіла яму дзяцей і яна прыкрыла яму вочы медзякамі, калі ён ляжаў на сьмяротным ложы.
Сьмяротнае ложа маці. Сьвечка. Заслоненае люстра. Тая, што дала мне жыцьцё, ляжыць тут, зь медзякамі на павеках, прыўбраная букецікам танных кветак. Liliata rutilantium.
Я плакаў у самоце.
Джон Эглінтан глядзеў на скурчанага сьветлячка ў сваёй лямпе.
— Сьвет лічыць, што Шэкспір зрабіў памылку, — сказаў ён, — і паправіў яе так хутка, як толькі гэта было магчыма.
— Лухта! — рэзка адказаў Стывен. — Геній ня робіць памылак. Ягоныя пралікі намераныя, яны — брамы адкрыцьця.
Брама адкрыцьця расчынілася, прапускаючы бібліятэкараквакера, ціхарыпаногага, лысага, вушастага й заклапочанага.
— Наравістую, — наравіста азваўся Джон Эглінтан, — цяжка сабе ўявіць брамай адкрыцьця. Што карыснае адкрыў Сакрат дзякуючы Ксантыпе?
— Дыялектыку, — адказаў Стывэн, — а дзякуючы сваёй маці — умельства нараджаць думкі. А чаго навучыўся ён ад сваёй другой жонкі, Мірты (absit nomen![7]), ад Эпіпсыхідыёна Сакратыдыдыёна, таго ня ўведае ніколі ні адзін мужчына, ні жанчына. Аднак ні мудрасьць павітухі, ні жончын лямант не зьбераглі яго ад архонтаў з Шын Фэйн і ад іхняга кілішачка цыкуты.
— А Эн Хэтуэй? — палагодна сказаў ціхі голас містэра Ная. — Мы, здаецца, забываемся пра яе, як раней сам Шэкспір.
Ён перавёў свой позірк з задумлівай барады на зласьлівы чэрап, каб нагадаць і дабразычліва папракнуць, а потым на лысаружовую макаўку лялярда, безь віны абняслаўленага.
— У яго была ладная скарбоначка клёку, — сказаў Стывэн, — і памяць не дзіравая. Ён нёс успамін ў сваёй кайстры, калі шкандыбаў у сталічнае места, насьвістваючы ”Пакінуў я дзяўчо ў маркоце”. Калі б нават час ня быў пазначаны землятрусам, мы й так павінны былі ведаць, дзе ўсё гэта памясьціць — беднага зайчыка, які сядзіць слупком у схованцы, брэх сабакаў, набіваную аброць і яе блакітныя ваконцы. Той успамін, ”Вэнэра й Адоніс”, ляжаў у будуары ў кожнай лёнданскай верціхвосткі. Ці наравістая Катарына была непрыглядная? Гартэнзіё называе яе маладой і прыгожай. Ці вы думаеце, што аўтар ”Антонія й Клеапатры”, апантаны пілігрым, меў вочы на патыліцы й выбраў дзяліць сваё ложа найбрыдшую пабягушку ва ўсім Уорыкшыры? Добра: ён яе кінуў і заваяваў сьвет мужчынаў. Але ягоныя гераіні, якіх ігралі хлапчукі, гэта гераіні хлапчукоў. Іхняе жыцьцё, думкі, словы далі ім самцы. Ён няўдала выбраў? Мне здаецца, гэта яго выбралі. Іншыя дзьмухаліхухалі на свайго Ўіла, а Эн у хаце веяла на свайго. Гэта яна вінаватая, ліха мяне бяры. Яна сурочыла яго як сьлед, дваццацішасьцігадовая павабніца. Шэравокая багіня, што нахіляецца над юнаком Адонісам, апускаецца з вышыні, каб яго скарыць, быццам пралёг да ўзбрынялай дзеі, гэта й ёсьць бессаромная дзеўка са Стратфарду, што валіць у пшанічную ніву свайго каханка, які маладзейшы за яе.
А мая чарга? Калі?
Прыйдзі!
— У жытнюю ніву, — сьветларадасна ўдакладніў містэр Най, радаснасьветла падымаючы свой новы нататнік.
І зь бялявым задавальненьнем ён усім прамармытаў:
У жытняй ніве ля дубровыПарыс: добра задаволены задавальняльнік.
Рослая фігура ў калматай саматканцы ўзьнялася зь ценю й адсланіла свой каапэратыўны гадзіньнік.
— Баюся, мяне зачакаюцца ў ”Хоўмстэд”.
Куды ён? На ворны грунт.
— Вы ўжо адыходзіце? — спыталіся рухавыя бровы Джона Эглінтана. — Ці пабачымся вечарам у Мура? Прыйдзе Пайпэр.
— Пайпэр? — пайпнуў містэр Най. — Пайпэр ужо вярнуўся?
Пітэр Пайпэр поранкам пёр пірог з горкай рэпай.
— Ня ведаю, ці змагу. Чацьвер. У нас сустрэча. Калі толькі дам рады выйсьці ў час.
Ёгабогазброд у мэбляваных пакоях Доўсана. ”Ізыда бяз покрыва”. Іхнюю сьвятую кнігу на мове палі мы спрабавалі аднаго разу аддаць пад заклад. Пад парасонам, скрыжаваўшы ногі, уладарыць ацтэцкі Лёгас, які дзеіць на розных астральных узроўнях, іхняя звышдуша, махамахатма. Верныя гермэтысты чакаюць, калі азорыць іх сьвятло, дасьпяваюць да пасьвячэньня ў вучні, карагодзяць вакол яго. Луіс Х. Віктары, Т. Колфілд Ірвін. Дзевы Лётасу ловяць іхнія пагляды, шышкападобныя залозы ў іх палаюць. А ён уладарыць, напоўнены сваім богам, Буда пад трыпутнікам. Душаў завіхральнік, паглынальнік. Мужадушы, жонадушы, душна ад душаў. З жалобным лямантам віхруюць, кружаць, кружаныя лямантуюць.
У квінтэсэнцыяльнай нікчэмнасьці— Кажуць, нас чакае літаратурная неспадзеўка, — прыязнапаважным тонам сказаў бібліятэкарквакер. — Ходзіць чутка, што містэр Расэл рыхтуе зборнік вершаў нашых маладых паэтаў. Мы чакаем зь вялікай зацікаўленасьцю.
Зь вялікай зацікаўленасьцю ён глянуў у сноп праменьняў лямпы, дзе блішчэлі тры абліччы, асьветленыя.
Прыгледзься гэтаму. Запомні.
Стывэн глянуў уніз на безгаловы капялюх, пачэплены на ручцы трысьціны над ягоным каленам. Мой шалом і меч. Дакраніся зьлёгку ўказальнымі пальцамі. Экспэрымэнт Арыстотэля. Адзін ці два? Неабходнасьць ёсьць тое, у выніку чаго рэчам становіцца немагчыма быць паіншаму. Знача, адзін капялюш і ёсьць адзін капялюш.
Паслухай.
Малады Колам і Старкі. Джордж Робэртс займаецца гандлёвым бокам. Лонгуарт як належыць раструбіць пра гэта ў ”Экспрэсе”. О, сапраўды? Мне спадабаўся ”Паганяты” Колама. Так, я думаю, у яго ёсьць тая дзіўная рэч, геніяльнасьць. Дык вы лічыце, што ён і сапраўды геніяльны? Ейтс захапляўся ягоным радком: Як грэцкая ваза у дзікай зямлі. Праўда? Я спадзяюся, вы ўсёткі прыйдзеце сёньня вечарам. Малахі Маліган таксама прыйдзе. Мур папрасіў яго прывесьці Хэйнса. Вы чулі жарт міс Мічэл пра Мура й Мартына? Пра тое, што Мур — гэта грэх маладосьці Мартына? Надзвычай дасьціпна, праўда? Яны абодва нагадваюць Дон Кіхота й Санча Пансу. Як пагаворвае доктар Сыгерсан, наш нацыянальны эпас яшчэ ня створаны. Мур — чалавек здольны на гэтае. Наш дублінскі рыцар засмучонага аблічча. У шафранавай спадніцы? О’Ніл Расэл? Ну як жа, ён павінен гаварыць на вялікай старажытнай мове. А ягоная Дульцынэя? Джэймс Стывэнс піша даволі разумныя нарысы. Здаецца, мы набываем значнасьць.
Кардэлія. Cordoglio[8]. Самая самотная зь Ліравых дачок.
Глухмень. А цяпер твой парыскі бляск.
— Вельмі вам дзякую, містэр Расэл, — сказаў Стывэн, устаючы. — Калі б вы мелі ласку перадаць гэты ліст містэру Норману...
— О, так. Ён яго зьмесьціць, калі палічыць важным. Ведаеце, мы атрымліваем шмат карэспандэнцыі.
— Я разумею, — сказаў Стывэн. — Дзякую.
Памагай Бог. Сьвіная газэтка. Быкамбратэрская.
— Сынг таксама абяцаў мне артыкул у ”Дану”. Ці будуць нас чытаць? Адчуваю, што ўжо чытаюць. Гаэльская Ліга хоча чагосьці паірляндзку. Спадзяюся, вы прыйдзеце вечарам. Прывядзеце Старкі.
Стывэн зноў сеў.
Правёўшы тых, хто выходзіў, вярнуўся бібліятэкарквакер. Чырванеючы, ягоная маска сказала:
— Містэр Дэдал, вашы погляды надзвычайна ўсё разьясьняюць.
Парыпваючы, ён ступіў на пальчыках туды й сюды, бліжэй да нябёсаў на вышыню абцасу, і, заглушваны шумам разьвітаньня, запытаўся паціху:
— Значыць, вы мяркуеце, што яна не была верная паэту?
Устрывожаны твар пытаецца ў мяне. Чаму ён падыйшоў? Ветлівасьць ці ўнутраная азоранасьць?
— Дзе было прымірэньне, — сказаў Стывэн, — там раней мусіла быць расстаньне.
— Так.
Хрысталіс у скураных куртатых портках, уцякач, які хаваецца ад аблавы ў спарахнелых дуплах. Ня мае лісы, самотна ўцякаючы ад пагоні. Жанчын ён хіліў на свой бок, мяккі пол, блудніцаў бабілёнскіх, судзейскіх матрон, жонак грубіянскіх карчмароў. Ліс і гусі. А на Нью Плейс разьлезлае апаганенае цела, калісьці такое прыгожае, такое далікатнае, сьвежае як маладая ліпка, а сёньня лісьце апала зь яе дагала, напужанае цеснай магілай і нераскаянае.
— Так. Дык вы думаеце...
Зачыніліся дзьверы.
Супакой раптам запанаваў у вусьцішнай склепеністай каморцы, супакой цёплага й задумлівага паветра.
Лямпа вэсталкі.
Тут ён раздумвае пра нязбытае: пра тое, як бы жыў Цэзар, калі б паверыў прадказальніку — пра тое, што б магло быць — пра магчымасьці магчымага як такога — пра няведамыя рэчы — пра тое, якое ймя насіў Ахілес, калі жыў сярод жанчын.
Вакол мяне думкі, замкнёныя ў трунах, у саркафагах, набальзамаваныя слоўнымі духмянасьцямі. Тот, бог бібліятэкаў, птахабог, каранаваны месяцам. І я пачуў голас таго эгіпецкага першасьвятара. У мяляваных палацах з глінянымі кнігамі.
Яны нерухомыя. Калісьці варушылі чалавечыя мазгі. Нерухомыя: але таіцца ў іх сьмяротны сьверб, нашэптвае мне ў вуха жаласьлівую аповесьць, накідвае мне іхнюю волю.
— Несумненна, — раздумваў Джон Эглінтан, — з усіх вялікіх людзей ён самы загадкавы. Мы нічога аб ім ня ведаем акрамя таго, што ён жыў і цярпеў. А нават і гэтага ня ведаем. Хто іншы адкажа на наша пытаньне. А ўсё астатняе ахінутае змрокам.
— Але ж ”Гамлет” — надзвычай асабістая рэч, ня думаеце? — заступіўся містэр Най. — Я хачу сказаць, гэта амаль прыватны дзёньнік, ведаеце, зь ягонага асабістага жыцьця. Я хачу сказаць, што мяне зусім не хвалюе, хто там у яго забіты, а хто вінаваты...
Ён паклаў цнатлівы нататнік на ўскрай стала, усьміхаючыся з выклікам. Ягоны прыватны дзёньнік у арыгінале. Ta an bad ar an tir. Taim imo shagart[9]. Пашмаруй гэта ангельскім маслам, малыджон.
Мовіць малыджон Эглінтан:
— Пасьля таго, што нам распавёў Малахі Маліган, я быў падрыхтаваны да парадоксаў, але мушу вас папярэдзіць: калі вы хочаце пахіснуць маю веру ў тое, што Шэкспір ёсьць Гамлет, дык вас чакае цяжкое заданьне.
Крыху цярплівасьці.
Стывэн стрываў атрутны пагляд недаверлівых вачэй, што строга паблісквалі зпад насупленых броваў. Базылішак. E quando vede l'uomo l'attosca[10]. Мэсір Брунэта, дзякуй табе за слова.
— Падобна як мы або маці Дана безупынна тчэм і распускаем нашы целы, — сказаў Стывэн, — малекулы якіх дзень і ноч снуюцца туды й назад, гэтак і мастак тчэ й распускае свой вобраз. І падобна да таго, як радзімка ў мяне на грудзях на тым самым месцы з правага боку, як і была пры маіх народзінах, хоць усё цела ўжо шмат разоў было ператканае з новай матэрыі, гэтак у прывідзе незаспакоенага бацькі зноў ажывае вобраз нежывога сына. У хвіліну найвышэйшай напругі ўяўленьня, калі наш дух, паводле Шэлі, зырыцца як сьвежы прысак, зьліваюцца ў адно той, кім я быў, і той, кім я ёсьць, і той, кім я, магчыма, буду. Такім чынам у будучыні, што даводзіцця сястрой мінуламу, я, можа быць, убачу сябе такім, як сяджу тут цяпер, але толькі вачыма таго, кім я буду тады.
Ты перайшоў па гэтай кладачцы з дапамогай Драманда з Хаторндэну.
— Так, — молада сказаў містэр Най. — Мне Гамлет бачыцца зусім маладым. Магчыма, што горыч у ім — ад бацькі, але сцэны з Афэліяй — несумненна ад сына.
Пальцам у неба. Ён у маім бацьку. Я ў ягоным сыне.
— Гэтая радзімка зьнікне апошняй, — сказаў Стывэн са сьмехам.
Джон Эглінтан зрабіў дужа незадаволеную міну.
— Калі б гэта было знакам генія, — сказаў ён, — геніямі гандлявалі б на кірмашы. П’есы апошніх гадоў Шэкспіра, якімі так захапляўся Рэнан, тхнуць іншым духам.
— Духам прымірэньня, — тхнуў біблятэкарквакер.
— Ня можа быць прымірэньня, — сказаў Стывэн, — калі раней не было расстаньня.
Ужо казаў.
— Калі хочаце даведацца, цені якіх падзеяў ляглі на пякельную часіну ”Караля Ліра”, ”Атэла”, ”Гамлета”, ”Тройла й Крэсыды”, — паспрабуйце разгледзець, калі ды як гэтыя цені зьнімаюцца. Што разьмякчыць сэрца чалавека, Разьбітага морскай бурай, Дасьведчанага як сам Уліс, Пэрыкла, князя Тыру?
Галава, пад сьпічастай чырванашапкай, завушаная, сьлёзапраліўная.
— Дзіця, дзяўчынка ў яго на руках, Марына.
— Схільнасьць сафістаў да апакрыфічных кружняў — велічыня пастаянная, — выкрыў Джон Эглінтан. — Гасьцінцы нудныя, але яны вядуць у горад.
Добры Бэкан: ужо пакрыўся цьвільлю. Шэкспір — грэх маладосьці Бэкана. Жанглёры лічбамі й шыфрамі йдуць па гасьцінцах. Дасьледнікі ў вялікіх пошуках. Якое места, шаноўныя спадары? Замаскараджаныя імёнамі: А. Э., эон; Магі, Джон Эглінтан. На ўсход ад сонца, на захад ад месяца: Tir na nog[11]. Абое абутыя й з посахамі.
Колькі міляў да Дубліну?— Містэр Брандэс прыймае, — сказаў Стывэн, — што гэта першая п’еса канчатковага пэрыяду.
— Сапраўды? А што на гэта кажа містэр Сыднэй Лі, ён жа й Сайман Лазар, як некаторыя сьцьвярджаюць?
— Марына, — сказаў Стывэн, — дзіця буры, Міранда — цуд, Пэрдыта — страчаная. Што было страчанае, вярнулася да яго: дзіця ягонай дачкі. Мая дарагая жонка, кажа Пэрыкл, была падобная да гэтай дзяўчынкі. Ці мужчына будзе кахаць дачку, калі ён не кахаў жонкі?
— Мастацтва быць дзедам, — зашаптаў містэр Най. — L'art d'ętre grand...
— Чалавеку, які мае тую дзіўную рэч, геніяльнасьць, толькі ягоны ўласны вобраз служыць меркай усялякага досьведу, практычнага й духоўнага. Гэткае падабенства кране яго. Вобразы іншых самцоў, сваякоў па крыві, яго адштурхнуць. Ён у іх угледзіць адно гратэскныя намогі прыроды прадказаць ці паўтарыць яго самога.
Ласкавае чало бібліятэкараквакера засьвяцілася ружовай надзеяй.
— Я спадзяюся, містэр Дэдал распрацуе сваю тэорыю шырэй дзеля публічнае прасьветы. І мы абавязкова павінны згадаць яшчэ аднаго камэнтатараірляндца — Джорджа Бэрнарда Шоў. Нельга тут таксама забыцца пра містэра Фрэнка Харыса. У яго несумненна бліскучыя артыкулы пра Шэкспіра ў ”Сатэрдэй Рэв’ю”. Як ні дзіўна, ён таксама падкрэсьлівае тую няўдалую сувязь са смуглай дамай санэтаў. Шчасьлівым супернікам — Уільям Хэрбэрт, граф Пэмбрук. Але я ўпэўнены, што калі нават паэт і быў адрынуты, гэта больш гарманізавала б — як тут сказаць? — з нашым уяўленьнем пра тое, чаго не павінна было быць.
Усьцешаны, ён замоўк, выцягнуўшы да іх сваю пакорлівую галаву — яйка алькі, узнагароду для пераможцы ў спрэчцы.
Ён зьвяртаецца да яе дастойнымі мужасловамі. Ці кахаеш, Мірыям? Ці кахаеш твайго мужа?
— І гэта магчыма, — пагадзіўся Стывэн. — У Гётэ ёсьць адно выказваньне, якое містэр Магі любіць цытаваць. Асьцерагайся таго, чаго прагнеш у маладосьці, бо атрымаеш тое ў сьпелым жыцьці. Чаму ён пасылае да вядомай buonaroba[12], да тае затокі, дзе ўсе мужчыны кідалі якар, да фрэйліны са скандальным дзявоцтвам, якогасьці лордзіка, каб той пазаляцаўся замест яго? Ён жа сам быў ужо лордам пісьменства і шляхотным кавалерам і напісаў ”Рамэа й Джульету”. Чаму? Вера ў сябе самога была заўчасна забітая. Першы раз, калі яго здужалі ў пшанічнай ніве (у жытняй, трэба было б сказаць), і пасьля гэтага ён ужо ніколі не адчуе сябе пераможцам і не згуляе пераможна ў гульню сьмеху й пакладзін у пасьцель. Удаванае донжуанства не ўратуе яго. Яго так перавярнула, што як ні выварочвай, ранейшага ня вернеш. Дзікавы ікол прабіў яго там, дзе кроў выцякае з каханьня. Хоць наравістую ўтаймуюць, у яе заўсёды застанецца нябачная жаночая зброя. Ёсьць, я гэта адчуваю за ягонымі словамі, нейкая жыгучка, якая распальвае ягонае цела для новае страсьці, яшчэ цямнейшай за першую, што зацямняе нават ягонае разуменьне самога сябе. Падобны лёс чакае яго зноў, і дзьве апантанасьці закручваюцца ў адзін вір.
Слухаюць. А ў вушы я ўліваю ім.
— Ягоная душа ўжо раней была сьмяротна параненая, ліхое зельле ўлілі ў вуха заснулага. Але тыя, каго забілі ў сьне, ня могуць ведаць, якім спосабам іх усьмерцілі, калі толькі Творца не надзеліць гэтым веданьнем іхнія душы ў будучым жыцьці. Ні пра атручаньне, ні пра зьвера з дзьвюма сьпінамі, які быў гэтаму прычынай, ня мог бы ведаць прывід караля Гамлета, калі б гэтым веданьнем яго не надзяліў ягоны творца. Вось чаму ягоныя словы (настроеныя ангельскім ладам) заўсёды кіруюць недзе ўзбоч, назад. Гвалтаўнік і згвалтаваная, тое, чаго ён хацеў бы, але яму ня хочацца, ідзе зь ім ад паўшар’яў Люкрэцыі колеру слонавай косьці зь сінімі жылкамі да голых грудзей Імагены зь пяцікропкавай радзімкай. Ён вяртаецца назад, умораны творамі, якія нагрувасьціў, каб схавацца ад самога сябе, стары сабака, які залізвае старую рану. Але ягоныя страты — гэта ягоны прыбытак, і ён адыходзіць у вечнасьць зь нязьменшанай асобай, не навучаны ні мудрасьцю, што сам запісаў, ні законамі, што сам адкрыў. Ягоны шалом адкрыты. Ён цяпер прывід, ён цень, вецер сярод скалаў Эльсынору, або што хочаце, голас мора, чутны адно ў сэрцы таго, хто ёсьць існасьцю ягонага ценю, сынам, адзінасутным бацьку.
— Амін! — адказалі яму ад дзьвярэй.
Дык ты знайшоў мяне, непрыяцелю мой?
Entr'acte[13].
З разбэшчаннм абліччам, панурым як у каноніка, Бык Маліган у вясёлым блазенскім строі йшоў насустрач іхнім прывітальным усьмешкам. Мая тэлеграма.
— Калі не памыляюся, ты разважаеш пра газападобнага хрыбетніка? — запытаўся ён у Стывэна.
Цытрынаважоўты, ён радасна слаў усім прывітаньні, махаючы панамай, быццам блазенскай булавой.
Яны сардэчна вітаюць яго. Was Du verlachst wirst Du noch dienen[14].
Вывадак кпліўцаў: Фотый, псэўдаМалахія, Ёган Мост.
Той, Хто зачаў Сам Сябе, празь Сьвятога Духа, і Сам паслаў Сябе, Адкупіцелем, між Сабою й іншымі, Хто, схоплены ворагамі Сваімі, аголены й сьцябаны, быў прыбіты быццам кажан да варотаў пуні, памёр ад голаду на крыжы, Хто даў пахаваць Яго, уваскрос, распусьціў пекла, падаўся на неба й засядае там ужо дзевятнаццаць стагодзьдзяў праваруч Самога Сябе але яшчэ вернецца ў апошні дзень судзіць жывых і мёртвых калі ўсе жывыя будуць ужо мёртвыя.
Glo—o—ri—a inex — cel — sis De —o.[15]
Ён узносіць рукі. Заслоны падаюць. О, кветкі! Званы са званамі са званамі ўслаўляюць.
— Так, сапраўды, — сказаў бібліятэкарквакер. — Надзвычай павучальная дыскусія. У містэра Малігана, я ўпэўнены, таксама свая тэорыя наконт п’есы й наконт Шэкспіра. Трэба ўлічваць усе бакі жыцьця.
Ён усьміхнуўся пароўну на ўсе бакі.
Бык Маліган, зацікаўлены, задумаўся.
— Шэкспір? — спытаўся ён. — Я, здаецца, чуў гэтае ймя.
Лётная ўсьмешка засьвяціла промнем зь ягоных абвіслых рысаў.
— Ну як жа, — радасна сказаў ён, прыгадаўшы. — Гэта ж той самы, які піша як Сынг.
Містэр Най павярнуўся да яго:
— Вас шукаў Хэйнс, — сказаў ён. — Вы зь ім не сустрэліся? Ён пабачыцца з вамі потым у ДПС. А цяпер ён пайшоў да Гіла купіць ”Любоўныя песьні Конахту” Хайда.
— Я йшоў праз музэй, — сказаў Бык Маліган. — Ён тут быў?
— Суродзічам барда, — заўважыў Джон Эглінтан, — пэўна ўжо надакучылі нашы бліскучыя тэорыі. Я чуў, што адна акторка ў Дубліне ўчора зайграла Гамлета чатырыста восьмы раз. Вайнінг сьцьвярджаў, нібыта прынц быў жанчынай. Ці ніхто не спрабаваў зрабіць зь яго ірляндца? Здаецца, судзьдзя Бартан займаецца пошукамі доказаў. Ён (я маю на ўвазе ягоную каралеўскую высокасьць, а не судзьдзёўскую мосьць) прысягаецца сьвятым Патрыкам.
— Але самае бліскучае — тое апавяданьне Уайлда, — сказаў містэр Най, падымаючы свой бліскучы нататнік. — ”Партрэт У.Х.”, дзе ён даказвае, што санэты былі напісаныя нейкім Уілам Х’юсам, чалавекам усіх колераў.
— Былі прысьвечаныя Ўілу Х’юсу, вы хацелі сказаць? — запытаўся бібліятэкарквакер.
Або Хілу Ўюсу. Або самому сабе, Уільяму Хлусу. У. Х.: угадай, хто я?
— Так, прысьвечаныя Ўілу Х’юсу, — сказаў містэр Най, ахвотна ўносячы папраўку ў сваю глёсу. — Безумоўна, тут скрозь парадоксы, ведаеце, Х’юс і hews[16] і hues[17], але гэта для яго вельмі тыповае, як ён усё замешвае. Тут, ведаеце, самая сутнасьць Уайлда. Лёгкі падыход.
Ягоны позірк лёгка падыйшоў і крануў іхнія твары, калі ён, бялявы эфэб, усьміхаўся. Утаймаваная сутнасьць Уайлда.
Ты дужа востры на розум. Кульнуў тры чарачкі віскі за дукаты магістра Дызі.
Колькі я прапусьціў? Ат, пару шылінгаў.
На гурму газэтнікаў. Гумор мокры й сухі.
Досьціп. Ты аддаў бы ўвесь свой досьціп за пышную шату маладосьці, у якой ён красуецца. Азнакі спатоленага жаданьня.
Іх будзе яшчэ шмат. Вазьмі яе для мяне. У час спароўваньня. Юпітар, пашлі ім халодны час юру. Але, пагалубіся зь ёю.
Ева. Голы пшанічналонны грэх. Гад абвівае яе, джаліць пацалункам.
— Вы думаеце, гэта ўсяго толькі парадокс? — спытаўся бібліятэкарквакер. — Насьмешніка не прыймаюць усур’ёз, якраз калі ён найбольш сур’ёзны.
Яны ўсур’ёз размаўлялі пра сур’ёзнасьць насьмешніка.
Зноў азмрочанае аблічча Быка Малігана на хвілю глянула на Стывэна. Потым, хітаючы галавой, ён падыйшоў да яго й выцягнуў з кішэні згорнутую тэлеграму. Ягоныя рухавыя вусны пачалі яе чытаць і заўсьміхаліся са сьвежым захапленьнем.
— Тэлеграма! — выкрыкнуў ён. — Цудоўнае натхненьне! Тэлеграма! Папская була!
Ён прысеў на ражок неасьветленага стала й з радасьцю прачытаў уголас:
— Сэнтымэнтальным трэба назваць таго, хто здольны браць насалоду, не абавязваючы адказнасьцю за ўчыненае. Падпісана: Дэдал. Адкуль ты гэтае выцягнуў? З бардаку? Не. З Каледжу Грын. Чатыры фунты ўжо прапіў? Цётка намерваецца пагаманіць з тваім убогасутным бацькам. Тэлеграма! Малахі Маліган, ”Карабель”, Ніжняя Эбістрыт. О, беспрыкладны блазьнюк! О, рукапаложаны кінчыянец!
Ён з уцехай сунуў тэлеграму з канвэртам у кішэню й раптам загаласіў крыўдлівым прастамоўем:
— Я вам тое й кажу, мой дзядзьку, сохнем і дрыхнем мы, Хэйнс ды я, а тутака яшчэ й тую нісуць. А маркота такая нас разьбірае за бутляй сівухі, што, нябось, і манаха разабрала б, нават лядашчага ў етым дзелі. А мы посідам сідзімо, адну гадзіну, другую, трэйцюю ў Конэры, ды ўсё чакаемо, калі дастанем хоць па пінце на пысу.
Ён заенчыў!
— Ды во нас тамака заела, а ты, залацюткі, нас і ведаць ні хочаш, а яшчэ пісуліны шлеш такія, што ў нас языкі павылазілі на локаць, і ў глотцы пякотка дзярэць, рыхтык бы дзячку на хаўтурах.
Стывэн зарагатаў.
Бык Маліган хутка нахіліўся да яго, зь перасьцярогай:
— Тоя бадзяга Сынг усюды цябе шукае, каб забіць, — сказаў ён. — Ён дачуўся, што гэта ты абасцаў ягоныя дзьверы ў Гластуле. І ён выпусьціўся ў сырамятніках, каб цябе забіць.
— Мяне! — усклікнуў Стывэн. — Гэта быў твой уклад у літаратуру.
Бык Маліган адхіліўся, задаволены, і ягоны сьмех ўзьняўся пад цёмную чуйную столь.
— Прыб’е цябе! — сьмяяўся ён.
Грубы твар, як у страхотнай пачвары, нападаў на мяне, калі мы праседжвалі над мяшанкай з трыбухоў і лёгкіх на вуліцы СэнАндрэдэзАр. Словы супроць слоў дзеля слоў, palabras[18]. Ойсін з Патрыкам. Як ён сустрэў у Кламарскім лесе фаўна, які махаў бутэліцай віна. C'est vendredi saint![19] Мардуе ірляндзкую мову. Блукаючы, ён напаткаў свой вобраз. А я — свой. Напаткаў я дурня ў лесе.
— Містэр Лістэр, — сказаў памочнік, прачыніўшы дзьверы.
— ... дзе кожны можа знайсьці, што яму трэба. Судзьдзя Мэдэн у ”Занатоўках магістра Уільяма Сайлэнса” знайшоў у яго паляўнічую тэрміналёгію... Так, што такое?
— Там прыйшоў адзін джэнтльмэн, сэр, — сказаў памочнік, падыходзячы й працягваючы візытоўку. Ён з ”Фрымэна". Хоча перагледзець падшыўку ”Кілкэні Піпл” за мінулы год.
— Калі ласка, калі ласка, калі ласка. Ці гэты джэнтльмэн? ...
Ён узяў паслужлівую візытоўку, глянуў, не разглянуў, адклаў, не паглянуўшы, зноў паглядзеў, запытаўся, рыпнуў, запытаўся:
— Ці ён? ... А, вунь там!
Жвава ў гальярдзе ён пайшоў сабе прэч, навонкі. На калідоры, у сьвятле дня, загаварыў ён вымоўна, заклапочана й парыўна, з пачуцьцём абавязку, самым сумленным, самым ветлівым, самым шчырым квакерам.
— Вось гэты джэнтльмэн? ”Фрымэнс Джорнэл”? ”Кілкэні Піпл”? Напэўна. Добры дзень, сэр. ”Кілкэні ..." Напэўна маем...
Цярплівая постаць слухала й чакала.
— Усе галоўныя правінцыйныя... ”Нозэрн Віг”, ”Корк Ікзэмінэр”, ”Эніскорты Гардыян”, 1903 ... Хочаце паглядзець? ... Івэнс, завядзеце джэнтльмэна... Калі ласка за гэтым па... Або дазвольце, я сам... Сюды... Калі ласка, сэр...
Вымоўны й паслужлівы, ён павёў да ўсіх правінцыйных; цёмная прыгнутая постаць пайшла за ягоным сьпешлівым крокам.
Дзьверы зачыніліся.
— Гэта той пархаты! — усклікнуў Бык Маліган.
Ён борзда ўскочыў і падхапіў візытоўку.
— Як яго называюць? Іцак Мойша? Блюм.
Ён затраскатаў:
— Нямаш ужо Яговы, зьбіральніка крайняе плоці. Я напаткаў яго ў музэі, калі зайшоў туды пакланіцца пеннароджанай Афрадыце. Грэцкія вусны, якіх ніколі не скрывіла малітва. Мы кожнага дня павінны аддаваць ёй шанаваньне. Жыцьцё жыцьця, твае вусны полымем грэюць.
Нечакана, ён павярнуўся да Стывэна.
— Ён ведае цябе. І ведае твайго старога. Ох, баюся я, што ён большы грэк за саміх грэкаў. Вочы ягоныя, бледнага галілейца, так і прыліплі да ейнае сподняе лагчынкі. Вэнэра Прыўкрасназадая. О, навальніца таго ўлоньня! Пан гоніць, дзяўчына ўцякае.
— Мы хочам паслухаць далей, — вырашыў Джон Эглінтан са згодай містэра Ная. — Нас зацікавіла місіс Ш. Раней мы пра яе думалі, калі ўвогуле думалі, як пра такую верную Грызэльду, Пэнэлёпу каляпечкі.
— Антыстэн, вучань Горгія, — пачаў Стывэн, — адабраў пальму красы ў распладной самкі Кюрыёса Мэнэлая, аргоскай Алены, ад тае драўлянае траянскае кабылы, у якой начаваў цэлы полк герояў, і перадаў яе сьціплай Пэнэлёпе. Ён пражыў у Лёндане дваццаць гадоў, і быў такі час, калі ён меў даход роўны лордуканцлеру Ірляндыі. Ён жыў багата. Ягонае мастацтва, больш чым мастацтва фэадалізму, як называе яго Ўолт Уітмэн, было мастацтвам перасыці. Гарачыя селядцы, зялёныя келіхі з херэсам, сосы на мёдзе, павідла з ружавых пялёсткаў, марцыпаны, галубы начыненыя агрэстам, цукраванае карэньне. Калі прыйшлі арыштоўваць сэра Ўолтэра Рэйлі, на ім быў строй коштам паўмільёна франкаў і, у тым ліку, карсэт апошняе моды. Ліхвярка Эліза Тудар сваёй бялізнай магла б пусьціць пыл у вочы каралеве Сабе. Дваццаць гадоў ён пырхаў паміж сужонскім ложам зь ягонымі чыстымі радасьцямі і блудлівым каханьнем зь ягонымі гідкімі насалодамі. Вы ведаеце гэтую гісторыю Манінгама пра тое, як жонка аднаго мяшчаніна, убачыўшы Дыка Бэрбэджа ў ”Рычардзе Трэцім”, запрасіла яго ў сваю цёплую пасьцель, а Шэкспір падслухаў і, ня робячы шмат шуму зь нічога, схапіў карову за рогі, і калі Бэрбэдж прыходзіць і грукае ў дзьверы, Шэкспір яму адказвае зпад коўдры раганосца: Уільям Заваёўнік караляваў перад Рычардам Трэцім. І порсткая весялуня, паненачка Фітан, асядлай і крыкні Но!, і ягоная далікатная пташачка ледзі Пэнэлёпа Рыч, і рафінаваная сьвецкая дама падыходзіць актору, і дзеўкі з набярэжнай, па пэнсе за раз.
КурляРэн. Encore vingt sous. Nous ferons de petites cochonneries. Minette? Tu veux?[20]
— Вяршкі высокага сьвету. І маці сэра Ўільяма Дэвэнанта з Оксфарду, у якой кварта віна для кожнага маркітуна.
Бык Маліган, набожна падняўшы вочы, малітоўна зацягнуў:
— Багаслаўлёная Маргарыта Марыя Маркітунская!
— І дачка Генры шасьціжоннага й іншыя сяброўкі з блізкіх маёнткаў, якіх апеў шляхотны паэт ЛаўнТэнісан. Але як вы мяркуеце, што рабіла усе гэтыя дваццаць гадоў бедная Пэнэлёпа ў Стратфардзе за ромбікамі шыбаў?
Дзей, дзей. Зьдзеялася. У разарыі батаніка Джэрарда на Фэтэрлэйн, ён праходжваецца, шэравокасівавалосы. Блакітны званочак, як яе жылкі. Павекі вачэй Юноны, фіялкі. Праходжваецца. Усяго адно жыцьцё нам дадзенае. Адно цела. Дзей. Але толькі дзей. Далёка, у попахах юру і ўбоства, рукі кранаюць беласьць.
Бык Маліган моцна ляснуў у стол Джона Эглінтана.
— А вы каго падазраваеце? — запытаўся ён з выклікам.
— Скажам, ён адрынуты каханак у санэтах. Адрынуты раз, адрынуты другі. Аднак прыдворная баламутка кінула яго дзеля лорда, дзеля ягонага маёдарагоекаханьне.
Каханьне, якое не асьмельваецца назваць сваё ймя.
— Вы хочаце сказаць, што ён, як ангелец, — уставіў Джон упарты Эглінтан, — кахаў лорда.
Старыя муры, дзе мільгаюць нечаканыя яшчаркі. У Шарантоне я назіраў за імі.
— Так яно выглядае, — сказаў Стывэн, — калі ён хоча зрабіць і яму, і ўсім іншым нявыкалашаным лонам тую сьвятую паслугу, якую стайнік робіць жарабку. Быць можа, у яго, як і ў Сакрата, была наравістая жонка й маціпавітуха. Але тая порсткаклубая злосьніца не парушала шлюбнага абяцаньня. Дзьве думкі вярэдзяць спакой таму прывіду: парушанае абяцаньне й тупагаловы мужычыска, якога яна надзяліла сваёй міласьцю, брат памерлага мужа. У салодкае Эн, я ўпэўнены, была гарачая кроў. Спакусіўшы раз, яна спакусіць і другі.
Стывэн рэзка павярнуўся ў фатэлі.
— Ноша доказу на вас, не на мне, — сказаў ён, нахмарыўшы бровы. — Калі вы пярэчыце таму, што ў пятай сцэне ”Гамлета” ён паставіў на ёй таўро ганьбы, дык скажэце мне, чаму пра яе няма ні аднае згадкі на працягу тых трыццаці чатырох гадоў, ад таго дня, калі яна выйшла за яго, ажно да таго, калі яна яго пахавала. Усім гэтым жанчынам даводзілася праводзіць у магілу сваіх мужчынаў: Мэры — свайго пачцівага Джона, Эн — беднага дарагога Ўіла, калі той вярнуўся да яе паміраць, разьлютаваны, што яму трэба першаму, Джоан — чатырох братоў, Джудыт — мужа і ўсіх сыноў, Сюзэн — таксама мужа, а дачка Сюзэн, Элізабэт, калі выказацца словамі дзядулі, выйшла за другога, зьвеўшы са сьвету першага.
О так, згадка ёсьць. У тыя гады, калі ён заможна жыў у каралеўскім Лёндане, ёй, каб заплаціць доўг, давялося пазычыць сорак шылінгаў у пастуха свайго бацькі. Дык растлумачце гэта. А заадно растлумачце й тую лебядзіную песьню, у якой ён рэкамэндаваў яе нашчадкам.
Ён прыгледхеўся да іхняга маўчаньня.
На гэта Эглінтан:
Вы пра тастамант.Пруу!
— У тыя часы гожы люд вясковы ня меў зашмат хатняга дабытку, — заўважыў Джон Эглінтан, — як, зрэшты, і сёньня, калі верыць нашым п’есам з мужыцкага жыцьця.
— Ён быў багатым земляўласьнікам, — адказаў Стывэн. — з уласным гербам, маёнткам пад Стратфардам і домам на Ірляндзкім падворышчы, ён быў пайнікам у фінансавых укладаньнях, мог праводзіць законы ў парляманце, зьбіраў падатак ад арандатараў. Дык чаму ён не пакінуў ёй найлепшы свой ложак, калі жадаў ёй прахрапці ў супакоі астатак яе начэй?
— Відаць, былі два ложкі, адзін — найлешы, а другі такі сабе, ненайлепшы, — тонка заўважыў містэр Ненайлепшы Най.
— Separatio a mensa et a thalamo[21], — палепшыў Бык Маліган, выклікаючы іхнія ўсьмешкі.
— У старажытных згадваюцца славутыя ложкі, — расьцягнуліся ў ложкусьмешкі вусны Нялепшага Эглінтана. — Дайце мне падумаць.
— У старажытных згадваецца, што Стагірыт, той школьны вісус і лысы паганскі мудрэц, — сказаў Стывэн, — паміраючы на выгнаньні, вызваліў і абдараваў сваіх нявольнікаў, аддаў пашану продкам і запісаў у сваёй волі, каб яго пахавалі побач з астанкамі свае нябожчыцыжонкі. Сяброў жа ён прасіў паклапаціцца пра сваю даўнюю каханку (узгадаем тут новую Герпіліс, Нэл Гвін) і дазволіць ёй жыць у сваёй віле.
— А вы лічыце, што ён таксама так памёр? — зьлёгку заклапочана спытаўся містэр Най . — Я маю на ўвазе...
— Ён памёр п’яны ў супону, — закрыў пытаньне Бык Маліган. — Піва збан — каралеўская страва. Не, я лепш вам скажу, што сказаў Доўдэн!
— Што? — спытаўся Найэглінтан.
Уільям Шэкспір і Ска, з абмежаванай адказнасьцю. Уільям для ўсіх. Пра ўмовы пытаць: Э. Доўдэн, Хайфільдхаўз...
— Дасканала! — закахана ўздыхнуў Бык Маліган. — Я ў яго запытаўся, што ён думае пра абвінавачаньне ў пэдэрастыі, вынесенае супроць барда. А ён узьнёс уверх рукі й сказаў: Мы можам толькі сказаць, што ў тыя часы жыцьцё буяла высока. Дасканала!
Гомасэксуал.
— Пачуцьцё прыгажосьці вядзе нас на ростані, — сказаў прыгожыўжурбе Най брыдкаму Эглінтану.
А непахісны Джон адказаў жорстка:
— Сэнс гэтых слоў нам можа растлумачыць лекар. Немагчыма, каб і воўк быў сыты, і авечкі цэлыя.
Так мовіш? Няўжо яны вырвуць у нас, у мяне пальму красы?
— І пачуцьцё ўласнасьці таксама, — сказаў Стывэн. — Шэйлака ён выцягнуў з сваіх неабсяжных кішэняў. Сын ліхвяра й гандляра соладам, ён і сам быў ліхвяром і гандляром збожжам, прыхаваўшы дзесяць корцаў зерня ў час галодных бунтаў. Ягонымі даўжнікамі былі без сумліву тыя самыя асобы розных веравызнаньняў, пра якіх гаворыць Чэтл Фальстаф і якія засьведчылі ягоную сумленнасьць у гандлёвых справах. Ён падаў у суд на аднаго з сваіх калегаўактораў за некалькі мяхоў соладу й спаганяў хунт людзкога мяса на працэнт ад кожнае пазыкі. Бо як жа іначай стайнік Обры й памочнік суфлера мог бы так хутка разбагацець? Усе падзеі лілі ваду на ягоны млын. У Шэйлаку чуваць водгукі таго цкаваньня жыдоў, якое паднялося, калі Лёпэса, лекара каралевы, павесілі й чвартавалі, а ягонае жыдоўскае сэрца вырвалі з грудзей, пакуль пархаты яшчэ дыхаў; у ”Гамлеце” й ”Макбэце” чуваць водгукі ўзыходу на трон шатляндзкага філязофніка, які любіў прыпякаць вядзьмарак. У ”Марных намогах каханьня” ён пацьвельвае з пагібелі Вялікай Армады. Ягоныя гістарычныя хронікі плывуць поўным махам на хвалі захапленьняў у духу Мафэкінгу. Судзяць езуітаў з Уорыкшыру — і мы маем прыдзьверніка з тэорыяй двухсэнсоўнасьці. Вяртаецца ”Морская рызыка” з Бэрмудзкіх астравоў — і пішацца п’еса, якой захапляўся Рэнан, а ў ёй — Пэтсі Калібан, наш амэрыканскі сваяк. Саладжавыя санэты зьявіліся сьледам за санэтамі Сыдні. А што да фэі Элізабэт, ці рыжай Бэс, гуляшчай цнатлівіцы, якая натхніла ”Віндзорскія свавольніцы”, дык хай ужо нейкі майнхер з Алеманіі корпаецца ўсё жыцьцё ў глыбейшых сэнсах на дне каша з бруднай бялізнай.
Табе, здаецца, ідзе вельмі спраўна. Яшчэ толькі прымяшай дробку тэалёгафілялёгалягічнага. Mingo, minxi, mictum, mingere[22].
— Дакажыце, што ён быў жыдам, — наважыўся Джон Эглінтан са спадзевам. — Ваш дэкан лічыць, што ён быў рымскім католікам.
Sufflamindus sum[23].
— У Нямеччыне зь яго зрабілі, — адказаў Стывэн, — галоўнага францускага шліфавальніка італьянскіх скандалаў.
— Бязьмернамудры чалавек, — мудра прыгадаў містэр Най. — Кольрыдж назваў яго бязьмернамудрым.
Amplius. In societate humana hoc est maxime necessarium ut sit amicitia inter multos[24].
— Сьвяты Тамаш, — пачаў Стывэн...
— Ora pro nobis[25], — мыкнуў Мык Маліган, апускаючыся ў крэсла.
І загаласіў жалобным завываньнем:
— Pogue mahone! Acushla machree![26] Цяпер мы прапалі бяз рэшты! Прапалі дашчэнту!
Усе заўсьміхаліся сваімі ўсьмешкамі.
— Сьвяты Тамаш, — сказаў, сьмеючыся, Стывэн, — чые тоўстапузатыя творы мне так прыемна чытаць у арыгінале, піша аб кровазьмяшаньні зь іншага пункту гледжаньня, чымсьці тая новая венская школа, пра якую гаварыў містэр Магі: на свой мудры й своеасаблівы спосаб ён прыраўноўвае яго да скупасьці пачуцьцяў. Ён мае на ўвазе, што, ахвяруючы каханьне блізкаму па крыві, тым самым скупяцца абдзяліць ім чужаніцу, які, можа быць, патрабуе яго. Жыды, якім хрысьціяне прыпісваюць скупасьць, з усіх нацый найбольш схільныя да адзінакроўных жанімстваў. Але гэткія абвінавачаньні стаўляюцца ў злосьці. Тыя ж хрысьціянскія законы, што далі жыдом падставу для нагрувашчваньня багацьцяў (ім, як і лялярдам, прыпынішчам служыла бура), адначасова закавалі жалезнымі абручамі кола іхніх схільнасьцяў. Грэх гэта ці дабрадзейства — адкажа нам стары Ніхтоайцец у судны дзень. Але чалавек, які так моцна ўхапіўся за тое, што ён называе сваімі правамі над тым, што ён называе сваімі абавязкамі, таксама моцна ўхопіцца й за тое, што ён называе сваімі правамі над той, якую называе сваёй жонкай. І няхай ніводзін навакольны сэр Смайл не жадае ні ягонага вала, ні ягонай жонкі, ні слугі, ні служанкі, ні ягонага асла.
— Ні ягонай асьліцы, — заантыфоніў Бык Маліган.
— Вы занадта далі сабе волю ў адносінах да ветлівага Ўіла, — ветліва сказаў ветлівы містэр Най.
— Чыю волю? — мякка цьвяліў Бык Маліган. — Мы пачынаем блытацца.
— Воля жыцьця, — улез у філязофію Джон Эглінтан, — была воляй сьмерці для беднай Эн, удавіцы Ўіла.
— Requiescat![27] — памаліўся Стывэн.
Дзе наша воля дзеяньня?— Ёй, пакутніцыкаралеве, усё ж мулка было ляжаць на тым ненайлепшым ложку, хоць бы вы й даказалі, што ложак у тыя часы быў такой рэдкасьцю, як сёньня аўтамабіль, а разьблёныя аздобы на ім выклікалі захапленьне сямі парафій. На схіле сваіх дзён яна зыйшлася з прапаведнікамі (адзін зь іх спыняўся у Нью Плэйс і атрымліваў кварту херэсу на кошт гораду, аднак жа не выпадае пытацца, на якім ложку ён спаў) і дачулася, што ў яе ёсьць душа. Яна прачытала, ці можа ёй прачыталі, кніжачкі зь ягонае хатомкі і ўпадабала іх больш за ”Свавольніцы”; палягчаючыся на начным гаршку, яна раздумвала аб ”Гапліках і Гафтках на Нагавіцах Праўдзівага Верніка” ды аб "Самай Духоўнай Табакерцы для Чханьня Самых Набожных Душаў Прыстасаванай”. Вэнэра скрывіла свае вусны ў малітве. Джала грэху: згрызота сумленьня. Час, калі знатужанае курвельства навобмацак шукае сабе бога.
— Гісторыя пацьвярджае гэтую праўду, — inquit Eglintonus Chronolologus[28]. — Адзін узрост зьмяняецца другім. Але з высокааўтарытэтных крыніцаў нам вядома, што найгоршыя ворагі чалавека — ягоныя хатнія й сям’я. Мне здаецца, Расэл меў рацыю. Што нас абыходзіць ягоная жонка, ягоны бацька? Я б сказаў, што сямейнае жыцьцё йснуе толькі для паэтаў сямейнага быту. Фальстаф ня быў чалавекам сямейнага быту. А для мяне гэты тоўсты рыцар — вяршыня ягонага стваральнага генію.
Шчуплы, ён адхіліўся ўзад. Нясьмелы, адрачыся ад сваіх блізкіх, ціхмяных праведнікаў. Нясьмела вячэраючы зь бязбожнікамі, ён пазьбягае чары. Так яму наказаў гаспадар з ольстэрскага Антрыму. Наведвае яго тут штоквартальна. Містэр Магі, сэр, з вамі хоча пабачыцца нейкі чалавек. Са мною? Ён кажа, што ён ваш бацька, сэр. Падайце мне майго Ўордсварта. Уваходзе Магі Старэйшы Мэцью, у зрэбным рызмане шурпаты касматы кмет, на ім порткі з прышпіленым яйцаношам, панчохі запэцканыя тваньню дзесяці балотаў, галінка яблынідзічкі ў руцэ.
А твой? Ён ведае твайго старога. Удаўца.
Сьпяшаючы зь вясёлага Парыжу да ейнай убогай мярлогі, на прыстані я крануўся ягонай рукі. Голас прагучаў нечаканай цеплынёй. Яе лечыць доктар Боб Кэні. Позірк, які жадае мне дабра. Але мяне ня ведае.
— Бацька, — сказаў Стывэн, стараючыся перамагчы безнадзейнасьць, — гэта непазьбежнае зло. Ён напісаў тую п’есу неўзабаве пасьля сьмерці бацькі. Але калі вы лічыце, што ён, сіваваты мужчына з дзьвюма дочкамі на выданьні, ва ўзросьце трыццаці пяці гадоў, nel mezzo del cammin di nostra vita[29], і добрых пяцідзесяці па сваім досьведзе, — ён і ёсьць безбароды падшкаляр з Вітэнбэргу, тады вы мусіце лічыць, што ягоная маці, ужо гадоў сямідзесяці, гэта юрлівая каралева. Не. Труп Джона Шэкспіра не бадзяецца ўночы. Ён гадзіна за гадзінай гніе ў магіле. Ён спачывае, склаўшы ношу бацькоўства й перадаўшы гэтую містычную спадчыну сыну. Каляндрына ў Бакачыё быў першым і апошнім мужчынам, хто адчуваў, што зацяжарыў дзіцём. Мужчына ня ведае бацькоўства ў сэнсе сьвядомага зачацьця. Гэта — містычны стан, апостальская пераемнасьць ад адзінародзіча да адзінароднага. Менавіта на гэтай таямніцы, а не на мадоньне, якую хітры італьянскі розум шпурнуў эўрапейскай чэрні, стаіць Царква, і стаіць незварушна, бо стаіць, як сам сьвет, макра і мікракосмас, — на пустцы. На няпэўным, неверагодным. Магчыма, што amor matris[30], родны склон суб’екту й аб’екту, — гэта адзіная сапраўднасьць у жыцьці. Магчыма, што бацькоўства — гэта толькі юрыдычная фікцыя. Дзе ў любога сына такі бацька, што любы сын павінен любіць яго й сам ён любога сына?
Куды ж гэта, чортаў сын, ты кіруеш?
Ведаю. Заткніся. Хвігу пад нос! Я маю прычыны.
Amplius. Adhuc. Iterum. Postea[31].
Ці табе наканавана гэтым займацца?
— Цялесны сорам разьдзяляе іх гэтак моцнай перагародай, што крымінальныя аналы сьвету, сьпярэшчаныя ўсялякімі відамі кровазьмяшаньняў і блудадзействаў, амаль ня згадваюць пра яе парушэньне. Сыны з маткамі, бацькі з дочкамі, сёстрылесьбіянкі, каханьне, якое не асьмельваецца назваць сваё ймя, пляменьнікі з бабцямі, вязьні з замочнымі дзіркамі, каралевы з распладнымі бугаямі. Сын, пакуль не нарадзіўся, псуе фігуру; нараджаючыся, прыносіць пакуту, потым дзеліць бацькоўскія пачуцьці, прыбаўляе турботы. Прытым, ён мужчына: ягоны ўзыход — бацькаў зыход, ягоная маладосьць — бацьку на зайздрасьць, ягоны сябар — бацькаў вораг.
Я дадумаўся да гэтага на вуліцы МэсьёлеПрэнс.
— Што ў прыродзе іх зьвязвае? Міг сьляпога юру.
А я бацька? Калі б быў?
Паморшчаная няўпэўненая рука.
— Афрыканец Савелій, найхітрэйшы ерэсіярх з усяе палявое зьвярыны, сьцвярджаў, што Сам Айцец — Свой Уласны Сын. Бульдог Аквінскі, які не саступіць перад ніякім словам, абвяргае яго. Добра: калі бацька, у якога няма сына, ужо ня бацька, то ці можа сын, у якога няма бацькі, быць сынам? Калі Ратлэндбэкансаўтхэмптаншэкспір або нейкі іншы паэт з такім жа імем з тае камэдыі памылак напісаў ”Гамлета”, ён быў ня толькі бацькам свайго сына, але, ня будучы ўжо сынам, ён быў і адчуваў сябе бацькам усяго свайго роду, бацькам уласнага дзеда, бацькам свайго ненароджанага ўнука, які, заўважым у дужках, ніколі й не нарадзіўся, бо прырода, паводле разуменьня містэра Магі, цураецца дасканаласьці.
Эглінбонтонныя вочы, хутка пажвавеўшы, кінулі сарамяжліваясны позірк. Задаволена зіркае, гліняны пурытанін.
Прыхвальвай. Зрэдку. Але прыхвальвай.
— Сам сабе бацька, — сказаў сам сабе Сынмаліган. — Чакайце. Я зацяжарыў. У мяне ненароджанае дзіцё ў мозгу. АтэнаПаляда! Паставім п’есу! Дазвольце мне разрадзіцца.
Ён сьціснуў свой лоналоб абедзьвюма акушэрскімі рукамі.
— Што да ягонай сям’і, — працягваў Стывэн, — дык род ягонай маці жыве й дасюль у Ардэнскім лесе. Яе сьмерць спарадзіла ў яго сцэну з Валюмніяй у ”Карыяляне”. Сьмерць ягонага сыночка — гэта сцэна сьмерці маладога Артура ў ”Каралі Джоне”. Гамлет, чорны прынц, гэта Гамнэт Шэкспір. Кім былі дзяўчаты ў ”Буры”, у ”Пэрыкле”, у ”Зімовай аповесьці” — мы ўжо ведаем. Кім была Клеапатра, гаршчок зь мясам у эгіпецкай зямлі, і кім Вэнэра, мы можам здагадвацца. Але ёсьць яшчэ адзін сямейнік, які пакінуў свой сьлед на ягоных бачынах.
— Інтрыга ўскладняецца, — сказаў Джон Эглінтан.
Бібліятэкарквакер, дрыпаючы, увайшоў на пальчыках, дрыпдрып, ягоная маска, дрыпдрып, ад сьпеху, дрыпдрыгала.
Дзьверы зачыніліся. Кельля. Дзень.
Яны слухаюць. Трое. Яны.
Я ты ён яны.
Давайце, спадары.
СТЫВЭН
У яго былі тры браты, Гілбэрт, Эдмунд, Рычард. Гілбэрт пад старасьць апавядаў нейкім паном, як аднога разу Спадар Касір даў яму дальбог задарма білет і як пабачыў ён тамака ў Лёндуне свайго брата Спадара Віла што драмы піша ў адной праяве дзе біліся і ў яго чалавек сядзеў на плячох. Каўбаса, што прадавалі на партэры, напоўніла душу Гілбэрта захапленьнем. Ён прапаў бязь сьледу — але нейкі Эдмунд і нейкі Рычард запісаныя ў творах любага Ўільяма.
МАГІГЛІНДЖОН
Імёны! Што значыць імя?
НАЙ
Рычард, разумееце, гэта маё ймя. Спадзяюся, што закінеце добрае слоўка за Рычардам, разумееце, так дзеля мяне.
(Сьмех.)
БЫК МАЛІГАН
(Piano, diminuendo[32])
Тут прамовіў мэдык ДыкСТЫВЭН
У ягонай тройцы чорных Уілаў, падкалодных трасіторбнікаў, Яга, Рычард Гарбун, Эдмунд у ”Каралі Ліры”, двум дадзеныя ймёны злых дзядзькоў. Дарэчы, тая апошняя п’еса была напісаная або якраз пісалася, калі ягоны брат Эдмунд паміраў у Саўтуорку.
НАЙ
Спадзяюся, што перападзе Эдмунду. Мне ня хочацца, каб Рычард, мой цёзка...
(Сьмех.)
КВАКЕРЛІСТЭР
(A tempo[33].) Але той, хто крадзе маё добрае ймя ад мяне...
СТЫВЭН
(Stringendo[34].) Ён схаваў сваё ймя, прыгожае ймя Ўільям, у сваіх п’есах, даўшы яго дзе статысту, дзе клоўну, як на карцінах у старых італьянцаў мастак часамі піша самога сябе недзе ў цёмным куточку палатна. Але ён выставіў яго дапераду ў санэтах, дзе Ўільяма хапае зь лішкам. Як Джону О’Гонту, гэтак і яму ўласнае ймя было дарагое, ня менш дарагое за герб і шчыт, дзеля якіх ён падхалімнічаў, на чорным пасе кап’ё са срэбным вастрыём, honorificabilitudinitatibus[35], і больш дарагое за славу найвялікшага трасісцэньніка ў краіне. Што значыць імя? Гэтае пытаньне кожны з нас ставіць сабе ў дзяцінстве, калі ўпершыню піша тое ймя, якое, як яму сказалі, ёсьць ягоным. Зорка, што сьвеціць і ў дзень, агнявы дракон, узьнялася на неба пры ягоных народзінах. Яна самотна сьвяціла сярод белага дня, ясьней за Вэнэру ўночы, а начамі мігцела над дэльтай Касыяпэі, сузор’я, што разьлеглася сярод зорак ягоным ініцыялам. Ягоныя вочы глядзелі на яе, якая стаяла блізка да небасхілу, на ўсход ад Мядзьведзіцы, калі апоўначы ён ішоў паўзь летнія дрымотныя гоні, вяртаючыся з Шотэры й зь яе абдымкаў.
Абодва задаволеныя. Я таксама.
Толькі не кажы ім, што яму было дзесяць гадоў, калі яна пагасла.
І зь яе абдымкаў.
Чакаеш, каб цябе спакушалі й здабывалі. Але, пястунчык. Хто цябе стане спакушаць?
Чытай у нябёсах. Autontimerumenos. Bous Stephanoumenos[36]. Дзе тваё сузор’е? Стыві, Стыві дарагі, дзялі роўна пірагі. С. Д.: sua donna. Giŕ: di lui. Gelindo risolve di non amar. S. D[37].
— Але што гэта было, містэр Дэдал? — запытаўся бібліятэкарквакер. — Якоенебудзь нябеснае зьявішча?
— Уночы — зорка, — адказаў Стывэн. — А днём — воблачны слуп.
Пра што яшчэ сказаць?
Стывэн акінуў позіркам свой капялюш, кіёк, чаравікі.
Stephanos[38], мая карона. Мой меч. Ягоныя чаравікі выкрыўляюць мне ступні. Трэба купіць пару. Дзіравыя шкарпэткі. І хустачку.
— Вы няблага абыйгрываеце ягонае ймя, — прызнаў Джон Эглінтан. — Дый вашае ўласнае досыць дзіўнае. Мне здаецца, яно тлумачыць ваш эксцэнтрычны склад думкі.
Я, Магі й Маліган.
Легендарны штукар, чалавеккаршун. Ты лётаў. Куды? Ньюхэйвэн — Д’еп, пасажыр трэцяй клясы. У Парыж і назад. Кнігаўка. Ікар. Pater, ait[39]. Падбітакрылы, кіданы хвалямі, заліваны. Кнігаўка, вось ты хто. Кнігаўка ён.
Містэр Най зь ціхім запалам падняў свой нататнік і сказаў:
— Гэта вельмі цікава, таму што матыў брата, ведаеце, сустракаецца і ў старажытнаірляндзкіх мітах. Якраз тое, пра што вы гаворыце. Тры браты Шэкспіры. І ў Грыма таксама, ведаеце, у казках. Там заўсёды трэці брат жэніцца з заснулаю каралеўнаю ды здабывае найлепшае.
Най з найлепшых братоў. Добры, лепшы, найлепшы.
Бібліятэкарквакер скокнуўстаў побач.
— Мне хацелася б ведаць, — сказаў ён, — якога брата вы... Я зразумеў, вы намякаеце, што былі правінныя зносіны з адным з братоў... Ці, можа, я забягаю наперад?
Ён злавіў сябе на сьвежым учынку: паглядзеў на ўсіх: паўстрымаўся.
Памочнік клікнуў ад парога:
— Містэр Лістэр! Айцец Дайнін просіць...
— О, айцец Дайнін! Зараз іду.
Хуткім крокам разраз з хуткім рыпам разраз ён разраз аддаліўся.
Джон Эглінтан заняў пазыцыю.
— Давайце, — выклікаў ён. — Паслухайма, што вы маеце сказаць пра Рычарда й Эдмунда. Вы захавалі іх на астатак, праўда?
— Спадзявацца, каб вы запомнілі двух шляхетных сямейнікаў, дзядзьку Рычы й дзядзьку Эдмунда, — адказаў Стывэн, — гэта, відаць, ужо зашмат. Братоў забываюць так жа лёгка, як парасоны.
Кнігаўка.
А дзе твой брат? У аптэкара. Мая мянташка. Ён, потым Крэнлі, Маліган — цяпер гэтыя. Гутаркі, гутаркі. Але дзейнічай. Дзейнічай гутаркай. Яны цябе цьвяляць, выпрабоўваючы. Дзейнічай. Адказвай на ўзьдзеяньне.
Кнігаўка.
Я змарыўся ўласным голасам, голасам Ісава. Каралеўства за глыток.
Далей.
— Вы скажаце, што тыя ймёны ўжо былі ў хроніках, адкуль ён браў матэрыял для п’есаў. Тады чаму ён выбраў гэтыя, а ня іншыя? Рычард, курвельскі гарбун, байструк, заляцаецца да аўдавелай Эн (што значыць імя?), спакушае й здабывае яе, курвельскі сын — вясёлую ўдавіцу. Рычардзаваёўнік, трэці брат, каралюе пасьля Ўільяма заваяванага. Усе астатнія чатыры акты тае п’есы вяла распускаюцца зь першага. Рычард — адзіны з усіх каралёў, каго Шэкспір не засланяе шчытом пашаноты, гэтым анёламабаронцам сьвету. Чаму пабочная інтрыга ў ”Каралі Ліры”, дзе выступае Эдмунд, выхапленая з ”Аркадыі” Сыдні й прылатаная да кельцкае легенды перадгістарычнай даўнасьці?
— Такая была Ўілава воля, — заступіўся Джон Эглінтан. — Гэта ня значыць, што мы сёньня павінны зьляпляць скандынаўскую сагу з урыўкам раману Мэрэдыта. Que voulezvous?[40], як сказаў бы Мур. У яго й Багемія знаходзіцца над морам, а Уліс цытуе Арыстотэля.
— Чаму? — гаварыў Стывэн, сам сабе адказваючы. — Таму што тэма братападманшчыка, братазахопніка, братачужаложніка ці брата, у якім усё гэта адразу, была тым для Шэкспіра, чым бедныя не былі: тым, што заўсёды з табою. Нота выгнаньня, выгнаньня з сэрца, выгнаньня з дому, гучыць бесьперапынна, пачынаючы ад ”Двух вэронцаў”, ажно да таго моманту, калі Проспэра ломіць сваю булаву, закопвае яе на колькі сажняў у зямлю й топіць сваю кнігу. Гэтая нота раздвойваецца ў палове ягонага жыцьця, адгукаецца ў іншым, паўтараецца, пратасіс, эпістасіс, катастасіс, катастрофа. Яна паўтараецца зноў, калі ён ужо над магілай, а ягоная замужняя дачка Сюзэн, выліты татачка, абвінавачваецца ў чужаложніцтве. Нічога іншага як грэх першародны зацьмяніў яму розум, аслабіў волю й прышчапіў упорыстую цягу да злога. Такія дакладныя словы спадароў япіскапаў Мэйнуцкіх: грэх першародны, дапушчаны як грэх першародны кімсьці іншым, чыймі грахамі ён таксама грашыў. Гэта скрываецца між радкамі апошніх слоў, што ён напісаў, гэта застыла ў ягоным надмагільным камені, пад якім ня суджана было супачыць касьцям ягонай жонкі. Час гэтага ня сьцёр. Краса й заміранасьць ня змылі. У незьлічоных адменьніках яно распылена паўсюдна ў сьвеце, што ён стварыў, у ”Многа шуму зь нічога”, двойчы ў ”Чаго пажадаеце”, у ”Буры”, у ”Гамлеце”, у ”Мерцы за мерку” і ва ўсіх іншых п’есах, якіх я не чытаў.
Ён расьсьмяяўся, каб вызваліць свой розум зь няволі свайго розуму.
Судзьдзя Эглінтан падсумаваў:
— Праўда пасярэдзіне, — сьцьвердзіў ён. — Ён прывід і ён прынц. Ён — усё ва ўсім.
— Так яно й ёсьць, — пагадзіўся Стывэн. — Хлопец зь першага акту — гэта сьпелы мужчына зь пятага. Усё ва ўсім. У ”Цымбэліне”, у ”Атэла” ён і зводнік, і раганосец. Ён дзейнічае, і на яго ўзьдзейнічаюць. Улюбёны ў ідэальнае або ў скажонае, ён, як Хазэ, забівае сапраўдную Кармэн. Ягоны няўтомны розум — як Яга, апантаны роганасланьнём і няўпынный прагай, каб маўр у ім заўжды пакутаваў.
— Рогі! Рогі! — юрліва рыкныў Рык Маліган. — О, сыгнал жаху!
Цёмнае скляпеньне ўхапіла, адгукнулася.
— Яга! Што за характар! — усклікнуў бясстрашны Джон Эглінтан. — Калі ўсё ўжо сказана, застаецца толькі пагадзіцца з Дзюмаfils (або, можа, з Дзюмаpčre?). Пасьля Бога больш за ўсіх стварыў Шэкспір.
— Не займаюць яго ні мужчыны, ні жанчыны, — сказаў Стывэн. — Пражыўшы жыцьцё ў адсутнасьці, ён вяртаецца на той лапік зямлі, дзе ён нарадзіўся, дзе заставаўся заўсёды, як малы хлопец і як сьпелы мужчына, нямым сьведкам; там ягонае жыцьцёвае вандраваньне закончваецца, і ён садзіць у зямлю сваю шаўкоўніцу. Потым памірае. Відовішча закончанае. Далакопы закідваюць Гамлета pčre й Гамлета fils. Нарэшце ён кароль і прынц у сьмерці, пад гукі адпаведнай музыкі. І яго аплакваюць, хоць папярэдне забілі й здрадзілі, усе далікатныя й чульлівыя сэрцы — бо ці будуць гэта дацкія, ці дублінскія, сэрцы, жаль па памёрлых для іх — адзіны муж, зь якім яны ня прагнуць разводу. Калі вам падабаецца эпілёг, прыгледзьцеся да яго даўжэй: заможны Проспэра — узнагароджаная дабрачыннасьць, Лізі — дзедавы каханы камячок, і дзядзька Рычы — злы чалавек, сасланы паэтычнай справядлівасьцю ў месца, куды йдуць дрэнныя мурыны. Вялікая заслона. У вонкавым сьвеце ён знайшоў зьдзяйсьненьне таго, што жыло як магчымасьць ва ўнутраным. Мэтэрлінк кажа: Калі зранку Сакрат выйдзе з дому, ён знойдзе мудраца, што прысеў на сваім парозе. Калі зьвечару вырушыць Юда, ягоныя крокі скіруюць да Юды. Кожнае жыцьцё — шматлікасьць дзён, адзін за адным. Мы йдзем праз саміх сябе, сустракаем разбойнікаў, прывідаў, волатаў, старых, маладых, жонак, удавіцаў, братоў па духу. Але кожны раз сустракаем саміх сябе. Той драматург, што напісаў фоліё гэтага сьвету, і напісаў яго дрэнна (Ён даў нам спачатку сьвятло, а сонца — два дні пасьля), пан усяго існага, каго найболей рымскія з католікаў называюць dio boia, богкат, без сумліву ёсьць усё ва ўсім ва ўсіх нас, ён стайнік і ён разьнік, і ён быў бы таксама зводнікам і раганосцам, калі б ня тое, што ў гаспадарцы нябеснай, як прадказаў Гамлет, няма болей шлюбаў, а ўслаўлены чалавек, анёландрагін, даводзіцца жонкай самому сабе.
— Eureka![41] — крыкнуў Бык Маліган. — Eureka!
Раптоўна ашчасьліўлены, ён падхапіўся й адным махам апынуўся пры стале Джона Эглінтана.
— Ці дазволіце? — спытаўся ён. — Госпад прамовіў да Малахіі.
Ён пачаў крамзоліць на бібліятэчным блянку.
Калі будзеш выходзіць — вазьмі колькі блянкаў са стойкі.
— Тыя, што пажаніліся, — сказаў салодкі вястун містэр Най, — хай сабе ўсе, акрамя аднаго, так і жывуць. Іншыя хай, як і раней, устрымоўваюцца.
Ён, нежанаты, засьмяяўся да Эглінтана Яганэса, мастацтваў бакаляўра, кавалера.
Ня маючы ні жонаў, ні каханых, пастак баючыся, яны кожную ноч гартаюць выданьне ”Ўтаймаваньня наравістай” з варыянтамі.
— Вы нас абдурылі, — напрасткі сказаў Джон Эглінтан Стывэну. — Вы нас працягнулі праз увесь той шлях, каб напрыканцы паказаць банальны трохкутнік. А вы самі верыце ў сваю тэорыю?
— Не, — адказаў Стывэн адразу.
— А ці ня хочаце вы запісаць гэта? — спытаўся містэр Най. — Вы павінны зрабіць з гэтага дыялёг, ведаеце, як тыя плятонскія дыялёгі, што пісаў Уайлд.
Джон Эклектыкан усьміхнуўся ўдвая.
— У такім выпадку, — сказаў ён, — я ня бачу, чаму вы мелі б спадзявацца нейкага ганарару, калі вы самі ў гэта ня верыце. Доўдэн верыць, што ў ”Гамлеце” хаваецца нейкая таямніца, але болей нічога ня хоча сказаць. Гер Бляйбтрой, чалавек, зь якім Пайпэр сустракаўся ў Бэрліне, разьвівае тэорыю наконт Ратлэнда й думае, што сакрэт схаваны ў стратфардзкім помніку. Пайпэр кажа, што ён зьбіраецца наведаць цяперашняга герцага й даказаць яму, што п’есы былі напісаныя ягоным продкам. Гэта будзе неспадзеўка для ягонай міласьці. Але ён верыць у сваю тэорыю.
Веру, о Госпадзе, дапамажы маёй няверы. Гэта значыць, дапамажы мне верыць ці дапамажы мне ня верыць? Хто дапамагае верыць? Egomen[42]. А хто — ня верыць? Іншы тып.
— Вы адзіны з усіх дапісчыкаў ”Даны”, хто дамагаецца срэбра. Ды я ня ўпэўнены наконт наступнага нумару. Фрэд Раен хоча, каб яму пакінулі месца для артыкулу па эканоміі.
Фрэдрайн. Пазычыў мне два срэбранікі. Каб ты зьняўся зь мелі. Эканомія.
— За адну гінэю, — сказаў Стывэн, — вы можаце апублікаваць гэтую гутарку.
Бык Маліган, усьміхаючыся, устаў знад сваіх сьмяшлівых каракуляў; потым паважна, падліваючы мёду ў зласьлівасьць, сказаў:
— Наведаўшыся зь візытам да барда Кінча ў ягоную летнюю рэзыдэнцыю на Верхняй Мэклэнбургстрыт, я засьпеў яго заглыбленага ў вывучэньне "Summa contra Gentiles"[43] у кампаніі дзьвюх ганарэйных дамаў, Сьвежай Нэлькі й Разалькі, курвы з вугальнай прыстані.
Ён перастаў.
— Хадзі, Кінч. Хадзі, вандроўны Энгус з птушкамі.
Хадзі, Кінч. Ты даеў ужо ўсё пасьля нас. Але, я прынясу табе рэшткі й аб’едкі.
Стывэн узьняўся.
Жыцьцё — шматлікасьць дзён. Гэты закончыцца.
— Мы з вамі пабачымся вечарам, — сказаў Джон Эглінтан. — Notre ami[44] Мур кажа, што Малахі Малігану там трэба быць.
Бык Маліган адкланяўся блянкам і панамай.
— Мэсьё Мур, — сказаў ён, — выкладчык францускага пісьменства для ірляндзкае моладзі. Я там буду. Хадзі, Кінч, бардам трэба выпіць. Ты можаш ісьці проста?
Насьміхаецца...
Жлукціць да адзінаццатай. Вечаровая ўцеха ірляндцаў.
Паяц...
Стывэн ішоў за паяцам...
Аднаго разу ў нас была дыскусія ў нацыянальнай бібліятэцы. Шэкс. Я йду за сьпінай паяца. Наступаю яму на мазоль.
Стывэн, разьвітаўшыся, амярцьвелы, ішоў за паяцаватым блазнам, гладкапрычасаным, сьвежавыгаленым, са скляпеністай кельлі ў сьляпучае й бяздумнае сьвятло дня.
Што я даведаўся? Пра іх? Пра сябе?
Цяпер ідзі як Хэйнс.
Заля для пастаянных чытачоў. У кнізе наведнікаў Кэшл Бойл О’Конар Фіцморыс Тысдэл Фарэл завівае свае полісылябусы. Пытаньне: ці Гамлет быў шалёны? Квакерская макаўка з сутанай у набожнай кніжнагамонцы:
— О, калі ласка, сэр... Я буду надзвычай задаволены...
Пацешны Бык Маліган усьцешыў сябе задаволеным шэптам, сабе самому кіўнуўшы:
— Задаволены азадак.
Турнікет.
Ці гэта..? Капялюшык з блакітнай стужкай... Піша бязуважна... Што? Паглядзела..?
Закругленасьць балюстрады; ціхабруісты Мінцый.
Пык Маліган, пад шаломам панамы, пераскокваў з прыступкі на прыступку, падпяваючы ямбамі:
Эглінтан Джон, салодкі Джон,І застракатаў:
— Ах, той кітаец без падбародка! Чын Чон Эг Лін Тон. Мы з Хэйнсам зайшлі ў той іхні тэатрык, што ў залі бляхароў. Як раней грэкі, як М. Мэтэрлінк, цяпер нашы акторы ствараюць новае мастацтва для Эўропы. Тэатр Абацтва! Я чую пот манаскай публікі.
Ён плюнуў насьлепа.
Забыўся: што ён зусім не забыўся, як яго адлупцаваў вашывы Люсі. І кінуў femme de trente ans[45]. І чаму не нарадзіліся іншыя дзеці? І першай была дзяўчынка?
Заднім розумам. Вярніся.
Строгі пустэльнік усё яшчэ там (мае свой кавалак пірага) і салодкі дзяцюк, пястун раскошы, фэдонавы бялявыя кучаркі.
Ээ... Я тут ээ... хацеў... забыўся... ён...
— Лонгварт і МакКэрды Аткінсан там таксама былі...
Пык Маліган, лёгка прытупваючы, трэліў:
Пачую — лаюцца засранцы,Блазнуй далей. Пазнай сябе.
Прыпыніўся ніжэй мяне, насьмешліва абмервае паглядам. Я запыняюся.
— Страхапут ты хаўтурны, — зжаліўся Бык Маліган. — Сынг ужо перастаў хадзіць у чорным, каб прыпадобніцца да людзей. Чорныя толькі вароны, ксяндзы й ангельскі вугаль.
Сьмех прабегся па ягоных вуснах.
— Лонгварт моцна занядужаў, — паведаміў ён, — пасьля таго, як ты напісаў пра тую старую атраху Грэгары. Ах ты, зап’янелы жыдаезуіт зь інквізыцыі! Яна табе мосьціць пасаду ў часопісе, а ты разносіш ейную чаўпню кібенімацеры. Няўжо нельга было пад Ейтса?
Ён рушыў уніз, строячы міны, цілікаючы ў такт плаўных помахаў рукамі:
— Найпрыгажэйшая з кнігаў, што выйшлі ў нашай краіне на маім вяку. Міжвольна прыгадваеш Гамэра.
Ён затрымаўся ля падножжа сходаў.
— Я нарадзіў п’есу для страхапутаў, — аб’явіў ён урачыстым тонам.
Заля з маўрытанскімі калёнамі, пераблытаныя цені. Закончыўся танец дзевяці маўраў у шапачках індэксаў.
Салодкагучнымі й зьменлівымі галасамі, Бык Маліган адчытаў свой пэргамін:
„Кожны Сам Сабе Жонка ці Мядовы Месяц у Жмені (народны амаралітэт у трох аргазмах) напісаны Яйцаводам Маліганам”
Ён павярнуў да Стывэна шчасную блазьнюкаватую ўсьмешку, кажучы:
— Я баюся, што маскі занадта празрыстыя. Але паслухай.
Ён стаў чытаць, marcato[46]:
— Асобы:
ТОБІ РУКАБЛУДЗКІ (вышмарганы паляк)
МАНДАВОШКА (разбойнік з узьлеску)
МЭДЫК ДЫК
і (два зайцы адным стрэлам)
МЭДЫК ДЭЙВІ
МАТУЛЯ ГРОГАН (вадаліўка)
СЬВЕЖАЯ НЭЛЬКА
і РАЗАЛЬКА (курва з вугальнай прыстані)
Пасьмейваючыся, ён ішоў паперадзе Стывэна, хітаў сюды й туды галавою й весела зьвяртаўся да ценяў, душаў людзей:
— О, тая ноч у Кэмдэнхоле, калі дочкі Эрыну мусілі падымаць свае спадніцы, каб пераступіць церазь цябе, калі ляжаў ты ў сваіх віннаколерных, шматколерных, прыўкрасназбыткоўных ванітах!
— Найнявіньнейшы з сыноў Эрыну, — адклікнуўся Стывэн, — дзеля якога тыя спадніцы каліколечы падымаліся.
Амаль ля самага выхаду, адчуўшы кагосьці ззаду, ён адступіўся.
Расстацца. Цяпер адпаведны момант. А потым куды? Калі зранку Сакрат выйдзе з дому, калі зьвечару вырушыць Юда. Чаму? Гэта ляжыць у прасторы, у якой мне трэба ў вызначаным часе апынуцца, непазьбежна.
Мая воля — і ягоная воля, якая глядзіць мне ў твар. Між намі прорва.
Чалавек прайшоў між імі, кланяючыся, вітаючыся.
— Яшчэ раз добры дзень, — сказаў Бык Маліган.
Портык.
Адсюль я назіраў за птушкамі, гадаючы зь іхняга лёту. Энгус з птушкамі. Яны адлятаюць, прылятаюць. Гэтае ночы я лётаў. Лёгка лётаў. Людзі зьдзіўляліся. Потым вуліца шлюхаў. Крэмавую дыню ён працягваў мне. Увайдзі. Убачыш.
— Вечны жыд, — прашаптаў Бык Маліган у камічнай боязі. — Ты не заўважыў ягоных вачэй? Ён глядзеў на цябе з пажадлівасьцю. Я баюся цябе, стары мараход. О, Кінч, ты перад загубай. Дастань сабе пас цноты.
Быкфардзкі звычай.
Дзень. Тачка сонца над лукам мосту.
Цёмная сьпіна йшла перад імі. Крокам леапарда, уніз, праз браму, пад вастрыямі кратаў.
Яны йшлі сьледам.
Абражай мяне далей. Гавары яшчэ.
Прыветлівае паветра адценьвала вуглы дамоў на Кілдарстрыт. Ніводнае птушкі. З комінаў над дамамі квола падымаліся два пёры дыму, пярэсьціліся, у мяккім павеве мякка распускаліся.
Перастань змагацца. Мір цымбэлінавых друідаў: найсьвяцейшы: алтар з прасторнай зямлі.
Усхвалема багоў[1]А ён трубу ўчыніў са сракі (італ.).
[2]Прывітаньне, рабі (лац.).
[3]Фу, як сорамна! (ням.).
[4]Ён шпацыруе, чытаючы ў кніжцы пра самога сябе (франц.).
[5]ГАМЛЕТ, ці РАСЬСЕЯНЫ, П'еса Шэкспіра (франц.).
[6]Край бацькоў (лац.).
[7]Імя прапусьцім! (лац.).
[8]Смутак (італ.).
[9]Лодка на беразе. Я сьвятар (ірлян.).
[10]І калі гляне на чалавека, атручвае яго (італ.).
[11]Краіна маладосьці (ірлян.).
[12]Модніца (італ.).
[13]Антракт (франц.).
[14]З чаго насьміхаесься, таму й паслужыш (ням.).
[15]Cлава Богу ў нябёсах (лац.).
[16]Ён сячэ (анг.).
[17]Колеры (анг.).
[18]Словы (гішп.).
[19]Гэта велікодная пятніца! (франц.).
[20]Яшчэ дваццаць су. Паспрабуем маленькай распусты. Мінэту? Хочаш?
(франц.).
[21]Адлучэньне ад стала й ложа (лац.).
[22]Сцу, сцаў, засцаны, сцаць (лац.). (Формы дзеяслова пададзеныя ў традыцыйным парадку, прынятым у слоўніках лацінскай мовы)
[23]Мяне трэба суняць (лац.).
[24]Далей. У чалавечай грамадзе конча неабходна, каб сяброўства спалучала шматлікіх (лац.).
[25]Маліся за нас (лац.).
[26]Пацалуй мяне ў сраку! Біцьцё майго сэрца! (ірлян.).
[27]Хай спачывае! (лац).
[28]Кажа Эглінтан Летапісец (лац.грэц.).
[29]У палове шляху нашага жыцьця (італ.).
[30]Любоў маці (лац.).
[31]Далей. Яшчэ. Зноў. Потым (лац.).
[32]Ціха, паніжаючы голас (італ.).
[33]Рытмічна (італ.).
[34]Прысьпешваючы (італ.).
[35]Які абсыпаны гонарамі (лац.).
[36]Самакаральны. Бык увенчаны ("стывэнізаваны") (грэц.).
[37]Сваю даму. Менавіта: яго. Астылы, вырашае не кахаць С. Д. (італ.).
[38]Вянок (грэц.).
[39]Бацька, кажа (лац).
[40]Чаго вы хочаце? (франц.).
[41]Я знайшоў (грэц.).
[42]Самое я (грэц.).
[43]"Сума супроць паганаў" (лац.).
[44]Наш сябар (франц.).
[45]Жанчына трыццаці гадоў (франц.).
[46]Акцэнтуючы (італ.).