Агасфэр

Вечны Жыд

Гайм Штэфан


Разьдзел дваццаць другі

Геру

праф. Ёханаану Лёйхтэнтрагеру

Hebrew University

Jerusalem

Israel

9 чэрвеня 1980

Дарагі прафесар Лёйхтэнтрагер!

Я павінен падзякаваць Вам за сяброўскую перадачу Вашай ксеракопіі пісьма ад 14 кастрычніка 1556 года да суперінтэндэнта фон Айцэна, пісьма, якое ў сувязі з новапаўсталымі акалічнасцямі паходзіць з Нордэльбскай царкоўнай бібліятэкі ў Гамбургу і якое, здаецца, стаіць у пэўнай сувязі з праведзенай у тыя часы ў горадзе Альтона «дыспутацыяй з яўрэямі»: пісьмо, як Вы лічыце, належыць руцэ Вечнага Жыда.

Я не хачу ставіць пад сумненне аўтэнтычнасць пісьма; але адносна яго аўтара хацеў бы заклікаць да асцярожнасці. Адразу пасля атрымання копіі я распаўсюдзіў яго ў нашым калектыве з просьбай выказаць думку, і мы ў нашым інстытуце адзіныя ў меркаванні, што гаворка тут ідзе пра містыфікацыю, а менавіта пра тагачасную. Вы, дарагі калега, зразумееце мяне, калі мы, марксісты, настойваем на сваім пункце гледжання, што не можа быць ніякіх цудаў, а, значыцца, і ніякіх Вечных Жыдоў, як асоб. З гэтага зноў жа вынікае, што пісьмаў, складзеных і напісаных ім, у прынцыпе быць не можа. Але паколькі Вы з прычын, якія можна прызнаваць альбо не прызнаваць, не хацелі б згаджацца з тэзісам Паўля Ёгансэна адносна ідэнтычнасці вядомага ў сярэдзіне ХУІ стагоддзя ў Гамбургу Агасфера з прарокам Ёргам Мэйсэнскім (том XLI часопіса Аб'днання па вывучэнні гісторыі Гамбурга), паўстае пытанне, кім жа такі на самай справе быў той «бедны жыдок», які пісаў памечанае імем Агасфера пісьмо і які менавіта пад гэтым імем пазнаёміўся з суперінтэндэнтам фон Айцэнам і быў выкарыстаны гэтым апошнім у памянёнай альтонскай дыспутацыі.

Высвятленне гэтага пытання і даследаванне далейшага лёсу беднага жыдка было б у роўнай меры вартаснай задачай і для крыміналістаў і для гісторыкаў; толькі трэба апасацца, што час даўно ўжо сцёр усе істотныя адпраўныя моманты і доказныя факты. Што тут павінна ісці гаворка пра даволі спрытнага махляра, адразу ясна, калі падумаць, што такі прамінентны і для свайго часу высокаадукаваны чалавек, як Айцэн выйшаў на яго; і гэты Агасфер, як так званы Вечны Жыд, умеў праварочваць свае махлярскія гешэфты, што, зрэшты, зразумейце мяне правільна, гер калега, наогул не павінен успрымацца як алюзія Вашага суіменнага прыяцеля, абутковага гандляра.

У гісторыі часта здаралася так, што якія-небудзь дробныя прахадзімцы выдавалі сябе за славутасцяў, якія ў фантазіі народа яшчэ былі жывыя, - колькі бегала па свеце Ілжэнеронаў, колькі Ілжэдзмітрыяў, і нават знакаміты капітан з Кёпеніка, нотабэнэ шавец, як і Агасфер, адносяцца да гэтай катэгорыі, бо вобраз прускага афіцэра адначасова абуджаў і акрыляў пачуцці грамадзянаў. Нават апосталу Яну, пра якога, як Вы можаце ўспомніць, у Новым Запавеце (пар. Ян 21, вершы 20-23) гаворыцца, што ён не памрэ, а застанецца, пакуль не вернецца Хрыстос, знайшлі імперсанатара, аднаго такога, які пазней быў жыўцом спалены ў Тулузе яшчэ напрыканцы ХУІ стагоддзя.

Як я ўжо меў нагоду выказацца ў маёй кнізе «Самыя вядомыя іудэа-хрысціянскія міфы ў святле прыродазнаўчага і гістарычнага пазнання», раздзел «Пра Вечнага (альбо Вандроўнага) Жыда», вельмі падобна на тое, што ў выпадку з гэтым Янам, які ў евангеллях фігуруе як любімы вучань, трэба бачыць правобраз Агасфера. Чаго я ў маім галоўным пункце дасягнуў, што ў маёй толькі што названай працы магчыма крыху недастаткова акцэнтавана, але што я пасля сталага разважання і дыскусіі з маімі супрацоўнікамі цяпер павінен асабліва падкрэсліць, гэта: Агасфер ніякая не, нават высветленая праз паданне, гістарычная асоба, як і славуты імператар Барбароса, і ўжо ж такі ён ніякі не сучаснік адначасова Пілата і прафесара Ёханаана Лёйхтэнтрагера; хутчэй за ўсё ён ёсць сімвалічная постаць, сімвал-вобраз, і да таго ж даволі тыповы.

Як для германцаў Зігфрыд, вечны маладзён, падступнай рукой замардаваны герой, так і для вечна касым вокам падгляданых, усюды бяздомных, вечна з-краіны-ў-краіну-вандроўных, часта нават гнаных і цкаваных яўрэяў - Агасфер. У ім персаніфікаваны лёс яго народа. Элемент падабенства сягае аж да падрабязнасцяў яўрэйскай экзістэнцыі. Так С.Марпурга ў сваёй «L'Ebreo errante in Italia» (Фларэнцыя, 1891) цытуе, гэта Вам несумненна вядома, паведамленне нейкага Антоніа дзі Франчэска дзі Андрэа з Сан-Ларэнца, які нібыта сустракаўся з Вечным Жыдам у 1411 годзе: «Ён можа заставацца ў правінцыі толькі тры дні і ўжо спяшаецца ўпрочкі, бачна і нябачна; на ім адзенне з каптуром, аперазаны вяроўчынай, і ходзіць босы; тым не меней, хоць ён і не мае пры сабе ні машны ні кашалька, расплачваецца гатоўкай. Прыйшоўшы ў які-небудзь прытул, есць і п'е добра, а пасля расціскае кулак і дае столькі, колькі патрабуе гаспадар; і ніколі ніхто не бачыць, адкуль у яго бяруцца тыя грошы, і ніколі не бывае, каб яму іх не хапіла...» Гэтыя дадзеныя перакрываюцца са звесткамі, пададзенымі ў адной фламандскай народнай кніжцы з сярэдзіны ХУІІ стагоддзя, выдадзенай ананімна і без пазнакі года і месца выдання, якая, бадай, з'ўляецца перакладам з нямецкай, а насамрэч, мабыць, прыйшла ўзбочнымі шляхамі з французскай. Там гаворыцца: «Увесь ягоны скарб складаецца з пяці штубераў, якія заўсёды ўзнаўляюцца, колькі б ён іх ні траціў». У многіх выданнях «Кроткаго опісаня і розсказу про однаго жыдовіна з наіменем Агасферус», першая вядомая нам рэдакцыя якога выйшла ў 1602 годзе «ў Лейдэне ў Хрыстофа Кройцэра», дзіўным чынам падтэкставана дата «Шлезвіг 9 іунія 1564», падаецца далейшае апісанне, што яўрэй часта паяўляецца ў селішчах бедны і абадраны, але праз некаторы час ужо апрануты з іголачкі ў нітачку і нават у моднай выправе.

Тут адбіваецца натуральна не што іншае, як назіранне аўтараў народнай кнігі, што гандлёвыя яўрэі не ездзілі, як хрысціянскія купцы, з кашалькамі ў кішэнях, яны ведалі так званы безнаяўны разлік, каб не сказаць крэдытныя карткі, і гэтакім чынам пазбягалі стратаў ад нападу рабаўнікоў і падобнага зброду; так яўрэй едзе з рэкамендацыяй брата-аднаверца А. ў горадзе Б. да брата-аднаверца В. у горадзе Г. і там адразу атрымлівае грошы, якія здаюцца недасведчаным «гоям» грашмі з дзіўных крыніц.

У заключэнне дазвольце мне рэкапітуляваць думку нашага інстытута: Мы прызнаём Агасфера за яўрэйскі сімвал-вобраз. Усё астатняе, нягледзячы на Вашы ўхілістыя тлумачэнні, паважаны калега Лёйхтэнтрагер, і насуперак Вашым спробам праз разнастайныя, часцей нават чыста маргінальныя, каб не сказаць татальна абсурдныя матэрыялы пераканаць нас ў Вашай тэорыі, мы лічым глупствам.

Застаюся, як заўсёды з найлепшымі пажаданнямі

Адданы Вам

(праф. д-р Dr. h.c.)

Зігфрыд Байфус

Інстытут нав. атэізму

Берлін, сталіца ГДР

Геру

праф. д-ру Dr. h. c. Зігфрыду Байфусу

Інстытут навуковага атэізму

Бэрэнштрасэ 39а

108 Берлін

German Democratic Republic

3 ліпеня 1980

Паважаны друг і калега Байфус!

У Вашым пасланні ад 9-га мінулага месяца, якое я адразу па атрыманні ўважліва і грунтоўна прачытаў і змест якога з задавальненнем прыняў да ведаму, Вы тлумачыце, выступаючы адначасова і ад імя Вашага Інстытута, што Агасфера трэба разглядаць як сімвал-вобраз, да таго ж вельмі тыповы. Гэта Вы робіце пасля таго, як пры ранейшай нагодзе ахарактарызавалі яго як «рэальна існуючага, хоць і не вечнага» і зноў жа ў іншым пісьме як «фактар, кампаненты якога яшчэ недастаткова асветленыя».

Калі я разглядаю ход Вашых думак у гэтым аспекце, я магу толькі зрабіць выснову, што Вы і Ваш Інстытут у пытанні наяўнасці Вечнага Жыда дэ факта, хоць і павольна, але набліжаецеся да ісціны, і я разважаю, ці не павінен я прадпрыняць спробу ўгаварыць Вашага сябра на паездку ва Ўсходні Берлін, каб Вы пазнаёміліся з ім і задалі яму некаторыя пытанні, якія маглі б зрабіць зразумелымі эвэнтуальна яшчэ недастаткова асветленыя кампаненты гэтага рэальна існуючага сімвал-вобраза. Угаворы, хай ужо будуць за мною; не думайце, калі ласка, што гер Агасфер пасля не заўсёды радасных перажыванняў у нямецкіх землях прадпрыняў бы паездку туды з лёгкім сэрцам.

Але вернемся да Вашых новых перакананняў, хоць уключэнне Вамі Агасфера ў катэгорыю з маладзёжным героем Зігфрыдам, які вельмі высока каціраваўся ў часы нацыянал-сацыялізму, мне не асабліва да смаку. Натуральна Агасфер, побач з іншымі, таксама сімвал-вобраз; паколькі ён яўрэй і быў ім спрадвеку, дык і ягоны лёс яўрэйскі па вызначэнні, пункт погляду і паводзіны - яўрэйскія, яго незадаволенасць існуючымі адносінамі, ягоныя намаганні змяніць іх - адпаведна яўрэйскія. Але ён, хоць гэта ўжо не выключная яўрэйская якасць, - учалавечаны неспакой; парадак рэчаў для яго такі, каб сумнявацца ў ім і пры выпадку абвяргаць яго.

Я для маёй пярсоны маю зусім іншае ўстанаўленне - хачу супакоіць Вас і Ваш калектыў і ўстановы Вашай рэспублікі, якія, мабыць, пры выдачы візы на ўезд грамадзянам Ізраіля паводзяцца асабліва асцярожна. Для мяне самае пажаданае - парадак; чым больш дзе-небудзь парадку, тым мне прыемней. Ужо сам мілы Бог, якога Вы не хочаце прызнаваць, ствараючы свет, адразу стварыў для яго і законы, пунктуальна і, дзякаваць Богу, планамерна. Майму сябру Агасферу гэта прыкрасць, але я заўсёды суцяшаю яго тым, што Вы як дыялектык таксама прызнаяце, што менавіта ўсякі тэзіс нясе ў сабе і антытэзіс, трэба толькі мець цярплівасць; але ён як сімвал-вобраз, якім ён ёсць, нясе ў сабе яўрэйскую нецярплівасць.

Але ў справе з сімвал-вобразам ёсць свае закавыкі. Як я ўжо ўпамінаў у сваіх сціплых зарысах пра Агасфера ў Hebrew Historical Studies, а Вы больш шырока разглядаеце ў раздзеле «Пра Вечнага (альбо Вандроўнага) Жыда» ў вашай высокапахвальнай кнізе «Самыя вядомыя іудэа-хрысціянскія міфы ў святле прыродазнаўчага і гістарычнага пазнання», Агасфер-легенда паўстала з самых розных элементаў, якія маюць толькі тое агульнае, што датычацца праклёнаў вечнаму жыццю на зямлі, асабліва бадзянню і пакутам да канчатковага вяртання Ісуса Хрыста. Вы самі ў сваім пісьме ўказваеце на Яна, любімага вучня, пра якога рэбэ Ёшуа даволі двузначным манерам сказаў апосталу Пятру (Ян 21:22-23): «Я хачу, каб ён заставаўся, пакуль прыйду, што табе да таго?». Гэтае выказванне ёсць зародкавая клетка думкі пра зямное далейшае жыццё сучаснікаў укрыжаванага да яго канчатковага вяртання.

Вучань Ян, як і шавец Агасфер абодва несумнена былі яўрэі; а вось ці былі яўрэямі ўсе астатнія, пра якіх паведамляецца, што яны падганялі Ісуса ў яго дарозе на Галгофу альбо нават білі і ўжо вядомым спосабам былі праклятыя, гэта, прынамсі, пад пытаннем. Можа, яўрэем быў Малх, называны таксама і Маркам, паліцэйскі шпег, якому Пётр у Гефсіманскім садзе адсек мечам вуха і які, пасля таго як Ісус на вачах ва ўсіх прыставіў яго на месца і загоіў, наступнага дня свайму дабрачынцу на допыце ў першасвятара Каяфы жалезным кулаком ударыў у твар? Яўрэйская паліцыя была да заснавання сучаснай дзяржавы Ізраіль толькі ў гета, дзе яе арганізавалі нацысты; яўрэйская традыцыя хутчэй - нехарошую, часта брудную працу ката і паліцэйскага шпіцаля даручаць неяўрэям, на якую сваім часам меў сваіх крэці і плеці, з крыцянаў і палесцінцаў, сам цар Саламон. Альбо Картафілус, па-грэцку Karta Philos, шматлюбасны, які служыў брамнікам пры Пілаце і ў гэтай сваёй якасці вельмі няласкава абышоўся з Ісусам? Неверагодна, каб такім важным чыноўнікам рымскага намесніка ў Юдэі мог быць яўрэй; як ужо гаворыць само яго імя, быў ён хутчэй грэк, а таму - язычнік; пазней, як вядома, пры Ананіі, які хрысціўся ў апостала Пятра, ён быў навернуты і называў сябе Язэпам. Альбо той невядомы, які пазней будзе называцца ў Італіі Джыавані Батадыё альбо Бутадэўс, што па-нямецку - Богазабойца, ён што? быў яўрэй? Малх, - як паведамляе аўстрыйскі барон Торнавіц, у 1643 годзе была паказана яму ў Ерусаліме туркамі за вялікі бакшыш, «патайная забрукаваная зала пад зямлёю, дзе ўтрымліваліся нявольнікі ў сваіх старых рымскіх хабітах і гінулі і былі бітыя часам аб сцяну, часам у грудзі, - там быў прыведзены да прызнання, што ён, Малх, біў Ісуса бязвінна ў яго святы твар». Пра Картафілуса, пазнейшага Язэпа, піша англійскі манах Ражэ дэ Уандовэр ў «Flores Historiarum», якая разглядае падзеі ад стварэння да 1235 года, што anno 1228 у кляштар св. Альбана ў Англіі прыбыў адзін армянскі арцыбіскуп, і, будучы апытаны пра Картафілуса-Язэпа, тлумачыць, што ён яшчэ незадоўга да свайго ад'езду частаваў яго за сваім сталом. Картафілус жыве сярод біскупаў і прэлатаў Арменіі і іншых краін Усходу, чалавек святой маралі і святога красамоўства, які пры нагодзе расказваў і пра бліжэйшыя акалічнасці ўкрыжавання і ўваскрэсення, прычым ён не рабіў ніякай тайны са сваёй сумнай ролі. Але Ганс Богазабойца альбо Джыавані Батадыё ў 1267 годзе ў італьянскім горадзе Форлі ў час паездкі да святога Якава сведчыць, а менавіта астролагу Гвіда Банацці з таго ж горада, сваім часам ён быў вядомы чалавек, бо Дантэ ўпамінае яго ў Песні ХХ свайго «Іnferno» ў адным радзе з чарадзеем Міхаэлем Скотусам.

Але ўласна Агасфер-літаратура, і гэта Вы ведаеце, паважаны калега Байфус, паўстае толькі пасля Рэфармацыі, менавіта каля сярэдзіны 16 стагоддзя; і гэтаксама след нам думаць, што і такі яго найважнейшы гарант і пратэстанцкі руплівец, як суперінтэндэнт Гамбурга і пазней Шлезвіга Паўль фон Айцэн. (Прагледжаны мною ў архіве Высокай Порты даклад пра працэс над радцам імператара Юліяна Апастаты ў гэтым кантэксце каштуе гэтак жа мала як і Кумранскі скрутак 9QRes, бо ні той, ні другі не маглі зрабіць уплыву на ўзнікненне Агасфер-легенды ў сілу таго, што першы таму, што стагоддзі ляжаў пад замком, другі - таму што зусім нядаўна быў знойдзены.) У 1602 годзе з'яўляюцца першыя друкі пра Агасфера, пасля, аднак, іх ужо цэлая гара, перакладаюцца на розныя мовы і навадняюць усю паўночную Еўропу. Чаму? Чаму ўсплывае Агасфер, цяпер ужо асоба, незалежная ад апостала Яна, шпега Малха, брамніка Картафілуса, «богазабойцы» Батадыё, менавіта пасля Лютэра, і адразу ж з неабвержнымі ўказаннямі на фінансавы характар? Адпавядаў ён настроям часу? Стаўся ён актуальным, можа, таму што быў яўрэй, Вечны Жыд? І ці магла быць звязанай гэтая актуальнасць са змененай роляй яўрэяў у эканамічных дачыненнях пратэстанцкіх абласцей Еўропы - пытанне, на якое Вы, дарагі гер прафесар Байфус, Вы, хто так ахвотна спасылаецца на свае марксісцкія светапогляды, не павінны былі б не спакусіцца з адказам?

Вядома, і да Лютэра была пэўная цікавасць да некаторых яшчэ жывых сведкаў гісторыі пакутаў рэбэ Ёшуа alias Ісуса Хрыста; царква разлічвала скарыстацца гэтымі сведчаннямі супроць паняверцаў і ератыкоў і, натуральна, супроць яўрэяў. Але цікавасць гэтая была абмежаваная, і сведкі такія былі рэдкасцю, калі наогул былі, і даводзілася апасацца, што яны разыдуцца даволі шырока і сваёй рэлігійнай даставернасцю словам і думкам укрыжаванага змогуць супрацьпаставіцца практыцы кліру.

І ніхто з верагодных сведак, як і заўсёды іх імёны, не стаўся сімвал-вобразам, тым больш яўрэйскім.

Ім стаў найперш Агасфер, ды і мог стаць толькі ён, і менавіта толькі пасля Рэфармацыі, бо яна ў авалоданых ёю рэгіёнах знішчыла грашова-гандлёвую манаполію каталіцкай царквы і яе вялікіх банкірскіх дамоў Фужэ і Вэльзэра. Царква ўжо даўно перастала лічыцца з запісанай у пятай кнізе Майсея, раздзел 23, верш 21 забаронай грашовых пазык пад працэнты; супроць гэтага абурана выступаў Лютэр, ваюючы супроць гандлю індульгенцыямі, адначасова на меркантыльных структурах свайго часу, і пабожныя пратэстанты, якія вярталіся да біблійных запаведзяў, сядзелі без банкіраў тут. Але як Вы будзеце ведаць, паважаны запіс 5 Майсей, 23:21 забараняе браць працэнты толькі з брата твайго, а ў чужога ты можаш адшпіліць; гэты паварот прадвызначыў адных, якія бачылі ў большасці насельніцтва чужых, менавіта яўрэйскую меншасць, для грашовага гешэфту, і паколькі ў яўрэяў так і так было адабрана права на іншае валоданне альбо прафесію, яны пачалі займацца гэтым. Лютэр быў тым, хто пагнаў князёў і сялян да неаселых яўрэяў, каб іх жа ліхвярства і праклінаць на ўсё горла і распантаць пагромную цкоўлю, з якое жывіліся і нацысты. Да рэфармацыі ў антысемітызму былі галоўным чынам рэлігійныя кампаненты, бо а чаму яўрэі дапусцілі ўкрыжаванне Ісуса, бо а чаму дагэтуль усё яшчэ адмаўляюцца прызнаць у ім месію? І вось гэты антысемітызм атрымаў неўвядальную эканамічную аснову і адразу ж сімвал-вобраз, так, які можна было ненавідзець і які да таго ж адпавядаў страхам, якія заўсёды былі перад іншародным, несваім, жыдоўскім - вобраз Агасфера.

Я ўсведамляю, дарагі калега Байфус, што падобныя цяжкасці, якія Вы ўжо мелі з асобай Агасфера, пасля майго аналізу сімвал-вобраза толькі вырастуць. Але Вы былі тым, хто закінуў гэты тэрмін у дэбаты, і таму мне не заставалася нічога іншага, як прыняць іх.

Я вітаю Вас гэтак жа калегіяльна, як і сардэчна

Ваш

Ёханаан Лёйхтэнтрагер

Hebrew University

Jerusalem

Таварышу

праф. д-ру Dr. h. c. Зігфрыду Байфусу

Інстытут навуковага атэізму

Бэрэнштрасэ 39а

108 Берлін

8 ліпеня 1980

Дарагі таварыш Байфус!

Пасля дэталёвага азнаямлення з Тваёй карэспандэнцыяй з праф. Лёйхтэнтрагерам з Яўрэйскага універсітэта ў Ерусаліме мы мусім канстатаваць, што яна сышла на блытаныя абочныя шляхі. Нягледзячы на паўторную акцэнтацыю нашых навукова распрацаваных пазіцый Твайму ізраільскаму партнёру па перапісцы, Ты пастаянна падупадаеш уплыву апошняга, робіш саступкі, якія пазней, калі Ты зноў выходзіш на гладкі лёд, вымушаны грунтоўна адклікаць назад. Што яшчэ больш важна, замест таго, каб выкрываць, якія планы ізраільскія імперыялісты праследуюць дыскусіяй пра Агасфера ў вобласці ідэалагічных дыверсій, Ты дапусціў, каб праф. Лёйхтэнтрагер ублытаў Цябе ў туманныя дэталі, якія не вядуць да нічога і якія Цябе, калі Ты як дагэтуль іх разглядаеш, павінны прывесці ў супярэчлівую пазіцыю да палітыкі нашага партыйнага і дзяржаўнага кіраўніцтва.

Гэта асабліва важна для дыскусіі пра Лютэра, у якую Твой «дарагі калега» хацеў бы дадаткова ўблытаць Цябе і якая напярэдадні святкавання года Лютэра ў 1983 г., у якое як вядома ўключыліся найвышэйшыя прадстаўнікі нашай дзяржавы, наогул не ў нашых інтарэсах. Калі сёння гер Лёйхтэнтрагер нагадвае Табе пра антысеміцкія прамовы і пісанні Лютэра, дык заўтра ён Табе працытуе, што Лютэр у Сялянскай вайне сказаў «супроць забойчых і грабежніцкіх бандаў сялян», якіх «трэба біць камянямі, душыць і калоць, нішчыць, як кручаных сабак», і тым самым не толькі Цябе, але і ўсіх, хто хоча ператварыць ушанаванне Лютэра ва ўсеахопны поспех, паставіць у цяжкае становішча.

Рэкамендуецца, каб Ты далікатным спосабам намякнуў праф. Лёйхтэнтрагеру, што ягоны візіт у ГДР, асабліва ў суправаджэнні пана Агасфера, непажаданы. Пасля гэтага карэспандэнцыю з ім трэба спыніць.

З адпаведнымі органамі папярэдне дамоўлена.

З сацыялістычным прывітаннем

Вюрцнер

кіраўнік галоўнага аддзела

Міністэрства вышэйшай

і прафесійнай школьнай адукацыі