Мастакі і іншае
Шылер Фрыдрых
Песня пра звон
Vivos voco.
Mortuos plango.
Fulgura frango*.
Зацвярдзела ў гліне форма --
Медзь густую залівай!
Будзе звон! Хутчэй да горна!
Дружна, хлопцы, налягай!
Пот няхай цячэ,
Соллю твар пячэ.
З намі розум, сіла, ўменне
І нябёсаў блаславенне.
Каб добра спорылася праца,
Патрэбна згода і савет,
Калі разумна ўсім узяцца,
Работа зладзіцца як след.
Усё спярша абдумаць варта,
Каб майстар воляй не аслаб, --
Бо пакарае тых пагарда
Хто неразумнай працы раб.
На тое ж розум нам даецца,
На те ж сілу любіць ён
Каб прадчувалла сэрца ўмельца
Натхнёнай працы творчы плён.
Падкладайце ў яму дровы,
Не шкадуйце смалякоў, --
Каб у печы жар барвовы
Цвёрдасць медзі пабароў.
Медзь паднось! Давай!
Волава ўлівай!
Каб зліліся ў звоне ўдала
Песні гучныя металаў.
І звон, які ў агністай печы
У творчым сплаве паўстае,
Вялікі подзвіг чалавечы
З высокай вежы апяе.
І будзе ён сугучна з горам
Сляпцоў, пакутнікаў кранац
І, зліўшыся з вячэрнім хорам,
У храм парафіянаў зваць,
Сыам зямлі душу вярэдзіць.
Удары лёсу, мукі ўсе
У гулкай адгукнуцца медзі,
І рэха гул той панясе.
Бачу ўжо я звона чашу
Ў шуме пены, пузыроў,
Падбаўляй яшчэ паташу,
Падкладай смалістых дроў!
Шлак пара здымаць! --
Будзе плаўка ззяць!
Каб гучалі песні звона
Чыста, зладна, векапомна.
І каб віталі крык дзіцяці
І абвяшчалі пешы крок,
Калі яшчэ ў абдымках маці
Яно прымае свой вырок,
Пакуль яно ў калысцы долі
Расце, гадуецца паволі,
Пакуль на золку залатою
Турботы засцяцца імглою,
Пакуль не сыдзе зноў у змрок...
І вось хлапца ад ціхай хаты
У свет па ўезджаных шляхах,
Глядзіш, вядзе кіёк сукаты,
Каб зноў вярнуць пад родны дах.
І, нібы вобраз дзіўнай феі,
Угледзіць раптам пілігрым:
Самкнуўшы сарамліва веі, --
Яго сяброўка перад ім.
І тут, ахоплены тугою,
Усхваляваны блудны сын
Раханна ўкленчыць перад ёю
Забыты ўсімі і азін,
Як божы перст; не знае ласкі,
Шукае любае слядок
І на лугах збірае краскі
Сваёй каханай у вянок.
Святло надзеяў, слодыч жарсці,
Пачуццяў першых палкі жар,
О, вас і ў цэлы свет не ўкласці,
Не ўзвысіць да палёту мар.
О, хай у квецені пяшчоты
Каханне свеціцца заўсёды!
Маса пыша ў чорным чадзе.
Апушчу жалезны друк,
І, ледзь толькі накіп сядзе,
Будзем ліць! Пачнём, сябрук!
Чэрпай, трэба ўмець
Браць на пробу медзь.
Паглядзім, ці ўсё да ладу
Ў гэтым пекле дыму й чаду.
Дзе моц з пяшчотаю скуюцца,
Там гарманічна гукі льюцца.
Так і ў пачуццях чалавек:
Калі сяброўку выбірае,
Хай сэрца сэрцам вывярае,
Бо мара -- міг, шкадоба -- век. --
Вось шчасліва нявеста
Пад вянец у храм ідзе,
І, склікаючы да фэста,
На бажніцы звон гудзе.
Ах, краса любві сардэчнай,
Свята шчасця, паўнаты --
Разам з вэлюмам навечна
Летуценні губіш ты!
Пагасне імпэт,
Любоў застаецца,
Асыплецца квет,
Плод сокам нальецца.
Ў жыццё ідзе муж
І робіць, што можа,
Шукае, будуе,
А доля варожа
Цікуе, хітруе --
Хапае, ашчэрыўшы іклы,
Чаканы здабытак, уяўны і ніклы.
Здаецца, збыліся жаданыя мары:
Дабро паплыло у засекі, ў амбары,
Харомы растуць, і ён сам сабе пан.
Ужо гспадыня
У доме кіруе
Сям’ёй і прыслугай
І хатнім парадкам,
Бы ў вулеі матка:
Жыцця не шкадуе
І дзетак гадуе.
І вечна ў турбоце,
У руху, ў рабоце,
Ад бур і пакут
Бароніць свой кут,
Складае сякія-такія набыткі
І сучыць на прасніцы тонкія ніткі,
У скрыню хавае руплівы свой плён --
Пушыстую воўну, адбелены лён;
Ладкуе, радкуе, гне спіну,
Не знаючы сну і спачыну.
Выйдзе бацька на ганак,
На маёнтак пагляд горда кіне --
На гароды, квяцісты сад,
На хлявы з залатога бярвення,
На абсады і на прыгуменне,
На худобу, свіней ля карыта,
На хвалі пшаніцы і жыта,
На пузаты амбар,
Скажа: “Я -- гаспадар.
Насуперак долі
Маю ўсяго даволі”.
Толькі ж лёс, як вядома, гнуткі
З ім не патузаешся ўзагрудкі,
Людзі спяць -- ды не дрэмле бяда!
Пачынайма! Ўсё гатова!
У зазубрынах надлом!
Рыну стаўце! Бог -- да слова!
Возьмем, хлопцы, ў рукі лом.
Блаславёна печ!
Ломам чопы прэч!
Без пахібы каб адразу
Пераліць у форму масу.
Агонь -- вялікі, чысты дар,
Калі яму ты гаспадар.
За ўсё што творыцца спакон,
Яму падзяка і паклон!
Аднак, дар Божы, ты буйны,
Калі, парваўшы кайданы,
З вяршыняў гор, страшней лавін,
Ляціш, прыроды вольны сын.
Гора! Гора! калі шквалам,
Як шалёны мчышся ты,
Несучы бяду кварталам
Гарадское беднаты,
Бо стыхія лютай злосцю
Ненавідзіць творчы лад
І руйнуе ўсё падрад.
З хмар ліецца
Дождж гаючы.
З гэтых самых добрых хмар --
Грому ўдар!
Чуеш! З вежы б’юць у звон!
Дзесь пажар!
З небасхіла
Льецца кроў.
То не ранняе свяціла!--
Гвалт і роў!
Дым і чад!
Трэск! Набат!
Дым смярдзючы, сквар пякучы,
Людзі, стлумленыя ў кучы,
І агонь, як звер лятучы,
І трашчаць у страшнай пашчы
Дом, хлявы і скарб лядашчы,
Кроквы рушацца, калоны --
Стогны, лямант і праклёны.
Быдла раве,
Прывязі рве.
Прэч жывое ўсё ўцякае.
Днём так светла не бывае...
З рук у рукі чарадою
Вёдры лётаюць з вадою,
Бусакі, ламы, лапаты
Трушчаць бэлькі беднай хаты.
Раптам буры подых свежы,
Як галодны звер да ежы,
Наляцеў, агню клубок
Падхапіў, шпурнуў убок
На драўляныя кашары.
Апантаны, люты, яры,
Нібы маючы ў намеры
Закруціць зямлю ў хімеры,
Слуп узвіўся да нябёс,
Як пачвара.
На вачах
З друзам змешаны ачаг,
І набытае жытло
Дымам-попелам пайшло.
Сціх агонь...
Папялішча...
У руінах вецер свішча.
У пустых аконных ямах
Жах, кашмары,
І бяздушна з неба хмары
Ўніз глядзяць.
Гаспадар
Асірацелы
У свет белы,
Кінуўшы разбураны алтар,
Зноў ідзе.
І хай ён голы, быццам кол,
А ёсць уцеха на дарогу,
Што дамачадцаў, дзякуй богу,
Сабрала матухна ў прыпол.
Маса выліта і чашай
Хай застыне гэты сплаў!
Паглядзім, ці працай нашай
Выраб добрым творам стаў.
Можа, што не так?
Можа, ў звоне брак?
І пакуль мы точым лясы,
Там бяда прыйшла тым часам!
Як сейбіты ў свуятое лона
З даверам шчырым год у год
Кладуць плады сваіх турбот,
Так мы ў зямельцы і для звона
Найлепшы ўбачылі аплот.
І мы сказаць яму павінны:
“О, твор даверлівай душы,
Устань з глыбокай дамавіны
І душы ўсім разаварушы!”
Са званіцы
Сумны гімн
Выпраўляе
На спачын
У абіцельку святую
Душу грэшную зямную.
Ах, то доля ўсіх кабетак.
Ты, надзея бедных дзетак,
Адышла туды, дзе ружай
Не цвіце каханне мужа,
Ад гарэзлівай малечы,
Што не высахла ў галечы
І не зналася са злом
Пад матуліным крылом.
Як няўмольна разарвана
Повязь душаў і жытла --
Тая, што была каханай,
Адышла ўжо ў царства тла.
І няма дагляду ў хаце,
Ні пяшчоты, дабраты,
Прыйдзе ў дом чужая маці,
Ды не ўцешыць сіраты.
Ну, пакуль наш звон астыне,
Кожны хай, сябры мае,
Нібы птушка адпачыне,
Песню радасці спяе.
Неба ззянне лье,
Чэлядзь лынды б’e.
Толкі майстру не дакука,
Звон адліць яму не штука.
Полем-гаем, лугам-борам
Да парога роднай хаты
З кім, з выглядам бадзёрым
Зноў вяртаецца вандроўнік...
А каровы,
Сытыя рагулі,
Важна, чынна
Ідуць у стойлы.
І чароды
Бараноў, авечак
Валам валяць пад павець;
Конь калёсы з жытам
У вароты
Цягне ледзь.
Каласкамі перавіта
З радаснай нагоды
Вакол воза дзевак світа,
Водзіць карагоды.
Сціхлі вуліцы і рынак.
Пад лампадай дамачадцы.
Цяжка брама
Гарадская зарыпела.
Змрок бруіцца
На харомы.
Люд цямноцця не баіцца,
Спіць спакойна ён,
Бо, калі дзе зло гняздзіцца,
Там на варце ёсць закон.
О святы парадак божы,
Бацька міру і раскошы!
Ты будуеш гарады,
Роўных лучыш у гурты;
Вывеў ты людзей з балот,
З пустак і глухіх пячораў,
Мову даў ім, розум, нораў --
З дзікуноў стварыў народ,
Даў высокі і адзіны
Дар -- любіць зямлю радзімы.
Рукі рупнай творчай працай
Крышаць горы ў пыл і друз,
Памагаюць гуртавацца
Люду ў доблесны саюз.
Майстар, парабкі і чэлядзь,
Што хлеб маюць з мазалёў,
Гонар працы роўна дзеляць,
Разам ганяць гультаёў.
Праца -- гонар для народа,
Праца -- гэта скарб дабра,
Праца -- нам узнагарода,
Як карона -- для цара.
Мір свяшчэнны,
Лад і згода,
Асланіце
Нас апекаю сваёй!
Каб ніколі орды злыя
Уварвацца не маглі
Ў нашу ціхую даліну,
Дзе чаруе
Добрай песняй баюна
Слодыч боскі.
Каб ніколі нашы вёскі
Не панішчыла вайна.
Разбурай хутчэй апоку,
Адслужыла -- пад тапор!
Хай здаволенаму воку
Явіцца цудоўны твор!
Бі, крышы, валі
Зрубішча, камлі,
Каб не крыла абалона
Цела велічнага звона.
Разбіць натруджанай рукою
Умее майстар. Ды бяда,
Калі агністаю ракою
З апокі вырвецца руда!
Яна абрыне ўсе грымоты,
Геенскі вызеўрае жах,
Смуродам пойдзе плён работы
І ўсё сатрэцца ў пыл і прах.
Дзе правяць хаас і стыхія,
Там працы вынікі благія.
Там, дзе лянуецца народ,
Чакай любых ліхіх нягод.
Бяда, калі лавіна смуты
Пажарам вырвецца з нары,
Калі народ, парваўшы путы,
Хапае ў рукі тапары!
Калі злавесны гул набата
Начную ўспора цішыню
І кліча -- веснік міру, свята --
На гвалт, разбой і на разню.
Бягуць на плошчу гараджане.
“Свабода! Роўнасць!” – Ну, дрыжы! --
Кіпіць шалёнае паўстанне,
Гуляюць шворкі і нажы!
І ўжо жанчыны, як мегеры,
А не як людзі між людзей,
Жыўцом, як хіжыя пантэры,
Рвуць сэрцы кіпцямі з грудзей.
Няма святога больш нічога,
І повязі парваны ўсе,
Стаптаны запаветы Бога --
Загана ўсіх людзей трасе.
Жахлівы звер, як зацкаваны,
І жудасны ўзлаваны леў,
Аднак ні з чым не параўнаны
Вар’яці чалавечы гнеў.
Бяда, калі нябёс паходні
Сляпы або дурны нясе,
Ў яго руках агонь Гасподні
Здабыткі спапяліць усе...
Дзякуй Божа, дзякуй, Творца,
Што даеш нам шчасце ты!
Ззяе звон у промнях сонца,
Звон мядзяны і святы.
Ззяе, як зара,
Мара бранзара.
І на гербе шчыт і стрэлы
Славяць майстраў подзвіг смелы.
Сябры, ўжо час настаў!
Дадзім імя святому твору
І звон падымем дружна ўгору!
Хай будзе звацца Міраслаў!
Хай у мядзяным звонкім гудзе
Заўсёды голас міру будзе.
Хай робіць тое, для чаго
Мы тут і вылілі яго,
Хай над гаротнаю зямлёю
Лунае ў залатым шатры
Ў суседстве з зорнай стараною
І блаславенне шле згары,
Хай славіць мудрасць, сілу творцы,
Няхай там славаю гудзе,
Як зорны хор, які бясконцы
Рахунак нашым дням вядзе,
І хай не скончыцца ніколі
Аб пракаветным яго сказ,
І хай у лёце на прыволлі
Яго кранае крыллем Час.
Хай звон наш лёсу паслухмяны,
Ды не без сэрца, не глухі --
Ён апяе жыцця заганы
І пакручастыя шляхі.
Хай кажа люду, што на свеце
Няма адвечнага нідзе,
Што, як і голас літай медзі,
Зямная марнасць адгудзе.
Налягай на тросы,
Узнясёмце дружна звон
Ў царства гукаў, у нябёсы,
Хай спявае славу ён!
Раз! і -- два! і -- тры!
Звон ужо ўгары!
Хай гудзе ў бясконцай шыры
Першы гімн яго аб Міры!
* Заклікаю жывых.
Заклінаю мёртвых.
Трушчу гвалт маланак (лац.).