Агасфэр

Вечны Жыд

Гайм Штэфан


Разьдзел дваццаты

Вельмі ціха, ніякага руху.

Сьвятло, у якім ён сядзіць на троне, мяккае, як блакітныя прыцемкі; ён атулены пяшчотнай любоўю Бога, і бляск заміранасьці азарае яго аблічча, калі ён паглядае ўніз, на сьвет, падымаючы руку на дабраславеньне, руку, усё яшчэ з ранай, прабітай цьвіком.

А я падумаў, якім чужым і далёкім ён мне зрабіўся, хоць і выглядае акурат як рэбэ Ёшуа, якога я ведаў, хоць і ўсьміхаецца як той, пакута, якую ён рашыў прыняць на сябе, ужо адбілася на яго ўсьмешцы; ён як лялька ў ляльцы, у якой зноў жа лялька: так тры лялькі ў адной, і ўсё ж - адна.

І наблізіўся я да яго й спытаўся: Рабі, ці ты гэта?

Але ён ані варухнуўся, і позірк яго быў нерухома скіраваны ў далеч, пакуль ён гаварыў: Я Ісус Хрыстос, народжаны Сын Божы, зачаты Духам Сьвятым ад дзевы Марыі й народжаны ёю і адпакутаваў пры Понціі Пілаце, укрыжаваны, памёр і пахаваны, сышоў у царства сьмерці й на трэйці дзень уваскрэс зь мёртвых і ўзьнёсься на неба, дзе й сядзіць праваруч Бога, усемагутнага Бацькі.

І я спытаўся: Рабі, што ты бачыш?

І ён сказаў: Я бачу людзей, якіх я збавіў ад віны іх грахоў праз горкую чару, якую я выпіў.

І я спытаўся: Рабі, а ты бачыш іх ясна?

І вось зацьміўся яго позірк як бы ценем, і рука на дабраславеньні апусьцілася ў яго, і ён сказаў: Яны вельмі малыя, і іх як цэлы мурашнік.

І схіліўся я перад ім і сказаў: Ты пракляў мяне, рабі, асудзіў чакаць цябе там унізе, пакуль ты ня вернешся: таму я вандрую сярод іх, і я як адзін зь іх, і чую, што яны кажуць, і бачу, што яны робяць.

І вось нахіліў ён сваю галаву, і яго плечы панурыліся, і яго рука прыціснулася да раны ад дзіды на баку, быццам яна зноў яму забалела, і ён сказаў: я не хачу гэтага ведаць.

Але я сказаў: Калі мы сустрэліся з табою ў пустыні й ты быў голы й пакінуты, павёў я цябе на высокую гару й паказаў табе царствы сьвету й як у кожным зь іх панавала беззаконьне, і сказаў я табе, ты павінен узяць гэта пад сваю руку й ніз перавярнуць угору, бо прыйшоў час узьвесьці сапраўднае царства Божае. Але ты прагнаў мяне й сказаў, што тваё царства не ад сьвету гэтага.

І зноў на яго твары была гэтая ўсьмешка, пра якую ніхто ня мог бы сказаць, журботлівая яна ці іранічная, і ён адказаў: Ты сказаў.

Але я гаварыў далей: І калі ты шукаў ценю ў маіх дзьвярах, ідучы на Галгофу, з крыжам на плячах, я загаварыў з табою пра меч Божы, які я хацеў падаць табе, каб ты згуртаваў вакол сябе народ Ізраіля і павёў яго на бітву. Але ты зноў прагнаў мяне й сказаў, што хочаш выпіць чару, якую даў табе твой Бацька.

Слухай, сказаў ён, я вісеў на крыжы на пагорку Галгофе ў дзённую сьпёку й разважаў, пакуль яшчэ кроў была ў маім мозгу, і пра тое, што ты мне сказаў; але ня дзеля гэтых мэтаў паслаў мяне Бацька, а каб я адпакутаваў і памёр, каб спраўдзілася слова й прыйшло царства для ўсіх.

І вось устаў я перад ім і спытаўся: І спраўдзілася слова? І прыйшло царства?

Ён маўчаў. І сьвятло, у якім ён сядзеў на троне, перамянілася, і бляск заміранасьці зьнік зь яго аблічча, і ён павярнуў галаву, каб глянуць за сабою, быццам там нехта стаяў і падслухваў.

І зноў спытаўся я: Прыйшло яно, царства?

І вось адкрыў ён вочы свае шырока, як у страху, і ўсклікнуў: Адыдзі ад мяне, сатана!

Але я засьмяяўся і сказаў: Я ня той, з кім ты гаворыш, хоць многае зьвязвае мяне зь Люцыпарам; я іншы анёл, які ведае ісьціну.

Ісьціна, сказаў ён, у Богу.

Як часта, сказаў я, чуў я ўжо гэта. Але ісьціна відна таму, хто хоча бачыць, і таму, хто хоча думаць, яе можна дасьледаваць. А ты сядзіш на сваім троне й ня бачыш, і суцяшае цябе недасьледвальнае.

І вось нарэшце спытаўся ён: Чаго ты хочаш наогул?

І я адказаў: Я хачу, каб ты быў, кім павінен быць.

Калі я даваў маім вучням ад цела майго, сказаў ён, і ад крыві маёй тым, што любілі мяне, ты сядзеў каля мяне, схіліўшы галаву мне на грудзі. Чаго яшчэ магу я даць больш, што ўжо даў, і як больш павінен адпакутаваць, чым ужо адпакутаваў?

Рабі, адказаў я, я хачу, каб ты ўбачыў, што бачыў я ў царстве, якое прыйшло пасьля цябе, каб пачуў, што я там чуў, і зьведаў, што я зьведаў пра яго структуры.

І вось засланіў ён рукамі твар. Пасьля авалодаў сабою і сказаў: Я ўзяў віну грэшных чалавекаў на сябе й гэтая віна адкуплена маёю ахвяраю, але дзе такое сказана, каб я адкупаў сам грэх?

Рабі, сказаў я, недасканаласьць людзей ёсьць адгаворка любой рэвалюцыі, якая не асягнула сваёй мэты. А ты ж патрабаваў: Любеце ворагаў сваіх. І ты ж сам сказаў: Шукайце сьпярша царства Бога й яго справядлівасьці. І ты ж верыў у тое, чаго патрабаваў і што сказаў. Але для сотняў тысяч, якія падушылі адзін аднаго, калі ты прапаведаваў з гары, цяпер іх сотні разоў па сотні тысяч. Яны прагнуць багацьця і жонкі суседа, распусьнічаюць і апіваюцца й жаруць сваіх дзетак, ушчапляюць сабе ў вены атруту й апаганьваюць усё, што ёсьць высакароднага ў чалавеку. І кожны зь іх кожнаму іншаму вораг, яны цікуюць адзін за адным і прадаюць адзін аднаго, замыкаюць адзін аднаго ў лагеры, дзе тыя мруць масамі, альбо ў камеры, дзе яны душаць, б'юць і катуюць адзін аднаго да сьмерці, і ў кожным месцы абвяшчаюць валадары, што ўсё гэта робіцца ў імя любові й дзеля дабра народам. Яны нікчэмняць і зьнішчаюць скарбы зямлі, ператвараюць шчодраплодную зямлю ў пустыню, ваду ў сьмярдзючую жыжку, і многія мусяць пляжыцца дзеля нямногіх і таму паміраюць раней часу. Ніводзін меч, насуперак прадказаньню прарока, ня быў перакаваны на арала, ніводная дзіда не ператварылася ў серп; яны бяруць таемныя сілы сусьвету й робяць зь іх да самага неба грыбы з агню і дыму, у якіх усё жывое робіцца попелам і ценем на сьцяне.

Калі я закончыў, ён сядзеў глуха й не варушыўся, быццам быў вычасаны з дрэва й пафарбаваны; і была вялікая цемра вакол нас, і толькі на ім пакоіўся маленькі праменьчык сьвятла.

Рабі, сказаў я, ты чуў мяне?

І тады быў голас, які прамовіў: Сын чалавечы вернецца, бо ён назначаны Богам судзіць жывых і мёртвых, і ён пашле сваіх весьнікаў-анёлаў, і яны зьбяруць са свайго царства ўсё зло й беззаконьне; і тады будзе лямант і скрыгат зубоў, а праведнікі будуць сьвяціцца, як сонца, перад Госпадам.

І калі гэта будзе? хацелася мне ведаць.

Рабі, здавалася, пракінуўся са свайго здранцьвеньня. Мой Бацька назначыў дзень, сказаў ён.

Я нічога не перастаўляў бы датуль, сказаў я.