Устанце, хадзем!

Ян Павел ІІ


Пакліканне

«Не вы Мяне выбралі, але Я вас выбраў»
(Ян 15, 16)

Крыніца паклікання

Шукаю крыніцы майго паклікання. Яна пульсуе там... у ерузалемскім Вячэрніку. Падзяку складаю Пану, што ў часе Вялікага Юбілею 2000 года дадзена мне было маліцца менавіта там, у верхнім пакоі (пар. Мк 14, 15), у якім адбылася Апошняя Вячэра. У думках пераношуся да таго памятнага Чацвярга, калі Хрыстус, палюбіўшы сваіх ажно да канца (пар. Ян 13, 1), устанавіў Апосталаў святарамі Новага Запавету. Бачу Яго, схіленага перад кожным з нас, наступнікаў Апосталаў, каб абмываць нам ногі. Чую, як быццам кажа мне, нам гэтыя словы: «Ці ведаеце, што Я зрабіў вам? Вы называеце Мяне Настаўнікам і Панам і справядліва кажаце, бо Я і ёсць такі. Дык вось, калі Я, Пан і Настаўнік, абмыў вам ногі, дык і вы павінны абмываць ногі адзін аднаму, бо Я даў вам прыклад, каб, як Я зрабіў вам, рабілі і вы» (Ян 13, 12-15).

Разам з Пятром, Андрэем, Якубам, Янам... слухаем далей: «Як палюбіў Мяне Айцец, так Я палюбіў вас; аставайцеся ж у любові Маёй.

Калі выканаеце запаведзі Мае, будзеце ў любові Маёй, як і Я выканаў прыказанні Айца Майго і астаюся ў Яго любові.

Гэтае сказаў Я вам, каб радасць Мая ў вас была, і каб радасць вашая была поўная. Вось запаведзь Мая: любіце адзін аднаго, як Я палюбіў вас.

Ніхто не мае любові большай за тую, калі хто аддасць душу сваю за другаў сваіх.

Вы другі Мае, калі спаўняеце тое, што Я загадваю вам» (Ян 15, 9-14).

Ці ж не заключана ў гэтых словах mysterium caritatis нашага паклікання? Гэтыя Хрыстовы словы, прамоўленыя ў гадзіну, дзеля якой Ён прыйшоў (пар. Ян 12, 27), з’яўляюцца каранямі кожнага паклікання ў Касцёле. З гэтых слоў выплываюць жыватворныя сокі, якія даюць пачатак кожнаму пакліканню: Апосталаў і іх наступнікаў, гэтаксама, як пакліканню кожнага чалавека, бо Сын прагне быць «другам» кожнага; за ўсіх Ён аддаў сваё жыццё. Самае важнае, самае каштоўнае і самае святое закладзена ў гэтых словах: любоў Айца і любоў Хрыста да нас, Яго і наша радасць, таксама як наша сяброўства і вернасць, якія выяўляюцца ў выкананні запаведзяў. У гэтых словах заключаны таксама сэнс і мэта нашага паклікання: каб вы ішлі і прыносілі плод, і каб плод ваш трываў... (пар. Ян 15, 16).

Урэшце любоў ёсць повяззю ўсяго: субстанцыянальным спосабам яна яднае Боскія Асобы і яднае таксама, хоць іншым чынам, асобы людскія і іх разнастайныя пакліканні. Мы даверылі сваё жыццё Хрысту, які першы нас палюбіў і як добры Пастыр прысвяціў нам сваё жыццё. Апосталы Хрыста пачулі гэтыя словы і ўспрынялі іх як асабістае пакліканне. Гэтаксама і мы, іх наступнікі, пастыры Касцёла Хрыстовага, не можам не адчуваць патрэбы ўдзелу, каб першымі адказваць на гэту любоў: у вернасці, у выкананні запаведзяў і ў штодзённай аддачы жыцця дзеля прыяцеляў нашага Пана.

«Добры пастыр аддае жыццё сваё за авечак» (Ян 10, 11). У гаміліі, якую я прамовіў на плошчы св. Пятра 16 кастрычніка 2003 года ў сувязі з 25-годдзем пантыфікату, сказаў: «Апосталы, чуючы гэтыя словы Хрыста, не ведалі, што Ён казаў пра сябе. Не ведаў нават Ян, Яго ўлюбёны вучань. Ян зразумеў гэта толькі на Кальварыі, каля падножжа Крыжа, бачачы, як Хрыстус моўчкі аддае жыццё «за сваіх авечак». А калі прыйшоў час для яго і для іншых Апосталаў узяць на сябе гэтую місію, яны прыгадалі тады Яго словы. Усведамлялі, што тое заданне, якое Ён ім даверыў, змогуць выканаць толькі таму, што Ён сам (як іх запэўніў) будзе ў іх дзейнічаць».

«Не вы Мяне выбралі, але Я вас выбраў і паставіў вас, каб ішлі і прыносілі плод, і каб плод ваш трываў» (Ян 15, 16).

Не вы, але Я! – кажа Хрыстус. Вось аснова дзейнасці пастырскай місіі біскупа.

Выклік

1958 год. Еду цягніком на Ольштын з байдарачнаю групаю. Пачынаем вакацыйную праграму, якая ўвайшла ў звычку з 1953 года: частку канікулаў мы праводзілі ў гарах, найчасцей у Бяшчадах, а частку – на мазурскіх азёрах. Нашаю мэтаю была рака Лына. Менавіта таму (гэта было ў ліпені) мы едзем цягніком у кірунку Ольштына. Я кажу так званаму «адміралу» (наколькі памятаю, быў ім тады Здзіслаў Хэйдэль): «Слухай, Здзісь, я павінен буду выключыцца з паходу, бо атрымаў выклік ад Ксяндза Прымаса (з часу смерці кардынала Аўгуста Хлёнда ў 1958 годзе быў ім кардынал Стэфан Вышынскі) і мушу да яго з’явіцца.

«Адмірал» на тое: «Зробім». Таму, калі надышоў вызначаны дзень, мы адбіліся ад групы, каб даехаць да бліжэйшай чыгуначнай станцыі, да Альштынка.

Ведаючы пра абавязковы візіт да Ксяндза Прымаса ў часе паходу па Лыне, я абачліва пакінуў у Варшаве ў знаёмых святочную сутану. Не выпадала ісці да Прымаса ў гэтай, якую выкарыстоўваў у часе байдарачных паходаў (на прагулкі я заўсёды вазіў з сабою сутану і камплект арнатаў, каб адпраўляць Святую Імшу).

Такім чынам найперш мы вырушылі байдаркаю па хвалях ракі, а пасля грузавіком, які вёз мяхі з мукою, і так я дабраўся да Альштынка. Цягнік да Варшавы адыходзіў позна ўночы. Таму я ўзяў з сабою спальнік, спадзеючыся, што ў чаканні цягніка трохі прыдрамлю і папрашу кагосьці, каб мяне разбудзілі. Аднак такой патрэбы не ўзнікла, бо зусім не заснуў.

У Варшаве я прыйшоў у прызначаны час на вуліцу Мядовую. Ужо на месцы ўбачыў, што разам са мною былі выкліканы яшчэ тры святары: ксёндз са Слёнска Вільгельм Плюта, пробашч з Бохні, што ў дыяцэзіі Тарноўскай, ксёндз Міхал Бляхарчык і ксёндз Юзаф Джазга з Любліна. Напачатку я не звярнуў увагі на такі збег акалічнасцяў. Потым зразумеў, што яны былі выкліканы з тою ж мэтаю, што і я.

Калі я ўвайшоў у кабінет Ксяндза Прымаса, то пачуў ад яго, што Святы Айцец менаваў мяне дапаможным біскупам арцыбіскупа Кракава. У лютым таго ж самага 1958 года памёр ксёндз біскуп Станіслаў Роспанд, які на працягу многіх гадоў быў дапаможным біскупам у Кракаве ў часе ардыянарыяту князя мітрапаліта кардынала Адама Стэфана Сапегі.

Пачуўшы словы Кс. Прымаса, які абвясціў мне рашэнне Апостальскай Сталіцы, я сказаў: «Эмінэнцыя, я замалады, мне ўсяго толькі 38 гадоў». А Прымас на тое: «Гэта такая слабасць, ад якой мы хутка вылечваемся. Прашу не супраціўляцца волі Святога Айца». Таму я сказаў у адказ адно слова: «Прымаю». «Ну, то пойдзем на абед», – закончыў размову Прымас.

Ён запрасіў нас усіх чатырох на абед. Тады я даведаўся, што кс. Вільгельм Плюта быў менаваны біскупам з прызначэннем у Гожаў Велікапольскі. У той час гэта была найбольшая ў Польшчы апостальская адміністрацыя. Яна ахоплівала Шчэцін і Калобжэг, гэта значыць адну з найстарэйшых польскіх дыяцэзій, бо Калобжэг быў заснаваны ў 1000 годзе, адначасова з заснаваннем Гнезненскай мітраполіі, у склад якой уваходзілі біскупствы Калобжэг, Кракаў і Вроцлаў. Ксёндз Юзаф Джазга быў менаваны дапаможным біскупам у Любліне (пазней ён перайшоў у Ольштын), а ксёндз Міхал Бляхарчык – дапаможным біскупам у Тарнове.

Пасля заканчэння тае, такой важнай у маім жыцці аўдыенцыі, я зразумеў, што не магу тут жа вярнуцца да сяброў на байдаркі, бо мусіў найперш паехаць у Кракаў і сустрэцца з кс. арцыбіскупам Эўгеніюшам Базякам, маім ардынарыем. Чакаючы начнога цягніка да Кракава, я шмат гадзін маліўся ў капліцы сясцёр уршулянак у Варшаве на вуліцы Віслянай.

Ксёндз арцыбіскуп Базяк, львоўскі мітрапаліт лацінскага абраду, падзяліў лёс усіх так званых перасяленцаў: ён мусіў пакінуць Львоў і пасяліўся ў Любачове, у тым закутку Львоўскай дыяцэзіі, што застаўся ў межах народнай Польшчы пасля Ялцінскіх пагадненняў. Князь Сапега, кракаўскі арцыбіскуп, у апошні год перад смерцю прасіў, каб кс. арцыбіскуп Базяк, якога насільна змусілі пакінуць сваю дыяцэзію, быў ягоным каад’ютарам. Такім чынам храналагічна маё біскупства звязана з гэтым так выпрабаваным лёсам іерархам.

І вось на наступны дзень я прыйшоў да ксяндза арцыбіскупа Эўгеніюша Базяка на вуліцу Францішканскую, 3 і ўручыў яму ліст ад Кс. Прымаса. Памятаю, як сёння, што арцыбіскуп узяў мяне пад руку, вывеў у прыёмны пакой, дзе сядзелі святары, і сказаў: Habemus papam. У святле пазнейшых падзеяў можна сказаць, што гэта былі прарочыя словы.

Я звярнуўся да кс. арцыбіскупа з просьбаю вярнуцца на Мазуры да пакінутай групы сяброў, якія плылі на байдарках па Лыне. Ён адказаў: «Хіба ўжо не выпадае».

Засмучаны гэтым, я пайшоў у касцёл францішканаў і адправіў Крыжовую дарогу каля стацый, намаляваных Юзафам Мэхоффэрам. Ахвотна туды хадзіў на Крыжовую дарогу, бо гэтыя стацыі арыгінальныя і сучасныя. Пасля яшчэ раз вярнуўся да арцыбіскупа Базяка, узнаўляючы сваю просьбу. Сказаў: «Прашу, аднак, дазволіць мне вярнуцца на Мазуры».

На гэты раз арцыбіскуп адказаў: «Калі ласка, калі ласка. Але прашу, – дадаў з усмешкаю, – вярнуцца на кансэкрацыю».

Такім чынам яшчэ ў той жа вечар я сеў зноў у цягнік, што ішоў на Ольштын. З сабою ў мяне была кніга Хэмінгуэя «Стары і мора». Я чытаў яе ўсю ноч, толькі на нейкую хвіліну западаючы ў дрымоту. Адчуваў сябе неяк дзіўна...

Калі я прыехаў у Ольштын, там ужо была мая група, якая дабралася туды, плывучы байдаркамі па рацэ Лына. «Адмірал» прыйшоў па мяне на станцыю і кажа: «І што, стаў Вуек біскупам?»

Я пацвердзіў. А ён: «Каб мяне..., я так сабе ў душы думаў і гэтага Вуйку жадаў».

Сапраўды, не так даўно, калі я адзначаў дзесяцігоддзе святарства, ён мне гэтага жадаў. У дзень менавання біскупам у мяне было няпоўных дванаццаць гадоў святарства.

Я мала спаў і калі прыехаў на месца, быў змучаны. Аднак перш чым адпачыць, пайшоў у касцёл, каб адправіць Святую Імшу. У тым касцёле студэнцкім арцыпастырам тады быў пазнейшы біскуп, ксёндз Ігнацы Такарчук. Калі пасля кароткага сну я абудзіўся, аказалася, што вестка ўжо разляцелася, бо ксёндз Такарчук сказаў мне: «А, новы біскуп, віншую!»

Я ўсміхнуўся і пайшоў да групы сяброў-байдарачнікаў. Аднак, калі сеў на вёслы, зноў адчуў сябе неяк дзіўна. Ударыла мяне супадзенне датаў: датай менавання, якое атрымаў, было 4 ліпеня; на гэты дзень прыпадае гадавіна пасвячэння Вавельскай катэдры. Гэтую гадавіну я заўсёды насіў у сэрцы. Мне здавалася, што такое супадзенне штосьці азначае. Таксама думалася, што, магчыма, гэтыя байдаркі для мяне ўжо апошнія. Аднак потым, павінен зазначыць адразу, яшчэ шмат разоў я плаваў на байдарках, набіраючы сілы на водах рэк і азёраў Мазоўша. Фактычна ажно да 1978 года.

Наступнік Апосталаў

Пасля летніх канікулаў я вярнуўся ў Кракаў і пачалася падрыхтоўка да кансэкрацыі, прызначанай на 28 верасня, дзень св. Вацлава, апекуна Вавельскай катэдры. Гэты апякун сведчыць пра сувязі польскіх земляў з Чэхіяй. Св. Вацлаў быў чэшскім князем, які загінуў як мучанік ад рукі ўласнага брата. Чэхія таксама ўшаноўвае яго як свайго апекуна.

Асноўнаю падрыхтоўкаю да майго біскупскага пасвячэння былі рэкалекцыі. Я адправіў іх у Тынцы. Я часта вандраваў да гэтага гістарычнага абацтва. На гэты раз побыт для мяне быў асабліва важны.

Я рыхтаваўся стаць біскупам, быў ужо намінатам. Да сакры заставалася яшчэ даволі шмат часу, больш за два месяцы. Я павінен быў як найлепш іх выкарыстаць.

Рэкалекцыі працягваліся шэсць дзён – шэсць дзён медытацыі. Мой Божа, які глыбокі сэнс! «Наступнік Апосталаў», – менавіта такія словы ў гэтыя дні я пачуў з вуснаў знаёмага фізіка. Як бачна, веруючыя людзі надаюць вялікае значэнне гэтай апостальскай пераемнасці. Я, «наступнік», думаў з вялікаю пакораю пра Апосталаў Хрыста і пра той доўгі, непарыўны ланцуг біскупаў, якія праз ускладанне рук перадавалі сваім чарговым наступнікам удзел у апостальскім кіраванні. Цяпер павінны былі перадаць яго мне. Я адчуваў сябе асабіста звязаным з кожным з іх. Многія з тых, хто апярэдзіў нас, сённяшніх біскупаў, у ланцузе пераемнасці, вядомыя нам пайменна. У многіх выпадках таксама іх пастырскія справы вядомыя і ўвекавечаныя. І нават тады, калі тыя даўнія біскупы сёння ўжо нам невядомыя, іх біскупскае пакліканне і іх справы жывуць – «Каб плод ваш трываў» (Ян 15, 16). Робіцца гэта таксама дзякуючы нам, іх наступнікам, якія менавіта праз іх рукі звязаны сілаю сакрамэнтальнага знаку з Хрыстом, які выбраў іх і нас «да стварэння свету» (Эф 1, 4). Незвычайны дар і таямніца!

«Ecce sacerdos magnus, qui in diebus suis placiut Deo... Ideo iureiurando fecit illum Dominus crescere in plebem suam». – «Вось святар вялікі, які ў свае дні падабаўся Богу», – так спяваецца ў літургіі.

А гэты ж вялікі і адзіны Святар новага і вечнага запавету – сам Езус Хрыстус. Ён здзейсніў ахвяру свайго святарства, паміраючы на крыжы, аддаючы сваё жыццё за аўчарню, за чалавецтва. Гэта Ён напярэдадні гэтай крывавай ахвяры, складзенай на крыжы, устанавіў сакрамэнт Святарства падчас Апошняй Вячэры. Гэта Ён узяў у свае рукі хлеб і прамовіў над ім такія словы: «Гэта Цела Маё, якое за вас будзе выдана дзеля адпушчэння грахоў». Гэта Ён пасля, узяўшы ў свае рукі келіх, напоўнены віном, прамовіў над ім словы: «Гэта Кроў Мая новага і вечнага запавету, якая за вас і за многіх будзе праліта дзеля адпушчэння грахоў». І напрыканцы дадаў: «Гэта чыніце на Маю памяць». Сказаў гэта перад Апосталамі, перад тымі Дванаццаццю, з якіх першым ёсць Пётр. Ім сказаў: «Гэта чыніце на Маю памяць». Такім чынам устанавіў іх святарамі на падабенства Яго самога, адзінага вялікага Святара Новага Запавету.

Можа, Апосталы, удзельнічаючы ў Апошняй Вячэры, не адразу зразумелі ва ўсёй паўнаце, што азначаюць гэтыя словы, якія назаўтра меліся споўніцца, калі цела Хрыстова было сапраўды выдадзена на крыжовую смерць, а Яго кроў была праліта на Крыжы. Можа, тады разумелі толькі, што павінны паўтараць абрад Вячэры з хлебам і віном. Дзеі Апосталаў скажуць пасля, што першыя хрысціяне пасля пасхальных падзеяў трывалі на ламанні хлеба і на малітве (пар. 2, 42). Аднак тады значэнне гэтага абраду было ўжо для ўсіх зразумелае.

У літургіі Касцёла Вялікі Чацвер – гэта дзень, у які ўспамінаецца Апошняя Вячэра, устанаўленне Эўхарыстыі. З ерузалемскага Вячэрніка цэлебрацыя Эўхарыстыі паступова разышлася па ўсім тагачасным свеце. Найперш кіравалі ёю Апосталы ў Ерузалеме. Пазней, разам з тым як пашыралася Евангелле, цэлебравалі яе яны самі і тыя, на якіх «ускладалі рукі», ва ўсё новых месцах, пачынаючы ад Малой Азіі. І нарэшце разам са св. Пятром і св. Паўлам Эўхарыстыя дайшла да Рыма, які быў сталіцаю тагачаснага свету. Праз стагоддзі яна з’явілася над Віслаю.

Памятаю, што ў часе рэкалекцый перад біскупскім пасвячэннем я асаблівым чынам дзякаваў Богу менавіта за тое, што Евангелле і Эўхарыстыя дайшлі да берагоў Віслы, што дайшлі таксама да Тынца. Тынецкае абацтва пад Кракавам, пачаткі якога датуюцца ХІ стагоддзем, было сапраўды адпаведным месцам, каб падрыхтавацца да прыняцця пасвячэння ў Вавельскай катэдры. У 2002 годзе, падчас візіту ў Кракаў, перад маім адлётам у Рым мне ўдалося наведаць, хоць на вельмі кароткі час, Тынец. Гэта была нагода, каб такім чынам сплаціць асабісты доўг удзячнасці. Я многім абавязаны Тынцу. Напэўна, не толькі я, але і ўся Польшча.

Паволі набліжаўся дзень 28 верасня 1958 г. Перад тым як я быў пасвечаны, у якасці біскупа наміната выступіў афіцыйна ў Любачове на срэбраным юбілеі біскупства арцыбіскупа Базяка. Гэта быў дзень Маці Божай Балеснай, які ў Львове адзначаецца 22 верасня. Я быў там з двума біскупамі з Пшэмысля: кс. біскупам Францішкам Бардам і кс. біскупам Войцехам Тамакам – абодва сівыя старцы, а я паміж імі – 38-гадовы маладзён. Дзіўна сябе адчуваў. Менавіта там прайшло маё першае «прымерванне» да біскупства. А праз тыдзень адбылася кансэкрацыя на Вавелі.

Вавель

З дзіцячых гадоў жыве ўва мне асаблівая прывязанасць да Вавельскай катэдры. Не памятаю, калі пабываў там упершыню, але з таго часу як пачаў там бываць, адчуваў асаблівае захапленне і асабістую сувязь з гэтаю катэдраю. Пэўным чынам у Вавелі сканцэнтравана ўся гісторыя Польшчы. Я перажыў трагічны час, калі гітлераўцы пасадзілі там свайго губернатара Франка і над замкам лунаў штандар са свастыкай. Гэта было для мяне асабліва балючым досведам. Аднак прыйшоў дзень, калі той штандар са свастыкай знік і вярнуліся польскія сцягі.

Цяперашняя катэдра вядзе сваю гісторыю з часоў караля Казіміра Вялікага. У мяне пастаянна стаяць перад вачыма ўсе месцы гэтай святыні з яе помнікамі. Дастаткова прайсці праз галоўную і бочныя навы, каб убачыць саркафагі польскіх каралёў. А калі спусціцца ў крыпту вялікіх паэтаў-прарокаў, то ўбачым грабніцы Міцкевіча, Славацкага і Норвіда.

Як я гаварыў у кнізе «Дар і Таямніца», мне вельмі хацелася адправіць сваю першую Святую Імшу на Вавелі ў крыпце св. Леанарда ў сутарэннях катэдры, і так яно й сталася. Несумненна, гэтае жаданне ўзнікла з глыбокай любові, якою я атуляў усё тое, што несла на сабе адбіткі мае Айчыны. Мне дорага гэтае месца, у якім кожны камень гаворыць пра Польшчу, пра польскую веліч. Калі быў апошні раз у Кракаве, то таксама пайшоў на Вавель і там маліўся перад грабніцаю св. Станіслава. Я не мог не наведаць гэтай катэдры, якая гасціла мяне на працягу дваццаці гадоў.

Найбольш дарагое для мяне месца ў Вавельскай катэдры – крыпта св. Леанарда. Гэта частка даўняй катэдры, з часоў караля Баляслава Крывавуста. Сама крыпта – сведка яшчэ больш старажытных часоў, бо памятае першых біскупаў з пачатку ХІ стагоддзя: тут распачынаецца генеалогія Кракаўскага епіскапату. Тыя першыя біскупы маюць таямнічыя імёны Пракоп і Пракульф, як бы грэцкага паходжання. Паступова з’яўляюцца ўсё новыя імёны, усё часцей ужо славянскія, такія як Станіслаў з Шчапанава, які стаў кракаўскім біскупам у 1072 г. У 1079 г. ён быў забіты пасланцамі караля Баляслава Харобрага. А пасля той жа кароль павінен быў уцякаць з краю і праўдападобна як пакутнік скончыў жыццё ў Ас’яку.

Калі я стаў кракаўскім мітрапалітам, то, вяртаючыся з Рыма ў Кракаў, у Ас’яку адправіў Св. Імшу. Таксама там узнік паэтычны запіс гэтага гістарычнага факту: я напісаў верш пад назваю «Станіслаў».

Святы Станіслаў – «Бацька айчыны». У нядзелю пасля 8 мая ідзе вялікая працэсія з Вавеля на Скалку. Усю дарогу людзі спяваюць песні, якія чаргуюцца з антыфонаю: «Святы Станіславе, апякуне наш, маліся за нас». Працэсія сыходзіць з Вавеля, праходзіць вуліцамі Страдам і Кракаўскаю на Скалку, дзе адпраўляецца Св. Імша, якую звычайна канцэлебруе запрошаны біскуп. Пасля Св. Імшы працэсія вяртаецца тою самаю дарогаю да катэдры, а рэліквіі галавы св. Станіслава, якія нясуць падчас працэсіі ў прыгожым рэліквіяры, ставяцца на алтары. У святасці гэтага біскупа палякі былі перакананыя ад пачатку і вельмі аддана дбалі пра яго беатыфікацыю, якая адбылася ў Асізі ў ХІІІ стагоддзі. У гэтым умбрыйскім горадзе да сённяшняга дня захаваліся фрэскі з выявамі св. Станіслава.

Побач з канфесіяй св. біскупа Станіслава бясцэнным скарбам Вавельскай катэдры з’яўляецца грабніца святой каралевы Ядвігі. Яе рэліквіі былі складзены пад слынным вавельскім крыжам у 1987 годзе падчас мае трэцяй пілігрымкі на Радзіму. Каля падножжа гэтага крыжа дванаццацігадовая Ядвіга дала згоду выйсці замуж за літоўскага князя Уладзіслава Ягайлу. Гэта яе рашэнне ў 1386 г. увяло Літву ў сям’ю хрысціянскіх народаў.

З хваляваннем успамінаю дзень 8 чэрвеня 1997 г., калі на Блонях у Кракаве, падчас кананізацыі, я пачаў гамілію словамі: «Доўга чакала, Ядвіга, ты гэтага дня (...), амаль 600 гадоў. На гэта наклаліся розныя абставіны, пра якія цяпер цяжка гаварыць. Даўно жыло ўва мне жаданне, каб Вавельская Пані магла цешыцца тытулам святой у кананічным, афіцыйным значэнні, і ў той дзень гэта споўнілася. Я дзякаваў Богу, што мне было дадзена праз столькі стагоддзяў выканаць жаданне, якое пульсавала ў сэрцах цэлых пакаленняў палякаў.

Усе гэтыя ўспаміны нейкім чынам яднаюцца з днём маёй кансэкрацыі. У пэўным сэнсе гэта была гістарычная падзея. Папярэдняе біскупскае пасвячэнне на Вавелі адбылося ў далёкім 1926 годзе. Тады быў кансэкраваны кс. біскуп Станіслаў Роспанд. А цяпер – я.

Дзень кансэкрацыі: пасярод касцёла

І так надышоў дзень 28 верасня, успамін св. Вацлава. На гэты дзень было прызначана маё біскупскае пасвячэнне. Я сказаў бы, што тады яшчэ літургія была больш багатая, чым сёння.

Памятаю асобных людзей, якія прымалі ў ёй удзел. Быў такі сімвалічны абрад прынясення дароў, якія атрымліваў кансэкратар. Бачурку з віном і бохан хлеба неслі мае сябры: Збышак Сілкоўскі, сябра з гімназіі, і сёння слуга Божы Юрка Цясельскі, а ў другой пары – Мар’ян Вайтовіч і Здзіслаў Хэйдэль. Хіба быў таксама Станіслаў Рыбіцкі. Найбольш актыўны быў, аднак, кс. Казімеж Фіглевіч. Дзень быў пахмурны, але ў канцы засвяціла сонца. Як бы добры знак, праменьчык сонца ўпаў на гэтага беднага кансэкраванага.

Пасля прачытання Евангелля хор спяваў: Veni Creator Spiritus, / mentes tuorum visita: / imple superna gratia, / quae tu creasti pectora... Я ўслухоўваўся ў гэты спеў і зноў, як падчас святарскага пасвячэння, а можа яшчэ больш ясна, абуджалася ўва мне ўсведамленне, што гэта ж Дух Святы з’яўляецца віноўнікам кансэкрацыі. Гэта суцяшала і ўмацоўвала перад рознымі чалавечымі сумненнямі, звязанымі з прыходам такой вялікай адказнасці. Гэта думка абуджала ў маёй душы вялікі давер: Дух Святы асвеціць, умацуе, суцешыць, навучыць... Ці ж не такое абяцанне даў Хрыстус сваім Апосталам?

У літургіі наступае шэраг сімвалічных дзеянняў, і кожнае з іх мае сваё значэнне. Кансэкратар задае пытанні, якія датычаць веры і жыцця. Апошняе пытанне гучыць так: «Ці хочаш пастаянна маліцца за люд, табе давераны, і верна выконваць біскупскую паслугу?» А кандыдат адказвае: «Хачу з Божаю дапамогаю». І тады кансэкратар дадае: «Той, хто распачаў у табе добрую справу, няхай яе завершыць». І зноў з’явілася тая даверлівая і супакаяльная думка: Пан распачынае ў табе сваю справу; не бойся, давер Яму сваю дарогу, а Ён сам будзе дзейнічаць і сваю справу зробіць (пар. Пс 37 [36], 5).

Пры ўсіх пасвячэннях (дыяканат, святарства і біскупская сакра) кандыдат ляжыць крыжам на падлозе. Гэта знак поўнага аддання сябе Хрысту – Таму, хто дзеля таго, каб споўніць сваю святарскую місію, «прынізіў самога сябе, прыняўшы постаць слугі (...), зняважыў сябе, будучы паслухмяным ажно да смерці і смерці крыжовай» (Флп 2, 7-8). Гэта пастава вяртаецца ў кожную Вялікую Пятніцу, калі святар, які кіруе літургічнай супольнасцю, моўчкі падае на твар. У гэты дзень у святым Трыдууме не адпраўляецца Святая Імша: Касцёл яднаецца ва ўспаміне Пакутаў Хрыста, пачаўшы ад Яго агоніі ў Садзе Аліўным, калі Ён таксама маліўся, лежачы на зямлі. Тады ў душы цэлебранта на ўсю сілу гучыць Яго просьба: «Пабудзьце тут і не спіце са Мною» (Мк 26, 38).

Памятаю той момант, калі я ляжаў крыжам на падлозе, а сабраныя спявалі Літанію да Усіх Святых. Кансэкратар заклікаў сабраных: «Будзем прасіць, наймілейшыя, усемагутнага Бога, каб гэтаму выбранаму шчодра ўдзяліў ласкі для дабра свайго Касцёла». А пасля распачаўся спеў літаніі:

Пане, змілуйся над намі, Хрыстэ, змілуйся...
Святая Марыя, Маці Божая,
Святы Міхале,
Святыя Анёлы Божыя... маліцеся за нас!

Асаблівую пашану маю да Анёла Ахоўніка. З дзяцінства, як напэўна ўсе дзеці, шмат разоў маліўся «Анёле Божы, дружа мой, ты заўсёды пры мне стой... будзь ласкаў мне памагчы...». Мой Анёл Ахоўнік ведае, што я раблю. Мая вера ў яго, у яго апякунчую прысутнасць, пастаянна ўва мне паглыбляецца. Св. Міхал, св. Габрыэль, св. Рафал – гэта Арханёлы, якіх я часта прызываю на малітве. Успамінаю таксама найпрыгажэйшы трактат св. Тамаша пра анёлаў, чыстых духаў.

Святы Яне Хрысціцель,
Святы Юзэфе,
Святыя Пётр і Павел,
Святы Андрэй...
Святы Караль... маліцеся за нас!

Як вядома, я быў пасвечаны на святара ў дзень Усіх Святых. Гэты дзень для мяне заўсёды з’яўляецца найвялікшым асабістым святам. З Божай дабрыні дадзена мне адзначаць гадавіну святарскага пасвячэння ў той дзень, калі Касцёл успамінае жыхароў неба. Гэта яны з вышыні заступаюцца за супольнасць Касцёла, каб умацоўвалася яе еднасць дзякуючы дзеянню Духа Святога, які дае ёй здольнасць практыкаваць братнюю любоў: «Бо гэтак як узаемная хрысціянская камунія паміж пілігрымамі вядзе нас усё бліжэй да Хрыста, так і сумоўе са святымі яднае нас з Хрыстом, з якога, як з Крыніцы і Галавы, сыходзіць усялякая ласка і жыццё Божага Люду» (Lumen gentium, 50).

Пасля літаніі кансэкраваны ўстае і падыходзіць да кансэкратара, а той ускладае на яго рукі. Гэта важны жэст, які, згодна з традыцыяй, што ідзе ад Апосталаў, азначае перадачу Духа Святога. Потым абодва сукансэкратары таксама ўскладаюць рукі на галаву кандыдата. Пасля цэлебрант і сукансэкратары прамовяць кансэкрацыйную малітву. Менавіта так здзейсніцца ключавы момант біскупскага пасвячэння. Тут неабходна прыгадаць словы з саборавай Канстытуцыі Lumen gentium: «Каб выканаць такое вялікае заданне, Апосталы былі ўзбагачаныя Хрыстом праз спецыяльнае зліццё Духа Святога, які сышоў на іх (пар. Дз 1, 8; 2, 4; Ян 20, 22), самі ж яны перадалі духоўны дар сваім памочнікам праз ускладанне на іх рук (пар. 1 Цім 4, 14; 2 Цім 1, 6); гэты дар перадаецца ажно да нас у біскупскіх пасвячэннях. (...) Менавіта з традыцыі, якая асабліва праяўляецца ў літургічных абрадах і ў практыцы Касцёла, як усходняга, так і заходняга, выразна відаць, што праз ускладанне рук і праз словы пасвячэння так удзяляецца ласка Духа Святога, і святы знак так праяўляецца, што біскупы асаблівым і відавочным чынам выконваюць ролю самога Хрыста Настаўніка, Пастыра і Святара, і дзейнічаюць у Яго асобе» (п. 21).

Кансэкратары

Не магу тут не згадаць асобы галоўнага кансэкратара Яўгена Базяка. Я ўжо ўспамінаў складаную гісторыю яго жыцця і біскупскай паслугі. Вялікае значэнне мае для мяне яго біскупскае паходжанне, бо менавіта ён быў для мяне пасярэднікам у апостальскай пераемнасці. Яго кансэкраваў арцыбіскуп Баляслаў Твардоўскі, якога ў сваю чаргу кансэкраваў арцыбіскуп Юзаф Більчэўскі. Нядаўна мне выпаў гонар беатыфікаваць Юзафа Більчэўскага ў Львове, ва Украіне. Більчэўскі ж быў кансэкраваны кардыналам Янам Пузынам, кракаўскім біскупам, а сукансэкратарамі былі святы Юзаф Себасцян Пэльчар, пшэмыскі біскуп, і слуга Божы Андрэй Шэптыцкі, грэка-каталіцкі арцыбіскуп. Хіба ж гэта не абавязвае? Ці мог я не зважаць на гэтую традыцыю святасці вялікіх пастыраў Касцёла?

Сукансэкратарамі былі біскуп Францішак Ёп з Аполя і біскуп Баляслаў Камінак з Вроцлава. Я ўспамінаю іх з вялікаю павагаю і ўдзячнасцю. Біскуп Ёп быў у Кракаве ў часы сталінізму чалавекам, спасланым самім Провідам. Арцыбіскупа Бацяка тады вызвалілі ад абавязкаў, а Ёп быў прызначаны капітульным вікарыем у Кракаве. Дзякуючы яму Касцёл у гэтым горадзе прайшоў без значных стратаў праз цяжкае выпрабаванне часу.

Біскуп Баляслаў Камінак таксама быў звязаны з Кракавам. У сталінскі перыяд, калі ён ужо быў біскупам, камуністычныя ўлады забаранілі яму кіраваць дыяцэзіяй. Тады біскуп застаўся ў Кракаве інфулатам. Пасля, калі гэта ўжо стала магчыма, змог кананічна кіраваць вроцлаўскім біскупствам, а ў 1965 г. быў менаваны кардыналам. Гэта былі вялікія людзі Касцёла, якія ў цяжкія часы далі сведчанне асабістай велічы і вернасці Хрысту і Евангеллю. Як жа можна не браць пад увагу гэту гераічную духоўную спадчыну?

Моманты літургіі кансэкрацыі

Мае думкі імкнуцца да іншых важных літургічных момантаў. Да іх найперш належыць ускладанне на плечы кнігі Евангелля падчас спеву спецыяльнай кансэкрацыйнай малітвы. Гэтае паяднанне знаку і словаў асабліва красамоўнае. Першае ўражанне скіроўвае думку ў бок цяжару адказнасці біскупа за Евангелле, важнасці Хрыстовага закліку несці яго ва ўсе канцы зямлі, абвяшчаць яго і даваць сведчанне ўласным жыццём. Аднак, калі глыбей удумацца ў сэнс гэтага знаку, то становіцца відавочнаю праўда аб тым, што здзяйсняецца менавіта тое, што сыходзіць з Евангелля і ў ім мае свае вытокі. Таму той, хто атрымлівае біскупскую сакру, можа заўсёды чэрпаць сілу і натхненне з гэтага ўсведамлення. Менавіта ў святле Добрай Навіны аб змёртвыхпаўстанні Хрыста становяцца зразумелымі і дзейснымі словы малітвы: «Effunde super hunc Electum eam virtutem, quae a te est, Spiritum principalem, quem dedisti dilecto Filio tuo Jesu Christo, quem ipse donavit sanctis Apostolis... А цяпер, Божа, спашлі на гэтага выбранага тую моц, якая паходзіць ад Цябе, Духа Найвышэйшага, якога Ты даў Твайму ўмілаванаму Сыну Езусу Хрысту, якога Ён даў святым апосталам...» (Рымскі Пантыфікал, Кансэкрацыйная малітва).

У сваю чаргу ў літургіі кансэкрацыі адбываецца намашчэнне святым хрызмам. Гэты абрад глыбока ўкаранёны ў папярэдніх Сакрамэнтах, пачынаючы ад Хросту і Бежмавання. Калі ўдзяляецца сакрамэнт святарскага пасвячэння, то намашчаюцца рукі, а калі біскупскага – галава. Гэта таксама абрад, які сведчыць пра перадачу Духа Святога, які пранікае знутры, бярэ ва ўласнасць і робіць сваёю прыладаю намашчанага чалавека. Гэта намашчэнне галавы азначае пакліканне да новых заданняў: біскуп возьме на сябе ў Касцёле заданне кіраўніцтва і яно паглыне яго без астатку. Гэта намашчэнне Духам Святым таксама мае тую самую крыніцу: Езуса Хрыста – Месію.

Імя Хрыстус – гэта грэцкі пераклад габрэйскага тэрміну «maрijah – месія», што значыць «намашчаны». У Ізраэлі намашчалі ў імя Божае тых, хто быў Ім выбраны выконваць асаблівую місію. Гэта магла быць прарочая, святарская альбо каралеўская місія. Аднак азначэнне «месія» датычылася перадусім таго, хто павінен быў прыйсці, каб канчаткова ўстанавіць Божае Валадарства, у якім павінны былі споўніцца абяцанні збаўлення. Менавіта ён павінен быў быць «намашчаны» Духам Панскім як прарок, святар і валадар.

Азначэнне Намашчаны – Хрыстус стала ўласным імем Езуса, бо ў Ім дасканала споўнілася Божае пасланне, якое гэта паняцце азначае. Евангелле не згадвае, каб Езус калі-небудзь быў намашчаны знешнім чынам, як у Старым Запавеце Давід ці Аарон, па барадзе якога сплываў каштоўны алей (пар. Пс 133 [132], 2). Калі мы гаворым пра Яго «намашчэнне», то маем на ўвазе непасрэднае намашчэнне Духам Святым, знакам і сведчаннем якога ёсць дасканалае выкананне Езусам паслання, даверанага Яму Айцом. Прыгожа сказаў пра гэта св. Ірэнэй, біскуп: «У імені Хрыста ўтоены Той, хто намасціў, Той, хто быў намашчаны, і само намашчэнне, якім быў намашчаны. Той, хто намасціў, ёсць Айцец; Той, хто быў намашчаны, ёсць Сын, а быў намашчаны ў Духу, які ёсць Намашчэннем» (Adversus haereses, III 18, 3).

Пры нараджэнні Езуса анёлы абвяшчаюць пастушкам: «Сёння ў месце Давідавым нарадзіўся вам Збаўца, каторы ёсць Месія, Пан» (Лк 2, 11). Месія – гэта значыць намашчаны. Разам з Ім нараджаецца паўсюднае, месіянскае і збаўчае намашчэнне, у якім удзельнічаюць усе ахрышчаныя, і гэта асаблівае намашчэнне, у якім Ён, Месія, пажадаў даць удзел біскупам і святарам, выбраным для апостальскай адказнасці за Яго Касцёл. Святы алей хрызма, знак сілы Божага Духу, сплыў на нашы галовы, уключаючы нас у месіянскую справу збаўлення, і разам з гэтым намашчэннем мы прынялі якасна спецыфічным чынам траякае заданне: прарочае, святарскае і каралеўскае.

Хрызма

Дзякую Пану за першае намашчэнне святым Хрызмам, якое я атрымаў у маіх родных Вадавіцах. Адбылося тое падчас Хросту. Праз гэта сакрамэнтальнае абмыццё вадою мы ўсе з’яўляемся апраўданымі і ўжыўленымі ў Хрыста, а таксама ўпершыню атрымліваем дар Духа Святога. Менавіта намашчэнне Хрызмам — гэта знак праліцця гэтага Духа, які дае новае жыццё ў Хрысце і робіць нас здольнымі да жыцця ў Божай справядлівасці. Наша першае намашчэнне дапаўняе пячатка Духа Святога ў сакрамэнце Бежмавання. Глыбокая непасрэдная сувязь гэтых сакрамэнтаў захавалася ў літургіі Хросту дарослых. Усходнія Цэрквы захавалі гэту непасрэдную сувязь таксама пры ўдзяленні Хросту дзецям, якія разам з першым сакрамэнтам атрымліваюць і Бежмаванне.

Сувязь двух першых сакрамэнтаў і найсвяцейшай таямніцы Эўхарыстыі з святарскім і біскупскім пакліканнем такая моцная і глыбокая, што ўвесь час мы можам нанава ўдзячным сэрцам адкрываць яго багацце. Мы, біскупы, не толькі ўдзельнічаем у гэтых сакрамэнтах, але й пасланыя для таго, каб хрысціць, каб збіраць Касцёл пры Стале Панскім і каб умацоўваць вучняў Хрыста знакам Духа Святога ў сакрамэнце Бежмавання. Біскуп, выконваючы сваю паслугу, мае так шмат магчымасцяў, каб справаваць гэты сакрамэнт, пазначаючы алеем святога Хрызма розных людзей і перадаваць ім дар Духа Святога, які ёсць крыніцаю жыцця ў Хрысце.

Шмат дзе ў часе пасвячэння можна пачуць спеў вернікаў: «Люд святарскі, Люд каралеўскі, сход святы, Люд Божы, спявай свайму Пану!» Я люблю гэтую песню за яе глыбокі сэнс:

«Табе спяваем, о Сыне Айца ўмілаваны!
Праслаўляем Цябе, Адвечная Мудрасць, жывое Слова Бога.
Табе спяваем, Адзіны Сыне Марыі Панны,
Праслаўляем Цябе, о Хрыстэ, наш Браце,
Бо Ты нас прыйшоў збавіць.
Табе спяваем, Месія, прыняты праз бедных,
Праслаўляем Цябе, о Хрыстэ, наш Валадар ціхі й пакорны
(...)
Табе спяваем, о Шчэп Вінаградны, Айцом дадзены,
Праслаўляем Цябе, о Лаза Жыццядайная, мы, Твае галіны».

Усе пакліканні нараджаюцца ў Хрысце, і менавіта гэта кожны раз выяўляе намашчэнне тым самым Хрызмам: ад святога Хросту ажно да намашчэння галавы біскупа. Менавіта адсюль сыходзіць супольная годнасць усіх хрысціянскіх пакліканняў. З гэтага пункту гледжання ўсе яны роўныя паміж сабою. Розняцца ж толькі месцам, якое Хрыстус дае кожнаму пакліканаму ў супольнасці Касцёла і з тае адказнасці, якая адсюль сыходзіць. Трэба прыкладаць вялікае намаганне, каб нічога не прапала (пар. Ян 6, 12): каб не змарнавалася ніводнае пакліканне, бо кожнае каштоўнае і патрэбнае. За кожнае з іх аддаў сваё жыццё Добры Пастыр (пар. Ян 10, 11). Менавіта ў гэтым і заключаецца адказнасць біскупа. Ён павінен ведаць, што яго заданне рабіць усё для таго, каб у Касцёле магло знайсці сябе і споўніцца кожнае пакліканне, кожнае абранне чалавека Хрыстом — таксама і тое, што завецца найменшым.

Таму біскуп, гэтаксама як Хрыстус, кліча, яднае, вучыць, збірае пры стале Цела і Крыві Пана. Разам з тым кіруе і служыць. Біскуп павінен быць верны Касцёлу, гэта значыць — кожнаму з яго членаў, нават найменшаму, якога Хрыстус паклікаў і з якім атаясамлівае сябе (пар. Мц 25, 45). На знак гэтай вернасці біскуп атрымлівае персцень.

Персцень і рацыянал

Надзяванне пярсцёнка азначае, што біскуп пашлюбаваны з Касцёлам. «Accipe anulum, fidei signaculum — Прымі персцень, знак вернасці, і, аздоблены непарушнаю вераю, неаслабна ахоўвай абранніцу Божую, святы Касцёл». «Esto fidelis usque ad mortem... — заклік з кнігі Апакаліпсіса — Будзь верны да смерці, і дам табе вянок жыцця (2, 10). Асаблівым сімвалам сувязі біскупа з Касцёлам з’яўляецца гэты персцень — знак шлюбу. Для мяне ён — штодзённы напамін пра вернасць. Персцень з’яўляецца як бы нямым пытаннем, якое адгукаецца ў сумленні: ці цалкам я адданы маёй Абранніцы — Касцёлу? Ці з’яўляюся ў поўнай меры «для» — для супольнасцяў, сем’яў, для людзей маладых і старэйшых, а таксама для тых, што яшчэ толькі павінны нарадзіцца? Персцень нагадвае мне таксама пра неабходнасць быць моцным «звяном» у ланцузе пераемнасці, які яднае мяне з Апосталамі. Трываласць ланцуга вымяраецца самым слабым звяном. Я павінен быць моцным звяном, моцным Божаю сілаю: «Пан заслона мая і мой шчыт» (Пс 28[27], 7). «Дык нават праходзячы далінаю ценю смяротнага не буду баяцца напасці, бо Ты ж са мною: Твая па2ліца й падпора Твая — яны мяне суцяшаюць» (Пс 23 [22], 4).

Кракаўскія біскупы маюць спецыяльны прывілей, які, як мне здаецца, ахоплівае толькі чатыры дыяцэзіі на свеце, а менавіта маюць права насіць так званы рацыянал. Па форме — гэта знак, што нагадвае палій. У Кракаве ў скарбніцы на Вавелі ёсць рацыянал — дар каралевы Ядвігі. Сам па сабе гэты знак ні аб чым не гаворыць. Ён прамаўляе толькі тады, калі яго надзене арцыбіскуп; тады ён азначае яго ўладу і паслугу — менавіта таму, што мае ўладу, ён павінен служыць. Гэта ў пэўнай ступені сімвал мукі Хрыста і ўсіх мучанікаў. Калі я яго адзяваў, неаднаразова згадваліся мне словы ўжо сталага апостала Паўла, скіраваныя да яшчэ маладога біскупа Цімафея: «Дык не саромся сведчання Пана нашага Езуса Хрыста, а ні мяне, вязня Яго; але цярпі муку разам з Евангеллем паводле сілы Бога» (2 Цім 1, 8).

«Захоўвай перададзенае табе»

(1 Цім 6, 20)

Пасля кансэкрацыйнай малітвы рытуал прадугледжвае перадачу кансэкраванаму кнігі Евангелля. Гэты жэст указвае на тое, што біскуп павінен прыняць і абвяшчаць Добрую Навіну. Ён з’яўляецца знакам прысутнасці ў Касцёле Езуса Настаўніка.

Гэта азначае, што навучанне складае сутнасць біскупскага паклікання: ён павінен быць настаўнікам. Мы ведаем, як шмат знакамітых біскупаў аказалася на вышыні гэтага закліку. Як скарб, яны бралі да сэрца разважлівую перасцярогу апостала Паўла: «О Цімафей, захоўвай перададзенае табе, ухіляючыся ад паганага пустаслоўя і перакорлівасці фальшывых ведаў» (пар. 1 Цім 6, 20). Яны былі добрымі настаўнікамі, бо засяродзілі ўсё сваё духоўнае жыццё на слуханні і абвяшчэнні Слова. Гэта значыць, што змаглі адкінуць непатрэбныя словы, каб з усяе сілы трываць пры гэтым адным, якое патрэбна (пар. Лк 10, 42).

Быць слугою Слова — вось заданне біскупа. Менавіта як настаўнік сядзіць ён на катэдры (на тым крэсле, што пастаўлена ў касцёле, які ад яго бярэ назву «катэдра»), каб навучаць, абвяшчаць і тлумачыць Божае слова. Наш час паставіў перад біскупамі, якія навучаюць, новыя патрабаванні, але таксама даў ім новыя цудоўныя сродкі, з дапамогаю якіх яны могуць абвяшчаць Евангелле. Лёгкасць перамяшчэння дазваляе біскупам часта наведваць розныя касцёлы і супольнасці ўласнай дыяцэзіі. Мы маем у распараджэнні радыё, тэлебачанне, Інтэрнэт, друкаванае слова. У абвяшчэнні Божага слова біскупам дапамагаюць святары і дыяканы, катэхеты і настаўнікі, выкладчыкі тэалогіі, а таксама ўсё большая колькасць адукаваных і верных Евангеллю свецкіх людзей.

Аднак жа нічога не можа замяніць прысутнасць біскупа, які сядзіць на катэдры альбо стаіць на амбоне свайго біскупскага касцёла і асабіста выкладае Божае слова тым, каго сабраў вакол сябе. І ён, як «кніжнік, навучаны аб валадарстве Нябесным, падобны да гаспадара, што выносіць з скарбніцы сваёй новае і старое» (Мц 13, 52). Я хачу тут успомніць былога арцыбіскупа Мілана кардынала Карла Марыю Марціні. Яго катэхезы ў міланскай катэдры збіралі натоўпы людзей, перад якімі ён адкрываў скарб Божага слова. Гэта толькі адзін са шматлікіх прыкладаў, які даказвае, наколькі вялікі ў людзях голад да жывога слова. Як жа важна, каб гэты голад быў заспакоены!

Мне заўсёды спадарожнічала перакананне, што калі я павінен заспакойваць голад да слова Божага, то трэба, каб сам, па прыкладзе Марыі, найперш слухаў гэтае слова, складаючы яго ў сэрцы сваім (пар. Лк 2, 19). Разам з тым я ўсё лепш разумеў, што біскуп павінен умець слухаць людзей, якім абвяшчае Добрую Навіну. У сённяшняй залеве слоў, вобразаў і гукаў важна, каб біскуп не даў сябе аглушыць. Мы павінны слухаць Бога і чуць іншых, перакананыя, што ўсе мы паяднаныя тою самаю таямніцаю Божага слова аб збаўленні.

Мітра і пастарал

Пакліканне біскупа – гэта, несумненна, вялікая адзнака. Аднак яно не азначае, што кандыдат быў абраны сярод многіх як знакаміты чалавек і хрысціянін. Біскупа вылучае тое, што яго пакліканнем з’яўляецца абавязак стаць у цэнтры Касцёла і быць першым у любові, першым у вернасці і першым у служэнні. Калі хтосьці бачыць у біскупстве толькі адзнаку сябе самога, ён не здолее добра выканаць сваё біскупскае пакліканне. Першая і самая важная крыніца належнай біскупу пашаны заключаецца ў адказнасці, звязанай з яго паслугаю.

«Не можа места схавацца, стоячы на версе гары» (Мц 5, 14). Біскуп заўсёды знаходзіцца на гары, займае высокае становішча, ён ва ўсіх на вачах. Біскуп павінен усведамляць, што ўсё, што адбываецца ў ягоным жыцці, мае вялікае значэнне для супольнасці: вочы ўсіх звернуты да яго (пар. Лк 4, 20). Гэтаксама як бацька сям’і фармуе веру сваіх дзяцей найперш прыкладам уласнай рэлігійнасці і малітвы, так і біскуп уплывае на сваіх вернікаў усімі сваімі паводзінамі. Таму аўтар Першага ліста св. Пятра так настойліва просіць, каб біскупы былі жывым прыкладам для статку (пар. 1 П 5, 3). Менавіта ў гэтай перспектыве асабліва яскравым становіцца знак ускладання мітры ў часе літургіі пасвячэння. Новапасвечаны біскуп прымае яе як абавязак служэння, каб «ззяла ў ім святло святасці», і каб быў годны «атрымаць неўвядальны вянок славы», калі прыйдзе Хрыстус «Найвышэйшы Пастыр» (пар. Рымскі пантыфікал).

Біскуп асаблівым чынам пакліканы да асабістай святасці, каб узрастала і паглыблялася святасць супольнасці Касцёла, якая была яму даверана. Гэта ён адказны за тое, каб было рэалізавана «паўсюднае пакліканне да святасці», пра якое гаворыцца ў V раздзеле Канстытуцыі Lumen gentium. Як я пісаў у сувязі з заканчэннем Вялікага Юбілею, у гэтым пакліканні заключана ўнутраная дынаміка эклезіялогіі (пар. Novo millenio ineunte, 30). Люд, «паяднаны адзінствам Айца, Сына і Духа Святога», – гэта Люд, які належыць Таму, хто ёсць тройчы Святы (пар. Іс 6, 3). Я тады пісаў: «Вызнаваць веру ў святы Касцёл – гэта значыць указваць яго аблічча Абранніцы Хрыста, для якой Ён склаў у ахвяры самога сябе менавіта дзеля таго, каб яе асвяціць» (Novo millenio ineunte, 30). Дар святасці, які становіцца заданнем. Трэба пастаянна ўсведамляць, што гэтаму заданню павінна быць падпарадкавана ўсё жыццё хрысціяніна: «Бо гэта воля Божая, асвячэнне вашае» (1 Фес 4, 3).

На пачатку сямідзесятых гадоў, звяртаючыся да Канстытуцыі Lumen gentium, я напісаў: «Гісторыя збаўлення – гэта гісторыя ўсяго Люду Божага, і разам з тым гэта гісторыя праходзіць праз жыццё асобных людзей – асобаў. У кожнай з гэтых асобаў яна пэўным чынам канкрэтызуецца. Прынцыповае значэнне святасці ўгрунтавана на тым, што яна заўсёды з’яўляецца святасцю асобы. На гэта ўрэшце ўказвае «агульнае» пакліканне да святасці. Пакліканыя ўсе члены Люду Божага, але кожны з іх адзіным і непаўторным чынам» («Каля вытокаў аднаўлення. Даследаванне па рэалізацыі Vaticanum II, Кракаў, 1972, с. 165). Асабістая святасць кожнага надае прыгажосці абліччу Касцёла, Абранніцы Хрыста, чынячы так, што яго пасланне можа быць лягчэй успрынята сучасным светам.

Пасля ў кансэкрацыйным абрадзе адбываецца ўручэнне пастаралу. Гэта знак улады, якая належыць біскупу для выканання задання апекі над аўчарняю. І гэты знак упісваецца ў перспектыву клопату пра святасць Божага Люду, бо пастыр павінен чуваць і бараніць, весці кожную авечку «на зялёныя нівы» (пар. Пс 23 [22], 2) – на тыя нівы, на якіх яна адкрые, што святасць не зарэзерваваная для абранай групы «геніяў» святасці. «Шляхі святасці разнастайныя і дапасаваныя да кожнага паклікання» (Novo millenio ineunte, 31). Які ж патэнцыял дрэмле ў гэтай безлічы ахрышчаных людзей! Я пастаянна малюся, каб Дух Святы распальваў сэрцы біскупаў сваім агнём, каб яны былі настаўнікамі святасці, здольнымі натхняць вернікаў нашым прыкладам.

Мне згадваеца кранальнае развітанне св. Паўла са старэйшымі Касцёла ў Эфесе: «Пільнуйце ж самі сябе і ўвесь статак, у якім Дух Святы паставіў вас біскупамі, каб пасвіць Касцёл Бога, які Ён прыдбаў уласнаю крывёю сваёю» (Дз 20, 28). Наказ Хрыста прыспешвае кожнага пастыра: «Ідзіце, навучайце ўсе народы» (28, 19). Ідзіце... не затрымлівайцеся ніколі! Мы добра ведаем спадзяванні Боскага Настаўніка: «Я вас выбраў і паставіў вас, каб ішлі і прыносілі плод, і каб плод ваш трываў» (Ян 15, 16).

Пастарал з крыжам, якім я цяпер паслугуюся, – гэта копія пастаралу Папы Паўла VI. Я бачу ў ім сімвал трох заданняў: клопату, кіраўніцтва і адказнасці. Гэта не знак улады ў звыклым разуменні гэтага слова; і не знак першынства альбо панавання над іншымі, гэта — знак служэння, знак абавязковага клопату аб патрэбах авечак: каб мелі жыццё і мелі яго больш (пар. Ян 10, 10). Біскуп павінен кіраваць і накіроўваць. Аднак слухаць і любіць яго вернікі будуць у такой ступені, у якой ён будзе наследаваць Хрыста, Добрага Пастыра, які «не дзеля таго прыйшоў, каб Яму служылі, але каб паслужыць і аддаць душу сваю дзеля адкуплення многіх» (Мц 20, 28). «Служыць!» – як жа я цаню гэтае слова! «Службовае» святарства – якая цудоўная назва...

Часам можна пачуць чыйсьці голас, што бароніць біскупскую ўладу, зразуметую як першынство: гэта авечкі павінны ісці за пастырам, – кажа ён, – а не пастыр за авечкамі. Можна з гэтым пагадзіцца, але ў тым сэнсе, што гэта пастыр павінен ісці наперадзе і аддаваць жыццё за сваіх авечак; ён павінен быць першы ў ахвяры і адданні. «Устаў добры Пастыр, які ўласнае жыццё аддаў за сваіх авечак. І памёр за сваю аўчарню» (Літургія гадзінаў, 4 Велікодны тыдзень, Гадзіна чытанняў, ІІ рэспансорый). Біскуп мае першынство ў ахвярнай любові да вернікаў і да Касцёла, на ўзор св. Паўла: «Цяпер радуюся ў муках маіх за вас і дапаўняю недахоп у целе маім сумаванняў Хрыстовых за Яго цела, якім ёсць Касцёл» (Клс 1, 24).

Да ролі пастыра, несумненна, належыць таксама ўшчуванне. Мяркую, што ў гэтым сэнсе я рабіў замала. Заўсёды ёсць праблема сувязі паміж уладаю і службаю. Магчыма, я павінен папракнуць сябе ў тым, што недастаткова спрабаваў кіраваць. Нейкім чынам гэта ідзе ад майго характару. Аднак у пэўнай ступені гэта можна растлумачыць воляю Хрыста, які прасіў сваіх Апосталаў, каб не столькі кіравалі, колькі служылі. Зразумела, біскупу належыць улада, але шмат залежыць ад таго, як яна будзе ажыццяўляцца. Калі біскуп залішне акцэнтуецца на ўладзе, то людзі адразу думаюць, што ён здольны толькі кіраваць. І наадварот, калі ён займае пазіцыю служэння, то вернікі спантанна адчуваюць сябе змабілізаванымі яго слухаць і ахвотна паддаюцца ягонай уладзе. Мне здаецца, тут патрэбна пэўная раўнавага. Калі біскуп толькі кажа: «Я тут кірую», альбо: «Я тут толькі служу», то нечага ў гэтым не хапае: ён павінен служыць кіруючы і кіраваць служачы. Яскравы прыклад гэтага знаходзім у самога Хрыста: Ён пастаянна служыў, але таксама ў духу Божага служэння здолеў выкінуць гандляроў са святыні, калі ўзнікла такая патрэба.

Аднак мяркую, што, нягледзячы на пэўны недахоп ушчування, я прыняў усе неабходныя рашэнні. Як кракаўскі мітрапаліт, я заўсёды імкнуўся прымаць іх калегіяльна, гэта значыць, раючыся з маімі дапаможнымі біскупамі і супрацоўнікамі. Кожны тыдзень адбываліся курыяльныя сесіі, на якіх агаворваліся ўсе справы ў кантэксце найбольшай карысці для архідыяцэзіі. Сваім супрацоўнікам я любіў задаваць два пытанні. Першае: «Якая праўда веры высвечвае гэту праблему?» Другое: «Каго можам узяць альбо падрыхтаваць для дапамогі?» Знайсці рэлігійнае абгрунтаванне дзейнасці і асобу, адпаведную заданню, было добрым пачаткам, што абяцаў надзею на поспех душпастырскіх пачынанняў.

Уручэнне пастаралу завяршае абрад пасвячэння. Пасля распачынаецца св. Імша, якую цэлебруе новы біскуп разам з кансэкратарамі. Усё настолькі насычана сэнсам, думкамі, асабістым перажываннем, што немагчыма гэтага ні адэкватна перадаць і немагчыма нічога дадаць!

Пілігрымка ў санктуарый Марыі

Пасля св. Імшы я пайшоў з Вавелю проста ў семінарыю, бо там быў прыём для запрошаных гасцей, але яшчэ ў той самы вечар паехаў з так званым «асяроддзем» маіх сяброў у Чэнстахову, дзе на наступны дзень раніцаю адправіў св. Імшу ў капліцы цудоўнага абраза Маці Божай.

Чэнстахова – гэта асаблівае месца для палякаў. У пэўным сэнсе яна атаясамліваецца з Польшчаю і з яе гісторыяй, асабліва – з гісторыяй барацьбы за нацыянальную незалежнасць. Тут ёсць нацыянальны санктуарый – Ясная Гара. Clarus mons – Chiaromonte: гэтая назва, звязаная са святлом, што разганяе цемру, набыла асаблівае значэнне для палякаў, якія перажывалі змрочныя часы войнаў, падзелаў і акупацый. Усе ведалі, што крыніца гэтага святла надзеі – прысутнасць Марыі ў Яе цудоўным абразе. Гэтак было, хіба, упершыню ў часе шведскага нашэсця, што завецца ў гісторыі «патопам». Тады (і гэта вельмі важна) санктуарый стаў крэпасцю, якой не ўдалося ўзяць заваёўнікам. Народ зразумеў тады гэты факт як прадвесце перамогі. Вера ў апеку Марыі дала палякам сілу для перамогі над заваёўнікамі. З таго часу Яснагорскі санктуарый стаў у пэўным сэнсе апораю веры, духу, культуры і ўсяго таго, што вызначае нацыянальную свядомасць. Так было асабліва ў доўгі перыяд падзелаў і страты дзяржаўнага суверэнітэту. У часе Другой сусветнай вайны менавіта гэта меў на ўвазе Папа Пій ХІІ, калі казаў: «Не прапала Польшча і не прападзе, бо Польшча верыць, Польшча моліцца, Польшча мае Ясную Гару». І, дзякаваць Богу, гэтыя словы збыліся.

Аднак пасля прыйшоў іншы змрочны перыяд у нашай гісторыі – час барацьбы з камунізмам. Партыйныя ўлады добра разумелі, што значыць для палякаў Ясная Гара, цудоўны абраз і марыйная пабожнасць, якая з самага пачатку фармуецца каля яго. Таму, калі па ініцыятыве Епіскапату, і асабліва кардынала Стэфана Вышынскага, з Чэнстаховы распачалася перэгрынацыя «Чорнай Мадонны», Якая павінна была наведаць усе парафіі і супольнасці ў Польшчы, камуністычныя ўлады рабілі ўсё, каб сарваць гэтае «наведванне». Калі абраз быў «арыштаваны» міліцыяй, то пілігрымавалі пустыя рамы, і яны прамаўлялі яшчэ больш выразна. У гэтых рамах без абраза людзі бачылі нямы знак недахопу рэлігійнай свабоды, а народ ведаў, што мае на яе права і яшчэ больш аб ёй маліўся. Гэтая пілігрымка працягвалася амаль дваццаць пяць гадоў і прынесла плён незвычайнага ўмацавання палякаў у веры, надзеі і любові.

Усе веруючыя палякі пілігрымуюць у Чэнстахову. Я таксама з маленства ездзіў туды з пілігрымкамі. У 1936 годзе адбылася вялікая пілігрымка студэнцкай моладзі з усяе Польшчы, спалучаная са складаннем урачыстай прысягі перад абразом. Пасля яна паўтаралася штогод.

У часе акупацыі я адбыў гэтую пілігрымку ўжо як студэнт польскай філалогіі філасофскага факультэта Ягелонскага універсітэта. Яна мне асабліва запомнілася, бо, каб падтрымаць традыцыю, мы паехалі ў Чэнстахову як дэлегаты: Тадэвуш Улевіч, я і яшчэ нехта трэці. Ясная Гара была акружана гітлераўскімі войскамі. Айцы паўліны запрасілі нас да сябе. Яны ведалі, што мы прыехалі як дэлегацыя. Зразумела, гэта было заканспіравана. Мы былі задаволеныя, што нам удалося падтрымаць гэтую традыцыю. Пазней я таксама неаднаразова ездзіў туды з рознымі пілігрымкамі, асабліва з вадавіцкаю.

Штогод на Яснай Гары адбываліся рэкалекцыі біскупаў, звычайна на пачатку верасня. Першы раз я ўдзельнічаў у іх яшчэ як звычайны біскуп намінат. Узяў мяне з сабою арцыбіскуп Базяк. Памятаю, што тыя рэкалекцыі вёў кс. Ян Зея, выдатны святар і асоба. Зразумела, першае месца займаў Прымас, кардынал Стэфан Вышынскі – чалавек, сапраўды спасланы Божым Провідам на той час, у які мы жылі.

Напэўна, з тых пілігрымак на Ясную Гару ўзнікла жаданне скіраваць першыя крокі папскага пілігрымавання ў марыйны санктуарый. Гэтае жаданне прывяло мяне ў першае апостальскае падарожжа ў Мексіку, да падножжа Панны з Гвадэлупэ. У любові мексіканцаў і ўвогуле жыхароў Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыкі да Марыі з Гвадэлупэ, любові, якая выяўляецца спантанна і эмацыйна, але вельмі інтэнсіўна і глыбока, ёсць шмат падобнага да польскай марыйнай пабожнасці, якая сфармавала таксама і маю духоўнасць. Мексіканцы сардэчна называюць Марыю La Virgen Morenita, што свабодна можна перакласці як «Чорная Мадонна». Ёсць там вельмі вядомая народная песня пра каханне юнака да дзяўчыны; мексіканцы адносяць гэтую песню да Маці Божай. Увесь час гучаць у маіх вушах гэтыя меладычныя словы:

«Conocí a una linda Morenita... y la quise mucho.

Por las tardes iba yo enamorado y cariñoso a verla.

Al contemplar sus ojos, mi pasión crecía.

Ay Morena, morenita mía, no te olvidaré.

Hay un Amor muy grande que existe entre los dos, entre los dos...»[1]

Я наведаў санктуарый у Гвадэлупэ ў часе маёй першай папскай пілігрымкі ў студзені 1979 года. Рашэнне аб падарожжы было прынята ў адказ на запрашэнне прыняць удзел у паседжанні Канферэнцыі Біскупаў Лацінскай Амерыкі (CELAM) у Пуэбла дэ лос Анджэлес. Гэтая пілігрымка пэўным чынам натхніла і сфармавала ўсе наступныя гады пантыфікату.

Найперш я затрымаўся ў Санта Дамінга, а адтуль выправіўся ў Мексіку. Было надзвычай хвалююча, кіруючыся да месца адпачынку, праязджаць вуліцамі, запоўненымі людзьмі. Была магчымасць, калі можна так сказаць, адчуць на дотык пабожнасць гэтай безлічы людзей. Калі нарэшце мы даехалі да месца начлегу, людзі працягвалі спяваць, хоць была ўжо поўнач. І тады Стась (ксёндз Станіслаў Дзівіш – нязменны сакратар Папы. – Заўв. перакл.) вырашыў, што павінен выйсці, каб іх супакоіць, растлумачыць, што Папа мусіць паспаць. Тады яны супакоіліся.

Памятаю, што паездку ў Мексіку ў нейкай ступені я ўспрымаў як «пропуск», які мог адкрыць мне шлях да польскай пілігрымкі, бо я меркаваў, што камуністы ў Польшчы не змогуць адмовіць мне ў дазволе прыехаць на Радзіму пасля таго як мяне прыняла краіна з такою свецкаю Канстытуцыяй як у тагачаснай Мексіцы. Я хацеў паехаць у Польшчу, і так сталася ў чэрвені таго самага года.

Гвадэлупэ – найбольшы санктуарый ва ўсёй Амерыцы – мае для гэтага кантыненту такое ж значэнне, як Чэнстахова для Польшчы. Гэта два трохі розныя светы: у Гвадэлупэ – свет лацінаамерыканскі, а ў Чэнстахове – славянскі, уся Усходняя Еўропа. У гэтым можна было пераканацца ў часе Сусветных дзён моладзі ў 1991 г., калі ўпершыню ў Чэнстахове з’явіліся маладыя людзі з-за польскай усходняй мяжы: украінцы, латышы, беларусы, рускія... Былі прадстаўлены ўсе куточкі Усходняй Еўропы.

Вернемся, аднак, да Гвадэлупэ. У 2002 годзе ў гэтым санктуарыі мне было дадзена кананізаваць Хуана Дыегу. Гэта была цудоўная магчымасць падзякаваць Богу. Хуан Дыега, прыняўшы хрысціянскае пасланне, не адмаўляючыся ад сваёй карэннай прыналежнасці, адкрыў глыбокую праўду пра новае чалавецтва, у якім усе пакліканы да таго, каб быць дзецьмі Божымі ў Хрысце. «Праслаўляю Цябе, Ойча, Пане неба і зямлі, што Ты ўтаіў гэта ад мудрых і разумных, а аб’явіў тое дзецям» (Мц 11, 25). І ў гэтай таямніцы асаблівая роля належала Марыі.

[1] Пазнаёміўся з прыгожаю Чарняваю і пакахаў Яе моцна. / Вечарамі спяшаў закаханы, пяшчотны, каб убачыць Яе. / Калі зазіраў Ёй у вочы, каханне маё мацнела. / Чарнявая, мая Чарнявая, я не забуду Цябе. / Вялікае каханне ў нас, у нас...