Лёк

Януш Андрэа Сафі


Чацвер

У чацвер я ледзьве дачакалася, калі Лёк прыляціць зноў і раскажа сваю гісторыю далей.

-- Суцэльны плач і енк разбудзілі мяне ў чацвер. Каля мяне стаяў Скарбі, яшчэ больш касабока, чым звычайна. “Лёк, давай, кліч Атэлу. Я вывіхнуў плячо. Ах, ты, долечка мая! Як баліць! Пастукай там вунь палкай па камлі дрэва. Коратка, доўга, доўга, коратка. І ён выпаўзе. А тады насцялі яму дарожку з мокрага імху ад дрэва сюды, інакш ён не пройдзе.”

Я абсалютна не ўяўляў, які сэнс быў у гэтым заданні. Але зрабіў усё так, як сказаў мне Скарбі, і баязліва чакаў, што з гэтага выйдзе. Мне здалося, што прайшла цэлая вечнасць перш чым каля дрэва вырасла горка пяску і з яе выцерабіўся чарвяк-дажджавік. Ён выглядаў даволі буркліва ў сваёй чырвонай бейсбольнай шапачцы і адразу ж давай сварыцца: “Ну, канечне, яму, бач, мусова. Я ж табе ўжо тысячу разоў казаў – пакінь сваё глупства. Гэта караецца.”

На дзіва борздзенька дажджавік паслізгаў па мокрым імху. Успоўз Скарбі на спіну і сказаў далікатным галаском: “Патрывай. Зараз балецьме.” Ён абвіўся вакол грудзей Скарбі і напружыў сваё доўгае цела. Аж галава набухла і пачырванела. А тады я пачуў моцны хруст і адразу ж уздых палёгкі Скарбі – “Ах!” --

“Ну, зноў о’кей? Паслухай, мне тут занадта горача і суха. Я зноў скурчуся. І зрабі нарэшце нештачкі са сваім выглядам вечнай абыякавасці”. --

Атэла знік хучэй, чым быў выпаўз, а я неўразумела ўтаропіўся на Скарбі.

Скарбі адразу адгадаў, пра што я падумаў, засмяяўся і сказаў павучальна: “Не тлумі сабе галавы. Выпаўзаць з гною, канечне, гэта брыдка і кепска. І ўсё ж, здаецца, як усё роўна з неба зваліўся. Ну, у кожным разе, калі табе нясцерпна баліць. Атэла, о, ён сапраўдны віртуоз. Часцей за ўсё ў кіслым настроі, што праўда то праўда. Але ўяві сабе на хвілінку, што свет табе мілы толькі ў дождж? Гэта, хоч-не-хоч, а неяк паўплывае на твой настрой. Але пры ягонай працы ніхто яму гэтага ў дакор не ставіць.

Менавіта ж так, як і ты, за ім павінны былі прыглядваць ягоныя настаўнікі, калі ён явіўся на вывучку. Адзін нават пасмяяўся з яго. Ні рук, ні ног, а бач ты яго -- фізіотэрапеўтам надумаў зрабіцца!

Аднак Атэла ўмее быць упартым. Ён настояў, каб яму далі шанец. Вядома, было ўсё няпроста. Зрэшты бо ў яго сапраўды ні рук, ні ног. Значыцца, павінна ж было яму нешта ўбіцца ў галаву, і ён мусіў быў развіць нейкую ўласную методу. Нібыта нават як бы нехта з ягоных экзаменатараў увёў яму гэта ў галаву, бо Атэла якраз і не следаваў строга навучальнаму плану. Але ўрэшце мусіў прызнаць, што вынікі былі проста фантастычныя. І вось, у выніку Атэла сёння неаспрэчны спецыяліст тут у нашай мясцовасці.

Да таго ж ён адзіны, хто ўмее кантактавацца з жукамі-рагачамі. Гэтыя задавакі два разы на год ладзяць паказальныя баі на сваіх велізарных рагах. Усё гэта ў іх, канечне ж, з падвохам. О, ці раз бо каторы з іх псаваў нам нервы. Памагаць ім ніхто не адважваецца, бо якраз у той момант, калі ты папраўляеш яму панцыр ззаду, гэты хлапец рэфлекторна хапае цябе сваімі велізарнымі абцугамі. Хрась. І з цябе ўжо толькі дзве палавіны.

А вось Атэлу гэта не абыходзіць. Ён можа сабе жыць і распалавінены, э-э-э, толькі карацейшы. У мальца ёсць свая абарона. Які-небудзь шаранчук можа адкусіць з яго кавалак – і Атэлу хоць бы што!

Пасля Скарбі расказаў мне яшчэ сяго-таго з сваёй дружбы з Атэлам. Што ён часам крыху нервуецца, бо не можа дазволіць сабе даваць каму-небудзь пастаянна добрыя парады. “Але, зрэшты, ён мае рацыю. Толькі на жаль не мае здаровага глузду што да жыццёвых шалаў – адна пагардлівасць і неразумства”… Скарбі з асалодаю ўздыхнуў, перш чым змог расказваць далей: “…няма ў яго таго, што дае правільны зірк на жыццё. Але затое ён надзейны і заўсёды гатовы дапамагчы. Найперш, і ты павінен гэта зазначыць сабе, ён наогул не трывае, каб хтосьці занадта аддзячваўся перад ім. У госці ён ходзіць толькі ў дождж. Я заўсёды ў такім разе падаю яму лісцінку адной рэдкай расліны, каб запрасіць яго. Ён ведае, што гэтым самым я выказваю яму сваю павагу і чту”.

-- Мілая мая, ну вось, я зноў прачытаў табе цэлую лекцыю. А ты, чалавеча, ці зразумела?”