Плача ў вокны туман...

Лірыка

Чакс Аляксандрс


Вершы

Хлопчык з падбiтым вокам

Калi, як маўклiвы дакор, на памяць
прыходзiць хлопчык з падбiтым вокам,
я зноў iх прыгадваю ўсiх.

Бацька -- здаровы як бык, стары грузчык, прапылены
вугалем п'янiца, бабнiк, аматар пабiцца.

Мацi -- бледная, быццам збанок той, з якiм на рынак
шторанiцы бегае, грудзi ў яе -- як дошка, а валасы --
як салома, i добрае сэрца.

Жывуць у падвале: там лесвiца пахне эсэнцыяй "Кошкi i сырасць",
пакоiк -- капустай, цыбуляй; там пуста, адно на вяроўцы
сохне бялiзна, а сонца там бачаць, бадай,
не часцей за аэраплан.

Калi, як маўклiвы дакор, на памяць
прыходзiць хлопчык з падбiтым вокам,
я зноў iх прыгадваю ўсiх.


Жыццёвая мудрасць

Дзе ззяюць на сонцы аўто i на скрыжаваннi з'язджаюцца
разам трамваi,

За дзядзькам вялiзным, як гмах, дзятвы чародка ледзь
паспявае.

Быў вечар, вясна i неба, блакiтнейшае, чым дзядзькавы вочы
i гарэлка ў кiшэнi ў портках.

Дым, чад i, вясновую чыстасць туманячы, вылi сiрэны
над горадам -- з порта.

Быў вечар, субота i грошы -- каб пiва купiць i кахання,--
адчынiць паддувала палкасцi жарнай.

Каб недзе гадоў праз дваццаць, у брудным жабрачым прыюце
над мiскаю сёрбанкі рыбнай, на ложку рыпучым
не жалiцца ўпотай самому сабе, што юнацтва
прапала марна.

Факстэр'ер пана натарыуса i грузчык

Субота.

Пан-натарыусаў
факстэр'ер
сядзеў на акне,
як фiкус,
i брахаў
на старога грузчыка,
што гнуўся пад плотам
ад цяжару
выпiтае гарэлкi,
бы ў порце ранiцай
пад мяшком вугалю.
Грузчык пакрыўдзiўся,

--Сучы ты сын,-- ён кажа,--
чаго ты тут звягаеш, нiбы буржуй?
Лепей бы лёг пад парогам i пiльнаваў,
каб гаспадарскiя грошы не сцiбрылi!
Бач ты яго,
Брэша, нябось, што я п'яны!

Што ж,
мне i выпiць больш нельга?
А сынку твайго пана
можна
скакаць з галаногiмi дзеўкамi,
што аж падлога трасецца,
як грудзi?
Я хачу весялiцца!
Гэтыя грошы --

каму ашчаджаць iх?

Жонцы, што кiнулася ў Зунд?
Цi сыну,
якога забiлi
на нейкiм паганым балоце?
Не-е, сабачыска!
Заткнi сваю зяпу,
а не, дык шалёхну
вось каменем гэтым...

-- Эй, хто там крычыць!--
палiцэйскi рыкнуў.

-- Гэта я-а-а, пане палiцэйскi,
недзе тут шапка прапала,
дык подлую лаю якраз,--
грузчык яму адказаў,
апошняе сiлы набраў
i павалокся далей.


Агонiя

Каля рэстарана шыкоўнага ўчора ў рамiзнiка здохла
кабыла.

На брудным снезе ляжала яна мiж аглобляў,
нiбыта на ложку, з карычневай пенай на храпе –
здавалася, пiва пiла.

Рамiзнiк жывёлу бязлiтасна пугай спярэзваў, нагою
шпыняў, каб устала хутчэй i салiднага пана
завезла да клуба.

А пан гэты губу адкапылiў капрызна, гразiў заплацiць
палавiну ад згоджанай платы.

Кабыла ляжала абмякла, нiбы пасля ласкi жанчына,
i толькi бакi лiхаманкава хутка хадзiлi,
як шчэлепы ў злоўленай рыбы.

Рамiзнiк за хвост ухапiўся, кабылу крыху
падняў.

Абурана бабы навокал клялiся, дзятва верашчала, мужчыны
давалi парады.

Кабыла мiж тым спруцянела, маленькаю лужынкаю на бруку
на снезе дыханне замерзла.

Тады падышоў палiцэйскi, паслаў па радно i па санi --
каб падла з дарогi прыбраць.

Пасля закрычаў: "Разыдзiсь!" i горда вярнуўся
на пост.

Каля рэстарана шыкоўнага ўчора ў рамiзнiка здохла
кабыла.


Рэквiем

Ляжаў у натоўпе з рассечанай скроняю ён на панелi.

Каптан на iм зашмальцаваны льснiўся, штаны, чаравiкi,
калiсьцi таксама абновай былi.

Ляжаў у натоўпе. I людзi навокал яго абвiвалiся, быццам
ажылы цярновы вянок, якi ён насiў ад роду.

А вочы нямыя былi, пустыя, як дулы ў вiнтовак, i твар
у яго быў шэры, як брук, што прыняў яго мёртвае цела.

Дарэмна чакаў гаспадар i колiшнi вэксаль, як гора ў трушчобе,
куды i за грошы трамвай не паедзе, дзе ўбачыш аўто
гэтак жа рэдка, як добрую долю.

Дарэмна чакала i лесвiца i на паддашку пакоiк з пасцеллю
жабрачай, як сам ён i ежа яго.

Дарэмна -- ён быў ужо мёртвы. Ляжаў у натоўпе, бы ў нэндзы
жыццёвай i сённяшняй смерцi.


Што ён гэтым хацеў сказаць?

Быў душны, спякотлiвы полудзень.

Калека адзiн, бязногi ў трантах калека ўпаў каля ганка,
дзе ў доме жылi багатыя людзi.

Можа, лёг адпачыць? Не, яго напаткала раптоўная смерць:
твар ягоны збялеў, як экран, i ў лёгкiх дыханне заглухла.

Ён ляжаў на прыступках наўзнакi. Кашуля выпаўзла з портак,
i жывот загалiўся. Рот зеўраў, як студня, як вулкана
патухлага жарало, што ўсё жыццё вывяргала праклёны
няўдаламу шчасцю.

На грудзях, як вяроўкi, ляжалi бяссiлыя рукi, i мухi па
брудных далонях снавалi, быццам выведнiкi: раптам
схаваў ён дзе грошы, якiх яму людзi панадавалi?

Навокал, хiтаючы галавою, стаялi цiкаўныя людзi.-- Выклiкаць
хуткую,-- нехта з iх вякнуў. -- Дарма! -- заверашчалi
жанчыны ўсе разам,-- у морг, хай разрэжуць!
Бо гэта ж заразнае нешта.

-- Што мелеце,-- буркнуў мужчына.-- Галеча -- страшней
за любую заразу. Пасля падышоў да нябожчыка i нагнуўся
-- Я ведаю, хто гэта. Бiўся з Бермонтам, а потым
гадамi жыў у начлежцы. Я ў дворнiках там.

Народ, як хмызняк, развёўшы рукамi, пайшоў па дапамогу,
каб звезлi калеку ў трупярню. За iм шыбавала дзятва
i вочы лупiла, цiкуючы, як ён носiць шапку, як ходзiць
спаважна, шырока ступае.

А труп? Ён ляжаў. Толькi ногi слабыя ў калекi, адцятыя
па каленi, куксы, абшытыя скурай, задралiся, цэлячыся
ў натоўп i ў багатыя вокны, як грозныя люфы гармат.

Што ён гэтым хацеў сказаць?


Асфальтоўка вулiцы

У катле з двума коламi знiзу абапал, як вушы, i з доўгай
аглобляй ззаду, як хвост у малпы, у ржавым катле варыўся
асфальт.

Чорны, як сажа, чорны, як труп, чорны, як дзёгаць, блiскучы,
як лiмузiн у праменнi, варыўся асфальт, калыхаўся ў катле,
як у танцы жывот негрыцянкi, скварыўся, пыхкаў i жарам
калоў, як штыхом.

Варыўся асфальт, i едкi, востры смурод, як нажом рэзаў
ноздры, горла горкiм курчам сцiскаў, як хiнiн.

Дым шэры, дым чорны, густы, як жалобны крэп, падымаўся
па лiпах, што к сонцу ў воблаку пылу цягнулi далонi,
даханне вяроўкай вязаў, бессаромна ахутваў жанчын,
абгрызаў, як пацук, з iх духмянасць парыжскай парфумы.

Мужчына, вялiзны, як печ, карычневы, як алiфа, стаяў
з чарпаком, падобны на голаў быка, i разлiваў у вёдры
чорны асфальт з катла, -- з катла, дзе варыўся асфальт,--
асфальт.

Трое мужчын, рытмiчна i чотка грукаючы драўлянымi чунямi,
вёдры насiлi i вылiвалi iх на дарогу.

Васьмёра радком на каленях, спiны да неба, раўнялi асфальт
акуратна, як чорнае масла на скiбцы, раўнялi яго,
прыцярушвалi жоўтым пяском, як персiдскiм шафранам,
раўнялi, каб заўтра па iм чароўныя чокалi ножкi жанчын,
генii пераступалi i слалiся крокi лiслiвых падлюгаў.

***

Увечары,
у ветраны кастрычнiцкi вечар,
калi нейкi п'янчуга
стаяў пад лiпамi
ў цемры
i злiваў у вадасцёкавы люк
выпiтае пiва,

у гэты вечар
аўто,
мiма яго летучы,
лiхтары выключалi.

Адзiнокiя дзевы,
убачыўшы гэта,
у каўнер галаву ўцiскалi.

Апалае лiсце
шалахцела на вулiцах,
быццам шоўк.

Высока ўзнесеныя
самотныя лiхтары
праходжыя
часта блыталi з зоркамi.

Перад нейкай аўдыторыяй
знакамiты прафесар
казань пра вечнасць казаў.

У оперным тэатры
закончыўся
чацвёрты акт "Багемы".
Мэры Джонсан i Дзiта Парло
узнёсла цалавалiся на экранах.

У найлепшым бары
пачалi скакаць танга
шэсцьсот напарфумленых пар.

Нейкая кабета
на вулiцы Дзырнаву
збавiла цану сабе
на 30%.

У шынку на ўскраiне горада
камусьцi бутэлькай
рассадзiлi чэропку.

На Суседскай вулiцы
на гуце
рабочаму
адарвала руку.

А радыё паведамляла:
знойдзены,
знойдзены
радыкальны супроцьзачаткавы сродак.
Янкi ў штаце Нью-Йорк
не прызнаюць болей шлюбу.
У Мексiцы
шэсцьдзесят чацвёрты мяцеж.

Увечары,
гэта было ў кастрычнiцкi вечар,
калi нейкi п'янчуга
стаяў пад лiпамi
ўцемры
i злiваў у вадасцёкавы люк
выпiтае пiва.


У гэты вечар

У гэты вечар мне хочацца марыць
пра ўсё, што вышэй за вежы.

У скверы на лаўцы --
на лаўцы, мiма якое ляцiць трамвай,
цi ж не чуеш духмянасцi лугоў
чароўна пахучых, пяшчотных,
як дождж?
Проста там бярозы ў блакiце неба
бела стаяць, як у лёлях начных.
Пахне язмiн.
Каровы ўздыхаюць у стойлах.
У хлевушках малых, як зарплата,
можна паспаць на сене,
на сене, якое цалуе цябе.

У гэты вечар мне хочацца марыць,
толькi марыць
i забыцца, што грошай няма,
што зеўраць падэшвы,
што заўтра
мусова знайсцi трэба працу.


Кепска

Кепска:
вось я -- латышскi паэт,
пра што мне спяваць?
Сэрца ў мяне ў грудзях
кволае, ссохлае,
быццам на крэсле
пацёртая скура.

О, каб я быў негрыцянскi паэт --
я спяваў бы пра губы
цёмныя, цёплыя,
бы ў лiпенi,
ночы бяззорныя,
спяваў бы я пра дзяўчат
дужых,
карычневых,
быццам зямля,
спяваў бы я пра свабоду
недасягальную,
як у небе хмурынка,--
о, каб я быў негрыцянскi паэт.

А што я -- цяпер?
Чаго варта свабода?
Дзяўчаты -- худыя,
губкi свае,
як тканiну,
фарбуюць,
радыёвежы навокал,
падэшвы гумовыя --
мы ходзiм на iх
цiхмяна, як кошкi,
думаем цiха
i памiраем цiха...


Жанчыны

На вакзале, выпадкам застраўшы,
Як пiсьмо без маркi,-- час я тоўк.
Тоўстыя жанчыны, быццам баржы,
Праплываюць праз густы натоўп.

Пасля выпетраных блюзным джазам
З ласкавымi кiпцiкамi пань
Я ад радасцi -- ну, чыста блазан,
Во! жанчыны дзе, ты толькi глянь!

Едуць у свае гасподы ўлегцы,
Дзе з нуды скруцiўся б сатана,
Каб ужо назаўтра па калейцы
Поезд ношкi пэндзiў дацямна.

Ногi тоўстыя: наверне ступа
I расплешча ўшчэнт усё тады --
Брук ад iх здароўя крэкча тупа,
Енчаць лесвiцы ад iх хады.

Шкода, што Верхарн пражыў так мала,
Вось бы ўцеха i ў яго была б --
Пасядзець са мной сярод вакзала,
Сэрца ўлешчыць спрытам гэтых баб!

I калышуцца клубы, як жорны,
I п'яняць, як вылежалы ром:
З ношкамi, з цабрамi, у тры горлы
Усе пруцца разам напралом.

Галасы, як трубы,-- ад такога
Аж умлее кволенькi эстэт.
Дзiва што, абудзiць i ў старога
Колiшнi юрлiвенькi iмпэт.

Пасля выпетраных блюзным джазам
З лакавымi кiпцiкамi пань
Я ад радасцi -- ну, чыста блазан,
Во! жанчыны дзе, ты ж толькi глянь!


У трамваi

Спаднiчку
задраў
за каленi
вачыма.

Паненка насупраць сядзела
халодная,
быццам трамвайныя прэнты
пры дваццацiпяцiградуснай сцюжы.

Ах, панька-паненка,
каб ведалi вы,
што сэрца ў маiх грудзях
стукоча-грукоча,
як вашыя тонкiя пальцы
на клавiятуры машынкi "Royal",
адстукваючы цыркуляры мiнiстра.

Паненка насупраць сядзела
халодная,
быццам трамвайныя прэнты
пры дваццацiпяцiградуснай сцюжы.

Бо што ёй
той хлюст
у стаптаных абносках i ў кепцы?
Паненка спяшаецца на вечарынку --
пацягваць у млявай ляноце лiкёр,
чарльстонiць шалёна
i ў чатыры гадзiны
у шэранi золку аддацца
маладому, у фраку, хлышчу.


Прызнанне

Плача ў вокны туман... Мой прысуд, мой вырок --
Ты адна мне любоў і надзея.
І адкуль ён на вуснах тваіх дзіўны сок,
Нібы кветка дрыготліва рдзее?

Ты па шумным бульвары прайшла, і няўзнак
Тугу ў змучаным сэрцы нясу я.
І вунь там, дзе капейкі жабруе жабрак,
Скруха сэрца мне скора здрасуе.

З таго часу бульварам хаджу і лісты
З клёнаў з марнай надзеяй зрываю:
Што, калі цалавала каторы з іх ты? --
Ані знаку... І прэч адкідаю.

Ці заглядваць у вокны нясцерпна карціць --
Раптам бліснуць адтуль твае вочкі?
Але птушка надзеі угору ляціць
І пад ногі мне падае моўчкі.

Дзе ты, мілая, дзе?.. Можа пробліск магу
Улавіць з аблачынкі нябогай?
Альбо, можа, пакінула толькі тугу,
Што у вершы пульсуе трывогай?

Плача ў вокны туман... Мой прысуд, мой вырок --
Ты адна мне любоў і надзея.
Гэта ж кроў на губах тваіх, можа, не сок,
Мая кроў, нібы кветка, ірдзее?


Элегія

Можа, сэрца спачне ад жыццёвай дакукі,
І шум вулічны кіне нарэшце мяне,
Як навечна складуцца знямоглыя рукі,
І пад каменем цемра мне вочы самкне.

Будзе ў рынах бруд па-ранейшаму цекчы,
Будзе слізкі асфальт у наплывах вады,
А мяне асвятляцьмуць хаўтурныя свечы,
І залішніцца буднасць ужо тады.

Будуць ліпы буяць у пчаліным гудзе,
І трамвайным звонам звінець гарады,
А маё жыццё развітвацца будзе
З гэтым светам дзівосным назаўжды.

І ніколі-ніколі, ні позна, ні рана
Не вярнуся ў яго да будзённых уцех,
Без мяне брудны брук неспадзявана
Апранацьмецца ў першы бялюхны снег.

Я адзін у бясчулым роіве зорак
Паплыву туды, дзе ў вечных вірах
Не дастане мяне ўжо ніякі паморак,
Дзе свежага сена не ўспомніцца пах.


Запрашэнне

Вечарамi
не трэба
на зоркi глядзець,
дарагая,
седзячы каля варот:
яны -- як паэты,
свецяцца толькi па смерцi.

Бачыш,
у падвале
дворнiкi запалiлi свечку,
селi вячэраць --
брынкаюць
лыжкамi па мiсках,
быццам трамваi.

Мокрыi тонкi,
быццам паркаль,
на тратуары
стомленыапусцiўся туман.

Месяц,
як масла, жоўты.
Шкода,
што хлеба няма
i нажа --
дзе
iх узяць?

Хлеба пад'есцi
няблага
з жоўтым
маслiцам мар.
Я i ты
цiха сядзелi б разам.

Галаву я паклаў бы
табе на каленi,
нiбы на воблачка ў небе.
Пальцы твае
на гарачых шчоках
мне здалiся б халоднымi
кроплямi дожджыку.

А зiрнi ж,
туман -- аж да месяца,
як мурашынае крылца,
тонкi.

Страх бярэ дрэвы,
дрэвы ў поце
халодным,
як медная клямка...

Вечарамi
не
сядзi
каля
варот,
дарагая!

Дома камiн запалю,
укiну трынаццаць паленцаў.
Абедзьве падушкi
сцягну на падлогу,
коўдраю iх засцялю,
якую калiсьцi прывёз
з юрты кiргiзскай.

Блiзiцца
ноч,
а ў аконца
ніяк
не ўлезе:

штору апусцiм
мяккую,
як твае
валасы.

Разую цябе
i туфлi закiну.
Сядзем блiжэй да агню,
каб аж дым пайшоў
ад адзежы,
як пара з кабылы.
На вусны твае
апусцiцца
птушка маўчання.

У зрэнках маiх
ты сядзеш
уся,
як у абдымках.

I раскажу я табе
пра хлапчука,
якi хадзiў па дварах
i паказваў
фокусы.


Нечае жыццё

Учора
на Гертрудзiнскай вулiцы,
каля мэблевай фабрыкi Мiшкiна,
у клопат унураны свой,
я абагнаў
мужчыну сярэдняга веку,
службоўца
не дужа высокага рангу,
а можа, прыказчыка з нейкае крамы --
была ўжо на восьмую палавiна,
i сонца па дахах скакала.
Ён быў сур'ёзны,
аж нейкi змрочны
як над пацыентам хiрург,
як касiр, якi пералiчваў мiльёны,
з сялёдкай у руках i з фунтам цукру,
iшоў памаленьку,
як быццам стамiўся без краю --
бо трэцi ўжо тыдзень, як ён
жонку сваю пахаваў,
ласкавую сонейка-жонку,
з рыжымi кудзеркамi, бы кляновае лiсце,
трэцi ўжо тыдзень
кватэра была непрыбраная,
з дзвярыма на кухню наўсцежу,
трэцi ўжо тыдзень
хадзiў ён павольна,
нiбыта вельмi змарыўся
i нёс
на правым плячы,
рукою трымаючы,
свайго мальца,
нёс яго,
як Хрыстос
нёс крыж на Галгофу.


* * *

I вы яшчэ пытаецеся ветлiва,
чаго я разгневаны,
чаго я так лаюся брыдка --
быццам мяне не пусцiлi ў шынок...

Калi цябе ўнiзiлi i аплявалi,
няўжо ты даруеш,-- нiбы ненаўмысна
гузiк табе адарвалi?

Дзе ж вы былi,
калi мне з грудзей
выбiлi сэрца,
як чарку з рукi, як вока...
А гэта ж -- сэрца!
Дзе ж вы былi тады?!


Тры кнiгi

Кнiгу
выдатную
я напiсаў--
пра душу,
пра мастацтва,
пра вечнасць.
Выпусцiў,
а кнiгарнi
ўсе як адна
яе адхiлiлi.

Што,
я зажурыўся?
Не!
Надрукаваў
другую
палымяную кнiгу
пра братэрства,
пра дапамогу блiзкiм,
пра святасць культуры.

Марна
я кнiгу шукаў на вiтрынах
сярод дэтэктыўных раманаў,
выяваў красунь
i мадэрновых чарнiлiц --
марна.
Калi ж я зайшоў у кнiгарню
i кнiгу сваю папытаў,
палымяную
кнiгу сваю,
дзяўчына з мадоннiстым тварам,
духмяная,
быццам прыма-цыгара,
усмiхнулася лёгка:
-- Пане,
у нас не сiроцкi прытул
i не таварыства аховы жывёл!
У той восеньскi вечар туманны,
калi на бульварах
пад лiпамi
замест кветак пахлi
толькi панельныя дзеўкi
i ў мораку мчалi аўто
двума распаленымi
сонцамi,--
я вярнуўся дамоў,
зняў чаравiкi,
шпурнуў у акно,
аддаў гаспадынi пальто
як плату за цёмны пакой,
сеў i напiсаў
новы опус:
"Практычная рада
марнатраўцам,
зладзюгам,
забойцам,
фальшываманетчыкам,
халасцякам,
пачаткоўцам-паэтам,
праваленым гiмназiстам,
шафёрам
i тым, хто не ўмее скакаць".

Дваццаць кнiжных магнатаў
бiлiся
за гэтую кнiгу,
як за субсiдыю ўрада.
I калi яна выйшла,
тысячы яркiх рэклам
асвятлiлi народу
назву кнiгi
маёй.

Побач з пакрышкамi Даплона,
з Хларадонтам
i пудрай Кацi
на ўсiх скрыжаваннях
з вiтрын i слупоў
наплывала на вас
аблiчча
вузкае i худое
ад ночаў бяссонных
i абедаў,
з'едзеных толькi ў сне.

Наёмныя
гарлапаны
лямантавалi:
"Хай жыве!"

Каля незнаёмых партрэтаў
гадалi бадзягi i школьнiкi:
--Хто гэта?
Ён,рэкардсмен галадовак?
Японскi баксёр,
чарговы супернiк Дэмпсi?
Цi якi-небудзь славуты злачынец?
Паненкi "кумiр мой!" --
шчабяталi.

А адна модная
тытунёвая фабрыка
выпусцiла
з найгоршага тытуню
найлепшыя цыгарэты
маім імем
назвалі.


Хараство беднасці

Мая драгая,
ты на балях прыгожых,
а я
палохаю ў цёмных дварышчах прахожых.

Я скалеў,
я дзівосамі рознымі разбандзюраны,
быццам забіў я дванаццаць сабак
і акрыўся іх псінымі скурамі.

Мокры снежны тварог
абхляпаў вуліцы, дахі.
Я прынік да конскае храпы,
каб панюхаць аброчныя пахі.

Дарагая,
калі ты з нечагась рада,
губы ў цябе вільготна памажаныя,
а я пакуль цешуся -- кашляю
і лёгкімі грю табе серэнаду.

Дарагая,
там, пэўна, горача надта.
Хочаш,
сняжынак табе нахапаю
і пашлю
замест дарунка з афіцыянтам?

Ты ўсміхаешся.
Па-твойму, з логікай гэта не мае згоды.
Ты ўсміхаешся
і просіш марожнага для ахалоды.

І тады -- о божа, о людзі!
О жудасць!
Хутчэй жа выходзь, выходзь, не марудзі!

Я далоні растапыру
як на бруку персідскі кілім,
дагары нагамі я стану на ім
і матылькоў сініх выпушчу вырай,
цыркавога слана ў аброці, --
толькі выходзь ты.
Бо ўжо я ўбачыў,
як падыходзіць
нейкі рыжы лядашчык
і схіляецца хітрым фацэтам.
-- Скажыце,
куды вы едзеце летам?

Ах, чаму я не ўдаўся ў маўра!

Тут якрз на падлёце
афіцыянцік з марожаным
у ружовы крышталь паложаным,
як жоўтая слязіна іхтыязаўра.

Ах, ты божа мой,
сэрца, чаго ты такое трывожнае?

Мары -- гэта залатая лыжка,
каб за так наесціся, на дурніцу,
і мне калі яшчэ такое прысніцца:
праз муры, праз шыбы і праз адлегласць
есці з табою марожанае -- прыемнасць,
з табою ўсялякія лёды --
верх асалоды.

Любая, ты чуеш маё дыханне
над крышталёваю прахалодаю сподка?
Параходы
гушкаюцца ў акіяне,
а мяне крыху млосціць хвароба марская,
прамянём у бок можа мне ўперціся зорка,
далёкая зорка, такая...

Ну, як наконт рыжага валакушы?

Ды каму трэба яго сто кілаграмаў тушы.
Мая драгая,
любая,
спакушальна-святая,
без памяці любіць марожанае.

Сэрца,
чаго ты такое ўстрывожанае?


Балада пра яблычны пах

Сквар.
Смурод ад газет і бензіну.
Чарней за рызіну
Брудны з учора бульвар.

Нуда, як кашмар.

У небе блакіту -- ані.
Іду і цалую
Падэшвамі мулю густую.
І хоць ты сэрца, як ноздры, заткні.

Аж во! прыгода --
Дзе стаяла падвода
Са свежым хлебам,
Дзе ад муру ідзе прахалода,
Дзе сонца спаўзае з неба --
Дзе злізвае дажджавая рына
Леташнік прэлы і мошкі,
Стаіць -- не дзяўчо, не дзяўчына --
Дзеўчанё -- худзенькія ножкі.

У руках яна кошык трымае.
(Неба -- моташнасць душу вымае.)
Чырвоныя, налітыя, мокрыя
Яблыкі ўкладзены горкаю,
Пахнуць тонка -- аж дух займае.

У вулічным брудзе, людской пацярусе
Пад бессаромны ляскат трамваяў,
Што ж гэта я застыў, як трусік,
Што ж гэта я не хапаю?
Альбо громам мяне аглушыла,
Альбо ў галаве апілкі,
Альбо я разбіты, пакінуты,
Нібы старая машына?

Гэтую кругласць пунсовую,
Што блішчыць на сонцы духмяна
Жоўтым, ружовым дурнап’янам,
Што ж гэта я па кішэнях не соваю,
Каб пасля ў падваротні дзесьці
Потайкам схрупаць іх, з’есці?

Што ж гэта я?

Няўжо гэты пах
Так дзівосна, так мокра лагодзіць,
Так моцна не собіць волі?

Не абыходзіць,
Калі я памру, пакінуўшы молі,
Поскудзі гэтай, лядашчыя шмоткі, транты,
Можа, заўтра, а можа, зараз,
Проста на тратуары,
Дзе вітрыны падміргваюць, нібы какоткі, франты.
Памру з папяроскаю ў руцэ,--
Сэрца аддаўшы рацэ...
Цяпер мне здаецца,
Быццам гадзюкамі я пакусаны,
Быццам у галаве шумяць усе акіяны,
Быццам брагі насёрбаўся я п’янючай:
Над сусветам улада
Гэтай яблычнасці пахучай.
І што мне цяпер
Да цёпла-мярзотлівага смуроду
Ад сметнікаў, люкаў вадаправоду,
Ад чыгунных рашотак, тынку і цэглы
І каміноў,
Што ў неба ноздры нацэлілі?

На крук
Сваіх летуценняў павешаны,
Раптам цягнуся да ліхтара --
Расінкі з шыбін на палец сабе нанізаць,
Каб усім, як ззяюць яны, --
Паказаць.

Грудзі рассек даланёю,
Як птушку дастаў я сэрца,
Сонца,
Сонца дыханнем падхукваю --
Каб золатам яму разагрэцца!

Пах.
Адкрыўся мне бег падзей запаветны.
Яблычны пах.
Ён мне абсяг
Сусветны.

Пах,
Дзівосны яблычны пах,
Ты
Марам маім падстаўляеш крэсла,
Каб мары прыселі.

Прашу цябе:
Дайся, дайся мне ў рукі,
Мяккі, вільготны, як морак асенні.

І калі я пайду да каханай,
На шчасцейка нішкам
Цябе панясу пад манішкай, --
Каб палкасць мая была акіянам.

Хай мною, як яблыкам, любая схоча напіцца.
Хай вып’е ўсяго.
А губы мае ад шчасця таго
У сэрца папросяць не біцца...

Пах,
Пах яблыкаў,
Свежых, крамяных, дзёрзкіх ранетаў...
І я раблюся прасторай,
Я раблюся сусветам...

Яблычны пах.


А ці было гэта шчасце?

Двое,
На канапе зялёнай і цвёрдай, бы каска,
Ім добра.
Прыцемкі пахлі, як воск.
Перагаворваліся
У кнігах літары на паліцы,
І пыл,
Пыл сплываў у свет цяжка і доўга.
Дзявочае сэрца,
Я чуў, пад маёй даланёй трымцела,
З яе вуснаў,
Як пахошчы, плыла яе кроў.
Шчасце?
Можа гэта было шчасце? не?
Можа, карыя вочы яе?
Можа, яе пацалункі, што спалі на вуснах, бы ў сотах,
Шчасце?

І хмары сплывалі так нізка,
Што нават вільгаць з вачэй убіралі
І дыханне спынялі, як птушку.
Шчасце?
Чаму ж не магу я ў сабе затаіцца,
Чаму не магу ўсяго пазбыцца,
Замкнёнай прасторы,
Пакоя, у якім мы сядзелі,
І дываноў?
І чаму мне свет – як нож, што працяў мазгі?
Ці не таму, што быў я слабы,
Што не мог зрабіць тое, чаго так прагнуў?

Нарэшце я зразумеў:
Усё,
Усё, што прымаў я ў сябе, --
Нікчэмнасць.
А шчасце?
А птушка, якая махнула крылом у акно?
Апґянеласць,
Снег.
І нарэшце я зразумеў.

А на дварэ вецер
Скрушліва граў на жоўтай домры месяца,
У лужынах плавалі залатыя астры ліхтароў,
І недзе далёка
Змрочна
Нуда падымалася, нібы Манблан.


Пярсцёнак

Калі ты ўвайшла
паходкаю пругкаю вулічнай дзеўкі,
якой у абдымкі можна кінуцца, быццам у смерць.

Ты ўвайшла.

На ліпавым лісці блішчала дыханне сусвету.
Дзесь пад зямлёю
мышы пішчалі,
і ў поўсці мышынай
апілкі, як золата,
ззялі.

Ты ўвайшла і сказла:
-- Я ўвечары буду.--
Па небе птушкі ляцелі цёплыя,
нібыта кроў.
Праз горад, дамы, пераходы
я дыхаў морам,
і паапала вусны
туманная мжа,
і храбусцеў на зубах
пясок, узбураны ветрам.

“Я ўвечар буду” –
гэтыя словы
у сэрца ўвайшлі,
і я затрымцеў, як раса.

Вечар.

Завесіў я вокны.
Усе.

А каб ад цябе ўберагчы,
я сэрца схаваў на паліцы,
за кнігі сівыя,
за ўспаміны,
за шклянкі, якімі я піў.
Тры свечкі я запаліў --
чырвоную, сінюю, чорную.
І ложак заслаў жоўтаю коўдраю,
якая ўбірае, бы губка,
пот, і стогны, і гарач,
а побач паставіў услон,
на які можна кінуць
і ўціснуць падсвечнікам медным
сукенку тваю.

Калі ты ўвайшла,
раптоўная, быццам прадзьмушка,
як пах, што ўсё забівае, ўвайшла...

Ты ўвайшла...

Ад жару твайго
коўдра, якая спаўзла на падлогу,
раптам скруцілася, быццам бяроста, кальцом.
Ад страху агонь пырхнуў са свечак
і кінуўся бегчы ў цямноцце.
Ты ўвайшла.
З усмешкай
з паліцы ўзяла маё сэрца,
дыхнула на сэрца --
і надзела яго,
як пярсцёнак, на палец.

На палец.


Прырода

І неяк летам,
Калі на сэрцы мне несамавіта стала,
Паехаў я на вёску.

Днямі
Бадзяўся я па лясах і лугах,
Піў лужы,
Еў чарніцы,
І ступакі агрубелі, як дубовая кара.

І аднойчы,
Калі я ляжаў у траве,
І глядзеў, як чатыры вятры ў блакіце ткуць воблачка
Да мяне падышоў чалавек
Стары
З рыдлёўкаю на плячы.

Паслухаў ён маё неспакойнае сэрца
І кажа:
-- Хадзем са мнеой, сынку,
Папрацуем, --
І словы яго знеслі пух з дзьмухаўцоў.

І я
Усю рэшту лета
Працаваў у лесе --
Капаў вадзе дарогу.

І што цяпер?

Цяпер я зноў у горадзе
Сярод бульвара
Усміхаюся:
Бо анішто мяне не раздражняе.

Можа да мяне прастытутка прыліпнуць,
Яўрэй,
Прахожы можа штурхнуць – хуліган альбо джэнтльмэн,
Трамвай ці аўтамабіль можа запырскаць --
Мне ўсё адно.

Усё лета валяўся я на імхах,
Гладзіў карэнне,
Расказваў казкі грыбам,
Піў з лісця расу.

Усё лета ткаў месяц золата ў мяне на вачах,
Вечнасць
Пакоілася, быццам ліст, на лобе.

Яшчэ і сёння
Мае пальцы пахнуць мёдам,
У сэрцы тоіцца спакой, як насенінка ў яблыку,
А ў галаве калышуцца
Белы азёрны туман і дзённая гарач.


Дзіва

Зямля мая,
Зялёная, круглая Зямля!
Калі мне хочацца песціць цябе,
Я купляю вялікі гумовы мяч
У лаўцы, там, дзе касірка
За грошы ўсмешку сваю прадае.

А потым выходжу на вуліцы,
Падняўшы над галавою
Гумовы мяч,
Усмешлівы ўвесь і шчаслівы.
Коні
На мяне лупяць вочы,
Сабакі
Следам бягуць,
А мокрыя хмары
Успёрліся на шпіцы цэркваў
І глядзяць.

А я
Іду з гумовым мячом над галавою,
Усмешлівы ўвесь і шчаслівы.
Сонца мне ў вочы ззяе,
Я ж бачу толькі зямлю;
Вецер у твар мне дзьме,
І я чую толькі Зямлю;
Куды б ні падняўся --
Хай гэта горы,
Хай дрэвы, хай плот,
Кіёск ці пралётка --
Гэта не мае значэння:
Зямлю я трымаю ў руках, і годзе.

Людзі пагардліва ўсміхаюцца,
А дзеці ўголас крычаць:
-- Вунь Чакс
Нясе на руках Зямлю!

А я іду
З гумовым
Мячом
Над галавой.
Цалую яго,
І мне здаецца:
Што гэта –
Жаночыя грудзі.
Зямля мая!

І вось я стаю на рагу,
Дзе колісь была тэлефонная будка.
--Людзі, -- крычу я, --
Кошкі, сабакі і вераб’і,
Усе, хто жыве на каменні,
Падыходзьце:
Зямля ў мяне на далонях,
Падыходзьце,
Цалуйце яе,
Дыхайце
Зялёнаю,
Круглаю Зямлёю.
Людзі!..

Бачу,
Падыходзяць цугам
Кошкі, сабакі, чэрві, макрыцы,
Вераб’і падлятаюць чародкай,
Садзяцца на мяч,
А людзі
Мім ідуць,
Людзі пагардліва ўсміхаюцца:
-- Ёлуп!
Яму не хапае пяшчоты...

А я стаю на рагу
З гумовым мячом над галавою,
Сонца свяціць перастала --
Стаю.
Дожджык закрапаў,
Паджае доўга-доўга, --
Стаю.
Калі ж дождж перастаў,
Я ўсё стаю на рагу
З бліскучым мячом над галавой.

Я ўсё стаю,
Чысты, бліскучы, мокры,
Нібыта ўся горыч
З дажджом сцякла па рынах.
Я ўсё стаю
Адзін,
Верачы ў дзіва.


Я іншага вобраза прагну

Я стаміўся ў гэтым дзіўным свеце
Чалавекам быць.
Я стаміўся.
Ружовым буслам у Егіпце
Лепш бы я
Нарадзіўся жыць!

Альбо хоць бы маленькай хаткай,
Сям’і так на тры,
Альбо ножкой крэсла, якая трэсне...
Так вось мысліцца мне ўнутры.

Спакваля спакусаў набор ува мне знікае,
Страсаю ўсе жарсці з плячэй.
Дружу цяпер з думкамі я наўзаем --
Чым бы іншым зрабіцца хутчэй.

Хоць бы закуткам, павуцінай затканым.
Толькі не ў чалавечым ярме;
Жыццём гэтым жыць зас...ым,
Не, і яшчэ раз не.

Я рошчынай быў бы, звычайным цестам,..
Аладкаю стаў бы, блінцом.
А быць падлогаю нават пачэсна:
Грэла б сонца мяне жыўцом,

Сабака ў мяне тыцкаўся б пыскам,
А людзям падэшвы драў бы з ног --
Ляжаў бы сабе, палежваў бы плазам нізка.
У марным жыцці -- ідэальны
Парог.

Куды там! Усё гэта мары. Я ж кволы
Нікчэмны я і не магу
Пакінуць свой вобраз грэшны і хворы.
Чым жа сабе я дапамагу?

Казельчык і той можа проста
У дзесяць разоў за сябе скокнуць вышэй.
А мне толькі адно -- як кароста,
Ліпне скруха з ног да вушэй.

Ах, калі б я мог пракалоць залацісты золак
Каб віно з яго палілося ў мяне!
Тады б сэрца, як кветку, падняў бы высока
У паветра і душу растварыў бы ў віне.

І разбілася б сэрца мяцежна,
І водарам у сусветны прасцяг
Разнесла б, -- якое бяжмежна
Балючае сэрца было у маіх грудзях.


Франсуа Віён

Расказ пра каханне і дружбу

Дружа Франсуа! У цемры ночы
На вежы звон дванаццаць б’е гадзін;
На мосце я, прагледзеўшы ўсе вочы,
Стаю, цябе чакаючы, адзін.

Прыйдзі хутчэй, вазьмі свой меч і кубак,
Табе паведаю сваю бяду.--
Вятрэц даносіць голас твой: -- Галуба,
Ужо іду.

Б’е глуха тры, ў няпрогляднай пустэчы
Над галавою бездань. У руцэ
Заціснуўшы кульбаку, ля парэнчы
Стаю. Вада булькоча у рацэ.

І толькі што куранты адгучалі,
Узнікла постаць з немай чарнаты,
Нібы з паветра выявілі горы,--
І кубак з ім, і меч.-- Мой дружа, ты!

Як вугаль, чорны ўвесь, акрыты
Плашчом начным да ног, як тая здань,
І толькі паліць позіркам, нібыта
Наскрозь пранізвае твой твар і стан.

Наструнены, як хвост у дзікай кошкі,
Гатовы на атаку, на адпор,
У кожным слове быў салодкі й горкі,
Далёкі й блізкі, як мігценне зор.

Як салавей начны, язык хмяльны ягоны,
І смех, як смерч шалёны, ў ім гудзеў,
Як смерць, няўхільны быў ён і раптоўны,
Бо ні пачатку, ні канца не меў.

Часцінка сонца ён ці з пекла зброднік?
Шумела кроў у ім, як вечны бор.
Ён кіраваўся розумам гасподнім,
А ў дзёрзкасці яму за брата -- чорт!

Стаіць. Усмешкаю у страх мой меціць.
Рукою рэзка шаблю з похваў --ззек! --
Канцом ляза стрыкнуўшы з неба месяц,
Яго ў далоні напалам рассек.

-- Бяры і еж. Як дружбы палавіну
Прымі, на пабрацімства па крыві.
Чым паслужыць? За сябра шаблю выму,
І песняй удружу тваёй любві! --

І зноў смяецца. Есць кавалак, чутка
Чакаючы маіх таемных слоў.
Ды што зламаная раскажа дудка? --
Мне як язык раптоўна адняло.

Я ўнурана стаю, у горле прыкра.
Шпурляе ноч у прорву зорны гнеў.
Мой друг затоеным у сэрцы крыкам
Прарваўся раптам, грозна загрымеў.

-- Калі б не быў ты ворванню такою,
Што згідзіць кату пэцкацца, -- павер,
Пасек бы шабляй я, сваёй рукою,
Цябе цяпер. --

Нагнуўся ён і, кубкам зачарпнуўшы,
Парослай бросняю рачной вады,
У твар мне выплюхнуў смурод, -- аж вушы
Ад сораму гараць і ад жуды.

-- Хадзем, --сказаў, -- я ведаю, што трэба:
Паказвай мне акно ў яе жытло, --
На неба ўзлезу, што там тое дрэва.
З тваёй адвагі выйдзе памяло.

Ты, бачу, слабаваты у каленках, --
Тым часам там яна адным-адна:
Я не дазволю, каб твая паненка
Чакала марна да відна.

Давай мне вопратку. А нораў труса
Пакінь сабе. Мне толькі вобраз дай. --
І я пакорліва яму здаюся:
А гарам хай гарыць яно ўсё, хай!

А свет жыве ў сваім бясконцым сненні.
Імгненні порстка мчацца самахоць.
Я ўвесь трымчу: на мост кладуцца цені,
Я ўсё аддам: свой гонар, дух і плоць.

Ідзём удвух. Удвух? -- Якое двое,
Калі я ззаду -- дужа слабкі цуг.
Няма нізвання тут мяне, затое
Ступае з прагаю пакепнік-друг.

Акно каханай. Ён у змроку тоне.
Як пах, як бог, растаў у тым акне.
Час убівае мне хвіліны ў скроні.
У зайздрасці гару, як на ражне.

Мне слепіць вочы бляск з акна каморкі --
Бо нават камень пад разцом -- і ён
Выспеўвае шчасліва боль твой горкі,
І мне карціць, няўдальцу, да акон.

Чакаю. Што мне боль твой, камень! Млосна.
Што вечнасць мне, калі і тут я -- шлак.
Чакаю. Душна. Дыхаць невыносна.
Над галавою неба, як кулак.

Даволі! Хай няздара я, хай дурань,
Але ж цярпенню ёсць свая мяжа.
Я -- ў дзверы. Ні душы... Адно каптурык
На ложку, як апошні смех ляжаў.

Куды ўцяклі? Маўчаць нямыя сцены.
Яны смяюцца. Стогн. Адчай. І млосць.
І раптам бачу зрокам чарадзейным,
Хто гаспадар тут, хто нязваны госць!

Адкуль узяўся нож? Каптур дзявочы --
На сечку дробную. Я стрымгалоў
Кідаюся спытацца праўды ў вочы:
Куды ўцяклі? Нажу падайце кроў!

Лячу, і ўсё ляціць. А не ўцячэце!
Нішто! Не ўкрые іх ніякі змрок!
-- Не стрыкай крапівой, калючы вецер,
Не звернеш ты мяне з дарогі ўбок!

Ага, карчма, над уваходам певень
Бляшаны. Тут яны. І я -- ў карчму.
Яны! Хоць нож мой п’яны -- але пэвен!
Дастань да сэрца -- не бяда яму!

Калю імгненна, слепа, ненажэрна,
Як бык. Кароткі крык. Кароткі ўдар.
Ачуўся. Божа!.. Скура з жаху сшэрхла --
Забіты мною падае карчмар.

Як гэта так? Што мне рабіць? Хавацца?
Змахнуўшы кубкі, міскі са стала,
Пад ногі ўтрупянелым пагулянцам,
Крычыць насмешнік едкі Франсуа:

-- Калі б не быў ты ворванню такою,
Што згідзіць кату пэцкацца, -- павер,
Пасек бы шабляй я, сваёй рукою,
Цябе цяпер. --

Рагоча звонка. Любіць смех і кпіны.
Віно ракою, ім усё адно.
Што ім натоўп, яны яму не вінны,
Яны шчаслівыя і п’юць віно.

-- Эй, прэч назад! Не рушце! Стойце, слугі!
Паслухайце, вось так было: -- крычыць, --
Я закалоў гаспадара, заслугі
Ягонай тут няма, ён ні пры чым!

На стол ускочыў, зброяй грозна бразнуў,
Натоўп знямеў, як быццам грымнуў гром.
З усмешкай сонечнай: -- Пусціце блазна,
Калі не хочаце ісці за карчмаром! --

Натоўп раздаўся. Ногі падкасіла
Нянавісць, ганьба, я ісці не мог.
Разбіты сорамам, упаў без сілы
Туды, у цемру, за парог.

Ліст да адной памерлай бабулькі,
якая прадавала газеты

Адрас: могілкі на Зязюлінай гары

Мой ліст не будзе занадта доўгі,
І яго напішу я вялікімі літарамі.
Бо раптам
Ты там акуляры забыўшыся?
Людзі ж такія дзіўныя,
На пахаванні галосяць
І не бачаць,
Што нябожчыку трэба.
Даруй,
Што не ведаю,
Дзе ты ляжыш.
Як памерла,
Быў акурат у ад’ездзе.
А як вярнуўся ў Ілгуціем,
Пайшоў да цябе на кватэру,
А там пра цябе ўжо не ведаў ніхто,
Там пасяліліся ўжо чужыя.
Унучка твая з’ехала ў вёску.
Яна нарадзіла сынка.
Ведаеш –
Гэта парупіўся Янка Чорны
(Тут бабулька ўздыхне),
Дзесь сядзіць рызыкант і не дбае,
Люлькаю пыхкае,
Лускае семкі,
А вечарамі грае на мандаліне.
Дзіця вельмі кволенькае,
Лепш бы яго ты ўзяла да сябе.

Я цябе не забыў
І заўсёды цябе на рагу,
Дзе сядзела,
Нізенькая, нібы кусцік.
Спамінаю, бачу твой твар,
Увесь паараны маршчынкамі,

Твой дрыготлівы голас,
Твае дзякі-падзякі,
У якіх “госпадзе, пане”
Снавалі, быццам мурашкі.
Я, я ўжо ведаю,
Што ты спытацца хочаш.
У доме вашым усё як было,
Толькі яго гаспадар пафарбаваў,

Ды яшчэ старая Ільстарыха
Перабралася да Канэньекаў.
На рагу, дзе раней ты сядзела,
Паставілі новы карычневы шапік.
Ён, як дзіця.
У ім сядзіць дзяўчына
З светлымі зіхатлівымі валасамі.
Яна ўмее ўсміхацца
І, падаючы газету,
Паказвае доўгія вільготныя пальцы
З сонечнай далікатнай скурай.
Гандаль што трэба.
Толькі бяда -- маладыя хлопцы
Дужа доўга лепяцца каля акенца,
А як адыдуць,
Неяк дзіўна свецяцца твары.

Мае прыяцелі-паэты,
Даведаўшыся, што ты памерла,
Напіліся,
Пабілі ў піўнушцы посуд,
Малолі лухту,
А цябе называлі газетнаю мамай.
А ты не сярдуй,
Бо што ім было рабіць?
Пайсці ў царкву?
Журыцца?
Пакласці вянок на рагу,
Дзе ты прадавала газеты?

Паэты -- народ слабы.
Твой спасобак –
Шмаравацца газаю ад раматусу --
Ані не памог мне.
У правым калене ўсё люскае,
Быццам сядзіць у ім хто і стрыжэ пазногці,
Ну, ды пра гэта пасля пагамонім,
Калі палячу да цябе, --
А ўжо ж не забаўлюся,
Скора.
Кажуць,
Вось-вось грымне вайна,
Дык я пайду на вайну,
А адтуль да цябе.
Ну, нішто,
І так я ўжо тут шмат дурэю напуста,
Цалую дзявок,
А сам палахлівец нікчэмны.

Годзе ўжо, я зусім не ўпіраюся
І да цябе падымуся.
Будзем у дурня перакідацца.
Смакошчы твае -- ландрынкі –
Смактаць.

А калі згоркне,
Паспяваю табе пра Трансваль
І пабрынчу на гітары.
Вечарамі буду хадзіць па ваду
На твае мілыя мірты і флёксы.
Ага ж бо яшчэ, адпішы,
Можа, табе там вазоны пабілі пры пераездзе?
Дык я прыхаплю заадно.
На гэтым канчаю.
Калі ты ўсё-такі почарк мой не разбярэш,
Папрасі Яна Зіемельніека.
Той умее, паможа.
Гэта такі высокі, файны хлапчына
У чорных акулярах
І аказваецца на мянушку -- “Паэт”.


Пералом

Цяпер я зноў хачу быць тым сабой,
Як на Дняпры чырвоным быў у бітвах.
Быў малады, ўтрапёны, быў сабой,
Шаленства ў голаў біла, а не піва.

О, даўні час, калі прычасць пяском
Прыняць я прагнуў вуснамі і лобам, --
(Як рана я асвойтаўся са злом) --
Цвяроза, супакоена, бяззлобна!

Віно ўсё выпіта. І сёння мне
Ўжо нурыць галаву хіба што скруха.
Хай кветка губ чырвоная кране
Мой рот, -- мой рот не прагне, ў роце суха.

Не. Я яшчэ павінен быць сабой,
Як на Дняпры чырвоны быў у бітвах,
Быў малады, ўтрапёны, быў сабой --
Шаленства ў голаў біла, а не піва!

¤ ¤ ¤

За годам год... Пустотнасць і трывога...
На сэрцы мілата, пракляцце, млосць,
Ці прадчуванне, што няма нічога --
А дух мой кажа: неспасзнанасць ёсць.

Я адчуваю: дзесьці пахнуць ружы,
А з вокан сцюжа, продзімень жуды.
І пальцы папяросу мнуць, цярушаць,
Панчохі ўсцягвае на зубы дым.

Адзін я. На акне вазон; і цвілі
Зялёнай пасма мокрая ў кутку.
Кішыць рыззё -- пазык не заплацілі
І ў гэтым кабаку.

Што я раней пра славу, шчасце ведаў?
Цяпер? -- Вартую бэбахі свае
Ды слухаю трынь-брынь дамбры ў суседа, --
І колішні пахмел у горла б‘е.

Юнацтва! Як я мог цябе пакінуць,
Як мог тугу сваю глушыць віном?
Але жыве былое ва ўспамінах
І, можа, вернецца яшчэ яно?

На шыбе плеўка шэрані сівая.
Свінец пад вейкамі, і твар адруз,
І ў глыбіні паволі аціхае
Заўчасна пульс.

Ды не яшчэ. Няскора пад лампадкі,
Я толькі пачынаюся ў жыцці.
Пагарачыліся, хто дзеліць спадкі,
Каму пасля прыйсці?

Каму прыйсці? Высокаю паліцай
Было жыццё мне, -- ўсё пяском сплыло.
Ды годзе! Знаю, як мне прычасціцца,
Шкада -- не расцвіце, што адцвіло.

Як з лодкі выкінуты ледачыска,
Збязвечаны, пасечаны вайной,
Пры памяці, іду зямлёй латышскай
Да тых, каго пакінуў быў даўно.

Мая зямля, з крывымі хутарамі
І з чорным людам, з брудам беднаты...
Як псіна, залізўшы свае раны,
На стогны сэрца я прыпоўз сюды.

Кім быў я без цябе, мой людзе рупны? --
Тым птахам, што шчабеча песні ў свет,
Вазьму ў далоні подых твой пакутны --
Хай расцвіце чырвонай прагі квет.

Дзе ты, там гразь крывёй рудой прагоркла,
І пад нагамі слізь, халодны жах,
І слёзы мукаю сціскаюць горла,
І быдлам нэндза рыкае ў вачах.

У мора кідае, з плячэй сарваўшы
Бы ў снах вар’яцкіх голаў, хмельны чад.
Вадой-іржой пацеюць хаты вашы,
І стыне інеем пусты ачаг.

Я з вамі. Дзе жыццё, там і ліхоты,
І прага іх прыгнёт паваяваць.
У вашым чадзе столькі ёсць пяшчоты,
Што дапаможа свету лепшым стаць.

Не стопчуць ні травінкі нашы ногі,
Напоўнім сонцам кожны вадасцёк.
Да славы ж -- выпадзе памерці многім,
Бо толькі смерць наноў дае жыццё.


Падвал

Я ўсёй душою ненавідзеў слепа
Сырую цемру і маўклівасць склепа.
Ударыць мог за тое, што пад мурам
Шасці паверхаў крыецца панура.
Там ноччу плакалі і сохлі дрэвы,
Пясок пра сонца марыў, нездаровы,
Пішчалі пацукі, і з труб паныла,
Пабліскваючы, ў рыжы пух апілак,
Нібыта ў бездань, капалі і топлі,
Як выдмы цемрадзі, глухія кроплі.
У чорным мораку, нібыта ў багне,
Перацінала гніласцю дыханне,
І лезлі ўгору з выстылай утробы
Шчарбатыя прыступкі, як хваробы.
Цяпер жа цісну я руку падвалу
За вернасць у гадзіны злога шалу.
Калі з сабачай хеўрай паліцаі,
Як хвалі смерці, Рыгу акілзалі,
Каб у няволю гнаць, ты, сутарэнне,
Мяне схавала, як зямля насенне.
Зацёрся я ў глухіх падвальных спратах,
Як парушынка ў шве старых апратак,
Каб неўзабаве на святло падняцца
За мукі і за ганьбу паквітацца.
Жыцця такая прага апантала,
Што я нырнуў у чорны вір падвала.
Апілкі і пясок у змрочнай цемры
Надзейна водгук маіх крокаў сцерлі.
Там у кастры палення, нібы ў лоне,
Я засланіўся ад усіх далоняй.
Душа прагоркла, як палын, і цела
Сярод сасновых дроў смалой жаўцела,
Мышынай пакрываўся пацярухай.
Шаптала ноч пра мужнасць мне на вуха.
Пад галавой кашлатае палена
Увесь час пахла соладка, як сена.
Цёк халадок ласкавы па паветры.
Калі ж чужы спускаўся ў склепа нетры,
У вочы зыркаў змрок халодным жарам,
І бег упрочкі злыдзень, і дыжаў ён.

Табе, падвале, ўдзячны я да скону
Як мацярынскаму цяплу і лону1
Як думку ў галаве, мяне крыў морак.
З табою зліўся я, бы кропля з морам.
Ты мой калчан, стручок, маё адзенне.
Ты мой адчай, надзея, летуценне.
Я зноў хаджу па вуліцах свабодна.
Гляджу на сонца, дыхаю вальготна.
І думкі, як шпакі, ужо ў палёце.
З рукамі, з галавою я ў рабоце.
А ты, падвал, схаваў у сутарэнні
Пра вечнасць мары і к дабру імкненні.


Яснасць

Бачу ясна: бліжэе, бліжэе мая хвіліна --
Дарма што не верыце слову майму.
А не ведаю толькі, калі, як халодная шкліна,
Маё сэрца застыне, дзе скон свой прыму.

Мо ў гатэлі, дзе ў моўчу і крык і дыханне,
Бы ў кішэню, кладзе дывановая поўсць,
Мяне вымуць халоднага з ванны і, як цалаваннем,
Прасціною накрыюць нябытную плоць.

Я не ведаю. Я толькі йду і не збочу з дарогі
Да канца, нюхам чую апошні свой баль.
Хай слабейшы прасмердне жыўцом ды нябогі,
Я ж -- не вучаны жабраваць мілажаль.