Вуліца Ціхая шэсць

Раман

Марон Моніка


Частка другая

***

Мадам Разалiя, усклiкнуў Граф, грунтоўна ссунуўшыся з высокага табурэта, мадам Разалiя, якая радасць бачыць вас у гэтай фазе летняй сухменi. Граф захiхiкаў, бо згадку пра фазу летняй сухменi ён хацеў каб прымалi за жарт, якi датычыўся заключнага этапу ў працы кнайпы, "абумоўленага лiстотай" -- сонца было на зыходзе букавай заслоны. Вечар абяцаў загульны фэст з нагоды сустрэчы пастаянных клiентаў, да якiх належалi Граф i Бруна. Грамадзянскае iмя Графа было граф Карл-Гайнц Барон. Калi ён, у еўрапейскiх прафесiйных колах цанёны знаўца кiтайскай мовы i гiсторыi, за больш чым дзесяць гадоў сваёй касiрскай дзейнасцi ў таварыстве германа-савецкай дружбы, на мове Графа коратка-- "герсове", быў узнагароджаны ганаровай срэбнай шпiлькай таварыства, Бруна, каб змазаць ганьбу, узвёў яго ў стан графа.

Граф прапанаваў мне сесцi ў бары на табурэцiк, Брунох пачакае, сказаў ён. Пачакае, паўтарыў ён, расцягваючы склады i надаючы свайму голасу фатальную вiбрацыю, што мелася азначаць, што прычыну маёй прысутнасцi ён, натуральна, бачыць наскрозь. Пасля ён схiлiў галаву да саменькага вуха майго i шапнуў: ён зноў раздзеўся пры гэтай, гэтай, ну, ведаеце ўжо, я не запомнiў яе iмя. Некалькi тыдняў да таго, усё яшчэ шукаючы рознае што да "Дона Джыаванi", я сустрэла Графа на Фрыдрыхштрасэ, i ён расказаў мне, што Бруна прыматкабожыўся да адной там кельнеркi. Не, зусiм не знатная, асоба не знатная, як я зразумела, толькi гэты пранозлiвы смех, фэ--ээ, i некаторыя часткi цела, ну, зусiм непрыстойна схiльныя да паўнаты, фэ, дрэнь, дрэнь, дрэнь. Граф заклапочана патрос галавою, што нiяк не магло прыхаваць пажадлiвага выразу у ягоных вачах. Зусiм не знатная асоба, а гэта для такога чалавека як Брунох, яшчэ раз паўтарыў Граф i, не без беглага намёку на пацалунак у руку, адкланяўся.

Цяпер ён выселiўся, бо зусiм нечакана атрымаў алергiю, падобна на тое праз ката з хатняй гаспадаркi гэтай дамы, шаптаў Граф, але хто табе скажа, адкуль на самай справе ўзялася тая яго алергiя. Corpus nos veritatem cognoscere docet, вох, пардон, мадам Разалiя, я забыўся, цела падказвае нам праўду, пераклаў ён.

Нiчога, сказала я i рашыла, акрамя англiйскай, французскай i фартэпiяннай абавязкова спасцiгнуць яшчэ i асновы лацiны.

У мяне была цётка па матчынай лiнii, сказаў Граф, якая хацела развесцiся са сваiм не дужа старэйшым за яе мужам, пры разглядзе пытання вiны прад'явiла ўрачэбнае заключэнне пра даказаную алергiю на цялесныя выпарэннi свайго мужа. Фактычна яна пакутавала ад гнюсотлiва мокрых скураных высыпанняў на ўсiм целе. Але як што цётка была вельмi ўплывовая i заможная, што i было зрэшты difficulte разводу, яе западозрылi ў тым, што яна купiла сабе заключэнне i хацела пакiнуць мужа праз нейкага тайнага палюбоўнiка, што гэтак жа адпавядала праўдзе, як i той факт, што яна пасля разводу да самай сваёй смерцi ва ўзросце дзевяноста двух гадоў мела бездакорную скуру. А цела падправiла толькi Брунахава невялiкая прамашка.

Граф вымаўляў iмя Бруна з французскiм пранонсам як звычайна, каб нем пакiнуць у мяне анi якага сумнення што да яго непахiсна высокай павагi да Бруна.

Я была ўдзячная Графу за клопат i намогi, з якiмi ён прыдумляў усялякiя гiсторыi, каб суцешыць мяне, хоць я без ягонай балбатнi пра Брунавыя шашнi з кельнеркай напэўна ж такi нiколi нiчога не даведалася б пра гэта. Я, праўда, лiчыла Графаву тэорыю магчымага ўзнiкнення алергii фальшывай, але хацела сабе, каб ён меў рацыю i каб Брунава алергiя сапраўды павялася ад кельнеркi, а не ад ката. Бруна i я ўжо колькi месяцаў жылi асобна, але нiяк не маглi паразумецца ў пытаннi, хто каго пакiнуў. Калi Бруна настойваў, што я пакiнула яго, я была перакананая, што сама пакiнутая Брунам. I пакуль мы не мелi поўнай пэўнасцi ў акалiчнасцях нашай пакiнутасцi i паасобнасцi, нельга было, думала я, многа распiнацца пра тое, што мы сапраўды пакiнулi адно адное.

Граф расказаў, што ён учора зноў прыапрануўся, пару штаноў, пiнжак на выхад, дзве кашулi, усё вельмi носкае i да таго ж выгоднае. Яго дамы вельмi добра яму нараiлi.

Два разы на год Граф хадзiў да аднаго мужчынскага мадыста непадалёк ад сваёй кватэры i даваўся тамтэйшым прадаўшчыцам, якiх ён называў "маiмi дамамi", угаварыць сябе iхняй балбатнёй на куплю тых практычных i носкiх прадметаў вопраткi, якiх тым часам, паколькi ён нiколi нiчога не выкiдаў, вiсела ў яго шафе тузiнамi i якiя адрознiвалiся памiж сабою толькi памерам, бо рабiлiся яму цесныя. Як што Граф усе гэтыя непрывабнага выгляду курты i штаны з гумападобнага i таму нямнуткага матэрыялу называў штанамi i куртамi на выхад, яго вербальная данiна за форму жыцця, якая засталася ягоным iдэалам, хоць ён яе ў сваiм адзiнокiм жыццi нiколi не мог ажыццявiць. Ён быў парастак багатых бацькоў, як ён сам казаў, вырас сярод дзяўчатак-нянек i пасыльных. Бацька гандляваў мануфактурай, у вайну тканiнай для унiформаў, так што нават пад час, калi Брунава мацi, уцякаючы з Памеранii, замарыла свайго малодшанькага пустымi грудзямi, Карл-Гайнц Барон у дзяцiнстве папiваў нектар асалоды як прыроджаны заможнiк.

Пасля вайны ягоны бацька даў нырца недзе на захад ад Эльбы, мацi засталася са сваiм сынком у горадзе, у якiм яны абое нарадзiлiся. З таго часу для Графа паняцце "уплывовая асоба" змянiлася, i калi ён сёння яго ўжываў, дык хутчэй меў на ўвазе асобу са становiшчам, чым асобу са стану.

Перш за ўсё знатная асоба мела быць адукаванай i выхаванай, i ва ўсякiм разе, як што з усiм гэтым у яго якраз i не склеiлася, павiнна была сведчыць высокi рышпект адукаванасцi iншых. Раз на год, да дня свайго нараджэння, Граф дазваляў сабе сацыяльны атрыбут знатнай асобы, слугу, якi сустракаў i абслугоўваў гасцей. Часцей за ўсё ён ангажаваў на гэтыя мэты аднаго там, абжытага па суседстве, Райнгольда, называнага ў Бруна Рыгальдам, такога, ведаеце, цыбатага няўклюднага чалавека са звярыным зiркам, якога Граф у такiя вечары прымушаў насiць ягоны, Графаў, смокiнг, рукавы якога канчалiся недзе адразу там, каля локцяў. Два разы Райнгольда падмяняў ягоны стрыечнiк, бо сам ён з прычыны пэўнай далiкатнасцi, пра якую Граф маўчаў, сядзеў у турме. Да раскошы закарыстаць у гаспадарцы слугу ў Графа належала таксама права ўцiскаць i прынiжаць яго. За сто марак, якiя Райнгольд меў за свае паслугi, ён мусiў цярплiва выносiць, каб iм камандавалi i ўказвалi яму, паслухмяна рэагаваць на кожны нервовы кiвок Графа i, налiваючы вiно, трымаць левую руку за спiнай на паяснiцы. Тым не меней Райнгольд рабiў уражанне, што яму вельмi няблага пачуваецца ў прыдуманай яму ролi i ў досыць цеснаватым смокiнгу. Я лiчыла магчымым, што ён проста прыкiдваецца i напускае на сябе, а як што ён наводзiў на мяне страх, я i прарочыла Графу гвалтоўную смерць, можа, нават ад рукi самога Райнгольда, зрэшты бо нездарма ж Райнгольдам называўся i славуты Дэблiнаў разбойнiк. А таму яшчэ, што Граф жыў у раёне Александэрпляц, я надавала, у ранiшнiя гадзiны, гэтаму аргументу адмысловае значэнне.

Графа перспектыва забойства, ахвярай якога ён мог стаць, здавалася, зусiм не палохала. Што ён гэта выключаў, я не верыла, бо ён гаварыў з таго часу, расказваючы мне часам пра Рэйнгольда, пра яго забойцу. Мой забойца учора быў настолькi паслужны, што прынёс мне скрынку пiва, сказаў ён. Граф быў адзiн самых засмучаных людзей, якiх я ведала, i я часам думала, што, мабыць, яму было ўсё адно, цi заб'е яго Райнгольд цi не. Некалькi гадоў таму назад, у цёплы красавiцкi дзень, сядзелi Граф, Бруна i я ў Панкаве ў пiўным садку. Граф трымаў свой твар на сонцы i раптам у яго стаўся такi выгляд, як у вельмi пяшчотнага, вельмi старога дзiцяцi, i ён сказаў: я не ведаю, чаму яно так бывае, але кожнага першага мая я плачу,-- чырвоныя сцягi i першая зелянiна. Калi я бачу ўсё гэта разам, я плачу.

Не паварочвацца, мадам Разалiя, не паварочвайцеся, ён тут, Брунах прыйшоў, зашыпеў Граф праз вузкую шчылiну сваiх губоў, i разам з гэтым па-над маёй галавой фiксуючы дзверы.

З кельнеркай, спыталася я.

Адзiн, як божы палец адзiн, сказаў Граф.

А чаму я не павiнна паварочвацца?

Я б не хацеў падыходзiць да Вас вельмi блiзка, але мне падалося, што Вы ўсё яшчэ чырванееце, убачыўшы яго, i, пардон, мадам Разалiя, чырвань на твары вам не да твару.

Я спыталася ў сябе, чаму Графу так залежала, што я рабiла на Бруна такое ўражанне.

Адна рука трымала мяне за плячо, i голас Бруна сказаў: добры вечар Роза, прывiтанне, Граф.

Два пiва для Брунаха, запабеглiва крыкнуў Граф цераз канторку, як заўсёды, калi Бруна заходзiў у кнайпу цвярозы. Бруна выпiў першае пiва стоячы, прычым Граф з усмешкаю пазiраў на яго, крыху схiлiўшы галаву, быццам тое пiва павiнна было ўлiцца не праз ягонае, а праз Брунава горла.

Першыя два пiвы Бруна выпiў сур'ёзна i неяк адсутна. Яны ўваходзiлi ў яго тутэйшы рытуал, яны былi прыступкi, па якiх ён павiнен быў падымацца, каб тут, у шумлiвым i смярдзючым азылi, выгнаннi для адамашненых авантурнiкаў, быць дома. Толькi пасля таго, як цень панурасцi была ссунута з ягонага твару гарачай чырванню, ён раскрыў тыя свае ўласцiвасцi, якiя ўзвялi яго ў ранг кнайпавых асоб; гэта тытул, якi Граф увёў шмат гадоў назад i якi мог быць нададзены толькi iм самiм i iм самiм, што здаралася вельмi рэдка, адклiканы назад.

У Графа Бруна стаяў у iерархii кнайпавых персаналiй на самым версе. Брунава прысутнасць i добрая настраёвасць вырашалi, цi чакаць ад вечара вульгарнай папойшчыны, цi пiва стане акiянам для Графскага i каралеўскага вучэбнага флоту, якi Граф i кароль Брунах расставяць у баявы касы строй, каб яшчэ раз здзiвiць паганьбаваны народ нелацiнянаў.

З палахлiвай прагай налiвайлы, якi чакае радасцi альбо прыкрасцi ад частаванага, Граф выпрабоўваў на Бруна першае ўздзеянне пiва. Я ведала гульню i задаволiлася тым, каб прачытаць на твары Графа, што такога ён знайшоў у Брунавым твары. I тое вычытанае выглядала няблага.

Шчыра кажучы, мне можна было б цяпер iсцi. У Брунавым мужчынскiм жыццi мне месца не было. Я спрабавала забыць усiх гэтых мужчын, якiя памiж сабою звалiся Пецi, Шмiцi, Гайнцы, Андзi, Манi, i якiх Бруна называў "мае пiўныя сабутыльцы", забыць iх i адрозненне памiж iмi i мною. Я пiла з iмi шнапс i пiва замест вiна, я высцiплiвалася, умешваючыся ў iхнiя размовы пра паэзiю "загазаванай" галавы i сродкi драўлянай абароны, паказала сябе без памяцi цiкаўнай, прагнаю найперш да ведаў, я смяялася з iх жартаў. Але заўсёды адчувала тую напружанасць, якую ўносiла ў iхнiя гаворкi. Яе самая пэўная прыкмета была, калi яны, звяртаючыся да мяне, гаварылi ўжо не па-берлiнску, а па- верхненямецку, нiбы я была iншаземка альбо дзiця малое, з якiм след гаварыць павольна i выразна. Ты хацець пiць, га?

Кнайпа -- апошняе прыпiрышча мужчынскай свабоды, сказаў Бруна. Да гэтага належала i тое, што у сапраўднай мужчынскай пiўной кнайпе жанчына не павiнна падаваць голасу. Жанчыны парушалi парадак, якi сталявала ў сябе кожная паважаная кнайпа праз свабодную гульнюi сiлы з часам, бо ж вядома, нiводная кнайпа, як i наогул нiшто ў свеце, не выжыла б без першынствавання. У Брунавай кнайпе першынствавалi лацiнiсты над нелацiнiстамi.

У кнайпе, казаў Бруна, калi толькi яна не шарварак суцянёраў i галаварэзаў, найперш пануе прага да цiкаўнасцi. Нiшто так не палохае пiўнога чалавека, як тупагаловасць. Лацiнiсты ўнеслi ў абыход самую цiкавую частку, i таму вельмi ж, натуральна, першынства было за iмi.

Я лiчыла Брунава тлумачэнне iнфернальных сiлаадносiнаў у кнайпе iдэалiзаваным, бо Граф, якi не быў нецiкаўныы, у iншыя днi быў нават цiкаўны больш за Бруна, нiколi б не падняўся да стану валадара цесляроў, артыстаў i кулiснiка ужо хоць бы за свае абвiслыя плечы i за мяккiя, амаль жаночыя сцёгны. Больш вырашала тут не так вучонасць лацiнiста, як нiчым не прыкрытая, шчырая ваяўнiчасць, якая пераходзiла яму ў кроў ужо пасля першай прынятай кроплi алкаголю. Як замерзлы ў сцюжу хрушч, якi, калi яго адхукаеш, жыццярадасна распраўляе крылцы i спрабуе палёту, так Бруна пачынаў нервова патузваць каленам, распраўляць карак i высочваць ахвяру.

Сяды-тады ён задавальняўся тым, што заканчваў расказы iншых асацыяцыямi альбо цытатамi, якiя мамэнтам ператваралi ў нiшто ўсе намеры расказчыкаў i зысквалi Бруну буру воплескаў i рогат слухачоў. А iншым разам ён шукаў спрэчкi. Тады пагойдванне сцягна пераходзiла ў вiбрацыю, i ўжо хапала самай дробязнай заўвагi, скажам: Пецi падарыў сваёй жонцы ў дзень нараджэння гадзiннiк,-- каб падняць Бруна ў штыкавую атаку супроць дзён нараджэння, шлюбаў, дарункаў, асаблiва супроць дарэння ўсякiх там гадзiннiкаў, i ўсё гэта магло закончыцца фiласофскiм дыскурсам пра свет валодання, першы выбух матэрыi i чацвёртае вымярэнне.

На памяцi няма такога выпадку, каб Бруна ў спрэчках быў пераможаны, нават у самых iдыёцкiх. I нiхто не меў крыўды ад яго перамогi. Як што пераможаныя усяго толькi крыху недаацэньвалi сваю сiлу духу, дык iм самiм дужа залежала б, калi б Бруна, iхнi генiй Бруна, паддаўся iм.

Бруна сказаў: ну, Роза, як табе жывецца, як той статуi свабоды?

Вох, вох, вох, шаптаў Граф за плячыма ў Бруна i памахаў як веерам рукою, нiбы апёкшыся.

Добра, сказала я, i адмовiлася ад намеру перагаварыць з Бруна пра Берэнбаўма, дзеля чаго я прыйшла ў кнайпу.

Чым больш я працавала на Берэнбаўма, тым больш мацнела маё пачуццё, што я раблю нешта недазволенае. Пакуль я маўклiва запiсвала ўсё, што Берэнбаўм дыктаваў, я часта сама ў сябе пыталася, цi не раблю я сябе саўдзельнiцай, цi не раблюся ягонай хаўруснiцай, дапамагаючы яму вылiць сабе пiсьмовы помнiк. Што Берэнбаўм прывык да мяне, што па аўторках i пятнiцах ён, здавалася, нават быў мне рады, гэта толькi пагоршыла справу, прынамсi, я, каб неяк апраўдаць свае падручнiцтва пры iм, павiнна была, як шпiён, разумець i ўмець абгрунтаваць Берэнбаўмавыя прывычкi спаць, яго хваробы, яго густ, яго найсмачнейшанькае, яго тайнныя подумкi i намыслы, бзiкi i далеглiвасцi, як нехта, хто запланаваў хiтрае, падступнае забойства i перад тым дасканальна вывучае ахвяру.

Бруна сядзеў, абапершыся рукамi на канторку, на барным зэдлi i пагойдваў нагою. Роза, сказаў ён, ты павiнна быць fair. Ужо каторы год мы дапускаем цябе ў якасцi публiкi да нашага жыццёвага эксперыменту, праўда, пане Графе?

Ну ж гэтага не аспрэчыш, мадам Разалiя.

Ты ўсё павiнна суперажыць, i тое, як Маер дапiўся да цырозу, i як Курцi збег да ананiмных алкаголiкаў... I як Клiфi ўшчэнт склiфiўся i цяпер, во бач, ужо на мяжы, калi не ў межах, здаровай дэбiльнасцi, перабiў Граф.

Клiфi заўдзячыўся гэтым iмем сваiм падабенствам да аднаго персанажа з серыяла "Далас", прыдуркаватага Клiфа Барнэса. Граф, якому першаму кiнулася ў вочы тое iх падабенства, адразу з вялiкай радасцю разбрахаў гэтую неверагодную кнайпавую сенсацыю. Вы не змецiлi, якi падобны наш В. да гэтага Клiфа Барнэса, шапнуў ён аднаго разу кожнаму, мне таксама, на вушка. З таго часу ён гаварыў пра няшчаснага В. толькi як пра Клiфа i адразу ж тым мамэнтам увёў слова "клiфны", як сiнонiм слова "дурны".

Мушу прызнацца, апошнiм часам мне стала проста папярок, якi клiфны наш Клiфi, сказаў Граф. Ён ужо развiўся ледзь не да саслоўнай праблемы, Брунох.

Клiф, дыпламавана-ўступенены хiмiк, належаў да лацiнiстаў, хоць ужо i не памятаў латынi, але гарой стаяў за свой фах, як i ўсе лацiнiсты, акрамя Графа i Бруна, па якiх цесляры i прыкулiснiкi называлi ўсю шоблу рознага падбляддзя, што шамшурылася вакол абодвух.

Чуеш, Роза, сказаў Бруна, ты нават можаш назiраць Клiфава склiфаванне, толькi ты сама хочаш, выключыўшы грамадскасць, эксперыментаваць.

Нiчога не здарылася, сказала я, мая фартэпiяншчыца ўсё яшчэ закаханая.

Роза, сказаў Бруна i ўзяўся за трэцяе пiва, ужо паўгода як ты вырвалася на свабоду. Што ты там робiш, на той тваёй свабодзе, скажы нам, Роза, што.

Адзiн пенсiянер з пасуседства дыктуе мне гiсторыю сваёй сям'i для сваiх унукаў. Яго разбiў паляруш, правая рука паралiзаваная, сказала я, ужо падазраючы, што Бруна не абыдзецца адной гэтай даведкай.

Ён недаверлiва прымружыў вока. Што гэта за адзiн такi, гэты ваш пенсiянер, што аж можа дазволiць сабе такi люксус?

Ён быў урач, сказала я, астатняе нецiкава, толькi такое свайго роду даследаванне продкаў, i, каб зусiм звесцi Бруна з гэтай дарогi, я спыталася, цi ведае ён, чаму "Дон Джыаванi" так рэдка спяваюць па-нямецку.

Бруна ссунуўся са свайго зэдля. Вы чулi, Граф, Роза цiкавiцца операй. А нiколiж операй не цiкавiлася. Дык вось як яно ў цябе на свабодзе, якая дзiвосiна павялася -- у оперы ўелася. Бруна падымi свой куфаль, памахай як трафеем. За свабоду. Хай жыве свабода.

Памыляешся, апошнiм часам я дужа як цiкавiўся операмi, кiнуўся Бруна у вiр свабоды.

Ах, Граф, чаго мы не нарабiлi б, Вы i я, там, на свабодзе.

Сапраўдная свабода не мае вобраза, i нiдзе яе не знайсцi, хiба што за турэмнымi мурамi, высловiўся Граф тонам, якi не цярпеў нiчыйго, нават Брунавага, пярэчання. Некалькi iмгненняў мы маўчалi, разам падумаўшыся пра тры гады, якiя Граф, як кол асовы, тырчаў у турме. Гэта было амаль чвэрць стагоддзя таму, калi Графа пасадзiлi.

Бруна першы адважыўся зноў загаварыць. Вы маеце рацыю, Граф, свабода не месца. А калi б яна была месцам?

Я думаю, сказала я, свабода таксама месца, як i чалавек ёсць месца.

Бруна застагнаў. Граф, якому такая рэзкая калдобiстасць яўна была не ў кайф, сказаў асцярожна: пры чым, натуральна, нельга выпускаць з-пад увагi, што ў чалавека тут iдзецца пра канкрэтум, а ў свабоды наадварот пра абстрактум. I Бруна сказаў: кiнь сваю фiласофiю, нарэшце, Роза, перастань.

Я б яшчэ ахвотна дадала, што ў какрэтуме чалавека абстрактум свабоды можа iснаваць, як бунька паветра ў бурштыне, якая без бурштыну, зрэшты, нiшто, толькi паветра, i нi ў якiм разе не бунька, не пузырок, але змоўчала, бо падумала была, што Бруна i Граф толькi сапсавалi б мне гэтую цудоўную думку сваёй чыстай фiласофiяй, ды i таму, што, шчыра кажучы, мне была ўсёроўна. Я анi не цiкавiлася операй, нi не была ў тым месцы, дзе Бруна намацаў нейкую там свабоду. Мяне цiкавiў Берэнбаўм, а пра гэта гаварыць не хацелася.

Вернемся да самага ўстаялага, сказаў Бруна. Свабода гэта зазiрк у неабходнасць, з чаго вынiкае: яшчэ адно пiва, калi ласка.

Я сказала Бруна, што ў блiжэйшыя днi паяўлюся ў яго, дазволiла Графу пацалаваць мне ў руку i пайшла.

Дома я ўзяла пачатую пляшку вiна з халадзiльнiка i села ў адно з шасцi чорных крэслаў, адкупленых у Пецi. Нейкi ягоны cousin з захаду падарыў яму да саракагоддзя храмiраваныя сталёвыя трубкi i мяккiя, дыхтоўна абцягненыя грубай бавоўнай падушкi. Ужо праз два тыднi Пецi паскардзiўся на дэпрэсiю, якая забрала яго з той самай хвiлiны, як у яго ў доме паявiлiся гэтыя чорныя прадметы. Калi ж у дадатак ён даведаўся, што крэслы зрабiлi на Ўсходзе, а на Захадзе ў IКЕА яны таннейшыя, ён вылiў свой шал за ўсход, на скнару cousin'а i на крэслы, якiя ён называў --"чорныя пачвары". Можа нават, каб нiхто не бачыў, шпыняў iх нагамi. Аднаго разу ён спытаўся: калi хто хоча мець гэтыя пачвары, дык -- дзве тысячы марак за штуку. I я ўзяла.

Я сядзела з пяццю крэсламi за сталом, пiла вiно i больш нiчога не рабiла. Пяць чорных крэслаў, як пяць мужыкоў у чорных гарнiтурах, у чорных чаравiках i без галавы сядзелi вакол мяне, нiбыта збiралiся пахаваць мяне. Як мы толькi што пахавалi Берэнбаўма. Усе мы ў чорным, у чорных чаравiках. Толькi сам Берэнбаўм, нябачны сярод шаўковых падушак пад векам дамавiны, толькi ён там насiў свой галубiна-блакiтны гарнiтур.

А ў гэты вечар я сядзела сярод пяцi, як шостае крэсла, як адзiн з пераапранутых безгаловых мужыкоў, што збiралiся пахаваць мяне, сядзела i пiла вiно. На здароўе, гер-геры, налiвайце за каўнер, калi ўжо горлам не спадоблены.

Я падняла чарку. Пяцёра заставалiся нямыя i нерухомыя, што мне зусiм i не заважала. Я толькi спыталася ў сябе, цi праўда-такi гэта пяць зусiм незнаёмых, а можа нават i варожа настаўленых мужыкоў, якiя бачком-бачком, праз Пецi, ушылiся ў мой дом, каб выпрабаваць на мне сваю дэпрэсiўную сiлу, пасля таго як Пецi ўнюхаў засаду. З такiмi думкамi я спаражнiла ўсю пляшку. А калi ўстала, каб пайсцi на кухню па другую, заўважыла яе: бледна-фiялетавая касмэя з букета, часткаю якога яна ў белай вазе стаяла на стале, дзякуючы нерыкметным звiвам свайго сцябла вызвалiлася, прадралася i, як змяя, пацягнулася да мяне. Папалуднi я дала кветкам свежай вады i крыху па-новаму iх склала, i таму такое непакорлiвае вылузванне кiнулася ў вочы. Гэтую незвычайную актыўнасць кветкi я прыпiсала яе парву да святла i аддалася другой пляшцы вiна.

Бывалi ночы, калi ў маiм доме гулялi зданi. Раптам зашалясцiць у адным кутку, то заварушыцца занавеска, i гэта пры зачыненых дзвярах i вокнах; нешта лёгенька, як бы пальчыкам, паляпае мне па плячы, а нiкога ж няма i не вiдаць. Бывала яшчэ, што я ясна адчувала, што вось нехта сеў каля мяне i ўжо сядзiць цiхенька. Тады я магла быць спакойная; ён прыйшоў абараняць мяне. Калi такая чорная валтузня адбывалася ў маёй кватэры, я ведала, што была я нi асаблiва шчаслiвая нi цвярозая.

Я сядзела сярод пяцi чорных мужыкоў i спрабавала даўмецца, цi не мае iх прысутнасць чаго-небудзь агульнага з Берэнбаўмам, быццам яны тут з'явiлiя як напамiн, каб паказаць мне, чым гэта я зрабiла сябе iм iхняю. Альбо, можа, гэта яны мне зларадна паказваюць маю начную самоту. Я думала, што лепей бы я не звалакала ў дом чорных пачвар, што дай, думаю, папытаюся ў Бруна, цi не адкупiць ён iх у мяне.

У гэты момант нешта кранулася маёй скуры, так далiкатна, як лапка касiкасы, так пяшчотна, як матылёк, сеўшы адпачыць. Гэта была касмэя, якая тым часам аж настолькi аддалiлася ад сваiх сабукетнiц, што дастала да маёй супакоенай на стале левай рукi. Маё першае падазрэнне, што кветка самахоць цягнецца да святла, было цяпер без сэнсу, бо яна яўна адвярнулася ад крынiцы святла, каб схiлiцца аж да маёй рукi.

Хоць касмэя звычайна расце кусцiста i дае па дзесяць, дваццаць а то i больш кветак, гэтая, сагнутая да мяне, несла на абе адну кветку на тонкiм, неразгалiнаваным сцябельцы. Я не адважылася паварушыць рукой, бо краёчкi яе нiжнiх пялёсткаў ужо дакранулiся, тым часам як сама яна павярнула да мяне маленькi жоўты тварык усярэдзiне фiялетавага вяночка. Яна паводзiлася дзiвосна, як зачараваны чалавек.

Чаго табе, спыталася я i не спалохалася б, калi б яна мне сапраўды адказала. Яна маўчала. Але мне здалося, нiбыта яна павярнула галоўку крышачку вышэй, так што мы цяпер глядзелi адно аднаму проста ў вочы, быцццам у яе былi вочы.

Паслухай, сказала я, ты павiнна сказаць, чаго ты хочаш. Я магла б пабажыцца, што яна паглядзела на мяне, яна запрашала мяне, клiкала, але да чаго. Можа, хацела выпiць чагосьцi iншага, а не вады. Я ўмачыла палец у вiно i капнула з яго проста ўсярэдзiну жоўтага твару. На здароўе, сказала я i сама глытнула. Сваiм далiкатным сцяблом яна выцягнулася ў адну лiнiю, анiякiх пакрыўленняў па ўсёй даўжынi, аж мне здалося, што за апошнiя хвiлiны яна на некалькi сантыметраў падрасла. Паступова мне пачало здавацца, што я зразумела: яна хацела да мяне, больш нiчога.

Я ўсведамляла недарэчнасць майго пытання, тым не меней спыталася: ты закаханая ў мяне? I бегла пракантралявала рэакцыю пяцi чорных мужыкоў. Яны стаялi як пяць нармальных, не асаблiва брыдкiх крэслаў вакол стала. Мы былi цяпер адны, касмэя i я. Ты мужчына, спыталася я, цябе завуць касмэя цi космас?

Яна не адказала, i я аддалася адной з маiх любiмых iдэй пра тое, што ўсе мы калi-небудзь павiнны ператварыцца ў раслiну, жывёлу цi чалавека, я толькi не магла абгрунтаваць сабе парадку гэтых перамен, пры гэтым я, праўда, прымала за верагодныя толькi два варыянты, першы: раслiна, жывёла, чалавек, другi: чалавек, жывёла, раслiна. Непасрэдную зродненасць чалавека i раслiны я лiчыла фальшам. Падабенства розных людзей з птушкамi, малпамi, жабамi, зайцамi, катамi, свiннямi i рознага роду iншымi жывёламi было такое вiдавочнае, што ўва мне ўзнiкла падазрэнне пра нейкую поўную таямнiчасцi псiхагенетычную, калi не онтагенетычную сувязь з гадамi пастаянна ўзмацнялася i начамi, як сённяшняя зрабiлася пэўнасцю. Берэнбаўмавага падабенства да жаб нiхто, нават хто ведаў яго, не мог бы адмаўляць. Я хоць i не ведала, як выглядаў Берэнбаўм у маладосцi, прыпусцiла аднак, што бясхвостыя земнаводныя ужо тады хавалiся ў маршчынках, найперш вакол рота i на падбародку, на юнацкiм твары Берэнбаўма, як засакрэчаны здымак. Пытанне было: цi служыла Берэнбаўмава чалавечае жыццё толькi падрыхтоўкай да яго быцця як бясхвостай земнаводнай жабы, i цi ўжо ён з бегам часу i падвышкай узросту спакваля ператвараўся ў сваю будучую экзiстэнцыяльную форму, а цi цягнуў за сабою сваё даўно мiнулае жабiнае жыццё без нiякiх пра яго ўспамiнаў i толькi па волi лёсу праз гэтае, як у нас усiх, праз нашае.

Цi была ты ўжо раз чалавекам, цi толькi мусiш iм стаць, спыталася я ў сваёй касмэi, якая цяпер, калi я ёй аддалася, рабiла разнапружанае i задаволенае ўражанне. Нават адзiн лёгкi згiн сцябла дазволiла яна сабе зноў. На здароўе, мая мiлая, сказала я, шкада, але ты нешта ведаеш i не можаш сказаць, я змагла б сказаць, але я не ведаю.

Гэтая думка была якраз тое, што дало майму п'янаму мозгу ключ да таямнiцы.

Вядома, гэта было зусiм проста, самы патайны i самы мiлы варыянт маюць яны, ЯКI прыдуманы для нас. Спярша чалавек, пасля жывёла, тады раслiна. Чым глыбей мы пранiкаем у таямнiцу, тым больш маўклiвейшыя мы павiнны рабiцца i быць. Так проста. Значыцца перд мною, у мяне, яшчэ два жыццi. Хацелася б спадзявацца, што мне не дастанецца жыццё хатняй жывёлы, варвёркi ў коле цi свiннi на закол. Але i перспектыва банальнага жыцця капусты цi салаты таксама наводзiла на журбу, i я жадала сабе, каб касмэя не раскрывала мне маёй жахлiвай маўклiвай будучынi.

Яна лёгка калыхнулася на сцяблiнцы, што магло азначаць што хоч, усё магчымае. Я надта стамiлася, каб яшчэ i разумець. Добранач, сказала я, i ўсяго добрага, магчыма, ты станеш ветрам, i мы зноў сустрэнемся. I тады я пацалавала яе.

***

Першы падняўся сiвы масiўны мужчына i дробненька патрухаў наперад, мэтанакiравана, нiбы ён дакладна ведаў, у якiм месцы яму спынiцца. Ён схiлiўся над труной цi то перад партрэтам Берэнбаўма: Дарагi Герберт. Я зiрнула на твары музыкаў, яны, бадай, нiчога не бачылi i не чулi. Альбо яны лiчылi нармальным, што мужчына звяртаецца да труны цi то да фатаграфii са словамi "дарагi Герберт". Я была пэўная, што ўсе жалобшчыкi Берэнбаўма былi атэiсты. Тым больш гэты мужчына, якому далi месца ў першым радзе i якi , падобна на тое, будзе гаварыць прамову. Чаму -- а няўжо ж такi i ён думаў, што Берэнбаўмава душа лунае недзе тут памiж альбо над намi, можа, нават рыхтык над сваёй смяротнай абалонкай, i прыслухоўваецца да нас ,-- чаму ж бо тады ён кажа адгабляваным дошкам "дарагi Герберт". Мiстычнаму смактанню смерцi, мабыць, не могуць супроцьстаяць нават найнепахiснейшыя атэiсты. Мужчына павярнуўся да тых, што сядзелi. У яго быў тлусты, выласнены твар, якi напалавiну складаўся з двайнога падбароддзя, на якiм разлёгся сам падбародак, як добра залечаны шнар. Двайное падбароддзе разраслося ад нiжняй скiвiцы праз шыю аж да грудзей. Гэта было самае-такое падбароддзе, якога другога такога я нiколi не бачыла, хоць i даўно цiкавiлася псiхалагiчнымi аспектамi двайных падбароддзяў. Бываюць натуральныя i ненатуральныя двайныя падбароддзi. Натуральныя рабiлiся такiмi ў вынiку ненажэрства, ненапiўства, старасцi альбо прыналежнасцi, я б сказала, такой сваёй канстытуцыi, i часцей за ўсё выдатна ўпiсвалiся ў агульную гамонiю выразу i формы ўсяго твару; Дантон цi той жа вам Бах без двайнога падбароддзя проста непамысныя; гэтак жа непамысным здаецца Iсус Хрыстос з двайным падбароддзем. Натуральнае двайное падбароддзе ў нашым досведзе пра чалавечы твар ну анi ж на што не прэтэндуе, часам нават у вочы нам не лезе. Ненатуральнае ж двайное падбароддзе, наадварот, адразу схiляе цiкаўнага сузiральнiка папытацца пра паходжанне гэтай торбы мяса на шыi.

За многiя гады назiранняў я вывела сабе, што ненатуральныя двайныя падбароддзi былi выключна прадуктам ненатуральных прафесiй; а як што яно ў нас цяпер лiчы што ўжо i няма тых натуральных прафесiй, дык след гаварыць пра адмыслова i асаблiва ненатуральныя прафесii. Па дарозе ў даследчую iнстытуцыю Барабаса, якою я хадзiла пятнаццаць гадоў кожны дзень, апрача нядзелi i святаў, уздоўжкi Шпрэе на нiжнiм выхадзе з вакзала на Фрыдрыхштрасэ, я судашала пропадзь такiх двайных падбароддзяў ва ўнiформах, нават i не спрабуючы растлумачыць сабе гэты псiхалагiчны феномен. Нiшто ў тварах мужчын не паказвала на заганнае эпiкурэйства. Яны былi ў большасцi маладыя, iх скура была даволi пругкая, каб утрымаць у сабе крышку залiшнюю вагу ў форме. Толькi пасля паездкi на цягнiку ў Балгарыю мне адкрыўся гэты феномен. Гэтакiя ж самыя, дзiўна падобныя памiж сабою маладыя мужчыны правяралi пашпарты у пасажыраў, прычым яны насiлi на шыi складныя пiсчыя пульцiкi, на якiя яны клалi пашпарты, калi правяралi i гарталi iх, а ў канцы агляду прастаўлялi штэмпелi. Iхняя праца патрабавала, каб яны ўвесь час прыцiскалi падбародак да грудзей, быццам яны цэлы дзень напралёт пазiралi на наскi сваiх ног. Калi б яны пры гэтым пакорлiва схiлялi плечы i каркi, з iмi нiчога не сталася б. Бо iх целы адначасова мелiся служыць сiмваламi дзяржаўнага аўтарытэту, яны мусiлi, насуперак усякiм анатамiчным запаведзям, на ўладарна напружаных нагах выпiнаць дугою жывот i грудзi i пад прамым вуглом схiляць над iмi галаву, што нават у вельмi тонкiх людзей выпiрае валляк памiж падбародкам i шыяй, якi пры больш-менш даўжманым утрыманнi ў гэтай позе паступова як бы застывае ў ненатуральнае двайное падбароддзе, такое, ведаеце -- пыдбараддзе.

Чалавек з ненатуральным двайным падбароддзем, з якiм я аднойчы сустрэлася, расказваў пра Берэнбаўмава дзяцiнства ў Рурскай вобласцi i яго цвёрды класавы iнстынкт амаль такiмi самымi словамi, якiя Берэнбаўм дыктаваў мне. Я чакала фразы з карапузам: "яшчэ малым карапузам я ведаў..." Двайное падбароддзе туга i ружова ляжала на тулаве мужчыны. Над iм, якраз пасярэдзiне галавы, невялiкая, круглая, мускулiстая адтулiна -- рот. Яшчэ малым ён ведаў, што сэрца сядзiць злева, а вораг стаiць справа, сказаў ён, "карапуза" ён выкраслiў.

Я дапусцiла, што чалавек быў Берэнбаўмавым настаўнiкам цi супрацоўнiкам, асаблiва паспяховы супрацоўнiк, магчыма нават, паслядоўнiк, ва ўсякiм разе ён ведаў мемуары, i таму цяпер сам Берэнбаўм гаварыў сваю ўласную надмагiльную прамову.

Цяжкiя, поўныя нягодаў часiны эмiграцыi, сказаў мужчына. Нi слова пра гатэль Люкс. Пакуль ён гаварыў, двайное падбароддзе калыхалася i трапятала як у расклохтанага iндыка. Я без адрыву глядзела на гэты валляк, i чым даўэй тапырылася, тым большы, здавалася, ён рабiўся. Што, калi зараз лопне, падумала я, як надзьмутая жаба; цi было калi такое -- лопнутае двайное падбароддзе; i што там было ў iм, усярэдзiне гэтага напятага, чырвонага двайняка. А тады-- табе: праз месiва тлушчу, крывi i скраўкаў скуры вывальваюцца чэрвi з труны маёй бабулi па бацькавай лiнii. Я заплюшчыла вочы, адкрыла, зiрнула на музыкаў, спадзеючыся, што iх абыякавасць прагонiць агiдную ўяву, я старалася не глядзець на прамоўцу,--нiчога не памагала: з раззяўленага падбароддзя сыпалiся тлустыя, укормленыя, белыя трупныя чэрвi.

Мой страўнiк захваляваўся. Спазматычнымi падачамi ўгору ён спрабаваў вызвалiцца ад свайго змесцiва. Я выцерла з лоба халодны пот. Пад пальцы ўлезла пакамячаная газета ў кiшэнi палiто. Але ж не магла я на Берэнбаўмавым пахаваннi адкрыта бляваць у газету толькi з той прычыны, што ў прамоўцы двайное падбароддзе. Чым бы гэта адагнаць мляўкую млосць агiды. Трэба неяк адкараскацца, але як. Я расшпiлiла палiто, зацiснула далоняй жывот.

"Era gia alquanto
avanzata la notte
, quando nelle mie stanze, ove soletta
mi trovai per sventura...a"

Я, праўда, не ведала сэнсу гэтых вершаў, але затое так многа наслухалася "Дона Джыаванi, што амаль усе арыi магла падцягваць, па-iтальянску.

"...entrar io vidi
in un mantello avvolto
un uom che al primo istante
avea preso per voi;
ma riconobbi poi
che un inganno era il mio..."

Я моўчкi спявала, аганяючыся ад двайнога падбароддзя i млосцi ў страўнiку. Я спявала, i я чула, як спявала. У мяне быў голас Бiргiт Нiльсан. Мой спеў струмянiўся як кроў па маiм целе, у рукi, ногi, галаву i страўнiк, так гучна, так настырлiва, што ўжо больш нiчога чуць не магла, акрамя майго ўласнага цудоўнага Нiльсанаўскага голасу i плачу Донны Анны.

***

Я прачнулася, i мне балела галава, i дацiналi нейкiя дыфузныя ўспамiны пра пагрозлiвы сон. Была пятнiца, базарны дзень i дзень Берэнбаўма. Ужо шэсць тыдняў я працавала ў Берэнбаўма, i гадзiны, калi я шкадавала, што дапусцiлася да такой справы, множылiся. Праўда, я строга трымалася сваёй пастановы выключыць галаву з любой вытворчай дзейнасцi, змаўчаўшы тым часам Берэнбаўму, што я думала пра яго i ягоныя мемуары. Але што я шмат над гэтым думала, што я цэлыя днi i папаўночы распiналася ў звягах з Берэнбаўмам, гэтаму перашкодзiць я не магла.

Пры нашай апошняй сустрэчы ён прадыктаваў мне: "Абапiраючыся на багаты скарб вопыту ленiнскай партыi i на яе братэрскую дапамогу, наша партыя павяла рабочы клас да перамогi i назаўсёды збудавала сацыялiзм у першай рабоча-сялянскай дзяржаве на нямецкай зямлi". Нiчога асаблiвага ў сказе, усяго адзiн з тысяч напiсаных i сказаных сказаў, якiя з часам гэтак жа мала кiдаюцца ў вочы, як i колькасць сiвых валасоў на галаве ў чалавека, якога бачыш кожны дзень. Але гэты сказ я павiнна была напiсаць сваёй рукой. За гэта мне плацiлi, каб я пiсала. Не будзь я такая пэўная, што Берэнбаўм чакае майго пярэчання, я спыталася б у яго пра пяць фальшаў, якiя былi ў сказе.

Была пятнiца, быў Берэнбаўмаў дзень. Снедаючы, я як бы перажывала пачуццём сон, якi пакiнуў ува мне нейкую лiпкую няўдобасць. Успамiн пра яго лунаў па пакоi, як фантом, i як толькi я да яго наблiжалася, распускаўся ў нiшто. Я выпiла адну таблетку ад галавы. Было палова адзiнаццатай. Яшчэ чатыры з палавiнай гадзiны да службы ў Берэнбаўма.

Я якраз хацела прыняць гарачую ванну, калi пазванiлi. Iрма прыйшла з рынка. Яна пашлёпала мiма мяне на кухню. У цябе яшчэ ёсць час, сказала яна i паставiла кош з пакупкамi каля халадзiльнiка. Я купiла марынаваныя гуркi, мае дзецi так любяць марынаваныя гурочкi. А ты любiш марынаваныя гуркi, спыталася Iрма, iдучы па калiдоры ў пакой. Я прабегла за ёю. Яна з уздыхам упала ў чорнае крэсла. Iрма была няўклюдная, але не тоўстая. Нягледзячы на гэта тры крэслы былi занятыя, як яна села. Заўсёды, сядаючы за маiм сталом, Iрма займала тры крэслы. Было немагчыма сядзець у адным, калi злева i справа ад таго, на якi села Iрма, стаялi яшчэ два. На задняе бiлца левага яна паклала руку, а над сядзеннем правага падымалася вострае каленца нагi, костачкi якое пакоiлiся ў Iрмы на сцягне. Я лiчыла такую позу напружлiвай; Iрма не.

Мне трэба з некiм пагаварыць, сказала Iрма, ты не ўяўляеш сабе, якая я разбiтая.

Я падумала, што яна была такая ж разбiтая, як заўсёды, калi званiла мне ў дзверы. Неразбiтая Iрма не заходзiла. Толькi пры кожнай новай разбiтасцi даведвалася я, што пазаўчора ёй сапраўды страшна добра пасвяткавалася з некалькiмi страшна добрымi сябрамi.

Я лiчыла немагчымым ненавiдзець Iрму.

Што, спыталася я.

Ты не слухаеш навiн. У навiнах яны сказалi, што на руска-кiтайскай гранiцы зноў стралялi. Iдзе вайна, гэта ж ясна.

Iрма ўзяла адну з маiх цыгарэт.

Мне абсалютна ясна, што цяпер iдзе вайна, сказала яна, разявiўшы пры гэтым толькi ўнутраныя дзве трацiны свайго шырокага рота, куточкi губоў трымала амаль закрыта,--манера гаварыць, якую я ведала ў Iрмы i якая давала слухачу зразумець, што толькi што паведамленае само сабой разумелася i наўрад цi варта было дзеля таго расхлябеньваць рот на ўсю сцежу.

Пачатак савецка-кiтайскай вайны Iрма аб'яўляла ўжо каторы раз, так што я аж была паверыла, каб устрымацца ад лiшнiх праяваў здзiўлення, што Iрма зноў упарола дурноту. Яна раззявiла рот на ўсю поўнiцу дзеля шырокай усмешкi, якая вывалiла верхнi рад зубоў разам з дзяснамi, i сказала: я думаю, ты няправiльна разумееш мяне, вайна ёсць. Рускiм цяпер якраз патрэбен вораг. Яны не могуць пракармiцца, неверагодна, але яны не могуць пракармiцца, разумееш ты. Iрма ўсё яшчэ выскалялася. У Еўропу сунуцца не важацца, вось iм i трэба пракруцiць вайну з кiтайцамi. Гэта ж абсалютна ясна. Iрма пахiтала сваёй вялiкай галавой, узмацнiла ўсмешку да глыбокага, спачувальнага смеху i сказала: значыцца, я магу табе зусiм нiчога не гаварыць, i так усё ясна.

У яе iнтымна-глыбокiм веданнi рускай палiтыкi Iрма спасылалася на рускую бабулю, якая ў дваццатыя гады прыехала ў Берлiн артысткаю i там выйшла за немца. Доля рускай крывi ў ёй, сцвярджала Iрма, робiць яе здольнай на глыбокi зазiрк у рускую душу, як гэта наўрад цi даступна рацыянальным немцам.

Думаеш, гэтым разам сапраўды вайна, спыталася я.

А што ж яшчэ, сказала Iрма рэзка хiхiкнуўшы, тады i цяпер з амаль закрытымi куточкамi губоў: значыцца, сапраўды, так, калi б у мяне не было дзяцей, я пакончыла б з сабой. Хто гэта вытрывае, каб толькi чакаць, што яна пачнецца. I нельга нiкуды з'ехаць, нi ў Новую Зеландыю, нi табе ў Аўстралiю. Ужо нават дзецi мае мараць пра вайну.

Я змоўчала, не сказала, што нiколi не марыла пра вайну.

Я ўвогуле не разумела, чаму людзi больш баяцца ўсеагульнай смерцi, чым сваёй уласнай. Нiбыта яно лягчэй памiраць аднаму. Ноччу прачнуцца, разумеючы, што вось цяпер якраз i маеш памерцi, адзiн, без развiтання, i каля цябе няма нiкога, хто паабяцаў бы нешта манлiвае пра той свет, нiкога, хто сказаў бы, што вось скора там i пабачымся зноў; гэта была б страшная смерць.

Боль у галаве перапоўз на патылiцу i аж да плячэй. Я не ведала, як суцешыць Iрму. Калi вайна ўжо iдзе, ты заўсёды яшчэ можаш забiць сябе, сказала я.

У цябе што, фантазii няма, спыталася Iрма, цi гэта зусiм цябе не цiкавiць.

Я сур'ёзна лiчу, сказала я, усё сваё жыццё мы ведаем, што мусiм памерцi, а тым часам жа не забiваем сябе, прынамсi, большасць гэтага не робiць. Iрма, сказала я, мне страшэнна балiць галава. Iрма падцягнула калена i руку. Я думаю, усе мы тут павар'яцеем, ты не думаеш, што ўсе мы тут павар'яцеем. Цi ж не смех: усе мы вар'яцеем, але зусiм гэтага не заўважаем, бо ўсе разам памалу вар'яцеем, а таму i не можам заўважыць гэтага.

А такi ж бо смешна, сказала я.

Раптам Iрма прыцiхла i ўмасцiлася ў адным крэсле. Спаднiца ў яе закачалася вышэй худых каленяў, на якiх звычайна мясiстыя i калонападобныя ногi лёгка ўбiралiся у мышцы, занадта вялiкiя, кранальна дзiцячыя ногi, нязграбнасць якiх кiдалася ў вочы праз Iрмiну любоў да ярка чырвоных ажурных гольфiкаў. Мне было шкада яе. Так у мяне было з Iрмай заўсёды: альбо ненавiдзела яе, альбо шкадавала.

Хочаш чаю, спыталася я.

Я зраблю марынаваных гуркоў, дзецям, мне ўжо й самой палепшала, праўда. Можа, яно было б найлепш, калi б мы ўсе павар'яцелi, не думаеш, што было б самае лепшае.

Я сказала, што i па-мойму гэта было б няблага-такi, i падумала, што я звар'яцею тут, на месцы, калi яна не перастане.

Зачыняючы за ёю дзверы, я рашыла, што цяпер ужо адчыню не раней, чым калi буду выходзiць на працу да Берэнбаўма. Цi магла я рашыцца яшчэ й iсцi на рынак, калi б нарэшце выкiнула з галавы Iрму з яе крутымi iдэямi, i тады не дайшло б да спрэчкi з Берэнбаўмам. Але так вось яно склалася з Iрмай, яна пайшла задаволеная, як наедзены вампiр, а я засталася, спустошаная i бяскроўная. Iрмiна думка, што ўсе мы разам павольна, не заўважаючы таго самi, вар'яцеем i такi павар'яцеем, чаплялася за мяне аж да самага Берэнбаўмавага дома. Была пятнiца, Берэнбаўм адчынiў сам. На iм была светлаблакiтная кашуля пад цёмнасiняй, мне яшчэ невядомай вязанай кофтай, шэрыя штаны i не як заўсёды бардовыя скураныя пантофлi, а чорныя зашнураваныя чаравiкi. Ён усмешлiва, у добрым настроi, павiтаўся, нiбыта толькi што перажыў нешта нязбыт якое радаснае альбо нечагась такога чакаў. Мне ўсё яшчэ балела галава, i Берэнбаўмаў непрыхавана радасны настрой дражнiў мяне.

Такiм ён, вiдаць, бываў раней, калi рука яшчэ не боўталася на суглобе, калi ён яшчэ падпiсваў ёю назначэннi i звальненнi, уладна паляпваў па сталах, засядаючы на нарадах, альбо падаваў яе, вiтаючы iншых магутаў свету гэтага. Неразбуральны, адораны вечным жыццём Берэнбаўм.

Добра, што Вы тут, сказаў ён, я чакаю незвычайнага госця. Сёння мы пачнём трошкi пазней.

Ён правёў мяне ў пакой, у якiм прымаў мяне першага разу i ў якi з таго часу я нi разу не заходзiла.

Я мушу сёння пазлаўжываць Вамi, але не палохайцеся, фраў Палькоўскi, нiякай працы галаве, нiякай разумовай працы. Зараз вось прыйдзе пiсьменнiк, Вiктар Сэнсман, ён, кажуць, напiсаў некалькi вельмi цiкавых кнiг, я iх не ведаю, не чытаў, але мне дакладвалi. Я б хацеў папрасiць вас пабыць на сустрэчы i занатаваць ход гутаркi.

Вы не давяраеце яму, спыталася я.

З мастакамi трэба быць асцярожным, яны лёгка заводзяцца, калi заходзiць пра iх мастакоўскую свабоду. Вы што-небудзь ведаеце пра яго?

Я чытала дзве яго кнiгi, лёгкiя, на лёгкую ж пацеху палiтычныя раманы, якiя абавязаны сваiм поспехам непаразуменню, сваёй крыклiвасцi. Сусветнавядомыя iсцiны Сэнсман пераказаў так спаважна, аж можна было падумаць, што сярод iх крыецца ягоная, асабiстая, гэтым разам ужо самая iсцiная iсцiна. Я сказала, што сама хоць i чула пра Сэнсмана, але каб чытаць, дык нiчога ягонага не чытала.

Берэнбаўм папрасiў дапамагчы накрыць стол на каву. Левай рукой ён адчынiў шкляныя дзверцы шафы, у якой стаяў мэйснэраўскi кафейны сервiз, дэкараваны вiнаградным лiсцем. Тры кубачкi i ўсё, што да гэтага яшчэ патрэбна, сказаў ён i пайшоў, шпарчэй i спаважней, напружаней, чым звычайна, у кухню, паставiць вады на каву.

Берэнбаўм i я разам накрылi кафейны столiк для госця, якога мы разам чакалi. Я адзначыла свае руцiнныя, звыклыя рухi. Рабiла ўсё машынальна. Сподачкi, кубачкi, дзе, калi ласка, лыжачкi. Вось гэтак сама я з мамаю, калi яшчэ жыў тата, кожнае нядзелi накрывала кафейны стол. Нешта фамiльярнае пайшлося памiж Берэнбаўмам i мною, нейкая забароненая нармальнасць.

Нарэшце пазванiлi. Берэнбаўм трошкi памарудзiў, iдучы да дзвярэй, нiбыта не хацеў стварыць уражанне, што чакаў госця нецярплiва.

Вiктар Сэнсман выглядаў як i на фота, якое я бачыла: бледны твар, на якiм рэзка праступалi шырокiя косцi скiвiц, маленькiя, нiбы агорнутыя вечнай усмешачкай вочы, высока ўскiнутыя бровы пад наўскаса змаршчыненым лобам, усё выдавала намаганне кожнае хвiлiны рабiць уражанне цiкаўнага i разважлiвага чалавека. На iм былi джынсы i зямлiстага колеру ваўняны жакет са скуранымi налокатнiкамi. Берэнбаўм прадставiў мяне як сваю правую руку i ў доказ таго паклаў на стол дрыготлiвы кавалак мяса, якi я мела замяняць яму.

Ён не давярае мастакам, сказала я, каб растлумачыць маю прысутнасць.

Законна, законна, паспешлiва сказаў Сэнсман, з чаго нiяк не вынiкала, цi ён ухваляў Берэнбаўма, цi яму пагражаў.

Я налiла кавы. Сэнсман падзякаваў лёгкiм мiгам вачэй. Што прывяло яго сюды -- гэта непаўторна яркая бiяграфiя Берэнбаўма, сказаў ён. Мне здалося гэта залiшне, але даравальна, зрэшты ж ён мусiў неяк дагадзiць Берэнбаўмаваму настрою, пры патрэбе, можа, нават улесцiцца, калi ўжо хацеў нешта выкалупаць з яго. Мне нават хацелася ягоную перабольшаную ветлiвасць -- амаль кожны свой сказ ён пачынаў з "гер прафесар" -- прыняць да ведаму як iронiю альбо знак суверэннай пагарды. Берэнбаўм жа, праўда, не даў сабе клопату распазнаць у гэтым нешта iншае, чым толькi высокi рышпект. Не трэба было быць Сэнсманам, каб ведаць, што ён нiякi не агiтатар, не "патрасацель умоў i ваабражэнiй". У ягоных кнiгах таксама не было нiякiх мяцежнiкаў духу, толькi нейкiя безабаронныя стварэннi з высахлымi душамi, так што я, чытаючы, пыталася ў сябе, як ён мог на працягу ўсяго пiсання дабравольна вытрымлiваць кампанiю гэтых герояў, не зрабiўшыся мяцежнiкам за iх цi супроць iх. Ён быў танчэйшы, чым я думала, сухашчавае цела без плоцi i мышцаў, перад якiм ён накрыж i вуглавата трымаў свае верхнiя канечнасцi, чым вельмi нагадваў садовае крэсла-складанчык. Ён крануў мяне, i хоць кволая постаць i яе адбiтак у ягоных кнiгах хутчэй адгiджвалi, я не магла выносiць самога дапушчэння, што ён думае пра мяне, як я думала пра хатнюю служанку, што менавiта яна i была Берэнбаўмава крэатура. Мне падцiскала i падпiрала намякнуцьь яму, што ён, калi хоча займець хаўруснiцу супроць Берэнбаўма, можа мець памянёную ўва мне i што ён мог бы разлiчваць на мяне.

Недзе праз паўгадзiны я ўжо стаяла памiж люстранымi дзверцамi шафы i абцягненым аксамiтам гарнiтурам, вiшчала i палiвала, як магла Сэнсмана, называла яго смярдзючым дрыстуном, а Берэнбаўма вузкалобым бонзам, чыёй падручнiцай я нi хвiлiны больш быць не хачу. Прычына майго шалёнага прыпадку, дзiцячай неабмежаванасцi якога я засаромелася ўжо ў момант самога выбуху, была смешная; не менш смешная, як i дапушчэнне, што такому чалавеку, як Вiктар Сэнсман, хай сабе ён i худзюшчы, бы Хрыстос на крыжы, патрэбна маё заступнiцтва.

Сэнсман расказаў, што працуе над раманам пра жыццё ў Берлiнскiм унiверсiтэце на пачатку шасцiдзесятых гадоў, i як што Берэнбаўм у тыя часы ў унiверсiтэце чынiў важныя функцыi, ён спадзяецца атрымаць меркаванне гера прафесара пра пэўныя дакументальна мала зафiксаваныя падаплёкi. Яшчэ пакуль Сэнсман гаварыў, на твары ў Берэнбаўма расплылася амброзiя боскай шчырадушнасцi, мiласлаўя i гатоўнасцi шчодра i любадушна ўзычыць таго, падзялiцца чым ён ласкава папрошаны. Гэта быў хвалюючы час, як Вы можаце сабе ўявiць, i так неяк адразу пасля пабудовы нашага антыфашысцкага абарончага вала, сказаў ён.

Адно толькi запрашэнне ўпiсаць гэтыя словы, нiбыта былi яны як словы, скажам, "кветка, сабака i мур", абурыла мяне. Я занатавала: Б.: час пасля збудавання антыфашыва быў хвалюючы.

Сэнсман сказаў, што тады яму было чатырнаццаць, гэта мела азначаць, што ён быў занадта малы, каб нешта цяпер успомнiць, альбо што ён быў недастаткова дарослы, каб асмельвацца цяпер успамiнаць адназначна дакладна. Толькi паведамленне, што Сэнсман у той час быў на дваццаць чатыры гады маладзейшы, чым цяпер, здалося мне банальным, залiшнiм для пратакола.

Тады, сказаў Берэнбаўм, перад гiстарычным жнiўнем 61-га, яму, калi ранiцай, перш чым увайсцi ва ўнiверсiтэт, ён зiрнуў на лiпы, часта бывала ўява, быццам ён бачыць, як патокi жыццедайнага соку маладой рэспублiкi, чырвона-пульсiўна вылiваюцца з Брандэнбургскай брамы проста на прагныя, драпежныя целы ворага.

Сэнсман маўчаў, запалiў цыгарэту; выпускаючы дым першай зацяжкi, ён глядзеў на мяне. Гэты позiрк, ды яшчэ i разнапружанае, падобнае на ўздых, выдыханне дыму, справакавала мяне на подумку, быццам ён хоча пасiгналiзаваць мне пра палёгку, якую ён, глянуўшы на аднадумнiцу, мог бы атрымаць. Я падумала нават, што разгледзела просьбу ў Сэнсманавых вачах. Сэнсман не мог адважыцца на адкрыты пратэст цi нязгоду, i я павiнна яму дапамагчы.

I тады Вы самi рашылi, што лепей пускаць кроў i пабудавалi мур, каля якога маглi б дзюравiць людзям целы, сказала я.

Дзве-тры секунды было так цiха, нiбыта ўсiм дух перахапiла. Тады выступiў Берэнбаўм, усмiхнуўся Вiктару Сэнсману: але ж бо так, фраў Палькоўскi, i з такiмi поглядамi, як у вас, мы тады ў унiверсiтэце мусiлi змагацца.

А Сэнсман сказаў Берэнбаўму тонам, якi гучаў, быццам разумныя дарослыя паразумелiся за плячыма ў недальнабачнага дзiцяцi: я таксама думаю, што гэта было неабходнае рашэнне.

Я шпурнула аловак у мэйснэраўскае чарэп'е з вiнаградным дэкорам i закрычала.

***

Сярод няшчасцяў майго дзяцiнства было i тое, што мой бацька быў дырэктарам школы, у якую паводле распарадку пра параённае размеркаванне школьнiкаў я мусiла хадзiць. Мой бацька некалькi разоў спрабаваў аберагчы мяне, а найперш сябе самога, ад гэтай пыткi. Але па няўмольнай волi ўладаў мы, нават i па-за хатняй сямейнасцю, дзесяць гадоў заставалiся адно да аднаго прыкаваныя.

Адсутнасць бацькi у першыя сем гадоў жыцця зрабiла маё выхаванне справаю Iды i мамы. Бацька ўмешваўся толькi тады, калi ён лiчыў патрэбным абараняць маму ад мяне, альбо, што здаралася часцей, калi трэба было заняцца маiм палiтычным выхаваннем. Тады ён падсаджваўся да мяне за круглы стол, засланы белым з блакiтнымi гарошынкамi абрусам, i гаварыў пра аплот сацыялiзму, якi ўсупрацiвiўся iмперыялiстычным падпальшчыкам вайны, пра слаўную барацьбу камунiстаў за канчатковае вызваленне чалавецтва, пра апошнiя кроплi крывi i святыя ахвяры, якiм i ён даў прысягу. Цiкавей было, калi ён расказваў, як ён, просты рабочы хлопец, бiўся з гiмназiстамi, што ён азначаў як "мая школа класавай барацьбы". Перад словамi "гiмназiя" i "гiмназiсты" ён заўсёды рабiў кароткую паўзу, нiбыта збiраў iх, як слiну ў роце, каб потым з пагардаю выплюнуць.

Не мела значэння, пра што ён гаварыў. Толькi -- што ён сам-насам са мною сядзеў за сталом i свае словы адрасаваў толькi мне, было адзiнае, што значэнне мела. Часам я ледзьве слухала яго, а больш рабiла так, каб ён паверыў, што я слухала яго. Я намагалася выглядаць разумнай i ўважлiвай, час ад часу згодлiва кiвала, каб ён не страцiў апавядальнiцкага iмпэту. Нягледзячы на гэта яго педагагiчныя высiльваннi нiколi не зацягвалiся больш як на дваццаць мiнут. Тады ён звычайна прыцiскаў абедзьве далонi да канта стала, адцiскаўся назад, казаў: так, тады мы яшчэ разок, i iшоў у свой кабiнет.

Я прыдумвала сабе пытаннi, якiя, лiчыла, яму падабаюцца. Кожныя колькi гадоў нараджаецца такi генiй, як Сталiн?-- Кожныя сто, а можа, толькi кожныя дзвесце. Цi будуць пры камунiзме забойцы? -- Не, тады забойцаў больш не будзе. Гэта былi фальшывыя пытаннi, на iх лёгка было адказваць. Я ўсё яшчэ стаяла каля стала, чакаючы, калi ён зноў пакiне пакой.

Я пачала прыдумляць пытаннi, на якiя ён не адкажа адным сказам, раздзялiўшы яго на чатыры-пяць крокаў каля мяне, i пры гэтым зрабiла адкрыццё, без якога маё дзяцiнства, маладосць i, чорт яго ведае, што яшчэ, склалiся б iнакш. Над гэтым пытаннем я працавала цэлы тыдзень. Я была ўрэненая, што яно азадачыць яго, зробiць уражанне i што яно будзе дастаткова складанае для даўжманай размовы за сталом. Я перачакала адзiн вечар, калi мама пазней вярталася дамоў i я магла спадзявацца, што нiхто не адцягне яго ад мяне i ад майго пытання. Ён i я сядзелi за вячэрай. Ён еў памiдоры. Калi рабочы клас самы прагрэсiўны клас, сказала я, ён, як адзiны такi клас, мог бы запабегчы фашызм; чаму рабочы клас не зрабiў гэтага. Ад цынгi ў час палону бацька страцiў усе зубы. Калi ён еў хлеб, дык часта высоўваў язык i злiзваў крышкi. Ён высоўваў нiжнi рад дзяснаў над нiжняй губой i гэта выглядала, быццам ён шчэрыць зубы. Праглынуўшы нарэшце такiм спосабам адкушанае, ён спытаўся, хто мне набрахаў усяго гэтага глупства.

Горш i быць не магло. Не толькi таму, што пытанне яму не спадабалася, ён паставiў нават пад сумненне маё аўтарскае перашродства. Я баранiлася, сама ўжо не ведаю, як. А бацька быў перакананы, што я стала ахвярай варожых падкопаў, але так i не змог растлумачыць мне, хто ж апрача рабочага класа мог бы заступiць дарогу фашызму.

Ты хочаш сказаць, што вiна не на злачынцы, а на самой ахвяры, грымеў бацька.

Калi ахвяра не абараняецца, дык i яна вiнаватая, крыкнула я. Я змагалася за вiну ахвяры, як за сваё жыццё. Напал гэтага вечара глыбока залёг мне ў памяць, аж да сёння разбiрае, калi раўняюць ахвяру i невiнаватасць, што, зрэшты, часам зводзiць мае думкi на небяспечныя сцежкi.

Але найперш у той дзень я засвоiла, што я толькi тады магла зацiкавiць сабою бацьку, калi мае пытаннi яму не даспадобы. Пра вiну рабочага класа мы спрачалiся, пакуль не вярнулася мама i не спынiла.

Як што мне не ўдалося спадабацца яму, думала я з таго часу толькi пра тое, як яму не падабацца. Я больш не пыталася пра гераiчныя подзвiгi камунiстаў; я сумнявалася ў iх. Мне больш не трэба было тлумачыць, што гэта значыла, калi я дзе-небудзь чула, што свабоды меркаванняў няма. Я сцвярджала гэта сама. Мае бацькi не маглi растлумачыць спусташальны паварот маiх палiтычных поглядаў нiчым iншым, як што я падупала варожым уплывам у маiм блiжэйшым атачэннi. Падазрэнне ўпала на клас, i бацька, дырэктар, пайшоў на меры, каб усупрацiвiцца iдэалагiчнаму разброду ў 7 Б класе.

Адразу ж увялi ўрок з агладам газет, i кожны настаўнiк, здавалася, зацяўся не аддаваць нам нi ў якiм разе часткi сваiх ведаў без гэтых палiтычных уступаў. Матэматык быў не проста матээматык; матэматыка ў руках класавага ворага была iнструментам прыгнёту пануючага класа, гэтак сама бiялогiя, хiмiя i спорт.

Становiшча было жахлiвае. Толькi адно само маё iснаванне ўжо рабiла мяне вiнаватай, мяне, дачку дырэктара, якая спасобiла ўвесь клас на педагагiчныя тартуры i тое толькi таму, што паспрачалася з бацькамi.

Да таго ж я бачыла недавер у вачах аднакласнiкаў, якiя павiнны былi падазраваць, што я даносiла на iх. Каб рэабiлiтавацца перад iмi, я павiнна была больш адназначна, чым iншыя, пратэставаць супроць выхаваўчых мерапрыемстваў, часцей за iх падкiдаць настаўнiкам падступныя пытаннi; я павiнна была, калi хацела выжыць у сваiм класе, станавiцца на чале супрацiўлення.

Мне было трынаццаць. Я дабiлася, што бацька цяпер нарэшце зацiкавiўся мною. Засынаючы, я часта нават жадала, каб ён памёр.

У тым годзе вышэйшае школьнае кiраўнiцтва ўказала бацьку дэманстрацыю школьнiкаў на 1 мая спачатку пяць разоў прарэпецiраваць, гэта было ўказанне нашай школе, майму класу i майму бацьку, школе, якая самым ганебным чынам звярнула на сябе ўвагу сваёй недысцыплiнаванасцю i бяздарнасцю ў ваеннай падрыхтоўцы. Дома бацька бушаваў. Школьная iнспектарка -- iдыётка, дурная гусыня, асталопка-каза; у вынаходстве новай брыдкай лаянкi яго фантазiя далёка не сягала, ён увогуле быў без фантазii. Зрэшты ён вам не якi там казарменны гофшляйфэр, гоп-брык-дагарынагамi, ды i школа вам не муштравальны пляц. Ён нешта такое прыдумае. Але нечагась такога ён не прыдумаў. I мы маршыравалi. Па Курт-Фiшэр-Штрасэ, мiма гайка Шэнгольцэр Хайдэ да могiлак, на якiх цяпер хавалi Берэнбаўма, i назад, кожнае папалудне ад чацвярга да суботы; у суботу падаў дождж. Падчас маршыроўкi па Курт-Фiшэр-Штрасэ, каля дома, у якiм жыве пiсьменнiк Штэфан Хэрмлiн, рад, на правы фланг якога мяне паставiлi, рашыў унiкнуць тартураў уцёкамi. Мы дачакалiся невялiкай дарожкi, куды выходзiў ледзь бачны пячорападобны ўваход, якi прадзерлi дзецi праз густое кустоўе, якое аддзяляла вулiцу ад Шэнхолцэнэр Хайдэ. Там мы i растварылiся, шпарка i бязгучна, як Вiнэту, i калi б Рэнхэн Баўдэ не данесла на нас школьнаму кiраўнiцтву, нашыя ўцёкi, падобна на тое, засталiся б без наступстваў. Але Рэнхен Баўдэ накляпала на нас, хай i не таму, як яна, прыцiснутая намi да паказанняў, патлумачыла, што прынцыпова не ўхваляла нашага ўчынку, а таму, што iншых, i яе ў тым лiку, мы пакiнулi на пропадзь. Уцекачы дамовiлiся, што я, як дачка дырэктара, менш за каго яшчэ мела баяцца, а таму павiнна ўзяць на сябе ролю завадатаркi, так сказаць, канавода,-- даручэнне, якое я ўдзячна прыняла, бо яно давала мне нагоду даказаць, што я сапраўды была адна спасярод iх, свая, iхняя, i срала я на тое, што я дырэктарава дачка, i я ўвогуле мачаiспускала на тую iхнюю школу, i на бацьку, i на мацi. Але што я клала з прыборам на ўсё чыста ўсенька -- гэта цi не залiшне падазрона, як на iхнiя вочы i вушы.

Так я трапiла ў трохкутнiк памiж ван Гогавымi сланечнiкамi, бацькам i мацi. Усе ўтапырылiся на мяне: тыя раўнадушна, бацька поўны нянавiсцi, мацi -- у роспачы. Усе былi адзiныя ў адным, схаўрусавалiся. Бацька з iнспектаркай, якая ўжо больш не была дурная гусыня, нават з Рэнхен Баўдэ, хоць яна i была двоечнiца; мацi з бацькам, бо то ж ён меў рацыю; сланечнiкi вiселi на сцяне i зраслiся з ёю. Жалезнае адзiнства, якое я нечым, сама не ведаю чым, закляла, перад якiм стаяла бязрадная з немым крыкам адчаю.

Гэта было такое самае адзiнства, якое я зноў пазнала памiж Сэнсманам i Берэнбаўмам: яно спляло поўнае супадзенне паўсталых з агульных iнтарэсаў правiлаў гульнi. Гэтым разам я была служанка такога адзiнства, а не ахвяра. I зноў я стаяла памiж сценкаю шафы i абабiтай мэбляй i крычала. Што цi ж нiхто не ведае, што усе мы разам спакваля, не заўважаючы таго, дурнеем i вар'яцеем, крычала я, цi ж бо нiхто не чуў апошнiх навiнаў. Iдзе вайна, ясна ж як божы дзень, што iдзе вайна, вайна памiж чыстымi вар'ятамi, якiя не ведаюць, што яны вар'яты, i хто ведае, чаго толькi яшчэ я iм там панакрычала.

Калi я бразнула за сабою дзвярыма, перад домам стаяў кармазынава-чырвоны аўтамабiль, а праз гародчык iшоў худы, высокi чалавек. У яго быў, не -- на iм быў бледны, амаль белы твар i на iм шэрыя, нерухомыя вочы, тупыя i блiскучыя адначасова, быццам яны не маглi нiчога бачыць, альбо бачылi ўсё. Цi яно тое залежала ад майго разварушанага настрою, цi ад таго, што балела галава, хай не ўся, а толькi правая палавiна, цi можа гэта былi толькi вынiкi Iрмiнага вiзiту, але мне здалося, быццамкi я заглянула ў вочы смерцi. Гэта была мая першая сустрэча з Мiхаэлем Берэнбаўмам.

Нiякаяга шуму, толькi шалясценне апалага жухлага лiсця пад маiмi нагамi. Безжыццёва ўлёгся "гарадок" у кастрычнiцкiм туманным чадзе. На флагштоках у прадмесцях нябачныя жыхары павывешвалi сцягi, якiя абвiсла анучылiся ў поўнай бязветранi. Я ўзбегла на насыпную дарогу, адразу каля каменнай рыны, куды вецер нагурбаваў сухога лiсця, i шумна павалачыла нагамi праз гэтую ўжо загнiласць, пакуль так не выйшла з паўкола "гарадка", дзе шнуравалi машыны. Усё належыць вам, думала я, брук, дамы, дрэвы, святло за вокнамi. Усё належыць Берэнбаўму i гэтаму чалавеку з мёртвымi вачыма, магчыма, нават i Сэнсману. Я таксама належала iм, калi ўвайшла ў iхнi дом, пракляты дом нумар шэсць на вулiцы Цiхай, з персiдскiмi дыванамi i квяткастымi гардзiнамi, са сценкаю-шафай i мяккiм гарнiтурам i заржавелым бярэзнiкам на сцяне замест ван-Гогавых сланечнiкаў.

Дома, бадай што, не мела сэнсу палiць святло. Я сядзела на чорным крэсле i ўяўляла сабе, якой брыдкай i смешнай я павiнна была выглядаць, калi ўзвiлася перад Сэнсманам i Берэнбаўмам, як разбушаванае дзiця. Усё, што робiцца,-- фальш, думала я, можна рабiць толькi фальш. Кожны мой крок вядзе да памылкi, кожны рух скранае нешта фальшывае. Што гэта за свет, у якiм не зробiш нiчога правiльна. Напрыклад, мая цётка Iда, якая ўбухала трыццаць гадоў жыцця, скупаючы нататнiкi, маленькiя фальклорныя лялькi, шчаўкунчыкi i насценныя талеркi, якiя таварыства, у якiм Iда зарабляла мiзэрныя грошы i назва якога гучала так хораша: Таварыства ўраемаразумення ўсiх народаў, раздарвала ўсiм сваiм сябрам за мяжою. Што магло быць у тым фальшывага -- купляць маленькiя лялькi, каб нехта дарыў iх на знак дружбы. Калi я расказала Iдзе, даведаўшыся, што менавiта Таварыства ўзаемаразумення ўсiх народаў было фiлiялам сакрэтнай службы, яна засмяялася, сказала, што яна ўвесь час кажа, што людзям мрояцца розныя прывiды, i-- купляла гэты хлам далей, дзень у дзень, аж пакуль не памерла. I хто мог ведаць, чаго нарабiлi тыя Iдзiныя лялькi. Iх можна было б падарыць, напрыклад, амерыканцу нямецкага паходжання ў Лексiнгтоне, Кентукi. Усе нямецкiя амерыканцы займаюцца даследаваннем генеалогii, так сама i гэты, чые продкi дзвесце гадоў таму назад перабралiся з Мекленбурга ў Амерыку. Чалавек з Лексiнгтона, Кентукi, захаваў да Мекленбурга тайную замiлаванасць, якая праз ляльку, апранутую, натуральна, па-мекленбуржску, так развiнулася, што чалавек быў гатовы даведацца пра хаванае ў тайнасцi iмя самага надзейнага скакавога каня з Лексiнгтона, Кентукi, i выдаць яго таму, хто перадаваў тую лялечку, аж у вынiку балгарская сакрэтная служба перад адным забегам здолела пусцiць у ход свой парасон з атручаным вастрыём супроць каня-фаварыта, якому прадказвалi будучыню, падобную на будучыню легендарнага Мэна о'Вара i тым самым забяспечыць перамогу рускаму вогiру Анiлiну, кавалеру ордэна Савецкага Саюза, перамогу на вялiкiм мiжнародным дэрбi. Iда не змагла абвергнуць сваёй вiны ў саўздзеле ў злачынстве, нават з улiкам таго, што яна не мела анiякага ўяўлення пра падступныя махiнацыi дзялкоў з Таварыста ўзаемаразумення ўсiх народаў i ведаць не магла, якое палiтычнае значэнне надавалася забойству такога каня як Мэн о'Вар, выявы якога вiселi на сценах у Кентукскiх адмiнiстрацыйных офiсах i броварах, як у нас партрэт кiраўнiка дзяржавы. Мне выпадкова расказаў пра гэта адзiн праязны студэнт-германiстыкус з Лексiнгтона, Кентукi, якога аднойчы ўвечары граф прыгроб з сабою ў кнайпу.

Калi я мусiла выслабанiць Iдзiн пакой ад усяго, чаго яна за сваё жыццё паназвалакала, я знайшла тры кардонныя скрынкi, набатаваныя гэтымi лялькамi, якiя Iда зберагала для дэманстрацыi праяваў сваёй, нашай дружбы. Я раздарыла iх дзецям, якiя гулялi каля бачкоў са смеццем, туды я выкiнула Iдзiну бялiзну, стары абутак i ўсякую iншую спадчынную непатрэбшчыну, перш чым Iда сама абярнулася ў попел.