Лёк

Януш Андрэа Сафі


Піруэты

Уcім тым людзям,
якія дапамагалі мне выжыць,
пакуль я зноў усіх сабрала разам.

Аахен, студзень 2003

Мабыць, тоe было глыбокай скрушлівасцю, што зрабіла маю душу такою датклівай, калі я змагла пачуць яго пашчотны галасок, галасок маленькага нябеснага пасланца, які вярнуў усю каляровасць у апанаваны шэрасцю свет, куды баязліва ўцякла мая душа.

Аднаго разу паполудні, бадай што гэта было ў нядзелю, я, занураная ў самую сябе, сядзела на лаўцы каля маленькага садовага дамка і разважала, чаго ж мне больш хочацца: быць мёртвай ці жывой. Матылька, які сеў мне на калена, я заўважыла толькі таму, што ён мне сам глянуўся: яго вялікія крылы пераліваліся ўсімі колерамі вясёлкі. Матылёк быў і ў палоску, і ў крапачкі, і ў клетачку, і цельца яго было круглявае і крамянае.

-- Хэло, -- сказаў ён мяккім галаском. – Я –Лёк.

“Ну вось, мабыць, я ўжо зусім таго,” – падумала я сама сабе. Але галаве не было калі развіць гэтую подумку.

-- Я ведаю, што гляджуся крыху незвычайна. Хай цябе гэта не палохае. На тое свае прычыны. Калі хочаш, я раскажу табе пра іх. Ну так, я крыху таўсманы як на матылька, праўда ж бо? Але ведаеш, пры гэтым я ўсё-такі даволі рухавы і ўвішны. Глядзі!

Ён узляцеў, папырхаў налева, направа, апісаў кола, скруціў двайное сальта, увінуўся вакол сваёй восі ўгору, а пасля элегантна і лёгка апусціўся зноў на калена.

-- О, мне няёмка. Павер, я не хацеў нічога сказаць гэтым сваім пілатажам. Проста ад лішку пачуццяў, прарвала… Ведаеш, аднаго разу я таксама быў у бясконцай журбе. Гэта, калі я ўшчыкнуў за галоўку Марго, Маргарыту. Я быў нават падумаў, што забіў яе сваім настырным прыставаннем. Невыносным нават для маіх любасных суродзічаў. Прызнаюся, я быў дурань дурнем.

Ён задаволена заўсміхaўся.

-- Што табе сказаць. Я не хацеў больш нічога адчуваць. Пакончыць з усёй ганьбай, сорамам, напружанасцю, болем. Я ўзляцеў на барбарыс і зачапіўся лапкай за калючку. А пырхнуў жа высока, разгону набраў. І вось, растапырыўшы крылы, куляюся з лістка на лісток уніз, аж пакуль не плюхаюся маёю даражэнькаю на цвёрдую зямлю. Ды каб жа тое на зямлю, -- а то ж якраз на саменькую кучу гаў…, прабач, фізіялагічных выдзяленняў нейкай чатырногай жывёліны. Можаш сабе ўявіць карціну?

Цельца Лёка аж трэслася ад смеху.

Авалодаўшы нарэшце сабою, ён некалькі імгненняў выпрабавальна глядзеў на мяне, пасля пасур’ёзнеў:

-- Мне зноў крыху няёмка. Бо так во згопалу зваліўся на цябе са сваёй прыгодай. Ці не магла б ты паслухаць. Дык мо дасказаць?

-- Ну так, чаму ж не, ахвотна паслухаю, -- заікаючыся замармытала я. І было неяк дужа дзіўна на душы. Гэта ж трэба -- я гутарыла з матыльком!

А той піруэтамі падляцеў да майго носа, крыху паказытаў яго крылцамі:

-- Выдатна. Тады я прылячу заўтра ў такі самы час. Ты будзеш чакаць мяне?

Вядома, я магла і пачакаць. Зрэшты ж бо не было больш нічога такога, чым я магла б заняцца. Затое былі ўсе прычыны пачакаць да заўтрага, хай сабе нават проста дзеля таго, каб пераканацца, ці я канчаткова звар’яцела, ці так сабе крыху выдурніваюся.