Летапісны звод сусьвету Чалавека Сьведамага

Гісторыя газэтаў "Бацькаўшчына" й "Беларус" (1947—2000)

Юрэвіч Лявон


Беларус(ь) XXI стагодзьдзя

Пра патрэбу аднаўленьня газэты шмат гаварылася на паседжаньнях Прэзыдыюму Рады БНР, на сходках БАЗА, выказваліся розныя прапановы — аж да запросінаў на пасаду рэдактара чалавека зь Беларусі. Нарэшце, як гэта здаралася раней, газэту рэанімаваў на «грамадзкіх пачатках» адзін чалавек — Марат Клакоцкі 154, эмігрант новае хвалі — пачатку 1990-х. Першы адноўлены нумар выйшаў у сакавіку 2002 г.155. Газэта за ім стала непадобная на тую, якую рабілі Станіслаў Станкевіч, Янка Запруднік, Зора і Вітаўт Кіпелі ды іншыя. Паменшыла гістарычных, літаратурных матэрыялаў, пабольшала палітычных, перш-наперш артыкулаў Зянона Пазьняка, таксама ўжо эмігранта. Да супрацы пачалі запрашацца аўтары зь Беларусі — уключна з «Уласным Карэспандэнтам», зьявілася «Маладзёвая бачына». «Беларус» стаўся іншым, дый ці магло тое быць інакш? Галоўнае, ён па-ранейшаму застаецца нацыянальным, незалежніцкім, дзяржаўніцкім. Хіба што ня летапісам эміграцыі 156.

Францускае выслоўе mise en abime — як раз пра герояў гэтае кнігі: «Бацькаўшчына» і «Беларус» — гэта адно люстэрка, эмігранты — другое, і, стоячы насупраць, яны бясконца адбіваюцца адно ў адным.

У апошняй хвалі эмігрантаў зь Беларусі зацікаўленьня да свайго новага мінулага — гісторыі беларускага замежжа — бадай няма. Вось і кіраўніцтва Нью-Ёрскага Аддзелу БАЗА зь Віталем Зайкам на чале палічыла за непатрэбнае спрычыніцца да гэтага дасьледваньня і ягонага выданьня. Наракаць на тое не выпадае, адно суцешыцца, што існуе культуралюбчы Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва, што, нягледзячы на ўсе праблемы ўлады ў Беларусі, ёсьць супрацоўніцтва беларусаў — дыяспары й мэтраполіі. Што жывы «Беларус», што жыве Беларусь.

156 Параўн. дасланы ў «Беларус» водгук (№ 511. Жнівень 2005) на заснаваньне ў газэце «Маладзёвай бачыны»: «Я належу да маладога пакаленьня беларускіх эмігрантаў. Жывучы тут, намагаюся захаваць беларускую самасьць. Маім намаганьням, безумоўна, дапамагаюць беларускія сябры, Інтэрнэт зь беларускамоўнымі старонкамі, але заўсёды хацелася пабачыць у прэсе матэрыялы, прысьвечаныя менавіта беларусам майго веку. Стаўшыся адзінай беларускамоўнай газэтай, якую я тут чытаю, «Беларус» мяне асабліва ўзрадаваў «Маладзёвай бачынай», якая была створаная, згодна з заяваю рэдакцыі старонкі, адмыслова для моладзі. На мой погляд, справа гэтая важная ня толькі тым, што газэта быццам памаладзела, але і тым, што яна дапамагае аб'яднаць беларускую моладзь у розных кутках ЗША, прыцягнуць увагу новых колаў чытацкай аўдыторыі. Сёньняшнія маладыя беларусы — гэта заўтрашняя беларуская дыяспара, якая прыйдзе на зьмену паваеннай. Ужо па гэтай прычыне ёй неабходна даць магчымасьць выказаць свае думкі, закрануць штодзённыя праблемы, і тым самым даць кожнаму зь іх адчуць, што яны не адныя — побач зь імі, нават калі праз сотні міль, жывуць такія беларусы, як і яны. Мне здаецца, што гэта менавіта тое, чаго шмат каму з нас не стае ў далечыні ад Бацькаўшчыны.

Гісторыя Беларусі, гісторыя беларускай дыяспары, якія шырока падаюцца ў «Беларусе», — гэта цікава, але хіба гэта тое, чым жыве большасьць беларусаў у Амэрыцы? Хіба такія рэчы, як пошук працы, жытла, уладкаваньне ва ўнівэрсытэт, сяброўскія й шлюбныя адносіны, пошук нацыянальна сьведамых аднадумцаў хвалюе іх менш? Ямяркую, што значна больш. Менавіта па гэтай прычыне мне хацелася пажадаць, каб на «Маладзёвай бачыне» зьявілася больш артыкулаў такога кшталту.

Мне падаецца, што ня дрэнна было б расказаць пра беларускую моладзь, якая жыве ў іншых краінах сьвету, пра іхныя праблемы, гісторыі жыцьця. Узяць, да прыкладу, студэнтаў, выключаных зь беларускіх унівэрсытэтаў, ці якія раней вучыліся ў закрытых уладамі навучальных установах і якія цяпер навучаюцца за мяжой. Мне, як студэнтцы, было б цікава прачытаць пра іх жыцьцё за межамі Беларусі, пра выпрабаваньні, якія ім выпалі. Хочацца, канешне, і больш займальных матэрыялаў, напрыклад, крыжаванак, жартаў, каб можна было проста пабавіць час увечары, бо, на жаль, чытва такога зьместу на беларускай мове друкуецца зусім мала.

Зычу «Маладзёвай старонцы» стаць сапраўдным голасам маладога пакаленьня беларусаў у Амэрыцы. Посьпехаў у распачатай справе. Б. М.».