Адклікаюцца рэхам гады

Вершы

Кавалюк Аўгіння


Надзея

Збіраю шчадроту — хай будзе —
Аддам яе добрым людзям.


* * *

Баімся цемры, на святло бяжым,
Увагу на сябе звяртаем.
І кожны раз на нейкім рубяжы
Мы кнігу мудрую чытаем.

І зноў вяртаемся туды, дзе даражэй...
З сабой змагаемся,
А з іншымі — цяжэй.


* * *

Маркотных дзён у нас — да ліха.
Маркота падбярэцца ціха —
І скруха сэрцам заўладарыць
І стане ў хаце гаспадарыць.
А калі неба спахмурнее,
Дык знікнуць вера і надзея.


* * *

Ці ты ведаеш, зорнае неба,
У чым людская патрэба?
Ці ты бачыш, што робіцца ў свеце,
На зямной, на зялёнай планеце?
Што ж хаваеш за воблакі зоркі?
Ад маіх запытанняў горка.


* * *

Жыццё, чым больш і даражэй,
Тым больш народжвае вужэй.
Вужы ля хатаў, рэчак, ног...
Як сярод іх ты выжыць змог?
І добра, што не стаў вужом,
Стаў жабраком, інакш — бамжом.


* * *

Хто мы, скажыце, на гэтым свеце?
Можа, зачэзлага дрэва вецце,
Можа, зляцеўшае з дрэва лісце,
Можа, выток, што шукае выйсця?
Або забытыя Богам палі...
Хто мы, скажыце, на гэтай зямлі?


* * *

Ах, думка-думка, ты такая...
Хіба ж не сэрца высякае?
Хіба ж не крэсіва яно?
Мы апусціліся на дно, —
Ці здолеем калі падняцца
І над сабою пасмяяцца?


* * *

Імклівы час, і дзень, і вечар,
Сагнула праца нашы плечы...
Ці многа душам нашым трэба?
Дзівіцца і з зямлі, і з неба,
Сумленна кожны дзень пражыць
І гэты дзіўны свет любіць.


* * *

Айчына, Айчына, Айчына!
Табой пагарджаюць злачынна,
Глумяцца, знішчаюць твой люд,
Выносячы свой прысуд.
Збярыся і стань незалежнай
Ад крыўды і праўды замежнай.


* * *

Народ мой, сціплы і скупы на словы,
Стрымаць сябе заўжды гатовы.
Ён ведае, куды пакрочыць,
І ведае, чаго ён хоча.
Праз церні глуму ідучы,
Дарогу знойдзе і ўначы.


* * *

Божа, не асуджай мяне строга,
Ці ж не Табою даецца дарога?
Я ў цябе, светлы, не страціла веры.
Плавала ў небе воблакам шэрым...
Але ж і воблака прагна чакаюць,
Калі ад спякотных пяшчот паміраюць.


* * *

Дарогі, дарогі — далёкія, блізкія,
Сухія і гладкія, мокрыя, слізкія...
Ёсць надта крутыя лясныя сцяжыны...
Ды я не пра тыя, што йдуць на вышыні.
Не трэба адчайнай, дзе надта заносіць, —
Дарогі звычайнай душа мая просіць.


* * *

Лёс патрабуе, каб слова было,
Каб пахаванае зноў ажыло,
Каб верай і праўдай служыла,
Каб добрых людзей здружыла,
Каб несумленных вучыла,
Каб шчырасцю душу лячыла.


* * *

Там, дзе кропля ўпадзе жывая,
Там жыццё ажывае...
Ажывае травінка і кветка,
Верш напіша пра кроплю паэтка.
Пацячэ ручаёчкам слова,
Каб жыла, не памерла мова.


* * *

Наш час, наш век такі шалёны,
Чырвоны колер ці зялёны
Нам асвятляюць ліхтары,
Ў гару пляцемся ці з гары...
Адно скажу, што — ў бездарожжа,
Там і душа прапасці можа.


* * *

Здалёк — мілейшым родны край:
Перад вачыма — родны гай.
Ён лёсам у маім жыцці.
Вось толькі рэчку перайсці —
Ізноў мой гай перад вачыма:
Ўсё гэта ты, мая Айчына!


* * *

Умываецца росамі ранак.
У раніцы кожнай — світанак.
Я падстаўляю жмені,
Збіраю шчадроты-праменні.
Збіраю шчадроту — хай будзе —
Аддам яе добрым людзям.


* * *

Люблю, калі наўкола
Прыгожа і вясёла.
Яшчэ люблю выгоду,
Дзе вольна жыць народу.
Глядзіш: хоць дзе-нідзе,
А мне перападзе.


* * *

Зусім апусцела бацькава хата.
Без мовы, без песні не будзе свята.
Парог зарастае травой-лебядой,
Да студні не ходзіць ніхто за вадой,
І нават зязюля даўно не кукуе...
Тут песень дзяўчат ніхто не пачуе.


* * *

Я з вамі... Кожны раз спатканне
Нясе нам дзень, як росы ранне
Пасля спякоты.
Старанна выбірае ноты
Мая рука,
Вітаючы напевы земляка.


* * *

О, горыч, горыч палыну!
Ты глуміш не мяне адну —
А ўсё наўкола...
Так нетрывала ўсё і квола.
Каго кахаць, каго любіць?
Каго спытаць, як мужным быць?


* * *

Спакой — куток зямлі прыгожы,
Ён недаверам не ўстрывожыць,
Не выкліча пякельны страх,
Ён будзе ў сэрцы і вачах, —
Куды б цябе ні занясло
Тваё надзейнае вясло.


* * *

Бацькаўшчына, боль мая,
Спяшаюся думкаю я —
Дзе лета вянок сплятае,
Дзе восень лісце змятае,
Дзе людзі, збіваючы ногі,
Яшчэ ўсё шукаюць дарогі.


* * *

Моцна трымае нас родны парог,
Ўладна вяртае з розных дарог.
А калі часам вярнуцца не можам,
Ён нашы думкі і мары трывожыць.
Болем глухім нагадае дзяцінства...
Пэўна, што ў гэтым — з краем адзінства.


* * *

Пад летні зной, пад шум вады
Заўжды вярталася сюды.
Ішла ў квяцісты твой прастор,
Да родных рэчак і азёр...
Ішла да роднага жытла
І тым шчаслівая была.


* * *

Адчыніце дзверы. Я даўно чакаю.
Бо памру ў мурах з гора і адчаю.
Адчыніце вокны, хай спадзе знямога.
Ад мяне у далі пабяжыць дарога.
Адчыніце вокны, адчыніце дзверы!
Я у край свой родны палячу з даверам...


* * *

Вясна на радасці багата,
Дзе кожная хвіліна — свята...
Праменні сонейка іх сеюць,
І людзі ад пяшчот нямеюць.
Таму зачаравана ўсё мы
Глядзім на краявід свой немы.


* * *

Ах, кропля, кропля дажджавая,
Спяшаешся ў рачулку ўліцца.
Кранай душу, пакуль жывая,
Сваёй празрыстай таямніцай.

Кранай душу і ў час, тады,
Калі я знікну ў нікуды.


* * *

Не пакідай жыццё на потым,
Сцірай да дзірак свае боты.
Будуй дамы, запісвай ноты…
І ад нядзелькі да суботы
Працуй і аблівайся потам,
Тады спазнаюць людзі — хто ты.