Я ведаю, што ведаю.
Я пазнаю голас Бога. Ён у гуле вады, у бушаваньні полымя, у завываньні буры, і ён магутнейшы за гэта; але нават і ў шалясьценьні цярноўніку ён ёсьць, подых, ледзь улоўны. Ён можа гнаць вас да краю сусьвету, прычым на ўжо даўно патухлых зорках і на такіх, што толькі зараджаюцца, і ён можа быць у табе як чарвяк, што сьвідруе цябе, і як лёгкае брунжаньне ў вуху.
І ўзвысіўся голас Бога й сказаў: Я адвёў руку Сваю ад цябе, Агасфэр, і скінуў цябе з вышыняў у шосты дзень а трэцяй гадзіне, і гэта зарабіў Я, бо Мой парадак табе ня быў парадкам і Мой закон у тваіх вачах - зьдзек; дык вось, як што ты асуджаны блукаць па глыбінях, замест таго каб кволіцца й цешыцца на нябёсах і славіць Маю цудоўнасьць, ты ўсё яшчэ імкнешся перавярнуць верх пад спод, ніз паставіць угары, і сумняваешся ў маім тварэньні.
А я абяртаю аблічча сваё ўгору ў пазахмар'е, адкуль прыйшоў голас, і кажу: Я найперш сумняваюся ў чалавеку, пра якога сказана, што яго стварыў Ты паводле твайго вобразу, паводле вобразу Божага, і сумняваюся ў Сыне чалавечым, пра якога кажуць, што ён пасланы Табою за грахі іншых, і на чые грудзі я клаў сваю галаву падчас апошняй вячэры.
І зноў узвысіўся голас і сказаў: Сьвет поўніцца цудамі з раніцы да вечара. Адна адзіная малекула ўжо мае такую складаную канструкцыю і адначасова так геніяльна простая ў сваёй канцэпцыі, што яе мог толькі нехта прыдумаць, і менавіта Я. І ты ўсё яшчэ сумняваешся?
Тады схіліўся я перад Богам і сказаў: Далёкі я быў ад таго, каб сумнявацца ў Тваіх цудах, о Госпадзе, і ў Тваіх малекулах; я сумняваюся ў Тваёй справядлівасьці і ў богападабенстве чалавека, якога Ты стварыў.
І вось рассунуліся хмары над хмарамі і ў пазахмар'і, і прабіўся промень сьвятла, ён сьвяціўся як сьвятло тысячы сонцаў і ўсё ж не сьляпіў, і ў промні вачам адкрылася лесьвіца, яна стаяла сама, ніхто яе ня трымаў, і была такая высокая, што верхні канец яе зьнікаў у бясконцасьці вышыні; а па гэтай лесьвіцы падымаліся ўгору й апускаліся ўніз анёлы, добрыя анёлы, вядома, не такія, як Люцыпар альбо я, так што выглядала ўсё, быццам па той лесьвіцы ўгору-ўніз караскаліся процьмы мурашак з ружовымі галоўкамі й празрыстымі мігатлівымі крылцамі. І былі там яшчэ такія, якія несьлі вялікі трон па лесьвіцы ўніз і вельмі высільваліся, бо трон быў цяжкі і ўпрыгожаны рознымі каштоўнымі камянямі, якія пераліваліся ўсімі колерамі вясны, блакітныя й зялёныя й чырвоныя й залатыя, а парэнчы той лесьвіцы былі разьбёныя й на канцах сваіх мелі галовы двух хэрувімаў, а чатырма ножкамі былі ільвіныя лапы, а завяршэньне задняй парэнчы было ўтворана зь дзьвюх блішчастых зьмеяў, целы якіх былі скручаныя ў вузел, тым часам як галовы змагаліся адна з адной. А на троне ня было нікога, так што здавалася, быццам ўсё гэта давалася руплівым анёлам проста, так сабе нешта зь лёгкай мэблі.
І як што нарэшце той трон старабанілі ўніз, яны прынесьлі яго да мяне й паставілі перад мною, і ў дадатак услончык-падножжа, прымацаванае да трона залатымі загінамі-фальцамі, і пасьля гэтага яны адляцелі, лапочучы крылцамі й кашулькамі. Але голас Божы ўзвысіўся зноў і сказаў: Як што ты сумняваешся ў богападабенстве чалавека, дык я хачу паказаць табе Сябе.
І сьвятло нябеснае аблілося вакол трона, быццам вянком, і ў вянку сьвятла паказалася як бы паласа ранішняга туману. Але гэты туман увачавідкі ўшчыльніўся і ў ім распазнаваліся як бы цень і форма й істота й цялеснасьць, і сядзеў нехта на седзішчы трона, у белым убраньні, з бліскучымі вачыма й хвалістымі валасамі й кучаравай барадою, муж у найлепшым веку, і усё вакол яго было дасканалае й незвычайнай прыгажосьці.
А я, замест таго каб занурыцца носам у пыл перад тым на троне й пацалаваць яму ногі, ня мог адвесьці ад яго позірку, бо мне здавалася, быццам я бачу разам зь ім і празь яго гаротную постаць рэбэ Ёшуа, і сказаў я: Значыцца, ты й ёсьць Бог?
Але Ён сказаў: Я ёсьць, хто Я ёсьць.
Ты цудоўны, о Госпадзе, сказаў я, як што Ты спачываеш у самім Сабе, і я мог бы любіць Цябе.
Але ты сумняваешся ўва Мне і ў Маім парадку, сказаў ён, хоць Я сяджу тут на Маім троне й зьяўляюся жывым доказам богападабенства чалавека.
Госпадзе, сказаў я, я адкінуты ад Цябе й я бяз улады. Тым ня меней я пытаюся ў Цябе: Што ёсьць сапраўднае, богападабенства чалавека альбо чалавекападабенства Бога?
І вось запахмурыўся лоб Ягоны, і сьвятло ўгары зацьмілася, і анёлкі зь іх ружовымі галоўкамі й празрыстымі мігатлівымі крылцамі ўсхвалявна запырхалі вакол лесьвіцы, быццам яна павінна была вось-вось праваліцца, і я баяўся за сваё пытаньне.
Але голас Бога ўзвысіўся і прагучаў зьменена, нават неяк як бы скрыпуча, і спытаўся: Ці яно так, ці яно гэтак, што абыходзіць табе, хто ёсьць меншы за пылінку, зь якіх я стварыў чалавека?
Гэта ж супярэчнасьць, о Госпадзе, сказаў я, прагал у Тваім парадку, зь якога сыпецца пясок.
І вось падышлі некаторыя з добрых анёлаў, з шырокімі плячыма й дужымі рукамі й кулакамі, як у мясьніка, і пастанавіліся каля мяне. Але Бог кіўнуў ім, каб адышліся ўбок, і спытаўся ў мяне: І многа такіх супярэчнасьцяў ты бачыш, Агасфэр?
І я глыбока пакланіўся і сказаў: О так, Госпадзе, іх шмат, і яны як соль у кашы й як дрожджы ў цесьце, і душа нашага гешэфту, Твайго й майго.
І Бог сказаў: Я стварыў цябе на другі дзень, і ня з пылу, як чалавека, а з агню й подыху бясконцасьці. Але гэта зусім не дае табе права на тваё жыдоўскае нахабства.
А я сказаў: Можна будзе яшчэ папытацца, Госпадзе. Ты адкінуў мяне ў шосты дзень а трэцяй гадзіне й асудзіў мяне бадзяцца па глыбінях аж да суднага дня, а пасьля падыходзіць Твой Сын па дарозе на Галгофу й праклінае мяне таксама. Ці ж аднаго разу было мала? Альбо ж, калі ўжо Вы трыадзіныя, Ты й Твой Сын і Дух, пра якога мала гаворыцца, Ты думаеш, двайное больш надзейнае?
І вось падняўся Бог са свайго трона й падышоў да мяне, бліскучыя вочы, у гневе сваім, як у славе, але я раскінуў рукі, каб прыняць яго ў абдымкі, як той, хто любіць, бо я любіў яго сапраўды, і тут Ён нарэшце страціў свой боскі спакой, і я дараваў бы яму, калі б ён пракляў мяне трэйці раз. Але ён раптам павагаўся і ўсьміхнуўся, а пасьля растварыўся ў паласу туману, і пасьля расплыўся, і толькі трон стаяў у сваёй пустой раскошасьці.
Я ведаю, што я ведаю. І Бог ёсьць, што Ён ёсьць, і Яго парадак гэтак жа поўны супярэчнасьцяў, як і Ён сам.