Агасфэр

Вечны Жыд

Гайм Штэфан


Разьдзел чацьвёрты

А тым часам наш юны Паўлюс фон Айцэн каторага ўжо часу жыве ў Вітэнбэргу й спасьцігае ў магістра Піліпа Мэланхтона й іншых вучоных гераў дактароў унівэрсытэта божую навуку й гісторыю сьвету. Кватаруе, як загадзя наперад было ўмоўлена, у Лёйхтэнтрагеравым, фармальна Фрызавым доме, дакладней, на верхнім паверсе, і пачувае сябе досыць вальготна, амаль як дома ў свайго бацькі, толькі інакшым манерам. А ўсё якраз у гаспадары, які часам увечары за чаркай агністага віна гаворыць такія рэчы, якія дзіўна яго пераймаюць і якіх сабе яго шаноўны бацька, купец Райнгард фон Айцэн, палатно й шэрсьць, ніколі і ў мроях сказаць ня мог, а яшчэ залежыць на служанцы Маргрыт, якая прыносіць яму сьняданак, мые кашулі й апратвае пасьцель, калі занадта заядаюць вошы й блашчыцы. Пасьля гэтага яму спакойна ад паразітаў, але не ад сваіх думак, якія ад рана да позьняга круцяцца вакол плячэй і грудзей і сьцёгнаў, ну, і вакол, што ў Маргрыт крыху ніжэй і ззаду. Тут ужо яму не памагае, што ён падыходзіць да акенца пакоя, зь якога адкрываецца відок на дом настаўніка Мэланхтона, насупроць і крыху наўскасяк, і спрабуе ўспомніць выслоўі пабожнага мужа альбо вобраз дзевы Барбары Штэдэр, якая дажыдаецца яго ў Гамбургу; у галаве прыгожыя выслоўі роем раяцца й ператвараюцца ў чыстую тарабаршчыну, а яго ўспамін пра Барбару журботна цьміцца й больш ужо не аднаўляецца ў ранейшых рысах; і замест яе сваім унутраным зрокам ён бачыць нахабны рот і грыбатыя, пунсовыя губы Маргрыт.

Лёйхтэнтрагер даўно заўважыў, што зарупіла яго пастаяльцу.

- Паўль, - кажа ён, бо яшчэ ў Янаву ноч яны раптам кінуліся ў абдымкі й заключылі братэрскі хаўрус і з таго часу называлі адзін аднаго хрысьціянскімі імёнамі, Лёйхтэнтрагер юнага Айцэна Паўлюсам, а гэты Лёйхтэнтрагера Гансам; - Паўль, - кажа Лёйхтэнтрагер, - я лёгка патраплю табе ўсё зладзіць з Маргрыт; варта мне сказаць адно толькі слова, і яна поначы прыйдзе да цябе й так усё зафундуе, што пачуеш, як анёлы на небе сьпяваюць; яна ад прыроды адораная, яшчэ й я сяму-таму падвучыў.

Юнаму Айцэну запякло ў сьцёгнах, але ён кажа:

- Ай, ды што ты наўме носіш, Ганс, ты ж ведаеш, там у мяне ў Гамбургу... я ёй прысягаў на вернасьць.

- Вернасьць - гэта ў цябе ад галавы, - кажа сябар, - а тое, што надзіць у Маргрыт, яно зусім ад іншага месца; нельга мяшаць духоўнае зь цялесным, ну, дый дарога ў твой Гамбург далёкая, а з таго, што дзева Штэдэр нечагась ня ведацьме, ёй не забаліць... Але не таму я прыйшоў, а таму што гер магістр Мэланхтон паслаў слугу спытацца ў нас, ці ня зробім мы яму ласкі й прыемнасьці, склаўшы яму кампанію за вячэрай, якую ён мерыцца зладзіць доктару Марцінусу й ягонай мілай жонцы Катарыне й некаторым іншым гасьцям, усе людзі знакамітыя і вучоныя; фраў Катарына фундуе на вячэру барылку піва з уласных запасаў.

- Што, я? - кажа юны Айцэн і ўвесь праменіцца ад шчасьця за гонар, які яму так згопалу-зьнянацку прыпадае.

- Так, ты, - кажа Лёйхтэнтрагер, але змоўчвае пры гэтым, што ён сам прапанаваў Мэланхтону дадатковага госьця; сваё на ўме маючы; апрача таго ён ведае і Лютэра й Мэланхтона, абодвух іх, адзін аднаму ім сказаць ужо няма чаго, але калі яны выбіраюцца на публіку, якая разьзяўляе рот на кожную іхнюю мудрасьць, тады ўжо іх прарывае, і яны глаголяць не раўнуючы як сьвятыя апосталы, і, такім чынам, думае Лёйхтэнтрагер, вечарына можа атрымацца бяседная.

Да вялікай гадзіны юны Айцэн выпуцаўся шыкоўна; абуў новыя боты зь мяккай скуры й чорны са шліцам каптан з чорным шаўковым падбоем і нашмальцаваў валасы, каб прыгожа блішчалі; яшчэ ён добра абмазгаваў, як яму вытыкацца зь языком, калі гаварыць дойдзе да яго: будзе пра сваіх гамбургскіх і як яны ўпадаюць за шчырым божым словам; пры гэтым потайкам думае сабе, што калі раптам сам Лютэр дабраславіць яго, гэта мусова дойдзе да гамбургскай парафіі, а пазьней, можа, і да супэрінтэндэнтуры. А Маргрыт толькі сьмяецца, гледзячы, як важна ён спускаецца па лесьвіцы, і пытаецца, ужо ці не на запіткі да маладое вышыкаваўся юны герык, а Лёйхтэнтрагер кажа, што а куды ж бо яшчэ, але толькі да нявесты нябеснай.

Пасьля яны зьбіраюцца за вялікім сталом у Мэланхтона, дактары й студэнты й іншыя госьці, каторыя і з жонкамі, у каго яны былі ў наяўнасьці. Юны Айцэн бачыць, як згасаюць апошнія промні дня ў круглых шыбінах вокан; ужо гараць сьвечкі й кідаюць мігатлівае сьвятло на твары, так што хацелася б думаць, недзе заварушыліся здані; але гэта толькі ад скразьняку з кухні, дзе няма ладу як пахне. Пасярэдзіне ўздоўжнага краю стала, як наш Гасподзь Ісус за апошняю паскай, сядзіць доктар Марцінус, узваліўшы на кулакі магутную галаву, і скоса пазірае на застольле; толькі калі ягонае вока, здаровае, якім ён яшчэ бачыць, застывае на Лёйхтэнтрагеры, які ўсьмешліва сядзіць за ніжнім краем, ён уздрыгвае й ссоўвае тоўстае брыво так, быццам стараецца нешта ўспомніць, што ніяк яму не даецца.

Але калі ўносяць рыбу, вывараную і пад смакавітай поліўкай, ён адкідае нядобрыя думкі, захмараны лоб яго разьвідняецца, і ён пачынае гаварыць пра божую творчасьць і яе цудоўнасьць, кажучы:

- Скіньце толькі вокам, як прыгожа ікрыцца рыбка, кожная дае тысячы; калі самчык б'е хвастом і сее малокі ў ваду, іх прымае паненка. Скіньце толькі вокам на птушак, як далікатна прыгожа праходзіць у іх такі ж самы расплод; самчык дзюбае ў чубчык, яна акуратненька кладзе яечкі ў гнязьдзечка, садзіцца на іх, і вось ужо з-пад яе выглядваюць птушаняткі; зірніце на птушанятка, як яно сядзела ў тым яечку!

- І усё гэта на карысьць і выгоду людцам, - дадае наш магістр Мэланхтон, - як напісана, чалавек павінен валадарыць над рыбамі марскімі, над птушкамі нябеснымі, над зьвярамі польнымі й над ўсім, што па зямлі поўзае.

- І над самім сабою, - кажа Лёйхтэнтрагер. - І павінны чалавекі адзін аднаму выпякаць вочы, і ўцінаць рукі, і сячы, і калоць, і расьцягваць, і ламаць хрыбты, і калесаваць, і ўсякага роду гвалты чыніць. Аман.

Юны Айцэн бачыць, як доктар Марцінус чырванее, бы рак печаны, як застрагае яму ў горле карп, і думае сабе: адно, калі такое гаворыцца пад чарку ў даверчай кампаніі, і зусім іншае, калі перад вучонымі мужамі, і ён ціха кажа Лёйхтэнтрагеру:

- Што ты вярзеш, Ганс; грэх прыйшоў у сьвет са зьмеем, але й мы магутныя, а з божай помачу й са словам аслоны нашых настаўнікаў Марцінуса Лютэра й Піліпа Мэланхтона мы раздушым галаву пачвары й яшчэ на адзін крок наблізімся да царства божага.

Тым часам наш доктар выкашляў карпа са сваіх лёгкіх, нават з хрыбетнікам, дый пытаецца:

- Хто вы будзеце, малады чалавек?

І пакуль фраў Катарына налівае свайму ўсё яшчэ ўсхваляванаму мужу й пускае вялізны кубак па крузе, бо зь Лютэравага дома павінна й сюды сягаць піўное права й справядлівасьць, юны Айцэн паведамляе, заікаючыся ад шчасьця, хто ён такі будзе, адкуль сам будзе, і якія ў яго планы й замахі, а доктар Лютэр схіляецца да Мэланхтона й кажа таму:

- Зьмецьце яго сабе, магістр Піліп, гэты пойдзе сваёй дарогай і далёка пойдзе. - А Лёйхтэнтрагеру праз увесь стол: - Вы проста як той злыдзень; але і яго трэба выслухваць, балазе, для асьцеражэньня.

Хто іншы, можа, зьбянтэжана перамоўчаў бы пасьля такіх слоў доктара Лютэра; ды не такі Лёйхтэнтрагер. Юнаму Айцэну здаецца, быццам яго кватэрны гаспадар момантам падрастае на цэлых дзьве галавы, а можа, і на тры, а горб ягоны раздаецца няма ладу як альбо, можа, гэта была гульня ценяў, і ён чуе пакеплівы сьмех сябра й як той кажа:

- Ці ж ня выступілі вы, гер доктар, перамагчы злога духа? Але скажыце самі, ці дасягнулі вы гэтага? Альбо ж ці ня сталася так, што вы спалохаліся й адступіліся і замірыліся з магутамі сьвету гэтага, убачыўшы неразьбярыху, якую самыя вы прынесьлі ў сьвет, і што чалавек, пракляты чалавек, цэлы час думае найперш пра сябе, а пра Бога пасьля альбо й зусім ня думае?

Тут падымаецца доктар Марцінус Лютэр і стаіць ва ўсёй сваёй густацялеснасьці, і ўсе за сталом як бы крыху ўціскаюцца ў сябе; а юны Айцэн, які добра засвоіў, што ў доме павешанага, бронь-божа, не гаворы пра вяроўку, ужо непакоіцца за свой посьпех, які ён з такім дбаньнем здабыў. І ён зьбіраецца з духам і кажа свайму настаўніку Мэланхтону, ці праўда яно тое, што царква й начальствы гэта як бы дзьве нагі ў чалавека; адно без аднаго - суцэльнае кульганьне.

Мэланхтон радуецца з гэтай сэнтэнцыі, ягоны вучань добра навучыўся ў яго, але яму бракуе адно толькі апошняй кропачкі над і, і ён дадае, што калі начальствы пабожныя, менавіта такія, якія караюць і не даюць ходу эпікурэйскім казаням, балвахвалству, ілжывым прысягам, д'ябальскім хаўрусам і вызнаньню бязбожных догмаў, то яны сапраўдныя дзеці царквы.

Але доктар Лютэр, здаецца, не расчуў гэтых слоў, яго ўвага ўсё яшчэ зафіксавана на Лёйхтэнтрагеры, які з усьмешкай пацягвае фраў-Катарыніна піва, і кажа яму:

- Хто б вы такі ні былі, вы шчыкнулі мяне за сэрца. Бо калі б я, пачынаючы пісаць, ведаў, што пазьней даведаюся, як варожа прымаюць людзі божае слова й супрацівяцца яму, дык я лепей памаўчаў бы й ніколі не асьмеліўся б нападаць на папу і ўсе ягоныя парадкі. Я думаў, людзі грашылі толькі праз сваё няведаньне й чалавечую крохкасьць і не забаранялі сабе нядбацца словам божым; але Бог павёў мяне, як каня, якога асьляпілі, каб ён ня бачыў тых, што скачуць на яго.

Пасьля чаго зноў садзіцца й унурвае галаву. Але як што ўсе астатнія цяпер ужо як сьлед замоўклі, нават Лёйхтэнтрагер, гер доктар заяўляе, што яго так і не зразумелі й дае працяг:

- Рэдка калі робяцца добрыя справы з мудрасьці й асьцярожлівасьці, хутчэй са сьляпой адвагі й збочваньня з дарогі. Але так яно ўжо ёсьць, збочваньне вядзе да хаосу, і хутчэй плаха стане на дарозе, чым усё само сабою на добры канец разьвяжацца.

Лёйхтэнтрагер адстаўляе свой кубак.

- І хаосу таму краю ня відаць, - кажа ён, нібы немаведама як заклапочаны, - карацей, Вечнага Жыда зноў бачылі, непадалёк ад Вітэнбэрга.

Юны Айцэн прыгадвае начныя крокі ў пустым пакоі ў «Лебедзях» у Лейпцыгу, але гэта было даўно, і доктар Марцінус падымае галаву, на яго пачырванелым твары выразна адбіваецца незадаволенасьць: чаму ён нічога ня ведае пра такія рэчы, чаму спатрэбілася гэтаму Лёйхтэнтрагеру прыносіць яму навіну, і наколькі яна верагодная?

Фраў Катарына хоча ведаць: дзе й чаму і які ён зь сябе? І Мэланхтон кажа:

- Жыдоў усюды пропадзь, і ўсе яны падобныя адзін на аднаго, як яйка на яйка, калі б каторае сказала, што выдзяляецца, - так мы й паверылі б.

Але Лёйхтэнтрагер заяўляе:

- У яго да ступака быў прыбіты цьвікамі крыж, пяць цьвікоў на кожнай назе.

Гэта ўжо пераконвае Піліпа Мэланхтона, нават кранае, бо, нягледзячы на сваю прыхілку да літары й параграфа, у яго чульлівае сэрца, і ён уяўляе сабе, як яно павінна быць, калі нехта зь цьвікамі ў нагах асуджаны на вечнае блуканьне, і апрача таго ён ведае, што прыйдуць благія часы, калі той Жыд акажацца.

- Калі б хто мог пагаманіць зь ім, - кажа ён разважліва павольна, - і апытаць яго: а ці быў чалавек сьведкам таго, як нашага Госпада Ісуса Хрыста вялі на Галгофу, з крыжам на плячах; шмат нашых сумненьняў мог бы разьвеяць.

- Так, - кажа доктар Марцінус, - а ці мог бы? І якія?

- Прынамсі, - адказвае магістр Піліп, - прынамсі, ён мог бы дапамагчы нам навярнуць жыдоў у адзінашчасьцедайную веру.

Тут і азарае юнага Айцэна, што чалавек, які бачыў нашага Госпада Ісуса з крыжам на плячах, павінен ведаць і пра яго сьвятасьць. З тым большым подзівам ён успрыняў новую ўспышку гневу, якая скаланула доктара Марцінуса.

- Так, - кажа той другі раз, - дык парайце нашаму мілажальнаму геру курфюрсту, хай дазволіць схапіць жыда, калі толькі той дасца, але схапіць яго не лягчэй, чым самога чорта, ён зьнікне сярод жыдоўскай братвы, застанецца толькі смурод, бо ён такі самы, як яны, а яны такія, як ён, хацелася б думаць, - усе яны вечныя і ім зводу няма.

Ён азіраеца вакол сябе, ці зразумеў хто-небудзь, пра якія цяжкаважкія рэчы тут завялося. Кухарка стаіць у дзьвярах са смажанінай, але не адважваецца ўносіць, пакуль гер доктар так мудра прамаўляе, а гэты ў запале не заўважае яе ваганьняў.

- Дый хваробу іх навернеш, - кажа ён, - бо яшчэ й цяпер немагчыма адвесьці іх ад вар'яцкай веры ў тое, што яны богавыбраны народ, хоць вось ужо тысяча пяцьсот гадоў, як іх выгналі, расьсеялі й дашчэнту зьвялі, а самая сардэчная іх надзея і прага - што яны калі-небудзь змогуць абыходзіцца з намі, хрысьціянамі, як у часы Эстэры ў Персіі з паганамі. І сёньня мы яшчэ ня ведаем, які чорт занёс іх у нашу краіну, зь Ерусаліма іх мы сюды не звалакалі.

Гэта таксама прасьвятляе юнага Айцэна, бо яшчэ ў Аўгсбургу ён даведаўся ад сваёй цёткі, якія паскудзтвы чыняць жыды ў краіне, як яны ўсіх абіраюць, багатых і бедных, не даючы ім за гэта нічога.

- Навярнуць! - усклікае наш добры доктар Марцінус, - навярнуць жыдоў! Хачу даць вам свае добрае рады: па-першае, агнём выпаліць усе іхнія сынагогі й хэдэры, адабраць у іх усе іхнія торы-шморы й малітоўнікі, а талмудыстам і іхнім рабінам збараніць вучыць, а па-другое, даць усім маладым дужым жыдам у рукі цэп, сякеру й рыдлёўку і хай працуюць у поце свах глюгастых твараў; калі ж не захочуць, дык турнуць к чортавай матары разам зь іх Вечным Жыдам, яны ўсе зграшылі на нашым Госпадзе Хрысьце й праклятыя гэтаксама, як і той Агасфэр.

Юнаму Айцэну закруцілася ў галаве, бо ў гэтым так мала ад слоў вялікага Лэтэра пра хрысьціянскі дух, запавяданы ў Пісаньні: «Любеце ворагаў вашых і дабраслаўляйце кляцьбітоў вашых». І паколькі ня так Гасподзь Ісус, як наш гер доктар Марцінус мог бы дапамагчы яму ў ягоным узьлёце на якую-небудзь катэдру, адкуль ён мог бы прапаведаваць слова божае, дык ён думае, што сьлед пагадзіцца з правільнасьцю таго, што добры доктар толькі што вяшчаў, і як што кухарка нарэшце ўносіць смажаніну й ставіць місу на стол і ўсё так цудоўна пахне, ён пра ўсё забываецца. І ў самога доктара Марцінуса нябось ужо сьлінкі набеглі і ў іх патанулі ўсе яго гарачыя словы, і ён цягнецца да місы, выбірае сабе самы сакавіты кавалак з усіх, што яму ад шчырага сэрца ахвяруюцца. Пасьля, ужо з кавалкам у зубах, ён заўважае далікатны ножык у Лёйхтэнтрагера, які той якраз бярэ ў руку, і просіць паказаць яму зблізку, каб лепей разгледзець, і пакуль фраў Катарына сарамліва адводзіць вочы, ён разглядвае яго й знаходзіць, што тут сапраўды ўдалы твор мастацтва, але толькі, мабыць, чортавага аўтарства, бо такі ж яно так і бывае, што ні ў мастака, ні ў жарнасека, ні ў каго іншага з падабнага роду людзей ніколі не даведаешся, хто водзіць яго рукою, анёл ці, можа, сатана.

Тут бярэ слова гер Лукаш Кранах, якому раней у Вітэнбэргу належала аптэка й які цяпер таксама сядзіць сярод гасьцей, дый кажа, што сапраўдны майстар не даецца, каб ягонай рукою вадзілі, ні анёлы, ні чэрці, ён сам у сабе творца, якім і стварыў яго з усім майстэрствам Гасподзь Бог, як, зрэшты, і кожную зьвярынку, кожную былінку й кветачку, і што ён мог бы з гэтым ножыкам у руцэ намаляваць вобраз нашага доктара Марцінуса, яго вабіць разнамаснасьць чырвонай фарбы ў формах фігуры, прычым усё гэта з каралаў, і выраз у вачах добрага доктара, крытычны й адначасова прыемны. А калі б мы ўзбагаціліся яшчэ й на прыгожую выяву доктара Марцінуса, не казаў бы доктар Марцінус, што яму больш гадзіцца дазволіць намаляваць сябе з малітоўнікам у руцэ, чым з голай бабай, хай нават такой маленькай.

Гер Лукаш Кранах верыць, што Лютэр думае, быццам ён задужа перабраў сваімі гадамі, каб уздатніцца на такое, і таму ён, гер Лукаш, дазваляе сабе запярэчыць: менавіта ж бо ўзрост умее цаніць сапраўдную прыгажосьць; ці ж бо сам ён у сваіх гадах не намаляваў голую Еву, зыскаўшы за гэта шмат пахвалаў.

Але доктар Марцінус азіраецца, і вока яго затрымліваецца на юным Айцэне, яго тоўстае брыво падымаецца, ён працягвае ножык яму й пытаецца:

- Ну, а вы што на тое скажаце, малады чалавек?

Рука Айцэна, які цяпер трымае нож, пацее, у ягонай галаве мітусяцца ўсялякія думкі што да той колішняй шлюхі й сёньняшняй Маргрыт, пакуль ён нарэшце ня кажа:

- Усе мы разам грэшнікі, а пажада - гэта прыроджанае нашае зло, якое запазычвае нас вечнай сьмерці: але паколькі мы змагаемся супроць яго, дык гэта ўжо свайго роду цнота, але толькі божая мілата можа ўратаваць нас і апраўдаць.

Тут у Лютэра адвісае сківіца, і ён вымушаны зрабіць доўгі глыток піва перш чым сказаць:

- Мне здаецца, што вы ў поўнай меры дужа разважлівы, Айцэн, быццам Гасподзь Бог зьмясьціў у ваш юны чэрап мазгі старога чалавека.

Айцэн ня ведае, як яму прыняць гэтыя словы - як пахвалу ці як, і азіраецца на Лёйхтэнтрагера; але той толькі выскаляецца. Такім вось выдаўся Айцэну вечар, і нават калі пад разумныя гаворкі спажываўся дэсэрт, а піва фраў Катарыны моцна разьвесяліла яго, ня марная прахлая радасьць; толькі калі ўжо даходзіць да разьвітаньня й Лютэр зычліва паляпвае яго па плячы, ён з палёгкай уздыхае; гер студыёзус можа, кажа доктар Марцінус, зьвяртацца й да яго за парадай, калі выдасца патрэба, на што магістр Мэланхтон скроіў даволі кіслую міну. І пакуль яны йдуць наўскос цераз вуліцу, Айцэн локцем штурхае Лейхтэнтрагера пад бок:

- Вось так мой сьвяты заступнік анёл павярнуў усё да лепшага, - кажа ён, - а ты, браце Ганс, здаецца мне, дзеля добрай мэты крыху закансьпіраваўся зь ім.

Але гэта яшчэ не канец, бо калі яны адчыняюць брамку і ўступаюць у дом, яны чуюць галасы; адзін - голас Маргрыт, другога Айцэн не пазнае, мужчынскі голас, пасьля Маргрыт сьмяецца, як сьмяюцца жанчыны, калі ім засьвярбіць пад спадніцай. У юнага Айцэна, надзьмутага й важнага ад посьпеху, валасы ўстаюць дыбарам, і ён сьпяшаецца ў пакой за Лёйхтэнтрагерам, які, здаецца, ведае, хто той позьні госьць.

А там ужо яму адкрываецца карціна, якая будзе перасьледаваць яго да сівых валос: на ўслоне сядзіць малады жыд, вальготна раскінуўшы ногі, наскі ботаў у брудзе, адзін паказвае на ўсход, другі на захад, а ў яго на ўлоньні ў самай найпяшчотнейшай пазіцыі ўмасьцілася Маргрыт, а той малады жыд вымацвае й выгладжвае ёй цыцкі, ужо давай і да таго інтэрасу брацца. І не перастае, падняўшы вочы і ўгледзеўшы, што ён зь дзеўкай ужо ў пакоі не сам-насам, а кажа:

- Мір з табою, Лёйхтэнтрагер, а як там у вас пасоўваецца з вашай працай, ці ўсё яшчэ валодаеце вы кесаравай манэтай і пэргамантам зь пісьмёнамі?

Айцэн адразу ўспамінае пра манэту й шматок з выцьвілымі габрэйскімі словамі, і ён немаведама чаму, бо той, хто гэтыя абедзьве рэчы перадаў асьлепленаму й пасьля памерламу бацьку свайго гаспадара, акулісту з Кіцынгена, быў чалавек дапатопнага веку; а цяпер гэты жыд тут, усё яшчэ абхапіўшы рукою Маргрыт, у самым росквіце гадоў, каб яму чорт яе перасаліў.

Лёйхтэнтрагер пагладжвае бародку й кажа, вядома ж, усё ў найлепшым парадку, можаш сабе выюрвацца далей; пасьля ён накульгам ідзе да сьцяны, націскае на нейкае патайнае месца, і вось Айцэн са зьдзіўленьнем бачыць, як добры кавалак той сьцяны расхінаецца й адкрывае вачам цэлую паліцу з пузатымі з крывавым перабліскам пляшкамі. Мабыць, віно, бо Маргрыт выслабаняецца з абдымкаў свайго жыдка й выстаўляе шклянкі, з высокім майстэрствам выштукаваныя золатам. Лёйхтэнтрагер і жыд абодва сядаюць за стол, а юны Айцэн ня ведае, ці вымкнуцца яму вонкі, як пабітаму сабаку, ці заставацца; ніхто не адзываецца да яго. Але потым цікаўнасьць бярэ верх над боязьзю, і ён падсаджваецца, хоць яго й абражае, як Маргрыт вывінчваецца каля таго жыдка й прагна наровіць падласьціцца, быццам той у сваім зашмальцаваным лапсярдаку быў грэцкі бог Аданіс.

Жыд, мармычучы па-габрэйску, дабраслаўляе віно, налітае Лёйхтэнтрагерам, і адпівае глыток. П'е й Маргрыт, сьпешлівымі глыткамі, чырвоная кропля зьбягае па падбародку й па белай шыі; юнаму Айцэну вусьцішна робіцца, яму здаецца, быццам ён заглядвае ў будучыню. Яму наогул усё тут такое чужое й непрыемнае. Пакой ужо больш не пакой, і час больш ня час, і Маргрыт стаіць і падражнівае, як Ева на карціне майстра Кранаха й з такім самым разумным позіркам. Жыд і Лёйхтэнтрагер гутараць пра нейкага шаўца з горада Ерушалайма, які прагнаў рэбэ Ёшуа ад сваіх дзьвярэй, за што яго гэты й пракляў.

- Быў ілжэмэсія, - кажа жыд.

- Хто гэта ведае? - кажа Лёйхтэнтрагер. - Нельга вылічыць старога. Калі ўжо ён стварыў аж такі сьвет з такімі людзьмі, чаму ж бо яму й ня прыдумаць сябе ў двух відах ці нават у трох?

Юны Айцэн разумее, што яны гавораць пра Бога й пра вялікую містэрыю, і яго злуе, што робяць яны гэта без патрэбнай пачцівай багавейнасьці, і ўсё ж ён падазрае, што яны маглі б пра тое ведаць больш, чым ён і яго настаўнік Мэланхтон, больш нават за вялікага доктара Марцінуса, пра якога яны сама цяпер распачынаюць спрэчку.

Цяжкае віно дае яму ў галаву як мядовасьць. Яно затуманьвае мазгі й адначасова робіць яго празарліўцам. Ён чуе, як жыд нахвальвае Лютэра: ніхто так, як ён, не ўспасобіў сьвет, не разбурыў парадак, заведзены на тысячагодзьдзі, ніхто так не ўзарваў будынак вучэньня й вал закона; цяпер патоп папёр, ён парывае ўсё з сабою, нясе да прорвы, і дарма дабро супрацівіцца гэтаму працэсу.

Лёйхтэнтрагер падымае свой гарбок угору. І не таму, што ён асабіста чуў з жывых Лютэравых вуснаў, як прасякае таго страх, калі ён бачыць, што адно вырастае з другога, крывавы мяцеж з дабрапамыснай рэформы, і паўсюль - суцэльны разгардзяш; у адказ на што ён сьпешна адштурхоўвае ад сябе тых, што падтрымлівалі яго й хацелі таго самага, што й ён, і не баіцца зрабіць наступны крок і ў імя Бога аднаўляе старыя дамбы й дае шанцы былым гаспадарам.

Жыд трасе галавой. Што было, тое было, кажа ён, і ніхто, нават сам Лютэр, ня можа зрабіць таго, што было раней. І з кожнага абвалу й перавароту вырастае новае, лепшае, пакуль нарэшце вялікая думка ня робіцца рэальнасьцю і ня зробіць ягоную, жыдаву, працу, і ён зможа знайсьці спакой, спакой, спакой.

Віно. Галава ў юнага Айцэна ападае на складзеныя рукі.

- Заснуў, - кажа жыд.

- Ён нічога не разумее, - кажа Лёйхтэнтрагер. - Яму што.

Маргрыт сьцягвае жыду боты, цалуе скалечаныя пыткай ногі.

- Як вы цяпер завяцеся? - хоча ведаць Лёйхтэнтрагер.

- Ахаў, - кажа жыд.

Маргрыт зьнізу глядзіць на жыда.

- Калі вы Ахаў, хачу быць вашай Езавэляй.

- Ахаў, кажа юны Айцэн не падымаючы галавы як бы з цяжкага сну, - Ахаў быў забіты, і сабакі лізалі ягоную кроў.

А тады робіцца яму, быццам бачыць ён вогненную хмару й чуе грымоты й пякельны пошчак і рогат, а пасьля голас, які нагаворвае нешта неразборлівае, габрэйшчына, думае ён, выслоўе на кавалку пэргаманта. І ён ужо поўны жаху і роспачы, і зьяўляецца яму добры доктар Марцінус і бярэ яго за руку й кажа яму: «Узьвядзі ты царства божае, Паўль, сыне мой, і парадак, якога я хацеў».

Раніцай, прачнуўшыся тварам сярод чарэп'я шкла на стале й паўвысахлых расьцёкаў віна, бачыць, што жыд ужо зьнік разам з Маргрыт, толькі Лёйхтэнтрагер стаіць на сваіх кульгах і кажа:

- Прыйшло тут табе пісямко, Паўль, табе трэба як мага баржджэй выбірацца ў Гамбург, там твайму бацьку занядобрылася, і ён патрабуе цябе. Я ўжо перагаварыў з панамі дактарамі з унівэрсытэта; яны гатовыя праэкзаменаваць цябе з гэтай нагоды, выпрабаваць, каб ты мог прапаведаваць правільнае слова божае там, на поўначы. А як што туды вядуць і мяне мае гешэфты, дык мы з божай ласкі маглі б і выправіцца разам.

Юны Айцэн, усё яшчэ пад чарамі начных сноў, заскочаны навінамі й будучы перад фактам, што вось ужо ўсё зноў наладзілася, яму не застаецца нічога, як з падзякай згадзіцца. Я ніколі не адцураюся ад гэтага чалавека, думае ён сам сабе, але ці хачу я гэтага?