Толькі на радзіме я чужы
Вершы
Крамэр Тэадар
Вершы
Вярнуўшыся на радзіму
Вярнуўся з палону я позна дамоў
Праз тры гады грознай вайны,
Яшчэ ў вушах чуецца грукат грамоў
Праз тры гады грознай вайны.
Заходжу без стуку: у ложку маім
Мілуецца жонка з мужчынам другім --
Праз тры гады грознай вайны.
Пайшоў да бацькоў; там ранейшы лад --
Праз тры гады грознай вайны,
Рыбачыў, араў акопны салдат
Праз тры гады грознай вайны.
Ды хто мяне мог зразумець? Не маглі!
Спакойна ў бацькоў, жывуць, як жылі,
Праз тры гады грознай вайны.
Я ў горад вязу сваё барахло
Праз тры гады грознай вайны,
Нясу я вам, людзі, акопнае тло
Праз тры гады грознай вайны,
Сібірскі палон, веру франтавікоў,
Чырвоную Армію, бальшавікоў –
Праз тры гады грознай вайны.
Ішоў я, крычаў, абураўся, грымеў
Праз тры гады грознай вайны,
І вось я, галодны, вашывы – ў турме
Праз тры гады грознай вайны
Забіце мяне, закатуйце – і смерць
Не здолее памяці перагрымець
Праз тры гады грознай вайны.
Дзесяты
Узгадавалі мяне цягнікі,
прачадзеў наскрозь я, прапах,
грузіў на чыгунцы з сябрамі цюкі,
наскрозь прасалеў у таварняках.
Два хлопцы-малойцы, сяброўскі закон.
Яшчэ тут жанчына была.
Ну, рэшка – арол… Шчаслівейшы ён…
Вядома, яна – да арла.
Мужчына – заўсёды мужчына.
Вайне я прыдаўся – у акурат,
я, зрэшты, і мой дружбак.
Пад Коўнам прыціснуў голад салдат –
кармілі нас горш за сабак.
Як камень быў хлеб… Кансервы… Сарцір.
Палкоўніку дыхту дамо!
Ну, выбілі шыбу… што наш камандзір,
што іншы – гаўно як гаўно.
Мужчына – заўсёды мужчына.
Пастроілі полк, насупроць – кулямёт,
руку ўзнёс палкоўнік наш,
і кожны дзесяты галодны жывот –
цвай-драй… пад мур – шагам арш!
Маўкліва ён абыходзіў строй,
тыц пальцам… -- страшны укол –
о Божа, хай рэшка… Чакай і стой…
Дзесяты быў я… -- Арол!
Мужчына – заўсёды мужчына.
І я закрычаў: хлопцы, хто жывы?
Мінуў мяне палец – глядзі,
усе мы тут – крык адзін!
дзесяты –не я, а ты, а ўсе вы,
За горла, зубамі, на кулакі,
прыкладам, на штык, на бот…
І сонца ўзарвалася ў момант які –
эастракатаў кулямёт.
Мужчына – заўсёды мужчына.
На поле, ў разоры, ў траву, на адхон
палеглі – і рэшкі, й арлы.
Мяцежны прарыў наш у рускі палон
праз лес, куды сэрцы вялі…
Там – лагер, баракі, шахты, мароз,
свабода ўстае навакол.
І зноў я дзесяты, дзесяты ўваскрос,
чырвонаармейскі арол.
Мужчына – заўсёды мужчына.
Крокі
Уткнуўшыся тварам у чорны куток,
я звар’яцець бы мог, --
святло ў калідоры, у камеры змрок,
і ціша – на ўвесь астрог.
Ды нехта не спіць над мной, яго крок
бунтуе глухі каземат:
пяць крокаў – напепрад,
тры крокі – убок
і пяць крокаў – назад.
Няспешныя крокі: ні збою няма,
ні паўзы, ні іншых адмет;
да сёння пустая была турма,
дзе ходзіць мой верхні сусед,
якому прадвызначыў долю суд:
на будучыню – пад замок;
можа, ты пажыццёва прабудзеш тут,
і ліку не мецьме твой крок.
Пяць крокаў – наперад,
тры крокі – убок
і пяць крокаў – назад.
Дванаццаць тыдняў я морак тоўк,
тры тыдні яшчэ гэтых крат.
Спыніся, суседзе, хвілінку пастой,
сярод немай цемры замры, --
каб знаў ты, які мой цярплівы настрой,
каб ты не трывожыў муры.
І хто ты? Твой крок, як пярун з-а хмар,
запалены мозг пратне –
калышацца ў змроку начны ліхтар,
віруе туман у акне;
я ўстаю і, каб вытрымаць холад і змрок,
уключаюся ў твой парад:
пяць крокаў – наперад,
тры крокі – убок
і пяць крокаў – назад.
Шлюха з прадмесця
Слотаю восень замжыла; прамну свае косці,
выйду на вуліцу я і знайду сабе госця,
стомленага рабацягу якога, каб ён
быў небагаты, рахманы, каб быў маладзён.
Ціха падымемся разам у цёмны паддашак,
(ключ перадам, заплачу за знаёмства за наша)
дзверы сама адамкну, у пакой правяду,
піва куплю, падзялю з ім такую-сякую яду,
стол прыбяру, пасцялю, палажу бедалагу,
кнот укручу і, раздзеўшыся, моўчкі прылягу,
ласкай сагрэю яго, прытулю. Абдыму,
семя прыму – няхай будзе палёгка яму,
закалышу, няхай соладка спіць мой харошы;
я ж ціха ўстану на золку, на столік грошы
так, каб убачыў, устаўшы, сама пакладу…
Нешта замжыла – збяруся і заўтра ж пайду…
* * *
За сталом сядзеў я з бражкай п‘янай,
куфлі бразгаталі па піўной --
выпіў, закусіў і нечакана
бачу: смерць стаіць перада мной.
Тут пра свет забудзешся знянацку,
ды з яго пайсці павінен я,
бо раскоша выпіўкі кабацкай
не заменіць радасцяў жыцця.
Жыць адным сабой і годзе, квіты? –
Жорстка. Даў бы знак хто незнарок,
што даўно канчаюцца ліміты.
Радасць, жорсткасць, адзінота – вечны
выбар лепшае з уцех ліхіх.
Мера ўсіх пакутаў чалавечых
пераважыць меру сіл тваіх.
Трэба кубак піць увесь дарэшты,
да асадку даўкага на дне,
горыч дзе і слодыч – разбярэш ты?
перамешаны яны ўва мне.
Я радзіўся жыць на гэтым свеце,
а не госцем быць да часу да пары…
зрэшты, ўсе мы божыя тут дзеці –
век жыві і ў вечнасці згары…
Адведзіны памешчыка
Адвесь паклон, вяльможны, не дурэй, --
Прыклады выб‘юць моц з тваіх дзвярэй;
Давай паказвай нам, прыгрэў тут дзе
Сычоў германскіх у сваім гняздзе.
Чаго збялеў? Ці не пазнаў? Я ж той
Гайдук, якога вешаў продак твой;
-- Свяці мне ў твар, перад табою сам
Слуга дваровы, сёння ж – партызан.
Свінагаловы пан, калі я ўцёк
З людзьмі, ты ўслед гразіўся мне здалёк;
Ты жэр прысмакі, я баланду еў,
І вось, вялікі пан, твой час прыспеў.
Нясі „слівянку“, келіх налівай –
Кульну і я, а рэшту – дапівай.
Вашэці, з ласкі пана, пасаблю
Ямчэй галоўку ўправіць у пятлю.
Хто ў дзверы звоніць на дварэ?
Хто ў дзверы звоніць на дварэ?
Каму не спіцца там?
Спі, мілая. Хлапчук прынёс
З пякарні булак нам.
Хто ў дзверы звоніць на дварэ?
Спі, сам я адчыню.
Ў суседа нейкі пан пытаў
Пра нашую сям‘ю.
Хто ў дзверы звоніць на дварэ?
Не, ў ванну хай цячэ…
Ат, пошта, а ліста няма,
Ў дарозе дзесь яшчэ.
Хто ў дзверы звоніць на дварэ?
Ляжы, каго там зноў?
Домаўладальнік быў, казаў,
Каб з першага – далоў!
Хто ў дзверы звоніць на дварэ?
Вазонік на акне!
Збяры бялізны ў хатулёк,
Не плач – там па мяне.