Дуіненскія элегіі

Рыльке Райнэр Марыя


Дуіненскія элегіі

Першая элегія

То ж бы з анёлаў, калі б закрычаў я, пачуў?
Нават калі б і пачуў і спагадна крануўся
сэрца майго, я сканаў бы адразу, забіты
сілай яго існавання. Сама прыгажосць --
гэта пачатак жахлівага. Вытрываць гэты пачатак
здольныя мы; і любім вітаць хараство,
хоць яно грэбуе намі, знішчаць не спрабуе.
Вусцішны кожны анёл і жахліва прыгожы.

Так вось і я сунімаю парывы свае, сунімаю
покліч жахлівага плачу! Ах, ці хто-небудзь
нам тут патрэбен яшчэ? Аннёлы -- не, людзі -- не!
Нават жывёлы спрытнейшыя тут заўважаюць,
як нам няўтульна ў свеце тлумачаным жыць,
дзе застаецца нам толькі пахілае дрэва,
дрэва над урвішчам, дрэва, якое штодня мы
бачыць прывыклі; а можа, ўчарашняя вуліца і
неадчэпная вернасць прывычцы, якая
нас не жадае пакінуць, таксама прывычна.

О, яшчэ ноч! Калі вецер сусвету нам студзіць
і паліць аблічча... каму гэта ноч застаецца,
ласкі і расчаравання жаданая ноч,
тая, якая ўсе сэрцы ў змрок свой прымае?
Можа, яна закаханым лягчэйшая? Ах,
толькі сабой засланяцца -- такі іхні лёс.
Хіба не ведаеш гэтага? Кінь пустату
і прастору, якою мы дыхаем; птушкі, магчыма,
больш пранікнёна ўмеюць і могуць адчуць
расшырэнне сусвету. Ты быў патрэбен вясне.
Зоркі маглі спадзявацца, што іх адчуваеш.
Часам з мінулага хваля ўздымалася грозна,
і, як праходзіў пад вокнамі, насцеж адкрытымі, ты --
скрыпка табе аддавалася. Ў гэтым быў заклік.
Ты адгукнуўся? Не! Надта няўважлівы быў
ты ад чакання, якое табе прадвяшчала
бдізкасць каханай. (Куды ты схаваў бы яе,
ў час, калі ўзнёслыя думкі ў дом твой прыходзяць
і застаюцца ў ім нанач з табою сам-насам?!)
Трэба спяваць пра каханне, калі ты сумуеш бясконца,
бо і да сёння яно яшчэ не бессмяротнае.
Нават пакінутым часта зайздросціў: яны
любяць мацней, чым абранцы шчаслівай патолі.
Зноў услаўляй і ўслаўляй бясконца, бязмерна;
помні: герой бессмяротны, і нават пагібель яго --
толькі нагода, каб зноў нарадзіцца, каб нанава жыць.
А закаханых ва ўлонне прымае прырода
стомленая, нібы сілы ўжо ёй не стае
зноў нараджаць іх. Падумай пра Гаспару Стампу, --
чыстая гэта дзяўчына за прыклад абрала
кінутую і, натхнёная вобразам страсці,
марыла быць, як яна. Ці спрадвечны боль
зробіць нас плоднейшымі? Мо пара нам любоўна
вызваліцца ад кахання, нарэшце, яму
супрацьстаяць падобна таму, як страла
супрацьстаіць цеціве, да ўпору напятай, --
раптам адпушчаная, яна робіцца нечым
большым чым ёсць яна, бо ёй супыну няма.

Кліч галасоў. Услухоўвайся ў іх, маё сэрца,
так, як святыя толькі ўслухоўвацца ўмелі:
покліч магутны іх адрываў ад зямлі,
укленчаных у малітоўным экстазе, --
і не заўважыўшы гэтага, слухалі моўчкі яны.
Божага голасу вытрываць, сэрца, не зможаш.
Хай бы паслухала, сэрца, хоць веянне весткі,
весткі няспыннай, утворанай з цішы пякельнай,
Сёння табе гэту вестку мёртвыя шэпчуць,
тыя, што замаладзь у цішыню адышлі.
Можа, лёс іх спакойна гаворыць з табою,
калі ты заходзіш у храмы Неапаля, Рыма.
Ці не азваўся табе надмагільны граніт
надпісам гордым у Santa Maria Formosa?
Чым жа я ўзычу? Хочуць, каб ціха я зняў
з іх занядбання пячаць, бо яна замыкае
душы памерлых у лёгкім і чыстым іх руху.

Праўда, нам дзіўна зямлю пакідаць і не жыць,
больш нашых звычаяў нудных ужо не трымацца,
ў ружах і ў іншым усім, штотнечым нас вабіць,
болей не бачыць значэння, істотнага для чалавека,
рукі забыць, што трывожна нас песцілі колісь,
кінуць імя сваё, нібы разбітую цацку.
Дзіўна -- зямлю назаўсёды пакінуць, не марыць.
Дзіўна -- угледзець, як тое, што важным было,
пырхае лёгка ў прасторы і вольна лунае.
Смерць нам спачатку таксама дзіўнай здаецца.
Звыкнуцца трэба, пакуль спакваля не пачнеш
вечнасць нутром адчуваць. -- Памыляюцца толькі
жывыя, калі яны вельмі выразна, дакладна
смерць ад жыцця адасобіць спрабуюць.
Кажуць, анёлы часам і самі не знаюць,
ці да жывых, ці да мёртвых прыходзяць яны.
Вечная плынь абмывае абодва царствы
і паглынае ў абодвух усе пакаленні.

Мы не патрэбны анёлам, адорвені прахлыя
ад маладога жыцця; ад зямнога адвыкнуць
можна -- нібы ад грудзей мацярынскіх дзіця.
Мы, каго тайны вялікія вабяць адвечна,
мы, каму скруха духоўна расці пасабляе, --
продкаў памерлых забыўшы, ці пражывём?
Кажа легенда, што галашэнне па Ліну
моўчу здранцвелую музыкай колісь прарвала:
у баязлівай прасторы, адкуль назаўсёды
юны паўбог адышоў, пустата загучала
тым, што нас цешыць і вабіць, што нам памагае.


Другая элегія

Кожны анёл -- жахлівы. І ўсё-такі -- гора мне! --
Вас апяваю, амаль што хагубныя птушкі душы,
знаючы вас. Куды ж дзеліся Товія дні --
калі Прамяністы стаяў на парозе пакуты,
нібы вандроўнік, адзеты ў дарогу, не страшны;
(хлопец да хлопца -- прыглядваўся кожны цікаўна).
О, каб цяпер той архангел, што там, за свяціламі,
грозна наблізіўся хоць на імгненне да нас,
сэрца разбілася б наша адразу. Дык хто ж вы?

Рана пашчасціла вам, мілаванцам стварэння.
Вы -- гэта гор вышыня, небакраі дасвецця,
дробны пылок бажаства, што цвісці пачынае,
троны, ступені, праходы, суставы святла,
сутнасці вечнай начынне і сумятня асалоды,
выбухі бурныя шалу, пачуццяў чароўных,
люстры, якія з сябе хараство сваё льюць
і -- узнаўляюць яго ў абліччы сваім.

Бо, адчуваючы, -- робім усё пра-мінулым,
бо, уздыхаючы, -- мы выдыхаем сябе,
бо, палымнеючы, -- мы ад успшкі да ўспышкі
тлеем слабей і слабей. Няхай нехта нам скажа:
ты ўваходзіш у кроў маю, ласку, вясну,
ты напаўняеш сабою прадмет... Не ўтрымае
нас ён, калі мы знікаем бясследна ў ім.
Хто ж утрымае прыгожых! Няспынна іх твар
бляскам уяўным азораны -- гасне адраху.
З нас яно -- Наша знікае, як з лісця раса,
мы астываем, нібыта гарачая страва...
А наша ўсмешка? -- куды знікне яна?
А нашы новыя, палкага сэрца парывы?..
Гора! Мы ў гэтым жывём. Хіба, можа, сусвет,
у якім мы растворымся, мае наш прысмак?
Можа, анёлы ўспрымаюць толькі сваё,
тое, што выпраменьваюць самі, а можа,
ім дастаюцца часцінкі ад сутнасці нашай?
Можа, упісаны мы
ў рысы іх так, як няпэўнасць -- хай нават не часта --
ўпісана ў рысы абдічча цяжарнай жанчыны?
У пастаянным вяртанні ў сябе яны могуць
гэтага нават не бачыць. (Хоць бачыць павінны.)

Ноччу маглі б закаханыя -- толькі б умелі --
дзіўныя дзівы расказваць адно аднаму,
бо ахінае іх вечная тайна, маўчанне.
Дрэвы нямыя, дамы, у якіх мы жывём, --
ўсё непарушна стаіць. Толькі мы абцякаем
гэта, як продзімень пругкага ветру прадметы.
Зладжана ўсё нас замоўчвае, з сорамам часам,
часам з надзеяй маўкліваю верачы ў нас.

Вас, закаханых, шчаслівых у шчырай любові,
я заклікаю нас зразумець. Вы раз’днаны.
Што вам вядома пра нас? Раскажыце спакойна.
Вось падымаюцца рукі мае, і ў іх тоне
стомлены твар мой. І гэта дае мне пачуцці.
Толькі ж ці досыць іх? Ці дастаткова,
каб існаваць?
У вас, хто жыве ў захапленні другога, пакуль
не задаволіць палкіх жаданняў пакорай:
болей не трэба, даволі! -- у вас, што ад ласкі,
як вінаградныя гронкі, налітыя сонцам,
у вас, хто альбо памірае, альбо
перамагае ў любові, -- пра лёс наш пытаюся.
Ведаю: ваша крананне таму нам прыемнае,
штот не знікае месца, якое пяшчотна
вы закранулі -- у гэтым вы можаце мець
чыстую вашу трываласць, надзею на шчасце,
вечнае шчасце ў абдымках. І ўсё ж, калі зможаце
вытрымаць: позірку жах і любоўную муку
там пад акном, вашу першую ў садзе прагулку, --
ці зберажэцца каханне? Ці вы -- гэта вы?
Бо, як абое прынікнеце вуснамі к вуснам
і неспатольна п’яце адно аднаго --
дзіўна, калі адмаўляецца піць адзін з вас.

Ці не здзіўляе вас часам ашчадлівасць жэстаў
на барэльефах антычных? Няўжо старажытным
клаліся лёгка на плечы каханне, разлука --
нібыта створаны з іншых субстанцый яны?
Рукі бязважкія ўспомніце і параўнайце
з сілай магутнай, якая закладзена ў торсы.
Тыя -- умелі валодаць сабою і ведалі межы.
Так дакранацца нам трэба таксама; мацней
толькі багі дакранаюцца. Гэта -- іх воля.

Каб жа знайсці нам маленькае чыстае поле
чыста Людскога, шнурочак зямелькі ўрадлівай
паміж патокам і скаламі. Нас нага сэрца
перапаўняе, як тых, даўнейшых, людзей;
мы прасачыць
сэрца не можам ні ў вобразах, што яго песцяць,
ні ў боскіх целах, дзе стрымана б’ецца яно.


Трэцяя элегія

Адно -- узнёсла спяваць пра каханне. Другое, о гора!--
пра вінаватага бога рачнога ў крыві.
Хлопец, якога дзяўчына чакае, -- не знае яшчэ
пра ўладара асалоды, які на самоце
перш чым насыціцца ласкай дзявочай, альбо
часта, не маючы ласкі, ўздымае боскую голаў
і непазнанасцю плешча, запальвае бунт уначы.
О нептун у крыві, о трызубец жахлівы яго!
О цёмны вецер дыхання, што з тайных ракавін дзьме!
Чуеш, глыбее, згушчаецца цёмная ноч. Яе зоркі! --
ці не ад вас ідзе бурная радасць каханка, які
промні каханай угледзеў? Ці чыстая вера яго
у чысціню яе твару народжана не чысцінёю зорак?

Толькі, на жаль, ані ты, ані родная маці
лук яго броваў не напялідля такога чакання.
Не на табе, о каханая, не. і не дзеля цябе
пружацца губы яго цецівою жахлівай.
Думае, можа, што ўразілі моцна яго
лёгкія крокі твае, што сама ты -- як золкавы ветрык?
Хай ты спалохала сэрца, і толькі -- а страхі,
страхі старыя жылі ў юнаку і прачнуліся раптам.
Клікні яго... ты не выклічаш з цёмнага кола нічога,
хоць ён і хоча, і прагне, і лёгка прывыкне
да патаемнага сэрца твайго і пачнецца ў ім.
Ці ён папраўдзе ў сэрцы пачаўся?

Маці, ты -- гэта тая, якая яго пачала;
новы ён быў у табе, над вачмі яго новымі ты
дружны схіліла сусвет, ад чужога яго засланіла.
Ах, дзе ж тыя гады, калі статная постаць твая
расхваляваны хаос ад яго адхіляла?
Многае ўтойваеш ты: страхі начныя пакояў
ператварыла ў бяскрыўднасць, у схованках сэрца
перамяшала прастор знелюдзелы з прастораю ночы.
Не ў цемру, о не, у тваю
найбліжэйшую бытнасць паставіла светач начны,
і ад прыязнасці шчырай к табе -- ён заззяў.
Кожны шолах магла ты з усмешкай пазнаць, растлумачыць,
быццам ты ведала, як і калі скрыпне ў сенцах падлога...
Слухаў ён і лагаднеў. Улагоджваць магла
ты, калі ціха ўставала; з-за шафы выходзіў
лёс высачэзны яго; захінуўшыся ў складкі
злёгку рассунутай цяжкай заслоны, к табе
будучыня неспакойна-бунтоўная з мораку йшла.

Сам жа ён, супакоены, ціха ляжаў
пад дрымотнымі вейуамі лёгкага твару твайго,
асалоду смакуючы, і прадчуваў засынанне...
адчуваў ахаваным сябе... А ўнутрана -- хто,
хто ахаваў яго ад наплывання зачыну?
Гэта была неабчнасць заснулаг; ў сне
марыў і сніў, і жыў ён у соннай гарачцы:
Ён -- гэты Новы, Трывожны, аблытаны быў
доўгімі вусамі ўнутранага выспявання,
быў ён аплецены ўзорамі, што заціскалі
зросласцю формаў звярыных, цялесных.
Ён ім аддаўся. Ён палюбіў.
Ён палюбіў сваё ўнутранае, тыя дзікія нетры,
тую Пра-пушчу ў сабе, дзе на гухіх трухлявішчах
стала сэрца яго прамяніста-зялёнае. Ён палюбіў.
Але пакінуў усё і карэннем глыбока пайшоў
у магутны пачатак, дзе нараджэнне малое яго
ўжо адбылося. Улюбёна сышоў да сваёй пра-крыві,
быццам у бездань, дзе жах затаіўся, продкамі сыты.
І ўсё Страшнае знала яго і шматзначна маргала.
Гэта Жахлівае ўсмешкай вітала... Не часта
так усміхалася ты яму, маці, пяшчотна.
Як жа не мог гэта ўсё ён душой не любіць,
як жа не мог не любіць ён уссмешкі! Раней за любоў
да цябе ён адчуў любоў гэту, якая ў той час, калі ты насіла яго,
ў лоне таілася, ў водах, жыццеўтрымальных для плода.

Бачыш -- кахаем не гэтак, як кветкі кахаюць,
што толькі раз зацвітаюць у год; нам любоў
жыццядайны сок улівае ў гарачую плоць.
О дзяўчына, кахаем у нас не Адно, і не толькі
Будучыню, а бязмернасць кіпення; не толькі Дзіця,
а найперш тых Бацькоў, што ўрошчаны ў нашыя сэрцы,
быццам абваліны гор; а найперш перасохлае рэчышча
даўніх-былых Мацярок; а найперш краявід
над захмаранай альбо бясхмарнаю доляй; --
вось што, дзяўчына, было да цябе.

А ты сама, што ты знаеш сама, ты, што змагла
выклікаць з любога ўсё папярэдне?
Колькі пачуццяў
выйсці на свет з прамінулых ужо існаванняў змаглі?
Крлькі жанок цябе ненавідзяць?
Колькі пахмурных мужчын разбудзіла ў крыві юначай?
Дзеці памерлыя любяць цябе... О ціха, о ціха,
мілая, нешта зрабі для яго, -- павядзі
любага па садах, падары яму змроку начнога
празмернасць... Каханнем яго ўтрымай...


Чацвёртая элегія

О дрэвы жыццяў, колькі да зімы вам?
Мы раз’яднаныя. Мы не птушкі пера-
лётныя. Мы вельмі позна кідаем
сябе на вецер, падаем пасля
на роўнядзь сажалкі бязвольна.
Мы і цвіцём і вянем адначасна.
А недзе львы жывуць і пра бяссілле,
пакуль магутныя, не хочуць ведаць.

А мы павінны, прагнучы з’яднання,
даніну ўсім плаціць. Варожасць нам
бліжэй. Бо закаханыя -- і тыя
ў олюбові межы знаюць, хоць прасторы,
свабодных ловаў і радзімы прагнуць.

Эскіз імгнення звыкла мы ўспрымаем
на фоне процілегласцяў і цяжка
нам бачыць гэта; бо тут ясна ўсё.
Бо мы абрысаў пачуцця не бачым,
а толькі абалонку фармавання.

Хто не сядзеў перад заслонай сэрца,
нібы ў тэатры, баязліва, ціха:
і дэкарацыяй была разлука!
Няцяжка зразумець. Знаёмы сад,
павевы ветру, малады танцоўшчык.
Не той. Даволі. Грым -- не дапаможа,
пераадзетага пазнаеш мешчаніна,
які ў жытло праз чорны ход ідзе.

Што маска гэтая пустая! Депш! --
мне лялька. Бо напоўнена яна.
Прыемней бачыць мне марыянетку,
і ніткі, і трысцё ў руках актора
альбо ў маіх. Я тут, я перад сцэнай.
Хай тухнуць рампы і няхай мне скажуць:
“Усё, закончана”, няхай на сцэну
пустэча выйдзе шэрым скразняком --
няхай мяне самотнага пакінуць
мае нямыя прашчуры, жанчына
і нават любы вірлавокі хлопчык --
я застаюся на спектаклі, тут.
Няпраўда? Ты, хто праз мяне зазнаў
жыццёвай горычы, мой бацька, ты,
хто ў мой пагляд дапытліва ўзіраўся,
хто піў настой павіннасцяў маіх,
пакуль я рос і прыйшласць смакаваў,
ты, бацька мёртвы той, хто тгэтак часта
сярод надзей маіх лунаў трывожна,
хто ткожны міг адмовіцца гатовы
ад абыякавасці -- скарбу мёртвых,
дзеля крупінкі лепшай долі сыну, --
скажы: ці праўда? І скажыце вы,
хто мне дарыў сваю любоў заўсёды,
каго і я пачаў любіць патроху,
хоць забываў пасля, бо ў вашых тварах
мне пачынала бачыцца прастора,
сусветная прастора, у якой
ужо не бачыў вас... І я чакаю
на лялечным памосце дзеі...
Не, не чакаю -- прагну ўбачыць,
бо, каб увагу пільную спатоліць,
між лялек выйдзе неўзабаве сам
анёл і выступіць жывым акторам.
Відовішча! -- анёл і лялькі разам!
Тады і ўключыць, можа, ён усё,
што разлучае нас, у кругаверць
падзей і змен і падначаліць там
сабе ўсе поры года -- і анёл
пачне ігру сваю паказваць нам.
Нябожчыкі павінны ведаць, што
людскія справы -- кволая зачэпка
для ўчынкаў больш высокіх. Бо тннічога
тут першароднага няма. Дзяцінства,
калі за рэчамі яшчэ было
штось большае, чым проста час мінулы,
а будучыні й знаку не было,
калі мы ўсе стараліся расці
на ўцеху тым, хто, апрача сваёй
даросласці, нічога больш не мае, --
о вы, дзяцінства шчасныя гадзіны!
Тады ў сваім самотным руху мы,
здаволеныя цалкам існаваннем,
стаялі паміж цацкаю і светам,
на месцы тым, якое ад пачатку
адведзена для чыстых парыванняў.

А хто пакажа, дзе стаяць дзіцяці?
Хто паміж зор яго паставіць, хто
яго руцэ адлегласці даверыць?
Хто вылепіць дзіцяці з хлеба смерць?
Хто ў пухлы роцік зерне пакладзе
з атручанага яблыка?.. Забойцу
не цяжка зразумець. А смерць, яе,
пранесеную праз жыццё ў сабе
лагодна, ўсцешана, -- і гэтай смерці
не апісаць...


Пятая элегія
Прысвячаецца пані Херце Кёніг

Хто ж яны тыя, скажы, вандроўнікі; можа,
гнаныя доляй уцекачы болей, чым мы,
мы, каго выгнала на дасвецці
невядома каму на пацеху
вечна галодная і ненасытная злая сваволя.
Іх яна гоніць, круціць, трасе, нагінае,
кідае ўгору, хапае; і зноў як па масле
з гладкіх вышыняў па гладкім паветры ўніз апускае
на падасланы пад ногі старэнькі дыван,
мяккую латку ў сусвеце,
пластыр на целе прасторы
там, дзе ваколіцы неба
ранамі ўкрылі зямлю.
Апускаюцца і --
пругка на ногі ўстаюць і падобныя ўжо
на вялікія літары ў тэксце... І дужых мужчын
схопяць жартам і звычнаю хваткаю скруцяць,
быццам Аўгуст Дужы, што мог за сталом
нехаця пальцамі міску скруціць.

Ах, вакол гэтага цэнтра
ружа цвіце, захаплення ружа,
і ападае пялёсткамі.
А пад сэрцам
песціка самаапыленага
завязь уяўная марна расце, неахвотна -- яна
неўсвядомлена свеціцца праз абалонку
ўяўна смяшлівай сваёй неахвоты.

Гэты:
маршчыністы, горкі мацак;
толькі ляскоча, стары, у занадта прасторнай
сваёй абалоне, быццам у ёй спачатку
двое былі, адзін з якіх у магіле,
другім перажыты,
другім, хто аглух і здурнеў
у аўдавелай скуры сваёй.

Гэты:
малайцаваты, нібы нарадзіўся
ад скруцівяза й манашкі; туга набіты
мускуламі і прастадушнасцю.

О вы, хто падораны быў замест цацкі
недаспелай пакуце, калі
спакваля ўбіралася ў сілу яна...
Ты, хто, як плод,
зеляпан, сотні разоў штодня
падаеш з дрэва разам пачатага руху (які
шпарчэй за ваду працячэ праз вясну, і праз лета, і восень), --
падаеш ты, гупаеш аб дамавіну;
часам нешта ўзнікае ў табе, як аблічча,
рэдка калі павернутае да тваёй
маці, любімай табою так моцна, ды ў целе
гладкім тваім палахліва знікае
ледзьве акрэсленае аблічча... І зноў,
пляскае зноў у далоні мужчына -- Ар! --
знак да скачка даючы, і перад тым,
як абвострыцца боль каля сэрца,
што нясецца галопам заўсёды, -- адчуецца
ў пятах пранізліва-востры агонь,
і прыпячэ ён раней за прычыну
сдёз на вачах,
плоцкіх слязінак знямогі й адчаю...
І ўсё ж -- хай натужна, праз сілу --
усмешка...

Анёле!
Сарві гэту ўсмешку, бы каліўца з кветкай,
і апусці яе ў вазу разам з усімі
радасцямі, не спазнанымі намі дагэтуль,
і ўвекавеч іх, на урне пакінуўшы надпіс,
горды, прыгожы і ўзнёслы “Subrisio Saltat “.

Ты, дарагая,
праз цябе пераскоквае радасць,
найвялікшая радасць. Магчыма, валаны
цешацца шчасцем сваім і тваім --
альбо на дзявочых
пругкіх грудзях металічны зялёны шоўк
болей нічога не хоча, здаволены целам.
Ты парушаеш заўжды раўнавагу,
як яблык на рынку,
кінуты рэзка на шалю перад усімі,
голая аж да плячэй.

Дзе ж яно, месца,-- яно ў маім сэрцы, --
дзе яны не маглі, дзе яны
адпадаліся, быццам жывёлы,
злучаныя паняволі,
але не здольныя зліцца,
дзе занадта вялікі цяжар,
дзе няўпэўнена круцяцца
на паднятых трысцінах
няўстойлівыя талеркі...

І раптам у гэтым цяжка здабытым Нідзе, раптам
невыказнае месца, ў якім найчысцейшая драбната
неверагодна змяняецца і пераходзіць
у паражнечу надмернасці,
дзе рахунак шматлічбавы
незлічона расце.

Плошчы, о плошчы Парыжа, арэна без межаў,
дзе мадыстка madam Lamort
трывожныя сцежкі зямлі, бясконцыя стужкі
пераплятае і вяжа і нанава творыць з іх
банты, фестоны, фальбоны і кветкі, плады штучнай флоры,
барвы фальшывыя -- дзеля здобы
шапачак зімніх Нядолі.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Анёле! Пакажы тое месца, яшчэ не вядомае нам,
дзе закаханыя, стаўшы на дыване небывалым,
паказалі б нам тое, чаго
тут паказаць не могуць, -- бясстрашнасць
фігур і палёту іх сэрцаў,
вежы прынадных уцех і драбіны, адна на адну
абапертыя там, дзе няма ім апоры, --
тут бы адважыліся сярод тлуму
знямоглых, маўклівых нябожчыкаў-гледачоў, --
ці кінулі б гэтыя мёртвыя людзі свае дбайна сабраныя,
пільна, ашчадна хаваныя,
вечна патрэбныя, вечна апошнія
грошыкі шчасця вось гэтай
усмешлівай пары
на іх прыціхлы
дыван?


Шостая элегія

О смакоўніца, важна мне ведаць здаўна,
як ты свой цвет у завязь ператвараеш,
як у гатовы да спеласці плод на галіне
ўкладваеш чыстую тайну сваю некрыкліва.
Нібы па трубах фантанаў, па гнуткіх галінах
сокі імкнуцца і ўніз, і ўгару і са сну
пырскаюць шчасцем свайго найсалодшага твора.
Так, як у лебедзя бог...
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . Мы ж марудзім --
не хочам буяна цвісці і ў запознены плод,
у пераспеласць яго мы вінавата ўваходзім.
Рэдка хто здольны нястрымна імкнуцца да дзей,
каб загарэцца адразу на поўнае сэрца
ў час, калі прага цвіцення, як ветрык начны,
вейкі кранае і вуснаў бутон абуджае:
можа, героям ці тым, што заўчасна памруць,
жылы круціць іначай садоўніка смерць.
Мчацца яны стрымгалоў: апярэджваюць самі
ўсмешку сваю, як запрэжка на фрэсках Карнака
апярэджвае пераможцу-цара.
Дзіўна блізкі герой да заўчасна памерлых.
Барацьбы за сваю працягласць у свеце
ён не баіцца. Жыве ён -- угору йдучы,
у пераменлівы светапарадак, у зоры
вечнай, як свет, небяспекі. Нямногія знойдуць
там яго. Але разбуджаны Лёс, той, які
змрочна замоўчвае нас, апяваць яго будзе
ветрам парыўным свайго расшумелага свету.
Толькі яго гэтак чую. І праз мяне
з ветрам струменіць прыцемнены голас яго.
Як бы хацеў я ад смутку схавацца: каб быць
хлопчыкам -- о, каб магчыма было ім зрабіцца --
сесці, падперціся будучымі рукамі
і прачытаць пра Самсона, пра тое, як колісь
маці спачатку нічога радзіць не магла --
потым усё нарадзіла.

Ці ж ён не быў у табе ўжо героем, о маці,
ці ж ён не ў лоне зрабіў свой уладніцкі выбар?
Тысячы ў лоне спелі, каб выспець,як ён,
ды паглядзі: толькі ён адзін з тысячаў многіх
змог дасягнуць, і абраць, і рашыць, і стаць.
Рушыў калоны таму, што ён вырвацца здолеў
з цеснага змроку цела твайго да свету,
дзе выбраць мог і йсці па шляху станаўлення.
Маці герояў, крыніцы патокаў, кіпучых патокаў!
Вы -- гэта бездані тыя, куды з кручаў сэрца,
войкнуўшы, кідаліся маладыя дзяўчаты,
будучых вашых сыноў і ўнукаў -- ахвяры.

Бо калі прарываўся герой праз завалы кахання,
кожным ударам імпэтнага сэрца гнаны,
ён, адвярнуўшыся, ўжо над абрывам усмешкі, --
быў зусім іншы.


Сёмая элегія

Гэта не покліч, не позва, а голас-назад --
сутнасць у крыку тваім, хоць крычаў ты, нібы
птах напрадвесні, забыўшы, што ён --
толькі гаротная кволая птушка, і тлькі,
а не суцэльнае сэрца, якое цела
ў неба душэўнае ўзносіць. І ты, нібы птах,
клікаў бы, можа, каханую так, каб здалёку,
нават не ўбачыўшы мілага, голас пазнала,
так, каб прачнулася раптам у сэрцы ў яе
позва к табе, абагрэтая клічам пачутым, --
так каб на кліч тваёй страсцю ўзгарэлася самка.

І зразумела б вясна -- што няма тут месца,
дзе не гучала б прадвесце любві. А спачатку
слабы твой кліч, запрашальны, ў адказ на які
цішай гнятлівай, сцвярджальнай прамоўчвае дзень.
Потым угору прыступкамі гэтага клічу
ў будучыню, у прывідны храм! А там песні,
пырскі фантанаў; а там іх чакае
у гульні-абяцанцы падзення шматрадасны гімн,
пырснуты промень-струмень. А тады -- прыйдзе лета.

Нават не раніцы летнія, нават не золкі,
што праясняюцца, каб абярнуцца днямі.
Нават на летнія дні, што распешчваюць кветкі
і дрэвам уладу, магутную веліч даюць.
Нават не любасць да сіл, што раскрыліся летам,
і не шляхі, і не толькі лугі на змярканні,
нават не светлы павеў пасля буры вячэрняй,
нават не сну набліжэнне, не толькі цьмяныя мары...
Перш за ўсё ночы! Глыбокія летнія ночы.
Перш за ўсё зоркі! Высокія зоркі зямныя.
О, каб у смерці дазнацца, што безліч іх -- лік,
лік гэтых зорак: ну як жа, ну як жа забыць іх!

Чуеш, я клічу каханую. Толькі прыйсці
хоча яна не адна... Са сваіх аслабелых магіл
з ёю прыйшлі б і дзяўчаты... А як абмяжую
кліч той прызыўны? Зямлю, як раней, тапельцы
клічуць, шукаюць... О дзеці, зямную рэч
узяўшы, ўзялі вы бясконцую безліч рэчаў.
Лічыце, пэўна, што лёс -- згустак дзяцінства?
Часта вы абганялі каханых, калі
беглі кудысьці шчасліва ў прастору -- куды?

Жыць на зямлі -- гэта велічна! Зналі, дзяўчаты,
вы гэта добра заўсёды, зналі і тыя,
што апускаліся ў крыўдзе балючай на дно
ў гулкія вуліцы горада, у гнаявішчы --
кожная з вас мела шчасця гадзіну, нахай
і не гадзіну -- а толькі прамежак у часе,
тыя імгненні, калі цалкам валодаеш светам.
Жылы пульсуюць жыццём. О жыццё!
Як лёгка мы забываем усё, што суседзі
ўсмешкай зайздроснай не ўхваляць ніколі. Нам трэба
яўнае і паўнаважкае; яўнае шчасце
дадзена зведаць ва ўнутраным ператварэнні.

Свет -- толькі ў нас, у каханні стваральным нашым.
Ператварэнне -- вось наша няспыннасць жыцця.
Там, дзе калісьці ўзвышаўся рэальны дом,
бачыцца сёння прыдуманы вобраз, які
нібы ў мозгу застыў без перамен аніякіх.
Сховішчы моцы будуе сабе дух часу
бясформнаю сілай, якую ён чэрпае скрозь.
Ён жа не знае святынь. Мы, спажываючы сэрца,
нешта ашчадна збіраем. І кожная рэч,
намі здабытая просьбамі, мольбамі, прагне
цалкам з Нябачным самкнуцца. А большасць падзей
гэтага бачыць не могуць, не могуць яны
гонкі з калонамі храм збудаваць у сабе.

Колькі бяздольных такіх у выкрутах свету!
Будучня і мінулае ім не належаць.
Нават наступнае цяжка здабыць чалавеку.
Хай гэта нас
не бянтэжыць, хай моц набірае
вобраз спазнаны. Стаяў ён не раз паміж намі
ў цэнтры знішчальнага лёсу, у гушчы людской,
у абыякавасці і гарнуў да сябе
зоркі з бяспечнага неба. Анёле, табе
тут гэта я пакажу. У паглядзе тваім
хай ратаванаю стройнасцю ён узнясецца.
Сцены, калоны, упоры, аркады і сфінкс
у заняпалым паселішчы -- велічны храм.

Хіба ж не цуд? Ш яго -- мы зрабілі, анёле.
Вызнай, вялікі, што тздольныя мы на такое --
і на хвалу мне дыхання не хопіць. Не марна,
значыць, імкнёмся ў прасторы, у нашы прасторы.
(Веліч якая ў іх ёсць! Бо за тысячы год
іх перапоўніць пачуццямі мы не маглі.)
Вежа высокая, праўда, анёле? І нават
у параўнанні з табою высокай была,
Шартр быў таксама вялікі.
Музыка ж толькі -- вышэй за яго і за нас.
А каханая... ноччу, адна перад цёмным акном...
кволая ў бездапаможнасці горкай.
Не думай,
быццам, анёле, я клічу цябе! Ты ж не прыйдзеш.
Заклік гучыць мой, як -- прэч! але супраць патоку,
не, ты не пойдзеш. Мой заклік падобны руцэ,
ўрачыста паднятай. Далонь, якая
гатова схапіць, о Недасягальнны,
будзе заўсёды адкрыта табе,
як асцярога, як абарона. Вось яна...


Восьмая элегія

Прысвячаецца Рудальфу Каснеру

Адкрытымі вачамі цэлы свет
стварэнне бачыць. Вочы ў нас,
наадварот, на ўсе бакі
расстаўлены, нібыта пасткі
навокал выхадаў на волю.
Што звонку ёсць, мы пазнаём
з аблічча ўсіх жывёл; змалку мы яшчэ
дзяцей няволім, навучыўшы іх
усе прадметы бачыць дагары,
а не адкрыты свет, які ў звяроў
на іх абліччах гэтакі глыбокі.
Не мае смерці свет.
Бо толькі мы
смерць бачым; а свабодны звер
сваю пагібель мае за сабою,
наперадзе ж ён бачыць бога. Хай
ідзе у вечнасць тое, што ідзе,
як рэкі, як крыніцы, як патокі.

У нас няма нідзе такога дня,
каб адкрываў нам чыстую прастору,
дзе кветкі скрозь і скрозь раслі б.
Заўсёды свет такі: у ім нідзе нічога
няма -- каб без нічога; чысціні
нябачнай, поўнай подыху, каб знала
усё бясконца; знаючы ж усё, каб не жадала.
Так дзіця
у гульнях забыввае ўсё, пакуль
сабой не зробіцца, калі памрэ.
Хто блізкі смерці -- той яе не бачыць,
бо пазірае ўбок вачамі звера.
О закаханыя! Калі б яны
адно другому светлы далягляд
не засцілі, напэўна, што змаглі б
даўмецца, поўныя здзіўлення...
Ці памылкова, выпадкова, ім
прастор адчынены не ўсім адразу...
Але ніхто пераступіць мяжы
свае не можа; кожны з іх таму
сваім зноў светам робіцца памалу.
А мы, ўзіраючыся ў акт стварэння,
Мы толькі бачым гэты свет заўжды
бязмежнасці адбіткам, на які
смуга дыхання нашага асела.
Або здаецца нам, што звер, нямы,
спакойным позіркам сваім наскрозь
нас працінае. Вось які ён -- лёс:
стаіць насупраць, і нішто яго
не ўражвае; вось так і чалавек,
і толькі так, насупраць ён заўсёды.

Калі б ён нашую свядомасць меў,
той звер, што ўпэўнена ідзе на нас
ці ў іншы бок, -- ён нас бы павярнуў
на свой, звярыны, шлях. Аднак яго
быццё бясконца неабдымнае, і нам
не зразумець яго, не зразумець
яго тугой не стомлены пагляд.
І там, дзе будучыню бачым мы,
Усё ён бачыць, а ва Ўсім --
сябе суцэльнага заўсёды.

О шчасце тых малых істот,
што застаюцца ў мацярынскім лоне;
о шчасце мухі, той, што ў шлюбны час
ляціць сама ў сябе: ёй лона -- Ўсё.
Упэўненасць няпоўную згадай
у птушкі, што дваістасць знае
свайго паходжання, нібы яна --
душа этруска мёртвага, які
ў прастор прыняты, дзе ягоны дах --
спакойныя фігуры. О, як той
бянтэжыцца, хто робіць свой палёт,
прарваўшы лона! О, як страшна ён
сябе баіцца, рэжучы паветра!
Яго палёт, як трэшчына на вазе.
Так кажана нябачны воку след
фарфор вячэрні неба працінае.

І мы: заўсёды, ўсюды -- гледачы,
ўсё бачым, выйсця ж нам нідзе няма!
Мы поўныя праз край! Мы робім лад.
Лад бурыцца! Мы ладзім зноў яго
і распадаемся паволі самі.

Хто павярнуў нас так, што мы
заўжды супроць таго, хто выйсце мае?
А ён выходзіць на апошні свой курганн,
адкуль відзён былы абсяг жыцця,
ён спыніцца ў задуме, азірнецца...
Мы ўсе жывём у вечным развітанні.


Дзявятая элегія

Навошта, калі падаспела нарэшце пара
тэрмін жыццёвы адбыць, нібы лаўр, чыя зелень --
самая цёмная зелень, чый кожны лісточак
хвалісты па беражках (як усмешка ветру), --
навошта тады чалавечнасць? Навошта, ад долі
адрокшыся, прагнуць яе?
О, не дзеля шчасця --
загадзя пасмакаваць сваю блізкую страту --
і не з цікаўнасці да выпрабоўвання сэрца --
здолеў бы гэта і лаўр. . . . . . . . . . . . . .

Не, а таму, што Зямное важней, і ў нас
мае патрэбу Зямное -- няхай крыху хісткае.
Нам, самым хісткім, яно сма раз. Адзін раз.
Толькі ўсяго адзін раз. Раз і не болей.
Раз гэты, толькі адзін,
Раз быць зямным існаваннем --
гэта, здаецца, і ёсць непаўторнасць, канечнасць.

Гэтага прагнем усе! Толькі б дабіцца!
Толькі б здабтак у простых руках утрымаць,
у перапоўненым позірку, ў сэрцы маўклівым!
Хочам Зямнымі быць.
Каму перадаць гэта потым?
Лепш захаваць назаўсёды сабе... На той свет
што з сабой возьмеш? Не возьмеш Убачанасць,
добра спазнаную тут, і мінулых падзей.
Значыць, адны толькі болі, спазнаныя лепш,
і даўгачсны свой вопыт кахання. І ўсё...
Толькі ўсяго, невымоўнае толькі.
Што з гэтым зробіш
там, сярод зорак? А зоркі найбольш невымоўныя.
З гор у даліну вандроўнік не будзе прыносіць
жменю зямлі невымоўнай, а чыстае слова,
цяжка здабытае там, і гарычкі сцябліну
з жоўта-сіняю кветкай. Мы, пэўна, жывём
тут, каб сказаць чыста: “дрэва, дом, студня, акно”.
Самае большае: “вежа, калона”. Казаць.
О, так казаць, каб падказваць сутнасць, схаваную
ў рэчах самім гэтым рэчам. Хітруе зямля
моўчкі, калі падбівае ўсіх закаханых
жарам жарсцяў сваіх іншых паліць?
Вось парог -- абаім закаханым
пераступіць іх уласны парог,
тымі стаптаны, якія ішлі,
і тымі, што прыйдуць...
як гэта лёгка.

Тут цяпер час для Вымоўнага, тут яго дом.
Выкажся і прызнай. Тут ты хутчэй, чым дзе-небудзь
тыя адкрышацца рэчы, што перажыты,
іх безаблічная дзейнасць тут выштурхне, зменіць.
Лопне яе абалона, і вырасце дзея
проста з сярэдзіны і абмяжуе сябе.
Сэрца між молатаў наша
ляжыць, як язык
за зубамі, але і тады
славіць нястомна.

Свет услаўляй перад анёлам, не свет невымоўны,
не фанабэрся сваім пачуццём велізарным.
Бо ў тым сусвеце, дзе адчуваюць пачуцці,
ты -- немаўля. Лепш раскажы там анёлу
простае нешта, што з роду ў род перадаецца,
наша спрадвеку -- даткніся рукою да зор.
Выкажы рэчы яму.
І ён здзіўлена стане,
як ты стаяў у майстэрні рымара ў Рыме
альбо ў ганчарні на Ніле, Паказвай яму
рэчаў нявіннасць, іх шчасце, іх крэўную нашасць,
і пакажы, як пакута прымае аблічча яе,
служыць за рэч і канчаецца ў рэчы, каб потым
ужо на тым свеце ад скрыпкі шчасліва ўцячы.
Рэчы, што ў смерці жывуць, зразумеюць хвалю,
бо яны, прахлыя, просяць ратунку ў нас прахлых,
думаюць, пэўна, што мусім у сэрцы нябачным
ператвараць іх у нас -- бясконца ў тых нас,
якімі мы ўрэшце станем.
Хіба сапраўды ты хочаш, зямля, адрадзіцца
нябачнай у нас? Ці не гэта -- нябачнасць! Зямля!
Ператварэнне -- найбольшая мара твая!
Зямля, я люблю цябе, Вер мне, няшмат мне атрэбна
вёснаў, каб я пакарыўся табе. Мне даволі
нават адной --і яе ўжо ў крыві дастаткова!
Безіменны ляцеў я к табе з далёкае далі.
Вечна ты слушная, і прасвятленне тваё --
давяральная смерць.

Бачыш, жывы я. Чаму? Ні дзяцінства,
ні будучыня не паміраюць у сэрцы маім...
Звышжывое жыццё
з сэрца крынічыць майго.


Дзясятая элегія

Хай бы хоць раз на зыходзе жорсткага знання
славу запеў я і радасць анёлам зычлівым.
Каб аніводзін з грозных молатаў сэрца
марна не біў, каб трапляў па мякка-сумніўных
струнах парванай душы.
Каб успыхнуў нятленна
твар мой абмыты; каб чыста-празрыстыя слёзы
твар арасілі. О, як бы тады я любіў
ночы засмучаныя! Тады перад вамі,
сёстры няўцешныя, больш бы не кленчыў і ў косах
выашых распушчаных не абудзіўся б ніколі.
Мы -- адмаўленцы боляў. Мы іх прадбачым
у смутным чаканні -- закончацца мусяць яны.
Болі -- азімае лісце, цёмны барвенак,
адна з пораў таемнага года -- не толькі
пара, а і месца, паселішча, грунт і жытло.
Ах, якія чужыя завулкі Горада Мукі,
дзе ў цішыні фальшывай, складзенай з гукаў,
вылітай з формаў пустэчы,
высіцца трэснуты помнік -- шум пазалочаны.
О, як стаптаў бы анёл іхні Рынак Уцех
каля сабора, куплены цалкам:
чысты, замкнуты, пусты, як нядзельная пошта.
А навокал яго вечна віруе кірмаш.
Арэлі свабоды! Штукарства заўзятасці звыклай!
І долі ўпрыгожанай лялечны цір,
дзе бляха дрыжыць і грукоча, калі
шчасціць стралку. І Рынак ад воплескаў,
ад захаплення віруе; батлейкі, вярцепы
вабяць, равуць, барабаняць. Дарослым цікава
бачыць, як множацца, анатамічна амаль,
грошы; не толькі цікавасць: бачць прыроду
грошай яны, і працэс, і вынік, і ўсё да канца --
гэта і вучыць, і робіць плоднымі іх...
... Рынак пакінем,
бо за парканам адразу, дзе шыльда
“Ад смерці паможа”, --
горкае піва, якое здаецца салодкім
тым філосафам-спажыўцом, што жыццём
і яго спасцігненнем закусваюць горыч...
А за парканам, адразу, ўжо дзейнасць пануе:
дзеці гуляюць, і наасобку -- каханкі,
там жа, наўзбоч, на ссохлай траве
цешацца воляй, прыроднай раскошай сабакі.
Хлопцу цікава далей -- і заецца, што Скруху
ён пакахаў маладую... За ёю на луг
ён пераходзіць... І кажа яна:
“Пойдзем далей. Бо далей мы жывём...”
А дзе?
І закаханы юнак ідзе следам. Постаць яе
вабіць яго -- яе плечы і шыя... -- Відаць,
з добрага роду яна.
Але хлопец пазней
кіне яе, адвярнуўшыся пойдзе назад,
развітальна махне ёй рукой... Што рабіць? --
Гэта ж -- Скруха...

Толькі і юныя душы на першай пары
пазачаснай адвыкласці і раўнадушнасці
пойдуць за ёю з любоўю. Дзяўчат
пачакае яна, пасябруецца з імі. Пакажа
потайкам цела сваё. Пацеркі мукі,
вэлюм цярпення. -- А з хлопцамі моўчкі далей
пойдзе яна.

Там жа, ў даліне, дзе Скрухі жывуць,
Скруха старая за руку хлапца
возбме і скажа яму: “Мы калісьці былі,
Скрухі, з вялікага роду, -- так скажа яна. --
Нашы бацькі працавалі ў капальнях глыбокіх
гор высачэзных; яшчэ можна сёння знайсці
адшліфаваны кавалак Пра-мукі ў людзей
ці скамянелы асколачак гневу з вулкана.
Бо -- ён з вулкана. Багата жылі мы тады”.

І павядзе яго лёгка далей, па Краіне Скрухі,
хлопцу пакажа калоны сабораў, руіны
замкаў былых, дзе калісьці магнаты Краіны
мудра вялі гаспадарку. Пакажа яму
высачэзныя Дрэвы Слёз і Палеткі
пышна расцвілай Журбы (ўсе жывыя
бачаць там толькі лісточкі пяшчоты),
статкі Жалобы на пашах пакажа хлапцу --
часам пырхне спалохана птушка і разарве
погляд іх лётам імклівым, працягне ў паветры,
як адчувальную ніць, асамотнены крык.
Вечарам Скруха яго павядзе да магіл
продкаў са Скрушнага роду, сваіх вешчуноў.
Зблізіцца ноч, і пакрочаць паволі; ўгару
месяц узыдзе, абсягаў усіх вартавы,
помнік нядрэмны, крэўны абліччам сваім
нільскаму сфінксу,
ахоўніку вечнае тайны.
Помнік здзіўляе іх царскі, помнік, што твар
моўчкі паклаў навекі на шалі
зорнай вагі.

Гэтага ўбачыць не здолее той,
хто заўчасна памёр. Толькі погляд яе
выганіць соваў з падвойнай кароны. Яны
мяккім, лагодным павевам крануцца іх шчок,
тых акругласцяў спелых,
і ўмалююць пяшчотна ў новы
слых памерлых, на ліст
двойчы разгорнуты,
свой неакрэслены, смутны абрыс.

Зоркі -- вышэй. Новыя. Зоркі Коаіны Пакут.
Скруха паволі іх называе: “Вунь там,
бачыш: Коннік, там -- Посах, а поўнае тое сузор’е --
Нізка Пладоў. А далей -- Калыска,
Шлях і Кніга Агню, Лялька, Акно.
А на паўднёвым небе, чыста, нібы на далоні,
бласлаўляе накрэслены зоркамі знак,
што азначае -- Маці”...

Толькі памерлы павінен адгэтуль ісці, --
Скруха старая вядзе
берагам бездані,
дзе пад промнямі поўні
радасці ззяе крыніца. Пачціва
Скруха яе называе: “Струмень
гэты сплаўляе людзей...”
Моўчкі стаяць ля падножжа гары.
З плачам яна абдымае яго.

Ён на Пра-мукі гару адзінока ўзыходзіць.
Крокаў яго не чуваць у бязгучнасці лёсу.

*

Толькі ж памерлыя ў нас абудзілі
вобраз няясны, падобны на знанае нешта;
глянь, -- можа, гэта і ёсць каташкі,
што абвісаюць з пустое ляшчыны, альбо
ліўні нагадваюць, што напрадвесні
цёмную пояць раллю...

Мы, хто ўзнёсласці ў долі
прагне, мы адчуваем трымценне,
якое, калі ападае Шчасце, --
нас узрушае.