Агасфэр

Вечны Жыд

Гайм Штэфан


Разьдзел адзінаццаты

Ліст, які доктар Лютэр сунуў у руку юнаму Айцэну, адрасаваны галоўнаму пастару Эпінусу ў саборы сьв. Пятра ў горадзе Гамбургу, добра заклеены й прыпячатаны асабістай пячаткай Лэтэра. Але Айцэну пячэ пісьмо ў кішэні, і чым далей ён ад'язджае, тым гарачэй. Да Рослава на Эльбе ён яшчэ трывае, расказваючы спадарожніку пра сваю ранішнюю казань; ён яшчэ выдатна трымае ўсё ў памяці, як жыды, поўныя гардыні, пыхі й нявер'я, жывуць сярод нас, і ня з працы, а з махлярства, пры гэтым з тых, з каго яны дзяруць, а менавіта з гояў, яшчэ й зьдзекуюцца й праклінаюць іх; і пра тое, што паводле права зь імі трэба было б зрабіць. Але ўжо ў Цэрбсьце, Ангальцкім, сядаючы на каня пасьля неспакойнай ночы, ён ў нясьцерпе кажа Лёйхтэнтрагеру:

- Скажы мне, Гансе, якая ў чалавека самая-самая дарагая даброць, якое ён павінен трымацца, нягледзячы на ўсе спакусы?

Лёйхтэнтрагер пачэсвае гарбок, мабыць набраўся-такі блох на цэрбсцкім начлезе, і сузірае ландшафт, зялёныя дрэвы, у якіх так весела грае гульлівае сьвятло, палеткі навокал, усе дагледжаныя, дабраславёная мясцовасьць, толькі людзі не выглядаюць на дабраславёных, якім добра жывецца на сьвеце; у прыстойнай дзяржве з прыстойнымі носьбітамі гонару, там народ водзяць на кароткай шворцы.

- Самая дарагая даброць людская? - кажа ён, хоць ужо добра ведае, куды хіліць сябар; ён ужо чакаў, з таго часу, як той расказаў яму, які разьвітальны дарунак атрымаў ад добрага доктара Марцінуса. Таму цяпер гаворыць у той самай годнаснай манеры, якую начапіў на сябе і Айцэн, набыўшы магістарскую годнасьць: - Самая дарагая чалавечая даброць, Паўль, гэта давер, якім цябе асяняе нехта іншы й каго ты не павінен расчараваць без пахібы тваёй несьмяротнай душы.

Айцэн чакаў пачуць нешта такое, хоць і спадзяваўся, што чалавек, падобны на яго сябра, пасобіць яму зламаць пячатку.

- А менавіта ж, а ў самы акурат, - уздыхае, - бо й куды ж мы зайшлі б, каб ня нашыя гонар і вернасьць; сьвет, сёньня такі сапсаваны, ператварыўся б у гадзючнік, у гнязьдзішча ўсякай нечысьці.

Але калі яны ўязджаюць у Магдэбург, раскошны біскупскі горад, дзе пераначуюць у доме гера саборнага прапаведніка Міхаэліса, Айцэна зноў разьбірае.

Геру саборнаму прапаведніку вельмі прыемна даць кватэру юнаму confrater, сабрату, у яго тры незамужнія дачкі, адна за адну худзейшая і ўсе разам як усё роўна назначаны ў будучыя пастарыхі; і ён прыступае да куплі кульгавага суправодніка, адразу пачынае лісьлівіць пра дзельных дзеў, аж у тых вушы агнём гараць. За вячэрай, якую любоўнымі рукамі ўшыкавала фраў саборная пастарыха з трыма юнымі асістэнткамі, Лёйхтэнтрагер падрабязна й шырока паведамляе пра магутную казань, якую сказаў яго сябар Айцэн у Вітэнбэргу ў пысутнасьці доктара Лютэра й Мэланхтона; пры гэтым пад абрусам ягоныя пальцы пагладжваюць кашчавыя калені то Лізбэт, сярэдняй, то худзюшчыя сьцёгны Юты, малодшай сястры. Старэйшая, Агнэс на імя, з пэўным сумыслам упляцавалася поплеч юнага Айцэна й вымушана абыходзіцца без тагоных пагладак і шчыкаў.

Гер саборны прапаведнік ня ведае, чым ён мусіць больш уразіцца, ці тое красамоўствам свайго толькі што ўзьведзенага ў прапаведніцкую чыннасьць сабрата, ці тое фабулёзнай памяцьцю гэтага дзіўнага спадарожніка, і кажа яму:

- Вы, мабыць, вельмі пільна слухалі, калі ўзгадваеце ўсё так дакладна. Дай Божа, каб у маёй абшчыне знайшліся такія, каму б так западалі мае словы зь нядзельнай казані!

Гэта была не ягоная заслуга, адказвае Лёйхтэнтрагер і строіцца пад сьціпленькага; з такой казаньню, з такой тэмаю, і выкладзенай у такім духу, - было такое адчуваньне, што слухаеш сапраўднага прарока, яно й ня дзіва, што кожнае слова, кажнюсенькае слоўца незабыўна ўелася ў памяць.

Юны магістр падносіць да вуснаў і адпівае глыток віна й папярхаецца; ён ведае, што яго сябра Ганса зусім нават і ня было ў саборы, калі ён бушаваў наконт прыбродаў-жыдоў. Дзева Агнэс ускоквае й паплясквае свайму застольніку па сьпіне; вой, гэта ўсё з самымі добрымі намерамі, але ён яшчэ некалькі дзён будзе насіць на сабе плямкі, - сатру, сатру! - і жарцік сябра, які ў яго, абсьледаваўшы ўначы ўсе самыя датклівыя месцы, выскаляючыся паведамляе, што тоненькія пальчкі пацаляюць найлепей куды сьлед.

Але пазьней, як што ён ня можа заснуць, бо яму заходзіць пра блізкую сьмерць бацькі куды больш, чым ён можа выказаць гэта, і таму, што ён адчувае, які слабы й бездапаможны чалавек бяз Божай аслоны альбо магутнага сябра, пра што яму мог бы даць поўнае тлумачэньне ліст у кішэні, ён паварочваецца да Лёйхтэнтрагера й пытаецца:

- Ганс, га? Ты яшчэ ня сьпіш, Ганс?

Той нешта мармыча пра шмат віна й пра кашчавых баб і адварочваецца.

Але Айцэн не даецца.

- Ганс, - кажа ён, - мне вельмі хацелася б ведаць, што напісаў доктар Лютэр у тым пісямку, якое ён даў мне.

- А не пераймайся, вазьмі ды прачытай, - раздражнёна буркае Лёйхтэнтрагер, быццам гэта такая дробязь - узяць і прачытаць.

Але якраз гэтага Айцэн і ня хоча рабіць, асабліва цяпер, калі ўжо ён амаль пастар, добры пастух, які павінен ісьці наперадзе хрысьціян, даючы прыклад сумленнасьці. Таму ён кажа:

- Ты ж усё так добра ведаеш, Ганс; можаш сказаць, хто якую задумаў карту, туз чарвовы ці старэйшы булковы валет, альбо, можа, жалудовая дзявятка, альбо ж ва ўсім, у чым толькі можа быць абазнаны чалавек, у сьвятым трыадзінстве альбо што плоць і кроў Хрыста a priori былі ў хлебе і ў вадзе, альбо пра добрых і ліхіх анёлаў.

- Усё правільна, усё ў правілах і норме, усё адпаведна, - кажа Лёйхтэнтрагер, бачачы, што так проста заснуць яму ня ўдасца, - гэта можаш ведаць і ты, калі сабе здор у чэрапе ўцісьнеш.

- Ай, ужо цісьні ня цісьні, - скардзіцца юны магістр, - ні лою ні шмальцу ня выцісьнеш, ні скварак ня высмажыш.

- Дык перакінься ў Лютэра, - кажа сябар ня стрымаўшыся, - ну што такога ён табе меў напісаць да гера галоўнага пастара Эпінуса? Што ты абібок і гультай і Гіпакрыт, які зьлізвае думкі з вуснаў вышэйшага, каб прабіцца ў сьвет?

І гэтым Лёйхтэнтрагер зноў пацэліў у самы акурат: бо яно якраз тое, у чым Айцэн сам сабе найбольш баяўся прызнацца; вельмі добра ведае ён гісторыю пра тое другое пісьмо, якое напісаў цар Давід свайму камандуючаму Ёаву й перадаў праз Урыю; толькі з той розьніцай, што ў яго, Айцэна, няма прыгожай жанчыны, як Вірсавія ў Урыі, ён рулюе на дзеву Штэдэр, якая, на жаль, хоць і ня зусім бязьмясая і пляскатая, як паненка Агнэс тут у Магдэбургу, але й ня мае нічога такога ў сабе, каб за яе душыліся й прападалі.

- Магчыма, ён павінен быў напісаць гэта, - кажа далей Лёйхтэнтрагер, - але ён ніколі так ня зробіць; мы ж ведаем Лютэра, ты й я, ён не напіша нічога такога, што можа паказаць людзям, што ён толькі зноў выпусьціў у сьвет чарговага пабожнага пустагаловіка.

Гэта хоць і крыўдна, але разам з тым і суцяшае; таму Айцэн перапускае сябру ягонае выказваньне, затое скуголіць, просячы спагады, так умольна-жаласна, як гэта яно пакутліва змушацца да коннай дарогі ў такой няпэўнасьці, сорак зь лішкам міляў у дзень, і як яму палегчала б на сэрцы, нягледзячы на змрочныя прыгоды наперадзе, калі б ён ведаў дакладна, што напісаў добры доктар Марцінус.

- Запалі сьвечку, - кажа Лёйхтэнтрагер, - і дай мне сюды тое пісьмо.

Айцэн доўга калупаецца з крэсівам і трутам, пасьля запальвае сьвечку; трапяткое полымца толькі крыху асьвятляе пакой і адкрывае жудасную карціну: юны магістр і кульгавы гарбач, абодва ў начных лёлях, дзьве галавы схіліліся над паперынай, пры гэтым адзін выцягнутай рукой выпісвае колы над пячаткай, пакуль яна зь лёгкім шчоўкам не адскоквае ўгору й пісьмо быццам само зь сярэдзіны разгортваецца.

- Вось, - кажа Лёйхтэнтрагер, - чытай.

Айцэн, якому ад такога спосабу расьпячатваньня пісьма робіцца несамавіта, тым ня меней чытае; аж такая прага да ведаў, калі заходзіцца пра ўласныя выгоды. Пазнае почырк, своеасаблівыя кручкі й скароты, чарнільныя пырскі, быццам па паперы прабегліся два, калі ня больш, прусакі. Мір і мілата ў Хрысьце, пісаў Лютэр, сумленны мой, дарагі браце.

І далей сьледуе: «... схіліце прыхільне вуха Ваша да дастаўцы гэтага пісьма, юнага магістра Паўлюса фон Айцэна. Бо ён той, родам з Вашага горада Гамбурга, хто быў руплівы тут у Вітэнбэргу ў высокай школе й зь вялікім посьпехам прыкладаўся да спасьціжэньня вучэньня Божага, ён ужо праэкзаменаваны, красамоўны й старанны й цьвёрда кіруецца Словам і сваімі начальствамі...»

Айцэн падымае вочы ад паперы й бачыць абыякавы выраз на твары свайго спадарожніка, быццам той ужо даўно ведаў зьмест пісьма. І таму далей чытае ў прыўзьнёслым тоне з дамесам гонару й какетлівага пратэсту: «... і таму я магу, дарагі браце, пасяброўску рэкамендаваць Вам магістра фон Айцэна, каб Вы скарысталіся ім паводле свайго разуменьня і магчымасьці. Гэта нясумненна будзе сапраўдны, як сапраўдныя ёсьць наша Эвангельле й Хрыстос, дастойны слуга Божы. Заставайцеся цэлы час шчыра ў Хрысьце. Учынена ў Вітэнбэргу, et cetera, et cetera. Ваш Марцін Лютэр.»

- Ну, кажа Лёйхтэнтрагер, - супакоіўся нарэшце?

Айцэн абцягвае апоўзлую сьпераду кашулю й адказвае: - Ты ж сам сказаў, што нічога іншага ён і ня мог бы напісаць, добры доктар Марцінус.

- Ня мог бы? - перапытвае Лёйхтэнтрагер, і раптам у ягонай руцэ зьяўляецца яшчэ адно пісьмо, акурат як першае, з такой самай гладка адклеенай пячаткай, на якім нават захаваўся адбітак Лютэравай пячаткі. - На, чытай.

Айцэну зрабілася знобка. Той самы почырк, нават чарнільныя плямы, але словы нейкім д'ябалскім чынам перакручаныя, і напісана там, што ў галаве ў юнага магістра Паўлюса фон Айцэна чорт ведае што, толькі ня слова Божае, што ён прыслужваецца й падлізваецца, што яму ня можа быць давераны настаўніцкі пульт альбо катэдра, ужо ня кажучы пра законную хрысьціянскую абшчыну, бо ён толькі пнецца ўгору, прагне ўлады над людзьмі, замест каб у пакоры сэрца шчыра служыць. А ўнізе зноў сыгнатурка, чысьцюткі паўтор першай: Марцін Лютэр.

Айцэн жахаецца. Яму здаецца, што ў двух пісьмах як бы два бакі аднаго чалавека, і гэты чалавек ён сам - адзін у ногі цалуе, другі за сэрца кусае. Але як што доктар Лютэр мог напісаць толькі адно пісьмо, дык якое ж зь іх сапраўднае, у якім Лютэрава праўда? І які, па праўдзе, ён сам, магістр Паўлюс фон Айцэн?

Лёйхтэнтрагер трымае абодва вострымі пальцамі, лёгенька памахвае імі перад недаверлівымі вачыма Айцэна. Айцэн хапае правае, добрае, якое ён павінен перадаць геру галоўнаму пастару Эпінусу, калі толькі хоча падняцца вышэй па крутой духоўнай лесьвіцы; але яно ўвесь час выкоўзваецца з-паміж пальцаў, не даецца злавіць, сам ягоны сябар раптам здаецца як бы туманным прывідам, і ён ускрыквае й прахопліваецца ў ложку побач са спадарожнікам, з расьпячатаным пісьмом у руцэ, пячатка самым дзіўным і таямнічым чынам цэлая, і ён ў апошнім мігатаньні амаль дагарэлай сьвечкі паўтарае: «... і таму я магу, дарагі браце, пасяброўску рэкамендаваць Вам...» - А дзе другое? - пытаецца ён, штурхаючы Лёйхтэнтрагера пад бок.

- Што другое? - кажа той.

- Другое пісьмо!

Лёйхтэнтрагер трасе галавой; ня ведае ён ніякага другога пісьма, ведае толькі пра тое, што яго сябар Айцэн трымае ў руцэ, і кажа яму, каб пагрэў пячатку над сьвечкай, хай разьмякне, каб можна было файненька запячатаць, каб усё было, як бы нічога й ня было, і пасьля гэтага полымца тухне, і зноў робіцца цёмна вакол гэтых двух у пакоі дома саборнага прапаведніка Міхаэліса. Але Айцэн ня можа заснуць. Яму здаецца, што празь сьцены чуецца сухі кашаль дзевы Агнэс, альбо, можа, Лізбэт альбо Юты, а недзе нехта стогне, быццам на грудзях у яго сядзіць гном, паскрыпваюць бэлькі, быццам ва ўсім Магдэбургу вырваліся на волю духі, і ён, увесь у страху, думае, Божа мой, Божа мой, няўжо так будзе ўсё маё жыцьцё, а я ж бо тое сабе думаў, што пасьля экзамена й казані ўсё пойдзе сваім упарадкаваным ходам, як гэта прадвызначыў Бог сваёй вялікай міласьцю, але ніхто ня ведае, якая яна слабенькая зямля, на якой ён стаіць, а якраз жа пад ёю й віруе той вечны агонь.

А раніцай, пасьля таго як Лёйхтэнтрагер жартаўліва лёгенька ўшчыкнуў за шчочку юных дочак саборнага прапаведніка, а Айцэн чынна падаў руку дзеве Агнэсе й, атрымаўшы яшчэ па кавалку хлеба й каўбасы ад фраў саборнай прапаведнічыхі на перакуску, абодва зноў выправіліся ў дарогу да Гэльмштэта, дзе герцаг Браўншвайгскі трымаў высокую школу і, трэба думаць, можна знайсьці гасьцініцу з ладным сталом і пачосткай пад добрую духоўную гутарку пра бег падзей у сьвеце; але Айцэн сядзіць у сядле як мех вотруб'я, і ўсё яму баліць, сьпераду, ззаду і ўсярэдзіне. Лёйхтэнтрагеру, таму лепей; той паглядвае на яго збоку, патрухваючы на коніку, і кажа сабе, ах, які ж слабы гэты людскі род, любая нягода пераварочвае яго дагары, і людзі лямантуюць і скуголяць да Бога, як той Ёў, ня верачы ў яго й нават ня маючы даверу да саміх сябе; так і жывуць паводле правілаў і ўстанаўленьняў і лічаць, што іх ім спаслаў Бог, і ліпнуць, трымаюцца за іх, і не заўважаюць, як яно ўсё добрым ладком і парадкам адно за адным коціцца к чортавай матары, князі й духоўнікі спачатку, пасьля пісакі й купцы, а пад канец усе агулам і сполам.

У Гэльмштэце якраз у той дзень кірмаш, паназьбіралася людзей з усіх навакольляў гібель і пропадзь, купляюць і прадаюць, а хто ні тое, ні другое, - проста швэндаюцца разьзявамі. Карціна стракатая, бо кожнае на нешта кудысьці чагосьці пнецца, і ганчары й краўцы, кандытары й каўбасьнікі; гагакаюць гусі, сакараць і лапочуць куры, перш чым ім скручваюць галовы; і паўсюль і наскрозь адно жыды ў сваіх ярмолках, і той нахвальвае табе нейкае сваё старое рызьзё, выдаючы яго за ўбор герцагіні, быка за цельную карову альбо старую недаздохлую кабылу за высакароднага баявога вогіра чыстай арабскай крыві.

Перад гасьцініцай гаспадар выставіў некалькі ўслонаў. Юны Айцэн і ягоны сябар, прывязаўшы коні й напаіўшы іх з карыта, знаходзяць сабе месца, і Айцэн вальготна выцягваецца з куфлем піва ў руцэ, зафундаванага яму Лёйхтэнтрагерам, і глядзіць, як той накройвае сваім прыгожым ножыкам скрылікі каўбасы з дадзенага фраў саборнай прапаведнічыхай на дарогу кавалка, палавіну яму, палавіну сабе, і ўпершыню за гэты дзень адчувае, што жыцьцё мае-такі й свае дадатныя бакі, хай сабе й ня многія, але мае. А яшчэ бачыць далей з правага боку, паблізу кірхі, згрудзіліся людзі, цясьней дзе б то яшчэ дзе; там узьведзена нейкае драўлянае рыштаваньне, а за ім напятае размаляванае палатно з выяваю нашага ўкрыжаванага Госпада Ісуса, з рыжай барадою й чырвонай крывёю на лобе, а побач зь ім абодва шахраі з журботна зьвешанымі галовамі. Мабыць, будзе нейкае прадстаўленьне, думае ён, альбо, можа, там нехта сьпявае й паказвае карціны, і Айцэн ня ведае, ці тое яму сьлед прыбіцца да кампаніі людзей, што там стаяць і чакаюць, ці тое заставацца тут на зручным услоне, як яно й сьлед чалавеку, што ўжо амаль пастар і ў кішэні мае рэкамендацыю з-пад пяра самога доктара Марцінуса; ягоны сябар таксама ня мае ніякіх намераў выпраўляцца на тое прадстаўленьне, магчыма, ён нават зусім і не заўважыў, што тут павінна разыграцца.

Але вось каля кірхі ўсё аціхае. І нават рыначны шум ужо чуецца як бы праз тоўстае палатно.

На драўляным рыштаваньні стаіць жанчына, на ёй зялёныя шаравары, як на карцінах з Турцыі, бачаных ім у кнігах, і чырвоная вышываная камізэля паўзьверх белай кашулі, а на галаве нейкі блакітны турбан з бліскучаю зашчапкаю, з-пад якое ў паветра вылазіць белы касмач валасоў. Твар у яе густа расфарбаваны, хто там ведае, што ў яе пад шмінкаю, можа маршчыністая старакабетная скура. Толькі вочы, вялікія і бліскучыя, як пэрлы, маладыя, і гэтыя вочы ён пазнае, і тут жа ўсхопліваецца з услона, бяжыць туды да сьціжмы людзей вакол рыштаваньня, рассоўвае, расштурхоўвае іх убакі, не зважаючы на буркатню і лаянку, і ўжо стаіць перад жанчынай і тапырыцца на яе, як чалавек, што ўбачыў здань, і празь яе кашулю і шаравары бачыць формы грудзей і сьцёгнаў, і ў роце яму перасыхае, як ад пяску, і ён хоча закрычаць: Маргрыт! - але ані гуку з горла.

А жанчына падымае руку і, убачыўшы, што людзі ўраз захлябенілі пашчы, заяўляе звонкім, урачыстым голасам, што яна прынцэса Гэлена, малодшая й самая любімая дачка Трапезундзкага князя, які, як высокі герцаг, служыць пры двары магутнага султана; але што яна пакінула бацьку й маці й прыгожы гарэм у Канстанцінопалі, дзе ёй толькі птушынага малака не хапала, дзе было ўсё, чаго толькі душа жадала, убраньне і ўборы й шаўковыя падушкі й чорныя рабы ў абслузе, каб вахлярамі абмахвалі, бо ў ноч перад яе васемнаццатым днём нараджэньня зьявіўся ёй Вечны Жыд Агасфэр, асуджаны нашым Госпадам Ісусам Хрыстом на вечнае блуканьне аж да суднага дня, і яна навярнулася ў правільную веру ў нашага Госпада Ісуса Хрыста, у вечнасьць. І з таго часу ўсюды сьледуе за Вечным Жыдам Агасфэрам, які ня можа памерці і ўвесь час пастаянна ўзнаўляецца на шляхах сваіх, а яна яму як бы нябесная нявеста, каб сьведчыць людзям пра веліч Бога й пакуты нашага Госпада Ісуса Хрыста, якія Вечны Жыд бачыў на свае жывыя вочы, і ён потым сам выступіць і пакажа ўсяму народу свае памечаныя крыжавымі стыгматамі ногі й простымі словамі раскажа, як наш Гасподзь Ісус гутарыў зь ім і як пракляў яго за вялікую бессардэчнасьць, у якой ён, небарака й гаротнік, вось ужо тысяча пяцьсот дваццаць два гады раскайваецца. А каго не кране шчырая гісторыя-споведзь, той хай пасьля спакойна дыбае сваёй дарогай, Вечны Жыд усё ім даруе, і наш Гасподзь Ісус Хрыстос даруе таксамака; калі ж каму дойдзе да мозгу касьцей, як яно й павінна даходзіць шчыравернаму хрысьціяніну, той пасьля можа купіць ілюстраваны, выдатна надрукаваны скрутак з гісторыяй пракляцьця Вечнага Жыда Агасфэра і ўкіне сваю лепцінку ў кубак, якім яна абнясе людзей, бо яна й гер Агасфэр хацелі б і ў іншых месцах далучыць людцаў да гэтай весткі.

Айцэну як зарвала, так і стаіць усё яшчэ. Ці мог ён тады, пасьля той вечарыны ў доме ў магістра Мэланхтона, сваёй затуманенай віном галавой нават блізка падумаць, што той настырны малады жыдок, які трымаў Маргрыт на каленях і рабіў зь ёю і так і гэтак, мог мець хоць якое б там ні было дачыненьне да Вечнага Жыда, але ў сьвятле наступнага дня адагнаў яго ад сябе як чыстую прымару й насланьнё. А тут яшчэ й каб сама прынцэса Гэлена з Трапезунда, якая служыла ў яго сябра пакаёўкай, апратвала нанач пасьцель і выносіла начны посуд за ім, былым студыёзусам Айцэнам, і пры гэтым два мясістыя паўмесяцы ззаду пад спадніцай так панадна перашавельваюцца: вой, няўжо мы й праўда ўсе «сукупнасашчэпленыя», і хто ж тады той другі, што засеў у ім?

Лёйхтэнтрагер, здаецца, усё яшчэ сядзіць на ўслончыку каля гасьцініцы, п'е сваё віно й не здагадваецца пра буру ў грудзях магістра Айцэна, якога так і падсьцёбвае ўскочыць на той памост і залезьці прынцэсе Гэлене пад камізэлю і ў шаравары, і не таму, што яму наўме нейкія там вашыя брыдоты, не, з чыстай цікаўнасьці й прагі пазнаньня; але й так куды б ён дайшоў, бо ж людзі навакол толькі хочуць ведаць, як там тое было з праклінаньнем Жыда, але, канечне, ня ён адзін хацеў бы пашураваць у гэтым вышытым капшучку, толькі ж ніхто гэтага ня робіць.

Прынцэса Гэлена тым часам павесіла на планку вялікую табліцу, на якой, табліцы, быў відзён рыжабароды Ісус, апрануты ў прыгожа афарбаваную пурпуру, зь зялёным цярновым вянком на галаве, перад ім воіны паказваюць яму язык і крывяць пачварныя твары і ўсяляк зьдзекуюцца й насьміхаюцца зь яго, а адзін нават б'е кіем па галаве.

І пры гэтым яна дэклямуе ўзьнёслым голасам і з правільным націскам:

Вы бачыце, як зброд служак
сьмяецца з Госпада ўсяляк,
шалёна зьдзекуецца, б'е
і шкумутаніць, і плюе.
Ён церпіць зьдзекі, глум і сьмех
за нашыя правіны й грэх.

Айцэн думае, што гэта зусім ня той задзірлівы тон, у якім Маргрыт цэлы час гаварыла зь ім, ня тая мова, якой яна карысталася; па ўсім адчуваецца, што тая, хто так свабодна, не заікаючыся, не запінаючыся, прамаўляе прыгожы вершык, паводле вымаўкі й складу, паводле таго, як спрытна хлешча языком, яна хутчэй за ўсё знатная дама, хай сабе прынцэса з Трапезунда, хай скуль бы там ні была. Тым больш гэта хвалюе яго, ён азіраецца, шукаючы свайго сябрука Лёйхтэнтрагера, бо той лепш за каго другога патрапіць сказаць яму, якія такія акалічнасьці павязваюць яго з усім гэтым; але таго зноў дух прастыў, а турчанка Гэлена тым часам выставіла новую табліцу, пасярэдзіне якой зноў-такі Гасподзь Ісус, гэтым разам у белай сарочцы, і сакавітыя пурпуровыя кроплі крыві адна за адной зьбягаюць па скажоным ад болю твары, між тым як ён, угнуўшыся пад цяжарам, нясе крыж пад мілаўбольнымі позіркамі заплаканых жанчын, якія заломваюць рукі каторыя перад грудзьмі, каторыя за галавой. Прынцэса Трапезундзкая, указваючы левай рукой на карціну, правую малітоўна ўзносячы ў неба, прасякаецца яшчэ больш палкай пабожнасьцю.

Вось ён ідзе угору з крыжам,
сухія губы сьмягла ліжа,
але далей ідзе Ісус,
пакутны тарабаніць груз.
Жанчыны плачуць. Ім Хрыстос:
«Іду! Пакіньце вашых сьлёз!»

Калі толькі Айцэн нешта ведае зь Бібліі, дык менавіта гэтую гісторыю, якую сёньня ведаюць усе людзі; тым ня меней яны стаяць, як прыкаваныя, у клубах чаднага поту й цыбулі, яны амаль ня дыхаюць, у таго вунь старога сьліна цячэ па барадзе, а ён і не зважае, другі, забыўшыся, іста чухае задніцу; але прыгажуня Гэлена хуценька мяняе табліцу, новая побач з пакутнікам Ісусам паказвае чалавека ў залацістажоўтым шаломе з чырвонымі нашчочнікамі, які марна спрабуе падаць Ісусу руку. І тут жа яна гаворыць дрыготкім голасам:

Вось афіцэр тут убаку
пабрацку падае руку,
але ня зрыць Ісус нічога,
бо толькі ж думае пра Бога.
І афіцэру ўжо вядома,
што чалавек той - ecce homo.

Як заўсёды, калі Айцэн чуе два падрад лацінскія словы, а гэтым разам асабліва, пры еcce homo яму мароз дзярэ па скуры, ён упэўнены, што прыгожая красамоўніца заўважыла яго падчас сваёй мастацкай дэклямацыі; бліснула вока, невялікая паўза, можа, усяго на адзін перавод духу, але ён выразна адчуў - пазнала; Маргрыт, якую ён ведае, і прынцэса Трапезундзкая сплываюцца ў ягоным мазгу ў адно; еcce homo, думае, з храпы гэтай чорта-жыдоўскай лярвы, аж галава неяк пайшла, а пасьля думае, ну, хто я такі, каб быць стражэйшым за самаго Госпада Ісуса Хрыста, які, пасьля таго як грэшніца ўмыла яму ногі сьлязьмі й пацалавала іх і абсушыла іх сваімі валасамі й памазала алеем, сказаў пра яе: многія грахі ёй даруюцца, бо яна многа любіла; толькі што Маргрыт ня мела ніякай схільнасьці да ўсіх пералічаных параметраў і ног яму ня мыла, каб аблашчыць іх, але ж такі яшчэ далёка ня вечар. І вось там на памосьце ўжо вісіць новая табліца, і на ёй зьлева відаць нашага Госпада Ісуса зь ягоным цяжарам, як ён дрогка падгінаецца ў каленях, а справа ад яго жыд у чорным каптане, вельмі, здаецца, падобны на таго, зь якім Айцэн пазнаёміўся ў той лёсавызначальны вечар, а за жыдам дом з каланадай, і паміж касымі калонамі выпірае нейкая штанга, на якой прымацаваная таблічка, дакладней, зялёны вянок і ўсярэдзіне яго прыгожы пурпуровы бот. Прынцэса Гэлена прыматкабожылася каля карціны, і па ёй відаць, што яе гісторыя набліжаецца да таго пункту, дзе вузел, які яна з такім дбаньнем завязала, разьвязваецца й сьледуе магутны ўдар грому; грудзі ў яе ўздымаюцца й апускаюцца, касмач на турбане дыбіцца ўгору, і яна паглядае паверх людзкіх галоў, быццам там удалячыні бачыць ясную ўяву, і кажа:

Габрэй Агасфэр адмыслова
там правіў рамяство шаўцова,
меў лаўку, дом свой і машну.
Гасподзь падумаў: адпачну,
хоць дух траха перавяду
ў цяньку дзьвярэй, бо не дайду.

І тут, натоўп ахае як з адных грудзей, - той ужо стаіць каля прынцэсы, у сваім заношаным лапсярдаку й круглай ярмолцы на галаве, такой самай фарбы, што і ў Госпада Ісуса на табліцы й на вялікай карціне, дзе ён вісіць на крыжы. Стаіць вось, як з каноплі выскачыўшы, не, думае Айцэн, - як зь пекла выскачыўшы, Вечны Агасфэр, які ня можа ні адпачыць, ні памерці, а павінен бадзяцца па сьвеце ўдоўж і ўпоперак, у холад і ў сьпёку, угору праз горы і ўніз праз пустыні, праз зарасьлі цярноўніку й чартапалоху, па скалах і кручах, праз таросы й валуны, праз рэкі й моры, бясконца, бясконца, і восека ён ужо тут, на рынку ў Гэльмштэце, гатовы да пытаньняў і адказаў пра тое, як яно было насамрэч зь ім і нашым Госпадам Ісусам і чаму ён так жудасна пракляты.

- І тады кажа мне рабі, - гаворыць ён у цішыні рыначнага пляца, - дазволь мне адпачыць, кажа ён, мне муляе ў плечы, гэта больш чым добрых трыста фунтаў, думаю я, і ўсё цьвёрдая драўніна, з кантамі. Так, кажу я яму, муляе. А як ты сабе думаў, ня муляе нам ярмо, накладзенае на нас рымлянамі? Дазволь мне адпачыць, кажа ён, дарога тут угору камяністая, а яны бічавалі мяне. Так, кажу я яму, дарога камяністая й крутая. А як ты сабе думаў, ці камяністая, ці крутая дарога, якою ідзе народ Ізраіля? Дазволь мне адпачыць, прашу цябе, кажа ён, я павінен сабрацца зь сілаю, каб пайсьці да майго бацькі на неба. І так кажу я яму, твайму бацьку на небе, хочаш...

- Утні язык! Ня хлусі!

Айцэн жахаецца. Гэта ж ён сам крыкнуў, гэта ж ён сам і палохаецца, уціскае галаву й хуценька азіраецца вакол сябе, ці не падыме хто кулака, каб учасаць яму ў пысак, з чаго чалавеку вялікая шкода становіцца. Але людзі вакол яго, здаецца, гэтаксама спалохаліся, як і ён альбо як той жыд на памосьце, у якога слова пад грудзі падвярнула й засела ў горле, ледзь не ўдавіўся, - тыц-мыц, сказаць няма чаго, аж потам упацеў. І калі Айцэн бачыць, што ніхто яму не пярэчыць, ніхто не падымае на яго руку, больш за тое, усе вочы паставілі на яго, вылупіліся, як вырачкі якія, быццам тут цудадзей ня жыд, а ён, і, набраўшыся адвагі, адчуваючы сябе ледзь ня блюзьнерам, ён кажа сабе, вось зараз пакажу таму жыду, набірае паветра й крычыць на ўсе грудзі:

- Усё гэта бздуры й балбатня, усё гэта чмур, падман і круцельства! Так улоўліваюць дурную сьмердзь і выцягваюць з кішэняў грошы, а ня геры студэнты й дактары й шаноўныя грамадзяне Гэльмштэта! Ён не Агасфэр і ніколі ня бачыў нашага Госпада Ісуса Хрыста, нават ценю яго валасінкі ня бачыў! Ён жыд Ахаў, якога я сустракаў у Вітэнбэргу, як ён тады там пачукваў на каленях фраў прынцэсу, а сам думае, што тут можа на дурніцу купіць сумленных хрысьціян.

Падымаецца гнеўнае вурчаньне, і Айцэн ведае, супроць каго яно, супроць жыдоў, ня супроць яго, вурчаньне мацнее, робіцца ўсё больш пагрозьлівым, і Айцэн чакае, што яму адкажа жыд, ці не зарве яму назусім, і разважае сабе, як даказаць красуні Гэлене, што яна павінна вышчаміцца з гэтага памоста й праціснуцца да яго, пад ягоную аслону, але не знаходзіць спосабу гэта зрабіць. І вось тут якраз каля яго азываецца ягоны сябар Лёйхтэнтрагер і так дзіўна глядзіць на яго і, скрывіўшы рот, сьмяецца й кажа:

- Ну ж, уцінай далей Паўль, брава, Бог табе сплаціць, калі яны кінуцца-рынуцца на жыда й разьдзяруць яго разам з прынцэсай Трапезундзкай.

Тым часам неба пацямнела, завалаклося чорнымі хмарамі, што насунуліся справа й зьлева, і толькі паласа сьвятла яшчэ заставалася пасярэдзіне, дзе якраз стаіць жыд, а за ім вялікі партрэт рыжага ўкрыжаванца, як ён там вісіць паміж шахраяў, а яшчэ далей ззаду высокая вежа кірхі з вострым дахам і залатым пеўнікам-флюгерам наверсе. Сяму-таму робіцца вусьцішна, і ён думае, што вось зараз настане божая кара таму, хто тут, над душою стоячы, гаварыў падлыжна, жыду зь ягонай прынцэсай ці маладому чалавеку ў магістарскай шапачцы зь першага раду.

Але жыд, як прарок, уздымае рукі. Апошні гул галасоў аціхае. Вочы ў жыда, як два каменьчыкі, бліскуча-шэрыя і цьвёрдыя, і ён кажа:

- І будзе калі-небудзь нехта ашуканы кімсьці, хто лепш абазнаны. А я кажу вам, сапраўды, я Вечны Жыд, завуся Агасфэрам, і пракляты нашым рабі, бо я прагнаў яго ад сваіх дзьвярэй, калі ён хацеў адпачыць у мяне ад цяжару крыжа, і калі гэта чыстая праўда, дык той залаты певень угары на вежы тры разы кукарэкне, перш чым усмаліць першая божая маланка.

Айцэн ведае, што цяпер яму трэба на поўнае горла зарагатаць, каб усе чулі й каб паламалася вядзьмарства; певень на шпіцы вежы мог паказваць надвор'е, але каб на кукарэкі ўспасобіцца, - яшчэ ў ніводнага пеўня-флюгера ня было такога горла й сапраўднай дзюбы. Ён азіраецца на свайго сябра Лёйхтэнтрагера й шукае ў ягоных вачах і на твары запэўненьня, вядома, певень ёсьць певень, а бляха ёсьць бляха; але той падымае руку да вуха й кажа:

- Слухай!

І тады, спачатку ціха й нясьмела, як з маладога пеўніка, які яшчэ ня верыць у самаго сябе й спрабуе галасок, а пасьля ўжо гучней і гучней і ўжо ўпэўнена, і трэйці раз залівіста й далёкачутна: пеўнеў крык, ён разганяе цені й сутнасьць цёмных шалаў.

Усё як скамянела. Толкі ўкрыжаваны, здаецца, як бы варушыцца, але гэта ад ветру й непагадзі, што налятае парывамі й шавеліць карціну, на якой ён намяляваны. Маланка, якая за гэтым перыць, яркая, шыпучая, разрывае здранцьвеньне; яна цаляе ў драўляныя рыштаваньні й падпальвае іх, полымя шугае ўгору й паліць іх разам з выявай укрыжаванага й дэманстрацыйнымі табліцамі й іншымі прычындаламі, а тым часам, з выцьцём і лямантам люд сьцебануў на ўсе бакі, толькі спадніцы й полы лапаталі.

Айцэн адчувае, як яго схапілі за локаць і пацягнулі прэч.

- Давай хутчэй адгэтуль, - чуе Лёйхтэнтрагераў голас, - бо людзям можа стрэліць у галаву забіць цябе.