Сьпірыдону Праўдзіцкаму адказ на псальмы будучыні

Славацкі Юльюш


Сьпірыдону Праўдзіцкаму...

**

Хіба можна, мой паночку,
Цнотай нашай збыць няволю?
Зьменіш ты зямную долю,
Сьветлым днём заменіш ночку.
Песьняй клічаш: “Чыну! Руху!
Дзей ад нас народ чакае!”
Ты дрыжыш, бо пробліск духу
Вольнага ў людзях пужае.
Посьвіст косаў украінскіх
Множыць жах тваіх кашмараў,
Ты дрыжыш, калі ў мгле мараў
Зьзяе грозны твар Кілінскіх.

**

Не, шляхетны мой палітык,
Чын людскі – ня вершык складны,
І ня герб зь мячом парадны,
І ня род, хай самавіты,
Ня прыгожы вакаліз,
Не пра бунт гвалтоўны мара,
Не захмарны лёт Ікара
З подзьвігам падзеньня ўніз;
Не да сонцаў і заранак
Узвышацца з млявым енкам,
Валасы сьплятаць паненкам,
Ня лунаць сярод маланак –
Але цьвёрда – але ясна
Са сваім народам стаць,
Думкай біць – штандары рваць,
Граць вясёлкаю уласнай;
Стаць на шлях – хай незваротны,
Хай на гібель альбо ў нерат,
З сэрцам чыстым – хай самотным,
Хай на штык, але – наперад;
З тварам ясным – хоць і шэрым,
Стомленым – ды поўным веры,
Што склікае люд найлепей
Нечувана гожым чарам:
Духам гэтакім, штанндарам
На зямлі быць і на небе.

**

Ах, мой нейкі ясны пане!
Тут табой паветра дыша,
Чую, чую вершаваньне:
Быццам перламі хтось піша,
Хтось у вобразе прарока
Перад людам – годны, модны,
Як гісторык, так халодны,
Глобус азірне звысока
І пускае рыфмы цугам
Вешчай рысьсю пад прымусам,
Воз напоўніўшы Ісусам,
Як Авідзій Фаэтонам;
Наказаўшы сваім слугам
Фарбы сустракаць паклонам.

**

Гонар думкам! Зь іх яскравым
Новым зьместам, духам новым,
Бо яны ж у сьвеце – зьявы,
Пад нагамі ў тоўшчы пылу,
Як гасьцінцы пілігрыму,
Як алмазы – зь іх нам скарбы:
Колеры, агонь і зоры
І нябёс усходніх фарбы.

**

Колісь выдалі народу
Харч з паэзіі такое –
Думка-цуд з грудзей, як мроя,
Выйшла раптам на свабоду,
З нашых сэрцаў праз маўчаньне,
Нібы месячык на небе,
Людзям любая гучаньнем,
Быццам радаснае сьненьне;
Часам сонцам з-за аблокаў.
Выплывала – часам жорстка,
Часам лёгка – бы ў патоку
Дзева Сільфа на пялёстку
Моцы цьвёрдай, крамяністай,
Як анёлак па-над сьветам,
Вольна выліта паэтам;
Сілу – параўнаю зь іскрай.

**

Ўсе прарокі ў сіле сёньня,
Ўладцы са сваёю спробай,
Кожны з фразай, не з паходняй,
Ня дух-духам, а асобай…
Як палае сьвет цярпеньнем
І падзеямі бушуе –
Ён кладзецца ў пыл каменьнем,
Рух людскі сабой таймуе,
Хоча ў рэчышчы старыя
Ўвесьці хвалі маладыя; --
Ня жыве ў збалелым сэрцы,
Люд ня ганіць непакорны –
Толькі ў вушы звоняць формы,
Звоняць звонам паняверцы,
І гучыць у іх пустое,
Грудзі ня ўздыхнуць глыбока,
І ня мысьліць безгалоўе,
Іскраю ня блісьне вока!
Толькі з бруднай дранай шматы
Вяшчуноў штандар лунае –
Крык: “Хто праўду ў сэрцы мае!
Хто ты ёсьць? Ня рушце шляхты!”

**

Хто ж гразіў табе? А можа,
Нехта стаў табе супорам,
І спаткаўся ты з адпорам,
З цэлым даўнім Запарожжам?
Мо глухія маршы слухаў,
Крык з крыві, крыві пралітай,
Месяц над крывавай бітвай,
Сокалаў у мгле, як духаў?
Альбо, можа, заступілі
Ўпоперак самотнай сьцежкі
Ўжо ня духі – а магілы?..
Што, баішся? Сын шляхецкі!

**

Можа, ноччу над зямлёю
Лётаў прывідам кажан
І выцягваў стрэлы з ран
І барвяніў мглу крывёю,
Шлем паліў на бліскавіцы,
Дым разьдзьмухваў пурпуровы,
Сьсечаныя нёс галовы,
Нібы перлы-завушніцы
З тварамі чужых плямёнаў,
Прышпіліўшы да страмёнаў.
Ты ж адразу: “Ў рукі меч!
А няма – касу вазьмі!
Дух, – крычыш ты, -- у разьні,
Гэта – дух крывавых сеч!..”
Не разьні, ня сеч. З гірлянды,
Што ляцела па-над Лідай,
Нейкі служка дзеўкі Ванды,
Залаты гусарык зь дзідай
Ці каплан якісьці сьвецкі
Ад вясёлкі адарваны
Зноў ляціць над курганамі…
Вельмі страшна?! Сын шляхецкі!

**

Дык адкуль твая трывога?
Адасобіўся – і рады?
Праўду кажаш?.. Бойся Бога,
Знаю, не сказаў ты праўды!
Толькі трызьненьне і сьненьне,
Ваўкалакі і фіранкі,
Што мільгаюць, як маланкі,
І ў пунсовым іх мігценьні
Мроіва крывавых масак
Безь сьвятла – бяз зор – бяз красак
Напалохалі, -- ты ў крык:
“Стойма так! – на праху продкаў!”
І прамень тваіх анёлкаў
Бліснуў будучым – і зьнік.

**

Што яшчэ? Ані замаху…
Людзям заклік трэба нечы…
А крык першы чалавечы
Быў жахлівым крыкам страху!..
Бо мана ў прыпеве песьні,
Што магнат на полі бою
Рызыкне за люд сабою,
Што ачышчаны ад плесьні,
Горда ўздыме к праўдзе голаў,
Стане велічным анёлам
І распаліць бунт праменны,
Пераверне дол і горы…
Не, магнат – ён сэрцам хворы,
Сэрцам, коранем ён тленны.

**

Тысяч сто было народу –
Шляхты целам і душою…
Сёньня ж – ведаў аднаго я,
Больш таго – ані заводу…
Толькі гэтай мукай гордай,
Помысламі, хай ня скуткам,
Велічным і ціхім смуткам,
Некалісь рукою шчодрай,
Сумнай, як былая слава
Шляхціц быў – і меў ён права…
Сёньня – нават ён ня з вамі;
Годнасьці не падтрымаўшы,
Як кароль, згніў з каранямі,
І яго, і вас – няма ўжо.

**

Нос вышэй, ня будзь цяцера,
Жыцьмеш ты з майго закона –
Выкінь з думак Рабэсп’ера,
Цэзара і Цыцэрона.
Прыйшласьць бач у зорных сфэрах,
Сонцах, месяцах, -- паэце,
І ў тым сьветлым, новым сьвеце
Будзь ня псінай Люцыфэрам,
Што, як цягне сонца з багны,
Выткне хіб, ашчэрыць зубы,
Сее ў вочы іскры згубы –
Да нядрэмнай варты прагны;
Разгарачаным паглядам
Мы яго пільнуем ловы,
А ён зіркае – як ядам –
Злыдзень – ці дзіця Яговы.
Бо ты родзіш бунт і дзею,
А ў бунтоўнасьці – надзею.

**

Бацьку скажа хто: Сабака!—
Тройчы будзе хай пракляты…
Бацька твой – народ, палякі,
І зь яго, з душы паляка,
Гневам Бог гатовы бухнуць,
Зьвіць вянок і шаты зь ветру
І цябе – як сьвечку гэту
З нашае дарогі зьдзьмухнуць.

**

Бойся – не маёй жа сілы –
Брат я, марны чалавек…
Грозіць сьвет і страшны век,
Грозяць ясныя сьвяцілы,
З моцай, бурай, лютай злосьцю
Націскаючы на люд –
Страхі – што гавораць: Цуд!
І агонь – што шэпча: Ёсьць я!

**

Бойся ж – Дух сябе пакажа, --
Горы, вежы ўскінуў дыба.
“Спыніць, -- кажаш, -- слабасьць наша” –
А яго ці знаеш выбар?..
Мо на люд нашле нягоду,
Можа, з рук падасьць у рукі
Зоркі, полымя народу –
Каралям на страх і мукі,
А вазы, гарматы, коні –
У агні – ў зямлі ўсё тоне…
Бо нашто каму руіны,
Толькі пачатковы рух,
Вечны і рэвалюцыйны
Ў муках цел – залеглы Дух.

**

Дух – Сьвятло – Любоў…
Арлінае
Акрыльвае
З Бога моц чэрпае…
Неба вячэрняе…
На серпіку месяца
Багародзіца
Раніцай золкаю
Узносіцца
Ясна, вясёлкава.
А пад ёй імгла
З агню і шкла
У руху калоціцца –
Да зор дакоціцца
І сьцьвердзіць царыцай,
І зазалоціцца
Яна над усёй зямлёю –
Краса -- з палымяным сэрцам –
з зоркамі над галавою.

**

Выйшла! Выйшла з-за аблокаў,
Людзям прамянее,
Над палеткам і над токам
Прывітае жнеяў;
Уся ў сонцы – уся ў промнях,
Нібы сончык весьні –
Пастушкі яе запомняць,
Будуць пець ёй песьні;
Ўбачаць на лугах чароды,
І на кветках пчолкі,
Дрэвы ўздрыгнуць – стануць воды,
Будуць сьніць вясёлкі.
Загамоняцца вяскоўцы
З косамі на полі…
Чалавек у снах, у сонцы
Прыйдзе ў добрай волі.

**

А тут і ніжай
Крыж за крыжам,
Плач гаротных.
Сэрца ўшчуеш,
А пачуеш
Енкі, стогны,
А магнаты –
Сонм багатых
У чырвоных дэліях;
Сны, блуканьні,
Панны, пані
У белых камеліях.
Хор бясконцы,
Нібы ў лодцы
На бераг кіне.
А над зрэб’ем
Лямпа ў небе
У німбе,
Часу прылада –
Птах Пілата
Гадзіны сьпявае.
Страх над сьветам,
Сьмех шкілетаў
Без-дух гуляе…
Душу марочыць,
Цісьне, точыць.
І расквеціцца
Век шалёны
Блаславёны,
Як поўня месяца.


**

У сьлязах, Божа, рукі да цябе прасьціраем –
Даруй нам правіны!
Хай воля твая зямлю зробіць нам раем,
Намі – зьдзяйсьняй свае чыны.
Хай імя тваё азарае нябёсаў кілімы,
Імя хай сьвеціцца тройчы!
Каб скрэсьлены з кнігі жыцьця ня былі мы
На мукі і ганьбу, Войча.
Згадай! як цярпелі ад манаршай плёткі,
А духам ніколі ня ўпалі,
Нашых твораў пакутных не пазналі б продкі,
Каб з магілаў яны паўсталі.
Мы ў цярпеньнях прасілі цябе – заступіцца,
Як галубы: Ня цісьні!
Разьляцеліся ў хмарах душы, як галубіцы.
Вярні іх, маланкай блісьні!
І гэтай маланкай прывітае сьвітаньне,
І брат апытаецца з братам;
Мы будзем людзьмі, і бясьсьмерце настане,
І будзе жыцьцё нам сьвятам.

**

Гімнам будзь, вяшчай напор!
Песьня гэта пройдзе ў вершы
Над прыродай душ падлейшых,
Запануе! Гожы ўбор,
На які сьвет напінае
Струны веку, голас мукі,
Лучыць бліскавіцы й гукі,
Сьвет, што любіць, праклінае,
І на ясны сон блакітаў,
Ён крывавасьці накідаў.
У анёльска-божай нетры
Над зямным цялесным стусам
Мы спаткаемся зь Ісусам,
Мы сустрэнемся – ў паветры.