Мядовая ахвяра
І зноў беглі месяцы і гады над душой Заратустры, а ён не заўважаў гэтага; але валасы ў яго пасівелі. Аднаго разу сядзеў ён на камені каля пячоры і моўчкі глядзеў удалечыню на ўздыбленыя марскія нетры; звяры яго задуменна, пахаджалі вакол і, нарэшце, спыніліся перад ім.
«О Заратустра, — сказалі яны, — ці не цікуеш ты за сваім шчасцем?»
«Што мне тое шчасце! — адказаў Заратустра. Даўно ўжо я не імкнуся да шчасця — я імкнуся да свае справы». — «О Заратустра, — сказалі звяры, — ты кажаш так, быццам паверх усякае меры перапоўнены дабром. Быццам ты плывеш у блакітным возеры шчасця!» — «Ах вы, хітруны, — адказаў Заратустра, усміхаючыся, — які ўдалы вобраз вы выбралі! Аднак вы ведаеце, што шчасце маё цяжкае і не падобнае на рухлівую хвалю: яно гняце і не адстае ад мяне, быццам растопленая смала».
Тады звяры зноў задумаліся і пачалі хадзіць вакол, пасля зноў спыніліся перад ім. «О Заратустра, — казалі яны, — дык вось чаму ты робішся ўсё жаўцейшы і чарнейшы, хоць валасы твае бялеюць і робяцца падобнымі на лён? Глянь, ты і праўда нібыта ўвесь у смале!» — «Ды што вы такое кажаце, звярове мае, — смеючыся адказаў Заратустра! — праўда, абылгаў я сваё шчасце, параўнаўшы яго з смалой. З усімі пладамі, якія спеюць, адбываецца тое самае, што і са мною. Гэта — мёд у жылах маіх; ён згушчае маю кроў, а душу робіць спакайнейшаю». — «Мабыць, так яно і ёсць, — адказалі звяры, набліжаючыся да яго, — а ці не хочаш ты сёння падняцца на высокую гару? Паветра празрыстае, і з гары свет лепей бачыцца, чым калі-небудзь іншым часам». — «Так яно, звярове мае, — адказваў ён, — цудоўная ваша парада па сэрцы мне: я падымуся на высокую гару! Але паклапаціцеся, каб у мяне быў мёд — жоўты, чысты, празрысты, халодны, як лёд, залацісты сотавы мёд. Бо ведайце, — там, угары, я хачу прынесці мядовую ахвяру».
Але калі Заратустра дабраўся да вяршыні гары, ён адаслаў звяроў, якія ішлі з ім, дамоў, і ўжо як убачыў, што застаўся адзін, шчыра засмяяўся і, азірнуўшыся, сказаў:
«Я гаварыў пра ахвяры і пра мядовую ахвяру: гэта была толькі зачэпка і, шчыра кажучы, карыснае дзівацтва! Тут, угары, я магу гаварыць вальней, чым перад пячорамі пустэльнікаў і свойскімі жывёламі.
Ахвяраваць? Хутчэй я распускаю тое, што мне дораць, — марнатраўца з тысячай рук: як мне назваць гэта ахвярай!
І калі я хацеў мёду, я хацеў толькі прынады салодкага, густога мядовага соку, якім ласуюцца бурклівыя мядзведзі і дзівосныя драпежныя птушкі:
— найлепшай прынады, якая так патрэбна паляўнічым і рыбакам. Бо калі гэты свет падобны на лес, населены дзікімі звярамі, і на паляўнічыя абшары, дык, па-мойму, ён яшчэ больш падобны на бяздоннае і поўнае мора,
— на мора, поўнае стракатых рыб і крабаў, мора, якое парадавала б нават багоў, калі б яны захацелі самі парабіцца рыбакамі і закідваць мярэжы: такі багаты гэты свет на вялікія і малыя дзівосы!
Асабліва свет людскі, людское мора: я закідваю ў яго залатую вуду і кажу: расхініся, бездань людская!
Расхініся і выкінь мне рыб і бліскучых крабаў! Найлепшай прынадай наджу я сёння дзівосных чалавечых рыб!
— само сваё шчасце я закідваю ўдалячынь, ва ўсе староны, паміж усходам, зенітам і захадам, каб убачыць, ці многа рыб сярод людзей пачне трапятацца і тузацца на прынадзе майго шчасця,
— пакуль, падчапіўшыся на вострыя, схаваныя кручкі, не давядзецца ім — гэтым каляровым плотачкам бездані — дасягнуць маёй вышыні, вышыні сама зацятага лаўца чалавекаў і рыб.
Бо такі я ад пачатку, заваблівы і панадны, цягну ўгору і ўзвышаю, выхоўваю і прыглядваю, бо нездарма ж я калісьці казаў сам сабе: «Будзь тым, хто ты ёсць!»
Няхай жа цяпер яны падымаюцца ўгору, да мяне: бо я чакаю азнакі, якая абвяшчае, што пачалася гадзіна сыходу майго; а сам я пакуль яшчэ не апускаюся ў людское мора, у якое сваім часам мецьму апусціцца.
Таму і чакаю я ў гэтых гарах, хітры і пакеплівы, без цярплівасці і нецярплівасці, а, бадай, як той, хто ўжо развучыўся трываць, бо «трываць» яму ўжо больш не даводзіцца.
Бо не спяшаецца доля мая: няйначай, забылася на мяне! Альбо прысела ў халадок за якім-небудзь каменем і ловіць мух?
І сапраўды, за тое я ўдзячны сваёй вечнай долі, што яна не падганяе і не прыспешвае мяне, і не шкадуе яна часу на жарты і злосць: вось і сёння падняўся я на гэту высокую гару, каб лавіць рыб.
Ці лавіў хто калі-небудзь рыбу ў высокіх гарах? Але хай бязглуздае тое, што я раблю тут, угары: гэта ўсё-такі лепш, чым сядзець там, унізе, — урачыстым, пажаўцелым і пазелянелым ад чакання,
— надзьмутым ад чакання і гнеўным, як завыванне свяшчэннай буры, якая нецярпліва ляціць з гор у даліны з лямантам: «Слухайце, а то я ўдару вас божым бічом!»
Няма ў мяне непрыязні да гэтых гняўлівых, бо прыдатныя яны пад кпіны мае! Яны і павінны быць настолькі нецярплівыя, гэтыя велізарныя, грымучыя барабаны: а раптам, калі ім сёння не дадуць слова, не атрымаюць яны яго ніколі?
Але я і доля мая, мы не звяртаемся ні да «Сёння», ні да «Ніколі»: у нас ёсць цярплівасць і час, нават лішак і таго і другога, каб гаварыць. Бо калісьці ж павінен прыйсці ён, і нас ён тады не міне.
Хто ж гэта павінен прыйсці і нас не мінуць? — Наш Вялікі Выпадак, наша вялікае, будучае царства зямное, тысячагадовае царства Заратустры.
Ці далёка яшчэ да яго, да гэтага царства? Што мне да таго! Аднак не слабне ад гэтага мая вернасць — на гэтым стаю, стаю моцна, на абедзвюх нагах,
— на гэтай вечнай аснове, на цвёрдых, створаных ад пачатку камянях, на найвышэйшых цвярдынях спрадвечных гор, дзе сыходзяцца вятры, як каля мяжы бураў, пытаючыся — дзе? куды? адкуль?
Смейся, смейся, добрая лютасць мая! Скідай уніз у даліны свой смех, які ззяе пагардай! Сама цудоўных рыбін сярод людзей прынадзь ззяннем сваім!
І ўсё, што належыць мне ва ўсіх морах, тое, што ва ўсім — маё-і-мне: гэта вылаві мне, гэта дастань з глыбіняў наверх. Вось чаго чакаю я, сама ліхі з усіх лаўцоў.
Далей, далей, мая вуда! Глыбей апускайся, прынада шчасця майго! Вылі па кроплі сваю найсаладзейшую расу, мёд майго сэрца! Угрызіся, кручок мой, у жывот усякаму чорнаму смутку!
Далей, далей, позірк мой! О, як многа навокал мораў, колькі мігае агнёў чалавечай будучыні! О, якая чырвоная ціша над мною! Якая бясхмарная моўча!»
Крык пра дапамогу
На другі дзень Заратустра зноў сядзеў на камені каля пячоры, тым часам як звяры турляліся па свеце, шукаючы есці, а таксама новага мёду: бо Заратустра звёў і змарнаваў увесь стары мёд да апошняй кроплі. І вось, як гэта сядзеў ён з кіем у руцэ і абводзіў ім свой цень на зямлі, і разважаў, — але не пра сябе і не пра свой цень разважаў, — уздрыгнуў ён раптам ад перапалоху, бо побач са сваім ценем убачыў нечы іншы. І калі ён хутка абярнуўся і ўстаў на ногі, убачыў перад сабою таго самага празарліўца, у якога аднаго разу еў і піў за сталом, таго самага першавесніка вялікай стомы, які павучаў: «Усё адно нішто не дае ўзнагароды, свет не мае сэнсу, веды — душаць». Але з таго часу змяніўся ягоны твар, і калі Заратустра зірнуў яму ў вочы, зноў здрыганулася сэрца ягонае: так многа злавесных азнакаў і попельна-шэрых маланак прабегла па гэтым твары.
І празарлівец, здагадаўшыся, што робіцца ў душы ў Заратустры, правёў рукою па сваім твары, быццам хочучы начыста сцерці з яго гэтыя злавесныя знакі; так зрабіў і Заратустра. І тады, ачуўшыся, яны працягнулі адзін аднаму рукі, на знак таго, што гатовыя апытацца.
«Прашу ласкава, прароча вялікай стомы, — сказаў Заратустра, — нездарма ты быў калісьці маім госцем і застольнікам. Будзь ім і сёння, еж і пі за сталом у мяне, і не наракай, калі побач з табой будзе сядзець вясёлы стары!» — «Вясёлы стары? — перапытаў празарлівец, пахітаўшы галавой. — Хто б ты ні быў і кім бы ні хацеў зрабіцца, о Заратустра, надта доўга жыў ты тут, угары, — скора ўжо не будзе сушаю тое месца, дзе стаіць твой човен!» — «А хіба я на сушы?» — адказаў Заратустра, смеючыся. «Хвалі вялікай нягоды і скрухі падымаюцца ўсё вышэй і вышэй вакол тваёй гары, — сказаў вяшчун, — неўзабаве падхопяць яны твой човен і панясуць цябе разам з ім». Заратустра маўчаў і даваўся дзіву. «Хіба ты не чуеш? — казаў далей вяшчун, не чуеш глухога шуму, які падымаецца з глыбіні?» Заратустра ўсё яшчэ маўчаў і прыслухоўваўся: і вось — пачуў ён доўгі цягучы крык, які бездані кідалі адна адной, перадаючы ўсё далей і далей, бо ніводная не хацела пакінуць яго ў сабе: так злавесна гучаў ён.
«Ты, фатальны першавеснік, — сказаў нарэшце Заратустра, — гэта ж крык на дапамогу, чалавечы крык, і, падобна на тое, што ляціць ён з цёмных глыбіняў невядомага мора. Хоць, зрэшты, што мне да чалавечых бедаў! Але апошні грэх, які застаўся ўва мне, — ці ведаеш ты назвіска яго?»
Спагада! — адказваў вяшчун з глыбіняў перапоўненага сэрца, падняўшы ўгору свае рукі. — О Заратустра, я прыйшоў, каб увесці цябе ў твой апошні грэх!»
І як толькі прамовіў ён гэтыя словы, зноў пачуўся крык, яшчэ працяглейшы і сумотнейшы, чым раней, але ўжо крыху бліжэй. — «Ты чуеш? Чуеш, Заратустра? — усклікнуў празорлівы вяшчун, — гэта цябе, цябе кліча гэты крык: «Ідзі, ідзі, ідзі, пара, даўно пара!»
Але Заратустра маўчаў, збянтэжаны і ўражаны; нарэшце ён спытаўся, нібы запанявераны ў сабе: «Хто гэта кліча мяне?»
«А то ты не ведаеш, — рэзка адказаў празарлівец, — навошта хаваешся? Гэта вышэйшы чалавек звяртаецца да цябе!»
«Вышэйшы чалавек? — усклікнуў Заратустра, ахоплены жахам. — Чаго ж ён хоча? Што яму трэба? Вышэйшы чалавек! Што яму трэба тут?»
А вяшчун не адказваў на Заратустравыя спалохі, а ўслухоўваўся далей у покліч глыбіняў. Але адтуль доўга не чулася ніводнага гуку, тады ён павярнуўся і ўбачыў, што Заратустра ўсё яшчэ стаіць, не сыходзячы з месца, і дрыжыкі калоцяць яго.
«О Заратустра, — прамовіў ён, — ты не падобны на чалавека, які ад шчасця круціцца на месцы: каб не ўпасці, давядзецца табе скакаць!
Але калі ты і захочаш скакаць і вырабляць розныя выкрунтасы на канаце, усё адно ніхто не скажа: «Дзівіцеся, вось скача апошні вясёлы чалавек!»
Той, хто яго шукае тут, дарма ўзняўся на гэтыя вышыні: ён тут знойдзе пячоры і тых, што ў іх хаваюцца, а таксама сховы тым, хто ратуецца ўцёкамі, але не знойдзе ні патайнікоў, ні скарбніц шчасця, ні новых залатадайных жылін.
Хоць усё адно нічога не адшкадоўваецца, ніякія пошукі не маюць сэнсу, бо няма болей шчасных выспаў!»
Так уздыхнуў вяшчун; але з апошнім уздыхам яго да Заратустры вярнулася спакайната і ўпэўненасць, быццам ён з глыбокае цясніны зноў выйшаў на святло. «Не! Не! Тры разы не!! — усклікнуў ён бадзёрым голасам, агладжваючы бараду. — Гэта я ведаю лепш! Яшчэ ёсць шчасныя выспы! Ужо лепей памаўчы пра гэта, ты, мяшок журботы і зітханняў!
Перастань балабоніць, ты, паўдзённая дажджавая хмара. Ці ж ты не бачыш, што я ўжо прамок ад журботаў тваіх, як абліты сабака?
Атрасуся я і ўцяку ад цябе абсыхаць, — так што не здзіўляйся! Ці, можа, думаеш, гэта няветліва. Але тут мой двор.
А вышэйшага чалавека я адразу знайду ў тых лясах, адкуль, можа, і далятаў яго крык. Можа, за ім гоніцца які-небудзь люты звер.
Ён — у маіх сферах: тут яму не зняшчасціцца! Сапраўды, у мяне тут нямала лютых звяроў».
І з гэтымі словамі Заратустра рушыў да лесу. Тады празарлівец сказаў: «О Заратустра, — ты хітрун!
Я зразумеў: ты хочаш пазбыцца мяне! Ты лепей пойдзеш у лес, да лютых звяроў!
Але гэта цябе не ўратуе! Увечары я буду зноў тут; я сяду ў тваёй пячоры і буду сядзець, цярплівы, як калода, і буду чакаць цябе!»
«Хай будзе так! — крыкнуў Заратустра ўжо здалёк. — І хай усё маё ў гэтай пячоры належыць табе, дарагому майму госцю!
Калі ты знойдзеш мёд, — што ж! ліжы яго, бурклівы мядзведзь, саладзі душу сваю! А ўвечары мы будзем, абодва вясёлыя, скакаць пад мае песні, як вучоны мядзведзь.
Ты сумняваешся? Ты хітаеш галавою? Ну што ж, паглядзім, стары буркун! Я ж таксама — празарлівы вяшчун!»
Так сказаў Заратустра.
Гутарка з каралямі
1.
Заратустра не быў яшчэ і гадзіны ў дарозе па гарах сваіх і лясах, як раптам убачыў вельмі дзіўнае шэсце. Пасярод дарогі, якою ён хацеў спусціцца, ішлі два каралі, у каронах і падперазаныя пурпуровымі паясамі, стракатыя, як фламінга: перад сабою яны гналі нагружанага асла. «Што трэба гэтым каралям у маёй дзяржаве?» — здзіўлена сказаў Заратустра сэрцу свайму і паспяшаўся схавацца за куст. Але калі каралі параўняліся з ім, ён сказаў напаўголаса, быццам самому сабе: «Дзіўна! Дзіўна! Як звязаць адно з адным? Бачу двух каралёў — і толькі аднаго асла!»
Тады тыя двое спыніліся, з усмешкай гледзячы ў той бок, адкуль пачуўся голас, і павярнуліся адзін да аднаго. «Гэтаксама думаюць і многія з нас, — сказаў кароль, які ішоў справа, — але яны не кажуць гэтага ўголас».
А кароль злева, паціснуўшы плячыма, адказаў: «Гэта, мабыць, пастух, які пасвіць козы. Альбо пустэльнік, які доўга жыве сярод скалаў і дрэў. Без кампаніі псуюцца сама добрыя норавы».
«Добрыя норавы? — сярдзіта і горка адказаў другі кароль. — Ад чаго ж мы ў такім разе ўцякаем? Ці не ад «добрых» нораваў? Ці не ад нашага «вышэйшага свету»?
І праўда, лепей жыць сярод пустэльнікаў і пастухоў, чым у коле нашай вызалачанай, ілжывай, нарумяненай чэрні, якая называе сябе «вышэйшым светам»,
— якая называе сябе «арыстакратыяй». Але ўсё ў іх ілжа, і нават сама іхняя кроў — ад застарэлых брудных хвароб і яшчэ горшых лекараў.
Сёння ў мяне найлепшае: грубы, хітры, упарты і вынослівы мужык: сёння гэта сама высакародны тып.
Сяляне — вось хто сёння сама лепшыя людзі; яны і павінны панаваць! Аднак цяпер — царства натоўпу, і я ўжо не падманваю сябе. А натоўп — гэта мешаніна і неразбярыха.
У іх усё перамяшана: святы з нягоднікам, дваранін з жыдом і ўсё звяр'ё з Ноевага каўчэга.
Добрыя норавы! Усё ў нас ілжывае і прагніло наскрозь. Ніхто ўжо не здольны на шаноўлю: якраз ад гэтага мы і ўцякаем. Усюды настырныя, ліслівыя сабакі, якія залоцяць пальмавае лісце.
Агіда душыць мяне таму, што мы, каралі, самі зрабіліся несапраўднымі, што мы хаваемся пад вопраткай лядашчай, раззалочанай дзедаўскай велікапышнасці, што для дурняў і прайдохаў і для ўсіх, хто сёння ўцягнены ў дробязны гандаль уладаю, мы не больш чым профілі на манетах!
Мы — не першыя сярод людзей, але павінны іграць ролю натоўпу: і ад гэтай хлусні перанасычанасць і агіда апанавалі нас.
Мы пайшлі, нарэшце, ад зброду, ад усіх гарлапанаў і ад мушынай квэцаніны брудных пісакаў, ад смуроду гандляроў, ад сутаргаў славалюбства і ад смярдзючага дыхання — цьфу! жыць сярод гэтай свалаты!
— цьфу! іграць ролю першых сярод свалаты! О агіда! Агіда! Агіда! Чым парабіліся мы, сённяшнія каралі!»
«Гэта прыступ тваёй старой хваробы, — сказаў левы кароль, — гэта прыступ агіды, бедны мой браце. Аднак, па-мойму, нехта падслухоўвае нас».
Заратустра, які напружліва ўважаў гэтым словам, адразу выйшаў са свайго сховішча, падышоў да каралёў і сказаў:
«О каралі, той, хто слухае вас і слухае з вялікай ахвотай, называецца Заратустра.
Я — Заратустра, я той, хто сказаў калісьці: Каму сёння абыходзяць каралі!» Не гневайцеся, але я ўсцешыўся, калі пачуў, як вы казалі адзін аднаму: «Каму сёння да нас, каралёў!»
Але тут мая дзяржава і мая ўлада: што вы шукаеце тут? Аднак, магчыма, па дарозе вы знайшлі, што шукаю я, — вышэйшага чалавека».
Пачуўшы гэта, каралі ўдарылі сябе ў грудзі і ў адзін голас сказалі: «Нас пазналі!
Мечам гэтага слова ты расцінаеш густы морак нашых сэрцаў. Ты адгадаў наш смутак, бо, бачыш, на тое мы і рушылі ў дарогу, каб знайсці вышэйшага чалавека,
— чалавека, які вышэйшы за нас: хоць мы і каралі. Яму вядзем мы гэтага асла. Бо найвышэйшы чалавек павінен быць і найвышэйшым уладаром на зямлі.
Няма больш горкай нядолі ў чалавечым лёсе, чым калі ўладары зямлі — не першыя сярод падданых сваіх. І ўсё тады робіцца хлуслівым, жахлівым і перакручаным.
Калі ж яны робяцца апошнімі і з людзей ператвараюцца ў быдла, тады чэрня ўсё больш падымаецца ў цане, пакуль нарэшце дабрачыннасць яе не абвесціць: «Глядзі, толькі я адна — дабрачыннасць!»
«Што я чую? — адказваў Заратустра. — Якія мудрыя каралі! Я ў захапленні і сапраўды з прыемнасцю перакладу на мову рыфмаў тое, пра што гаварылася:
— хоць гэтыя вершы не на кожнае вуха і наўрад ці спадабаюцца ўсім. Але я даўно ўжо не зважаю на доўгія вушы. Ну дык вось яны!
(Але тут і асёл загаварыў: выразна і не без ліхое подумкі ён сказаў — «І-А»).
У год народзінаў Хрыста Сівіла, Калі была пад чаркай, заявіла:
О гора! Як усё змарнела, ўпала нізка2.
Каралі пацешыліся з Заратустравых рыфмовак, а каторы справа сказаў: «О Заратустра, як разумна зрабілі мы, што пайшлі пабачыцца з табою!
Бо ворагі твае ў люстэрка паказалі нам твой вобраз: і ў тым люстэрку ты паявіўся ў вобразе дэмана, са з'едлівай усмешкай, нам аж страшна стала.
Але і гэта не дапамагло! Зноў і зноў ты кроіў нам вушы і сэрцы сваімі выслоўямі. Нарэшце мы сказалі: а ці не ўсё роўна, які ён з сябе! Трэба слухаць яго, таго, хто павучае: «Вы павінны любіць мір як сродак да новай вайны, і кароткі мір больш, чым доўгі!»
Ніхто яшчэ не казаў такіх ваяўнічых слоў: «Што ёсць дабро? Дабро — гэта быць адважным, дабро — гэта вайна, якая асвячае любую мэту».
О Заратустра, ад гэтых слоў бацькоўская кроў забушавала ў нашых жылах: быццам сама вясна загаварыла да бочак са старым віном.
Калі мячы скліньваліся з мячамі, нібы акрываўленыя змеі, тады бацькі нашы любілі жыццё; мірнае сонца ў мірным небе здавалася ім нежыццёвым і халодным, а доўгі мір быў ганьбаю.
Як уздыхалі яны, бацькі нашыя, калі бачылі на сцяне бліскучыя вышчарбленыя мячы! Нібы мячы гэтыя, прагнулі яны вайны. Бо меч хоча ўпівацца крывёю і ззяе ад палкага жадання»...
Пакуль каралі палка і захоплена балабонілі пра шчасце сваіх бацькоў, Заратустру моцна закарцела пасмяяцца з іхняга палу, бо на вочы відаць было, што каралі гэтыя — з высакароднымі, тонкімі рысамі твару — зусім міралюбныя. Але перасіліў сябе. «Ну што ж! — сказаў ён. — Вось дарога, якая вядзе да Заратустравай пячоры; доўгі будзе сённяшні вечар! А цяпер я пакіну вас: мяне кліча крык на дапамогу.
Гэта гонар маёй пячоры, калі самі каралі будуць сядзець у ёй і чакаць, але канечне, доўгая будзе чаканка ў іх!
Ну добра! Нічога не зробіш! Дзе сёння найлепш вывучваюцца чакаць, як не пры двары? І ўся каралеўская цнота, якая яшчэ засталася ў іх, ці ж не кажа яна: умець чакаць?»
Так сказаў Заратустра.
П'яўка
Заратустра, увесь у сваіх думках, ішоў далей, спускаючыся з гор, па лясах, міма балацін; і, як яно можа стацца з кожным, хто разважае пра цяжае і нялёгкае, незнарок на кагосьці наступіў. І вось — у твар яму адразу пырснулі крыкі болю, два праклёны і дваццаць два брыдкія кленічы, аж Заратустра, спалохаўшыся, замахнуўся кіем і ўдарыў таго, на каго наступіў. Але адразу спахапіўся, і сэрца яго смяялася з дурасці, якую толькі што зрабіў.
«Даруй, — сказаў ён чалавеку, які падняўся са змрочным тварам, — не сярдуй і паслухай спачатку такое прыпавесці — пра тое, як адзін дарожнік, які марыў пра нешта далёкае, на пустой вуліцы незнарок штурхнуў нагой сабаку, што заснуў на сонцы; — і як абодва падскочылі і кінуліся адзін на аднаго, нібы заклятыя ворагі, абодва перапалоханыя да смерці, — гэтаксама атрымалася і ў нас.
І ўсё ж — як мала было трэба, каб яны абышліся адзін з адным ласкава, сабака і дарожнік. Абодва ж яны — адзінокія!»
«Хто б ты ні быў, — усё яшчэ гневаючыся, сказаў незнаёмы, — ты моцна зачапіў мяне не толькі нагою, але і гэтым параўнаннем!
Дзівіся, ці ж я сабака?» — І з гэтымі словамі ён падняўся і выняў сваю голую руку з твані. А да гэтага ён, затаіўшыся і прыпаўшы да зямлі, ляжаў каля вады, як паляўнічы, калі высочвае дзічыну.
«Што ты робіш, — усклікнуў Заратустра спалохана, убачыўшы, што па руцэ незнаёмага цячэ кроў, — што ты тут робіш, няшчасны? Ці не ўкусіла цябе якая гнюсота?»
Але скрываўлены ўсміхнуўся, хоць і не прайшоў яшчэ гнеў у яго. «А табе што? — адказаў ён і хацеў адысці. — Тут я ў сябе дома, на сваіх пашах. Хай у мяне пытаецца, хто хоча: але перад кожным асталопам я не збіраюся перападаць».
«Ты памыляешся, спагадліва сказаў Заратустра, стрымліваючы яго, — ты тут не ў сябе дома, а ў маім царстве, і ў ім нікому не павінна быць блага.
Называй мяне як хочаш, — а я той, кім павінен быць. Сам сябе я называю Заратустра.
Вось што! Там угары дарога вядзе да маёй пячоры — гэта недалёка; ці не хочаш ты ў мяне загоіць свае раны?
Не пашанцавала табе ў гэтым жыцці, няшчасны: спачатку цябе ўкусіў звер, потым на цябе наступіў чалавек!»
Але пачуўшы імя Заратустры, пацярпелы перамяніўся. «Як пашанцавала! — усклікнуў ён. — Калі што яшчэ і мучыць мяне з жыццём, цепліць маю цікаўнасць, дык гэта адзін-адзіны чалавек — Заратустра, адно-адзінае стварэнне — п'яўка.
На тое я і ляжу каля балота, як рыбак, і вось ужо разоў мо з дзесяць упівалася мне ў руку п'яўка, а цяпер куды больш цудоўную п'яўку прынадзіла мая кроў — самога Заратустру!
О шчасце! О цуд! Хай будзе пахвалёны той дзень, які прывёў мяне да гэтай балаціны! Хай будзе пахвалёная найлепшая, наймацнейшая п'яўка з усіх, што жывуць сёння, хай будзе пахвалёная п'яўка сумлення — Заратустра!»
Так сказаў незнаёмы; і Заратустра быў рады з ягоных слоў і пашаноўнай манеры гаварыць. «Хто ты? — спытаўся ён, падаючы яму руку. — Яшчэ шмат паміж намі нявысветленага і няяснага, але, здаецца, светлы дзень ужо распагоджваеца».
Я — сумленны духам, — адказаў той, — а ў справах духу цяжка знайсці чалавека больш строгага, цвёрдага і мэтанакіраванага за мяне, акрамя таго, у каго я вучыўся, — я кажу пра самога Заратустру.
Лепей не ведаць нічога, чым многае — напалавіну! Лепей на маю рызыку быць дурнем, чым мудрацом за кошт чужых думак! Я дашукваюся асновы: — няважна, малая яна ці вялікая, называецца балотам альбо небам. Хай аснова гэтая будзе шырынёю хоць з далоню — мне досыць: хай толькі яна будзе аснова, на якой можна ўцвердзіцца! — хай шырынёю хоць з далоню: на ёй можна ўцвердзіцца. У сапраўды сумленным спазнанні няма вялікага і малога».
«Дык, можа, ты даследчык п'явак? — спытаўся Заратустра. — Можа, ты, сумленны духам, да апошніх асноваў даследуеш п'яўку?»
«О Заратустра, — адказаў сумленны духам, — гэта было б аж-аж, калі б я адважыўся на гэта!
Калі што і спазнаў я, дык гэта п'яўчыныя мазгі: гэта — мой свет!
Сапраўды, гэта цэлы свет! Але даруй, тут ужо гаворыць мой гонар, бо ў гэтым няма мне раўні. Таму і сказаў я, што тут — я ў сябе дома.
Даўно ўжо даследую я гэтую адзіную рэч, мазгі, п'яўчыныя, каб коўзкая ісціна не выкаўзнулася ад мяне! Тут — маё царства!
— дзеля гэтага я ахвяраваў усім, праз адно гэта ўсё мне з'абыякавела; і побач з веданнем маім — цемра невуцтва.
Сумленне майго духу патрабуе ад мяне, каб я ведаў што-небудзь адно і не ведаў нічога іншага: мне агідныя ўсе палавіністыя духам, усе туманныя, напышлівыя, замроеныя.
Там, дзе канчаецца сумленнасць мая, я сляпы, і хачу быць сляпым. Але дзе я хачу ведаць, я хачу быць сумленным, а значыцца — строгім, цвёрдым, мэтанакіраваным, жорсткім і неўблагальным.
Ты сказаў калісьці, о Заратустра: «Дух ёсць жыццё, якое само падцінае жыццё»; гэта прывабіла мяне і прывяло да твайго вучэння. І сапраўды, сваёю крывёю памножыў я веды свае!»
«І гэта відавочна», — адказаў Заратустра: бо з рукі сумленнага духам усё яшчэ лілася кроў. Дзесяць п'явак упіліся яму ў руку.
«О ты, дзіўны прыяцель, як добра вучыць мяне такая відавочнасць — ты сам! І магчыма, не ўсё асмеліўся б я даверыць твайму слыху, такому зыскліваму!
Ну што ж! тут мы і разыдземся! Але я хачу зноў пабачыцца з табою. Там, угары, дарога да маёй пячоры: сёння ноччу ты будзь маім жаданым госцем!
Я хачу загоіць таксама і раны твайго цела, на якое я наступіў: я яшчэ падумаю пра гэта. А цяпер мне трэба спяшацца — мяне кліча крык на дапамогу!»
Так сказаў Заратустра.
Чарадзей
1.
Але калі Заратустра абагнуў скалу, ён убачыў непадалёк, на роўнай дарозе, чалавека, які курчыўся, як апантаны нячыстым, і, нарэшце, кінуўся ніцма на зямлю. «Пастой! — сказаў Заратустрв свайму сэрцу. — Гэта, мабыць, і ёсць той вышэйшы чалавек, чый пакутлівы крык пра дапамогу я чуў; зірну, ці нельга яму чым-небудзь памагчы». Але збегшы ўніз да таго месца, дзе ляжаў чалавек, ён убачыў перад сабою старога: дрыжыкі білі таго, вочы былі нерухомыя, і як ні маніўся Заратустра паставіць яго на ногі, усё было марна. Здавалася, няшчасны нават не заўважаў, што побач з ім нехта ёсць; шкада было глядзець, як ён роспачна акідаўся па баках, быццам пакінуты цэлым светам і бязмежна адзінокі. Нарэшце, пасля ўсіх гэтых канвульсіяў, ён загаласіў:
О, хто мяне адагрэе? Хто любіць мяне?2.
Але тут Заратустра ўжо не мог стрымацца, схапіў кія і штосілы пачаў біць зарумзанага чарадзея. «Перастань! — усклікнуў ён са злым смехам. — Перастань ты, камедыянт! Утры нюні! Фальшываманетчык! Зацяты хлус! Я бачу цябе наскрозь!
Вось зараз я табе ўвалю, подлы чарадзей, гэта я ўмею — разаграваць такіх спруцянелых, як ты!»
«Кінь! — крыкнуў стары і ўскочыў з зямлі. — Не бі мяне больш, о Заратустра! Я толькі пацвяліў цябе!
Гэта — адна выява майстэрства майго; я хацеў выпрабаваць цябе, падсіліць цябе гэтай спакусе! І сапраўды, ты раскусіў мяне!
Але і сам ты — нямала даў мне ўведаць пра цябе: ты жорсткі, мудры Заратустра! Моцна б'еш сваімі «ісцінамі», і твая доўбня выбіла з мяне гэтую ісціну!
«Не ліжыся, — адказаў Заратустра, усё яшчэ гневаючыся, і змрочна зірнуў на яго, — не ліжыся мне, зацяты блазен! Ты хлус: ці табе гаварыць пра ісціну!
Ты, паўлін над паўлінамі, ты, мора славалюбства, што разыгрываў ты перад мною, у каго павінен быў паверыць я, калі ты размазваўся перад мною так нікчэмна?»
«Я прытвараўся тым, хто каецца духам, — сказаў стары, — ім я прытвараўся: ты сам выдумаў калісьці гэты выраз,
— паэта і чарадзея, які канчае тым, што паварочвае дух свой супроць сябе самога, я разыгрываў пераўтворанага, які замярзае ад свайго няведання і благога сумлення.
І прызнайся ж, Заратустра: не адразу разгадаў ты мае хлусню і прытваранне! Ты паверыў у гора маё, калі аберуч падтрымліваў маю галаву.
— і я чуў, як ты жаліўся: «Яго надта мала любілі, надта мала любілі!» І тайна радавалася злосць мая, што здолеў я так спрытна цябе абдурыць».
«Ты ашукваў і больш празорлівых за мяне, — рэзка адказаў Заратустра. — Я не баюся падманшчыкаў, я павінен жыць без асцярожлівасці: так хоча мая доля.
А ты — павінен падманваць: настолькі я ведаю цябе! Твае словы павінны заўсёды мець два, тры, чатыры і болей сэнсаў. І тое, у чым ты прызнаваўся цяпер, не было да канца ні праўдай, ні хлуснёю!
Ты, подлы фальшываманетчык, хіба можаш інакш? Ты і хваробу сваю замажаш грымам, калі давядзецца табе паказацца голым свайму лекару.
Так і цяпер прыхарошыў ты перад мною сваю хлусню, кажучы: «Я назнарок разыгрываў гэта!» У гэтым было і нешта сур'ёзнае, і ў табе самым ёсць нешта ад таго, хто каецца духам!
Я добра разгадаў цябе: ты аблытаў чарамі ўсіх, але на сябе самога ў цябе ўжо не засталося ні маны, ні хітрасці — ты сам у сабе расчараваны!
Ты жнеш агіду як адзіную тваю ісціну. Усё, што сыходзіць з вуснаў тваіх, — хлусня і фальш, і толькі самыя вусны — адзінае, што засталося ў табе сапраўднага, бо агіда прыліпла да вуснаў тваіх».
«Хто ты такі, каб так гаварыць са мною, найвялікшы з жывых?» — пагардліва сказаў стары чарадзей, і зялёная маланка бліснула з яго вачэй на Заратустру. Але ён тут жа панік і сумна сказаў:
«О Заратустра, я стаміўся, мне брыдка за маё майстэрства, мне яно агіднае, я не вялікі — навошта прыкідвацца! Але табе добра вядома — я шукаў велічы!
Я толькі хацеў паказаць вялікага чалавека і многіх пераканаў у сваёй велічы: але мана аказалася вышэйшай за мае сілы. На ёй я паламаўся.
О Заратустра, усё — мана ўва мне, але што я паламаўся, крушэнне маё — гэта праўда!»
«Гэта робіць табе гонар, — змрочна сказаў Заратустра, гледзячы ў зямлю! — Гэта робіць табе гонар, што шукаў ты велічы, але гэта сама і выдала цябе. Ты — не вялікі.
Ты — гаротны стары чарадзей, гэта і ёсць сама лепшае і праўдзівае ў табе, і я шаную цябе за тое, што ты стаміўся ад самога сябе і сам прызнаў, што не вялікі.
За гэта я паважаю цябе як таго, хто каецца духам: хай хоць адно імгненне, але ты быў праўдзівы!
А скажы, чаго шукаеш ты тут, сярод скалаў і ў маіх лясах? І калі дзеля мяне ты ляжаў на дарозе, у чым ты хацеў выпрабаваць мяне?
— у чым спакушаў ты мяне?»
Так гаварыў Заратустра, і яго вочы блішчалі. Стары чарадзей памаўчаў крыху і адказаў: «Хіба я цябе спакушаў? Я толькі шукаю.
О Заратустра, я шукаю каго-небудзь праўдзівага, шчырага, простага, недвухсэнсоўнага, шукаю чалавека, сумленнага ва ўсім, праведніка пазнання, сасуд мудрасці, вялікага чалавека!
Хіба ты не ведаеш гэтага, Заратустра? Я шукаю Заратустру».
І тады настала доўгае маўчанне, і Заратустра глыбока задумаўся, так што нават заплюшчыў вочы. А пасля, калі вярнуліся да субяседніка думкі, ён узяў чарадзея за руку і сказаў яму ветліва, але не без хітрасці:
«Ну што ж! Там, угары, — дарога, якая вядзе да Заратустравай пячоры. У ёй і шукай, каго ты хацеў знайсці.
І спытайся парады ў маіх звяроў — у арла і ў змяі: яны дапамогуць табе ў тваіх пошуках. А пячора мая вялікая.
Праўда, сам я ніколі яшчэ не бачыў вялікага чалавека. Грубыя вочы яшчэ нават у сама празорлівых на ўсё вялікае. Сёння пануе чэрня.
Я ўжо сустракаў многіх, якія цягнуліся ўгору і надзімаліся, а народ крычаў: «Глядзіце, вось вялікія людзі!» Але які толк у кавальскіх мяхах! Урэшце паветра выходзіць з іх.
Зрэшты, лопаецца і жаба, якая надта доўга надзімалася, і паветра выходзіць з яе. Па-мойму, неблагая штука — тыцнуць у жывот надзьмутаму. Паслухайце ж мяне, дзеткі!
Усё сённяшняе належыць чэрні: хто сёння ведае, дзе вялікае, дзе малое? У каго пошукі велічы ўвянчаліся поспехам? Толькі ў бязглуздых: ім дадзена гэта шчасце.
Ты шукаеш вялікага чалавека, дзіўны блазен? хто навучыў цябе гэтаму? Хіба цяпер наспеў час на гэта? О ты, нікчэмны шукальнік, навошта спакушаеш мяне?»
Так сказаў Заратустра, суцешаны ў сэрцы сваім, і, смеючыся, пайшоў далей сваёй дарогай.
У адстаўцы
Па доўгім часе пасля таго, як Заратустра пазбавіўся ад чарадзея, ён раптам убачыў, што зноў нехта сядзіць на дарозе, якою ён ішоў, — нейкі высокі чалавек у чорным, з бледным, змардаваным тварам. Заратустра вельмі засмуціўся, убачыўшы яго. «Шкада, — сказаў ён сэрцу свайму, — вось сядзіць яно, пераапранутае жальства; падобна, што чалавек гэты з пароды святароў: што ім трэба ў царстве маім?
Што?! Толькі што пазбыўся я чарадзея, і вось яшчэ адзін чарнакніжнік на дарозе маёй,
— нейкі чарадзей з уладаю накладання рук, цёмны цудадзей, асвечаны божаю мілатою і памазаны паклёпнік на жыццё, каб яго чорт скруціў!
Але чорта няма на месцы якраз тады, калі ён найбольш патрэбен: ён заўсёды з'яўляецца занадта позна, гэты пракляты кульгавы карлік!»
Так, страціўшы цярплівасць, сам сабе лаяўся Заратустра, прыкідваючы, як яму збочыць і прашмыгнуць міма чорнага чалавека, але ўсё абярнулася іначай. Той, што сядзеў на дарозе, адразу ўбачыў Заратустру, падхапіўся на ногі, быццам радасць раптам апантала яго, і кінуўся да яго.
«Кім бы ты ні быў, дарожнік, — усклікнуў ён, — памажы старому, які заблудзіўся і стаміўся ад пошукаў, памажы старому, з якім так проста можа стацца бяда!
Незнаёмыя і чужыя мне гэтыя землі, і выццё дзікіх звяроў чуецца мне; і няма больш таго, хто бараніў мяне.
Я шукаў апошняга пабожнага чалавека, святога і пустэльніка, адзінага, хто ў сваім лесе не чуў таго, што сёння ведае кожны».
«Што ж сёння ведае кожны? — спытаўся Заратустра. — Ці не тое, што няма больш сярод жывых старога Бога, у якога калісьці верыў цэлы свет?»
«Вось і ты сказаў гэта, — журботна адказаў стары. — Я ж служыў гэтаму старому Богу да апошняй ягонай хвіліны.
А цяпер у адстаўцы, без гаспадара, а ўсё ж не свабодны, і смутак не пакідае мяне ні на хвіліну, а радасць прыходзіць толькі ва ўспамінах.
Таму і падняўся я ў гэтыя горы, каб, нарэшце, зладзіць сабе свята, як яно належыць апошняму Папу і Айцу царквы: бо ведай — я апошні Папа! І гэта будзе свята пабожных успамінаў і набажэнства!
Але памёр і ён, той самы пабожнік, святы, які жыў у лесе і які ўвесь час славіў Бога малітвамі і спевамі.
Самога яго я не знайшоў: а калі ўбачыў хаціну, толькі два ваўкі сядзелі ў ёй і вылі па смерці яго; бо яго любілі ўсе звяры. І я падаўся ўпрочкі.
Няўжо дарма прыйшоў я ў гэтыя горы і лясы? І тады я рашыў у сэрцы сваім, што пачну шукаць іншага, сама пабожнага з божых нявернікаў, — я рашыў шукаць Заратустру!»
Так казаў стары і ўважліва прыглядваўся да таго, што стаяў перад ім; а Заратустра ўзяў апошняга Папу за руку і доўга здзіўлена разглядваў яе.
«Што я бачу, шаноўны! Якая далікатная рука! — сказаў потым Заратустра. — Гэта рука чалавека, які нястомна раздаваў добраславенні. І вось — цяпер моцна трымае яе той, каго ты шукаў, бо я — Заратустра.
Гэта я, бязбожнік Заратустра, які сказаў: «Хто бязбожнейшы за мяне, каб парадавацца мне, вучню ягонаму?»
Так сказаў Заратустра, пранікаючы позіркам у думкі і патайныя намыслы апошняга Папы. І той нарэшце сказаў:
«Той, хто найболей любіў Яго і валодаў Ім, таму Ён цяпер і страчаны канчаткова,
— вось, глядзі, хто з нас сёння бязбожнейшы? Ці не я? Але толькі хто з гэтага парадуецца?»
«Ты служыў Яму да канца, — задуменна сказаў Заратустра пасля даўжманага маўчання, — табе вядома, як Ён памёр? Ці праўду кажуць, што Яго задушыла спагада,
— калі Ён убачыў чалавека, які вісеў на крыжы, і не вынес відовішча, калі любоў Яго да чалавека зрабілася пеклам, а пад канец і смерцю?»
Але апошні Папа нічога не адказаў на гэта, толькі адвёў убок вочы з выразам смутку і паныласці на твары.
«Хай будзе так, — сказаў Заратустра, падумаўшы нейкі час і гледзячы старому ў вочы.
Хай будзе так, з ім кончана. Але хоць і сведчыць пра гонар твой тое, што кажаш ты толькі добрае пра гэтага мёртвага, і табе, і мне добра вядома, кім Ён быў і якімі дзівоснымі шляхамі хадзіў».
«Гаворачы з Ім з вока на два, як бо то ж у мяне толькі адно, — жвава азваўся апошні Папа (а ён быў сляпы на адно вока), — у тым, што да Бога, я больш абазнаны, чым сам Заратустра, — і з поўным правам.
Шмат гадоў служыла Яму любоў мая, і воля мая ва ўсім ішла следам за воляю Яго. А добраму слузе вядома ўсё, нават тое, што пан хавае ад самога сябе.
Ён быў схаваны Бог, поўны таямніц. Сапраўды, нават сына свайго Ён здабыў няйнакш як таемнымі спосабамі. Перад дзвярыма Яго — пералюб.
Той, хто славіць Яго як Бога любові, не дужа высокае думкі пра любоў. Хіба не хацеў гэты Бог быць суддзёю? Хто любіць, любіць без аглядкі на ўзнагароду і аддзяку.
Калі ён быў малады, гэты Бог з усходу, Ён быў суровы і помслівы і стварыў пекла на асалоды любімцам сваім.
Але нарэшце Ён састарыўся і зрабіўся мяккі, вялы і жаласлівы і пачаў упадабняцца больш дзеду, чым бацьку, а яшчэ больш — старой нямоглай бабулі.
І вось, сядзеў Ён, скурчыўшыся на печы, бурчаў і жаліўся на слабасць у нагах, стомлены светам, стомлены, каб хацець чаго-небудзь, пакуль не задыхнуўся аднойчы ад залішняй спагады сваёй».
Але тут Заратустра перапыніў яго: «І ты, апошні Папа, бачыў гэта на свае вочы? Гэта магло быць і так; але магло быць і інакш. Калі паміраюць багі, паміраюць заўсёды па-рознаму.
Ну што ж! Так ці інакш, — Ён памёр! Шмат што ў Ім зневажала і вочы мае, і вушы, а пра сама горшае я памаўчу.
Я люблю ўсё, што глядзіць чыстым вокам і гаворыць праўдзіва. Тады як Ён, — а табе добра гэта вядома, стары святар, бо нешта было ў Ім і ад вашага роду, ад пароды Святароў — Ён заўсёды быў неадназначны.
Да таго ж Ён быў незразумелы. Як гневаўся Ён на нас, поўны лютасці праз тое, што мы былі блага Яго зразумелі! Але чаму ж тады Ён не гаварыў ясней?
А калі віною таго быў наш слых, дык ці ж не Ён вінаваты, што былі няздольныя слухаць Яго? І калі вушы нашыя былі забітыя брудам, ну што ж! Чыіх рук гэта справа?
Надта многае не ўдавалася гэтаму ганчару, які не давучыўся да канца! Аднак жа тое, што ён абрынуў помсту на гаршкі і творы свае, бо яны кепска яму ўдаліся, — гэта было грэхам супроць добрага густу.
І ў пабожнасці ёсць добры густ, і густ гэты ўрэшце абвесціць: «Далоў такога Бога! Лепей зусім без Бога, лепей на сваю рызыку тварыць свой лёс і быць неразумным, лепей самому зрабіцца богам!»
«Што я чую! — усклікнуў апошні Папа, натапырыўшы вушы. — О Заратустра, ты, з усім няверствам, намнога пабожнейшы, чым думаеш! Няйнакш у табе нешта боскае зрабіла з цябе бязбожніка.
Ці не сама пабожнасць твая не дазваляе табе красці? А вялікая сумленнасць твая яшчэ выведзе цябе нават за межы дабра і зла.
Глянь, — што табе ўгатавана! Твае вочы, вусны і рукі ад вечнасці назначаны для дабраслаўлення. Бо дабрасловяць не аднымі толькі рукамі.
Хоць ты і настойваеш, што ты бязбожнік, — каля цябе я адчуваю, як нябачна ўзносяцца пахошчы дабраслаўленняў: і разбіраюць мяне боль і багавейнасць.
Дазволь мне быць тваім госцем, о Заратустра, на гэтую ноч! Нідзе на зямлі не будзе мне так Добра, як у цябе!»
«Аман! Хай будзе так! — адказаў Заратустра, вельмі здзіўлены. — Там, угары, праходзіць дарога, там і Заратустрава пячора.
Сапраўды, я ахвотна правёў бы цябе, о шаноўны, бо люблю ўсіх пабожных. Але крык пра дапамогу кліча мяне пакінуць цябе. Ніхто не павінен упадаць у бедства ў маіх валоданнях; пячора мая — добрая гавань. І я найболей люблю вяртаць засмучаным цвёрдую зямлю, каб трывала, абедзвюма нагамі стаялі яны на ёй.
Але хто здыме табе з плячэй тваю тугу? Занадта слабы я на гэта. Сапраўды, доўга чакаць нам, перш чым хто-небудзь зноў уваскрэсіць твайго Бога.
Бо няма Яго больш сярод жывых: Ён памёр назусім».
Так сказаў Заратустра.
Сама брыдкі чалавек
І зноў неслі Заратустру ногі па гарах і лясах, а вочы яго бесперастанку шукалі спраглага ў вялікай бядзе і таго, хто клікаў на дапамогу, і нідзе не знаходзіў яго. Аднак ён усю дарогу радаваўся ў сэрцы сваім, поўным удзячнасці. «Колькі добрага дарыў мне сённяшні дзень у адшкадаванне за тое, што так блага пачаўся! Якіх незвычайных субяседнікаў сустрэў я!
Цяпер буду доўга перажоўваць іхнія словы, быццам добрыя зярняты; і зубы мае павінны як след перамалоць і ператаўчы іх, пакуль не пацякуць яны ў душу маю, як малако!»
Але вось дарога зноў абагнула скалу, мясціна раптам перамянілася, і Заратустра ўступіў у царства смерці. Як скарчанелыя, застылі тут чорныя і чырвоныя выступы скал: не было ні травы, ні дрэў, не спявалі птушкі. Бо гэта была даліна, якое пазбягалі ўсе звяры, нават драпежныя; толькі змеі адной пароды — брыдкія, тоўстыя, зялёныя — прыпаўзалі сюды паміраць, калі наставаў іхні час. Таму пастухі і называлі гэтую даліну: Смерць Змей.
Заратустра ўдаўся ў змрочныя ўспаміны: яму здалося, што ён ужо раз быў тут. І шмат чаго цяжкага наплыло на яго, так што ён ішоў усё павальней і павальней і нарэшце спыніўся. Але вось, падняўшы вочы, ён убачыў край дарогі нешта падобнае на чалавека, хоць наўрад ці гэта быў чалавек, — нешта неапісальнае і няўяўнае. І адразу Заратустру зрабілася вельмі сорамна, што давялося пабачыць такое на свае вочы: пачырванеўшы да сівых валасоў, ён адвярнуўся і ўжо хацеў быў пакінуць гэта ліхое месца. І раптам мёртвая пустыня загаварыла гукамі: нешта заклекатала і захрыпела з зямлі — так уначы хрыпіць і клякоча вада ў засмечанай водаправоднай трубе; нарэшце гэтыя гукі ператварыліся ў чалавечую мову, і такія былі словы:
«Заратустра! Заратустра! Разгадай маю загадку! Скажы, скажы! Што такое — помста сведку?
Я асцерагаю цябе, тут — гладкі і коўзкі лёд! Глядзі, будзь уважлівы, каб гонар твой не паламаў ног!
Ты лічыш сябе мудрым, горды Заратустра! Дык разгадай жа гэтую загадку, ты, які калоў зубамі сама цвёрдыя арэхі! Разгадай загадку, якая ёсць я! Адкажы: хто я?»
Але калі Заратустра пачуў гэтыя словы, — як вы думаеце, што сталася з ягонай душой? Спагада разабрала яго; і ён упаў на зямлю, быццам дуб, які доўга супраціўляўся намогам многіх Дрывасекаў, — дуб, які падае грузна, раптоўна, палохаючы нават тых, хто хацеў зваліць яго. Але тут ён зноў падняўся, і твар яго зрабіўся суровы.
«Вядома, я пазнаю цябе, — сказаў ён ледзяным тонам, — ты — забойца Бога! Дай мне прайсці!
Ты не перанёс Таго, Хто бачыў цябе, — Які бачыў цябе наскрозь, — цябе, сама брыдкага чалавека. І ты адпомсціў гэтаму сведку!»
Так сказаў Заратустра і ўжо хацеў быў пайсці далей; але той, каму няма назову, ухапіўся за край яго вопраткі і зноў пачаў клекатаць і хрыпець, шукаючы слоў. «Застанься! — сказаў ён,
— застанься! Не праходзь міма! Я адгадаў, якая сякера зваліла цябе: хвала табе, о Заратустра, што ты зноў падняўся!
Я бачу, ты добра разгадаў душу забойцы — душу забойцы Бога. Застанься! Прысядзь да мяне, не пашкадуеш!
Да каго ж я імкнуўся, як не да цябе? Застанься, сядзь! Але не глядзі на мяне! Ушануй маю брыдоту!
Цяпер ты — маё апошняе прыстанішча, бо за мной гоняцца. Але гоняцца не з нянавісцю сваёй і не з ганчакамі — о, я смяяўся б з такога пераследу, я радаваўся б яму і ганарыўся б ім!
Хіба ж поспех не быў заўсёды на баку гнаных? А той, хто гоніць сумленна, канчае тым, што робіцца паслядоўнікам, — раз ужо ён следуе след у след! Але ад іх спагадлівасці,
— ад іх спагадлівасці ўцякаю я і прыбягаю да цябе. О Заратустра, абарані мяне, ты — апошняе маё прыстанішча, ты — адзіны, хто мяне разгадаў:
— ты разгадаў, як яно выпадае таму, хто забіў Яго. Застанься! А калі хочаш пайсці, нецярплівы, не ідзі той дарогай, якою ішоў я. Тая дарога пагібельная.
Ты злуешся, што я надта доўга выварочваюся навыварат? Што я ўжо раю табе? Але ведай, што ў мяне, сама брыдкага,
— велізарныя цяжкія ногі. Там, дзе я праходжу, дарога сапсаваная. Усякую дарогу я запячатваю смерцю і ганьбаю.
Але па тым, як ты хацеў моўчкі прайсці міма мяне, па тым, як ты пачырванеў — а я і гэта заўважыў — я пазнаў у табе Заратустру.
Кожны іншы словам і позіркам кінуў бы мне міласціну — спагаду сваю. Але я не настолькі ўбогі, каб прыняць яе, — і ты разгадаў гэта,
— я нават залішне багаты, багаты на найвялікшае і найвусцішнейшае, на брыдкае і невыказнае! Твой сорам, о Заратустра, ушанаваў мяне!
З цяжкасцю я вырваўся з натоўпу спагадцаў, каб знайсці таго адзінага, хто сёння вучыць: «Спагада настырная», каб знайсці цябе, о Заратустра!
— будзе гэта божая альбо чалавечая спагада — яна заўсёды працівіцца сораму. І нежаданне дапамагчы можа быць больш высакароднае, чым іншая дабрадзейнасць, якая адразу падскоквае на дапамогу.
Але якраз спагада і называецца сёння дабрадзейнасцю ва ўсіх малых людзей: няма ў іх багавейнага захаплення вялікім няшчасцем, вялікай брыдкасцю, вялікай няўдачай.
Цераз іхнія галовы гляджу я ўдалечыню, як глядзіць сабака паверх авечак, што збіліся ў гурт. Усе яны — маленькія, зычлівыя, мяккапоўсныя шэрыя людцы.
Як чапля, закінуўшы галаву, з пагардай глядзіць на маленькія сажалкі, так і я гляджу на мітуслівую безаблічную масу нікчэмных пахацінстваў і душ.
Даўно ўжо прызнана права за ўсімі гэтымі малымі: так што яны нарэшце атрымалі і ўладу і цяпер павучаюць: «Дабро — гэта тое, што лічаць добрым малыя людзі».
А «ісцінай» прызнаюць сёння тое, што прапаведаваў той дзіўны святы і заступнік за ўсіх малых, які і сам выйшаў з іх і сведчыў пра сябе так: «Я ёсць ісціна».
Гэта праз ягоную нясціпласць даўно пачалі надзімацца ад важнасці ўсе малыя і нікчэмныя; ён не вучыў нейкай мізэрнай аблудзе, калі вучыў: «Я ёсць ісціна».
Ці адказаў хто-небудзь больш ветліва гэтаму гардзею? А ты, о Заратустра, прайшоў міма і сказаў: «Не! Не! Тры разы не!»
Ты асцерагаў ад гэтай аблуды, ты першы асцярог ад спагады — вядома, не ўсіх, але ж сябе і тых, хто роднасны табе.
Ты саромеешся сораму таго вялікага пакутніка; і сапраўды, калі ты кажаш: «Ад спагады сунецца на людзей вялікая хмара, сцеражыся!»
— калі ты павучаеш: «Усе стваральнікі не маюць жалю, любая любоў вышэйшая за спагаду»: тады думаю я — як добра вывучыў Заратустра ўсе прыкметы буры!
Але і сам ты — сцеражыся сваёй спагады! Бо многія ўжо ў дарозе да цябе, многа спрагненых, роспачных, скалелых.
Сцеражыся ж і мяне. Ты разгадаў найлепшую маю — і разам з тым найгоршую загадку маю, — ты разгадаў мяне самога і тое, што ўчыніў я. Я ведаю, якая сякера можа цябе спусціць.
Але Ён — не павінен быў памерці: сваім ўсёвідушчым вокам бачыў Ён усе глыбіні і асновы чалавека, усю яго схаваную ганьбу і брыдоту
Спагада ягоная не ведала сораму: Ён пранікаў у сама брудныя мае закануркі. Ён павінен быў памерці — той, хто быў такі цікаўны, настырны і так ахвотна спагадаў.
Ён увесь час бачыў мяне: і я захацеў адпомсціць такому сведку — або не жыць самому.
Бог, які бачыў усё, нават чалавека: гэты Бог павінен быў памерці! Бо нясцерпна чалавеку, каб у яго быў такі сведка».
Так казаў сама брыдкі чалавек. А Заратустра ўстаў і намерыўся пайсці: бо холад пранізваў яго да самых касцей.
«Ты, каму няма назову, — сказаў ён, — ты асцерагаў мяне ад дарогі, па якой сам ішоў. У падзяку за гэта я раю табе сваю. Зірні, вунь там, угары, Заратустрава пячора.
Шырокая і глыбокая яна, і многа ў ёй зацішных куточкаў; нават сама таемны знойдзе там сабе прытулак. А каля пячоры — безліч расколін і нор, у якіх жывуць сама розныя жывёлы; тыя, што скачуць, пырхаюць і поўзаюць.
Ты, выгнанец, які выгнаў сябе сам, ты не хочаш жыць сярод людзей, не хочаш іхняй спагады? Ну што ж! Рабі, як я! Так і навучышся ад мяне; навучыцца той, хто робіць.
А спачатку і перш за ўсё пагутары з маімі звярамі! Сама ганарысты звер і сама мудры — хай яны будуць найлепшымі нашымі дарадцамі!»
Так сказаў Заратустра і пайшоў далей яшчэ павальней і ўсё больш задуменны: бо шмат чаго пытаўся ён сам у сябе і нялёгка даваліся яму адказы.
«Аднак, які ўсё-такі мізэрны чалавек, — думаў ён у сэрцы сваім. — Які брыдкі, як хрыпіць і як многа ў ім схавана сораму!
Кажуць, чалавек любіць сябе: о, якою ж вялікаю павінна быць гэтая любоў да сябе! Як многа пагарды супрацьстаіць ён!
І гэты, што сустрэўся мне на дарозе, ён таксама любіць сябе, пагарджае сабою, — вялікая была любоў ягоная і вялікая пагарда.
Я яшчэ не сустракаў нікога, хто глыбей пагарджаў бы самім сабою: і гэта — таксама вышыня. Шкада, магчыма, ён і быў той самы вышэйшы чалавек, крык якога я чуў?
Я люблю тых, хто здольны на вялікую пагарду. Аднак чалавек ёсць нешта, што трэба пераадолець...»
Жабрак-самахот
Калі Заратустра пакінуў сама брыдкага чалавека, яму зрабілася холадна, і ён адчуў сябе асамотненым: бо так многа холаду і самоты перажыў ён у сэрцы, што і сам закарчанеў ад холаду. Але ідучы ўсё далей і далей, то ўверх, то ўніз, мінуўшы зялёны луг і дзікае камяністае рэчышча, дзе калісьці цурчаў нецярплівы ручай, ён раптам адчуў, што нагрэўся, і на сэрцы ў яго пацяплела.
«Што са мною? — пытаўся ён у сябе. — Мяне бадзёрыць нешта цёплае і жывое, яно, мабыць, недзе блізка.
Я ўжо не такі самотны; невядомыя спадарожнікі і браты лунаюць вакол мяне, іх цёплае дыханне кранае маю душу».
Але калі ён агледзеўся, шукаючы тых, хто суцешыў яго ў адзіноце, — і вось! — выявілася, што гэта былі каровы на пагорку; іх блізкасць і пах сагрэлі яму сэрца. Аднак, мяркуючы па ўсім, гэтыя каровы ўважліва слухалі нечыя словы і не звярталі ўвагі на Заратустру, які набліжаўся да іх. А калі ён падышоў зусім блізка, выразна пачуў чалавечы голас аднекуль з сярэдзіны статка: а ўсе каровы павярнулі галовы да таго, хто гаварыў.
Тады Заратустра імкліва кінуўся на ўзвышэнне і разагнаў жывёлу, бо спалохаўся, каб не сталася тут з кім бяды, у якой наўрад ці дапаможа каровіна спагада. Але ён памыліўся; перад ім на зямлі сядзеў чалавек і, здавалася, угаворваў жывёлаў не баяцца яго, — міралюбны чалавек і горны прапаведнік, з вачэй яго тачылася сама дабрыня. «Чаго ты шукаеш тут?» — усклікнуў уражаны Заратустра.
«Чаго я тут шукаю? — адказаў той. — Таго самага, чаго і ты, перашкода радасці! Я шукаю на зямлі шчасця.
Я хачу навучыцца шчасця ў кароў. Бо, хай табе будзе вядома, я з самай раніцы гутару з імі, і яны ўжо гатовыя былі даць мне адказ. Навошта ты паразганяў іх?
Бо калі не навернемся і не зробім як каровы, не ўвойдзем у царства нябеснае. Асабліва ж бо вось чаго мы павінны ў іх навучыцца: умення жаваць.
І сапраўды, калі б чалавек здабыў нават цэлы свет і не навучыўся як след жаваць: якая карысць яму? Ён не пазбыўся б смутку, — свайго вялікага смутку, які называецца — агіда. У каго з сённяшніх жывых вусны не поўныя агіды, і вочы, і сэрца? У цябе таксама! Аднак жа зірні на гэтых кароў!»
Так гаварыў горны прапаведнік і, нарэшце, перавёў позірк свой на Заратустру, — бо дагэтуль ён любоўна глядзеў на кароў; і яго быццам падмянілі. «Хто ты, з кім я гавару? — усклікнуў ён спалохана і падхапіўся. — Гэта чалавек без агіды, гэта — Заратустра, пераможца найбольшай агіды, гэта вусны, і позірк, і сэрца самога Заратустры».
Кажучы гэтыя словы, з вачыма, поўнымі слёз, ён цалаваў Заратустру ў рукі, як чалавек, якому неспадзявана з неба ўпаў скарб альбо нешта вельмі каштоўнае. А каровы глядзелі і дзіву даваліся.
«Не гавары пра мяне, ты, дзівосны! Блізкі сэрцу майму! — сказаў Заратустра, ухіляючыся ад ягонай пяшчоты. — Скажы мне спачатку пра сябе! Ці не ты той дабрахотны жабрак, які калісьці адмовіўся ад вялікага багацця, — які пасаромеўся свайго багацця і ўсіх багатых і ўцёк да сама бедных, каб падарыць ім свой лішак і сваё сэрца? Але яны не прынялі яго».
«Але яны не прынялі мяне, — сказаў дабрахотны жабрак, — ты ведаеш гэта. І тады пайшоў я да жывёлаў і да гэтых кароў».
«І так ты здабыў разуменне таго, наколькі цяжэй даваць, чым браць, — перапыніў яго Заратустра, — навучыўся таго, што дарыць, — гэта мастацтва, апошняе, найхітрэйшае мастацтва дабрыні».
«Асабліва ў нашыя дні, — адказаў дабрахотны жабрак. — У нашыя дні, калі ўсе нізкія апантаныя баязлівай прагаю бунту і зрабіліся па-свойму пыхлівыя: па-свойму — гэта значыць так, як уласціва чэрні.
Бо вядома табе, што настала часіна пачварнага, пагібельнага і сама працяглага мяцяжу чэрні і рабоў: але ўсё расце і шырыцца!
Дабрачынства і невялікія саступкі ўжо абураюць ніжэйшых: хай усе багатыя будуць напагатове!
У такіх, хто, як пузатая пляшка, па кропельцы выдае змесціва з вузенькага гарлячка, сёння ў такіх пляшак гэты гарлячок адбіваюць!
Пажадлівая прагавітасць, жоўцевая зайздрасць, затоеная помслівасць, фанабэрыстасць чэрні: як усё гэта кідаецца ў вочы! Ужо не правільна, што ўбогія — шчасныя. Царства нябеснае — у кароў».
«А чаму не ў багатых?» — выпрабавальна спытаўся Заратустра, адганяючы кароў, якія даверліва пазіралі на міралюбнага прапаведніка.
«Чаго спакушаеш мяне? — адказаў той. — Ты ведаеш сам, і нават лепей за мяне. Што надзіла мяне ў бедных? Ці ж не агіда да нашых багатых? — да гэтых калоднікаў багацця, якія з любога смецця зыскуюць сабе карысць, да гэтай набрыдзі з халоднымі вачыма і пажадлівымі думкамі, ад якой смурод шугае пад неба, — да гэтай раззалочанай, наскрозь салжэлай чэрні, чые бацькі былі злодзеі і карміліся падлай, збіраючы здыхліну, былі ласыя да баб, памаўзлівыя і забыўлівыя: бо ўсе яны як усё адно блудадзейка па сутнасці сваёй?
Чэрня ўнізе, чэрня ўгары! Што значыць сёння «бедны» і «багаты»! Я ўжо перастаў бачыць розніцу паміж імі, — і вось уцёк ад іх і бег далей і далей, пакуль не прыйшоў да гэтых кароў».
Так гаварыў прапаведнік, сапучы і пацеючы: а каровы ўсё дзіву даваліся. Заратустра ж з усмешкай слухаў гэтыя суровыя казані, гледзячы яму ў твар, і моўчкі ківаў галавою.
«Ты сам сябе гвалціш, горны прапаведнік, ужываючы такія суровыя словы. Да такіх сур'ёзных рэчаў не дараслі яшчэ ні вочы, ні вусны твае.
І, падобна на тое, што страўнік твой таксама супраціўляецца ўсёй тваёй нянавісці і гневу з шумам каля рота. Яму трэба што-небудзь уеднае: мяса — яўна не стравіцца.
Хутчэй, як мне здаецца, ты кормішся раслінамі і каранямі. Можа, жуеш зерне. Але напэўна ты не схільны да радасцяў пачуццёвай, мясной ежы і аддаеш перавагі мёду».
«Ты адгадаў, — з лёгкім сэрцам адказаў дабрахотны жабрак. — Я люблю мёд і жую зерне, бо я шукаў ежы, якая прыемная на смак і ачышчае дыханне: — на глытанне якой патрэбен час, які запаўняе цэлы дзень, даючы працу сківіцам гультаёў.
Але найдалей у гэтым пайшлі, вядома ж, каровы: гэта ім належыць адкрыццё, што можна цэлыя дні жаваць жуйку і вылежвацца на сонцы, і яшчэ яны цураюцца ўсялякіх змрочных думак, якія вярэдзяць сэрца».
«Ну што ж! — сказаў Заратустра. — Ты павінен бачыць і маіх звяроў — майго арла і маю змяю; такіх цяпер не знойдзеш на цэлай зямлі.
Глядзі, вунь там ідзе дарога да маёй пячоры: сёння ўначы будзь у ёй госцем. І пагутары са звярамі маімі пра шчасце звяроў, — пакуль сам я не вярнуся. Бо цяпер я паспяшаюся ад цябе — мяне кліча крык на дапамогу. А ў мяне ты знойдзеш і мёд — сотавы мёд, халаднаваты, як лёд, і залацісты: частуйся!
Але зараз жа развітайся са сваімі каровамі, ты — дзівосны і блізкі сэрцу майму! Развітайся, нават калі табе і нялёгка гэта. Бо яны — сама пяшчотныя твае сябры і настаўнікі!»
«За выключэннем таго, якога я люблю яшчэ больш, — адказаў дабрахотны жабрак. — Ты і сам добры, ты дабрэйшы за любую карову, о Заратустра!»
«Прэч, прэч, падступны ліслівец! — злосна ўсклікнуў Заратустра. — Навошта ты спрабуеш папсаваць мяне мёдам лёстак і пахвалою?
Прэч, прэч ад мяне!» — усклікнуў ён яшчэ раз і замахнуўся кіем на злагоджанага жабрака: але той борздзенька шуснуў убок.
Цень
Але як толькі збег дабрахотны жабрак і Заратустра застаўся адзін, ён пачуў за сабою нечы голас, які клікаў: «Стой! Заратустра! Пачакай! Гэта ж я, о Заратустра, я, твой цень!» Але Заратустра не стаў чакаць, бо раптоўная прыкрасць агарнула яго, таму што так цесна зрабілася ў ягоных гарах. «Дзе маё адасабненне? — сказаў ён. — Далібог, гэта ўжо занадта; гэтыя горы кішаць людзьмі, царства маё не ад свету гэтага, мне патрэбны новыя горы.
Мой цень кліча мяне? Што мне да ценю? Хай даганяе мяне, я ўцяку ад яго».
Так сказаў Заратустра сэрцу свайму і пабег. Але той, хто быў за ім, патрапляў след у след: так што цяпер трое беглі адзін за адным: паперадзе ўсіх бег жабрак-дабрахот, за ім Заратустра, а ззаду ўсіх — ягоны цень. Але нядоўга беглі яны так, бо неўзабаве Заратустра схамянуўся, дайшоў да памяці сваёй і адразу скінуў з сябе ўсю прыкрасць і агіду.
«Што, — сказаў ён, — хіба здавён часу не ўбарохтваліся мы, старыя пустэльнікі і святыя, у розныя смешныя прыгоды?
Сапраўды, высока ўзрасло ў гэтых гарах неразумства маё! І вось — чую; як тры пары ног трох неразумных вар'ятаў тупацяць следам!
Не, нельга Заратустру баяцца свайго ценю! Аднак, здаецца мне, яго ногі даўжэйшыя за мае».
Сказаў гэта Заратустра, смеючыся вачамі і ўсёй нутробай сваёй, спыніўся і шпарка павярнуўся назад, ледзь не перакуліўшы пры гэтым цень: бо той бег за ім па пятах і да таго ж змогся. Калі Заратустра ўважліва разгледзеў яго, дык так жахнуўся, быццам знячэўку ўбачыў здань: такі худы, пачарнелы, змардаваны і лядашчы быў яго спадарожнік.
«Хто ты? — рэзка спытаўся Заратустра. — Што ты тут робіш? І з якое такое рацыі называеш сябе маім ценем? Ты не падабаешся мне».
«Даруй мне, — адказаў цень, — даруй, што гэта я; ну, а калі я не падабаюся табе, што ж! хвала табе і твайму добраму густу.
Я вандроўнік, які прайшоў шмат дарог следам за табою: я заўсёды ў дарозе, але без мэты, без радзімы, — так што, сапраўды, у многім я падобны на Вечнага Жыда, толькі што я не вечны і да таго ж не жыд.
Што? Няўжо я павінен быць увесь час у дарозе? Пацяганы, гнаны, кружляны ўсякім ветрам? О зямля, занадта круглая ты мне зрабілася!
Я пабываў ужо на ўсякай паверхні, засынаў, як стомлены пыл, асядаючы на люстэрках і шыбах: у мяне толькі забіраюць і нічога мне не даюць, а я чэзну — я амаль зраўняўся з ценем.
Але за табою, о Заратустра, я бег і бадзяўся, а калі часам і хаваўся ад цябе, дык усё-такі быў тваім ценем: дзе б ты ні сеў, садзіўся і я.
З табою абышоў я сама далёкія і халодныя светы, падобны на прывід, які бяжыць па сваёй волі па снезе і па заснежаных дахах.
З табою імкнуся я да ўсяго забароненага, благога, далёкага: і калі ёсць у мяне якая-небудзь дабрачыннасць, дык толькі тая, што не баяўся я ніякіх забаронаў.
З табою разбураў я ўсё, што калісьці шанавала сэрца маё, усе прымежныя камяні, усіх куміраў перакульваў я, ганяўся за ўсімі небяспечнымі жаданнямі; сапраўды, быў час, калі ніводнае злачынства не магло спыніць бегу майго..
З табою я развучыўся верыць у словы, у каштоўнасці, у вялікія імёны. Калі д'ябал скідае скуру, імя ягонае ці ж не спадае разам з ёю? Імя — таксама скура. Магчыма, і сам д'ябал — не болей чым абалонка.
«Няма нічога праўдзівага, усё дазволена» — так даводзіў я сабе. У сама халодныя воды кідаўся я галавою і сэрцам. О, як часта праз гэта стаяў я голы і чырвоны як печаны рак!
Шкада, куды падзелася з мяне ўсё добрае, усякі сорам, вера ў добрых! Дзе тая ілжывая нявіннасць, якая была ў мяне калісьці, нявіннасць добрых і іх шляхетнай маны!
Сапраўды, часта-часта ішоў я па пятах за ісцінай: і вось яна адкінула мяне. І часта здаралася, што якраз тады, калі я наўмысна хлусіў, я дакранаўся да ісціны.
Вельмі многае зрабілася мне ясна, і таму перастала цікавіць. Памерла ўсё, што я любіў. Як жа цяпер мне любіць сябе?
«Жыць, каб жыццё было радасцю, альбо зусім не жыць» — так хачу я, так хоча і праведнік. Але шкада! Ці ёсць яшчэ ў мяне радасць?
Ці ёсць у мяне мэта? Тая гавань, да якое ляціць мой ветразь?
Вецер у дарогу? О, толькі той, хто ведае, куды плыве, ведае, які вецер — у дарогу, які нясе ў мора.
Што ж яшчэ засталося ў мяне? — Стомленае, дзёрзкае сэрца; нясталая воля; паніклыя крылы; змуляны хрыбет.
А пошукі маёй радзімы! О Заратустра, ты ведаеш, што пошукі гэтыя былі цяжкім выпрабаваннем, і вось растае мая сіла.
«Дзе ж мой дом?» — пра гэта і пытаўся я і нястомна шукаў яго, але так і не знайшоў. О вечнае «Усюды», вечнае «Нідзе», о вечнае «Марна»!
Так гаварыў цень, і выцягваўся твар у Заратустры ад яго слоў. «Так, ты — мой цень! — вымавіў ён нарэшце жалобна.
Немалая небяспека пагражае табе, ты, вольны дух і вандроўнік! Кепскі выдаўся табе дзень: глядзі, каб не дагнаў цябе яшчэ горшы вечар!
Такія валацугі, як ты, канчаюць так, што нават турма здаецца ім шчасцем. Ці бачыў ты калі, як спяць злачынцы ў вязніцы? Яны спяць спакойна, цешацца такой нязвыклай у іх бяспекаю.
Сцеражыся, каб урэшце не захапіла цябе якая-небудзь вузкая вера, прывід нерухомы і суровы! Бо вось ужо і цяпер цябе спакушае і паняверыць усё абмежаванае і непарушнае.
Ты страціў мэту: шкада, як знябыцца, як пазбыцца табе гэтай страты? Разам з мэтаю ты страціў і шлях?
Нябогі бадзяга, летуценнік, стомленая матылка! Ці не хочаш ты на гэты вечар здабыць прыстанак і спакой? Ідзі ж наверх у маю пячору!
Вось дарога, яна завядзе да пячоры. А я спяшаюся і пакіну цябе. І быццам ужо нейкі цень насоўваецца на мяне.
Каб зноў засвятлела вакол мяне, пайду далей адзін. Бадзёрасць і радасць, а няхай жа яны будуць са мною ў дарозе! А ўвечары ў мяне будуць танцы!..»
Так сказаў Заратустра.
Аполудні
А Заратустра ўсё бег і нікога больш не сустракаў. Шмат гадзін быў ён адзін, знаходзіў сябе зноў і зноў, сёрбаў сваю адзіноту, цешыўся асалодай і думаў пра розныя добрыя рэчы. Але аполудні, калі сонца стаяла проста над галавой, ён праходзіў каля старадрэвіны, крывое, з гузаватымі сукамі, любоўна і шчодра ўвітае вінаграднай лазой і схаванае ёю ад самое сябе: сакавітыя жоўтыя гронкі звісалі з дрэва на спакусу дарожніку. Заратустра ўжо хацеў быў спатоліць лёгкую смагу і нават працягнуў быў руку па гронку, калі іншае, мацнейшае жаданне апанавала яго, захацелася яму легчы апоўдні ў зацішку дрэва і заснуць.
Так ён і зрабіў; і як толькі лёг сярод таямнічай цішыні разнатраўя, адразу забыўся пра смагу і заснуў. Бо, як кажа Заратустрава прымаўка, патрэба за патрэбу патрэбнейшая. Але вочы яго не спалі: не маглі яны наталіцца раскошаю дрэва і любоўю лазы вінаграднай і нахваліцца імі. А засынаючы, так казаў Заратустра сэрцу свайму:
«Ціха! Ціха! У гэтую хвіліну свет ці ж зрабіўся дасканалы? Што са мною?
Як пяшчотны вятрэц нябачна скача па ціхім, гладкім моры, лёгкі, быццам пёрка, так сон скача па мне.
Ён не стуляе вачэй маіх, душа мая чувае. Сапраўды, няважкі ён, быццам парушынка!
Ён угаворвае мяне, сам не ведаю — як? Аднекуль з сярэдзіны падае ён ласкавую руку і злёгку дакранаецца да мяне; ён схіляе душу маю пацягнуцца, раскінуцца: і пацягваецца яна, мая стомленая, дзівосная душа! Ці не настаў у яе якраз у гэты полудзень вечар сёмага дня? Альбо надта доўга блукала яна, шчасная, сярод добрых і спелых рэчаў?
Яна выцягваецца і робіцца доўгая-доўгая! Ціха ляжыць яна, дзіўная, душа мая. Надта многа добрага скаштавала яна, і ёй дакучае залатая журба, і крывяцца вусны ў яе.
Быццам карабель, які ўваходзіць у ціхую бухту і прычальвае да берага, стомлены доўгімі падарожжамі і невядомымі морамі. Хіба ж зямля не надзейнейшая?
— быццам карабель, які прыстае, «прынікае да зямлі, — і цяпер даволі павуку працягнуць да берага сваю павуціну — і не трэба мацнейшага прычала;
— быццам стомлены карабель у ціхай затоцы, адпачываю цяпер і я паблізу зямлі — даверлівы, верны, чакальны, прывязаны да яе найтанчэйшымі ніткамі.
О шчасце! О шчасце! Ты ляжыш на траве, душа мая; ці не хочаш ты спяваць? Але ў гэтую таямнічую, урачыстую гадзіну ніводзін пастух не грае на жалейцы.
Сцеражыся! Спякотлівы полудзень спачыў на нівах. Не спявай! Ціха! Свет удасканаліўся!
Не спявай, палявая птушка, душа мая! Не гавары нават шэптам! Зірні — навокал так ціха! Спіць стары полудзень, варушыць губамі ў сне: ці не п'е ён у гэтую хвіліну сваю кроплю шчасця,
— бурштынавую кроплю шчасця, старога залатога віна? Непрыкметна прабягае па старым полудні ягонае шчасце і смяецца. Так смяюцца багі. Ціха!
«О, як мала трэба для шчасця!» — так казаў я калісьці і думаў, што я разумны. Але цяпер зразумеў, што гэта была няпраўда. Мудрыя вар'яты гавораць лепей.
Бо ўсё сама малое, сама ціхае і найлягчэйшае: шэлест яшчаркі, подых ветрыку, імгненне — малое, вось што ёсць знак найлепшага шчасця. Ціха!
Што са мною: прыслухайся! Ці не адляцеў час прэч? Ці не падаю я? Ці не ўпаў я ў крыніцу вечнасці?
Што са мною? Ціха! Я паранены — на жаль — у сэрца? У сэрца? О, разбіся, разбіся, сэрца, пасля такога шчасця, ад такое раны!
Што? У гэтае імгненне свет не зрабіўся мне дасканалы? Круглы і спелы? О, куды ён імчыцца, залаты шар? Пабягу за ім!
Ціха!» (І тут Заратустра пацягнуўся і зразумеў, што спаў.)
«Уставай, лежань! — сказаў ён сабе. — Уставай, калі заснуў апоўдні! Ану, падымайцеся, старыя ногі! Пара, даўно пара, яшчэ немалы кавалак дарогі перад вамі.
Вось вы і выспаліся, а ці доўга спалі? Паўвечнасці! Ну, падымайся ж, старое сэрца! Ці многа часу табе трэба, каб прачнуцца пасля такога сну?»
(Але тут ён зноў заснуў, а душа ўсё адгаворвала яго, супраціўлялася і прылегла зноў.) «Пакінь мяне! Ціха! У гэта імгненне свет ці ж не ўдасканаліўся? О залаты шар!»
«Уставай, — казаў Заратустра, — падымайся, зладзюжка, гультаіны кавалак! Што? Табе абы толькі пацягвацца, пазяхаць, уздыхаць ды падаць у глыбокія крыніцы?
Ды хто ты ў мяне? О душа мая!» (І тут ён спалохаўся, бо сонечны прамень упаў яму на твар.)
«О неба над мною, — сказаў ён, уздыхаючы, падняўся і сеў, — гэта ты глядзіш на мяне? І слухаеш, што кажа мая дзівосная душа?
Калі ты вып'еш гэтую кроплю расы, што ўпала на ўсё зямное, калі вып'еш ты гэтую старую душу маю,
— о крыніца вечнасці! О светлая паўдзённая бездань, якая даводзіць да трымцення! Калі зноў убярэш ты ў сябе маю душу?»
Так сказаў Заратустра і падняўся з-пад дрэва, быццам ачуўшыся пасля нейкай дзіўнай п'янасці: і што ж! Сонца, як і раней, стаяла проста над галавою. І з гэтага можна было справядліва вывесці, што гэтым разам Заратустра спаў нядоўга.
Вітанне
Толькі пад вечар пасля доўгіх і марных пошукаў і блуканняў Заратустра вярнуўся да сваёй пячоры. Але калі ён быў ад яе не больш за дваццаць крокаў, здарылася нешта такое, чаго ён зусім не чакаў: ён зноў пачуў моцны крык на дапамогу. І — чыстае дзіва! Гэтым разам крык ужо чуўся з пячоры. Гэта быў працяглы, дзіўны, жудасны крык, і Заратустра ясна пачуў, што крычалі адразу некалькі галасоў, хоць зводдаль яму здавалася, быццам крык быў з адных вуснаў.
Заратустра кінуўся да пячоры, і што ж! Вось што ён убачыў: у пячоры поплеч сядзелі ўсе тыя, каго ён спаткаў за цэлы дзень, — правы кароль і левы кароль, стары чарадзей, Папа, жабрак-дабрахот, цень, сумленнік духам, змрочны вяшчун і асёл: а сама брыдкі чалавек усклаў на сябе карону і аперазаўся двума пурпуровымі паясамі, бо, як усе агідныя, любіў строіцца і прыхарошвацца. І Заратустраў арол таксама быў сярод гэтай панылай кампаніі, увесь натапыраны і ўстрывожаны, бо яму даводзілася адказваць за шмат чаго такога, на што гонар ягоны не меў адказу; а мудрая змяя абвівала яго за шыю.
З вялікім здзіўленнем глядзеў Заратустра на ўсё гэта; потым з дабрадушнай цікаўнасцю пачаў разглядаць сваіх гасцей, чытаючы ў кожнага ў душы, і зноў здзіўляўся. Тым часам усе паўставалі і багавейна чакалі, што ён ім скажа. І Заратустра сказаў так:
«Вы, паняверцы! Вы, дзівосныя! Дык гэта ваш крык на дапамогу я чуў? Цяпер я ведаю, дзе знайсці таго, каго я марна шукаў цэлы дзень — вышэйшага чалавека,
— у маёй пячоры сядзіць ён, гэты вышэйшы! Але з чаго я дзіву даюся! Ці ж не сам я завабіў яго мядоваю ахвяраю і хітрай прынадай свайго шчасця?
Аднак здаецца мне, што вы, якія клічаце на дапамогу, блага пасуеце адзін аднаму, седзячы тут разам, і будзіце ўзаемную варожасць у вашых сэрцах. Трэба, каб спярша прыйшоў нехта,
— нехта, здольны прымусіць вас зноў смяяцца, — добры вясёлы блазнюк, неслух, скакун і ветрагон, які-небудзь стары шалапут: а вы што на гэта скажаце?
Але даруйце мне, о паняверцы, што я кажу такімі нікчэмнымі словамі, сапраўды нявартымі вас, высокіх маіх гасцей! Аднак вы не адгадаеце, што бадзёрыць маё сэрца:
— гэта вы самыя і выгляд ваш, даруйце ж мне гэта! Бо кожны бадзёрыцца, як толькі зірне на паняверку; і кожны лічыць сябе дастаткова моцным, каб суцешыць яго.
Мне самому далі вы сілу — добры дарунак, о высокія мае госці! Добры дарунак за гасціннасць! Ну што ж, не гневайцеся, калі я прапаную вам свой.
Тут царства маё і валадарства маё: і хай усё маё ў гэты вечар і ў гэтую ноч будзе ваша. Звяры мае паслужацца вам: мая пячора хай будзе вам на адпачынак!
У мяне, у маім доме, ніхто не павінен паняверыцца, у сваіх валоданнях я абараню кожнага ад дзікіх звяроў ягоных. І першае, што прапаную я вам, — бяспека!
А другое — мой мезенец. Як толькі мой мезенец будзе ў вас, вы схопіце і ўсю руку, ат, воля ваша!
І сэрца ў дадатак! Прашу вас, госці, дарагія госцейкі!»
Так сказаў Заратустра, смеючыся ад любові і гневу. Пасля гэтага вітання госці спачатку пакланіліся і пачціва маўчалі, а кароль справа адказваў яму ад усіх.
«Па тым, як ты склаў вітанне і падаў нам руку, мы пазнаём у табе Заратустру. Ты прынізіўся перад намі; ты мала не зганьбіў наша пашанаванне:
— але хто здолеў бы, як ты, прынізіцца так годна? І гэта бадзёрыць нас і дае радасць вачам і сэрцу.
Каб пабачыць такое, мы ахвотна падняліся б на больш высокія горы, чым гэтыя. Бо з прагаю да відовішчаў прыйшлі мы сюды, мы хацелі пабачыць, што прасвятляе журботны пагляд.
І вось — наш крык на дапамогу ўжо адгучаў, мінуўся. Ужо расхінуліся і напоўніліся захапленнем нашыя пачуцці і сэрцы. Яшчэ крыху, і мужнасць нашая стане дзёрзкасцю.
Не расце на зямлі, Заратустра, нічога больш радаснага, чым высокая моцная воля: яна — найпрыгажэйшая расліна. Такое дрэва ацаляе ўсю мясцовасць.
Да кедра прыпадобню таго, о Заратустра, хто вырастае падобны да цябе: гонкі, маўклівы, суровы, самотны, велічны, гнуткі і пругкі, шляхетны,
— раскідзіста-галінасты над валоданнямі сваімі; адважны субяседнік вятроў, і бураў, і ўсяго, што адвеку блізкае да вышыняў,
— і яшчэ больш адважны адказчык, валадар і пераможца: хто б не падняўся на высокую гару, каб пабачыць такія дрэвы?
Тут, каля твайго дрэва, о Заратустра, ажывае нават змрочны і бязрадны: гледзячы на цябе, супакойваецца непастаянны, і гоіцца сэрца ягонае.
І сапраўды многія позіркі звяртаюцца сёння да тваёй гары і твайго дрэва; узнікла вялікая туга, і многія пытаюцца: хто такі Заратустра?
І ўсе, у чый слых ты калісьці па кропельцы ўліваў сваю песню і свой мёд, усе, што адышлі ад свету, пустэльнікі і тыя, хто самотны ўдвух, пачалі гаварыць сэрцу свайму:
«Ці жывы яшчэ Заратустра? Няварта жыць далей, усё адно ўсё марнае: альбо — мы павінны жыць з Заратустрам!»
«Чаму не прыходзіць ён, хто так даўно абвясціў пра сябе? — так пытаюцца многія. — Ці адасобленасць паглынула яго? Ці мы самі павінны прыйсці да яго?»
І вось цяпер сама адасобленасць сатлела і разбураецца, нібы магіла, якая рассыпаецца і ўжо не можа трымаць мерцвякоў сваіх. Паўсюль відны ўваскрэслыя.
Усё вышэй і вышэй уздымаюцца хвалі вакол тваёй гары, о Заратустра. І якая высокая яна ні ёсць, многія дойдуць да тваёй вышыні: нядоўга яшчэ човен твой будзе заставацца на сушы.
І што мы, спанявераныя, прыйшлі цяпер у тваю пячору і ўжо вызваліліся ад няверства — гэта ёсць азнака, папярэдняя азнака таго, што лепшыя за нас цяпер у дарозе да цябе,
— бо ўжо ў дарозе да цябе апошняе, што засталося ад Бога сярод людзей, менавіта: усе людзі вялікай тугі, вялікай агіды, вялікай перанасычанасці,
— кожны, хто не хоча жыць іначай, як навучыўшыся зноў спадзявацца, навучыўшыся ад цябе, Заратустра, вялікай надзеі!»
Так гаварыў кароль справа, а пасля схапіў за руку Заратустру, каб пацалаваць у яе; але Заратустра ўхіліўся ад гэтага знаку павагі і спалохана адступіўся назад, раптоўна і моўчкі, быццам знік у глыбокай далечыні. Але адразу ж зноў быў з гасцямі сваімі, глядзеў на іх ясным, выпрабавальным позіркам і гаварыў:
«О госці мае, высокія людзі, я хачу прамаўляць да вас па-нямецку і шчыра. Не вас я чакаў тут, у гэтых гарах».
(«Па-нямецку і шчыра? Хай Бог крые! — сказаў убок кароль злева. — Відно, што не ведае ён нашых мілых немцаў, гэты мудрэц з Усходу!
Ён, мабыць, хацеў сказаць «па-нямецку і груба» — памагай Бог! На нашыя часы гэта яшчэ не самы горшы густ!»)
«Няхай нават усе вы, разам узятыя, — вышэйшыя людзі; але як на мяне — вы недастаткова высокія і моцныя.
У мяне — гэта азначае: як на таго няўмольнага, які маўчыць ува мне, але ж не вечна ён будзе маўчаць. А калі вы і не чужыя мне, дык не такія блізкія, як мая правая рука.
Бо ў каго, як у вас, хворыя і слабыя ногі, таму найперш хочацца, каб літавалі яго, усведамляе ён гэта або хавае ад сябе.
Але ні рук, ні ног сваіх не шкадую я — я не літую сваіх воінаў: так што вы няздатныя на маю вайну!
З вамі я змарнаваў бы ўсе свае перамогі. Многія з вас пападаюць, як толькі пачуюць пошчак маіх барабанаў.
Вы недастаткова прыгожыя для мяне і недастаткова высакародныя. Чыстыя, гладкія люстэркі патрэбныя мне на павучанні мае; а ваша паверхня руйнуе нават мой вобраз.
Вашыя плечы нурацца пад цяжарам многіх успамінаў; многа гнюсотных карлікаў сядзіць, скурчыўшыся, у патаемных заканурках вашых. Колькі плебейскага вы хаваеце ў сабе!
І нават калі высокія вы і вышэйшага роду: многа ў вас крывога і выродлівага. Няма на цэлым свеце каваля, які паправіў бы вас і выпрастаў.
Вы толькі масты: хай вышэйшыя пяройдуць па ім на той бок! Вы — толькі прыступкі: дык жа не гневайцеся на таго, хто падымаецца па гэтых прыступках на сваю вышыню!
Магчыма, з вашага насення і вырасце калі-небудзь сапраўдны сын і сапраўдны спадчыннік: але да гэтага яшчэ далёка. Вы — не тыя, хто спадкуе імя і набытак мой.
Не вас я тут чакаю, у гэтых гарах, не з вамі апошні раз сыду ўніз. Вы прыйшлі як азнака таго, што вышэйшыя ўжо — ў дарозе да мяне, — не людзі вялікай тугі, і агіды, і перанасычанасці, не тыя, каго вы называеце апошнім да Бога сярод людзей. — Не! Не! Тры разы не! Іншых чакаю я тут, у гэтых гарах, і кроку не зраблю адсюль без іх, — я чакаю вышэйшых, мацнейшых, пераможных, бадзёрых духам, у каго душа і цела — у гармоніі: павінны прыйсці ільвы, якія смяюцца!
О дарагія мае госці, вы дзівосныя, вы яшчэ нічога не чулі пра маіх дзяцей? І што яны ўжо ў дарозе да мяне?
Гаварыце ж мне пра сады і дабрашчасныя выспы мае, пра новае і цудоўнае патомства маё. Чаму вы пра гэта маўчыце?
Гэтага дарунку прашу я ў любові вашай, каб вы гаварылі са мною пра маіх дзяцей. Дзеля іх я багаты, дзеля іх я стаў бедны: чаго не аддаў бы я,
— чаго не аддаў бы я, каб мець адно: гэтых дзяцей, гэтыя жывыя насады, гэтыя дрэвы жыцця, народжаныя воляй і найвышэйшай маёй надзеяй!»
Так сказаў Заратустра і раптам перапыніў казані свае: бо туга агарнула яго, і самкнуў ён вусны і вочы ад парыванняў сэрца. І ўсе госці моўчкі стаялі, нерухомыя і збянтэжаныя: толькі стары вяшчун рухам і выразам твару зрабіў усім знак.
Вячэра
На гэтым месцы вяшчун перапыніў вітанні Заратустры і ягоных гасцей: ён прапхнуўся наперад, быццам баяўся прапусціць час, схапіў Заратустру за руку і ўсклікнуў: «Але ж, Заратустра!
Патрэба за патрэбу патрэбнейшая, так ты сказаў: і вось мне цяпер адно патрэбней за ўсё астатняе.
Дарэчы, ці не запрасіў ты мяне ў застолле? А многія ж тут з дарогі. Ты ж не будзеш карміць нас аднымі казанямі?
Усе вы ўжо згадвалі даволі многа пра ўтапленне, замярзанне, задушэнне і іншыя цялесныя нягоды: але ніхто не згадаў пра маю бяду — пра небяспеку памерці з голаду,
(так сказаў вяшчун; а калі Заратустравы звяры пачулі ягоныя словы, яны ад страху далі лататы. Бо бачылі, што ўсяго, што яны паназносілі за дзень, не хопіць, каб напхаць трыбух аднаго вешчуна),
— і пра небяспеку памерці ад смагі, — сказаў вяшчун. — І хоць даўно ўжо чую я непадалёк плёскат вады, якая, як і мудрыя казані, цячэ багата і бесперастанку: я хачу віна!
Не кожны, як Заратустра, п'е заўсёды адну толькі ваду. Вада смакуе стомленым і завялым: нам да губы віно, толькі яно дае імгненнае гаенне, моцнае здароўе!»
Скарыстаўшыся тым, што вяшчун прасіў віна, кароль злева, звычайна маўклівы, таксама загаварыў: «Пра віно патурбаваліся мы з братам — каралём справа, — сказаў ён, — у нас дастаткова віна, наш асёл наўючаны віном. Не хапае толькі хлеба».
«Хлеба? — адказаў Заратустра са смехам. — Якраз хлеба і няма ў пустэльнікаў. Ды не хлебам адным жыве чалавек, але і мясам добрых ягнят, а ў мяне іх два:
— іх няхай хутчэй заколюць і прыгатуюць з шалфеем: так люблю я. Хапае тут і карэння, і пладоў, што будуць да смаку нават ласунам і гурманам: ёсць і арэхі і розныя іншыя загадкі — іх можна палускаць.
Дык вось, скора будзе ў нас ладны банкет. Але кожны, хто сядзе за стол, павінен прыкласці руку сваю, нават каралі. Бо ў Заратустры і каралю не за ганьбу быць кухарам».
Прапанова гэтая ўсім прыйшлася па сэрцы: толькі жабрак-дабрахот запярэчыў супроць мяса, віна і прысмакаў.
«Але ж вы толькі гляньце мне на Заратустру — на гэтага бражніка! — жартаўліва ўсклікнуў ён. — Ці ж бо на тое шукаюць прыстанку ў пячорах і падымаюцца ў горы, каб банкетаваць?
Вось цяпер я разумею, чаго вучыў ён нас калісьці, кажучы: «Хвала беднасці!», і чаму хоча ён звесці ўсіх жабракоў».
«Будзь рады і вясёлы, як я, — адказаў Заратустра. — Заставайся пры сваіх звычках, о найлепшы, жуй сваё зерне, пі ваду і хвалі сваю кухню: калі толькі яна вяселіць цябе!
Я — закон толькі сваім, не ўсім. А хто з маіх, той павінен мець моцныя косткі і лёткія ногі.
— радасна прымаць войны і фэсты, быць гатовым да сама цяжкага, быццам гэта свята, быць бадзёрым і здаровым, а не мрой-летуценнікам.
Усё лепшае належыць мне і маім; і калі нам не даюць, мы самі бяром найлепшую ежу, найяснейшае неба, наймацнейшыя думкі, найпрыгажэйшых жанчын!»
Так сказаў Заратустра; а кароль справа зазначыў: «Дзіўна! Ці чуў хто калі такія разумныя словы з вуснаў мудраца?
І сапраўды, сама рэдкае ў мудраца, калі ён разумны і не асёл аслом».
Так сказаў кароль справа і сам здзівіўся; а асёл сам сабе наўме, дадаў: «І-А». Гэта быў пачатак таго доўгага вячэрняга пасілку, які паводле гістарычных апісанняў вядомы як «вячэра». І пад час яе гаварылі толькі пра вышэйшага чалавека і ні пра што іншае.
Пра вышэйшых
1.
Калі я першы раз прыйшоў да людзей, я зрабіў найбольшае глупства, глупства пустэльніка: я выйшаў на рыначны пляц.
І як што прамаўляў да ўсіх, дык не звяртаўся ні да кога паасобку. А ўвечары таварышамі маімі былі танцор на вяроўцы і мярцвяк, ды і сам я быў амаль труп.
А як настала другая раніца, тут мне адкрылася новая ісціна: тады я навучыўся гаварыць: «Што мне да таго рынку і чэрні, да шуму чэрні і яе доўгіх вушэй!»
Вось чаго навучыцеся ў мяне, вышэйшыя людзі: на рынку ніхто не верыць у вышэйшых людзей. Хочаце гаварыць перад імі, ну і гаварыце! натоўп толькі бельмамі варочае: «Мы ўсе роўныя!»
«Эй, вы, вышэйшыя людзі, — бязглузда маргаючы, гаворыць чэрня, — няма ніякіх вышэйшых, мы ўсе роўныя, чалавек ёсць чалавек, і перад Богам мы ўсе роўныя!» І
2.
Перад Богам! Але цяпер гэты Бог памёр. А перад натоўпам мы не раўня астатнім. О вышэйшыя, сыдзіце з рынку!
Перад Богам! Але цяпер гэты Бог памёр! О вышэйшыя, гэты Бог быў ваша найбольшая небяспека.
Толькі з таго часу, як ён лёг у магілу, вы ўваскрэслі. Толькі настае Вялікі Полудзень, толькі цяпер вышэйшы чалавек робіцца панам!
Ці разумееце вы гэта слова, о браты мае? Вы спалохаліся, у вас сэрца замлела? Ці не зеўрае вам тут бездань? Ці не брэша на вас геенскі сабака?
Ну што ж. Мацуйцеся, вышэйшыя людцы! Сёння ўпершыню курчыцца ў родавых пакутах гара чалавечай будучыні. Бог памёр: сёння мы хочам, каб жыў Звышчалавек.
3.
Сама асуячоныя сёння пытаюцца: «Як чалавеку захавацца?» А Заратустра, сама першы і адзіны з усіх пытаецца: «Як пераадолець чалавека?»
Да Звышчалавека хіне мяне сэрца, ён — найпершае і адзінае маё, а не чалавек — не блізкі і не бедны, не спрагнены і не найлепшы.
О браты мае, калі што я і люблю ў чалавеку, дык гэта тое, што ён — пераход, захад і знішчэнне. І ў вас ёсць шмат чаго, што мацуе маю любоў і надзею.
Мне дае спадзявацца тое, што вы поўныя пагарды. Бо здольныя да глыбокай пагарды, здольныя і на вялікую пашану.
Варта вялікай павагі, што вы спаняверыліся. Бо не навучыліся вы скардзіцца, не навучыліся дробязнай разумнасці.
Бо сёння пануюць маленькія людзі: яны прапаведуюць пакорлівасць, сціпласць, рупнасць, абачлівасць і іншыя запаведзі малых цнотаў.
Усё, што бабскага і рабскага роду, і асабліва мешаніна натоўпу: менавіта гэта прагне быць валадаром чалавечага лёсу — о агіда! Агіда! Агіда!
Гэта яно нястомна пытаецца: «Як найлепш, найдаўжэй і найпрыемней за ўсё захавацца чалавеку?» І таму яны пануюць сёння.
Пераадолейце іх, гэтых сённяшніх паноў, гэтых маленькіх людцаў, — о браты мае! Яны — найвялікшая небяспека Звышчалавеку!
О вышэйшыя людзі! Пераадолейце нікчэмныя цноты, маленькую разумнасць, дробязную абачлівасць, мурашыную мітуслівасць, мізэрную самазадаволенасць, «шчасце большасці»!
І чым падпарадкоўвацца, лепей паняверцеся. І сапраўды, я люблю вас за тое, што не ўмееце вы жыць у цяперашнім, вы, вышэйшыя людзі! Бо так жывяце вы найлепей!
4.
Ці ёсць у вас мужнасць, о браты мае? Ці ёсць адвага? Не тая мужнасць, у якое ёсць сведкі, а мужнасць пустэльнікаў і арлоў, якой не бачыць ніякі бог?
Тых, хто з пароды аслоў, а таксама сляпых, п'яных і тых, чые душы халодныя, я не назаву мужнымі. А тых, хто, ведаючы страх, перамагае яго; хто глядзіць у бездань, але глядзіць з гонарам;
— хто бачыць бездань, але паглядам арла, хто хапае яе арлінымі кіпцюрамі: вось у кім ёсць мужнасць.
5.
«Чалавек злы» — так суцяшалі мяне ўсе мудрыя. О, калі б і сёння было яно так! Бо зло ёсць найлепшая сіла ў чалавеку.
«Чалавек павінен рабіцца ўсё лепшы і злейшы» — так вучу я. Лепшаму ў Звышчалавеку патрэбна сама злое.
Няхай таму, хто прапаведаваў маленькім людзям, было дабром тое, што пацярпеў ён за іх і панёс на сабе іх грахі. А я радуюся вялікаму грэху, як свайму вялікаму суцяшэнню.
Зрэшты, гэта сказана не ў доўгія вушы. Ды і не кожнае слова пасуе да кожнае храпы. Гэта тонкія далікатныя рэчы. Іх не павінны таптаць авечыя капыты!
6.
Вышэйшыя людзі, ужо ці не думаеце вы, што я прыйшоў лячыць вас ад дурноты?
Альбо, можа, зладзіць вам, пакутнікам, зручнае спанне? Або вам, непастаянцам, заблуджаным і звіхнёным, паказаць новыя патаемныя сцежкі?
Не! Не! Тры разы не! Трэба, каб болей загінула вас і каб гінулі сама лепшыя, бо павінна вам рабіцца ўсё горш і горш. Толькі так,
— толькі так вырастае чалавек да той вышыні, дзе маланка б'е яго, да вышыні, дастаткова высокай для маланкі!
Да нямногага, да працяглага, да далёкага імкнецца думка і туга мая: што мне да вашай дробязнай, кароткай, разнастайнай галечы!
Вы мала пакутуеце! Бо пакутуеце за сябе; вы яшчэ не пакутавалі за чалавека. Вы зманіце, калі скажаце іншае! Ніхто з вас яшчэ не пакутаваў за тое, за што пакутаваў я.
7.
Мне мала таго, каб маланка больш не шкодзіла: не адводзіць я хачу яе: яна павінна навучыцца працаваць на мяне.
Даўно ўжо, быццам хмара, згушчаецца мудрасць мая і робіцца ўсё цямнейшаю і цішэйшаю. Так робіць усякая мудрасць, якая павінна некалісь спарадзіць маланку.
Не хачу быць святлом людзям цяперашняга, не хачу называцца ў іх святлом. Асляпіць іх я прагну! Маланка мудрасці маёй, высмалі ім вочы!
8.
Не жадайце нічога, што вышэй за вашую сілу: дурная хлуслівасць заўлашчана тымі, якія жадаюць вышэй за сваю сілу.
Асабліва калі яны прагнуць вялікага! Бо абуджаюць недавер да вялікага, гэтыя спрытныя фальшываманетчыкі і камедыянты:
— пакуль, нарэшце, не зробяцца самі сабе фальшам, прыхарошанай чарвівасцю, пакуль не прыкрыюцца моцнымі словамі, паказнымі цнотамі, бліскучымі падробкамі.
Будзьце ж абачлівыя, вышэйшыя людзі! Бо няма сёння ў мяне нічога каштоўнейшага і радчэйшага за праўдзівасць.
Ці ж не належыць цяперашняе натоўпу? Але натоўп не ведае, што ёсць вялікае, што — нікчэмнае, — што такое шчырасць і праўдзівасць: яна цнатліва крывіць душою і заўсёды хлусіць.
9.
Дык будзьце ж сёння поўныя добрага недаверу, о вышэйшыя людзі, вы, адважныя! Вы, шчырыя сэрцам! Трымайце ў таннасці свае перакананні! Бо цяперашняе належыць чэрні.
Тое, што чэрня прыняла калісьці напавер, без доказаў і довадаў, немагчыма абвергнуць ніякімі доказамі.
На рынку пераконваюць на мігах. А довады выклікаюць у натоўпу недавер.
І калі там перамагае праўда, споўніцеся добрага недаверу і спытайцеся самі ў сябе: «Якая ж бо гэта магутная аблуда змагалася за яе?»
Стараніцеся і вучоных! Яны ненавідзяць вас, бо яны без плодзі! У іх — халодныя і высахлыя вочы, для іх усе птушкі — ужо аскубеныя.
Такія, як яны, ганарацца, што не маняць, але ж няздатнасць да хлусні зусім не тое самае, што любоў да праўды. Стараніцеся ж іх!
Збавенне ад трасцы — гэта яшчэ не пазнанне! Я не веру застылым галовам. Хто не ўмее хлусіць, не ведае, што ёсць праўда.
10.
Калі хочаце высока падняцца, карыстайцеся сваімі нагамі! Не дазваляйце несці сябе ўгору, не сядайце на чужыя плечы і галовы!
Я бачу, ты сеў на каня? І борзда імчышся ўгору, да мэты? Ну і ляці, ляці, мой дружа! Ведай толькі, што кульгавасць твая ляціць разам з табой!
Калі ты будзеш каля мэты і саскочыш з каня, о вышэйшы чалавеча, — менавіта там, на вышыні сваёй, ты будзеш кульгаць!
11.
О стваральнікі, о вышэйшыя людзі! Толькі дзеля свайго дзіцяці церпяць сваю цяжарнасць.
Не слухайце нічыіх плявузгаў, не давайцеся, каб вас дурылі! Бо хто ён — той блізкі ваш? І калі намыслілі вы нешта «дзеля блізкага», дык ствараеце ўсё-такі не дзеля яго!
Забудзьцеся пра гэтае «дзеля», вы, стваральнікі: бо цнота вашая патрабуе, каб не абыходзілі вам аніякія «дзеля» і «для» і «бо». Хай не прыме ваш слых усіх гэтых ілжывых слоў.
«Дзеля блізкага» — гэта цнота малых людзей; у іх кажуць: «Свой свайму хоч-не-хоч, а брат» і «Рука руку трэ». У іх няма ні сілы, ні права на вашае сябелюбства!
О стваральнікі, у сябелюбстве вашым — асцярога і прадбачлівасць цяжарнай! Любоў ваша аберагае, корміць і асланяе той плод, якога яшчэ ніхто не бачыў.
Там, дзе ваша любоў, там і ўся цнота ваша — у дзіцяці! Ваша пакліканне, вашая воля — вось ваш «блізкі»: не давайцеся, каб вам навязвалі фальшывыя каштоўнасці!
12.
Вы — стваральнікі, вышэйшыя людзі! Каму выпадае радзіць, той хворы; але хто радзіў, той нячысты.
Спытайцеся ў жанчын: нараджаюць не таму, што ім гэта дае асалоду. Боль прымушае кудахтаць і паэтаў, і курэй.
У вас многа нячыстага, стваральнікі. Дык вось, наперадзе ў вас мацярынства.
Толькі што ўроджанае дзіця: о, як многа новага бруду прыходзіць з ім у свет! Сыдзіце з дарогі! Хто нарадзіў, павінен абмыць сваю душу!
13.
Не будзьце дабрадзейныя па-над сілы свае! І не патрабуйце ад сябе нічога, што сягае за межы верагоднага!
Пазбягайце ва ўсім па-рабску ісці за бацькамі вашымі, але ідзіце пратаптанымі сцежкамі, па якіх ужо хадзіла цнота іхняя! Інакш як вам падняцца вышэй, калі воля вашых бацькоў не падымаецца разам з вамі?
Але будзь уважлівы той, хто хоча быць першым, — каб не прыйсці апошнім! І там, дзе праяўляюцца заганы бацькоў вашых, няма чаго строіць з сябе святых!
Калі бацькі вашыя правялі жыццё, палюючы на вепраў, ладзячы папойкі і ўсякія свінствы ў кампаніі жанчын, ці не будзе бязглуздасцю паўстрымлівасць ваша?
Яна будзе бязглуздасцю! Наадварот, я думаю, што той з вас, у каго ёсць адна, альбо дзве, альбо ўсяго толькі тры жонкі, дасягнуў нямала ў параўнанні з бацькам сваім.
А калі ты будуеш кляштары і пішаш на брамах: «Дарога да святыні», я кажу: «Да чаго? Ці не новая гэта бязглуздасць?»
Самому сабе заснаваў ты папраўчы дом і сховішча — што ж! На здароўе! Толькі не веру я ў гэта.
Бо ў адасабленні расце тое самае, што чалавек прыносіць: узрастае і быдла, якое ён носіць у сабе. Таму многім трэба пазбягаць адасаблення.
Ці было дагэтуль на зямлі што-небудзь больш бруднае, чым пустэльнікі? Не адзін толькі д'ябал апантана кружляў вакол іх — але і свінні.
14.
Часта бачыў я, як нясмелыя, збянтэжаныя, нехлямяжыя, быццам тыгр, якому не ўдаўся скачок, пракрадваліся вы бачком, о вышэйшыя людзі! Бо няўдала вы кінулі гульнёвыя косці.
Але, гульцы, ці варта засмучацца праз гэта! Вы не навучыліся яшчэ як след гуляць і смяяцца з рызыкі! Ці не сядзім мы заўсёды, так ці інакш, за вялікім гульнёвым сталом, за якім так многа смяюцца?
І калі не ўдалося, ці азначае гэта, што вы самі не ўдаліся? А калі вы самі не ўдаліся, ці азначае гэта, што не ўдаўся Чалавек? А калі не ўдаўся Чалавек: ну, якое ж тут рады дасі!
15.
Чым высакароднейшае, тым больш рэдкае. Вы, вышэйшыя людзі, што пазбіраліся тут, ці ж не ўсе вы не ўдаліся?
Хай так — ну і што? Не падупадайце духам! Яшчэ шмат што можна! Навучыцеся смяяцца з сябе, смяяцца як след!
Няма нічога дзіўнага, што вы не ўдаліся альбо ўдаліся толькі напалавіну, вы, напалавіну разбітыя! Хіба не б'ецца, не пульсуе ў вас чалавечая будучыня?
Уся глыбіня і далячынь, уся зорная высь і пачварная сіла: ці не падымаецца ўсё гэта пенаю ў катле вашым?
Якое дзіва, што многія катлы лопаюцца! Вучыцеся смяяцца з сябе, смяяцца як трэба! О, яшчэ многа можна, о вышэйшыя людзі!
І праўда, як многа ўжо ўдалося! Якая багатая зямля ад дасканаласці невялікіх, але прыгожых рэчаў, што сапраўды хораша ўдаліся!
Абстаўляйце сябе гэтай дасканаласцю, вышэйшыя людзі! Яе залатая сталасць ацаляе сэрца. Усё дасканалае вучыць спадзявацца.
16.
Які грэх, учынены тут, на зямлі, да гэтага часу сама цяжкі? Ці не словы таго, хто сказаў: «Гора тым, што смяюцца!»
Няўжо ён не знайшоў на зямлі, з чаго пасмяяцца? Значыцца, ён блага шукаў. Прычыны знаходзіць нават дзіця.
Мала любові было ў ім, інакш ён палюбіў бы ўсіх, што смяюцца! Але ён ненавідзеў і ганіў нас, прадказваючы нам плач і скрогат зубоў.
Ці трэба адразу праклінаць, калі не любіш? У мяне гэта — дрэнны густ. Але менавіта так рабіў ён, гэты нецярпімы. Ён выйшаў з чэрні.
Мала ў ім было любові — інакш ён не гневаўся б, што не любяць яго самога. Усякая вялікая любоў жадае нелюбові, яна прагне большага.
Ухіляйцеся ад такіх нецярплівых! Гэта парода хворых і няшчасных, гэта — чэрня; кісла глядзяць яны на жыццё, ліхім вокам глядзяць на зямлю.
Ухіляйцеся ад такіх нясцерпных! У іх цяжкія ногі і прыгнечаныя сэрцы: не ўмеюць яны танцаваць. Як жа зямля можа быць ім лёгкаю!
17.
Крывымі дарогамі ідуць усе добрыя рэчы да сваёй мэты. Яны выгінаюцца, як каты, муркаюць ад блізкасці шчасця: усе добрыя рэчы смяюцца.
Ці ідзе ўжо чалавек па сваёй дарозе, а ці не — гэта выдае паходка ягоная: зірніце, як іду я! Ну, а той, які ўжо блізкі да мэты сваёй, той танцуе!
І сапраўды я не стаў помнікам і не зрабіўся нерухам, тупым, скамянелым слупам: я люблю шпарка бегаць.
Хоць ёсць на зямлі і багны, і гразкі смутак, усё роўна той, у каго лёгкія ногі, прабягае нават па глеі і танцуе на ім, як на падмеценым лёдзе.
Братове мае, падымайце сэрцы вашыя ўсё вышэй і вышэй! Але не забывайцеся і пра ногі! Вышэй, як спорыя танцоры, падымайце вашыя ногі, а яшчэ лепей — стойце на галаве!
18.
Гэты вянок таго, хто смяецца, вянок з ружаў, я сам усклаў на сябе і сам асвяціў свой смех. Больш нікога не знайшоў дастаткова моцным на гэта.
Заратустра — танцор, Заратустра — лёгкі, ён махае крыламі і гатовы ў лёт, ён кліча за сабою ўсіх птушак, увішны і шчасна лёткі.
Заратустра — прарок, Заратустра, які вяшчае ісціны смехам, цярплівы, цярпімы, улюбёны ў скачкі і авантуры, сам усклаў я на сябе гэты вянок!
19.
Братове мае, падымайце вашыя сэрцы вышэй і вышэй! Не забывайцеся і пра ногі! Вы — заўзятыя танцоры, вышэй падымайце вашыя ногі, а яшчэ лепш — станьце на галаву!
Бываюць звяры, цяжка-важкія нават у шчасці сваім; ёсць няўклюды ад нараджэння. Гэтаксама пацешна глядзець на іхнія намогі і высілкі, як на слана, які спрабуе стаяць на галаве.
Але лепей з'ехаць з глузду ад шчасця, чым ад няўдач, лепей няўклюдна танцаваць, чым хадзіць кульгаючы. Вучыцеся ж маёй мудрасці: нават у горшай рэчы ёсць некалькі добрых другіх бакоў,
— нават у горшай рэчы дастаткова моцныя ногі на танец: навучыцеся ж, вышэйшыя людзі, стаяць на сваіх нагах!
Забудзьце спевы скрухі, забудзьце паныласць чэрні! О, якімі панылымі сёння бачацца мне гэтыя блазны, што весяляць натоўп! Але ўсё сённяшняе належыць натоўпу.
20.
Будзьце, як вецер, што вырываецца з цяснін: пад свіст сваёй жалейкі ён гатовы скакаць, моры дрыжаць і хвалююцца пад яго нагамі.
Слава таму браваму, неўтаймавальнаму духу, які дае крылы аслам, які доіць ільвіц, духу, які ўраганам прыходзіць да ўсяго сённяшняга і да ўсякай чэрні,
— Духу, які варожы любамудраму чартапалоху, зусім завялым лістам і жытцам: слава дзікаму, бадзёраму, свабоднаму духу буры, які танцуе па багнах і паныласці, быццам па лугах!
Які ненавідзіць гаротных дварнякоў прасталюддзя і ўсякае выроддзе, няўдалае і змрочнае; слава гэтаму духу свабоднага розуму, гэтай рассмяянай буры, якая зацярушвае пылам вочы тым, хто пакрыты струпамі і бачыць усё ў чорным!
О вышэйшыя людзі, вось ваша горшае: вы не вучыліся танцаваць, як трэба, — так каб у танцы выйсці за межы свае! Што з таго, калі вы — не ўдаліся!
Як многа яшчэ можна! Дык жа навучыцеся ў смеху выходзіць за межы свае! Вы, заўзятыя танцоры, вышэй і вышэй падымайце сэрцы вашыя! І не забывайцеся як след пасмяяцца!
Гэты вянок рассмяянага, гэты вянок з ружаў: я кідаю яго вам, братове мае. Смех абвясціў я святым: о вышэйшыя людзі, вучыцеся смяяцца!
Песня тугі
1.
Кажучы гэтыя словы, Заратустра стаяў каля пячоры; а з апошнімі словамі ўцёк ад гасцей і ненадоўга выбег на свежае паветра.
«О чыстыя пахі вакол мяне, — усклікнуў ён, — о дабрашчасная цішыня вакол мяне! Але дзе ж мае звяры? Да мяне, мой арол і мая змяя!
Скажыце мне, звяры: можа, пагана пахне ад гэтых вышэйшых, калі яны збіраюцца разам? О чыстыя пахі вакол мяне! Толькі цяпер я разумею і адчуваю, як люблю вас, звяры мае!»
І зноў Заратустра паўтарыў: «Я люблю вас, звяры мае!» І калі гаварыў ён гэтыя словы, змяя і арол наблізіліся да яго, падняўшы на яго вочы. Так стаялі яны ціха ўтрох, удыхаючы чыстае паветра і напіваючыся ім. Бо тут ён быў лепшы, чым у вышэйшых людзей.
2.
Але ледзь толькі Заратустра пакінуў пячору, як устаў стары чарадзей і сказаў, хітра азірнуўшыся: «Ён выйшаў! І вось, вышэйшыя людзі, — дазвольце і мне, як яму, паказытаць вас гэтым ліслівым назовам, — і вось, вышэйшыя людзі, мяне ўжо забірае мой злы дух і ашуканец, дух маны і чараў, дэман паныласці,
— спрадвечны супраціўнік Заратустры: даруйце гэта злому духу майму! Прагне ён разгарнуць перад вамі свае чары, бо якраз настаў яго час: дарма я змагаюся з гэтым злым духам.
Усім вам, якія б ні былі ўшанаванні, якімі вы сябе самі на словах адорваеце, называючы сябе «свабодным розумам», альбо «праўдзівымі», альбо «духам пакаяння», альбо «свабоднымі ад путаў», альбо «поўнымі вялікай тугі»,
— усім вам, пакутнікам, як і мне, ад вялікай агіды, — бо стары Бог памёр для вас, а новы яшчэ не ляжыць спавіты ў калысцы — усім вам блізкі мой злы дух, дэман чараў.
Я ведаю вас, вышэйшыя людзі, я ведаю і яго, гэтага ката, якога люблю супроць волі сваёй, — Заратустру; часта ён мне нагадвае прыгожую маску святога,
— новы велягурысты маскарад, якім бавіцца мой злы дух, дэман маркоты: часта здаецца мне, што я люблю Заратустру дзеля майго злога духа.
Але ён ужо авалодвае мною і падпарадкоўвае сабе, гэты дух тугі і маркоты, дэман вячэрніх прыцемкаў, шары мой дух; і сапраўды ён прагне:
— расплюшчыце ж вочы! Ён прагне явіцца голым — я не ведаю яшчэ, як мужчына ці як жанчына, — але ён набліжаецца і падпарадкоўвае мяне, о няшчасны я! Разбудзіце ж пачуцці свае!
Дзень аціхае, на ўсё ападае вечар, нават на ўсё найлепшае; цяпер слухайце і глядзіце, вышэйшыя людзі, які гэты дух, — хай ён мужчына, хай жанчына — гэты дэман вячэрняй тугі!»
Так казаў стары чарадзей, хітра азіраючыся, а потым узяў сваю арфу.
3.
Калі прасвятлее паветра,Пра навуку
Так спяваў чарадзей; і ўсе пячорнікі непрыкметна трапілі, як птушкі, у сеткі яго змрочнага, падступнага запалу. Толькі сумленнага духам яму не ўдалося запаланіць: ён борздзенька выхапіў з рук чарадзея арфу і ўсклікнуў: «Паветра! Дайце чыстага паветра! Клікніце Заратустру! Ты атручваеш паветра ў гэтай пячоры і робіш яго задушлівым, старым, ліхі чарадзею!
Ты, фальшывец, змушчаеш нас невядомымі жаданнямі, ты спакушаеш нас прагай няведамых пустэльняў. Гора, калі такія, як ты, пачынаюць славіць ісціну і балбатаць пра яе!
Гора ўсім, хто ў свабодным розуме, хто не асцерагаецца такіх, як ты чарадзеяў! Прапала свабода іхняя, бо сваім вучэннем ты вабіш назад, у цямніцы;
— стары, змрочны дэман паныласці, панадныя гукі жалейкі чутны ў тваіх скаргах; ты падобны да таго, хто сваёй апалогіяй цноты тайна схіляе да вычудаў страснасці!»
Так казаў сумленны духам, а стары чарадзей азіраўся навокал, цешыўся з перамогі і таму праглынуў прыкрасць, якую адчуў ад слоў сумленнага духам. «Ціха! — коратка адказаў ён. — Каб добрыя песні адгукнуліся ў душы, пасля іх трэба памаўчаць.
Так трымаюцца ўсе вышэйшыя людзі, якія сабраліся тут. Ты, мабыць, мала што зразумеў з маёй песні? Мала ў табе духу чараў!»
«Ты ўжо хваліш мяне тым, што адлучаеш ад сябе, — запярэчыў сумленны духам, — што ж, довад! Але вы, пячорнічкі мае, я ўсё яшчэ бачу пахацінства ў вашых вачах:
Вы свабодныя душы, дзе ж ваша свабода, вы свабодныя? Вы рыхтык мне тыя, што доўга тапырыліся на голых танцорак: так і вашыя душы — самыя ў скокі пайшлі!
Мабыць, дужа шмат у вас таго, што чарадзей называе сваім злым духам чараў і падману: і гэтым я адрозніваюся ад вас.
І сапраўды, мы шмат перагаварылі і перадумалі тут, у пячоры, пакуль не вярнуўся Заратустра, і мне гэтага больш чым досыць, каб зразумець: мы з вамі розныя.
Рознага мы шукаем тут, угары, — вы і я. Бо я шукаю большай надзейнасці, таму і прыйшоў да Заратустры. Ён — сама трывалая вежа і сама моцная воля — сёння, калі ўсё расхісталася, калі трасецца зямля. Але гледзячы вам у вочы, думаю сабе, што вы, наадварот, шукаеце большай няўстойлівасці, — вы хочаце болей жахаў, небяспекі, землятрусаў. Даруйце мне маю самаўпэўненасць, але часам мне здаецца, што вы, вышэйшыя людзі, — прагнеце якраз такога жыцця, якое мяне больш за ўсё жахае, жыцця брыдкага, поўнага небяспекі, жыцця дзікіх жывёл; вас вабяць лясы і пячоры, горныя ўрвішчы і лабірынты.
І больш за ўсё вам падабаецца не той, хто можа выбавіць ад усякай небяспекі, а змусціцель, які зводзіць з любое дарогі. Але калі вашая прага да ўсяго гэтага ёсць нешта сапраўднае, дык у мяне яна — немагчымае.
Бо страх — гэта пачатковае і прыроднае пачуццё чалавека; страхам тлумачыцца ўсё — і першародны грэх, і ўспрычыненая цнота. З страху ўзрасла і мая дабрачынная цнота, якая называецца навукай.
Бо спрадвеку ў чалавеку гадаваўся страх перад дзікімі жывёламі, уключаючы сюды і таго звера, якога ён тоіць у самім сабе і якога сам баіцца: Заратустра называе гэтага звера «ўнутраным быдлам».
Гэты страх, старадаўні і пачатковы, які стаў нарэшце вытанчаным І адухоўленым, цяпер, як мне здаецца, называецца навукай.
Так казаў сумленны духам; а Заратустра, які якраз заходзіў у пячору, — а ён чуў апошнюю казань і разгадаў яе сэнс, — кінуў яму жменю ружаў, пасмяяўся з ягоных «ісцін». «Што? — усклікнуў ён. — , Што я чую? Сапраўды, здаецца мне, адзін з вас — дурань, а тваю «ісціну» я момантам пастаўлю дагары нагамі. — Бо ў нас страх — гэта выключэнне. А мужнасць і дух прыгодаў, прага да нязведанага і на што яшчэ не адважыўся, — мужнасць, вось што на мой клёк ёсць чалавечая перадгісторыя.
У сама дзікіх і бясстрашных звяроў чалавек адабраў, з зайздрасці, усе іхнія цноты: і толькі так ён зрабіўся чалавекам.
Гэта мужнасць, зрабіўшыся, нарэшце, вытанчанай і адухоўленай, гэта чалавечая мужнасць,з арлінымі крыламі і змяінай мудрасцю, я думаю, сёння называецца...»
«Заратустра!» — у адзін голас крыкнулі ўсе пячорнікі і зарагаталі ўголас; але нешта падобнае на цяжкую хмару аддзялілася ад іх і паднялося ўгору. Засмяяўся і чарадзей і сказаў хітравата: «Вось і майце! Сышоў мой злы дух!
Ці ж сам я не асцерагаў вас ад яго, кажучы, што ён шэльма і хлус, гэты дух ілжы?
І асабліва тады, калі паказваецца голы. Але я не вінаваты, што ён такі падступны! Хіба ж бо я стварыў гэты свет і яго разам з светам?
Вось і майце! Будзем зноў радыя і вясёлыя! І хоць гнеўны позірк у Заратустры — зірніце на яго! Ён злуецца на мяне,
— але яшчэ да ночы ён зноў палюбіць мяне і пачне хваліць, бо не можа доўга абыходзіцца без такога глупства.
Ён любіць сваіх ворагаў: з усіх, каго толькі я бачыў, ён найлепей авалодаў гэтай штукай. Але за гэтую любоў да ворагаў помсціцца ён — на сваіх сябрах!»
Так сказаў стары чарадзей, і вышэйшыя людзі ўхвалілі яго казань: і тады Заратустра пачаў пахаджаць сярод іх, з любоўю і нянавісцю паціскаючы рукі сваім сябрам, быццам хочучы памірыцца з усімі і выпрасіць даравання. Але калі ён дайшоў да выхаду з пячоры, яго зноў павяло на свежае паветра і да звяроў, і ён сабраўся непрыкметна ўцячы.
Сярод дочак пустыні
1.
«Не адыходзь! — сказаў тады дарожнік, які называў сябе Заратустравым ценем. — Застанься э намі, а то ранейшая туга зноў нападзе на нас.
Стары чарадзей шчыра падзяліўся з намі тым найгоршым, што ў яго было, і вось, зірні, — у нашага добрага пабожнага Папы на вачах слёзы, і ён зноў гатовы плысці па моры паныласці.
Падобна на тое, што гэта каралі спрабуюць стрымлівацца перад намі: бо за сённяшні дзень яны лепш за ўсіх нас навучыліся гэтаму! Але я гатовы пайсці ў заклад, што калі б не сведкі, яны б таксама закалацілі благую гульню, — благую гульню марудлівых воблакаў, вільготнай маркоты, сырой нуды, хмарнага неба, украдзеных сонцаў, восеньскіх віскатлівых вятроў! — благую гульню нашых галашэнняў і крыкаў на дапамогу: застанься ж з намі, о Заратустра! Тут шмат схаваных гаротаў, якія хочуць выказацца, шмат воблачнага і вечаровага, шмат душнага паветра!
Ты накарміў нас моцай, мужчынскай ежай і бадзёрымі прыпавесцямі: дык жа не дапусці, каб дух жаноцкасці і песты авалодаў намі за дэсертам!
Ты адзін робіш паветра вакол сябе моцным, бадзёрым і чыстым! Нідзе на зямлі не знаходзіў я паветра чысцейшага, чым у тваёй пячоры!
Хоць і пабачыў я шмат краёў, а нос мой адвык пазнаваць і ацэньваць розныя пахі; а ў цябе, у тваёй пячоры, цешыцца нюх мой як ніколі раней!
Хіба што аднаго разу, — о, даруй мне адзін успамін! Не крыўдуй за старую застольную песню, якую я склаў, жывучы сярод дочак пустыні:
— бо там таксама было добрае, здаровае, светлае паветра Ўсходу: там адышоў я далей за ўсё ад захмаранай, ад сырой, панурай, струхлелай Эўропы!
Тады я любіў дзяўчат Усходу і іншых паднябесных краін, чые блакітныя нябёсы не азмрочвалі ніводнае воблачка, ніводная думка.
Вы не паверыце, як жа манерна сядзелі яны, калі не скакалі — глыбокія, але пры гэтым бяздумныя, быццам маленькія таямніцы, быццам упрыгожаныя стужкамі загадкі, быццам дэсертныя арэшкі,
— стракатыя, яркія і чужыя, сапраўды так! Але не азмрочвала іх ніводная аблачынка — гэтыя загадкі даваліся адгадваць сябе: і вось — у гонар гэтых дзяўчат склаў я тады застольную псальму — псальму за дэсертам».
Так казаў дарожнік, які называў сябе Заратустравым ценем; і перш чым хто паспеў адказаць яму, ён схапіў арфу старога чарадзея і, скрыжаваўшы ногі, азірнуўся вакол, спакойны і мудры: павольна і выпрабавальна ўцягнуў у сябе паветра, быццам спрабуючы на смак новае, незнаёмае паветра чужой краіны. А пасля заспяваў у нейкай адмысловай манеры, з лямантам і завываннем.
2.
Пустыня расце:Пустыня расце: гора таму, хто пустыню хавае!
Абуджэнне
1.
Пасля песні вандроўніка пячора раптам напоўнілася шумам і смехам: і як што госці гаварылі ўсе разам, і нават асёл пры такім захапленні не маўчаў, у Заратустры з'явілася лёгкая агіда да сваіх гасцей і гарэзлівы настрой, хоць ён і радаваўся іх весялосці. Бо яна здавалася яму знакам выздараўлення. І вось паціхеньку ён вымкнуўся на свежае паветра і загаварыў са сваімі звярамі.
«Куды падзелася цяпер іхняя гарота? — спытаўся ён, уздыхнуўшы з лёгкай прыкрасцю. — Падобна на тое, што, пабыўшы ў мяне, яны развучыліся клікаць на дапамогу!
— хоць, на жаль, не развучыліся яшчэ наогул крычаць». І Заратустра заткнуў сабе вушы, бо да радаснага шуму вышэйшых людзей неяк дзіўна дамешвалася аслінае «І-А».
«Ім весела, — сказаў ён далей, — і хто ведае, можа, весяляцца яны за кошт гаспадара? І хоць яны вучыліся смяяцца ў мяне, ды не майго смеху навучыліся.
Але што з таго! Яны ўжо немаладыя і смяюцца, і здаравеюць кожны па-свойму; і не такое чулі мае вушы і не абураліся.
Гэты дзень — перамога: ужо адступае, бяжыць мой стары закляты вораг — Дух Цяжару! Як добра канчаецца дзень, што пачаўся так цяжка і блага!
І ён хоча закончыцца. Вечарэе: ён імчыцца па моры, шалёны верхавец! Як раскачваецца ён, шчасны, летучы дамоў, на пурпуровых сёдлах сваіх!
Неба глядзіць так ясна, свет такі глыбокі: О вы ўсе, дзівосныя людзі, што прыйшлі да мяне, яшчэ варта жыць побач са мною!
Так сказаў Заратустра. І зноў з пячоры пачуліся крыкі і смех вышэйшых: яны зноў загаварылі.
«Торгае гэтая рыба, добрая ёй прынада мая, і вось — адступае іх вораг, Дух Цяжару. Калі я добра пачуў, яны вучацца смяяцца з сябе.
Разбірае іх мужчынская ежа, цвеляць сакавітыя і мацавітыя прыпавесці мае: і сапраўды, я не частую гнілой гароднінай! У мяне ежа воінаў, ежа заваёўнікаў; я абуджаю новыя жаданні.
Новыя надзеі ў іхніх руках і нагах, сэрцы іх расшыраюцца. Новыя словы знаходзяць яны, і скора іх дух будзе дыхаць адвагаю.
Зразумела, такая ежа непрыдатная дзецям і жанчынам, якія пакутуюць ад маркоты — як старым, так і маладым. Інакш неяк трэба пераконваць іхнюю нутробу: не лекар ім я і не настаўнік.
Агіда адступае ад гэтых вышэйшых людзей: што ж! гэта мая перамога. У маім царстве ім небяспекі няма, любы дурны сорам уцякае ад іх, сэрцы іх адкрываюцца.
Яны размыкаюць сэрцы свае, вяртаюцца шчаслівыя гадзіны, яны святкуюць і жуюць — яны робяцца ўдзячнымі.
І тое, што яны робяцца ўдзячнымі, я лічу найлепшым знакам. Яшчэ пройдзе крыху часу, і яны прыдумаюць сабе святы і паставяць помнікі сваім ранейшым радасцям.
Яны ацаляюцца!» — так сказаў радасна Заратустра сэрцу свайму, гледзячы ўдалечыню; а звяры падышлі бліжэй і ўшанавалі яго спакой і шчасце.
2.
Але тут Заратустра спалохаўся, бо слых ягоны, ужо абвыклы з шумам і смехам у пячоры, быў раптам уражаны мёртвай цішынёй; а нос яго пачуў дым пахошчаў, быццам палілі сасновыя шышкі.
«Што такое? Што яны там робяць?» — спытаўся ён сам у сябе і падкраўся да пячоры, так, каб убачыць сваіх гасцей, а самому застацца няўбачаным. О вялікае дзіва! Што ж угледзелі вочы ягоныя!»
«Усе яны зноў сталі пабожныя, яны моляцца, яны павар'яцелі!» — сказаў ён, без меры здзіўлены. І сапраўды! Усе вышэйшыя людзі — абодва каралі, адстаўны Папа, ліхі чарадзей, жабрак-дабрахот, вандроўнік і цень, стары вяшчун, сумленны духам і сама брыдкі чалавек — усе яны кленчылі, быццам дзеці альбо старыя пабожныя бабулі, і маліліся аслу. А сама брыдкі чалавек якраз пачаў хрыпець і сіпець, нібыта нешта неверагоднае хацела вырвацца з яго; калі ж, нарэшце, ён апрануў гэта ў словы, дык гата было не што іншае, як своеасаблівая дабрамысная літанія ў гонар асла, якому маліліся і курылі пахошчы. І такія былі словы яе:
Амін! Чта і хвала, і мудрасць, і падзякаванне, і сіла, і слава Госпаду нашаму на векі вечныя!
А асёл крыкнуў: «І-А».
Ён узяў на сябе цяжар наш, і прыняў вобраз слугі, сэрца яго цярплівае, і ён ніколі не скажа «Не», і той, хто любіць Госпада свайго, той карае яго.
А асёл крыкнуў: «І-А».
Ён не кажа: хіба што ўвесь час вымаўляе «Так» таму свету, які стварыў: так ён хваліць яго. І ў гэтым спанатранасць ягоная, што яна не гаворыць: так што мала калі ён не мае рацыі.
А асёл крыкнуў: «І-А».
Непрыкметна ідзе ён па свеце. Ён любіць шэры колер, ім ахінае сваю цноту. Калі і ёсць у яго дух, дык ён схаваны: аднак кожны верыць у яго доўгія вушы.
А асёл крыкнуў: «І-А».
Якая таемная мудрасць — мець доўгія вушы, заўсёды казаць «Так» і ніколі «Не»! Ці не паводле свайго вобраза і падабенства стварыў ён гэты свет — гэта значыць як мага дурнейшы?
А асёл крыкнуў: «І-А».
І простымі, і крывымі дарогамі ходзіш ты; і мала турбуе цябе, што людзям здаецца крывым, а што — простым. Па той бок дабра і зла ляжыць тваё царства. У тым цнота твая, што не ведаеш ты, што такое нянавісць.
А асёл крыкнуў: «І-А».
Ты нічога не адкідаеш, ні каралёў, ні жабракоў. І дзецям не забараняеш прыходзіць да цябе, а калі нядобрыя хлапчукі дражняць цябе, ты прастадушна кажаш: «І-А».
А асёл крыкнуў: «І-А».
Ты любіш асліх, і сама свежыя смоквы падабаюцца табе, і аддаеш ты належнае ўсякай ежы. Пах бадзякоў мацуе тваё сэрца, калі выпадае табе галадаць. І ў гэтым — божая мудрасць.
А асёл крыкнуў: «І-А».
Аслінае свята
1.
Але на гэтым месцы літаніі Заратустра ўжо не мог болей трываць і сам крыкнуў «І-А» яшчэ галасней за асла і кінуўся на ашалелых гасцей. «Што гэта вы тут вырабляеце, прыяцелі? — крыкнуў ён, рыўкамі падымаючы з зямлі мольбітаў, — Ваша шчасце, што ніхто, акрамя Заратустры вас не бачыў.
Кожны падумаў бы, што вы з гэтай вашай новай верай, — зацятыя блюзнеры альбо старыя бабы, што ўжо зусім з'ехалі з глузду!
А ты, апошні Папа, як ты мірышся з самім сабой, калі так нягожа молішся аслу, быццам ён бог?»
«Даруй мне, о Заратустра, але ва ўсім, што датычыцца Бога, я больш абазнаны за цябе. Тут нікуды не папрэш.
Лепей бо ўзносіць малітвы Госпаду ў такім вось вобразе, чым наогул не мець божага вобраза! Падумай над гэтымі словамі, узнёслы мой дружа, і ты неўзабаве спасцігнеш, у якім выслоўі ісціна.
Той, хто сказаў: «Бог ёсць Дух», зрабіў найвялікшы крок і скачок, які наблізіў да няверства, крок, якога ніхто на зямлі да яго яшчэ не рабіў: нялёгка паправіць тое, што сказана ім!
Маё старое сэрца хвалюецца і трымціць, калі падумаю, што ёсць яшчэ на зямлі нешта вартае малітвы. Даруй жа, о Заратустра, старому пабожнаму сэрцу апошняга Папы!»
«А ты, — звярнуўся Заратустра да вандроўніка, які называў сябе ягоным ценем, — ты называеш сябе свабодным духам і ўяўляеш сябе ім? А сам грэшыш балвахвалствам, удзельнічаеш у розных папоўскіх вычудах?
Сапраўды, што ты ладзіш тут, яшчэ горш за тое, што ты нарабіў з гэтымі нехарошымі чарнамазымі дзяўчатамі! Эх ты, нікчэмны нявернік!»
«Так, усё гэта даволі паскудна, — адказваў вандроўнік, які называў сябе Заратустравым ценем, — і твая праўда: але я нічога не магу з гэтым зрабіць! Стары Бог зноў жывы, о Заратустра, што б ты там ні казаў.
Ва ўсім вінаваты сама брыдкі чалавек — гэта ён уваскрэсіў яго. Хоць ён і кажа, быццам калісьці забіў яго, але смерць багоў — заўсёды забабон».
«А ты, — спытаўся Заратустра, — ты, стары ліхі чарадзей, што ты зрабіў? Хто ў гэты свабодны век паверыць у цябе, калі сам ты вызнаеш гэты боскі аслізм?
Глупства было тое, што рабіў ты; як ты, такі разумны, мог учыніць такое глупства?»
«О Заратустра, — адказваў вяшчун-чарадзей, — твая праўда, гэта было глупства, і я ўжо паплаціўся за яго».
«А ты, — звярнуўся Заратустра да сумленнага духам, — раскінь мазгамі і шырэй расплюшчы вочы! Ці не паўстае супроць гэтага тваё сумленне? Ці не надта чысты твой дух для малітвы і чаднага фіміяму гэтых святошаў?»
«У гэтым нешта ёсць, — адказваў той, вылупіўшы вочы, — ёсць нешта такое ва ўсім гэтым спектаклі, што ўлешчвае нават маё сумленне.
Магчыма, я проста не адважваюся верыць у Бога, аднак мне несумненна тое, што ў гэтым вобразе Бог найбольш верагодны.
Паводле сведчання пабожных, Бог вечны: У каго столькі часу, той можа дазволіць сабе не спяшацца. Як мага дурней і павальней — такім чынам можна зайсці даволі далёка.
Той, у каго столькі духу, можа цалкам захапіцца глупствам і шаленствам. Згадай сам сябе, Заратустра!
Сапраўды! Нават сам ты цалкам мог бы зрабіцца аслом ад лішніцы сваёй і ад мудрасці сваёй.
Хіба не любіць сапраўды мудры хадзіць крывымі дарогамі? Гэтаму вучыць сама відавочнасць, гэтаму вучышся, гледзячы на цябе, Заратустра!»
«Ну і, нарэшце, ты, — сказаў Заратустра, павярнуўшыся да сама брыдкага чалавека, які ўсё яшчэ ляжаў на зямлі, працягнуўшы руку да асла (бо ён даваў яму выпіць віна). — Ты, каму няма назову, скажы, што зрабіў ты?
Ты здаваўся мне пераўтвораным, блішчалі вочы твае, брыдкасць твая была ахутана ўзвышаным: што ж зрабіў ты?
Значыць, гэта праўда, што кажуць, быццам ты ўваскрэсіў яго? А навошта? Хіба ж без ніякай прычыны забілі яго і аддзяліліся ад яго?
Ты сам здаваўся мне ўваскрэшаным: што ж ты зрабіў? Чаму ты павярнуўся назад? Чаму здрадзіў сабе? Кажы, невыказны!
«О Заратустра, — адказваў сама брыдкі чалавек, — ты шэльма!
Ці жывы ён яшчэ, ці ўваскрэс, ці памёр канчаткова, хто з нас двух лепей ведае гэта? Я пытаюся ў цябе.
Аднак я ведаю адно: у цябе я навучыўся гэтага калісьці, о Заратустра: хто хоча забіць канчаткова, той смяецца.
«Забіваюць не гневам, а смехам» — так ты калісьці казаў. О Заратустра, ты, схаваны, бязгнеўны разбуральнік, сама небяспечны з усіх святых, ты — шэльма!»
2.
І тады адбылося наступнае: Заратустра, здзіўлены такімі дзёрзкімі адказамі, кінуўся да выхаду з пячоры і, павярнуўшыся да гасцей, усклікнуў грамавым голасам:
«Ах вы, дурні і блазны, усе вы, тут сабраныя! Няма чаго хавацца і прыкідвацца перад мною!
Як трымцелі вашыя сэрцы ад шалу і захаплення, што вось нарэшце-такі вы зноў зрабіліся, як малыя дзеці, — гэтакія самыя пабожныя,
— што, нарэшце, вы зноў, як дзеці, пачалі маліцца, складваць ручкі і казаць: «Добры Божухна!»
Аднак пакіньце цяпер гэты, дзіцячы пакой — пячору маю, дзе сёння ўсё няцямнае адчувае сябе, як дома. Суйміце там, на паветры, ваш дзіцячы запал і хваляванне сэрца!
Вядома, калі не ўпадобніцеся дзецям, дык не ўвайсці вам у гэтае царства нябеснае. (І Заратустра паказаў рукою ўгору.)
Але мы не імкнёмся ў тое нябеснае царства: мы зрабіліся мужныя, мы зрабіліся мужамі, і таму хочам царства зямнога».
3.
І зноў Заратустра пачаў гаварыць. «О новыя сяброве мае, — сказаў ён, — вы, дзівосныя, вы, вышэйшыя людзі, якія вы любасныя мне цяпер.
— з таго часу, як зноў павесялелі! Сапраўды, усе вы зацвілі: і я думаю, што такім кветкам патрэбен новы святы,
— якая-небудзь дзёрзкая бяссэнсіца, нешта накшталт літургіі і аслінага свята, ды яшчэ стары дурань і шаленец Заратустра, вецер і ветрагон, які праветрыць і прасветліць вам душы.
Не забывайцеся гэтай ночы і гэтага аслінага свята, о вышэйшыя людзі! Гасцюючы ў мяне, вы прыдумалі гэта, і я лічу гэта добраю азнакаю, бо такое могуць выдумаць толькі тыя, хто выздароўлівае!
І калі вы будзеце адзначаць свята асла яшчэ калі-небудзь, рабіце гэта з любові да сябе і з любові да мяне! І ў памяць пра мяне!»
Так сказаў Заратустра.
П'яная песня
1.
Тым часам усе выйшлі на свежае паветра, у халаднаватую задуменнасць ночы; Заратустра вёў за руку сама брыдкага чалавека, каб паказаць яму свой начны свет, вялікі круглы месяц і серабрыстыя вадаспады каля пячоры. І вось нарэшце ўсе гэтыя людзі — ужо немаладыя, але з суцешанымі і бадзёрымі сэрцамі — усталі поплеч і дзівавалі самыя сябе, што ім так добра на зямлі; і таямніца ночы ўсё глыбей і глыбей пранікала ў іх сэрцы. І зноў падумаў Заратустра: «О, якія любасныя мне цяпер гэтыя вышэйшыя людзі!» — але не сказаў гэтага ўголас, бо ўшанаваў іх шчасце і маўчанне.
Але тут здарылася сама дзівоснае з усяго, што сталася за гэты доўгі і дзівосны дзень: сама брыдкі чалавек зноў, цяпер ужо апошні раз пачаў хрыпець і клекатаць, а калі, нарэшце, дайшло да слоў, — вусны ў яго ясна і выразна выдалі пытанне, пытанне такое частае, глыбокае і зразумелае, што ва ўсіх, хто пачуў яго, замлела ў грудзях сэрца.
«О вы, сябры мае, — спытаўся сама брыдкі чалавек, — што робіцца ў вашых душах? Дзякуючы гэтаму дню, упершыню ў жыцці сваім я задаволены, што пражыў яго,
— і не стамляюся я сведчыць пра тое, што варта жыць на зямлі: адзін дзень, адно свята з Заратустрам навучылі мяне любіць яго.
«Дык гэта было жыццё? — скажу я смерці. — Што ж! Яшчэ раз!»
Сябры мае, што робіцца ў душах у вас? Ці гатовыя вы, як і я, сказаць смерці: «Дык гэта было жыццё? Што ж! Яшчэ раз!»
Так сказаў сама брыдкі чалавек, а ўжо было пад поўнач. І як вы думаеце, што сталася тады? Як толькі вышэйшыя людзі выслухалі яго, яны ўсвядомілі пераўтварэнне і выздараўленне сваё і зразумелі, хто прынёс ім усё гэта. І тады кінуліся яны да Заратустры, поўныя шацунку, любові і ўзнання, цалавалі яму ў рукі і, як каму адпавядала ў лад душы, адны смяяліся, другія плакалі. А стары вяшчун скакаў ад замілаванасці; і калі, як думаюць многія апавядальнікі, ён быў упіты салодкім віном, дык, несумненна, намнога больш ап'янела ягоная радасць жыцця, бо ён зрокся ўсякае стомы. Некаторыя нават кажуць, што скакаў і асёл: відаць, невыпадкова сама брыдкі чалавек напаіў яго віном. Ці было яно так, няважна, але калі нават асёл і не скакаў у той вечар, дык адбыліся дзеі больш дзіўныя і дзівосныя. Адным словам, як кажа Заратустрава прыказка: «Што з таго!»
2.
А Заратустра, пакуль адбывалася ўсё, што тут апісана, стаяў, як п'яны: згасаў яго позірк, язык заплятаўся, ногі падкошваліся. І хто б мог адгадаць, якія думкі праносіліся тады ў душы ў яго? Аднак было відавочна, што дух ягоны адступіўся і пайшоў назад, і памкнуўся наперад, і быў недзе ў далёкай будучыні, і быццам трываў, як напісана, «над горнымі пераваламі, паміж двух мораў,
— блукаючы, быццам цяжкая хмара, паміж мінулым і будучым».
Але вышэйшыя людзі падтрымлівалі яго з усіх бакоў, і памалу ён ачуўся і адхіліў рукою натоўп заклапочаных шанавальнікаў. Раптам ён хутка павярнуў галаву, быццам пачуў нешта, і, прыклаўшы палец да вуснаў, сказаў: «Ідзе!»
І адразу атачылі яго цішыня і таемнасць, а з глыбокай далечыні пачуўся доўгі, працяглы гуд звона. Заратустра, як і ўсе вышэйшыя людзі, прыслухаўся, а потым зноў прыклаў палец да вуснаў і сказаў: «Ідзе! Ідзе! Набліжаецца поўнач!» — і перамяніўся голас ягоны. Але ён усё яшчэ не кранаўся з месца; і тады яшчэ больш загуслі вакол яго цішыня і таемнасць, і ўсё вакол прыслухоўвалася — нават асёл, і сама Заратустрава пячора, і вялікі халодны месяц, і сама ноч. І вось, Заратустра трэці раз прыклаў палец да вуснаў і сказаў:
«Ідзе! Ідзе! Хадземце ж! Гадзіна прабіла! Пойдзем вандраваць у ноч!»
3.
«Набліжаецца поўнач, о вышэйшыя людзі: і вось — хачу я сказаць вам нешта на вуха, як і той старадаўні звон, які звяртаецца да слыху майго, — з тою самаю таямніцаю і жахам, гэтаксама пранікнёна, як той старадаўні звон, які перажыў на сваім вяку больш, чым хто-небудзь смяротны; — які палічыў усе да апошняга пакутлівыя ўдары сэрцаў, што біліся ў грудзях у нашых бацькоў. О, як уздыхае яна! Як смяецца ў сне даўняя глыбокая поўнач!
Ціха! Ціха! : Чуецца многае, што ўдзень не адважваецца гаварыць на поўны голас; толькі цяпер, у холадзе ночы, калі суняўся шум сэрцаў, — толькі цяпер яно чутно слыху і вяшчае, пранікаючы ў начныя чуйныя душы: о, як уздыхае яно! О, як смяецца ў сне! — хіба не чуеце вы, як таямніча, страшна і пранікнёна вяшчае яна, глыбокая-глыбокая старадаўняя ноч?
О чалавеча, уважай!
4.
О, гора мне! Куды падзеўся час? Ці апусціўся ў найглыбейшыя крыніцы? Свет дрэмле...
О! брэша сабака. Я хутчэй памру, чым раскажу пра думкі, якія сёння перапаўняюць паўночнае сэрца маё.
Я памёр. Спраўдзілася. Павук, навошта аплятаеш мяне павуцінай? Прагнеш маёй крыві? О! Выпадае раса, блізіцца гадзіна,
— гадзіна ледзяное сцюжы, гадзіна, калі я калею і стыну, гадзіна, якая нястомна пытаецца:
Чыё сэрца здольнае ўвабраць гэта?
— хто павінен быць валадаром зямлі? Хто скажа: Ад сёння так вы будзеце цячы, вялікія і малыя рэкі!»
— набліжаецца гадзіна: о чалавеча, о вышэйшы чалавеча, уважай! Гэтая казань — тонкаму слыху, твайму слыху — што вяшчае глыбокая поўнач?
5.
Мяне нясе, скача мая душа. Кожны дзень праца! Кожны дзень — праца! Хто павінен быць валадаром зямлі?
Халодны месяц, вецер маўчыць. О! Ці дастаткова высока лёталі вы? Вы скакалі: але ногі — усё-такі не крылы.
Вы, заўзятыя танцоры, усякая радасць ужо мінула, скісла віно, сатлелі кубкі, чуцен няясны голас магіл.
Невысока лёталі вы: і вось — чуцен няясны голас магіл: «Вызвальце мёртвых! Чаму так доўжыцца ноч? Ці не ап'яняе вас месяц?»
О вышэйшыя людзі, вызвальце мёртвых, разбудзіце памерлых! Шкада! Чаму чарвяк усё яшчэ точыць? Набліжаецца час,
— стогне звон, і ў грудзях яшчэ сэрца скрыгоча, а чарвяк усё точыць і точыць дрэва сэрца! О! Свет глыбокі!
6.
Салодкая ліра! Салодкая ліра! Як люблю я твае гукі, гэта меладычнае п'янкое кваканне! Здалёк, з сажалак любові, чуюцца мне пералівы тваёй песні!
О старадаўні звон, салодкая ліра! Чыя толькі скруха не кроіла сэрца тваё — скруха бацькоў, дзядоў і прадзедаў; — спелая стала мова твая, спелая і сталая, быццам залатая восень і полудзень, быццам сэрца пустэльніка. І цяпер кажаш ты: «Свет выспеў, вінаградная лаза пацямнела», — сёння ён хоча памерці, гэты свет, памерці ад шчасця. О вышэйшыя людзі, ці чуеце вы духмянасць? Неадчувальна шырыцца яна, — духмянасць і водар вечнасці, водар залатога віна, які падымаецца ад старадаўняга і паспелага шчасця, — ад п'янкога шчасця поўначы, шчасця смерці, якое спявае: свет глыбокі, і глыбейшы, чым думае дзень!
7.
Пусці мяне! Пусці мяне! Я занадта чысты для цябе. Не чапай мяне! Не руш! Ці ж мой свет не стаў дасканалы?
Мая скура занадта чыстая для тваіх рук. Пусці мяне, бесталковы мой, задушлівы дзень! Ці ж поўнач не святлейшая за цябе?
Сама чыстыя павінны валадарыць над зямлёй, невядомыя, сама моцныя, душы поўначы, якія святлейшыя і глыбейшыя за дзень.
О дзень, як цяжка ступаеш ты па следзе маім! Ты цягнеш руку па шчасце маё? Я, самотны, залішне багаты для цябе, я для цябе — калодзеж скарбаў, залатая палата?
О свет, ты хочаш мяне? Ці ж я належу свету? Ці ж я пабожны? Ці боскі? Але, дзень і свет, вы занадта няўклюдныя...
— у вас спрытнейшыя рукі, запускайце іх па глыбокае шчасце і па глыбокае няшчасце, хапайце якога-небудзь бога, хапайце мяне:
Маё няшчасце, маё шчасце — глыбокія, о цудоўны дзень, але ж не Бог я і не божае пекла: глыбокі боль свету.
8.
Боль Бога глыбейшы, о ты, дзівосны свет! Вазьмі ж цярпенні Бога, а не мяне!, Што я! П'яная салодкая ліра,
— паўночная ліра, нікому не вядомыя вяшчанні звона, але ўсё роўна ён павінен гаварыць, звяртацца да глухіх, о вышэйшыя людзі! Бо вы не разумееце мяне!
Мінула! Збылося! О маладосць! О полудзень! О гадзіна папалуднёвая! Вось настаў вечар, і ноч, і поўнач — сабака вые, вецер:
— хіба вецер не сабака? Ён скуголіць, брэша, вые. О поўнач! Як уздыхае яна і смяецца, як хрыпіць і задыхаецца!
Як цвяроза яна прамаўляе цяпер, гэта п'яная стваральніца вершаў! Ці не перапіла яна само ап'яненне сваё? Ці чувала яна? Ці жуе зноў і зноў сваю жуйку?
— у сне жуе яна журботу сваю, гэтая старадаўняя глыбокая поўнач, а яшчэ больш — радасць сваю. Менавіта радасць, калі ўжо глыбокі ў яе боль: але радасць глыбейшая, нават за скруху сэрца.
9.
Ты, лаза вінаградная! За што ты хваліш мяне? Я ж цябе зрэзаў! Я жорсткі, і вось — сплываеш крывёю: за што ты хваліш маю п'янкую жорсткасць?
«Усё, што ўдасканалілася, усё сталае — прагне смерці!» — так кажаш ты. Хай будзе дабраславёны нож вінаградара! А ўсё нясталае, на жаль, хоча жыць!
Боль кажа: «Прайдзі! Мініся, боль!» Але ўсё, што пакутуе, хоча жыць, каб стаць спелым, радасным, поўным жаданняў,
— ад жаданняў далёкага, найвышэйшага і светлага: «Я хачу нашчадкаў, — так кажа ўсё пакутнае, — я хачу дзяцей, я не хачу сябе».
А радасць не хоча ні спадчыннікаў, ні дзяцей: радасць хоча толькі самое сябе, яна прагне вечнасці, вяртання; хоча, каб усё было вечна роўным самому сабе.
Боль кажа: «Парвіся, сплыві, сэрца, крывёю!»
Што ж! Наперад! О маё старое сэрца! Боль кажа: «Мініся!»
10.
О вышэйшыя людзі, што вы думаеце пра мяне? Хто я? Вяшчун? Летуценнік? П'яны? Адгадчык сноў? Поўначны звон?
Кропля расы? Выпарэнне і духмянасць вечнасці? Хіба вы не чуеце? Не чуеце? Свет мой удасканаліўся, поўнач — гэта і поўдзень,
— боль — гэта і радасць, праклён — гэта таксама і дабраславенне, ноч — гэта і сонца; ідзіце прэч, а не, дык будзеце ведаць: мудрэц — гэта таксама і дурань.
Ці казалі вы калі-небудзь радасці «Так»? О сябры мае, тады вы казалі «Так» таксама і ўсякаму болю. Усе рэчы звязаныя ўзаемна, злучаны, прасякнуты ўзаемнай любоўю,
— ці хацелі вы калі-небудзь два разы таго самага, ці казалі вы калі-небудзь: «Ты падабаешся мне, шчасце! Імгненне! Міг!»? Тым самым вы хацелі, каб усё вярнулася!
— усё зноў, усё навечна, усё звязана, злучана, прасякнута ўзаемнай любоўю, о, так любілі вы свет,
— вы, вечныя, любіце яго вечна і заўсёды: і нават болю кажыце: «Мініся, але вярніся! Бо ўсякая радасць прагне вечнасці!»
11.
Усякая радасць прагне вечнасці ўсіх рэчаў, хоча мёду, закваскі, хоча п'янкой поўначы, магіл і слёз суцяшэння, хоча пазалоты вячэрняй зары,
— чаго толькі не прагне радасць! Яна больш пранікнёная, жахлівая, таямнічая, яна больш прагне, больш жадае, чым усякі боль, яна хоча сябе, яна ўпіваецца ў сябе, воля кола змагаецца ў ёй,
— яна хоча любові, яна хоча нянавісці, яна без меры багатая, яна дорыць, яна раскідае, яна просіць, як міласціны, каб нехта ўзяў яе, яна дзякуе таму, хто бярэ яе, яна хацела б, каб яе ненавідзелі,
— радасць такая багатая, што прагне болю, пекла нянавісці, ганьбы, калецтва, свету, — о, гэты свет, ці ж вы не ведаеце яго!
О вышэйшыя людзі, па вас маркоціцца гэтая радасць — неўтаймоўная, шчасная, — па вашым болю, вы, няўдахі! Па тым, што не ўдалося, маркоціцца ўсякая вечная радасць.
Бо ўсякая радасць хоча самой сябе, а толькі хоча і скрухі! О шчасце! О скруха! О скруха! О, рвіся, сэрца! О вышэйшыя людзі, навучыцеся і таго, што радасць прагне вечнасці,
— радасць прагне вечнасці і ўсіх рэчаў, прагне і глыбокай, глыбокай вечнасці!
12.
А цяпер, ці навучыліся вы песні маёй? Ці адгадалі, чаго прагне яна? Што ж! Цудоўна! О вышэйшыя людзі, паспявайце мне цяпер Заратустраву кругавую песню!
Самыя цяпер паспявайце тую песню, якая завецца «Яшчэ раз!», сэнс яе — «На векі вечныя!». Паспявайце, о вышэйшыя людзі, кругавую Заратустраву песню!
О чалавеча!Азнака
А раніцай пасля той ночы падхапіўся Заратустра з ложка, падперазаўся і выйшаў з пячоры, прасветлены і дужы, быццам ранішняе сонца, што выйшла з-за цёмных гор.
«О вялікае свяціла, — сказаў ён, як ужо казаў аднаго разу, — ты глыбокае вока шчасця, у чым было б тваё шчасце, калі б не было ў цябе тых, каму ты свеціш!
І калі б яны заставаліся ў жытлішчах сваіх, калі ты ўжо чуваеш, і ўзыходзіш, і дорыш, і надзяляеш, як бы абурылася гэтым твая гордая сарамяжлівасць!
Што ж! Яшчэ спяць яны, гэтыя вышэйшыя людзі, тым часам як я ўжо чуваю: не яны мае сапраўдныя паслядоўцы! Не іх я чакаю тут у маіх гарах.
За працу я хачу ўзяцца і пачаць свой дзень: але не разумеюць яны азнакаў маёй раніцы, і не кліч да абуджэння для іх маё крокі.
Яны яшчэ спяць у маёй пячоры, іх сонныя летуценні апіваюцца маімі песнямі ап'янення. Аднак вушэй, якія слухаюць мяне — слыху, які слухаўся б маіх слоў, — гэтага ім бракуе».
Так сказаў Заратустра свайму сэрцу пры ўзыходзе сонца; і тут жа ён запытальна паглядзеў угору, бо ўжо чуў над галавою пранозлівы крык свайго арла. «Што ж! — усклікнуў ён. — Гэта мне падабаецца, так і павінна быць. Звяры мае прачнуліся, бо прачнуўся я.
Арол мой чувае і, як і я, славіць сонца. Арлінымі кіпцюрамі хапае ён новае святло. Вы мае, сапраўды мае звяры. Я люблю вас.
Але яшчэ не хапае мне сапраўды маіх людзей!»
Так сказаў Заратустра; але раптам пачуў вакол сябе трапятанне і шлопанне крылаў, быццам ад безлічы птушак, і гэты шум, і мітусня над галавою былі такія вялікія, што ён заплюшчыў вочы. І сапраўды, здавалася яму, быццам цэлая хмара апусцілася на яго, быццам хмара стрэл пасыпалася на толькі што прыдбанага ворага. Але гэта была хмара любові над галавой толькі што прыдбанага сябра.
«Што гэта са мною?» — падумаў Заратустра, здзіўляючыся ў сэрцы сваім, і павольна апусціўся на вялізны камень каля ўвахода ў пячору. Але калі ён, махаючы рукамі, адхіляў ад сябе птушак, якія пяшчотліва акружалі яго з усіх бакоў, сталася яшчэ больш дзівоснае: бо нечакана для сябе ён запусціў рукі ў касмылі густой, цёплай поўсці; і адразу пачуўся рык — працяглы, але рахманы ільвіны рык.
«Азнака праўдзіцца», — сказаў Заратустра, і сэрца ў яго перамянілася. І сапраўды, калі прасвятлела, ён убачыў, што каля ягоных ног ляжыць магутны звер з жаўтлявай поўсцю, які прынік галавою да ягоных каленяў і, поўны любові, не хацеў адыходзіць ад яго, быццам сабака, які знайшоў свайго гаспадара. Аднак і галубы выказвалі не менш гарачую любоў, чым леў; і кожны раз, як які-небудзь голуб пралятаў над носам ільва, той трос галавой і смяяўся, даючыся дзіву.
На ўсё гэта Заратустра сказаў толькі адно: «Дзеці мае блізка, дзеці мае», — і пасля гэтага замоўк зусім. Аднак развязаліся повязі сэрца яго, з вачэй пабеглі слёзы і пачалі падаць на далоні. І больш ужо ён нічога не заўважаў і сядзеў нерухома, не адмахваўся ад птушак, якія яго акружалі. Галубы адляталі і прыляталі, садзіліся яму на плечы, лашчылі яго сівізну і не стамляліся ў пяшчоце сваёй і радасці. А магутны леў няспынна злізваў слёзы, якія падалі на рукі Заратустры, рахмана пры гэтым рыкаючы. Так паводзілі сябе звяры.
Усё гэта доўжылася даволі працягла, а можа, наадварот, нядоўга: бо на самай справе ў такіх рэчаў наогул не бывае часу на зямлі. Тым часам у Заратустравай пячоры прачнуліся вышэйшыя людзі і сабраліся былі наладзіць своеасаблівае шэсце — выйсці насустрач Заратустру і сказаць ранішняе вітанне: бо, прачнуўшыся, яны ўбачылі, што яго сярод іх няма. Але калі яны падышлі да выхаду з пячоры і пачуліся іхнія крокі, леў насцярожыўся, і выгляд ягоны зрабіўся грозны; ён адразу адхіснуўся ад Заратустры і з дзікім рыкам скокнуў да пячоры; а вышэйшыя людзі, пачуўшы ягоны рык, закрычалі ў адзін голас, кінуліся назад і імгненна зніклі.
А сам Заратустра, уражаны і рассеяны, не разумеў, што сталася, устаў з каменя, здзіўлена азірнуўся, пытаючыся ў свайго сэрца, і, схамянуўшыся, убачыў, што ён адзін. «Што ж гэта чуў я? — нарэшце прамовіў ён павольна. — Што гэта толькі што здарылася са мною?»
І вось — памяць зноў вярнулася да яго, і ён імгненна спасціг усё, што адбылося паміж учарашнім і сённяшнім днём. «Вось той камень, на якім я сядзеў учора раніцай, — сказаў ён, пагладжваючы бараду, — сюды падышоў вяшчун, тут жа я пачуў і першы раз той крык, які чуў толькі што, вялікі крык на дапамогу.
О вышэйшыя людзі, гэта вашую бяду прадказаў мне ўчора стары вяшчун, — вашай патрэбай хацеў ён спакусіць і спаняверыць мяне: «О Заратустра, — сказаў ён мне, — я прыйшоў, каб увесці цябе ў твой апошні грэх».
«У мой апошні грэх? — гнеўна ўсклікнуў Заратустра, засмяяўшыся з сваіх слоў, — што было наканавана мне як апошні грэх?»
І зноў Заратустра адышоў у сябе, і зноў задуменна апусціўся на камень і задумаўся. Раптам ён ускочыў.
«Спагада! Спагада вышэйшаму чалавеку! — усклікнуў ён, і твар яго спахмурнеў і пасуровеў. — Што ж! На гэта — быў свой час!
Мае цярпенні і спагада мая — што мне да гэтага! Хіба да шчасця імкнуўся я? Я імкнуўся да справы сваёй!
Наперад! Явіўся леў, блізка дзеці мае, выспеў Заратустра, настала мая гадзіна:
Гэта мая раніца, мой дзень загараецца: уставай, падымайся, Вялікі Полудзень!»
Так сказаў Заратустра, пакідаючы сваю пячору, прасветлены і дужы, быццам ранішняе сонца, што выходзіла з-за цёмных гор.