Людзям часам здаецца, што зло ўсёмагутнае, што яно непадзельна пануе ў гэтым свеце. На думку Вашай Святасці, ці існуе нейкая вызначаная мера, якой зло не можа пераступіць?
Я асабіста зведаў «ідэалогію зла». Гэта штосьці, чаго нельга сцерці ў памяці. Найперш – нацызм. Тое, што даводзілася бачыць у тыя гады, было жахлівае. А многіх жа праяваў нацызму ў той перыяд я не бачыў. Сапраўдны маштаб зла, якое прайшло праз Еўропу, не ўсім нам быў вядомы, нават тым сярод нас, хто жыў у самым яго цэнтры. Мы жылі ўтопленыя ў нейкі вялізны «выбух» зла і толькі паступова пачалі ўсведамляць яго рэальныя памеры, бо асобы, адказныя за зло, імкнуліся любою цаною схаваць свае злачынствы ад вачэй свету. Гэтаксама як нацысты ў часе вайны, так потым і камуністы на ўсходзе Еўропы стараліся схаваць ад свету тое, што рабілі. Захад жа доўга не хацеў паверыць у генацыд габрэяў. Толькі пасля гэта выкрылася ва ўсёй паўнаце. Нават у Польшчы не было вядома пра ўсё, што рабілі нацысты з палякамі, што саветы ўчынілі з польскімі афіцэрамі ў Катыні, а трагічная гісторыя дэпартацыі была вядома толькі часткова.
Потым, ужо пасля заканчэння вайны, я сам сабе думаў: Пан Бог даў гітлерызму дванаццаць гадоў існавання і пасля дванаццаці гадоў гэта сістэма рухнула. Відавочна, такая была мера, якую Божы Провід вызначыў гэтаму вар’яцтву. Праўду кажучы, гэта было не толькі вар’яцтва – гэта было нейкае «зверства», як напісаў Канстанты Міхальскі (пар. «Паміж гераізмам і зверствам»). Такім чынам, Божы Провід адмераў гэтаму зверству толькі дванаццаць гадоў. Калі камунізм пражыў даўжэй, думаў я, і калі мае перад сабою нейкую перспектыву далейшага развіцця, то павінен быць у гэтым якісьці сэнс.
Тады, у першыя пасляваенныя гады, камунізм паўстаў як вельмі моцны і грозны – у значна большай ступені, чым у 1920 годзе. Ужо тады здавалася, што камуністы заваююць Польшчу і пойдуць далей, у Заходнюю Еўропу, што заваююць увесь свет.
На справе тады да гэтага не дайшло. «Цуд над Віслаю», перамога Пілсудскага ў бітве з Чырвонай Арміяй стрымаў тыя савецкія пасяганні. Пасля перамогі над фашызмам у Другой сусветнай вайне камуністы з усім імпэтам зноў ішлі на заваёву свету, і ў кожным разе – Еўропы. Напачатку гэта прывяло да падзелу кантыненту на сферы ўплываў, згодна з пагадненнем, заключаным на канферэнцыі ў Ялце ў лютым 1945 года. Гэта была дамова, якую камуністы нібыта выконвалі, адначасова парушаючы яе рознымі спосабамі, найперш праз ідэалагічнае ўмяшанне і палітычную прапаганду не толькі ў Еўропе, але і ў іншых частках свету. Такім чынам, для мяне стала ясна, што іх панаванне працягнецца даўжэй, чым нацызм. Як доўга? Цяжка было прадбачыць. Можна было падумаць, што і гэтае зло было ў нейкім сэнсе патрэбнае свету і чалавеку, бо здараецца, што ў канкрэтнай рэальнай сістэме людскога існавання зло ў пэўным сэнсе патрэбнае – яно патрэбнае настолькі, наколькі стварае ўмовы для дабра. Хіба Ёган Вольфганг Гётэ не сказаў пра д’ябла: ein Teil von jener Kraft, die stets das Böse will und stets das Gute schafft – «Частка сілы той ліхой, дабро ўтвараецца з якой»1.
Св. Павел заклікае па-свойму: «Не будзь пераможаны злом, але перамагай зло дабром» (Рым 12, 20). У рэшце рэшт, задумваючыся над злом, мы прыходзім да прызнання большага дабра.
Калі я затрымаўся на гэтым моманце, каб падкрэсліць меру, вызначаную злу ў гісторыі Еўропы, то павінен тут жа дадаць, што гэтая мера вызначаецца дабром – дабром Боскім і людскім, якое аб’явілася ў той самай гісторыі на працягу мінулага стагоддзя, а таксама на працягу цэлых тысячагоддзяў. Так ці інакш, перажытае зло лёгка не забываецца. Яго можна толькі прабачыць. А што значыць прабачыць? Гэта значыць, звярнуцца да дабра. А яно большае за якое б то ні было зло. Урэшце, такое дабро мае свае вытокі толькі ў Богу. Толькі Бог ёсць такім Дабром. Гэтая мера, вызначаная злу праз Боскае дабро, сталася наканаваннем гісторыі чалавека, асабліва – гісторыі Еўропы, дзякуючы Хрысту. Такім чынам, Хрыста нельга аддзяліць ад гісторыі чалавека. Тое самае я сказаў у часе майго першага наведвання Польшчы, у Варшаве, на пляцы Перамогі. Я казаў тады, што нельга аддзяліць Хрыста ад гісторыі майго народа. Ці можна аддзяліць яго ад гісторыі якога б то ні было народа? Ці можна аддзяліць яго ад гісторыі Еўропы? Гэта ж у Ім усе народы і ўсё чалавецтва могуць пераступіць «парог надзеі»!