Розныя тэксты

Гесэ Герман


Воўк

Яшчэ ніколі ў французскіх гарах не было такое вусцішна халоднае і зацяжное зімы. Дзень у дзень, тыдзень у тыдзень паветра чысцюткае, як прамытае, крохкае і скалелае. Удзень снежныя палі, бясконцыя, матава белыя, касагорыліся пад рэзка блакітным небам, уначы над імі плыў ясны, сцепнуты месяц, гнеўны марозлівы месяц з жоўтым бляскам, пранозлівае святло якога на снезе аддавала сінім і тупым і было падобнае на ўцялеснены мароз. Людзі абміналі дарогі, асабліва вышыні, яны шыліся ў шчыліны, адседжваліся, лаяліся в вясковых хатах, чырвоныя шыбіны ў якіх уначы закурэла мутна свяціліся ў месячным блакіце і неўзабаве патухалі.

Гэта быў цяжкі час у тутэйшага звяр’я. Драбнота вымярзала павальна, нават птушкі паддаваліся марозу, іх схуднелыя, скарчанелыя тушкі даставаліся ў трафей каршунам і ваўкам. Але ж і гэтыя страшэнна цярпелі ад сцюжы і голаду. Жыло там усяго некалькі ваўчыных сем’яў, і ліхата змушала іх гуртавацца шчыльней. Удзень яны выходзілі паасобку.Прамільгне сюд-туд чорнай рысінай па снезе, худы, галодны, насцярожана-чуйны, маўклівы і нясмелы, як здань. Побач з ім слізгае па снежнай роўнядзі яго вузкі цень. Абнюхваючы, усунецца вострая морда ў вецер, і тут можна пачуць часам сухую, вымучаную яглу. А вечарамі яны выходзілі поўнай гайнёю і з хрыпатым сковытам гапатавалі вакол вёсак. Адтуль смачна пахла стойламі і кктухамі, але за моцнымі аканіцамі ляжалі напагатову зараджаныя стрэльбы. Мала, мала калі перападаў сякі-такі луп – раззява-сабака які ці што там яшчэ, а тым часам ужо два з гайні леглі пад кулямі. А мароз усё трымаўся. Часам ваўукі ляжалі ціха і панура, грэючыся адзін ад аднаго, і занепакоена ўслухоўваліся ў мёртвую пустку, пакуль каторы, стурзаны жудаснымі курчамі голаду, не ўскокваў раптам з жахлівым рыкам. Тады ўсе астатнія паварочвалі да яго морды, дрыжалі і раптам закіпалі страхотлівым, пагрозлівым і жаласным выццём.

Нарэшце меншая частка гайні адважылася на далёкую вылазку. Рана раніцай пакінулі яны свае логвы, збіліся ў гурт, узбуджана і палахліва ўнюхваючыся ў марознае паветра. Потым шпарка, роўным цугпм пашыбавалі прэч. Пазасталыя глядзелі ім услед шырокімі, шклянымі вачыма, прабеглі некалькі дзесякаў метраў, спыніліся, нерашучыя і бязрадныя, і павольна вярнуліся ў апусцелыя логвы. А вандроўнікі апалудні падзяліліся. Тры павярнулі на ўсход да Швейцарскай Юры, астатнія пабеглі далей на поўдзень. Трое былі прыгожыя, дужыя звяры, але страшэнна худыя. Запалыя светлыя жываты былі вузкія, як рэмень, на грудзях выпіралі рэбры, пысы сухія, вочы шырокія і поўныя роспачы. Утрох яны далёка заглыбіліся ў Юру, на другі дзень задралі барана, на трэці сабаку і жарабя, і цяпер іх з усіх бакоў шалёна аблёг мясцовы люд. У раёнах, дзе шмат вёсак і гарадкоў, асеў страх перад незвычайнымі ўварванцамі. Узброілі паштовыя сані, без стрэльбы ніхто не хадзіў з вёскі вёску. У незнаёмых мясцінах, пасля такой добрай здабычы, тры ваўкі адчувалі сябе адначасова і баязліва і вальготна: яны моцна пасмялелі, не тое, што дома, і ўжо сярод белага дня залезлі ў хлеў Мейерхофа. Мычанне кароў, трэск досак у загародках, тупат капытоў і гарачае, зяхлівае дыханне напоўнілі цеснае, цёплае памяшканне.Але гэтым разам нарваліся на людзей. За ваўкоў была назначана прэмія, і гэта падвоіла адвагу сялян. І яны паклалі-такі двух, аднаму вінтовачны стрэл знізаў шыю, другога засеклі сякерай. Трэці вырваўся і бег, бег, аж пакуль паўжывы не ўпаў на снег. Ён быў самы малады і самы прыгожы воўк, горды звер магутнай сілы і дасканалых формаў. Доўга ляжаў ён, адсопваўся. Чырвоныя крывавыя плямы плылі перад вачыма, і часам з яго са свістам вырываўся балючы стогн. Шпурнулая сякера пацэліла яму ў спіну. Але ён адпачыўў і ўжо мог зноў падняцца.Толькі цяпер ён убачыў, як далёка забег. Нідзе людзей, нідзе хат. А перад ім заснежаная, магутная гара. Гэта Шасэраль. Воўк рашыў абысці яе. Дапякала смага, і звер з’еў некалькі кавалкаў замерзлага, цвёрдага снежнага шарону.

Па той бок гары ён адразу выйшаў на вёску. Вечарэла. Воўк чакаў у густым ельніку.Пасля асцярожна пракраўся за садовыя платы, прываблены пахам цёплых хлявоў. На вуліцы не было нікога. Палахліва і хіжа бліскаў вачыма з-паміж дамоў. І тут стрэл, знянацку. Воўк адкінуў угору галаву і кінуўся ўпрочкі, і грымнуў другі стрэл. Гэты быў цэльны. Белаватае падчарэўе збоку зардзелася крывёю, якая пачала сцякаць густымі кроплямі. Але зверу ўсё ж удалося доўгімі скачкамі ўцячы і дабгчы да горнага лесу. Там ён счакаў, прыслухоўваючыся, некалькі хвілін, учуў спаабапал галасы і крокі. Са страхам паглядзеў на гару. Гара была спадзістая, залешаная, падымацца на такую – чыстая пакута. Але ж выбару не было. Хрыпла зяхаючы, воўк пачаў успінацца на гэтую сцяну, а знізу чуліся, лаянка, каманды, мільгалі ліхтары. Паранены воўк трымцеў і караскаўся праз паўцёмны яловы лес, а на баку густа і павольна сачылася гнядая кроў. Холад адступіў. Заходняе неба замроілася туманам, абяцаючы снегапад.

Нарэшце, выдыхшыся, воўк дабраўся да вяршыні. Ён стаяў на крыху пахілым заснежаным плато, недалёка ад Монт Кразіна, высока над вёскай, з якое вырваўся, Голаду не адчуваў, а толькі замаркотлівы, сціснуты боль у ране. Ціхі, хворы брэх споўз з яго абвіслага пыска, сэрца бухала цяжка, балюча і, як невыказна даўні цяжар, адчувала на сабе руку мерці. Яго прывабіла адзінокая яліна з трыма галінамі; там ён сеў у тужліва ўтаропіўся ў шэрую снежную ноч. Прайшло паўгадзіны. На снег легла матавае чырванаватае святло, дзіўна і мякка. Воўк застагнаў, падняўся і павярнуў прыгожую галаву насустрач святлу. Гэта быў месяц, які велізарна, крывава-чырвона лена падымаўся з паўднёвага ўсходу на смутным небе, вышэй, вышэй.. Ужо не першы тыдзень не быў ён такі чырвоны і вялікі. Жаласна завісла вока блізкага да скону звера на матавым дыску, і зноў у горле заклекатала, балюча і бязгучна, сковыт у ноч.

Ліхтары і крокі наблізіліся. Сяляне ў кажухах, егеры і маладыя дзецюкі ў аўчынных шапках і няўклюдных гамашах тупталі па снезе. Радасны галас. Знайшлі параненага ваўка, далі па ім яшчэ два стрэлы і абодва міма. Тады ўбачылі, што звер ужо даходзіць, і наваліліся на яго з каламі і ражнамі. Але той ужо нічога не чуў.

Пакалечанага, патрушчанага звалаклі яго ўСэн-Імэр. Рагаталі, хваліліся, радаваліся, п’ючы шнапс і каву, спявалі, перабрэхваліся. Ніхто не разгледзеў прыгажосці заснежанага бору, ні бляску горнага плато, ні чырвонага месяца, завіслага над Шасэралем, ні дрогкага водбліску яго на люфах стрэльбаў у снежных крышталях і ў вачах забітага ваўка.