Тэадар Крамэр (Theodor Kramer) нарадзіўся 1 студзеня 1897 года ў ніжнеаўстрыйскім гарадку Нідэрголабруне ў сям’і лекара. У 1915 г. адпраўлены на ўсходні фронт, быў цяжка паранены. У 1921 г. пакінуў юрыдычны факультэт Венскага універсітэта, працаваў у кнігагандлі, маляром, бадзяжнічаў. З выхадам у свет першага зборніка лірыкі “Тайнапіс уркаў” (“Die Gaunerzinke”, 1929) да яго прыходзіць слава. У 20-30-я гады быў вельмі папулярным лірыкам. Яго творы высока цанілі Штэфан Цвайг і Карл Цукмаер. Як паэт, тэмай апісання якога былі “радзіма і прырода”, пэўны час заставаўся па-за падазрэннямі нацыянал-сацыялістаў, а таму яшчэ ў трыццатыя гады мог “незасвечана” друкавацца. І толькі пасля пратэсту ў рабочай газеце супроць прыўлашчвання ягоных тэкстаў дзеля патрэбаў нацыстаў публікацыя яго твораў была забаронена ў Германіі і вельмі ўскладнілася ў Аўстрыі. Але яшчэ 1936 г. яму ўдалося выдаць томік вершаў “З губным гармонікам” (“Mit der Ziehharmonika“).
У 1939 г. Крамэр эміграваў у Англію, дзе амаль на год быў інтэрнаваны. Пасля лагера працаваў бібліятэкарам у коледжы ў Джылфардзе. Выгнанне з Аўстрыі азначала для свайго роду “землеаседлага” паэта праклён жыцця і творчасці. Але Крамэр і ў эміграцыі апантана пісаў на старыя прывычна любімыя тэмы. Знясілены бедствамі эміграцыі і хваробамі ён доўга адкладваў вяртанне ў Вену (1957 г.), а, вярнуўшыся, расчаравана канстатаваў: “Толькі на радзіме я сапраўды чужы”. Вена 50-х гадоў была ўжо не ягоная Вена. Тэадар Крамэр памёр 3 красавіка 1958 г. у Вене.
“Куды іншыя не глядзелі, акурат туды глядзеў Тэадар Крамэр… Яго вершы несантыментальныя, але спагадлівыя; яны без змрочнага пафасу і без накручанай пагарды да людзей… Лірыка Тэадара Крамэра выкрасае іскры, яна жывая, як толькі што напісаная”. (Марыён Лёндорф, “Neue Züricher Zeitung“)