Аўтар старой кронікі натуе, што Вялікі інквізітар, падрэ Томас Тарквемада, пакінуўшы Віла-Рэал, падаўся ў Таледа, а адтуль, у атачэнні яшчэ большага почату служак Святога афіцыума, скіраваў у каралеўства Арагон, у Сарагосу. Забавіўся там нейкі тыдзень, кіруючы следствам, што мела на мэце выкрыццё змовы, ахвярай якой стаў вялебны Пэдра д'Арбуэз, і, зрабіўшы ў гэтым больш, чым хто іншы, — паспяшаўся найкарацейшай дарогай у Валадолід, бо чакалася, што Іх Каралеўскія Мосці, кароль Фердынанд і святая каралева Ізабэла, меліся пад канец верасня пакінуць ваенны лагер пад Малагай і вярнуцца ў сталіцу.
Брат Дыега, пабраўшы ганаровыя абавязкі сакратара Вялікага інквізітара, быў з гэтага часу блізкі да асобы кіраўніка і ўдзельнічаў ва ўсіх нарадах, нават сама сакрэтных, якія падрэ Тарквемада праводзіў у вузкім коле сваіх правовых дарадцаў, дактарамі донам Хуанам Гуціэрасам дэ Шабесам і донам Трыстанам дэ Медына. Так, апынуўшыся ў самым сэрцы найважнейшых дзяржаўных і рэлігійных падзей, брат Дыега хутка пачаў арыентавацца і разумець, што толькі праз сваё датыхчасовае адасабленне і праз несвядомасць ён бачыў у дзейнасці Святой інквізіцыі трыумф беззаконня. Не спатрэбілася шмат часу, каб ён зразумеў, што апынуўся не ў гушчы варожага хаосу, а наадварот: не абазнаны ў многіх складанасцях гэтага свету, ён стаяў цяпер перад зрубам новай законнасці, якую Святая інквізіцыя ўводзіла разважна і вельмі дальнабачна, і перш за ўсё абапіраючыся на сама дасканалае веданне сапсутасці людскіх душ і на клопат пра іх выратаванне.
Застаючыся ў ролі маўклівага сведкі, якому вялебны айцец даручыў толькі запісваць сама істотнае з вядзення судоў і рашэнняў тайных нарад, ён з вялікай увагай прыслухоўваўся да ўсяго, пра што там гаварылася, і, усё яшчэ шукаючы слядоў жахлівых гвалтаў, не сутыкнуўся з ніводным рашэннем, якое б супярэчыла закону або вынікала з бунтарскіх падступных намераў. Але, устаноўліваючы новы парадак, задумваўся, — адкуль браліся, як нараджаліся ўсе тыя статуты, што фармавалі гэты лад? Вырашаючы гэтае прынцыповае пытанне, брат Дыега пераканаўся, што кожны прыняты статут, без увагі на тое, ці ён вынікаў з традыцый, ці духу новых паняццяў, — лагічны і найперш адпавядаў патрэбам, вынікаў з падзеяў жыцця; у настойлівым імкненні да ўпарадкавання і пераацэнкі ў імя найвышэйшага боскага сэнсу законы так хутка і рашуча мяняліся і пераўтвараліся ў формуле кожнай літары, што беспамылкова і цалкам патраплялі апярэджваць усё тое, з чаго яны вынікалі і нараджаліся, робячы ўражанне, што яны, законы, насуперак сваім крыніцам самі ў сабе рабіліся абсалютам і ўжо хоць бы з гэтай прычыны былі абсалютам, неабходным для жыцця, хоць адначасова і непарыўна звязаным з асэнсаваннем яго прыроды.
Празрыстасць, а таксама агульны характар гэтых законаў, якія складалі прынцыпы існавання ў маналітную і ўсёвытлумачальную цэласць, абуджалі ў маладым браце подзіў і павагу, хоць вынікі дзеяння законаў па-ранейшаму, здавалася, супярэчылі рэфлексам яго сумлення. І таму ён адчуваў сябе ў гэты час асабліва самотным і быў разгублены і ўзрушаны. Ён намагаўся забыцца, не ўспамінаць мінулае, але і пра будучыню стараўся не думаць.
Аднак час не стаяў на месцы, і кожная гадзіна, насуперак таму, чаго ён хацеў, была даверху запоўнена мінулым і тымі рэчамі, якія ў сваіх разнастайных, але туманных формах насялялі мінулае. Зрэшты, заняты сваімі цяперашнімі абавязкамі, ён хутчэй меў дачыненне да чыстага механізму законаў, чым да іх дзеяння сярод людзей. Адзіныя ж хвіліны раўнавагі і ўнутранага спакою ён меў тады, калі, разважаючы над складанай структурай кіруючай улады, адказнай перад богам і народам, заставаўся сам-насам з адназначным сэнсам літар права.
Першыя весткі пра падзеі, якія пасля смерці вялебнага Пэдра д'Арбуэза разыграліся ў Сарагосе, дайшлі да каралеўскага двара яшчэ да прыезду Вялікага інквізітара ў Валадолід. Стала вядома, што змова, якая спачатку, паводле не вельмі дакладных і нават супярэчлівых у некаторых падрабязнасцях данясенняў, здавалася выбрыкамі некалькіх залішне экспансіўных і авантурных асоб, што такім дзіўным чынам пратэставалі супраць канфіскацыі маёнткаў Святой інквізіцыяй, на самай справе аказалася змовай, што пагражала бяспецы каралеўства і царквы. Адзін з забойцаў вялебнага д'Арбуэза, малады Відаль д'Уранса, думаючы, што прызнаннем уратуе жыццё (пазней яго коньмі вазілі па вуліцах Сарагосы, чвартавалі, а рэшткі цела выкінулі ў Эбра) — назваў шмат вядомых асоб, якія былі ў прыязных стасунках з яго сеньёрам донам Хуанам дэ ла Абадыя. А ён, як зноў жа казалі пагудкі, у турме скончыў самагубствам. Некалькім іншым, абвінавачаным ва ўдзеле ў змове, і сярод іх слаўнаму рыцару дэ Санта Круз, удалося ўцячы ў Тулузу. Былі гэта, аднак, выпадкі адзінкавыя.
Рука Святога афіцыума дзейнічала хутка і спраўна. Пазбаўлялі волі не толькі тых, каго падазравалі ў змове, але і памагатараў уцекачоў. Вязьнілі ў турму таксама сем'і і родзічаў вінаватых, асабліва тых, чые бацькі або сыны паспелі ўцячы. І толькі цяпер стала шырока вядома, як многа знакамітых, славутых сеньёраў каралеўства Арагон, што карысталіся агульнай павагай і мелі высокія званні, былі сапсуты жыдоўскім паходжаннем. Сапраўднае аблічча гэтых людзей адкрылася ва ўсёй іх злачыннай і хітра замаскаванай аблудзе. У гэтай выключнай сітуацыі належала ўвесці новыя законы, і падрэ Тарквемада, дбаючы пра канчатковае выкараненне зла, неадкладна выдаў на патрэбы Святых трыбуналаў дэкрэт, які дзякуючы некалькім дзесяткам дакладна сфармуляваных параграфаў дазваляў беспамылкова выкрываць людзей, якія ўтойвалі свае сапраўдныя перакананні і паціхеньку вызнавалі жыдоўскую веру. Зрэшты, цень злачынных інтрыг і падкусаў упаў і на асоб lіmріеsа dе sаngrе, інакш кажучы, на тых, сведчанне чысціні крыві чыёй гаварыла за тое, што яны не мелі ніякіх жыдоўскіх ці маўрытанскіх дамешак. Падступны вораг здолеў глыбей, чым гэта мог хто-небудзь уявіць, уліць атруту ў людскія помыслы і душы. Як высока здолела сягнуць злачыннасць, сведчыў факт, многімі прызнаны малаверагодным, але ў святле прыведзеных Святым трыбуналам доказаў — дакладны, што ў арагонскай змове быў замяшаны, між іншым, нават адзін каралеўскі сямейнік, сястранец караля Фердынанда, малады гідальга дон Хаім, сын каралевы Элеаноры.
І ўсё-такі, нягледзячы на такія трывожныя маральныя спусташэнні, непераможнае свяціла каталіцкай веры вышэй чым калі-небудзь узнеслася менавіта ў тыя дні над бруднымі адкідамі ератыцкіх злачынстваў. Браты дамініканцы, прамаўляючы да прававерных з амбонаў, пераканаўча павучалі люд, што ў забойстве, учыненым на асобе святога слугі Бога, лёгка распазнаць мудрае дзеянне божай абачлівасці, бо, калі б гэтай збродні не зрабілі, ворагі веры не былі б выкрытыя і, карыстаючыся свабодай і належнымі прывілеямі, колькі ж яшчэ агідных злачынстваў маглі б учыніць беспакарана, колькі ліха маглі б пасеяць у душах людзей!
Словы псалмы, напісаныя на гербах і на пурпуровых пратэсах і харугвах Святой інквізіцыі, «Ехurgе Dоmіnе еt іudіса саusаm Тuаm» ззялі ў сувязі з апошнімі падзеямі асаблівым бляскам. Бо і сапраўды, сам Бог сышоў, каб змагацца за сваю справу.
У некаторых гарадах каралеўства, у Севіллі, у Хаэне і ў Куэнцы, якія ўжо па некалькі гадоў мелі свае інквізіцыйныя трыбуналы, прыспешылі ўрачыстыя аўтадафэ, — і працэсіі асуджаных, убраных у ганебныя высокія каптуры і жоўтыя замары, у санбеніта і карозы, з камянямі і ланцугамі на шыі, з мёртвымі зялёнымі свечкамі ў руках, рушылі пад званы ўсіх цэркваў на пляцы пакарання — квамадэра — раней, чым гэта было прадугледжана. Палалі вогнішчы, жалезныя ланцугі душылі ератыкоў, якія пакаяліся ў апошнюю хвіліну, сотні меншых грэшнікаў выслалі на галеры, а апусцелыя турмы хутка запоўнілі новымі вінаватымі. З жадання дапамагчы зблуджаным у цэрквах абвяшчалі святочныя дні і пасля зачытання з амбонаў актаў веры заклікалі ўсіх парафіян, каб яны, калі вінаватыя або ведаюць што-небудзь пра віну іншых, самі на працягу трыццаці дзён абвінавацілі сябе перад адпаведным трыбуналам. Адны рабілі гэта, другія падалі ахвярамі першых, і ўжо ніхто не быў пэўны за сваё жыццё, гонар і маёмасць. Нават нябожчыкаў даставала карная правіца святых трыбуналаў, і, калі ў выніку чыйго-небудзь даносу імя нябожчыка трапляла ў няславу, яго цела выкопвалі з асвянцонай зямлі і палілі іn effigiе на вогнішчы, родзічаў нябожчыка пазбаўлялі маёмасці, годнасці і ўсіх прывілеяў. Так расла ў народзе набожнасць, і шырэў яе верны цень — страх.
Тым часам сталіца каралеўства рыхтавалася да ўрачыстага прыёму Вялікага інквізітара. Меркавалася, што згодна з даўнім звычаем спецыяльны ганец загадзя папярэдзіць гарадскія і духоўныя ўлады пра набліжэнне поезда вялебнага айца. Аднак на гэты раз усё выйшла інакш, падрэ Тарквемада прыехаў у Валадолід зусім неспадзявана, без папярэджання, прынамсі, на дзень раней, чым яго чакалі ў горадзе.
Уехаў ён у горад са сваёй світай позняй ноччу, даручыў брату Дыега, а не капітану фамільянтаў, дону Карласу дэ Сігуру, некалькі заданняў, замкнуўся ў кляштарнай цэлі пры храме Санта Марыя ла Анцігуа, дзе, бываючы ў сталіцы, прывык спыняцца.
Зацішны кляштар за некалькі гадзін ператварыўся ў ваенны лагер. Пасярод дзядзінца, пад начным небам, разбілі бівакі фамільянты Святога афіцыума. Ля муроў паставілі ўзброеную варту. Нікому нельга было пакідаць кляштар, уваход у яго таксама быў сурова забаронены, і з той часткі старажытнага будынка, дзе пасяліўся падрэ Тарквемада, паспешна выбраліся браты, а іх келлі занялі вышэйшыя рангам фамільянты. Гарадскім дастойнікам і спецыяльным пасланцам Двара, якія яшчэ начной парой пачалі сцякацца ў Санта Марыя ла Анцігуа, казалі каля кляштарнай брамы, што Вялікі інквізітар доўжыць час у модлах, замкнуўшыся ў келлі, і як сёння, так і заўтра нікога прыняць не зможа. Сапраўды, вялебны айцец некалькі дзён не пакідаў келлі, і адзінымі асобамі, якія мелі да яго доступ, былі брат Дыега і малады дон Радрыга дэ Кастра, які якраз у той час і пры вельмі драматычных акалічнасцях быў прызначаны капітанам ахоўнікаў Вялікага інквізітара.
Брат Дыега не клаўся ў гэтую першую ноч. З запалам навіцыя, а таксама з супярэчлівымі пачуццямі чалавека, які спасцігае вышэйшую ступень далучэння да таямніц, выконваў даручэнні і асабіста сачыў, ці дакладна ўсё зроблена, і, страшна гэтым стомлены — санлівасць і змора ледзь не валілі яго з ног, — у працэсе выканання гэтых важных наказаў заўважыў раптам, што ўсе навокал, нават састарэлы кляштарны прыёр, ставяцца да яго з найвялікшай пашанай і з нейкім страхам. Дыега адразу зразумеў, што ў гэтую вельмі доўгую, бясконцую ноч ён стаў нечакана для самога сябе жывым увасабленнем волі наймагутнейшага чалавека каралеўства. Гэта было яму новае і такое неадпаведнае. Ён адчуваў сваё цела, чуў свой голас, усведамляў свае рухі, але часам, калі, абыходзячы варту, спыняўся ў цемры пад велізарным і нерухомым небам, пад халоднымі зоркамі, неяк раптам сціралася ў ім усведамленне самога сябе, і адразу яго напаўняла балюча ўразлівае пачуццё, што ён збірае ў сваім сэрцы водбліск сілы, якая проста не ўмяшчаецца ў ім, але вартая бязмежнага замілавання, захаплення і поўнай адданасці ёй.
Ён нёс у сабе гэтае ўзвышанае, сканцэнтраванае ў сэрцы прасвятленне, калі ў пустым змрочышчы малога кляштарнага дзядзінца наткнуўся на капітана фамільянтаў Святога афіцыума сеньёра дона Карласа дэ Сігуру. Была яшчэ ноч і цішыня. З-пад нізкіх аркадак чуліся крокі варты.
— Чаму не спіце, сеньёр? — спытаўся з лагодным дакорам. — Хутка развіднее. Даволі, што я не сплю.
Сеньёр дэ Сігура маўчаў. Ён быў худы і кашчавы, з цёмным маршчыністым тварам. Слава ваенных подзвігаў і хрысціянскіх цнот ужо колькі гадоў апраменьвала імя гэтага чалавека.
— Вам трэба адпачыць, сеньёр, — сказаў брат Дыега. — Як я мог пераканацца, вы вельмі дакладна выканалі ўсе даручэнні вялебнага айца. Можаце спаць спакойна. Я загадаю разбудзіць вас, калі зойдзе якая патрэба.
Стары рыцар, які ўвесь час маўчаў, хвіліну прыглядаўся да брата Дыега, пасля адвярнуўся і павольна, неяк унурыўшыся, адышоў у глыбіню дзядзінца.
На досвітку брат Дыега ўзяў з рук кляштарнага служкі сняданак вялебнага айца і асабіста занёс у келлю.
Падрэ Тарквемада ляжаў на вузкім ложку, ён не спаў, ляжаў з расплюшчанымі вачыма. Брат Дыега паставіў на стол цынкавы паўмісак з хлебам і сырам, кубак і два збаны, адзін з вадой, другі з віном.
— Прынёс вам мацунку, вялебны ойча, — сказаў напаўголаса.
Пасля, думаючы, што вялебны айцец хоча застацца адзін, хацеў ціхенька выйсці з келлі. Тады той сказаў:
— Пабудзь!
Брат Дыега схіліў галаву.
— Добра, ойча.
— Падыдзі.
Падышоў.
— Што кажуць?
— Хто, ойча?
— Людзі.
— Прыязджаў маршалак з двара Іх Каралеўскіх Мосцяў...
Тарквемада нецярпліва махнуў рукою.
— Не пра тое пытаюся. Што кажуць людзі? Мае служкі, браты.
— Выконваюць твае загады, ойча.
Тарквемада абапёрся на локаць. Твар у яго быў вельмі знуджаны, шэры, як пасля бяссоннай начы, але ў паглядзе цёмных, глыбока запалых вачэй адчувалася напружаная энергія.
— І ўсё?
— Ойча вялебны, — сказаў брат Дыега ясным юначым голасам, — я асабіста правяраў і сачыў, каб усе твае загады былі выкананыя. Я стараўся паспець усюды.
— Ніхто з маіх служак, ніхто з тутэйшых братоў не выказваў нічога непатрэбнага.
— Ойча вялебны, я ўвесь час быў непадалеку ад ахоўнікаў, часта нават яны мяне не заўважалі, але я не чуў, аднак, каб чые-небудзь вусны вымавілі што, не вартае хрысціяніна.
— Мяцежным намерам, — сказаў Тарквемада так, нібы разважаў уголас, — не заўсёды патрэбны словы.
Брат Дыега завагаўся, пасля смела паглядзеў Вялікаму інквізітару ў вочы.
— Бачу, што маеш яшчэ нешта сказаць мне.
— Так, ойча.
— Кажы.
— Прабач, ойча, можа, я памыляюся. Што праўда, я не чуў слоў, вартых асуджэння, але ўтоіў бы занадта многа, калі б не сказаў, што, як на мой толк, ёсць, на жаль, чалавек у тваім атачэнні, які будзіць ува мне непакой.
Тарквемада маўчаў, але брат Дыега без замяшання вытрымаў яго позірк.
— Ці ведаеш, сыне мой, — сказаў нарэшце вялебны айцец, — што пільнасць вымагае, каб кожнае абвінавачанне было праверана і пацверджана.
— Ведаю, ойча.
— Нішто не можа быць занядбана і абыдзена ўвагай, і калі ў кім-небудзь нараджаецца хоць цень падазрэння да другога чалавека, ён павінен разумець, што, яшчэ не даказаўшы віны, ён стварае ўражанне верагоднасці яе існавання.
— Ведаю, ойча.
— Абдумаў сваё абвінавачанне?
— Так, ойча, вельмі добра абдумаў.
— Ну і?..
— Думаю пра капітана тваіх служак, ойча.
Тарквемада, здавалася, не здзівіўся, толькі паблажліва ўсміхнуўся.
— Высока забіраеш, сыне мой. У сеньёра дэ Сігура слава беззаганнага хрысціяніна і рыцара.
— Ведаю, ойча. Аднак мне здаецца, што ён чалавек, які занадта замыкаецца ў сваіх думках.
— І гэта ўсё, чым можаш папракнуць яго?
Брат Дыега маўчаў. Тады Тарквемада ўстаў і паклаў далонь на яго плячо.
— Чалавек — істота, якая ўмее думаць, мой сыне.
— Так, ойча. Таму я і не кідаю сеньёру дэ Карласу папроку за тое, што ён думае, але я пабаяўся б яму даверыцца.
— Чаму ж?
— Ён робіць уражанне, нібы спрабуе схаваць свае думкі.
«Божа, — тут жа падумаў ён, — ты ведаеш мае намеры, ведаеш — тое, што я раблю, не раблю з нелюбові».
— Чым цябе абразіў сеньёр дэ Сігура? — спытаўся Тарквемада.
Румянец заліў твар Дыега.
— Чым абразіў мяне, ойча? О, ойча, нават выказваючы мне маўклівую пагарду, як сеньёр дэ Сігура мог бы мяне абразіць, калі я па тваім загадзе быў больш чым самім сабой.
Падрэ Тарквемада нічога не адказаў. Ён падышоў да акна і заклаў далоні ў рукавы хабіты.
— Вам трэба паснедаць, вялебны ойча, — ціха сказаў Дыега. — Вы ж нічога не елі з учарашняга полудня.
«Божа, — думаў Тарквемада, — ці ж дазволена мне забываць, што я не маю права рабіць нічога такога, што магло б паставіць пад сумненне чыстыя намеры гэтага хлопца? Ці ж ёсць што важнейшае за ўцверджанне маладой веры? А перад абліччам зла, якое можа ўзнікаць усюды, ці не лепей дапусціць памылку ў адносінах да аднаго чалавека, чым хоць на хвіліну блізарука прагледзець магчымасць зла? Як жа можа, зрэшты, існаваць віна без абвінаваўцы? Толькі праз праўду, якая адзіная, мы можам распазнаць зганьбаванне праўды. Але хто ж тады стварае віну? Абвінаваўца? Калі ён, то ў што трэба спачатку паверыць: у абвінавачанне ці ў факты, якія без абвінавачання яшчэ не могуць мець адзнак пахібы?»
— Сыне мой, — сказаў.
— Так, ойча.
— Думаю, ты зразумеў, што я хацеў сказаць, кажучы, што кожнае абвінавачанне патрабуе пацверджання і праверкі?
— Так, ойча.
— Ідзі і пашукай сеньёра дона Карласа. Скажы, каб яго разбудзілі, калі ён спіць. Скажы, што я хачу бачыць яго.
Брат зрабіў рух, нібы хацеў нешта сказаць, але, не сказаўшы нічога, выйшаў.
Світала спакваля, нізкія хмары аблажылі неба і дапаўнялі цемру ночы. У глыбіні змроку білі ранішнія званы гарадскіх храмаў. Тут, у мурах Санта Марыя ла Анцігуа, стаяла цішыня.
Падрэ Тарквемада задуменны стаяў каля акна, нарэшце павярнуўся і падышоў да стала. Але да ежы не дакрануўся. Падняў руку, каб перажагнаць стол, пасля дастаў з-пад хабіты скапулір, адчыніў яго і тое, што было ў ім, высыпаў у збан з віном.
Калі неўзабаве сеньёр дэ Сігура, папярэджаны братам Дыега, увайшоў у келлю, вялебны айцец кленчыў каля ложка і маліўся. Стары рыцар перахрысціўся кароткім салдацкім рухам і, адышоўшы да сцяны, моўчкі чакаў, пакуль Вялікі інквізітар закончыць малітву. Праз хвіліну падрэ Тарквемада ўстаў. Брат Дыега, вельмі бледны, запытальна паглядзеў на яго.
— Застанься, — сказаў вялебны айцец.
Пасля павярнуўся да сеньёра дона Карласа.
— Мір з табою, шаноўны капітане.
Той з павагай схіліў галаву.
— І з табой, вялебны ойча. Брат Дыега сказаў, што вы хацелі бачыць мяне. Маеце якія даручэнні?
— Ніякіх. Бадай, мне патрэбна твая парада, твая дасведчанасць.
Ён падсунуў да акна крэсла і сеў так, каб твар быў у святле.
— Апошнім часам я многа думаў, — пачаў ціха і глыбакамысна, нібы гаворачы да самога сябе. — Думаў таксама і пра тое, што вы сказалі мне некалькі дзён назад, яшчэ ў Сарагосе.
Збарознены цёмнымі маршчынамі твар сеньёра дэ Сігуры засвяціўся амаль маладым запалам.
— Памятаю, вялебны ойча. І настойваю, каб вы дазволілі нам з яшчэ большым, чым дагэтуль, клопатам і ўвагай сачыць за вашай асабістай бяспекай. Ворагі...
— Так ненавідзяць мяне?
— Ойча вялебны, нянавісць ворагаў...
— Ведаю, маеш рацыю. Вядома, пакуль праўда не возьме верх, мы можам вымяраць яе сілу нянавісцю нашых ворагаў.
— Як жа ворагам не ненавідзець цябе? Тваё жыццё, вялебны ойча...
— Слушна. Не думай, сыне мой, я ведаю, што з характару маіх абавязкаў менавіта мне даручана асобая місія ўсю моц свайго розуму прысвяціць будове падмурка пад справу Святой інквізіцыі. Божа ўсемагутны, трэба, на жаль, сказаць, — справа гэтая яшчэ не ўмацаваная ў хрысціянскім свеце, і можна смела і не баючыся папрокаў за пыху сцвярджаць, што менавіта мы тут, у нашым каралеўстве, — адзіны і найбольшай важнасці ўзор веры, і мы перадаём усім астатнім каталіцкім народам навуку нашага вопыту, як парадак сталяваць на зямлі і якімі метадамі ламаць супраціўленне ворагаў.
— Хай Бог спрыяе нашым пачынанням, — сказаў узрушаным голасам сеньёр дэ Сігура.
Падрэ Тарквемада падняў абедзве далоні.
— За гэта і я малюся. Таму і ахвотна, сыне мой, уважаю тваім турботам. Сапраўды, нельга мне занядбаць ніякіх сродкаў, што спрыяюць маёй бяспецы.
— Ойча вялебны, можаш заўсёды давярацца мне і маім салдатам. Дазволь мне, аднак, ойча, сказаць — мне было б спакайней на сэрцы і мой рыцарскі гонар быў бы больш угрунтаваны, калі б усякія распараджэнні, асабліва тыя, якія адрозніваюцца ад ранейшых, я атрымліваў з тваіх, ойча, вуснаў, непасрэдна. Прабач, ойча, што я кажу пра гэта. У мяне няма ніякіх падстаў думаць, што прысутны тут брат Дыега недакладна перадаў мне твой загад. Прызнаюся, аднак, што, здзіўлены яго суровасцю, я падумаў: «Божа вялікі, калі тут, у месцы, асвянцоным прысутнасцю Бога, няма табе бяспекі, то дзе яна ёсць?»
— Нідзе! — цвёрда сказаў Тарквемада. — Вялебны айцец д'Арбуэз ці ж не загінуў у месцы, асвянцоным прысутнасцю Бога?
Стары рыцар схіліў галаву.
— Я толькі салдат, і часам мне цяжка ахапіць розумам памеры падступніцтва. Калі ты, ойча, сярод сваіх служак і я вартую непадалёк, тады я ўпэўнены, што ты ў бяспецы.
— Думаеш, што сярод нас не можа завесціся вораг? Ёсць такія, якіх не пераможаш мячом. Паглядзі хоць бы на гэта снеданне. Хто можа ведаць, ці не схаваны ў ім вораг?
Сеньёр дэ Сігура пабялеў. Падняў руку да лоба і змучаным рухам правёў па ім далоняй. Ціха спытаўся:
— Ты так думаеш, вялебны ойча?
На гэта Тарквемада адказаў:
— Толькі тады мы належным чынам убяспечымся ад ворага, калі будзем падазрэннем апярэджваць яго дзеянні. Усё магчыма. А таму, каб нам не было за што дакараць саміх сябе, няхай з гэтага часу правярае ўсякую ежу прызначаны табою чалавек, чалавек набожны, які вельмі добра разумее, што азначае ў такой справе маўчанне.
— Ці думаеш, ойча, што гэта павінен быць мой абавязак?
— Не, мой сыне, — адказаў Тарквемада. — Ты надта блізка стаіш каля мяне, каб можна было рызыкаваць табою. Дастаткова, калі зробіш гэта адзін раз, сёння. І хай гэта будзе сімвалічным актам тваёй годнасці і адданасці.
— Ойча мой! — сказаў сеньёр дэ Сігура трохі збянтэжана.
Падрэ Тарквемада ўзняў павекі, яго вочы былі поўныя заклапочанасці і знуджанага смутку.
— Сёння ноччу я спавядаўся і яшчэ не паспеў разгавецца.
Вялебны айцец падняў руку і ўчыніў над сеньёрам донам Карласам знак крыжа.
— Адпускаю грахі твае, сыне, бо тое, што хочаш зрабіць, робіш у сапраўднай веры і на яе ўмацаванне.
— Хай Бог убароніць цябе для нас на доўгія гады, мой ойча, — сказаў сеньёр дэ Сігура.
Пасля падышоў да стала і рухам чалавека, які не надае вялікага значэння ежы, узяў сыру, наліў у кубак віна. Выпіў яго з такой жа абыякавай паспешнасцю, адставіў кубак і, калі рука яго пацягнулася па хлеб — збялеў, задрыжаў, падняў растапыраныя, але ўжо здранцвелыя пальцы да горла і з застылым у апечанай гартані глухім крыкам захістаўся, яшчэ раз нешта сказаў не ў лад, паспрабаваў выпрастацца, не змог і грымнуўся ўсім целам на стол; стол пад яго цяжарам перавярнуўся, сеньёр дэ Сігура ніцма паваліўся на каменную падлогу.
— Божа! — крыкнуў з цёмнага кута келлі брат Дыега.
Настала цішыня. Праз хвіліну падрэ Тарквемада сказаў:
— Сыне мой.
Брат Дыега, сагнуўшыся каля сцяны, закрыў твар рукамі.
— Сыне мой, — паўтарыў вялебны айцец, — здарылася страшнае, але гэты чалавек ужо стаіць перад вышэйшым судом, і толькі адзін Бог ведае ў гэтую хвіліну адказ на пытанне: злачынца гэта ці няшчасная ахвяра злачынства? Будзем прасіць Бога, каб і мы зведалі гэтую праўду.
Брат Дыега дрыжаў, твар яго пашарэў. Дыега прыпаў да кален Вялікага інквізітара.
— Ойча мой, малю цябе, дазволь мне вярнуцца ў свой кляштар. Прызнаюся, уражаная рэўнасцю любоў мая змусіла мяне данесці на гэтага чалавека, але адкуль я мог ведаць, што маё абвінавачанне сягае аж так далёка? Занадта высока, ойча, узнёс ты мяне. Мяне палохае мізэрнасць людской натуры. Дазволь мне быць сабою, ойча. Я малы чалавек, які толькі ў цішы і ў спакоі здолее служыць Богу.
Падрэ Тарквемада ўсклаў далонь на яго галаву.
— Што такое цішыня і спакой?
— Не ведаю, ойча. Ведаю толькі, што мяне палохае веліч страшнага зла.
— І ты думаеш, што можна ўцячы ад таго, што ты ўжо зведаў?
— Ойча, ты найлепш ведаеш — тое, што я здолеў спазнаць, гэта толькі дробная часцінка ўсёй праўды.
— І яе ты так баішся?
— Завысока хочаш мяне, ойча, узнесці.
— Праўды пра натуру людскую баішся?
— Ойча мой!
— Няўжо табою кіруе страх перад гэтай праўдай. Боязь, што цалкам спазнаеш і ўразумееш і ахопіш людскія злачынствы?
Брат Дыега пакутліва паглядзеў на яго.
— Маеш рацыю, ойча. Сваёй нянавісці і пагарды да ўсяго я не баюся.
— Няпраўда!
— Так, мой ойча.
— Ілжэш або баязліва хочаш падмануць самаго сябе. Не, не пагарды і нянавісці ты баішся, а любові.
— Любові?
— А што ж тады пагарда і нянавісць да зла? Ці ж не ўзброеныя гэта рукі любові да дабра?
— Ойча мой, але ж не крыніца, а рака, якая з крыніцы чэрпае сваю сілу, бывае страшная і грозная.
— Зноў памыляешся. І як наіўна! Рэкі сапраўды бываюць грозныя і шмат спусташэнняў могуць учыніць, але не праз свае крыніцы, а таму, што іх мацуюць дажджы і горны снег.
— А думкам і пачуццям, якія плывуць і вынікаюць з любові, ойча, ці ж не пагражае таксама ўварванне рэчаў, варожых іх натуры? Якую я магу мець упэўненасць, што я з маёй любоўю да дабра ўбаранюся ад учынкаў, якія супраціўныя гэтаму? Ці ж я магу прадбачыць, куды завядзе мяне мая нянавісць і пагарда.
— Увогуле, ты можаш гэта прадбачыць. Яны завядуць цябе не далей і не глыбей, чым твая любоў. Яна будзе маналітная і магутная, такая будзе і твая нянавісць да грэху. А пойдзеш на слабую, на хісткую любоў, такімі ж будуць і твае пачуцці нянавісці і пагарды. На жаль, мой сыне, ты баішся вялікай любові. Сілы яе баішся, уздзеяння яе, а больш за ўсё яе неабвержных, настойлівых вымаганняў. Хочаш уцячы ад любові. Ну і ўцякай. Вяртайся ў свой кляштар. Не буду цябе трымаць.
— Памыліўся ты ўва мне, ойча, — шапнуў Дыега.
Тарквемада зноў крануўся рукою яго схіленай галавы.
— Паглядзі мне ў вочы.
— Так, ойча.
— Баюся я, мой сыне, што тое, што я, можа, і памылкова мяркуючы, мог бы сказаць табе цяпер, некалі беспамылкова скажа табе Бог.
Вочы Дыега заслала слязьмі.
— Ойча мой, не ў магутнасці любові сумняваюся, а ў сваёй сіле.
— Наіўны, дурненькі! А ў чым бы ты сумняваўся, калі б глядзеў цяпер на маё пахаладзелае цела?
Дыега задрыжаў.
— Ойча, і мае намеры не былі чыстыя.
— А іх вынікі? Чаму не мерыш свае намеры вынікамі? Думаеш, факты — гэта нешта менш надзейнае за твае выпакутаваныя думкі? Сапраўды, і я табе гэта кажу, толькі з вялікай любові можа нарадзіцца такі раптоўны бляск чуйнай гатоўнасці, які табе быў дадзены.
Слёзы цяклі па шчоках Дыега.
— Ойча мой, няўжо гэта сапраўды была любоў?
Тарквемада нахіліўся над Дыегам, які ўсё яшчэ кленчыў.
— Сыне мой, дзіця маё... хрысціянскай любові ў табе больш, чым ты думаеш.
— Чаму ж тады я сумняваўся ў сабе?
— Ты сумняваўся ў праўдзе.
— Ойча, клянуся, мая вера...
— Любоў і праўда не адно і тое?
— Тое, ойча.
— Тады думай да канца. Засумняваўся ў сваёй сіле? А што крыніца яе? Любоў, якая служыць праўдзе і адназначная з ёю. Як жа, верачы ў праўду, ты, яе носьбіт, можаш сумнявацца ў сабе? Ці ж не яна — невычэрпная крыніца людское сілы? Толькі тады, калі чалавек пачынае сумнявацца ў ёй, прыходзіць і сумненне ў сабе?
Брат Дыега падняў галаву. Бледны, але вочы былі сухія.
— Я не хацеў, ойча, свядома ілгаць.
— Я б не гаварыў з табою, мой сыне, калі б не ведаў гэтага.
— Памыляўся я, ойча, але цяпер дзякуючы табе бачу ўсё ясна. Сапраўды, зло здавалася мне такім усёмагутным, што я на нейкую хвіліну перастаў чуць праўду, перастаў верыць у яе. Але скажы мне: чаму ты чытаеш мае думкі лепш, чым я сам?
— Сыне мой, — лагодна адказаў Тарквемада, — я служу праўдзе, толькі праўдзе і з яе чэрпаю сілу. Гэта ўсё.
Хвіліну панавала цішыня. Брат Дыега нахіліўся і гарачымі вуснамі прыпаў да далоні вялебнага айца, якая нерухома спачывала на білцы крэсла. Той павольна падняў правую руку і, творачы над пахіленай галавой знак дабраславення, сказаў:
— Еgо tе аbsоlvо. In nоmіnе Раtrіs, еt Fіlіі, еt Sріrіtus Sаnstі, аmеn.
Адразу пасля гутаркі з Вялікім інквізітарам дон Радрыга дэ Кастра вярнуўся ў келлю, дзе жыў з маладым донам Ларэнцам. Той, убачыўшы яго, сарваўся з ложка.
— Ну што? — спытаўся нецярпліва.
Дон Радрыга моўчкі падышоў да стала, узяў збан з віном і пачаў прагна піць.
Дон Ларэнца з трывогай углядаўся ў сябра.
— Што там, Радрыга?
— Нічога.
— Меў непрыемнасці?
Дон Радрыга з грукатам адставіў збан.
— Слухай, Ларэнца, ты заўсёды мне мілы і, спадзяюся, такі і застанешся, але ты павінен ведаць, што з гэтай хвіліны я табе ўжо не Радрыга.
Ларэнца збянтэжыўся.
— Не разумею цябе. Як гэта?
— Я твой начальнік, ясна цяпер?
— Ты? О Радрыга...
У першым парыве радасці Ларэнца хацеў кінуцца абнімаць, але той суха яго асадзіў.
— Хвіліну назад вялебны айцец назначыў мяне капітанам сваіх служак. Пачакай, не перабівай. Гэта адно. І другое: ты яшчэ вельмі малады, Ларэнца, але павінен хутка засвоіць, што салдат не задае пытанняў, памятай гэта.
— Прабач, — шапнуў Ларэнца, — не ведаў...
— А цяпер ведай, — суха перабіў яго дон Радрыга. — Ідзі і маўчы.
Брат Дыега ўпусціў абодвух рыцараў у келлю айца Тарквемады і моўчкі паказаў ім цела на падлозе. Яно было накрыта цёмным плашчом. Ларэнца ледзь не ўскрыкнуў, калі, намерыўшыся разам з Радрыгам падняць цела, неасцярожна ссунуў покрыва з галавы нябожчыка. Але стрымаўся, сустрэўшы цвёрды пагляд дона Радрыга. Ён прыкрыў счарнелы твар і, з натугай прытрымліваючы плячом застылае цела, панура пайшоў за Радрыгам да дзвярэй. У келлі быў змрок, але, нягледзячы на гэта, у чалавеку, які кленчыў каля ложка, Ларэнца адразу пазнаў вялебнага айца.
Кляштарны калідор быў пусты, варта ў канцы яго стаяла ў цішы, і таму Радрыга і Ларэнца, нікім не заўважаныя, перанеслі цела сеньёра дэ Сігуры ў келлю, якую той дагэтуль займаў, паклалі накрыты плашчом труп на ложак і вярнуліся да сябе.
Дон Радрыга цяжка сеў на ўслон каля стала, расшпіліў на шыі скураны каптан і пацягнуўся да збанка з віном. Піў доўга і павольна, нарэшце адняў збанок ад вуснаў і паглядзеў на Ларэнца, які стаяў побач.
— Чаго вырачыўся? — спытаўся неяк непрыязна.
Ларэнца маўчаў.
— Сядай, — загадаў дон Радрыга.
І пасунуў да яго віно.
— Пі.
Той, застыўшы на канцы ўслона, адмоўна пакруціў галавой.
— Пі, — паўтарыў капітан.
Ларэнца вагаўся, але ўсё-такі паслухаўся. Дон Радрыга прыглядваўся да яго з панурай неахвотай.
— Досыць, — сказаў раптам, — уп'ешся.
Ларэнца рэзка адставіў збанок і падхапіўся з услона.
— Навошта ты мучыш мяне, Радрыга?
У яго тонкім ломкім голасе гучалі гнеў і шкадаванне. Дон Радрыга пагардліва ўсміхнуўся.
— Сядай.
— Што я зрабіў табе, Радрыга? Люблю цябе, як брата.
— Пакінь дзяцініцца. Сядай, хачу з табой сур'ёзна пагаварыць. Падымі галаву.
— Дазволь мне пайсці, — шапнуў Ларэнца.
— Пасля.
Зноў узяў збан і выпіў віно да дна.
— Паслухай, Ларэнца, апроч маладых гадоў ты маеш яшчэ адну асаблівую прывілею, спадзяюся, ты здолееш ацаніць яе. Ад сённяшняга дня ты будзеш асабіста правяраць ежу вялебнага айца. Гэта яго і маё даручэнне.
Хвіліну стаяла цішыня.
— Разумееш, Ларэнца, пра што тут гаворка. Першы, хто сёння раніцай зрабіў гэта, быў той чалавек.
— Радрыга, скажы...
— Ніякіх пытанняў, Ларэнца!
Ён адсунуў плячом стол і цяжка падняўся. Яго смуглы, пахмурны твар пачырванеў, вочы былі змучаныя і таксама чырвоныя.
— Ларэнца, свет наш — куча гною, разумееш гэта? Не, ты яшчэ нічога не перажыў, нічога не ведаеш. Абернешся — убачыш злачынства, здраду, на кожным кроку атруту нікчэмных пігмеяў. Яшчэ нядаўна я пакутаваў, дакараў сябе за подласць. Божа вялікі, які я быў дурань! Чалавек, які лічыў мяне сябрам і ў якім я таксама бачыў сябра, цяпер у сутарэннях Святой інквізіцыі. Дзякуючы мне, разумееш? І я не шкадую; Бог мне за сведку, што зрабіў я правільна. Што такое повязі сяброўства і ўсе пачуцці ў параўнанні з маёй службай? Слухай, Ларэнца, я сказаў, што люблю цябе. Сказаў я так?
— Сказаў, — шапнуў Ларэнца.
— Ты малады, прыгожы, у тваіх вачах, як у люстэрку, адбіваецца чысціня тваёй душы, але ведай, што хоць і моцна я цябе люблю, больш, можа, нават, чым ты думаеш, аднак, калі заўважу ў табе хоць цень злачыннай думкі, падступнага намеру, бадай, хоць адну плямку на тваёй веры і адданасці, я першы зраблю ўсё, каб знішчыць цябе, як нішчаць ворага. Сцеражыся мяне!
Ларэнца таксама ўстаў. Увесь збялеў, вочы пацямнелі. Дон Радрыга паглядзеў на яго і голасна, нечакана звонка засмяяўся.
— Шчанюк, нават думак сваіх не ўмееш хаваць. Па вачах тваіх бачу, што падумаў. Ты падумаў: і ты мяне сцеражыся.
Ён яшчэ з хвіліну смяяўся, пасля раптам замоўк і кароткім рухам рукі загадаў:
— Ідзі, хачу пабыць адзін.
Дон Ларэнца, усё яшчэ бледны і з цёмнымі вачыма, службіста выпрастаўся.
— Так, дастойны капітане, — сказаў хлапечым, нязвыкла ясным голасам.
Пасля беззаганна зрабіў устаўны паварот і выйшаў з цэлі, трошкі замоцна бразнуўшы дзвярыма.
Неўзабаве пасля гэтага, не больш чым праз гадзіну, у Санта Марыя ла Анцігуа прыехаў інквізітар Святога трыбунала ў Валадолідзе падрэ Крыстобаль Галвез, дамініканец. На дзядзінцы госця вітаў прыёр Санта Марыі, ссівелы падрэ Аўгусцін д'Акунья, пасля чаго абодва айцы падаліся ў старую частку кляштара, дзе ў рэфекторыі, які памятаў даўныя і слаўныя часы караля Альфонса VІ, госця чакалі капітан фамільянтаў і брат Дыега.
Падрэ Галвез, нягледзячы на сваё калецтва — ён кульгаў на левую нагу, — увайшоў шпаркім крокам і, абыякава агледзеўшы строгі пакой, нецярпліва глянуў на прысутных.
— Даўно не быў у гэтых святых мурах, — сказаў да прыёра. — І вось я тут. А дзе ж вялебны айцец? Ён выклікаў мяне. Чаму так позна?
Пан Радрыга дэ Кастра выйшаў з-за калоны, у цяні якой стаяў.
— Дазволь, вялебны ойча, даць табе тлумачэнні.
— Так, — коратка сказаў падрэ Галвез.
— Вялебны айцец сапраўды выклікаў вас, але, на жаль, не зможа пагаварыць з вамі асабіста, бо ўвесь свой час аддае малітвам і роздуму.
— Цяпер? — гнеўна здзівіўся падрэ Галвез. — Адкуль такое рашэнне? Што тут робіцца? Чаму вы прыехалі ў сталіцу ноччу, нікога не папярэдзіўшы? Горад трашчыць ад плётак. Чаму вялебны айцец ні з кім не хоча гаварыць?
— Прабач, вялебны ойча, — спакойна адказаў пан дэ Кастра, — я не ўпаўнаважаны расследаваць рашэнне вялебнага айца.
Падрэ Галвез хуткім паглядам акінуў постаць маладога рыцара.
— Хто вы?
— Капітан фамільянтаў Вялікага інквізітара, — сказаў пан дэ Кастра.
Пасля, паказаўшы на Дыега, які стаяў непадалёк, сказаў:
— А прысутны тут брат Дыега — асабісты сакратар вялебнага айца.
Падрэ Галвез, падцягваючы скалечаную нагу, падышоў да Дыега.
— Віншую, мой сыне. У табе несумненна асаблівыя цноты і здольнасці, калі, такога маладога, паставіў цябе вялебны айцец так блізка ля сваёй асобы.
Брат Дыега схіліў галаву.
— Вялебны айцец наказаў таксама прывітаць вас і перадаць вам сваё дабраславенне. І разам з гэтым вялебны айцец выказаў шкадаванне, што згодна з вашымі абавязкамі вы павінны, і неадкладна, заняцца пэўнай справай, надзвычай цяжкай і балеснай.
Падрэ Галвез слухаў няўважна, пазіраючы ўбок, гнеўна хмурыў цёмныя, кусцістыя бровы. Раптам выпрастаўся.
— Сядзем, — сказаў тонам, не звыклым да пярэчанняў.
І першы парывістым крокам пайшоў да стала, які стаяў у глыбіні рэфекторыя, і, сеўшы, пачаў чакаць, пакуль усе зоймуць месцы.
— Слухаю, — сказаў.
Брат Дыега, які сціпла сеў аподаль, устаў і амаль манатонным голасам расказаў усё. Скончыўшы, сеў і залажыў далоні ў рукавы сутаны.
— Гэта ўсё? — спытаўся падрэ Галвез.
— Астатняе ў вашых руках, вялебны ойча, — адказаў брат Дыега.
— Так, — згадзіўся той абыякава. — І што ж вы на гэта скажаце, ойча Аўгусце?
Сівы прыёр не хаваў прыгнечанасці і заклапочанасці.
— Страшэнна цяжка дасведчыў нас Бог, — сказаў дрыготкім голасам чалавека, зламанага няшчасцем.
— Бог? — здзівіўся падрэ Галвез. — Ужо ці не лічыш ты, ойча Аўгусце, што Бог падсыпаў атруты ў віно вялебнаму? Гэта ўсё, што маеш паведаміць?
Падрэ д'Акунья бездапаможна развёў рукі.
— Усё? — крыкнуў падрэ Галвез, стукнуўшы кулаком па стале. — Як гэта ўсё, пад дахам твайго кляштара выспела сама жудаснае злачынства, рыхтавалі падступны і таемны ўдар, у самы мозг і сэрца, а ты нічога не ведаеш, нічога не бачыш, сляпы, глухі? На якім жывеш свеце? Толькі маліцца і ўмееш? З анёламі і са святымі толькі гавэнды разводзіш? Розум на старасці страціў? Далібог, калі б не твая ўсім вядомая святасць і набожнасць, інакш бы з табой, ойча Аўгусце, гаварыў Святы трыбунал.
Стары прыёр не спрабаваў бараніцца. Унурыўшыся ў вялікім крэсле, пад градам абвінавачанняў ён усё ніжэй схіляў сівую галаву. І, нягледзячы на гэта, не мог стрымаць дрыжыкаў. «Вось якая яна, сіла страху», — падумаў Дыега. І хоць быў змалку прывучаны паважаць святасць і старасць, усё-такі зласліва ўсміхнуўся. І апамятаўся толькі тады, калі, глянуўшы на твар пана дэ Кастра, які ў бляску сваёй залацістай зброі сядзеў па другі бок стала нерухомы, як статуя, убачыў гэткую ж усмешку. Погляды абодвух маладых людзей сустрэліся і адразу разышліся. Брат Дыега апусціў павекі. «Божа! — падумаў, не вельмі разумеючы, што хоча выказаць гэтым безгалосым воклічам. Разгубіўшыся на хвіліну ад сваіх думак, адчуў, як яго перапоўнілі смутак і адначасова раптоўная салодкая туга. — Навошта? Дзеля чаго?» Гэтага ён не мог сказаць, бо якраз у гэты час падрэ Галвез, з несхаванай пагардай адвярнуўшыся ад айца Аўгусціна, нахіліўся да Дыега, які, выведзены голасам айца інквізітара з задуменнасці, нямала ўзрадаваўся, што здолеў захаваць незамутнёны спакой.
— Ты сказаў, мой сыне, — сказаў падрэ Галвез, — што пан дэ Сігура пад выглядам адбытай споведзі спрабаваў спачатку адмовіцца каштаваць ежу вялебнага айца.
— Так было, вялебны ойча, — пацвердзіў брат Дыега.
— Мала, на жаль, я ведаў пана дона Карласа. Ён карыстаўся, наколькі я ведаю, вялікай славай хрысціянскага рыцара. Праўда ж?
— Праўда, ойча. Росту славы часта спрыяюць у вачах людзей ганарыстасць і недаступнасць.
— Ён быў ганарысты?
— Думаю, што не ад вялікай сціпласці неахвотна выказваў перад людзьмі свае думкі.
— Як гэта разумець?
Дыега адчуў раптам, нібы ён апынуўся на краі прорвы.
— Ойча вялебны, — сказаў, трохі падумаўшы, — мне здаецца, што я занадта малады і недасведчаны, каб беспамылкова меркаваць, дзе канчаецца выгляд віны і дзе пачынаецца сапраўдная віна.
Падрэ Галвез нецярпліва зварухнуўся.
— Выгляд? Што ты кажаш, мой сыне? Што такое твой выгляд віны? Гэта толькі наша хвіліннае і выключна суб'ектыўнае няўменне ўбачыць віну. Ці існуе гэты «выгляд» як факт? Не існуе, гэта ясна. Лічыцца толькі віна, а яна ёсць або яе няма. Гэта ўсё.
Брат Дыега пачырванеў ад сораму і прыніжэння. Як ён мог падумаць так наіўна! Толькі цяпер яму стала ясна, што паслушэнства вышэйпастаўленым не ў тым, каб ухіляцца ад выказвання сваіх думак, а ў тым, каб адгадваць думкі вышэйпастаўленых і згаджацца з імі.
— Ойча вялебны, — сказаў ён, упершыню ў жыцці свядома скарыстаўшы юнацкую шчырасць свайго голасу, — калі я ўжыў выраз «выгляд віны», то толькі ў значэнні, якое ты гэтым словам надаеш.
— Род пана дэ Сігуры належыць да найстарэйшых у каралеўстве Арагон, — азваўся з другога канца стала пан дэ Кастра.
На гэта падрэ Галвез:
— На жаль, вопыт нас вучыць, што чым больш славутае мінулае мае хто, тым менш яму трэба давяраць. Здавалася б, слава, багацце, прызнанне заслуг, бляск імя і роду павінны ўжо з прычыны самой сваёй прыроды служыць праўдзе. Тым часам менавіта сярод іх так часта плодзяцца і пасвяцца сама агідныя злачынствы. Сапраўды, словы нашага пана Ісуса Хрыста: «Дабраславёныя ўбогія духам» маюць большую мудрасць, чым гэта можа ўявіць абмежаваны розум чалавека. І царства божае настане на зямлі не раней, чым чалавецтва стане грамадствам прасцякоў.
Брат Дыега слухаў з сур'ёзным тварам, але не засяроджана. Ён да гэтага часу лічыў, што яму варожая, неўласцівая зайздрасць. Тым часам якраз гэта з'едлівае пачуццё ятрылася ў ім цяпер. Ці ж ён не ведаў, як і дон Радрыга, што пан дэ Сігура паходзіў з заможнага арагонскага роду? Чаму ж не патрапіў у пару выкарыстаць гэты важны, як аказалася, аргумент, чаму дазволіў апярэдзіць сябе?
Паглядзеў на пана дэ Кастра і, убачыўшы яго малады твар, на якім быў поўны спакой і здысцыплінаваная самаўпэўненасць, зноў пачуў, як яго захліснула хваля зайздрасці.
Хвіліну панавала цішыня.
— Што ты збіраешся рабіць, вялебны ойча? — ціха спытаўся стары прыёр.
— Зараз даведаешся, ойча Аўгусце, — адказаў падрэ Галвез. — Не здаецца бо верагодным, каб у такім выпадку злачынца мог дзейнічаць адзін, найлепш было б выклікаць у Святы трыбунал усіх братоў.
Падрэ Аўгусцін падняў галаву. Яна дрыжала. У старых, стомленых вачах стаялі слёзы.
— Божа вялікі, няўжо сапраўды хочаш зрабіць гэта?
Той паціснуў плячыма.
— Не, гэтым разам абыдуся. Святая інквізіцыя зусім не зацікаўленая, каб гэта старажытнае і вартае павагі месца пакрыць ценем няславы. Зрэшты, мы верым, што, за выключэннем тваёй, ойча, слабасці, большасць братоў бязмежна верная традыцыям гэтых муроў, а таксама, што найважней, духу нашага таварыства. Толькі вас, пане дэ Кастра, — павярнуўся да дона Радрыга, — абавяжам, каб вы неадкладна перадалі Святому трыбуналу таго служку, з рук якога брат Дыега прыняў ежу вялебнаму айцу.
— Ойча Крыстобаль, — усклікнуў падрэ Аўгусцін, — але ж ён яшчэ дзіця горкае.
Падрэ Галвез з'едліва ўсміхнуўся.
— Табе, ойча Аўгусціне, усе людзі невінаватыя. Аж цяжка, слухаючы цябе, зразумець, адкуль сярод гэтай суцэльнай невінаватасці бяруцца злачынствы, ерась і грэх. А можа, іх і няма? Можа, ты прыйшоў да такіх святых перакананняў? Калі так, дык чаго непакоішся за гэта хлапчо? Святы трыбунал больш, чым які-небудзь іншы зямны суд, шануе сапраўдную невінаватасць і, змагаючыся супраць зла, бароніць менавіта яе.
Сказаўшы гэта, падрэ Галвез устаў, і ўся нарада скончылася.
Ужо назаўтра выявілася, што вялебны падрэ Галвез не памыляўся, дакараючы айца Аўгусціна за недальнабачнасць і вартую кары страту пільнасці. Шаснаццацігадовы Пабла Заратэ, які ўсяго толькі некалькі месяцаў адбываў навіцыят у Санта Марыя ла Анцігуа, прызнаў пасля нядоўгага следства, што, калі ён нёс сняданак вялебнаму айцу, яго спыніў на дзядзінцы пан дэ Сігура, загадаў яму паставіць ежу і вярнуцца ў кляштарную кухню вымыць нібыта не вельмі чыстыя рукі. З гэтага ўсё стала ясна. Вораг, як стогаловая гідра, адраджаецца, нягледзячы на ўдары, якія яму наносяцца пастаянна. Выкрыты і вынішчаны ў Сарагосе, ён адразу высоўваў злачынныя мацкі ў другім месцы, намагаючыся любой цаной зняверыць і аслабіць парадак, пасеяць у галовах людзей смуту, а ў сэрцах неспакой.
Побач з гэтымі выяўленымі акалічнасцямі правіна Пабла не здавалася асабліва цяжкай і хоць, калі лічыцца з вынікамі, назаўсёды пазбаўляла яго магчымасці вярнуцца ў кляштарныя муры, аднак толькі тое, што здарылася пасля, кінула цяжкі цень на здаровасць душы гэтага падлетка, якога, на жаль, так неабачна дапусцілі да адбывання духоўнага навіцыяту. Неўзабаве пасля таго, як ён даў паказанні, гэта значыць, у час, калі ён найбольш павінен быў сумленна выказаць жаль і панесці належную кару, Пабла Заратэ, замест таго каб пайсці па шляху веры, павесіўся ў цэлі, дзе быў увязнены, і гэтым бязбожным учынкам засведчыў, што замест пачцівага жыцця хрысціяніна ён выбірае ганьбу і вечнае асуджэнне.
Вестка пра гэта вартае шкадавання здарэнне дайшла да Санта Марыя ла Анцігуа раніцай, яшчэ да першай ранішняй імшы, якую ўжо колькі гадоў адпраўляў звычайна айцец прыёр. І ў гэты дзень, як заўсёды, ён выйшаў са святой дараносіцай, але неяк так ужо недалужна, нібы сляпец, хадзіў каля алтара, а голас, нават калі ён чытаў ціха, не хацеў яго слухацца, што ў натоўпе святых братоў спярша пранёсся нейкі неспакойны шум, пасля залегла цішыня, і старэчаму мармытанню падрэ Аўгусціна адказвалі толькі самотныя арганы ў глыбіні храма. Немалое таксама здзіўленне ахапіла ўсіх, калі, блаславіўшы на заканчэнне ўсіх прысутных, падрэ Аўгусцін астаўся каля алтара і ціха, але вельмі выразна сказаў:
— А цяпер, браты, прачытаем «Ойча наш» і «За здароўе Марыі» за чыстую і нявінную душу нашага малодшага брата Пабла.
Магільная цішыня настала пасля гэтых слоў. Не зрушыўся з месца ні брат Дыега, які самотна стаяў з боку алтара, ані пан дэ Кастра, які ў сваёй залатой зброі стаяў крок наперадзе сваіх фамільянтаў.
Такая сіла была з гэтых двух людзей, што ніхто з братоў не адважыўся ўкленчыць.
Падрэ Аўгусцін з хвіліну глядзеў на нерухомы натоўп у прыцемку храма, усё большая бледнасць пакрывала яго змаршчынены пакутамі твар, і, нарэшце, адвярнуўся і, укленчыўшы ля падножжа алтара, пачаў маліцца адзін. Брат Дыега і пан дэ Кастра першыя перахрысціліся і разам рушылі да дзвярэй рызніцы. За імі пачалі выходзіць служкі вялебнага айца, і храм напоўніўся цяжкім звонам даспехаў. Потым, ужо ў цішыні, адзін за адным, схіліўшы галовы і не гледзячы адзін на аднаго, выходзілі браты.
Айцец Аўгусцін астаўся адзін. Ён доўга маліўся, як бы забыўшыся пра свет. А свет мяккім сонечным бляскам асвятліў на вітражах сілуэты анёлаў і святых. Дагаралі ў кандэлябрах свечкі. З кляштарнага дзядзінца далятала адгалоссе змены варты.
Потым падрэ Аўгусцін узвёў вочы на велізарны крыж, які вісеў угары, і ўсклікнуў голасам, поўным роспачы:
— Госпадзе, ці доўга цемра будзе панаваць над няшчаснай зямлёй?
Слёзы заслалі яму вочы, і ён не адразу разгледзеў, хто прыпаў да яго каленяў, калоцячыся ад плачу, прытуліўся гарачай шчакой да яго далоні. Падрэ, стоячы на каленях, пагладзіў густыя з дробнымі завіткамі валасы і пазнаў малодшага кляштарнага служку Франсіска. Ён абняў гэта кволае, яшчэ дзіцячае цела і, гладзячы малога па валасах, шаптаў дрыготкім ад узрушанасці голасам:
— Дзіцятка маё, маё беднае дзіцятка, не трэба траціць надзеі. Трэба мець надзею. Заўсёды трэба мець надзею.
Гэта была апошняя імша, якую стары прыёр правіў у Санта Марыі. Ноччу з дазволу вышэйшых пакінуў кляштар і горад і адправіўся ў далёкую пустэльню Сан-Ініга ў гарах Эстрамадуры, каб там прысвяціць сябе прыроджанай патрэбе малітвы і спакойна закончыць святое жыццё.
А на другі дзень сам айцец Вялікі інквізітар, закончыўшы двухтыднёвыя набажэнствы, адслужыў у Санта Марыі ранішнюю імшу. Брат Дыега абвясціў сабраным братам кароткую казань на тэму слоў Госпада Ісуса паводле евангелля св. Мацвея: «Не прыйшоў я з мірам, а з мечам».
Тым часам, як гэта зазвычай вядзецца ў падзеях, калі не толькі перамогамі таруецца дарога праўды, — розныя невясёлыя весткі даходзілі ў сталіцу на схіле тысяча чатырыста восемдзесят пятага года. І вось аднаго дня стала вядома, што каралеўскія войскі на чале з панам герцагам д'Аркоса панеслі пры асадзе паганскай Малагі вялікія страты, а з Арагона губернатары даносілі пра хваляванні, калі пасля вядомых падзей у Сарагосе многія гарады захліснулі неспакой і смута, усюды справакаваныя той самай рукой жыдоўскага ворага, што не грэбаваў ніякімі сама нікчэмнымі сродкамі, абы толькі падступна нашкодзіць каралеўству.
У Валенсіі, напрыклад, падбухтораная правакатарамі галота падпаліла палац Талавера, дзе была сядзіба Святога трыбунала, у Тэруэлі натоўп, падагрэты такім самым спосабам, закідаў каменнем і цэглай каля вежы Сан-Марцін атрад айца інквізітара, калі той у першую нядзелю снежня выправіўся ў сабор на набажэнства. У абодвух гарадах былі ахвяры, і толькі дзякуючы таму, што на вуліцы былі выведзены салдаты Святой эрмандады, удалося прадухіліць пашырэнне хваляванняў і пазбегнуць яшчэ большых ахвяр. У Барселоне таксама задушылі бунт у самым зародку, разагнаўшы гарадскіх пахолкаў і смердаў, якія пачалі былі збірацца непадалёк ад турмы Святога афіцыума, арыштавалі пры такой нагодзе і аддалі пад суд многа западозраных гараджан.
Кароль Фердынанд, папярэджаны пра гэтыя здарэнні, адразу пасланымі кур'ерамі загадаў правесці, не зважаючы на асобы, суровыя акцыі супраць усякіх ератыцкіх правакацый. Святыя трыбуналы таксама, асабліва на тэрыторыі Арагона, былі закліканы спецыяльным пасланнем айца Вялікага інквізітара да ўзмацнення пільнасці і да паглыблення метадаў расследавання. Такім чынам, вораг яшчэ раз пралічыўся і памыліўся, мяркуючы, што яму ўдасца паслабіць баявітасць царквы або выкапаць прорву паміж ёю і масамі вернікаў. Ніхто, акрамя злачынных ератыкоў і мізэрнай жменькі людзей, часова ўведзеных у зман, не сумняваўся, што ўвесь народ бязмежна адданы Іх Каралеўскім Мосцям і царкве і аднадушна асуджае ўсялякія спробы аслаблення яе адзінства.
Нягледзячы на гэта, як і бывае ў такіх акалічнасцях, весткі пра пэўнае нездаровае ўзбуджэнне ўсё яшчэ ішлі з правінцый, і, хоць у самой сталіцы панаваў поўны спакой, — айцец інквізітар Галвез прыняў рашэнне прыспешыць аўтадафэ, якое рыхтавалі ўжо даўно і вельмі грунтоўна на сярэдзіну студзеня наступнага года. Калі падрэ Тарквемада падтрымаў гэта рашэнне, было зроблена ўсё, каб урачыстасць, прызначаная на асабліва шанаваны людзьмі дзень святога Дамініка Сілоскага, прайшла з вялікім шыкам. За тыдзень да аўтадафэ закончылі многія працэсы, што зацягнуліся на некалькі месяцаў, распачалі і шчасліва завяршылі да азначанага тэрміну шмат новых. Ва ўсіх кляштарах, асабліва ў дамініканцаў, гэтыя пачынанні суправаджаліся вячэрнімі набажэнствамі братоў, бо адзінства сыноў царквы здавалася ў тыя дні больш патрэбным, чым калі-небудзь. Зрэшты, як і спадзяваліся, народ не застаўся абыякавы да голасу сваіх духоўных пастараў. Акрылены шчырай верай, ён сцякаўся з усіх гарадоў і замкаў старажытнага каралеўства Леон у Валадолід. Святыя пілігрымы ішлі і з далейшых раёнаў. Неўзабаве ўжо не хапала месцаў у гарадскіх гасподах і заезных дамах, і народ, нягледзячы на снежаньскія халады, вандраваў з пляца на пляц пад адкрытым небам.
У сувязі з такім вялікім узрушэннем у хрысціянскім народзе абое Іх Каралеўскія Мосці, хоць і збіраліся падацца, устрывожаныя сітуацыяй, пад Малагу, цяпер, аднак, упрошаныя асабіста айцом Вялікім інквізітарам, пастанавілі адкласці намечанае падарожжа, каб прысутнасцю свайго маестату надаць урачыстасцям больш значэння і бляску. Прадугледжвалася, што каля дзвюх тысяч асуджаных на розныя кары грэшнікаў прымуць удзел у пакутніцкіх абрадах ў саборы, а пасля пойдуць працэсіяй на квамадэра, колькасць жа ератыкоў, якіх апошнім часам Святы трыбунал адлучыў ад царквы, даходзіла да сямідзесяці з нечым. Адным і адзіным з іх, цела якога ў атачэнні іншых, якіх меліся паліць жыўцом, будзе аддадзена ачышчальнаму агню пасмяротна, быў абвінавачаны ў блюзнерчай спробе атручвання пан дон Карлас дэ Сігура. У святле грунтоўна праведзенага следства здавалася, што Святы трыбунал не мог у гэтай цалкам яснай справе вынесці больш справядлівы вырок, аднак менавіта гэты прысуд стаў на Каралеўскай інквізіцыйнай радзе прадметам сама бурнага абмену думкамі і спрэчак.
Каралеўская інквізіцыйная рада, якая была створана Іх Каралеўскімі Мосцямі з мэтай больш цеснай сувязі з тронам дзейнасці Святога афіцыума, збіралася за гэты час поўным складам даволі рэдка. Аднак цяпер, і, як здавалася, пад уплывам некалькіх свецкіх грандаў, кароль Фердынанд палічыў абавязковым, каб рада прыняла сваю пастанову наконт апошніх падзей, і неадкладна. І вось у апошні дзень лістапада, на святога Андрэя, пасля імшы ў замкавай капліцы, тры царкоўныя дастойнікі на чале з айцом Вялікім інквізітарам, столькі ж знакамітых паноў каралеўства і два слаўныя дактары, правовыя дарадцы Святога афіцыума, пакінуўшы сваю світу ў пярэдніх пакоях, сабраліся ў троннай зале, чакаючы выхаду караля і каралевы. Іх Каралеўскія Мосці не далі сябе доўга чакаць. З імі ішоў міністр, брат Франсіска Хіменэс, францысканец.
Падрэ Галвез не хаваў незадавальнення, калі пасля некалькіх слоў караля Фердынанда, які гаварыў, як звычайна, трошкі цяжкавата з прычыны задышкі, ад якое ён вельмі пакутаваў, падняўся дон Альфонса Карлас герцаг Медына Сідонія, маркіз Кадыкса. Усе добра ведалі, што, калі пяць гадоў назад першыя іўдаісты пачалі пакідаць гарады і сёлы, падданыя Святому афіцыуму ў Севіллі, не хто іншы, як пан герцаг Медына Сідонія даваў ім на сваіх землях прытулак. Аднак даўнія гэта былі справы, і быць можа, што малады герцаг, прасякнуты з цягам часу духам праўды, прагнуў цяпер адгарадзіцца ад свайго мінулага, бо тое, што ён гаварыў, было надзвычай разумнае, прасякнутае святасцю і поўнае сыноўняй павагі да заслуг Святога трыбунала. Сапраўды, цяжка было б знайсці іншыя словы, якія б выказвалі хрысціянскія думкі лепш, чым тыя, якія са спакойнай развагай і годнасцю, пазбаўленай усякай пыхі, сказаў гэты нашчадак аднаго з сама знакамітых родаў каралеўства.
Абое Іх Каралеўскія Мосці слухалі яго з выразна зычлівай увагай, усе астатнія паны, асабліва стары герцаг Карнэха, здавалася, былі ў захапленні ад розуму сама малодшага з іх. Сярод гэтай агульнай пацехі толькі айцы інквізітары і пан кардынал дэ Мендоза, арцыбіскуп Таледа, захоўвалі чакальную стрыманасць. І сапраўды, даверыўшыся дасведчанасці вопыту і развазе, яны слушна не далі сабе паддацца заўчаснай радасці, бо неўзабаве пан Медына Сідонія раскрыў сваё сапраўднае аблічча.
— На жаль, — сказаў ён пасля хвіліны маўчання, — я спахібіў бы і павагай гэтага сходу, і перш за ўсё праўдай, калі б не прызнаў, што, сузіраючы многія справы, якія чыняцца сёння ў каралеўстве, апроч пачуццяў радасці і гонару, я перажываю, ды напэўна і не я адзін, заклапочанасць і сама ўразлівую трывогу.
У зале залегла ціша. Падрэ Галвез закруціўся ў сваім крэсле, а падрэ Тарквемада падняў галаву і праніклівым позіркам акінуў маладога герцага. А той звярнуўся проста да яго.
— Бачу па вашых вачах, вялебны ойча, што хацелі б запытацца, якая гэта заклапочанасць трывожыць мяне?
На гэта падрэ Тарквемада адказаў:
— Сапраўды, вы не памыліліся, годны пане. Перад абліччам усеагульнага памнажэння розных злачынстваў супраць веры кожны хрысціянін павінен адчуваць глыбокую трывогу. Ці не пра гэтую заклапочанасць вы кажаце?
— Наогул і пра яе, але і не толькі. Найяснейшы кароль, найяснейшая каралева! Я цаню суровасць, з якою Святыя трыбуналы выкрываюць і караюць ератыкоў, апасаюся, аднак, што калі гэтая суровасць пачне закранаць найпершых паноў каралеўства, няславай пакрываючы людзей, якія ад нараджэння пастаўлены вышэй за тлум сваёй годнасцю і маёмасцю, тады з гэтага можа вынікнуць для нас болей шкоды, чым карысці. Гэта заклапочанасць якраз, вялебныя айцы, і трывожыць мяне.
Герцаг Карнэха ўсклікнуў:
— Што вы здабудзеце, выдаючы плебеям на ганьбу і прыніжэнне сыноў знакамітых родаў? Што вы нарабілі ў Арагоне? Ці ж не мы — той трывалы падмурак, на якім вы павінны трымацца?
Вялікі і станісты пан маркіз дэ Вілена, забыўшыся пра шацунак да Іх Каралеўскіх Мосцяў, стукнуў кулаком па білцы крэсла.
— Альбо вы сляпыя, айцы, альбо шалёныя? На каго замахваецеся? Калі і далей пойдзеце гэтай дарогай, можа, і мяне паставіце перад сваім трыбуналам?
Зноў запанавала цішыня. Першы азваўся падрэ Тарквемада, і яго голас, сцішаны і поўны спакою, гучаў адмыслова пасля нечаканага выступлення пана дэ Вілены. Падрэ Тарквемада сказаў:
— Не памыляецеся, годны пане. Няхай усемагутны Бог не абыдзе вас сваёй апекай, каб гэта не стала неабходнасцю.
Кроў ударыла пану дэ Вілену ў твар.
— Пагражаеце, вялебны ойча? Мне?
— Каму трэба зняславіць пасля смерці пана дэ Сігуру? — крыкнуў герцаг Медына. — Калі ўжо пан дэ Сігура стаў перад судом Божым, хай Бог і судзіць яго правіны.
Падрэ Галвез павярнуў да яго пацямнелы твар.
— І каго ж вы бароніце, герцаг? Вераломцу і атрутніка?
— Памыляешся, вялебны ойча, — адказаў той. — Не пана дэ Сігуру бараню, а гонар рыцарскага стану. Я ведаю, што грэх можа ўціснуцца ўсюды, а грахі, нават асабліва цяжкія, могуць стаць доляй нават сама моцных гэтага свету, але ці азначае гэта, што іх адразу трэба выносіць на святло? Чаму зло, якое хутчэй прыхаваць належала б і акружыць маўчаннем, вы выдаяце на рабунак чэрні? Хочаце павярнуць супраць нас цёмныя мэтлахі?
Кароль Фердынанд сядзеў на троне, апусціўшы выпуклыя павекі, упёршы тоўстыя і трохі караткаватыя рукі ў шырока расстаўленыя сцёгны. Святая каралева Ізабэла, здавалася, задумалася і была смутная. У цішы пачуўся цяжкі ўздых пана дэ Вілены.
— Пан герцаг Медына слушна сказаў, — пачаў падрэ Тарквемада, — што грэх і загана не абмінаюць на гэтым свеце нават сама высокапастаўленых. Глыбока, аднак, памыляецца, умаўляючы нас, каб мы праўду выкрыцця падмянілі баязлівым маўчаннем. Што ж вы раіце нам, годныя панове? Няўжо ў вас так мала даверу да праўды, што фальшыва зразуметае паняцце славы вашага сану вы ставіце над ёю?
— Аслабляючы нас, аслабляеце і праўду, — адказаў пан Карнэха.
— Не! — усклікнуў падрэ Тарквемада. — Калі мы маем адвагу гоіць нават сама балючыя раны, дык якраз толькі таму, што мы дастаткова моцныя, каб выкрыць і абясшкодзіць усякае зло. Яшчэ раз пытаюся ў вас, што вы нам дарадзіце? Што для вас — законы, што для вас — справядлівасць? Маўчыце? Дык я вам адкажу: ваша пыха перавышае вашу веру. А калі вера ў вас слабне, як жа вы можаце верыць у перамогу? Але і тое вам яшчэ скажу: ніколі Святая інквізіцыя не паддасца падобным падступствам, ніколі не дасць сябе звесці якім-небудзь спробам паслаблення еднасці, адзінства. Бязлітасна будзем адцінаць ад камля кожную хворую або высахлую галіну.
Пан герцаг Медына Сідонія, збялелы ад гневу, сарваўся са свайго месца.
— Найяснейшы пане, кароль! Пан дэ Сігура цяжка саграшыў, гэта праўда, але ж у ягоных жылах цякла кроў сама знакамітых родаў Гішпаніі. Не дапусціце такога страшнага паганьбення.
На гэта азваўся кардынал дэ Мендоза, які дагэтуль маўчаў:
— Што ганьба — грэх ці кара?
— Мы тут чуем галасы, — сказаў падрэ Галвез, — якія да ганьбы грэху хацелі б дадаць ганьбу беспакаранасці.
Кароль Фердынанд падняў павекі. Спачатку яго лупатыя бледна-блакітныя вочы, нібы ашаломленыя святлом, здавалася, глядзелі толькі з санлівай стомленасцю. Але праз хвіліну, хоць усё яшчэ без бляску, сталі яны калючыя і халодныя. Затое на прыгожых вуснах задуменнай каралевы Ізабэлы з'явілася ледзь прыкметная, вельмі далікатная і поўная смутнай слодычы ўсмешка.
Фердынанд пачаў гаварыць, добра ўсё абдумаўшы:
— Калі кароль і каралева ўстаноўліваюць законы, не варта падданым і асабліва найпершым у каралеўстве прасіць маестат, каб ён дазволіў ламаць іх.
Тут ён выпрастаўся, і голас яго раптам загучаў з сілай:
— Каралева і я, увесь час дбаючы пра трыумф праўды і канчатковае аб'яднанне каралеўства, лучымся з усім народам упэўненасцю, што не маглі б распачаць справу больш пачэсную для нашых абавязкаў. Пан дэ Сігура дачыніўся да такога страшнага злачынства, што мы з трона не можам даць яму ніякага прабачэння. Мы лічым таксама, што, прызначаючы сканфіскаваны пасля яго маёнтак на мэты, любасныя Госпаду Богу, якімі з'яўляюцца войны з паганцамі, мы тым самым у Найвышэйшага будзем здабываць ласку для душы, заплямленай нягодніцкім учынкам. Гэта ўсё, што мы можам зрабіць пану дэ Сігуру і такім, як ён. Што ты думаеш пра гэта, мая Ізабэла?
Адказала Ізабэла:
— Думаю тое самае, што і ты, пане.
— Пан кароль, — сказаў маркіз дэ Вілена, — забываецца, колькі яго продкі, а таксама ён павінны панам каралеўства. З якога гэта часу чорная няўдзячнасць пасялілася ў сэрцах каралёў?
Нейкую хвіліну здавалася, што кароль Фердынанд выбухне гневам. І каралева Ізабэла перастала ўсміхацца. І ў гэты час наперад выйшаў брат Хімэнэс.
— Гнеў і абраза, зазвычай, — не найлепшыя дарадцы, — сказаў напаўголаса, з адценнем лагоднага ўмаўлення. — Але калі ўжо гаворка зайшла пра забытае, розум падказвае пацвердзіць, што на загану памяці не Іх Каралеўскія Мосці хварэюць. Гэта хутчэй некаторыя паны забыліся ці памятаць не хочуць, што не адны яны — падпора трону і царкве. Мы зрабілі б, як я мяркую, вялікую памылку, калі б не цанілі, як шмат для ўмацавання парадку ў каралеўстве робяць гарады і замкі, з'яднаныя ў святой германдадзе. Аднак мы ніколі не чулі, каб перад абліччам Святых трыбуналаў жыхары гарадоў дамагаліся сабе нейкіх асаблівых прывілеяў.
— Каталіцкі народ, — сказаў падрэ Тарквемада, — не толькі перад абліччам веры не просіць сабе прывілеяў, але ўдзячны Святой інквізіцыі за тое, што яна вызваляе і ратуе яго ад адзінак, якім у грамадстве няма месца.
Доўгае маўчанне было пасля гэтых слоў.
— Дык вы плебейскім мэтлахам страшыць нас хочаце? — сказаў нарэшце глухім голасам пан дэ Медына.
А пан дэ Вілена дадаў:
— Знішчыць нас і абаперціся на плебс?
У гэты час, рэзкім рухам адсунуўшы крэсла, устаў падрэ Тарквемада.
— Божа святы! — усклікнуў. — Хто ж на гэтай радзе асмельваецца гаварыць: мы і вы? Ці ж мы не ў адзінстве? Ці ж не лучыць нас адна вера і ці не адзін Бог жыве ў нашых сэрцах? Да чаго дайшло! Каб мы паміж намі капалі яму, як паміж вернымі і нявернымі? Падумайце, не спіць непрыяцель, вораг нас акружае з усіх бакоў, да ста злачынстваў штогадзіны ўчыняе, здрадніцкія ўдары з цемры нам рыхтуе, на слабасць нашу спадзяецца, кожную нашу памылку нецярпліва цікуе, разлому, разладу нашага прагнучы, з кожнай памылкі нашай шалёна радуецца, а тут, дзе асаблівая еднасць панаваць павінна і быць найвышэйшым законам, вышэйшым за ўсякія мізэрныя намыслы, тут гавораць: мы і вы? Хто ж тады вы і хто мы? Не ведаю, сапраўды, кім вы, годныя панове, быць хочаце, але я, сціплы мнішак, магу вам сказаць, чаго мы, справе веры служачы, прагнем. Еднасці прагнем і паслушэнства ёй. Усе мы роўныя перад гэтай еднасцю, і адны законы яднаюць нас у паслушэнстве. Мы ведаем вашы слаўныя імёны, ведаем вашы заслугі, ведаем веліч і колькасць вашых продкаў, але, ведаючы ўсё гэта і цэнячы высока, мы хацелі б таксама ведаць і вашы думкі, каб і іх цаніць гэтаксама высока, калі яны — і нашыя думкі.
— Пан кароль сказаў сваё апошняе слова, — уставіў стары герцаг Карнэха.
— Мы не схопімся за мечы, каб бараніць пана дэ Сігуру, — дадаў пан дэ Медына.
На гэта вялебны айцец адказаў:
— Калі б у мяне спыталіся годныя панове, які з двух бунтаў больш грозны, бунт мяча ці бунт думкі, гэты другі я прызнаў бы за бунт, які нясе незлічоныя небяспекі. Сапраўды, няўжо вы лічыцеся толькі з каралеўскай воляй? А з Вышэйшай праўдай, з Богам?
Такой сілай загучаў яго голас, што трое схілілі галовы. Пад канец устаў пан Карнэха і сказаў:
— Няхай Бог усемагутны ніколі нас не пакіне і заўсёды праўда святой веры жыве ў нашых сэрцах.
Аўтар кронікі, перадаючы нашчадкам гісторыю свайго часу, піша ў сувязі з гэтым пасяджэннем Каралеўскай інквізіцыйнай рады:
«Так, калі з усіх нягод, нават спрычыненых людзьмі высокапастаўленымі, заўсёды выходзіла абароненай праўда і калі яна пераможна трыумфуе далей, нягледзячы на перашкоды і падкопы, — добрую і поўную можам мець пэўнасць, што недалёкі час настання на зямлі царства Божага».