Ракоцы марш
...і іншыя вершы
Опман Артур
Вершы
Ракацы-марш
Ціхая немач восеньскай ночы
Мкне на крывавы венгерскі шнур.
Месяца срэбра цьмяна мігоча
І асвятляе турэмны мур.
Над эшафотам крача груган,
А ў камяніцы грае цыган
Ракацы-марш!
Ўперад, паўстанцы! Песня цыгана,
Рэй над свабодным краем мадзяр.
Долы адкрыты, шабля зламана,
Але не вяне кветка ахвяр.
Мёртвых герояў трэба хаваць,
Але з магілы будзе гучаць
Ракацы-марш!
Маці-Радзіма! Хай скажуць ветры, --
Горда ўміралі ў бітве сыны.
Хай свет убачыць, як гінуць венгры,
Кат іх не зганьбіў, вольны яны.
Пойдзем мы ціха навекі спаць,
Вецер венгерскі будзе нам граць
Ракацы-марш!
На аўстрыяка мчалі уланы,
Сонца ўставала з дыму, бы з хмар.
Грукат гарматаў -- аж стогнуць ланы,
А там ганведы збілі удар!
І па-над полем, дзе мы стаім,
З тысячы горлаў грымнулі гімн --
Ракацы-марш!
Што ж, што загінуць за край свой трэба?
Смерць нам такая не ад прынук.
Ці ж лепей горкі кавалак хлеба!
Ці ж пад ярмом лепей гнуцца у крук?
Толькі ля тайных вечнасці брам
На развітанне зайграйце нам
Ракацы-марш!
Ў месячным сяйве дрэмлюць даліны...
Свет ружавее, днее ураз, --
О, блаславі нас, край наш айчынны!
Жонкі, не плачце! Помніце нас!
Над эшафотам крача груган,
У камяніцы грае цыган
Ракацы-марш!
Ліхтары запалілі
Ліхтары запалілі...
Згас дзень,
Блякне чырвань і бляск пазалоты,
Непрыкметна паўзе ў горад цень
Надвячорным нактурнам журботы.
Ціхне вулічны шум, чары сноў
Мар вясёлку ў душы акрылілі...
Не хапе... пачуццяў ці слоў...
Часе, застынь...
Ліхтары запалілі!
У такую хвіліну, каб мог,
Грудзі насцеж адкрыў бы, здаецца,
Сабраў церне з людскіх я дарог
І паклаў бы на ўласнае сэрца.
Дараваў бы ўсё зло, што з людзьмі --
Мо насуперак волі іх -- крочыць,
Свет жагнаў не праклёнам -- слязьмі...
Ліхтары запалілі...
Сны ночы!
Кракавяк
Скача смык па струнак скрыпкі, штось мармыча бас,
Стась худы у дзве дуды дзьме разам раз-параз.
Гэй, хлапчаты, гэй, дзяўчаты, -- рэж, смалі, валі!
Дай гарэлкі паўбутэлькі, не шкадуй, налі...
Каська ножкай -- дыгі-дыгі, Басенька услед,
З рыжай Ганкай крывы Антак дрыгае, бы дзед.
Юзік жвава ўлева, ўправа брыкае за трох:
“З паваротам, дзеўкі лётам!” -- от бы хто ўжо змог.
Рохле сівай дзівам-дзіва, цмокае -- цмок-цмок!
Янкель -- тузам, водзіць пузам, ўзяўшыся у бок;
Рукі ў бокі, лезе ў скокі -- пакланіўся ў пас:
“Гэй гулякі-кракавякі, ведайце ж бо нас!”
А на прызбе -- ім не ў прыспех -- бабкі і дзяды.
Ім на жарты годзе кварты -- ўрэжуць без дуды!
К слову слова льецца мова: “Гэй, паляк, -- не так!
Мы ж скакалі, мы ж гулялі колісь кракавяк!”
Дзед Антошка лыкнуў трошка -- хрась! -- пусты гладыш!
І ў “мікіткі”, ў рукі лыткі -- “Гэй, блазнота, кыш!”
Гупу-гупу, тупу-тупу! -- “Хват я ці не хват!”
Дзед гуляе, уцінае, як “за добрых лят”.