Вуліца Ціхая шэсць

Раман

Марон Моніка


Частка трэцяя

***

Я больш не хацела працаваць на Берэнбаўма, хоць, калi ўсё як след прыкiнула, магла б быць вiнаватая не больш за машынку, на якой друкавала. Хто закiне вiну той машынцы толькi за тое, што нейкi забойца на ёй выстуквае сваю споведзь. Але я была не машынка, нават калi ў дачыненнi да Берэнбаўма i рабiла так, быццам мною карысталiся менавiта як безгалосай машынкай: надзейная, непасрэдная, гатовая чакаць, нямецкая вартасная праца. Тым часам толькi мной адной правiльна зразуметае, разыходзiлася, распальвалася, разрасталася ў нейкi бясформны вырост, якi аплятаў мае жылы, як лiяна, буяў вакол майго сэрца i шнураваў спазмамi страўнiк, аж я нават часам баялася, што маёй грудной клетцы не хопiць прасторы на дыханне.

А не хапала мне, як тое даказаў мой выбух, духоўнай дыстанцыйнасцi даследчыка прыроды, якi можа спакойна назiраць, як леў задзiрае зебру, бо яго цiкавiць толькi адно: як леў задзiрае зебру, як ён яе высочвае, як цiкуе за ёю, за што найперш хапае, цi адразу забiвае, а цi спакваля. Што леў задзiрае зебру -- гэта ў яго, даследчыка, натуральна i не падлягае нiякiм маральным ацэнкам. Калi б мне ўдалося пацiкаваць за Берэнбаўмам вачыма натуралiста, а яшчэ лепш, бяздушным вокам кiнакамеры, я нi ў якiм разе не магла б пачуцца ягонай ахвярай, не больш, чым той даследчык пачувае сябе ахвяраю льва. Даследчык не ненавiдзiць iльва; а я ненавiдзела Берэнбаўма.

Калi яго ногi, успамiнаючы свае колiшнiя самастойныя крокi, сiмулявалi юнацкую выхадку, я ненавiдзела яго; калi ён, каб падумаць, эфектна адкiдваў галаву i заплюшчваў вочы, я не магла адвесцi позiрку ад яго напятай шыi, на якой пад маршчынiстай скурай выразна праступаў гарляк, i мне запомнiлася, быццам я часам чула, што чалавеку, каб яго хутчэй задушыць, трэба запхнуць у горла пад'язычную костку. Мяне гiдзiла далiкатная, завялая скура на яго моцных руках; мяне раздражняла пэўная ўзнёсласць у ягоным голасе, нейкая падхалiмская мяккасць, якую ён укладваў, пачынаючы гаворку са мною па-за межамi нашай дамовы. Я ненавiдзела нават заняпаласць яго цела, якое ён спрабаваў схаваць пад дарагой вязанай куртай i якое мне, калi б тады я мела адназнача растлумачыць сваю бязмежную агiду, хутчэй павiнна было б даць пачуццё задаволенасцi Мне было так, быццам я ненавiдзела Берэнбаўма ў натуры, быццам ува мне iснаваў нейкi генетычны код, якi перасцерагаў ад Берэнбаўма, як певень ад шуляка. Певень баiцца шуляка, ён не ненавiдзiць яго. Я пыталася ў сябе, што ж гэта такое, чаму ў чалавеку страх перарастае ў нянавiсць. Я не павiнна была ненавiдзець Берэнбаўма, калi б я яго не баялася.

Пазней, калi я ўбачыла ўжо, бадай, спiсанага Берэнбаўма ў ложку за рашоткай, як ён там ляжаў, падначалены нейкай iншай уладзе, перад якою Берэнбаўмава ўлада ў жыццi выключалася, як лямпачка перад сонцам, я магла б з iм замiрыцца. Ён быў пераможаны, хай не мною, але я чулася ў тыя хвiлiны пераможцай. Тады, прагны i бессаромны, Берэнбаўм працягнуў да мяне сваю трупна-белую руку. Нават надмагiльнага Берэнбаўма я баялася, i сапраўды, ён быў пераможаны, толькi калi сканаў.

Увечары пасля вiзiту Сэнсмана я рашыла нiколi больш не бываць у доме на вулiцы Цiхай шэсць. Я больш не хацела працаваць на Берэнбаўма. Я хацела вучыцца на фартэпiянах.

***

Тэкля Фляйшэр аж лёгенька сумелася i ўскрыкнула, убачыўшы мяне ў сваiх дзвярах. Якая неспадзяванка, сказала яна, прычым засталася няясна, парадаваў яе мой вiзiт, а цi не. Яна правяла мяне ў пакой з балконам, дзе на авальным стале свяцiўся чайны падагравальнiк. Праз акно лiлося белае святло вулiчнага лiхтара. Прабачце, сказала Тэкля Фляйшэр, i ўключыла таршэр, я тут трошкi залетуценiлася. Яна паставiла на стол другi кубачак, падставiла мне крэсла, а сама села на сафу, дзе яна, вiдаць, упоцемках i летуценiла. Яе вочы за тоўстымi шкельцамi акуляраў блiшчалi трошкi больш вiльготна, чым звычайна. Яна, мусiць, плакала, ад шчасця або з няшчасця. Яна прагрэбла пальцамi валасы, нiбыта хацела закруцiць iх у куклу, якою ўжо даўно ахвяравала свайму каханню, да чаго рукi яе нiяк не могуць прывыкнуць i толькi збянтэжана тузаюць завiўку.

Да мяне нiколi не заходзяць, сказала яна, акрамя вучняў, нiхто не бывае, сказала яна. Раней, калi жыла мама, заглядвалi яе сяброўкi, а ўжо тым часам i яны паўмiралi. Яна пагладзiла вышытую настольнiцу i ўсмiхнулася, нiбыта была абавязана перапрашацца перад мною за сваё адзiноцтва.

Гэта так добра, што зайшлi да мяне, сказала яна, тонкiм голасам забалансаваўшы гэтае "так" на пачатку фразы.

Ага, сказала я, мы жывём ужо дзесяць гадоў у адным з Вамi доме, а ўсё яшчэ адна адну не наведвалi.

Яна паглядзела на мяне з чаканнем, i я адчула сябе мусовай растлумачыць, чаму мне ў гэты дзень аж так зарупела пастукацца ў дзверы да Тэклi Фляйшэр. Яна падазравала, што я проста зайшла ў госцi, а я не магла адважыцца сказаць ёй неверагоднае -- што прыйшла толькi як вучанiца, а не вiзiтантка, што сапраўды нiхто ў яе не бывае, i я таксама.

Во такi выдаўся дзень сёння, сказала я. Прынамсi, хоць тут не схлусiла.

Яна спакойна сядзела на бiдэрмаераўскай сафе. Яе цёмна-чырвоны аксамiтны касцюм, шырокi, мяккi кiтэль, з такiмi самымi шырокiмi штанамi-пiрамiдамi былi такога самага колеру, як i невялiкiя ружы на абшыўцы сафы. Я нiколi не задумвалася, як добра выглядае кватэра Тэклi Фляйшэр. Цяпер, пабачыўшы, не магла сабе ўявiць нiякай iншай. Далiкатны сакратэр, камода, стары медны таршэр з пажоўклым шаўковым абажурам, вялiзазны мiрт каля акна, прыгожы, ужо добра-такi стаптаны дыван каля дзвярэй, усё ад перастаялае гiстарычнасцi, як i сама Тэкля Фляйшэр, пастарэлая Тэкля Фляйшэр у абвiслай вопратцы, заўсёды такой крыху смешнай, калi яна з сарамлiвым разлётам сваiх барочных клубоў iшла па нашай вузкай, застаўленай прыпаркаванымi машынамi вулiцы.

Усё тут спадчыннае, сказала яна, я ўсё тут ведаю, колькi сябе памятаю. Якое шчасце, што мама нiчога не выкiдала, пры ўсiм тым хламе, якi можна купiць. Мне патрэбны рэчы прыгожыя.

Я згадала свае чорныя крэслы i сказала, што ўсё тут вельмi добра ўпасавана, i яна, i мэбля. Што яна прыгожа глядзiцца на сафе, дадала я.

Яна запляскала ў далонi, як малая. О, усклiкнула яна, вы робiце мне камплiменты. Якi сёння цудоўны дзень. Гэта нам трэба адсвяткаваць, у мяне там драбнютачка лiкёру, што прыслала цёця Хiльдзi да дня нараджэння. Што, калi я Вас пачастую.

Не чакаючы адказу, пабегла на кухню, i вярнулася з дзьвюма лiкёрнымi чарачкамi i з непачатай пляшкай лiкёру.

Нешта iтальянскае, сказала i потым па складах: а-ма-рэ-та.

Даволi салодкая штука, нам добра ўсмакавала. Тэкля Фляйшэр расказала, што яна з таго часу, як сорак гадоў таму перабралася з Гюстрава ў Берлiн, жыла ў гэтай кватэры, спачатку ўтраiх,-- бацька, мацi i яна, пасля, як памёр бацька, удзвюх, а цяпер вось адна. Яшчэ i мацi давала ўрокi па фартэпiяна. Так вось i жывём далей, праўда ж.

Я сказала, што мне здаецца, быццам чалавек у сваiм жыццi асуджаны рабiць адны i тыя самыя памылкi. Нават радыкальна памяняўшы ўсе вонкавыя абставiны i верачы, што ўжо раз i назаўсёды прадухiлены паўтор нейкага пэўнага канфлiкту, раптам зноў сутыкаешся з нечым падобным да перажытага i зноў непазбежна даешся злавiць сябе.

Але ж фраў Палькоўскi, яна адставiла на стол сваю пустую чарку. Вы не павiнны гаварыць такога, Вы такi моцны чалавек. Як мама. Мама таксама была чалавек моцны. Мне расказвалi, што Вы пакiнулi добрую пасаду, хоць вы на часе разлiчваеце толькi на сябе. Мне б Вашу мужнасць, мiлы мой Божа, я даўно пасекла б пiянiна на дробныя кавалкi i павыкiдала б iх у акно.

Крыху схiлiўшы галаву, ад чаго ўпарта выстаўляўся яе круглы, бясконтурны, схаваны ў шыi падбародак, гледзячы па-над мiртам кудысьцi бязмэтна ў акно, сядзела яна сярод ружаў на сафе.

I вы не любiце граць на пiтянiна, спыталася я. А я вось дык мару iграць на пiянiна, нязбытная мара мая, бо бацькi колiсь да дня нараджэння замест пiянiна падарылi акардэон, з педагагiчных меркаванняў. Спярша я павiнна была даказаць сур"ёзнасць сваёй любовi да музыкi, перш чым у цесны пакой будзе ўбатавана такая чорная гаргара. Але ж як я магла даказаць сваю прыкiплдасць да музыкi -- на акардэоне.

Яна не слухала мяне, усё глядзела ў акно, у якое марыла выкiнуць пiянiна.

Я б хацела быць тэрарысткай, сказала раптам, тэрарысты не адзiнокiя. Калi яны шпурляюць свае бомбы, дык усё адно не адны, а пазней, у турме калi, дык цэлы свет падымае гвалт, што вось каторы там мусiць сядзець у адзiночцы. А я кожнага дня сяджу адна, i нiякiх табе гвалтаў. Яна выцягнула ногi на сафе i адным глытком выпiла лiкёр. Так, сказала яна, аж вось так далёка ў мяне заехала. Цi ж гэта не страх. Мама перавярнулася б у труне, калi б ведала, што я кажу такiя жудасныя рэчы. Мама была супроць усякага гвалту. Такi моцны чалавек, як мама, можа сабе лёгка дазволiць выступаць супроць любога гвалту. Ну вядома ж, я супроць, каб забiваць людзей, але я i супроць таго, каб чалавек вечна заставаўся адзiн, каб не бачыць нiкога, апрача бяздарных гультаёў вучняў.

Невялiкае полымца падагравальнiка адбiвалася ў тоўстых шкельцах яе акуляраў i надавала ёй нейкага блiзiру дзiкай адвагi. Калi б не яе цяжкiя клубы, я сапраўды магла б уявiць яе тэрарысткай, такой старамоднай рускай анархiсткай у прыталеным дарожным касцюме i зашнураваных высокiх чаравiках, забойцай тыранаў, якая няўмольна дзiвiцца ў вочы сваёй ахвяры, мецячы ёй прамусенька ў лоб.

Апошнiм часам Вы рабiлi ўражанне шчаслiвай, сказала я.

Калi б я раней не пыталася, цi магу стаць яе вучанiцай, я, прынамсi, магла б абгрунтаваць, што падазравала за дзiўнымi пераўвасабленнямi Тэклi Фляйшэр. З той гарачнай жывасцi, якую я ў ёй назiрала ў апошнiя тыднi, цяпер я не адчула нiчога. Замест -- бездапаможная ўзрушанасць, поцяг да забароненых чынаў, якiя я вельмi добра ведала, каб адразу ж не паддацца яе настрою. Але што было з Тэклiным каханнем, можа нават, адзiным у жыццi, якому яна ахвяравала свае доўгiя валасы, дзеля якога яна раскрыла ўсё тое, што дзесяцiгоддзi цнатлiва хавала.

Ах, фраў Палькоўскi, сказала яна, i яе тонкi голас затрымцеў, як злоўленая птушка, калi б Вы толькi ведалi. Зараз я зноў заплачу.

Яна схавалася ў нервовы смех. А можна, я пакажу Вам нешта вельмi парыгожае, сказала яна, нарэшце ўжо зноў з прыдуркаватай усмешачкай, якое апошнюю гадзiну мне так не хапала на яе твары. Яна падняла падушку, пад якой ляжала чорна-белая фатаграфiя, партрэт мужчыны, таямнiца Тэклi Фляйшэр. Асцярожна, каб не пакiнуць пальцаў на блiшчастай паверхнi, яна ўзяла фота за краi вялiкiм i сярэднiм i паклала мне на далоню. Мужчыну на фота было шэсцьдзесят--семдзесят гадоў, ён нагадваў мне Курта Гёца; знешнiя краi вачэй былi лёгка ўзнятыя, пасмы сiвых валасоў спадалi на лоб, вузкiя, прыгожа ўразлётныя губы, твар без слядоў, якiя выклiкаюць агiду. Зусiм не тое, што Берэнбаўм, хутчэй адзiн з нямногiх сiмпатычных старых людзей, колiшнi мяцежнiк, самнамбула, толькi ўжо здольны прымаць жыццёвыя ўрокi з аказii недалёкай смерцi.

Гэты мужчына, сказала яна, паўгода таму назад, папярэдне не назваўшыся, не аказаўшыся, пазванiў у дзверы i стаяў на парозе, трымаючы за руку сямiгадовага ўнука, i спытаўся, цi не мог бы ён навучыць у мяне хлопчыка iграць на пiянiна. Тры разы прыводзiў на ўрок, сам цiха сядзеў на сафе, слухаў i пры гэтым глядзеў, не спускаючы вачэй, аж яна, Тэкля, занервавалася. Пасля трэцяга ўрока ён сарваў хлопчыка, хоць таму яўна не хацелася, на пад'ём, праз тое дзiця нават ноты забылася, па якiя праз паўгадзiны вярнуўся дзед. Яны пiлi чай, i гаварылi пра музыку. Ён, сказала Тэкля Фляйшэр, любiў Шуберта. Ён быў мастак, жывапiсец, якi яшчэ замаладзь пазнаёмiўся з Куртам Швiтэрам. У тую гадзiну ён гаварыў ёй рэчы, паўтарыць якiя яна не адважваецца, i не таму, што яны непрыстойныя, не, такiя дзiвосныя рэчы, што пра iх проста i не скажаш, iх нават не працытуеш. З таго дня яны сустракалiся рэгулярна. Няшчасце, што вочы Тэклi Фляйшэр цяпер нарэшце набеглiся сьлязьмi, было толькi, што мужчына, якога Тэкля Фляйшэр называла ЁН, быў жанаты, i што ягоная дачка, мацi хлопчыка, жыла на нашай вулiцы, у доме насупраць нашага.

Я цяпер зусiм не ведаю, шчаслiвая я цi нешчаслiвая, яна затулiла твар у свае вялiкiя, моцныя рукi пiянiсткi. У шырокiм цёмначырвоным аксамiтным адзеннi яна зашылася ў куточак сафы з ружамi, паблытаныя шэрыя валасы злiлiся са святлом таршэра ў адзiн суцэльны прамянiсты вянок на галаве. Я падлiла нам яшчэ амарэта i сказала, што ва ўсёй яе гiсторыi не бачу анiякага няшчасця. Кахаць -- заўсёды шчасце, нават непрынятае каханне -- шчасце, меншае, вядома, чым прынятае, але шчасце таксама.

Я думала пра Берэнбаўма, якога я ненавiдзела.

Ведаеце, што ёсць няшчасце, сказала я, няшчасце -- гэта калi ты не можаш больш бачыць шыю пэўнага чалавека, не думаючы пра тое, што ў гэтае горла можна было б запхнуць яго ж пад'язычную костку. Калi невядомы страх ператвараецца ў нянавiсць i, як атрутная слiзь запаўняе сны i мроi, калi спазнаеш, што чалавек можа быць забойцам i не жахаешся. Вось гэта ўжо няшчасце.

Я гаварыла горача, а яна глядзела на мяне так спалохана, што я замоўкла. Тады я палiчыла, што нагаварыла дужа многа, каб не працягваць далей. Я расказала ёй пра Берэнбаўма, як я з iм пазнаёмiлася ў кафэ, што на iм была такая самая вязаная курта, такiя самыя бардовыя скураныя пантофлi, як i ў майго бацькi, што Берэнбаўм пiсаў мемуары, а я адмовiлася аддаць яму сваю галаву.

Спачатку я яго проста не любiла, з часам выявiла, што ненавiджу. Я мушу думаць пра яго, хоць думаць не хачу. Я трызню iм. Калi ступаю на парог ягонага дома, сэрца маё заходзiцца, быццам я павiннаы сустрэцца з тым, каго кахаю. Калi выглядае блага, я трыумфую, мне нават прыходзiць на мыслi, што -- а што, калi б яго, вось пакуль я так стаю, раптам узяў ды разбiў паляруш. А ён жа нiчога мне не зрабiў. Ён плацiць мне пяцьсот марак у месяц. Ён тое, што я ненавiджу, але што ж я так ненавiджу.

Кiнь i забудзь, што ты ненавiдзiш, i пашукай, што ты любiш, шаптала яна сама сабе. Мама вечна казала мне так. Мама была моцны чалавек. Я не павiнна была ненавiдзець фартэпiяна, каб не яно, дык i ён не прышоў бы, праўда ж.

Пра Берэнбаўма яна раней нiчога не чула, не чула i пра гатэль Люкс. У палiтыцы яна не разбiраецца, сказала.

Што ў ёй можна разумець, спыталася яна, у той дзень цi iншы, рана цi позна, ты проста ведаеш, што гэта так. Пакуль ты не спытаешся Чаму, толькi пасля Што ўсё вельмi проста: усюды на вулiцах заўсёды ёсць нешта, што называецца Ўлада. У скрынках з пляшкамi, у кнайпах, у офiсах, у трамваях, у ложках, усюды яна ёсць. Кожны бярэ сабе трошкi, i многiм гэтага мала, тады яны iдуць у палiцэйскiя, дворнiкi альбо ў палiтыкi. Больш зразумець немагчыма.

Самае горшае калi там на вулiцы, пануе такая самая ўлада, такi самы закон, як у сваiм доме. Мой бацька панаваў над маёй школай, i ён жа панаваў дома. Нават калi мне ранiцай iсцi ў ванну-- вызначаў ён. Супроць яго не было нiякiх абскаржанняў; не было нiкога, хто мог бы яму запярэчыць. Тут, у Вас, сказала я з позiркам, якi ўвабраў у сябе i лямпу, i сафу i ўсю астатнюю мэблю, i спынiўся на пiянiна, бо не мог нiчога сказаць.

Гэтага мама не дазволiла б, сказала яна.

Мы падзялiлi рэшту амарэта, сказалi, што завуць нас Тэкля i Разалiнд, што мы з таго часу будзем гаварыць адна адной "ты", i пацалавалiся ў вусны. Нашыя губы былi клейкiя ад лiкёру. Я паабяцала ёй, што неўзабаве зноў наведаюся. Пра ўрокi я нiчога так i не сказала.

У студзенi мы згулялi вяселле Тэклi Фляйшэр. У вёсцы, у дзень, калi выпаў першы снег.

***

Пыдбараддзе села на сваё крэсла ў першым радзе. Скрыпачы зашчамiлi iнструменты падбародкам i плячом, тупа зiрнулi адзiн аднаму ў вочы, першая скрыпка кiўнула. Гэтым разам гралi "Ave verum corpus".

Перад труною ляжалi вянкi i букеты, пасярэдзiне самы вялiзны вянок, ледзь не як трактарная гусенiца, усыпаны кветкамi, нябеснымi ключыкамi i незабудкамi. Я была зачараваная. Iгрок на гармонiуме узяў, прынамсi, два тоны i перашкодзiў мне высачыць пастаўшчыка халтуры. Жоўтыя i светлаблакiтныя кветачкi глядзелiся на велiзарным коле як заношаная вопратка: ваўчыная морда ўсярэдзiне мiленькага чэпчыка бабулi Чырвонай Шапачкi. Я стаяла далекавата, каб можна было расшыфраваць залатыя надпiсы на жоўтых, старанна задрапiраваных стужках. Пытанне было, цi вянок задуманы як сiвал мёртвага, цi велiзарны памер яго ушаноўваў значэнне нябожчыка, а далiкатныя кветачкi павiнны нагадваць пра пашчотлiвасць ягнонай душы; альбо можа цi не служыў ён самапартрэту пераносчыка. Хоць нябесныя ключыкi i незабудкi хутчэй дазвалялi думаць пра жаночага жальбiта, я хутка адкiнула гэтую думку. Жанчыны не маглi б насiць такiх рэчаў. Гэта магла i павiнна была быць фiнансава моцная, пераважна з мужчын рэкрутаваная iнстытуцыя альбо партыя. Вакол Берэнбаўмавай труны ляжала дванаццаць вянкоў; дзевяць з чырвонымi, два вельмi малыя з белымi, штучнага шоўку стужкамi, што ўшаноўвала саму смерць, i той загадкавы монстр з кiдкай жоўтай стужкай, якая не спавядалася нi ў якiм вызнаннi розуму.

Хто адважыўся дзеля развiтання з Берэнбаўмам устрымацца ад чырвонай фарбы; злева, дзе сядзiць сэрца, чырвонае як кроў. Я бачыла Берэнбаўмаву кроў. Яна раптам палiлася з яго правай наздрыны, тры цяжкiя, светлачырвоныя кроплi ўпалi на белую паперу перад iм перш чым яму ўдалося дастаць левай рукой з кiшэнi хустачку i зацiснуць ёю нос. Я ўпершыню спыталася ў яго пра гатэль Люкс. Цi ведалi яны, цi ведаў ён. Лямпа на пiсьмовым стале гарэла i кiдала рэзкае бакавое святло на твар Берэнбаўма.

Што, спытаўся ён, ведаў, пра што я спыталася, спыталася тым не меней, нiбыта гэтым вербальным рэфлексам можна было ўхiлiцца ад адказу.

Гэта, сказала я.

Не ведалi нiчога. Ён паглядзеў на мяне. Ён хацеў, каб я яму верыла.

Але падазравалi?

Яго левая рука сцiснулася ў кулак. Мы змагалiся супроць Гiтлера. Ён расцягваў склады i кожны суправаджаў ледзь стрымлiваным ударам кулака па стале, нецярплiвы, заклiнальны, канчатковы.

А перамогшы Гiтлера?

Будавалi дзяржаву. Вучылiся, вучылiся i яшчэ раз вучылiся.

I не шкадавалi, што з вамi не было Вашых таварышаў, з якiмi Вы жылi ў гатэлi Люкс дзверы ў дзверы?

Ён паспрабаваў глыбока ўздыхнуць. Губы дрыжалi, твар збарвовеў. А тады пацякла кроў з правай наздрыны, расплылася маршчынiстай дэльтай па яго верхняй губе, закапала на запiсаную паперу перад iм.

Мне зрабiлася млосна. Не ад Берэнбаўмавай крывi, мяне нiколi не нудзiла ад крывi, нават ад сваёй. Толькi калi я аднаго разу паранiлася i мусiла злiзваць кроў з пальца, каб не запырскаць дыван цi вопратьку, мне замлосцiла ад яе клейкай саладжавасцi. Не Берэнбаўмава кроў, не, калi яна расцяклася паўз ледзь бачных вусiкаў па скуры, мяне згiдзiла, а таму што ён замест адказу прапанаваў мне сваю старую, затручаную пiлюлямi, штучна разводжаную ад трамбозу кроў, што ён паспрабаваў гэтым жалю вартым трукам ператварыцца ў ахвяру i не адказваць на мае пытаннi. Нарэшце ён знайшоў хустачку.

Цi не хацелася б Вы ведаць, што сталася з Вашымi таварышамi пасля таго, як сярод ночы iх паздзiралi з ложкаў у гатэлi Люкс.

Я не магла спынiцца. Яго твар быў закрыты хустачкай, вiдны былi толькi вочы, поўныя нянавiсцi, а то i ўмольныя. Чаму ў мяне нiякай спагады. Вы не баялiся, што прыйдуць i па Вас? Альбо па Вашу жонку? Як яны схапiлi жонку Эрыха Мюзама, як схапiлi Алiсу Абрамовiч, якую яны выслалi на лесапавал у Сiбiр, але яна выжыла i вярнулася калекаю. Цi бачылiся Вы пасля таго з Вашым тварышам Алiсай Абрамовiч?

Ён не адказваў, прыцiскаў хустачку да вуснаў i да носа. Настольная лямпа цяпер сляпiла яго, хворай дрыжачай рукой ён павярнуў абажур да сцяны.

I што Вы ёй сказалi. Вы сказалi, што сказаў ёй i ваш сын, калi яна змагла пабачыцца з iм праз пятнаццаць гадоў. Ён не сказаў нi слова, бо верыў у тое, што яму сказалi ў дзiцячым доме: што ягоная мацi нацысцкая шпiёнка.

Толькi калi хусцiнка зусiм прамокла Берэнбаўмавай крывёю, я адляпiлася ад яго, як насмоктаная п'яўка.

Нiбыта нехта трымаў у мяне перад тварам люстра, я ведала, як цяпер выгладала: рот перакрыўлены, скiвiцы i шыя перанапружаныя, вочы вузкiя. Апошнiя сказы гучаць у вушах груба i агульна, як чужыя i аднак жа гэта мой голас.

Цi не магла б я памагчы яму, спыталася я, пачакаўны. Ён патрос галавой.

Я пакiнула яму чатыры папяровыя хустачкi, якiя знайшла ў сваёй сумачцы.

Якога колеру была кроў у Берэнбаўма цяпер, калi ён васкова белы, апрануты ў свой галубiна-блакiтны гарнiтур, ляжаў сярод шаўковых падушак i нiякай фразай нельга было яго паранiць да крывi. Не чырвонай, як кроў у жывых.

У наступную пятнiцу ён прадыктаваў першы сказ: "Мая жонка Грэта была арыштавана ўвосень 39-га года".

Мае пальцы так здзеравянелi, што я не магла пiсаць. Ён паглядзеў на мяне як чалавек, якi зрыхтаваўся да ўдару i цяпер фiксуе цэль.

"Яна трапiла ў канцэнтрацыйны лагер Равэнсбрук".

Ён устаў, узбуджаны, бездыханны, падышоў да дзвярэй, павярнуўся да мяне: i ён не ў Сiбiры, крыкнуў ён i выйшаў з пакоя.

Я ўтаропiлася ў тое месца, дзе ён толькi што сядзеў, за акном святло няпэўнага часу, голыя галiны букаў нерухомыя, усё вакол мяне цiхае i маўклiвае, быццам я трапiла на фатаграфiю. Вы заўсёды маеце рацыю, думала я, што б я нi казала, усякае няшчасце належыць iм, шчаслiвым уладальнiкам бiяграфiй. Ледзь толькi я раззявiла зяпу са сваiмi крыўдамi, як яны адразу запхнулi мне кавалак у зубы -- Равэнсбрук, альбо Бухенвальд. Глытай альбо задушыся тым кавалкам. З аўторка да пятнiцы ён рыхтаваў гэтую адну хвiлiну, гэтыя тры сказы, ён уявiў сабе, як я, са здзеравянелымi пальцамi, без'языкая ад сораму буду сядзець тут, няздольная паўтарыць сваё пытанне пра гатэль Люкс, бо я ў сваiм жыццi не мела нiчым падаткнуць яму, нiякага козыра на права задаць такое пытанне.

Я напiсала: "Грэта была арыштавана ўвосень 39-га. Яна трапiла ў канцэнтрацыйны лагер Равэнсбрук. Сiбiр -- недалёка ад Равэнсбрука".

***

Скрыпачы склалi iнструменты ў футаралы, але яшчэ не зачынiлi iх. Чалавек iграў на гармонiуме "Iнтэрнацыянал", як пiянiст з бара сiгнал вышыбалу "Да сустрэчы, да сустрэчы, не заседжвайся так доўга..." Праз шпалеры жалобнiкаў нейкi невялiкi чалавек пранёс на далонях чорную аксамiтную падушачку з Берэнбаўмавым ордэнам. Абапал ордэна iшлi чацвёра мужчын, далей следавала труна з мёртвым Берэнбаўмам, за труною вялiкiя вянкi, кожны несены двума мужчынамi. Малыя вянкi i букеты неслi жалобнiкi ў журботным шэсцi. Я чакала вянка з незабудкамi. Калi двое ў унiформах праносiлi яго мiма мяне, на той палавiне стужкi, якая звiсала з майго боку, я прачытала: "апошняе прывiтанне ад байцоў нябачнага фронту".

Натуральна, каласальны вянок, пераапрануты пад летнi луг, штазi, хто ж яшчэ. Толькi цяпер я пазнала Мiхаэля Берэнбаўма, ён быў сярод носьбiтаў вянка. Я першы раз убачыла яго ў унiформе. Скрыпачы сядзелi, гатовыя падхапiцца, iнструменты гарызантальна, на сцёгнах, як кульбакi, на якiя iм прыйдзецца абаперцiся, як толькi апошнi чалавек пакiне каплiцу. Яны прапiхвалi сваiмi вачыма жалобную працэсiю праз партал.

Апошняя была я. Калi я ўсмiхнулася iм, двое з iх кiўнулi мне на развiтанне.

Шлях ад каплiцы да зямнога простакутнiка, якi Берэнбаўму выкапалi ў тым спецарэале могiлак, пралягаў праў галоўную алею ў кiрунку да выхаду. Я пайшла за працэсiяй на адлегласцi трох-чатырох метраў. Нiхто гэтага не заўважыў бы, калi б я збочыла i iшла сярод магiл, паклала фрэзii на магiлу забытага нябожчыка i пакiнула могiлкi праз бакавы выхад.

Цяпер я магла б iсцi дамоў. Самае большае праз паўгадзiны Берэнбаўм будзе ляжаць на сваiм месцы, пад яшчэ мяккай пух-зямлёй; яшчэ некалькi дзён нагрувашчаная гара вянкоў будзе пазначаць месца новага прыбыльца, пакуль жонка Мiхаэля Берэнбаўма альбо аплочаны iмi садоўнiк з могiлак не ператворыць свежы курган у звычайную магiлу, з бляшанымi кветкамi i якой-небудзь хвойнай пасадкай. Тым не меней я пайшла далей за ўсiмi. Я яшчэ недастаткова нагледзелася.

***

Праз тры днi пасля вiзiту Сэнсмана Берэнбаўм затэлефанаваў мне. У яго была адна вельмi тэрмiновая дамоўленасць з урачом i заўтра, у аўторак, нашу сустрэчу канечне адмянiць, на жаль, аж мы здолеем прадоўжыць нашу працу толькi ў пятнiцу.

Берэнбаўм быў самы сабакамi падшыты стары чалавек, якога я калi ведала. Ён здагадваўся, што я рашуча пастанавiла больш не паяўляцца ў яго доме. А ўтрымаць мяне хацеў. Менавiта мой шал на яго i на ўсё, што ён для мяне ўвасабляў сабою, здаецца, якраз i ажывiла яго, быццам ён толькi дзеля таго i дыктаваў, каб даказаць мне, што мой шал на яго гаўна варты, што ён iм а зусiм жа не пераймаецца, што я яму сваiм гневам нават паслужылася на добрую дагоду.

Званок застаў мяне знянацку. Я ўжо была сабралася пазванiць яму заўтра роўна ў тры гадзiны папалуднi i, зусiм няўзрушана, спакойна, наколькi мяне на тое станецца, паведамiць яму, што разглядаю нашыя працоўныя адносiны закончанымi, i адразу, не даючы яму часу на адказ, пакласцi трубку.

Я складала фразу, якая добра ўпасавала б яму; фраза не давалася. Трэба было сказаць проста: я не прыйду i ў пятнiцу, альбо: я наогул больш не прыйду, альбо толькi: не. Сказаць "не" i пакласцi трубку, гэта можна было б.

Я дапускала, што ён борздзенька згорне гаворку, сказаўшыся на спех, тым самым запабегне маёй адмове, на якую я пасля доўгага роздуму ўсё-такi адважылася б, i што ён тады са сваёй рыторыкай: у такiм разе-- да пятнiцы, супроць якой я не пярэчыла, наш дагавор на аўторак застаецца ў сiле, як бы пра тое i пытанне не стаяла.

Так яно ўсё i праяснiцца. I iнакш таксама.

Барацьба з Берэнбаўмам была, калi я разам з iм накрывала стол, ужо не толькi барацьба толькi супроць яго. Калi б я хацела толькi пакончыць з ягонай уладай над мною, я б засталася пры сваiм -- не бываць больш у ягоным доме. Але я ўжо пакутавала на той стадыi варажнечы, якая спараджае жарсць.

На другое папалудне, адразу пасля трох, я пазванiла яму, каб праверыць, цi праўда ён пайшоў да доктара. Пасля чацвёртага гудка ён зняў трубку, я сказала яму тры разы "алё" i паклала.

***

Берэнбаўм выставiў на стол дзве чаркi i пляшку вiнаграднага вiна. На прымiрэнне, сказаў ён i сеў насупраць. Памiж намi стаяла машынка маркi "Rheinmetall". Ён папрасiў мяне распячатаць пляшку. Я налiла ў чаркi да палавiны.

Не так, каб напаўсэрца, сказаў Берэнбаўм, iнакш i замiр'е будзе напаўсэрца.

Фраў Палькоўскi, сказаў ён, альбо дазвольце мне называць вас Разалiнд, а яшчэ лепей Роза, як нашую Розу, нашу Розу Люксембург.

Я не ведала, як мне стаць яму папярок, i сказала, што хай будзе яго праўда.

Апошнiмi днямi я многа думаў пра Вас, Роза. Вы маладая, прыгожая жанчына ў самых, як кажуць, лепшых гадах. Я не ведаю Вашага жыцця, толькi Вашу дзiўную максiму, што вы не хочаце мыслiць за грошы. Калi вы напярэданi такая ўзбуджаная пакiнулi гэты дом, я спытаўся ў сябе: чаму яна такая зжарсцвелая. Я ведаю, што Вы не хочаце гаварыць са мною пра гэта. Але вы бачыце, я стары, прагны да ведаў чалавек i хацеў бы зразумець, што такое можа Вас настройваць супроць мяне. Я адчуваю, каб быць шчырым, што быў несправядлiвы з Вамi.

Ён скiраваў на мяне свой жабiны твар, чакаючы адказу. Я глядзела ў акно, на дзверы, як дзiця, якое стаiць перад настаўнiкам i не ведае адказу. Каб выйграць час, я выпiла каньяку. Я хачу быць, як той даследчык прыроды, думала я, я мушу качацца ў брудзке, абдзiраць сабе цела аб вострае каменне, цэлымi днямi напралёт спакойна ляжаць на гарачым пяску, не адчуваючы сябе львом. Цяпер я не мела права сказаць: такiя людзi, як Вы, згаўнялi мне ўсё жыццё. Я павiнна была панадзiць яго, спакусiць, гаварыць пра яго, а не пра сябе. Ён сядзеў не за пiсьмовым сталом, я нiчога не натавала. Я мусiла нешта сптыць, на што ён у легендзе свайго жыцця, у якую ён тым часам паверыў сам, не змог знайсцi адказу; нешта, што ляжала па той бок палiтыкi.

Размовы, у якiх мужчыны хочуць кожны пераканаць друго ў сваёй значнасцi, робяць мяне вар'яткай, сказала я.

Ён засмяяўся i паказаў зубы, так цэльна i роўна заякараныя ў штучнае нёба, што я бачыла iх, быццам яны плавалi ў двухфазавым ачышчальнiку.

А Вы што, хiба яшчэ i працiўнiца мужчын, спытаўся ён. Жаночы канчатак не дазволiў яму вымавiць слова "працiўнiца" коратка i рэзка, як гэта было ягонай звычкай: вораг, класавы вораг.

Чаму: хiба яшчэ?

Яму спатрэбiлася некалькi секунд, каб зразумець, пра што я спыталася.

Не, не, сказаў ён, толькi дурная манера гаварыць, Вы не вораг у маiх вачах, Роза, наадварот. Чаму Вы нагадваеце мне нават Грэту, маю жонку. Я дастакова бачыў ворагаў за сваё жыццё, каб ведаць, што Вы не належыце да iх.

Я першы раз убачыла, што ён пiў. Рух якiм ён падымаў да вуснаў чарку -- крыху вывернутая вонкi рука, пругкi суглоб локця,--цi не такi, як у звычайнага выпiвохi. Альбо яшчэ з маладосцi завучыў i з таго часу ўсё так i засталося, альбо яшчэ i цяпер ён пiў больш, чым я думала. Ён кульнуў чарку шнапсу ў рот, i вадкасць па языку роўна палiлася ў горла, без булькання. Я б вельмi хацела ведаць, чым такiм у ягоных вачах я адрознiлася ад ворага, але не спыталася, бо падазравала, што, можа, ён якраз i хацеў справакаваць пытанне.

А Грэта таксама была працiўнiца мужчын, спыталася я.

Ён адкiнуў галаву, але не прыплюшчыў вачэй, як у роздуме, а пусцiў позiрк паблукаць па столi, быццам хацеў там вычытаць тое, што хацеў мне цяпер сказаць. Грэта, ён вымавiў iмя горача, як iмя святога, о так, Грэта ўмела ненавiдзець, з усёй палкасцю, як яна ўмела i любiць. Яна была для сваiх ворагаў няўмольная працiўнiца, гэтым Крупам, Шэйдэманам, Гiндэнбургам, Гiтлеру, i iхнiм жонкам. Але, сказаў Берэнбаўм i зiрнуў на мяне, яна любiла сваiх таварышаў -- Тэльмана, Дзiмiтрова, Пiка i iхнiх тварышаў Герберта Берэнбаўма, бо яна была камунiстка, мая таварышка, на ўсё жыццё.

Берэнбаўм схiлiў галавву набок, заплюшчыў вочы, сканцэнтраваўся, нiбы прыслухоўваўся да ледзь улоўнага голасу, падняў здаровую руку на вышыню грудзей i прадэкламаваў, вiбруючы лiтару р, як Аляксандр Муасi:

Калi, паняволiўшы, зневажалi цябе,
калi айчыну ахуталi ночы,
а я на чужыне служыў барацьбе,
тады стрэлiся нашыя вочы,
i ў будучым нам засвяцiлася мэта,--
Дзякуй табе, таварыш Грэта.

Калi слабасць ледзь не адужала нас
i Масква святая ледзь не гарэла,
я думаў пра золата тваiх валос
i пра сэрца, што страху не мела.
Толькi мужнасць твая
адолела слабасць; за гэта
Дзякуй табе, таварыш Грэта".

Ён апусцiў руку, якою суправаджаў верш палка-значнымi, рытмiчнымi жэстамi, i сказаў, усё яшчэ прыплюшчыўшы вочы: так, я гэта напiсаў ёй. Я ведаю, я не паэт, але мае словы падзякi паклалiся вершам. Вы занадта маладая, каб ведаць, што гэта азначае, быць у часы варварства пэўным за шчырага, сумленнага чалавека. Налiце яшчэ раз, Роза, на адной назе стаiцца кепска. Грэта i я яшчэ былi нежанатыя, калi партыя рашыла паслаць мяне ў эмiграцыю. Грэта засталася ў Германii. Перад маiм ад'ездам мы паабяцалi адно аднаму: калi толькi перажывём нацызм, мы сустрэнемся ў нядзелю пасля вайны апалове дзясятай каля Фрыдрыхштатпаласта. Грэта паспела туды на шэсць тыдняў раней за мяне. Яна прыходзiла кожнае нядзелi, у шостую нядзелю прыйшоў i я, з вялiкiм букетам маргарытак, якi я купiў у садзе разбомбленай вiлы. Маргарыткi былi любiмыя кветкi Грэты.

Як першы, так i другi каньяк ён рашуча вылiў у сябе. Хоць, як на мяне, верш быў агiдны, я не магла перабароць сябе i першы раз паверыла яму. Я проста бачыла яго перад сабою, як ён, яшчэ даволi малады чалавек, з адкрытым каўняром i закасанымi рукавамi, з маргарыткамi ў руцэ, бяжыць па горах руiнаў ўнутранага горада Берлiна. Я носам чула вапнавы пыл, якi падымаўся з руiнаў i дамешваў пах вайны ў ранiшняе летняе паветра; бачыла, як маладая жанчына, гнаная чаканнем i сагнутая пад цяжарам страху перад магчымым расчараваннем, пераходзiла мост па-над Шпрэе; як яны ляцелi насустрач адно аднаму i паверыць не маглi, што вось яны зноў знайшлiся. Усе вобразы закаханых, якая зноў знайшлiся, якiя я бачыла ў жыццi i ў кiно, сумясцiлiся ў гэтай пары.

А Вашы таварышы не казалi Вам, што Грэта жывая i была ў горадзе, спыталася я.

Я прыбыў у Берлiн у суботу i заначаваў у Панкаве ў таварыша з групы Грэты, але ён не ведаў, дзе яна жыла. Было якраз так, як я Вам i расказаў. Грэце было трыццаць тры, а мне сорак. Паверце, я плакаў, зноў убачыўшы горад. Куды нi гляну, толькi развалiны, разбураныя дамы, разбураныя людзi, кожны другi -- нацыст, рэшта --прыспешнiкi. I мы, жменька паўгалодных разбiтых камунiстаў i антыфашыстаў павiнны былi выцягваць з дзярма тачку. Паўстацца з руiнаў насустрач будучынi, так, так яно было.

Тады, як i пры маiм першым вiзiце ў дом Берэнбаўма, найшло на мяне ачмурэнне, якое прымусiла мяне паверыць, што я ўжо гэта раз перажыла, што ведала кожную фразу, якая пойдзе за толькi што сказанай, а нават i тон, у якiм будзе сказана. Усё гэта амаль слова ў слова я ўжо чула.

Гэта быў цудоўны, але цяжкi час, сказала я, бо я ведала, што менавiта гэты сказ мае быць зараз сказаны.

Так, сказаў Берэнбаўм, гэта быў цяжкi, але цудоўны час. I мы многага дасягнулi.

I вы будзеце баранiць гэта ад кожнага, хто...

...хто хоча павярнуць кола гiсторыi. Вядома, мы будзем баранiць, сказаў Берэнбаўм. Толькi пасля гэтага ён здзiўлена паглядзеў на мяне.

Я i не падазраваў, што ў гэтым мы такiя аднадумцы.

Я толькi працытавала свайго бацьку, сказала я.

Ваш бацька камунiст?

Ён быў дырэктарам школы. Цяпер ён мёртвы.

Берэнбаўм уздыхнуў, спрабуючы гэтым разам адкаркаваць бутэльку сам. Яго правая рука дрыжала, як хранiчна хворы перад калапсам, але ён даў рады. Па яго твары прабег лёгкi цень болю i страху, нiбыта я загаварыла з iм пра, магчыма, блiзкую ягоную смерць, а не пра смерць майго бацькi. Я часам пыталася ў сябе, як яно будзе, калi яны ўсе перамруць, а Тэкля, Бруна i я пастарэем; што ў нас было б абараняць i што мы маглi б выдаваць за рух кола гiсторыi наперад. Мне было дваццаць чатыры, i я не вылучыла нiчога, што варта было б баранiць. Я таксама не верыла, што нешта такое было i ў Бруна. Магчыма, Бруна сказаў бы, што ён безнадзейна абараняе правы лацiнiстаў ад ордаў пладавiтых нелацiнiстаў, Лорэнс Стэрн супроць Петэра Гакса, Шопэнгаўэр супроць Лукача, "Дон Джыаванi" супроць "Вэстсайдскай гiсторыi", што ўрэшце толькi азначала, што Бруна рабiў тое самае, што i я: ён абараняў сам сябе. У мяне не было чаго абараняць, апрача сябе, тым часам як Берэнбаўм разглядаў рух кола гiсторыi як сваю справу, якую ён павiнен абараняць, калi спатрэбiцца, са зброяй у руках, як часта гаварыў мой бацька i як, можна меркаваць, сказаў бы i Берэнбаўм. У гэтую хвiлiну я зразумела, што ўсё ўзалежнiлася ад смерцi Берэнбаўма, ад яго i ад ягонага пакалення. I толькi калi iхняя справа iншым не святая, толькi калi яе патрэбнасць вырашыць яе iснаванне альбо пагiбель, толькi тады i я зразумею, што я ў сваiм жыццi рабiла б з ахвотай. Але тады было б запозна. Часам мне прыходзiлi на памяць фразы, якiмi я не мыслiла. Яны падымалiся з таемнасцi, якая гнездавалася недзе ў маёй печанi, касе цi ў iншых вантробах, дзе яна ўначы, калi я спала i снiла, бушавала. I вельмi мала калi, неспадзявана, яна пасылала ў маю чуванасць фразы, як па бутэлечнай пошце.

Усе гэтыя фразы пачыналiся з: паслязаўтра. Паслязаўтра заледзянее пустыня. Паслязаўтра затрубяць у ружовыя ракавiны i абвесцяць царства нябеснае. Паслязаўтра разверзнуцца хлябi нябесныя -- увага! хто не ўмее плаваць! Нiколi не гаварылася -- заўтра. Заўтра не было яшчэ маiм днём. Што магло быць заўтра -- гэта пазначана ў Берэнбаўмавым календары тэрмiнаў. Паслязаўтра было днём пасля смерцi Берэнбаўма.

Мы сядзелi насупраць як двое людзей, што разам прапускаюць па шнапсiку. Ягоныя вочы ўжо блiшчалi. Ува мне алкаголь паступова будзiў той безнадзейны поцяг да спагады, з якiм мы ўсе нарадзiлiся i якi большасць нас трацяць, перш чым памерцi.

Я ўявiла сабе, як я яму, асцярожна i стараючыся не пакрыўдзiць яго, растлумачыла, чаму iснуючыя, у тым лiку i iм створаныя адносiны прымусiлi мяне жадаць ягонай смерцi. Я была б радая, сказала б я, калi б Вашая смерць мне была абыякавая, нават вартая шкадавання. Не думайце, што Вашае каханне да Грэты, якая перажыла дванаццаць гадоў чакання, не кранула мяне. Альбо што Ваш страх, якi ноч у ноч катаваў Вас у гатэлi Люкс, я не адчуваю. Больш за тое, я жадала мець права ганарыцца Вамi, чалавекам, якi выстаяў, якi не быў нацы, якi не быў хiтрым крывадушнiкам. Тым не меней я сказала б яму, я вымушана вiтаць Вашу смерць, бо Вы кожны дом, кожны кавалачак паперы, кожную вулiцу, кожную думку, бо Вы ўсё, што мне было патрэбна на жыццё, -- укралi i не аддалi назад. Вы вымушаеце мяне рабiць самае агiднае, што толькi магу падумаць: жадаць смерцi кожнаму. Як магла б я хацець, каб Вы жылi далей. I тады я спыталася б у яго: Вы разумееце мяне.

Я не чакала, што ён згадзiўся б на сваю смерць. Ён павiнен быў бы толькi зразумець, што я яе, як што так склалiся рэчы, мусiла жадаць. Немагчыма ўявiць, каб ён сказаў: так, я разумею Вас. Бо што такое мусiў бы ён зразумець, каб згадзiцца. Мне было дзесяць гадоў. Бацькi мае паехалi на канiкулы ў Цюрынгiю. Я засталася з Iдаю ў Берлiне. Бацькам мусова было адпачыць ад цяжкай працы, якою яны займалiся больш года ў школе, сказала Iда, пры гэтым я толькi заважала б iм. Бацьку я ведала i памятала з трох гадоў. Аднаго разу ранiцай ён увайшоў на кухню, дзе ў куточку за дзвярыма стаяў мой ложак, узяў мяне на рукi, i мама сказала: гэта твой тата. Я хацела мець бацьку. Мам маюць усе. Але хто мог бы сказаць: гэта забаранiў мне бацька, таму, лiчыце, пашанцавала, у таго каштоўнасць у руках. Iда, якая датуль жыла з намi, выбралася, а бацька пераехаў да нас. Мацi прайшла паскораныя курсы на настаўнiцу, i бацька, якi падчас вайны i палону, мабыць, забыў пра свае мары, узяў з яе прыклад. Улетку, калi мне было дзесяць гадоў i бацькi паехалi ў Цюрынгiю адпачыць, я ўжо тры гады як ведала бацьку, але яшчэ нi разу не звярталася да яго з тым словам, якое вызначала нашыя сваяцкiя адносiны. Яшчэ нi разу не назвала яго бацькам, татам альбо яшчэ як, хоць ўсёй душою жадала зрабiць гэта i толькi чакала хоць якога малюпасенечкага знаку ягонай згоды, каб я, як толькi вымавiла б гэтае слова, не стаяла б перад iм i перад сабою як ашуканка i манюка.

Тым летам я далася Iдзе паказаць мне, як гатуецца лiмонны крэм. Лiмонны крэм быў любiмым бацькавым дэсертам, якi, як толькi Iда прыносiла яго ў шкляным сподачку, быў здольны вынадзiць з яго выразныя гукi пахвалы. Кожнага вечара я круцiла i збiвала бялок, цукар, смятану i лiмонны сок, пакуль нарэшце мне ўдаўся круты крэм, якi ўжо нiчым не адрознiваўся ад шматхвалёных Iдзiных ласошчаў i смакошчаў. Да прыезду бацькоў з Цюрынгскага адпачынку я збiла з дваццацi яек вялiкую мiсу лiмоннага крэму, якую такую мой бацька цi бачыў калi за ўсё сваё жыццё, i ўявiла сабе, як ён будзе вялiкай лыжкай зусiм адзiн есцi яго, час ад часу кiдаючы на мяне ўдзячныя позiркi, адной мне.

Ён на маiх вачах упароў паўмiсы лiмоннага крэму. Гэта зрабiла Розi, цiха сказала Iда. Як незамужняя швагерка яна пачувала сябе ў нас падсуседкай, якую толькi трывалi, i жыла ў вечным страху, што калi-небудзь бацька папросiць-такi яе, як заваду ў доме. Мусiць, ён не пачуў Iдзiнага ўказання на маё аўтарства лiмоннага крэму, магчыма, гэта яго i не цiкавiла. Хто ведае, што здараецца з людзьмi на вайне. Для майго бацькi здавалася зусiм нармальным, каб яго любiмы дэсерт у дастатковай колькасцi стаяў на стале, заўдзячацца i перападаць за гэта нiкому не збiраўся. Ён жэр i жэр. А мяне неўзабаве запхнулi ў ложак.

Нейкая дзiўная ў Вас логiка, Роза, сказаў Берэнбаўм. Я пытаюся ў вас, цi Ваш бацька камунiст, а Вы адказваеце, што ён быў дырэктар школы i што цяпер ён мёртвы. Дык жа цi быў ён кмунiст?

Ён гэта разглядаў так.

А вы?

Я не ведаю, што такое кмунiст.

Камунiст ёсць кожны, якi змагаецца за камунiзм. А камунiзм, сказаў Берэнбаўм, ёсць, як сказаў Брэхт, самае простае, што цяжка зрабiць. Вы хочаце справакаваць мяне, Роза, натуральна, як гiсторык Вы гэта ўсё ведаеце.

Я сказала, што камунiст кожны, хто дзiцяцi, якое яму дорыць вялiкую мiску лiмоннага крэму, не дзякуе, бо ён якраз заняты сусветнай рэвалюцыяй. Гэтая дылема вызначае жыццё камунiстаў ад пачатку да канца, i я апасалася, што камунiсты хутчэй падымуць у паветра ўсю зямлю, чым дапусцяць, каб яна была некамунiстычнаю, бо для камунiстаў няма нiчога больш важнага за камунiзм. Зайшло ўжо аж так далёка, што ўсякае свiнства, якое яны ўчыняюць, называюць камунiстычным, бо вытрываць не могуць, каб нешта заставалася не камунiстычным. Магчыма, што мой бацька усё гэтую прыгоду з лiмонным крэмам таксама называў камунiстычнай, бо не мог сабе ўявiць нiчога iншага i iнакш. Па Берэнбаўме я бачыла, што ён не мог прыняць маёй праяўленай шнапсам логiкi. Лiмонны крэм. Што камунiзму да нейкага там лiмоннага крэму. Ён з прыкрасцю патрос галавой. Вiдавочна, што ў мяне былi цяжкiя адносiны з бацькам, сказаў ён, i ў яго ўсё перамяшалася, прыватнае з грамадскiм, што якраз i не сведчыць пра навуковае бачанне свету.

Я эмпiрычка, сказала я. Толькi эмпiрыкi мелi б магчымасць паразумнець пад старасць, бо вопыт гэта адзiнае, што з узростам прыбаўляецца, тым часам як усё астатняе, таксама i здольнасць мыслiць лагiчна i навукова, у старасцi памяншаецца, што закладзена ў дэфектах нервовых канчаткаў i памылковых сувязях у мазгу i што нельга паправiць нiякiм трэнiнгам i добрай воляй. Я рашыла абгрунтаваць мой вобраз свету толькi на сваiм вопыце, бо так яно з узростам не мяняецца, вопыт застаецца. I мой вопыт падказаў мне, што камунiзм i лiмонны крэм вой як жа добра спалучаюцца, як толькi натрапiш на камунiста, якi любiць есцi лiмонны крэм. Калi той, хто жарэ лiмонны крэм,-- камунiст, дык для дзiцяцi, якому ён не дзякуе, тое i другое навекi звязана. I хто напорацца на камунiстычнага забойцу, назаўсёды ўведае, што камунiзм таксама чалавеказабойчы.

Жылы на лобе ў Берэнбаўма набрынялi i пасiнелi. Я не была ўпэўнена, цi магла б я адстойваць сваю тэорыю гэтак сама i ў цвярозым стане, але ў той момант яна мне здавалася дасканалай.

Камунiзм, сказала я, налiваючы яму, а пасля i сабе шнапсу, камунiзм не можа быць лепшы за камунiстаў, не лепшы за Герберта Берэнбаўма i Фрыца Палькоўскi.

Берэнбаўм зафiксаваў свой шнапс, але не дакрануўся да яго. Фраў Палькоўскi, сказаў ён, больш не Роза, а фраў Палькоўскi. Ён пытаецца, дзе я, адукаваная, дзе я магла страцiць розум. Ён не мог наведваць нiводнай вышэйшай школы, нi унiверсiтэта, ён, аўтадыдакт, самавук, але што цэлае ёсць больш, чым сума яго частак, гэта ён ведае. Ён хацеў бы прымiрыцца са мною i ўсё яшчэ гэтага хоча, але не дапусцiць, каб я праклiнала iдэал, якому ён прысвяцiў усё сваё жыццё.

Ён шумна праглынуў слiну, ад хвалявання цi то з прагнасцi да шнапсу.

Я спыталася, цi сапраўды ён думае i верыць, што людзi будуць нараджаць пакаленнi дзеля таго, каб камунiсты маглi выпрабоўваць на iх свае iдэалы. Мой iдэал -- быць кошкай, бо каты не паддаюцца нi камунiзму нi чаму-небудзь iншаму.

Роза, сказаў ён, цяпер зноў Роза, цi ставiлi Вы калi-небудзь сабе пытанне, кiм Вы былi б пры нацызме.

Магчыма я стала б камунiсткай, сказала я.

***

Павольным крокам iшлi Берэнбаўмавыя жалобнiкi памiж аднастайных помнiкаў абапал дарогi. Пад кожным каменем папярэднiк, былы, кожны асуджаны магiльнiцкiм парадкам быць успамiнаным паводле прадпiсаннага надпiсу на надмагiльным блоку аднолькавага вымярэння. Магiльнiцкая цiшыня, магiльная цiшыня. Здалёку толькi стогны матораў аўтобусаў, якiя то спыняюцца, то ад'язджаюць. Раней я бегала праз могiлкi, як праз казкi, даверлiвыя, як праз месцы, у якiх схаваныя самыя цёмныя таямнiцы. Безлiчныя гiсторыi, якiя пачыналiся з аднолькавых формул: было раз... Тут ляжалi яны ўсе, без скаргi, пластамi адзiн над адным. Нейкую хвiлiнку яны яшчэ маглi заставацца на зямлi i ўспамiнаць сваё жыццё, пакуль наступнае пакаленне мёртвых не адапхне iх глыбей. Мая ўласная смерць занадта далёка, каб я не паспрабавала яе павабiць: прыйдзi, акажыся, пагуляй са мною. З трыумфам тых, якiя толькi што пачалi сваё жыццё, iшла я на шпацыр памiж мёртвых, якiм я, пераможца, паказала, што цяпер маё жыццё. Тут, ля аплоту безабароннай маўклiвасцi, я дала сабе пацвердзiць тое, што свет жывых дарослых не дазваляў. Тайна пахавала я тут сваiх бацькоў, цётак, дзядзькоў, настаўнiкаў i перадаверылася часу, якi стане маiм. Цяпер адбывалася так, што я чула сябе блiжэй да тых пад зямлёю, чым да бяскрыўдных шчырадушцаў, якiя, як я дваццаць гадоў таму назад, пахаджалi сярод iх.

Берэнбаўм памёр праз тры днi пасля таго, як я наведала яго ў бальнiцы. Даведалася я пра гэта з газеты.

***

Мая апошняя ўява Берэнбаўма: раззяўлены, бяззубы рот, у iм брудны, як бы зацягнены цвiллю язык, радужная абалонка яго вачэй пустая i празрыстая, два невялiчкiя круглыя акны ўсярэдзiну Берэнбаўмавай галавы. I Берэнбаўмава рука; як беласкурая яшчарка стрэлiла яна яна з-пад коўдры i скокнула раззяўленымi пашчэнкамi мне на грудзi. Адчуванне, як калi б ён дакрануўся да майго голага сэрца. Пазней я паспрабавала думаць, што гэта ж ён, мабыць хацеў схапiць мяне за руку альбо за плячо, i толькi нямогласць адвяла руку ад мэты. Але я не магла забыць паўраззяўлены выскалены рот i бясколерныя вочы, у якiх зроэнкi збеглiся ў адну маленькую кропку. Калi памiраў мой бацька, было яму шэсцьдзесят тры гады. Памёр ён дома ў сваiм ложку, недзе каля гадзiны ночы, адзiн. Спальня мацi была побач з бацькавай, з пакоя ў пакой былi дзверы. Ён не клiкаў мацi ў тую ноч. Ён не бачыў, як прыйшла смерць, альбо ён хацеў застацца з ёю сам-насам. Бацька памёр седзячы на краi ложка, калi курыў цыгарэту. Калi цыгарэта дагарэла, ён ўжо быў мёртвы. Фiльтр памiж ягоных пальцаў абвуглiўся. Гэтага ён ужо не адчуваў. Мацi, калi знайшла яго такога ранiцай, падумала, што ён седзячы заснуў. Калi яна асцярожна хацела разбудзiць яго, ён, спруцянелы, адкiнуўся назад на ложак. I з рота выпала скiвiца.

Я думаю, ён ведаў, што памiрае. Ён сеў, на развiтанне закурыў цыгарэту, як гэта робяць курцы: яшчэ адну цыгарэтку, а тады пайду. Ён нават таршэра не ўключыў. Ён не хацеў больш нiчога бачыць, нiчога чуць i нiчога казаць, нават мацi. Ён ужо даўно не хацеў нiчога казаць. Часам, калi вымушаны быў гаварыць, яго твар крывiўся, як ад болю. Ён выкладаў у школе да дня смерцi. Пытаннi, нават простыя, былi яму пакутай. Калi я наведвала бацькоў, наведвала я, зрэшты, толькi мацi, ён выходзiў у свой кабiнет, аддзелены ад жылога пакоя шклянымi дзвярмi. Дзверы былi занавешаны i цяжка адчынялiся. Кожнага разу, як бацька адольваў гэтую цяжкасць, твар яго скажала маска злосцi, быццам ён ашчадзiў усю сваю нянавiсць i ўсю роспач, каб укласцi iх у гэты акт. Безжыццёвае супрацiўленне дзвярэй, якое ён ведаў як неадольнае, мусiла для яго значыць больш, чым цяжкая перашода. Iнакш бы ён паклiкаў сталяра. Па iм можна было падумаць, што ён хацеў выхаваць дзверы, раз i назаўсёды высветлiць свае з iмi дачыненнi. У апошнiя тыднi перад смерцю ён быў такi слабы, што барацьбы з дзвярмi зусiм не пачынаў i асланяўся ад нашых гаворак гучнымi пласцiнкамi. Больш за ўсё любiў слухаць Мiрэй Мацьё. Тады я не адчувала да яго нiякай спагады. Мне было нават прыемна назiраць, як ён спакваля слабеў. Я пыталася ў сябе, як што не магла i папытацца ў яго, як гэта ён вытрымлiвае дзень у дзень стаяць перад вучнямi i гаварыць пра гiсторыю класавай барацьбы. Кожныя два гады новыя, яшчэ i не паслабленыя ворагi. Некаторыя ёсць заўсёды, якiя не саромеюцца пытацца. Што адказваў бацька, калi такi вось адважнiк хацеў даведацца, што ж там такога было з тым гатэлем Люкс i з архiпелагам Гулагам. Мяркую, ён такi распытваўся, адкуль такi цiкаўнiк чэрпае свае веды пра так званыя працэсы, дзе ён пра гэта вычытаў, ад каго прачуў, каб тады ўжо адразу, дыфамаваць крынiцу гэтай подлай iлжы альбо злосных перабольшанняў i перасцерагчы школьнiка, каб у будучым ён не прынiкаў вухам да варожай прапаганды. Гэтым самым ён паспяхова адбiваў атаку. А пытанне заставалася. З iм бацька iшоў дамоў, з iм iшоў у ложак, з iм i ўставаў ранiцай. Што рабцька рабiў з мноствам пытанняў. Проста забываўся пра iх. Разглядаў як правакацыi аслепленых падлеткаў. Калi ён таемна шукаў адказаў, спакушаны недаверлiвымi вучнямi, пра якiх ён ведаў, што яны высмейвалi яго i пагарджалi iм, бо даць адказы, якiя яны i самi ведалi, ён не хацеў.

Ён не павiнен быў рабiцца настаўнiкам. Калi б ён застаўся токарам, ён мог бы пытацца сам у сябе. Ён бы баяўся не толькi падкольных i забароненых пытанняў. За кожным пытанем ён ўнюхваў бы пагрозу, якая павiнна была б даказаць яму, былому рабочаму, яго непрыдатнасць да гэтай прафесii. Ягонае настаўнiцтва было яму адзiным, на трыццаць гадоў расцягненым экзаменам, на якiм ён мог кожны дзень правалiцца. Лексiка -- любiмая тэма ягоных урокаў. Ён вывучыў iх напамяць, строга па алфавiце, каб кампенсаваць сваю недастатковую з прычыны паходжання, вайны i палону адукацыю. Ён не слухаў опер, а толькi агляды iх. Ён не пакiдаў сабе часу нi на што ад страху застацца тым, кiм быў, падвучаным токарам з народнай адукацыяй.

За заслоненымi букамi вокнамi яго кабiнета, сам бачны толькi абрысам, Берэнбаўм аддаўся маiм роспытам. За гэта ён плацiў мне 500 марак штомесяца. Магчыма i ён хацеў толькi даведацца, цi ён, сын рабочага з Рура, аўтадыдакт, прафесар-саматужнiк, выстаiць перад маiмi пытаннямi, якiх ён публiчна нiколi цярпець не мог.

Цяпер, калi Берэнбаўм памёр, а я, сведка яго пахавання iду за труною, я ўпершыню адчула спагаду да бацькi.