Ішлі гады, і сярод безлічы розных здарэнняў таго часу вялікая справа аб'яднання каталіцкага каралеўства пераможна рухалася наперад.
У жніўні 1487 года, у дзень святой Алены, паддалася хрысціянскім войскам Малага, а праз няпоўных пяць гадоў, акурат пад самы новы, 1492 год, кароль Фердынанд пасля доўгай аблогі ўзяў Грэнаду. Апошні паганскі астравок некалі магутнага каралеўства маўраў перастаў існаваць на гішпанскай зямлі, і тагачасны паэт мог з цалкам справядлівым гонарам узнёсла спяваць: «Адзін статак, адзін пастух, адна вера, адзін кароль, адзін меч».
Вядома, калі надыходзіў мір, здабыты некалькімі стагоддзямі крывавых войнаў, можна было больш увагі аддаць таму, каб на аб'яднанай зямлі пачала трыумфаваць і еднасць веры. І сапраўды, яшчэ летась па загадзе вялебнага айца Вялікага інквізітара шмат тысяч бязбожных жыдоўскіх кніг было спалена на рынках гарадоў і перад храмамі, ды і Святыя трыбуналы, якім з усё большымі вынікамі пасабляла паліцыя Святой эрмандады, з нязменнай пільнасцю і чуйнасцю стаялі на варце чысціні веры, аднак, хоць і шмат было зроблена для захавання і ўмацавання праўды, сотні тысяч няхрышчаных жыдоў усё яшчэ жылі на гішпанскай зямлі, багацеючы на ўцісканні багаверных і махлярствах і беспакарана ведучы сваю брыдкую непрыстойную драпежніцкую практыку. Пад самы корань трэба было падцяць зло.
Неўзабаве пасля ўрачыстага выезду Іх Каралеўскіх Мосцяў у Грэнаду па краіне папаўзлі чуткі і пагалоскі, што ў недалёкім часе кароль і каралева намерваюцца абвясціць эдыкт, у якім будзе прадпісана канфіскацыя жыдоўскіх маёнткаў і выгнанне ўсіх жыдоў з межаў каралеўства. Весткі гэтыя, хоць яшчэ і няпэўныя, знайшлі сама прыхільны водгук у шырокіх колах вернікаў. Адначасова багатыя жыдоўскія сем'і, каб унікнуць катастрофы, якая ім пагражала, і абгрунтоўваючы свой крок жаданнем пакрыць выдаткі апошняй вайны, выказалі згоду ахвяраваць Іх Каралеўскім Мосцям акуп у трыццаць тысяч дукатаў. Гэта была велізарная сума, і кароль Фердынанд, добра ведаючы цану золата, завагаўся, ці не прыняць яго, акуп гэты. Каралева Ізабэла таксама далася ў разважанні, бо пад уплывам вельмі вальнадумных ідэй схільная была лічыць, што выгнанне жыдоў пэўным чынам супярэчыць прынцыпам хрысціянскай міласэрнасці. І вось так, калі ў выніку гэтых пагудак неспакой і трывога ахапілі людзей, якія думалі па-боску, жыды, са свайго боку, не трацілі надзеі, што лёс, які наваліўся на іх такімі страшнымі няшчасцямі, не абрыне на іх апошняй бяды. І, аднак, вельмі верачы ў няўстойлівасць манархаў і ва ўладу золата, недаацанілі яны сіл, якія заўсёды вышэй за ўсё ставяць дабро праўды. У другой палове студзеня вялебны айцец Тарквемада пакінуў Таледа і неўзабаве прыехаў у Севіллю, дзе разам са сваім дваром, цяпер асабліва вялікім і шумным, бавілі час Іх Каралеўскія Мосці.
Адышлі ў нябыт, у сівую мінуўшчыну тыя дванаццацігадовай даўнасці часы, калі першыя інквізітары Кастыліі, браты дамініканцы Мігуэль Марыла і Хуан дэ Сэнт-Марцін, прыехаўшы ў Севіллю, не маглі знайсці патрэбных для кіраўнічай дзейнасці людзей і Іх Каралеўскія Мосці вымушаны былі паслаць з Медына дэль Кампа новую дэпешу, якая заклікала свецкія ўлады горада і епархіяльны Кадыкс дапамагчы прызначаным дастойнікам. Дымы вогнішчаў, якія ў апошнія гады палалі на севільскім квамадэра часцей і ў колькасці значна большай, чым у іншых гарадах, неслі з сабою, як аказалася, моц цудоўнага ачышчэння людскіх думак і сэрцаў.
Вялікія тлумы народу высыпалі на вуліцы і плошчы горада вітаць Вялікага інквізітара. Салдаты Эрмандады ледзь утрымлівалі парадак. Дзень быў цёплы і сонечны. Званы храмаў білі і ў горадзе, і ў прадмесці Трыяна, што па той бок Гвадалквівіра. У бок на поўнач ад Пуэрта дэль Соль з самай раніцы цягнуліся з пратэсамі і фератронамі працэсіі братоў-законнікаў і свецкага панства. Разам з імі ля муроў горада вялебнага айца віталі і сама знакамітыя рыцары Андалузіі. Маркіз Кадыкса, пан дон Альфонса Карлас герцаг Медына Сідонія першы саскочыў са свайго жарабца, каб пацалаваць у руку вялебнага айца.
На жаль, святыя прагненні верных — пабачыць айца Інквізітара ў поўным бляску — не былі цалкам задаволеныя, бо паважны ўзрост і ўсё слабейшыя сілы падрэ Тарквемады не дазвалялі ўжо падарожнічаць рыцарскім звычаем. Ён уехаў у горад у італьянскай карэце, верныя служкі-дамоўнікі і рыцарства цесна з усіх бакоў атачалі павольны поезд — таму ніхто з галаслівых натоўпаў не здолеў пабачыць у твар Вялікага інквізітара.
Брат Дыега Манэнтэ, нядаўна прызначаны сакратаром Каралеўскай інквізіцыйнай рады, ехаў разам з вялебным айцом. Падрэ Тарквемада, здавалася, вельмі стаміўся ад цяжкай дарогі і, захоплены хутчэй сваімі думкамі, чым тым, што адбывалася навокал, не цікавіўся ні ўрачыстым вітаннем, ні тлумамі простага люду, што чакалі ад яго дабраславення. Гады не пашкадавалі, не абышлі айца Тарквемаду. Ён вельмі пастарэў, завастрыліся рысы яго схуднелага твару, скура на ім, асабліва на скронях, была празрыстая і пажоўклая, паараная маршчынамі, вусны бяскроўныя, а глыбока запалыя вочы без ранейшага бляску, знуджаныя і ўсё больш нейкія адсутныя, нібы ўжо глядзелі на справы не гэтага свету.
Затое брат Дыега, у процілегласць вялебнаму айцу, быў усхваляваны ўрачыстай хвілінай. Час змяніў і яго, але больш да мужчынскай сталасці, а не да межаў жыцця пасунуў яго. Ён пасталеў, памажнеў, твар яго стаў куды круглейшы, чым раней, трохі нават азыз, і цяпер мала што з яго засяроджанай разважлівасці і з поўнага ўнутранай годнасці самавалодання нагадвала юнака, якога яшчэ некалькі гадоў назад грызлі розныя турботы.
Кавалькада Вялікага інквізітара якраз мінала палац герцагаў Карнэха і набліжалася да храма Санта Марыя. Званы навакольных храмаў Сан-Маркас, Сан-Хуліан і кляштара сясцёр геранімак Санта Паўла магутна гучалі па-над натоўпам, які з энтузіязмам славіў Ісуса і святую дзеву Марыю. Браты дамініканцы, што стаялі ў бясконца доўгім шэрагу, зацягнулі святы гімн, і іх спеў злучыўся з воклічамі людзей, ляскам зброі, тупатам конскіх капытоў, гудам званоў і ўзносіўся высока над тлумам і дамамі, трыумфам веры сягаў аж да самага неба, што распасцерлася ўгары велізарным блакітам.
— Сапраўды, — сказаў брат Дыега моцным мужчынскім голасам, — цяжка сабе ўявіць больш натхняльнае відовішча.
Падрэ Тарквемада ўзвёў стомленыя вочы. Ля карэты ехаў на вялікім чорным андалузцы, увесь закаваны ў латы, капітан фамільянтаў дон Ларэнца дэ Мантэса. Яго было заслугай, што некалькі месяцаў таму назад, пад час доўгага побыту ў Таледа, выйшлі на яву распусныя стасункі, якія дон Радрыга дэ Кастра таемна меў з нейкай жыдоўскай дзяўчынай. Зганьбіўшыся так, пан дэ Кастра выракам Святога трыбунала быў пазбаўлены дваранства і маёмасці і засуджаны да пажыццёвага выгнання, а началенне пасля яго прыняў на сябе пан дэ Мантэса, бо ніхто з высакародных дамоўнікаў вялебнага айца не мог дараўняцца з ім вернасцю і чыстасцю звычаяў і ўчынкаў.
— Паглядзі, ойча, — сказаў брат Дыега, — якая вялікая любоў у людзей да цябе!
Падрэ Тарквемада адкінуўся ўглыб карэты.
— Так, — сказаў ён.
Брат Дыега ўжо асвоіўся з маўчаннем, якое ў апошнія гады ўсё часцей вырастала паміж ім і вялебным айцом. Спачатку ён дашукваўся сваёй віны і, не знаходзячы яе, пакутаваў. Але з нейкага часу даволі моцна пачаў давяраць сваёй недаступнай сумненням веры і перастаў непатрэбнай пакорай блытаць яснасць пачуццяў і думак. Ён прыпісваў узросту вялебнага айца тыя хвіліны яго задуменнасці і поўную абыякавасць да спраў, якія да нядаўняга часу ніколі абыякавыя яму не былі. Зрэшты, нягледзячы на гады, якія ўсё большым і большым цяжарам клаліся на яго плечы, падрэ Тарквемада, калі заходзіла патрэба, выяўляў ранейшую сілу розуму і непахісную волю. Лічылася нават, што да адступства ад веры ён ставіўся з яшчэ больш няўмольнай суровасцю, чым раней, і калі сам, цялесна аслабеўшы, вымушаны быў абмяжоўваць свае падарожжы, — то імя яго, акружанае подзівам і пакланеннем, страхам і зацятай нянавісцю, існавала і было заўсёды там, дзе жыў чалавек.
Брат Дыега, які ўжо шмат гадоў быў сведкам штодзённага жыцця вялебнага айца, больш чым хто-небудзь іншы разумеў, у якой меры гэты вялікі старац сваёй маналітнай асобай пераважаў усіх сучаснікаў.
Так і на гэты раз падрэ Тарквемада, хоць і здаваўся вельмі стомленым, не падмануў веры брата Дыега.
Іх Каралеўскія Мосці вельмі добра разумелі, што прывяло Вялікага інквізітара ў Севіллю. Як кароль, так і каралева ўмелі лічыць і таму не сумняваліся, што, згаджаючыся на выгнанне жыдоў, здабудуць з канфіскаваных маёнткаў суму, якая намнога перавысіць ахвяраваны акуп. Тым не меней каралева Ізабэла з міласэрнасці гатовая была згадзіцца на акуп і так ужо асвоілася з гэтай думкай, што частку тых жыдоўскіх грошай, якія павінны былі ўліцца ў скарбніцу, выдзеліла на марскую экспедыцыю ў Заходнюю Індыю, на якую ўжо даўно намаўляў, абяцаючы вялікія выгоды, нейкі генуэзец Хрыстобаль Калумб. Кароль Фердынанд, са свайго боку, менш за сваю жонку ўражлівы на маральныя дробязі палітычных спраў, не пагарджаў і думкай тых дарадцаў, якія далей забягалі ў прадбачанні, прадказваючы, што ў выніку выгнання васьмісот тысяч жыдоў гандаль каралеўства можа вельмі пахіснуцца, а з бегам часу і зусім змарнее. Так, цвяроза ацэньваючы гэтую справу, ён разам з тым не мог пазбыцца занепакоенасці, што маладушна адмаўляецца ад вялікай ідэі каталіцкай дзяржавы, той натхнёнай вышэйшай рацыяй ідэі, якая і яму і каралеве свяціла на шлях з хвіліны атрымання трона аб'яднанага каралеўства. Заклапочаны ўсім гэтым, ён з дня на дзень адкладваў апошняе рашэнне, і яму было зразумела, чаго хоча дамагацца падрэ Тарквемада — не дзіва таму, што ён без радасці прыняў вестку аб яго прыездзе.
Холад, з якім абое Іх Каралеўскія Мосці прынялі вялебнага айца, быў асабліва ўражлівы ў параўнанні з тым энтузіязмам, з якім яго віталі пры ўездзе ў горад.
Падрэ Тарквемада, апёршыся на плячо брата Дыега, бо цяжка яму ўжо было, асабліва пасля такой стомнай дарогі, рухацца самому, сказаў на прывітанне:
— Рады бачыць Вашы Каралеўскія Мосці ў здароўі і, перш за ўсё, у славе доўгачаканай перамогі.
На гэта сказала Ізабэла:
— Сапраўды, гэтыя прагненні нашы пачуў Бог.
Падрэ Тарквемада памаўчаў хвіліну, нібы падбор патрэбных слоў даваўся яму з вялікай цяжкасцю. Нарэшце сказаў:
— Я думаю, што і ўсе астатнія слушныя жаданні Вашых Каралеўскіх Мосцяў спраўдзяцца.
Кароль Фердынанд загаварыў голасам, які рваўся ад гневу і задышкі:
— Слушныя? На жаль, у некаторых справах, мой ойча, мы па-рознаму ацэньваем, што слушна, а што няслушна. Скаргі на цябе, вялебны ойча, да нас даходзяць. Твая неабачлівая суровасць толькі клопатаў нам дадае. Усяго некалькі дзён назад я атрымаў breve святога айца Аляксандра. Пан папа абураны працэсам, які па тваёй волі распачаты супраць арцыбіскупа Севіллі. Ты звінаваціў Яго Эмінэнцыю ў жыдоўскім паходжанні, не маючы, як аказалася, дастатковых на тое прычын. Пан папа дакарае нас, што мы дапусцілі да такой ганьбы. Што я адкажу пану папу? Як мне перад ім апраўдацца?
Падрэ Тарквемада, усё яшчэ апіраючыся на плячо брата Дыега, моўчкі слухаў каралеўскія закіды. Але як толькі кароль, стомлены гэтым раптоўным выбухам, замоўк, каб перавесці дыханне, вялебны айцец выпрастаўся і ступіў крок наперад.
— Прабачаць мне Вашыя Каралеўскія Мосці, — сказаў нечакана моцным і цвёрдым голасам, — але я прыехаў не па справе арцыбіскупа. Ці праўда, што, як разносяць плёткі, нехрышчоныя жыды застануцца ў каралеўстве?
Каралева Ізабэла зардзелася, затое кароль спадылба зіркнуў на старога, які стаяў перад ім.
— Так, — сказаў, — такая наша воля.
На гэта Тарквемада ўсклікнуў:
— Добра, хай жа будзе ваша воля і хай даведаюцца ўсе хрысціянскія краіны, як тут, у Каталіцкім Каралеўстве, шануюцца асновы веры. Ісуса ўжо раз прадалі за трыццаць сярэбранікаў. Вашыя Каралеўскія Мосці хочуць прадаць Ісуса другі раз за трыццаць тысяч дукатаў.
Кароль Фердынанд здрыгануўся і шырока разяўленым ротам хапіў паветра.
— Ойча, ты гаворыш з каралевай і каралём.
Падрэ Тарквемада ступіў яшчэ крок наперад, узяў сярэбраны крыж, які стаяў на стале, і падняў яго ўгору.
— Вось Ісус! Бярыце яго і прадавайце.
Назаўтра герольды чыталі на гарадскіх плошчах каралеўскі эдыкт, які абвяшчаў, што па волі каталіцкага каралеўства ўсе неахрышчаныя жыды пад пагрозай сама суровай кары, пакінуўшы ўсю сваю маёмасць, павінны за тры месяцы назаўсёды пакінуць гішпанскую зямлю.
Таго ж самага дня, не папярэдзіўшы ні двор, ні блізкае атачэнне, падрэ Тарквемада выехаў з Севіллі. Вялебны айцец толькі выклікаў пана дэ Мантэса і перадаў яму сваё рашэнне неадкладна выехаць у Сеговію.
Неўзабаве ўзброены рэгімент, акружыўшы карэту Вялікага інквізітара, вырушыў з кляштара Санта Клара. Ужо запаў змрок, і пахолкі паходнямі асвятлялі дарогу сярод пустых заснулых вуліц. Мінуўшы гарадскія муры пры Пуэрта дэль Соль, атрад дамоўнікаў скіраваў трактам на Кордабу.
Ноч была зорная, вельмі спакойная, як на добрую, ясную пагоду. У глыбіні цемры, у сяйве, выплываў вялікі руды месяц.
Падрэ Тарквемада не спаў, маўчаў. Апошнім часам яго ўсё менш і менш гарнула да адпачынку, і ён часта падоўгу, а то і аж да світання праседжваў у самотным чуванні. Спачатку брат Дыега хацеў падтрымаць вялебнага айца, але неўзабаве стома і манатоннае калыханне карэты перамаглі яго добрую волю.
Ноч спакваля раз'яснялася нябесным свяцілам, патушылі паходні, і ўзброены атрад пад мерны тупат коней хутка рухаўся па гладкай раўніне. Брат Дыега, пахіліўшы галаву на плячо, пахропваў. А падрэ Тарквемада ўсё сядзеў і толькі зрэдчасу, нібы ад холаду, падцягваў пад шыю плашч.
Недзе апоўначы, а можа, і пазней падрэ Тарквемада неспакойна заварушыўся і гучна, нібы гаварыў да кагосьці, сказаў:
— А калі памылка ўсё гэта?
Брат Дыега адразу прачнуўся.
— Клікалі мяне, ойча? — спытаўся.
Тарквемада адказаў праз хвіліну:
— Не, мой сыне. Спі спакойна.