Лёк

Януш Андрэа Сафі


Серада

У сераду я пачала нашу сустрэчу з пытання, якое ўжо каторы дзень даймала мяне:

-- Перш чым ты пачнеш, скажы мне, як ты прымаеш cваё такое чужамоўнае імя?

Лёк радасна заззяў:

-- Як добра, што ты спыталася. Якраз пра гэта я і збіраўся расказаць сёння.

Калі я быў коканам, кукалкай і нават маладым матыльком, у мяне не было імя. Ружы, напрыклад, яшчэ здалёку крычалі: “Вунь зноў ён сюды прэцца, бесталковы дурыла. Гэты асацыяльны тып зноў будзе калупацца ў нашых кветках, пакуль не зглуміць усю іх прыгажосць”. Там быў адзін маленькі званочак, які папярэджваў мяне перад налётам: “І не думай, і не спрабуй, няўклюда!”

Я думаў, што тут усе толькі і робяць, што падбіраюць мне імя. Так мяне звалі дурань, няўклюда, асацыяльны тып. Але аднаго разу мяне назвалі сябрам. Гучала вельмі прыгожа. Гэта была тысячаножка. Як я захапляўся ёю! Як спрытна і ўвішна яна рухалася, тым часам як я, няўклюдны вусень, прадзіраўся ў траве.

Яна казала пра мяне толькі вельмі мілыя словы, што я прыгожы, што я таленавіты, што я магу даверыцца ёй. А тады, а тады…

Пачакай хвілінку, я павінен перабрацца ў іншае месца, так, каб мне бачыць цябе, а ты каб не бачыла майго твару, інакш я памру ад сораму…--

Лёк падняўся, падляцеў мне пад падбародак і прыгрэўся на шыі:

--…тады яна пачала мяне ўсяго абмацваць, ці лепей сказаць – аблапваць, ціскаць і мяць. Спярша я падумаў, што гэта мне павінна было б падабацца, але пасля зрабілася так агідна, што я выдаў на яе увесь мой абед. Чула б ты, якім імем яна мяне пасля гэтага назвала. Але я не паўтару яе слоў.--

Лёк засмяяўся, пераляцеў зноў на маё калена, асцярожненька расплюшчыў вочы, паглядзеў мне ў твар, кіўнуў і крыху сарамяжліва ўсміхнуўся:

-- Але ўсё адно мне было вельмі сорамна.

Але ж бо на чым гэта я спыніўся? Ага, на маім імені. Можаш сабе думаць, што ў мяне былі нейкія там ваганні наконт таго, каб руляваць на якую-небудзь кветку ды выпіць з яе нектар. Але аднаго дня я пазнаёміўся са стакроткамі, іх яшчэ называюць маргарыткамі. Я ўжо чуў пра ружы, што на нашым лузе яны лічыліся хутчэй “звычайнымі” кветкамі. Але асабіста мне яны -- бліскуча прыгожыя, як сонца. Калі я асцярожна падляцеў да першай, яна радасна сказала: “Падзівіцеся толькі, які незвычайны госць.” Гэтага я, шчыра кажучы, не чакаў. З перапуду я не пацэліў правільна сесці. Але Марго і яе каляжанкі падбадзёрылі мяне, падахвоцілі вельмі патрэбнымі камандамі.

Ах, гэтая зручная, пляскатая паверхня сонечна-жоўтай трубачкі. Уласна, гэта была дзіцячая гульня. Калі я сеў, усе запляскалі мне. Белыя язычкі кветкі, здавалася, апраменьвалі мяне як вянком перамогі. Той сардэчны прыём так крануў, што я аж крышку прыплакнуў. Увогуле я даволі часта плачу, напрыклад, калі каму вельмі ўдзячны, калі журуся альбо надта шчаслівы, калі саромеюся, альбо шалею ад гневу, альбо калі нешта дужа вярэдзіць мне сэрца… Скарбі заўсёды кажа, што мае вочы на мокрым месцы.

Але, што ж гэта я меўся сказаць такога... Стакроткі зрабіліся мне сапраўднымі сяброўкамі. Калі я назаўтра наведаўся да іх, яны і спыталіся ў мяне, як мяне завуць. Я іх усе пералічыў, імёны свае, усе. Якія толькі чуў. Але стакроткі толькі скрушліва паківалі галоўкамі, а Марго сказала: “На кім такая вялікая адказнасць, той мусіць быць мацнейшы ў целе і не павінен дапускацца, каб яго зневажалі.”

“Адказнасць, я? Але ж я толькі паразіт, які корміцца пылком з вашых кветак!”

Усе яны дружна пасмяяліся з мяне: “Ці ж ты не ведаеш, што на тваіх плечыках пакоіцца плоднасць і плён тварэння? Калі ты кормішся, дык тым часам апыляеш і апладняеш нас. Што наступнага году не толькі я і нашыя сёстры народзімся зноў, але і нашы дзеткі і многа-многа пляменіц і пляменікаў, якраз гэтым мы заўдзячаемся табе.”

Як жа мала я тады ведаў!

Стакроткі навучылі мяне таксама, што ёсць яшчэ толькі два імені, на якія мы павінны зважаць сур’ёзна: тое, якое нам далі нашыя бацькі, альбо такія, якія мы выбіраем сабе самі. Як што я не ведаў сваіх бацькоў і нават не меў пра іх аніякага ўяўлення, Марго прапанавала назваць мяне Лёкам – канцоўкай назвы майго роду. Маты, сказала яна, ні так ні гэтак мне не ўпасавала б. Гучыць неяк груба. А вось Лёк – гэта як цёплы подых летняга ветрыку, адчувальна, але ж і ясна, светла.--

Галоўка Лёка пурпурова пачырванела. Ён крыху памаўчаў, на нейкі момант накрыў твар крылом, пасля загаварыў зноў.

-- Цяпер ты ведаеш гісторыю майго імя, якое, я так лічу, сам сабе выбраў. Разумееш?

Я моўчкі кіўнула. Здавалася, я і праўда пачала разумець гэтага мальца.