Авантурнік Сімпліцысімус

фон Грымэльсгаўзэн Ганс Якаб Крыстофэль


Кніга другая

РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ

Сімпліцы і ў катуху не загіне, калі там паруюцца гусь і гусыня

У гусіным катуху я сядзеў і разважаў пра ўсё, што я апісаў у першай частцы майго “Чорнага і Белага”, а таму няма ніякай патрэбы пашыраць гэтую тэму яшчэ і тут. Але я не магу абысці маўчаннем, што яшчэ тады я сумняваўся, ці праўда, што ашалелыя танцоры прадзяўблі падлогу, ці ўсё гэта толькі пустыя набрэхі. Цяпер я раскажу далей, як я вырваўся з гусінага катуха. Цэлыя тры гадзіны, пакуль не скончылася “Прэлюдыя Венеры” (пачэсны танец, павінен вам сказаць) я мусіў сядзець у сваім уласным (s. v.) гаўне, пакуль нехта не прабраўся да хлевушка і не зашкрабаў засаўкаю. Я насцярожыўся, як свіння, цурболячы ў лужыну, а хлапец каля дзвярэй не толькі адчыніў іх, але і так хуценька – шмуль! усярэдзіну, як я быў бы рады выкаўзнуцца з іх, яшчэ і прывалок за руку нейкую бабу, гэтак, як, я бачыў, робяць у танцах. Адкуль мне было ведаць, што ўсё гэта азначала; але як што я ўжо прывык да шмат якіх дзіўных прыгодаў, якія давялося ў гэты дзень асэнсоўваць маімі блазенскімі мазгамі, і як што я ўжо змірыўся з тым, што трэба прымаць цярпліва і моўчкі ўсё, што толькі пашле мне мой лёс, я ўплішчыўся за дзверы, са страхам і дрыжыкамі чакаючы, чым яно ўсё скончыцца. Неўзабаве паміж парай усчаўся пярэшапт, з якога я не ўцяміў нічога, апрача таго, што адзін голас загаварыў пра агідны смурод у гэтым катуху – а другі, наадварот, супакойваў першага. “Вядома, красуня мая, -- сказаў ён, -- усім сэрцам убольваюся, што, каб паласавацца пладамі кахання, неспрыяльны лёс не паслаў нам больш хацелага месца. Але я павінен запэўніць вас, што ваша цудоўная прысутнасць высакародніць мне нават гэты агідны заканурак, ён мне здаецца мілым раем”. Пасля гэтага я пачуў пацалункі і ўбачыў дзіўныя канфігурацыі; я не ведаў, што гэта было ці што магло азначаць, а таму маўчаў і сядзеў ціхенька, як мыш. Калі ж азваліся яшчэ іншыя гукі і ўвесь хляўчук, які быў скляпаны з дошак, пачаў моцна і рытмічна патрэскваць, а тая баба пачала ўдаваць, нібыта ёй за гэтым заняткам няма ладу як баліць, я падумаў: “Гэтыя двое з тых вар’ятаў, што дапамагалі таўчы падлогу, і цяпер прыйшлі, каб і тут пашураваць, мабыць, хочуць забіць мяне”. Як толькі мне стукнулі ў галаву гэтыя думкі, я адразу схапіўся за дзверы, каб хутчэй уцячы ад смерці, і выскачыў з дзікім крыкам, які гучаў вельмі натуральна, як і той, за які я трапіў сюды; але я быў настолькі здагадлівы, што адразу зачыніў за сабою дзверы на засаўку і кінуўся да адчыненых дзвярэй дома. Гэта было першае вяселле, у якім я за сваё жыццё ўдзельнічаў, хоць і не быў запрошаны; і хоць я не павінен быў нічога дарыць, а вось жа пасля малады выстраіў мне ладную гасціну, за якую я таксама ладна сплаціў. Ласкавы мой чытач, я расказваю гэтую гісторыю не дзеля таго, каб ты добра з яе пасмяяўся, а каб скончыць яе на добрую ўцеху чытачу, каб ты ведаў, якога плёну можна чакаць ад скокаў – як скачаш, так і вытрасеш. Лічу зусім пэўным, што ў скоках і даходзіць часам да многіх кепскіх і неразважных купляў, за якія пасля бывае сорамна ўсёй кампаніі.

РАЗДЗЕЛ ДРУГІ

Сімпліцы кажа, калі след мыцца, каб з іншых людзей не глуміцца

Хоць я і вельмі ўдала ўцёк з гусінага катуха, але якраз у тым і адчуў усю веліч свайго няшчасця, бо нагавачкі мае былі поўненькія і я не ведаў, як, чым і дзе даць рады гэтай калатушы. У доме ў майго пана было ціха, усё спала; таму мне нельга было назаляцца варце, якая стаяла каля дома; а галоўная варта, corps de garde, вядома, не прапусціць, бо надта ж ад мяне патыхала; заставацца на дварэ – дзе ж тут набудзешся за такой халадэчай, а куды падзецца? – хто яго ведае. Было далёка за поўнач, калі мне стрэліла ў галаву –а пашукаю ж я рады ў памянёнага добрага святара. Я рушыў за поклічам свайго сэрца і пастукаўся ў дзверы; і зрабіў гэта так настойліва, што служанка з вялікага нехаця нарэшце ўпусціла мяне. Калі ж яна ўнюхала, якога гасцінца я прывалок у хату (а яе доўгі нос адразу пацэліў у маю таямніцу), дык яшчэ больш знеахвоцілася. І пачала яна бурчаць і сварыцца; яе пан ад гэтага шуму прачнуўся, а такі нябось, можа, і выспаўся, і ўсё пачуў. Ён паклікаў нас абаіх да сябе да ложка, быццам яму самому закарцела прынюхацца. Але як толькі ён змікіціў, на чым тут гандаль трымаецца, ён, наморшчыўшы нос, сказаў, што што б там ні пісалі календары, а цяпер сама-сама добрая нагода памыцца, і лепш зрабіць гэта без адкладу, чым быць у тым стане, у якім я цяперака. Ён сказаў служанцы, не, бадай, папрасіў дзяўчыну, каб яна, пакуль зусім не развіднела, памыла мне нагавачкі і павесіла каля печы, а мяне самога паклала ў ложак, бо, мусіць, ён бачыў, што я зусім скалеў. Ледзьве паспеў я сагрэцца, як ужо й на свет занялося; святар ужо стаяў каля ложка, прыйшоў падзівіцца, як тут у мяне ўсё абышлося, а мае кашуля і штанцы былі яшчэ мокрыя, дык я не мог устаць, каб падысці да яго.

Я расказаў яму ўсё і пачаў з “мастацтва”, якога мяне навучыў прыяцель, і як я кепска той навукай скарыстаўся. Далей я паведаміў, што госці пасля таго, як ён, святар, пайшоў, зусім падурэлі і, як зноў жа сказаў мой прыяцель, хацелі прадлубаць у доме падлогу; item, які жахлівы страх на мяне напаў, праз што я і трапіў у гусіны катух, і што ў тым хлевушку ад тых дваіх, якія незнарок мяне вызвалілі, уведаў з іхніх слоў і дзеяў і якім чынам я іх там замкнуў замест сябе. “Сімпліцы, -- сказаў святар, -- блага табе прыпала, зусім блага. Пайшло ў цябе спярша вельмі гладка; але баюся, вельмі баюся, што ты перабаршчыў і ўсё сапсаваў. Выбірайся баржджэй з ложка ды ляці хутчэй з дому, каб і я разам з табою не асяніўся няласкаю пана, калі б цябе згледзелі ў маім доме”. І я мусіў ісці ўвесь у мокрым і першы раз на сабе зведаць, як ліпнуць усе да таго, хто ў шаноўлі; і як жа коса глядзяць на таго, хто пачаў накульгваць, а тая ласка тым часам уся злашчылася.

Я пайшоў у харомы да майго пана, там усё яшчэ мёртва спала, апрача Кухара і некалькіх ягоных дзяўчат. Дзяўчаты прыбіралі ў пакоі, дзе ўчора банкетавалі, а кухар з рэштак былога едзіва гатаваў сняданак ці, лепей сказаць, нейкую пярэкусь. Спярша я падышоў да дзяўчат; у іх там усё было дагары нагамі: бітыя куфлі, шыбы, у некаторых месцах было поўна таго, што выходзіла з гасцей зверху і спадыспаду, месцамі стаялі вялікія лужыны разлітага віна і піва, так што падлога нагадвала карту, на якой можна было разгледзець моры, астравы і сухія, цвёрдыя кантыненты. Ва ўсім пакоі стаяў смурод нязгорш таго майго, катушынага, таму я доўга і не забавіўся, а пайшоў на кухню, каб там каля агню дасушыцца да канца на жывым целе, са страхам чакаючы, як абернецца да мяне Фартуна, калі мой пан праспіцца і ўстане. І тым часам разважаў пра дурноту і марнасць свету, узгадваў, што мяне напаткала мінулага дня і асабліва ўначы і што яшчэ я пабачыў, пачуў і даведаўся. Такія думкі навялі мяне на рахубу, што жыццё маё ў пустэльніка, у нэндзы, галечы і ўбогасці, было куды дабрашчаснейшае, аж захацелася зноў вярнуцца ў былое.

РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ

Сімпліцы пажу адпёк пірагі, адкрыўшы сакрэты левай нагі

Калі пан мой устаў, ён паслаў свайго целаахоўніка па мяне ў гусіны катух; той прынёс вестку, што знайшоў дзверы зачыненыя і прарэзаную за засаўкай дзірку, дзякуючы якой, відаць, вязень і ўцёк. Але яшчэ да гэтага паведамлення мой пан даведаўся ад іншых, што я даўно на кухні. Тым часам слугі ўжо бегалі, збіраючы ўчарашніх гасцей на сняданак, разам з якімі клікнулі і святара, які павінен быў паявіцца раней за іншых, бо пан, перш чым сесці за стол, хацеў перагаварыць з ім з прычыны, так бы сказаць, мяне. Ён сур’ёзна спытаўся ў святара, за каго той мяне мае, за блазна і дурня ці за хітрага праныру і баламута; які я – ці прастадушны рахманіна і цюхця, а ці, наадварот, падступны скалазуб і цмыгун, і пры гэтым расказаў яму ўсё-ўсенька, як непачціва я ўчарашняга дня і ўвечары паводзіўся пры каляцыі і ў танцах і што многія госці прынялі гэта і расцанілі, як ліхі намысел супроць іх, і быццам усё гэта загадзя прадумана дзеля афронту, каб дапячы ім; item, што ён загадаў замкнуць мяне ў гусіны катух, каб убяспечыцца ад падобных розбрыкаў і анцыбураў, якімі я яшчэ мог падседзець яго перад людзьмі, і з якога, катуха, я вылузаўся і цяпер брыняю ў цяпле і выгодзе на кухні, як нейкі шляхцючок, перад якім усе павінны прагінацца, а не ён служыць нам, і што колькі на свеце жыве, не памятае, каб нехта ўшыхаваў яму пры высакародным людстве столькі ўсякага дэспэкту і канфузіі, і што ён не бачыць ніякага іншага выйсця, як толькі загадаць, каб мяне патрактавалі як след пугамі і дубцамі, і што ўжо калі я аж такі невылечны ёлупень, дык паслаць мяне к чартаматары і не пускаць да стала.

Тым часам, пакуль мой пан так наракаў, пачалі вызбірвацца госці. Пан выгаварыўся, і святар адказаў яму, што калі б ласкавы пан узычыў хоць прагалінку часу і цярпліва паслухаў, дык ён мог бы расказаць пра Сімпліцы пропадзь чаго такога пацешнага, чаго ні сумысля, ні спопрыску не прыдумаеш, але з чаго несумненна вынікае не толькі поўная невінаватасць дзіцяці, але і тое, што часцей за ўсё плятуць усялякую небывальшчыну пра яго паводзіны, і хай пан дасць веры, што хай ўсе, хто пачуў сябе зняважаным, адкінуць усе нядобрыя падазрэнні. Пан губернатар дазволіў, але хацеў, каб гэта было расказана за сталом, а то ж хай паслухае сабе на пацеху ўся кампанія.

Калі вось так у верхнім пакоі гаварылі пра мяне, унізе са мною акардаваў той кручаны фэндрык, якога я замест сябе замкнуў у хлеўчуку і які ўсякімі пагрозамі, лёстачкамі і, нарэшце, талерам, якога ён сунуў мне ў руку, дамогся, каб я паабяцаў ані шу-шу пра ягоныя амурныя ўходы, каб не вякнуў чаго не папала на памяло.

Сталы былі накрытыя і, як і ўчарашняга дня, застаўлены ежаю і абсаджаны людзьмі. Вермут, шаблі, алант, цытрыноўка, іншыя віны разам з “гіпакратам” мелі давесці да ладу галовы і жываты гасцей, бо ўсе ж былі як у чорта на тартурах. Іх першая гутарка была пра іх самых, пра тое, як яны ўчора так ладна панабіраліся і як не было сярод іх нікога, хто прызнаўся б, што пераквасіўся з лішкам, хоць яшчэ ўчора чортам кляліся, што ўжо ані-ні больш. Некаторыя прызнавалі, што захмялелі так сабе збольшага, а іншыя даказвалі, што яны ніколі не ўпіваюцца данясхочу, а так толькі, дзеля настрою, кампаніі і хэнці. Калі ўжо стаміліся гаварыць і слухаць пра свае дзівацтвы і вычуды, прыйшла чарга да небаракі Сімпліцы; губернатар сам нагадаў святару, каб той адкрыў публіцы абяцаныя вясёлыя пікантнасці і нягегласці.

Гэты найперш папрасіў не залічваць яму ў грэх, калі ён змушаны будзе ўжыць некалькі слоў, якія, магчыма, і не дужа стасуюцца з яго духоўным санам, але што тут паробіш – праўда ёсць праўда; і пачаў распавядаць, спачатку пра тое, з якіх такіх чыста прыродных прычын мяне даймала цялесная пляга ў кішках, пра тое, як я шчыра ўсё выклаў сакратару ў канцылярыі, як я быў навучаны разам з варажбою пэўнаму мастацтву і як блага ўчыніў першае выпрабаванне, item, якімі дзіўнымі здаліся мне танцы, якіх я зроду ні разу на вочы не бачыў, як мне ўсё растлумачыў прыяцель і з якое прычыны я ўчапіўся ў знакамітую даму і як трапіў у катушок. Усё гэта святар падаваў у вельмі прыстойнай манеры, але ўсе сінелі і бакі рвалі ад смеху, папрасіў ласкава выбачыць мне маю прастадушнасць і неабазнанасць, і каб не астыла да мяне панава прыхільнасць, і каб не адстаўлены я быў ад службы каля стала; а пра тое, што спрыгодзілася ў мяне ў катушку, як я выбавіўся адтуль, ён не схацеў сказаць, баючыся, каб на яго не ўгневаліся некаторыя сатурналісты і перапітыя казлы, якія лічаць, што асобы духоўныя ўсё і заўсёды бачаць толькі ў благім святле. А мой пан, дык той акурат і спытаўся ў мяне, каб пацешыць гасцей, чым жа я сплаціў свайму прыяцелю за навуку, за досвед, і калі я адказаў:”Нічым!” – ён сказаў: “Ну дык я заплачу яму поўны ганарар за тваю вывучку”, -- і таго паклалі на карыта і высвісталі так, як і мяне ўчора, калі я выпрабоўваў мастацтва і схібіў.

Мой пан дастаткова добра ўведаў пра маю прастадушнасць, але хацеў падахвоціць мяне, каб я пацешыў яго і гасцей яшчэ больш; ён быў упэўнены, што сваімі дурнотамі я пераплюну ўвесь іхні аркестр. Ён спытаўся, навошта я парэзаў дзверы ў катуху і даў лататы. Я адказаў: “Гэта, можа, хто іншы зрабіў”. Ён спытаўся: “Хто ж тады?” Я сказаў: “Можа той, хто прыйшоў да мяне”. – “А хто ж да цябе прыходзіў?” Я адказаў: “Я не павінен гэтага нікому казаць”. Пан мой быў спрытнюга ў клёку, ведаў, як да мяне пад’ехаць і падступіцца; таму ён апярэдзіў мяне пытаннем: “Хто ж гэта табе забараніў?” Я адразу адказаў: “Кручаны фэндрык”. Аднак па вялікім рогаце гасцей я скеміў, што зноў даў пудлу, -- а кручаны фэндрык, які таксама сядзеў за сталом, пачырванеў, як печаны рак, і калі б я не хацеў больш нічога расказваць, ён не запярэчыў бы. Але мой пан толькі кіўнуў раз кручанаму фэндрыку, і таму як зацяло, а я ўжо мог гаварыць усё, што ведаў. Пасля мой пан спытаўся, што ж там той кручаны фэндрык такога нафэндрыў пасля мяне ў катуху. Я адказаў: “Ён прывёў туды адну паненку”. – “І што ж ён рабіў далей?” – спытаў мой пан, а я адказаў: “Мне здалося, што яму прыспічыла пацурболіць”. Мой пан спытаўся: “А што ж пры гэтым рабіла паненка, нябось засаромелася, га?” – “Ды не, мой пане, -- сказаў я,-- яна задрала спадніцу і хацела (s.v. , мой высокашаноўны, цуда-, шана- і цноталюбны чытач, даруй майму непачціваму пяру, што піша яно так груба, як я тады сказаў, але зноў жа, праўда ёсць праўда) падставіцца”. Тут сярод прысутных падзеяўся такі рогат, што мой панок не толькі слухаць, але і пытацца далей не мог; ды яно і патрэбы не было, бо інакш можна было б ужо наразіць на кепікі і смех саму пачцівую паненку (scil. – зразумела!).

Тут гофмайстар абвясціў за сталом, што я, нядаўна вярнуўшыся з больверка, то-бок з крапаснога вала, сказаў, што я ведаю, як учыніць гром і маланку; што я бачыў на двух падводах два камлюкі, пустыя ўсярэдзіне, дуплястыя; у іх насыпалі насення цыбулі з белай морквінай, якой абцялі хвост, пасля гэтыя камлі паказыталі зубатым кіёчкам, ад чаго з тых камлёў спачатку паваліў дым, потым бабахнуў гром і шугануў пякельны агонь. Такіх жартаў нагаварылі за сталом шмат, нарагаталіся ўволю, так што пад закусь гаварылі, бадай, толькі пра мяне, з мяне і смяяліся. Усё гэта спрычыніла агульны вырак мне і прывяло да маёй пагібелі, што калі мне дазволяць гаварыць, што хачу, з мяне выйдзе выдатны застольны блазан, якім дабраволяць ўладары свету і з якіх могуць парагатаць нават простыя смертныя.

РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЁРТЫ

Сімпліцы бачыць – без мілых падманаў не выстаіць нават фартэцыя ў Ханаў

І вось акурат калі гэта сама-сама ўсе сабраліся паброварыць і, як учора, дружна спаражніць посуд, варта абвясціла з уручэннем паслання пра прыбыццё камісарыя, які ўжо, сказалі, каля брамы, а пасланы ён мілітарнай радай шведскай кароны збадаць тутэйшы гарнізон і зрабіць візітацыю ў фартэцыю. Гэта адразу з’ёлчыла ўсе жарты, і вясёлы рогат аціх, як пішчалка дуды, калі выйшла паветра. Музыкі і госці рассеяліся, як тытунёвы дым, пакінуўшы пасля сябе толькі пах; мой пан сам памчаўся з ад’ютантам, які нёс ключы, і з атрадам галоўнай варты, з паходнямі, да брамы, каб асабіста ўпусціць таго візітанта-атраманта, чарнільную душу, як ён яго назваў. Зычыў, каб яму чорт карак скруціў, перш чым ён укруціцца і нагою паткнецца на парог крэпасці.Але як ён яго ўпусціў і прывітаў на ўнутраным мастку, бракавала вельмі малога альбо зусім нічога, каб з ходу-лёту, у доказ сваёй адданасці не паслацца гладкім лістам, узаемная пачцівасць у тыя хвіліны была такая вялікая, што камісарый спешыўся з каня і прайшоўся ножкамі з маім панам да ягонага лажаменту, і кожнаму тут зарупіла ісці, канечне ж, леваруч, etc. “Ах, -- падумаў я, -- які ж гэта шаленчы дух аж так людзей пантае, што кожны кожнага за дурня мае?” Мы, такім чынам, падышлі да галоўнай варты, і вартавы крыкнуў: “Хто там?” – хоць выдатна бачыў, што гэта мой пан. А гэты заўпарціўся з адказам, саступаючы гонар высокаму госцю; вартавы зноў, як бы не бачачы, яшчэ мацней паўтарае сваё пытанне. Нарэшце, аж за трэцім разам, пан будзе адказваць на тое “хто там?” – “Чалавек, які дае грошы!” Калі мы праходзілі міма варты, а я ішоў апошні, дык і дачуў, што вартавы, які толькі нядаўна завербаваўся ў жаўнеры, а да таго сядзеў на гаспадарцы, даволі заможны вясковец з Фогельсбэрга, буркнуў: “Каб ты так дыхаў, падла; чалавек, які дае грошы! Сабака, які іх выдзірае, вось хто ты! Столькі грашыскаў злупіў з мяне, што хай бы цябе пярун улупіў раней, чым ты выпаўзеш з горада”. З гэтай хвіліны я быў у поўнай пэўнасці, што чужы пан у аксамітах – святы чалавек, раз не толькі ніякая кляцьба не ўзяла яго, але і нЕпраталі ягоныя чынілі яму учту, ласку і даброць усялякую; яшчэ тае ж ночы ён быў па-каралеўску патрактаваны ўсялякімі прысмакамі і лагодкамі ўганараваны і да таго ж раскошнай пасцеллю ўпачціўлены.

Наступнымі днямі пры інспекцыі было ўсяго-ўсялякага. Я, дурны немысель, быў, аднак, досыць упарты і ўвішны, каб гэтага хітрага камісарыя, а ягоныя ж абавязкі не можа несці дзіця горкае, дурыць і вадзіць за нос, як малога; навучыўся я гэтага меней чым за гадзіну; уся мудрасць была ў тым, каб лічыць ад пяці да дзевяці і біць у барабан, бо я быў яшчэ замалы, каб выцягнуць на цэлага мушкецёра. На гэты выпадак апранулі мяне -- а мае падкасаныя пажовыя штонікі не пасавалі да падзеі – у адмысловыя пазычаныя строі і далі адмысловы, таксама пазычаны барабан несумненна з той прычыны, што і сам я быў пазычаны; і я выдатна прайшоў інспекцыю. А як што пры маёй блазноце не вельмі верылі, што я здолею ўтрымаць у памяці нязвыклае імя, на якое я павінен адгукнуцца і выступіць са строю наперад, дык я і застаўся Сімпліцы; прозвішча прыдумаў сам губернатар і загадаў запісаць мяне ў рэестр як Сімпліцы Сімпліцысімус, паставіўшы мяне, такім чынам, як скурвысына, байструка ў першым калене, бо, як ён сам разважыў, я быў вельмі падобны на ягоную родную сястру, якая прапала. Я пазней захаваў за сабою гэтыя імя і прозвішча, пакуль не даведаўся сапраўднага, і граў з імі сваю ролю на немалую карысць губернатару і на невялікую шкоду шведскай кароне досыць паспяхова праз увесь час вайсковай службы, якою я паслужыўся шведам, а таму і іхнія ворагі не мелі ніякай падставы ненавідзець мяне за гэта.

РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ

Сімпліцы ў пекле, ледзь не да смерці лупцуюць яго рагатыя чэрці

Калі камісарый з’ехаў, памянёны святар тайна паклікаў мяне да сябе ў пакой і сказаў: “О Сімпліцы, мне шкада тваёй маладосці, а твае будучыя нягоды клічуць мяне да спагады. Паслухай, дзіця маё, і ведай – гаспадар твой намерыўся зрабаваць твой розум і зрабіць з цябе дурня, нават загадаў ужо з гэтай прычыны пашыць табе блазенскі ўбор. Заўтра цябе пасадзяць у такую школу, дзе ты зусім пакінеш свой розум; не сумняваюся, у ёй з табою будуць абыходзіцца так жорстка і гнюсна, што ты, калі Гасподзь Бог ці іншае што не запабегнуць, сапраўды збаламуцішся. А як што гэта досыць сумніўнае і ненадзейнае рамяство, я ад шчырай павагі да пабожнасці пустэльніка і, ведаючы тваю нявіннасць, хачу з хрысціянскай любові ўзычыць табе добрай парадай і патрэбным настаўленнем і даць сапраўдныя лекі. Таму паслухай маёй навукі і прымі гэты вось парашочак, які ўмацуе твае мазгі і памяць у такой меры, што ты, не пашкодзіўшы свайму розуму, ператрываеш усё лёгка. І вось табе яшчэ бальзам; натры ім сабе скроні, цемя, патыліцу, таксама ноздры; абодва гэтыя лекі ўжыві ўвечары, калі будзеш класціся спаць, маючы на ўвазе, што кожнае хвіліны не будзеш пэўны, што цябе не звалакуць з ложка. Але глядзі і сачы пільна, каб ніхто не пранюхаў пра гэтыя лекі і каб не даведаўся пра маю засцярогу табе, інакш і табе і мне будзе крута. А калі цябе пачнуць цвічыць, дык глядзі і не вер, што б табе ні казалі, адно рабі выгляд, што паверыў. Гавары мала, каб твае настаўнікі не заўважылі па табе, што яны малоцяць пустую салому; інакш катаванні твае зацягнуцца, і тут ужо я сам не ведаю, што яны яшчэ прыдумаюць, што будуць з табой вырабляць. Але перш чым на цябе надзенуць блазенскія строі і каўпак, прыйдзі зноў да мяне, каб я табе параіў, што і як рабіць далей. А тым часам я буду маліць Бога за цябе, каб ён захаваў табе чысты розум і здароўе”. І пасля гэтых слоў ён даў мне той парашок і масць, і я пайшоў дамоў.

Як папярэдзіў святар, так і было. Толькі я заснуў, як у пакой да майго ложка прыйшлі чатыры хлопцы, пераапранутыя ў страшных чартоў; яны скакалі вакол, як блазны ці запустоўскія казлы; у аднаго ў руцэ былі вогненныя вілы, а ў другога паходня; двое другіх падскочылі да мяне, вывалаклі з ложка, нейкі час скакалі са мною і гвалтам апранулі мяне. А я зрабіў выгляд, што прыняў іх за сапраўдных чартоў, жаласна крычаў і енчыў, страшна адмахваўся і адбіваўся; а яны заявілі, што я пайду з імі. Пасля завязалі мне галаву хусткай, так што я не мог ні бачыць, ні чуць, ні нават крычаць. І павялі мяне, бедалагу-дурня, які дрыжаў і калаціўся, бы асінка, па розных праходах і сходах угору і ўніз і прывялі нарэшце ў нейкі склеп, у якім гарэў вялікі агонь, і калі яны мяне зноў развязалі, дык пачалі паіць гішпанскім віном і малмазеяй. І ўсяляк уталкоўвалі, што я памёр і цяпер у апраметнай, а я старанна ўдаваў, што паверыў ва ўсё, што яны хлусілі. “Пі смялей, -- казалі яны, -- бо ты будзеш з намі вечна. А калі не хочаш з намі прыяцеліцца і рабіць, як мы, дык укінем у гэты вось агонь”. Небаракі-чарты стараліся змяніць галасы, яны ляпілі іх галасы, каб я не пазнаў іх; але я адразу спетрыў, што гэта былі панавыя слугі, фуражыры; але я не паказаў гэтага па сабе, я пасмяяўся ў кулак, што хлопцы, якія збіраліся скроіць з мяне дурня, самі ў дурні і пашыліся. Я выпіў сваю долю гішпанскага віна; але яны выпілі больш за мяне, а як што такі нябесны нектар ім рэдка перападае, дык магу пабажыцца, што яны набраліся больш за мяне. Мне падалося, што ўжо настаў патрэбны час, і я пачаў хістацца, тыцкацца туды-сюды і торгацца, як гэта нядаўна, я бачыў, рабіліся панавыя госці, і нарэшце зусім ужо не схацеў піць, а толькі спаць; але яны соўгалі мяне сваімі віламі, якія ўвесь час ляжалі на агні, ганялі з кута ў кут па ўсім склепе, быццам самыя падурэлі, загадвалі піць яшчэ і не спаць. І калі я ў гэтым гармідары нарэшце ўпаў, а гэта я часта рабіў сумысля, яны падхапілі мяне на ногі і зрабілі выгляд, што вось-вось укінуць у агонь. Такім чынам яны рабілі са мною, як з сокалам, не даючы заснуць, і гэта было самае цяжкае выпрабаванне. Мяркуючы па іх перапітасці і санлівасці, я вытрываў бы і даўжэй за іх; але яны не рабілі ўсяго гэтага разам, а мяняліся; таму ўрэшце я змогся. Два дні і дзве ночы правёў я ў гэтым закураным склепе, у якім не было ніякага іншага святла, апрача агменю; галава мая гула, зусім ашалела, быццам хацела разваліцца на кавалкі, але я нарэшце прыдумаў ратунак, як мне вызваліцца з катоўні і ад саміх катаў; я зрабіў, як хітры ліс, які пырскае сабакам на морду, калі ўжо не спасобіцца ад іх уцячы; і як што прырода мая якраз паднатурыла мяне (s.v.) да патрэбы: я засунуў сабе пальцы ў рот, каб званітаваць, такім чынам, што адначасова напусціў поўныя штонікі і забляваў сабе ўсю камізэлю, заплаціўшы за выпіўку такім невыносным смуродам, што мае бедныя самі не маглі вытрываць. Яны паклалі мяне на нейкую радзюгу і аддубасілі так неміласэрна, што здавалася, усе мае вантробы разам з душою маглі выскачыць з цела. Я сам быў так перастрашаны і аслабеў, што самлеў і ляжаў як нежывы; не ведаю, што яны там далей рабілі са мною, аж так быў без памяці.

РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ

Сімпліцы з пекла ў рай трапляе, але і там рызыкі не губляе

Апрытомнеўшы, я ўжо быў не ў пустым склепе сярод чарцей, а ў прыгожай зале пад апекаю трох найгнюсотнейшых старых баб, якіх толькі зямля спарадзіла. Я нават падумаў быў спачатку, калі крыху расплюшчыў вочы, што гэта сапраўдныя выпладні пекла; але як што на той час я ўжо пачытваў старых антычных паэтаў, дык палічыў іх за эўменідаў ці, прынамсі, за адну з іх, за Тысіфону, якая прыйшла з геены забраць у мяне мой розум, як у таго Атаманта, але ж я загадзя і наперад ведаў, што я таму тут, што мяне хочуць перакроіць на дурня. У гэтай была пара вачэй, як два сподкі, а паміж імі тырчаў даўжэзны худы шулячы нос, канец якога амаль даставаў да ніжняй губы. Толькі два зубы ўбачыў я ў яе пашчы; але яны былі такія вялізныя, круглыя і тоўстыя, што кожны з іх кшталтам можна было параўнаць з залатым напарсткам, а колерам – з самым золатам. In summa, кусання ў іх было як на поўную храпу зубоў, але былі вельмі брыдка адстаўленыя адзін ад аднаго. Твар у яе выглядаў, як гішпанская скура, а сівыя валасы звісалі дзіўнымі патламі, быццам яе толькі што вывалаклі з ложка. Доўгія грудзі сам не ведаю з чым параўнаць, хіба што з абвіслымі бычынымі пузырамі. З якіх дзве траціны змесціва выцекла; і на кожнай знізу вісеў чорна-буры, велічынёю з паўпальца, смок. Відовішча проста жудаснае, якое магло паслужыцца бадай што толькі на астуду пажадліваму казлу, апантанаму пахацімствам. Дзве другія былі нічым не лепшыя і не прыгажэйшыя, хіба што толькі малпаўскія кірпы ды вопратка былі, бадай, лепшыя. Крышку адышоўшы, я пазнаў, што адна з іх была наша кухарка, а дзве другія – жонкі фуражыраў. Я прыкінуўся, што мне ўсё ўва мне адбілі, што я не магу паварухнуцца, хоць і дапраўды мне было не да скокаў. Гэтыя шаноўныя кабеткі распранулі і раздзелі мяне да голай скуры, абмылі, як малое дзіця, ад благоцця. А было мне пры гэтым досыць прыемна, бо яны паказалі ў такой працы вялікую цярплівасць, аж я ім ледзь быў не адкрыўся, як насамрэч усё тут ёсць. Але ўспомніў: “Не, Сімпліцы, не вер ніякай старой бабе, але памятай, што гэта вялікая вікторыя, калі табе пры тваёй маладосці ўдасца правесці тры старыя прайдохі-сцервы, якія маглі б у чыстым полі забрытаць старога чорта; з гэтай аказіі ты можаш чэрпаць надзею, што з гадамі, увабраўшыся ў век, ты даможашся большага”. Закончыўшы са мною, яны паклалі мяне на раскошны ложак, на якім я і без калыханкі моцна заснуў; а яны пайшлі, забраўшы цэбар і іншыя прычындалы, якімі мылі мяне і маё заквэцанае нацеліва. Думаю, гэтым разам мой спанак задоўжыўся больш за дваццаць чатыры гадзіны, і калі я прачнуўся, каля ложка стаялі два прыгожыя хлопчыкі з крыламі, у прыгожых кашульках, аздобленых стужкамі, кляйнодамі, залатымі ланцужкамі і іншымі бліскоткамі. У аднаго была пазалочаная міска, поўная смачнага печыва, цукровага хлеба, марцыпанаў і іншых канфэктаў, другі аберуч трымаў пазалочаны кубак. Абодва хлопцы, анёлы, за якіх сябе выдавалі, хацелі запэўніць і мяне, што цяпер я быццам ужо таксама на небе, бо шчасліва прайшоў праз ачышчальны агонь і ўвінуўся ад чарцей і іхніх мацярок-д’ябліц, а таму цяпер я магу пажадаць сабе, чаго толькі душа мая запрагне, чаго заўгодна – а ўсё будзе альбо ўжо тут, альбо прынясуць, усё яны могуць. Мяне даймала смага, і, убачыўшы перад сабою кубак, я папрасіў толькі напіцца, і мне з самай добрай ласкай ахвотна паднеслі. Але гэта было не віно, гэта быў прыемны сонны напой, яго я прагна і напіўся і пасля, як толькі ён угрэў мяне, заснуў.

На другі дзень я зноў прачнуўся (бо ўсё яшчэ спаў), але ўжо не ў ложку, не ў той зале і не пры тых анёлах і ўжо ж ні ў якім разе не на небе, а ў сваёй старой гусінай турме. Зноў жа было цёмна, як і ў склепе, апроч таго на мне была вопратка з цялячай скуры навыварат; штонікі былі пашытыя па-польску ці па-швабску, а каптан вымудраваны зусім на блазенскі манер. На шыі прышыта нейкая кукла, як манаскі гугель, і нацягнены мне на галаву з добрай парай вялікіх асліных вушэй. Я сам пасмяяўся са свайго няшчасця, бо па гняздзе і пер’і пазнаў, якім птахам я павінен быць. Тут я і пачаў уваходзіць у самога сябе і думаць, як мне зрабіць лепей сабе, і як што было дастаткова прычыны падзякаваць Богу за тое, што ён пакінуў мне здаровую галаву, я яшчэ і сам падумаў, што трэба папрасіць, каб ён і далей асланяў мяне, кіраваў мною, даваў добрую раду і вёў. Я пастанавіў сабе строіць з сябе дурным-дурня, як толькі гэта мне ўмажлівіцца, і пры гэтым цярпліва чакаць, як далей павернецца мой лёс.

РАЗДЗЕЛ СЁМЫ

Сімпліцы строіць з сябе цяля, але ніхто не пазнаў круцяля

Скарыстаўшыся дзіркай, якую выразаў у дзвярах кручаны фэндрык, я лёгка мог бы вызваліцца, але як што я мусіў быць блазнам, дык застаўся і зрабіў усё не толькі як блазан, якому не хапіла клёку самому вылезці, а пачаў удаваць з сябе галоднае цяля, якое спраглася па сваёй маці -- карове. Маё рыканне неўзабаве было пачута тымі, якія на тое і былі пастаўлены, каб усё прыкмячаць, -- бо да катушка падышлі два жаўнеры і спыталіся: “Хто там?” Я адказаў: “Эй вы, заморкі, не чуеце, што тут цяля?” Яны адчынілі катушок, вывелі мяне вонкі і вялікаму дзіву даліся, як гэта, бач, цяля ўмее гаварыць па-чалавечы, а не па-цялячы: як бы тое яму больш прыставала; і гэты іхні блізір быў такі штучны і ўдаваны, бы навязаныя жарты ў маладога неспрактыкаванага камедыянта, які не ўмее строіць з сябе асобу, якую павінен пераймаць, я нават падумаў сабе, а ці не пасобіць ім, ці не падыграць, ці не паслужыцца ім рознымі штукамі. Яны параіліся, што рабіць са мною, і пастанавілі падарыць мяне губернатару, які за тое, што я ўмею гаварыць, відаць, адгодзіць ім шчадрэй, чым заплаціў бы разнік. Спыталіся ў мяне, як мне маецца. Я адказаў: “Даволі паскудна”. Яны спыталіся: “Чаму?” Я сказаў: “А таму, што, бачыце, тут прынята замыкаць прыстойных цялят у гусіны катух! Вы ж ведаеце, хлопцы, што калі з мяне павінен вырасці ладны бугай, дык і гадаваць мяне след, як шанаваную гавяду”. Пасля гэтых кароткіх перамоваў павялі мяне па вуліцы да губернатаравага дома; за намі вялася цэлая плойма дацеклівых. Цікаўных раззяваў, якія, як і я, раўлі цялячымі галасамі, і калі б які сляпы пачуў іх, ён мог бы падумаць, што гоняць цэлы статак на бойню; але на вочы гэта выглядала, як гурт малых і старых дурняў.

Так двое жаўнераў падарылі мяне губернатару, як які-небудзь трафей, захоплены на фуражоўцы. Аддзячыў ён ім грашмі на прапой; а мне самому паабяцаў, што мне будзе ў яго добра. Я падумаў, як залатароў чаляднік, і сказаў: “Добра, паночку, але не трэба мяне замыкаць у катух, бо мы, цяляты, не прывыклі, каб нас гадавалі як папала, бо з нас, цялят, павінен вырасці ладны кавалак ялавічыны”. Губернатар суцешыў мяне; яму здавалася, што ён няма ладу які мудрэц, калі вось зрабіў з мяне такога дурняка, а я, дурняк, падумаў сабе: “Пажджы, пажджы, паночку-галубочку, я вытрымаў выпрабаванне агнём і загартаваўся; а цяпер пабачым, хто каго”.Тут якраз нейкі беглы селянін гнаў паіць быдла; убачыўшы гэта, я памкнуўся да губернатара і, мыкаючы-рыкаючы, пабег да кароў, нібыта хацеў малачка. Каровы, калі я падбег да іх, гізанулі ад мяне, як ад воўка, бо на мне ж, як і на іх, была аднолькавая шэрсць; яны перапалохаліся і разбегліся, быццам у жнівеньскую спёку, калі на іх напусціць цэлую хмару шэршняў, слепакоў і ўсякай заедзі, аж гаспадар больш не мог сагнаць іх у адзін гурт – і смеху-смеху ж было! Імгненна збегся тлум людзей падзівіцца на камедыю; пан мой рагатаў, як наняты – як толькі пуп не развязаўся, нарэшце сказаў: “Дурань сотню дурняў надурыў”. А я падумаў: “Ушчыкні сябе за нос, ты ж якраз іх сотнік”.

А як з гэтага дня ўсе называлі мяне цялём, так і я папераназываў усіх смешнымі мянухамі, большасці людзей, асабліва майму пану, яны здаліся вельмі трапнымі і дасціпнымі, як па мерцы, бо перахрышчваў я паводле якасцяў кожнага. Сумарна сказаўшы, кожны лічыў мяне бязглуздым ёлупам, а я лічыў кожнага разумным дурнем. Такі звычай, як на маю думку, яшчэ вельмі пашыраны ў свеце, прынамсі, кожны дурань смяецца са сваіх досціпаў і думае, што менавіта ён самы хітры праныра сярод усіх, нездарма ж кажуць: “Stultorum plena sunt оmnia”*.

Хвілінка забавы з селянінам і быдлам, якою я так удала скрасіў кароткае перадпалудне, яшчэ больш яго скараціла; быў якраз час зімовага сонцавароту. За абедам я па-ранейшаму слугаваў, падносіў, адносіў, але калі дайшло есці самому, сталася дзіўная рэч, я ўпёрся рогам, і ніхто не мог увапхнуць у мяне ніякай людскай ежы ці пітва, -- от, падавай мне толькі траву, а дзе яе, тае травы, возьмеш такою парою. Мой пан паслаў да разніка па пару свежых цялячых скур і загадаў нацягнуць іх на двух падлеткаў. Іх ён і падсадзіў мне за стол, патрактаваў нас па-панску зімовым салатам, потым загадаў прывесці жывое цяля, пасаліў салат, каб тое жэрла разам з намі. Я ўтаропіўся, нібыта страшна здзівіўся; але сітуацыя вымагала, каб я ўпісаўся ў яе. “Канечне, -- казалі яны, убачыўшы мяне такога спакойнага, -- якое дзіва, што цяляты жаруць мяса, рыбу, сыр, масла і ўсё, што хоч. Што? Любяць часам і добрае віно! Ведаюць заразы, што добра”. – “Так, -- казалі потым, -- сённяшнім часам зайшло так далёка, што ўжо і не разбярэш толкам, дзе людзі, а дзе быдла; а чаму ты не захацеў далучыцца?”

Не хацелася дужа ўдумвацца ў іхнія словы, бо я быў галодны і, больш за тое, я і сам ужо дацяміў, што некаторыя людзі бруднейшыя за свіней, люцейшыя за львоў, пажадлівейшыя за казлоў, зайздрослівейшыя за сабак, неакілзанейшыя за коней, тупейшыя за аслоў, п’юць больш за быдла, хітрэйшыя за лісаў, пражорлівейшыя за ваўкоў, блазнавацейшыя за малпаў, ядавіцейшыя за гадзюк і жаб-падрубніц, а ўсё ж ядуць тым часам людскую ежу і адрозніваюцца ад жывёл толькі кшталтам, пры гэтым каб жа ж хоць здалёку былі такія нявінныя, як цяляты. Я абедаў з маімі братамі-цялятамі, як на тое было смаку і ахвоты, і калі б хто чужы нечакана ўбачыў нас разам за сталом, не сумняваюся, падумаў бы, што ўваскрэсла старая Цырцэя і ператварае людзей у жывёл, а ўсю гэтую штуку тым часам ведаў і тварыў мой зацны пан. Сама рыхтык так, як і апалудні, я быў патрактаваны і вячэрай. І гэтак сама як мае застольцы ці сужэнцы храпалі са мною, мусілі яны са мною таксама ісці ў пасцелі, бо майму пану не заўгодзілася, каб я спаў у хляве, а ўчыніў я гэта дзеля таго, каб падурыць тых, хто думае, што зрабілі з мяне дурня, і вывеў сабе з гэтага цвёрдую выснову, што добры Гасподзь Бог дае кожнаму чалавеку ў ягоным стане, у які ён пакліканы, столькі клёку і здаровага розуму, колькі яму трэба на самазахаванне, а таму розныя вучоныя лабэціны дарма сабе думаюць, быццам адны яны толькі такія дасціпнікі і рызыканты, хвігай носа не падатрэш, усюды яны дома, усюды яны Гансы, -- але ж не, мой ты пане, не адной лацінай чалавек жыве, і за гарамі людзі ё!

* Усюды поўна дурняў (лац.).

РАЗДЗЕЛ ВОСЬМЫ

Сімпліцы пра памяць слухае казань і як не забывацца павінен блазан

Раніцай, калі я прачнуўся, абодвух пасцельнікаў-суцельнікаў ужо не было; я ўстаў, і калі ад’ютант узяў ключы да гарадское брамы, я ціхенька шмульнуў з дому да майго святара. Яму я расказаў усё, што са мною спрыгодзілася, як на небясех, так і ў пекле. Убачыўшы, як я яшчэ ўгрызаюся сумленнем, што, вось бач, столькіх бо людзей і асабліва майго пана ваджу за нос, прыкідваючыся блазнам, ён сказаў: “Не рабі сабе пустога клопату; дурны свет хоча, каб яго дурылі, дык і дуры, калі ў табе яшчэ захаваны здаровы розум, ужыві яго сабе на карысць і падзякуй Богу, што ты ўсё перацерпеў, а такі дар не кожнаму даецца. Уяві сабе, што ты, як той фенікс, з нярозуму праз агонь зноў паўстаў у розум, а значыцца, нанава нарадзіўся для людзкага жыцця. Але ведай пры гэтым, што пакуль што ты не маеш пэўняка, пакуль што з небяспекай для розуму ты ўвязнены ў гэтай блазенскай шапцы, схавайся пад ёю; час цяпер такі ліхі і хісткі, што ніхто не скажа, ці выцерабішся ты без стратаў і ў здаровай скуры. Лёгка ўскочыць у пекла, а дастацца з яго назад – вой, колькі намогі трэба, захакаешся, засапешся. Ты яшчэ невялікі, а не можаш абысці ўсіх небяспек, якія цябе чакаюць, як, можа, думаеш сабе; таму набярыся асцярогі і розуму, яны табе спатрэбяцца больш, чым калі ты не ведаў, што разумна, а што неразумна. Давер сябе апецы Божай, рупліва маліся, скарайся і цярпліва чакай перамены”.

Ягоная казань была наўмысна застрашлівая; нябось я нават падумаў, што ён проста чытаў з майго лоба, як я ганаруся, што так спрытна і хітра ўсіх абышоў і вылузаўся з небяспекі. А па твары ягоным бачу, што ўжо яму мяне досыць, што я яму надакучыў; ды і тое праўда, што яму з мяне? Таму я перамяніў гаворку і шчыра падзякаваў яму за добрыя лекі, якія ён мне даў, каб з панталыку не збіцца; я рабіў проста немагчымае, усё, чаго вымагала мая запазычанасць яму, каб заўдзячыцца і надалей, каб аплаціцца загадзя. Гэта яму ўлесціла і вывела яго на іншы лад; ён пачаў хваліцца сваімі лекамі і расказаў мне, што Сіманід Мелікус вынайшаў сродак, удасканалены з вялікімі намогамі Метрадорам Сцэпсіем, з дапамогаю якога ён можа вучыць людзей, што ўсё, што яны хоць калі чулі альбо чыталі, можна ўпакаваць у словы і паўтарыць слова ў слова; і гэта, сказаў ён, без тых падмацавальных лекаў, якія ён мне даў, было б немагчыма. “Ого, -- падумаў я, -- даражэнькі мой пане святару, яшчэ жывучы ў пустэльніка, я чытаў у тваіх кнігах зусім іншае пра тое Сцэпсіевае “мастацтва вывастрэння памяці”. Але я быў хітры і не сказаў нічога з таго, што быў падумаў, бо з таго часу, як мяне прызначылі дурнем, ва ўсім, што датычыла праўды, я стаў хітрэйшы і выказваўся сціпла і асцярожна. Ён, святар, пайшоў далей і сказаў мне, як Кір ведаў кожнага са сваіх 30 000 жаўнераў па імені, а Люцый Сцыпіён ведаў паіменна ўсіх грамадзянаў Рыма, а Кіней, Піраў пасол, на другі дзень пасля свайго прыезду ў Рым ужо ведаў імёны ўсіх консулаў і арыстакратаў. “Мітрыдат, цар Понта, -- сказаў ён, -- валадарыў над дваццаццю двума народамі і ўмеў гаварыць з кожным з іх іхняю ж моваю і з кожным паасобку, як піша Sabell. Lib. 107, cap. 9. Вучоны элін Хармід гаварыў па памяці кожнаму, хто што хацеў ведаць з любой кнігі ў бібліятэцы, калі толькі ён яе хоць раз прачытаў. Люцый Сэнэка мог назваць дзве тысячы імёнаў у тым парадку, як яму іх называлі, і, як сведчыць Равізій, прачытаць напамяць дзвесце вершаў двухсот вучняў па парадку і наадварот. Эздра, як піша Euseb. Lib. Temp. Fulg. Lib. 87, cap. 7, ведаў напамяць пяць кніг Майсея і мог слова ў слова падыктаваць іх пісцам. Фэмістокл вывучыў персідскую мову за год. Крас мог у Азіі гаварыць на пяці розных дыялектах грэцкай мовы і судзіў на іх сваіх падданых. Юлій Цэзар чытаў, дыктаваў і слухаў адначасова. Ужо і не казацьму пра рымлян Элія Адрыяна Лятронэ і іншых, скажу толькі пра святога Гераніма, што ён ведаў габрэйскую, халдэйскую, грэцкую, персідскую, мідыйскую, арабскую і лацінскую мовы. Пустэльнік Антоні навучыўся ўсёй Бібліі напамяць на слых, як яму чыталі. Як піша Cоlerus lib. 18, cap. 21 паводле Марка Антонія Мурэтуса пра аднаго карсіканца, той, выслухаўшы імёны шасці тысяч чалавек, мог хуценька паўтарыць іх усе ў правільным парадку.

Пра ўсё гэта я кажу, -- сказаў ён далей, -- каб ты не лічыў за немагчымае, што медыцына можа ўмацаваць чалавеку памяць і захаваць яе гэтак сама ж, як і рознымі спосабамі паслабіць яе альбо ж і зусім вытруціць, як піша Plinius lib. 7, cap. 24, самае дурное ў чалавеку – гэта ягоная памяць і што яна ад хвароб, пярэпалаху, парушэння, клопату і трывогі альбо зусім прападае, альбо ў значнай меры траціць сваю моц.

Так пра аднаго вучонага з Афінаў чытаем, што ўсё, чаго ён навучыўся, нават альфабэт, ён ураз забыў, калі на яго згары зваліўся камень. Другі ўпаў з вежы і забыўся ўсё чыста, што ведаў, нават імёны сваіх сяброў і найбліжэйшых родзічаў. Яшчэ адзін раз праз хваробу забыў імя свайго слугі, а Месала Карвінус, які меў выдатную памяць, не мог успомніць свайго ўласнага імя. Шрамганс піша ў “Fasciculo historiarum” fol. 60 гэтак сама бахвальна, як калі б пісаў сам Пліній, што адзін князь напіўся крыві са сваёй жылы і забыўся чытаць і пісаць, ва ўсім астатнім памяць не парушылася; а калі ён праз год на тым самым месц і ў той самы час зноў напіўся сваёй крыві, дык, як і раней, пачаў і чытаць і пісаць. Сапраўды верагодна, як піша Ёган Вірус у De praestigiis daemon. lib. 3, cap.18, што чалавек, з’еўшы мядзвежыя мазгі, упадае праз гэта у такія фантазіі, такія імажынацыі, быццам ён сам зрабіўся мядзведзем, што і даказваецца прыкладам з адным гішпанскім гідальгам, які зжэр мядзведжы мозак, бегаў па лесе і быў прызнаны за мядзведзя. Дарагі Сімпліцы, калі б твой пан ведаў гэтую штуку, ты мог бы абярнуцца ў мядзведзя, як Каліста, альбо ў быка, як Юпітэр”.

Святар яшчэ шмат чаго панарасказваў мне, даў яшчэ нейкіх лекаў і парадаў што да далейшых паводзінаў. І я пайшоў назад, а за мною зноў больш сотні падшыванцаў, якія беглі і мэмэкалі, як цяляты; таму мой пан, які толькі што ўстаў, падбег да акна і, убачыўшы столькі блазнаў адразу разам, зрабіў сабе добрую ласку сардэчна парагатаць.

РАЗДЗЕЛ ДЗЯВЯТЫ

Сімпліцы пекнасць дамы ўзвышае і ўсіх за сталом да слёз пацяшае

Як толькі я вярнуўся дахаты, адразу мусіў ісці ў святліцу, бо ў майго пана якраз гасцявала нейкая шляхетная баба, якой закарцела паслухаць і пабачыць новага панавага дурня. Я ўвайшоў і застыў, як нямко, а таму той пані, якую напярэдадні я быў прыхапіў у танцы, даў добрую падставу сказаць, што вось жа бачыце, а не казала я вам? – гэтае цяля ўмее гаварыць, а цяпер бачу, што памылілася. Я адказаў: “А я дык вось чуў, што малпы не ўмеюць гаварыць, ды вось чую і бачу, што як рыхтык і я памыліўся”. – “Што, -- сказаў мой пан, -- ты думаеш, гэтыя дамы – малпы?” Я адказаў: “Калі і не, дык неўзабаве будуць; хто ведае, як яно ўсё абернецца; я ж таксама ніколі не думаў, што стану цялём, а вось жа – наце!” Мой пан спытаўся, з чаго, на мой клёк, вынікае, што дамы будуць малпамі. Я адказаў: “У нашае малпы голая задніца, а ў гэтых паняў – ужо голыя грудзі; тым часам прыстойныя дзяўчаткі іх прыкрываюць”. – “Дурное шалота-балота, -- сказаў мой пан, -- ты дурное цяля і па-цялячы дурное пляцеш. Гэтыя дамы паказваюць якраз тое, што варта падзівавання, а малпа з галотнасці сваёй галым-голая ходзіць. Пакуль не позна, адкупі свой грэх, інакш будзеш біты і ў катуху зацкаваны сабакамі, як гэта бывае з наравістымі цялятамі. Паслухаем, а ці ўмееш ты пахваліць даму, апісаць яе прыгажосць, як належыцца?” На гэта я агледзеў даму з галавы да ног і назад з ног да галавы, паглядзеў на яе так пільненька і любоўна, быццам хацеў ажаніцца з ёю і яшчэ раз абхапіцца, нарэшце сказаў: “Пане, ведаю, у чым пахіба; вінаваты ва ўсім злодзей-кравец; тую столку, якая павінна быць на шыі і закрываць грудзі, ён начапіў знізу да спадніцы, таму яна так і валачэцца; рукі паабсякаць такому краўцу, калі не ўмее пашыць як след. Дзева, -- сказаў я ўжо ёй самой,-- скінь з сябе, каб людзей не палохаць, як страхалюдзіна якая, знайдзі краўца майго татуся, і хай ён табе скроіць як трэба, яго звалі майстар Паўлюк; ён выдатна шыў маёй мамці, Ганцы і нашай Урсульцы прыгожыя, з хвандамі спаднічкі, знізу ўсе такія роўненькія, не валачыліся, як у цябе, па зямлі, гаўна не замяталі, як у цябе. Ага ж, ты не ўяўляеш сабе, як хораша ён шыў нават апошнім шлюхам, а глядзеліся ж – як маляваныя паненкі”. Мой пан спытаўся, можа, татусевыя Ганка і Урсулька былі прыгажэйшыя за нашу даму. “А не скажы, мой пане! – сказаў я. – У гэтай дзевы валасы такія жоўтыя, як калі б малое дзіцятка захляпалася, а на галоўцы прадзела, каб ішлі вошы на дзела – такое беленькае і роўненькае, нібы яго са свіное шчэці наклалі, у яе валасы так прыгожа закачаныя, што як усё роўна цурочкі дыму з люлькі альбо як бы калі б пані падвесіла з кожнага боку па пары фунтаў свечак альбо па тузіне сырое каўбасы. Ах, падзівіцеся толькі, які ў яе прыгожы і гладзенькі лоб; а выпуклены ж, а файненькі ж, як той чэрап, што шмат гадоў правісеў на дажджы і ветры! Вось толькі шкада, што далікатная скура ў пані так запэцкана пудрай, бо калі людзі пабачаць, якія ў гэтым не разбіраюцца, дык яны ж могуць падумаць, што паню паршыўка абсела і сыплюцца пархі; гэта тым болей шкада, што ў пані такія бліскучыя вочы, якія чарнатою больш іскрацца, чым сажа ў майго татуся ў адчыненай печы, якая так страшэнна блішчала, калі Ганка стаяла каля яе са жмутам саломы і распальвала, і свяцілася так, быццам гэта быў агонь на распал свету. Яе шчочкі такія пекна ружовыя, але не так вогненна-чырвоныя, як тыя новыя стужкі, якімі швабскія фурманы з Ульма абшылі нядаўна штаны і кішэні. А чырвань высокая, я б сказаў нават – пурпура, якая ў яе на вуснах, далёка пераўзыходзіць такую фарбу, і калі яна выскаляецца альбо гаворыць (прашу, хай пан толькі вокам кіне!), вы бачыце ў яе вуснах два радочкі зубоў, такіх прыгожых белых шнурочкаў, падобных на цукар, быццам яны выразаныя з кавалка белай рэпы. О дзівоснае дзіця, не думаю, што камусьці забаліць, калі ты імі ўкусіш! І шыя ў яе такая бялюткая, як добра выстаялае кіслае малако, а яе цыцачкі, што ўклаліся ніжэй, такія самыя беленькія і, далібог жа, такія пругкія і тугенькія, як казінае вымя, што пухне ад малака. Яны, канечне ж, не такія абвіслыя, як у тых старэч, што надоечы апратвалі мне маю паню Фэ, калі я быў на небе. Ах, пане, падзівіцеся на яе ручкі і пальчыкі, яны такія тоненькія і доўгія, такія далікатныя, такія зграбныя і такія спрытна-ўвішныя, як у цыганкі, калі тая шнарыць па кішэнях, каб што-небудзь сцібрыць. Але што гэта ў параўнанні з усім яе целам, якога, на жаль, я не бачу! Ці ж яно не такое далікатнае, тоненькае, шчупленькае і шчыгульненькае, як калі б яна цэлых восем тыдняў запар, не прасыхаючы, дрыстачкаю бегала”. Тут грымнуў такі рогат, што больш ужо ніхто мяне не слухаў, а я гаварыць не мог, і з гэтым я даў лататы, як галандзец з поля бою, -- задаволены сабою, -- і хай сабе мяне лічаць дурнем, колькі ім улезе.

РАЗДЗЕЛ ДЗЯСЯТЫ

Сімпліцы пра тое, чаму такі падкі плюгавы нашчадак на тытулы й спадкі

Пасля абедалі, і я зноў адважна выступіў, бо я пастанавіў сабе выстаўляць усе глупствы і караць усякую марнасць, пахібнасць і пыху, на што вельмі прыдаваўся мой тагачасны стан; не было нікога за сталом, каго я не мог бы ўпікнуць і ўшчыкнуць за ягоную загану і патузаць, і калі катораму гэта было не даспадобы, дык у дадатак яго альбо яшчэ і высмейвалі іншыя, альбо мой пан заяўляў, што мудры чалавек не павінен гневацца на блазна. Кручанага фэндрыка, майго заклятага ворага, я хуценька вывалак на святло і пасадзіў-такі на асла. А першы, хто па знаку майго пана паспрабаваў запярэчыць і выставіцца з розумам, быў сакратар, бо калі я назваў яго кавалём тытулаў і, высмейвючы марнасць тытулаў, спытаўся, як бы ён патытулаваў прабацьку людзей, ён адказаў: “Ты гаворыш, як неразумнае цяля, бо не ведаеш, што пасля нашых прабацькоў жылі розныя людзі, якія за свае рэдкія цноты, такія як мудрасць, мужчынская адвага і вынаходства прыгожых мастацтваў, увысакароднілі сябе і свой род аж так, што ўзвысіліся з усіх людзей над зямнымі рэчамі, нават над зоркамі да самых багоў. Калі б ты быў чалавек альбо калі б ты, прынамсі, як чалавек, чытаў гісторыю, ты зразумеў бы і розніцу, якая паўстала паміж людзьмі, і адпаведна гэтаму ўмеў бы кожнаму даваць пачэсны тытул; з увагі ж на тое, што ты цяля і няздатны ці няварты на чалавечую пашану і гонар, дык і вярзеш пра ўсё як дурное цяля і не аддаеш высокаму роду таго, што ёсць яго радасць і шчасце”. Я адказаў: “Я быў чалавекам, як і ты, я многа чытаў, а таму магу меркаваць, што альбо ты няправільна разумееш свой гешэфт, альбо маеш інтэрас гаварыць інакш, ніж думаеш. Скажы мне, якія такія цудоўныя чыны, якія такія пахвальныя здольствы і мастацтвы прыдуманы, якія былі б дастатковыя, каб увысакародніць і праславіць імёны цэлага роду на сотні і сотні гадоў наперад пасля смерці тых герояў і мастакоў? Ці ж сіла герояў і мудрасць умельцаў і высокі розум не памерлі разам з імі? Калі ты гэтага не разумееш і якасці бацькоў пераносіш на спадкаемцаў-дзяцей, дык я мушу падумаць, што тваім бацькам быў тунец-дурнец, а маці – камбала пляскатая”. – “Ха, -- адказаў сакратар,-- калі ўжо ў нас з табою на тычкі-смехі пайшло, дык я магу табе закінуць, што твой татусь быў тупагаловы шпэсэрцкі халоп, і хоць на тваёй радзіме і ў тваім родзе шмат вялікіх галганаў, ты, аднак, дужа здрабнеў, калі дажыўся да стану неразумнага цяляці”. – “Маеш рацыю, вось тут я цябе і дастаў, -- адказаў я, -- гэта якраз тое, што я й кажу, -- менавіта бацькоўскія цноты не перадаюцца дзецям, і якраз таму дзеці не вартыя бацькоўскіх тытулаў. Што да мяне, дык не ганьба мне цялём быць, бо гэтым самым у гэтай вось скуры я пашанаваны гонарам кіравацца прыкладам магутнага цара Навухаданосара. Хто ведае, можа, якраз гэта ўпадабаецца Богу, калі я, як і цар, зноў стану чалавекам, ды нават, можа, большым, чым быў мой татусь? Я слаўлю тых, якія якраз сваімі цнотамі дасталіся да вышыні ў родзе”. – “Сказана – яшчэ не ўстаноўлена, -- сказаў сакратар, -- што дзеці не могуць спадкаваць ганаровых тытулаў сваіх бацькоў, і ты павінен прызнаць і неаспрэчна даказаць мне, што вартыя ўсялякай пахвалы тыя, якія ўвысакародніліся дзякуючы сваім высакародным учынкам. А калі так, дык з гэтага вынікае, што па праве шануюцца і дзеці, бо яблык падае недалёка ад яблыні. Хто з нашчадкаў Аляксандра Вялікага, калі б каторае засталося жывое, не хацеў бы праславіцца ваеннай адвагай сваіх продкаў? Гэты праявіў сваю прагу змагацца ў маладосці, калі яшчэ быў няздольны трымаць зброю, сваімі жальбамі, што бацька ягоны ўсё паваюе і нічога яму не застанецца. Хіба ж не скарыў ён цэлы свет да сваіх трыццаці гадоў і ці не насыціўся подзвігамі? Хіба ў бітве з індусамі, калі яго пакінулі свае, не спацеў ён ад гневу крывавым потам? Хіба не палала аблічча ў яго, быццам абкладзенае полымем, што аж перапалоханыя барбары мусілі адступіць? Хто не ўшануе яго і не паставіць над іншымі людзьмі, калі нават Квінт Курцый сведчыць пра яго, што дыханне яго пахла бальзамам, яго пот – піжмай, а яго мёртвае цела каштоўнымі духмянасцямі? Я тут мог бы яшчэ зацытаваць Юлія Цэзара і Пампея, з якіх першы, апрача перамогаў у грамадзянскіх войнах, пяцьдзесят разоў выступаў у адкрытым полі і паклаў 152 000 ваяроў. А другі апрача 876 адабраных у марскіх піратаў караблёў захапіў і ўпакорыў 876 гарадоў і сёлаў ад Альпаў да Гішпаніі. Пра славу Марка Сэргія я ўжо памаўчу і толькі вокаўзам згадаю пра Луцыя Сіка Дэнтата; ён быў цэхавы старшыня ў Рыме, калі Спурый Турпэй і Аўл Этэрній былі бургамістрамі. Гэты вызначыўся ў 110 бітвах і восем разоў перамагаў тых, хто яго выклікаў на бой; ён мог паказаць 45 шнараў ад ран, якія ён атрымаў, як мужчына, у грудзі і ніводнай у спіну; з дзевяццю камандуючымі хадзіў ён з трыумфам у паходы і ў кожным па-геройску вызначыўся. А ваенная слава Капіталінія Мантлія не была б меншая, калі б напрыканцы свайго жыцця ён яе сам не панізіў; бо ён мог бы таксама паказаць яшчэ 33 шнары ад ранаў, не лічачы таго, што ён адзін утрымаў, уратаваў ад галаў Капітолій з усімі яго скарбамі. А біблійныя героі Ясія, Давід, Ёаў, Макавеі і многія іншыя, з якіх адны здабылі зямлю абяцаную, а другія зноў жа далі ёй свабоду? Item, асілкі Геркулес, Тэзей і іншыя, пра якіх расказаць немагчыма, а іх несмяротную славу не апішаш ніякімі словамі! Ці ж не павінны яны быць ушанаваныя і ўслаўленыя ў нашчадках?

Але пакінем збройнае і звернемся да мастацтваў, якія хай, можа, крыху менш уражваюць, але тым часам праславілі сваіх выдатных адэптаў. Якую выспрытненасць мы бачым у Зэўксіса, які, дзякуючы сваёй умельскай галаве і здатнай руцэ, ашукаў птушак у паднябессі? Item, у Апелеса, які намаляваў Венеру так натуральна, так прыгожа, так субтыльна, так далікатна і мякка ва ўсіх лініях, што маладыя хлопцы кахалі яе, намаляваную? Плутарх піша, што Архімед адной рукою і адной вяроўкай уцягнуў сіракузцам на торжышча вялізны карабель, нагружаны таварам, так лёгка, быццам вёў уючную жывёлу, чаго не маглі б адужаць дваццаць валоў, не кажучы пра падобных на цябе цялят. Хіба гэтыя спрытныя здольнікі не павінны быць упачціўлены ганаровым тытулам, вартым іхняга мастацтва? Хто не хацеў бы вылучыць і ўславіць перад іншымі людзьмі тых, якія персідскаму цару Сапору выштукавалі шкляны посуд, які быў такі шырокі і высокі, што цар мог сядзець усярэдзіне яго і бачыць пад сабою, як усходзяць і заходзяць свяцілы нябесныя? Альбо ж ці не мае быць увяльбёны Архіт, які рабіў такіх драўляных галубоў, што яны, як жывыя птушкі, маглі лётаць у паветры? Альбертус Магнус выкаваў галаву, якая ясна вымаўляла разумныя словы. А яшчэ ж і Мемнонісаў слуп, як толькі азарала яго ранішняе сонца, выдаваў зычны, чысты голас. Ужо памянёны Архімед зрабіў люстра, якім спаліў у моры варожыя караблі. Так і Пталамей згадвае пра адно такое цудоўнае люстра, якое паказвала ў сабе столькі твараў, колькі ў дні было гадзін. Хто не назаве высакароднай руку таго пісца, які, як сведчыць Пліній, перапісаў Гамераву “Іліяду”, у якой 100 000 вершаў, на такім шматку паперы, што яго можна было ўмясціць у арэхавай шкарлупіне. Іншы ўмелец зрабіў такі дасканалы з усім належным рыштункам карабель, што яго можна было схаваць пад крыло пчалы. А хто адмовіцца ўславіць таго, хто першы прыдумаў літары? Так, хто шматкроць не паставіць над усімі мастацтвамі таго, што вынайшаў высакароднае і ўсяму свету ў найвышэйшай ступені карыснае мастацтва друкавання кніг? Калі Цэрэя, а гэта ж яна першая прыдумала рольніцтва і млыны, лічылася багіняй, чаму ж тады было б несправядліва ўславіць яе ганаровымі тытуламі за іншыя заслугі? Праўда, гэта не залежыць ад таго, ці здолееш ты сваімі ялавічнымі мазгамі ўцяміць гэта ці не. У цябе розуму не як кот наплакаў, а вунь жа – як у таго сабакі, які ляжаў на капіцы сена і не падпускаў да яе вала, бо сам не мог тое сена есці. Ты не варты ніякай пашаны і менавіта з гэтай прычыны адмаўляеш у гэтым праве тым, хто пашаны варты”.

Убачыўшы, як мяне ўелі, я адказаў: “Выдатныя гераічныя подзвігі заслугоўвалі б самай высокай учты, калі б яны не неслі іншым людзям пагібелі ці шкоды. Чаго вартая слава, якая замарана нявінна пралітай крывёю людзей? І што гэта за высакародства, якое было прыдбана і замацавана пагібеллю многіх тысяч людзей? Што да мастацтваў, дык што гэта як не суцэльная марнасць і блізір? Так, яны такія ж пустыя, пыхлівыя і непатрэбныя, як і самыя тытулы, калі ўладальнікі іх спаганяюць з іх карысць; бо альбо ж яны служаць сквапнасці альбо псоце іншых людзей, як тыя страшныя штуковіны, якія я нядаўна бачыў на вазах. Без кнігадрукавання і кніг людзі яшчэ неяк абышліся б, паводле думкі і меркавання аднаго святога мужа, які сказаў, што сам белы свет ёсць яму дастатковая кніга, каб дзівавацца з цудаў ягонага Творцы і спазнаваць па ёй Божую ўсемагутнасць”.

РАЗДЗЕЛ АДЗІНАЦЦАТЫ

Сімпліцы гаворыць пра цяжкі лёс пана, якому вялікая ўлада прыпала

Мой пан хацеў таксама падасціпнічаць і сказаў: “Бачу, не дастаўшыся да шляхецтва, ты пагарджаеш тытуламі”. Я адказаў: “Пане, калі б з гэтай хвіліны я заняў тваё пачэснае месца, дык і тады тытула не прыняў бы!” Мой пан засмяяўся і сказаў: “Веру, веру, бо валу смакуе толькі аўсяная салома; калі б, аднак, асягнены высокім розумам, як шляхетныя асобы, ты рупліва прабіваўся б і да высокае чты і да шаноўлі. Я, прынамсі, за марнасць не лічу, калі шчасце ўзносіць мяне над іншымі”. Я ўздыхнуў і сказаў: “Ах, ты мой дабрамыснічак! Ах, дабрашчаснасць ты мая мазольная! Пане, я пабажуся табе, што ў Ханаў ты самы няшчасны гаротнік”. – “Як гэта! Чаму? Цяля, -- сказаў мой пан, -- адкрый жа мне сакрэт і прычыну, бо я ж і не ведаю”. Я адказаў: “Калі ты не ведаеш і не адчуваеш, што ў Ханаў ты губернатар і таму абкладзены турботамі і клопатамі, дык альбо цябе засляпіла вялікая пыха і прага да пашаны, якое і без таго шмат маеш, альбо ты жалезны і адчуваць не можаш, ты толькі загадваеш, а кожны, кто табе на вочы ўскінецца, мусіць толькі слухацца. А ці задарма яны так прагінаюцца? Ці не ты слуга ўсіхны? Ці не ты павінен дбаць пра кожнага з іх? Глянь, сёння ты з усіх бакоў абложаны ворагамі, і захаванне гэтай крэпасці ляжыць на тваіх адзіна плячах, ты павінен думаць, як бы гэта дакласці шкоды непрыяцелю, і пры гэтым павінен дасачыць, каб твае намеры не раскрыліся. Ці ж не даводзіцца табе часам і самому пастаяць у каравуле, як простаму жаўнеру? Апрача гэтага, табе трэба пераймацца, каб не было няхваткі грошай, амуніцыі, страўнасці і людзей у войску, і з гэтай прычыны ты мусіш усю краіну трымаць на кантрыбуцыі пад пастаянным наглядам і ў страху. Пашлеш людзей, а яны рабуюць, плюндраць, крадуць, паляць і забіваюць – гэта іхняя праца; вось жа і нядаўна яны зруйнавалі Орб, занялі Браўнфэльз і Штадэн ды ўсё і пусцілі дымам. Яны, праўда, мелі з таго сваю карысць, а ты толькі прымеш цяжкую адказнасць перад Богам. Я дапускаю, што разам з гонарам і славай перападае табе і пажытак; але ці ведаеш ты, хто мецьме найбольшую выгоду з тых скарбаў, якіх ты назбіраў? А калі б гэтае багацце і дасталася табе, што, зрэшты, вельмі малаверагодна, ты ўсё адно пакінеш яго на зямлі і не возьмеш з сабою нічога, апрача грахоў, якія гэтым збіраннем прыдбаў. Але калі пашчасціць табе ўжыць сабе на карысць багаты луп, дык гэтым самым ты мантачыш пот і кроў убогіх людзей, якія сёння церпяць галечу і нястачу альбо і зусім прападаюць і мруць з голаду. О, як як часта я бачу, што думкі твае рассейваюцца ад цяжкай пасады тваёй, а вось я і іншыя цяляты, дык жа зусім наадварот, спім спакойна без ніякіх турботаў. А калі ты гэтага не рабіцьмеш, дык можаш паплаціцца галавою, як што нечагась не дагледзіш, нешта ўпусціш з таго, што мае быць зроблена для захавання падначаленага табе войска і крэпасці. Падзівіся ж, мне такі клопат не абыходзіць! Бо я ведаю, што прыродзе я абавязаны вярнуць толькі сваю смерць, я і не баюся, што нехта прыступам возьме мой хлеў, і мне не трэба вечна расшарквацца за сваё жыццё. Памру я малады, дык усё адно мяне абыдзе цяжкае ярмо вала; а тваёй пагібелі прагнуць і дамагаюцца тысячамі спосабаў. Таму ўсё тваё жыццё не што іншае, як заўсёдны клопат і бессань, бо трэба табе баяцца і ворагаў і сяброў, а яны ж, несумненна, задумай ты зрабіць нешта інакш, чым робіш, пачнуць намышляць, як цябе пазбавіць альбо жыцця, альбо грошай, альбо рэпутацыі, альбо каманднай пасады, альбо яшчэ чорт яго ведае чаго. Твой вораг падкопвае цябе адкрыта, а закадычныя прыяцелі-захрыбетнікі зайздросцяць твайму шчасцю спадналуску; ад сваіх падданых ты таксама, лічы, не ўбяспечаны. Я ўжо не кажу пра тое, як цябе штодня даймае, ганяе з месца на месца твая пякучая туга, калі ты думаеш, як зрабіць яшчэ большымі імя і славу, падняцца вышэй у вайсковым стане, сабраць больш багацця, апанаваць ворага сваім умельствам і падмяць яго пад сябе, захапіць знянацку які горад і сплюндрыць яго і in summa зрабіць амаль усё, што пляжыць іншых людзей і шкодзіць тваёй душы і ўсяляк супрацівіцца Божай волі. Але што самае прыкрае, гэта тое, што ты так спачвараны сваімі ж пахлебцамі, аж і сам сябе ўжо не ведаеш, бо так змардаваны і атручаны, што, ідучы па нябеснай дарозе, не бачыш яе; а ўсё, што ты робіш, яны люта ненавідзяць і ўсе твае заганы абвяшчаюць цнотамі, тваю зласлівасць -–справядлівасцю, і калі ты дазваляеш рабаваць і зняхайваць людзей і краіну, дык яны кажуць, што ты бравы служака, падбухторваюць цябе рабіць псоту і шкоду іншым людзям, каб утрымаць ласку і ўпадабанне ды заграбаць пад сябе ўсё болей і болей”.

“Ах ты, нехлямяга, ах ты, неабольнік, ах ты, агуднік! – закрычаў мой пан. – Хто навучыў цябе так языком бразгаць?” Я адказаў: “Даражэнькі паночку, ці ж я няпраўду сказаў, што ты так спачвараны сваімі крытыкамі і шаптунамі і… (s.v.) гаўнаедамі, аж бо ўжо табе і рады не дасі? Тым часам людзі вельмі добра бачаць твае заганы і пахібы ды судзяць пра цябе не толькі па тваіх вынёслых і важных справах, але і ў тваіх простых учынках знаходзяць шмат чаго, каб дакараць і асуджаць. Ці ж не мала табе прыкладаў з высокімі славутымі асобамі, якія жылі за даўніх часоў? Афіняне наракалі на Сіманіда толькі за тое, што ён гаварыў надта гучна; фіванцы скардзіліся на свайго Панікула, што ён пляваў; спартанцы лаялі свайго Лікурга за тое, што ён вечна хадзіў, унурыўшы голаў; рымляне думалі, што Сцыпіёну вельмі дрэнна таму, што ў сне ён моцна хроп; ім здавалася агідным, калі Пампей пачухваўся толькі адным пальцам; Юлія Цэзара яны высмейвалі за тое, што не ўмеў прыгожа заперазаць пояс; утыцейцы плявузгалі на свайго добрага Катона за тое, што ён, як ім здавалася, занадта прагна еў, за абедзве шчокі; а карфагенцы ліхасловілі Ганібала, што той ходзіць, бачыце, расхрыстаны і з голымі валасатымі грудзьмі. Як табе здаецца цяпер, што я памяняюся з тым, хто, маючы дванаццаць альбо трынаццаць застольнікаў, падлізнікаў, лісахвостаў ды прыматкабожаных падсуседаў, мае больш за сто альбо, дапусцім, больш за дзесяць тысяч тайных альбо яўных ворагаў, плявузнікаў і зайздрослівых незычліўцаў? А яшчэ якое шчасце, радасць і ўцеха галаве, пад аховай якой, у клопаце і даглядзе якой жыве столькі народу? Ці ж не трэба, каб ты сам над усімі імі чуваў, турбаваўся пра іх і ўбольваўся душою, выслухваючы ад кожнай скаргі і ўсялякія бздуры? Ці ж аднаго гэтага не дастаткова, каб агрэбціся і ад непраталяў і ад сяброў? Бачу, як табе гэта бывае непрыемна і колькі ўсякай халеры на цябе кладзецца. Дарагі пане, чаго ж урэшце варціцца тая аддзяка табе? Скажы мне, што ты маеш з яе? Калі ты гэтага не ведаеш, дык хай табе скажа грэк Дэмасфен, які, пасля таго як ён, на агульную карысць усталяваўшы ў Афінах права і законнасць, адважна ацаляў і абараняў той закон, сам супрацьзаконна і несправядліва пазбыўся ўсіх правоў як чалавек, які дапусціў грознае злачынства і быў высланы з краіны і ўкінуты ў галечу. Сакрату было аддзячана атрутай; Ганібалу так адплацілі свае ж прыяцелі, што ён у страшэннай нэндзы мусіў выправіцца ў свет, уцякаць і бадзяцца, як валацуга і туляга. А як заплацілі рымляніну Камілу, грэку Лікургу і Салону – першага з іх пабілі камянямі, другога, спярша выкалупаўшы яму вока, выгналі як забойцу з краіны. Сама гэтак і Майсей і іншыя святыя мужы зведалі ятру, шаленства і лютасць чэрні. А таму заставайся, паночку, пры сваёй пасадзе і пэнсіі, якую мецьмеш з яе; бо калі ў цябе ўсё абыдзецца, калі ўсё і закончыцца дабром, дык не атрымаеш з таго сабе анічога, акрамя ліхога сумлення. Калі ж ты захочаш паслухаць голасу свайго сумлення, дык, як чалавека няздатнага, цябе сапхнуць з тваёй пасады, нібыта ўжо і ты сам сцяляціўся”.

РАЗДЗЕЛ ДВАНАЦЦАТЫ

Сімпліцы бліскуча прыкладвае голаў да мазгоў “неразумных” жывёлаў

Падчас усяго майго дыскурсу ўсе госці глядзелі на мяне і дзіву даваліся, што я выказваю такія думкі, як яны лічылі, пахвальныя нават у разумнага чалавека, калі б той так з ходу выступаў і гаварыў так мудра. А я закончыў, сказаўшы: “Таму вось, мой любасны пане, я і не хачу з табою мяняцца! Зрэшты, і патрэбы ў гэтым ніякай няма, бо крыніцы даюць мне здаровае пітво замест тваіх дарагіх вінаў, а той, каму заўгодна было пакінуць мяне ў стане цяляці, павінен умець дабраславіць мне на спажытак і плады зямныя так, каб яны мне, як Навухаданосару, не сталіся залішне нястраўнымі ў спажыванні і падтрыманні імі майго жыцця. Так, прырода яшчэ дала мне прыгожую футру, якая цябе, пэўна, проста гідзіць, віно чмурыць табе галаву і даводзіць да той ці іншай хваробы”.

Мой пан адказаў: “Не ведаю, што я ў табе знайшоў; як на цяля ты мне здаешся занадта разумным; я мяркую, пад тваёй цялячай скурай павінна быць яшчэ скура добрага прайдохі”. Я абурана ўгневаўся і сказаў: “Дык вы, людзі, думаеце, што мы, жывёлы, зусім ужо дурныя? А й не думайце і не мысліце. Я лічу, што калі б старэйшыя за мяне жывёлы ўмелі, як я, гаварыць па-чалавечы, вой бы яны вам утнулі. Калі вы нас зусім за дурных маеце, дык скажыце мне, хто навучыў дзікіх лясных галубоў, соек, жоўнаў і курапатак, як ім ачышчацца лаўровым лісцем, а галубоў, горлінак і курэй – святаяннікам. Хто вучыць сабак і катоў есці росную траву, каб ачысціць перапоўнены жывот? А чарапах, каб яны лячыліся ад укусаў змеяў бледнай паганкай, а параненага аленя – бадзянам і дзікім палеем? Хто навучыў суслікаў, каб ужывалі руту, калі на іх нападае кажан або які гад? Хто навучыў дзікоў пазнаваць плюшч, а мядзведзяў мандрагору і падказаў, што гэта прыдатна ім на добрыя лекі? Хто параіў арлу знайсці арліную скалу, каб класці там свае яйкі? І хто даўмеў ластаўку лекаваць хворыя вочы сваім птушаняткам чысцікам? Хто настрэнчыў гадзюку, што калі падаспее пара скідаць скуру, дык, каб высвеціць пагаслыя вочы, трэба есці фенхель і кроп? Хто вучыць бусла клісціравацца, пелікана адчыняць сабе жылу, а мядзведзя дазваляць пчолам пускаць яму кроў, ці, так бы мовіць, -- ставіць яму банькі? Што? Ды я толькі настойваю, што вы, людзі, усе вашыя мастацтвы і ўмельствы перанялі ў нас, жывёл! Вы жараце і п’яце да ўпаду і да смерці; а мы, жывёлы, гэтага не робім. Леў альбо воўк, калі лішне ўтлусцее, посціцца, аж пакуль зноў не стане худы, свежы і здаровы. Хто ж тады мудрэйшы? А падзівіцеся на птаства нябеснае! Паглядзіце, як па-рознаму ў іх складзены іх цудоўныя гнёзды! А як што ніхто з людзей не ўмее пераймаць іх у працы, дык вы павінны прызнаць, што ўсе яны разумнейшыя і здольнейшыя за вас, людзей. Хто кажа летнім птушкам, калі ўвесну ляцець да нас з выраю і выседжваць дзетак, а пад восень, калі зноў трэба ляцець у цяпло? Хто назначыў ім зборнае месца? Хто вядзе іх альбо хто ім паказвае дарогу, альбо ж, можа, вы, людзі, пазычаеце ім компас, каб яны з дарогі не збіліся? Не, мілыя людцы, яны і без вас ведаюць свае дарогі, і колькі ім па іх вандраваць, і калі і з якога месца адлятаць, ім не патрэбныя ні вашы компасы, ні календары. А то яшчэ паглядзіце на рупліўца-павука, яго ж тканіна – гэта чысты цуд, подзіву варты! Паглядзіце ж, ці знойдзеце вы ў яго творы хоць адзін вузельчык! Які такі лавец альбо рыбак вучыў яго, як трэба напінаць сетку, а пасля падпільноўваць сваю дзічыну ў самым бяспечным куточку альбо ў самым цэнтры? Вы, людзі, ахаеце з крумкача, пра якога Плутарх сведчыць, што, каб дастаць вады з паглыблення, ён кідае туды столькі камення, пакуль вада не падымецца і ён тады ўсмак нап’ецца, Што вы рабілі б, калі б жылі сярод звяроў і назіралі за іх паводзінамі, учынкамі і вынікамі іх дзеянняў? Мабыць, прызналі б, што звяры маюць нейкія свае прыродныя сілы і цноты, што выяўляюцца ва ўсіх іхніх affectus animi* і схільнасцях духу – абачлівасці, асцярожлівасці, моцы, самазапабеглівасці, мяккасці, баязлівасці, дражлівасці, улеглівасці, дзіклівасці, здольнасці вучыць і вучыцца; адзін звер ведае другога, яны адрозніваюцца адно ад аднаго, дападаюць да таго, што ім найбольш карыснае, унікаюць шкоднага, уцякаюць ад небяспекі, збіраюцца разам, калі гэта спрыяе пракорму, а часам нават дураць вас, людзей. Ці не таму старыя філосафы сур’ёзна ўзважвалі ўсё гэта і не саромеліся распытвацца і дыспутаваць – ці ёсць розум у неразумных жывёл. Але што пра гэта доўга разводзіць! Мудры цар Саламон пасылае вас да нас ц школу, кажучы ў “Прыпавесцях”, 30: “Вось чатыры малыя на зямлі, але яны мудрэйшыя за мудрых: мурашкі – народ не дужы, але ўлетку назапашвае ежу сваю; горныя мышы – народ слабы, але ставяць дамы свае на скале; у саранчы няма цара, але выступае ўся яна роўна; павук лапкамі чапляецца, але бывае і ў царскіх харомах”.

Але я не буду далей гаварыць пра такія рэчы; ідзіце да пчол і падзівіцеся, як яны робяць соты і мёд, а тады ўжо скажыце мне, што вы пра ўсё гэта думаеце”

* Душэўныя хваляванні (лац.).

РАЗДЗЕЛ ТРЫНАЦЦАТЫ

Сімпліцы расказвае шмат; вы б ведаць хацелі, пра што? – прачытайце ў гэтым раздзеле

Пасля гэтай маёй прамовы ў панавых застольнікаў былі самыя розныя меркаванні пра мяне. Сакратар стаяў, што мяне трэба лічыць не кепам, а дурнем, раз я і сам сябе выдаю за неразумную жывёлу, бо тых, каму не хапае клёпкі ў галаве, усё-такі маюць сябе за разумных, а насамрэч бываюць такія прыбзікнутыя, што проста чыстае дзіва дзівіцца на іх. А іншыя – што каб не гэтыя мае фантазіі і ўявы, быццам я – цяля, альбо калі б уталкаваць мне, што я не цяля, а што зноў зрабіўся чалавекам, дык чаму ж? – можна пагадзіцца, што я дастаткова дасціпны і вынаходлівы хлопец. А мой пан сказаў: “Што да мяне, дык ён дурань, бо не баіцца казаць кожнаму праўду ў вочы; і разам з тым ягоныя дыскурсы такія дасціпныя, што як і не дурным казаныя”. І ўсё гэта яны гаварылі на латыні, каб я не зразумеў. Ён спытаўся ў мяне, ці прайшоў я якія штудыі за часы, калі быў чалавекам. Я не ведаў, што такое “штудыі”, і адказаў: “Але ж, дарагі пане, скажы мне, што гэта за “штуды” такія, што іх праходзіць трэба? Можа, так ты называеш кеглі, якія ўвогуле трэба збіваць?” На гэта адказаў кручаны фэндрык: “Ну, чаго вы хочаце ад гэтага хлопца, у ім д’ябал засеў, гэта той, у ім седзячы, брэша ўсялякія талабасы”. Гэта дало зачэпку майму пану папытацца ў мяне, ці, зрабіўшыся цялём, малюся я, як іншыя людзі, і ці спадзяюся спадобіцца нябеснай даброці. “А то як жа, -- адказаў я, -- я ж яшчэ маю несмяротную чалавечую душу, якую, як ты можаш лёгка здагадацца, не забраў яшчэ нуд па тваім пекле хоць бы таму, што ўжо аднаго разу мне там не дужа добрая дагода выйшла. Я толькі змяніўся, як калісьці Навухаданосар, але, можа, сваім часам я яшчэ зноў на чалавека выпнуся”.—“Я табе гэтага вельмі зычу”, -- сказаў мой пан, уздыхаючы, з чаго я лёгка мог вывесці, як ён раскайваецца, што зрабіў з мяне блазна. “Але ж пакажы нам, -- сказаў ён далей, -- як ты молішся?” Тут я адразу ўкленчыў, узвёў вочы і рукі да неба, як гэта рабіў пустэльнік, і як што панава літасць, якое я не мог не заўважыць, напоўніла мне сэрца уцехай і жалем, я не мог стрымаць слёз: я маліўся, як усім было відаць, са шчырай пабожнасцю, я казаў “Войча наш” за даброці ўсяму хрысціянству, за маіх сяброў і ворагаў і каб Гасподзь Бог даў мне жыць у ягоным царстве так, каб я быў годны славіць яго ў вечным шчасці, балазе, мой пустэльнік навучыў мяне патрэбным пабожнасцям. Ад гэтага некаторыя размяклыя сэрцам госці-гледачы ледзь не заплакалі ўголас ад шчырай спагады мне; нават майму пану слёзы нагарнуліся на вочы, і, як мне здалося, сам засаромеўся іх і перапрасіўся, кажучы, што, маўляў, яму сэрца кроіць напалам у целе, калі бачыць такую замаркочанасць, якая яму адразу нагадвае пра страчаную сястру.

Пасля абеду мой пан паслаў па святара і расказаў яму ўсё, што я тут учыняў, і даў таму зразумець, што ён вельмі заклапочаны з апасення, што не так баіцца за мяне, як за тое, што, мабыць, ці не ўшыўся тут пад коўдру сам нячысты, бо калі раней я паказваў сябе вельмі прастадушным і дурнаватым, дык тут раптам выдаю такія дзівосы, што проста грэх і падумаць якія. Святар, які лепш за ўсіх ведаў, як яно ўсё тут са мною, якою я мірнасцю цешу анёлаў, адказаў, што пра гэта варта было падумаць раней, перш чым наважвацца рабіць з мяне блазна; людзі, бачыце, створаны паводле вобразу Божага, і з імі, асабліва ў такім далікатным узросце, нельга жартаваць, як з жывёламі. Але ён ніколі не паверыць, што ліхому духу тут дадзена поўная воля браць удзел у гульні, раз я ўвесь час палка малюся Богу. Калі ж насуперак усім спадзяванням наканавана ўсё-такі горшае і д’ябал прычасціўся маёй душы, дык прыйдзецца строга адказваць перад Богам, бо наўрад ці ёсць большы грэх, як калі адзін чалавек рабуе ў другога ягоны розум, а значыцца, хвалу і службу Богу, дзеля чаго чалавек і быў створаны. “Я раней яшчэ заўважыў, што ён досыць разумны і кемлівы; а што не змог прыстасавацца да свету, дык гэта таму, што выхаваны бацькам, грубым селянінам, і вашым шваграм у пустэльні і на поўнай самоце. Каб на самым пачатку з ім не паспяшаліся, а перачакалі, ён з часам прывык бы; а было ж гэта пабожнае прастадушнае дзіця, якое зусім яшчэ не ведала ліхога свету. Але я не паняверуся, што ўжо й рады ніякай яму не дасі, што ўжо й спасу няма, і з ім будзе поўны лад! Ён выйдзе на чалавека, калі ўталкаваць, навучыць, пераканаць, каб ён больш не верыў, што ператвораны ў цяля. Чытаем жа мы пра аднаго такога, які цвёрда верыў, што ён ператварыўся ў гліняны збанок і прасіў сваіх сямейнікаў паставіць яго ўгары, каб не разбіцца. А другі такі ўявіў сабе, што ён певень; дык жа з такой хваробы кукарэкаў дзень і ноч. А яшчэ адзін такі думаў, што ён ужо сканаў і лунае навокал духам, і ўжо як дух адмаўляўся ад лекаў, ад есці і піць, пакуль нарэшце адзін мудры доктар не прывёў яшчэ двух хлопцаў, якія прыкінуліся духамі, але пры пры гэтым смела выпівалі і закусвалі, яны падсуседзіліся да хворага і ўгаварылі таго, што цяперашнім часам духам вой як трэба запраўляцца ежай і мокрым, дый той паслухаўся і меў рацыю, бо як бач паправіўся. У мяне самога ў парафіі быў адзін такі хворы бузук; калі я адведаў яго, ён паскардзіўся, што ў яго целе тры-чатыры вядры вады; калі б выпусціць яе, ён выздаравеў бы, але прасіў, каб я ні разразаў яго, выпускаючы ваду, ні каб не вешаў яго ў комін на самапросых. Я сказаў яму і пераканаў, што выведу з яго ваду зусім іншым спосабам, узяў пасля гэтага трубку, якія на броварах устаўляюцца ў вінныя ці піўныя бочкі, прывязаў да яе кішку, а другі канец да чопа ў цэбры, у які дзеля гэтага папрасіў загадзя нанасіць вады, зрабіў выгляд, быццам уваткнуў яму трубку ў жывот, які ён дазволіў абматауь рознымі анучамі, нібыта каб жывот не лопнуў. Пасля гэтага я прапусціў праз трубку ўсю ваду з цэбра, і пры гэтым небарака шчыра радаваўся, паскідаў з сябе пасля працэдуры тыя анучы і праз некалькі дзён быў здаровенькі, як Бог даў. Такім самым манерам далі рады і яшчэ аднаму, які напускаў на сябе, што ў яго ў целе конская збруя, цуглі і ўсякае такое іншае; яму доктар пусціў газы, зрабіў пургацыю і паклаў пад крэсла ўсе тыя конскія рэчы, так што хлопец мусіў паверыць, што ўсё яно якраз і павылазіла з яго ў вялікай патрэбе. Расказваюць яшчэ пра аднаго такога блазна, які верыў, што ў яго нос дастае да самай падлогі, дык яму падчапілі да носа каўбасу і ўразалі яе па скрыліку да самага носа, а як дайшлі да носа, тут яго й забрала, тут і залямантаваў, што нос стаў, як і быў раней, у былым кшталце; так, як усім гэтым, падобна, можна было б памагчы і добраму Сімпліцыю”.

“Рады паверыць у гэта, -- адказаў мой пан, -- але адно мяне мітрэнжыць: раней ён быў такі невук і няхлюй, а тут раптам выдае такое, ды яшчэ з такім бляскам, што нават у старэйшых, вопытнейшых і начытанейшых за яго людзей рэдка пачуеш. Ён расказаў мне пра многія ўласцівасці жывёлаў ды так дзельна і трапна апісаў маю ўласную пярсону, нібыта цэлы век свой пражыў у свеце, аж так я падзівіўся з усяго гэтага, казані ягоныя акурат як у аракула праўды Божай”.

“Пане, -- адказаў святар, -- гэта цалкам адпавядае прыродзе. Я ведаю, што ён добра начытаны, бо ж ён, як і ягоны пустэльнік, не толькі прачытаў усе мае кнігі, прайшоў іх, а як што ў хлопца добрая маладая памяць, якая цяпер у ім мала чым занятая, дык вось глузды ў галаве і навярнуліся, вось і бурдоліць з яго ўсё тое, чаго ён раней набраў у мазгі. Прадбачу таксама, што з часам і мазгі ўлягуцца на сваё месца”. Так вось святар затрымаў губернатара паміж страхам і надзеяй; ён выдатна прадставіў усе мае справы і адным банкетам два вяселлі справіў і даў мне шчаслівыя дні, а самому свабодны доступ да майго пана. Канчатковы яго вырак быў – нейкі час яшчэ трэба паназіраць за мною, папрыглядвацца, і рабіў гэта святар не так дзеля маёй, як дзеля сваёй выгоды; бо, прыходзячы і прыходзячы і ўдаючы заклапочанасць маім станам, ён увайшоў у ласку да губернатара; яму далі службу і зрабілі гарнізонным капланам, што, як на такі цяжкі час, зусім нямала, а я яму ў гэтым шчыра паспрыяў.

РАЗДЗЕЛ ЧАТЫРНАЦЦАТЫ

Сімпліцы, пажыўшы як след кум-сватам, трапляе ў палон да ліхіх краатаў

З гэтага часу я прыдбаў поўную панавую прыязь, ласку і мілату, чым шчыра хвалюся; нічога не азмрочвала майго шчасця, хіба што я быў завелікаваты на сваю цялячую скуру, а гадамі занадта малы, чаго я і сам як след не ўсведамляў. Святар таксама не надта прагнуў, каб я дужа ўядаўся досціпамі, бо, як лічыў, яшчэ не час на тое і не на ягоную карысць. І ўсё ж мой пан, заўважыўшы, што я моцна з’ахвочаны да музыкі, даручыў падвучыць мяне і даверыў гэта выдатнаму лютністу, чыё ўмельства я неўзабаве лёгка пераняў і пераўзышоў самога, бо я лепш за яго спяваў. Так вось і служыў я свайму пану дзеля пацехі, забавы, радасці і паказу на подзіў. Усе афіцэры выказвалі мне сваю добрую волю, багатыя і гараджане шанавалі, а хатняя чэлядзь і жаўнеры зычліва любілі мяне, бо яны бачылі, як прападаў па мне мой пан. Адзін дарыў мне адно, другі другое, бо ўсе ведалі, што хітрыя блазнюкі спрамагаюцца часта на большае, чым толькі на прыстойную службу, таму і дарункі былі з прыхаваным сэнсасм, адны дарылі, каб я не даносіў на іх, а другія якраз наадварот, каб нагадваў пра іх пану, -- і вось такім спосабам я набіраў даволі шмат грошай, якія часцей за ўсё аддаваў святару, бо не ведаў, што з імі рабіць. А як што на мяне ніхто не мог паглядзець крыва, дык не меў ніякага клопату з чужымі віжоўкамі і падсочкамі. Усімі сваімі змысламі я аддаўся музыцы і кожнаму сумленна падказваў ягоныя хібы і заганы. З гэтай прычыны я і рос, як цыбуля ў шклянцы вады, блазнаванне працвітала, а фізічная сіла на вачах узбуяла; неўзабаве па мне відаць было, што я ўжо больш не жыўлюся ў лесе вадой, жалудамі, букавымі арэшкамі, карэннем і травою, а што пад добрую закусь бяру за губу і рэйнскае віно, і ханаўскае піва, што за цяперашнім знэнджаным часам можна лічыць вялікай ласкай Бога, бо на той час уся Германія шугала ў полымі вайны, курчылася з голаду ў старшэннай пошасці, а сам Ханаў быў абложаны непрыяцелем, хоць гэта ніяк мяне асабіста не кусала. Пасля прарыву аблогі мой пан меўся падарыць мяне ці то кардыналу Рышэльё, ці то герцагу Бернгарду з Веймара, бо гэтым самым, ён так меркаваў, заслужыцца за мяне на вялікую дзяку, а разам з тым, ён спадзяваўся, збудзе з вачэй сваіх вобраз запрапалай сястры, на якую я чым далей, тым больш рабіўся падобны, -- выносіць гэтую пакуту было амаль немагчыма. Гэта яму вельмі адрайваў святар, які казаў, што настане такі час, і станецца вялікі цуд, і стануся я зноў разумным чалавекам; ён параіў губернатару, каб той узяў некалькі цялячых скур і апрануў у іх яшчэ двух хлопчыкаў, пасля прыставіў да іх трэцяга чалавека, менавіта доктара, прарока альбо валацугу, які мяне і тых хлопчыкаў з дзівоснымі цырымоніямі распрануў бы і паказаў, як ён умее рабіць з жывёлаў людзей і з людзей жывёлаў. Такім чынам я выздаравею, і мне будзе без вялікай намогі даведзена, што я зноў чалавек, як і ўсе чалавекі. Калі губернатар ухваліў гэты намер, святар перадаў мне ўсё, што ён абгаварыў з маім панам, і лёгка пераканаў мяне згадзіцца. Але хцівае шчасце не хацела так лёгка выпускаць мяне з блазенскага ўбрання і не спрыяла мне ў асалодах цудоўна добрай жыткі. Бо пакуль кравец і гарбар завіхаліся са скурамі, якія прыдадуцца на гэтую камедыю, я з некалькімі хлопцамі коўзаліся на лёдзе каля крэпасці; і тут нехта, не ведаю хто, неспадзявана прывёў атрад краатаў, якія пахапалі нас, пасадзілі на свабодныя коні, украдзеныя ў сялян, і павезлі з сабою. Праўда, яны крыху сумняваліся, браць мяне ці не, пакуль нарэшце адзін не сказаў па-багемску: “Мі вэмэ того блазна сэбао, бо вэдомэ го г бабо обэрствой”. На тое другі адказаў: “Пршыс ам бамбо ано, мі го на гонэ посайдэмо, ван розумлі немэцкі. Вон будэ міт краток віле сэбао”*. І мяне гопнулі на каня, і выглядала на тое, што адна няшчасная гадзінка можа аблупіць чалавека, адабраць у яго ўсе даброты і аддаліць ад шчасця так, што пакуль жыцьме, а не забудзецца.

* Жаўнеры гутараць не не на краацкай (харвацкай) мове, а на народнай чэскай (багемскай): “Мы возьмем гэтага дурня з сабой, завязем яго да пана палкоўніка”. – “Вось і добра, пасадзім яго на каня; палкоўнік разумее па-нямецку, яму будзе з ім пацеха”.

РАЗДЗЕЛ ПЯТНАЦЦАТЫ

Сімпліцы ў палоне ў ліхіх краатаў шмат нягодаў сабе насватаў

Няма што ханаўцы адразу нарабілі алярму, паўскоквалі на коней і рэзкім выпадам затрымалі і крыху пабянтэжылі краатаў, але тым не меней нічога адбіць не ўдалося, бо лёгкія коні краатаў, даючы перавагу і маючы адолю, узялі кірунак на Бідзінген; там коней накармілі і, прадаўшы гараджанам на адкуп багатых ханаўскіх смаркачоў, украдзеных коней і захоплены луп, пакуль не занялося на дзень, рушылі далей праз бідзінгенскі лес да Фульды, падграбаючы па дарозе ўсё, што можна было забраць. Рабункі і плюндроўкі аніяк не прыпынялі іхняга імклівага руху, бо крааты былі як усё роўна чэрці, пра якіх кажуць, што яны бягуць, свішчуць і (s.v.) дрышчуць, нічога па дарозе не прапускаючы, і вось ужо таго самага вечара яны з багатай здабычай былі ў Хэрцфэльдзе, дзе й атабарыліся; там усё захопленае падзялілі, і я выпаў палкоўніку Корпесу.

У гэтым чужапанку ўсё мяне гідзіла, усё нейкае было гішпанскае; тут табе не Ханаў, дзе было і цёпла і пагодна. Тут ханаўскія марцыпаны змяніліся на грубы чорны хлеб і худую маслакаватую ялавічыну, здаралася, праўда, часам украсці і склыгаць кавалак саланіны, але гэта часам; з віна і піва я перайшоў на ваду, а замест ложка спаў на конскай гуньцы ў стойле; замест каб іграць на лютні, якая так хораша ўсіх звесяляла, я поўзаў пад сталамі з другімі хлапчукамі, брахаў па-сабачы ды прымаў выспяткі астрогамі, а гэта мне ні быту, ні бадзёру не давала. Замест ханаўскіх шпацыраў я мусіў разам з усімі выязджаць на фуражоўкі, чысціць коні і стойлы. Фуражоўка гэта не што іншае, як – загрозлівыя для жыцця наезды ў вёскі па фураж, а там ужо малаці, мялі, пячы, крадзь і бяры, што зарвеш, лупцуй і катуй халоп’е, ганьбі дзяўчат, мацярок і дачок – праўда, да гэтай працы я быў яшчэ няздатны, бо замалы. І калі сялянам фуражоўка не дужа падабалася альбо калі яны заціналіся і давалі якому фуражыру па пыску, як гэта тады нярэдка здаралася ў Гесэне, іх на месцы канчалі, калі ўдавалася злавіць, альбо сама мала пускалі дымам іхнія сядзібы. У майго пана не было жонкі, каб гэта вазіць яе з сабою ў паходах, бо і патрэбы такое не было, калі за жонку бяры першую лепшую, не было сваіх пахолкаў, каморніка, не было кухара, затое гібель было райтараў і падлеткаў, якія слугавалі і яму і коням, а то і сам, бывала, за ганьбу сабе не меў і каня засядлаць, і корму ўкінуць, і торбу зааброчыць. Спаў ён заўсёды на саломе альбо на голай зямлі, а накрываўся сваім футраным каптаном-пэльцрокам; таму я часта бачыў, як па яго вопратцы поўзалі вошы, і іх ён зусім не саромеўся, а яшчэ нават і смяяўся, калі хто здымаў каторую. Насіў ён кароткія валасы і шырокія швейцарскія вусы, якія яму былі вельмі дарэчы, бо ён часта апранаўся за селяніна і сам хадзіў на выведку. Як я ўжо сказаў, не раз’ядаўся ён рознымі там марцыпанамі, усе ягоныя і хто ведаў яго шанавалі яго, любілі і пабойваліяся. Спакою нам нідзе не было – то мы тут, то мы там; то мы нападалі, то нападалі на нас; так што не было нам і ўгамону, пакуль можна было ўшчыкнуць гесэнцаў; затое ж і Меландэр не шыкаваў нам святаў, бо адбіваў у нас райтараў і адсылаў у Касэль.

Такая вось неспакойная жытка не была мне да смаку; таму часта марыў вярнуцца ў Ханаў. Самым цяжкім маім крыжам было тое, што я не ўмеў дагаварыцца з гэтымі хлопцамі і мусіў цярпець ад іх усё – хто штурхне, хто таўхне, хто вытне, а хто і добра ўваліць і прагоніць. Найбольшай забавай палкоўніку было, калі я спяваў яму па-нямецку і граў разам з астатнімі слугамі ў трубу, але такое здаралася нячаста. Зватое не-не ды даставаў такіх тлустых аплявушын і засвістак, што кроў дудкай біла, і ўжо гэтага мне ставала надоўга.

Нарэшце я пачаў рупіцца за панаву кухню і яго стрэльбу, якою ён вельмі даражыў і якую я яму чысціў, бо ясна было, што мне яшчэ рана ездзіць на фуражоўкі. І пайшло ў мяне так добра, што неўзабаве я ўжо зыскаў панавую ласку; ён загадаў пашыць мне з цялячых скур новае блазенскае адзенне з яшчэ большымі аслінымі вушамі, чым я насіў раней; а як што рот у майго пана не быў здалікачаны, дык у мой кухарскі спрыт не трэба было дужа дакладацца ўмельствам. Але ж мне часта не хапала то солі, то шмальцу, то прыправы, дык я стаміўся і ад свайго рамяства, затое дзень і ноч сачыў і прыглядаўся, як бы спраўней адсюль цекача даць, тым болей што ўжо і вясною запахла. А калі ўжо добра падрыхтаваўся, я напрасіўся вынесці далей авечыя і каровіныя каўдуны і кішкі, якіх шмат валялася вакол нашых кватэр, патыхаючы гнюсотным смуродам; гэта спадабалася палкоўніку. А я, управіўшыся з гэтым, калі сцямнела, адлучыўся і сігануў у бліжэйшы лес.

РАЗДЗЕЛ ШАСНАЦЦАТЫ

Сімпліцы, дасціпна дастаўшы трафея, і ў цёмным лесе пражыць умее

Доля мая, як пра тое ўсё сведчыла, была такая ёлкая, што чым далей, тым горш, і ўрэшце зусім душу вымуціла; я нават быў падумаў, што нарадзіўся на няшчасце, бо вось жа колькі тых гадзінак прайшло, як вымкнуўся я ад краатаў, а ўжо прыхапілі мяне іншыя лотры. Гэтыя ж, вядома, думалі, што злавілі нешта няма ладу якое каштоўнае, бо ўпоцемках не разгледзелі майго блазенскага ўбрання, і сказалі двум сваім весці мяне далей у нейкае назначанае месца. Завёўшы, а было там яшчэ цямней, адзін з іх давай спаганяць з мяне грошы: ён адклаў убок рукавіцы і стрэльбу і пачаў мяне абмацваць, пытаючы: “Хто такі будзеш? Грошы ё?” Але як толькі намацаў маю валасатую вопратку і доўгія асліныя вушы на галаве, якія ён прыняў за рогі, і ўбачыў у цемры іскаркі, як гэта звычайна яны праскокваюць па поўсці, калі яе гладзіш, ён так перапалохаўся, што, здаецца, ледзь не самлеў. Я адразу змеціў гэта; таму, перш чым ён дойдзе да памяці, я пачаў аберуч церціся, і шэрсць на мне заіскрылася, быццам я ўвесь усярэдзіне быў напханы гаручай серкай, і адказаў яму тоўстым голасам: “Я чорт і зараз скручу табе і твайму прыяцелю карак!”, і гэта так перапудзіла абодвух абэлтусаў, што яны, не разбіраючы карчоў і хмызу, лупанулі наўскапыта прэч, быццам агнём пякельным гнаныя. Цёмная ноч не змагла стрымаць іхняга ўлёту, і хоць яны штомігу напорваліся на сукі, карані, галіны, камяні, камлі і дрэвы, а яшчэ часцей спатыкаліся і ляцелі потырч носам, падхопліваліся і перлі далей, нібы з іх дух выперла. І нарэшце я ўжо іх болей не чуў; я тым часам так рагатаў, што здаецца, аж лес стагнаў, і, мусіць, чуць гэта ў такой цямрэчы – вусцішная жудасць.

Калі ўжо я павярнуўся ісці, тут і напароўся на кінутую стрэльбу; адно скула на (s.v.) срацы лішняя, дай, думаю вазьму, бо ў краатаў я навучыўся, як з ёю абыходзіцца. Рушыўшы далей, наступіў на ранец-заплечнік, зроблены, як і маё адзенне, з цялячай скуры; я падняў і яго – патранташ быў з порахам, свінцом і ўсім, што трэба, астатнім, вісеў на ранцы, я ўсё навесіў на сябе, узяў на плячо, як жаўнер, і схаваўся непадалёк у густым карчэўі крыху паспаць. Але як толькі занялося на дзень, уся тая хэўра вярнулася шукаць згубленую стрэльбу і ранец; я натапырыў вушы, як ліс, і затаіўся, як мыш. Не знайшоўшы нічога, яны пасмяяліся з тых двух, што ўцяклі ад мяне. “Цьху на вас, боўдзілы, -- сказалі яны, -- пабойцеся Бога, спалохаліся нейкага заморка, паўцякалі, яшчэ і стрэльбу кінулі, нааралі дарог!” Але адзін душою закладаўся, што хай яго чорт забярэ, калі гэта быў не чорт, ён, бач, нават абмацаў яго калючую шэрсць і рогі. Другі чуўся не лепш і сказаў: “Чорт, а ці маці ягоная – мне адзін чорт, знайсці б толькі заплечнік”. Адзін з іх, якога я лічыў ці не начальнікам, адказаў яму: “А на чорта яму, таму чорту, твая стрэльба і заплечнік? Даю галаву на адрэз, калі гэта не той хлопец ганьбы вам даў і спрытна ўцёк, прыхапіўшы тое і другое, а вы мне тут балбатні панаразмазвалі”. Гэтаму запярэчыў яшчэ адзін і сказаў – магло, бач, стацца, што тут ужо пабывалі сяляне, знайшлі пакінутае і пабралі. Нарэшце ўсе пагадзіліся, што мелі-такі чорта за хвост, а не ўтрымалі, упусцілі, тым болей што і тыя, якія мацалі мяне ў цемры, не толькі з праклёнамі пацвердзілі гэта, але яшчэ і апісалі грубую іскрыстую шэрсць і рогі, як самы пэўны знак д’ябальскай істасці. Я нават быў падумаў, што калі б яны раптам зноў убачылі мяне, ляцелі б усе чортведама як і куды.

Нарэшце, колькі ні шукаўшы і нічога не знайшоўшы, яны пайшлі сваёй дарогай, а я адшпіліў заплечнік, каб паснедаць, і з першага хапу выцягнуў мяшэчак, у якім было трыста і шэсцьдзесят дукатаў. Як я ўзрадаваўся, і пытацца няма чаго; але чытач хай будзе пэўны, што я быў бы яшчэ больш рады, калі б там была ежа, як я лічыў, а не гэтая кругленькая сума ў шчырым золаце. А як што сярод простых жаўнераў рэдка бывае такое, каб нехта насіў золата пры сабе, я падумаў, што халоп толькі нядаўна ўсё гэта прыдбаў, забраў і потайкам прыткнуў у ранец, каб не дзяліцца з іншымі.

Пасля я весела паснедаў, знайшоў яшчэ чыстую крынічку, асвяжыўся з яе і палічыў свае дукаты. Нават калі б мне гэта кашатавала жыцця, я не сказаў бы, у якой краіне ці мясцовасці я тады быў. Спачатку я доўга шыўся ў лесе, наколькі мне дазваляў правіянт, які я спажываў вельмі ашчадна. Калі ж ранец спаражнеў, голад пагнаў мяне да сялянскіх хат; я залазіў ноччу ў скляпы і кухні, браў ежу, што знаходзіў і колькі мог панесці; усё гэта валок да сябе ў лес, туды, дзе ён быў самы дзікі і густы. Там я зноў павёў пустэльніцкае жыццё, як і раней, з тою, аднак, розніцай, што цяпер я многа краў і меней рупіўся ў малітвах, не меў сталага жытлы, а бадзяўся то тут, то там. Яшчэ добра абышлося мне, што быў пачатак лета; а калі мне быў патрэбен агонь ці калі я хацеў, разводзіў сваёй стрэльбай.

РАЗДЗЕЛ СЯМНАЦЦАТЫ

Сімпліцы на шабасе; чортава кола ледзь і яму не закручваем голаў

Пад час маіх тулянняў у лесе мяне сюд-туд напатыкалі самыя розныя сяляне, але кожнага разу яны ўцякалі; ужо й сам не ведаю, ці тое з тае прычыны, што ўсіх запалохала вайна і ні ў кога нідзе не было сталага дома і надзейнага прыпірышча, а ці таму, што марадзёры развялі па ўсім краі авантуры, а таму ўсе, хто сустракаў мяне, шчыра верылі, што ў іх краі завёўся, туляецца і валэндаецца нячысты дух. Аднаго разу я сам крыху прызаблудзіўся ў лесе, нышкарыў некалькі дзён і занепакоіўся, што выйдуць запасы страўнасці, а гэта ўжо мецьме згубныя скуткі, бо прыйдзецца зноў, каб не выпруціць ногі, есці карэнне і зеляніну, а я, бедны і страдны, ад такое гасціны даўно ўжо адвык. У такім вось роздуме я і надыбаў на двух дрывасекаў; пачуўшы іх стук, я ўзрадаваўся. Я пайшоў на стук сякер і, убачыўшы іх, узяў з мяшэчка цэлую жменю дукатаў, падкраўся да іх, паказаў прывабнае золата і выткнуўся з языком: “Панове, калі вы чакалі мяне, дык восека ж ён – я, наце вам жменю золата”. А тыя як убачаць мяне з маім золатам, як не возьмуць лахі пад пахі, як не дадуць лататы, калуны пазабываўшы і сякеры, і сыр, і торбу з хлебам. Я пераклаў усё гэта дабро ў заплечнік, падаўся далей у лес і зарокся, колькі жыцьму, -- не выходзіць да людзей.

Па доўгім намысле я падумаў: “Хто ведае, што з табою можа спрыгодзіцца, але ж у цябе ёсць грошы, і калі ты іх прыстроіш у добрых людзей, дык на іх яшчэ доўга жыцьмеш”. І вось надумаўся я іх зашыць; з асліных вушэй, якія так напалохалі людзей, я зрабіў сабе нарукаўнікі, далучыў да маіх ханаўскіх дукатаў яшчэ і гэтыя, грабежніцкія, паклаў іх усе ў нарукаўнікі і ўвязаў на рукаў вышэй локцяў. Прыладзіўшы скарбы, я зноў пайшоў да сялян, дастаў у іх ежы, усё, што мне трэба было і што я мог панесці. І як што я ўсё яшчэ быў нядэшлы і прастадушны, дык і быў разумна хітры, каб ніколі другі раз не вяртацца на тое месца, дзе пажывіўся, таму мне і шыхавала ў крадзяжах і мяне ні разу не прыхапілі.

Аднаго разу на сконе траўня, калі я намерыўся сваім пахібным, але мне звыклым спосабам расстарацца якое-небудзь перакускі і выйшаў нарэшце на сялянскі двор, ціха-ціхенька ўплішчыўся на кухню, але неўзабаве заўважыў, што людзі яшчэ былі на нагах (да ўвагі: я ніколі не заходзіў туды, дзе былі сабакі); таму я прачыніў дзверы, якія з кухні на двор, каб, калі прыпячэ, можна было сігануць напрасткі, і затаіўся, як мыш, чакаючы, калі людзі паўкладаюцца. Тут я заўважыў шчыліну з кухні ў пакой; я падкраўся паглядзець, ці скора людзі паснуць. Але чаканка мая была марная, бо, наадварот, яны якраз апраналіся, а замест лямпы на ўслоне гарэла нейкае сіняе сернае полымца, каля якога яны нечым націралі жэрдзі, дзеркачы, вілы, крэслы і ўслоны; шмараваліся і самі і выляталі ў акно. Я моцна здзівіўся, і на мяне найшла немарасць; але я быў прывычны і да большага страху, няма што колькі жыву, а не чытаў і не чуў пра такія страхоцці, дык я не вельмі і збаяўся, можа, яшчэ і таму, што ўсё чынілася спехам, больш за тое, калі ўсе нашмараваліся і вылецелі ўпрочкі, я адважыўся прашыцца ў сам пакой, падумаў яшчэ быў, што б гэта ўзяць і дзе чаго шукаць, і, поўны гэтакіх думак, на хаду прысеў на ўслончык. Але як толькі я сеў, той узвіўся ўмомант разам са мною, шугануў у акно, без заплечніка і стрэльбы, якія я адклаў убок, і такім чынам сплаціў каштоўныя мазі і націркі. Як сеў, як вылецеў і як устаў -–усё гэта адбылося ў адно імгненне; і апынуўся, як мне здалося, у вялікім тлуме людзей, можа, гэта таму, што я ад страху не заўважыў, колькі доўжылася падарожжа. Людзі скакалі нейкі дзівосны карагод, якога такога я, колькі жыву на белым свеце, яшчэ не бачыў; яны пабраліся за рукі і ўтварылі многа колаў, адно ў адным, стоячы спінамі адно да аднога, як гэта малююць трох грацый, калі яны стаяць тварамі вонкі. Унутранае кола было з сямі-васьмі асобаў, наступнае з настолькі ж асобаў больш, трэцяе больш за першыя два, і так далей, аж у вонкавым коле было ўжо больш за дзвесце. І як што адно кола, танцуючы, рухалася ў адзін бок, а другое ў другі, я не мог разгледзець, колькі ўсяго было тых колаў і што было ўсярэдзіне, вакол чаго яны завіхаліся. А выглядала ўсё разам вельмі страшліва і дзіўна, бо галовы так і мільгаталі адна паўз другое і ў смешнай мітусні. І які дзіўны быў сам карагод, такая была і музыка; як мне падалося, кожны яшчэ і спяваў пад скокі, і ўтваралася нейкая казачная гармонія. Мой услончык, які прынёс мяне сюды, апусціўся каля музыкаў, якія стаялі вакол; у многіх замест жалеек, пішчалак і шалманак былі вужакі, змеі і мядзянкі, на якіх яны весела пасвіствалі. У некаторых былі каты, якім яны фукалі ў дупкі, перабіраючы лады на хвастах; гучала гэта падобна як на дудах. Іншыя гудзелі на конскіх галовах, як на выдатных дышканетах, а яшчэ каторыя, як на гарфах струны, перабіралі пальцамі каровіныя рэбры шкілетаў, якія такія можна бачыць на сметніках; а яшчэ адзін такі там быў штукант з сучкай пад пахай; ён уджыгаў на яе хвасце і перабіраў пальцамі цыцкі. А чэрці гулі і трубілі насамі, аж па ўсім лесе гуло; а як толькі скокі спыніліся, уся гэта пякельная шобла пачала шалець, крычаць, ягліць, вішчаць, бузаваць, лямантаваць, лютаваць, бушаваць, панібраціцца, быццам усе яны разам павар’яцелі і пакруціліся.

У гэтым страхотлівым шоламе і вэрхале да мяне падышоў нейкі маладзік з вялікай пачварнай жабай пад пахай, такой вялікай, як вайсковы бубен, і ў гэтай рапухі з задніцы лезлі вантробы, а яна іх зноў глытала, і выглядала гэта так гідотна і моташна, што мяне пацягнула на ваніты. “Падзівіся, Сімпліцы, -- сказаў маладзік, -- я ведаю, што ты добры дудар; урэж нам штучку-другую, паслухайма”. Я спалохаўся, ледзь не ўпаў, што хлопец назваў мяне маім імем, і ад страху зусім анямеў, а і нават падумаў быў, што сплю і сню ўсю гэтую непамыслоту, а таму ў душы і сэрцы папрасіў Госпада Бога Ўсемагутнага, каб ён разбудзіў мяне і дапамог выцерабіцца са сну і кашмару. А той, з рапухай каторы, на якога я пільна глядзеў, пашморгваў носам, туды-сюды, як калакуцкі* індык, і нарэшце садануў мне ў грудзі, аж я ледзь не задыхнуўся. Тады я пачаў на поўны голас заклікаць Бога і сказаў: “Госпадзе Ісусе Хрысце!” Ледзь толькі былі прамоўлены гэтыя магутныя словы, як уся пякельная нечысць прапала, як бы і не было яе. Умомант зрабілася цёмна, а на сэрцы мне так страшна, што я ўпаў на зямлю і сто разоў перажагнаўся.

* Галандскі (стар. бел.).

РАЗДЗЕЛ ВАСЕМНАЦЦАТЫ

Сімпліцы хоча, каб чытач паверыў, што ён не выдумаў гэтай хімеры

Ёсць многа людзей, сярод іх і знакамітыя вучоныя людзі, якія не вераць, што на свеце ёсць ведзьмы і страшыдлы і яны лётаюць у паветры, як я не сумняваюся, што знойдуцца і такія, якія будуць казаць, быццам Сімпліцы тут кроіць вялікім нажом – блінды правіць, выдумляе і хваліцца. З такімі не буду спрачацца, бо хваліцца – хай не мастацтва, але нашым часам і не абы-якое рамяство, вельмі нават пашыранае, як не магу я і адмаўляць, што нічога іншага я і не ўмеў, інакш быў бы нікчэмны няздара. Хто адмаўляе вядзьмацкія лёты, няхай успомніць пра Сымона-чарадзея, які быў падняты нячыстым духам у паветра, а як настала гадзіна малітвы св. Пятра, зноў упаў на зямлю. А Мікалай Рамігіус, які быў адважны вучоны і разумны муж у адным толькі герцагстве Латрынгія, аддаў на спаленне да паўтара тузіна ведзьмаў, расказвае пра Ёгана фон Хамбаха, што ягоная маці, якая была ведзьма, на шаснаццатым годзе брала яго на свой рэй, каб ён, вучачыся іграць, падыгрываў ім у карагодзе. Пад канец ён залез на дрэва, іграў адтуль і пільна прыглядваўся да скокаў, мабыць, таму, што ўсё гэта здалося яму вельмі дзіўным, бо ўсё там вялося неяк дужа блазнотна; нарэшце ён кажа: “Аслані, мілы Божа, адкуль столькі набралася дурнога безгалоўя і зброду?” І ледзь жа ён вымавіў гэтыя словы, як упаў з дрэва, вывіхнуў плячук і гукнуў на дапамогу; але ўжо не было нікога, анізвання. Калі ён потым расказаў пра ўсё, большасць назвалі гэта выдумкай, байкай, аж пакуль незабаўным часам не была схоплена прылічна* , на гарачым чарадзействе Катарына Прэвоцыя, якая таксама была на той зборні; яна прызналася, як яно ўсё там было, адно хіба што нічога не ведала пра Хэмбахаў вокліч. Маёлус падае два прыклады: пра аднаго пахолка, які павесіўся на сваёй жонцы, і пра аднаго чужаложніка, як ён узяў у другой падложніцы яе слоік, нашмараваўся, і як яны паляцелі на вядзьмацкі шабас. Павядаюць яшчэ пра аднаго кнэхта, які, устаўшы з цёмнага рана, нашмараваў калёсы, але як што ў прыпоцемку ён ухапіў не той слоік, калёсы падняліся ў паветра, так што давялося іх сілай сцягваць долу. Олаўс Магнус расказвае ў lib. 3. “Mist. De gentibus Septentrional”, 1, cap. 19, як Хадынгус, кароль дацкі, прыляцеў назад у сваё каралеўства, з якога быў колісь выгнаны мяцежнікамі, як потым ляцеў паветрам над морам вярхом на Вотане, які потым абярнуўся ў каня. Так што ўсё больш чым дастаткова вядома, як некаторыя маладзіцы і непабраныя дзяўчаткі ў Багеміі сярод ночы выклікаюць сваіх кавалераў, каб тыя здалёк перліся на казлах у няблізкую дарогу да іх. А што кажа ў сваім “Гексамероне” Тарквемада пра сваіх школьных таварышаў, можна ў яго самога прачытаць. Гірляндус піша таксама пра аднаго заможніка, які, як аўтар зазначае, заўважыў, што ягоная жонка намашчваецца і вылятае з дому, і што аднаго разу ён прымусіў яе ўзяць і яго на вядзьмацкі рэй. Калі яны там елі і забракавала ім солі, ён пажадаў, каб пасалілі, дык яму з вялікай цяжкасцю дасталі солі, і калі ён сказаў: “Дзякуй Богу, вось і соль!” , як адразу патухла святло і ўсё запрапасцілася. А як развіднела, ён даведаўся ад пастухоў, што стаіць непадалёк ад горада Бэнавэнта, а гэта ж аж у Неапалітанскім каралеўстве за сотні міляў ад дому. І хоць ён быў багаты, а як зарупела, дык мусіў дабірацца дахаты жабраваннем, а калі вярнуўся, заявіў на сваю жонку, як на ведзьму, у суд інквізіцыі, і тая была падскварана.

А як лётаў доктар Фаўстус і многія іншыя, якія зусім не былі чарадзеі, паветрам з месца на месца, дастаткова добра вядома з яго Historia. А яшчэ чытаем у Бакача пра аднаго шляхетнага пана з Ламбардыі, бацька якога, сам таго не ведаючы, даў прыбежышча султану Егіпта, а калі гэты шляхетнік сам трапіў у палон і быў прыведзены да султана і пазнаны ім, дык султан загадаў пакласці яго ў дарагі ложак і шмат золата побач, а тады яго, заснулага, з дапамогай ведзьмара, перанёс у Павію і апусціў там у галоўным саборы. Ды і сам я ведаў адну кабету і адну служанку, якія, калі я гэта пішу, ужо нябожчыцы, хоць бацька дзяўчыны яшчэ жыве. Гэтая дзяўчына ваксавала каля распаленай пліты чаравікі сваёй пані і калі, управіўшыся з адным, адставіла яго ўбок, каб узяцца за другі, нашмараваны раптам шугануў у комін; але гісторыю замялі. Усё гэта я дакладваю вам толькі таму, каб мне паверылі, што ведзьмы і чарадзеі жывымі лётаюць на шабасы, а не таму, каб мне верылі, што, як я ўжо сказаў, і я там быў; мне, зрэшты, ані не абыходзіць, паверыць мне хто ці не, але калі ўжо хто не паверыць, дык хай, прынамсі, скажа, калі такі разумны, як я мог іншым спосабам дастацца з Гіршфэльда ці з Фульды (бо я і сам не ведаю, у якіх я бадзяўся лясах) за такі кароткі час у арцыбіскупства Магдэбургскае.

* На месцы злачынства, з рэчавымі доказамі (стар. бел.).

РАЗДЗЕЛ ДЗЕВЯТНАЦЦАТЫ

Сімпліцы зноў блазнуе, хітруе, жыве весела і зусім не бядуе

Я зноў бяруся за сваю гісторыю і найперш далажу чытачу, што я так і праляжаў на жываце, пакуль не заняўся ясны дзень, бо не было ў мяне ні змогі, ні адвагі падняцца; апроч таго я яшчэ паняверыўся, ці не прыснілася мне ўся тая прыхамацень паганая. І хоць было вельмі несамавіта на душы, я ўсё ж наважыўся заснуць, разумна падумаўшы, што ўсё адно не магу апынуцца ў горшым месцы, чым гэты лес, у якім правёў амаль увесь час з тае пары, як пакінуў татуся, і даволі добра зжыўся з ім і прывык. Было недзе каля дзевятай раніцы, калі наехалі на мяне фуражыры, яны і разбудзілі мяне; тут я і ўбачыў, што ляжу ў чыстым полі. Фуражыры забралі мяне з сабою, завіталі яшчэ ў нейкі млын і, змалоўшы там, што мелі малоць, звезлі мяне аж пад Магдэбург у свой табар, дзе і аддалі аднаму палкоўніку; той спытаўся ў мяне, хто я, адкуль буду і якому пану ўслужаўся. Я расказаў усё, як яно было, і як што не ведаў, што крааты былі “крааты”, дык апісаў іх па вопратцы і прывёў прыклады з іх гаворкі і што я ад гэтых людзей уцёк; пра дукацікі, што праўда, змоўчаў, а ўсё, што распавядаў пра лёты ў паветры і вядзьмацкія карагоды, яны палічылі за блазенскія бздуры і дурныя заскокі, асабліва калі я панёс чортведама што, хоць слухай, хоц падай, хоць пальцамі дзіркі заткні. А тым часам вакол мяне сабраўся добры гамуз усялякага люду; бо дзе дурань, там і тысяча прыдуркаў. Сярод іх прыгробся адзін такі, які яшчэ летась трапіў у палон, служыў там, а пазней зноў перакінуўся да імперцаў. Дык вось гэты падышоў да мяне і будзе казаць: “Хо-хо, гэта ж камендантава цяля з Ханаў!” Палкоўнік распытаўся ў яго што і як пра мяне; але хлопец не ведаў нічога такога пэўнага акрамя таго, што я ўмею іграць на лютні, item, што крааты захапілі мяне каля крэпасці Ханаў, што памянёны камендант вельмі шкадаваў па страце, бо я быў дужа ўпраўны і дасціпны блазан. Пасля гэтага пані палкоўнічыха паслала да другой пані палкоўнічыхі, якая даволі няблага іграла на лютні і таму заўсёды вазіла інструмент пры сабе; папрасіла пазычыць лютню; лютню прынеслі, уручылі мне і загадалі іграць. Але, на маю думку, след было спярша накарміць мяне, бо запалы жывот, як у мяне, і пузатая лютня не дужа добра кладуцца ў гармонію. Так і зрабілі, і пасля таго як я добра набатаваў валляк і выпіў ладны куфаль цэрбскага піва, зайграў ім і заспяваў, што ўмеў; пры гэтым яшчэ й талдоніў налева і направа, што да галавы лезла, і такім чынам без лішняй намогі ўвёў людзям у вушы, каб паверылі мне, што я якраз у той якасці і пробе, на якую выдае мяне мая цялячая вопратка. Палкоўнік спытаўся, куды мне хацелася б далей, і калі я адказаў, што адна мне халера, пагадзіліся на тым, што я застануся ў яго за пахолка. Яшчэ ён хацеў ведаць, куды падзеліся мае асліныя вушы. “Так, -- сказаў я, -- калі б ты ведаў, дзе яны, рады быў бы сам начапіць іх”. Але ўтоіў, што з імі сталася, бо ў іх было ўсё маё багацце.

Неўзабаве сярод вышэйшых афіцэраў, а таксама ў курфюрсцкім і імператарскім табарах я стаў вядомы, асабліва сярод жанчын, якія ўпрыгожылі ўсялякіх фарбаў шаўковымі стужкамі маю шапачку, рукавы і абарваныя вушы, так што я нават думаю, ці не адсюль павялася сучасная мода. А грошы, якія мне далі афіцэры, я дзяліў і раздаваў; прапіваў іх да апошняга гелера з добрымі кампанейцамі і на гамбургскім і цэрбскім піве, якое мы жлукцілі вельмі смакавіта; і гэта нягледзячы на тое, што ўсюды, куды я заходзіў, я мог пачаставацца і на дурніцу.

Калі ж мой палкоўнік расстараўся на ўласную лютню, ён рашыў, што я буду з ім вечна і што няма чаго мне бадзяцца па абодвух табарах, ён прыставіў да мяне аднаго гофмайстра, апекавацца мною, а я павінен быў яго слухацца. Гэты чалавек прыйшоўся мне па сэрцы, бо ён быў рахманы, разумны, адукаваны, добра гаварыў, але не залішне многа, а што найбольш і найлепш – вельмі богабаязны, багата начытаны і ўхвацісты ў самых розных навуках і мастацтвах. Ноччу я спаў у ягоным намёце, а ўдзень мусіў быць у яго на вачах. Быў ён радца і ўрадовец нейкага высокага князя, але і сам не з убогіх; але як што шведы зруйнавалі яго да нішчаты, а жонку зямля сырая прыбрала, а сын ад цяперашняй беднасці не мог выбіцца вышэй і служыў пісарам у саксонскім войску, дык і затрымаўся ў таго палкоўніка на пасадзе штальмайстра ці, правільней – канюшніка, чакаючы перамен да лепшага ў ваенных падзеях на Эльбе, калі яму заззяе сонца былога шчасця.

РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАТЫ

Сімпліцы ходзіць па гульнёвым полі, дзе д’ябал грэшных людзей паняволіў

Мой гофмайстар быў хутчэй стары, чым малады чалавек, таму ён не мог праспаць цэлую ноч; гэта было прычынай, што ўжо на першым тыдні ён дасачыў мяне і добра зразумеў, што я быў не такі дурань, якога з сябе строіў, хоць і сам крыху раней заўважыў і з майго твару зрабіў зусім сваю выснову, бо няблага разбіраўся ў фізіягноміцы. Аднаго разу я прачнуўся апоўначы і задумаўся пра сваё жыццё і ўсякія дзіўныя здарэнні, я паведаў усё Богу ўсемагутнаму і падзякаваў яму за ўсе даброці, якія ён мне спасылае, за небяспекі, ад якіх ён мяне асланяе, даверыў яму ўсе свае будучыя ўчынкі і папрасіў дараваць грахі, а таксама папрасіў, каб Гасподзь літасціва вызваліў мяне з майго блазенскага ўбрання, каб міласэрнай і мілажальнай воляю сваёю далучыў мяне да іншых разумных людзей. Пасля гэтага я цяжка ўздыхнуў, лёг і заснуў.

Мой гофмайстар усё чыста чуў, але прыкінуўся, што моцна спіць; і так было некалькі ночаў запар, пакуль ён дастаткова не ўпэўніўся, што розуму ў мяне больш, чым у каторага сталага мужа, які думае пра сябе, што-та ён, што за адзін такі; але ў намёце ён не сказаў мне нічога, бо сцены былі занадта тонкія, і ён з пэўных сваіх прычынаў не хацеў, каб, да часу да пары і пакуль ён цалкам не ўпэўніцца ў маёй нявіннасці, хто-небудзь уведаў маю таямніцу. Аднаго разу я выйшаў пагуляць за табар, што ён ахвотна дазволіў, каб мець зачэпку пашукаць мяне потым і, знайшоўшы, пагутарыць са мною сам-насам. Ён, як і хацеў таго, знайшоў мяне ў зацішным месцы, дзе я даваў аўдыенцыю сваім думкам, і сказаў: “Любасны мой дружа, як што я пастаўлены дбаць пра тваё дабро, дык цяпер вельмі рады, што магу пагутарыць з табою на самоце. Я ведаю, што ты зусім не такі дурань, якога з сябе ўдаеш, і што ты не хочаш жыць далей у такім гаротным і смяхотным стане. Калі табе дарагая мая дружба, калі ты шчыра прагнеш таго, за што кожнае ночы шчыра молішся Богу, калі адорыш мяне як сумленнага чалавека сваім даверам, тады можаш расказаць пра свае нягоды, а я, наколькі будзе магчыма, паспрыяю табе радай і чынам вылузацца з блазенскага маскараду”.

Тут я кінуўся яму на шыю і з вялікай радасцю павёў сябе інакш, быццам прыняўшы яго ледзь не за анёла альбо прарока, які пасланы з неба вызваліць мяне з блазенскага каўпака; мы селі на зямлю, і я расказаў яму ўсё сваё жыццё; ён паглядзеў на мае далоні і падзіваваў з мінулых і будучых прыгодаў у маім жыцці, але зусім не хацеў, як сказаў, каб я ў бліжэйшы час скідаў з сябе блазенскае ўбранне, бо, як сказаў, хірамантыя падказвае яму, што фатум выракае мне вязніцу ў спалучэнні з пагрозай жыццю і здароўю. Я падзякаваў яму за яго добрую волю і за параду ды папрасіў Бога, каб ён узнагародзіў яго за сардэчнасць, а яго самога прасіў, каб мяне, забытага ўсім светам, не пакінуў у бядзе і застаўся шчырым настаўнікам і бацькам.

Пасля мы ўсталі і пайшлі на гульнёвы пляц – гэта такое гульбовіска, дзе гуляюць у косці – касцярства! – дзе акладаюць адзін аднаго кленічамі ў тры столкі і лаянкай на пяць кален, пахершчынай, пасцяганай з усіх караблёў, карветаў і брыганцін, тонамі важанай маскальшчыны з усіх гарадскіх памыйніц і сметнікаў. Пляц быў такі вялікі, як стары рынак у Кёльне, усюды столікі, плашчы (замест сталоў), абсаджаныя гульцамі і раззявамі. Кожная кампанія мела па тры гульнёвыя косці, якім давяралася шчасце, бо гэтыя кубікі дзялілі і перадзельвалі іхнія грошы, аддаючы аднаму тое, што адабрана ў другога. І каля кожнага стала ці плашча стаяў свой шкурдзёр (вой, я хацеў сказаць “шундзер”, а сказалася, можа, і правільней) – гэта такі адзін, які сачыў за парадкам. Ён жа павінен быў і тварыць справядлівы суд, каб нічога такога ніякага; яны ж, шкурдзёры (цьху, зноў!), шундзеры, пазычалі грошы, столікі і косці, за што мелі свой барыш з выйгрышаў, і ў выніку выходзіла, што калі ў кожным коне ўсё адно нехта выйграваў, іх доля і іхні луп былі найбольшыя; але і ў іх, як тое шчасце ў рукі йшло, так яно і сплывала; а грошы іх не дужа казыталі – выйгравалі, прайгравалі – даставалася ўсё маркітантам альбо хірургам, бо менавіта ім найчасцей праломвалі чарапы.

Глядзець на гэтых ёлупаў была шчырая пацеха: кожны меціў, ды не кожны цаляў, а ўсе ж ладзіліся на выйгрыш, а гэта проста немагчыма, бо ўсё выйгаранае трэба браць з чужое кішэні; і хоць кожны светлай надзеяй сэрца сваволіў, а выходзіла – колькі галоў, столькі розуму, і кожная галава шукала сваю рахубу, а ў выніку на бочку – каму луста, каму пуста, хто з гразі ў князі, а хто з шаты ў шматы. А таму адны лаяліся, другія кляліся, трэція шулеравалі і шмуглявалі, чацвёртыя зноў жа шыліся ў дурні. Пераможцы рагаталі, як з гары едучы, а прайгранцы сціскалі зубы, кусалі губы; адны прадавалі адзенне ці што там у іх было каштоўнага, другія зноў адыгрывалі свае грошы; адным падавай непадробленыя косці, другія, наадварот, спадзяваліся на фальшывыя і непрыкметна падкладвалі іх у гульню, а трэція іх вылоўлівалі, разбівалі, разгрызалі і білі морду шундзерам. Сярод фальшывых касцей былі “галандцы”; іх кідалі нізам, унакатку, бо ў іх былі вострыя горбікі – з “пяцёркамі! І “шасцёркамі” – як хрыбціны ў худых аслоў*, на якія саджалі за правіну салдат. Былі “обэрлэндцы”, ім падавай баварскія горы, іх накочвай з горкі, калі хочаш выйграць. Некаторыя былі з аленевых рагоў, лёгкія зверху і цяжкія знізу. Другія залітыя “жывым срэбрам” – ртуццю альбо волавам, а яшчэ – напханыя сечаным воласам, трутам, парахнёй і тоўчаным вугалем; у тых былі вострыя рэбры, у іншых, наадварот – закругленыя, сточаныя; адны – даўжманыя барылкі, другія шырокія і пляскатыя. І ўсе яны былі вырабленыя дзеля спрытнейшага падману; і яны рашалі сваю задачу, на якую і былі нацэлены, няважна, ці іх ціхенька качаць, ці кідаць згары: супраць іх не памагалі ніякія хітрыкі, не кажучы пра такія, на якіх увогуле было па дзве “пяцёркі” ці дзве “шасцёркі” альбо, наадварот, па два разы ачко ці па дзве “двойкі”. І вось гэтымі махлярскімі касцямі людзі абкрадвалі адзін аднаго, абіралі, абдзіралі і рабавалі грошы, мабыць, таксама нарабаваныя альбо ж, прынамсі, урваныя з вялікай пагрозай жыццю і здароўю альбо зысканыя якім-небудзь іншым цяжкім клопатам.

І калі я так стаяў слупам, сузіраючы “гульбовіска”, гульцоў і ўсе іхнія мудрагошчы, мой гофмайстар спытаўся, ці падабаецца мне тое, што тут робіцца. Я адказаў: “Мне не падабаецца, што тут так страшна блюзнераць і зневажаюць імя Госпада Бога, а што да астатняга, дык не магу нічога сказаць, ні так, ні гэтак, бо я ў такіх справах неабазнаны, і многае мне тут дзіўна!” На гэта гофмайстар сказаў мне: “А ведай, што гэта самае агіднае і самае пахібнае месца ў лагеры; тут дояць з людзей грошы і марнуюць свае, Як толькі хто-каторы толькі нагою паткнецца сюды, каб згуляць, лічы – ён прапашчы, бо пераступае дзясятую запаведзь, якая наказала нам – не не зажадай сабе дабра твайго блізкага. Калі ты гуляеш і выйграеш, асабліва з ашукаю і і фальшывымі касцямі, ты пераступаеш сёмую і восьмую запаведзі. І можаш дайсці да таго, што ты станеш забойцам ці ворагам таго, каго абыграеш, асабліва калі страта ягоная будзе такая вялікая, што ён упадзе ў галечу, у скрайнюю нэндзу, роспач ці ў яшчэ які пахібны грэх; і тут табе не ратунак, калі скажаш: “Я сумленна паклаў на кон усё сваё і сумленна выйграў”, бо ўсё адно ты махляр і прыйшоў сюды з намерам пакарыстацца на шкодзе іншага чалавека. Калі прайграеш, усё адно ты саграшыў, не толькі тым, што страціў сваю маёмасць, а як багаты чалавек, яшчэ стражэй адкажаш перад Богам, бо ты напуста прамантачыў тое, што было дадзена табе і тваім блізкім на здровы пражытак. Хто ідзе на пляц гуляць, той ідзе на рызыку страціць не толькі свае грошы, але і цялеснае здароўе, жыццё і, што самае страшнае, душэўнае выратаванне. Я кажу табе гэта, дарагі Сімпліцы, дзеля асцярогі, бо ты ж кажаш, што не абазнаны ў гульні, каб, колькі жыцьмеш, столькі асцерагаўся яе”.

Я адказаў: “Дарагі пане, калі гульня ёсць такі жахлівы і небяспечны чын, чаму начальства яе дазваляе?” Мой гофмайстар адказаў мне: “Я не хачу сказаць, быццам таму, што некаторыя афіцэры самі гуляюць, а адбываецца гэта таму, што жаўнеры не хочуць кідаць яе, ды і не могуць; бо хто ўжо адзін раз паспрабаваў альбо калі ўцягнуўся ці каго ўцягнуў д’ябал, той будзе і далей, незалежна ад выйгрышу ці пройгрышу, так захоплены ёю, што лепш адмовіцца ад здаровага сну, чым ад яе; мы ж бачым, як некаторыя гуляюць дзень і ноч запар, не ядуць, не п’юць і ідуць дадому без кашулі. Ужо колькі разоў пад страхам кары і смерці гульню забаранялі загадам генералітэту і афіцыйна пераследавалі яе строгім наглядам, і зброяй, і катамі, і ўсялякім насіллем. Але ўсё гэта марна, бо ўсё адно прасаджвалі грошы, сварыліся і круцілі адзін аднаму каркі. І таму што былі забойствы, а і таму што, здаралася, прайгравалі сваю зброю і каня, ды што там – нават свой салдацкі кавалак хлеба, дык гульню не толькіп зноў афіцыйна дазволілі, а нават там-сям і адвялі спецыяльныя месцы, каб галоўная варта заўсёды мела на воку, дзе што робіцца, дзе што можа здарыцца нядобрага, што не заўсёды можна прадухіліць загадзя і наперад, і каб варта магла заскочыць непарадак, праз які той ці іншы гулец можа і не вярнуцца жывы і здаровы. І паколькі гульня ёсць асабістая інвенцыя праклятага д’ябла і нямала яму абыходзіць, ён сфармаваў цэлы атрад адмысловых гульнёвых чартоў і запусціў іх у свет, і яны нічым іншым не займаюцца, як толькі пад’юджваюць людзей да гульні. Яны ўшываюцца ў розныя легкадумныя кампаніі праз розныя пакты і хаўрусы, падгаворваючы, што памогуць выйграць; і наўрад ці сярод дзесяці тысяч гульцоў знойдзецца адзін багаты, а то ж спрэс – наадварот – бедныя, гарапашныя і знэнджаныя, бо выйгрыш ім лёгка даецца і тым лягчэй забіраецца і прасаджваецца надарма. З гэтага і ўзнікла вельмі правільная, але і пуставатая памоўка, што чорт не пакідае гульца, а даводзіць яго да канца, бо ён адбірае ў чалавека дабро, рабро і гонар, але і тады не пакідае, аж пакуль, хай Бог крые яго сваім мілажалем, не затнецца ў цяжбіне за самую ягоную душу. Калі ж гулец акажацца натурай з вясёлым гумарам, велікадушным, што ніякая нягода ці страта не можа ўсадзіць яго ў меланхолію, хімернасць, роспач, тугу, маладушнасць і іншыя цяжкія і ліхія грахі, тады хітры, падступны супастат ловіць яго на тым, што дае яму лёгкі выйгрыш і брытае яго нарэшце ў свой нерат на марнатраўстве, гардунстве, сваволі, ненаедстве, п’янстве, чужа- і мужаложстве”.

Я перахрысціўся і жахнуўся ад такой папусткі, што такія рэчы, якія несумненна прыдумаў д’ябал, дапускаюцца ў хрысціянскім войску, асабліва калі цяпер яўна вынікае так многа часовай і вечнай шкоды і яе вынікаў. Але мой гофмастар сказаў, што гэта яшчэ нічога, што ён мне расказаў; хто хоча апісаць усё ліха, якое ідзе ад касцярства, той бярэцца за немагчымае; бо кажуць, што косць, кінутая рукою, яна чортава, і я не магу сабе гэтага ўявіць інакш, як, што з кожнай косцю, кінутай рукою гульца на стол, выкочваецца маленькае чарцяня, якое ім кіруе і цікуе, каб было так, як яно заўгодна ягонаму прынцыпалу. Пры гэтым я мусіў падумаць, што д’ябал не проста так горача і палка прымае гульню, а несумненна мае з таго свае зыскі і выгоды. Пры гэтым заўважыў пазней, што каля гульбовіска ўвесь час таўкуцца і аціраюцца шахер-махеры, крамнікі і жыды, якія ахвотна купляюць у гульцоў усё, што тыя выйграюць: пярсцёнкі, вопратку, каштоўнасці, каб, прадаўшы, зноў гуляць; дык вось і тут віжаваў д’ябал, каб закончаным гульцам – выйгралі яны ці прайгралі – навеяць душапагібельныя думкі. Тым, хто выйграе, ён будуе страшныя палацы ў паветры; а ў тых, хто прайграе і чыя душа вельмі замарочана і таму больш даступная і зручная для прыёму яго шкодных нашэптаў, ён несумненна ўводзіць такія думкі, якія ўцэлены канчаткова на поўную сказу і паглум чалавека. “Я запэўніваю цябе, Сімпліцы, што маю намер напісаць пра ўсе гэтыя матэрыі кнігу, як толькі вярнуся ў свой родны дом; там я напішу пра страты дарагога часу, які марнуецца на бескарысныя гульні, пра тыя страшныя кленічы, якімі ў гульні зневажаюць Бога. Разгледжу ў ёй многія брыдкія словы, якімі людзі мажуць адзін аднаго, і прывяду яшчэ больш страшныя прыклады і гісторыі, якія здараюцца ў, каля, і па-за гульнёй, пры гэтым не забудуся згадаць пра дуэлі і забойствы, спрычыненыя гульнёю; так, я абмалюю жывымі фарбамі скнарнасць, гнеў, зайздрасць, запал, фальшывасць, падман, махлярства, крадзяжы, адным словам, усе шалёныя глупствы і касцернікаў, і карцёжнікаў, і ўсё гэта падман людзям на вочы, каб кожны, хто хоць раз прачытае маю кнігу, прасякнуўся такой агідай да гульні, каб так згнюсілася яму, быццам выпіў свінога малака, якое даюць апантаным гульнёю без іх ведама, ад гэтай іхняй хваробы. Хачу гэтым самым паказаць усяму хрысціянству, што адна невялікая кампанія гульцоў ганьбіць Бога не менш, чым цэлая грамада”.

Я ўхваліў ягоны намер і пажадаў, каб яму пашанцавала давесці сваю працу да задуманага выніку.

* Драўляны асёл з вострай спінай ужываўся да сярэдзіны ХVІІІ ст. у арміі і феадаламі для пакарання. Вінаватага саджалі на асла і прывязвалі да яго рамянямі.

РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ПЕРШЫ

Сімпліцы з маладым Хэрцбрудэрам дружыць, а той яму добрую службу служыць

Мой гофмайстар чым далей, тым шчырэй гарнуўся да мяне, а я да яго; але мы трымалі ў тайне нашую даверлівасць. Я хоць усё яшчэ строіў з сябе дурня, але не дазваляў сабе ніякіх грубых блазнотаў і нехлямяжых жартаў, так што мае выступы і досьціпы хай і былі даволі прастадушныя, але хутчэй разумовыя, чым блазенскія. Мой палкоўнік, які меў дужа вялікую прыахвотку да ловаў, узяў мяне аднаго разу з сабою, калі выправіўся з сеткамі папаляваць на курапатак, што мне вельмі спадабалася. Але сабака быў залішне гарачы, увесь час зрываўся на бег раней, чым птушка трапляла ў сетку, таму мы таго разу налавілі мала. Тады я параіў палкоўніку, каб ён злучыў сучку з сокалам ці са скальным арлом, як гэта робяць з конямі і асламі, каб атрымаць мулаў, тады ў сабачак вырастуць крылы; з такімі лавецкімі сабакамі, сокаламі-воюшамі, можна будзе лавіць курапатак проста ў паветры. А яшчэ я параіў, што вось каб узяць горад Магдэбург, які мы трымалі ў аблозе, і аблога такая вялая і так зацягнулася, дык трэба звіць вялікую і моцную вяроўку, тоўстую, як паўгекталітровую бочку, абцягнуць ёю ўвесь горад, упрэгчы ўсіх мужчын і жывёлу з абодвух лагераў і, выбраўшы пагодны дзень, звалачы горад к чартаматары. Такіх блазнотаў я выдумляў кожны дзень процьму, бо гэта было маё рамяство, і мой варштат не паражнякаваўся. Так пісар майго пана, скупы і хітры прайдоха, даваў у рукі багаты матэрыял, якім я і перабіваўся на шляху, па якім звычайна ідуць блазны, бо ўсё, што мне нагаворваў гэты шэльма, я не толькі браў на веру, а перадаваў другім, калі дыскутаваў, а гэтая рэч на тое якраз і прыдавалася.

Калі я аднойчы спытаўся ў пісара, што за адзін гэты наш палкавы каплан і чаму ён апранаецца не так, як усе людзі, ён сказаў: “Ён ёсць Dicis et non facis*, па-нямецку гэта такі хлопец, які пастаўляе людзям баб, а сам не мае ніводнай, адным словам – чорт. Ён закляты вораг усіх зладзюганаў, бо яны ніколі не кажуць, што робяць, а ён, наадварот, кажа, чаго не робіць. Але і злодзеі не дужа любяць яго, бо звычайна яны спазнаюцца з ім, калі іх ужо вядуць на страту”. Калі я так пазней назваў добрага і пачцівага патэра, з яго смяяліся, а мяне палічылі за ліхога і хітрага шэльму і памазалі за гэта дубцамі. Потым пісар сказаў мне, што ў Празе ўсе грамадскія дамы за сцяною разбурылі і спалілі, а іскры і пыл ад іх, як насенне пустазелля, рассеяліся па ўсёй зямлі; item, ніхто з гераічных жаўнераў і шчырадушных хлопцаў не ідзе ў царства нябеснае, а адны толькі прыдуркі, баязліўцы, бабнікі, гультаі ды ім падобныя, якім даволі іхняга золду -–платы; гэтак сама не палітычныя a la mode-кавалеры і галантныя дамы, а адны толькі цярплівыя Евы, падпантофленыя мужы, занудлівыя манахі, меланхалічныя святошы, багамоліцы, пасцельныя курвы, убогія проські-шлюхі, усялякія пацяробкі, якімі ўжо і не падатрэшся, не вартыя ні на што людзкае, ды малыя несмыслі-дзеткі, якія сюсяюць і вернуць у штонікі. Яшчэ ён мне малоў, што гаспадары пастойных двароў-заездаў таму называюцца тракціршчыкамі, што яны ў сваіх хатніх клопатах не толькі трактуюць ежай, але яшчэ і трактуюць-далдоняць пра тое, хто з пастойнікаў дастанецца Богу, а хто д’яблу. Пра справы мілітарныя ён гаварыў мне, што часам страляюць залатымі кулямі, і чым яны залацейшыя, тыя кулі, тым большая ад іх шкода. “Ай, ды што там кулі, -- сказаў ён, -- бывае, цэлыя войскі з артылерыяй, амуніцыяй і багажом бяруць у залатыя ланцугі.” А яшчэ нагаварыў мне пра кабет, што больш палавіны іх ходзяць у штанах, але такіх кароценькіх, што з-пад спадніцы не відаць, майткамі называюцца, і што многія з іх, кабет, не ўмеючы чараваць і не будучы багінямі, як Дыяна, тым не меней умеюць настаўляць сваім мужам рогі, і тыя носяць іх, як Актэон; item, што многія, не выходзячы замуж, падкладаюцца пазашлюбна, жывуць уподблядкі, таму іх завуць шлюхамі і блядзямі, а я, дурны, слухаў, растапырыўшы вушы, і ўсяму верыў.

А вось мой гофмайстар, настаўнік, калі быў са мною адзін на адзін, казаў мне зусім іншае. Ён нават пазнаёміў мяне са сваім сынам, які, як я ўжо раней пісаў, служыў пісарам у саксонскім войску і меў зусім іншыя вартасці, чым пісар майго палкоўніка, таму палкоўнік быў за яго такі рады, а нават мерыўся перацягнуць яго ад саксонцаў і зрабіць палкавым сакратаром, на якое месца паклаў вока таксама і памянёны наш палкоўнікаў пісар.

З гэтым пісарам, які зваўся, як і ягоны бацька, Ульрых Хэрцбрудэр (сардэчны брат!), я так моцна ссябраваўся, што мы запрысягнуліся на вечнае братэрства, згодна з якім мы і ў шчасці і ў няшчасці, у любові і пакутах не пакінем адзін аднаго ніколі. А як што гэта адбылося з ведаму ягонага бацькі, дык хаўрусу нашага мы трымаліся моцна і цвёрда. Нічога нас так не зблізіла, як жаданне з гонарам пазбыцца майго блазенскага ўбрання, каб увабодвух служыць прыстойна; але стары Хэрцбрудэр, якога я шанаваў, як роднага бацьку, не ўхваляў гэтага намеру, а ясна сказаў, што калі бліжэйшым часам я змяню свой стан, дык траплю ў вязьніцу і пастаўлю пад вялікую пагрозу сваё жыццё і здароўе. І таму, што ён прадбачыў сабе і свайму сыну такую вялікую небяспеку і меў на тое прычыны, дык хацеў жыць абачліва і асцярожна і не хацеў прыплятаць да рэчы чалавека старонняга, мяне, якому таксама бачыў небяспеку; апасаўся, што бяда можа спасцігнуць і яго і мяне, калі выкажа сваю справядлівую павагу, бо ўжо даўно ведаў пра нашую таямніцу, добра вывучыў мяне і добра ведаў, але нічога не казаў палкоўніку пра мае здатнасці.

Неўзабаве я яшчэ лепей разгледзеў, што палкоўнікаў пісар страшэнна зайздросціць майму новаму брату, бо быў занепакоены, каб яго не апярэдзілі ў прэтэнзіях на сакратарскае месца; я добра бачыў, як ён часам засмучаўся, як яго гняла злосць, як ён уздыхаў у цяжкім роздуме, калі бачыў старога альбо маладога Хэрцбрудэра. З гэтага я заключыў і не сумняваўся, што ён каваў планы, як падставіць нагу, як паваліць суперніка. З добрай ласкі і братэрскай вернасці я расказаў свайму прыяцелю ўсё, чаго апасаўся, каб ён мог хоць неяк засцерагчыся ад гэтага Юдавага братанца. Але ён усё гэта прымаў на лёгкую вагу, бо пераважаў таго пісара як пяром, так і шпагай, а апрача ўсяго таго меў ласку і прыхільнасць палкоўніка.

* Ты гаворыш і не робіш (лац.).

РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ДРУГІ

Сімпліцы бачыць, як праз закляцце чалавека можна ўвесці ў няшчасце

Як тое ўжо ёсць звычаем на вайне, старых вопытных жаўнераў ставяць прафузамі*; дык вось і мы ў сваім палку мелі аднаго такога, ды з такога шумавіння, такога пацяробка і ачоса, такога кандовага мардаварота, пра якога можна сказаць, што ўжо спанатраны ў розных справах больш чым трэба; ён быў сапраўдны чорныў штук майстар, чарнадзей – чорную курыцу поначы дасочыць і нячыстым закляне, а сам жа сабою не тое каб са сталі, а такі дзяцюк, што і каго хоч стрымаць мог і паставіць у поле гуф** райтараў здольны быў. Ягоны партрэт можна пабачыць у натуры, калі ўявіць сабе, што мастакі і паэты падаюць Сатурна, без таго, вядома, што не было ў яго ні касы, ні драўляных ног. І хоць небаракі-жаўнеры, якія трапляліся ў яго бязлітасныя рукі праз гэтую ягоную ўласцівасць, давалі яму самую знішчальную ацэнку, былі і такія людзі, якія ахвотна вадзіліся з гэтай пачварынай, асабліва Олівер, наш пісар; і чым больш закіпала ў ім зайздрасць да маладога Хэрцбрудэра, які быў вельмі прыветлівага нораву, тым большай была і даверлівая прыязнасць паміж ім і прафузам. З гэтага я вельмі лёгка зрабіў выснаўку, што ад суполкі Сатурна з Меркурыем ніякага дабра нашаму міламу Хэрцбрудэру не будзе.

Якраз тою парою мая палкоўнічыха была ўшчаснена сынком, і з нагоды хрэсьбінаў наладзілі каралеўскую гасціну, на якую, каб памагчы ў абслузе, папрасілі прыйсці і маладога Хэрцбрудэра; і калі ён з ветлівасці ахвотна згадзіўся, таму Оліверу далася ў рукі нагода паказаць свету свае падступныя штукі, якімі ён даўно быў цяжарны. І вось, калі ўжо па гасціне выявілася, што прапаў вялікі пазалочаны кубак майго пана, якога яму вельмі не хацелася проста страціць, бо ён жа яшчэ стаяў на стале, калі ўсе госці разышліся. Пахолак сказаў, праўда, што апошні раз ён яго бачыў у руках у Олівера, але той не прызнаў гэтага. Гукнулі даць рады прафуза, а нішкам яму, дарэчы, было сказана, каб ён сваім умельствам вывеў на святло крадзеж так, каб злодзей стаўся вядомы адной толькі пані, бо тут былі палкавыя афіцэры і не дужа былі б радыя, калі б ганьба агнездавалася сярод іх.

Усе ведалі пра сваю невінаватасць, усе мы весела пайшлі ў вялікі палкоўнікаў намёт, дзе чарадзей меўся даследаваць справу. Усе пераглядваліся, стараючыся адгадаць, як усё павернецца і дзе той кубак аб’явіцца. Калі прафуз прамармытаў некалькі слоў, тут раптам пачалі выскокваць – у аднаго тут, у другога там, адно, два, тры, вой, шмат-шмат шчанюкоў з калашын, рукавоў, ботаў, прарэхаў, з усіх прарэзаў у вопратцы. Яны шнарылі тут, там, па ўсім намёце, усе яны былі прыгожыя, розныя, і кожнае па-свойму размаляванае, так што атрымаўся вельмі вясёлы спектакль. А мне ў мае вузкія краацкія цялячыя штонікі столькі паналазіла гэтых начараваных шчанюкоў, што я мусіў скінукць штонікі, а як што мая кашуля яшчэ ў лесе сатлела на целе, дык я стаяў голенькі, і ўсе бачылі, што там у мяне спераду і ззаду. Нарэшце адзін шчанюк выскачыў з прарэхі ў Хэрцбрудэра, шчанюк самы ўвішны з залатым нашыйнікам; ён паглытаў усіх астатніх шчанюкоў, колькі іх тут, у намёце, валтузілася, што нагой не пераступіць. І калі ён управіўся з усімі, не стаў ні большы, ні меншы, затое абручык на шыі пачаў павялічвацца і нарэшце ператварыўся ў палкоўнікаў кубак.

Тут ужо не адзін толькі палкоўнік, а ўсе ў намёце здагадаліся, што кубка ўкраў не хто там хто, а менавіта малады Хэрцбрудэр; і палкоўнік сказаў яму: “Бачыш вось, ты няўдзячны госць, ці ж заслужыўся я сваім дабрадзействам на такі крадзеж, якога я ніколі не чакаў ад цябе? Глядзі, я ж толькі-толькі хацеў зрабіць цябе з заўтрага сваім сакратаром, аж бач, ты заслужыўся, каб яшчэ сёння я павесіў цябе, што несумненна і было б зроблена, калі б я не паважаў твайго старога сумленніка бацьку. Выбірайся хутчэй прэч з майго табара і, колькі жыцьмеш, не кажыся мне на вочы!” Хлопец хацеў перапрасіцца, але хто ж яго слухацьме, калі злачынства вось яно, было яснае, як божы дзень; і калі ён пайшоў, старому добраму Хэрцбрудэру зусім зрабілася блага, ён самлеў, і нават сам палкоўнік суцяшаў яго і казаў, што пабожны бацька не павінен аж так убольвацца за сваё няздарнае дзіця. Так Олівер з д’яблавым падсобкам здабыў тое, чаго так даўно прагнуў, але чаго не мог дасягнуць сумленным спосабам.

* Вайсковы наглядчык над вязьнямі і выканаўца судовых выракаў; profous (лац.), адсюль – прафос, прахвост.

** Конны атрад (стар. бел.).

РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ТРЭЦІ

Сімпліцы дае Хэрцбрудэру сто дукатаў і развітваецца, як з родным братам.

Як толькі пра гэтую прыгоду даведаўся Хэрцбрудэраў капітан, ён адразу адабраў у яго пісарскае месца і выдаў яму віновую масць, і з гэтага часу ім так пагарджалі, што любы сабака мог задраць на яго ножку, аж ён хацеў лепей памерці, чым жыць. Старому бацьку так далегла ад усяго гэтага, што ён даўся ў нядугу і ўжо рыхтаваўся да смерці. Як ён напрарочыў сабе, 26 ліпеня (а дзень гэты ўжо набліжаўся) ён стане перад пагрозай жыццю і здароўю, дык стары папрасіў у палкоўніка дазволу яшчэ раз пабачыцца з сынам, каб даць яму апошні бацькоўскі наказ і выказаць сваю апошнюю волю. Я быў сведкам іхняй сустрэчы, трэцім удзельнікам іхняй журбы. І я ўбачыў, што сыну не было ў чым апраўдвацца перад бацькам, бо бацька добра ведаў яго лагодны нораў і далікатнае выхаванне і быў пэўны за яго поўную невінаватасць. Ён, як чалавек мудры, кемны і глыбакамысны, лёгка вылічыў, што Олівер уладзіў лазню ягонаму сыну з прафузавай дапамогай; але што ён мог паставіць супроць чарадзея, якога толькі ўвядзе ў лішнюю злосць, калі той западозрыць спробу помсты? Да таго ж ён ужо прадбачыў сваю смерць і не мог памерці незаспакоены, душою няўрымшчаны, пакінуўшы сына ў такой ганьбе, у якой і сын жыць не мог, а таму прагнуў памерці раней за бацьку. Была такая скруха глядзець на гэтую болесць, што я шчыра заплакаў.

Нарэшце рашылі ў цярпенні і пакоры даверыць сваю долю Богу, а сын павінен быў падумаць пра сродкі на дарогу, як бы іх дастаць у сваім атрадзе і пашукаць свайго шчасця ў іншым месцы. Калі яны як след усё прыкінулі і ўзважылі, тут і выйшла на святло, што не хапае грошай, каб адкупіцца ад капітана, і пакуль яны тужылі і бедавалі, у якую нагоду загнала іх беднасць, як яна абцяла ўсе іхнія надзеі палепшыць іх лёс, я ўспомніў пра свае дукаты, якія ўсё яшчэ насіў у асліных вушах, папытаўся, колькі ім трэба ў іхняй крайняй патрэбе. Малады Хэрцбрудэр сказаў: “Калі б хто прыйшоў і прынёс нам сто талераў, дык думаю, я выкараскаўся б з усіх маіх нягодаў”. Я адказаў: “Браце, калі табе гэта дапаможа, дык я шчырай душою; я дам табе сто дукатаў”. – “Ах, браце, -- адказаў ён зноў, -- што з табою? Альбо ты сапраўды дурны, альбо такі легкадумны, што яшчэ і збыткі строіш з нашае глыбокае жальбы?” – “Ды не ж, -- сказаў я, -- я табе зараз дам грошы”, -- сцягнуў сваю камізэлю і дастаў адно вуха з рукава, распароў яго, адлічыў роўна сто дукатаў і аддаў яму; астатняе пакінуў сабе і сказаў: “А гэтымі я хачу памагчы твайму хвораму тату, калі яму будзе патрэба”. Тут яны кінуліся мне на шыю, пацалавалі і ад радасці самыя не ведалі, што рабілі, называлі мяне анёлам-збаўцам, якога паслаў сам Бог на суцяшэнне, хацелі пакінуць мне паперу, каб ёю запэўніць мяне, што разам з сынам я стануся таксама спадкаемцам альбо што яны мяне, калі Бог спасобіць ім дастацца да сваіх, адшкадуюцца гэтакай самай сумай разам з інтэрасам і з вялікай падзякай, але я нічога не прыняў, а толькі цалкам даверыў сябе іхняй дружбе. Малады Хэрцбрудэр хацеў прысягнуць, што папомсціць Оліверу альбо сам памрэ. Але бацька забараніў яму гэта і сказаў, што той, хто заб’е Олівера, прыме смерць ад мяне, Сімпліцы. “Але ж, -- сказаў ён, -- я добра ведаю, што ніхто з вас абодвух не заб’е другога і ніводзін з вас не мае быць забіты зброяй”. Потым ён настояў, каб мы абодва прысягнулі любіць адзін аднаго да смерці і ва ўсіх нягодах стаялі адзін за аднога.

Малады Хэрцбрудэр паразумеўся са сваім капітанам за трыццаць рэйхсталераў, капітан па-добраму з ім развітаўся, а ён з астатнімі грашмі і пры добрай пагодзе выправіўся ў Гамбург, купіў сабе там два кані і ўступіў у шведскае войска добраахвотнікам-райтарам, даручыўшы мне свайго бацьку.

РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ЧАЦВЁРТЫ

Сімпліцы расказвае, як прадказанні Хэрцбрудэраў лёс мазалём завязалі

Ніхто з палкоўнікавых людзей не прыдаўся на догляд за старым Хэрцбрудэрам лепей за мяне, і як што хворы таксама больш, можа, чым варта было, быў мною задаволены, дык палкоўнічыха і ўсклала на мяне гэтыя абавязкі, якія далі яму шмат добрага, а ўлічыўшы, што разам з гэтым яшчэ і няблага ўклаўся лёс ягонага сына, дык з кожным днём стары папраўляўся, так што яшчэ задаль да 26 ліпеня ён ужо амаль зусім ачуняў. Але яму хацелася крыху патрымацца за хваробу, пакуль назначаны дзень, якога ён яўна баяўся, не мінецца. А тым часам да яго забягалі розныя афіцэры з абедзвюх армій, яны хацелі ўведаць сваё будучае шчасце, бо з увагі на тое, што ён быў добры матэматык, кеміў у планетах і быў выдатны фізіянаміст і хірамант, ягоныя прадказанні рэдка калі не збываліся; ён назваў нават дзень, калі дайшло да бітвы пад Вітштокам, таму якраз да яго і завітвалі многія, каму выпадала загроза гвалтоўнай смерці якраз на той час. Палкоўнічысе ён прадказаў, што пасля родаў яна яшчэ шэсць тыдняў прабудзе ў табары, бо да таго часу Магдэбург не будзе наш. Палкоўніку Оліверу, які строіў з сябе перад ім поўную нявіннасць і прыкідваўся такім добрым дурнікам, ён ясна сказаў, штог той памрэ гвалтоўнай смерцю і што я, Сімпліцы, за яго смерць, калі б яна ні сталася, адпомшчу і заб’ю ягонага забойцу; таму Олівер з таго часу вельмі ставіў мяне за гэта. А самому мне за гэта стары распавёў увесь будучы распабег майго жыцця так грунтоўна, быццам жыццё маё ўжо прайшло ў яго на вачах, праўда, я не надаў гэтаму асаблівай вагі, хоць потым часта многае згадваў, пра што ён мне казаў наперад, але што ўжо альбо збылося, альбо якраз і спраўдзілася; найперш ён асцерагаў мяне ад вады, бо што менавіта ў ёй я і знайду сваю пагібель.

Калі ж настала 26 ліпеня, ён наказаў мне і аднаму стралку, якога мне па яго жаданні даў палкоўнік, каб у гэты дзень мы нікога да яго ў намёт не пускалі. Стары ляжаў адзін і бесперастанку маліўся; бо было ўжо пад полудзень, калі прыскакаў з райтарскага табара адзін лейтэнант і папытаўся палкоўнікавага канюшніка-штальмайстра. Яго паслалі да нас, а мы яму адразу адмовілі; ды ён не паслухаўся, а папрасіў стралка ўпусціць яго да штальмайстра, з якім яму, сказаў, яшчэ да вечара мусова трэба перагаварыць. Але як што і гэта не дапамагло, той пачаў лаяцца, клясціся громам і градам, казаў, што ўжо столькі разоў меў ласку прыязджаць да штальмайстра і ні разу яго не заставаў; а як што ён вось якраз тут, дык ці не будзе яму зроблены гонар сказаць таму толькі адно слоўка; лейтэнант злез з каня і, не даўшыся, сам адшчапіў намёт; я ўкусіў яго за руку і атрымаў за гэта добрую засвістку. Увайшоўшы і ўбачыўшы майго старога, ён сказаў: “Прашу пана дараваць мне маю дзёрзкасць, калі я скажу вам адно слова”. – “Кажы, -- адказаў штальмайстар, -- што пану наўме?” – “Нічога, -- скакзаў лейтэнант, -- апрача толькі таго, што я хачу папрасіць у пана, каб пану заўгодзілася зрабіць мне расклад планет”. Штальмайстар адказаў: “Хачу спадзявацца, высокашаноўны пан даруе мне, што з увагі на маю цяперашнюю нядугу я пану не магу зрабіць гэтай ласкі; а як што праца вымагае вялікіх разлікаў, мая затлумленая галава сёння зрабіць іх не можа; калі ж пану не абыдзе патрываць да заўтрага, я ахвотна дам пану дастатковае адшкадаванне”. – “Пане, -- сказаў на гэта лейтэнант, -- тады скажыце мне што-колечы з рукі”. – “Мой пане, -- адказаў стары Хэрцбрудэр, -- гэтая штука вельмі няпэўная і няўпраўная; таму жывым Богам прашу пана злітавацца; заўтра я ахвотна зраблю ўсё, чаго пан ад мяне жадае”. Але лейтэнант не хацеў выходзіць, а падступіўся да самага ложка, сунуў яму пад нос руку і сказаў: “Пане, я прашу толькі некалькі слоў пра канец майго жыцця, скажыце, калі будзе гэтае ліха, каб я мог панавыя словы лічыць Божай перасцярогай і як мае быць лепей убяспечыцца; таму прашу напрамілы бог, хай пан адразу і шчыра адкрые мне ўсю праўду, нічога не ўтойваючы!” Мілы старац адказаў яму на гэта коратка: “Ну што ж, будзьце тады вельмі абачлівыя, каб вас, пане, у гэтую гадзіну не павесілі”. – “Што? Ах ты, халабуда старая, -- сказаў лейтэнант, ужо не могучы стрымаць шалу, -- думаеш, ты так можаш гаварыць з кавалерам?” – выхапіў меч і закалоў майго дарагога старога Хэрцбрудэра да смерці. Я і стралок нарабілі крыку і гвалту, усе кінуліся да зброі; а лейтэнант доўга не збіраўся, адразу лахі пад пахі і – ходу; і ён напэўна ўцёк бы, калі б тут якраз не нахапіўся праездам сам саксонскі курфюрст з райтарамі; лейтэнанта дагналі і ссадзілі. Убачыўшы, як усё абярнулася, ён павярнуўся да фон Хацфэльда, нашага генерала, і сказаў літаральна так: “Дрэнная дысцыпліна ў імператарскім войску, калі нават хворы ў ложку не пэўны за сваё жыццё!” Гэта была рэзкая сентэнцыя і дастатковая, каб каштаваць лейтэнанту жыцця; наш генерал тут жа загадаў павесіць лейтэнанта за далікатную шыю і падняць яго цела ў паветра.

РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ПЯТЫ

Сімпліцы – служанка; не меў турботы, як адбіваць дурныя залёты

З гэтай праўдзівай гісторыі відаць, што не ўсе прадказанні трэба паняверыць, як гэта робяць некаторыя пустадомкі, упадаючы ў пустую гарэзу. З гэтага можна вывесці, што чалавеку цяжка заступіць назначаны яму кон, калі нават на няшчасце яму ўсё было прадказана загадзя і наперад. На пытанне, якое тут магло б паўстаць, а ці патрэбна, ці карысна і ці добра чалавеку, калі яму ўсё прадказана, калі разлічаны планеты, я скажу толькі тое, што стары Хэрцбрудэр казаў мне шмат разоў, -- што я часта жадаў і яшчэ жадаю, каб ён утоіў, бо нешчаслівыя выпадкі, якія ўжо былі, я ніколі не змагу адмяніць і абярнуць назад, а тымі, якія яшчэ наперадзе, мы толькі дарма будзем дадаваць сівізны ў валасы праз свае марныя спробы не дапусцуіць іх, бо і будучыя, і мінулыя – мусовыя і няўхільныя, незалежна ад таго, прадбачу я іх альбо не. Што ж да здарэнняў шчаслівых, пра якія чалавеку гавораць наперад, дык я лічу, што часцей за ўсё яны – чысты блізір і ашука альбо, прынамсі, не такая ўжо і талань, як прароцтвы на няшчасце. Які толк з таго, што стары Хэрцбрудэр бажыўся мне ўсімі святымі, быццам я народжаны і выхаваны высакароднымі бацькамі, калі з бацькоў я ведаў толькі татуся і мамусю, простых і нягеглых шпэсэрцкіх сялян? Item, што толку і чым дапамагло герцагу фрысляндскаму фон Валенштайну, што яму было напрарочана, быццам ён будзе каранаваны пад ігру на лютні? Хто не ведае, як ён сышоў на ліхі канец у Эгеры? Але хто хоча, таму хай і ў галаве роіцца, а я пераходжу зноў да сваёй гісторыі.

Калі я, як ужо тут расказана, страціў абодвух Хэрцбрудэраў, збрыдзеў мне ўвесь табар пад Магдэбургам, які я заўсёды называў вераўчаным горадам са стрэхамі і глінянымі мурамі. Я ўжо да смерці стаміўся і па горла быў сыты і сваім блазенскім уборам, і станам, быцца еў я ўсё гэта вялікім жалезным чарпаком; карацей, я рашыў – не дамся, каб мяне кожнае чмурыла дурыла, а, дасць Бог, пазбудуся, як мне казаў стары Хэрцбрудэр, сваіх блазенскіх шатаў, нават калі гэта мне каштавацьме жыцця і здароўя. Правёў я гэты план самым банальным чынам, бо ніякай лепшай магчымасці проста не выпала.

Олівер, сакратар, які пасля смерці старога Хэрцбрудэра стаў маім гофмайстрам, часцяком дазваляў мне выязджаць з кнэхтамі на фуражоўку. Калі мы аднаго разу прыехалі ў вялікае сяло, у якім ужо стаялі райтарскія вазы і ўсе пайшлі шастаць па хатах, шукаць, што дзе на вока падвернецца, я таксама пачаў нышкарыць, дзе б гэта выцібрыць якое старое сялянскае адзежыны, на якую мог бы памяняць сваё блазенскае. Але не знайшоў, чаго хацеў, а мусіў задаволіцца нечым там бабскім. Я надзеў яго, бо быў якраз адзін, а сваё выкінуў у прыбіральню, думаючы сабе, што з гэтай хвіліны я вольны ад усіх сваіх нягодаў. У гэтай вопратцы я пайшоў па вуліцы да некалькіх афіцэрых і ступаў, ідучы, дробненька, як Ахіл, калі ягоная маці вяла яго да Лікамеда. Ледзь толькі я выйшаў з-пад даху, як некалькі фуражыраў згледзелі мяне і момантам дадалі маім нагам жвавасці і шустрыні. Яны закрычалі: “Стой, стой!” – а я прыпусціў яшчэ шпарчэй, быццам мяне падсмальвала геена вогненная, і першы падаспеў да тых афіцэрых; я кінуўся перад імі на калені, молячы ў імя жаночага гонару і дабрадзеўства заступіцца за маю дзявоцкасць перад гэтымі пажаднікамі, і мая просьба не толькі была ўважана, але яшчэ адна ротмайстрыха ўзяла мяне за служанку, і я тоўкся ў яе, аж пакуль нашыя не ўзялі Магдэбурга, а потым шанцы пад Вэрберам, Хавэльбэрг і Пэрлебэрг.

Гэтая ротмайстрыха не была дзіця горкае, хоць і маладая яшчэ, каб дацца ў ашуку праз мой гладкі твар і станістасць; так і гэтак, дзе намёкам, дзе прыпёкам, а дзе па-нямецку ўсырамяць яна нарэшце патлумачыла, дзе ёй чаравічак цісне. Я тым часам быў яшчэ занадта сумленны і рабіў усё так, быццам нічога не заўважаў, і строіў з сябе дзяўчыну-нячэпу самага цнатлівага і пабожнага замесу. Ротмайстар і ягоны кнэхт улягалі на тую самую хваробу; таму ён загадаў сваёй жонцы справіць мне прыстойныя ўборы, каб яна не саромелася маёй грубай і простай сялянскай апраткі. А тая пайшла яшчэ далей, чым ёй было загадана, выстраіла мяне, як французскую ляльку; гэта яшчэ больш распаліла жар, і нарэшце ён так разгарэўся, што і пан і слуга на ўсю палкасць сваю жадалі ад мяне таго, чаго якраз я і не мог ім ушчырыць і ў чым з прыгожай манернасцю адмовіў нават сваёй пані. Нарэшце ротмайстар рашыў прыхапіць зручны выпадак і сілком узяць ад мяне тое, чаго яму атрымаць усё-такі было немагчыма. Гэта змеціла ягоная жонка, і як што яна ўсё-такі спадзявалася зыскаць сваю выгоду, дык перабегла яму дарогу і паблытала планы, абсекла ўсе ягоныя мацкі, аж ён падумаў, што ад усяго гэтага хутка здурэе.

Ніводнага з іх траіх мне не было так шкада, як нашага няздару-слугу, беднага дурашлёпа, бо калі пан і пані маглі і паміж сабою ўскароміць той свой дурны пахацімчык, дык гэты бязмен такое выгоды не меў. Аднаго разу, калі пан і пані пайшлі спаць, слуга ўпрогся ў падводу, на якой я кожнае ночы спаў, з гарачымі слязьмі бедаваў па сваім горкім каханні і горача прасіў умілажаліцца з яго. Але я ўпёрся, як кол асовы, і паказаў яму, што хачу захаваць сваю нявіннасць да самага шлюбу, і, як што ён тысячу разоў згаджаўся на той шлюб, але нічога ўзамен усё-такі не атрымаў, акрамя маіх слоў, што не, што цяпер немагчыма пашлюбіцца з ім; ён зусім даўся ў роспач ці, можа, толькі хітра напусціў на сябе, бо дастаў шпагу, прыставіў вастрыё да грудзей, а тронку да воза, быццам вось-вось ужо й праткнецца наскрозь. Я падумаў – пляга яго ведае, можа, і прапорацца, з чортам благія жарты; загаварыў з ім і суцешыў, што скажу канчатковае рашэнне ўраніцы. Гэта яго супакоіла, і ён пайшоў спаць; а я не спаў, я чуваў, разважаючы пра свой дзіўны стан. І так сабе прыкінуў, што прыгода мая ўдоўжкі не развінецца на добры лад, бо ротмайстрыха чым далей, тым больш дацірае сваім юрам, ротмайстар смялее, а конюх усё больш даціскае сваім непагасным каханнем; я і сам ужо не ведаў, як мне выцерабіцца з гэтага лабірынту.

Я часта мусіў у ясны дзень лавіць блох на пані толькі дзеля таго, каб глядзець на яе алавастрава белыя грудзі, каб мацаць яе далікатнае цела, што мне – а я ж усё-такі таксама быў з крыві і плоці—доўга вытрымаць будзе цяжка. Дасць святога спакою жонка, як прымаецца за пытку ротмайстар, а калі, здавалася б, ноч прынясе збавенне ад гэтых дваіх, лезе са сваёй мілосцю слуга – так што жаночае адзенне мне ўелася ў вантробы больш, чым блазенскі каўпак. І вось тады, але ўжо занадта позна, я задумаўся над прадказаннем і перасцярогамі майг святога Хэрцбрудэра і ўявіў сабе, што вось якраз я ў той самай напрарочанай турме, тут табе і небяспека жыццю і здароўю, пра якія ён таксама казаў, бо жаночая вопратка трымала мяне ў палоне, і вырвацца з яго я не мог, і ротмайстар ліхія жарты са мною згуляе, калі даведаецца, хто я такі, і калі застане мяне на лоўлі блох на сваёй жонцы. Што рабіць? І я рашыўся гэтае самае ночы адкрыцца слузе, як толькі развіднее, бо падумаў: “Яго любоўны шал астыне, а калі я адшпілю яму крыху са сваіх дукатаў, дык ён яшчэ і падбае пра мужчынскі ўбор, а тым самым паможа аслабаніцца ад усякіх закалотаў з тымі тваімі другімі”. Было б гэта як усё роўна нарочна выдумана, калі б шчасцю яно заўгодзілася так; але не, не заўгодзілася.

Засвітала майму шмуйлу ўжо апоўначы, бо ён прыбег па згоду і ўжо пачаў шныпарыць каля воза, калі я сама-сама толькі ўсыпацца як след пачаў, бо ўвесь час папярэдне думаў пра свой грэшны гандаль. А той падае свае позвы, бадай, нават залішне гучна: “Сабіна, га Сабіна, золатка маё, уставай, ясачка, падымайся, красачка, памятаеш, што ты абяцалася!” – аж збудзіў гэтым ротмайстра першага, бо ягоны намёт стаяў каля воза. У яго, вядома ж, пазелянела ўваччу, пажаўцела ў бельмах, бо і без таго ротмайстра яшчэ раней верад разабраў; але ён не выйшаў парушаць нашую згоду, а толькі ўстаў падзівіцца, чым той гешэфт абернецца. Нарэшце слуга разбудзіў і мяне сваімі намаганнямі і нудзіў, нудзіў сваё – то каб гэта я да яго з воза злез, то каб яго на воз пусціў; я адразу яго астудзіў, папытаўшыся, ці не мае ён мяне за якую-небудзь такую. Мая ўчарашняя прыпавесць тычылася шлюбу, без якога ён ува мне ніякага ўдзелу ня возьмець! Ён адказаў, што каб я ўставаў усё роўна, бо ўжо на раніцу займаецца і трэба людзям гатаваць сняданак; ён наносіць мне дроў і вады і запаліць агонь. Я адказаў: “Калі ты хочаш зрабіць гэта, калі ласка, а я яшчэ крыху пасплю; ідзі ўжо, ідзі сабе, я скора буду, я не забаўлюся”. Але боўдзіла не адступаўся ад свайго, і я ўстаў рабіць сваю працу, а не каб лабунькаццам з ім, тым болей што, як мне падалося, учарашняя гарачка яго ўжо адпусціла. Увогуле я добра надаваўся на палявую служанку, бо гатаваць, пячы і мыць бялізну я навучыўся ў краатаў; а каб прасці, дык салдацкія бабы і без таго гэтым у полі не займаліся. Чаго я яшчэ не ўмеў з жаночае працы, дык гэта як часаць (шчоткаю) і ўкладваць косы, пані ротмайстрыха лёгка прапускала гэта мне, бо ведала, што гэтаму я не вучаны.

Калі я з закасанымі рукавамі злазіў з воза, мой заамураны і падстрэлены любоўным шротам смелячок так разагрэўся ад маіх беленькіх ручак, што не мог утрымацца, каб не пацалаваць мяне; а як што я не тое каб дужа бараніўся, дык ротмайстар, у якога ўсё гэта рабілася на вачах, не мог стрываць, а выхапіўся з намёта, як дурань з каноплі, з голай шпагай у руцэ, каб тут і прыхапіць на месцы майго беднага залётнічка; але той уцёк і забыў вярнуцца. Ротмайстар – да мяне: “Ах ты, сука, ах ты, шлюндра мочаная, я ж табе пакажу…” Больш ад гневу нічога не мог сказаць, а толькі кінуўся на мяне, быццам зусім ашалеў. Я закрычаў, каб ён перастаў, каб не рабіў алярму, бо абедзве арміі, саксонская і імператарская, стаялі тады якраз насупраць адна аднае, а шведскае войска пад камандаваннем Бэнэра якраз набліжалася.

РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ШОСТЫ

Сімпліцы дастаўся ў рукі райтарам, і як яно выйшла ўсім дарам

Калі развіднела, выдаў мяне мой пан на пацеху райтарскім пахолкам, якраз калі падняліся абодва войскі; гэта быў гамуз усялякага зброду і таму, можна сказаць, банда, хай бог крые, якая страшная. Яны паперлі са мною да хмызоў, каб насыціць там сваю жывёльную патрэбу, як гэта робяць скурвысыны, калі ім даюць на папас што-небудзь жаночае. За імі рушыла шмат яшчэ якіх хлопцаў, падзівіцца на ганебную пацеху, сярод іх і мой закаханы пустамалот. Ён не спускаў з мяне вачэй, і калі ўбачыў, якая патупа мяне чакае, хацеў адратаваць сілай, нават калі пойдзе на скрут галавы. Знайшліся і заступнікі, бо ён сказаў, што я яго нарачоная. Яны спачувалі яму і мне і парываліся дапамагчы. Гэта якраз і не было ў лад райтарам, якія лічылі, што маюць на мяне большае права і зусім не хацелі выпускаць з рук сваёй карысці, а таму рашылі ісці сілай на сілу. Завялася калатня з абодвух бакоў; чым далей, тым больш тлуму і гвалту, так што ўжо ўсё баёвішча пачало нагадваць турнір, у якім кожны жывот кладзе за прыгожую даму. Іх дзікі лямант прыцягнуў увагу прафуза, які падышоў, калі ўжо мяне рвалі і тузалі з усіх бакоў, падралі на мне ўсю вопратку і разгледзелі, што я зусім не тое. З яго прыходам усё імгненна аціхла, бо яго ўсе баяліся больш, чым самога чорта; а тыя, што рвалі мяне, рассыпаліся; ён коратка распытаўся, за што тут такі гандаль зайшоўся, і тым часам, як я спадзяваўся, што ён выбавіць мяне з гэтай нягоды, ён сам узяў ды арыштаваў мяне, палічыўшы справу вельмі нязвыклай і, бадай, ліхамыснай, калі ў войску злавілі мужчыну ў бабскім адзенні. Таму ён і яго слуга разам з атрадам, які стаяў тут жа ў полі, узялі мяне і сабраліся вырушыць з намерам перадаць мяне генерал-аўдытару альбо галоўнаму прафузу. А як што нам дарога ляжала міма палка майго палкоўніка, дык мяне пазналі, распыталі, адзелі і перадалі як палоннага нашаму старому пану прафузу, які закаваў мяне па руках і нагах у жалеза.

Было мне вельмі ліха ісці вось так у ланцугах; а збыткавала б з мяне ўсякая ворвань, калі б не раскашэліўся сакратар Олівер, бо я не мог выставіць на святло божае мае дукаты, якія ўсё яшчэ былі пры мне, іх усё адно адабралі б, і гэта паставіла б мяне ў яшчэ большую небяспеку. Згаданы Олівер таго ж вечара расказаў мне, чаму мяне так строга ахоўваюць, а наш палкавы солтыс атрымаў загад правесці шкрутыніум (экзамен!) і дапытаць мяне, каб паказанні мае як мага хутчэй перадаць генерал-аўдытару; мяне трымалі не проста як віжа і выведніка, а яшчэ і як за таго, хто ўмее вядзьмарыць, бо яшчэ зусім нядаўна, пасля таго ўжо, як я ўцёк ад майго палкоўніка, было спалена некалькі ведзьмаў, якія перад смерцю прызналіся і на тым стаялі да канца, што бачылі мяне на іхнім генеральным шабасе, на які яны ўсе сышліся, калі былі намыслілі высушыць Эльбу, каб вораг лягчэй захапіў Магдэбург. Пункты, на якія я павінен быў даць адказ, наступныя:

Першае: ці вучыўся я ў школе, ці проста так сам навучыўся пісаць і чытаць?

Другое: чаму я ў вопратцы блазна прыйшоў у лагер пад Магдэбургам, тым часам як на службе ў ротмайстра, як і цяпер, я ў дастатковым розуме?

Трэцяе: з якіх прычын я пераўвабраўся ў жаночую вопратку?

Чацвёртае: ці не быў я разам з іншай нечысцю на вядзьмарскім шабасе?

Пятае: дзе мая радзіма і хто мае бацькі?

Шостае: дзе я быў, перш чым дастаўся ў лагер пад Магдэбургам?

Сёмае: дзе і навошта я навучыўся бабскаму рамяству, такому як: праць, пячы, гатаваць etc, item, граць на лютні?

Я хацеў ужо быў расказаць усё маё жыццё, каб асвятліць усе акалічнасці маіх дзіўных прыгодаў, ды зразумела і даходліва давесці ўсю праўду па гэтых пытаннях. Але палкавы солтыс не быў такі цікаўны да ўсяго, ён стаміўся ў паходзе, і яму было прыкра, таму ён загадаў коратка і ясна адказаць на тое, пра што пыталіся. Адпаведна з гэтым я і адказаў наступнае, з чаго нельга выявіць нічога такога асаблівага і грунтоўнага, а менавіта:

На першаем пытанне: я хоць і нідзе не вучыўся, але навучыўся чытаць і пісаць па-нямецку.

На другое: бо не было іншае вопраткі, дык і надзеў, што было, блазенскае.

На трэцяе: бо абрыдла блазенская, а мужчынскай не дастаў.

На чацвёртае: так, быў, але супроць маёй волі і чараваць не ўмею.

На пятае: мая радзіма Шпэсэрт, а мае бацькі сяляне.

На шостае: у Ханаў у губернатара і ў краацкага палкоўніка, званага Карпес.

На сёмае: у краатаў супроць маёй волі мусіў навучыцца праць, пячы і гатаваць, а ў Ханаў іграць на лютні, бо вельмі падабалася і хацелася.

Калі гэтае маё прызнанне было запісана, ён сказаў: “Як ты можаш хлусіць і казаць, што не вучыўся, калі ты, яшчэ хадзіўшы ў блазнах, аднаму святару пад час імшы на словы “Domine, non sum lignus!”* адказаў таксама на лаціне, каб ён такога не гаварыў, бо яно і так усім вядома?” – “Пане! – адказаў я. – Гэтаму мяне навучылі іншыя людзі і сказалі, што гэта словы з малітвы, якую трэба гаварыць на імшы, калі наш каплан спраўляе набажэнства”. – “Так, так, -- сказаў палкавы солтыс, -- я бачу, што ты з тых невінаваценькіх, якім трэба развязваць язык абцугамі”. Я падумаў: “Памажы, Госпадзе, бо на коне мая дурная галава”. На раніцу прыйшоў ад генерал-аўдытара загад нашаму прафузу, каб ён прыглядваў за мною; бо ён так мяркуе, што пакуль у войсках зацішак, ён сам дапытае мяне, і ў такім разе я не пазбегну тартураў, калі толькі інакш не судзіцьме Бог. У гэтай турме я ўвесь час думаў пра майго святара з Ханаў і пра памерлага старога Хэрцбрудэра, бо яны праўду такі сказалі, што са мною будзе далей, калі я скіну з сябе блазенскі ўбор. Я думаў таксама, як гэта цяжка і немагчыма на вайне беднаму дзеўчаняці захаваць сваё дзявоцтва і пранесці яго ў беспахібнасці,

* Госпадзе, я не варты! (лац.).

РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ СЁМЫ

Сімпліцы бачыць, якую канфузу Хэрцбрудэр у бітве спраўляе прафузу

Таго ж вечара, як толькі мы атабарыліся, мяне завялі да генерал-аўдытара, перад якім ужо ляжалі мае паказанні і ўсе пісьмовыя прылады, і ён пачаў сваю дапытку; я расказаў яму ўсё, як было. Але мне не паверылі, і генерал-аўдытар знаць нічога не хацеў, каго ён перад сабою мае – дурнога блазна ці зацятага прахвоста, бо пытанні і адказы прайшлі вельмі гладка, а ў чым тут той гандаль і гешэфт, так і няясна, але дзіўна. Ён сказаў мне ўзяць пяро і напісаць, каб пабачыць, што ж я ўмею і ці знаёмы яму мой почырк альбо, можа, з яго ўдасца выдабыць нешта такое яшчэчкі. Я ўзяў пяро і паперу так спрытна, як той, хто кожнага дня толькі тым і займаецца, што піша, і спытаўся, што напісаць. Генерал-аўдытар ужо, відаць, незадаволены, што мой экзамен заехаў глыбока ў ноч, сказаў: “Э-э, пішы: твая маці – курва!” Я напісаў яму гэтыя словы, і калі яны былі прачытаны, гандаль мой зусім заняпаў, бо генерал-аўдытар сказаў, што вось цяпер якраз ён ужо сам бачыць, што я за птах такі. Ён спытаўся ў прафуза, ці быў я абшуканы і ці не знойдзена пры мне якіх крамольных пісанняў. Прафуз адказаў: “Не! Што там можна было аглядаць, калі нам яго прывезлі амаль голага?” Але, ах, і гэта не дапамагло; прафуз мусіў пры ўсіх абшукаць мяне, і вось, шчыруючы над загадам, ён знаходзіць, о няшчасце, асліныя вушы з дукатамі на маіх руках. Злоўлены з ліцом. І сказалі: “Навошта нам большыя доказы? Гэты здраднік несумненна падрадзіўся на нейкае вялікае паскудства, бо інакш навошта яму, разумнаму праныру, лезці ў блазенскую апратку і выдаваць сябе за бабу? І зноў жа, як думаеце, з якое такое рацыі ў яго столькі грошай? Мусібыць на нешта важнае? Ці ж не сказаў ён сам, што навучыўся іграць на лютні ў губернатара Ханаў, які ёсць самы абстраляны жаўнер на вайне? Што думае панства, якія яшчэ хітрыя практыкі плёў перад тымі дасціпнымі галовамі гэты спанатраны ў розных вычудах шпіцаль? Самае лепшае цяпер – заўтранька зранку яго ў катоўню, і хай скажа ўсё чыста, а калі не, дык і ў агонь яго, бо і без таго ён ужо знюхаўся з чарадзеямі і ведзьмамі і лепшага не варты”. Што ў мяне тады было на душы, кожны няхай уявіць; я ведаў, што я не вінаваты, і адзіная была надзея – на Бога; але разам з тым я бачыў небяспеку і аплакваў страту маіх прыгожых дукатаў, якія генерал-аўдытар згроб сабе.

Але перш чым быў запушчаны ў ход гэты мой строгі працэс Бэнэравыя ўчапіліся ў патлы нашым; на самым пачатку арміі біліся за ініцыятыву, а адразу пасля за цяжкую артылерыю, якую нашыя такі страцілі. Наш чысцюля-сабакародзец-прафуз са сваёй камандай і вязнямі, праўда, трымаўся даволі далёка ад баталіі; і тым жа разам мы былі так блізка ад нашага атрада, што ззаду ўсіх пазнавалі па вопратцы, і калі на нашых папёр шведскі эскадрон, мы, як і тыя ў баі, былі аднолькава ў смяротнай небяспецы; бо адным мамэнтам ўсё паветра над намі засвісцела кулямі, аж можна было падумаць, быццам гэта быў салют у гонар нам. Баязлівейшыя ўгіналіся, нібыта хацелі схавацца самі ў сабе; а тыя, у каго хапала куражу і хто ўжо бываў у такіх пераплётах, усё прапускалі, не бялеючы ў твары. У бітве кожны стараўся ўбараніцца ад смерці, забіваючы бліжэйшага непрыяцеля. Жахлівая страляніна, бразгат зброі і даспехаў, ляск коп’яў і дзідаў, крыкі параненых і напаснікаў разам з трубамі, барабанамі і пасвісцёламі – вусцішная музыка! Не відаць нічога за густым дымам і пылам, які, здавалася, хацеў накрыць сабою жудаснасць параненых і мёртвых. Чуліся жаласныя стогны і енкі паміраючых і радасна-залівістая ягла тых, якія былі яшчэ поўныя адвагі; і коні выглядалі, як бы былі ў абароне сваіх гаспадароў, чым далей, тым свяжэй, такімі гарачымі яны былі ў гэтым сваім абавязку, да якога яны былі змушаны сілком. Некаторыя падалі пад сваімі наезнікамі, усе ў ранах, якіх яны без аніякай віны дасталі за сваю верную службу; другія з падобнай прычыны падалі на сваіх верхаўцоў і, значыцца, у смерці сваёй дачакаліся гонару, што былі на тых, якія пры жыцці былі на іх, конях. А тыя, пасля як ужо з іх знялі збрую, пакідалі людзей іхняму шаленству і зацятасці, а самыя ўцякалі ў чыстае поле шукаць сваёй першай свабоды.

Зямля, якая звычайна накрывае сабою мёртвых, была сама ў той мясціне ўсыпана мёртвымі, пазначанымі самым розным спосабам. Там ляжалі галовы, страціўшы сваіх натуральных валадароў, а там целы, без галоў; у некаторых былі жудасна вывернуты вантробы, у тых раструшчаны галовы, распырсканы мазгі. Былі відны абяздушаныя целы, пазбаўленыя сваёй крыві і зноў жа, наадварот, жывыя, аблітыя чужой крывёю. Валяліся адарваныя рукі, на якіх яшчэ варушыліся пальцы, быццам усё яшчэ парываліся ў валтузню; і, наадварот жа, уцякалі мужчыны, якія яшчэ не пралілі ні кроплі крыві. Там ляжалі адсечаныя сцёгны, якія, вызваліўшыся ад цяжару тулава, тым не меней былі цяжэйшыя, чым раней. Там раздушаныя жаўнеры, якія благалі смерці, хоць яны і без таго былі ўжо блізкія да скону; і, зноўжа наадварот, знаходзіліся такія, што прасілі дараваць ім жыццё і злітавацца. Summa summarum гэта было не што іншае, як гаротнае, жалю вартае відовішча! Шведскія пераможцы гналі нашых пераможаных з месца, на якім тыя так нешчасліва змагаліся, пасля таго як іх раздзялілі, расцерусілі, білі па частках, скорым пераследам канчаткова дабівалі. З такімі акалічнасцямі наш пан прафуз, пагражаючы нам смерцю, прымушаў і нас уцякаць разам з ім, як тут прыляцеў малады Хэрцбрудэр з пяццю коньмі і прывітаў яго з пістолі. “Глядзі сюды, сабака паршывы, -- сказаў ён, -- і цяпер ты яшчэ хацеў бы рабіць шчанюкоў? Я заплачу табе за твае намогі!” Але куля не ўзяла прафуза, як сталёвае кавадла. “Ого, які ты цвёрды! – сказаў Хэрцбрудэр. – Я тут табе не на радасць і не на пацеху; ты, сабака сабачы, здохнеш, нават калі ў цябе душа да плоці прырасла”, -- загадаў аднаму мушкецёру з прафузавай аховы, каб ён, як што сам хоча ацалець, зарубаў яго сякерай. Так прафуз атрымаў сваю плату; а мяне Хэрцбрудэр пазнаў, вызваліў з ланцугоў і кайданаў, пасадзіў на свайго каня і сказаў слузе звесці мяне ў бяспечнае месца.

РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ВОСЬМЫ

Сімпліцы расказвае, як пасаду агоўтаў, як жэрлі вошы яго і што сталася потым

Калі слуга майго ратаўніка выводзіў мяне з небяспекі, ягоны пан, наадварот, ахоплены прагаю славы і здабычы, так паддаў і прабіўся так далёка, што сам трапіў у палон. І калі пасля пераможцы дзялілі трафеі і хавалі сваіх забітых, Хэрцбрудэра сярод іх не было, а я, ягоны слуга і коні трапілі да майго ротмайстра; я мусіў служыць у яго пахолкам, але не меў з таго анічога, апрача пустых абяцанак: калі буду служыць спраўна і крыху вырасту са свайго падлецтва, ён павысіць мяне, інакш – зробіць мяне райтарам, і я вымушаны быў з гэтым моўчкі змірыцца.

Адразу пасля мой ротмайстар быў узведзены ў падпалкоўнікі, а я ў яго атрымаў пасаду, якую за даўнім часам Давід займаў у Саўла; у лагеры я іграў яму на лютні, а ў паходах насіў за ім ягоныя даспехі, што было досыць цяжка. А як што браня была вынайдзена, каб абараняць яе носьбіта ад варожых удараў, дык у мяне атрымалася якраз наадварот, мае ўласныя дзеткі, якіх я сам на сабе напладзіў, пад гэтай абаронай дапякалі мяне, як горш і не бывае. Пад бранёй мае вошы мелі волю вольную і прастору, свае зборышчы і паходы, аж так выглядала, быццам нашу я браню дзеля іхняй бяспекі, а не сваёй, тым болей што я не мог туды залезці рукою і пачасацца. Жаўнеры адразу зрыфмавалі на мяне песеньку:

Пацешу песенькай харошай:
Пад пахай злева сотня вошай,
Пад пахай справа яшчэ больш,
На спіне войска іх – на вошы вош.

На якія толькі стратагеты вайсковай хітрасці я ні кідаўся, каб знішчыць гэтую армаду, але не было ні часу, ні нагоды высмаліць іх агнём, як гэта робяць у духоўцы, ні вадою, ні атрутаю, а я ведаў, што памагае ртуць, яшчэ менш было магчымасці звесці іх, памяняўшы вопратку і бялізну, а толькі ж мусіў цягаць іх на сабе і карміць крывёю і плоццю. І як што яны кусалі і жэрлі мяне пад даспехамі ды ўжо так дапяклі, што я дастаў пістолю, нібыта каб зарадзіць яе імі замест куль, але ўзяў толькі шомпал і сапсаваў ім гасціну, пашураваўшы пад панцырам. Нарэшце прыдумаў вось што: наматаў на шомпал кавалачак футра і зрабіў з гэтага такі ліпучы квач у сетачцы; калі ж тады гэтай вашанай вудай соваў пад браню, дык адным заходам выквэцваў тузінамі з іхніх сховаў, сярод іх пападаліся такія ўкормленыя, важныя прынцы, з якімі я, зрэшты, абыходзіўся, як з малымі свету гэтага, і скідаў іх з каня прэч; але і гэта мала дапамагала.

Аднаго разу мой падпалкоўнік з моцным атрадам быў пасланы ў кавалькаду па Вестфаліі, і калі б ён тады меў столькі райтараў, як я вошай, ён перапалохаў бы цэлы свет; але як што іх не было, ён мусіў ісці асцярожна, абачліва, хавацца ў Гамэр-Марку, так называецца лес паміж Гамам і Зёстам. Тады якраз з маімі гасцямі дайшло да крайняга крэсу; яны так угрызлі мяне, што я баяўся, каб увогуле не пазапаўзалі пад скуру. Якое ж тут дзіва, што бразільцы ад злосці і гневу жаруць сваіх вошай, калі тыя як след налягуць! Аднойчы думаў, што не вытрываю пыткі; я адышоўся, калі з райтараў хто чысціў коні, хто спаў, а хто стаяў у дазоры, крыху ўбок пад дрэва, каб даць там генеральную бітву непрыяцелю. Я зняў з сябе даспехі, хоць перад бітвай іх якраз трэба надзяваць, і ўчыніў такое мардаванне і душэнне, што неўзабаве ў мяне абодва мячы на вялікіх пальцах да тронак пачырванелі ад крыві і былі ўсыпаны мёртвымі жужламі, нават цэлымі гронамі; а якіх я не змог забіць, тых адправіў у выгнанне на шпацыр пад дрэва. Успомніў пры гэтым другі куплет песенькі; спявалася яна так:

І вось пайшоў вайной Сімпліцы.
Вош вошы кажа: “Ўсё, сястрыца,
Каб не такі ліхі малец,
Не быў бы войску нашаму канец”.

Як толькі калі ўзгадаю гэтую баталію, мне аж скура шэрхне на ўсім целе, быццам я ў разгары сечы. Я нават падумаў быў, што нельга так зацінацца супроць сваёй крыві і плоці, як той Ірад, асабліва супроць сваіх верных слуг, якія са мною пайшлі б у шворку, на калесаванне ды яшчэ і служылі замест мяккага пухавіка, калі мне здаралася спаць у чыстым полі пад ракітай на сырой зямлі. Але ў сваёй тыраніі я не пакладаў рук і лютаваў, як звер, нават і не заўважыў, як імперцы залучылі майго падпалкоўніка, пасля дабраліся і да мяне, вашапруда, жахнуўшы маіх бедных вошак, а самаго ўзялі ў палон, бо яны не пахіснуліся перад маёй адвагай, якая зусім нядаўна ўздольніла мяне ўправіцца з тысячамі і паставіла мяне вышэй за таго краўчука, які адным махам сямёх забівахам.

Дастаўся я аднаму драгуну, а найлепшы ягоны трафей – былі даспехі майго падпалкоўніка, якія ён у Зёсце, дзе яны кватаравалі, вельмі выгадна прадаў каменданту. Так ён стаў за час вайны маім сёмым панам, а я быў ягоным пахолкам.

РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ДЗЯВЯТЫ Сімпліцы расказвае, як жаўнеру жывецца ў раі выдатна праз меру

Наша гаспадыня, яна зусім не хацела, каб ёй увесь дом абсадзілі маім войскам, так што яна вымушана была вызваліць ад яго і мяне; яна павяла працэс крута і рашуча: сунула ўсе мае транты ў напаленую печ і павыпякала іх так спраўна, як усё адно старую люльку, так што я зажыў без маіх кузак, як чыста ў ружавым садзе; хто паверыць, як мне добра было, што я раптам з той катоўні, у якой, як у мурашніку, жыў некалькі месяцаў, перабраўся ў рай. Затое неўзабаве я ўзяў на сябе іншы крыж, бо мой пан быў адзін з тых жаўнераў, якія верылі, што царства нябеснае без іх прападзе; ён пастанавіў жыць толькі на свой жаўнерскі золд і больш не мець аніякага клопату – праведнасць дык праведнасць; увесь ягоны набытак складаўся толькі з таго, што ён панавыслужваў з каравулаў і што панаадкладваў са штотыднёвых заробкаў. А як што заробкі тыя былі не дужа каб, дык ён ашчаджаў, дрыжаў над імі, як над усходнімі пэрламі; кожан грошык зашываў у вопратку, а каб запасы скарбаў раслі і множыліся, дык прыпрог да свайго коніка і мяне, мы абодва меліся яму пасабляць. З таго і выходзіла, што я мусіў праз сілу і змогу лыкаць сухія пумпернікелі, запіваючы іх чыстаю вадою, а калі шанцавала, дык рэдзенькім півам, і ўсё гэта ставала мне папярок горла, і не дзіва, што ад такога пасілку ўсё маё горла знасілася, цела ссохла і зжэбрала. А каб перахапіць што лепш наеднае, трэба было прыкрадваць, але зноў жа з пэўнай аглядкай і ў меру, каб нічога не пазначылася і каб ён не заўважыў нічога. Дзеля яго не завялі б шыбеніц, асліных сёдлаў і барабаншчыкаў, якія выбівалі на барабанах зару, бо ўся ягоная істота з усёй яго чыннасцю і статэчнасцю была чужая жэрцю, піццю, гульні і розным там дуэлям. Калі яго пасылалі ў канвой, на вылазку ці яшчэ ў які-небудзь раз’езд, ён валокся туды разам са мною, як старая баба з кульбакай. Я таксама цалкам усведамляю, што калі б гэты добры драгун не меў у сабе такіх гераічных жаўнерскіх цнотаў, ён не зважаў бы на вашывага пахолка, а памчаўся б за маім падпалкоўнікам. Я не спадзяваўся разжыцца ў яго новай адзежай, бо і сам ён насіў цыраванае-перацыраванае, як усё роўна мой колішні пустэльнік. І ўся збруя і сядло таксама на тры грошы не цягнулі, кабыла з голаду ледзьве ногі перастаўляла, так што ні шведу, ні гесэнцу не выпадала баяцца працяглай пагоні.

Усё гэта ўпадзвіжыла гэйтмана паслаць яго ў Парадыз – Рай, так называўся жаночы кляштар – на ахоўную службу, і не таму, шть была ў тым нейкая пільная патрэба і ён найлепш на тое прыдаваўся, не, а каб крыху агладзіўся чалавек, падкарміўся, тым болей і асабліва таму, што законніцы-чарнарызніцы прасілі прыслаць ім прыстойнага, спаважнага, пабожнага і ціхмянага мужыка. Вось і паехаў ён туды, а я з ім пеша, бо ў яго быў, на жаль, толькі адзін конь. “Пашэнціла, Сімпрэхце (не мог запамятаць імя Сімпліцы), -- сказаў ён па дарозе, -- вось прыедзем у рай, вось ад’ямося!” Я адказаў: “Назва – выдатны намёк; Бог дасць, што і самое месца будзе такое!” – “Вядома, -- сказаў ён (бо не разумеў мяне), -- калі кожан дзень нам будзе праснак пад піва, дык няблага. Уяві сабе, я хачу справіць сабе новы плашч; тады табе дастанецца мой стары, а ён яшчэ вой які носкі, а калі яго абцяць – каптан выйдзе”. Назваў яго “старым”; я думаю, што плашч той памятаў яшчэ бітву пад Павіяй, такі быў заношаны, патрапаны, выцвілы і зашмуляны, што радасці мне было не дужа каб.

Рай і праўда быў такі, якім мы яго хацелі бачыць, а звыш таго яшчэ вадзіліся там замест анёлаў файныя паненкі, якія так трактавалі нас добрай ежай і пітвом, што неўзабаве ў мяне ў пузе кругла стала, морда ад’елася, што і ў цэбар не лезла; падавалі там густое піва, выдатную вестфальскую шынку, тоўстыя і тонкія вэнджаныя каўбасы (аж вы зроду такіх не елі), смакавітую і сакавітую далікатную ялавічыну, якую вымочваюць у салонай вадзе, гатуюць, а ядуць толькі халоднаю. Тут я ўпершыню паспытаў чорнага хлеба, які я намазваў пасоленым маслам таўшчынёю з палец, а наверх клаў сыр-гамолку, каб слізка спаўзала ў чэрава; а як даходзіў да барановага сцягняка, нашпігаванага часныком, ды пад ладную конаўку піва, дайце ж рады – даброціў сабе душу і цела і забываўся на ўсе мінулыя цярпенні. Карацей, Парадыз спадабаўся мне, нібыта ён быў раем сапраўдным; адно толькі і зажальвала, што я ведаў – доўжыцьмецца гэта не вечна, што я мушу хадзіць абадраны, абшморганы, залюманы і… s. v., такім і пайду адсюль.

Але ж гэтак сама, як грудаю валіліся на мяне ўсякія няшчасці, пачало мне нешта прабельвацца, аж падалося, быццам шчасце зноў пабілася ў заклад. Бо як паслаў мяне мой пан у Зёст, каб даставіць увесь ягоны пажытак, знайшоў я па дарозе торбу, а ў той торбе локцяў шарлаху на добры такі плашч разам з чырвоным нязгоршым аксамітам на падкладку. Я ўсё гэта ўзяў, а ў Зёсце памяняў у аднаго суконшчыка на звычайнае зялёнае сукно на адзенне з усім, што ідзе ў дадатак, і з умоваю, што ён мне ўсё пашые і дадасць да ўсяго шапку на галаву. Ну, пасля гэтага бракавала толькі пары людзкіх чаравікаў і кашулі, дык я аддаў крамніку срэбныя гузікі і галуны да таго плашча, а ён мне за тое ўсё, што мне было яшчэ трэба, і выкукліў мяне ўсяго пад іголачку. І вось я зноў вярнуўся ў Рай да майго пана, які громам грымеў і раздзіраўся, што я не прывёз знаходку яму; вой, гразіўся і лупцоўкай, і пярцоўкай і ўжо быў амаль гатовы, калі б не пасаромеўся і калі б яму вопратка ўпасавала, вытрасці мяне з абновы і насіць самому, але я ўжо добра ведаў, што рацыю меў я.

Тым часам гэты скнара і жмінда ўсё-такі пасаромеўся, што ягоны слуга апранены лепш ад самога, і з’ездзіў у Зёст, пазычыў у свайго гэйтмана грошай і выстраіўся на іх найлепшым чынам, паабяцаўшы сплаты са свайго золду, і рабіў гэта, што праўда, спраўна. Ён меў бы і сваім коштам зрабіць гэта, калі б не быў аж такі хітры, каб выдаць сябе, бо калі б ён так зрабіў, дык страціў бы сваё ўлежанае месца, на якім мог бы ўсю зіму пранудзіць і лайдачыцца ў Раі, а на яго месца прыслалі б якога-небудзь іншага задрыпанца. У кожным разе гэйтман мусіў яго пакінуць там, дзе той і быў, бо як інакш зыскаў бы з яго свае грошы. З гэтага часу лайдацкае жыццё пайшло ў нас як па шнурочку і самай цяжкай працай было качаць кеглі. Пачысціўшы, накарміўшы і напаіўшы пан-драгунавага рысака, я быў сам сабе панам, вырабляў што хацеў і хадзіў дзе хацеў.

Кляштар быў таксама аблюбаваны адным гесэнскім мушкецёрам, нашым праціўнікам, з Ліпштата; быў ён сваім фахам кушнер, а таму не толькі майстар на ўсе рукі, і да танца, і да ружанца, але мог і вілы ў бокі – умеў на шпазе; каб не змАліцца ў майстэрстве, ён кожны дзень практыкаваўся са мною ў вольны час на ўсялякай зброі, і сам я так усяго гэтага панабраўся, што ўжо не баяўся даць яму сатысфакцыі, калі ён таго хацеў. А мой драгун, замест каб пафехтавацца, толкі качаў з ім шары ў кеглі, і каб жа на што, а то ж толькі хто вып’е піва за сталом – і кожны пройгрыш клаўся на кляштар.

У кляштары быў свой паляўнічы абшар, а таму і свой егер; а як што я сам быў апрануты ў зялёнае, дык далучыўся да яго і ўсю восень і зіму вучыўся ягонаму ўмельству і хітрасцям, асабліва што тычылася ловаў дробнага звера. З гэтых прычын, а таксама таму, што імя Сімпліцы было крыху нязвыклае, а простым людаь проста й забывалася або цяжка вымаўлялася, усе называлі мяне “егерам”, “лоўчыкам”, “лавайчыкам”. Я ўведаў усе дарогі і сцежкі, што пасля абярнулася мне на вялікую выгоду. А калі за благім надвор’ем не мог хадзіць па лясах, па палях, я чытаў усялякія кнігі, якія мне выдаваў кляштарны аконам. А як толькі пекныя кляштаранкі змецілі, што я, маючы неблагі голас, яшчэ й на лютні граю, якшчэ й крыху на клавікордах (instrumentum pinnatum, clavicimbalum), яны яшчэ пільней прыгледзеліся да маіх астатніх здольнасцяў, і, калі пры гэтым выявіліся даволі ладныя прапорцыі кахання і прыгожы тварык, яны прызналі ўсе мае звычкі, сутнасць, учынкі і паводзіны вельмі высакароднымі, міла-шляхетнымі і як яно і мела быць у прыстойнага хлопца. Так неўзабаве неспадзявана я стаў вельмі любасным маладзічком, аж усе дзіву даваліся, чаму я жыву ў такога зануды-драгуна.

Калі ж вось у такой раскошы марнатравіў я ўсю зіму, майму пану далі адлуп, гэта так яго даняло, што ён аж захварэў, а як што падхапілася яшчэ і моцная гарачка і адкрыліся старыя балячкі, якіх ён нахапаў за ўсё сваё паходнае жыццё, дык ён не доўга ўпіраўся, управіўся хутка, і ўжо праз тры тыдні я меў што хаваць. Зрабіў я яму на магілу такую эпітафію:

Ляжыць тут удалы ваяка; здаецца, жыві й жыві,
бо за доўгі свой век не праліў ні кроплі крыві.

Паводле права і звычаяў гэйтман мог здзедзічыць каня, вінтоўку, а ўсё астатняе – фэндрык; а як я тады быў свежы, падрослы маладзік і была надзея, што з часам выганю ў бясстрашнага мужчыну, дык мне, калі я запісаўся ў войска, паабяцалі ўсю панавую пазасталасць разам з ягоным месцам. Я ўсё гэта прыняў ахвотна, бо ведаў, што мой пан пазашываў у штаны шмат дукатаў, якія ён збіраў адзін да аднаго ўсё сваё жыццё; і калі я дзеля такога завяршэння справы падаў сваё імя як Сімпліцы Сімпліцысімус, пісар-каліграфіст Кірыяк ніяк не мог напісаць яго арфаграфічна правільна, ён сказаў: “Адзін чорт у пекле так завецца”. І калі я ў яго пасля гэтага спытаўся, ці ёсць там у пекле каторы, каб зваўся Кірыяк, ён не ведаў, што адказаць, хоць, здавалася б на блізір, быў такі ж бо разумны; гэта так спадабалася майму гэйтману, што ён з самага пачатку паклаў на мяне спрыяльнае вока з добрай надзеяй на мае будучыя баявыя подзвігі.

РАЗДЗЕЛ ТРЫЦЦАТЫ Сімпліцы – Лавайчык, Сімпліцы – жаўнер, сам сабе пан і кавалер

Як што каменданту Зёста якраз быў патрэбен хлопец на канюшню, а я гэтакім здольнікам якраз і здаўся, дык яму не вельмі дагаджала, што я стаў жаўнерам, бо ён разлічваў узяць мяне; прыкінуў, што я яшчэ малады – і які там з мяне адважнік. Прапанаваўшы гэта майму гаспадару, ён паслаў па мяне і сказаў: “Слухай, Лавайчык, будзеш у мяне за слугу”. Я спытаўся, якія ў такім разе будуць мае мусовасці. Ён адказаў: “Даглядацьмеш мае коні”. – “Пане, -- сказаў я, -- мы не пасуем адзін аднаму; я лепей паслужыўся б таму пану, чые коні служылі б мне, і калі такога пана я не маю, дык лепш застануся ў жаўнерстве”. Ён сказаў: “У цябе яшчэ той не аброс”. – “О не, -- сказаў я, -- адважуся параўнаць сябе з васьмідзесяцігадовым мужчынам, -- яно ж бо не барада робіць мужчыну, інакш у героях хадзілі б адны казлы”. Ён сказаў: “Калі ў цябе адвага такая языкастая, дык хай будзе па-твойму”. Я адказаў: “Гэта праверыцца ў першай аказіі”, -- і тым самым намякнуў, што не дамся зрабіць з мяне канюшніка. І ён пакінуў мяне тым, кім я і быў, і сказаў, што майстар справай аказваецца, а таксама коратка зазначыў, што зычыць, каб я стаў тым, кім сябе бачу.

Пасля гэтага я дастаў старыя драгуновыя штаны і, анатаміраваўшы іх, з іхняга змесціва справіў сабе яшчэ добрага страявога каня і самую лепшую стрэльбу, якую толькі мог знайсці; усё гэта павінна было ў мяне блішчаць, як люстэрка. Я зноў насіў усё зялёнае, і мне ўпадабалася імя егер Лавайчык; старое сваё адзенне я аддаў пахолку. Бо было мне ўжо замалое. І паязджаў сабе, як малады шляхетны паніч, і сапраўды не лічыў сябе пазаддзем. Я нават адважыўся па-афіцэрску аздобіць свой капялюш плюмажам; гэта дало мне неўзабаве завіднікаў і агуднікаў, між імі і мною ўзніклі даволі вострыя перапалкі на словах, дайшло і да зубатычын нарэшце. І заледзьве збольшага паказаў двум-тром, чаго я ў Раі навучыўся ў кушнера і што раздаваць поўхі направа-налева мне як раз-два-тры, як усё гэта мне залічылася, і, як бач, ужо многія добра ладзілі са мною, а некаторыя нават набіваліся на дружбу. Я ахвотна згаджаўся на вылазкі і конна і пеша, от жа і коней меў, і на ногі быў баржджэйшы за любога з маіх таварышаў, а калі даводзілася сцінацца з непрыяцелем, я ляцеў, як бура, і кожнага разу хацеў быць першым. Праз гэта неўзабаве я праславіўся сярод сваіх і чужых, і абодва бакі лічылі мяне не абы-кім, таму мне і давяралі самыя неюяспечныя акцыі і камандаваць цэлымі атрадамі. Тут ужо я браў за шчэлепы ці краў, як багемец, а калі ў рукі даставалася што лепшае, дык выдзяляў з лупу ладную долю маім афіцэрам – ці не таму якраз мне давяралі шураваць і ў забароненых мясцінах. Бо ўсюды мне спрыяла прыяцелька-ўдача.

Генерал граф фон Гёц не чапаў у Вестфаліі тры непрыяцельскія гарнізоны, а менавіта ў Дорстэне, Ліпштаце і ў Кёсфэльдзе; а на іх якраз у мяне быў самы вялікі зуб, і яны былі мне бяльмом на воку; амаль кожны дзень я з невялікім гуфам – конным атрадам, казытаў і мацаў іх то тут, то там перад брамамі і пераймаў неблагі трафей; а як што ўсюды мне няблага шыхавала, дык людзі лічылі, што я магу рабіцца нябачным, што я цвёрды, як жалеза і сталь. Баяліся мяне, як пошасці, і трыццаць чалавек непрыяцеля не саромеліся ўцякаць, нават добра ведаючы, што пры мне напалавіну менш. Нарэшце зайшло, што мяне пасылалі ўсюды, дзе мелася быць зыскана кантрыбуцыя, -- дзе найбольшая небяспека. І трорба мая паўнела, імя грымела, афіцэры і жаўнеры любілі свайго Лавайчыка, самыя знакамітыя з лагера праціўніка баяліся, а ўсіх пасялян я трымаў на сваім баку каго грозьбай, каго просьбай; я ўмеў караць упартых і непаслухмяных, умеў шчодра адорваць тых, якія заслужваліся хоць на малую дробязь, і ў цэлым я на іх прасаджваў добрую палавіну свайго лупу. Так выходзіла, што ніводная вылазка, ніводзін канвой з непрыяцельскага боку не ўнікаў маёй увагі, кожны раз я выведваў іх намеры і біў нечакана, і як што кожнага разу мне дужа шанцавала, дык усе вельмі здзіўляліся з маёй маладосці, аж нават многія непрыяцельскія афіцэры і жаўнеры прападалі, каб вокам скінуць на мяне. Пры гэтым да палонных адносіны мае былі дыскрэтныя, так што яны мне часам абыходзіліся даражэй, чым каштавала здабыча, асабліва афіцэрам, без абразы іх абавязку і службе выказаць маю куртуазнасць, я не ўпускаў выпадку.

За такія мае паводзіны неўзабаве мяне назначылі б у афіцэры, каб не мая маладосць, бо калі хто ў такім, як мой, узросце хацеў займець свой штандар, ён павінен быў быць мусова са шляхты; а проста так назначыць мой гэйтман не мог, бо ў ягонай роце не было вакансій, а рэкамендаваць мяне каму-небудзь іншаму не хацеў, інакш ён страціў бы ў маёй асобе дойную карову; і таму я стаў толькі гэфрайтарам. Гонар, калі мяне так вылучылі перад старымі жаўнерамі, хай і не такі, каб канечне, каб аж занадта, і пахвалы, якія сыпаліся на мяне кожны дзень, толькі падшпорвалі да большых мэтаў. Я дзень і ноч абдумваў, што б гэта яшчэ ўчыніць, каб падняцца вышэй, каб больш праславіцца, каб больш дзіва, каб больш піва; ад такіх дурных думак часта заснуць не мог. І, бачачы, што мне проста не хапае зручнага выпадку паказаць сябе, які я адважнік, я дужа засмучаўся, што не маю нагоды кожнага дня памерацца зброяй з непрыяцелем. Часта я марыў пра Траянскую вайну або пра аблогу ў Остэндэ, дурны блазан, не даўмеўся, што да пары збанок па воду ходзіць. Але інакш таго і не бывае, калі малады неабструганы жаўнерык мае грошы, шчасце і здаровы кураж; бо з таго пасля выцякае пыха і пагарда, а з такое пыхі я ўжо замест аднаго пахолка трымаў двух, якіх як след астраяваў і пасадзіў на коні, чым і выклікаў зайздрасць у афіцэраў, якія, мае неабольнікі, зусім мне таго не зычылі, чаго самі не маглі здабыць праз сваю нягегласць.

РАЗДЗЕЛ ТРЫЦЦАЦЬ ПЕРШЫ Сімпліцы нарэшце заводзіць танцы, дзе яму адкрываюцца шанцы

Мушу расказаць што-колечы са сваіх прыгодаў, што сюд-туд выпадалі мне, перш чым я вярнуўся ад сваіх драгунаў, і хоць яны не збыт што там якое, паслухаць іх даволі пацешна і весела; бо я ўсчынаў не тое каб дзеі вялікія, але ж не грэбаваў і малымі, калі толькі рахуба падказвала, што гэтым можна будзе паслужыцца ў людзей на добрую славу і подзіў.

Мой гэйтман з пяццюдзесяццю з нечым людзьмі быў адкамандзіраваны пешкі ў крэпасць Рэклінхузэн з нейкай там акцыяй; а як што мы думалі, што, перш чым здолеем гэтую заваруху закалаціць, дзень-другі потайкам адседзімся ў кустоўі, дык кожны ўзяў сабе страўнасці на восем дзён. Але як яно ўсё пайшло касым бокам і сочаны намі багаты караван не паявіўся ў меркаваны час, дык у нас выйшаў хлеб, а прыхапіць яго мы не маглі, не выдаўшы сябе і не абярнуўшы ў нівеч усіх нашых планаў, -- так што голад прыпёр нас як мае быць. І ў гэтых мясцінах не было ў мяне сваіх людзей, як у іншых, каб што-небудзь потайкам паднеслі, і таму мы мусілі, здабываючы харч, разлічваць на іншыя сродкі, калі не хацелі вяртацца, белыя ручкі апрастаўшы. Мой камарад, лацінскі рамесьнік, былы студыёзус, які выдрапаўся са школы і не завербаваўся да нас, дарма ўздыхаў па панцачках і аўсянцы, якімі раней з бацькавай ласкі наядаўся пад загнетку, а тут: бач – не канечне кату яечня; і вось думаючы пра колішнія раз’ядзенні, успомніў ён і пра школьныя хітрыкі, якімі часта ўрывалі гасцінца. “Ах, браце, -- сказаў ён мне, -- ці ж не ганьба, што не паспеў я спанатрыцца ў такіх штуках, з якімі сёння меў бы што естанькі? Браце, я ведаю re vera*, што калі б мне дазволілі адскочыць у сяльцо да пана тамтэйшага пробашча, я меў бы ў яго выдатны convivium**”. Я крыху падумаў над ягонымі словамі, ацаніў наша становішча і зразумеў, што тых, якія тут ведалі ўсе хады і выхады, пускаць нельга, бо іх адразу пазнаюць, а незнаёмыя не ведалі, дзе, да чаго і як падступіцца, каб тайком украсці або купіць, засталося толькі пакінуць рызыку нашаму студэнту, і я адкрыў мой план гэйтману; усё гэта было небяспечна, але ён давяраў мне, а стан быў такі, што куды там далей, і, павагаўшыся, паторгаўшыся, даў нарэшце consens.

Я памяняўся вопраткай з адным нашым; зрабіўшы вялікую пятлю, абыходамі, закрутамі і назіркам пайшоў з маім студэнтам да памянёнай вёскі, хоць і была яна ўсяго за паўгадзіны хады ад нас. У вёсцы мы адразу змецілі другі дом за кірхай, дзе жыў святар, дом, пабудаваны па-гарадску, абнесены мурам, які абымаў сабою яшчэ і ўвесь двор. Я ўжо паінструктаваў майго таварыша, што яму трэба казаць; на ім яшчэ бяло яго паношанае студэнцкае, а я сябе буду выдаваць за вучня мастака, я ж думаў, мне не спатрэбіцца ў гэтым сяле штукавацца ў гэтым умельстве, бо сяляне тут хат не фарбавалі і не бялілі. Духоўны айцец быў ветлівы; калі мой студэнт склаў яму глыбокую лацінскую рэверэнцыю і нахлусіў кучу-малакучу ўсяго-ўсякага пра тое, як яго ў дарозе абабралі жаўнеры, пакінуўшы без кавалка хлеба, без макавай расінкі, святар прапанаваў яму лусту з маслам і кубак піва; я ж удаваў, што таго ведаць не ведаю, і сказаў, што хацеў бы перакусіць у тракціры, а тады клікну яго, і мы яшчэ сёння паспеем адолець добры кавалак дарогі разам. І я пайшоў у тракцір, больш каб лепей высачыць, чым гэтай ночы пажывіцца, ніж суняць голад, мне яшчэ пашанцавала ўбачыць селяніна, які якраз замазваў печ, куды ён толькі што пасадзіў вялікія боханы – пумпернікелі, якія павінны былі сядзець у печы дваццаць чатыры гадзіны і пячыся. Я падумаў: “Маж, маж! Так а ці так, мы знойдзем спосаб выняць яго, каштоўны правіянт”. Каля селяніна я не затрымаўся, бо ўжо ведаў, дзе здабыць хлеб, купіў некалькі штутаў (гэта такі белы хлеб, як бы булачкі) майму гэйтману, і як што я прыйшоў на двор да пана пробашча папярэдзіць таварыша, што нам пара, ён ужо таксама даў сабе рады і сказаў святару, што я мастак і маю намер перабрацца ў Галандыю, каб там ужо да канца выштукавацца ў сваім мастацтве. Святар гасцінна запрасіў мяне ў дом і папрасіў прайсці з ім у кірху, дзе ён мне пакажа некалькі карцін, якія няблага было б падмазаць. Каб не сапсаваць гешэфту, я мусіў пайсці. Ён павёў нас праз кухню і калі адчыніў вялікія дубовыя дзверы, -- о mirum! – я ўбачыў, што кроквы чарным-чорныя ад лютняў, жалеек, скрыпак, гудочкаў, вой колькі іх панавешана! А я думаў толькі пра шынкі, каўбасы, кумпякі ў коміне. На іх я паглядзеў усцешаным волкам, бо мне здалося, што яны пакепваюць з мяне, мне хацелася, каб яны выправіліся да маіх сяброў у лес; а яны назло мне і насупор упарта сабе віселі. Тады я падумаў пра спосаб, як іх прысуседзіць да таго хлеба ў дасочанай печы, але не змог нічога прыдумаць, бо, як ужо было сказана, святароў дом быў абнесены мурам, а вокны надзейна ўбяспечаны жалезнфымі кратамі; а яшчэ на двары вылежваліся два велізарныя ваўкарэзы, якія, як я баяўся, уначы, вядома ж, не будуць табе спаць, калі тут хто намерыцца ўкрасці тое, з чаго ім якраз і прыпадае частка за спраўнае вартаванне.

Калі мы прыйшлі ў кірху, крыху падыспутавалі пра карціны і дамаўляліся ўжо некалькі з іх падрэстаўраваць і палепшыць, я ўсё шукаў розных зачэпак, каб ухіліцца, спасылаючыся на сваю вандроўку, сказаў ці то рызнік, ці то званар: “Слухай, няхлюй, ты мне больш удаеш на беглага жаўнерскага пахолка, чым на мастаковага вучня”. Я не прывык, але замест гэтага толькі хітнуў галавою і адказаў яму: “Ты, хлопча, дай мне сюды пэндзаль і фарбы, я табе мігам намалюю дурня, будзе як дзве кроплі вады – ты”. Святар перавёў усё на жарт і сказаў нам абодвум, што не да твару нам у святым месцы гаварыць адзін аднаму на крыўду, даўшы гэтым зразумець, што паверыў абодвум, прапанаваў выпіць і ісці сваёй дарогай. Але сэрца маё заставалася пры каўбасах.

Яшчэ да ночы мы вярнуліся да гуфа, я забраў сваю вопратку і ручніцу, расказаў гэйтману план, выбраў шэсць хлопцаў, якія памогуць несці хлеб. Апоўначы мы ўвайшлі ў вёску, у поўнай цішы выграблі хлеб з печы: а як што з намі быў адзін, які ўмеў сунімаць сабак, і таму што нам трэба было ісці міма святаровага двара, я не мог устояць супроць спакусы, каб не вярнуцца ў лес без сала. Я пастаяў у цішыні, пільна прыглядаючыся, ці нельга будзе прайсці ў святарову кухню, але не ўбачыў іншай магчымасці як толькі праз комін, які гэтым разам будзе мне замест дзвярэй. Хлеб і зброю мы перанеслі на могілкі ў каплічку, узялі па дарозе драбіну і вяроўку з нейкага свірна, і я, умеючы ўпраўляцца з усім гэтым прыладдзем не горш за камінара і лазіць у коміне ўніз і ўгору, чаго я навучыўся яшчэ малым, калі лазіў у дуплы, залез на дах, выкладзены полаю чарапіцаю ў два пласты, што вельмі ўзручняла мае намеры. Доўгія валасы я сцягнуў у куклу на цемені, апусціўся на адным канцы вяроўкі ўніз да майго мілага сала і, доўга не разглядаючыся, прывязаў усе аполкі сала, шынкі і кумпякі да вяроўкі, і ўсё гэта на дах вельмі файненька вывалаклі і адправілі далей у каплічку. Але раптам, о халера! Калі ўжо, здавалася, пачыналіся святыя ўгодкі, кроквіна пада мною вазьмі ды хрусні, і бедны Сімпліцы паляцеў уніз, і няшчасны Лавайчык сам ускочыў у пастку. Сябры мае на даху спусцілі вяроўку, каб выцягнуць мяне, але яна абарвалася, ледзь толькі паднялі мяне з падлогі. Я падумаў: “Ну, Лавайчык, цяпер будзе табе цкоўля, пашкамутаюць табе поўсць, як таму Актэону”. Бо святар ужо прачнуўся ад грукату і сказаў кухарцы запаліць святло. Яна ў адной кашулі ўвайшла да мяне на кухню, накінуўшы на плечы спадніцу, і спынілася так блізка каля мяне, што нават зачапіла; яна ўзяла крэсіва, выкрасала агню, пачала паддзьмухваць яго; я ж дзьмухнуў мацней за яе, і бедная так спалохалася, што з перапуду задрыжала і закалацілася, упусціла агонь і свяцільню і рэтыравалася да гаспадара. Я атрымаў глыток паветра на пярэдых, каб падумаць, як усё ж выскачыць адгэтуль; але нічога ў галаву не прыходзіла. Мае хлопцы праз комін паведамілі, што яны зараз прыступам возьмуць дом і вызваляць мяне сілай; але я не згадзіўся, а загадаў ім, каб схадзілі па зброю а каля коміна пакінулі аднаго Гізуйчмута і чакалі, калі я без шуму і гвалту вылезу да іх, каб наш план не праваліўся; а ўжо калі гэта не ўдасца, тады хай робяць, што ім там узручніцца. А тым часам духоўнік сам учыніў святло, кухарка расказала яму, што на кухні страшэнная здань, двухгаловая, бо, мусіць, яна ўбачыла ў мяне на галаве куклу і прыняла яе за яшчэ адну галаву. Усё гэта я чуў, а таму хуценька бруднымі рукамі намазаўся попелам, сажай і вугалем і ператварыўся ў такое страхоцце, што ўжо аніяк не быў падобны на анёла, як нядаўна казалі сёстры-паслушніцы ў кляштары ў Раі, думаю, і рызнік, убач ён мяне зараз, можа, хутчэй паверыў бы ў версію пра вандроўнага мардамаза. Я пачаў штосілы грукатаць на кухні, кідаць-раскідаць рэчы, біць і шпурляць, ляскатаць кухонным чарэп’ем, схапіў века з катла, пачапіў яго сабе на грудзі, трымаючы ў руках кацубу, каб у выпадку патрэбы бараніцца ёю. Але гэта не збянтэжыла пабожнага святара; ён увайшоў як на працэсіі са сваёю кухаркай, якая несла ў руках дзве васковыя свечкі, а на руцэ падвешаную крапільніцу са свянцонай вадой; сам святар быў у расе са стулаю, у адной руцэ трымаў крапач, а ў другой кнігу; з яе ён пачаў экзэрцызаваць мяне, пытаючыся, хто я такі буду і што я тут маю рабіць. Як што ён мяне і сам трымаў за д’ябла, дык я падумаў, а ці не будзе яно таннейй коштам, калі і я пачну ўдаваць з сябе чорта і пасоблю сабе ілжою, таму я адказаў: “Я – чорт і хачу табе і тваёй кухарцы скруціць вязы!” Але святар пайшоў далей у сваёй экзэрцыі і сказаў мне, што ні яму, ні ягонай кухарцы я нічога не зраблю і што ён гоніць мяне самым высокім і святым заклёнам – ізыдзі туды, адкуль выйшаў. А я адказваў крыху дрыготкім голасам, што гэта немагчыма, калі б я нават вельмі хацеў. Тым часам Гізуйчмут, які сам быў смалены кнот і не разумеў ягонай латыні, рабіў spectaculum сваім спосабам на даху, бо, чуючы голас на кухні і што я сам удаю з сябе чорта, але мяне трымае духоўнік, закрычаў па-савінаму, забрахаў па-сабачы, заржаў па-конску, забляяў па-казлінаму, закрычаў па-аслінаму, пасля аказаў сябе праз комін цэлай шворай марцовых катоў у разгар іх вяселля, засакарыў курыцай, якая шукае месца знесціся; гэты хлопец умеў па-ўсялякаму, пад любую жывёлу, і калі хацеў, умеў выць так натуральна, быццам побач з ім была гайня жывых ваўкоў. Гэта ўжо напалохала святара і яго кухарку не на смех; а мяне ўзяў сорам, што я дапусціўся, каб у маёй асобе зкліналі д’ябла, за якога ён мяне прымаў, бо ён недзе чытаў ці чуў, што чэрці любяць апранацца ў зялёнае.

Сярод усіх гэтых страхоццяў, якія напалохалі ўсіх нас, асабліва бедную кухарку, я ўбачыў, на шчасце, што замок на дзвярах у двор не замкнёны, а засаўка толькі крыху-крыху пасунута. Я борздзенька срыгнуў ёю, выкаўзнуўся ў дзверы на двор, дзе і знайшоў сваіх хлопцаў са зброяй напагатове, і пакінуў святара заклінаць д’ябла дасхочу. Пасля Гізуйчмут прынёс мне з даху мой капялюш, мы склалі ў торбы здабытую страўнасць і пайшлі да сваіх, бо ў вёсцы рабіць больш не было чаго, хіба што толькі занесці на месца драбіну і вяроўку, што мы ціхенька і зрабілі.

Увесь атрад падсілкаваўся крадзенай саланінай, і ніхто ўжо больш і не пікнуў, -- аж такія дабраславёныя мы былі людзі. А яшчэ ж колькі папарагаталі з гэтай маёй вычуды; аднаму толькі студэнту не спадабалася, што абакралі святара, які яму так добра прашмараваў гардзёлку; ён прысягаў і бажыўся, што сплаціў бы таму ягонае сала, каб толькі было чым, але тым не меней упісваў разам з намі, быццам сам на тым заслужыўся. Яшчэ два дні мы праляжалі ў засадзе, чакаючы таго каравана, які так доўга падпільноўвалі. Мы не страцілі ў раптоўнай атацы ніводнага чалавека, а самі захапілі больш за трыццаць палонных і такую лацную здабычу, як ніколі раней. За сваю адвагу і незвычайнае шанцаванне я атрымаў двайную долю, бо дзейнічаў найлепш; гэта былі тры прыгожыя фрысляндскія жарабцы з усім купецкім таварам, які толькі яны маглі несці пры спешнай хадзе; і калі б нам выпаў час разабрацца з трафеем і даставіць яго ў бяспеку, дык кожны ад сваёй долі стаў бы багатыром, а то ж мы больш прастойвалі, чым рвалі наперад, бо з усім тым, што нам дасталася, не вельмі разгонішся, а трэба ж было; мы рэтыраваліся дзеля большай бяспекі на Рэнэн, дзе накармілі коні і падзялілі здабычу, бо там якраз былі нашыя людзі.

Там я зноў узгадаў святара, у якога ўкраў сала. Чытач можа падумаць, які ж я быў пустапарожнік, нахабнік і хцівец, калі мне было мала таго, што я абакраў пабожнага духоўніка і так страшэнна яго напалохаў, а што яшчэ захацелася пэўнай славы і чты. Таму я ўзяў залаты пярсцёнак з шафірам, захоплены ў той вылазцы. І паслаў яго з Рэнэна з адным хлопцам майму святару з такім допісам:

“Найпачцівейшы, etc. Калі б гэтымі днямі ў лесе я меў на пражытак удосыць наеднай стравы, дык не было б у мяне і прычыны красці ў Вашай Дастойнасці Вашае сала, праз што, як магу дапусціць, Вашэць былі моцна перапалоханы. Сведчу перад Усявышнім, што прынялі Вашэць гэты страх супраць маёй добрай волі, дзеля чаго спадзяюся на як найхутчэйшае дараванне. А што датычыцца самога сала таго, дык справядлівасць патрабуе адшкадавацца за яго, таму пасылаю замест платы вось гэты пярсцёнак, які аддадзены тымі, па чыёй волі і былі ўзятыя тавары, з просьбаю да Вашай Дастойнасці задаволіцца гэтым; запэўніваючы пры гэтай аказіі, што Вашэць мецьме пры ўсіх нагодах і на ўсе выпадкі гатовага да паслуг і вернага службіта ў асобе таго, каго рызнік Вашэці не палічыў за мастака і каго сёння называюць

Лавайчык”.

А селяніну, у якога была спарожнена печ, гуф паслаў з агульнай здабычы шаснаццаць рэйхсталераў за ягоныя пумпернікелі, бо я вучыў іх, што такім чынам яны перацягваюць на свой бок насельніцтва, якое ў выпадку патрэбы заўсёды дапаможа, а вось іншых і выдасць і прадасць і жыццю іхняму загрозіць. З Рэнэна мы вырушылі на Мюнстэр, а адтуль на Гам і зноў дамоў, дамоў у Зёст у нашыя кватэры, дзе праз некалькі дзён я атрымаў адказ ад святара, у якім пісалася:

“Шляхетны Лавайчык, etc. Калі б той, у каго Вы ўкралі сала, ведаў, што Вы явіцеся яму ў вобразе чорта, дык не было б у яго такога пільнага жадання пабачыць праслаўленага на ўвесь край Лавайчыка. Але як што ўзятыя напавер мяса і хлеб аплачаны занадта дорага, дык і перацерплены страх тым лягчэй перапускаецца, асабліва таму, што ён спрычынены супроць волі такое славутае асобы, якой, безумоўна, усё даруецца, і далучана просьба звяртацца ў любым выпадку без ніякай боязі да таго, хто не пабаяўся заклясці самога д’ябла.

Vale!”

Вось так я і шастаў па розных мясцінах, здабываў на тым вялікую славу, і чым больш я ахвяраваў і раздаваў, тым больш сцякалася і да мяне, і я нават быў падумаўшы, што той пярсцёнак, які каштаваў каля сотні рэйхсталераў, я падарыў недарма.

Але на гэтым канчаецца другая кніга.

* Сапраўды (лац.).

** Тут: у значэнні “банкет” (лац.).