Памяць і самасьвядомасьць

Ян Павел ІІ


6. Адкупленне: перамога, дадзеная чалавеку

6.

Адкупленне: перамога, дадзеная чалавеку

Такім чынам, адкупленне, адпушчэнне, апраўданне з’яўляюцца праяўленнем любові Бога да чалавека і Яго міласэрнасці, якую Ён аказвае чалавеку. Аднак, як стасуецца таямніца адкуплення са свабодаю чалавека? Як у святле адкуплення бачыцца дарога, якую чалавек павінен выбраць, рэалізуючы сваю свабоду?

У таямніцы адкуплення перамога Хрыста над злом дадзена чалавеку не толькі як асабістая карысць, але і як заданне. Чалавек бярэцца за яго, ступаючы на шлях унутранага жыцця, гэта значыць на шлях свядомай працы над сабою, тае працы, у якой Настаўнікам з’яўляецца Хрыстус. Евангелле заклікае чалавека ісці гэтым уласным шляхам. Хрыстовае «Ідзі за Мною!» гучыць на многіх старонках Евангелля і скіравана да розных людзей — не толькі да тых галілейскіх рыбакоў, якіх Езус кліча быць сваімі апосталамі (пар. Мц 4, 19; Мк 1, 17; Ян 1, 43), але таксама, напрыклад, да багатага юнака, пра якога згадваюць сіноптыкі (пар. Мц 19, 16–23; Мк 10, 17–22; Лк 18, 18–23). Размова Езуса з тым юнаком — гэта адзін з ключавых тэкстаў, да якіх пастаянна трэба вяртацца рознымі спосабамі, так, як я гэта зрабіў, напрыклад, у энцыкліцы Veritatis splendor (пар. 6–27).

«Ідзі за Мною!» — гэта запрашэнне ступіць на той шлях, па якім нас вядзе ўнутраная дынаміка таямніцы адкуплення. Да гэтага шляху адносіцца шырока распаўсюджаная ў трактатах аб духоўным жыцці і містычным досведзе навука пра тры этапы, якія павінен прайсці той, хто хоча «наследаваць Хрыста». Самі гэтыя тры этапы часам таксама называюцца «шляхамі». Такім чынам, гаворка ідзе пра шлях ачышчэння, асвячэння і паяднання. Аднак гэта не тры розныя шляхі, але тры этапы аднаго і таго ж шляху, на які Хрыстус запрашае кожнага чалавека, так як калісьці запрасіў таго евангелічнага юнака.

Калі юнак пытае: «Настаўнік добры, што зрабіць мне добрага, каб мець жыццё вечнае?», Хрыстус адказвае: «Калі хочаш увайсці ў жыццё, выконвай прыказанні» (Мц 19, 16–17). А калі юнак і далей пытае: «Якія?», Хрыстус проста прыгадвае галоўныя запаведзі Дэкалогу, а найперш тыя, з так званай другой табліцы, гэта значыць тыя, якія датычаць стасункаў з бліжнімі. Аднак вядома, што ў навучанні Хрыста ўсе запаведзі зводзяцца да запаведзі любові Бога па-над усім, а бліжняга — як сябе самога. Хрыстус выразна звяртае на гэта ўвагу фарысея, «законніка», які запытаў у Яго пра самыя важныя запаведзі (пар. Мц 22, 34–40; Мк 12, 28–31). Правільна зразуметае захаванне запаведзяў — гэта сінонім ачышчальнага шляху, бо азначае пераадоленне граху, маральнага зла ў яго разнастайных формах. А гэта вядзе да паспяховага ўнутранага ачышчэння.

Адначасова гэта дазваляе адкрываць каштоўнасці. Такім чынам можна сказаць, што ачышчальны шлях як бы арганічна пераходзіць у асвячальны, бо каштоўнасці — гэта тое святло, якое асвятляе існаванне, і па меры таго як чалавек працуе над сабою, яно ўсё больш інтэнсіўна свеціць на даляглядзе яго жыцця. Калі чалавек захоўвае запаведзі (а гэта мае найперш ачышчальнае значэнне), адначасова ў ім развіваюцца дабрадзейнасці. Напрыклад, захоўваючы запаведзь «не забівай!», чалавек адкрывае каштоўнасць жыцця ва ўсіх праявах і вучыцца ўсё больш глыбокай павазе да жыцця. Захоўваючы запаведзь «не чужалож!», чалавек набывае цноту чыстасці, а гэта значыць, што ён усё больш поўна пазнае бескарыслівую прыгажосць людскога цела, мужчынскасці і жаноцкасці. Менавіта гэта бескарыслівая прыгажосць становіцца святлом для яго ўчынкаў. Захоўваючы запаведзь «не сведчы фальшыва!», чалавек вучыцца цноце праўдзівасці. Ён не толькі выключае са свайго жыцця ману і ўсялякі фальш, але развівае ў сабе як бы «інстынкт праўды», якая кіруе ўсімі яго паводзінамі. Калі такім чынам ён жыве ў праўдзе, то надае сваёй чалавечнасці як бы знак натуральнай праўдзівасці.

Такім чынам асвячальны этап шляху ўнутранага жыцця паступова ўзнікае з ачышчальнага этапу. З часам, калі чалавек настойліва ідзе за Настаўнікам, якім з’яўляецца Хрыстус, ён усё менш адчувае цяжар пераадолення ў сабе граху і ўсё больш радуецца Божаму святлу, якое пранізвае ўсё стварэнне. Гэта надзвычай важна, бо дазваляе чалавеку выйсці з сітуацыі пастаяннай унутранай пагрозы граху (у пэўнай ступені грэх, аднак, заўсёды прысутнічае на гэтай зямлі) і адчуваць сябе ўсё больш вольна ва ўсім створаным свеце. Чалавек захоўвае гэту свабоду і прастату ў адносінах з іншымі людзьмі, таксама з асобамі іншага полу. Унутранае святло асвятляе яго ўчынкі і дазваляе яму бачыць усё дабро створанага свету, якое сыходзіць ад Бога. Такім чынам ачышчальны шлях, а потым асвячальны з’яўляюцца арганічнымі ўводзінамі ў тое, што называецца паяднальным шляхам. Гэта апошні этап унутранага шляху, на якім душа перажывае асаблівае паяднанне з Богам. Паяднанне адбываецца праз сузіранне Божай сутнасці і праз досвед любові, якая ўсё больш інтэнсіўна сыходзіць з гэтага сузірання. Такім чынам у пэўнай ступені можна прадугадаць тое, што павінна стаць наканаваннем чалавека ў вечнасці, па-за мяжою смерці і магілы. Сапраўды, Хрыстус як найвышэйшы Настаўнік духоўнага жыцця, а таксама ўсе тыя, хто фармаваўся ў Яго школе, навучаюць, што на шлях паяднання з Богам можна ступіць ужо ў гэтым жыцці.

Саборавая дагматычная Канстытуцыя Lumen gentium кажа: «Хрыстус, які стаўся паслухмяным ажно да смерці і таму быў узвышаны Айцом (пар. Флп 2, 8), увайшоў у хвалу свайго Валадарства. Яму ўсё пакорна, пакуль сам сябе і ўсяго не пакарыць Айцу, каб Бог быў усім ва ўсіх (пар. 1 Кар 15, 27)» (LG 36). Як бачна, Сабор карыстаецца вельмі шырокім кантэкстам, калі тлумачыць, на чым грунтуецца ўдзел у каралеўскім пасланніцтве Хрыста. Разам з тым гэтыя саборавыя словы дапамагаюць нам зразумець, як можа рэалізавацца гэтае паяднанне з Богам у зямным жыцці. Калі каралеўскі шлях, які ўказвае Хрыстус, вядзе ў выніку да таго, каб «Бог быў усім ва ўсіх», то паяднанне з Богам у гэтым жыцці адбываецца менавіта на гэтай аснове. Чалавек ва ўсім знаходзіць Бога, ва ўсім і праз усё з Ім кантактуе. Створаныя рэчы перастаюць уяўляць для яго пагрозу, як гэта было на этапе ачышчальнага шляху. Рэчы, і асабліва асобы, не толькі вяртаюць адпаведнае ім святло, якое заключыў у іх Бог як Створца, але, калі можна так сказаць, «адкрываюць» самога

Бога так, як Ён сам захацеў чалавеку аб’явіцца: як Айца, як Адкупіцеля і як Абранніка.