Адклікаюцца рэхам гады
Вершы
Кавалюк Аўгіння
Роднасць
Струмені крыніц лясных
Салодзяць і зрок, і слых.
* * *
Дзень добры табе, чалавек!
Дзень добры, хвіліна, век!
Дзень добры, рака і поле.
Дзень добры, і лёс, і доля.
Дзень добры! А гэта значыць:
Нідзе і ніхто не плача.
І сонца, і неба будзе
Служыць адмыслова людзям.
* * *
Сябруе з сонцам расток,
Сябруе з ветрам лісток.
З птушкай сябруе неба.
Зямля наша — з бульбай і хлебам.
Дажджынка сябруе з хмарай,
Юнак і дзяўчынка — з марай.
А чалавек, ён, братцы, —
Ад нараджэння — з працай.
* * *
Ціхім будзе мой апошні шлях,
Толькі б не прыходзіць па начах,
Не хачу трывожыць вашы сны.
Ад вясны да новае вясны
Не хадзіце да мяне і вы.
Толькі ўлетку кветак лугавых
Прынясе хай шчодрая рука
Любага заўсёды сваяка.
* * *
Прахалодай павеяла з лесу:
Хутка восень, згушчаюцца хмары.
Сохне лісце на клёне, на бэзе,
На рабіне, што з дубам у пары.
Над ракой не лятаюць стракозы,
Сонца меней зямлю сагравае.
Як жанчына, і восень слёзы
У пажоўклыя хмары хавае.
* * *
Ад калыскі, ад першага слова
Мы жыццё пазнаем паступова.
Аглядаем, што ў нас за плотам,
Ну а свет пакідаем потым...
Вывучаем старонкі падзей,
Вылучаем характар людзей,
Здабываем скарынку хлеба,
Заглядаем на зорнае неба.
* * *
Нашы рэчкі бягуць, пятляюць,
З берагамі яны размаўляюць
Толькі ўвесну, калі разводдзе,
З берагоў на нізіны выходзяць.
Ну а ўлетку мялеюць ад спёкі.
Нібы людзі, маюць вытокі,
Нібы людзі, вытокі маюць —
Памятаюць, адкуль выцякаюць.
* * *
Як цесна тут, як мнагалюдна,
І невыносны гвалт і тлум!..
І спіць чамусьці непрабудна
Сном непрабудным вечны сум.
Пад хмурным небам, боскім небам,
Пад срэбным ліўнем веснавым
Утульна, можа, толькі вербам,
Бо не напіцца срэбра ім.
* * *
Доўга-доўга жывуць нашы душы
Ад пасеянай дабрыні.
Паглядзіце: і ў дзікай грушы
Сок на пні.
Гэта — ціха карэнне плача,
Мабыць, зрэзана не ў пару.
Вы не думайце, што іначай
Я памру.
* * *
Не падвядзі мяне, надзея,
На Бацькаўшчыне, за мяжой.
Няхай нашчадак лёс сагрэе
Сваёю светлаю душой.
Дзеля таго свае урокі,
Напэўна, продкі і вялі,
Каб нашы мары, нашы крокі
Заўсёды светлымі былі.
* * *
Айчыны я не адракуся
На Богам дадзенай сцяжы.
Я на цябе адну малюся —
Ты боль і сум маёй душы.
Ты тая песня, што ніколі
Не дапяецца да канца.
Мой лёс, мая зямная доля
І водар роднага слаўца.
* * *
Шукай той радасці, шукай
На сцежках і ва ўсіх куточках,
Дачцэ і ўнучцы перадай
Надзею, звітую ў клубочак.
Хай за клубочкам паспяшаць
Да лепшай долі і да шчасця:
Павінна кожная душа
Сваю святую песню скласці.
* * *
Я веру ў цябе, мой народзе.
Твой смутак знянацку пройдзе.
Ты вернешся з чорнай бяды,
Яшчэ заквітнеюць сады,
Пацешацца росам лугі,
У сена складуцца стагі.
І там, адкуль з'ехалі людзі,
Жыццё яшчэ будзе.
* * *
Дзяцінства ў памяці маёй
Бяжыць свавольнаю дзяўчынкай.
А неба там, на схіле, ёй
Махае сіняю касынкай,
Вясёлкавы узводзіць мост:
Ўзбірайся і бяжы за хмары!
Трава і кветкі ў самы рост...
Надзеі... Мроі... Думкі... Мары...
* * *
Струмені крыніц лясных
Салодзяць і зрок, і слых.
Салодзяць і слых, і зрок
Мне змалку каторы рок.
Здаецца: я з імі плыву
Ў астылую сіняву,
Плыву праз вясны настой,
Бяроз беларускіх і хвой.
* * *
Зямля святла і прыгажосці,
Дзе спадаром ты, а не госцем,
Дзе і сяброўкі, і сябры
Глядзяць звычайна, не з гары.
Дзе роднасцю іскрацца вочы,
Дзе не пакрыўдзяць, не падмочаць
(Бо не такі менталітэт),
Дзе ты празаік і паэт.
* * *
Як зразумець сваё значэнне
У гэтым гудзе,
Каб неабходнае свячэнне
Служыла людзям?
Як зразумець сваё значэнне
На зломе веку,
Каб неабходнае свячэнне
Служыла чалавеку?
* * *
Яшчэ грукоча крыгаход
І хмары карагодзяць.
Яшчэ маўчыць лясны народ
І з нораў не выходзіць.
Не прыляцелі жаўрукі
Свае спяваці песні.
Гляджу на неба з-пад рукі...
Вясна ўжо ці прадвесне?
* * *
Заплюшчу вочы: і ўначы
Успамінаецца дзяцінства,
Жыцця сумленнага зачын,
І неба і зямлі адзінства.
Праглядваецца рэчкі дно,
І чую, як сваволіць вецер,
Як праз маленькае акно
Блакітам боскім неба свеціць.
* * *
Ёсць адвечная сіла — роднасць,
З ёй і рос, і дужэў.
Нам яна чалавечую годнасць
Праз жыццё беражэ.
Беражэ, нібы зрэнку вока,
Нібы матчыну мову ці слых.
З ёй ты бачыш далёка-далёка,
Не мінаючы добрых і злых.
* * *
Няўжо гэта — я? Няўжо гэта — ты?
За намі — другія, іх многа...
Што ж прывяло нас сюды,
Сюды, дзе крутая дарога?
І вочы аслеплі ад цемнаты,
Ў душќ — за нашчадкаў трывога.
Сагнулі ў дугу і лёс, і гады, —
Надзея адна — на Бога.
* * *
Сабака за проста так
Руку тваю не паліжа.
Не кожны мастак — мастак,
Не кожны мастак, хто піша.
Не ў кожнага — лёгкай сцяжа,
Не кожны адважыцца ў вечнасць,
Не ў кожным дыханні — душа,
Не ў кожнай душы — чалавечнасць.
* * *
Глядзяць і дзівяцца суседзі...
Куды ж ты пойдзеш, беларус?
Ці да паўночнага мядзведзя,
Ці то на Захад, на хаўрус?
Шумяць наўкол бары і пушчы,
І вецер з'едліва гудзе,
І вые воўк на месяц злюшчы...
Ах, воля, воля, дзе ты, дзе?
* * *
Травень травамі ўцешыў нас,
Свет зрабіўся пяшчотным і мілым.
Снег на травы выпаў не ў час,
Не дае ім набрацца сілы.
Ды і лес, мне здаецца, ажыў:
Воды ўдосталь яго наталілі.
Дзе ж тады снег жаданы быў,
Калі людзі аб ім малілі?
* * *
Свінцовыя хвалі коціць Нява,
Душу напаўняе трывога.
Над ёю навісла нябёс сінява
І месяц глядзіць убога.
Паднятыя ўвысь развадныя масты.
Трымаюць іх стопары моцна.
Над горадам гэтым дзіўным, святым
Вітае вясна святочна.
* * *
Маленькія раздробленыя шкельцы
Складае неслухмяная рука.
І кветку, і траву, і цельца
Жывёліны, расліны, павука.
І гэта — не, не святатацтва:
Тварэнне сэрца, розуму, рукі.
І будзе жыць вялікае мастацтва
Не год, не два — сто тысяч год, вякі!
* * *
Нянавісць і любоў стварылі людзі.
І тое, і другое вечна будзе.
Як і прычыны поспехаў, няўзгод, —
Без гэтага не існуе народ.
Нянавісць і любоў — падзенне, ўзлёт.
Ад іх і холадна, і прабівае пот.
Ад іх жыццё пад небам сінім
І нараджаецца і гіне.
* * *
Магілы продкаў — гэта памяць,
Каб у жыцці нам меней падаць,
Каб памятаць свой абавязак,
Наслухаўшыся розных казак.
Іх сэнс, іх вартасць разумець,
Каб годнасць мець.
Бо толькі той, хто мае годнасць,
Шануе род, шануе роднасць.
* * *
Зманны вецер на Поўнач занёс,
Не хачу, каб змяніўся мой лёс.
Іншай радасці не хачу —
З гэтым ветрам далей палячу.
Палячу ў прыбярэжны тлум,
Каля мора развеецца сум.
Не развеецца — дык утаплю.
Злосны вецер, цябе я люблю!
* * *
Зямля, Зямля, і круглая, і плоская,
Ты Боскі ўсмех, а мо слязінка Боская.
Ты шэрая, зялёная і белая —
Нікім яшчэ як след не зразумелая.
І густа й рэдка ты заселена,
І на кавалкі, на шматкі падзелена...
Слязіначка-расіначка салёная,
Табою на вякі я паланёная.
* * *
Цяпер я ведаю, напэўна,
З кім звязана, зраднёна крэўна...
Бо паўстагоддзя з ім іду,
Дзялю і шчасце, і бяду.
Іду, не адчуваю стомы,
У свет, пакуль што незнаёмы.
А ці не там, за даляглядам,
Уласны крыжык з райскім садам?
* * *
Пакутнага веку мы людзі,
Не бралі нас гора і стома.
Асудзіць нас час ці рассудзіць —
Пакуль невядома.
А мо нас нішто не чапае?
Ўзляцеўшы над лёсам і векам...
Сучаснасць і з нас высякае
Другога зусім чалавека.
* * *
Калі праходзім босымі
Лужкамі і палянамі,
Мы размаўляем з росамі
І з кветкамі духмянымі.
Зямля нас поўніць сілаю,
Душу трывожыць неба.
З старонкай зліцца мілаю
У кожнага патрэба.
Надзея
Яна апошняй памірае,
Так пра яе гавораць людзі.
Памрэ і ўсё яшчэ палае,
Заснуўшага надзейна будзіць.
Надзеі чыстыя слязінкі
З павек засмучаных зляцяць.
Душы маленькія іскрынкі
Парой нязгасна зіхацяць.
* * *
Вецер гуляе з лістотай апалай,
Бліскае сонца дрыготкаю свечкай.
Колькі шчаслівых хвілінак схавала
Дзіва-Нява — славутая рэчка.
Нешта чакаем, нечаму верым,
Не паддаемся ні ўсхліпам, ні рухам...
Гэта душы адчыняюцца дзверы,
Хочацца гэтую музыку слухаць.
* * *
Зямля бацькоў, травінак срэбра,
Табой жывем — ты нам патрэбна:
Дарогамі, што ў далі клічуць,
Сябрамі, што нам шчасця зычаць.
Ты нам патрэбна — словам маці
І ўсмехам роднага дзіцяці.
Ты нам патрэбна родным гаем
І ўсім, што любім і што маем.
* * *
Падае з неба зорка імклівая,
Хоча свой вечны прытулак знайсці.
Сніцца на досвітку песня шчаслівая,
Ёю душу ты сваю прычасці.
Ноччу анёлы з нябёсаў спускаюцца
Адвечны спакой вартаваць.
Крылы мае ад зямлі адрываюцца:
Люба душы палятаць.
* * *
Маўчаць бярозы, нібы сёстры,
І хвоі мудрыя маўчаць...
А ты, мой боль, галінкай вострай
Параніў сэрца — не суняць...
Я моўчкі стану на калені,
Зямлю бацькоў перахрышчу.
І так у шчырасці, у маленні
Грахі былыя адпушчу.
* * *
Другім жыццём жывуць не ўсе.
Адных, як лісце, час трасе
І нават следу не пакіне.
Другіх далёка дзесь закіне.
І толькі трэцім — жыць вякі.
Час разбярэцца — хто які:
Ён кожнага на месца ставіць,
Ён лёсам чалавечым правіць.
* * *
Дзічэюць родныя сады,
Ў зямлю ўрастаюць хаты.
На сцежках зараслі сляды
Духмянай мятай.
Змяніліся з табой і мы, —
Ад мазалёў, ад поту,
Ад летняй спёкі, ад зімы —
Найбольш ад адзіноты.