Мэфіста

Раман адной кар'еры

Ман Клаўс


VІІ. Пакт з д'яблам

О гора! пацямнела неба над гэтай краінай. Адвярнyў Бог аблічча сваё ад гэтай краіны, патокі крыві і слёз льюцца па вуліцах гарадоў.

О гора! Гэтая краіна заліта брудам, і ніхто не ведае, калі яна зноў ачысціцца -- якою каятою, якімі ахвярамі яна зможа акупіць сваю ганьбу? На крыві і слязах расчынена гразь на ўсіх вуліцах, ва ўсіх гарадах. Усё прыгожае -- апаганена, усё праўдзівае -- сплюгаўлена хлyснёю.

Брудная брахня рвецца да ўлады ў гэтай краіне. Яна ягліць, лямантуе ў залах сходаў, з мікрафонаў, з газетных палосаў, з кінаэкрана. Яна раззяўляе пашчу, і з гэтай пашчы патыхае смуродам, гэты смурод многіх гоніць прэч з краіны, а тыя, што вымушана застаюцца, пакутуюць, як у смярдзючай катоўні.

О гора! Апакаліптычныя вершнікі лятуць па зямлі, тут яны зрабілі прывал і абвясцілі пра сваю мярзотніцкую ўладу. Яны хочуць заваяваць увесь свет. Гэта іхняя мэта. Яны хочуць валадарыць над землямі і акіянамі. Іх выродлівасці мусяць пакланяцца як новай прыгажосці. Там, дзе сёння з іх смяюцца, заўтра перад імі ўпадуць ніцма. Яны поўныя рашучасці захапіць увесь свет, прынізіць яго і загубіць, як сваю краіну, якую яны ўпрыгонілі, зганьбілі і загубілі. Як нашу няшчасную радзіму, над якою пацямнела неба, ад якой Бог адвярнуў аблічча сваё. Цяпер на нашай радзіме ноч. Мярзотнікі раз'язджаюць па яе акругах у раскошных аўтамабілях, на самалётах, у спецыяльных цягніках. Яны калесяць па ўсёй краіне. На рыначных пляцах гарлаюць сваю хлусню. І ў кожным куце, дзе толькі аб'явяцца яны альбо іх подлыя памагатыя патyжнікі і саўдзельнікі, тухне святло розуму, робіцца цёмна.

Артыст Гендрык Гёфген быў у Іспаніі, калі дзякуючы інтрыгам у палацы шаноўнага рэйхспрэзідэнта і генерал-фельдмаршала чалавек з брахлівым голасам, якога Ганс Міклас і з ім ці мала раздyраных невукаў называлі фюрэрам, зрабіўся рэйхсканцлерам. Артыст Гендрык Гёфген іграў элегантнага аферыста ў дэтэктыўным фільме. Непадалёк ад Мадрыда ішлі натурныя здымкі. Увечары пасля напружанага дня ён стомлены вярнуўся ў сваю гасцініцу, купіў у кансьержкі газету і спалохаўся. Як? Балбатун, з якога так часта смяяліся ў колах адухоўленых і духоўна вытрыманых таварышаў, раптам зрабіўся самым магутным чалавекам у дзяржаве? "Жахліва, -- падумаў артыст Гёфген, -- агідны сюрпрыз! А я ж быў абсалютна ўпэўнены, што нацыстаў няварта прымаць на сур'ёзе! Ну, вось табе й маеш!"

Ён стаяў у сваім прыгожым вясновым гарнітуры бэж у холе гатэля "Рыц", дзе публіка абмяркоўвала злавесныя падзеі ў Грманіі і рэакцыю на іх біржы. Небаракy Гендрыка кідала то ў жар, то ў холад, калі ён думаў пра тое, што ў яго наперадзе. Многія, каму ён прычыніўся злом, цяпер мецьмyць нагодy паквітацца. Цэзар фон Мук, напрыклад. Ах, навошта гэта ён дарэшты сапсаваў адносіны з песняром "крыві і глебы" і так рашуча адхіляў ягоныя п'есы? Якая недаравальная памылка! Цяпер усё ясна, але ўжо занадта позна. Занадта позна, бо сярод нацыстаў -- адны ворагі. Уражанаму Гендрыку давялося ўспомніць і пра маленькага Ганса Мікласа -- чаго б ён не даў, каб сцерці, закрэсліць той злашчасны інцыдэнт у Гамбургскім мастацкім тэатры! І пасварыліся ж у сутнасціі за дробязь! Але ж хто б мог падумаць! А Лота Ліндэнталь? Вельмі нават магчыма, што яна зрабілася важнай пярсонай і можа памагчы яму альбо напаскудзіць...

Гендрык увайшоў у ліфт, у яго дрыжалі калені. Ад сустрэчы з калегамі, назначанай на сённяшні вечар, ён адмовіўся. Загадаў падаць абед у нумар. Выпіў паўбутэлькі шампанскага. Настрой крыху палепшыўся. Трэба заставацца халодным і цвярозым, не панікаваць. Так званы фюрэр, значыцца, цяпер рэйхсканцлер -- паскудна. Але як бы там ні было, ён пакуль што яшчэ не дыктатар і, трэба думаць, ніколі ім не бyдзе. "Людзі, якія заклікалі яго да ўлады, нямецкія нацыяналісты, ужо ж такі паклапоцяцца, каб ён не сеў на карак", -- думаў Гендрык. Потым ён успомніў пра вялікія апазіцыйныя партыі, яны ж пакуль што ёсць. Сацыял-дэмакраты і камуністы будуць супраціўляцца, магчыма, нават са зброяй, так, не без прыемнасці і не без страху рашыў Гендрык Гёфген, седзячы ў нумары за бутэлькай шампанскага. Не, да нацыянал- сацыялісцкай дыктатуры яшчэ далёка! Можа нават, сітуацыя рэзка пераменіцца: спроба аддаць нямецкі народ на гвалт фашызму можа закончыцца сацыялістычнай рэвалюцыяй. Гэта вельмі нават магчыма, і вось тады якраз і выявіцца, што артыст Гёфген няма ладy які хітры і прадбачлівы. Але дапусцім нават, што нацысты застануцца ва ўладзе: чаго, зрэшты, Гёфгену іх баяцца? Ён не ўваходзіць ні ў якую партыю, ён не яўрэй. Тое, што ён не яўрэй, раптам здалося Гендрыку шчаслівым і поўным значнасці суцяшэннем. Якая неспадзяваная і важная перавага! Раней гэта неяк недацэньвалася! Ён не яўрэй, значыцца, яму могуць дараваць усё, нават той факт, што ў кабарэ "Буравеснік" яго віталі як "таварыша". Ён залатавалосы рэйнец. Бацька яго залатавалосы рэйнец, пакуль фінансавыя клопаты не зрабілі яго сівым. А маці Бэла і сястра Ёзі беззаганна залатавалосыя, з берагоў Рэйна. "Я -- залатавалосы рэйнец", -- напяваў Гендрык Гёфген, развяселены шампанскім і сваімі развагамі. І ў выдатным настроі лёг у ложак.

На раніцу, праўда, на душы зрабілася зноў неспакойна. Як паставяцца да яго калегі, якія, са свайго боку, ніколі не выступалі ў "Буравесніку" і якіх паэт Мук ніколі не называў "бальшавікамі"? Калі ўсе разам выпраўляліся на здымкі, яму нават здалося, што з ім трымаюцца халаднавата. Толькі комік-яўрэй завёў з ім доўгую размову, але гэта хутчэй за ўсё можна было прыняць як трывожны знак. Гендрык адчуваў сябе ізаляваным і ўжо крыху пакутнікам і таму пачаў гарачыцца і зрывацца. Коміку ён сказаў, што нацысты неўзабаве праваляцца і аскандаляцца. Але маленькі гумарыст апасліва адказваў:

-- Ай не, калі ўжо яны дарваліся да ўлады, дык трымацьмуць яе доўга. Дай Божа, каб хоць крышачку разумней і спакайней паставіліся да нашага брата, яўрэя. Трэба паводзіцца цішэй, і, дасць Бог, бура пройдзе міма, нічога з намі не станецца, -- так разважаў комік. І Гендрык увогуле з ім згаджаўся, але з гонару маўчаў.

Некалькі дзён дрэннае надвор'е не давала нямецкім артыстам пачаць здымкі на адкрытым паветры; усе заставаліся ў Мадрыдзе да канца лютага. З радзімы даходзілі супярэчлівыя, трывожныя весткі. Складвалася ўражанне, што Берлін у гарачцы захаплення перамогай вітае нацыянал-сацыялісцкага рэйхсканцлера. Зусім інакш, калі верыць газетам і прыватным весткам, было ў паўднёвай Германіі і асабліва ў Мюнхене. Сцвярджалі, што трэба чакаць аддзялення Баварыі ад рэйха і абвяшчэння манархіі Вітэльсбахера. Але магчыма, гэта толькі беспадстаўныя чуткі і тэндэнцыйныя перабольшванні. Бадай, не варта надта пакладацца на іх, лепей ужо дэманстрацыйна падкрэсліваць сімпатыю да новай улады. Так і паводзіліся нямецкія артысты, якія сабраліся ў Мадрыдзе на пастаноўку дэтэктыўнага фільма. Малады любоўнік -- прыгажун мужчына з доўгім славянскім прозвішчам -- раптам заявіў, што ўжо каторы год ён сябар германскай нацыянал-сацыялісцкай рабочай партыі, пра што раней упарта маўчаў. Яго партнёрка, мяккія цёмныя вочы і мякка выгнуты нос якой змушалі засумнявацца ў чысціні яе германскага паходжання, дала зразумець, што ўжо мала не заручана з відным дзеячам той самай партыі, а яўрэйскі комік ўсё больш аціхаў і засмучаўся.

А Гёфген трымаўся самай простай і бяспечнай тактыкі -- ён накінуў на сябе таямнічае маўчанне. Хай ніхто і не падазрае, колькі клопату ў ягонай галаве. Бо паведамленні ад фройляйн Бэрнгард і іншых верных людзей з Берліна проста ашаламлялі. Роза пісала, што трэба рыхтавацца да самага горшага. Яна падкідала змрочныя намёкі на "чорныя спісы", якія нацысты складалі некалькі гадоў і ў якіх фігуруюць і тайны радца Брукнер, і Прафесар, і Гендрык Гёфген. Прафесар быў у Лондане і пакуль што не збіраўся вяртацца ў Берлін. Фройляйн Бэрнгард настойліва раіла свайму Гендрыку трымацца пакуль далей ад нямецкай сталіцы -- у яго мароз прабег па скуры, калі ён прачытаў гэта. Толькі што ён яшчэ быў сярод самых паважаных людзей -- і раптам павінен стацца ссыльным. Яму нялёгка было захаваць халодны выгляд перад злараднымі калегамі і на здымках быць прасцецкім і сцярвозным, як ад яго чакалі.

Калі трупа пачала рыхтавацца да ад'езду дамоў і нават заклапочаны яўрэй-комік пачаў пакавацца, Гендрык заявіў, што важныя перамовы па справах кіно змушаюць яго пад'ехаць у Парыж. Трэба было выйграць час. Наўрад ці разумна акyрат цяпер паказвацца ў Берліне. А праз некалькі тыдняў усё хутчэй за ўсё ўтрасецца...

А тым часам грозныя ўзрyшэнні былі яшчэ наперадзе. Першае, пра што пачуў Гёфген, прыехаўшы ў Парыж, было паведамленне пра падпал германскага рэйхстага. Гендрык, які шмат гадоў іграў злачынцаў, меў вопыт у разгадванні крымінальных камбінацыяў і, апрача таго, ад прыроды меў нюх на нізкія памкненні злачыннага свету, адразу ж зразумеў, хто задумаў і здзейсніў гэтую бандыцкую правакацыю: гнюсная і пры тым дзіцячая хітрасць нацыстаў падагравалася менавіта фільмамі і тэатральнымі спектаклямі, у якіх Гендрык звычайна граў галоўныя ролі. Гёфген не мог не прызнацца сабе, што да пачуцця жудасці ад грубага труку з падпалам дамяшалая іншае адчуванне -- задавальненне, безмаль пахацімская радасць. Разбэшчаная фантазія авантурыстаў павяла іх на гэты нахабны, лёгкі для раскрыцця падман, які прынёс поспех толькі таму, што ніхто ў самой Германіі ўжо не смеліўся пратэставаць, а ўвесь свет, заклапочаны больш сваім спакоем, чым меркаваннямі высакародства і маральнасці, не быў схільны ўмешвацца ў злавесныя афёры глыбока падазронага рэйха.

"Якое яно моцнае, зло, -- падумаў артыст Гёфген з вусцішным жахам. -- На што толькі не ідуць! І поўная беспакаранасць! Усё сапраўды ідзе як у фільмах і п'есах, дзе я так часта граў галоўныя ролі". Гэта былі самыя смелыя яго думкі. Але ён ужо ўгадваў, мала што не мог сам сабе прызнацца ў гэтым, таямнічую ўзаемасувязь паміж сабою і той сумніўнай, разбэшчанай сферай, дзе задумваюцца і здзясняюцца вульгарныя злачынныя акцыі накштал падпалу рэйхстага. Спачатку, праўда, Гендрык наўрад ці быў здольны доўга разважаць над пахібнай псіхалогіяй нямецкіх злачынцаў і над тым, што яго асабіста магло яднаць з гэтымі выпаўзнямі са злачыннага свету, яго турбаваў свой лёс. Пасля падпалу рэйхстага ў Берліне арыштавалі шмат людзей, з якімі ён быў у прыяцельстве, у тым ліку Ота Ульрыхса. Роза Бэрнгард пакінула свой пост на Курфюрстэндам і паспешна выехала ў Вену. У пісьмах адтуль яна заклінала свайго сябра Гёфгена ні пры якіх умовах не ступаць на нямецкую зямлю.

"Ты паставіш пад пагрозу сваё жыццё!" -- пісала Роза з гатэля "Брыстоль" у Вене.

Гендрык рашыў, што гэта рамантычныя перабольшанні. Тым не меней занепакоіўся. З дня на дзень адкладваў ад'езд. Вольны, нервовы хадзіў па парыжскіх вуліцах. Ён не ведаў горада, але яму зусім не хацелася радавацца яго прыгажосці альбо нават заўважаць яе.

Гэта былі горкія тыдні, можа, самыя горкія. Ён ні з кім не бачыўся. Праўда, ведаў, што той-а-той з яго знаёмых цяпер у Парыжы, але не рашаўся ўступаць у кантакт ні з кім. Пра што з імі гаварыць? Яны толькі знясіляць яго сваім патэтычным жахам ад нямецкіх падзей, там жа і праўда адбываецца нешта жахлівае, і чым далей, тым больш жудаснае. Вядома, яны спалілі ўсе масты на радзіму, дзе тыраны іх так ненавідзелі. Яны ўжо эмігранты. "А я, хто я цяпер?"-- пытаўся сам у сябе Гендрык Гёфген, увесь у страху. І ўсё ў ім пратэставала супроць такой думкі.

Але за доўгія адзінокія гадзіны ў нумары гатэля, на мастах, на вуліцах і ў кавярнях горада Парыжа ў ім выспявала змрочная ўпартасць -- славутая ўпартасць, самае лепшае пачуццё з усіх, якія ён калі-небудзь меў. "Што ж мне -- вымольваць дараванне ў гэтай банды забойцаў? -- думаў ён тады. -- Што ж я, не магу абысціся без іх? Што ж, маё імя не мае міжнароднага гучання? Я магу дзе хоч прабіцца, гэта, вядома, нялёгка, але нічога, неяк усё ўладзіцца. І якая палёгка, так, так, якое збавенне! Горда, па сваёй волі пайсці з краіны, дзе зачумлена паветра; і на ўвесь голас заявіць пра салідарнасць з тымі, хто хоча змагацца з крывавым рэжымам! Якім чыстым я адчую сябе, калі праб'юся да такога рашэння! Які новы сэнс, якую новую годнасць атрымае маё жыццё!"

З такімі настроямі, што давалі яму моцную, нават цёмнyю радасць, хоць, праўда, і нядоўгую, увесь час спалучалася патрэба зноў убачыць Барбару і пра ўсё з ёю пагаварыць -- Барбара ягоны добры анёл. Як яна патрэбна яму цяпер! Ужо каторы месяц ён не меў пра яе ніякіх вестак, нават не ведаў, дзе яна. "Мусіць, сядзіць у маёнтку генераліхі і не дбае! -- горка думаў ён. -- Я ёй гэта прадказваў, яна яшчэ знойдзе цікавыя бакі ў фашысцкім тэроры. Усё ідзе як па пісаным: я пакутую, я блукаю па вуліцах чужога горада, а яна, нябось, цяпер балабоніць з якім-небудзь забойцам і катам, як балабоніла з Гансам Мікласам..."

Адізнота рабілася нясцерпнай, і ён пачаў суцяшаць сябе думкай выпісаць прынцэсу Тэбаб з Берліна ў Парыж. Як было б добра зноў пачуць яе раскацісты рогат, дакрануцца да яе моцнай рукі, такой шаршавай навобмацак, як кара! Як бы яно гэта падмацавала і асвяжыла яго! Напляваць бы на Германію і пачаць новае, дзікае жыццё з прынцэсай Тэбаб! Ах, як было б добра! Няўжо гэта немагчыма! Паслаць тэлеграму ў Берлін, і ўжо на другі дзень сюды явіцца Чорная Венера ў сваіх зялёных боціках і з чырвонай плёткай у чамадане. У цэнтры салодкіх і мяцежных мрояў Гендрыка стаяла прынцэса Тэбаб. У рэзкіх, хвалюючых фарбах ён маляваў сабе жыццё, якое павядзе з ёю ўдваіх. Можна пачаць з таго, каб зарабляць свой хлеб у якасці танцавальнай пары ў Парыжы, Лондане, Нью-Йорку: "Гендрык і Джульета, два найлепшыя ў свеце майстры стэпy!" Але на адных танцах далёка не затанцуеш. Гендрыку мроіліся і больш смелыя магчымасці. З танцавальнай пары магла атрымацца пара аферыстаў, пацешна было б сыграць у жыцці ролю свецкага крымінальніка, якую так часта даводзілася іграць у кіно і тэатры, -- з усімі небяспекамі і наступствамі! Побач з цудоўнай дзікункай круціць за нос ненавіснае, пагарджанае грамадства, якое пры фашызме раскрыла свой сапраўдны мярзотны нораў! І не малімоніцца з імі -- гэта чароўнае прадстаўленне! Некалькі дзён Гендрык быў апантаны гэтай ідэяй. Можа, ён і насамрэч зрабіў бы першы крок і паслаў бы тэлеграму цёмнаскурай дачцэ правадыра, калі б не дайшло да яго паведамленне, якое адразу перакрэсліла ўсе планы.

Важнае пісьмо прыйшло ад маленькай Ангелікі Зіберт. Хто б мог падумаць, што менавіта Ангеліка, якую Гендрык так жорстка, так зняважліва не заўважаў, сыграе вырашальную ролю ў ягоным жыцці! Гендрык даўным-даўно забыў, што ёсць нейкая маленькая Зіберт, і, калі цяпер спрабуе ўявіць сабе яе твар, маленькі, баязлівы тварык трынаццацігадовага падлетка з блізарукімі светлымі вачыма, яму здаецца, быццам ён быў вечна заліты слязьмі, а маленькая Ангеліка плакала няспынна, не прасыхаючы. Але ж ці не давалі ёй даволі часта поваду для слёз? Гендрык вельмі добра памятаў, як подла ён сам з ёю абыходзіўся... Але ўпартае, пяшчотнае сэрца заставалася яму верным. Гендрык здзіўляўся. І ў яго былі ўсе падставы -- ён жа меркаваў пра іншых па сабе і заўсёды разлічваў на эгаізм і подласць у сваіх блізкіх. Добрыя ўчынкі заўсёды ўводзілі яго ў разгубленасць. У пустым гасцінічным нумары, вывучаным да драбніц, ён заплакаў над пісьмом Ангелікі. Слёзы на вочы нагнала не толькі нервознасць, не толькі стомленасць -- ён быў шчыра расчулены. Якая шчаслівая была б Ангеліка, як бы яна была ўзнагароджана за свае пакуты, калі б магла пабачыць, як той, праз каго яна праліла столькі слёз, сам плача над яе пісьмом! Гэта ж яе каханнне напоўніла дарагія, халодныя вочы салёнымі кроплямі.

У сваім лісце Ангеліка паведамляла, што яна ў Берліне, часам здымаецца ў фільмах, і жывецца ёй няблага. Адзін малады ўдачлівы рэжысёр убіў сабе ў галаву ажаніцца з ёю, "але, вядома, я пра гэта і думаць не магу", -- пісала яна, і Гендрык усміхаўся, чытаючы гэтыя радкі: вось якая яна недаступная, незачэпа, адхіляе ўсе прапановы і падкопы, якія б вабныя яны ні былі, упарта апантаная недаступным і растрачвае свае пачуцці на таго, хто іх не заўважае, хто яе не цэніць. На здымках вялікай камедыі з жыцця пачатку ХІХ стагоддзя яна пазнаёмілася з актрысай Ліндэнталь -- той смай дамай, якая была першай інжэню ў Ене і прыяцелькай лётчыка -- нацыянал-сацыяліста. Гендрык прагна і з нянавісцю сачыў за нямецкімі падзеямі па газетах і ведаў, што гэты лётчык належыць да ліку магутных варацілаў новага рэйха. Выходзіць, Лота Ліндэнталь зрабілася ўплывовай асобай. Якраз перад ёю Ангеліка і хадайнічала за Гендрыка.

У летуценных тонах пісьмо паведамляла пра дзівосную абаяльнасць, розум, далікатнасць і вытанчанасць Лоты Ліндэнталь. Ангеліка запэўнівала, што гэтая найдабрэйшая і мілая дама можа паўплываць на свайго магутнага сябра самым спрыяльным чынам. Яна і цяпер ужо многае зрабіла, асабліва для тэатра. Вялікі муж мае прыхільную цікавасць да драмы, аперэты і оперы. Яго каханыя -- альбо дамы, якім ён праяўляў адмысловую павагу, -- былі ў большасці актрысы пачуццёвага складу. Ён гатовы быў на любую ласку дзеля іх, калі ішлося не пра штосьці сур'ёзнае, а толькі пра вясёлыя дробязі накшталт акторскай кар'еры. Маленькая Зіберт звярнула ўвагу Лоты Ліндэнталь на тое, што Гендрык сядзіць у Парыжы і не рашаецца вярнуцца ў Германію. Тут фаварытка валадара дабрадушліва засмяялася. "Чаго ж баіцца гэты чалавек?" -- і яна зрабіла наіўныя вочы. Гёфген жа не яўрэй, хутчэй залатавалосы рэйнец, і не належыць ні да якой партыі? Дарэчы, ён сапраўдны майстар -- фройляйн Ліндэнталь бачыла яго ў ролі Мэфіста.

-- Без такіх людзей, як ён, нам проста не абысціся, -- сказала гэтая дама і абяцала таго ж дня перагаварыць са сваім сябрам.

-- Ах, ён наскрозь ліберальны, -- гаварыла першая інжэню з Ены: ужо ж яна яго ведае! І ўсе прысутныя адчулі багавейнае трапятанне, калі яна такім інтымным тонам загаварыла пра свайго жахлівага волата.

-- Ён не злапомны. Хай Гёфген раней і рабіў розныя выбрыкі і глупствы -- ён гэта ўсё разумее, калі гаворка ідзе пра мастака вялікага маштабу. Бо галоўнае -- здаровае зерне, -- гаварыла Лота крыху бяссэнсава, але вельмі сардэчна.

І яна зрабіла, што абяцала. Калі ўсемагутны ўчыніў ёй вячэрнюю візітацыю, яна пачала яго ўмольваць:

-- Мілы, ну будзь добры, ну, калі ласка!

Яна ўбіла сабе ў галаву, што ў першай яе берлінскай ролі яе партнёрам павінен быць Гендрык Гёфген.

-- Ён жа так падыходзіць да гэтай ролі! -- трашчала інжэню. -- Бо, зрэшты, ты і сам зацікаўлены, каб у мяне быў прыемны партнёр, калі я ўпершыню выступлю перад берлінскімі таварышамі па партыі!

Генерал спытаўся, ці не яўрэй Гёфген. Калі даведаўся, што не, што наадварот -- чыстапародны светлавалосы рэйнец, ён абяцаў, што з "гэтым хлопцам" нічога не здарыцца, чаго б ён раней ні начворыў.

Пра спрыяльны вынік гутаркі Ліндэнталь адразу паведаміла маленькай каляжанцы Зіберт, а тая, у сваю чаргу, ледзьве дачакалася магчымасці паведаміць Гендрыку пра выдатны абарот справы.

Ну вось, змрочны перыяд парыжскіх пакутаў ззаду! З самотнымі шпацырамі ўніз па бульвары Сэн-Мішэль, па набярэжнай Сены ці па Елісейскіх палях пакончана! Годзе! Няўжо і праўда Гендрык Гёфген адаваўся бунтарскім марам у пустым гатэльным нумары? Няўжо і праўда ён калі-небудзь адчуваў неадольную, змрочную і салодкую патрэбу ачысціцца, вызваліцца, пачаць новае, дзікае жыццё? Ён ужо і сам нічога не памятаў -- пакуль пакаваў чамаданы, усё было забыта. Напяваючы ад радасці, спакусліва гатовы кінуцца ўпадскокі па пакоі, ён кінуўся ў бюро падарожжаў "Кук і сын", каб заказаць спальнае купэ на берлінскі цягнік.

Вярнуўшыся ў гатэль, што непадалёк ад бульвара Манпарнас, Гендрык праходзіў міма "Кафэ дзю Дом". Стаяла пагода, многія сядзелі на адкрытым паветры, сталы і крэслы стаялі пад брызентам, на тратуары. Гендрыку ад хады зрабілася горача, захацелася прысесці на чвэрць гадзіны, выпіць апельсінавага соку. Ён спыніўся, але, праводзячы высакамерным позіркам па гаварлівым натоўпе, перадумаў. Ці мала каго тут можна сустрэць! Тут могуць аказацца старыя знаёмыя, а іх лепей абыходзіць бокам. Бо, здаецца, "Кафэ дзю Дом" -- месца сустрэч эмігрантаў? Не, не, лепей прайсці міма. Ён ужо намерыўся быў адвярнуцца, але тут пагляд яго спыніўся на групе людзей за круглым столікам. Гендрык уздрыгнуў. Ён так спалохаўся, што яму балюча кальнула ў жывот, і некалькі секунд ён не мог варухнуцца.

Спачатку ён пазнаў фраў фон Гэрцфэльд; толькі потым заўважыў побач з ёю Барбару. Барбара ў Парыжы, яна ўвесь час была тут, ён сумаваў па ёй, яна яму была патрэбная, як ніколі, а жыла ў тым самым горадзе, у тым самым квартале, што і ён, -- магчыма, усяго за некалькі дамоў! Барбара пакінула Германію, і вось яна сядзіць на тэрасе "Кафэ дзю Дом", сядзіць побач з Гедай фон Гэрцфэльд, з якой у Гамбургу зусім не сябравала. Але цяжкія абставіны іх звялі... Яны сядзяць за адным сталом. Абедзве маўчаць, абедзве глядзяць удалечыню аднолькава панылымі, задумлівымі і глыбокімі позіркамі.

"Як пабялела Барбара!" -- падумаў Гендрык. Яму раптам падалося, што яны зусім тут і не сядзяць, што яны -- існуюць толькі ў ягоным уяўленні. Калі яны жывыя, дык чаму не рухаюцца? Чаму сядзяць так нерухома, чаму ў іх такія журботныя вочы?

Барбара падпірала рукой бледны твар. Паміж цёмнымі брывамі пралегла рыса, якой Гендрык раней не заўважаў: магчыма, гэта ад напружаных, горкіх роздумаў? Рыса надавала твару замроены, амаль суровы выраз. На Барбары быў шэры плашч і ярка чывоны шаль. У гэтай вопратцы з пакутніцкім, напружаным тварам яна рабіла крыху дзікае, амаль страшнае ўражанне.

Фраў фон Гэрцфэльд таксама была бледная, але на яе шырокім мяккім твары не было грознай пячаткі, была толькі пяшчотная журба. Апрача Барбары і Геды, за сталом сядзела яшчэ адна дзяўчына -- Гендрык раней ніколі не бачыў яе -- і двое маладых людзей. Адзін з іх быў Себасцьян, Гендрык пазнаў яго выцягнутую шыю, замглёны, задумлівы пагляд і пасму попельна-светлых валос.

Гендрык хацеў крыкнуць, хацеў павітацца, першым рухам яго душы было абняць Барбару, пагаварыць з ёю пра ўсё, пра ўсё пагаварыць з ёю. Як часта ён марыў пра гэта ў дні самоты! Але ў галаве ўжо круцілася: "Як яны прымуць мяне? Пачнуць задаваць пытанні -- што мне адказваць? Тут, у кішэні пінжака, у мяне білет у спальнае купэ берлінскага цягніка, і ўсё гэта дзякуючы спрыянню дзвюх ласкавых светлавалосых дам. Я ўжо як бы прымірыўся з рэжымам, які прагнаў гэтых людзей, а я ж прысягаўся Барбары ў непрымірымай варожасці да яго. Якую пыхлівую ўсмешку скроіць Себасцьян! І як мне вытрымаць позірк Барбары, яе цёмны, пагардлівы, бязлітасны позірк? Трэба ўцякаць -- здаецца, яны мяне пакуль што не заўважылі, -- яны ж усе глядзяць дзіўнымі позіркамі ў пустату. Трэба хутчэй уцякаць, гэтая сустрэча мне не пад сілу..."

За столікам не рухаліся; здавалася, яны глядзяць праз Гендрыка Гёфгена, як праз паветра. Яны сядзелі застылыя, быццам ад невыноснага болю, пакуль Гендрык спяшаўся прэч дробнымі цвёрдымі крокамі, як чалавек, які ўцякае ад небяспекі і стараецца схаваць свой страх.

Пасля першай рэпетыцыі Лота Ліндэнталь сказала Гёфгену:

-- Проста бяда, што генерал цяпер шалёна заняты. Калі б ён толькі змог, ён напэўна прыйшоў бы на рэпетыцыю паглядзець, як мы працуем. Вы сабе нават уявіць не можаце, якія бліскучыя парады ён часам дае нам, акторам. Мне здаецца, што ў пытаннях тэатра ён разбіраецца не горш, чым у сваіх самалётах, -- а гэта нешта-такі значыць!

Гендрык мог сабе гэта ўявіць, і ён пачціва кіўнуў. Пасля спытўся ў фройляйн Ліндэнталь, ці дазволіць яна яму адвезці яе дамоў у яго машыне. Яна гэта яму дазволіла з мілай усмешкай. Падаючы ёй руку, ён ціха сказаў:

-- Для мяне вялікая, вялікая радасць іграць разам з вамі. Апошнімі гадамі давялося шмат намучыцца з манернасцю партнёрак. Дора Марцін сапсавала нямецкіх актрыс дрэнным прыкладам свайго сутаргавага стылю, -- гэта ўжо не ігра, а істэрычнае крыўлянне. І вось зноў я чую ваш ясны, просты і душэўны голас.

Яна ўдзячна паглядзела на яго пукатымі, фіялкавымі, дурнымі вачыма.

-- Я так рада гэта чуць, -- прашаптала яна і мацней сціснула яго руку. -- Я ж ведаю, вы мне не ліслівіце. Чалавек, які так свята ставіцца да свайго паклікання, не ліслівіць у пытаннях мастацтва.

Гендрык проста жахнуўся ад думкі, што ягоныя словы маглі былі быць прынятыя за ліслівасць.

-- О, прашу вас! -- Ён прыклаў руку да сэрца. -- Я -- і ліслівіць! Мае сябры звычайна папракаюць мяне за самую горкую праўду!

Ліндэнталь радая было пачуць гэта.

-- Вельмі люблю шчырых людзей, -- адказала яна сціпла.

-- Шкада, што мы ўжо прыехалі, -- сказаў Гендрык, спыняючы машыну перад ціхім элегантным домам на Тыргартэнштрасэ. Тут жыла Лота Ліндэнталь. Ён нагнуўся да яе рукі, трошачкі ссунуў шэрую лайкавую пальчатку і дакрануўся губамі да малочна-белай скуры.

Здавалася, яна не заўважыла маленькай дзёрзкасці, у кожным разе не асудзіла яго за гэта, усмешка па-ранейшаму ззяла на яе твары.

-- Тысяча падзяк за тое, што дазволілі вас правесці, -- сказаў ён у сваёй схіленай позе.

Пакуль яна ішла да дзвярэй ён думаў: "Калі абернецца, усё добра. А калі яшчэ памахае мне рукою, -- гэта трыумф, і я пайду далёка". Яна, трымаючыся проста, перасекла вуліцу. Падышоўшы да дзвярэй, яна павярнула галаву, паказала распраменены твар і -- якое шчасце! -- памахала рукой. Гендрык адчуў трапятанне, калі Лота Ліндэнталь хітравата крыкнула:

-- Та-та!

Гэта было больш, чым ён мог спадзявацца. З глыбокім уздыхам палёгкі ён адкінуўся на скураным сядзенні свайго "мэрсэдэса".

Гендрык ведаў яшчэ раней, чым вярнуўся ў Берлін, што без пратэкцыі Ліндэнталь ён прапаў бы. Маленькая Ангеліка, якая сустрэла яго на вакзале, магла і не намякаць на гэта -- сітуацыя была яму ясная і без намёкаў. У яго былі страшныя ворагі, сярод іх такія ўплывовыя, як пісьменнік Цэзар фон Мук -- міністр прапаганды паставіў яго дырэктарам Дзяржаўнага тэатра. Драматург зрабіў Гёфгену, які заўсёды бракаваў яго п'есы, ледзяны прыём. На яго твары са сталёвымі вачыма і з'едліва сціснутымі вуснамі застыў выраз непрыступнай строгасці і годнасці. Ён сказаў:

-- Не ведаю, ці зможаце вы ўжыцца з намі, гер Гёфген. Тут жа цяпер пануе зусім іншы дух, не той, да якога вы прывыклі. З бальшавіцкімі парадкамі пакончана. -- Аўтар драмы "Танэнбэрг" пагрозліва выцягнуўся. -- Вы ўжо не зможаце выступаць у п'есах вашага сябра Мардэра альбо ў так цанёных вамі французскіх фарсах. Цяпер наша мастацтва будзе не семіцкае і не гальскае, а нямецкае. І вам, гер Гёфген, прыйдзецца даказаць, ці здольныя вы садзейнічаць нам у такой высакагоднаснай працы. Шчыра скажу, я не бачыў асаблівых падставаў выклікаць вас з Парыжа. -- Пры слове "Парыж" у Цэзара фон Мука грозна бліснулі вочы. -- Але фройляйн Ліндэнталь хоча, каб вы былі яе партнёрам у маленькай камедыі, выбранай для яе дэбюту. -- Мук сказаў гэта крыху грэбліва. -- Я не хацеў бы праяўляць няласкі ў адносінах да дамы, -- працягваў ён з фальшывай зычлівасцю і высакамерна закончыў: -- Зрэшты, я перакананы, што роля элегантнага сябра дома і спакушальніка вам не здасца цяжкай. -- І па-ваеннаму скупымм жэстам рукі дырэктар даў зразумець, што гутарка закончана.

Не вельмі прыемны пачатак1 Тым болей калі ўзгадаць, што за помслівым выскачкай стаіць уласнай пярсонай міністр прапаганды. А ён якраз усемагутны ў пытаннях культуры. Ён быў бы і абсалютна ўсемагутны, калі б генерал авіяцыі, узведзены ў прускія прэм'ер-міністры, не ўбіў сабе ў галаву, што яму трэба ўмешвацца ў справы дзяржаўных тэатраў. А ў гэтых справах, хоць бы з-за Лоты, таўстун моцна зацікаўлены. Так пайшла крывасць і ўзнікла нязгодзіца і звада, барацьба за ўладу паміж магутнымі валадарамі -- галавой прапаганды і галавой авіяцыі. Гендрык ніводнага з паўбагоў пакуль што на вочы не бачыў, але ведаў, што варожасць аднаго ён зможа вытрымаць, толькі заручыўшыся падтрымкай другога. Дарога да прэм'ер-міністра вядзе праз актрысу. Гендрыку трэба заваяваць Лоту Ліндэнталь.

У першыя тыдні свайго новага берлінскага жыцця Гендрык жыў толькі адным помыслам: Лота Ліндэнталь павінна яго палюбіць. Бліскучым вачам і сцярвознай усмешцы яшчэ ніхто не здолеў супроцьстаяць, а ўрэшце яна таксама толькі чалавек, не больш таго. Цяпер на карту пастаўлена ўсё, трэба пусціць у ход усё сваё майстэрства -- Лоту трэба заваяваць, як крэпасць. Хай сабе ў яе занадта пухлыя грудзі і вочы, як у каровы, хай яна правінцыйная, празаічная, пляваць на яе двайное падбароддзе і хімічную андyляцыю: для яго яна жаданая больш за любую багіню.

І Гендрык змагаўся. Ён быў глухі і сляпы да ўсяго, што адбывалася навокал. Яго воля, увесь яго розум скіраваліся на адну мэту: заваяваць белакурую Лоту. Толькі для яе ў яго былі вочы, больш ён нічога не заўважаў. Маленькая Ангеліка пралічылася, калі думала, што Гёфген з удзячнасці будзе хоць крышку дарыць яе сваёй увагай. Толькі першыя гадзіны пасля прыбыцця ён быў з ёю мілы. Але як толькі яна яго прадставіла Ліндэнталь, тyт жа і перастала існаваць. Ёй прыйшлося выплакацца на грудзях у свайго кінарэжысёра, а Гендрык адразу скіраваўся да адной мэты, імя якой -- Лота.

Ці заважыў ён, як змяніліся вуліцы Берліна? Ці бачыў ён карычневыя і чорныя кашулі, сцягі са свастыкай, калоны моладзі? Ці чуў ваяўнічыя песні, якія распявалі на вуліцах, ляцелі з радыёпрыёмнікаў, з кінаэкранаў? Ці браў да ўвагі прамовы фюрэра, яго пагрозы і пахвальбу? Ці чытаў газеты, якія прыхарошвалі, замоўчвалі, хлусілі, але тым не меней выплюхвалі даволі страшныя ісціны? Ці турбаваў яго лёс людзей, якіх раней ён называў сваімі сябрамі? Ён нават не ведаў, дзе яны. Можа, сядзяць у якой-небудзь кавярні ў Празе, Цюрыху ці Парыжы, можа, іх катуюць у канцэнтрацыйных лагерах, можа, хаваюцца на гарышчах і ў сутарэннях Берліна? Гендрыка ані не цікавілі гэтыя змрочныя дэталі. "Я ж не магу ім патворыць, -- гэтай формулай ён адганяў ад сябе ўсякую думку пра пакутнікаў. -- Я сам у пастаяннай небяспецы, хто ведае, можа, Цэзару фон Муку ўжо заўтра ўдасца дабіцца майго арышту. Вось як буду ўпэўнены ў сваім становішчы, тады я змагу пасабляць іншым!"

Толькі з вялікай неахвотай, адным вухам, Гендрык прыслухоўваўся да чутак пра лёс Ота Ульрыхса. Камуніст -- артыст і агітатар, арыштаваны адразу пасля падпалу рэйхстага, падвергся жахлівым працэдурам, якія тут называюцца "допытамі". Гэта мне расказаў адзін чалавек, які сядзеў у суседняй з Ульрыхсам камеры, -- так баязліва, прыглушаным голасам сказаў тэатральны крытык Ірыг, які да 30 студзеня 1933 года належаў да крайне левых і быў перадавым барацьбітом за строга марксісцкую літаратуру, якая стаіць выключна на варце інтарэсаў класавай барацьбы. Цяпер ён мерыўся прымірыцца з новым рэжымам. Як трымцелі раней перад доктарам Ірыгам пісьменнікі, западозраныя ў буржуазна- ліберальных альбо, што яшчэ горш, у нацыяналісцкіх светапоглядах! Самы пільны і нецярпімы жрэц марксісцкай літары, ён аддаваў іх анафеме, праклінаў і знішчаў, называючы іх наёмнымі эстэтамі капіталізму. Чырвоны тата ад літаратуры не быў схільны бачыць нюансы і праводзіць дакладныя адрозненні. Яго думка была такая: хто не за мяне, той супроць мяне, хто піша не па рэцэптах, якія я склаў, той крывавы сабака, вораг пралетарыяту, фашыст. І калі яму самому пра гэта яшчэ невядома, дык ён даведаецца ад мяне -- загадчыка літаратурным аддзелам навінаў. Катэгарычныя прысуды доктара Ірыга прымаліся ўсімі, хто залічваў сябе да левага авангарду, абсалютна сур'ёзна, хоць і друкаваліся на старонках буржуазнай газеты. Бо ў тыя часы біржавыя газеты любілі дзеля жарту аддаваць літаратурны аддзел марксістам -- гэта надавала ім пікантнасці і нікому, па сутнасці, не замінала. Жыццёва важным аддзелам газеты быў гандлёвы аддзел. А ў падвале, куды не заглядваў ніводзін сур'ёзны камерсант, мог павыдурнівацца і чырвоны тата.

Доктар Ірыг "выдурніваўся" шмат гадоў падрад і стаўся рашаючай інстанцыяй ва ўсіх справах марксісцкай мастацкай крытыкі. Калі нацыянал-сацыялісты прыйшлі да ўлады, яўрэйскі рэдктар "Біржавых навінаў" склаў з сябе паўнамоцтвы. Доктару Ірыгу дазволілі застацца, бо ён здолеў даказаць, што ўсе ягоныя продкі як з боку бацькі, так і з боку маці былі арыйцы, а сам ён ніколі не быў членам ніводнай з сацыялістычных партый. Не доўга думаючы, ён згадзіўся весці літаратурны аддзел "Біржавых навінаў" у там самым строгім нацыянальным духу, у якім былі вытрыманы палосы палітычнага аддзела і які адчуваўся нават у аддзеле "Рознае".

-- Я ж заўсёды выступаў супроць буржуа і дэмакратаў, -- казаў доктар Ірыг. На самай справе, ён, як і раней, кідаў грамы і маланкі супроць "рэакцыйнага лібералізму" -- Змяніўся толькі зыходны пункт погляду. -- Гэтая гісторыя з Ота проста жахлівая, -- гаварыў бравы доктар Ірыг засмучаным голасам.

У многіх артыкулах ён характарызаваў рэвалюцыйнае кабарэ "Буравеснік" як адзіны тэатр сталіцы, у якога ёсць будучыня, варты ўвагі. Ульрыхс належаў да ліку самых блізкіх славутаму крытыку людзей.

-- Жахліва, жахліва, -- мармытаў доктар, нервова сціскаў рагавыя акуляры і праціраў шкельцы.

Гёфген таксама трымаўся той думкі, што гэта жахліва. Абодвум ім, шчыра кажучы, не было чаго дадаць да сказанага. Ім не асабліва прыемна стала сустракацца. Для сустрэчы яны выбралі аддаленую, мала наведваную кавярню. Абодва былі скампраметаваныя сваім мінулым, абодва, магчыма, і да гэтага часу былі на падазрэнні. Калі б іх убачылі разам, гэта магло б зрабіць уражанне змовы... Яны маўчалі, задуменна глядзелі ў пустату, адзін праз рагавыя акуляры, другі праз манокль.

-- Я зараз, канечне, нічога зрабіць не магу для бедалагі, -- сказаў нарэшце Гёфген.

Ірыг, які сам хацеў сказаць гэта, кіўнуў. Потым абодва зноў замоўклі. Гёфген пакручваў муштук цыгарэты. Ірыг адкашліваўся. Магчыма, яны саромеліся адзін аднаго. Кожны ведаў, пра што думае другі. Гёфген думаў пра Ірыга, а Ірыг пра Гёфгена: "Так, так, дарагі мой, ты такая самая свіння, як і я". Гэтую думку кожны ўгадваў па вачах субяседніка. Абодвум было сорамна.

Маўчанне зрабілася нясцерпным. Гёфген устаў.

-- Трэба ператрываць, -- сказаў ён ціха і паказаў рэвалюцыйнаму крытыку бледны твар гувернанткі. -- Нялёгка, але трэба пацярпець. Бывайце, дарагі сябар.

У Гендрыка былі ўсе падставы радавацца: усмешкі Лоты Ліндэнталь рабіліся ўсё саладзейшыя, усё больш абяцалі. Калі рэпетыравалі якую-небудзь інтымную сцэну -- а камедыя "Сэрца" амаль уся складалася з інтымy паміж жонкай буйнога дзялка, ролю якой выконвала Лота, і галантным сябрам дома, якога іграў Гендрык, -- здаралася, яна з уздыхам прыціскала свае грудзі да грудзей партнёра і кідала на яго вільготныя позіркі: Гёфген, са свайго боку, быў стрымана-меланхалічны і дысцыплінаваны, але так, быццам за гэтым крылася ліхаманкавая жарсць. Ён трымаўся з фройляйн Ліндэнталь з элегантнай стрыманасцю, часцей за ўсё называў яе "ласкавая фраў", а ў рэдкія хвіліны "фраў Лота", і толькі падчас працы, у руплівасці сумесных рэпетыцый, у яго прарывалася даверлівае таварыскае "ты". Але вочы яго, здавалася, увесь час маўлялі: "Ах, каб толькі я мог, як бы я хацеў абняць цябе, радасць мая! На мой вялікі жаль, я мушу стрымлівацца, таго патрабуе лаяльнасць да нямецкага героя, які называе цябе сваёй..." Вось якімі палкімі, па-мужчынску стрыманымі пачуццямі ззялі прыгожыя вочы артыста Гёфгена. А насамрэч ён думаў так: "Ну, чаму, Госпадзе, чаму прэм'ер-міністр, які мог бы мець любую, выбраў менавіта гэтую? Яна, магчыма, нішто сабе баба і выдатная гаспадыня, але ж страх якая тоўстая і пры тым смех якая манерная. Зрэшты, і актрыса нікудышняя..."

На рэпетыцыях часта падмывала накрычаць на Ліндэнталь. Любой іншай актрысе ён сказаў бы ў твар: "Тое, што вы робіце, дарагая, гэта самы пошлы правінцыйны стыль. І той факт, што вы іграеце рафінаваную даму, не дае вам прычыны гаварыць такім высокім штучным голасам і так адтапырваць мезенец. У рафінаваных дам зусім не канечне такія манеры. І дзе гэта сказана, што жонка буйнога камерсанта, фліртуючы з сябрам дома, павінна адстаўляць локці, нібыта яна выпацкала блузку смярдзючай вадкасцю і баіцца замараць яшчэ і рукавы? Кіньце, зрабіце ласку, гэтыя свае глупствы!"

Ясна, нешта падобнае сказаць Лоце Гендрык асцерагаўся. Але і без гэтых цалкам заслужаных грубясцяў яна, відаць, адчувала сябе не зусім на вышыні.

-- Я адчуваю сябе яшчэ так няўпэўнена, -- скардзілася яна і рабіла наіўны твар маленькай дзяўчынкі. -- Берлінская абстаноўка збівае мяне з панталыку. Ах, я правалюся з ганьбай, водгукі ў прэсе будуць жахлівыя.

Яна паводзіла сябе так, быццам была маленькай дэбютанткай, якая сур'ёзна баіцца берлінскіх крытыкаў.

-- Ах, калі ласка, калі ласка, Гендрык, ну, скажыце мне, -- пры гэтым яна па-дзіцячы пляскала ў далонькі, -- мяне разнясуць? Стопчуць, спляжаць?..

Гендрык грудным голасам, з поўнай перакананасцю ўмаўляў яе, што не ж, гэта абсалютна выключана.

Пакуль Гёфген і Ліндэнталь рэпетыравалі камедыю "Сэрца", стала вядома, што ў рэпертуар Дзяржаўнага тэатра зноў збіраюцца ўключыць "Фаўста". На свой жах, Гендрык даведаўся, што Цэзар фон Мук -- відаць, са згоды міністра прапаганды -- рашыў аддаць ролю Мефістофеля актору, які ўжо шмат гадоў быў членам нацыянал-сацыялісцкай партыі і якога некалькі тыдняў таму назад запрасілі з правінцыі ў Берлін. Так аўтар "Танэнбэрга" помсціўся Гёфгену, які адхіляў яго п'есы. Гендрык адчуваў: "Я прапаў, калі гнюсны план Мука спраўдзіцца. Мэфіста -- мая галоўная роля. Калі яна мне не дастанецца -- усім будзе ясна, што я ў няміласці. І значыцца, Ліндэнталь не пускае дзеля мяне свой уплыў, альбо, можа, і зусім ніякага ўплыву не мае, яго ёй прыпісваюць. І тады мне не застаецца нічога іншага, як толькі спакаваць чамаданы і адчальваць у Парыж, дзе мне, магчыма, якраз і трэба было застацца; бо тут, калі гаварыць шчыра, агідна. Становішча маё жалю вартае, асабліва калі параўнаць яго з ранейшым. Усе глядзяць на мяне з падазронасцю. Усе ведаюць, што дырэктар і міністр прапаганды мяне ненавідзяць. І пакуль няма ніякага доказу, што я карыстаюся хоць якой прыхільнасцю генерала авіяцыі. Нішто сабе сітуацыя! Мэфіста мог бы ўсё выратаваць... Так, ад яго цяпер залежыць усё!"

Да пачатку адной рэпетыцыі Гёфген падышоў да Лоты Ліндэнталь, і голас яго гэтым разам дрыжаў без фальшу:

-- Фраў Лота, у мяне да вас вялікая просьба.

Яна ўсміхнулася крыху спалохана:

-- Я заўсёды пасабляю калегам і сябрам, калі магу.

І тады ён, гледзячы ёй у вочы глыбокім гіпнатычным позіркам, сказаў:

-- Я павінен сыраць Мэфіста. Вы разумееце мяне, Лота? Я павінен.

Яго сур'ёзнасць напалохала яе, да таго ж яе ўзбуджала напорыстая блізкасць яго цела, ужо даўно ёй не абыякавага. Пяшчотна пачырванеўшы, апусціўшы вочы, як маладая дзяўчынка, якой робяць прапанову і якая абяцае параіцца з бацькамі, яна прашаптала:

-- Я паспрабую ўсё, што магчыма. Сёння ж я пагавару з ім.

У Гендрыка вырваўся глыбокі ўздых палёгкі.

На раніцу сакратарыят дырэктарату дзяржаўных тэатраў паведаміў яму па тэлефоне, што пасля абеду яго чакаюць на першы збор актораў, занятых у будучай пастаноўцы "Фаўста". Гэта была перамога. Прэм'ер-міністр прасіў за яго. "Я ўратаваны", -- думаў Гендрык Гёфген. Ён паслаў вялікі букет жоўтых ружаў Лоце Ліндэнталь; да кветак ён прыклаў цыдулку, на якой кранальна вуглаватымі літарамі надрапаў толькі адно слова: "Дзякую".

Яму здалося цалкам натуральным, што дырэктар Цэзар фон Мук перад рэпетыцыяй запрасіў яго да сябе ў кабінет. Нацыянальны пісьменнік выказаў яму самую глыбокую задушэўнасць, сыграную на куды большым мастацкім узроўні, чым высакародная стрыманасць Гёфгена.

-- Я рады бачыць вас у ролі Мефістофеля, -- сказаў драматург. Сталёвыя вочы яго мякка заблішчалі, і ён з мушчынскай сардэчнасцю схапіў абедзве рукі чалавека, якога марыў знішчыць. -- Я, як дзіця, шчаслівы буду пабачыць вас у гэтай вечнай, глыбока нямецкай ролі.

Ясна было: дырэктар поўны рашучасці адразу і прынцыпова змяніць свае адносіны да Гёфгена з таго моманту, як прэм'ер-міністр заступіўся за яго. Вядома, як і раней, Цэзар фон Мук не забываў пра галоўную мэту: трэба было не дапусціць, каб гэты тып надта ўзнёсся і пры першай жа магчымасці турнуць яго з Дзяржаўнага тэатра. Але цяпер ён лічыў разумным павесці барацьбу супроць старога ворага больш тайна і хітра. Гер фон Мук ні ў якім разе не быў схільны сварыцца праз Гёфгена з магутным прэм'ер-міністрам альбо з гэтай Лотай Ліндэнталь. Дырэктар прускіх дзяржаўных тэатраў мае ўсе падставы імкнуцца да такіх самых добрых адносінаў з прэм'ер-міністрам, як і з міністрам прапаганды...

-- Паміж намі, -- сказаў далей дырэктар даверліва, -- гэта мне вы абавязаны тым, што зноў будзеце граць Мэфіста. -- У яго вымаўленні сёння быў асабліва адчувальны саксонскі акцэнт. Магчыма, такім спосабам ён хацеў падкрэсліць сваю прастадушную шчырасць. -- Былі сякія-такія сумненні, -- ён прыглушыў голас і скроіў грымасу шкадавання, -- сякія-такія сумненні ў міністэрскіх колах, вы ж разумееце, мой мілы Гёфген... Баяліся, каб дух папярэдняй пастаноўкі "Фаўста" (у пэўным сэнсе бальшавіцкі дух, так там сказалі) вы не перанеслі ў нашу новую пастаноўку. Але мне ўдалося абвергнуць гэтыя апасенні, пераадолець іх! -- радасна закончыў дырэктар і рашуча паляпаў артыста па плячы.

Гёфгену ў гэты такі паспяховы дзень давялося перажыць і моцны пярэпалах. Ступіўшы на сцэну, ён твар у твар сутыкнуўся з маладым чалавекам. Гэта быў Ганс Міклас. Колькі тыдняў Гендрык наогул не ўспамінаў пра яго. Вядома, Міклас жывы-здаровы, яго нават прынялі ў Дзяржаўны тэатр, і ён грае Вучня ў новай пастаноўцы "Фаўста". Да гэтай сустрэчы Гендрык не быў гатовы. Пра размеркаванне малых роляў ён неяк яшчэ і не думаў. Цяпер імгненна: "Што мне рабіць? Як трымацца? Гэты ўбоіна ўсё яшчэ ненавідзіць мяне. Гэта ясна. Злосны позірк, які ён толькі што кінуў на мяне, даволі красамоўны. Ён ненавідзіць мяне, ён нічога не забыў, і ён можа мне напаскудзіць, калі захоча. Гэта ж возьме ды ляпне Лоце Ліндэнталь, за што мы тады пасварыліся ў "Г. М.". Калі раскажа, я прапаў. Але не, не адважыцца, так далёка не пойдзе. Зраблю выгляд, быццам мне на яго напляваць, спалохаю яго сваёй пыхай. Тады ён падумае, што я ўжо зноў на кані, што ў мяне на руках усе казыры і што ён супроць мяне нуль".

Ён уставіў у вока манокль, зрабіў пагардлівую міну і сказаў у нос:

-- Ба, гер Міклас, гэта ж трэба! Дык вы яшчэ жывы!

І пачаў аглядаць свае пазногці, сцярвозна ўсміхнуўся, пракашляўся і адышоў.

Ганс Міклас сцяў зубы. Яго твар заставаўся нерухомы, але, як толькі Гендрык адвярнуўся, сказіўся нянавісцю і болем. Ніхто не зважаў на яго, і ён адзінока прыхіліўся да кулісы. Ніхто не бачыў як ён сціснуў кулакі, як светлыя вочы напоўніліся слязьмі. Ганс Міклас дрыжаў усім вузкім худым целам вулічнага хлапчука-заморка альбо перанапружанага акрабата. Чаго ён дрыжаў? Чаго плакаў?

Можа, пачаў усведамляць, што яго ашукалі, -- ашукалі подла, нахабна і цынічна? Ай не, ён яшчэ не дайшоў да таго, каб зразумець гэта. Але магчыма ў яго ўжо прабіліся першыя падазрэнні і благія радчуванні. І ўжо ад гэтых прадчуванняў рукі яго сціскаліся ў кулакі, і вочы заплывалі слязьмі.

Першыя тыдні пасля перавароту, калі да ўлады прыйшлі нацыянал-сацыялісты і іх фюрэр, малады чалавек адчуваў сябе на сёмым небе. Цудоўны, вялікі дзень, дзень абяцаны, якога так доўга і так палка чакалі, -- вось ён, настаў, памацай! Якое шчасце! Юны Міклас плакаў і скакаў ад радасці. Твар яго ззяў, вочы блішчалі. І калі рэйхсканцлера, фюрэра, ратавальніка нацыі віталі факельным шэсцем, як крычаў Ганс на вуліцы, як махаў рукамі ў тым ап'яненні, што і ўвесь той вулічны збой! Нарэшце-такі абяцанні спраўдзяцца! Вось яна настае -- залатая эра! Германія зноў здабыла свой гонар, неўзабаве народ уведае сапраўднае братэрства. Гэта сотні разоў абяцаў фюрэр, і пакутнікі нацыянал-сацыялісцкага руху змацавалі яго абяцанні пралітай крывёю.

Чатырнаццаць гадоў ганьбы ззаду. Усё мінулае было толькі барацьбой і падрыхтоўкай, цяпер якраз і пачынаецца жыццё. Цяпер трэба працаваць -- працаваць разам з усімі над стварэннем магутнай бацькаўшчыны. Ганс Міклас з пратэкцыі высокага партыйнага чыну атрымаў не вельмі добра аплатную пасаду ў Дзяржаўным тэатры. Гёфген сядзіць у Парыжы, Гёфген -- эмігрант, а ў Мікласа месца на прускай дзяржаўнай сцэне. Чароўнасць сітуацыі была такая вялікая, што малады чалавек не заўважаў нічога, што іншым часам магло б яго расчараваць.

Гэта лепшы свет? Але ж ці вылечыўся ён ад заганаў мінулага? Ці ж не дадалося і новых хваробаў, раней не вядомых? Не хацелася прызнавацца сабе ў гэтым. Але часамі на маладым змучаным і бледным твары з занадта яркімі губамі і цёмнымі кругамі вакол светлых вачэй зноў паяўляўся той замкнёны, пакутніцкі выраз упартасці, такі ўласцівы яму раней. Натурысты хлопец злосна адварочваўся, каб не бачыць, як усе падхалімнічаюць перад дырэктарам Цэзарам фон Мукам -- бесаромней, чым раней лізаліся да Прафесара. А сам Цэзар фон Мук увесь перагінаецца, быццам хоча растаць у пакорлівай дагодлівасці, калі міністр прапаганды наведвае тэатр! Глядзець і бачыць гэта -- пакута. Парадак, які нацыянал-сацыялісцкія агітатары любілі называць "плутакратыяй", значыцца, яшчэ не перамяніўся, а набыў яшчэ больш расцугляныя формы. Ды і сярод артыстаў па-ранейшаму красуюцца "славутасці", яны глядзяць на іншых зверху ўніз, пад'язджаюць да тэатра ў велізарных лімузінах і носяць дарагія футры.

Вялікая дзіва цяпер называецца не Дора Марцін, а Лота Ліндэнталь. Толькі гэтым разам ужо не добрая, а дрэнная актрыса. Затое яна фаварытка магутнага чалавека. Як даўно, як даўно тое было? Калі ж бо тое было? -- Міклас ледзь не пабіўся з Гёфгенам, заступіўшыся за яе гонар, і страціў праз яе месца. Але яна гэтага не ведае, я ён надта горды, каб намякнуць. Ён упарта надзімаў губы, рабіў непрыступны твар і стараўся, каб вялікая дама яго не заўважала.

Германія адрадзіла свой гонар, камуністы і пацыфісты рассаджаны па канцэнтрацыйных лагерах, многія ўжо забітыя, і свет пачынае баяцца народу, у якога такі фюрэр. Абнаўленне грамадскага жыцця, аднак, прыпазняецца. Сацыялізмам пакуль што і не пахне. "Ну што ж, не ўсё адразу", -- думалі маладыя людзі, якія надта глыбока верылі, каб адважыцца так рана на расчараванне. "Нават мой фюрэр не можа адным махам з усім справіцца. Трэба пачакаць. Спярша Германіі трэба адчyліцца пасля доўгіх гадоў ганьбы". Хлопчыкі былі наіўныя і даверлівыя. Ганс Міклас быў наіўны і даверлівы. Але калі даведаўся, што Гендрык Гёфген будзе граць Мефістофеля, ён быў уражаны. Стары вораг, неверагодны спрытнюга, бессаромны цынік і мардахлыст, які ўсюды прапхнецца, усім робіцца любімцам, Гёфген -- вечны супраціўнік! Жанчына, праз якую Ганс ледзь не пабіўся з ім, сама яго паклікала, бо ён спатрэбіўся ёй як партнёр у свецкай камедыі. А цяпер яна ўдадатак дастала яму прэстыжную класічную ролю, а з ёю і велізарныя шанцы на поспех... Вось узяць бы ды падысці да яе, ды расказаць гэтай Лоце Ліндэнталь, як Гёфген тады ў кавярні пра яе выказваўся? Хто ж яму перашкодзіць? Але ці вартая аўчынка вырабу? Хто табе паверыць? Проста сам сябе выставіш на смех! Ды, зрэшты, ці так ужо і не меў Гёфген рацыі, калі назваў гэтую Лоту дурной бабай? Ну, вы ж толькі гляньце на яе...

Міклас маўчаў, сціскаў кулакі і адварочваўся, каб ніхто не бачыў ягоных слёз.

Праз гадзіну яму трэба было рэпетыраваць сцэну з Гёфгенам --Мефістофелем. У пакорлівай позе трэба было наблізіцца да вучонага, які насамрэч быў чортам, і сказаць:

Прабачце, што прыходжу рана З павагай шчыраю да пана, Турбуючы для кансультацый Асобу, вартую авацый.

Голас Вучня гучаў сіпла і перайшоў у стогн, калі на мудрагошчы і пагардлівыя сафізмы, якія толькі збівалі спанталыку, хлопец адказваў замаскаванаму сатане:

Вам гэта ўсё як "раз-два-тры",
А мне -- спрабуй перавары.

На прэм'еры Фаўста ў Дзяржаўным тэатры прысутнічаў і прэм'ер-міністр, генерал авіяцыі са сваёй прыяцелькай Лотай Ліндэнталь. Спектакль пачаўся са спазненнем на пятнаццаць хвілін: магутны валадар прымусіў сябе чакаць. З палаца патэлефанавалі, што яго затрымлівае нарада з міністрам рэйхсвера. Але артысты шапталіся ў грымёрных, што ён, як заўсёды, проста яшчэ не ўправіўся са сваім туалетам.

-- Якое тyт дзіва, яму ж трэба цэлая гадзіна, каб пераапануцца, -- хіхікала выканаўца ролі Грэтхен, настолькі светлавалосая, што магла сабе дазволіць некаторыя вольнасці. Зрэшты, паяўленне высокай пары было абстаўлена з падкрэсленай сціпласцю. Прэм'ер-міністр трымаўся ў глыбіні ложы, пакуль у зале было святло. Толькі ў першых радах партэра яго заўважылі і багавейна глядзелі на прыгожую уніформу з пурпуровым каўняром і шырокімі срэбранымі манжэтамі і на блішчастую брыльянтвую дыядэму ў валасах высакагрудай, светлавалосай, як сноп пшаніцы, дамы. Толькі калі паднялся заслона, прэм'ер-міністр сеў, прычым пачулася крактанне, бо такую тлустую масу цяжка як след умясціць на адносна вузкім крэсле.

Падчас "Пралогу на небе" прасветлы па абавязку рабіў усхваляваны твар. Наступныя сцэны трагедыі і ўвесь яе працяг да таго месца, дзе Мефістофель пудлікам залез у кабінет Фаўста, здаліся яму крыху нуднаватымі. Падчас першага вялікага маналогу Фаўста ён некалькі разоў пазяхнуў, і нават сцэна велікоднага шпацыру яго не пацешыла. Ён шапнуў на вуха Ліндэнталь нешта, відаць, не дужа ўхвальнае.

Затое як ажывіўся ўсемагутны, калі на сцэне паказаўся Гёфген--Мефістофель. Калі доктар Фаўст усклікнуў:

Дык вось дзе сутнасць пса! Шкаляр
Вандроўны! Казус смеху варты! --

тут засмяяўся і магутны ўладыка, ды так гучна і ад душы, што ўсе гэта пачулі. Смеючыся, таўстун пасунуўся наперад, абаперся рукамі на чырвоны аксаміт ложы і з гэтага моманту пачаў з вясёлай увагай сачыць за развіццём дзеі, дакладней -- за танцавальна-спрытнай, хітра-грацыёзнай ігрой Гендрыка Гёфгена.

Лота Ліндэнталь, якая ведала свайго мужа, адразу зразумела: "Вось яна, любоў з першага вока. Гёфген закруціў галаву майму таўстунку -- о, я яго разумею, нават занадта разумею. Бо той, на сцэне, сапраўды чарадзей, і ў гэтым чорным шаўковым уборы, у д'ябальскай масцы П'еро ён яшчэ больш прывабны, чым заўсёды. І забаўны, і значны, і як ён падскоквае, і якія ў яго часам грозныя вочы, якія глыбокія, палымяныя, вось хоць бы калі ён вымаўляе:

А што для вас -- грахі ліхія,
Знішчэнне, страта, проста зло --
Ёсць родная мая стыхія.

Тут прэм'ер-міністр шматзначна кіўнуў. Потым, у сцэне з Вучнем, -- у якой Ганс Міклас, дарэчы, вызначыўся скаванасцю і няўпэўненасцю, -- вялікі муж весяліўся, быццам гэта быў самы смешны фарс. Яго добры настрой яшчэ больш падняўся пры бурлескнай сцэне "Скляпок Аўэрбаха ў Лейпцыгу", калі Гёфген са злым задорам выканаў песню пра блыху і ўрэшце выбіў са стала струмяні салодкага такайскага і пеністага шампанскага п'яным асталопам. І ўжо зусім заліваецца таўстун, калі з цемры ведзьмінай кухні чуецца рэзкі, звонкі голас князя цемры:

Ну што, старое пудзіла, пазнала
Свайго вялікага гаспадара?
Паб'ю, патрушчу, каб прапала
Хлам'ё тваё і ўся нара!
Забыла мой убор, крывая морда?
На капялюш з пяром зірнула б хоць!
Гляджу, задрала нос завельмі горда,
Што без візіткі ўжо і не заходзь!

Гэта тычылася ведзьмы, старое хрычоўкі. І тая ў жаху сцепнулася. Генерал авіяцыі ад радасці пляскаў сябе па сцёгнах: бліскучая пыха сатаны, які задаецца сваім мярзотным чынам, яго ўжо й зусім развесяліла. Тлустаму, рохкатліваму рогату падпяваў срабрысты смех Лоты Ліндэнталь. Пасля сцэны "Кухня ведзьмы" быў антракт. Прэм'ер-міністр загадаў прывесці Гёфгена да яго ў ложу.

Гендрык увесь збялеў і некалькі секундаў стаяў, заплюшчыўшы вочы, калі маленькі Бёк перадаў яму гэта прыемнае запрашэнне. Вось яно, вялікае імгненне! Ён будзе стаяць твар да твару з паўбогам... Ангеліка, якая круцілася ў яго грымёрнай, прынесла яму шклянку вады. Ён выпіў яе ўсю і ўжо вярнуў сабе здольнасць сцярвозна ўсміхацца. І нават здолеў вымавіць: "Значыцца, ўсё ідзе як след, па праграме!", быццам смяяўся з гэтай вырашальнай падзеі; а ў самога губы белыя.

Калі Гендрык увайшоў у ложу да ўсемагутнага, таўстун сядзеў наперадзе каля бар'ера і барабаніў мясістымі пальцамі па чырвоным аксаміце. Гендрык застаўся стаяць каля дзвярэй.

"Смешна, што ў мяне так бухае сэрца!" -- падумаў ён і некалькі імгненняў маўчаў. Тут яго заўважыла Лота Ліндэнталь. Яна соладка прамовіла:

-- Мілы, ты дазволіш прадставіць табе майго таленавітага таварыша па працы Гендрыка Гёфгена?

Вялікі павярнуўся. Гендрык пачуў даволі высокі, тлусты і рэзкі голас:

-- А-а-а, наш Мефістофель...

Далей быў смех.

Яшчэ ні разу ў жыцці Гендрык так не бянтэжыўся, ён сам засаромеўся сваёй разгубленасці і таму яшчэ больш сумеўся. Яго памутнёным вачам Ліндэнталь таксама бачылася ў фантастычным святле. Можа, вінаватае было яе бліскучае калье, якое надавала ёй застрашліва велікасвецкі выгляд, альбо тая акалічнасць, што яна так проста ў такой давернай блізкасці са сваім каласальным заступнікам і патронам, але ўся яна была цяпер па-манаршы грозная. На Гендрыка яна зрабіла ўражанне феі, праўда, пышнацелай і ласкавай, але зусім не бяспечнай. Яе ўсмешка, якая раней здавалася яму дабрадушлівай і дурнаватай, аказваецца, была поўная загадкавай хітрыны.

Што да тлушчэры ў яркай форме, што да раскошнага паўбога, дык Гендрык ад страху і напружання яго амаль і не бачыў. Велізарную постаць усемагутнага быццам прыкрываў вуаль -- містычнае мроіва, якое спакон веку замгляе моцных упраўцаў лёсy, багоў, ад нясмелага позірку смяротных. Толькі ордэнская зорка блішчала праз туман ды праступаў застрашлівы абрыс бычынага каркy, але вось зноў пачуўся камандны голас, рэзкі і тлусты:

-- Падыдзіце ж бліжэй, гер Гёфген.

Людзі, якія соўгаліся па партэры, утаропіліся на ложу прэм'ер-міністра. Шапталіся, выварочвалі шыі. Ніводзін рух магутнага ўладара не ўнікаў ад увагі раззяваў, якія тлуміліся паміж радоў. Перадавалі, што твар генерала авіяцыі ўсё больш цяплеў, весялеў. О, ён смяецца, іста канстатавалі ў зале. Вялікі чалавек рагатаў, сардэчна, шырока раззяўляючы рот. І Лота Ліндэнталь выдала жамчужна-каларатурны смяшок, а артыст Гёфген, у вышэйшай меры дэкаратыўна драпіруючыся ў чорную накідку, паказаў пераможную ўсмешку, якая на масцы Мефістофеля здавалася хваравітай вышчаркай.

Гутарка ўсемагутнага з камедыянтам рабілася ўсё больш жвавай. Несумненна, прэм'ер-міністр весяліўся. Якія ж цудоўныя анекдоты расказваў Гёфген? Як ён дабіўся таго, што генерал авіяцыі літаральна ап'янеў ад дабрадушнасці? Усе ў партэры стараліся ўхапіць хоць бы некалькі слоў, што зляталі з крывава-чырвоных вуснаў. Але Мэфіста гаварыў ціха, толькі ўсемагутны мог разабраць яго выштукаваныя жарты.

Прыгожым жэстам Гёфген раскінуў рукі пад накідкай так, быццам у яго выраслі чорныя крылы. Усемагутны паляпаў яго па плячы; усе ў партэры гэта заўважылі, багавейны шолах нарастаў. Але ён адразу аціх, як музыка ў цырку перад небяспечным нумарам, калі здарылася нешта надзвычайнае.

Прэм'ер-міністр устаў; вось ён стаіць ва ўсёй сваёй велічы і бліскучай паўнаце і падае камедыянту руку! Віншуе яго з выдатным выкананнем? Падобна, yсемагутны уступіў з камедыянтам у хаўрус -- спрыяцеліліся!

У партэры ўсе расхлябенілі раты і вочы. Усе літаральна глыталі жэсты траіх там, у ложы, як нейкі казачны спектакль, як чарадзейную пантаміму пад загалоўкам "Артыст спакушае ўладу". Ніколі яшчэ Гендрыку так не зайздросцілі. Шчаслівы!

А ці здагадваўся хто з цікаўных, што насамрэч адбывалася ў грудзях у Гендрыка, пакуль ён глыбока схіляўся над мясістай, валасатай рукой? Ці толькі бо шчасце і гонар прымушалі яго здрыгацца? Альбо ён, на сваё здзіўленне, адчуваў і нешта іншае?

Што ж менавіта? Страх? Не, мала што не агіду... "Я выкачаўся ў брудзе, -- сам сабе здзіўляючыся, падумаў Гендрык, -- цяпер у мяне на руцэ пляма, яе ніколі не сатрэш... Я запрадаўся... Цяпер я -- пазначаны!"