БРОНЗА ЛЯ ЗОЛАТА ПАЧУЛІ КАПЫТАЖАЛЕЗА СТАлязвон нахабнбн бнбнбн.
Кавалачкі, абкусваючы кавалачкі з закарэлага пазногця, кавалачкі. Гідкае! І золата парумянела больш.
Сіплую ноту выдзьмухнуў.
Выдзьмухнуў. Сумотны Блюм у
Залатая карона валасоў.
Раздрыганая ружа на атласных грудзях у атласе, ружа Кастыліі.
Трэлямі, трэлямі: Ідалёрэс.
Гляньце! А хто там у... гляньцезолата?
Дзынь спагадліва бронзе прыдзвынкнуў.
І кліч, чысты, доўгі, вібруе. Даўжэй замірае кліч.
Покліч. Мяккае слова. Але глянь! Цьмянеюць ясны зоры. О, ружа! Ноты прашчабяталі адказ. Кастылія. Прамень сьвітаньня.
Бразгат бразгат брычкі бразгатлівай.
Манэта дзынкнула. Гадзіньнік загудзеў.
Прызнаньне. Sonnez. Не магу. Падвязка адцягнутая. Расстацца з табой. Лясь. La cloche! Сьцягно лясь. Прызнаньне. Цёплае. Каханая, бывай!
Бразь. Блю.
Крышыліся глухія акорды. Калі каханьне загарыць. Вайна! Вайна! Барабанная перапонка.
Ветразь! Хусьціна павявае панад хвалямі.
Прапала. Дрозд жаліў. Усё цяпер прапала.
Рог. Стаўрог.
Калі ўбачыў першы раз. На жаль!
Поўны шпор. Поўны пульс.
Цвыркоча. Ах, панада! Прынджвае.
Марта! Вярніся!
Плясьплясь. Плісьплясь. Плясюплясь.
Добрыбожа ніко ліўцэл ымжыць.
Глухі лысы Пэт прынёс бювар нож забраў.
Начны кліч пад месячным сьвятлом: даль: даль.
Мне так сумна. P. S. Так самотна блюмую.
Слухайце!
Рагаты й віты халодны морскірог. Табе ўстаў? Кожная й адна адной, плёскат і бязгучны рык.
Пэрлы: калі яна. Рапсодыі Ліста. Сссык.
Вы не?
Не — не, не — ня верыла — Лідлід. Певень курку кукарэку квок.
Чорныя.
Ніжнія актавы. Давай, Бэн, давай.
Трэба несьці есьці. Хіхі. Несьці табе хі.
Але пачакай!
Панурыя ў цёмным нутры зямлі. Груды руды.
Naminedamine. Усе прапалі. Усе палі ў бітве.
Тонкія, трапятлівыя завіткі папарацевых валасоў, яе дзявочых.
Амін. Зь лютым скрыгатам зубоў.
Туды. Сюды, туды. Халодны кол тырчаў.
Бронзалідыя ля Майнызалатой.
Каля бронзы, каля золата, у акіянсказялёным цені. Блюм. Стары Блюм.
У дзьверы грукгрук, стукстук, кукарэку квок.
Малецеся за яго! Малецеся, добрыя людзі!
Вузлаватыя пальцы шчоўкалі.
Вялікі Бэнабэн. Вялікі Бэнбэн.
Апошнюю ружу Кастыліі лета пакінуў блюм мне так сумна адзінока.
Пуі! Малы вецярок прыкнуў прыыы.
Шчырыя людзі. Лід Кэр Каў Дэ і Дол. Вово. Як вы. Узьнімуць свой дзынь і дзонь.
Ффф! Оо!
Дзе бронза зблізу? Дзе золата здалёк? Дзе капыты?
Рррпр. Браа. Баррааа.
Дык тады, не раней, як тады. Мая эппррытапффф. Будзе напрпффіс.
Кончыў.
Пачынай!
Бронза ля золата, галоўка міс Дус ля галоўкі міс Кэнэдзі, панад фіранкай бару ў Ормандзе, слухалі, як праносяцца віцэкаралеўскія капыты, звонкая сталь.
— Гэта яна? — спыталася міс Кэнэдзі.
Міс Дус адказала так, сядзіць са сваім, пэрлавашэрая й eau de Nil[1].
— Дасканалы кантраст, — сказала міс Кэнэдзі.
Зьнячэўку пажвавеўшы, міс Дус усклікнула з запалам:
— Глянь на таго ў цыліндры!
— Каторага? Дзе? — адгукнулася золата яшчэ большым запалам.
— У другой карэце, — сказалі вільготныя вусны міс Дус, бліснуўшы ўсьмешкай на сонцы. — Глядзіць сюды. Пусьці, я пагляджу.
Яна бронзавым імпэтам махнула ў другі куток і расплюснула твар на шкле ў імглістым арэоле ад яе прысьпешанага дыханьня.
Вільготныя вусны працвыркалі:
— Аглянуўся. Забіты.
Засьмяялася:
— О сьлёзы! Ці ж не страшэнныя ідыёты тыя мужчыны?
Са смуткам.
Міс Кэнэдзі смутна пахаджала, вышмыгнуўшы з зыркага сьвятла й заплятаючы павіслую пасмачку валасоў за вушкам. Смутна пахаджаючы, ужо не залатая, яна закручвала заплятала пасмачку. Смутна заплятала вышмыгнулую залатую пасмачку за закругленым вушкам.
— А ўся забава дык толькі для іх, — смутна сказала.
Мужчына.
Блюхто йшоў каля люлек Мулэнга, пестуючы на грудзях слодыч грэху, каля антыкварыяту Ўайна, пестуючы ў памяці салодкія грэшныя словы, каля цьмянага й пагнутага сталовага срэбра Кэрала, дзеля Рауля.
Калідорнік да іх, іх у бары, да бармэнак падыйшоў. Для іх, што яму не надавалі ўвагі, ён грукнуў на стойку тацу з бразгатлівай парцалянай. І
— Вось ваша гарбата, — сказаў.
Міс Кэнэдзі манэрна пераставіла тацу ніжэй на перавернутую скрыню ад мінэральнай вады, здалёк ад вачэй, на дол.
— А тамака што? — зычна спытаўся безманэрны калідорнік.
— Здагадайся, — адрэзала міс Дус, пакідаючы свой назіральны пункт.
— Твой beau[2], га?
Высакамерная бронза мовіла яму:
— Я на цябе паскарджуся місіс дэ Мэсі, калі яшчэ раз пачую такое нахабнае грубіянства.
— Нахабн бнбнбн, — хмыкнуў дзёрзкі лыч, як ён ішоў, калі яна пужала, адкуль прыйшоў.
Блюм.
Нахмарыўшыся над сваёй кветкай, міс Дус сказала:
— Невыносны малады шчанюк. Калі ён ня будзе сябе паводзіць, я яму вушы надзяру.
Дамападобная ў дасканалым кантрасьце.
— Ня зьвяртай увагі, — параіла міс Кэнэдзі.
Яна наліла гарбаты ў кубачак, потым назад у гарбатнік з кубачка. Яны схаваліся за рыфам стойкі, чакаючы на падножках, перагорнутых скрынях, пакуль гарбата нацягне. Яны папраўлялі блюзкі, абедзьве з чорнага атласу, ярд два шылінгі дзевяць, пакуль гарбата нацягне, і два шылінгі сем.
Так, бронза зблізу за золатам здалёк чулі сталь зблізу, звон капытоў здалёк, чулі сталькапытоў, звонкапытоў, звонкасталь.
— Ці я й сапраўды страшна загарэла?
Міс Бронза адблюзіла шыю.
— Не, — адказала міс Кэнэдзі. — Карычневай зробіцца пасьля. А ты спрабавала борную зь ляўравішнёвай вадой?
Міс Дус прыўстала, паглядзела на сваю скуру збоку ў баравым люстры з пазалотаю літар, у якой мігцелі келіхі рэйнскага й бургундзкага з ракавінай пасярэдзіне.
— А потым застаецца на руках, — сказала яна.
— Дык паспрабуй гліцэрынам, — параіла міс Кэнэдзі.
Разьвітаўшы сваю шыю й свае рукі, міс Дус
— Ад гэтых сродкаў адно высыпка сыплецца, — адмовіла, зноў села. — Я прасіла таго старога сыча ў Бойда даць мне штонебудзь для скуры.
Міс Кэнэдзі, наліваючы нацягнулую гарбату, з грымасай узмалілася:
— Ах, літасьці прашу, не ўпамінай мне пра яго!
— Не, пачакай, я табе раскажу, — папрасіла міс Дус.
Даліўшы салодкую гарбату малаком, міс Кэнэдзі вушкі затуліла пальчыкамі.
— Не, ня трэба! — усклікнула.
— Я нічога ня чую! — даўсклікнула.
А Блюм?
Міс Дус буркнула голасам старога сыча:
— Вам для чаго? пытае ён.
Міс Кэнэдзі адтуліла вушкі, каб чуць, каб гаварыць: але зноў сказала, зноў узмалілася:
— Не кажы мне пра яго, я не стрываю! Гідкі стары хрэн! Той вечар на канцэрце ў Эншэнт.
Гідліва глынула глыток настою, гарачага напою, глыток, глынула салодкай гарбаты.
— Так выглядаў, — сказала міс Дус, скасабочыўшы бронзавую галоўку й растапырыўшы ноздры. — Хмык! Хмык!
Пранізьлівы піск сьмеху вырваўся з горла міс Кэнэдзі. Міс Дус хрумкала й хмыкала праз ноздры, якія дрыгалі нахабнбн як лыч у понюхах.
— Ой! — піскнуўшы, піскнула міс Кэнэдзі. — Ты памятаеш, якія ў яго лупатыя вочы?
Міс Дус дасугучніла гулкабронзавым сьмехам, выкрыкваючы:
— Каб ён нас не сурочыў!
Блючые цёмныя вочы прачыталі ймя Арона Фігзбэра. А чаму мне заўсёды думаецца Фігазьбір? Відаць, ад зьбіраньня фігаў. А Праспэр Лярэ гэта гугеноцкае прозьвішча. Цёмныя вочы містэра Блюма блукалі па бласлаўлёных багародзіцах у вітрыне Басі. Блакітны плашч, белы пад сподам, прыйдзеце да мяне. Вераць, што яна бог: або багіня. Тыя сёньняшнія. Не ўдалося разгледзець. Той маладзён адазваўся. Студэнт. Пасьля з сынам Дэдала. Пэўна, гэта Маліган. Зусім прыглядныя дзевы. Вось гэта й прыцягвае тых распусьнікаў: яе беласьць.
Ягоныя вочы блукалі далей. Слодыч грэху. Салодкая тая слодыч.
Грэху.
Зайшоўшыся залівістым хіхатам, маладыя золатабронзавыя галасы зьлілі Дус і Кэнэдзі, каб не сурочыў. Адхіліўшы маладыя галоўкі, бронзавае хіхізолата, каб прывольна ліўся той сьмех, папіскваючы, не сурочыў, знакі адна адной даючы, высокія колкія ноты.
Ах, задыхаюцца, уздыхаюць. Уздыхаючы, ах, паміраючы, весялосьць заміраюць.
Міс Кэнэдзі зноў паднесла кубак да вуснаў, пацягнула глыток і хіхахіхікнула. Міс Дус, зноў нахіліўшыся над тацай, зноў зморшчыла нос і пачала варочаць вачмі. Зноў Хіхікэнэдзі, нахіліўшы карону сьветлых валасоў, паказала нахілены чарапашыны грэбэнь над каркам, пырснула з рота гарбатай, захліснуўшыся гарбатаю й сьмехам, кашляла захлістам, попіскам:
— О, тлустыя вочкі! Уяві сабе замужжа з такім! — пішчала. — Зь ягонай ніцай бародкай!
Дус адказала поўным цудоўным віскам, сапраўдным віскам сапраўднай жанчыны, захапленьня, радасьці, абурэньня.
— Замужам за тлустым носам! — віскнула яна.
Востра, глыбокім сьмехам, раз бронзай, раз золатам, яны падбівалі адна адну да хіхікаў за хіхікамі, перазвонным чаргаваньнем, бронзазолата, золатабронза, востраглыбока, сьмех за сьмехам. І яшчэ сьмехам. Тлусты, я ведаю. Зьняможаныя, задыханыя, на стойку паклалі раздрыганыя галоўкі, заплеценую карону каля гладкабліскучай укладкі. Парумянелыя (О!), засапелыя, успацелыя, (О!), задыханыя.
Замужам за Блюмам, за тлустаморскімблюмам.
— Сьвятыя ў нябёсах! — уздыхнула міс Дус над сваёй раздрыганай ружай. — Лепш бы мне так не сьмяяцца. Я ўся ўмакрэла.
— О, міс Дус! — сыкнула міс Кэнэдзі. — Вы гідкае стварэньне!
І парумянела яшчэ больш (вы гідкае!), больш залаціста.
Каля канторы Кантуэла брыў Тлустыблюм, каля дзеваў Чэпі, зыркіх ад фарбы. У Нанэці бацька гандляваў гэтым таварам, абіваў парогі, як я. Рэлігія аплочваецца. Трэба пабачыцца зь ім наконт абвесткі Клютча. Найперш пад’есьці. Хочацца. Яшчэ не. Яна сказала, а чацьвёртай. Час ідзе бяз спыну. Стрэлкі круцяцца. Далей. Дзе пад’есьці? Кларэнс, Дэльфін. Давай. Дзеля Рауля. Пад’есьці. Калі б выцягнуў пяць гінэяў за тыя абвесткі. Фіялетавую шаўковую камбінацыю. Яшчэ не. Слодыч грэху.
Румянец адступаўся, усё адступаўся, залаціста пабледлы.
Нядбалым крокам у іхні бар зайшоў Дэдал. Кавалачкі, абкусваючы кавалачкі закарэлага пазногця на вялікім пальцы. Кавалачкі. Нядбалым крокам.
— О, вітаем вас зь вяртаньнем, міс Дус.
Патрымаў яе руку. Добра адпачыла?
— Першаклясна.
Ён выказаў спадзяваньне, што надвор’е ў Растрэвары было прыгожае.
— Дзівоснае, — сказала яна. — Гляньце, што я зь сябе зрабіла. Цэлымі днямі ляжала на пляжы.
Бронзавая беласьць.
— Гэта было дужа жорстка, — сказаў ёй містэр Дэдал, ласкава паціснуўшы яе руку, — спакушаць бедных прастачкоўмужычкоў.
Атласная міс Дус адусунула руку.
— А ну вас, — сказала яна. — Вось вы першы прастак, я так і паверыла.
Ён быў.
— Ды не, ведаеце, я й ёсьць прастак, — раздумваў ён. — У калысцы выгляд у мяне быў так прастадушны, што мяне й ахрысьцілі прастаком Сайманам.
— Вы, пэўна, былі анёлкам, — прагучаў адказ міс Дус. — А што вам лекар прапісаў на сёньня?
— Ды ведаеце, — раздумваў ён, — гэта на ваш густ. Калі вам ня клопат, я б папрасіў чыстай вады й паўкілішка віскі.
Бразгат.
— З найвялікшай ахвотай, — пагадзілася міс Дус.
Найвялікшай зграбнотай да залачонага люстра з вырабамі Кантрэла й Кокрэйна яна павярнулася. Зграбна адмерала порцыю залатога віскі з крышталёвага графіна. Зпад крыса свайго сурдута містэр Дэдал выцягнуў капшук і люльку. Ахвотна абслугоўвае. Ён выдзьмухнуў праз дудку мундштука дзьве сіплыя люльканоты.
— Божа мой, — раздумваў ён, — я ўжо колькі разоў зьбіраўся ў горы Моўрн. Там павінна быць вельмі асьвяжальнае паветра. Але, як кажуць, доўга зьбіраўся, лепей дабраўся. Так, так.
Так. Ён запіхнуў пасмачкі валасоў, яе дзявочых, яе русалчыных, у цыбук. Кавалачкі. Пасмачкі. Раздумваючы. Нема.
Ніхто нічога не сказаў. Так.
Міс Дус весела працірала келіх, напяваючы:
— О, Ідалёрэс, каралева ўсходніх мораў!
— А містэр Лідуэл сёньня заходзіў?
Зайшоў Лэнэхан. Разгледзеўся вакол сябе Лэнэхан. Містэр Блюм дасягнуў мосту Эсэкс. Так, містэр Блюм перайшоў мост Таксэкс. Трэба напісаць Марце. Купіць паперы. У Дэйлі. Там ветлівая дзяўчына. Блюм. Стары Блюм. Сумотны Блюм у крапіве.
— Ён заходзіў у абед, — сказала міс Дус.
Лэнэхан падыйшоў.
— Ці не шукаў мяне містэр Бойлан?
Ён спытаўся. Яна адказала:
— Міс Кэнэдзі, сюды не заходзіў містэр Бойлен, калі я была наверсе?
Яна спыталася. Голас міс Кэнэдзі адказаў, з узьнятым кубкам гарбаты, са зрокам на бачынцы:
— Не, не заходзіў.
Зрок міс Кэнэдзі, чутнай, але нябачнай, працягваў чытаць. Лэнэхан закругліў свой круглы корпус наўкруг клёша, які накрываў сандвічы.
— Гляньце! А хто там у куточку?
Не ўшанаваны ейным паглядам, ён стараўся далей. Каб зважала на кропкі. Чытала толькі чорнае: круглае — гэта о, з закрутасамі — эс.
Бразгат брычкі бразгат.
Дзявочазалатая чытала й не паглянула. Не зьвяртай увагі. Яна не зьвяртала, а ён стаў мурлыкаць ёй байку:
— Аднаго рразу ліса стррэла бусла. І гаворра яму: пррашу, засунь дзюбу мне ў горрла й выцягні костку.
Надарма мурлыкаў. Міс Дус адвярнулася да свае гарбаты, што стаяла пад бокам.
Ён цмок, у бок:
— Цаму я такі бедны?! Цаму нясцасны?!
Ён прывітаў містэра Дэдалу й атрымаў ківок.
— Прывітаньне ад славутага сына славутаму бацьку.
— Хто б гэта мог быць? — спытаўся містэр Дэдал.
Лэнэган распасьцёр зьдзіўленыя рукі. Як, хто?
— Хто б гэта мог быць? — спытаўся ён. — І вы пытаецеся? Стывэн, наш малады бард.
Суха.
Містэр Дэдал, славуты змагар, адклаў сваю суха напханую люльку.
— Разумею, — сказаў ён. — Спачатку да мяне не дайшло. Я чуў, што ён прабывае ў вельмі адборнай кампаніі. Вы яго бачылі апошнім часам?
Бачыў.
— Не далей як сягоньня мы асушылі зь ім келіх нэктару, — сказаў Лэнэхан. — У Муні en ville і ў Муні sur mer[3]. За натугі свае музы ён дастаў кучу гатоўкі.
Ён усьміхнуўся вуснам бронзы, абмытым у гарбаце, заслуханым вуснам і вачом.
— Élite Эрыну лавіла кожнае слова зь ягоных вуснаў. Вучоны муж Х’ю МакХ’ю, найзнакамітшы пісака й выдавец у Дубліне, і той дзяцюкпясьняр з глухога падмоклага Захаду, што вядомы ўсім пад салодкасьпеўным найменьнем О’Мэдэна Бэрка.
Пасьля паўзы містэр Дэдал падняў свой грог і
— Гэта мусіла быць надзвычай займальнае, — прамовіў ён. — Разумею.
Ён разумею. Ён выпіў. З вачыма на далёкіх сумотных горах. Адставіў кілішак.
Ён паглядзеў на дзьверы ў салён.
— Я бачу, вы пераставілі піяніна.
— Сёньня прыходзіў настройшчык, — адказала міс Дус, — каб настроіць яго для рэстараннай праграмы, і я яшчэ ніколі ў жыцьці ня чула так дасканалай ігры.
— Сапраўды?
— Ці ж няпраўда, міс Кэнэдзі? Сапраўды клясычная, ведаеце. А ён жа сьляпы, бедачына. Яму, пэўна, і дваццаці не было.
— Сапраўды? — паўтарыў містэр Дэдал.
Ён выпіў і адыйшоўся ў бок.
— Так шкада было глядзець на ягоны твар, — паспачувала міс Дус.
Каб ты праваліўся, сукін ты сын.
Ейнай спагадзе сумна прыдзвынкнуў званочак. Да дзьвярэй абедзеннай залі падыйшоў лысы Пэт, падыйшоў заклапочаны Пэт, падыйшоў Пэт, ормандзкі афіцыянт. Піва абедніку. Піва не зь вялікай ахвотай яна падала.
Лэнэхан цярпліва чакаў нецярплівага Бойлана, чакаў бразгату брычкі буянага хлопца.
Прыўзьняўшы века, ён (хто?) глянуў у труну (труну?), на касыя патройныя (піяніна!) струны. Ён крануўся (той самы, хто ласкава кранаўся ейнай рукі) тройкі клявішаў, мякка пэдалюючы, каб пабачыць, як высоўваецца тоўсты фэтр, і пачуць, як ападаюць зафутраныя малаточкі.
Два лісты крэмавай вяленевай паперы на запас два канвэрты калі я працаваў ва Ўіздама Хілі мудры Блюм у Дэйлі Генры Флаўэр купіў. Дык ты нешчасьлівы ў сямейным жыцьці? Кветку мне дзеля суцяшэньня а шпілька абрывае каха. Штосьці абазначае, у мове кве. Гэта была стакротка? Абазначае нявіннасьць. Паважаная дзяўчына спаткацца пасьля імшы. Дужа вельмі дзякую. Мудры Блюм згледзеў на дзьвярах плякат, русалка калышацца на гожых хвалях. Курэце русалку, самыя лёгкія папяросы. Струменныя валасы: адрынутае каханьне. Дзеля нейкага мужчыны. Дзеля Рауля. Ён глянуў і ўбачыў здалёк на мосьце Эсэкс вясёлы капялюш на брычцы. Так і ёсьць. Трэці раз. Зьбег акалічнасьцяў.
Пабразгваючы на пружыністых гумах, брычка павярнула з мосту на Ормандкі. За ім. Рызыкнуць. Хутка. А чацьвёртай. Ужо неўзабаве. Выходзь.
— З вас два пэнсы, сэр, — асьмелілася нагадаць прадаўшчыца.
— Ага... Я й забыўся... Прабачце...
І чатыры.
А чацьвёртай яна. Чароўна яна ўсьміхнулася Блюкамуяму. Блю ўсьмі й ху вый. Бачэньня. Думаеш ты ў яе адзіны пруток у драбіне? Яна так кожнаму. Дзеля мужчынаў.
У дрымотнай цішы золата пахілялася над бачынкай.
З салёну данёсься кліч, працягла заміраў. Гэта быў камэртон настройшчыка, тады ім забыты, цяпер тым адкрыты. Зноў кліч. Цяпер той узяў, цяпер ён вібраваў. Чуеце? Ён вібраваў, чыста, чысьцей, мякка, мякчэй, брынклівымі вілачкамі. Даўжэй заміраў кліч.
Пэт заплаціў за туга закаркаваную бутэльку для абедніка: і панад тацай, шклянкай, тугакоркавай бутэлькай, лысы й заклапочаны, пакуль ісьці, ён ціха пашаптаў разам зь міс Дус.
— На небе гаснуць ясны зоры...
Безгалоса з глыбіні сьпявала песьня, сьпеўна:
— ...прамень сьвітаньня бліснуў.
Чародка птушыных нотаў, пад чулымі пальцамі, прашчабятала звонкі адказ. Звонкія ноты, зіхоткія, зьлітыя гарманічныя акорды, заклікалі голас апець тугу роснага сьвітаньня, маладосьці, каханкаў расстаньня, сьвітаньня жыцьця й каханьня.
— Раса мігціць, як...
Вусны Лэнэхана над стойкай выпусьцілі нізкі поклічны сьвіст.
— Ды пагляньце сюды, — сказаў ён, — ружа Кастыліі.
Бразнула брычка на бруку й запынілася.
Яна ўстала й кніжку закрыла, ружа Кастыліі. Маркотна самотная, мройна ўстала.
— Яна сама ўпала ці яе піхнулі? — спытаўся ён.
Яна адказала, безуважна:
— Хто не пытае, той ня чуе маны.
Як дама, дамападобная.
Буякі Бойлана спраўныя цёмнажарыя чаравікі зарыпелі на падлозе бару, па якой ён крочыў. Так, золата зблізу каля бронзы здалёк. Лэнэхан пачуў і пазнаў і прывітаў яго:
— Надыходзіць пераможны герой.
Між брычкай і вакном, тайком, праходзіў Блюм, непераможаны герой. Заўважыць можа. Сядзеньне, на якім сядзеў: цёплае. Чорны кот тайком ішоў да папкі Рычы Гулдынга, паднятай прывітальна ў паветры.
— І нам з табою...
— Я ведаў, што ты будзеш тут, — сказаў Буяка Бойлан.
Перад бялявай міс Кэнэдзі ён крануў бераг свайго перакошанага саламюха. Яна адсьміхнулася яму. Але сястрыца бронза пераўсьміхнула яе, выставіўшы дзеля яго свае пышнейшыя валасы, грудзі й ружу.
Бойлан замовіў напоі.
— Чаго душа жадае? Кухаль горкага? Кухаль горкага, калі ласка, і глогавы джын. Яшчэ не было тэлеграмы?
Яшчэ не. А чацьвёртай ён. Усе сказалі а чацьвёртай.
Чырвоныя вушыскі й кадык Каўлі ў дзьвярах шэрыфавага бюро. Пазьбегчы. Трапіўся Гулдынг. Што ён робіць у Ормандзе? Брычка чакае. Пачакаць.
Прывітаньне. Куды кіруеце? Перакусіць? І я таксама. Сюды. Куды, у Орманд? Найлепшае месца ў Дубліне. Сапраўды? Рэстаран. Ціха пасядзець. Глядзі, каб цябе ня ўбачыў. Думаю, і я прысяду з вамі. Хадзем. Рычы вёў. Блюм ішоў за папкай. Абед варты князя.
Міс Дус сягнула да графіна, атласная ручка высягнулася, блюзка на грудзях зараз лопне, так высока.
— О! О! — пасопваўЛэнэхан пры кожным яе новым высягу. — О!
Але яна дасягнула здабычы й зь лікаваньнем апусьціла на дол.
— Чаму б вам не падрасьці, міс? — спытаўся Буяка Бойлан.
Бронзавая, наліваючы з графіна густы салодкі лікер для ягоных вуснаў, назіраючы за цягучым цурком (кветка ў яго на пінжаку: ад каго?), салодкім галаском працягнула:
— Пакуначак малы, але тавар дарагі.
Інакш кажучы яна. Гладка наліла лянівасалодкага глогу.
— Ваша здароўе, — сказаў Бойлан.
Ён кінуў на стойку вялікую манэту. Манэта дзынкнула.
— Стой, — сказаў Лэнэхан, — я таксама...
— За ваша, — далучыўся ён, падымаючы ўсьпенены эль.
— Булава выйграе, не разьбегшыся як сьлед, — запэўніў ён.
— Я таксама трохі адпусьціў, — сказаў Бойлан, падміргнуўшы й хліснуўшы. — Не за сябе, праўда. Аднаму майму сябру зажадалася.
Лэнеган папіваў і пасьміхаўся да перахіленага кухля зь півам і да вуснаў міс Дус, растуленых, што шапталі песьню акіяну, якую раней напявалі. Ідалёрэс. Усходнія моры.
Гадзіньнік зашыпеў. Міс Кэнэдзі прайшла каля іх (кветка, цікава, ад каго?), адносячы тацу з кубкамі. Гадзіньнік загудзеў.
Міс Дус узяла манэту Бойлана, адважна націснула ручку касы. Каса грукнула. Гадзіньнік прагудзеў. Прыгожая эгіпцянка спакушала, калі ў касе перабірала, падпяваючы й рэшту выбіраючы. Глядзі на захад. Прагудзеў. Для мяне.
— Каторая гадзіна? — запытаўся Бойлан. — Чацьвёртая?
На гадзіньніку.
Лэнэхан, галоднымі вочкамі сочачы за яе падпяваньнем, грудным хваляваньнем, тузануў Бойлана за рукаў.
— Давай паслухаем біцьцё гадзінаў, — сказаў ён.
Папка Гулдынга, Коліса і Ўорда вяла за сабой Блюма ў крапіву, паміж уквечаных столікаў. Бязмэтна, з узбуджанай мэтанакіраванасьцю, пад спадарожным паглядам лысага Пэта, ён накіраваўся да століка каля дзьвярэй. Будзь бліжэй. А чацьвёртай. Ці ён забыўся? Магчыма, нейкі хітрык? Не прыйсьці: завастрыць апэтыт. Я б так ня змог. Пачакай, пачакай. Пэт, назіраючы, чакаў.
Іскрысты бронзавы блакіт акінуў паглядам нябеснаблакітныя вочы й гальштук Блакі Бойлана.
— Давайце, — націскаў Ленэхан. — Нікога няма. А ён ніколі ня чуў.
— ...кранецца тых ніваў у сьне.
Высока, высокая нота, бледла ў вышыні, чыстая.
Бронзадус, пашаптаўшыся з ружай, што панікла й зноў узьнікла, дапытвала кветку й вочы Буякі Бойлана.
— Просім, просім.
Ён упрашаў яе панад паўторамі прызнаньня:
— Я не магу з табой расстацца...
— Потым, — сарамяжліва паабяцала міс Дус.
— Не, цяпер! — не сунімаўся Лэнэхан. — Sonnezlacloche![4] О, зрабеце! Нікога ж няма.
Яна разгледзелася на бакі. Хутка. Міс Кэн не пачуе. Раптоўна нахілілася. Два распаленыя твары назіралі ейны нахіл.
Дрогкія акорды зьбіліся з мэлёдыі, зноў знайшлі, згубілі танальнасьць, губілі й знаходзілі, спатыкаючыся.
— Давайце! Ну! Sonnez!
Нахіліўшыся, яна падняла падол спаднічкі за калена. Памарудзіла. Яшчэ падражніла іх, нагнутая, напнутая, з свавольнымі вачмі.
— Sonnez!
Лясь! Нечакана адцягнула й пусьціла тугую элястычную падвязку, цёпла ляскнулую па лясклівым жаночым цёплапанчошным сьцягне.
— La cloche! — выкрыкнуў усьцешаны Лэнэхан. — Сама навучылася! Гэта табе не пацяруха.
Яна высакамерна здурусьміхнулася (сьлёзы! ці ж не ідыёты?), але, шмыгнуўшы да сьвятла, усьміхнулася Бойлану ціхмяна.
— Вы — увасабленьне вульгарнасьці, — сказала яна, шмыгнуўшы.
Бойлен глядзеў, глядзеў. Кілішак свой падняўшы да поўных губ, асушыў ён маленькі кілішак, высмактаўшы да апошняй густаліпкія фіялетавыя кроплі. Зачараваны ягоны пагляд праводзіў яе галоўку, што сунулася паўз бар да люстраў, у залачонай арцы якіх мігцелі шклянкі для элю, рэйнскага й бургундзкага, і рагатая ракавіна; у люстрах там адлюстраваная, яе бронза зьлілася з бронзай яшчэ больш сонечнай.
Так, бронза зусім зблізку.
— ...каханая, бывай!
— Я йду, — сказаў Бойлан зь нецярплівасьцю.
Ён рэзка адставіў кілішак, схапіў рэшту.
— Пачакай крышынку, — папрасіў Лэнэган, дапіваючы сьпехам. — Я хачу табе сказаць. Том Рочфард...
— Не буянь мне галавы, — кінуў Буяка Бойлан, выходзячы.
Лэнэхан каўтнуў на адыход.
— Рог табе ўстаў, ці што? — спытаўся ён. — Чакай. Я таксама йду.
Ён рушыў за сьпешным парыпваньнем чаравікаў, але ля парога спрытна адступіўся, вітаючы дзьве фігуры, грузную й кашчавую.
— Як маецеся, містэр Долард?
— Га? Так маюся, як маюся! — адказаў расьсеяны бас Бэна Доларда, на хвілю пакідаючы нядолю Айца Каўлі. — Зь ім табе ня будзе ніякага клопату, Боб. Олф Бэрган пагаворыць з даўгялам. Гэтым разам мы таму Юду Іскарыёту напхаем асьцюкоў за шыю.
Цераз салён прайшоў містэр Дэдал, уздыхаючы й расьціраючы пальцам павеку.
— Гого, яшчэ як! — радасна затрубіў Бэн Долард. — Сайман, засьпявай нам штонебудзь. Мы тут чулі піяніна.
Лысы Пэт, заклапочаны афіцыянт, чакаў, пакуль закажуць напоі, віскі для Рычы. А Блюму? Трэба падумаць . Каб ня бегаў лішні раз. У яго мазалі. Ужо чацьвёртая. Як горача ў чорным. Безумоўна, і нэрвы крыху. Праламляе (ці як?) цяпло. Трэба падумаць. Сідр. Так, бутэльку сідру.
— А то чаму? — азваўся містэр Дэдал. — Я толькі сабе брынкаў, чалавеча.
— Давай, давай, — прасіў Бэн Долард. — Згіньце, цёмныя турботы. Хадзем, Боб.
Трухам ён, Долард, у мешкаватых нагавіцах, паперадзе іх (трымайце вунь гэтага ў: ну, паспрабуйце) рушыў у салён. Ён плюхнуў сябе, Доларда, на ўслон. Пакручаныя пальцы плюхнуліся на клявішы. Плюхнуўшыся, раптоўна замерлі.
Лысы Пэт стрэў у дзьвярах залатую, якая безгарбатна вярталася. Заклапочаны, ён жадаў віскі і сідр. Бронзавая назірала зпад вакна, бронза здалёк.
Бразнуўшы, брычка пакаціла.
Блюм пачуў брынк, ціхі зык. Ад’ехаў. Слабой сутаргай дыху ён дыхнуў на нямыя блакітныя кветкі. Бразнула. Ад’ехаў. Бразнуў. Слухай.
— Пра каханьне й вайну, Бэн, — сказаў містэр Дэдал. — Як у добрую старую часіну.
Мужныя вочы міс Дус, незаўважанай, адвярнуліся ад фіранкі, асьлепленыя бляскам. Ад’ехаў. Задумёная (хто ведае?), асьлепленая (бляск), яна апусьціла штору, адпусьціўшы шнурок. Задумёна напусьціла (чаму ён так хутка ад’ехаў, калі я?) на сваю бронзу над барам, дзе лысы стаяў побач сястрыцы залатой, недасканалы кантраст, кантраст недасканала антыдасканалы, ціхі халодны засмужаны морсказялёны апоўзлы глыбокі цень, eau de Nil.
— Таго вечару бедачына Гудвін падыгрываў на піяніна, — нагадаў ім Айцец Каўлі. — Але яны не зусім зыйшліся ў меркаваньнях.
Не зусім.
— Наладзілі двухгалосы дыспут, — сказаў містэр Дэдал. — Яму тады сам чорт ня даў бы рады. На старога часам находзіла, калі сабе крыху падвыпіў.
— Божа, а памятаеце, як я? — азваўся Бэн пузаты Долард, адвярнуўшыся ад пакаранай клявіятуры. — У мяне тады не было шлюбнага строю.
Зарагаталі ўсе трое. У яго не было строю. Зарагатала ўсё трыё. Не было шлюбнага строю.
— Але тады пад руку трапіўся наш сябра Блюм, — сказаў містэр Дэдал. — А дарэчы, дзе мая люлька?
Ён пабрыў да стойкі бару па згубленую мэлядычную люльку. Лысы Пэт прынёс напоі Рычы й Польдзі. Айцец Каўлі зноў засьмяяўся.
— Здаецца, Бэн, гэта я выбавіў цябе зь бяды.
— Гэта ты, — прызнаў Бэн Долард. — Я й цяпер памятаю тыя вузкія порткі. Табе прыйшла бліскучая думка, Боб.
Айцец Каўлі пачырванеў па самыя краёчкі сваіх бліскучых барвовых вушэй. Ён выбавіў зь бя. Вуз пор. Блісдум.
— Я ведаў, што ў яго было з постам, — сказаў ён. — Ягоная жонка ў суботы падыгрывала на піяніна ў кавярні за мізэрны грош, і хто ж мне падказаў, што яна таксама займаецца й тымі рэчамі. Прыгадваеце? Мы абшукалі ўсю Холісстрыт, пакуль прадавець у К’ю ня даў нам адрас. Прыгадваеце?
Бэн прыгадаў, і ягонае шырокае аблічча зьдзівілася.
— Божа мой, у яе там былі ўсялякія раскошныя опэрныя строі й іншыя рэчы.
Містэр Дэдал прыплёўся назад зь люлькай у руцэ.
— У стылі Мэрыянскуэр. Бальныя сукні, Божа мой, і дворскія сукні. І ён не схацеў узяць ні граша. Га? Безьліч якіхсьці капелюшоў, балеро, панталёнаў. Га?
— Вово, — кіўнуў містэр Дэдал. — Місіс Мэрыян Блюм магла пазычыць строй любога выгляду.
Па набярэжных бразгацела брычка. Буяка Бойлан разваліўся на спружыністых гумах.
Пячонка з бэконам. Біфштэкс і ныркі ў цесьце. Добра, сэр. Добра, Пэт.
Місіс Мэрыян. Мне там усіх коз. Пах прыгарэлага Поль дэ Кока. Такое мілагучнае ймя ў.
— А як яе дзявочае прозьвішча? Дародная дзеўка. Мэрыян...
— Туіды.
— Так. Яна яшчэ жыве?
— І брыкаецца.
— Яна была дачкою...
— Дачкою палка.
— Так, дальбог. Я памятаю таго старога тамбурмажора.
Містэр Дэдал чыркнуў, пацягнуў, прыкурыў, выдыхнуў духмяны клуб.
— Яна ірляндка? Сапраўды, не скажу. Ты ня ведаеш, Сайман?
За клубам сутарга, клуб, моцны, духмяны, патрэскваньне.
— Шчочны мускул... Што?.. Крышку заржавеў... О, яна... Мая ірляндзкая Молі, О.
Ён пыхнуў едкім густым залпам.
— З Гібралтарскай скалы... напрасткі.
Яны тужылі ў цені акіянскай глыбіні, золата ля піўное помпы, бронза ля мараскіну, абедзьве ў задуменьні, Майна Кэнэдзі, Лісмортэрэс 4, Драмкондра, зь Ідалёрэс, каралевай, Далёрэс, маўклівай.
Пэт падаў на непрыкрытых талерках. Леапольд парэзаў пячонку на скрылёчкі. Як ужо згадвалася, ён упадабаў сабе ў ежы нутраныя органы, арэхападобныя пупы, смажаную ікру траскі, між тым як Рычы Гулдынг, Коліс і Ўорд еў біфштэкс і нырку, то біфштэкс, то нырку, запечаныя кавалачкі еў ён еў Блюм яны елі.
Блюм з Гулдынгам, павянчаныя цішынёй, елі. Абеды вартыя князёў.
Па Бэйчлэрсуок Буяка Бойлан бразгаціць, скокбразь, на тугіх гумах кавалер, там бляск, там сквар, глянец кабылы, дробны трух, ляскае пуга па бакох: на цёплым месцы разваліўся, увесь нецярплівасьць ды сьмелы запал. Рог. Табе? Рог. Табе? Стаў стаў рог.
Перакрываючы іхнія галасы, заглушаючы грымотныя акорды, Долард рушыў у басатаку:
— Калі ў душы каханьне загарыць...
Раскаты Бэндушыбэнджаміна дакаціліся да дрыготкіх, страсаных каханьнем, шыбінаў столі.
— Вайна! Вайна! — крыкнуў Айцец Каўлі. — Ты ваяр!
— Анягож, — засьмяяўся Бэн Ваяр. — Я думаў пра твайго гаспадара. Каханьне й грошы.
Ён перастаў. Велізарнай барадой, велізарнай галавой, пахітаў над ягоным велізарным промахам.
— Чалавеча, ты не адной разарваў бы барабанную перапонку, — прамовіў містэр Дэдал праз водар дыму, — гэткім сваім ворганам.
Зайшоўшыся барадатым буйным сьмехам, Бэн Долард тросься над клявіятурай. Ён разарваў бы.
— Не ўпамінаючы ўжо пра другую перапонку, — дадаў Айцец Каўлі. — На паўголасу, Бэн. Amoroso ma non troppo[5]. Дайце мне.
Міс Кэнэдзі падала двум джэнтльмэнам па кухлі халоднага портэру. Кінула заўвагу. Сапраўды, пагадзіўся першы джэнтльмэн, надвор’е прыгожае. Яны пілі халодны портэр. Ці яна ня ведае, куды выбраўся лорднамесьнік? Чулі сталь капытоў, звон капытоў, звон. Не, яна не магла сказаць. Але павінна быць у газэце. О, няхай не турбуецца. Ніякай турботы. Разгарнуўшы ”Індэпэндэнт”, яна захвалявала, шукаючы, лорднамесьнік, сваёй каронай, лёгка калыханай, лорднаме. Зашмат турботы, сказаў першы джэнтльмэн. О не, ні трохі. А як ён пры гэтым паглядзеў. Лорднамесьнік. Золата ля бронзы чулі жалеза сталь.
— ................... каханьне загарыць,У пячоначным сосе Блюм тоўк таўканіцу. Каханьне й вайну нехта там. Бэна Доларда славуты. Прыбег да нас у той вечар папрасіць фрак на канцэрт. Нагавіцы напнуліся на ім, як на барабане. Музыкальныя кормнікі. Молі папарагатала, калі ён пайшоў. Кінулася ўпоперак ложка, папісквала, брыкала нагамі. У яго ўсё прычындальле напаказ. Ой, сьвятыя на небе, я падмачылася! Ой, а жанчыны ў першым радзе! Ой, ніколі так не рагатала! Ну, але на гэтым трымаецца той ягоны басбарылтон. Напрыклад эўнух. Цікава хто там іграе. Добрая тэхніка. Мабыць, Каўлі. Музыкальны. Назаве любую ноту, што ні зайграеш. А з дыханьнем блага, бедачына. Перастаў.
Міс Дус, павабная, Лідыя Дус, кіўнула ветліваму адвакату, Джорджу Лідуэлу, джэнтльмэну, што ўвайшоў. Добры дзень. Яна працягнула вільготную ручку, ручку ледзі, ягонаму моцнаму поціску. Брыдзень. Так, ужо вярнулася. На сваё старое седала.
— Вашы сябры ўжо там, містэр Лідуэл.
Джордж Лідуэл ветліва яе прыручыў, прытрымаў лідыяручку.
Блюм еў пяч, як было сказана. Прынамсі чыста. Той тып у Бэртана: мяшанка з храсткоў. А тут нікога: Гулдынг ды я. Чыстыя столікі, кветкі, сурвэткі мітрамі. Пэт сюдытуды, лысы Пэт. Нічога ня скажаш. Найлепшае ў Дуб.
Зноў піяніна. Гэта Каўлі. Сядае за яго, усё роўна што зьліваецца, узаемаразуменьне. Занудлівыя шліфавальнікі пілікаюць на скрыпцы, касавочачы на канец смычка, рэжуць на віялянчэлі, пакуль табе зубы не забаляць. Яе высокае працяглае пахрапваньне. Таго вечару, калі мы ў лёжы. Трамбон пад намі соп, як морж, у антракце адзін трубач разьвінціў, вытрасаў сьліну. У дырыжора нагавіцы мяшком, брыкбрык. Слушна робяць, хаваючы іх пад сцэну.
Брык бразгоча брычка брукам.
Толькі арфа. Прыгожае залатое мігатлівае сьвятло. Дзяўчына грала на ёй. Як карма прыгожага. Добра гэты сос варты. Залатога карабля. Эрын. Арфа, якая аднойчы ці двойчы. Халодныя рукі. Бэн Хоўт, рададэндраны. Усе мы арфы. Я. Ён. Стары. Малады.
— Ах, я не магу, — аднекваўся містэр Дэдал, сарамяжна, бездапаможна .
Моцна.
— Давай жа, каб цябе спруціла, — грымнуў Бэн Долард. — Цягні хоць па кавалачку.
— M'appari, Сайман, — папрасіў Айцец Каўлі.
Ён прайшоў колькі крокаў па сцэне, паважны, узьнёслы ў засмучонасьці, распасьцёршы доўгія рукі. Сіпата ягоны кадык прасіпеў паціху. Паціху ён засьпяваў запыленаму морскаму краявіду ”Апошняе разьвітаньне”. Мыс, карабель, ветразь над хвалямі. Разьвітаньне. Прыгожая дзяўчына, вецер лапоча ейнай хусьцінай на мысе, вецер абвявае яе.
Каўлі засьпяваў:
M'appari tutt'amor:Яна ня чула Каўлі, павявала хусьцінай таму, хто адплыў, свайму любаму, ветру, каханьню, лятучаму ветразю, вярніся.
— Давай жа, Сайман.
Містэр Дэдал паклаў сваю люльку спачываць побач з камэртонам і, сеўшы, крануўся паслухмяных клявішаў.
— Не, Сайман, — павярнуўся Айцец Каўлі. — Зайграй у правільнай танальнасьці. На паўтону вышэй.
Клявішы, паслухмяныя, узялі вышэй, прамовілі, спатыкнуліся, прызналіся, зьбянтэжыліся.
Айцец Каўлі ступіў на сцэну.
— Дай, Сайман, я буду табе акампаніяваць, — сказаў ён. — Устань.
Каля ананасных карамэлек Грэма Лэмана, каля слана Элвэры брыкала брычка. За біфштэксам, ныркай, пячонкай у таўканіцы, за княскім застольлем сядзелі князі Блюм і Гулдынг. Князі за застольлем, яны падымалі й выпівалі віскі ды сідр.
Найпрыгажэйшая арыя для тэнара, сказаў Рычы: з ”Самнамбулы”. Калісьці яе чуў у выкананьні Джо Маса. Ах, той МакГакін! Так. На свой лад. Пад хлопчыка з касьцельнага хору. Гэткі хлопчык ад імшы. Мас ад імшы. Лірычны тэнар, калі хочаце. Ніколі не забуду. Ніколі.
Спагадны Блюм над бесьпячоначным бэконам здагадаўся, як напнуліся сутаргай рысы. Паясьніца ў яго. І вочы блішчаць, як пры запаленьні нырак. Наступны нумар праграмы. Заказаў музыку, час расплаціцца. Пігулкі, стоўчаны хлеб, па гінэі за скрыначку. Хоць трохі адцягнуць. І яшчэ сьпявае: Пасярод нябожчыкаў стаю. Пасуе. Нырку на ныркі. Прыгожае прыгожай. Але няшмат яму карысьці ад іх. Найлепшае ў. Характэрнае яму. Віскі. Пераборлівы ў напоях. Шклянка крыху луснула, сьвежая мінэральная вада. Падбірае запалкі з прылаўка, ашчаднасьць. А іншы раз прамантачыць савэрэн на нейкае глупства. А калі трэба, у яго ні шэлега. Аднаго разу нападпітку адмовіўся плаціць за праезд. Забаўныя тыпы.
Ніколі Рычы не забудзе таго вечару. Колькі будзе жыць, ніколі. На галёрцы старога ”Раялу” з малым Пікам. А калі першая нота.
Вусны Рычы зрабілі паўзу.
Цяпер нагародзіць лухты. Пра што хочаш набаіць. І верыць сам у сваю хлусьню. Як у сапраўднасьць. Надзвычайны хлус. Трэба добрай памяці.
— Якая гэта арыя? — спытаўся Леапольд Блюм.
— ”Усё прапала”.
Рычы выпучыў губы пупышкай. Пачатковая нота салодкай сьценьню шапнула: усё. Жаўрук. Дрозд. Ягоны дых, птушынасалодкі, праз здаровыя зубы, прадмет ягонага гонару, жалейкай выплакваў горкую нядолю. Прапала. Сакавіты гук. А тут дзьве ноты ў адной. Калісьці чуў чорнага дразда ў Глогавай даліне. Ён у мяне падхопліваў матывы, далучаўся й перайначваў. Новы кліч прапаў увесь у новым. Рэха. Мілагучны адказ. А як яно ўзьнікае? Усё прапала. Жаласьліва высьвістваў. Упаў, здаўся, прапаў.
Блюм надставіў леапольдава вуха, пакручваючы край сурвэткі пад вазай. Парадак. Так, памятаю. Прыгожая арыя. У сьне яна пайшла да яго. Нявіннасьць у месячным сьвятле. Усё роўна, затрымаць яе. Адважныя, пра небясьпеку ані дбаюць. Пакліч па імені. Крані ваду. Брычка бразгоча. Запозна. Сама жадала йсьці. Вось чаму. Жанчына. Лягчэй затрымаць мора. Так: усё прапала.
— Прыгожая арыя, — сказаў Блюм прапашчы Леапольд. — Я добра яе ведаю.
Рычы Гулдынг ніколі ў цэлым сваім жыцьці.
Ён таксама добра яе ведае. Або адчувае. Усё трубіць пра сваю дачку. Мудрае дзіцятка, якое ведае свайго бацьку, сказаў Дэдал. Я?
Блюм скоса знад бесьпячонкавага назіраў. Выгляд твару ўсё прапала. Гуляшчы Рычы калісь. Засталіся зьляжалыя штучкі. Стрыгчы вушмі. Колца ад сурвэткі ў вока. Пасылае свайго сынка з жабрачымі лістамі. Касавокі Уолтэр сэр я занёс сэр. Не асьмеліўся б турбаваць, калі б не чакаў грошай. Выбачаюся.
Зноў піяніна. Гук лепшы, чымсьці калі я чуў апошнім разам. Настроілі, відаць. Зноў змоўкла.
Долард і Каўлі ўсё націскалі на марудлівага сьпевака, давай далей.
— Далей, Сайман.
— Ну, Сайман.
— Спадары й спадарыні, я глыбока крануты вашымі ветлымі просьбамі.
— Ну, Сайман.
— Род мой небагаты, але калі вы мне ўдзеліце свае ўвагі, я пастараюся вам засьпяваць аб разьбітым сэрцы.
Каля клёша з сандвічамі, укрытая ценем Лідыя сваю бронзу й ружу з грацыяй дамы давала й забірала: як Майна двум кухлям сваю залатую карону ў халоднай зелянкавай eau de Nil.
Адгучалі рассыпістыя акорды ўступу. Працяглы акорд пацягнуў за сабою спадзеўны голас.
— Калі цябе я ўбачыў першы раз...
Рычы адвярнуўся.
— Гэта голас Сая Дэдала, — сказаў ён.
З паказытанымі мазгамі, распалымнелымі шчокамі, яны слухалі, адчувалі тыю плынь першую плынь скурай членамі сэрцам душою хрыбтом. Блюм кіўнуў Пэту, лысы Пэт тугі на вуха, каб расчыніў дзьверы бару. Дзьверы бару. Вось так. Добра. Пэт, прыслужнік, паслужліва стаў слухаць, глухар тугавухі, пры дзьвярах наросьцеж наставіў вуха.
— Маю журбу панесла ў далячынь...
Празь цішу ў паветры клікаў іх сьпеў, нізказычны, не дажджу плёскат, ня лісьця шаптаньне, не падобны на голас ні струн ні жалеек ні якжаіхтам цымбалаў, кранаў іхнія сьцішаныя вушы словамі, сьцішаныя сэрцы ўспамінамі былога, свайго ў аднаго й другога. Добра, добра было слухаць: журбу, у аднаго й другога, панесла ў далячынь, калі пачулі першы раз. Калі ўбачылі першы раз, прапашчы Рычы, Польдзі, міласэрнасьць прыгажосьці, пачулі ад таго, ад каго ўжо ніяк не чакаеш, яе першае міласэрнае любоўначыстае часталюбае слова.
Гэта пяе каханьне: старая салодкая песьня каханьня. Блюм паволі сьцягнуў гумку са свайго пакеціку. Каханьня старое салодкае sonnez la золата. Блюм нацягнуў на відэлец з чатырма зубамі, расьцягнуў, пусьціў, нацягнуў на дзьве свае расшчапераныя чацьвярні, абкруціў іх чатыракроць, васьмікроць, стрыножыўся самахоць.
— Надзеяй поўніўся вясёлы дух...
У тэнараў жанчын адволі. Дапамагае ўтрымаць голас. Яна букет яму на сцэну, калі цябе самога стрэну? Кружаць голаў мне бяз. Бразгочы вясёлы дух. Ягоны сьпеў не для вялікага сьвету. Кружаць голаў ёй бяз. Напарфумавалася для яго. Якую парфуму твая жонка? Хачу ведаць. Брычка бразь. Стоп. Стукстук. Апошні зірк у люстра па дарозе да дзьвярэй. Сені. Сюды. Як маецеся? Як бачыце. Сюды? Што? У торбачцы ў яе цукеркі, для асьвяжэньня дыху. Так? Рукі лашчылі яе буйныя.
На жаль! Голас набраў паветра, узьняўся, зьмяніўся: паўнагучны, горды, бліскучы.
— Але, на жаль, я мроіў сон...
Тон у яго ўсё яшчэ дасканалы. У Корку й паветра мякчэйшае, і вымаўленьне. Ну й дурань! Мог бы купацца ў золаце. А словы ён сьпявае ня тыя. Жонку замучыў: цяпер сьпявае. Хоць цяжка тут сказаць. Дваім ніхто не судзьдзя. Каб толькі сам не зламаўся. На людзях усё яшчэ задаецца. Усё ў яго сьпявае, і рукі, і ногі. Выпівае. Нэрвы перапружаныя. Каб сьпяваць, трэба абстынэнцыя. Суп паводле дыеты Джэні Лінд: булён, шалвея, сырыя яйкі, кварта вяршкоў. Мройнааблочнае.
Чульлівасьцю брыняў: паволі, прыліваў. Моцна пульсаваў. Вось так якраз і трэба. Га, дай! Вазьмі! Пульс, пульс, гордапульсны стрункі ўздым.
Словы? Музыка? Не: тое, што за імі.
Блюм сплятаў, расплятаў, зашморгваў, расшморгваў.
Блюм. Прыліў цёплых таемных прагнажаданых дрыжыкаў нахлынуў выліцца з музыкай, з пажадай, цёмнай напорыстай плыньню прагі. Разшорыць яе разшырыць яе прышпорыць яе ашпарыць яе. Пакрыць. Поры распорваюцца, спароўваючыся. Пакрыць. Радасьць дотык цеплыня. Пакрыць. Каб хлынула плынь цераз шлюзы. Струмень, плынь, паток, струга радасьці, дрыжыкі зьліцьця. Зараз! Мова каханьня.
— ... прамень надзеі ...
Зьзяе. Лідыя для Лідуэла ледзь чутным піскам зусім як дамападобная муза выпіскнула прамень надзеі.
Гэта з ”Марты”. Зьбег акалічнасьцяў. Якраз зьбіраўся пісаць. Арыя Ліянэля. Прыгожае ў цябе ймя. Не магу пісаць. Прымі ад мяне невялікі пада. Зайграй на струнах яе сэрца й кашалька. Бо яна. Я назвала цябе абрыдным хлопцам. Аднак жа ймя: Марта. Як дзіўна! Сёньня.
Голас Ліянэля вярнуўся, слабейшы, але нестамлёны. Ён зноў сьпяваў для Рычы Польдзі Лідыі Лідуэла, сьпяваў для Пэта зазёванай зяпы й вуха, каб пастаяў, каб паслухаў. Аб тым, як прыйшла першы раз, як журбу панесла ў далячынь, як пагляд, воблік, слова счаравалі яго, Гулда Лідуэла, сэрца Пэта Блюма скарылі.
Шкада што ня бачыш ягонага твару. Лепш успрымаецца. Цырульнік у Дрэйга заўсёды чамусьці глядзіць мне ў твар калі я да яго паварочваюся ў люстры. Але чуваць тут лепш чымсьці ў бары хоць і далей.
— Твой чулы позірк....
Першы раз я яе ўбачыў на вечарыне ў Мата Дылана ў Тэрэнюры. Яна была ў жоўтым, з чорнымі карункамі. Гулялі ў музыкальныя крэслы. Мы зь ёю двое апошнія. Кон. Кружыліся паволі. Потым хутка. Мы зь ёю двое. Усе глядзелі. Стоп. Яна мігам села. Усе хто выйшаў глядзелі. Вусны ўсьміхаліся. Калені жоўтыя.
— Вочы счаравалі...
Сьпеў. Тады сьпявала ”Чаканьне”. Я перагартаў ноты. Голас духмяны водарам якую парфуму твая бэзу. Убачыў грудзі, поўныя, горла ліло трэлі. Упершыню ўбачыў. Яна мне падзякавала. Чаму яна мне? Кон. Вочы гішпанкі. Яна сама ў сваім патыё пад грушай а той гадзіне ў старым Мадрыдзе напалову ў цені Далёрэс янадалёрэс. Мяне. Панаджвае. Ах, прынаджвае.
— О Марта! Марта!
Пакінуўшы ўсю абамлеласьць, Ліянэль усклікнуў у сумоце, клічам уладарнага пачуцьця, каб каханая вярнулася, гарманічнымі сугуччамі, што ападалі й падымаліся. Кліч ліянэлевай самоты, каб сама ўведала, каб Марта пачула. Ён яе адну чакаў. Дзе? Тут там шукай там сям усе шукайце дзе. Дзенебудзь.
— Вярні—іся, мая страта!
Вярні—іся, дарагая!
Самотны. Адно каханьне. Адна надзея. Адно мне суцяшэньне. Марта, грудны гук, вярніся.
— Вярніся!
Яна лунала, птушка, трымала свой лёт, чысты быстры гук, лётны срабрысты шар, узьбілася супакойна, прысьпешыла, не, завісла, зыход, не цягні так доўга доўгае дыханьне ў яго на доўгае жыцьцё, лунала высока, мігцела ў вышыні, палымнела, укаранаваная, высока, у сьвятлістай ясноце, высока, на эфірным лоне, высока, праменная ў далячынях і вышынях, паўсюды лунала, усё запаўняла, без канца й бяз краю — аю — аю...
— Да мяне!
Саймапольд!
Завяршылася.
Прыйдзі. Добра прасьпяваў. Усе запляскалі. Яна павінна. Прыйдзі. Да мяне, да яго, да яе, да цябе таксама, да мяне, да нас.
— Брава. Плясьплясь. Малайчына, Сайман! Плясюплясьплясь. Біс! Плясьплісьплясь. Голас як звон. Брава, Сайман! Плясьплёсьплясь. Біс, плясьбіс, гаманілі, крычалі, пляскалі ўсе, Бэн Долард, Лідыя Дус, Джордж Лідуэл, Пэт, Майна, два джэнтльмэны з двума кухлямі, Каўлі, першы джэнт з кух і бронзавая міс Дус і залатая міс Майна.
Буякі Бойлана зграбныя цёмнажарыя чаравікі рыпелі па падлозе бару, як вышэй сказана. Каля помнікаў сэру Джону Грэю, Гарацыю аднарукаму Нэльсану, правялебнаму айцу Тэабалду Мэцью пабразгвала брычка, як сказана вышэй толькі што. Трухам, у сьпякоце, на сьпечаным сядзеньні. Cloche. Sonnez la. Cloche. Sonnez la. Кабыла запаволіла пад узвышшам ля Ратонды, Ратлэндскуэр. Запаволі Бойлану, буянаму Бойлану, разагрэтаму Бойлану цягнецца кабылка.
Заціхлі погаласы акордаў Каўлі, замерлі ў паветры, насыціўшы яго да краю.
І Рычы Гульдынг хліснуў віскі, і Блюм Леапольд сідру, Лідуэл піва, другі джэнтльмэн сказаў, што яны паўтарылі б па кухліку, калі яна не супроць. Міс Кэнэдзі, дрэнную аказваючы паслугу, скрывіла каралавыя губкі ва ўсьмешцы першаму, потым другому. Яна не супроць.
— У турму на тыдзень, — сказаў Бэн Долярд, — на хлеб з вадою. Вось тады ты, Сайман, запяяў бы, як дрозд у садочку.
Ліянэль Сайман, сьпявак, засьмяяўся. Айцец Боб Каўлі зайграў. Майна Кэнэдзі падала піва. Другі джэнтльмэн заплаціў. Том Кэрнан важна ўвайшоў. Лідыя, захапляльная, захаплялася. Але Блюм сьпяваў бязгучна.
Захапляючыся.
Рычы, захапляючыся, завёўся наконт знакамітага голасу таго чалавека. Яму запомніўся адзін вечар даўно таму. Такое нельга забыць. Сай сьпяваў ”Моц і хвалу”, у Нэда Лэмбэрта было. Добры Божа ніколі ў жыцьці ён ня чуў каб бралі такія ноты ў жыцьці ня чуў няшчырая, расстацца нам пара так чыста так Божа ў жыцьці ня чуў калі каханьня ўжо няма такім зычным голасам спытайце Лэмбэрта ён вам тое самае скажа.
Гулдынг, з румянцам праз бледнасьць, апавядаў містэру Блюму, з тварам цёмнае ночы, як Сай Дэдал, у Нэда Лэмбэрта, сьпяваў ”Моц і хвалу”.
Ён, містэр Блюм, слухаў, як ён, Рычы Гулдынг, апавядае яму, містэру Блюму, пра той вечар, калі ён, Рычы, чуў, як ён, Сай Дэдал, сьпяваў ”Моц і хвалу” ў доме ў яго, Нэда Лэмбэрта.
Швагры: сваякі. Мінаем адзін аднаго і ні слова ня скажам. Я думаю, лопнула слабая струнка. Трактуе яго з пагардай. І глянь жа. Ад гэтага яшчэ больш ім захапляецца. О, той вечар, калі Сай сьпяваў. Чалавечы голас, дзьве тоненькія шаўковыя нітачкі. Найдзіўнейшае з усяго.
Гэты голас быў галашэньнем. Цяпер спакайней. Калі цішыня, тады й адчуваеш, што чуеш. Вібрацыі. Цяпер абціхлае паветра .
Блюм разблытаў свае скрыжаваныя далоні й вялымі пальцамі патузваў пругкую гумовую струнку. Ён напінаў і патузваў. Яна дрынкала й брынкала. Пакуль Гулдынг гаманіў пра пастаноўку голасу ў Бэрэклафа, а Том Кэрнан, зьвяртаючыся ў мінулае зь нейкім рэтраспэктыўным упарадкаваньнем, нешта гаварыў Айцу Каўлі, які, слухаючы, імправізаваў, які ківаў, імправізуючы. Пакуль Вялікі Бэн Долард гаварыў з Сайманам Дэдалам, які прыкурваў люльку, які ківаў, прыкурваючы, які курыў.
Мая страта. Усе рамансы на гэтую тэму. Яшчэ мацней нацягнуў Блюм сваю струнку. Ці ня жорста так. Людзі прывяжуцца адзін да аднаго: прынадзяць адзін аднаго. А потым разрыў. Сьмерць. Крах. Абухом па галаве. Кабтвайгодухутутнячуў. Жыцьцё чалавека. Дыгнам. Брр, як той пацук дрыгаў хвастом! Пяць шылінгаў я ахвяраваў. Corpus paradisum[7]. Крумканьне клірыка, пуза як у здохлага сабакі. Прапаў. Адпелі. Забыты. І я так сама. І аднаго прыгожага дня яна з. Пакінеш яе: прыелася ўжо. Спачатку будзе цярпець. Пахліпае. Вялікія вочы гішпанкі ўстаўленыя ў пустку. Хвалісталісталістагустаустаустыя валасы, непрычасаны—я.
Але й зашмат шчасьця наганяе нуду. Ён напінаў мацней, усё мацней. Дык ты нешчасьлівы ў? Брынь. Лопнула.
Бразгат у Дорсэтстрыт.
Міс Дус сваю атласную ручку забрала з дакорам і задаволенасьцю.
— Вы зашмат сабе дазваляеце, — не дазволіла яна, — мы яшчэ недастаткова знаёмыя.
Джордж Лідуэл запэўніў яе, што ён шчыра, што ён сур’ёзна: аднак яна не паверыла.
Першы джэнтльмэн запэўніў Майну, так і было. Яна ў яго запыталася, ці так яно было. І другі кухаль яе запэўніў, так было. Што так яно й было.
Міс Дус, міс Лідыя, ня верыла — міс Кэнэдзі, Майна, ня верыла — Джордж Лідуэл, не, — міс Дус не — першы, першы — джэнт з кух — верыла, не, не — не, не, міс Кэні — Лідлідыюэл — кух.
Лепш напісаць тут. На пошце ўсе ручкі паабкусваныя й паламаныя.
Лысы Пэт на ківок ступіў крок. Пяро й атрамант. Пайшоў. І прамакатку. Пайшоў. Прамакатку. Пачуў тугавухі Пэт.
— Так, — сказаў містэр Блюм, паскубваючы скручаную гумку. — Безумоўна. Некалькі радкоў, і хопіць. Мой падарунак. Уся тая італьянская музыка з фіярытурамі. Хто аўтар? Калі ведаеш прозьвішча, робіцца неяк ясьней. Вымай лісток паперы, канвэрт: з абыякавай мінай. Гэта зусім тыпова.
— Найзнакамітшы нумар ва усёй гэтай опэры, — сказаў Гулдынг.
— Сапраўды, — адказаў Блюм.
Усё гэта нумары. Лікі. Уся музыка, калі добра задумацца. Два памножыць на два падзяліць напалову будзе двойчы адзін. Вібрацыі: якраз тыя акорды. Адзін плюс два плюс шэсьць будзе сем. Можна лічбамі круціць як хочаш. Заўсёды выйдзе штосьці роўнае чамусьці: сымэтрыя. Сымэртыя. Ён і не заўважыў, што я ў жалобе. Таўстаскуры: далей за сваё пуза ня бачыць. Музматэматыка. А здаецца, што чуеш нешта нябеснае. А спрабуй ёй сказаць нешта такое: Марта, сем памножыць на дзевяць мінус ікс дае трыццаць пяць тысяч. Як гарохам аб сьцяну. Так што ўся сутнасьць у гуках.
Напрыклад, ён цяпер іграе. Імправізуе. Пакуль няма слоў, гэта можа абазначаць што заўгодна. Трэба прыслухацца як сьлед. Нялёгка. Спачатку ўсё добра: потым чуеш, быццам трохі выпаў з тэмы: быццам трохі разгубіўся. А далей ужо пасыплюцца мяхі ды бочкі, цераз платы з калючым дротам, бег зь перашкодамі. Мэлёдыю стварае рытм. Залежыць, у якім ты настроі. Але слухаць заўсёды прыемна. За выняткам гамаў, якія паненкі дзяўбуць угору і ўніз. Ажно дзьве пасуседзку. Для такіх павінны прыдумаць бязгучныя піяніны. Я ёй купіў Blumenlied[8]. Дзеля назвы. Аднаго разу йшоў дадому вечарам, а дзяўчына гэта йграла ў павольным тэмпе, дзяўчына. Дзе вароты стайняў побач з Цэцыліястрыт. Мілі ня любіць. Дзіўна, бо мы абое.
Лысы Пэт глухар прынёс атрамант і бювар. Плоскі бювар паклаў глухар побач з атрамантам і ручкай. Тал від і нож забраў. Пэт зьнік.
Гэтай мове няма роўных, заявіў Бэну містэр Дэдал. Яшчэ хлопцам ён чуў як яны напявалі свае баркаролы: Рынгабэла, Кросхэйвэн, так, Рынгабэла. Прыстань у Кінгстаўне поўная італьянскіх караблёў. Уяўляеш, Бэн, яны там шпацыравалі месячнымі начамі ў такіх неверагодных капелюшох. Удала зьліваліся галасы. Якая музыка, Бэн. Чуў хлопцам. Ноччу над портам гучалі люнаролы.
Скіслую люльку адклаўшы, складзеную шчытком далонь паднёс ён да сваіх губ, якія пратуркаталі начны кліч у месячным сьвятле, зычны зблізку, кліч здалёку, адказваючы.
Краем скручанага трубкай ”Фрымэна” вандравала Блюма вока, каб ён не сурочыў, шукаючы, дзе ж гэта я бачыў. Колэн, Коўлмэн, Дыгнам Патрык. Гэйга! Гэйга! Фоўсэт. Ага! Тое што я шукаў...
Спадзяюся, ён не назірае за мной, нюх як у пацука. Ён разгарнуў свой ”Фрымэн”. Цяпер ня ўбачыць. Не забывай е пісаць пагрэцку. Блюм абмакнуў. Блум прашап: дарагі сэр. Дарагі Генры напісаў: дарагая Мэйды. Атрымаў ад цябе лі і кве. Да д’ябла, а куды я падзеў? У нейкай кіш. Абсалю немаг. Падкрэсьліць немаг. Напісаць сёньня.
Нудная справа. Зануджаны Блюм далікатна пабубніў я толькі лёгка задумаўся пальцамі па плоскім бювары ад глухара Пэта.
Далей. Ты ведаеш, што я маю на думцы. Не, гэтае е зьмяні. Прымі маленькі падар што я пакл. Адк не прасі. Чакай жа. Пяць Дыг. Тут каля двух. Пэнс чайкам. Ілія нады. Сем у Дэйві Бэрна. Разам каля васьмі. Скажам тады, паўкроны. Маленькі падар: п.п. два і шэсьць. Напішы мне доўгі. Ты ня грэбуеш? Бразгат, ці табе ўстаў? Так хвалююся. Чаму ты мяне назвала абрыд? Пэўна, сама абрыдная? Ах, Мэры майткі на шпільцы насіла. На сёньня бывай. Тактак, раскажу табе. Я таксама хацеў бы. Каб трымаліся. Назаві мяне тымі іншымі? Іншыя сховы, так напісала. Пакуль ня вычарп мне цярп. Каб трымаліся. Ты павінна верыць. Верыць. Кух. Гэта. Шчырая. Праўда.
Дурнавата, што я пішу? Мужы не. Іх сямейнае жыцьцё прымушае, іхнія жонкі. Таму што я не з. Ну а калі б. Але як? Яна павінна. Захаваць маладосьць. Калі б яна даведалася. Картачка ў мяне ў якасным кап. Не, усяго нельга гаварыць. Лішняя прыкрасьць. Калі самі ня бачаць. Жанчына. Што добрае аднаму, добрае й другому.
Экіпаж нумар трыста дваццаць чатыры, кіруе ім Бэртан Джэймс, дом нумар адзін, Харманіавэню, Донібрук, а ў экіпажы пасажыр, малады мужчына ў шыкоўным гарнітуры зь сіняй саржы, пашытым у Джорджа Робэрта Мізаеса, закройшчыка й краўца, што пражывае на набярэжнай Ідэн пяць, у франтаватым саламяным капелюшы, купленым у Джона Плэстава, ГрэйтБрансуікстрыт дом нумар адзін, капялюшніка. Ясна? Гэта й ёсьць тая брычка, што жвава пабрыквала й пабразгвала. Каля мясной крамы Длугача, каля зыркай рэклямы Агэндат рысіла спраўнаклубая кабыла.
— Адказваем на абвестку? — запыталіся колкія вочкі Рычы.
— Так, — сказаў містэр Блюм. — Каміваяжор у межах гораду. Нічога ня выйдзе, як думаю.
Блюм шапта: найлепшыя рэкамэндацыі. Генры тым часам пісаў: гэта мяне ўсхвалюе. Цяпер ужо ведаеш. Сьпяшаюся. Генры. Грэцкае е. Лепш, калі ёсьць пастскрыптум. Што ён цяпер іграе? Імправізацыя. Інтэрмэца. P. S. Рам там там. А як ты па? Пакараеш мяне? Скасабочаная спадніца ўзьлятае, луп дый луп. Скажы мне, я хачу. Ведаць. Без. Умоўна, калі б не хацеў, не пытаўся б. Лялялярэ. Канец цягнецца сумна, у міноры. Чаму мінор сумны? Падпішы Г. Ім падабаецца сумнае пад канец. P. P. S. Лялялярэ. Сёньня мне так сумна. Лярэ. Так самотна. До.
Ён хутка прамакнуў бюварам Пэта. Канвэ. Адрас. Перапішы проста з газэты. Прашаптаў: сп.сп. Колэн, Коўлмэн і Ска. А Генры напісаў:
Міс Марце Кліфард
Да запатрабаваньня
ДолфінсБарнлэйн
Дублін
Прамакні й там каб нельга было прачытаць. Вось так. Ідэя для апавяданьня на прэмію. Дэтэктыў штосьці там прачытаў з прамакаткі. Гінэя за калёнку. Мэтчэм часта раздумвае аб сьмяшлівай чараўніцы. Бедная місіс Пюрфой. Пр. др: прыдурак.
Занадта ўжо паэтычна выйшла наконт суму. Гэта музыка так. У музыцы ёсьць чары, кажа Шэкспір. Цытаты на кожны дзень году. Быць ці ня быць. Ходкая мудрасьць.
У разарыі Джэралда на Фэтэрлэйн ён праходжваецца, шэравокакаштанававалосы. Усяго адно жыцьцё нам дадзена. Адно цела. Дзей. Але толькі дзей.
Якніяк, але зроблена. Марку й паштовы перавод. Пошта побач. Давай цяпер. Досыць. Абяцаў зь імі спаткацца ў Барні Кірнана. Непрыемная справа. Дом смутку. Давай. Пэт! Ня чуе. Глухі, як пень.
Брычка ўжо туды пад’яжджае. Гаварыць. Гаварыць. Пэт! Ня чуе. Сурвэткі раскладвае. Находзіцца так за ўвесь дзень. Намаляваць яму на лысіне твар, будзе адзін у двух абліччах. Хацелася б, каб яны яшчэ засьпявалі. Адвялі б думкі ад.
Лысы Пэт заклапочана мітрыў сурвэткі. Пэт тугавухі. Пэту трэба несьці табе есьці. Хіхіхіхі. Трэба несьці табе есьці. Хіхі. Глухар тугі. Хіхіхіхі. Трэба несьці табе есьці. Яму нельга сесьці бо трэба несьці табе есьці. Хіхіхіхі. Хо. Несьці табе есьці.
Цяпер Дус. Дус Лідыя. Бронза й ружа.
Яна цудоўна, папросту цудоўна правяла час. Гляньце, якую прыгожую ракавінку яна прывезла.
Трымаючы лягутка, яна прынесла яму на самы канец стойкі віты й рагаты морскі горн, каб ён, Джордж Лідуэл адвакат, мог паслухаць.
— Слухайце! — дала загад.
Пад словы Тома Кэрнана, разагрэтыя джынам, акампаніятар віў павольную мэлёдыю. Аўтэнтычны факт. Як Уолтэр Бэпты страціў голас. І тут, сэр, муж схапіў яго за горла. Вы мярзотнік, кажа. І любоўных песьняў вы ўжо не засьпяваеце. Такая гісторыя, сэр Том. Боб Каўлі віў. У тэнараў жанчын адво. Каўлі адхіліўся ўзад.
Ах, цяпер ён пачуў, яна паднесла яму да самага вуха. Слухайце! Ён слухаў. Цудоўна. Яна паднесла да свайго, і ў бледным працэджаным сьвятле золата сьлізганула кантрастам. Таксама паслухаць.
Стук.
Церазь дзьверы бару Блюм бачыў, як яны падносілі да вуха ракавіну. Ён чуў, хоць і слабей, тое, што чулі яны, кожная сабе, а потым адна адной падносячы паслухаць, паслухаць плёскат хваляў, гулкі, бязгучны рык.
Бронза ля стамлёнага золата, зблізку, здалёк, слухалі.
Яе вуха — таксама ракавіна, мочка адтапыраная. Была над морам. О прыморскія красуні. Скура прыпяклася на сонцы. Каб дастаць загару, трэба спачатку крэмам. Грэнка з маслам. Дарэчы, не забыцца пра той крэм. Каля роту гарачка. Кружаць голаў мне. Валасы начэсаныя наверх: ракавіна абрасла водарасьцямі. Чаму яны хаваюць вушы пад тымі водарасьцямі валасоў? А турчанкі рот хаваюць, таксама чаму? Толькі вочы паверх сеткі. Чадра. Паспрабуй туды пранікні. Пячора. Уваходзіць толькі па справе.
Думаюць, што яны чуюць мора. Ягоны сьпеў. Рык. А гэта кроў. Прылівае да вушэй. А што, таксама мора. Малекулы астраўкі.
Праўда, цудоўна. Так выразна. Яшчэ. Джордж Лідуэл патрымаў яе, шапатлівую, паслухаў: потым паклаў побач, асьцярожна.
— Аб чым сьпяваюць бурлівыя хвалі? — спытаўся ён у яе, усьміхнуўшыся.
Чаруючы, не адказваючы, морскаўсьміхаючыся, Лідыя Лідуэлу ўсьміхнулася.
Стук.
Каля Лэры О’Рорка, каля нашага Лэры, зуха Лэры О’, Бойлан хібануўся й Бойлан павярнуў.
Ад пакінутай ракавіны міс Майна сьлізганула да кухля. Не, яна не была зусім адзінокая, гарэзьліва паведаміла галоўка міс Дус містэру Лідуэлу. Шпацыры над морам пры месяцы. Не, не адзінока. З кім? Яна дастойна адказала: з адным дастойным знаёмым.
Пальцы Боба Каўлі зноў замільгалі ў высокіх актавах. Права першага спагнаньня за гаспад. Яшчэ трохі часу. Доўгі Джон. Вялікі Бэн. Зь лёгкіх пальцаў зьлятаў лёгкі яркі матыў дзеля лёгканогіх дамаў з гарэзьліай усьмешкай і іхніх кавалераў, дастойных знаёмых. Раз: разразраз: дваразтрычатыры.
Мора, вецер, лістота, грымоты, воды, мычаньне кароваў, жывёльны рынак, пеўні, куры не кукарэкаюць, вужакі ссссыкаюць. Музыка ёсьць ва ўсім. Дзьверы Ратлэджа: іікрыыы рыпнулі. Не, гэта ўжо шум. А цяпер ён іграе мэнуэт з ”Дон Жуана”. Прыдворныя ў строях любога выгляду танцуюць у пакоях замку. Галеча. Мужыкі навонкі. Пазелянелыя ад голаду твары, ядуць лапухі. Прыемны абразок, нічога ня скажаш. Глянь: гляньгляньгляньгляньглянь: глянь на нас.
Вясёлае, я добра адчуваю. Але сам бы ніколі не напісаў такую. Чаму? Мая радасьць іншая. Але абедзьве яны — радасьці. Так, гэта радасьць. Музыка самім фактам кажа, што ты. Колькі разоў я думаў, настрой у яе дрэнь, а яна пачынае падпяваць. І тады ведаеш.
МакКой з валізай. Мая жонка й твая жонка. Кашэчы попіск. Як шоўк дзяруць. Калі размаўляе, трашчыць як трашчотка. Яны ня могуць гаварыць з паўзамі, як мужчыны. І нейкая прорва ў іх у голасе. Запоўні мяне. Я цёплая, цёмная, адкрытая. Молі ў quis est homo: Мэркадантэ. Прыхінуў вуха да сьцяны, каб слухаць. Мне трэба жанчына, якая адпускала б тавар.
Бразь брык стала брычка. Франтпантофаль Бойланафранта й франтшкарпэткі ў сінія стрэлкі лёгка з брычкі на зямлю зыйшлі.
А глянь жа! Малая начная музыка. З гэтага можа выйсьці добры калямбур. Я гэтую музыку часта чую, калі яна. Акустыка. Цуркатаньне. Калі ў пусты гаршчок, асабліва гулка. Бо ў той акустыцы зьмены гучнасьці згодна вазе вады раўняюцца па законе падзеньня вады. Як тыя рапсодыі Ліста, вугорскія, цыганскавокія. Пэрлы. Кроплі. Дожджык. Капкапляпляпплюсьплюсь. Сссык. Цяпер. Можа, якраз цяпер. Або ўжо.
Хтось у дзьверы стук, хтось у дзьверы грук, то яздок Поль дэ Кок трапны скок певень курку кукарэку курка квок. Квооок!
Стук.
— Qui sdegno[9], Бэн, — папрасіў Айцец Каўлі.
— Ды не, Бэн, — умяшаўся Том Кэрнан, — лепш ”Юнага бунтара”. На роднай гаворцы.
— Давай, Бэн, — сказаў містэр Дэдал. — О, добрыя людзі.
— Давай, давай, — падтрымалі ўсе ў адзін голас.
Пайду ўжо. Гэй, Пэт, сюды. Хадзі. Ён падыходзіць, ён падыходзіць, не марудзіць. Да мяне. Колькі зь мяне?
— А ў якой танальнасьці? Шэсьць дыезаў?
— Фа дыез мажор, — сказаў Бэн Долард.
Расшчапераныя кіпцюры Каўлі ўпалі на чорныя клявішы ніжніх актаваў.
Я павінен ісьці, сказаў князь Блюм князю Рычы. Не, запярэчыў Рычы. Так, павінен. Дзесьці дастаў граша. Цяпер гульне на ўвесь мах, пакуль паясьніца ня схопіць. Колькі? Ён чуебачыць губмову. Шылінг і дзевяць пэнсаў. Пэнс яму. Вось. Не, дай яму два. Глухі, заклапочаны. Можа ў яго дома сям’я, чакаюць, чакаюць, Пэт прыходзь дахаты. Хіхіхіхі. Глухару трэба несьці, каб ім было паесьці.
Але пачакай. Паслухай. Змрочныя акорды. Панурурурурыя. Нізкія. У пячоры ў цёмным нутры зямлі. Груды руды. Камякі музыкі.
Голас змрочнага часу, некаханьня, зямной уморанасьці, паважна ўступіў і, балесны, прышлы здалёк, зь дзікіх гор, зьвярнуўся да добрых і шчырых людзей. Сьвятара ён шукаў, яму хацеў мовіць слова.
Стук.
Барылтон Бэна Доларда. Стараецца выказаць, як можа. Вохканьне разьлеглага балота, бязьлюднага, бязьмесячнага, бяздамнага. Яшчэ адзін няўдаліца. Калісьці быў вялікім дастаўнікам для флёту. Памятаю: насмалаваныя канаты, сыгнальныя ліхтары. А потым банкруцтва на дзесяць тысяч фунтаў. Цяпер у прытулку Айві. Каморка нумар такі й такі. Піва Баса нумар адзін яго так даканала.
Сьвятар дома. Слуга фальшывага сьвятара запрашае яго ўвайсьці. Уваходзь. Сьвяты айцец. Завіткі акордаў.
Руйнуюць. Даводзяць да загубы. А потым даюць па каморцы, каб меў дзе спруцянець. Баюбай. Калыханка. Сьпі, сабачка, баюбай. Сьпі, сабачка, і здыхай.
Голас, што гучыць перасьцярогай, злавеснай перасьцярогай, распавядаў ім, як юнак уваходзіць у пустую залю, як злавесна адгукаюцца ягоныя крокі, распавёў аб змрочных пакоях, дзе сядзеў сьвятар у сутане, гатовы выслухаць споведзь.
Чыстая душа. Цяпер трохі прыбрудзілася. Думае выйграць конкурс у ”Адказах”, рэбусы на загалоўкі вершаў. І мы ўручым вам храбусткі пяціфунтавы банкнот. Птушка сядзіць на яйках у гнязьдзе. Ён адгадвае, што гэта ”Песьня апошняга мінстрэля”. Ка рысачка тэ, якая гэта хатняя жывёла? Эн рысачкі эн, харобры матрос. Але голас у яго й цяпер знакаміты. Далёка не эўнух, з тым сваім прычындальлем.
Паслухай. Блюм слухаў. Рычы Гулдынг слухаў. І ля дзьвярэй глухі Пэт, лысы Пэт, напівак атрымаўшы, слухаў.
Акорды загучалі павальней.
Голас раскаяньня й гора цягнуў паволі, аздобна, трапятліва. Скрушлівая барада Бэна спавядалася: in nomine Domini, у ймя Гасподняе. Ён стаў на калені. Біўся кулаком у грудзі, каючыся: mea culpa[10].
Зноў лаціна. Круцяцца вакол яе, як кот вакол сьмятаны. Сьвятар са сьвятымі дарамі для тых жанчынаў. Другі ў могілкавай капліцы, дамавіна або донаван, corpusnomine. Цікава, дзе цяпер той пацук. Драпаціць.
Стук.
Яны слухалі: кухлі й міс Кэнэдзі, Джорджа Лідуэла выразістыя павекі, паўнагрудны атлас, Кэрнан і Сай.
З уздыхам голас сум свой выліваў. Свае грахі. Пасьля Вялікадня ён вылаяўся разы тры. Сукін ты сын. І раз імшу ён прапусьціў. Аднойчы ля касьцёла ёй ішоў і за спачын матчынае душы не памаліўся. Зусім яшчэ юнак. Юны бунтар.
Бронза, ля піўнае помпы, заслухаўшыся, вочы скіравала ў даль. Самазабыўна. І ведаць ня хоча, што я. Молі заўсёды дапетрыць, калі хто на яе глядзіць.
Бронза вочы скіравала ў даль, у бок. Там люстра. Гэта, відаць, яе самы ўдалы профіль. Яны заўсёды ведаюць. Грук у дзьверы. Апошняя рысачка да туалету.
Куккаррэку.
Пра што яны думаюць, калі слухаюць музыку? Так ловяць грымотных зьмеяў. Той вечар, калі Майкл Ган даў нам сваю лёжу. Настройваньне інструмантаў. Пэрскі шах любіў гэта больш за ўсё. Нагадвала яму свой родны мілы кут. А яшчэ высмаркаўся ў заслону. Можа, у іх так прынята. Таксама музыка. А што ў тым дрэннага. Трутуту. Медзяныя, аслы дурныя, рычаць, задзёршы раструб. Безабаронныя кантрабасы з ранай у баку. Драўляныя дудкі мыкаюць як каровы. Фартэпіян як адкрытая кракадзілава пашча, музыка з сківіцамі. Дудвіны, драўляныя Гудвіны.
Яна выглядала надзвычайна. Шафранавая сукня з глыбокім выразам, усе повабы напаказ. Гвазьдзіковы пах дыханьня, калі нахілялася штосьці спытацца. Я расказваў, што піша Спіноза ў той татавай кнізе. Слухала як зачараваная. Вочы во такія. Нахілілася дапераду. Тып на бальконе разглядаў яе зьверху ўніз у бінокль, ня мог адарвацца. Каб адчуць красу музыкі, трэба паслухаць двойчы. Прыроду жанчыны з аднаго пагляду. Бог стварыў краіну, а чалавек песьню. Мне там усіх коз. Філязофія. Ну й лухта!
Усе прапалі. Усе палі ў бітвах. У бітве пад Росам бацька, у бітве пад Гоўры браты. У Ўэксфард, мы ўэксфардзкія хлопцы, ён ішоў. Апошні са свайго родуплемені.
Я таксама. Апошні са свайго роду. Мілі з маладым студэнтам. Што ж, відаць, сам вінаваты. Няма сына. Рудзі. Цяпер ужо позна. А калі не? Калі не? Калі яшчэ?
Ён не адчуваў нянавісьці.
Нянавісьць. Любоў. Толькі словы. Рудзі. Неўзабаве буду стары.
Вялікі Бэн разгарнуў голас. Магутны голас, сказаў Рычы Гулдынг, на твары якога румянец змагаўся з бледнасьцю, неўзабаве старому Блюму, калі той яшчэ малады.
Цяпер пра Ірляндыю. Мая краіна даражэй за караля. Яна слухае. Хто баіцца гаварыць пра дзевяцьсот чацьвёрты? Час адплываць. Наглядзеўся ўдосталь.
— Багаславі мне, ойча, — усклікнуў бунтар Долард, — багаславі мне на дарогу.
Стук.
Блюм, не пабагаслаўлёны на дарогу, глядзеў. Туалет ашаламляльны: і то пры васямнаццаці шылінгах на тыдзень. Паклоньнікі кідаюцца грашом. Трэба мець вочы расплюшчаныя. О дзяўчаты, прыгажуні. Над сумнымі хвалямі мора. Раман харысткі. Раскрытыя лісты, даказалі парушэньне шлюбнага абяцаньня. Салодкай пташачцы піша коцікмаркоцік. Сьмех у залі суда. Генры. Подпіс ня мой. Якое прыгожае ў цябе.
Музыка загучала глуха, мэлёдыя й словы. Потым прысьпешыла. Шолах сутаны, і замест уяўнага сьвятара перад ім жаўнер. Гвардзіст, капітан. Яны ўсё гэта ведаюць на памяць. Любяць паказытаць сябе жахам. Гвардзіст кап.
Стук. Стук.
Жахнутая, слухала, падаўшыся дапераду, каб слухаць са спагадай.
Пусты твар. Або цнатліўка, або пакуль толькі пальчыкам. Пустая бачынка: пішы на ёй. А калі не, што зь імі робіцца? Падаюць духам і ў роспач. Падтрымлівае ў іх маладосьць. Нават самі сабе зьдзіўляюцца. Глядзі. Пайграць на ёй. Падзьмуць губамі. Белацелая жанчына, жывая флейта. Падзьмуць зьлёгку. Мацней. Любая жанчына тры дзіркі. Так і не пабачыў у багіні. Яны таго хочуць: ня трэба лішняй далікатнасьці. Таму ён кожную й мае. У кішэні золата, на мордзе нахабства. Вока на вока: песьні бяз слоў. Молі й той хлапчук катрыншчык. Адразу здагадалася, што ён пра хворую малпку. А можа таму што да гішпанца падобны. Такім спосабам можна нават зьвяроў разумець. Салямон умеў. Прыродны дар.
Брухамоўнасьць. Губы ў мяне стуленыя. Думаюць, у маім жыва. Што?
Жадаеш? Ты? Я. Хачу. Каб. Ты.
Заюшаны гвардзіст прахрыпеў праклён. Наліўся сукінсынам. Добра надумаў, хлопча, што прыйшоў сюды. Жыцьця табе даю ўсяго гадзіну. Апошнюю тваю.
Стук. Стук.
Цяпер самы жах. Яны яго шкадуюць. Выціснуць сьлязу за пакутнікаў. За ўсё, што памірае, што хоча, паміраючы, памерці. За ўсё, што нараджаецца. Бедная місіс Пюрфой. Спадзяюся, ужо разрадзілася. Бо іхнія ўлоньні.
Вільгаць улоньня жанчыны зрэнка глядзела праз вейкаў частакол, спакойна, услухоўваючыся. Калі яна не адзываецца, бачыш, якія прыгожыя могуць быць яе вочы. Па гэнай рацэ. І кожны раз, калі паволі ўзьнімалася атласная хваля яе грудзей (яе буйныя кшталты), чырвоная ружа ўзьнікала паволі й паволі панікала. Яе дыханьне ў такт сэрцу: дыханьне ёсьць жыцьцё. І ўсе тонкіятоненькія завіткі папарацевых валасоў, яе дзявочых, трапяталі ў такт.
Але паглянь. Цьмянеюць ясны зоры. О, ружа! Кастыліі. Заранка. Га. Лідуэл. Дык гэта яму а не. Закахаўся. І я так? Паглядзі вакол яе. Коркі, калюжыны піўнай пены, пустыя бутэлькі.
На гладкі тронак піўнае помпы Лідыя ручку паклала лягутка, мякутка, пакінь гэта маім рукам. Усё прапала ў парыве шкадаваньня да бунтара. Тудысюды, тудысюды: бліскучы тронак (яна ведае пра ягоныя вочы, мае вочы, яе вочы) вялікі і ўказальны пальцы, шкадуючы, шморгалі: нашморгвалі, падшморгвалі, а потым, далікатна кранаючыся, сьлізганулі, паволі, гладка, на дол, і белы, цьвёрды, халодны паліваны кол тырчаў у іх сьлізготным зашмаргу.
Певень квоку кукарэку.
Стук. Стук. Стук.
Гаспадаром у гэтым доме я. Амін. Зь лютым скрыгатам зубоў. Здраднікі завіснуць.
Акорды выказалі згоду. Вельмі сумная гісторыя. Але так мусіла быць.
Выбрацца, пакуль не закончылася. Дзякуй, гэта было боскае. Дзе мой капялюш. Прайсьці каля яе. ”Фрымэна” можна пакінуць. Ліст пры мне. А раптам яна? Не. Хадзіць. Хадзіць. Хадзіць. Як Кэшл Бойла Конара Койла Тысдал Морыс Ітакдал Фарэл, хадзіііііііць.
Ну, мне трэба. Ужо йдзяце? Тмнтрбдпбчньня. Блмст. У крапіве высокай. Блюм устаў. Ох. Мыла ззаду адчуваю стала ліпкае. Успацеў, відаць: музыка. Той крэм, памятай. Ну, да сустрэчы. Якасны кап. Картачка там, так.
Каля глухара Пэта ў дзьвярах, што вуха навастрыў, прайшоў Блюм.
Пад сьценкай казармы яго расстралялі. І ў Пасыджы цела яго пахавалі. Dolor![11] О, ён далёрэс! Голас гаротнага пеюна клікаў да скрушлівай малітвы.
Каля ружы, каля атласных грудзей, каля пяшчотнай ручкі, каля памыяў, коркаў, пустых бутэлек, кланяючыся на хаду, пакідаючы ззаду вочкі й завіткі, бронзу й золата ў глыбокаморскімцені, праходзіў Блюм, лагодны Блюм, я так самотны Блюм.
Стук. Стук. Стук.
Малецеся за яго, узмаліўся бас Доларда. Тыя, што слухаюць у цішы. Прашапчэце малітву, выцісьніце сьлязу, добрыя людзі, шчыры народ. Ён быў юным бунтаром.
Напужаўшы калідорнага бунтара з навостраным вухам, ужо ў сенях Блюм пачуў раскат і рык пахвалаў, смачныя похлапы па плячох, тупат ботаў, ботаў усіх іх, не бунтароў. Усеагульны хор патрабаваў выпіўкі спаласнуць такую нагоду. На шчасьце, я пазьбег.
— Хадзі, Бэн! — усклікнуў Сайман Дэдал. — Дальбог, ты быў ня горшы, чымсьці ў свае найлепшыя гады.
— Лепшы, — сказаў Томджын Кэрнан. — Самае пранікнёнае выкананьне гэтай баляды, клянуся маёй душой і гонарам.
— Лябляш, — сказаў Айцец Каўлі.
Бэн Долард, шчодра нашпігаваны пахваламі і ўвесь паружавелы, грузна пракачучаў да стойкі на цяжкаступных ступнях, шчоўкаючы вузлаватымі пальцамі, нібы кастаньетамі.
Вялікі Бэнабэн Долард. Вялікі БэнБэн. Вялікі БэнБэн.
Ррр.
Усе расчуліліся. Сайман сваю ўзрушанасьць пратрубіў фаготаносам, і ўсе расьсмяяліся й прывялі яго, Бэна Доларда, у дасканалы настрой.
— Як вы парумянелі, — сказаў Джордж Лідуэл.
Міс Дус паправіла сваю ружу, рыхтуючыся абслужыць.
— Бэн machree[12], — сказаў містэр Дэдал, ляпнуўшы Бэна па тлустай лапатцы. — Малайчына як трэба, ды толькі займаецца тайным назапашваньнем тлушчавых тканак.
Ррррррссс.
— Сьмерцяносны тлушч, Сайман, — буркнуў Бэн Долард.
Рычы лопнула слабая струна сядзеў адзінока: Гулдынг, Коліс, Уорд. У нерашучасьці чакаў. Пэт, не атрымаўшы платы, таксама.
Стук. Стук. Стук. Стук.
Міс Майна Кэнэдзі прыблізіла вусны да вуха кухля нумар адзін.
— Містэр Долард, — ціха шапнулі яны.
— Долард, — шапнуў кухаль.
Нумар адзін паверыў: міс Кэн калі яна: што ён дол: яна дол: кух.
Ён прашаптаў, што ведае гэтае ймя. Так бы мовіць, гэтае ймя яму знаёмае. Так бы мовіць, ён ужо раней чуў гэтае ймя. Долард, праўда? Так, Долард.
Так, вымавілі яе вусны галасьней, містэр Долард. Ён прасьпяваў тую песьню цудоўна, прашаптала Майна. І ”Апошняя ружа лета” таксама цудоўная песьня. Майне падабалася гэтая песьня. Кухлю падабалася песьня, якая Майне.
Апошнюю ружу лета Долард пакінуў Блюм пачуў у нутры віюцца вятры.
Ад таго сідру ўтвараюцца газы. І запоры. Чакай. Пошта каля Рувіма Дж., шылінг і восем пэнсаў. Скончыць з гэтым. Даць кругаля па Грыкстрыт. Шкада што паабяцаў прыйсьці. На паветры вальней. Музыка. Дзейнічае на нэрвы. Тронак помпы. Рука, што гайдае калыску, кіруе. Бэн Хоўт. Што кіруе сьветам.
Даль. Даль. Даль. Даль.
Стук. Стук. Стук. Стук.
Па набярэжнай пайшоў Ліянэльлеапольд, абрыдны Генры зь лістом да Мэйды, са слодыччу грэху з забаўкамі для Рауля з мне там усіх коз ішоў Польдзі.
Стукстук сьляпы ішоў па ходніку, стукаючы стукалкай, стук за стукам.
Каўлі, ён сябе ўзбуджае гэтым; свайго роду ахмялеласьць. Лепш запыніцца на паўдарозе, як мужчына зь дзяўчынай. Напрыклад, мэляманы. Зьмяняюцца ў слых. Ня страціць ні паўпалавінкі піску. Вочы заплюшчаныя. Ківаюць галавою ў такт. Псыханулыя. Варухнуцца ня сьмей. Думаць строга забаронена. І без канца мелюць пра тое самае. Траляляля пра свае ноты.
Хоць гэта таксама спроба паразуменьня. Непрыемна, калі абрываецца, бо ня ведаеш дакл. Арган на Гардынэрстрыт. Старому Гліну па пяцьдзесят фунтаў у год. Дзіўнавата сядзець там аднаму наверсе з усімі тымі пэдалямі, клявішамі, рэгістрамі. Цэлымі днямі за арганам. Гадзінамі пра нешта бубніць, то сам да сябе, то да другога дзівака, які дзьме мяхамі. Злосна гыркае, віскліва ругаецца (трэба вату або штонебудзь у яго о не яна ўсклікнула ня трэба), потым раптам мяккае ўіі, малое ўіі малое ветраное.
Пуі! Малы ўіі вецярок прыкнуў прыыы. У Блюмавым нутрыыы.
— Гэта ён? — спытаўся містэр Дэдал, вярнуўшыся са сваёй люлькай. — Сёньня раніцай мы разам былі на паховінах беднага Пады Дыгнама...
— Памілуй Госпадзе ягоную душу.
— Дарэчы, там нейкі камэртон на тым...
Стук. Стук. Стук. Стук.
— Ягоная жонка мае дасканалы голас. Або мела. Што? — спытаўся Лідуэл.
— Ах, гэта, пэўна, настройшчык, — сказала Лідыя Сайманліянэлю калі цябе я ўбачыў першы раз, — яго забыўся, калі тут быў.
Ён зусім сьляпы, сказала яна Джорджу Лідуэлу калі ўбачыў другі раз. І йграў так дасканала, насалода для вушэй. Дасканалы кантраст: бронзалід майназолата.
— Крычы, колькі? — крыкнуў Бэн Долард, наліваючы. — Сьпявай, колькі!
— До! — гукнуў Айцец Каўлі.
Рррррр.
Адчуваю, мне хочацца...
Стук. Стук. Стук. Стук. Стук.
— Зусім, — сказаў містэр Дэдал, пільна прыглядаючыся безгаловай сардынцы.
Пад клёшам, што накрываў сандвічы, на катафалку з хлеба яна спачывала, апошняя й адзіная, адзінокая й апошняя сардынка лета. Блюм адзінокі.
— Зусім, — ён усё разглядаў. — У ніжнім рэгістры, высокая якасьць.
Стук. Стук. Стук. Стук. Стук. Стук. Стук. Стук.
Блюм мінуў швальню Бэры. Добра было б. Пачакаць крыху. Калі б я меў цяпер той цудадзейны сродак. Дваццаць чатыры законьнікі пад адным дахам. Судовая важданіна. Любеце адзін аднаго. Гурбы гербовай паперы. Спадары Чысьцільнік і Кішэнны маюць судовыя паўнамоцтвы. Гулдынг, Коліс, Уорд.
А прыкладна той асобень, што лупіць у вялізны бубен. Аркестар Мікі Руні: ягонае прызваньне. Цікава, як ён да гэтага дапяў. Сядзеў дома ў фатэлі, малаціў сьвініну з капустай. Рэпэтыраваў сваю партыю. Бум. Барабум. Уцеха жонцы якая. Асьліныя скуры. Лупцуюць яго пры жыцьці, і па сьмерці гупцяць. Бум. Гупапа. Усё роўна як той як жа яго яшмак, гэта значыць, кісмэт. Кон.
Стук. Стук. Сьляпы падлетак, пастукваючы кійком, дайшоў, пастукстукстукваючы, да вітрынаў Дэйлі, у якіх русалка, распусьціўшы на плечы русыя пасмы (аля ён ня мог іх бачыць), выпускала колцамі дым русалкі (сьляпы ня мог), курэце русалку, самыя лёгкія папяросы.
Інструманты. Сьцябліна травы, яе далоні ракавінкай, і дзьмухнуць. Нават на грэбні з папяроснай паперай і то можна зайграць кавалак. Молі на Заходняй Ломбардстрыт, у кашулі, з распушчанымі валасамі. Я думаю, у кожным рамястве якаянебудзь свая, ці ж не? Паляўнічы з рогам. Раганосец. Рог табе ўстаў? Cloche. Sonnez la! Дудка ў пастуха. Сьвісток у паліцыянта. Замкіключы прадаю! Коміны чышчу! Чацьвёртая раніцы, усё спакойна! Спаць! Усё прапала. Бубен? Бумбум. Чакай, яшчэ ведаю. Галоўны крыкун у горадзе, бумбэйліф. Доўгі Джон. Мёртвага разбудзіць. Бум. Дыгнам. Бедачына nominedamine. Бум. Таксама музыка, хоць тут, безумоўна, адно бум бум бум, тое, што называюць da capo[13]. Але штонебудзь можна ўхапіць. Калі мы йдзем, мы йдзем, мы йдзем наперад. Бум.
Сапраўды, мне трэба. Ффф. Калі б я на банкеце так. Пытаньне звычаяў, ня болей. Пэрскі шах. Прашапчэце малітву, выцісьніце сьлязу. Усёткі ён быў прастачок, не разгледзеў што гэта гвардыі кап. Увесь захутаны. Цікава, хто ж гэта быў на могілках у карычневым макінто. О, тая курва з завулка!
Цухматая курва ў плоскім чорным салямяным капялюшыку набакір, ашклянелая ў сьвятле дня, сунулася па набярэжнай насустрач містэру Блюму. Калі цябе я ўбачыў першы раз. О, так. Я сёньня так самотны. У дажджыстую ноч у завулку. Рог. У каго? Стаў. Тут не яе абход. Што яна? Спадзяюся, яна. Псст! Можа памыць вам нешта зь бялізны. Ведае Молі. Шпіганула мяне. З табой была поўная дама ў карычневым. І ў мяне адразу ўвесь пал прапаў. Дамовіліся на спатканьне. Амаль напэўна ведаючы, што ніколі. Зашмат рызыкі, заблізка родны мілы кут. Заўважыла мяне ці не? Днём выглядае як страхоцьце. Твар як з воску. Чорт бы яе браў! Ну але ж ёй трэба жыць, як кожнаму. Адвярніся.
У вітрыне антыкварнай крамы Ліянэла Маркса высакамерны Генры Ліянэль Леапольд дарагі Генры Флаўэр засяроджана містэр Леапольд Блюм сузіраў кандэлябры й фісгармонію з пашмулянымі чарвівымі мяхамі. Цана аказійная: шэсьць шылінгаў. Можна было б навучыцца йграць. Танна. Хай пяройдзе. Вядома, усё дарагое, калі табе ня трэба. Гэта й называецца добры гандляр. Тое прымусіць купіць, што сам хоча збыць. Такі якраз тып прадаў мне швэдзкую брытву, якою мяне пагаліў. Хацеў яшчэ ўзяць за тое, што ён яе навастрыў. Ну, мінула. Шэсьць шылінгаў.
Ад сідру, а можа, і ад бургундзкага.
Блізу бронзы зблізку блізу золата здалёк звонкімі шклянкамі стукнуліся ўсе, зыркавокія й харобрыя, перад бронзавай Лідыі спакусьлівай ружай, апошняй ружай лета, ружай Кастыліі. Першы Лід, Дэ, Каў, Кэр, Дол пяты: Лідуэл, Сай Дэдал, Боб Каўлі, Кэрнан і Вялікі Бэн Долард.
Стук. Уваходзіць дзяцюк у сумотную залю ”Орманду”.
Блюм глядзеў на партрэт харобрага героя ў вітрыне Ліянэла Маркса. Апошнія словы Робэрта Эмэта. Сем апошніх слоў. Мэербэра.
— Шчырыя людзі, як і вы.
— Вово, Бэн.
— Узьнімуць шклянкі з намі.
Яны ўзьнялі.
Дзынь. Дзонь.
Цок. Невідушчы падлетак стаяў на парозе. Ён ня бачыў бронзы. Ня бачыў золата. Ні Бэна ні Боба ні Тома ні Сая ні Джорджа ні кухляў ні Рычы ні Пэта. Хіхіхіхі. Ня бачыў іх.
Морскіблюм, тлуставустыблюм глядзеў на апошнія словы. Паціхутку. Калі мая краіна зойме сваё месца сярод.
Пррпрр.
Няйначай, бург.
Ффф. Оо. Ррпр.
Народаў зямлі. Ззаду нікога. Яна прайшла. Дык тады, але не раней, як тады. Трамвай. Брам, брам, брам. Добрая наго. Пад’яжджае. Барарарам. Я упэўнены, гэта бургундзкае. Так. Раздва. Хай будзе напісана мая. Брраааааааа. Эпітафія. Я закон.
Ппррпффррппффф.
Чыў.
[1]Зелянкава-сіні колер (франц.).
[2]Залётнік; элегант (франц.).
[3]У горадзе... на моры (франц.).
[4]Пазванецезваночкам! (франц.).
[5]Пяшчотна, але не занадта (італ.).
[6]Каханьне мне адкрылася,
Мой пагляд зь ёю стрэўся... (італ.).
[7]Цела раю (лац.).
[8]Песьня кветак (ням.).
[9]Тут абурэньне (італ.).
[10]Мая віна (лац.).
[11]Смутак (лац.).
[12]Маё сэрца (ірлян.).
[13](Паўтарыць) спачатку (італ.).