Густаў Майрынк (Gustav Meyrink, 19.1.1868 -- 4.12.1932) -- аўстрыйскі пісьменнік з выразнай схільнасцю да містычнага і гратэскава-сатырычнага светапогляду. Нарадзіўся ў Вене як незаконны сын вюртэмбергскага міністра і баварскай актрысы прыдворнага тэатра Марыі Майер і спачатку насіў прозвішча маці, у чыім радаводзе ён пазней выявіў прозвішча “Майрынк”; яго пісьменнік спачатку выкарыстаў як псеўданім, а ў 1917 годзе ад баварскага караля атрымаў права на афіцыйнае прызнанне ў якасці прозвішча.
Пасля заканчэння гімназіі (Мюнхен, Гамбург) шаснаццацігадовы Майрынк пераехаў у Прагу, дзе вучыўся ў Гандлёвай акадэміі, пазней кіраваў банкам, уваходзіў у шматлікія акультныя і спірытычныя гурткі і толькі ў 1902 годзе пасля трохмесячнага турэмнага зняволення па падазрэнні ў фінансавых махінацыях, маральна і юрыдычна апраўданы, але сацыяльна і фінансава зруйнаваны дашчэнту, пакінуў “залаты” горад, пра які сказаў: “Няма на свеце такога горада, ад якога так не хацелася б адвярнуцца, калі ў ім жывеш, і куды так не прагнуў бы вярнуцца, як толькі пакінеш яго”.
Майрынк перасяліўся ў Мюнхен, памяняў прафесію і пачаў выступаць як вольны літаратар. Гэтая “справа Майрынка” так адназначна паказала Томасу Ману “дзейснасць мастакоўства”, што ён, не называючы імя Майрынка, упамінае пра яго ў сваёй вядомай навэле “Тоньё Крогер”. З поўным правам Майрынка залічваюць у кола “Пражскай школы” нямецкага прыгожага пісьменства, у якую ўваходзілі ў розны час такія славутасці, як Рыльке, Вэрфэль, Кафка, Кіш, Фэрнберг, бо менавіта ў Празе ён сфармаваўся духоўна, і, мабыць, саму Прагу нездарма называлі “горадам Майрынкавых прывідаў і відзежаў Кафкі”.
З 1903 года Майрынк працаваў рэдактарам венскага часопіса “Мілы Аўгусцін” і пісаў для часопіса “Сімпліцысімус” кароткія навелы, якія пазней (1909 г.) былі выдадзены двухтомнікам з назвай “Чароўны рог нямецкага абываталя” (у Аўстрыі зборнік быў забаронены).
Яго літаратурная творчасць пачалася з гратэскавых сатыраў на нямецкае бюргерства: “Гарачы салдат”, 1903; Ёрн Уль і Хілілігенляй”, 1903, (пародыі); “Архідэі”, 1904, (дзіўныя гісторыі); “Кабінет васковых фігур”, 1907, (апавяданні).
Раманы “Голэм” (1915), “Зялёны твар” (1917), “Ноч Вальпургіі” (1917), “Белы дамініканец” (1921) належаць да класікі фантастычнай літаратуры; у іх і праяўляюцца ўплывы на Майрынка таямнічых светаў, містычнай мудрасці, каббалістычнага і буддысцкага вучэнняў. І не толькі ў чыста мастацкім аспекце -- у 1927 годзе Майрынк перайшоў з пратэстантызму ў буддызм.
Як пісьменнік Густаў Майрынк дасягнуў шырокай папулярнасці сваімі экспрэсіяністычнымі раманамі і навеламі з месцам дзеяння ў старой Празе (Градчаны, гета). У гэтых творах Майрынк з неверагоднай фантазіяй, з подзіву вартым адчуваннем заняпаду грамадства, з ледзь не зрокава відавочнай сілай і вымоўнай маляўнічасцю падае чытачу згусткі ўсіх магчмых і немагчымых абсурдаў і жахаў, спалучаючы рэальнае з ірэальным, сціраючы мяжу паміж імі. Каб вывесці свае вобразы са свету зямнога ў свет духоўнай экзістэнцыі, Майрынк апрацоўвае містычныя рэлігійна-месіянскія ідэі, вучэнне ёгі, каббалы, буддызм, выкарыстоўвае старадаўнія легенды і паданні, напр., пра вечнага жыда (“Зялёны твар”, фантастычны раман сусветнага крызісу), альбо пра Голэма.
Грамадзянская пазіцыя Майрынка найбольш ярка выяўляецца ў ягоных -- хай часам зноў жа фантастычна сканструяваных -- сатырычна-гратэскавых навелах (зборнік “Чароўны рог нямецкага абываталя”, 1913), у якіх аб’яўлена адкрытая вайна сытай буржуазнай самазадаволенасці, тупасці і абмежаванасці, культу сілы, фальшывай псеўданароднасці, мілітарызму, ілжэнавуцы, чыноўніцкай карупцыі. Не выпадкова кнігі Майрынка ў гітлераўскай Германіі былі ўдастоены гонару гарэць на вогнішчах разам з кнігамі Гейнэ, Томаса Мана, Фейхтвангера і іншых.
Густаў Майрынк вядомы нямецкаму чытачу і як перакладчык многіх твораў Дзікенса.
Іншыя творы Майрынка: “Гарачы салдат і іншыя гісторыі” (1903, гратэскі); ; “Гадзіннік” (1913); “Кажаны” (1916, навелы); “Анёл з заходняга акна” (1920, раман); “Гісторыі гадзіншчыка” (1922); “Падступныя чэмпіёны” (1925).