Устанце, хадзем!

Ян Павел ІІ


Уступ

Калі з’явілася кніга «Дар і Таямніца», якую склалі ўспаміны і разважанні, звязаныя з пачаткам майго святарства, да мяне прыйшло шмат сардэчных водгукаў на яе, асабліва ад маладых людзей. Як я зразумеў, для многіх з іх гэты больш асабісты дотык да адгартацыі Pastores dabo vobis стаўся каштоўнаю дапамогаю ў правільным распазнанні ўласнага паклікання. Я вельмі рады гэтаму. Хачу, каб Хрыстус і надалей паслугоўваўся тымі разважаннямі, каб як мага больш маладых людзей пачула Яго запрашэнне: «Ідзіце за Мной, і Я зраблю вас лаўцамі людзей» (Мк 1, 17).

Былі просьбы, каб таксама ў сувязі з сорак пятай гадавінай маёй біскупскай сакры і сярэбраным юбілеем паслугі на Сталіцы Пятровай я напісаў працяг тых успамінаў, пачынаючы з 1958 года, у якім я стаў біскупам. Я згадзіўся прыняць гэтае запрашэнне, гэтаксама як і ідэю тае першае кнігі. Дадатковаю прычынаю, каб сабраць і ўпарадкаваць гэтыя ўспаміны і разважанні, быў працэс узнікнення дакументу, прысвечанага біскупскай паслузе: адгартацыі Pastores gregis, у якой я падаў сінтэз думак, што нарадзіліся падчас Х Звычайнага Агульнага Сходу Сіноду Біскупаў, які адбываўся ў часе Вялікага Юбілею 2000 года. Калі я слухаў выказванні біскупаў у аулі, а пасля чытаў тэкст пададзеных прапановаў, у маёй душы абуджалася шмат успамінаў, звязаных як з гадамі, аддадзенымі служэнню Касцёлу ў Кракаве, так і з новым досведам, перажытым у Рыме ў якасці наступніка Пятра. Я паспрабаваў запісаць гэтыя думкі, прагнучы падзяліцца з іншымі сведчаннем любові Хрыста, які праз стагоддзі прызначае чарговых наступнікаў Апосталаў і пры дапамозе крохкіх сасудаў улівае ласку ў сэрцы братоў. Гэтым успамінам пастаянна спадарожнічалі словы св. Паўла, скіраваныя да маладога біскупа Цімафея: «Ён выбавіў нас і паклікаў прызваннем святым не паводле ўчынкаў нашых, але паводле пастановы сваёй і ласкі, дадзенай нам у Хрысце Езусе перад вечнымі часамі» (2 Цім 1, 2).

Гэты запіс ахвярую Братам у біскупстве і ўсяму Люду Божаму. Няхай ён паслужыць усім, хто прагне пазнаць веліч біскупскай паслугі, працу, звязаную з ёю, але таксама і радасць, якая штодзённа спадарожнічае яе выкананню. Запрашаю ўсіх узносіць са мною Te Deum хвалы і падзякі. З позіркам, засяроджаным на Хрысце, умацаваныя надзеяй, якая не можа падвесці, будзем крочыць разам шляхамі новага тысячагоддзя: «Уставайце, хадзем!» (Мк 14, 42).