Вершы

Тракль Геарг


Увесь зборнік

Рандэль

Сплыла ў сутонне дзённасць залатая,
Блакітна-буры вечар змежыў вейкі,
Памёр гук пастуховае жалейкі,
Бура-блакітны вечар змежыў вейкі,
Сплыла ў сутонне дзённасць залатая.


Раманс ночы

Пад зорным покрывам, адзін,
Юнак на скрыжаванні мар,
Мярцвяны бляск на шэры твар
Лье з неба стылы маладзік.

Дурніца плача ля акна
У змроку сцен; на азярку
Каханкаў пара ў чаўнаку
Плыве замроена, адна.

Забойца шчэрыцца з віна,
Хапае хворых смертны страх,
Ля ўкрыжаванага Хрыста
Манашка кленчыць давідна.

Калыша маці немаўля,
Глядзіць спакойна ў ноч дзіця
Вачыма шчырага жыцця…
У бардаку дрыжыць зямля.

А днём у склепе на сцяне
Рукою белаю мярцвяк
Маўчання выскалены знак
Малюе… Шэпт жывога ў сне…


Дзяцінства

Бэз конскі чарнее; дзяцінства спакойна жыло
Ў блакітнай пячоры. Над ходжанай сцежкай,
Дзе траўе збуялае жухне ад ветру,
Журбоціцца голле ў задуме; і шастае лісце,

Нібыта блакітнай вадою прыбой аб скалу.
Пяшчотная скарга драздоў. Маўклівы пастух
За сонцам ідзе, што скацілася з восеньскага кургана.

Імгненне блакіту ёсць болей, чым проста душа.
Звярок палахлівы на ўзлессе паткнуўся, і мірна
У глыбіні спачываюць званы і змрочныя вёскі.

Набожней ты сэнс адчуваеш цёмных гадоў,
Восень, азноб у самотных пакоях;
І ў блакіце святым адзвоньваюць крокі бліскучыя ўдалеч.

Падзынкваюць шыбы; кранаюць да слёз
Забытыя могілкі на запусцелым пагорку,
Пра казкі ўспаміны; прасветліцца часам душа,
Радасць людскую згадаўшы, чырвоныя дні вясны.


Зімовы вечар

Калі вее ў шыбы снег,
Нудны звон вячэрні звоніць,
Многім стол гасцінны годзіць,
Дом дае цяпло й начлег.

Госць вандроўны ля варот
З бела-свету як надасца –
Залаціцца дрэва шчасця
Сокам ад зямных шчадрот.

Пераступіць у святле
Госць парог на добры вечар,
І азорыцца сустрэча
Хлебам-чаркай на стале.


Восень самотнага

Пладамі стылая вяртае восень
Пажоўклы водбліск летняй асалоды,
Выпырскваючы з-пад лупіны просінь.
У вырай, як з падання, мкнуць чароды;
Віно збрадзіла; цішыня даносіць
Разгадкі цёмных таямніц прыроды.

Сям-там самотны крыж глядзіць з узгорка,
Плыве атара цераз бор барвовы,
Па сажалцы вандруе хмар чародка,
І спакваля сціхае рух вясковы,
І ўжо крылом блакітным адвячорка
Акрыліся дамы, палі, дубровы.

Прабліскваюць у барвах стомы зоркі,
Плыве спакой у выстылыя скіты,
Выходзяць з немаю журбой анёлкі
З вачэй каханых, з горкага блакіту,
Шуміць чарот, і жах чапае золкі,
Як чорная раса з сухой ракіты.


Спакой і маўчанне

Пастухі пахавалі сонца ў аголеным лесе,
Сетку рыбак
З месяцам цягне з празяблае сажалкі.

У блакітным крышталі
Жыве чалавек бледнатвары, шчаку прытуліўшы да зорак;
А можа, ён голаў схіліў у сон пурпуровы.

Але заўсёды кранае чорны птушыны палёт
Сузіральніка. Святасць блакітных кветак,
Блізкая ціша забытае сніць і пагаслых анёлаў.

Зноў лоб змяркаецца у камяністасці месячнай;
Прамяністы юнак
Сястрыцу азорвае ў восені, ў чорнай пустэльні.


Прасветленасць

Калі вечарэе,
Ціха з цябе ападае аблічча блакіту.
І птушка спявае на тамарындзе.

Пяшчоты манах
Складвае накрыж адмерлыя рукі.
І белы анёл карае Марыю.

Вяночак начны
З фіялак, з калосся, з гронак пурпурных –
Такі ў сузіральніка год.

Пад нагамі тваімі
Адчыняецца дол,
Калі ты ў срэбныя рукі лоб апускаеш.

Ціха жыве
На вуснах тваіх восеньскі месяц,
Напоены макам змрочны напеў;

Блакітная кветка
Ціха спявае ў пажоўклым каменні.


Замоўклым

І вар’яцтва вялікага горада, дзе вечарамі
Ля чорнага мура дрэвы-калекі застылі,
Дзе з сярэбранай міскі дух зла пазірае.
Дзе з магнітным бічом за каменнаю ноччу імчыцца святло.
О вячэрнія ўдары затопленага звана.

Шлюха, што ў курчах лядовых дзіця нежывое раджае .
Гнеў божы шалёна лупцуе ілбы апантаных,
Зараза пунсовая, голад, што трушчыць зялёныя зрэнкі.
О, і жахлівая вышчарка золата.

Але ў цёмным пекле крывава надсаджваецца маўклівае чалавецтва,
Сплаўляе з цвёрдых металаў голаў Збавіцеля.


Зімовая ноч

Выпаў снег. І ты апоўначы, п’яны віном пурпуровым,
пакідаеш цёмныя сферы сябе, чалавека, чырвонае
полымя свайго ачага.

Чорны мароз. Зямля зацвярдзела, горычны смак у паветры.
Зоркі твае ў ліхі замыкаюцца знак.

Акамянелымі крокамі тупаеш ты па насыпе, круглыя
вочы, быццам салдат, што штурмуе чорны акоп.
Аванці!

Горкі снег, горкі месяц!

Чырвоны воўк, які душыць анёла. Твае ногі звіняць,
як блакітны лёд, і ўсмешка поўная жальбы і пыхі
аблічча тваё скамяняе і зоркі прыцішвае асалодай
марозу;

ці схіляецца мўчкі над сном вартавога, які прыкархнуў
у дашчатай халупе.

Мароз і марыва. Белая зорная лёля апальвае плечы,
і богавы грыфы тваё металічнае сэрца дзяруць.

О каменны курган. Цішыня растае і забывае халоднае
цела ў срэбным сумёце.

Чорны і сон. А вуха доўга цікуе на сцежцы зорак
у лёдзе.

Пры абуджэнні гудуць званы на сяле. З усходняе брамы
срабрыста-ружовы дзень выплывае.


Сонца

Кожны дзень жоўтае сонца ідзе за пагорак.
Прыгожы лес, цёмны звер,
Чалавек; пастух ці паляўнічы.

Пунсовая рыба ўсплывае ў зялёнай сажалцы.
Пад круглым небам
Ціха рыбак у сінім чаўне плыве.

Спеюць паволі гронкі і збажына,
Калі хіліцца дзень да змяркання,
Паспяваюць і зло, і дабро.

А як нагорнецца ноч,
Ціха ўздымае вандроўнік цяжкія павекі.
І ўспыхвае сонца са змрочнае прорвы.


Лета

Падвечар не чуецца скарга
Зязюльчына ў лесе.
Схіляецца жыта ніжэй,
Чырвоны мак.

Чорная навальніца
Над пагоркамі грукае.
Стракатая песня конікаў
Замірае ў полі.

Не варухнецца лістота
Каштанаў.
На вінтавой лесвіцы
Сукенка твая шалахціць.

Цьмяня свеціцца свечка
У цёмным пакоі;
Срэбраная далонь
Патушыла яе.

Ціха, ні ветру, ні зорак – ноч.


Сон

Пракляцце чорнай атруце,
белы сон!
Гэты вельмі дзівосны сад
з дрымотлівых дрэў,
поўны гадзюк, начных матылькоў,
павукоў, кажаноў.
Чужынец! Твой згублены цень
у вечаровай зары,
змрочны карсар
у салёным моры тугі.
Пырхаюць белыя птушкі
над руінамі гарадоў
сталёвых.


Гродак

Ад зброі смяротнай звіняць вечарамі
Асеннія пушчы, бары, залатыя лугі
І азёры блакітныя, а па-над імі
Коціцца змрочнае сонца; прымае ноч
Палеглае воінства, дзікую скаргу
З іх акрываўленых вуснаў.
Ціха грувасцяцца над паплавамі
Хмары барвовыя – логвішча гнеўнага бога –
У пралітай крыві, у месячнай стыні;
Дарогі сплываюць у чорную пустку.
Пад залатым голлем ночы і зорак
У моўчы лясной калышуцца цені сясцёр міласэрных,
Вітаючы дух герояў, крывавыя іх галовы;
І ў чорным чароце цёмныя флейты восені граюць.
О гордая жальба-жалоба! Жалезны алтар!
Гарачае полымя духу наблізіла сёння магутны боль –
Унукаў,
што нарадзіцца яшчэ не паспелі.



Спеў у ноч

І

Мы – дзеці ценю ад дыхання
У вечным згублены, адны,
Ахвяры, поўныя нязнання, --
Каму прынесены яны.

Мы жабракі, уладцы кія,
Перад замкнутасцю стаім,
Маўчанне слухаем, сляпыя,
І нікне голас наш у ім.

Мы воблакі, нас гоніць вецер,
Без мэт блукаем, без граніц,
Мы кветкі ў жаху блізкай смерці
Дрыжым, чакаючы нажніц.


ІІ

Каб быць з апошняй мукаю сваёю,
Я не ўнікаю сіл варожай моўчы,
Яны – мой шлях к вялікаму спакою,
Якім ідзём у змрочнасць ночы.

Ад вашага дыхання дагарым мы,
Цярпенне! Зорка адлятае, раем
Нявызнаным здаволяцца парывы,
Бо мы ў яго без мараў уступаем.


ІІІ

Сардэчны змрок, о змрок начэй,
Хто ўзновіць вашыя вытокі
І вашай злосці вір глыбокі?
Ад болю маска твар пячэ –

Ад радасці, ад болю – рэч
Зямная ўмомант анямее,
І ўсмешка маскі скамянее,
І разуменне знікне прэч.

А вораг кпіць з таго ў адказ,
За што змагаемся да смерці:
Каб з нашай песні жаль не сцерці,
Каб не адкрыць, што плача ў нас.


ІV

О ноч, ты хмельнае пітво,
Крывёй плыву я ў слодыч смуты,
Вянком вянчаючы пакуты!
Так хоча сэнс глыбокі твой!

Я арфа пад тваёй рукой,
І за мае пакуты б’ецца
Твой цёмны спеў, апошні ў сэрцы,
І робіць вечны прывід мой.


V

Сон глыбокі – цёмны сон!
І маўчаць званы бажніцы,
Слодыч, бацька мукі ён,
Мір на прахлыя граніцы.

Стылай добраю далоняй
Хай затуліць раны ён –
Каб сагрэлася плоць кроўю –
Слодыч, маці мукі – сон.


VI

Нашто нам шэпты беднякоў?
З маўчання песня хай памкне,
А шэпты хай – з жывых садоў.
Будзь безназоўны ува мне,

Ты, хто адліты, нібы звон,
Без мар, без мэты, проста так,
Як боль салодкі, як праклён,
Як сноў маіх атрутны мак.


VII

Кветкі, я ведаю ўсё пра ваш скон,
Як п’яная скарга студні парвецца,
Як песняй адплачацца медны звон,
Як ноч ажыве, як пытанне зжывецца,
І як па той бок галетніцкіх дзён
Ад раны смяротнай заглухне сэрца.


VIII

Моўчкі змрок мяне адключыў,
Стаў я мёртвым ценем дня –
Дом радасці кінуўшы, спалучыў
Сябе са змрокам начы.

Моўча ў сэрца ўбіла цвікі,
Не адчуваючы пусткі дня –
І ўсміхаецца, як асцюкі,
Табе, ноч, -- праз вякі!


ІХ

О ноч, нямая брама ў змрочны схоў,
Крывавых ран агледзь ссінелы шрам,
Прыхільна выпі чашу мук і драм!
О ноч, я ўжо гатоў!

О ноч, мой сад маўчання ў забыцці,
Німб прамяністы ўбогасці, цямна,
Засох вянок, з лазы няма віна! –
Высокі час, -- прыйдзі!


Х

Смяяўся мой дэман калісьці даўно,
У ясных садах быў я – промнік апошні,
Іграў і спяваў, танец быў – спадарожнік,
І піў я гаючай любові віно.

І плакаў мой дэман калісьці даўно,
Ў балючых садах я святляк быў апошні,
Я жыў, як пакорлівасці спадарожнік,
Ад бляску якое ў галечы – відно.

Не смяецца, не плача мой дэман даўно,
Засохлых садоў я – ценік апошні,
Як цёмна-магільны мой спадарожнік,
Пустота начная, маўчанне адно.


ХІ

Усмешкай не здолеў цябе я змагчы,
Слязлівая песня адпета ў начы,
Пара мне прыспела, пара на спакой.

У храм твой яшчэ раз прыйсці дазволь
Дурненькаму блазну адплакаць юдоль
І моўчкі укленчыць перад табой.


ХІІ

Ты ў глыбокім прадонні начным
Мёртвы бераг марской нематы,
Мёртвы бераг: Ніколі! Ты –
Ты ў глыбокім прадонні начным.

Ты ў глыбокім прадонні начным
Неба, ў якім ты зоркай гарэў,
Неба, ў якім і бог не здабрэў.
Ты ў глыбокім прадонні начным.

Ты ў глыбокім прадонні начным
Не прыняты ва ўлонне цяпла,
Няісны, нясутны – уяўнасць тла!
Ты ў глыбокім прадонні начным.


Спеў пра Паўночны край – Еўропу

О начны ўзмах крылаў душы:
Пастухамі хадзілі мы колісь ля пушчаў дрымотных,
І чырвоны служыў мне звер, і зялёная кветка, і булькатлівы ручай
Пакорліва. О спрадвечны спеў цвыркуна,
Кветка крыві на камені ахвяравальным
І крык адзінокае птушкі над зялёнаю цінаю сажалкі.

О паходы крыжацкія і палымненне пакутаў
Цела, чырвоных пладоў ападанне
У вячэрніх садах, дзе спрадвеку пабожныя хлопцы гулялі,
Воіны сённяшнія, што ад ран ачунялі і ад мрояў нябесных.
О пяшчотны букет начных кветак.

О часы цішыні і асенняга золата,
Калі мы, руплівыя мніхі, пунсовыя гронкі здымалі;
А навокал свяціліся бор і пагоркі.
О пагоні і замкі, спакой вечаровы,
Калі чалавек у каморы сваёй справядлівае мысліў,
Ціхай малітвай схіляючы боскую голаў к сабе.

О горкага заняпаду часіна злая,
Калі скамянелы свой твар мы ўгледзелі ў чэрнядзі вод.
Але серабро сваіх веек падымуць тыя, што любяць:
Род адзіны. Цячэ водар ад ружаватых падушак
І салодкая песня тых, што адрадзіліся зноў.


На вечар сэрца маё

Увечары чуецца крык кажаноў.
Два гнедкі брыкаюць па лузе.
Шуміць чырвоны клён.
Вандроўцу мроіцца ўтульны шынок пры дарозе.
Цудоўна смакуюць маладыя віно і арэхі.
Цудоўна: блукаць на змярканні упоена ў лесе.
Праз чорнае голле гучаць балючыя гукі званоў,
І раса ападае на твар.


Да хлопца Эліса

Эліс, калі ў чорным лесе крычыць чорны дрозд,
Гэта твой скон.
Твае вусны скальную прахалоду з блакітнай крыніцы п’юць.

Не зважай, калі злёгку крывавіць твой лоб
Старыя легенды
І цьмяную варажбу з птушынага лёту.

А ты ідзеш мяккім крокам у ноч,
Што навісла паўнатой пурпуровых гронак,
І ты занурваеш рукі ў прыгожы блакіт.

Ядловецц калючы звініць,
Дзе месяцовыя вочы твае.

О, як даўно ты , Элісе, памёр.

Цела тваё – гіяцынт,
У яго васковыя пальцы манах апусціў.
Чорная прорва – наша маўчанне.

З яе часам выходзіць пяшчотлівы звер
І апускае павольна цяжкія вейкі.
На скроні твае чорная ападае раса,

Апошняе золата дагарэлых знічак.


De profundis

Ёсць пожня, на якую чорны падае дождж.
Ёсць бурае неба, якое самотна стаіць.
Ёсць ветру шэпт, што ахінае пустыя хаты.
Які ж смутны гэты вечар.

За сяльцом
Сіротка лагодная чэзлыя каласкі збірае.
Яе вочы цікуюць кругла і залаціста ў сутонні.
І ўлонне яе чакае нябеснага жаніха.

Па дарозе дамоў
Знайшлі пастухі салодкае цела,
Якое ў калючым ядлоўцы гніло.

Я цень далёкі ад змрочных вёсак.
Маўчанне Бога
Піў я з калодзежа гаю.

На лобе ў мяне праступіў калючы метал.
Павукі шукаюць сэрца майго.
Ёсць святло, што гасне ў вуснах маіх.

Уначы апынуўся я на лузе,
Спруцянелы ад бруду і зорнага пылу.
У ляшчынніку
Зноў крышталёва звінелі анёлы.


Краявід

Верасень, вечар; смутна даносяцца цёмныя пастушыныя крыкі
Праз сутонную вёску; агонь паблісквае ў кузні.
Магутна дыбкі ўстае чорны конь; гіяцынтавыя валасы дзяўчыны
Хапаюць жарсць яго пурпуровых ноздраў.
Ціха на ўзлессі аленіцы крык застывае,
І жоўтыя восені кветкі
Схіляюцца нема над блакітным абліччам стаўка.
У чырвоным полымі дагарае дрэва; пырхаюць цёмныя твары кажаноў.


Увесну

Ціха з цёмных крокаў снег апаў,
У зацені дрэў
Павекі ружовыя ўзносяць каханкі.

Заўсёды за цёмнымі крыкамі шкіпераў
Зорная ноч настае;
І ціха плёхаюць вёслы у такт.

Скора за скрышаным мурам зноў зацвітуць
Фіялкі,
Зазелянеюцьмаўкліва скроні самотнага.


Песня пра Каспара Гаўзэра

Для Бэсі Лоос

Сапраўды любіў ён сонца, што пурпурна ўзышло над пагоркам,
Лясныя дарогі, чорную птушку-пяюху
І радасць зялёнай травы.

Сур’ёзным былі яго пажыванне ў засені дрэў
І чысты ягоны твар.
Бог лагодным полымем ягонаму сэрцу сказаў:
О чалавек!

Ціха знаходзіў увечары крок яго горад;
Цёмная скарга вуснаў яго:
Хачу быць верхаўцом.

А за ім ішлі звер і кусты,
Дом і змрочлівы сад белых людзей,
І ягоны забойца высочваў яго.

Вясна і лета і чароўная восень
Справядлівага, яго сцішаны крок
Міма цёмных пакояў заснулых.
Ноч прабыў ён з зоркай сваёй.

Угледзеў – падае снег праз голае вецце
І ў цёмных сенцах цень забойцы.

Срэбна апала галава ненароджанага.


Перадпекле

Пад асеннімі мурамі, цені шукаюць там
На пагорку звонкага золата
Чародку аблокаў на пашы
У спакоі падсохлых платанаў.
Цямнейшымі слязьмі пахне гэты час,
Калі сэрца праклёнам замроенага
Перапаўняе пурпура позняй зары,
Паныласць закурэлага горада;
А за крокамі вее залацісты холад,
За крокамі чужынца, з цвінтара,
Быццам слем ішоў за ім тленнасці цень.

Ціха каменная звоніць будоўля;
Сад сірочы, цёмны шпіталь,
Чырвоны баркас на канале.
Замроена падымаюцца і апускаюцца ў цемрадзь
Згнілыя людзі
І з пачарнелых брамаў
Выходзяць анёлы з халоднымі лбамі;
Тленнасць, мацерак мёртвыя скаргі.
І коціцца праз іх доўгія валасы
Агністае кола, круглы дзень
Зямлі бясконцая мука.

У стылых пакоях без сэнсу
Пыляцца прылады, рукамі кашчавымі
Вобмацкам шукае казку ў блакіце
Дзяцінства бязбожнае,
Тлусты пацук абгрызае дзверы і труны,
Сэрца дранцвее ў снежнай цішы.
Рэхам лунаюць пурпурныя кленічы
Голаду ў цемры прагнілай,
Чорныя палашы ашуканства,
Быццам бразнула медная брама.


У Гэльбруне

Зноў ідучы за блакітнай скаргай вечара
Каля пагорка, каля вясновага става –
Нібы застылі над імі цені даўно памерлых,
Цені царкоўных княжат, шляхетных жанчын –
Ужо цвітуць іх кветкі, сур’ёзныя фіялкі
На дне вечара, шуміць крышталёвы вір
Блакітнай крыніцы. Так зелянеюць пабожна
Дубы над забытымі сцежкамі мёртвых.
Залатыя аблокі над ставам.


На Ўсходзе

На дзікі арган зімовае буры
Падобны народу змрочлівы гнеў,
Пурпуровы вір бітвы,
Зорак апалае лісце.

Разбітым брывом, серабрыстай рукой
Ноч жагнае салдатаў на смерць.
У ценях асенняга ясеня
Уздыхаюць духі забітых.

Цярністы гушчар абдымае горад.
З акрываўленых ног скідае месяц
Спалоханых жанчын.
Дзікія ваўкі ўварваліся ў браму.


Скарга

Сон і смерць, змрочна арлы
Шумяць вакол галавы усю ноч
Залаты абраз чалавека
Паглынае сцюдзённы вір
Вечнасці. На жудасных рыфах
Трушчыцца пурпуровае цела
І скардзіцца цёмны голас
Па-над морам.
Шалёнай сястрой журботы
Глянь: тоне трывожны чаўнок
Пад зоркамі,
Маўклівым абліччам начы.