Геру
праф. Ёханаану Лёйхтэнтрагеру
Hebrew University
Jerusalem
Israel
24 сакавіка 1980
Шматшаноўны гер калега!
Тое, што сёння, ужо праз некалькі дзён пасля майго пісьма Вам ад 17 г.м., я пішу другі раз, мае сваю прычыну ў маіх апасеннях, што сваю думку, якая стаіць у цеснай сувязі з усім Агасфер-комплексам, я да гэтага часу асвятліў недастаткова. Мае папярэднія ўяўленні на гэты конт падзяляюцца, зрэшты, калектывам майго інстытута, які ўзяў на сябе абавязацельства да 1 Мая, міжнароднага свята працоўных, звесці матэрыял у эсэ пра рэакцыйны характар міфаў пра вандраванне душ.
Разглядаць Агасфера, які нібыта ў розны час і ў розных мясцінах зноў і зноў усплывае як канкрэтны прыклад вандравання душ, пры чым канкрэтная праклятая душа заўсёды ўвасабляецца ва ўсё новай, праўда, заўсёды падобнай постаці, блізкая мне, і мною, як Вы можаце прачытаць, у раздзеле «Пра Вечнага (альбо Вандроўнага) Жыда» ў маёй працы «Самыя вядомыя іудэа-хрысціянскія міфы ў святле прыродазнаўчага і гістарычнага пазнання», таксама адзначана; пры далейшым разважанні пра нашу двухбаковую карэспандэнцыю па гэтай тэме гэты момант здаецца мне дадаткова важкім, так што цяпер я лічу неабходным ўдацца ў яго больш дэталёва, асабліва таму, што я падазраю, што і Вам такія ідэі ў кантэксце з праблемай Агасфера павінны былі прыходзіць на думку.
Загадзя прымаю, і Вы мне, спадзяюся, ласкава дазволіце, Вашую згоду з маім тэзісам, што паняцце «вандраванне душ» патрабуе, прынамсі, наяўнасці душы. Але ці ёсць яна наогул, чалавечая душа, і, лагічна следуючы гэтаму пытанню, ці ёсць яно, жыццё чалавека пасля смерці?
Але калі ласка, скажуць, у нас ёсць цэлая навука пра душу - псіхалогія, і пра хваробы душы - псіхіятрыя, з адпаведнымі спецыялістамі, менавіта ж - псіхолагамі, псіхіятрамі, псіхааналітыкамі, псіхатэрапеўтамі, з адпаведнымі кафедрамі, клінічнымі ўстановамі, часопісамі, медыкаментамі і т. д. і да т. п.; значыцца павінна быць псіхіка, якою ўсё гэта займаецца. Шырока, добра, правільна. Але гэты від душы можа разглядацца толькі ў аспекце адзінства цела і духу; сепаратнай жа душы, якая магла б весці ўласнае жыццё да, у час альбо пасля псіхічнага існавання адпаведных людзей, як выявілі сукупныя прыродазнаўчыя даследаванні ў гэтым кірунку, няма; звыш таго, тое, што мы азначаем як душа альбо псіхея, ёсць проста функцыя чалавечай нервовай сістэмы, уключна з мозгам, выкліканая аб'ектыўнымі працэсамі ў прыродзе і ў грамадстве, якія, са свайго боку, праз органы адчуванняў чалавека ўздзейнічаюць на яго нервовы апарат і запускаюць яго ў рух. Адны з гэтых пераменных уздзеянняў, якія адлюстроўваюцца ў свядомасці альбо ў несвядомасці, у мысленні, адчуванні і снах чалавека, ужо даследаваны і растлумачаны, другія - не; але гэта толькі пытанне часу, сваім часам мы атрымаем поўную яснасць. Аднак абсалютна пэўна, што псіхіка чалавека, інакш яго душа, перастае існаваць у той момант, калі знаходзіць свой канец псіхічная функцыя мозгу, з чаго, дарэчы, урачы і адлічваюць момант клінічнай смерці, г.зн. з моманту згасання апошніх электрычных імпульсаў у мозгу.
Усё гэта банальныя ісціны, і я ведаю, што з імі, паважаны гер прафесар, я рвуся да Вас у адчыненыя дзверы. Я і паўтараю іх толькі ў магчымай мне сцісласці і даступнай сутнасці выключна дзеля ўразумення феномена Агасфера, якога Вы ўсё яшчэ маеце за рэальнасць, на што ў нас усё яшчэ адсутнічае якое б там ні было дастатковае навукова прымальнае тлумачэнне. Вандраваннем душы ў кожным разе гэта быць не можа, бо ўвогуле няма ніякай аўтаномна лунаючай у прасторы душы, якая магла б на працягу стагоддзяў трансмігрыраваць з аднаго Агасфера ў другога. Тут я хацеў бы ў Вас ласкава папрасіць адмысловай увагі; гэта - кардынальнае пытанне, што Вы на гэта скажаце?
Натуральна, і я ахвотна прызнаю Вашу рацыю, можна лічыць недахопам, што чалавечая душа, якая была б у стане вызваліцца ад сваёй цялеснай абалонкі, не існуе. Што няма такога тонкага інструмента, здольнага радасць і боль, любоў і нянавісць і да таго падобныя эмоцыі больш чым адчуваць, мяняючы іх у долі секунды, гэта сапраўды шкада; але навукоўцы, якія абавязаны служыць аб'ектыўнасці, павінны мірыцца з гэтым фактам, як і з усведамленнем таго, што ўсе мы з'яўляемся толькі грудачкай, праўда, высокаарганізаванай, матэрыі, якая ўтварылася ў працэсе маруднага, але цалкам натуральнага працэсу.
Пры гэтым разглядзе не трэба таксама забываць, што насамрэч неіснуючая бессмяротная душа з даўняга часу была выпрабаваным сродкам суцяшаць людзей за пот і кроў, якія на гэтым свеце пралівалі з разлікам на лепшы лёс на тым свеце. Так, напрыклад, пакепвае колішні таксама яўрэйскі паэт Гайнрых Гайнэ «Баю-баюшкі-баю з неба, так закалыхваюць, як дзіця, калі яно тхімкае, народ, вялікі зброд», і Карл Маркс піша ў сваёй крытыцы гегелеўскай філасофіі права: «Рэлігійная галеча ёсць, з аднаго боку, выяўленне сапраўднай галечы і, з другога, пратэст супроць сапраўднай галечы. Рэлігія - гэта стогн прыгнечанай істоты, гэта душа бессардэчнага свету як яна ёсць і дух бездухоўных абставінаў. Яна - опіум для народу.»
Гэта ёсць асноўныя прынцыпы і шматразова пацверджаныя асновы, з якіх мы зыходзім у нашым інстытуце, і таму нам феномен Агасфера, які Вы апісалі, проста здаецца фактарам, кампаненты якога выяўлены яшчэ недастаткова поўна, на які мы з Вашым ласкавым садзеяннем, шаноўны гер калега, спадзяёмся праліць святло.
З сяброўскім прывітаннем
Ваш адданы
(праф. д-р Dr. h. c.)
Зігфрыд Байфус
Інстытут навуковага атэізму
Берлін, сталіца ГДР
Геру
праф. д-ру Dr. h. c. Зігфрыду Байфусу
Інстытут навуковага атэізму
Бэрэнштрасэ 39а
108 Берлін
German Democratic Republic
2 красавіка 1980
Дарагі гер калега!
Ваша пісьмо ад 17 сакавіка знайшло мяне ў тую самую гадзіну як і дадатак да яго ад 24-га, з якога толькі можна заключыць, што шляхі, якімі сёння праходзіць пошта ў зносінах паміж усходам і захадам, у вышэйшай ступені дзівосныя. Але паколькі прадмет нашага ліставання такога роду, што нават самы прыдзірлівы цэнзар не можа высачыць у ім нічога заганнага ў адносінах да Вас альбо мяне, нам застаецца пераносіць затрымкі спакойна і радавацца, што нашая карэспандэнцыя наогул даходзіць да адрасата.
Але цяпер, праўда, я бачу некаторы сэнс у тым, каб ухапіць Вашыя аргументы ў некаторых дэталях і там, дзе яны мне падаюцца сумніўнымі, прадпрыняць спробу паслабіць іх. Па-першае, многае, што Вы маеце сказаць, я і сам выказваў ад шчырага сэрца, па-другое, я хацеў бы пазбегнуць таго, каб пра рэчы, якія цікавяць мяне толькі ўскосна і пабочна, мы ўблыталіся ў бясконцыя дыскусіі. Тое, ці былі «Настаўнік справядлівасці» і «Князь абшчыны» паводле рукапісу 9QRes у Dead Sea Scrolls махлярамі і параноікамі, у маіх вачах з'яўляецца неістотным пытаннем; для мяне важнае толькі тое, што Агасфер дакументальна зафіксаваны ў 9QRes. І Вашыя думкі пра сутнасць чалавечай псіхікі, наколькі яны маглі б быць каштоўнымі для мяне, нічога не даводзяць пра экзістэнцыю-неэкзістэнцыю Вечнага Жыда; ні я, ні хто-іншы ніколі не сцвярджаў, што Агасфер быў ходкім доказам вандравання душ альбо чагосьці падобнага.
Але з Вашых пісьмаў я даведваюся, дарагі гер калега, нешта зусім іншае, што, уласна кажучы, павінна было Вас крыху занепакоіць: менавіта, пачатак фіксацыі ўвагі на феномене Агасфера, што, паводле маштабаў Вашага ratio Вы жадалі б растлумачыць, хоць гэта відавочна нельга ўціснуць у пракрустава ложа каштоўнасцяў Вашага вопыту. Дасведчанне, якое Вы спрабуеце ўжыць, дазвольце мне гэту невялікую крытыку, у грунце рэчаў ненавуковае; яно нагадвае тых ватыканскіх навукоўцаў, якія не хацелі прызнаваць спадарожнікаў Юпітэра толькі таму, што яны не ўпісваліся ў арыстотэлеўсую схему светабудовы. Мы не абыходзім факта, што Агасфер існуе; Як і Чаму яго існавання і што з гэтага магло б вынікнуць, можа стацца прадметам даследавання, але спачатку павінна быць прызнана, што ён ёсць, у падмацаванне чаго я ўжо даў Вам некаторыя доказы і дашлю яшчэ дадатковыя.
У сувязі з гэтым я ўжо і раней меў нагоду ўказаць на з'яўленне Вечнага Жыда ў апошнія дні Варшаўскага гета; калі раней я спасылаўся Вам толькі на ўсякага роду дакументы, як 9QRes альбо на паведамленне пра працэс супроць радцаў імператара Юліяна Апастаты, альбо на паказанні сведкаў, дык у гэтым выпадку я сам сведка і, як спадзяюся, Вам не сумніўны. Я быў у Варшаўскім гета і перажыў разам з усімі 350000 сагнанымі туды людзьмі ўсе пакуты і знішчэнне. Ніякі д'ябал, у гэтым Вы можаце мне паверыць, гер калега, не мог бы выдумаць тых метадаў, якія служылі дасягненню мэты: гэта была чалавечая справа, справа рук, даруйце мне, што я нагадваю, Вашых суайчыннікаў.
Я часта пытаўся ў сябе і тады і пазней, чаму ні раней, ні на самым пачатку перыяду гета альбо адразу пасля не дайшло да акцый супраціўлення, і прычыны гэтага я бачу ў рэлігійнасці яўрэяў, ім было немагчыма ўявіць сабе, што істоты, якія па цялеснай структуры і манеры рухацца падобныя да іх, маглі паставіць сабе мэтай іхняе татальнае знішчэнне голадам і, калі гэта дасягалася ў камбінацыі з тыфусам і халерай недастаткова хутка, забіваннем альбо дэпартацыяй у газавыя камеры. І гэтаксама немагчыма было ім нават падумаць, каб Бог, іхні Бог, мог гэта дапусціць. Нашчадкі таго народу, які даў Бога і яго Сына-збаўцу і выніклую з гэтага этыку, амаль да самага канца спадзяваліся на збавенне.
Амаль. Бо ў канцы была роспач. У канцы былі пытанні. У чым быў іхні грэх, за які Бог караў аж так сурова? Яны ж былі прывязаныя да яго, нават калі ён іх адкідаў ад сябе; яны выконвалі ягоныя запаветы, нават калі ён іх мучыў; яны яго любілі, нават калі ён выстаўляў іх на пасмешышча і глум. І дзе калі ў свеце быў такі грэх, які заслужыў бы такое кары? І калі будзе дастаткова той кары? І колькі яшчэ Богу хопіць цярплівасці на іх катаў? Ці ж не мелі яны, мучаныя і прыніжаныя, пагарджаныя і катаваныя, аслаблыя і прысмертныя, права ведаць, нарэшце, дзе ж тыя межы яго цярплівасці?
Пры такіх абставінах прысутнасць Агасфера ў гета падалася мне больш чым паэтычнай неабходнасцю. І сапраўды ад яго зыходзіла дзіўнае ўздзеянне: дзе ён паказваўся, там нават пры сконе людзі чэрпалі новую сілу і мужнасць; было так, быццам праз яго яны даведваліся, што ад іх павінна было нешта застацца на існаванне далей, нешта эсэнцыяльнае, істотнае, і што іх пакуты і іх смерць мелі нейкае значэнне, пра якое яны маглі толькі здагадвацца і ўведаюць яго поўніцай толькі пазнейшыя пакаленні.
Таго дня ішлі мы, Агасфер і я, па вуліцах, нямногіх, з якіх яшчэ складалася гета, бо памеры гета ўвесь час звужаліся, і пазасталыя жывымі мусілі ўсё больш уціскацца на ўсё меншай прасторы. Гэта дзіўнае пачуццё, якое заскоквае чалавека, калі ён бачыць каля сваіх ног дзяцей, якія паміраюць з голаду, шкілетападобныя лялькі, у лахманах, і ведае, што ніхто ўжо іх не пахавае. Абодва мы адчувалі, што ўсё, што мы бачым, і шмат чаго іншага павінна на ўсе часы адбіцца ў памяці; Вас, паважаны гер калега, я пашкадую ад апісання; Вы можаце, калі ў Вас ёсць цікавасць, даследаваць гэта ў архівах, якія Вам напэўна ж даступныя, бо немцы з даўняга часу вельмі ахвотна фатаграфуюцца, а гета давала іх камерам матываў у вялікім мностве.
- Так, - сказаў ён, - мы пачынаем.
Я ведаў пра марнасць гэтага пачынання; але Агасфер быў амаль у радасным настроі, бо ў адрозненне ад мяне ён верыць у зменлівасць свету.
- Ты яшчэ маеш ножык? - спытаўся ён у мяне.
Гэта стары ножык з тронкай з разьбёных каралаў у форме разьбёнай выявы голай жанчыны. Я дастаў з кішэні і падаў яму.
- Падары мне, - сказаў ён, - фігурка гэтая так мне нагадвае...
Я аддаў яму ножык, і ён павёў мяне да дома, з якога павінен быў адбыцца напад на СС. Напад, як што адбыўся так знянацку, мусіў удацца; упершыню тыя, каго пераследавалі, перажылі ўцёкі пераследвальнікаў. Наогул, усё як бы памянялася месцамі; яўрэі, якія змагаліся тут, былі больш не яўрэі, якіх прывычна было бачыць жывымі, нават у смерці яны здаваліся іншымі, не вечнымі пакутнікамі, вечна бітымі, правобразам якіх ёсць той рэбэ Ёшуа, якога прыбілі да крыжа.
Тут мы трымаліся некалькі тыдняў супраць зондэркаманды гера Дырлевангера і ягоных дапаможных груп. Пасля дом, які служыў нам умацаваннем, быў на тры чвэрці разбураны, яго абаронцы да вельмі нямногіх, якія залеглі паверхам вышэй, загінулі. У нас ужо не было баепрыпасаў, толькі некалькі бутэлек бензіну. У самы той час, калі дом вакол нас рассыпаўся ў руіны, а таварышы адзін за адным падалі ад куляў і асколкаў гранатаў, Агасфер быў вельмі маўклівы; ён гаварыў з Богам. У яго заўсёды былі вельмі своеасаблівыя стасункі з Богам, адначасова мяцежнік і ўлюбенец; цяпер ён хацеў праясніць іх, але Бог не адказваў.
Замест Бога прыйшлі СС. Агасфер сказаў мне:
- Ідзі. Праз каналізацыю. Я прыкрыю цябе.
Пасля ён узяў тры бутэлькі бензіну, якія ў нас яшчэ былі, і па кучы бітай цэглы і смецця папоўз да акна насустрач нападаючым.
Дзве бутэлькі ён падпаліў і шпурнуў у эсэсаўцаў. З апошняй ён абліў сябе самога і кінуўся, жывым факелам, на рыклівую швору.
У Ерусаліме я спаткаў яго зноў, каля ягонай шавецкай лаўкі на Дарозе Смутку, яе ён прызнаў сваёй маёмасцю і нанава цалкам перабудаваў пасля таго, як тая частка горада ў выніку шасцідзённай вайны стала даступнай яўрэям. Пры ім быў і ножык; ён паказаў мне яго і спытаўся нават, ці не хачу я вярнуць яго сабе назад. Я сказаў, што не, хай застаецца ў яго, я ведаю адну майстэрню, там мне зробяць дакладна такі самы, нават з усімі прыкметамі антыкварнасці.
Як заўсёды з найлепшымі прывітаннямі
Ваш
Ёханаан Лёйхтэнтрагер
Hebrew University
Jerusalem