Мастакі і іншае

Шылер Фрыдрых


Мастакі

Як пераможна ты, о чалавек,
Намерыўся ўступіць у новы век
Ва ўзнёслай велічы жыцця,
Духоўна сталы, помыслам гатовы
На подзвіг некрыклівы і суровы
Ты, часу дасканалае дзіця.
Законам дужы, розумам свабодны,
Высакародны сэрцам, духам годны
І цар прыроды, што твае
Аковы любіць і ва ўсіх баях
Сабой сцвярджае сілу і размах
І за табою з дзікасці ўстае.

Дык не забудзь, ад перамогі п’яны,
Руку паціснуць, што зняла кайданы,
Што на жыццёвым беразе пустэчы
Цябе ў адчаі і ў слязах знайшла,
Калі ты, сірата забыты, енчыў
У кіпцях выпадковасці і зла,
Руку, што стала радцам, стала ўказам
Табе ў духоўным зведванні дабра,
Руку, якой ты абавязан
Крыштальнай чысцінёй нутра;
Руку, якая падпарадкавала
Высокім абавязкам пал юначы
І тайны сэнс прыгожых ідэалаў
Табе паказвала ў любой задачы,
Руку, што ахвяроўвае каханых
Другім абдымкам, прагным і чужым, --
О, не ўпадзі да ног аблудніцы-заганы,
Яе служанкай подлай не служы.
Пранырлівасці вучацьь караеды,
А ў рупнасці нам прыкладам -- пчала,
Усім жывым дае прырода веды,
Мастацтва -- аднаму табе дала.

І толькі Прыгажосці брама
Цябе ўвядзе ў пазнання край,
Глядзець на бляск адкрыццяў прама
У промнях сонца прывыкай.
Паток, што з песняй муз у грудзі
Пранік і сэрца ўзварушыў,
Ён і фізічна сілу будзіць,
І спеліць хараство душы.

А ўсё, што розумам здабыта
Праз тысячы гадоў цяпер,
Ляжала на віду ў людзей адкрыта
Як сімвал хараства мінулых эр.
Той сімвал гожы нашы мэты вызнаў,
І вызваляў з грахоўнасці памалу ён,
Калі яшчэ не выдумаў Салон
Свой штучны кодэкс, жорсткі непамысна.
А перш, як мудрасць разгадала
Таемнасці планет, свяціл,
Хто адчуваў іх веліч дасканала,
Не ведаючы сэнсу гэтых сіл?

Яе, што ў німбе любіць красавацца,
Што азарыла ў свеце вечны змрок,
Яе, ўладарку дзіўнага палаца,
Не зможа змерыць смертны зрок.
Яна даецца позірку прачыстых, --
Уранія -- жахлівая красой;
Зняла вянец іскрыста-прамяністы
І Прыгажосцю стала незямной.
Яна -- дзіця; таму адкрылі дзеці
Наіўнымі вачамі з ёй радство,
Вялікай праўдай стане праз сталецці
І сцвердзіць велічнае Хараство.

Калі Гасподзь прадвызначыў сурова
Нам жыць смяротнымі у плоці, каб --
Блукаючы па цемры, паступова
Пазнанню прычасціўся прахлы раб,
Калі людзей адрынулі нябёсы
І мы пайшлі праз прозвішча начы,
Нам Прыгажосць адна ацерла слёзы,
Адна яна змагла перамагчы,
Сышла к нам летуценнем, светлай марай
У край пачуццяў наш, і мы
Убачылі малюнак на мурах турмы --
Элізіум -- апшні пробліск перад карай.

Калі прыроднае дзіця ляжала
Каля грудзей карміцелькі-зямлі,
Калі вайна свяшчэнная не грукатала
І не лілася кроў нявінная калі,
Не знала сэрца забарон, спакусаў
І ў падначаленні паганых путаў,
Яно, з духоўнасцю з’яднанае саюзам,
Не знала горычы пакутаў;
Хто Хараству усёй душою быў адданы,
Хто парыванні марныя адмёў,
Хто разамкнуў ушчэрбнасці кайданы, --
Свабодай помыслаў упіўся зноў
І ўнікнуў прагных кіпцюроў
Марноты, дрэні і заганы!
Шчаслівыя, каго яна абрала,
Багіня, ў храме быць жрацом,
Каму высокі гонар даравала
Парафіянам стаць айцом,
І хто з яе абранцаў самы годны
Трымаць свяшчэнныя паходні,
І перад кім не тоіць палкасці свае,
А ў голай цноце голая ўстае.
Дык будзьце ж рады прызначэнню!--
Вам выпала, сягаючы да гожых мэт,
Ва ўзнёсла радасны духоўны свет
Быць самай першаю ступенню!

У даўнія часы, яшчэ калі
Зямлі гармоніі вы не далі,
Сусвет, які тануў тады у цемры,
Здавалася, шалёна, прагна зеўраў
На дзікуна. Прыроды злая сіла
Яго, безабароннага, касіла
І ў барацьбе, ў стыхійным шале
Ён несвядома голад свой душыў,
Не ўмеючы дабіцца згоды
З прыгожай сутнасцю Прыроды,
Не адчуваючы яе душы.

Цяпер вас цень яе разварушыў --
Бо вы пяшчотліва і дбайна
Складалі ўсё спазнанае ў адно --
І адчыняла спакваля яно
Вам дзверы да спрадвечных тайнаў.
Вы моўчкі ў неба вочы паднялі,
Куды магутны кедр узносіць голле,
А вобраз кедра красіць наваколле
Адбіткам у азёрным крышталі.
Як тут не ўчуць парад прыроды,
Не разгадаць яе маўклівы сказ?
Ці не навёў на перайманне вас
Малюнак той, які калышуць воды,
Аддзелены ад сутнасці прадмета,
Ці нават вобраз ваш у плыні
Памог зірнуць у тыя далячыні,
Дзе адкрываецца мастацтва мэта.
Прачнуўся покліч у душы чароўны,
І вы з намерам ясным пачалі
Ствараць свой вобраз на зямлі,
Што вашага ўяўленны поўны.
О, як бясконца ўражвае людзей
Той першы твор, што выйшаў з іх грудзей.

І нам, каго чаруе першы геній,
І хто вышуквае крыніцу мараў,
Даюць даверлівыя цені
Свой талісман спазнання чараў.
Жыцця законы і вытокі,
Свет хараства, глыбокі і шырокі,
Палётам думкі мастака
З’яднала творчая рука:
У абелісках мужным воям,
У жальбе дудкі пастуховай
І ў гімне подзвігам герояў.

Сабраць букет -- бадай, і годзе,
Каб стала ясна, што ў прыродзе
Бярэ мастацтва змест свой ёмкі.
А сплёў прыгожа кветкі, зёлкі
У гарманічна-красачны вянок,
І ўжо мастацтва робіць новы крок.
Дзіця прыгожага, самоты,
Так дасканалае сабой, здаецца,
Карону раптам страціць, калі сэрцам
Адчуе рэчаіснасці шыроты,
Дзе ўсё ў гармоніі найперш:
Ці то калона поручкі ўстае з сястрой,
Ці то з героямі змагаецца герой,
Ці кліча ў бой Гамераў зычны верш.

Збянтэжана стаялі дзікуны
Перад дзівосным творам, цудам свету:
“Глядзіце, -- і сумеліся яны, --
Як чалавек зрабіў чароўнасць гэту!”
І гукі срэбраструннае кіфары
Лагодзяць сэрца дзікуна,
І пад натхнёныя акорды
Пяе пяюн тытанаў подзвіг горды,
І ў бітву кліча песня пеюна.
І варвар падабрэў упершыню
Ад ціхай радасці, якую ў сэрцы
Супроцьпаставіў тут ён паняверцы,
Ад радасці, падобнай да агню,
Каля якой цяпер ён будзе грэцца.

І вось свабоднае дзіця прыроды
Адкінула застылыя цянёты,
І вамі вызвалены раб турботы
Прынік да ўлоння асалоды.
Апала тупасці і дзікасці кароста,
Жывёльных страхаў і нягод --
І чалавек ужо ў прыродзе -- боства,
А Думка -- мозгу спелы плод.
Стаіць ён горды, волат, сіла,
Аблічча царскае -- да зор,
Усмешка вусны азарыла,
Да сонца рукі ён прасцёр.
Зацьміўся зрок смугою слёз,
І голас гімн жыццю узнёс,
І спалучыліся ў тым гімне скора
Матывы радасці, пакут і гора.
Праз юр, жывёльнае вяселле,
Праз пачуццём народжаную млосць
Ён здолеў распазнаць, што ёсць
Любоў духоўная ў ягоным целе
І тым, што з той жыццёвай цесні
Пачуцці новыя ўзрасталі,
Ён абавязан сціплай пастаралі,
Высакароднай і душэўнай песні,
Што зліта з целам песняра,
Спалучана ў саюз цудоўна.
І сэрца наша гэтым дзівам поўна
Увасабляе дух і сэнс дабра.

І гожасць гордых, веліч сілы,
І мудрасць мудрых, дабрыню
Вы ў рукатворным вобразе ўмясцілі
Пад німбам творчага агню.
Бог створаны; загадкавай істотай
Людскую ён палохае гурму,
І летуценіцца герою ўпотай,
Што ўжо даступна ўсё яму.
Прыгожага правобраз аздаблівы
Ці не ў прыродных нетрах здабылі вы!

Запал інстынкту, подых жарсці,
Гульню сляпой, капызнай долі
Вы ў сэрцы вашым пабаролі,
Каб абавязак разлічыць, пакласці
На вагі меры і мастацкай волі.
Усё, што па зямных прасторах
Прырода здолела параскідаць,
У песнях і ў сцэнічных творах
Адзінства ўмее дапаўняць.
Пяюць эрыніі, і ў іх харале
Прысуд і напамінак аб фінале
Забойцам загадзя гучаць.
Яшчэ філосаф корпаўся ў хімерах,
А кій відушчага сляпца Гамера
Ужо намацваў сцежку тайн жыцця,
І мчць ужо Тэзееў воз наперад,
Нібы прадвеснік адкрыцця.

Хоць той прадвеснік адкрыцця --
Яшчэ гармоніі не змераў.
Калі рукою фатума вузлы,
Што моцна звязаны і перавіты,
Не разарваны і жыццця паслы
Калі спускаюцца у змрочнік злы,
Не скончыўшы прыгожае арбіты, --
Тут толькі ваша воля навяла
Масток жыццёвы ў царства тла.
І вы бясстрашна кінуліся ў бурны
Авернаў чорны якіян,
І вам пасля апшняй урны
Адкрыўся зноў жыццёвы лан.
Свяцільню абярнуўшы, там
Стаялі Дыяскуры. Нават зблізку
Здаваліся яны там ценем вам,
Што ціха крадзецца па месяцавым дыску.

Заўсёды ўгору творчы геній рвецца
Да неспазнаных сфераў, на прастор,
З гармоніі гармонія ліецца,
І з твора вынікае новы твор.
І ўсё, што тут чаруе наш пагляд,
Там служыць прыгажосці ў іншым ладзе:
Там нават цела голае наяд
Высакародным робіцца ў Паладзе.
Моц мускулаў героя, змагара
Змякчаецца ў пяшчотным Апалоне,
Зеўс -- твор вялікі разьбяра --
Задумлівы на алімпійскім троне.
Ператварыла свет рук вашых праца!--
І ў проціборстве з ім запал душы
Ужо рассунуў рубяжы
Высокага і гожага мастацтва.
Яму ж удзячны за шчадроты
Узнёсся чалавек, прагрэс узнёс
І ўгледзеў нанава красу прыроды
І безліч таямніц яе, дзівос.
Адкрыўся храм усіх навук,
І вы, спазнаўшы ўсе дарогі
Да лёгкай, яркай перамогі,
Граніцы ведаў адчыніць змаглі
Пра сутны змест жыцця зямлі,
Што песціць творы вашых рук.
Даўно прыродныя здарэнні
Мы мерым нашым рамсятвом,
І вось прырода на калені
Устала перад творчым Хараством.
І. горды, велічны, адвечным сферам
Свой дорыць чалавек маштаб,
І свет пакорны новым мерам,
Ён -- сіметрыі новай раб.

Цяпер гармонія святая
Ва ўсім жыве, што бачыш ты.
Шляхі людскія аплятае
Мастацтва пояс залаты,
І вобраз творчай паўнаты,
Наперад вабячы, ўгары лунае.
Дзе радасць морам забурліла,
Дзе немач ціхая гняце,
Дзе сузіранне ў роздуме застыла
І слёзы вочы засцяць дзе,
Дзе смерць героям круціць каркі,
І голас творчай уладаркі
За імі следаваць заве.
Нібы дыханне, лёгка, ціха льецца
Жыццё тваё бясконцым ясным днём,
Сплываючыся з творам рук і сэрца,
Дзівосным грэючы агнём.
І чалавек к гармоніі ідзе,
Рассудліва ідзе праз дзверы
У храм, дзе ліра зычная Цытэры,
Душу лагодзячы, гудзе.
Даверыўшыся грацыям і музам,
Гатовы моўчкі, як каштоўны дар,
Пагібельны прыняць удар
Ад непазбежнасці, спакусам
Капрызнай долі адкрыць твар.

Святой гармоніі любімыя сыны!
Чужыя вам пустыя траты,
Якімі ўсланы шлях зямны
Аж да апошняй вечнай шаты,
Аж да магільнае труны.
За тое, што прымае чалавек
Свой абавязак цяжкі, носіць путы,
Што выпадак яго не апануе ўвек,
Што ён у вечнасці -- раскуты.
Ад нас падзяка -- сэрцы вашы,
За тое, што угору паднялі
Багі людской свабоды чашы,
Што запаветнай мэты дасяглі, --
За ўсё вам вечная падзяка.

І Непазбежнасць упрыгожыць хай
Ваш Дух свабодны, горды, чысты,
Што нам адкрыў сусвет агністы,
Шляхі крамяныя ў падзорны край,
Які і жудасцю чаруе,
Які і нішчыць, і кіруе, --
Хай ён, Мастак вялікі, нас вядзе
Туды, дзе ў люстраной вадзе
Калышацца стракаты бераг,
Барвовы вечар, луг, лясы,
І дзе жыве ў духоўных сферах
Свет пэтычнае красы.
Вы нам, даверлівым не ў меру,
На подзіў злосную Мегеру
Адзець змаглі ў вясельны ўбор.
Як ваша урна крые косці,
Так вэлюм светлай Прыгажосці
Хавае жудасць і жыццёвы мор.
Тысячагоддзі мераючы вокам,
Угледзеў я ў апошні час,
Што ўзнесеных жыццём высока,
Народ аплаквае па смерці нас.

Той геній, што ляцеў з арламі,
З рук вашых рынуўшы ў блакіт,
Пасля, ажыўлены зноў вамі,
Шукае на зямлі самотны скіт.
І не стае яму запалу,
Бракуе сіл былых, і ў чарадзе
Яму падобных ён памалу
Як старац, з посахам брыдзе.
Вы даяце яму тады
Глыток гаючае вады --
І зелянеюць зноў усходы,
І абнаўляецца жыццё прыроды.

Ардой сагнаныя з зямлі дзядоў,
Сыны Усходу ратавалі
Агонь свяшчэнны з алтароў,
І скарбу мы прытул давалі.
І ўстаў, як сонца, ўстаў, як дзіва,
Як геній Хараства, усходні госць,
І наша глеба адрадзіла
Іоніі святую прыгажосць.
Краса прыроды запаліла
У душах радасць і любоў,
Святла багіня азарыла
У цемры змораных рабоў;
Цямніцы рухнулі і краты,
І раб здабыў сабе закон,
І род людскі бясконца рады
І горды, што свабодны ён.
І шчасце ваша ў шчасці пакаленняў,
Якім свае вы творы аддалі,
Сыходзіць ваша цела ў царства ценяў,
А творчы дух красуе на зямлі.

Калі цяпер утоптанай дарогай
Імчыць наперад эпігон,
І, ўпіўшыся уяўнай перамогай,
Здабыць карону славы прагне ён,
Калі мізэрнай платай, як найміта,
Абразіць хоча песняра
Калі за месца ля карыта
У рабства здасць правадыра,
Даруйце подламу, бо праўда ваша
Сама вам шлях на трон пакажа.
Мастацтва -- першынец прыроды,
Вясновы парастак яе,
Мастацтва -- спелы плод прыроды,
Што дасканаласць нам дае.

Пачатак з каменя узяўшы, з гліны,
Душу кранаючы наіўна, сціпла,
Цяпер мастацтва свет яе спасцігла,
Скарыла помыслы людзей.
Вучоным знойдзеныя першпрычыны
Вам адкрываюцца прасцей.
Навука скарбамі ўпівацца можа,
Калі аправу зробіць ім рука,
Бо мудрасць -- горда і прыгожа
Сядзіць на вечным троне мастака,
Калі і ёй вячэрняю парою
З гары адкрыецца рака
Чароўнай еднасцю з зарою.
Чым больш красы разгледзяць вочы,
Тым больш у вашым сэрцы мар,
Чым больш натхнёна геній крочыць,
Тым большы перад ім абшар,
Чым зеляней у сэрцы ўсходы
Святой гармоніі прыроды,
Чым плынь красы у ім шырэй,
Тым ён наблізіцца хутчэй
Да тайны еднасці ўсіх з’яў,
Якіх раней зусім не знаў.
Чым больш святла праз ноч пранёс,
Тым багацейшы свет наўкольны
Чым акіян жыцця больш вольны,
Тым менш над ім пануе лёс,
Чым сам слабей, тым болей рады
Ісці на свята яснай Праўды.
Яго любоў ступенямі вядзе
Праз церні форм, сугучча поўных,
Дарогай перамог і бур духоўных
Туды, паэзія пануе дзе!
Нарэшце, о! яшчэ адзін узмах,
Узлёт апошняга натхнення
Апошняга людскога пакалення
І Праўда -- у тваіх руках!

І, німбам ззяючы сваім,
Адкінуўшы з плячэй убранне,
Кіпрыда гожая прадстане
Ураніяй вялікай перад ім.
Неспадзявана для яго збыліся
Усе найбольш святыя мары, планы.
Так колісь горды сын Улісаў
Стаяў, ад захаплення п’яны,
Бо перад ім цудоўны праваднік
У вобразе Афіны ўзнік.

Людская годнасць вам уручана багамі! --
Цаніце гэты дар!
Памрэ без вас! Ці пераможа з вамі!
Паэзіі бясцэнны жар
Адно вялікай мудрасці падданы!
Дык хай гармоніі бясконцай акіяны
Бушуюць і зямны абмыюць шар!

Хай Праўда з бруду часу, з пены
Да вас ідзе, у храм Камэны,
Няхай у садзе з музамі цвіце,
Няхай яна ў кароне яркай
Вам будзе вечнай валадаркай,
Няхай паўстане і ўваскрэсне
І пераможнай гордай песняй
Сваіх ганіцеляў змяце!

Свабодных матак дзеці, -- ў неба!
Да прыгажосці алтара!
Вам гожым, гордым больш не трэба
Выхвальваць прахлага цара.
Да маці прыйдзеце з сястрою,
Якую страцілі раней,
І сэрцам станеце, душою
І дасканалей і мудрэй.
Адкіньце марнасць і паморак.
Ляціце к сонцу, угару,
Стагоддзя будучага ў творах
Вітайце ясную зару.
І разнастайнымі шляхамі
Нясіце думак вашых плён,
Тады адкрыецца над вамі
Вялікага адзінства трон.
І як сем промняў раннім золкам
Ствараюць чысты светлы дзень,
Як грае фарбамі вясёлка
І ў белы лучыцца прамень,
Так вы таксама фарбы падбірайце.
Каб колер воку быў відзён, --
Каб у адной зліліся Праўдзе,
У ясным бляску светлых дзён.