Кніга гадзін

Рыльке Райнэр Марыя


Трэцяя кніга

***
Магчыма, я ў глухіх мурах блукаю,
у цвёрдых, як з суцэльных рудных жыл;
з глыбіняў іх ня бачу небакраю,
ні далечы; ўсё блізка я ўспрымаю,
а найбліжэй -- каменьне й пыл.

Я ня ўсёведны, роспачы ня знаю,
хоць я і ў мораку -- малы, бяз крыл;
але тут Ты: зьявіся мне, благаю:
ў тваіх руках я нагартую сіл,
бо твой я, твой, -- з усім, што меў і маю.


***
Ты ёсьць, бо горы стаць павінны,--
схіл бяз жытла няведамай вяршыні,
ты вечны сьнег, дзе млеюць зоркі ў стыні,
ты носьбіт цыкламенавай даліны,
зь якой зямля духмяніцца ў сусьвет;
ты вусны гор, ты стромкі мінарэт
(зь яго яшчэ ня звалі муэдзіны).

Ці я ў табе? А ці яшчэ ў базальтах
людзьмі пакуль ня знойдзены метал?
Пыхліва кволюся ў адвечных спратах,
і адчуваю ўсюды шчыльнасьць скал.

Ці можа, гэта той нікчэмны страх,
вялікіх гарадоў нязбытны пострах,
якім прасьмерд наскозь я і прапах?

О, каб сказаў табе цяпер хто-небудзь
пра ўсю бязглуздасьць сутнасьці людской,
ты ўзбурыўся б, паўстаў на нелюдзь,
адкінуў бы, як гільзу, голас той.

Цяпер змушаеш гаварыць, Гасподзь;
дык вуснам я не гаспадар,-- імкнуцца
яны, як рана, нам жывым самкнуцца;
і рукi ўзбоч, нібы сабакі, мнуцца,
глухія да прынукаў.


Прыахвоць, і не змушай у час ліхі сагнуцца.


***
Дай вартаваць твае прасторы,
дай слухаць камень, адкрый зрок,
на неабсягі твае ў моры,
каб іх самотнасьцю прамок;
дазволь і рэкі-непакоры
суправаджаць мне крыкам спорым
забапал дня у самы змрок.

Пашлі мяне ў твае краі пустыя,
дзе дзьмуць далёкія вятры,
дзе, быццам шаты нежывыя,
вакол жыцьця манастыры.
Там быць хацеў бы пілігрымам
і не адслонены дзьвярыма
ад іх абрысаў, галасоў,
ісьці дарогай за старымі
і аднавіць яе назоў.


***
Гасподзь мой, спруты-гарады
ў распусьце згубнай зжывацелі,
смыляць каростаю на целе,
і ані ўцехі, ні надзеі; --
мінаюць дні, бягуць гады.

Жывуць там людзі цяжка, спакваля,
у норах камяніц усё ім збрыдла,--
там плодзяцца і пасьвяцца, як быдла,
і нават ведаць стала ім нязвыкла,
што ўсьцяж бадзёра дыхае зямля.

Растуць на падваконьні квола дзеткі
у нетрах цьмы, бяз пробліску сьвятла,
хоць клічуць іх на волю вецер, кветкі,
прасторы дзён і шчасьце; а дзятва
марнее ў нэндзы прахлага жытла.

Гібеюць там дзяўчаты занядбана,
з маленства шчасьця прагнучы дарма,
замкнёныя ў сабе, змаўкаюць рана,
бо шчасьця летуценнага няма.
І працякаюць там у сутарэньнях
няспраўджанага мацярынства дні
і ночы доўгія ў пустых маленьнях,
гады непамыслотнай калатні.
І ў цемры ложкі іх чакаюць,
і ўсё бліжэй, бліжэй апошні крок,
і доўга так, бы ў ланцугах, канаюць
і адыходзяць, як жабрачкі, ў змрок.


***
Жывуць там бледныя людскія масы,
зьдзіўляючыся, як пражыць змагчы,
ня бачачы разьзяўленай грымасы,
якою стала ўсьмешка чыстай расы
у беспрасьветнасьці начы.

Зьняслаўленыя спробамі служыць
бяссэнсным рэчам без натхненьня ў сэрцы
бадзяюцца, рызьзё на іх трасецца,
і рукі сохнуць, бледны твар дрыжыць.

Бязьлітасна іх цісьне, топча ўсякі,
ні жальбы, ні спагаднасьці слабым,--
і толькі што бяздомныя сабакі
за імі валакуцца, як рабы.

І, звыкшыся з пакутай пакрыёму,
гадзіньнікаў баяцца і званіц,
калі, чакаючы сваёй чаргі прыёму,
таўкуцца каля гарадскіх бальніц.

Там сьмерць. Але ня тая, што вядома
зь дзяцінства ласкамі старэчых рук,
а сьмерць уласная у лапах мук,
чарвівы, кіслы плод -- жыцьця аскома,
невысьпеленасьць, голы сук...


***
Мой Бог, да кожнага прыходзь і сцьвердзі
яго ў жыцьці, у тым жыцьці, дзе ёсьць
Любоў. І Сэнс. І Боль. І слодыч Сьмерці.


***
Мы толкі лісьце і луска, нам досыць;
а сьмерць, якую кожны ў плоці носіць,
ёсьць Плод, вакол якога кружыць злосьць.

І ўжо адно зь яе вялікай ласкі,
як дрэва зь лютні, ў сьвет дзяўчаты йдуць,
а хлопцы праз яе ў мужчын растуць;
жанчыны робяцца даверніцамі з казкі,
калі былога болей не вярнуць.
Усё, на што зірнула, здабывае
бяссьмерце ў вечнасьці, хоць і сплыло,
і кожны, хто тварыў, паходняй зьзяе
і плодам робіцца, і стыне, й тае,
сабою асьвятляе мрнасьць, тло.
Ў яе сплываецца цяпло знаўкола,--
пал сэрцаў, мозгу, пачуцьця паток.
У вырай птушкамі лятуць яе анёлы,
прыдумаўшы пладам жыцьцёвы сок...


***
Мы, Госпадзе, бяднейшыя за зьвера; --
асьлеплыя сваёю сьмерцю мруць,
а мы не мром, а мы жывыя суць.
Пашлі нам тых, што веданьне нясуць,
як закруціць жыцьцё сваё ў шпалеры,
дзеля якіх раней лугі цьвітуць.
Бо гэта страшнай робіць сьмерць; канец
такі ня нам; зрывае з нас вянец
за тое, што дасьпелі да пазнаньня;
таму і нішчыць бура нас дазваньня.

Мы родзім сьмерці сакавіты плод,
але старэем сама ў дні ўраджаю
і як жанкі, якіх Гасподзь карае,--
бясплодныя стаім, бязродны род.

Альбо ж няслушны я ў сваёй гардзелі:
ці ж дрэвы лепшыя? мы толькі плод
і парастак жанчын з жыцьцём у целе? --
Мы вечнасьць прамянялі на бардэлі,
і на радзільным ложку нашым сьцелем
той мёртвы скідзень мёртвасьці падспод,
той жалю варты, гідкі эмбрыён,
якi -- як быццам страхам высмактаны ён:
пад кулачкамі каліўцы вачэй на
ўжо сфармаваным лобіку, нібыта
там страх закладзены не перажыты,--
хаваецца ад сьвету, як дзяўчына
на ложы кесаравага сячэньня.


***
Зрабі каго цудоўным, а каго
вялікім; цноту сораму яго
прыгожай вежаю узвысь, Гасподзь,
у русым лесе валасоў хлапечых,
і дай любові фаласу, каб вечніў
ты нас у войску белым, чалавечым,
дзе семя наша згуртавала плоць.

Дай ноч, каб людзі у душы і ў целе
маглі пранікнуць у патайны спрат,
дай ноч: каб рэчы ўсе паўсюль квітнелі,
і каб духмяна самі, як жалейкі пелі,
каб калыхалі, як вятроў павевы,
як перамогай шчасны Ёсафат.

Дай часу ношу несьці, падары
навыраст росту з ростам тленнай рызы,
самотай зор самотнасьць азары
і каб вачам на подзіў час тварыў
на твары зьменлівасьці кожнай рысы.
Дай моцы чыстай ежай і расою,
жыцьцём жывых расьлін, не бітай плоцьцю,
мацуй, як багавейнай мілатою,
што -- як дыханьне цепліцца і ўпоцьмах.

Зрабі, каб ён неспасьцігальна зноў
дзяцінства слодыч і цудоты зьведаў
і каб наіў пачаткаў і асноў
стаў грунтам неразгаданых легендаў.

Хай дачакаецца сваёй гадзіны,
бо ён народзіць сьмерць; Судзьдзю ўчыні:
які, нібы вялікі сад, адзін і
сабраны ўвесь з адной далечыні.


***
Азнакай акажы сваю нам славу,
явіся у кароне сваіх сіл,
і мацярынства існага праяву
дай нам сур’ёзна, нам усім.

Уяўні ў ісьціне, мажны гаранце,
не багародзіцын цудоўны сон,--
скіруй на важніка: на творцу сьмерці,
вядзі праз рукі супраціўцаў праўдзе,
што перасьледуюць яго спакон.
О, бачу я праціўнікаў так ясна,
яны мацнейшыя за лжывы час,--
паўстане ён на землях блазнаў
і фантазёрам назавецца шчасным,
чуваюць бо яны між п’яных нас.

Мацуй, спашлі яму любоў і ласку,
апору дай яго нагам, велічыню,
а я, месііну надзеўшы маску,
танцорам буду ў балаганным бляску
і хрост прарокам новым учыню.


***
Яму хвала. З сурмою перад войскам
пайду хвалу крычаць. Як кроў, яна
шумецьме па-за край марскіх усьплёскаў,
салодкім слова будзе, вабным мозгу,
але не затлумляцьме без віна.

І красавіцкімі начамі, ўвесну,
калі нямногіх надзіць мой начлег,
у гуках струн сваіх я уваскрэсну,
я закрасую ў іх, запозьненую песьню
сьпяю, як на лісьцінках позьні сьнег.

Бо голас мой абапал рос, аплотам
і пахам, крыкам стаў; усіх наўкол
хачу далёкім высьвеціць яснотам,
і іншымі павінны быць маім самотам
і твар, і сьвятасьць, і анёл.


***
Зрабі: хай будуць галасы са мною,
рассып мяне у гарады і ў страх.
Я зь імі гнеў вячысты супакою
табе з майго гучаньня ложа ўстрою
на месцы, дзе табе вальготна ў снах.


***
У гарадах вялікіх фальш; ашука
дзяцей, жывёл, гадоў, начэй і дзён;
ілгуць яны маўчаньнем, маняць шумам
і ўсім, у чым здаровы сэнс відзён.

Нічога ад шырокіх спраўных дзеяў,
што рухаюць жыцьцё вакол цябе,
у іх няма. Ты ветрыкам павеяў
на вуліцы, дзе шмат сваіх надзеяў,
і шум бязладны ў тлумішчы радзее,
і раздражнёнасьцю душу шкрабе.

І шырыцца на ложкі і алеі...


***
Сады бо насаджалі каралі
і цешліся ў іх, а там кабеткі
у бавы іхнія ўпляталі кветкі,
лагодзячы іх сэрца шмат калі,

і ў парках стомленых трымалі лад;
шапталіся, як ветрыкі у бушах,
і зьзялі ў футрах дарагіх і ў плюшах,
і пеньюары іх ў шаўковых рушах,
як ручайкі, цурчалі цераз сад.

Цяпер сады за імі упрыгляд
ідуць і строяцца пад іншы лад
ужо чужых вясновых сьветлых гамаў,
пажарных восеняў з красой чужою,
палаюць вецьцем, чагамі і ржою --
нібыта з тысяч розных манаграмаў
там выкаваў рашотку ім каваль.

А праз гальлё сьвіціцца бель палаца,
(як неба выцьвіласьць, -- увесь завялы),
карцінны хлам перапаўняе залы,
бязрадасныя пыльныя завалы,
каму заўгодна прагныя аддацца,
як ваўкаваты госьць, як ціхі жаль...


***
Я ўгледзеў: зноў красуюцца палаты,
як безгалосых птушак чарада,
што пер’ем вычвараецца стракатым.
Багатых -- процьма, і мацнее іх арда,
ды ўжо цяпер багаты -- не багаты.

Яны ня водзяць за сабой плямёны
качэўнікаў наўсьцяж раўнін зялёных,
як тыя, што калісьці да кашары
плылі з авечкамі, як небам хмры,
кашарай ноч была; тады над станам
у цемры покліч пастушыны глух,
і над прыціхлым, сонным караванам
як быццам нараджаўся новы дух, --
і цьміліся ад вечара да рана
гарбы вярблюдаў, нібы гор ланцуг.

Яшчэ дзён дзесяць па-над месцам тым
стаяў дух быдла і кастрышчаў дым
застыла цёплы, цягкі ветру пах.
Бы на вяселлі ў доме ў жаніха,
ўсю ноч віно цуркоча, -- у дайніцы
так цуркаталі малаком асьліцы.

Яны -- ня шэйх той качавое сьмердзі,
што на лямцовых посьцілках начуе:
у трантах сам, а на кабыле збруя
уся ў рубінах, срэбры, уся ў медзі.

Яны -- ня князь, што дарагі метал
пагардзіў; ён ня пахне, бач, ён -- гразь;
бо найвышэй цаніў на сьвеце князь
ня бляск, а пах: міндаль, мускат, сандал.

Яны -- ня ўсходні белы цар-шахрай,
тыран, усімі хвалены бязь меры,
які, расхрыстана благае, ў веры
цалуючы царкоўных рызаў край,
наперад добра знаючы, што дзьверы
яму навек зачыненыя ў рай.

Не суднаўласьнікі яны, якія
палотны бралі ў мастакоў крутых,
каб вобразы жыцьцёвых мар і тыя
зацьміліся перад раскошай іх,
яны загортвалі, нібы ў лісты,
сталіцы ў полы строяў залатых,
трымцелі толькі скроні іх сівыя...

Вось то багатыры! Зь вялікай хоці
жыцьцё сабой зьвялі -- да мітусьні.
Але мінаюцца багацьця дні,
і мы ня просім нам вярнуць даброці,
але хоць беднасьць беднаму вярні.


***
Бо ён бязвольны, сьвет яго ня кліча,
бо не-багач ён толькі, не-бядняк.
Усе яны бязь лісьця, без аблічча,
накрэсьлены на кожным страху знак.

Бруд гарадоў на іх наліп усякі,
на іх ахлам’я, гразі камякі,
няслава ў іх, як чумныя баракі,
іх выкінулі прэч, як чарапкі,
як падлу, як шкілеты, сьмецьце, шлакі,
як календар залеташні які,
чый час у вечнасьць незваротна сьцёк;
і ўсё ж калі б зямлі на тое сіла,--
яна надзела б іх, як ружавы вянок,
і на сабе за талісман насіла.

І ўсё ж яны чысьцейшыя за камень,
як зьвер сьляпы яны, як новы госьць,
наіўныя, Твае душой, рукамі,
і хочуць Аднаго яны вякі-вякамі:

на беднасьць права мець, якое ёсьць.



***
А беднасьць ёсьць вялікі сьветач з глыбіні...


***
Галетнік беспрытульны ты і ўбогі,
як камень без гнязда, бязь месца ты,
як пракажоны йдзеш наўзбоч дарогі,
мінаючы з трашчоткай гарады.

Ты -- нібы золкі продзімень з паўночы,
скалелы выпладзень нягод людскіх,
каму агораны рызман сірочы --
замена мантый самых драгіх.

Ты -- плод слабенькі ў лоне, трапяткі.
Ён ледзьве дыхае, калі ў прычыне
ад страху сьцёгны сьціснуцца дзяўчыне,
каб першыя суняць жыцьця штуршкі.

Ты бедны, як вясновы дождж рахманы,
што мірна лье на дахі гарадоў,
як мара вязьня пра сусьвет жаданы
у беспрасьветным цемрыве муроў.
Як хворы той, што шчасьцем апантаны,
калі яго павернуць; як расьліны,
што сумна квецяцца ля каляіны;
ты бедны, быццам у сьлязах далонь...

Сабка валацужны і нясыты,
ці птах, што стыне без дупла ў мароз,
ці зьвер, у сетках, пастках недабіты,
лаўцом нядбалым кінуты, забыты,--
зь іх доляй ці зраўняецца твой лёс?

Бадзяг з начлежак лёс які ўжо чорны,
а твой чарнейшы, ён -- бы змрок труны:
хай ня млыны яны, хай толькі жорны,
а хлеб надзённы зьмелюць і яны.

Юдольнік беспрытульны, беспрытомны,
жабрак бяз твару, цень жывы і тло,
як ружа беднасьці, убога-скромны,
бляск залатой асьлепленай мамоны,
у сонца ператвораны, ў цяпло.

Бяз роднага жытла, юрод бяздомны,
ты ў сьвеце ўтульнасьці -- дзікун,
крычыш у буру; ты -- як арфа тая:
ледзь толькі хто на ёй зайграе --
рассыплецца ад дотыку да струн.


***
О ты ўсёведны, на чые скрыжалі
накрэсьліла галеча прахлы знак,
зрабі ж, каб беднасьцю не пагарджалі,
каб не шпынялі ўбогіх, як сабак,--
ураўнаваж усім іх лёсу шалі:
галеча вырастае зь цемнаты,
як мята з кораня, што пахне ў жалі
праз далікатныя свае лісты.


***
Глядзі і ўбач, на што яны падобны:
ад сілы ветру іх залежыць рух,
іх сон глухі, у ім агонь патух.
А позірк іх вачэй узьнёсла-годны:
так наляціць зьнянацку дожджык дробны --
і ўжо зацьміўся летні луг.


***
Яны спакойныя; амаль як рэчы.
Пакліч у дом -- прыходзяць. акурат
як добрыя сябры, і, ўгнуўшы плечы,
сядзяць забытыя ў сваёй галечы
і цьмяцца, як бязьдзейны апарат.

Нібы вартуюць скарбніцу самотна,
а скарб той недаступны ім самім;
яны -- як човен у віры марскім,
як у бялільні чыстыя палотны,
разьвешана-паказаныя ўсім.


***
Глядзі, як па жыцьці іх ногі йдуць:
сто раз пятляючы, як зьвера ногі,
успамінаючы сто раз дарогі,
і сьнег, і вецер, вострыя парогі,
і росны луг... а ногі аж гудуць.

І з той вялікай мукі капаюць іх сьлёзы,
галечы і пакутніцтву праклён;
на іх маўклівыя прыпала лёсы
тваіх вачэй таптаць скупыя росы,
бальзам травы і крамяныя лёзы --
так пальцы топчуць струн празрысты звон.


***
І рукі іх дзявочай ласкай надзяць
і ласкай матак, што жыцьцё даюць,
турботай птушак, што дамоўку ладзяць, --
яны душу даверлівасьцю гладзяць,
крананьнем келіха, зь якога п’юць.


***
Ня дыхалі іх вусны, ня трымцелі,
не цалавалі; на скульптурным целе
астылае жыцьцё, што аджыло,
бярэ праменьне формаў і сьвятло
і мудрасьцю здаецца; паралелі
у гэтым толькі, камень мёртвы, тло...


***
І голас іх, пранізваючы даль,
разбуджаны на досьвітку сьвяцілам,
прарваўшы нетры часу жывасілам,
пагутарыўшы сонна з Даніілам,
даносіць з мора вечны голас хваль.


***
І сьпяць яны, аддаўшыся той волі,
што моўчкі іх бярэ, каб спажываць,
і змроку стынь, і золку сьвежы холад,
і целаў іх спакутаваных голад,
І падаюць дажджом яны паволі,
каб зь цемры -- юнай плоднасьці дастаць.

І ўжо няма ад іх імя нічога
на целе ў іх, гатовым прарастаць,
як семя зь семені, зь якога
ты здолеў зь вечнасьці калісь паўстаць.


***
І целам кожны зь іх -- нібы жаніх,
нібы ручай цячэ на ўлоньні лета,
жыве прыгожа ў харастве прадмета,
і стомлены, цудоўны рытм у іх.
У статнасьці іх -- слабасьць, як адмета
жночых мук, чакаючы якіх,
на ўлоньні сораму ён зноў прыціх --
жывы дракон з прытоеным імпэтам.


***
І будуць на зямлі пдадзіцца людзі,
і не сатрэ іх часу плынь у прах,
і ўсьцелюць злагадай зямныя грудзі,
як ягады духмянасьцю ў барах.

Яны шчасьлівыя; яны ў адчаі
ад ліўняў не схаваліся пад дах,
яны пажнуць яшчэ свае ўраджаі
і пакаштуюць сьпеласьці ў пладах.

Яны навек падоўжацца ў бяздоньні
за край багацьця марнага зямлі
і ўздымуцца высока, як далоні
ад працы адпачылыя, калі
усіх саслоўяў людзі зьнемаглі.


***
Узвысь іх з прорвы гарадской віны,
дзе лютасьць іх зьняверыла, гібеньне,
бо кожны дзень у сумятні адны
з цярпеньнем раненым гараць яны.

Няўжо ім месца на зямлі няма?
Каму вятры? Каму празрыстыя крыніцы?
Хіба і сажалка ўжо сьніць дарма,
каб даступіцца ў іх прытулак ніцы?
Ім так нямнога трэба: ўкараніцца,
а плоць, як дрэва, возьме ўсё сама.


***
Дом бедняка падобны на алтар,
дзе вечнасьць робіцца пітвом і ежай,
а нанач зноў вяртаецца ў бязьмежжа
шырокім колам водгульля і сьвежай
сугучнасьцю у свой зямны абшар.

Дом бедняка падобны на алтар.

Дом бедняка -- дзіцячая рука,
дарослага патрэбаў не ўмяшчае;
адно жука хіба кусачага сьціскае,
пясочак з ручая, які сьцякае,
ды ракавіну з морам, з крыкам чаек,
як вагі, меру роўнасьці рашае,
хістаньнем шаляў вартасьць пазначае,
нязьменная, як зьменная рака.

Дом бедняка -- дзіцячая рука.

Дом бедняка -- ёсьць як паўтор зямлі:
асколак крышталю, нязьменна-разнастайны,
як час, -- то цёмны ён, то сьветладайны,
гаротны, як цяпло гаротнай стайні, --
і ўсё ж: вячэрні час ёсьць час, калі,
ўсе зоркі разыходзяцца зь зямлі.


***
Свайго настырна прагнучы, зьнішчаюць
у поступе глумліва гарады.
Як голы хмыз, жывое ўсё ламаюць,
народы цэлыя зьвядуць на дым.

Хоць гараджан завуць людзьмі маралі,
ня маюць мераў і апор яны,
сьлімачы попаўз, пустазвон шкляны
прагрэсам, поступам паназывалі,
але не прапаўзьлі ні кроку далей
у тым прагрэсе, толькі распанелі,
бразгочуць цацкамі фальшывай навізны,
як тыя шлюхі на панелі.

Хлусьнёй здаецца іх жыцьцё на сьвеце,
і змогі ў іх няма сабою быць,
іх сіла -- грошы, як усходні вецер!
а ім, малым і сірым, толькі ныць
і верыць, што панаднае віно
ім верне тое, што сплыло даўно.


***
Пакутуюць ад іх твае выгнанцы,
усё, што бачаць, цяжка іх гняце,
палаюць, мерзнучы, бы ў ліхаманцы,
з кватэраў гнаныя на мокры шпацыр,
бадзяюцца, як трупы, ў цемнаце,
скарэлыя, ад хаты і да хаты,
шукаючы зацішнае нары;
на іх плююць машыны і дзяўчаты,
высьвечваюць іх нэндзу ліхтары.

Калі ёсьць рот абараніць іх спраты,
дык разьняволь яго, разгавары.


***
О, дзе ён, дзе ён, -- часу валдар,
які аж так узвысіўся з галечы,
калі, на рынку агаліўшы плечы,
бяз вопраткі стаяў, але -- сьвятар.
Чаканы і любімы, навагодак,
прыйшоў і жыў зь людзьмі хлапчук-сьвятло;
румяны брат тваіх зьвяркоў-салоўкаў, --
у ім і цуд, і водар асалодаў
і захапленьне ўсім зямным было.

Бо ён ня быў з тых прытамленцаў вечных,
бязрадасна-панылых у жыцьці;
ён з краскамі жывымі, як зь дзяцьмі,
хадзіў па лузе, гаварыў, ня енчыў,
пра місію сваю, людскі даверца,
пра мілату, якую ім нясе,
былі бясконцыя яго душа і сэрца,
і адчувалі гэта дзеткі ўсе.

Прыйшоў зь сьвятла, сьвятло ўзьвялічыў,
і ў келлі радасьці агонь ня гас.
Расла усьмешка на яго абліччы,
маленству сталасьці ён зычыў,
і высьпеліўся, як дзявочы час.

Сьпяваючы, нібы ва “ўчора” ўростваў,
нібы ў мінулае назад пранік;
і цішыня запанавала ў гнёздах,
і толькі сэрцы енчылі у сёстрах,
якіх расчульваў ён, нібы жаніх.

І абляцеў пылок ягоных песьняў
з пунсовых вуснаў і на самы спод
асыпаўся тым любасным і весьнім,
чароўна-сьціплым квецікам кудзесным
і апладніў іх сэрцы і даў плод.

І прынялі пакорна цноту мужа
у плоць сваю, што іх душой была.
І вочы іх самкнуліся, як ружа,
і ноч каханьня у вачах жыла.

І прынялі яго ўсе жывароды.
Да кожнага спусьціўся херувім
сказаць, што самкі іх прадоўжаць роды, --
і прынялі яго як дар жывой прыроды,
і даравана была плоднасьць ім.

Калі ж памёр ён без імя, ціхмяна, --
шчасьлівы лёс: ён выйшаў зь берагоў,
насеньне засьпявала безымянна
у ручаях і дрэвах, і з лугоў
душа глядзела кветкамі духмяна.
Ляжаў ён і сьпяваў. І сёстры з рана
прыйшлі аплакаць любага свайго.

***
О, дзе ж ты, Ясны наш? Чаму ніколі
не распасьцёр сваёй магутнай волі
па-над надзеямі сьвятла, дабра?

Чаму не апраменіў нам юдолі,
о ты, Вячэрняя Зара?

1903