Лёк

Януш Андрэа Сафі


Пачатак

Хоць Лёк і развітаўся, я чакала яго і ў нядзелю. Калі нарэшце сонца села і я мусіла пакінуць надзею, што ён яшчэ прыляціць, ува мне зноў расцяклася гэтакая бясконца прывідная скрушлівасць. Але гэтым разам сталася нешта неспадзяванае. Боль як бы растаў ува мне і працёк праз мяне навылёт як бурлівы паток. Шлюзы адчыніліся, і я заплакала і праплакала цэлы вечар і цэлую ноч наскрозь. Але ніводнай хвіліначкі я не сумнявалася. Увесь час я адчувала на сваёй скуры лёгенькую казытку, пакінутую мне Лёкам на ўспамін, і адчувала, як ува мне спакваля расплываюцца яго фарбы.

Калі я ўстала рана ў панядзелак, раптам зразумела, што “ўсё маё зноў пры мне”. Але не зусім скеміла, што гэта павінна было азначаць. І ўсё ж такі я зноў сабралася ў дарогу ў жыццё. Я не забылася, што ў насякомых адзін тыдзень гэта ве-е-е-ельмі до-о-о-оўгі час. У чалавека, як я, час доўжыцца больш, можа, некалькі тыдняў, месяцаў, нават гады. Але зрэшты, пражыўшы дзень, я маю перад сабою яшчэ ўсё жыццё.

Дарэчы, я ніколі не сумнявалася, што Лёк сапраўды ёсць. На кожным шпацыры я выглядаю яго. І кожнага разу, калі мне хто-небудзь расказвае якую-колечы гісторыю, я лаўлю сябе на тым, што міжволі пагладжваю родзімкі на шыі і адчуваю прыемнае паказытванне на шчoках.