FIDES ET RATIO

Энцыкліка Святога Айца

Ян Павел ІІ


І РАЗДЗЕЛ. АБ'ЯЎЛЕННЕ БОЖАЙ МУДРАСЦІ

Езус аб'яўляе Айца [7-12]
Розум перад абліччам таямніцы [13-15]

Езус аб'яўляе Айца

7. У аснове кожнай рэфлексіі, якую распачынае Касцёл, ляжыць перакананасць, што яму было даверана пасланне, якое бярэ пачатак з самога Бога (пар.2 Кар 4, 1-2). Веды, якія Касцёл прагне перадаць чалавеку, ён атрымаў не шляхам самастойных вынаходніцтваў, хоць бы й самых узнёслых, але дзякуючы таму, што прымаў з вераю Слова Божае (пар. 1 Фес 2, 13). Каля вытокаў нашай веры знаходзіцца адзінае ў сваім родзе спатканне, якое азначала адкрыццё схаванай праз вякі таямніцы (пар. 1 Кар 2, 7; Рым 16, 25-26), якая цяпер, аднак, аб'яўлена: «Спадабалася Богу ў сваёй дабрыні і мудрасці аб'явіць сябе самога, даўшы нам пазнаць таямніцу волі сваёй (пар. Эф 1, 9), дзякуючы якой праз Хрыста, Уцелаўлёнае Слова, людзі маюць доступ да Айца ў Духу Святым і становяцца ўдзельнікамі Боскай натуры»[5]. Бог выступіў з гэтаю, цалкам бескарыснаю, ініцыятываю, каб дайсці да чалавецтва і збавіць яго. Бог - крыніца любові, і таму Ён прагне быць пазнаным, а пазнанне Бога чалавекам надае поўную форму ўсялякаму іншаму сапраўднаму пазнанню сэнсу ўласнага існавання, якое здольны асягнуць чалавечы розум.

8. Прымаючы амаль даслоўна вучэнне Канстытуцыі Dei Filius І Ватыканскага Сабору і беручы пад увагу прынцыпы, сфармуляваныя Трыдэнцкім Саборам, Канстытуцыя Dei Verbum ІІ Ватыканскага Сабору зрабіла чарговы крок наперад у адвечным імкненні зразумець веру праз рэфлексію над Аб'яўленнем у святле біблійнага вучэння і ўсяе патрыстычнай традыцыі. У часе І Ватыканскага Сабору Айцы падкрэслілі звышнатуральны характар Божага Аб'яўлення. Рацыяналістычная крытыка, якая ў той перыяд паўставала супраць веры, абапіраючыся на памылковыя, але шырока распаўсюджаныя тэзы, прагнула пахіснуць каштоўнасць усялякага пазнання, якое не з'яўляецца плёнам прыроджаных здольнасцяў розуму. Гэты факт наказваў Сабору рашуча пацвердзіць праўду, што поруч з пазнаннем, уласцівым чалавечаму розуму, які па сваёй прыродзе здольны дайсці нават да самога Створцы, існуе пазнанне, уласцівае веры. Гэта пазнанне праўды, угрунтаванай на рэальнасці самога Бога, які аб'яўляецца, а значыць, праўды беспамылковай, паколькі Бог не памыляецца і не мае намеру падманваць чалавека[6].

9. Таму І Ватыканскі Сабор вучыць, што праўда, пазнаная шляхам філасофскай рэфлексіі, і праўда Аб'яўлення не з'яўляюцца ані тоеснымі, ані таксама ўзаемавыключнымі: «Існуе падвойны парадак пазнання, які розніцца не толькі крыніцаю, але і прадметам. Розніцца крыніцаю, бо ў першым выпадку мы пазнаем пры дапамозе прыроджанага розуму, а ў другім - пры дапамозе веры. Розніцца прадметам, бо, апроч праўды, да якой можа дайсці прыроджаны розум, нам дадзены таксама для веравання таямніцы, закрытыя ў Богу: нельга іх пазнаць без Божага Аб'яўлення»[7]. Вера, якая абапіраецца на сведчанні Бога і карыстаецца звышнатуральнаю дапамогаю ласкі, сапраўды належыць да іншага парадку, чым філасофскае пазнанне. Бо гэта апошняе абапіраецца на разумовае ўспрыманне і на вопыт, а адзіным святлом для яго ёсць розум. Філасофія і розныя навуковыя дысцыпліны знаходзяцца на ўзроўні прыроджанага розуму, у той час як вера, асвечаная і ведзеная Духам, бачыць у пасланні збаўлення тую «поўню ласкі і праўды» (пар. Ян 1, 14), якую Бог захацеў аб'явіць у гісторыі, а канчатковым чынам праз свайго Сына Езуса Хрыста (пар. 1 Ян 5, 9; Ян 5, 31-32).

10. Айцы ІІ Ватыканскага Сабору, кіруючы позіркі да Езуса, які аб'яўляе, указалі на збаўчы характар Божага аб'яўлення ў гісторыі і апісалі яго прыроду наступнымі словамі: «Такім чынам праз гэта аб'яўленне нябачны Бог (пар. Кал 1, 15; 1 Тым 1, 17) у празмернасці свае любові звяртаецца да людзей як да прыяцеляў (пар. Вых 33, 11; Ян 15, 14-15) і яднаецца з імі (пар. Бар 3, 38), каб іх запрасіць да супольнасці з сабою і прыняць іх у яе. Гэты план аб'яўлення ажыццяўляецца праз учынкі і словы, унутрана звязаныя паміж сабою такім чынам, што ўчынкі, здзейсненыя Богам у гісторыі збавення, ілюструюць і ўмацоўваюць навуку, а таксама справы, выказаныя словамі; словы ж абвяшчаюць учынкі і адкрываюць заключаную ў іх таямніцу. Самая ж глыбокая праўда пра Бога і пра збаўленне чалавека яснее нам праз гэта аб'яўленне ў асобе Хрыста, які ёсць разам з тым пасярэднікам і поўняю ўсяго аб'яўлення»[8].

11. Такім чынам, Божае Аб'яўленне ўпісваецца ў час і ў гісторыю. Уцелаўленне Езуса Хрыста наступае проста ў «поўню часу» (пар. Гал 4, 4). Праз дзве тысячы гадоў з тае падзеі я адчуваю абавязак рашуча пацвердзіць, што «ў хрысціянстве час мае галоўнае значэнне»[9]. Бо ў ім указваецца ў поўным святле ўся справа стварэння і збаўлення, перадусім жа аб'яўляецца факт, што, дзякуючы ўцелаўленню Сына Божага, ужо з гэтай хвіліны дадзена нам перажываць і прадчуваць тое, што здзейсніцца ў поўні часу (пар. Гбр 1, 2).

Праўда, якую Бог даверыў чалавеку, аб'яўляючы яму самога сябе і сваё жыццё, упісана такім чынам у час і ў гісторыю. Была яна, зразумела, абвешчана раз і назаўсёды ў таямніцы Езуса з Назарэта. Гэта вельмі яскрава сцвярджае Канстытуцыя Dei Verbum: «А паколькі ўжо шматразова і шматлікімі спосабамі Бог гаварыў праз Прарокаў, «нарэшце ў гэты час прамовіў да нас праз Сына» (пар. Гбр 1, 1-2). Бо спаслаў Сына свайго, гэта значыць, адвечнае Слова, што асвячае ўсіх людзей, каб пасяліўся сярод людзей і распавёў ім Божыя таямніцы (пар. Ян 1, 1-18). Значыць, Езус Хрыстус, Уцелаўлёнае Слова, «Чалавек, да людзей пасланы", «абвяшчае Божае слова» (пар. Ян 3, 34) і здзяйсняе справу збаўлення, якую Айцец яму даверыў выканаць (пар. Ян 5, 36; 17, 4). Таму, калі хтосьці бачыць Езуса, бачыць таксама і Айца (пар. Ян 14, 9), а Ён праз усю сваю прысутнасць і аб'яўленне сябе праз словы і ўчынкі, праз знакі і цуды, асабліва ж праз сваю смерць і поўнае хвалы змёртвыхпаўстанне, і ўрэшце - праз спасланне Духа праўды аб'яўленне давёў да канца і да дасканаласці»[10].

Таму гісторыя для люду Божага - гэта дарога, якую ён цалкам павінен прайсці, каб, дзякуючы пастаяннаму дзеянню Духа Святога, ва ўсёй паўнаце ўказаўся змест аб'яўленай праўды (пар. Ян 16, 13). Таксама гэтаму навучае нас Канстытуцыя Dei Verbum, калі сцвярджае, што «Касцёл з цягам вякоў пастаянна імкнецца да поўні Божай праўды, аж пакуль не споўняцца ў ім словы Божыя»[11].

12. Такім чынам, гісторыя становіцца галіною, у якой мы можам убачыць дзеянне Бога дзеля дабра чалавецтва. Ён прамаўляе да нас праз тое, што нам найлепш вядома і найбольш лёгка заўважаецца, паколькі складае рэчаіснасць нашага штодзённага жыцця, без якой мы не ўмелі б паразумецца. Уцелаўленне Сына Божага дазваляе нам убачыць рэчаіснасць гэтага канчатковага сінтэзу, якой чалавечы розум уласнымі сіламі не мог бы сабе нават уявіць: Вечнасць уваходзіць у час, усё хаваецца ў малой частачцы, Бог прымае постаць чалавека. Таму праўда, заключаная ў аб'яўленні Хрыста, ужо не замкнута ў цесных тэрытарыяльных і культурных межах, але адкрываецца для кожнага чалавека, які прагне яе прыняць як канчатковае і беспамылковае слова, каб надаць сэнс свайму існаванню. З гэтай хвіліны ўсе маюць у Хрысце доступ да Айца, бо Хрыстус праз сваю смерць і змёртвыхпаўстанне падараваў нам жыццё Божае, якое першы Адам адкінуў (пар. Рым 5, 12-15). У гэтым аб'яўленні чалавеку ахвяравана канчатковая праўда пра яго жыццё і пра мэту гісторыі: «Таямніца чалавека праясняецца сапраўды толькі ў таямніцы Уцелаўлёнага Слова», - сцвярджае Канстытуцыя Gaudium et spes[12]. Па-за гэтаю перспектываю таямніца ўласнага існавання застаецца невырашальнаю загадкаю. Дзе ж яшчэ чалавек мог бы шукаць адказу на драматычныя пытанні, якія ставіць сабе перад абліччам болю, цярпення невінаватых і смерці, калі не ў святле, што праменіць з таямніцы мукі, смерці і змёртвыхпаўстання Хрыста?

Розум перад абліччам таямніцы

13. Аднак не трэба забываць, што Аб'яўленне застаецца поўным таямніцаў. Гэта праўда, што Езус усім сваім жыццём аб'яўляе аблічча Айца, бо прыйшоў жа дзеля таго, каб распавесці Божыя таямніцы[13]; аднак, нягледзячы на тое, наша пазнанне гэтага аблічча застаецца і надалей толькі частковым і не можа выйсці па-за межы нашага разумення. Толькі вера дазваляе пранікнуць унутр таямніцы і дапамагае правільна яе зразумець.

Сабор вучыць, што да Бога, які аб'яўляе, трэба праявіць «паслухмянасць веры»[14]. У гэтым сціслым, але багатым зместам сцвярджэнні выказана адна з галоўных праўдаў хрысціянства. Перадусім у ім падкрэслена, што вера ёсць адказам, у якім выяўляецца паслухмянасць Богу. З гэтым звязваецца прызнанне Яго Боскасці, трансцэндэнцыі і дасканалай свабоды. Бог, які дазваляе пазнаць сябе, аўтарытэтам сваёй абсалютнай трансцэндэнцыі сведчыць пра верагоднасць аб'яўленых Ім праўдаў. Праз веру чалавек выяўляе ўхваленне гэтага Божага сведчання. Гэта азначае, што ён цалкам і поўнасцю прызнае за праўду ўсё, што яму было аб'яўлена, паколькі сам Бог ёсць яе зарукаю. Гэта праўда, якую ён атрымлівае як дар і якой сам не можа вымагаць, заключана ў кантэксце міжасабовых сувязяў і схіляе розум да таго, каб адкрыўся на яе ўспрыманне і прызнаў яе глыбокі сэнс. Менавіта таму акт аддання Богу заўсёды разумеўся Касцёлам як момант вельмі адказнага выбару, які ахоплівае ўсю асобу. Розум і воля выяўляюць тут у найвышэйшай ступені сваю духовую прыроду, каб дазволіць чалавеку здзейсніць акт, у якім цалкам рэалізуецца яго асабістая свабода[15]. Таму свабода не толькі спадарожнічае веры, яна - яе непазбежная ўмова. Больш за тое: гэта менавіта вера дазваляе кожнаму як найлепш выявіць сваю свабоду. Іншымі словамі, свабода не выяўляецца ў здзяйсненні выбару супраць Бога. Бо ці ж можна прызнаць, што сапраўднаю праяваю свабоды ёсць адмова прыняць тое, што дазваляе рэалізаваць самога сябе? Акт веры - гэта найбольш важны выбар у жыцці чалавека, бо гэта ў ім свабода даходзіць да пэўнасці праўды і вырашае ў ёй жыць.

На дапамогу розуму, які імкнецца зразумець таямніцу, прыходзяць таксама знакі, заключаныя ў Аб'яўленні. Яны дапамагаюць пранікнуць глыбей у пошуках праўды і таксама дазваляюць розуму весці незалежныя даследванні ў сферы таямніцы. Аднак гэтыя знакі, хоць з аднаго боку павялічваюць сілы розуму, бо дзякуючы ім ён можа спасцігаць абшар таямніцы ўласнымі сродкамі, да якіх слушна прывязаны, разам з тым змушаюць яго, каб сягнуў па-за рэчаіснасць саміх знакаў і ўбачыў глыбейшы сэнс, які ў іх заключаны. Бо ў гэтых знаках прысутнічае схаваная праўда, да якой павінен звярнуцца розум і якой ён не можа ігнараваць, не знішчаючы самога знаку, які быў яму ўказаны.

Мы аказваемся тут пэўным чынам адасланымі да сакрамэнтальнага гарызонту Аб'яўлення, а асаблівым чынам - да эўхарыстычнага знаку, у якім непарыўная еднасць паміж рэчаіснасцю і яе значэннем дазваляе ўсвядоміць глыбіню таямніцы. Хрыстус у Эўхарыстыі сапраўды жывы і прысутны, дзейнічае моцаю свайго Духа, аднак мае рацыю св. Тамаш, калі гаворыць: «Куды розум марна пнецца, жывая вера ў сэрцах б'ецца, логіцы насуперак! Пад адрозных шат фігурай, у знаках розны, не натурай, таямніц схаваны цуд!»[16].

Паскаль згаджаецца з ім як філосаф: «Як Хрыстус застаўся нязнаны паміж людзьмі, так Яго праўда паміж усеагульнымі меркаваннямі, без бачнай розніцы; так Эўхарыстыя паміж простым хлебам»[17].

Такім чынам, пазнанне веры не выключае таямніцы, а толькі больш яе падкрэслівае і ўказвае як факт істотнага значэння для жыцця чалавека. Хрыстус «ужо ў самім аб'яўленні таямніцы Айца і Яго любові аб'яўляе ва ўсёй паўнаце чалавека самому чалавеку і паказвае яму найвышэйшае яго пакліканне»[18], гэта значыць, пакліканне да ўдзелу ў таямніцы трынітарнага Божага жыцця.[19]

14. Вучэнне двух Ватыканскіх Сабораў адкрывае таксама абсалютна новы далягляд перад філасофскаю навукаю. Аб'яўленне ўводзіць у гісторыю пэўную кропку адліку, якой чалавек не можа ігнараваць, калі хоча зразумець таямніцу свайго існавання; аднак, з другога боку, гэта пазнанне пастаянна адсылае да таямніцы Бога, якой розум не ў стане вычарпаць і можа толькі прыняць праз веру. Гэтыя два моманты вызначаюць абшар дзейнасці, уласцівай розуму, на якім ён можа праводзіць свае даследванні і шукаць разумення, не натыкаючыся ні на якія абмежаванні, апроч свае ўласнай канцовасці перад абліччам бясконцай таямніцы Бога.

Таму Аб'яўленне ўводзіць у нашу гісторыю універсальную і канчатковую праўду, якая падштурхоўвае чалавечы розум ніколі не спыняцца; проста змушае яго пастаянна пашыраць абсяг сваіх ведаў, пакуль не пераканаецца ў дасягненні ўсяго, што было ў яго сілах, нічога не занядбаўшы. У гэтых развагах нас можа падтрымаць адзін з найбольш плодных і найбольш значных інтэлектаў у гісторыі чалавецтва, на якога слушна спасылаецца як філасофія, так і тэалогія - святы Анзэльм. У сваім Proslogionie арцыбіскуп Кантэрбуры піша: «Я часта стараўся засяродзіцца на гэтай праблеме, і часам мне здавалася, што ўжо магу схапіць тое, чаго шукаў, іншы раз зноў, што ўцякае тое цалкам з маіх думак; страціўшы ўрэшце надзею, што магу гэта знайсці, пастанавіў пакінуць пошукі таго, чаго знайсці немагчыма. Аднак, калі спрабаваў адагнаць ад сябе гэту думку, каб не адцягвала майго розуму ад іншых развагаў, з якіх мог бы вынесці нейкую карысць, яна пачынала назаляць мне ўсё больш настойліва (...) За што ж я, аднак, узяўся, няшчасны, бедны сын Евы, далёкі ад Бога, і чаго здолеў дасягнуць? Да чаго імкнуўся і куды дайшоў? Чаго прагнуў і па чым сумую? (...) О, Пане, Ты не толькі ёсць Тым, чаго не здолее пераўзысці нішто, што мы можам падумаць (non solum es quo maius cogitari nequit), але ёсць большы, чым усё, што можна падумаць (quiddam maius quam cogitari possit) (...). Калі б Ты не быў такі, можна было б падумаць аб чымсьці большым за Цябе, ды гэта, аднак, немагчыма»[20].

15. Праўда хрысціянскага Аб'яўлення, якую знаходзім у Езусе з Назарэта, дазваляе кожнаму прыняць «таямніцу» ўласнага жыцця. Як найвышэйшая праўда яна, ні ў чым не парушаючы аўтаноміі створанай істоты і яе волі, абавязвае гэту істоту адкрыцца на трансцэндэнцыю. Сувязь паміж свабодаю і праўдаю дасягае тут свае вяршыні, дзякуючы чаму мы можам цалкам зразумець словы Хрыста: «спазнаеце праўду, а праўда вас вызваліць» (Ян 8, 32).

Хрысціянскае Аб'яўленне - гэта сапраўдны арыенцір для чалавека, які падвержаны як абумоўленасцям ментальнасці, што канцэнтруе ўвагу на суб'ектыўных выпрабаваннях, так і абмежаванням тэхнакратычнай логікі; гэта апошні, дадзены Богам шанец вярнуцца да паўнаты першаснага замыслу любові, пачаткам якога было стварэнне. Чалавек, які прагне пазнаць праўду, калі здолее яшчэ сягнуць позіркам па-за самога сябе і па-за ўласныя намеры, мае магчымасць адшукаць адпаведную пазіцыю ў адносінах да ўласнага жыцця, калі толькі ідзе дарогаю праўды. Да яго стану можна цалкам аднесці словы з Кнігі Другазаконня: «Бо наказ, які я табе сёння даю, не пераўзыходзіць тваіх магчымасцяў. Ён не знаходзіцца ў небе, каб можна было сказаць: «Хто ж для нас узыдзе на неба і прынясе яго нам, а мы будзем слухаць і выканаем яго». І не знаходзіцца ён за морам, каб можна было сказаць: «Хто ж дзеля нас выправіцца за мора і прынясе яго нам, а мы будзем слухаць і выканаем яго». Бо слова гэта ёсць вельмі блізка ад цябе: у тваіх вуснах і ў тваім сэрцы, каб мог ты яго выканаць» (30, 11-14). Рэхам гэтых словаў гучыць слынная думка святога філосафа і тэолага Аўгустына: «Noli foras ire, in te ipsum redi. In interiore homine habitat veritas»[21].

З гэтых развагаў вынікае першая выснова: праўда, якую дазваляе нам спазнаць Аб'яўленне, не ёсць ані даспелым плодам, ані найвышэйшым дасягненнем думкі, выпрацаванай розумам. Яна з'яўляецца, хутчэй, як бескарысны дар, падштурхоўвае да развагі і вымагае, каб мы прынялі яе як праяву любові. Гэта аб'яўленая праўда ўпісана ў нашу гісторыю запаведдзю канчатковай і дасканалай візіі, якую Бог намерваецца ўдзяліць тым, хто ў Яго верыць альбо шукае Яго шчырым сэрцам. Таму канчатковая мэта персанальнага існавання - гэта прадмет даследвання ў роўнай ступені як філасофіі, так і тэалогіі. Адна і другая (нягледзячы на адрознасць метадаў і зместу) прыводзяць на гэту «сцежку жыцця» (Пс 16 [15], 11), крэсам якой, як вучыць нас вера, ёсць поўная і непрамінальная радасць сузірання Бога ў Тройцы Адзінага.

6. Пар. Дагм. Канст. аб каталіцкай веры Dei Filius, ІІІ раздз.: DS 3008.

7. Тамсама, ІV раздз.: DS 3015; цыт. таксама ў: ІІ Ват. Сабор, Душпаст. Канст. пра Касцёл у сучасным свеце Gaudium et spes, 59.

8. Дагм. Канст. пра Аб’яўленне Божае Dei Verbum, 2.

9. Апост. ліст Tertio millennio adveniente (10 лістапада 1994), 10 AAS 87 (1995), 11.

10. N. 4.

11. N. 8.

12. N. 22.

13. Пар. ІІ Ват. Сабор, Дагм. Канст. пра Божае Аб’яўленне Dei Verbum, 4.

14. Тамсама, п. 5.

15. І Ват. Сабор, да матэрыялаў якога належыць прыведзенае вышэй меркаванне, вучыць, што паслухмянасць веры вымагае ўдзелу розуму і волі: “Паколькі чалавек цалкам залежны ад Бога як Створцы і свайго Пана, а створаны розум абсалютна падпарадкуецца нястворанай праўдзе, таму мы абавязаны Богу, які аб’яўляецца, засведчыць праз веру абсалютную паслухмянасць розуму і волі” (Дагм. Канст. аб каталіцкай веры Dei Filius, ІІІ раздз.: DS 3008).

16. Сэквэнцыя з урачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста.

17. Pensees, 789 (выд. L.Brunschvicg).

18. ІІ Ват. Сабор, Душпаст. Канст. пра Касцёл у сучасным свеце Gaudium et spes, 22.

19. ІІ Ват. Сабор, Дагм. Канст. пра Божае Аб’яўленне Dei Verbum, 2.

20. Proemio i nn. 1.15: PL 158, 223-224. 226. 235.

21. De vera religione, ХХХІХ, 72: CCL 32, 234.