Зіма з 1485 на 1486 год выдалася такая лютая, якой ужо колькі гадоў не памяталі ні ў Леоне, ні ў Старой Кастыліі. Нязвыкла вялікі снег выпаў у канцы снежня, а пасля нядоўгай адлігі зноў уціснулі моцныя маразы, зашалелі страшныя завеі.
Іх Каралеўскія Мосці адразу пасля ўрачыстасцяў на святога Дамініка Сілоскага падаліся з дваром у ваенны лагер пад Малагай, а вялебны айцец Вялікі інквізітар, хоць і пільна яму трэба было ў Рым, дзе з рук новаабранага святога айца Інакеція VІІІ ён меўся асабіста атрымаць пацвярджэнне сваёй годнасці, мусіў у сувязі з няпэўным часам на многа тыдняў адкласці сваё падарожжа. Толькі ў апошняй дэкадзе студзеня суровая зіма пачала здавацца, пад лагоднымі павевамі паўднёвых вятроў хутка паплыў снег, надыходзіла ранняя і прыгожая вясна.
Усе падрыхтаванні да італьянскага падарожжа даўно былі распачатыя, і падрэ Тарквемада не хацеў яго адкладваць далей, таму, нягледзячы на нядобрыя весткі з усіх канцоў краіны пра смуту і неспакой, прызначыў выезд на грамніцы.
Якраз у гэты час, калі ўжо было ўсім вядома, што вялебны айцец падасца са сваімі фамільянтамі карацейшай дарогай у Барселону, адкуль спецыяльны карабель каралеўскай армады перавязе яго ў Неапаль, — у Валадолід прыскакаў і тут жа явіўся ў Санта Марыя ла Анцігуа нейкі брат Альвара, са спецыяльным даручэннем пасланы вялебнымі айцамі інквізітарамі з Віла-Рэал. І вось сталася так, што яшчэ таго самага дня вялебны айцец, пагаварыўшы з братам Альвара, змяніў свае ранейшыя планы, хоць гэта і пацягнула за сабой немалыя цяжкасці і, прынамсі, на некалькі тыдняў адтэрмінавала прыбыццё ў сталіцу Пятра; ён пастанавіў завітаць спачатку ў Віла-Рэал, разумеючы, што, калі там такое вялікае значэнне надавалі яго асабістаму ўдзелу ў аўтадафэ, прызначаным на дзень святога Рамуальда, яму, айцу ўсіх Святых трыбуналаў Каталіцкага каралеўства, відаць, ніяк не выпадала пагарджаць святымі пажаданнямі і просьбамі.
Падрэ Тарквемада аж завельмі шмат часу аддаў таму дамініканцу з Віла-Рэал. Брат Дыега быў на гэтай гутарцы і, калі брат Альвара, з вялікім гонарам закончыўшы сваю місію, пажагнаў, нарэшце, вялебнага айца, падаў госцю знак, каб той ішоў за ім.
Царкоўная званіца якраз склікала на нешпар. Ішлі моўчкі, аж раптам брат Альвара спытаўся:
— Вы брат Дыега?
Той прыпыніўся.
— Так, — сказаў.
І, апярэдзіўшы свайго таварыша, пайшоў далей.
— Перадаю вам прывітанне ад брата Матэа, — сказаў праз хвіліну брат Альвара.
Брат Дыега ішоў шпаркімі крокамі і затрымаўся толькі каля нізкіх дзвярэй.
— Вось ваша цэля, — сказаў. — Вы, мусіць, добра здарожыліся, і вам трэба адпачыць.
— Так, — адказаў той. — Калі я выязджаў, брат Матэа прасіў мяне знайсці вас і прывітаць. Прасіў мяне сказаць: «Брат Матэа думае пра цябе і моліцца за цябе». Акурат так і сказаў брат Матэа, перадаю ўсё дакладна.
Дыега з вялікім намаганнем падняў галаву і паглядзеў прыезджаму з Віла-Рэал у вочы. Брат Альвара ростам быў, як і ён, такі самы шчуплы і дробны, ды і гадамі, здаецца, не старэйшы.
У яго цёмных, не па гадах задуменных вачах Дыега ўбачыў прыязную зычлівасць.
— Адпачывайце спакойна, браце Альвара, — сказаў ён, адвёўшы позірк.
У ім раптам усё пахаладзела. Ён паспешна пайшоў у глыбіню калідора і, мінуўшы ўнутраныя, пустыя цяпер анфілады, бо ўжо ўсе браты сабраліся ў храме, пачаў сыходзіць уніз, не вельмі разумеючы, куды і чаго ідзе, і яму здавалася, што яго шыя, плечы, спіна і грудзі пад хабітай скаваныя лёдам.
Унізе, каля сходак, пан дэ Кастра гутарыў з маладым донам Ларэнцам. Дыега хацеў абмінуць іх, але дон Радрыга, уважліва прыгледзеўшыся, затрымаў яго і спытаўся:
— Што з табою, браце Дыега? Ці не хворы ты? Ці не гарачка ў цябе?
Голас пана дэ Кастра, звычайна такі моцны і зычны, цяпер здаўся брату Дыегу глухім, бы ідзе з-пад зямлі ці прыглушаны вільготнай імглой. Дыега цяжка падняў руку да лоба і толькі тады зразумеў, што ўсё яго цела сапраўды нібы ў ліхаманцы. Няскладна, дрыготкім голасам пачаў ён нешта мармытаць, адчуў, як адхлынула з галавы і з твару кроў, як смяротны холад, пра які дагэтуль ён не меў ніякага ўяўлення, пачынае хутка ўцягваць яго ў мярцвянае азнабенне. Ледзь не падсвядома адчуў, што пан дэ Кастра крануў яго за плячо. Яшчэ раз пачуў голас дона Радрыга, але што той казаў, таго ўжо не здолеў уразумець.
— Так, — сказаў як мага грамчэй, ведаючы, што сказаў шэптам, цішэйшым за ўздых.
І, адвярнуўшыся ад абодвух рыцараў, зноў пачаў узыходзіць па сходах. Ён ішоў вельмі павольна, як не вобмацкам, кожны раз ступаў нібы праз сілу, кожны крок здаваўся апошнім.
Калі дайшоў да сярэдзіны сходаў, тут жа, побач, плячом можна было б дастаць, азваўся голас брата Матэа:
— Дыега, што ты зрабіў з сабою? Чаму сам аддаешся ў рукі непрыяцелю?
— Маўчы! — шапнуў Дыега. — Цябе няма. Але той быў.
— Дыега, калі што якое станецца, малю цябе, зберажы сваё сумленне.
— Хлусіш, цябе няма.
Падняў вочы, каб убачыць верх сходаў. Убачыў цемру.
— Чаму не спіце, пане? — спытаўся з лагодным дакорам. — Хутка развіднее. Даволі, што я не сплю.
Ніхто не адказваў. Дыега, шукаючы аберуч апоры, падняўся на прыступку вышэй.
— Ты ёсць? Адказвай.
Яго не было.
— Мяцежным намерам, — пачуўся голас вялебнага айца, — не заўсёды патрэбныя словы.
— Хай Бог спрыяе нашым пачынанням, — адказала далёкае рэха голасам пана дэ Сігуры.
— Цябе няма! — усклікнуў Дыега.
— Навошта хочаш загубіць сябе? — спытаўся побач брат Матэа.
— Зноў ты? — здзівіўся Дыега. — Але ж цябе няма.
— Калі б ты не любіў людзей сёння, не мог бы пагарджаць імі заўтра, — адказаў з вышыні, з верху нябачных сходаў голас айца Тарквемады.
— Ойча мой! — усклікнуў Дыега.
Ён хацеў падняцца яшчэ на адну прыступку, спатыкнуўся і выцяўся лобам аб нешта цвёрдае і халоднае. І адразу апрытомнеў. Стаяў каля калоны, што падпірала нізкі звод кляштарнага калідора. Навокал цішыня. Толькі з храма далятаў спеў братоў. У патрэбным месцы спеў сціх, і загучаў арган.
Праз хвіліну брат Дыега ўжо быў у цэлі вялебнага айца. Падрэ Тарквемада стаяў каля высокага пульпіта і, мусіць, быў захоплены нечым вельмі важным, бо, аказваючы заўсёды столькі ласкі і ўвагі свайму маладому сакратару, на гэты раз паглядзеў на яго неахвотна і спытаўся жорстка:
— Чаго табе, сыне мой? Не бачыш хіба, што я працую?
Але калі брат Дыега кінуўся яму ў ногі, суровасць сышла з яго твару.
— Сыне мой, што здарылася?
— Ойча мой! — усклікнуў Дыега. — Прабач, што асмеліўся прыйсці без позвы, але тое, што я хачу сказаць, павінен зрабіць цяпер.
— Супакойся перш, сыне мой.
— Я спакойны, ойча. Я спакойны настолькі, наколькі можа быць спакойны чалавек, які быў на крок ад непапраўнай памылкі. Празрэў я, аднак, ойча, у пару і прашу ў цябе дапамогі. Ойча мой, цяжка я правініўся. Аддаўшыся сумненням, якія вынікалі з маёй слабасці і з майго яшчэ недастаткова ўгрунтаванага вопыту, хацеў я затаіць ад цябе некаторыя думкі. Калі я даведаўся, што мы маемся выехаць у Віла-Рэал, першым намерам было ўжыць вядомыя мне лекарскія сродкі і з іх дапамогай выклікаць непрацяглыя, але вельмі моцныя праявы цяжкай хваробы.
— Хацеў застацца тут?
— Так, ойча.
— Мусіць, важныя прычыны павінны былі схіліць цябе да гэтага?
— Ойча мой, калі б важныя, а то ж адзіныя, што паказалі мне маю слабасць. Страх мяне, ойча, агарнуў ад адной думкі, што апынуся ў мурах кляштара, які быў сведкам многіх маіх памылак.
— Муры маўчаць, мой сыне.
— Ойча вялебны, ты ведаеш, можа быць так, што чалавек, які сёння з усёй сілы прагне служыць веры, яшчэ ўчора не ўсведамляў многіх рэчаў, паддаваўся злачынным, хібным думкам.
— Што ж я магу сказаць табе на гэта, сыне мой? Усведамленне сваіх памылак — першы і неадменны крок да іх пераадолення.
— Ведаю, ойча. Але можа здарыцца і так, што гэты чалавек не быў сам-насам з гэтымі сваімі злачыннымі думкамі, бо дзяліўся імі з другім чалавекам.
— Зло, мой сыне, заўсёды непараўнальна горш зносіць адзіноту, чым дабро. Гэты чалавек жывы?
— Так, ойча. Памятае мяне і прыслаў мне прывітанне.
— Думаеш, убачыўшы цябе, ён мог бы кінуць цень на тваё добрае імя і на тваю святасць?
— Не ведаю гэтага, ойча. Гэты чалавек замкнуты ў сабе і пакорны, хоць і не ва ўсім і не заўсёды. Думае так, як наказвае царква.
— Грэшны, аблудны, значыцца?
— Ніколі мяне, ойча, да нічога ліхога не намаўляў. Калі ж я раблю гэта прызнанне, то толькі таму, што ўсведамляю, — пастаўлены так блізка да цябе і надзелены такім вялікім тваім даверам, я не павінен занядбаць ніякіх сродкаў, каб нават цень шкоднага і крыўднага мне цяпер нагавору не мог упасці на мяне. Калі б я належаў толькі самому сабе, мой ойча, не непакоіўся б так пра сваё імя.
— Усе мы, сыне, служым справе, якая веліччу перарастае кожнага з нас.
— Таму і ля ног тваіх я, ойча. Прызнаўся табе ва ўсім, толькі хвіліну назад канчаткова зразумеў, што мае думкі, хай часам няпэўныя ці нават пахібныя, не могуць належаць мне аднаму. Уразумеў я, што толькі ў прызнанні сваіх памылак і ў пошуках дапамогі ў вышэйпастаўленых магу ўбараніць і сябе, і сваю веру.
— Вазьмі пяро і пергамент, — сказаў Тарквемада.
Дыега падняўся з каленяў.
— Так, ойча.
— Ты гатовы?
— Так, ойча.
— Тады пішы: Вялебным айцам інквізітарам арцыбіскупства Таледа ў Віла-Рэал. Напісаў?
— Так, ойча.
— Мы, брат Томас Тарквемада, дамініканец, прыёр кляштара Санта Круз у Сеговіі, спаведнік караля і каралевы, Вялікі інквізітар каралеўстваў Кастыліі і Арагон, даручаем вам сілай нашага права, каб абвінавачаны ў цяжкіх злачынствах супраць веры...
— Брат Матэа Дара, дамініканец, — сказаў Дыега.
— ...брат Матэа Дара, дамініканец, неадкладна быў увязьнены ў турму Святой інквізіцыі і аддадзены суроваму следству, пакуль не выявіць сваіх ератычных поглядаў ці ў выпадку ўпартага трывання ў мане і аблудзе не будзе адлучаны на вечныя часы ад святой царквы каталіцкай. Закончыў?
— Так, ойча.
— Падай мне пяро.
Дыега, зрабіўшы гэта, адышоў убок. Падрэ Тарквемада ўстаў, здалёк, як гэта робяць дальназоркія людзі, прачытаў прадыктаваны тэкст, пасля хутка падпісаў.
— Ойча мой, — шапнуў Дыега, зноў апаўшы да ног Тарквемады.
Той паклаў руку на яго галаву.
— Шмат месяцаў чакаў я гэтай хвіліны, мой сыне.
— Ты, ойча?
— Я ведаў, што рана ці позна, але прыйдзе той дзень, калі ты канчаткова, без ніякіх ваганняў, сумненняў і страху, знойдзеш сваю сапраўдную натуру. І вось дзень гэты настаў. Дзякуй вялікае Госпаду Богу, найлюбаснейшы сыне.
Дыега, вельмі ўзрушаны, каб гаварыць, бязгучна прыпаў вуснамі да рукі Тарквемады. Адчуваў сябе бязмежна шчаслівым, поўным свабоды і бяспекі, нібы за смутай, якая яго дагэтуль раз'ядала і атачала з усіх бакоў, бразнулі раптам і назаўсёды цяжкія дзверы.