Геру
праф. д-ру Dr. h. c. Зігфрыду Байфусу
Інстытут навуковага атэізму
Бэрэнштрасэ 39а
108 Берлін
4 верасня 1980
Дарагі таварыш Байфус!
З прычыны адпускнога перыяду многіх нашых супрацоўнікаў наша рэагаванне на працу кіроўнага Табою Інстытута «Рэлігійныя элементы ў сіянісцкім імперыялізме са спецакцэнтам на Агасфер-легендзе і Кумранскім рукапісе 9QRes», рэдакцыя якога па нашай ініцыятыве была ў сакавіку гэтага года, запазнілася. Пасля таго, як перад намі аказаліся многія ацэнкі і меркаванні і нават я сам меў магчымасць пазнаёміцца з працай, я павінен паведаміць Табе, што мы не разглядваем гэты ўзнос у яго існуючай форме як дастаткова кваліфікаваны, каб прадстаўляць яго ў наступным годзе на канферэнцыі ў Маскве.
Перш за ўсё не хапае галоўнага раздзела, які праз адмысловае завастрэнне ўвагі на Агасфер-легендзе і рукапісе 9QRes дэталёва прааналізаваў іншыя важныя аспекты тэмы; і сацыяльныя і нацыянальныя сувязі распрацоўваюцца ў працы недастаткова ўсеабдымна і паглыблена. Так, напрыклад, не хапае базіснага аналізу першага захопу Палестыны Ізраілем, прычым выкарыстанне сакрэтна-службовых сродкаў нападаючымі заслугоўвала б спецразгляду, як і аналіз анексіянісцкага характару другой яўрэйскай дзяржавы, як і яе саюзніцкай палітыкі з імперыялістычным Рымам, што магло б праліць характэрнае святло на сённяшнюю практыку.
У сувязі з гэтай праблематыкай у нашым пісьме Табе ад 8 ліпеня гэтага года мы рэкамендавалі дыстанцыраваць гераў праф. Лёйхтэнтрагера і яго прыяцеля Агасфера ад візіту ў сталіцу ГДР на канферэнцыю, маючую адбыцца ў панядзелак у 14 гадзін.
З сацыялістычным прывітаннем
Вюрцнер
Кіраўнік галоўнага аддзела,
Міністэрства вышэйшай
і прафесійнай школьнай адукацыі.
Геру
праф. Ёханаану Лёйхтэнтрагеру
Hebrew University
Jerusalem
Israel
10 верасня 1980
Дарагі, шаноўны калега Лёйхтэнтрагер!
Я даўно павінен быў бы адказаць Вам на Ваша змястоўнае пісьмо ад 3 ліпеня, але важныя справы і нервозныя перажыванні, якія мяне амаль штомесяца трымаюць далёка ад інстытута, змусілі мяне адкласці такі намер. Але ўвесь гэты час тэма Агасфера не пакідала мяне; мой урач нават выказаў падазрэнне, што маё здароўе можа быць у нейкай, хай нават аддаленай, сувязі з ёю, і сказаў пра фіксацыю, як яна ўжо была Вамі адзначана, і распытваўся, ці не з'яўляецца мне Вечны Жыд начамі ў снах ці як-небудзь інакш. З чыстым сумленнем, праўда, я мушу гэта адмаўляць.
Тым не меней застаецца пытанне, чаму Вы, дарагі калега, і я ўжо працяглы час інтэнсіўна займаемся комплексам праблем з Агасферам, бо калі ўжо можна гаварыць пра нейкую фіксацыю, маю зацыкленасць, як раней у Вас, калі Вы сцвярджалі пра рэальнае існаванне перажылага стагоддзі цуда-чалавека і спрабавалі пераканаць у гэтым мяне. А ці нельга было паставіць гэта пытанне па-грамадску мякчэй? Адкуль гэтая заўсёды ў прыкметна павышанай меры цікавасць да Агасфера, яго паходжання, яго гісторыі, яго ўздзеяння?
Паколькі ў свеце не бывае спантаннага развіцця, а паводле законаў дыялектычнага матэрыялізму адно заўсёды вынікае з другога, варта было б прадумаць, што крыецца за цэлым і чыім інтарэсам яно ў дадзеным выпадку служыць. Больш дакладна па гэтым пункце Вы, паважаны гер прафесар Лёйхтэнтрагер, праўдападобна, нават не маючы намеру, прыслалі адказ, калі ў сваім ліпеньскім пісьме ў кантэксце з магчымым візавым пытаннем да ўстановаў Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі пісалі пра сябе як пра прадстаўніка парадку і законнасці, а Агасфера разглядалі як антытэзу да гэтага, як чалавека не-парадку і разбурэння, нецярплівасці і неспакою, як сімвалічны вобраз анархіі, значыцца. Але такія тыпы, падумайце толькі пра Троцкага і да яго падобных, зноў і зноў робяцца прыладамі ў руках самай цёмнай рэакцыі і імперыялізму, і пры ўсёй прыязнасці да Вас, шаноўны гер калега, якую я, спадзяюся, прыдбаў праз нашу доўгую і змястоўную перапіску, я даю Вам параду, яшчэ раз падумаць і пры выпадку даследаваць, ці сённяшні, вельмі рэальны Агасфер - ад яго самых розных папярэднікаў я цяпер абстрагуюся - не мог бы быць нечым большым, чым толькі бяскрыўдным абутковым гандляром-камашнікам.
У кожным разе я хацеў бы паставіць пад сумненне, што ён атрымае візу на ўезд у нашу Германскую Дэмакратычную Рэспубліку.
З добрымі пажаданнямі, асабліва Вашаму здароўю
Ваш адданы
(праф. д-р Dr. h. c.)
Зігфрыд Байфус
Інстытут нав. атэізму
Берлін, сталіца ГДР
Геру
праф. д-ру Dr. h. c. Зігфрыду Байфусу
Інстытут навуковага атэізму
Бэрэнштрасэ 39а
108 Берлін
German Democratic Republic
10 верасня 1980
Дарагі прафесар Байфус!
Ваша доўгае маўчанне, апошні раз я меў вестку ад Вас у ліпені, занепакоіла мяне. Нават з улікам непамерна зацягненай праз паштовую цэнзуру Вашай і маёй дзяржаў паштовай дарогі, я павінен быў бы пры Вашай руплівасці ва ўсіх датычных Агасфера пытаннях даўно пачуць пра Вас; ці не былі Вы хворыя альбо ці не было ў Вас якіх-небудзь службова абумоўленых перашкодаў у Вашым навукова такім патрэбным і карысным карэспандаванні са мною?
Я ў кожным разе хачу напісаць Вам цяпер, павінен гэта зрабіць, нават з улікам небяспекі, што Ваша мне пісьмо ў дарозе і перасячэцца з маім сённяшнім. Дзве прычыны, побач з маёй калегіяльнай заклапочанасцю духоўным і фізічным здароўем аднаго з нямногіх апрача мяне спецыялістаў па Агасферы, падштурхнулі мяне да гэтага. Адна прычына, што я маю абгрунтаваную перспектыву на фінансавую дапамогу з боку майго універсітэта для паездкі, якая дазволіць мне пабываць у месцах дзеянняў Агасфера, а таксама ў тэрытарыяльна прыналежным да ГДР Вітэнбэргу; пры выпадку я хацеў бы наведаць Ваш інстытут ва Усходнім Берліне і, магчыма нават да канца гэтага года, у суправаджэнні гера Агасфера, які сам бярэ на сябе дарожныя выдаткі і разам са мною рады асабіста пазнаёміцца з Вамі.
Другая прычына тэрміновасці майго Вам пісьма і мая спешка з ім яшчэ больш важная, яна нават, калі можна так сказаць, сенсацыйная. Менавіта гер Агасфер паведаміў мне, што рэбэ Ёшуа, якога вы ведаеце па яго грэцкім імені Ісус Хрыстос, зноў дзейны на зямлі: ён, Агасфер, не толькі бачыў яго, але і даволі працяглы час гутарыў з ім.
Вы, шаноўны гер калега, заўсёды ставілі пад пытанне існаванне Вечнага Жыда; Вы маглі б таму тут якраз і падняць пярэчанне, што дадзеныя міфічнай асобы маюць мала фактычнай каштоўнасці і што пра прадказанае ў тэкстах Новага Запавета хуткае вяртанне Ісуса Хрыста realiter так ці інакш не можа быць гаворкі, бо ўжо пра першую інкарнацыю нібыта сына божага няма цвёрдых гістарычных доказаў, ні габрэйскіх, ні грэцкіх альбо рымскіх дакументаў якога б там ні было роду, ніякіх крыніц акрамя менавіта гэтага Новага Запавета, розныя часткі якога розных жа і аўтараў яўна напісаныя на патрэбу прапаганды ўхіленага ад афіцыйнага іудаізму сектанцкага веравання і былі пашыраныя сярод людзей.
Я таксама, дазвольце мне гэта канстатаваць, лічу Ісуса ў дойдзенай да нас форме ў найвышэйшай ступені спрэчнай фігурай; я хутчэй сказаў бы, што рэбэ Ёшуа, які ў тыя часы хадзіў з пропаведзямі і парабалічнымі выслоўямі па Юдэі і сумежных правінцыях, яшчэ пры жыцці, а пасля смерці яшчэ больш акружаны праз сваіх прыхільнікаў мноствам ходкіх міфаў, пакуль нарэшце яго не абвясцілі за даўно чаканага яўрэямі месію. Але я не магу цалкам адмежавацца ад цвярозых слоў майго прыяцеля Агасфера, які стаяў перад мною, як, мабыць, перад Вамі стаяў бы Ваш гер д-р Якш з прыгаршчамі новых доказаў сваіх тэзаў, і я дапускаю, што і Вы не былі б не ўражаныя яго паведамленнем.
У выніку гэтага паведамлення рабі, як і тады ў белым, а цяпер брудным і падраным адзенні, павалокся ўгору па Дарозе Смутку, хістаючыся, як пад вялікім цяжарам, бледны, задышлівы. І тым не меней у турыстычнай мітусні гэтай часткі Ерусаліма, якая прыцягвае да сябе дзіўную публіку і ўсякага роду жабракоў, ён быў амаль не заўважаны; хіба што толькі некалькі маладых з гітарамі і рукзакамі за плячмі прыкмецілі яго, але пасля хутка пераключыліся на іншыя кур'ёзнасці. Ён, Агасфер, адразу пазнаў рэбэ Ёшуа: не дзіва пасля яго першай сустрэчы з ім на тым самым месцы. Ён увогуле не быў моцна здзіўлены паяўленнем рэбэ Ёшуа, адказаў гер Агасфер на маё ў сувязі з гэтым пытанне; так ці інакш ён даўно ўжо чакаў яго вяртання, і пачуццё dеjа vu пранікла ў яго, калі рабі зноў падышоў да яго і папрасіў дазволіць яму адпачыць у цяні ягоных дзвярэй.
Гэтым разам, праўда, мой сябар паведаміў далей, што ўжо паводзіўся не паводле вядомага ўзору. Замест таго, каб, як было, адаслаць рабі ад сваіх дзвярэй, ён запрасіў яго ў свой дом, і, цалкам зморанага і знясіленага, правёў праз усю сваю лаўку міма многіх, зразумела, крыху шакіраваных кліентаў, у дворык, дзе запрасіў госця ўтульна размясціцца сярод вінаградных лозаў. Шкляначку віна рабі адхіліў, гэтаксама як і кока-колу, толькі заакцэптаваў глыток чыстай вады і дазволіў прамыць яму на галаве крывавыя раны і не выдаў ніводнага гуку, толькі два-тры разы лёгка ўздрыгнуў, калі ён, Агасфер, у канцы прамывання памачыў ёдам некалькі больш глыбокіх праколаў і парэзаў.
Пасля, крыху адпачыўшы, рэбэ Ёшуа пачаў гаварыць. Гэта, патлумачыў ён, ужо апошняя станцыя ягонага прабывання, і паколькі мой сябар Агасфер хацеў ведаць, ці не думае ён сапраўды яшчэ раз дапусціцца да пытак, той з усмешкаю адказаў: не, гэтым разам не; прыйшоў іншы час, час, калі ўжо трэба не пакутаваць, а судзіць. На наступнае пытанне, каго судзіць, рабі не адказаў; ён падумаў, так сказаў мой сябар, што гэта і без таго ясна. І пра тых, якія так ліха абышліся з ім, ён выказаўся вельмі агульна і пакінуў адкрытым пытанне, была гэта тады ваенная паліцыя ці арабскія тэрарысты альбо проста нейкія валацугі, якія хацелі на ім астудзіць свой запальчык.
Намнога больш зацікавіла рабі іншая тэма: Армагедон, тая апошняя бітва перад канцом свету, за якою паводле падання павінен паследаваць Страшны суд. Ён гаварыў пра караблі, якія цікуюць пад вадою, а то і наогул пад вечным лёдам, нябачна для электронных вачэй самых адчувальных абаронных апаратаў, кожны аснашчаны шаснаццаццю ракетамі, кожная з якіх у сваю чаргу аснашчана шаснаццаццю саманаводнымі атамнымі боегалоўкамі, прычым кожнай з гэтых атамных боегаловак дастаткова, каб сілай выбуху і напалам цяпла разбурыць вялікі горад з усім, што ў ім дыхае, больш грунтоўна, чым сваім часам гэта зрабіў Божы вогненны дождж з Садомай і Гаморай. Пры гэтым Армагедоне, прадказаў рэбэ Ёшуа далей, могуць ужывацца таксама міжкантынентальныя ракеты, якія з хвіліннай хуткасцю могуць наляцець на цэль з таго боку мора і сваімі нуклеарнымі зарадамі, напрыклад, ад гары Сіён і святога горада Ерусаліма не пакінуць нічога, акрамя выпаленага кратэра і да таго ж сваім радыёактыўным дыханнем у коле, якое з аднаго боку сягае да ракі Ніл, а з другога да водаў Еўфрата, смяротна атруціць чалавека, быдла і расліны, аж нават і самую зямлю, на якой усё гэта расце. І такіх ракет, з горыччу ў голасе дадаў рабі, большых і меншых, з большай альбо меншай шырынёй ахопу і аснашчаных адпаведнымі выбуховымі галоўкамі, ужо ёсць шмат тысяч, і ўся гэтая пякельная сіла знаходзіцца ў руках нямногіх валадароў, людзей з абмежаваным мысленнем, якія пры кожнай нагодзе на ўсё горла дакляруюць, што гэты арсенал ім патрэбен для абароны міру, бо мір патрабуе раўнавагі страху; што азначае, калі адзін бок у стане знішчыць другі дзесяць разоў, каб толькі той не імкнуўся да гэтага зрабіць другому не толькі тое самае, але і пераўзыйсці другога, каб выйсці на дванаццаціразовы парог, каб, нават ужо пры апошнім уздыху з апошняга бункера яшчэ ўсё-такі можна было папомсціцца. У гэтым забойчым спаборніцтве яны ўжо дайшлі да таго, што былі здатныя вынішчыць усё, што пад небам, так што ад Божага тварэння не засталося б нічога, акрамя голай, пустой зямлі і далёкіх зорак. У сваёй празе да ўлады, сумешчанай са страхам перад сабе падобнымі, чалавек схапіўся за першародную сілу сусвету, але, не ўмеючы ні цугляць яе, ні кіраваць ёю; так сам Адам, калісьці створаны паводле вобразу Бога, зрабіўся зверам з сямю галовамі і дзесяццю рагамі, усеразбуральнікам, антыхрыстам.
Такая, паводле паведамлення Агасфера, была прамова рэбэ Ёшуа. І цяпер Вам, паважаны калега Байфус, словы рабі ў аснове фактаў будуць гэтаксама звыклымі, як і мне; толькі мы, выцясняючы іх, дзе толькі магчыма, з нашай свядомасці, навучыліся з імі жыць. Ён прапусціў магчымасць, прызнаў гер Агасфер, знайсці сабе яснасць у тым, адкуль рабі атрымаў гэтыя факты, ці праз людзей, якія далі яму адпаведную літаратуру, ці ад спецыялістаў альбо, можа, нават ад саўдзельных у справе; відавочна аднак было, што ён, не могучы прыняць удзелу ў нашай паступовай акліматызацыі ў атамным веку, з неразумствам, у якім мы рухаемся як бы само сабой зразумелым чынам, раптам быў канфрантаваны і адпаведна быў спалоханы - багатыя падзеямі тысяча дзевяцьсот гадоў, пасля таго як ён, як ён думаў, праліў сваю кроў за дараванне грахоў чалавецтва.
Спекулятыўнае пытанне, як паводзіўся б Ісус і што ён сказаў бы, калі б сёння вярнуўся на зямлю, ставілі ўжо многія, Вы, мабыць, таксама, дарагі гер прафесар, нягледзячы на Вашыя атэістычныя перакананні. Паводле выказванняў Вечнага Жыда, адзінага чалавека, які можа надзейна ідэнтыфікаваць рэбэ Ёшуа і атэістычна засведчыць ягонае вяртанне, гэтае вяртанне адбылося. Дык ці можна адказаць на пытанне?
Гер Агасфер мяркуе, што можна. Ва ўсякім разе сам рэбэ Ёшуа непасрэдна даў адказ, і менавіта на гары Галгофе, на тым месцы, дзе колісь стаяў крыж. Менавіта туды яны павандравалі абодва, пасля таго, як ён, Агасфер, упрасіў рабі, памяняць сваё падранае і бруднае адзенне на белае, такое, якое носяць бедуіны, і там рабі, гледзячы ў неба, раптам усклікнуў: Элі, Элі, няўжо ўсё было марна - нагорная пропаведзь, крыжовая смерць? Ягня заколата, але ахвяра адкінута і забыта?
І пасля гэтага ён даўся ў маўчанне. А тым часам вакол яго сабраўся вялікі натоўп, тубыльцы, турысты, паломнікі, сярод гэтых апошніх група святароў розных хрысціянскіх канфесій, усе ў сваім абрадавым адзенні, і ўсе яны глядзелі на рабі, быццам перад імі быў прывід, і адна юная амерыканка, бледная, фанатычна крычала: Doesn't he look just like Jesus Christ?
Рабі, вырваны з задумення, пасля кароткага замяшання падняў руку са следам раны як бы на дабраславенне, але зноў апусціў; пасля гэтага натоўп, які сабраўся вакол яго, расступіўся, і ён пайшоў, і варта подзіву было, што ніхто з усіх прысутных людзей не шчоўкнуў фотаапаратам, хоць многія з іх мелі пры сабе камеры.
Мне застаецца толькі распытацца пра асабістую рэакцыю гера Агасфера на падзею. Аднак менавіта таму і не патрабавалася асабліва распытваць; ён сам расказаў, як моцна ўразіла яго вяртанне рэбэ Ёшуа, бо гэта надзвычай закранула яго асабісты лёс. Бо калі, сказаў ён, Ты застанешся і будзеш чакаць, пакуль я вярнуся спраўдзілася да гэтага часу, тык трэба чакаць, што і ў праклёне implicite для часу пасля вяртання рэбэ Ёшуа і яго ўшэсця таксама спраўдзяцца, а ён, Агасфер, тым часам павінен яшчэ сёе-тое ўрэгуляваць.
Вы, шаноўны калега Байфус, зразумееце хваляванне, з якім я пішу гэта пісьмо, але ж і маю радасць і задавальненне з таго, што я менавіта такога скептыка і марксіста, як Вы, магу першага паінфармаваць пра такую вялікую і дзівосную, хай хоць, на жаль, толькі з адной крыніцы пацверджаную падзею, якою з'яўляецца новае паяўленне рэбэ Ёшуа. Несумненна вы захочаце яшчэ раз пагутарыць пра гэта і іншыя цікавыя нам пункты з герам Агасферам і са мною падчас нашага візіту ў сталіцу Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі, і я з вялікім спадзяваннем на плённы абмен думкамі чакаю яго.
А пакуль што добрыя прывітанні
Ваш
Ёханаан Лёйхтэнтрагер
Hebrew University
Jerusalem