Рыцар Глюк і іншае

Гофман Эрнст Тэадор (Вільгельм) Амадэй


Пра аўтара

Эрнст Тэадор (Вільгельм) Амадэй Гофман (E.T.A. Hoffmann, 1776 -- 1822) нарадзіўся ў Кёнігсбергу ў сям’і адваката. Паводле традыцыі сям’я рыхтавала сына да юрыдычнай кар’еры, даючы адначасова шматбаковую гуманітарную, мастацкую, музычную, культурную адукацыю: 1792 -- 1793 гг. -- вывучэнне права, 1796 -- 1813 -- прафесійная юрыдычная дзейнасць у розных гарадах Прусіі, на розных пасадах, з поспехамі і няўдачамі.

Нам, сённяшнім, усяму культурнаму свету Гофман цікавы найперш як універсальная асоба амаль рэнесанснага кшталту, самы яркі прадстаўнік позняга нямецкага рамантызму -- музыкант, кампазітар, дырыжор, графік, жывапісец, літаратар, чые артыстычныя зацікаўленні сягаюць у таямнічыя сферы паміж сном-марай і рэальнасцю, паміж фантастычнымі ўявамі і аб’ктыўнымі “відзежамі” свету рэальнага, прадстаўнікамі якога мы сябе чамусьці лічым, неяк вельмі ж прагматычна адасабляючыся ад гогалеўскіх віяў і гофманаўскіх феяў, мы ж бо тое -- сучасныя, а таму разумнейшыя! Ай, кіньма пустое! Свет адзін і для нас, такіх разумных прагматыкаў, і для казачных феяў!

Усе даты пакручастага лёсу Гофмана дапытлівы чытач можа лёгка вычытаць у любой энцыклапедыі, таму -- прапускаю. Пазначу толькі год 1807, калі Гофман асяліўся ў Берліне, дзе пачалася ягоная праца капельмайстрам у тэатры, кампазітарская і мастакоўская дзейнасць, і год 1813 (Лейпцыг, Дрэздэн), з якога пайшоў разгон пісьменніцкай актыўнасці -- усяго адно кароценькае дзесяцігоддзе, якое і прынесла Гофману сусветную славу, якая за два стагоддзі не толькі не панікла, але яшчэ больш развілася, дзякуючы дабрадайнаму ўплыву на летуценна-фантазійныя галовы іншых геніяў, якім, дзякаваць богу, зводу няма і не будзе.

Апавядальніцкія фантазіі Гофмана вызначаюцца пераходам ад “чыстай” рамантыкі да новага рэалістычнага мастацтва. Каб пацвердзіць гэты тэзіс, спашлюся на ўжо знаёмыя чытачу навелы Рыцар Глюк і Дон-Жуан (“Крыніца” 1996, № 4/20, там жа і апушчаныя цяпер даты жыцця і творчасці). Будучы чыста літаратурнымі творамі з усімі ўласцівымі мастацкім творам адметнасцяміі свабодным палётам мастакоўскай думкі, гэтыя навелы -- дакументальна дакладны аналіз музыкі, аналіз, зроблены прафесіяналам на ўласцівым прафесіяналізму ўзроўні. Навела-”фантазія” “Дон-Жуан” і сённяшнімі днямі ў музычным свеце прызнаецца ці не найлепшай кампетэнтна-прафесійнай рэцэнзіяй на оперу Вольфганга Амадэя Моцарта “Дон-Жуан”. Дарэчы, зірніце на пачатак гэтай кароценькай нататкі, дзе ў дужачках пазначана трэцяе родавае імя Гофмана -- Вільгельм. Дык вось, Вільгельмам Гофман быў, пакуль яго не перамагла любоў да Моцарта, Пасля, у знак глыбокай павагі да музычнага ідэала, Гофман пачаў звацца Амадэусам.

І яшчэ адно. Фантазіі... уплывы... Як гэта ўсё фантазійна, нерэальна, пальцамі не памацаеш, у кішэню не пакладзеш... І як яно ўсё рэальна, зрокава-чуйна! Моцарт -- Гофман -- Майрынк (гэта ўжо ХХ стагодде, экспрэсіянізм, -- іншыя феі. іншыя відзежы і ўявы, іншы і рэальны свет, але духоўнае напаўненне свету нязменнае, повязі адны!). І, можа, крыху нечаканае: Гофман -- Караткевіч... Карыстаючыся са шчаслівай нагоды, што я яшчэ пакуль што жывы, бо тады позна будзе, хачу засведчыць, што іншым часам Гофман жыў у Караткевічы, хачу засведчыць прызнанні самога Караткевіча ў яго любові да Гофмана, а ўплывы Гофмана на нашага вялікага рамантыка-фантаста вы можаце на свае жывыя вочы ўбачыць, чытаючы ягоныя творы, пазнаючы ўласцівыя такім лірычным казачнікам іронію, сарказм, парадыйнасць, гратэскавасць, амаль барочную з’длівасць і мяккае, добрае, лагоднае, безабароннае сэрца шукальніка праўды і справядлівасці.

А, можа, ніякіх уплываў няма і не бывае? Можа, геніі бачаць рэальны свет праз усю яго вонкавую ірэальнасць. Бо свет гофманаўскіх хімераў і наш з вамі свет -- ці не адзін і той самы -- аднолькава рэальны і хімерычны? І тады і сёння зборня духаў і зданяў, грамадства праз чары атлумлення зводзіць геніяў на паглум, а жывая фея Розабэльвэрдэ пад воплескі натоўпу узносіць вурдалакаў на шчыт славы дзеля ўсеагульнага любавання і захаплення, узнагароджвае нікчэмнасць Ордэнам зялёнаплямістага тыгра на дваццаці гузіках.

З банальнай прычыны сваёй непадрыхтаванасці да перакладу гофманаўскай прозы ранейшым часам я не мог выканаць просьбы Караткевіча перакласці “Цахеса”, цяпер я гэта раблю з любові і да Гофмана, і да Караткевіча, светлай памяці якога прысвячаю гэты пераклад.