Агасфэр

Вечны Жыд

Гайм Штэфан


Разьдзел шаснаццаты

Доктар Марцінус Лютэр сказаў аднойчы: добра, што Бог увёў шлюб, інакш бацькі ня мелі б клопату за дзяцей, хатняя гаспадарка запусьцелася б, развалілася; тое самае й з паліцыяй і сьвецкімі ўладамі, падобна занядбалася б і рэлігія; такім чынам усё пайшло б на глум, і ў сьвеце настала б пустэча й дзікасьць.

Гэтае выказваньне зноў і зноў прыходзіць у галаву магістру фон Айцэну, калі ён глядзіць на дзеву Барбару Штэдэр, якая так верна чакала яго, гэтаксама й іншыя выслоўі таго ж самага зьместу й сэнсу; і гэтак жа яму мог спатрэбіцца й пасаг, які тата Штэдэр, карабельны маклер і падрадчык, адпісвае за дачкою, бо яго доля спадчыны свайго роднага бацькі пакуль што закладзена ў гешэфт і мала чаго дае, а ў спадзяванай парафіі адмаўляе гер галоўны пастар Эпінус, усё яшчэ напалоханы жыдам каля сьмяротнага ложка; канечне, пры выпадку ён можа заскочыць у сьв. Якава альбо Марыю Магдалену ў якасьці падсобнага прапаведніка, але гэта не напаўняе ні кашалька, ні сэрца, якое імкнецца да вышэйшага.

- Ах, Ганс, - кажа ён свайму прыяцелю Лёйхтэнтрагеру, калі яны ўвечары заселі ў «Залатым якары», - дзева Барбара будзе то бялець, то чырванець, убачыўшы мяне, і хацела б за мяне й толькі чакае, калі я закіну слова маці й бацьку, яно й грошай не бракавацьме, я пэўны, стары тысячы каштуе ў золаце, амаль без даўгоў і мае долю ў многіх караблях у гандлі з Расеяй; але чым больш думаю, што ўсё сваё жыцьцё я мушу ляжаць каля яе, мацаць яе й шпокаць, тым больш мне здаецца, што не патраплю ўздатніцца на тое, што павінен рабіць мужчына з даверанай яму жонкай, бо ўсе мае помыслы зусім з другою, але яна з тым зачуханым жыдком і для мяне прапала.

- Ведаю, ведаю, - кажа прыяцель, бавячыся сваім ножыкам, ставячы яго кончыкам ляза на стол і падушачкай указальнага пальца лёгка націскаючы на канец тронкі, прымушаючы каралавую бабку павольна паварочвацца вакол сябе, пакуль магістру ў галаве не закруціла. - Але адкуль ты ведаеш, што дзева Барбара ня дасьць рады твайму клопату, не разьвее яго? Бог стварыў жанчын, будзь яны высокія ці нізкія, тоўстыя ці кашчавыя, гладкія ці вісласкурыя, усіх з аднолькавай дзіркай і для аднолькавых мэт.

- Ах, Ганс, - кажа Айцэн і зноў зьдзіўляецца, што Лёйхтэнтрагер ўсё яшчэ ўпраўляецца ў Гамбургу хто яго ведае зь якімі гешэфтамі, - я ж зьняў пробу, па ўсёй сумленнасьці, зразумела, але дзева была сухая і пляскатая, як дошка, і халодная, як крыга, і ўсё толькі стагнала, быццам ад страху, і шчаміла задніцу, быццам баялася, каб я не запусьціў туды тузін мышэй; і тое нямногае, што я меў на яе, зусім прайшло, і такі ў яе быў востры нос, і такія былі сухія губы, а ў самой, дзе ў іншае цыцкі - як грыфельная табліца. І я мусіў сказаць бацькам, што хацеў бы крыху счакаць, занадта ж нядоўга прайшло, як памёр бацька, і сэрца маё пры ўсім каханьні да дзевы, яшчэ поўнае скрухі й жалю.

Лёйхтэнтаргер задумліва пачэсвае гарбок.

- Нічога, прыйдзе час, і пойдзеш пад чапец, Паўль, - кажа, - бо ва ўсім павінен быць свой лад і парадак, а сьвятар бяз бабы гэта як пастух бяз кія, самага галоўнага бракуе; а як што ты пакліканы на вялікае, сьпярша ў тваім родным горадзе, а пасьля вышэй і далей, дык мы павінны будзем памазгаваць, як табе й тваёй дзеве ў гэтых штуках нейкай рады даць.

Такія прадказаньні з вуснаў прыяцеля радуюць дух і асьвяжаюць душу, асабліва ж таму, што Айцэн прыгадвае, як тады ў Вітэнбэргу Лёйхтэнтрагер напрарочыў, што яго будуць экзаменаваць па анёлах, і ўсё спраўдзілася. Тут ужо толькі згаджайся, калі сябар прапануе: сустрэцца ў нядзелю папалудні, калі надвор'е паспрыяе, на сумесным шпацыры ўздоўж Райхенштрас і Альстэра, дзе сябар Лёйхтэнтрагер учыніць дзеве агледзіны й, можа, нават зробіць на яе ўплыў на карысьць сябру Айцэну, натуральна, і бяз жоднай іншай мэты; магчыма, кажа Лёйхтэнтрагер, ён прыхопіць каго-небудзь яшчэ з сабою, скажам, даму, якая сваёй істотай і вопытам уздольніцца даць дзеве сякія-такія парады й расклеіць ёй рот.

Айцэну адразу горача робіцца, але ён не адважваецца спадзявацца, на што вельмі хоча спадзявацца, і таму выганяе панадны той вобраз з сэрца і ўжо на другі дзень ідзе ў Штэдэраў дом перадаць дзеве запрашэньне, што апошнюю дужа хвалюе, і ў найярчэйшых фарбах апісаць ёй свайго прыяцеля, які ён разумны й знаходлівы, які заможны й нават не сказаць каб несымпатычны зь яго востра паднятымі брывамі й бародкай-эспаньёлкай; нават горбіка ён мудра не маскіруе гэтаксама як і кульгавую нагу, але падкрэсьлівае, што менавіта гэта ўсё дадае геру Лёйхтэнтрагеру своеасаблівага шарму, з прычыны чаго нярэдка дамы потайкам кладуць на яго вока, як, напрыклад, дзьве ці тое тры паненкі Міхаэліса ў Магдэбургу, Лізбэт і Юта, дочкі гера саборнага прапаведніка, і разам з тым думае, колькі вэрхалу было б у таго ў мазгах, калі б і дзева Барбара не засталася беспачуцьцёвая да ягонага сябра.

У нядзельку ў Гамбургу было пагодліва як мала калі, глыбока блакітнае неба выгінаецца над мешанінай дахаў і шпіцамі кірхаў, а як што перадпалуднем выдаўся моцны дождж, дык усё сьмецьце й бруд з вуліц сплыло ў Эльбу, вада ў Альстэры абнавілася і амаль што ўжо больш не сьмярдзіць. Дзева Барбара строіцца ў свой самы лепшы прыкід, цёмназялёнае, праз якое яе твар набывае цікавую бледнасьць, футраная палярына, якая хавае пляскатасьці сьпераду й ззаду; да таго ж карункавы каптурык і залатая акраса з матчынай шкатулкі. І Айцэнава сутана, хоць адпаведна духоўнаму сану цёмная, з тонкага сукна й адмысловага крою, і магістарскі капялюш на галаве прыцягваюць да сябе поўныя рышпекту позіркі народу, аж Штэдэрыха была пляснула рукамі і ўголас заявіла, ба! - якая здатная пара, гер Паўль і яе Барбара, нават калі магістр пакуль што й ня мае месца й пасады ў вялікай кірсе, усё гэта знойдзецца, усё гэта яшчэ не забавіцца, ужо ж такі муж яе, карабельны маклер і падрадчык закіне каму трэба слоўца-другое ў гарадзкой радзе.

І вось яны шпацыруюць, разьмераным крокам, ня ведаючы добра, што каму трэба гаварыць, дзева, таму што страх абняў сэрца, і Айцэн, таму што нутрынаю чуе, як зноў апанавалі яго варожыя сілы. І падыходзячы да моста, які вядзе да Сьвятога Духа, бачыць нарэшце Лёйхтэнтрагера, але гэты не адзін, і гер магістр слупянее, нібы маланкай сьперазаны.

А Лёйхтэнтрагер, на якім чырвоная шапачка з пяром, срэбраная шпага, да таго ж чырвоныя панчохі й кароткая чырвоная накідка, схіляецца перад дзевай, бярэ яе руку й цалуе на гішпанскі манер і адразу кажа, як ён рады цяпер вось сустрэцца зь дзевай пасьля ўсяго нагаворанага герам магістрам, і ўсё толькі найлепшага, пахвальнага яе прыгажосьці і ўсім дарам і даброцям, шчодра адмераным ёй прыродай і Госпадам Богам.

Дзеве Барбары як бы прыемная казытка прабягае па сьпіне ўгору і ўніз, аж выскоквае сэрца з грудзей: такога яна яшчэ не сустракала, каб ужо за першым словам кроў забушавала. А яе Паўль усё стаіць яшчэ як пень; яму адняло мову, калі ўбачыў Маргрыт альбо прынцэсу Трапезундзкую, выштукаваную, выстраеную, як усё роўна табе герцагіня якая, на руцэ залатая торбачка й шаўковая хусьцінка ў руцэ, а поплеч зь ёю жыд, ледзь пазнаць яго, апрануты, як ёсьць, па самай тонкай ангельскай модзе, са шліцаванымі рукавамі на наплечніку, вострая рыжаватая бародка падстрыжана, расчасана.

- Сэр Агасфэр, - кажа Лёйхтэнтрагер, прадстаўляючы гэткім манерам дзеве свайго прыяцеля, - сэр Агасфэр і лэдзі Маргарэт.

Сэр Агасфэр, думае Айцэн, і лэдзі Маргарэт; і бачачы, што лэдзі складзена зусім ня так, як яго Барбара, і яе губкі - адна суцэльная смаката, і цёмны бляск яе вачэй з затоенай у іх пажадай, пра што ён і думаць ня важыцца; і яго забірае шал, бо што такое магістр бязь месца й пасады супроць нейкага жыдка, які раптам узьбіўся на вялікія барышы й зрабіўся ангельскім сэрам, і ён думае, як яму пазбыцца ад гэтага апостала, чаго сваім часам не ўдалося ў Гэльмштэце.

Яго прыяцель Лёйхтэнтрагер, аднак, пасьля таго сэр Агасфэр і лэдзі Маргарэт з аднагло боку й фройляйн Штэдэр з другога прыстойна абкланяліся, апыталіся, абрэверансіліся кніксамі, праменадзіць апошнюю пад ўсялякага роду далікатныя словы ўгору па Райхенштрас, трымаючы левую руку на тронцы срэбранай шпагі, правую пад локцік нашай зусім зьбязволенай дзевы; сэр і лэдзі йдуць сьледам; небарака Айцэн замыкае шэсьце параў. І ўжо ж ведае, што ён робіць, Лёйхтэнтрагер; бо пяшчотна лашчачы локцік дзевы, толькі й гаворыць, што пра яе Паўля, яго цноты й пабожнасьць, і якім сьвяцілам царквы абяцае стацца гер магістр, ужо ж напэўна біскупам; і лёгенька, каб не падумала дзева, што яму заходзіцца толькі хваліць яе ненахвальнага, паціраецца горбікам аб яе плечыка, аж ёй робіцца неяк ня так, крыху канфузьліва, крыху бянтэжліва; пасьля ён расказвае, мяняючы аб'ект, самымі вышуканымі, самымі даборнымі словамі пра сэра Агасфэра й яго лэдзі, і што сэр, мала што жыд, але ж сярод немцаў такіх пашукай, - магутны старафамільны вяльможа, і што сабе й лэдзі здымае тут цэлы дом на час сваіх гамбургскіх гешэфтаў, багата абстаўлены самай дарагой мэбляй і самымі мяккімі дыванамі, і што дзева Барбара й яе магістр Паўль яго, Лёйхтэнтрагеравай, дружбай і клопатам туды запрошаны на сёньняшні вечар перакусіць і асьвяжыцца й на ўсякія вясёлыя бавы апасьля, вой што будзе апасьля, што будзе!

Магістр Паўль, яшчэ амаль бяздыханны пасьля сьпешнай хады, якою ён патрапляў за невялічкай кампаніяй, ловіць апошнія словы Лёйхтэнтрагера й бачыць, як энтузіясьціцца яго Барбара на прапанову; ён па ўсёй форме дзякуе сэру й лэдзі за іх куртуазнасьць і акцэптуе гэта запрашэньне, ад сябе і ад імя сваёй дзевы; але ж і з затоеным клопатам думае, якія ж д'ябальскія бавы там будуць зь жыдком і яго сябрам Гансам, як цырымоніймайстрам, і да глыбіні сэрца прыемна ўзрушаны, што Маргрыт, пасьля ўсяго, што стрэслася паміж імі, яшчэ сёньня будзе зь ім, можа нават трохі зблізіцца. І сама лэдзі ня дужа запазычваецца на дробныя знакі й намёкі, якія толькі падмацоўваюць яго спадзяваньні, шматзначны позірк тут, лёгкі ківок, паклончык там, адзін раз нават незнарок губляе хусьцінку ды ў такім зручным месцы, што ён пасьпявае падхапіць яе раней, чым сэр варухнуўся; аж ён пачынае марыць, далоў тытулы й багацьці, далоў строі й акрасы, застаецца ж яшчэ нештачкі з таго часу, калі яна вытрасала блох зь яго пасьцелі, і нават самы даўгавечны жыд не патрапіць патушыць пажар, які бушуе пад яе кашлатай мохняўкай.

Толькі жыд глядзіць удоўж і ўпоперак на ўсё, што тут напінаецца, з поўнай абыякавасьцю, рыхтык так, быццам ён самы чыстакроўны, чыстапародны джэнтльмен, які вось ідзе сабе, і да аднаго месца яму ўся гэтая мітусьня паганай сьмердзі й зважае толькі тады, калі магістр Паўль загаворвае зь ім пра Гэльмштэцкае дзіва й пра яго сьведчаньне за жывога Ісуса Хрыста.

- Што з Вамі, гер магістр? - кажа жыд, - Ужо ці не хацелі б Вы, каб я ў галечы й брудзе пранэндзіў сваё жыцьцё, як большасьць майго народу?

Айцэн з гарачым абурэньнем адвяргае нават подумку такую; ён, кажа, мае сваю думку, што да жыдоў і іх карыснасьці, нават сям-там, кажа, датачыў пра гэта ў казанях; калі б аднак, падкрэсьлена кажа далей, калі б аднак усе жыды былі такія, як сэр Агасфэр, такія велікадушныя і датклівыя духам у спагадзе сваёй, тады пытаньне стаяла б інакш, і многія-многія з гояў прымірыліся б з прысутнасьцю жыдоў у Германіі, а нават давалі б ім сваю абарону на дарогах і ў гарадах, замест каб нападаць на іх і адбіраць у іх тое, што яны нахапалі сваім ліхвярствам, замест таго каб адпякаць ім куханы й тузаць за бароды. І гэта, дадае ён, нягледзячы на тое, што сэр Агасфэр больш за тысячу пяцьсот гадоў таму назад прагнаў нашага Госпада Ісуса ад сваіх дзьвярэй; бо ясна ж відаць, што ён за доўгі бадзяжны свой час ачысьціўся і сардэчна раскаяўся ў сваім ганебным учынку й гатовы, як гэта зрабіў у Гэльмштэце, скласьці сьведчаньне пра вялікія пакуты Ісуса Хрыста, якія ён панёс за нашыя грахі.

Сэр Агасфэр разумнымі вачыма глядзіць на магістра, які ідзе поруч з лэдзі і ўсё прымае блізка да сэрца, і гэты, крыху няўпэўнены, ці не адгадаў жыд, куды хіліць ён, Паўлюс фон Айцэн, сваімі словамі, доўга й шумна высморкваецца, пасьля аднак рашае каваць жалеза, пакуль гарачае, і кажа:

- У Вітэнбэргу, калі яшчэ там я вывучаў тэалёгію, мой настаўнік Мэланхтон меў дыспут з добрым доктарам Марцінусам у дачынках да вашай пярсоны; гер Піліп Мэланхтон лічыў, што як што вы былі сьведка, як наш Гасподзь Ісус ішоў на Галгофу з крыжам на плячах, дык вы маглі б выказаць пэўныя сумненьні й адносна таго, што а ці быў ён сапраўдны мэсія, і тым самым памагчы навярнуць іншых жыдоў у адзінашчасьцедайную веру; але Лютэр аспрэчыў гэта й сказаў, што жыды ад прыроды сваёй заганныя і перавучыць іх, навярнуць немагчыма.

Яго прыяцель Лёйхтэнтрагер, палка падбіваючы клінкі дзеве Барбары, разам з тым у такой меры мала заняты ёю, што мог бы й не пачуць слоў Айцэна, з ухмылкай пацьвярджае, што так яно й было, і што ён на свае жывыя вушы чуў, як абодва вучоныя мужы за ядою схапіліся за чубы з-за гэтага, толькі пад канец магістр Мэланхтон замоўк, бо доктар Лютэр такі халерычны й заўсёды трэба апасацца, каб за гарачай спрэчкай яго паляруш не дастаў.

Ці тое акрылены падтрымкай Лёйхтэнтрагера, ці тое ад блізкасьці лэдзі, якая з прыемнасьцю даецца яму падказытваць сябе, Айцэнавы думкі адлятаюць зь ім; рэдка калі ён бачыў сьвет так выразна й так просталінейна аргумэнтавана: менавіта, што ён, карыстаючыся ідэяй свайго настаўніка Мэланхтона, мог бы так і так ушыць крымінал Агасфэру, тым часам як сэр ці як яшчэ там сябе ён назаве, выступае перад вялікай абшчынай жыдоў і іншых, сьведчачы за мэсію, і тым самым усіх жыдоў разам робіць ворагамі й тым самым прычыняе вялікую шкоду гешэфту, калі ж ён аднак адмаўляе гэта й выказваецца, што наш Гасподзь Ісус ня быў мэсія, ня быў сапраўдны Сын Божы, які за нашыя грахі узяў на сябе пакуты ўсяго сьвету, мудрай радай горада Гамбурга альбо герцагам Гаторпскім, у залежнасьці ад месца дыспутацыі, выкрываецца як махляр і фальшыўшчык праўды й з ганьбай праганяецца, калі ня будзе ўвогуле ўтоплены альбо спалены, пасьля чаго Маргрыт мела б толькі адзін прытулак і аднаго абаронцу, менавіта магістра Паўля.

Праўда, на жаль пакуль што ў яго няма пасады й аўтарытэту, каб інстытуяваць такі spectaculum, і гер галоўны пастар Эпінус, у гэтым ён пэўны, у сваёй зацятасьці супроць жыдоў і супроць яго самога таксама ня зробіць гэтага; але яшчэ ня вечар, думае ён, і чаго сёньня нямаш, можа заўтра трымаш, і таму ён сьвідруе далей і кажа жыду:

- Ці можна на вас разьлічваць, сэр Агасфэр, што вы пасьведчыце, як вы ў Гэльмштэце перад прынцэсай Трапезундзкай і перад усім народам зрабілі, што бачылі нашага Госпада Ісуса ў плоці й што ён быў тым, кім быў?

Тут лэдзі, мабыць таму што сёньня яна ня хоча нічога чуць пра прынцэсу Трапезундзкую, закіпае гневам і кажа:

- Што вам такое ў галаву завярнула, гер магістр! Вы ж бачыце, сэр Агасфэр тут па справах гешэфту, а ня рэлігіі, зь якою кожны можа абыходзіцца, як сам хоча, будзь ён жыд ці хрысьціянін.

Але гэта ўжо ўпоперак усяму, чаго ён навучыўся ў добрага доктара Марцінуса й іншых вучоных гераў, і ён кажа:

- Барані Божа, лэдзі, каб кожнае верыла, як яму ў галаве заверне, каб хрысьціла дзяцей альбо не, як яму зручней, каб прымала сьвятое прычасьце пад адным альбо двума відамі, як яму, бач, смачней; у большай меры рэлігія гэта справа начальстваў і агульнага парадку, інакш тут будзе кішэць рознымі баламутамі, чмутамі, чарадзеямі й ліхадзеямі, ератыкамі й бунтаўшчыкамі, што царкве й законам - амба; ёсьць толькі адна праўда, і яна зразумела выкладзена таксама й жанчынам у катэхізісе доктара Марцінуса Лютэра, і таму было б вельмі пахвальна, калі б сэр устаў перад усімі жыдамі й сказаў пра тое, як ён сам гутарыў з Госпадам Ісусам, які быў наканаваны збаўца альбо мэсія і што жыдам з гэтай прычыны няма чаго чакаць нейкага іншага мэсіі і яны з добрым і чыстым сумленьнем могуць навярнуцца ў адзінашчасьцедайную веру.

Лэдзі Маргрыт бачыць, зь якім запалам магістр змагаецца за догмат веры, і думае, што ну ніяк ня можа справа навароту жыдоў аж так далягаць ягонаму сэрцу й што за гэтымі настойлівымі словамі а ці не ляжыць які-небудзь іншы інтэрас, але ня ведае, які, і ўжо хоча адказаць яму рэзка й востра; а жыд, каб улагодзіць яе, кладзе далонь на яе руку й кажа, што дзякуе геру Айцэну за ягоныя вялікія турботы пра душэўныя даброці ягоных братоў па веры і што падумае: рабі быў адзін такі, пра каго можна вой колькі ўсяго расказаць, як і пра чатырох евангелістаў, якія больш чым у адным толькі пункце ня сыходзіліся ў думцы; але ж вось, ён запрашае гасьцей у дом, бо вось маеце - прыйшлі.

Не сказаць, каб магістр Айцэн альбо дзева Барбара выйшлі з голай галечы, не; палатно й шэрсьць, як і карабельныя пастаўкі кормяць гаспадара, і ў доме Штэдэраў як і ў Айцэна гер Голад ніколі за кухара ня быў, у кожнага свой пакой і свой ложак і свае дзьве кашулі; але дом сэра Агасфэра, хай толькі зьняты, - гэта ж толькі падзівіцца! раскошай перабірае ўсё, што яна калі-колечы бачыла, і абодвум паўстае як палац, так пакняску абсталяваны й багата дэкараваны. Ногі топнуць у каляровых дыванах, падобных на расквечаныя лугі, мэбля самага тонкага й далікатнага вырабу, сталы й крэслы й шафы й сподкі пад талеркі й кубкі; яны з паліраванага срэбра і ў пазалоце, а побач дзівоснай разьбы фігуркі з высакароднай драўніны й слановай касьці. Цяжкія сьвяцільні й кандэлябры таксама з срэбра й мастацкай выштукаванасьцю куды вышэй за тыя, што ў сьв. Якава й сьв. Пятра, і тоўстыя васковыя і лойныя сьвечкі ў іх ліюць мяккае сьвятло на чалавека й рэч, найперш на сьцены з дарагімі шпалерамі з голымі німфамі на іх, калі тыя бавяцца з аднарогам, а на тых вунь - траянскі прынц Парыс, выбірае, якая з трох багіняў самая прыгожая, і ўсе тры з голымі пышнымі грудзьмі, апетытна акруглымі клубамі, ну як ўсё роўна ў лэдзі Маргарэт, якая здымае зь сябе шпацырную палярынку й запрашае гасьцей за стол у сукенцы, якая і выстаўляе яе панаднасьці, і дзіка пачашчае дыханьне магістру Айцэну. Стол накрыты цудоўнымі блюдамі: дразды, гефілтэ фіш і самая розная смажаніна, усё строга кашэрнае, як з усьмешкай тлумачыць сэр, далікатна прыпраўленае, да ўсяго дарагія бутэлькі зь венецыянскага шкла, празь якое іскрыста праблісквае віно. У адным эркеры сядзяць двох музыкаў, адзін зь лютняй, другі зь віялінай, граюць пяшчотныя мэлёдыі, да таго ж каторы зь лютняй яшчэ й сьпявае, праўда не пра Бога, не пра нябесныя радасьці, а пра каханьне й любоўную млосьць. Адна асалода застольнічаць, асабліва калі жыд, як гаспадар на чале стала, лэдзі каля магістра, а Лёйхтэнтрагер сядзіць пры дзеве Барбары, гэтакім чынам яшчэ цясьней ушчыльняючы повязі, якія ўзьніклі падчас шпацыру.

Магістру Паўлю аж так добрыцца на душы ад ежы й пітва, а яшчэ ад таго выпраменьваньня, якое йдзе ад яго суседкі, якая выдатна падагравае і іскрыць свае сокі; пры гэтым Маргрыт, ці як яе - прынцэса Трапезундзкая альбо лэдзі падкладвае яму самыя лепшыя кавалкі, падлівае зноў і зноў, і за кожным разам ён бачыць, як яна паводзіць пышнымі плячыма, што здаецца адкусіў бы кавалачак зь іх, а не з талеркі, і як яна так умела туга напінае грудзі, што яны аж як бы самі просяцца з карсажа. Але й дзева Барбара штораз больш разахвочваецца да свайго суседа, які салодзенькімі губкамі нашэптвае ёй на вушка ўсякае-ўсялякае, як ён хоча яе, асабліва за яе дзявоцкія формы, і, божа, як бы ён зь ёю пабавіліся, як анёлкі паміж сабою, а ён як хохлік, а менавіта ж бо ззаду, альбо ж і зьверху бубкі, зьнізу губкі - таксама сьлічна!, пакуль абое, зьліўшыся, ня пырхнулі б у адзіную шчаснасьць, якая даецца добрым людцам ужо тут, на зямлі, і што ён трымаецца толькі зь вернасьці свайму сябру Айцэну, які, як яна можа лёгка бачыць, ужо даседзеўся да таго, чаго Сьвяты Дух ужо выседзеў у Марыі. І якраз таму, што Барбара пра такія забавы пакуль што ведала толькі па чутках, ня кажучы пра тое, каб начамі ў іх практыкавацца, кроў гарачымі хвалямі шумуе ёй у галоўцы, але тым часам і ў тым месцы, якім ведзьмы садзяцца на памяло, высока ў паветры летучы на Блоксберг на шабас, і ў яе беднай галоўцы ўзьнікаюць выявы голых цел, палка скліненых паміж сабою, і ў такой грахоўнасьці, што яна ўжо ня можа й сваёй калейкай шэпцікам лашчыць Лёйхтэнтрагеру вушка, што годзе, напрамілы божа, ну, перастань жа, ад такіх слоў я ўся перавялася.

Тым часам жыд зь нейкай адмысловай пляшкі налівае гасьцям у чаркі салодкага, цяжкага віна, пра якое кажа, што сам чорт гадаваў лазу й чавіў гронкі, але рэбэ Ёшуа, як хрысьціяне называюць Ісуса, на сваёй апошняй тайнай вячэры з вучнямі піў якраз гэтае віно і, як вядома, дабраславіў яго, так што віно сёньня робіць так, што таму, хто яго п'е, праўдзяцца ўсе яго жаданьні. Пасьля ківае музыкам, тыя выходзяць наперад, і каторы зь лютняй схіляецца перад лэдзі й перад дзевай Барбарай і заводзіць песеньку:

Мне так, ня знаю як,
ты ўся ў маім нутру,
Прыйдзі, аддайся мне,
інакш бо я памру.
Інакш памру.
Як зорачка ўначэ,
так я к табе лячу.
Прыйдзі, дай сэрца мне
і нештачкі яшчэ.
І дай яшчэ.
Гасподзь стварыў людзей,
зь людзьмі цяпер бяда.
Прыйдзі, пусьці ў сябе,
кашлатачка н-да... н-да...
Мая бяда.

Ад гэтых слоў, ад музыкі Барбара глыбока заглядвае ў вочы Лёйхтэнтрагеру, а магістр у вочы лэдзі, і ўжо яны ведаюць, чаго хочуць, бо прычасьціліся ад дабраславёнага віна. Сэр Агасфэр дае знак, і цёмная заслона на задняй сьцяне рассоўваецца, адна палавіна налева, другая палавіна, значыцца, направа, і вачам адкрываецца шырокая памяшкальня, такая ж шыкоўная, як і тая, дзе банкетавалі, але крыху меншая, пасярэдзіне якое шырокі ложак зь мяккімі падушкамі й балдахінам, так званым нябесным дахам над ім, расшытым золатам з кутасамі па краях.

А цяпер, абвяшчае сэр, пара, пара павязаць маладую пару, па ўсіх законах гонару, натуральна: ён і лэдзі будуць за сьведак, а ягоны прыяцель Лёйхтэнтрагер, як прынята, цэлебруе шлюб паводле рытуалу, каб усё як сьлед, што й сам магістр лепш ня ўчыніў бы.

І з гэтымі словамі ён кажа маладзёну й ягонай Барбары стаць поруч ля падножжа ложка. Лёйхтэнтрагер раптам аказваецца ў духоўнай хабіце, увесь у чорным і зь белым каўнерыкам, трымаючы ў руках кнігу, была яна Біблія ці не, Айцэн сказаць ня можа, бо ў яго круціцца ў галаве, вочы лезуць з вачніц, калі ён вось так стаіць перад ложкам поруч з суджанай яму нявестай і яму здаецца, што бачыць Маргрыт, голую, як на карціне майстра Кранаха зь Вітэнбэрга, з каштоўным калье на шыі й рознымі іншымі залатымі штукенцыямі на руцэ.

А Лёйхтэнтрагер разгортвае кнігу й кажа:

- Слухайце, вы каханыя, чаму вучыць Сьвятое Пісаньне пра боскае ўстанаўленьне шлюбу: Бог стварыў чалавека паводле свайго вобразу, і стварыў ён мужчыну й жанчыну, бо сказаў Бог, я хачу зрабіць мужчыне памочніцу, каб ня быў ён адзін. Але муж павінен быць верны сваёй жонцы, як і жонка свайму мужу. Але жанчына ня мае ўлады над сваім целам, а муж. Вы, жанчыны, павінны, слухацца сваіх мужоў, як валадароў, бо муж ёсьць галава жонкі, як Хрыстос ёсьць галава эклезіі вернікаў. Але як абшчына вернікаў падданая Хрысту, так і жонка падданая мужу свайму ва ўсіх справах ягоных.

Магістр ведае тэкст вельмі добра й яшчэ ведае, што Лёйхтэнтрагер прамаўляе слова ў слова, дакладна дэка ў дэку, і ўсё ж яму здаецца, што гучаць яны як чысты зьдзек і кпіны, асабліва калі сэнс іх прыкласьці не да сухарэбрай Барбары, а да голенькай Маргрыт, на якую жыд паклаў руку як яе гаспадар і валадар. І ўвесь сьцінаецца, калі Лёйхтэнтрагер пытаецца ў яго:

- Ці хочаш ты, Паўль фон Айцэн, сутную тут дзеву Барбару Штэдэр прыняць з рук божых за жонку сабе, кахаць яе й шанаваць яе й трымацца непарушна вернасьці, пакуль сьмерць не разлучыць вас?

- Хачу, - кажа ён, не таму, што сапраўды хоча, а таму, што адчувае, што ўсё яму ўжо вызначана наперад з таго дня ў «Лебедзях» у Лейпцыгу, і чуе, як яго сябар вось ужо гаворыць да дзевы й задае ёй пытаньні, ці хоча яна ўзяць сутнага тут Паўля фон Айцэна за мужа, ці хоча слухацца яго й падпарадкоўвацца яму ва ўсіх справах, пакуль сьмерць не разлучыць іх, чуе яе згоду й бачыць, як Лёйхтэнтрагер падымае руку й дабраслаўляе новы саюз у імя Бога Айца, Сына й Сьвятога Духа, быццам ён быў высьвечаны й рукапаложаны й быў на «ты» са Сьвятой Тройцай. Бачыць таксама, як Барбара адразу ж дае нырца ў ложак, раскідае рукі, але не да яго, а да ягонага сябра Ганса. Але той нагінаецца, расшнуроўвае абутак, а менавіта на кульгавай назе, кладзе гэты чаравік на коўдру над жыватом дзевы й кажа: «Каб ты ведала, пад чыім ботам ты будзеш жыць з гэтага часу й хто ёсьць твой гаспадар»; а Маргрыт, то-б-тое прынцэса Трапезундзкая, то-б-тое лэдзі звонка пляскае ў далоні й курчыцца ад сьмеху. А сэр пасьміхаецца далікатна й пытаецца ў магістра, ці не хацеў бы ён зрабіць прыгатаваньні й далучыцца да суджанай яму.

Кажучы гэта, бярэ пад руку лэдзі й выходзіць, за ім Лёйхтэнтрагер; пасьля чаго заслона зачыняецца, і толькі салодкая музыка застаецца. І тут нападае на Айцэна вялікі юр, і ён прыгадвае, што сказаў яму яго сябар Ганс, менавіта, што Бог стварыў усіх і ўсякіх жанчын з аднолькавай дзіркай і для аднолькавых патрэб і мэтаў; і не марудзячы далей, ён скідае зь сябе парадную вопратку і ўпаўзае да Барбары пад коўдру; а тая ўжо растапырылася ў поўнай гатоўнасьці й юрзае задніцай, быццам змалку нічога іншага не рабіла, уся жарсьць і пажада, і стогне й кліча: «Ходзь, каханы, ходзь да мяне», і Айцэну робіцца весела, калі чуе, які ў яго прыгожанькі гарбок, якія прыгожыя і густыя валаскі на грудзях, ну, і ўсё такое іншае. І заўважае раптам, што на ёй інкуб, але й сам адчувае, што такі самы інкуб і пад ім, нібыта Барбара, і ведае, што гэта голая Маргрыт, на якой ён гарцуе поўным чвалам, а пасьля зноў павольна роўненькім і леным трушком, а яна трымае яго й прымае, прымае, пакуль яму самому не пачынае здавацца, што ўсё ягонае жыцьцё перацякае зь яго ў яе й нічога ад яго не застаецца, акрамя высахлай скуры.

А тады спачын. Ён уздыхае й бярэ Барбарыну руку ў сваю, і абое засынаюць. Калі празь некалькі гадзін прачынаюцца, на дварэ займаецца на раніцу, і ляжаць яны на сьмярдзючым лежаку ў каморцы, поўнай усякай дрэні й затканай павуціньнем, у нейкай дзікай трушчобіне на прадмесьці, і ні ён, ні Барбара ня ведаюць, як сюды дасталіся, і замест іх прыгожых вясельных рызаў ляжыць куча дранага рызьзя, у якое яны хутаюцца; толькі адмысловага швіва бот Лёйхтэнтрагера адзінока стаіць на коўдры, быццам забыты сябрам. А калі яны ціхенькім крадком сыходзяць па лесьвіцы, выходзіць фраў гаспадыня і гарлае, патрабуючы грошай, восем грошаў гамбургскіх, а ў яго ні пфеніга ні ў кашулі, ні ў штанах, і Айцэн мусіць паслаць пасыльнага з запіскай да брата ў кантору па грошы й чакаць тут, тым часам як зброд у карчме рагоча й строіць зьдзекі ўсялякія, што а скажы, як пачувалася, як начавалася, як зь дзеваю шпокалася, і колькі сінякоў яму яна насадзіла сваймі касьцямі.